355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 6)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 13 страниц)

– Бачыў, свіння, такую жанчыну?.. Га?.. Бачыш, якія ногі!… Кожная па тысячы… У, дзе там… Кожная па сто тысяч… Колькі ты яму даў?

– Каму? – не зразумеў Ясь.

– Ну, гэтаму Сыркоўскаму… каб са мной спаць…

– Дзве тысячы…

– Я думала, Сырок мяне ашукаў… А што такое дзве тысячы… На добры пярсцёнак не хопіць… І раскладвайся тут за дзве тысячы перад такім блазёнкам…

Ясь быў цверазейшы за яе, а цяпер адчуў сябе зусім прытомным. Яму было сорамна, шчокі заліліся чырванню…

– Не трэба мяне зневажаць. Я зусім не збіраўся з вамі спаць. Гэта быў план Сыркоўскага. Я хацеў даць вам зарабіць.

– Ой, які святы!.. А сапраўды, каналья!.. Разумееш, дурыла такі!.. Усё тваё майно не вартае вось гэтага майго пальца. За дзве тысячы… Падла!..

Ясь узяў з крэсла шапку.

– Да пабачэння і перапрашаю, калі няхоцькі пакрыўдзіў…

Ён пайшоў да дзвярэй. Акцёрка падарвалася з месца.

– Чакай!

– Чаго жадаеце?

– Хадзі сюды! Распранайся і кладзіся ў ложак! Сёння мне патрэбны мужчына!

– Калі вы маеце для мяне тры тысячы, то з задавальненнем…

– Што?!

– Так-так… Мае ногі дакладна прыгажэйшыя за вашыя, ды і іншыя дадаткі таксама… Вартыя трох тысячаў…

– Гаўнюк!

– Ах, як вы прыгожа выслаўляецеся… Я б таксама мог сказаць вам штосьці непрыемнае, але не хачу… Вы ж не настолькі п’яная, каб не зразумець, наколькі ўсё гэта агідна.

– Ты мяне не вучы!.. Разумееш?.. Я раблю, што мне падабаецца.

– Не надта… Вас можна купіць за дзве тысячы… А мяне вы не купіце зусім…

– Дурны фраер!

– Што?!

Ясь здзіўлена глядзеў на яе. Гэты выраз з ейных вуснаў падаўся яму вельмі камічным. Ён пачуваўся фірмовым злодзеем, блатным, а тут сапраўдная фраерка раптам узнагародзіла яго такім тытулам. Знянацку Ясь пачаў так шчыра і весела смяяцца, як смяяўся рэдка калі. Цяпер здзіўленая акцёрка глядзела на гэты нечаканы выбух смеху. А Ясь падышоў да ложка, сеў на край і, адсмяяўшыся, паволі і ціха, сказаў:

– Ты, я бачу, з нашай хеўры спрытнюга і па-блатному клёва ўмееш спяваць. А памятаеш, як да цябе ў спальню месяц таму блатны хлопец зазірнуў. Як ты зенкі расплюшчыла, а пасля такога мойра падчапіла, што, быццам тое заліўное, трэслася. Памятаеш, як табе махнулі «дамавінку» і «скуру». Усё вярнулі поштай, толькі адну фотку на памяць пакінулі. Я ўсе лісты розных шпагатаў да «каханай, незабыўнай, найчароўнейшай багіні» прачытаў. Такі з мяне фраер. А ты, спрытнюга, за дзве тысячы з панічам з-пад Барысава вымушаная распуснічаць.

Акцёрка нацягнула на лоб коўдру і ў жаху глядзела на Яся.

– Гэта былі вы?!

– Гэта ніяк са справай не звязана… Рэч у іншым. Я вас лічыў добрай, мілай жанчынай. Пакахаў вас, бо лічыў, што вы вартыя кахання. А цяпер бачу, што вы не больш за «агітку» вартая… Хіба толькі даражэйшая. Толькі гэта…

– Прашу вас… Я вам зараз аддам тыя дзве тысячы.

– Не трэба… Гэта вам за страчаны час і навуку для мяне… Яно таксама чагосьці вартае.

Ясь устаў і выйшаў з пакоя. На вуліцы марознае паветра прыемна халадзіла ягоны распалены твар. Задуменны, ён ішоў вуліцамі і нёс у сэрцы тугу па страчаных ілюзіях. Гэта было яго першае, дурное, шумлівае каханне.

Маруся Лобава здзівілася, калі пасярод ночы ён пагрукаў ёй у акно. Яна пусціла яго ў кватэру.

– Што здарылася? – спытала яна з трывогай.

– Нічога кепскага… Вяртаўся позна і захацелася да цябе зайсці.

– Цудоўна. Можа, хочаш есці?

– Не… Мы пілі… Я пасля вячэры…

Неўзабаве Ясь быў у Марусіным ложку. Жанчына ціха ляжала поруч з ім. Ён адчуваў, што яна шчаслівая ад ягонай прысутнасці. Яму стала шкада, што ён прысвячаў ёй мала ўвагі. У пэўны момант ён моцна пацалаваў яе ў вусны і шчыра сказаў:

– Ведаеш, Маруся, ты вельмі мілая… Вельмі…

Жанчына адказала яму моцнымі абдымкамі.

ВЕЧАРЫНКА З КВЕТКАМІ

Злодзеі на Камароўцы былі арыстакратыяй. Але вуліца была тэрыторыяй хуліганаў. Паміж злодзеямі і хуліганамі існавалі даўнія антаганізмы. Наогул, хуліганы пабойваліся злодзеяў, хоць тыя і трымаліся сціпла і было іх няшмат. Добры злодзей заўжды пагарджае хуліганам, альфонсам і старызнікам. Не ўступае з імі ў кантакт і адорвае пагардлівай назвай «шпана». Хуліганнё для фірмовых злачынцаў – элемент агідны і небяспечны. Хуліганы часта служаць паліцэйскімі інфарматарамі, псуюць рэпутацыю раёна дурнымі нападамі на мінакоў і дзікімі скандаламі на вуліцах. У сваю чаргу, самі хуліганы ненавідзяць злодзеяў за іх сур’ёзнасць, майстэрства ў працы, добрыя строі, за тое, што, паходзячы з іншага раёна, а часам і горада, яны знаходзяцца ў іх раёне на асабліва прывілеяваных правах. Дзяўчаты, напрыклад, лічаць за лепшае мець каханка злодзея, а не хулігана. Злодзеі жывуць на найлепшых малінах і карыстаюцца там пашанай. А вось хулігана нават у сваёй сям’і толькі церпяць, бо прыбытку ад яго ніякага, а клопату шмат.

Хуліганаў за пляшку гарэлкі можна наняць, каб кагосьці правучыць ці нават прыбраць з гэтага свету нажом або каменем. Злодзей на такія рэчы не пойдзе. Галоўныя рысы злодзея – спрыт і смеласць, а хуліган адзначаецца толькі нахабнасцю і дурасцю.

Кася Залатая Труба вырашыла запрасіць на свае народзіны гасцей. Пецька Бык ахвотна на гэта пагадзіўся, бо вымалёўвалася дасканалая нагода для сур’ёзнай папойкі. Пачалі раіцца, каго запрасіць. Пры гэтым не абышлося без значных сварак і нават бойкі. Урэшце сышліся на тым, што госці будуць трох катэгорый: першая – госці Касі Залатой Трубы, другая – госці Пецькі Быка і трэцяя – супольныя. Кася, як даліншчыца, вырашыла запрасіць майстроў і найбліжэйшых калег па сваёй кішэннай спецыяльнасці: Тоську Сароку, Кулямёта, Чэсіка Свабоду, Паніча (Яся). Пецька Бык лічыў абавязковым запрасіць Моркаўку і Фіську. Супольнымі гасцямі былі тузы зладзейскага свету: Жаба, Янка Залаты Зуб, Мангол, Філіп Лысы, Казік Марэцкі. Акрамя гэтага, запрасілі некалькі суседскіх дзяўчат.

Кіраваць арганізацыяй вечару ўзялася Кацярына Сперда. Менавіта ў яе кватэры, як у найбольш прасторнай, павінен быў адбыцца прыём. Кася і Пецька Бык не паскупіліся на грошы. Залатой Трубе апошнім часам шанцавала, таму форсы было дастаткова. Пяклі, смажылі, гатавалі. Пецька Бык прынёс некалькі кашоў піва і набыў многа гарэлкі. Усё было прадумана да найдрабнейшых дэталей.

Дзве Кацярыны з раніцы запрэглі Пецьку Быка насіць ваду і шараваць падлогу. Таму фармазон, паступіўшыся сваёй далікатнай спецыяльнасцю, падкасаў штаны і басанож узяўся за працу. Ахвотна шлёпаў па мокрых маснічынах і, з імпэтам шаруючы іх, спяваў:

 
Каб мне сказалі, дзе я спачну,
Я б залатую справіў труну,
З золата сценкі, са срэбра – вечка,
Каб зіхацела прыгожа і вечна.
Гэй, дыгу-дыгу!
Гэй, дана-дана!
Каб зіхацела прыгожа і вечна.
 

Кася штохвілінна зазірала і кантралявала яго працу. Як заўжды, яна не шкадавала пры гэтым зласлівых заўваг. Звычайна Пецька Бык нядоўга б трываў. Яны адразу ж учапіліся б адно аднаму ў кудлы. Але сёння ён быў у аксамітным гуморы (толькі падумайце: столькі гарэлкі) і нішто не магло вывесці яго з раўнавагі. На зачэпкі Касі ён наогул не адказваў. Рабіў сваё далей, спяваючы:

 
А на тым вечку кілішак зуброўкі:
Каб разумелі, што хойрак быў лоўкі!
А на тым вечку пара кіёчкаў,
Каб там было чым вучыць фраерочкаў!
Гэй, дыгу-дыгу!
Гэй, дана-дана!
Каб там было чым вучыць фраерочкаў!
 

Пра бяседу ў Касі Залатой Трубы даведалася ўся Камароўка. Гэта нібы і мусіла быць таямніца, але дзе ж такую таямніцу ўтрымаеш, калі яна сама наверх лезе. Тут пазычылі посуд, там крэслы, дзесьці яшчэ кветкі. І пайшла па свеце пагалоска.

На выпадак, калі госці захочуць танчыць, запрасілі Петрака Парадка, вядомага на Камароўцы скрыпача. Яго называлі «Парадкам», бо ён любіў густа перасыпаць сваю гаворку гэтым выразам. Парадак звычайна адпальваў вячоркі і танцы разам са сваім дружбаком Янкам Папугаем. Папугай атрымаў сваё імя, бо любіў яркія строі. Такім чынам пытанне аркестра палічылі вырашаным.

Вечар таго дня быў пагодны, як па замове. Нават поўню перапаўняла цікаўнасць да таго, што адбываецца на зямлі. На дварэ можна было чытаць кнігу.

Дзве Кацярыны скончылі падрыхтоўку да прыходу гасцей і, святочна апранутыя, папраўлялі мастацкія недапрацоўкі і даводзілі да ладу дэталі. Прыём быў датклівым пункцікам іх пачуцця гонару. Бо гасцей запрасілі не абы-якіх – збольшага ўсе фірмовыя злодзеі.

Было крыху клопату з запрашэннем жанчын. На дзесяць з гакам мужчын – калі не лічыць абедзвюх Кацярын (яны усё ж такі гаспадыні) – была б адна Тоська Сарока. Замест таварыскай забавы – мужчынскі сойм або вайсковая рада, як акрэсліла сітуацыю дасведчаная ў таварыскіх пытаннях Кацярына Сперда. Таму запрасілі Ядзю Рудую, якая, хоць і была зусім маладзенькая, але ў «паходах на шоп» ужо паказала вялікія здольнасці, і яе лічылі добрай фактурай для фірмовай шапенфельдэркі. Далей – маючы на ўвазе прыгажосць (што праўда, гэта не зусім падабалася Касі Залатой Трубе) – Анку і Янку Афрыканак: мянушку яны атрымалі за смуглявую скуру і чорныя валасы. Акрамя таго, запрасілі Лёлю Ландыш, якая ў кожную сяброўскую размову ўмела ўплесці (з выключна высокімі эстэтычнымі памкненнямі) сваё захапленне ландышамі. Пецька Бык, аднак, запратэставаў:

– Баб замала, – асцярожна заўважыў ён.

– На патанчыць хопіць, – адмахнулася Кася Залатая Труба.

– Не надта хопіць, – уздыхнуў Бык.

– На спаць замала, а на вячоркі-то і замнога, – безапеляцыйна адрэзала Кацярына Сперда.

І Бык капітуляваў.

Першым з’явіўся дружбак і пратэжэ Пецькі Быка на гэтым прыёме, звычайны камароўскі паточнік Фіська. Кася Залатая Труба не любіла яго за адсутнасць зладзейскага аўтарытэту і нядбаласць у адзенні. Пару разоў яна ўжо пасварылася з каханкам, абгаворваючы ягонага таварыша.

І цяпер Фіська прыйшоў у неахайным строі, брудных ботах, ускудлачаны, непаголены і да таго ж п’яны. Пецька Бык сардэчна яго прывітаў. А вось Кася дэманстратыўна адвярнулася да яго спінай і праз акно пазірала на вуліцу. Фіську гэта не збянтэжыла, і ён, маючы на ўвазе яе позіркі ў акно, заспяваў:

 
Гляну я ў аконца, пагляджу я ў фортку
Крочаць злодзеі ў расклёшаных портках…
Гальштукі модныя, выпрасаваныя,
Боцікі новыя, лакіраваныя…
Гэй, дыгу-дыгу!
Гэй, дана-дана!
Боцікі новыя, лакіраваныя…
 

– Ты б свае старыя, прынамсі, наваксаваў, – пагардліва, але крыху лагодней адгукнулася Кася, якая вельмі любіла спевы і музыку і магла расчуліцца ад зладзейскіх песень.

А Фіська – камароўскі салоўка – спяваў далей. Адчуваў зладзейскай інтуіцыяй, чым Касю ўзяць:

 
Пальцы дашчэнту ўсе ў дыяментах,
У кожнага тростка – слановая костка!
Гэй, дыгу-дыгу!
Рэй, дана-дана!
У кожнага тростка – слановая костка!
 

Следам за Фіськам прыйшоў падобны да распарадчыка пахаванняў або і да нябожчыка ў адпачынку, урачысты і сур’ёзны скрыпач Пятрок Парадак. Ён быў высокі, худы, але рукі меў неверагодна моцныя, чым зрэдку выхваляўся. Акрамя таго, ён быў вельмі хвацкі. Фіська казаў пра яго з захапленнем: «Нічога ў ім няма: скура, жыла і косць, а як шмайдане – ногі працягнеш! А самога ніхто права не мае крануць».

Парадак асцярожна паклаў на камоду скрыпку і ўрачыста павіншаваў Касю.

– А дзе Папугай? – спытала Кася, маючы на ўвазе гарманіста.

– Кірнуў сабе і спіць, – бездапаможна развёў жалезнымі рукамі скрыпач. – Я яго будзіў, будзіў… аніякім парадкам не ўстаў. Табакі яму ў нос напхаў. Таксама нічога… Як праспіцца, то прыйдзе. Ён любіць, такім парадкам, пад гарэлачку граць…

– Вельмі шкада, – расчаравана сказала Кася.

Пасля прыйшлі Жаба і Чэсік Свабода. Наогул Жаба не любіў Свабоду, якога падазраваў у сацыялізме, але неяк так складалася, што яны або жылі на тых самых малінах, або сядзелі ў тых самых турмах. Нават траплялі ў агульныя камеры. Пасля таго, як яго выкінулі з Польскай сацыялістычнай партыі і адседкі, Чэсік Свабода крыху зменшыў свой агітацыйны запал. Ён ведаў, што злодзеі ў сацыялістычных пытаннях чуйкай ветраць махлярства і абдурванне фраераў… Толькі цяпер, пасля прачытання вялікай колькасці нелегальных камуністычных выданняў, Свабода адчуў глебу пад нагамі. Проста знайшоў магчымасць выплысці з глыбінь зладзейскага існавання на паверхню нармальнага жыцця. Таму ён усляпую агітаваў за бальшавікоў, ажно пыл курэў… А вось Жаба, славуты варшаўскі злодзей, звонку быў тыпам такога буржуя, якога ўяўляюць сабе і малююць у карыкатурах бальшавікі.

Жабу Кася Залатая Труба прыняла з асаблівай пашанай. Негаваркі, сур’ёзны злодзей мімаходным, але ўчэпістым ацэначным позіркам акінуў абстаноўку і адразу ж прысеў у куце канапы. Кася села з ім поруч. Пачалі размаўляць напаўголасу пра важныя зладзейскія пытанні.

Тым часам Чэсік Свабода сабраў вакол сябе Пецьку Быка, Фіську і Парадка.

– Вось ты, напрыклад, – прамаўляў Свабода, тыцкаючы пальцам Фіську ў грудзі, – каб не буржуазія, не хадзіў бы ў рызняку (ён меў на ўвазе падранае адзенне паточніка).

– Ды ну?.. Што ты гаворыш? – падняў бровы ўгару Фіська і адначасова запытальна паглядзеў на Пецьку Быка.

– Так, так… Я табе кажу… Кожны павінен прынамсі тры строі мець.

Раптам з дзвярэй раздаўся голас:

– …Чырвоны, зялёны і белы…

Гэта прыйшоў Янка Залаты Зуб, які ўвесь час пакепліваў са Свабодавай агітацыйнай маніі. Кася Залатая Труба ажывілася: ужо два зладзейскія тузы ўшанавалі сваёй прысутнасцю яе прыём. Янка прывітаўся з прысутнымі і далучыўся да Жабы і Касі.

Тым часам Чэсік Свабода гнуў далей, а Бык, Фіська і Парадак вымушаныя былі слухаць, бо не мелі іншага занятку.

– …Адзін строй павінен быць працоўны, але добры. Другі штодзённы: першакласны, моцны і файны. Трэці, што называецца, святочны. Каб люстэрка ўсміхалася.

– Такім парадкам, – адгукнуўся скрыпач, – то святочнага і апрануць нельга.

– Чаму ж гэта? – здзівіўся Свабода.

– Калі ў іх святых няма, то якія ж святы?

– Іншыя святыя ёсць, – захацеў пахваліцца сваімі ведамі Бык. – Тыя ж самыя Ленін з Троцкім – гэт як Пётра з Паўлам. І іншых шмат. Хіба ж не? – звярнуўся ён да Свабоды з пытаннем.

– Гэта вы, таварышы, не так разумееце, – запаліўся Чэсік Свабода.

– Таварышы злодзеі… – паправіў яго з кута Янка Залаты Зуб, ён мімаходзь прыслухоўваўся і да іх размовы.

І Чэсік Свабода пусціўся ў блытаную лекцыю на тэму камуністычнай дактрыны. Слухачы ўважліва назіралі, цярпліва прымалі невядомыя сацыялістычныя тэрміны і, здавалася, добра разумелі. Раптам Фіська катэгарычна рубануў:

– Я на такое не згодны!

Чэсік вылупіў вочы.

– Чаму?!

– Ну на тры строі… Бо выходзіць так: працоўнае толькі для працы. Клёва. Другое… таксама файна… Ну а трэцяе, першай класы, зусім не падыходзіць… Як жа я «на паток» пайду? Мне во такое трэба… – І Фіська паматляў брудным крысом выцвілага пінжака. – Каб «за паток» брацца можна было.

Чэсік балесна паморшчыўся:

– Таварыш, вы мяне зусім не разумееце! Я кажу пра тыя часы, калі не трэба будзе красці. Калі…

Свабода разводзіў пальцамі ў паветры, бо раптам яму не хапіла аргументаў. На дапамогу прыйшоў Янка Залаты Зуб:

– Ленін і ягоны швагер Маркс сюды гэтую машыну прывязуць, што з саломы і дрэва сальцісоны робіць.

Гэтая з’едлівасць не збіла Свабоду з панталыку. Ён казаў далей, толькі крыху цішэй.

– Файны хлапчына, – заўважыў Янка, звяртаючыся да Касі. – Залатыя рукі, характэрны. Толькі з гэтым камунізмам крыху ўчадзеў.

– Перамудруюць і яго, – неахвотна адгукнуўся Жаба. – Для разумнага гэта ўсё задурное і застарое будзе. Зрэшты, што там шпагат добрага прыдумае? Толькі турмы, войны і рэвалюцыі… Калі б усе менш балбаталі, а больш рабілі, то і без агітацыі і без рэвалюцыі галеча б знікла. Атак, сволачы, толькі круцяць, забіваюць, а самі тым часам вялікімі панамі робяцца! Добра жаруць, раздаюць загады і ў славе сыцеюць!

– І вось вераць ім, – заўважыў Янка Залаты Зуб.

– Вераць, бо кожны шчасця хоча, – задуменна і быццам бы са смуткам сказаў Жаба.

– А дзе ж яно… шчасце? – далучылася Кася, думаючы пра што іншае: «Чаму ж яны так паволі збіраюцца?»

– Шчасце тут, – Жаба паклаў руку на грудзі. – Толькі ў сабе! – сказаў ён сур’ёзна, з сілай і ўпэўненасцю. – І ніхто нам яго не дасць!

У вялікім пакоі раптам нібы святлей зрабілася. Гэта ўвайшлі разам тры маладыя і прыгожыя дзяўчыны. Убраныя ў ліловае сёстры Анка і Янка Афрыканкі і маладзенькая, на выгляд зусім падлетак, шапенфельдэрка Лёля Ландыш, уся ў ружовым.

Следам за імі з’явіліся Мангол (Баран), Моркаўка і Паніч (Ясь). Мангол адразу далучыўся да тузоў і шчасліва-зіхоткай ад іх таварыства Касі Залатой Трубы. Моркаўка стаў ахвярай агітацыі Чэсіка Свабоды, якога слухачы проста трывалі. А Ясь, хаваючы збянтэжанасць за ўдаванай свабодай і рассыпаючыся ў кампліментах, думаў, да каторай з дзяўчат варта падваліцца. Найцікавейшай была Лёля Ландыш: смелая, зграбная, але занадта худая і дзяцінная, як на ўтылітарны густ Паніча.

Неўзабаве з’явіўся Кулямёт – кароль менскіх даліншчыкаў, у Варшаве празваны «Сячкарняй» за дзіўную манеру гаварыць.

– Пані Кацяры… ну… ну… ві… ві…

– Ой, не напружвайся, – перапыніў яго Янка, – віншую – і канец.

Кулямёт махнуў рукой і засмяяўся.

– Ты лепш не гавары, а заспявай… – параіў яму Мангол.

Кулямёт таксама апынуўся ў тузовым таварыстве каля Касі як яе непераўзыдзены настаўнік кішэнных аперацый.

Найлепш падала сябе Тоська Сарока. Яна прыйшла ў элегантнай вечаровай сукенцы, пашытай – пасля нарады з арыстакратычнай Сабінай – адмыслова для гэтага прыёму. У Сабіны яна пазычыла пару дробязяў з упрыгожанняў, зрабіла ў цырульні элегантную прычоску і была, са сваёй свабодай у паводзінах, добрымі манерамі і прыгожымі выглядам, асобай выключна цікавай. Яны сардэчна расцалаваліся з Касяй. Паважліва і абаяльна Тоська прывіталася з рэштай таварыства і далучылася да тузоў. Ясь ніколі не бачыў Сарокі такой прыгожай, як сёння. «Такую б каханку мець!» – падумаў ён, памятаючы, аднак, што Тоська да хлопцаў не лезе, зрэшты, як жанчына яна была ў не ягоным гусце.

Да Касі падышоў Пецька Бык. Асцярожна, на пальчыках, ён наблізіўся да гурта тузоў, у якім каралявала радасная да чырвані на твары і поту на ілбе, шчаслівая, як ніколі, Кася Залатая Труба.

– Ну, чаго ты?! – гыркнула на Быка каханка.

– Кацярына пытаецца… можа, таго… ужо даваць… Ну? – быццам жаваў шкло Бык.

– Паспееш набрацца! – адрэзала Кася і кінула позірк на суразмоўцаў: «Бачыце, так я яго трымаю!»

Бык зусім збянтэжыўся.

– Як хочаш, – ён і счэз і збарвянеў, – я ж нічога…

– Зрэшты, яшчэ ж не ўсе, – крыху лагодней працадзіла Кася.

– А каго няма? – зацікавіўся Янка Залаты Зуб.

– Філіпа Лысага, – салодка праспявала Кася.

– Не варта чакаць. Гэты заўжды спазняецца, – вынес свой прысуд Жаба.

– У мяне таксама часу няма, – дадаў Мангол.

Пачалі сядаць за стол. Цяпер усе ўважліва прыглядаліся адно да аднаго, асабліва да незнаёмых. Звычайна і мужчыны, і жанчыны найбольш цікавяцца жанчынамі, ацэньваюць іх і вывучаюць. Толькі прырода іх цікаўнасці розная. Мужчына шукае ў жанчыне добрыя якасці, жанчына – недахопы.

Кася, усё больш пацеючы, рассадзіла гасцей. Месцы на чале стала занялі тузы, між імі, быццам дарагія камяні, управілі Касю Залатую Трубу, Тоську Сароку і Ландыш. Падчас рассадкі прыйшла Ядзя Рудая, прывабная дзяўчына з пышнай хваляй медных валасоў і прыгожым колерам скуры. Яе пасадзілі поруч з Янкам Залатым Зубам. Ясь апынуўся паміж Моркаўкам і Пецькам Быком.

Калі госці ўжо сядзелі за сталом і налілі па першым кілішку, дзверы адчыніліся і ў пакой урачыста ўвайшоў Філіп Лысы. Ён быў у вечаровым строі, бліскучы, далікатна пахучы, паголены да ззяння майстар фарсавання. Зладзейскі арыстакрат, хадзячая злачынная знакамітасць.

– Вітаю шаноўнае таварыства! – урачыста і свабодна прамовіў Філіп. – Мілай гаспадыні маё шанаванне і найлепшыя пажаданні ад шчырага сэрца!

Ён пацалаваў Касіну руку, чаго злодзеі ў сваім таварыстве не робяць. Пасля, згодна з этыкетам, прывітаўся з жанчынамі, пасля з прыяцелямі. Жаба пры гэтым злёгку прымружыў вока і зірнуў на Мангола. Абодва згодна ўсміхнуліся. Яны цанілі Філіпа як злодзея, але іх забаўлялі яго ненатуральныя манеры. «Графа рэжа», – казалі яны. Каб Філіп не быў такім салідным злодзеем, яму б з’едліва дапякалі. А так не выпадала, бо ён належаў да іх хеўры і на многіх работах і ў турмах паказаў сябе як салідны калега. Таму ягоны «арыстакратызм» трывалі як дзівацтва.

Кася падарвалася з крэсла, каб саступіць сваё месца Філіпу, але той быў катэгарычна супраць і сеў на канцы стала. Пасля агульных пратэстаў пытанне было вырашана: крэслы ссунулі і даставілі яшчэ адно для Філіпа; паміж Касяй Залатой Трубой і Манголам.

– Ну, будзьма, – прамовіў Жаба, – бо ад гарэлкі кілішкам патыхаць будзе.

І гарэлка шчодра палілася ў кілішкі. Скрыпач Парадак сядзеў разам з гасцямі за сталом і піў, не саступаючы ім. Кацярына Сперда абслугоўвала бяседнікаў, прычым Манголу, свайму колішняму кватаранту (і каханку), прыносіла найлепшыя кавалкі.

Жанчыны пілі гарэлку памяркоўна і крыху манерна, толькі Тоська Сарока старанна падтрымлівала тосты і салідна, але эстэтычна ела. А Філіп Лысы проста адпраўляў святочнае набажэнства. І так спрытна ўпраўляўся ля стала, што ягоны бліскучы пярсцёнак з брыльянтам толькі і мільгаў. Адначасова ён вёў таварыскую размоўку з Касяй і выразна заляцаўся да Ядзі Рудой, што надзвычай забаўляла Янку і Жабу. Але дзяўчына даволі прыхільна спадцішка прыглядалася да Філіпа і нават некалькі разоў усміхнулася, што, урэшце, прывяло старога, чулага да дзявочай прыгажосці злодзея ў экстаз. «Ах, каб толькі не гэтая подлая лысіна!»

Ясю, які сядзеў паміж Моркаўкам і Быком, не было з кім паразмаўляць, таму ён, не губляючы часу, піў і еў і адначасова з цікаўнасцю прыслухоўваўся да размоў. Яго даймала жаданне памяняцца месцам з Быком і сесці поруч з Анкай Афрыканкай.

У той час, калі ў кватэры Кацярыны Сперды адбываўся ўрачысты прыём у гонар Касі Залатой Трубы, Ісай – знакаміты камароўскі хуліган – піў з чатырма прыяцелямі ў скупшчыцы Чорнай Ханы. Мінулай ноччу яны зрэзалі ў балагулы Шлёмы Гоя два складныя дашкі з брычкі і знялі з колаў гумы. Прадалі ўсё гэта скупшчыцы і частаваліся гарэліцай.

Чорная Хана з ахвотай пазбылася б іх і наогул ніякіх інтарэсаў з імі не мела, бо часта з гэтага вынікалі непрыемнасці, але баялася, каб хуліганы не нарабілі ёй вэрхалу, таму хоць і неахвотна, але прымала іх.

Ісай калісьці быў мясніком, але ўвесь час краў мяса, і пасля некалькіх заўваг яго выгналі. Тады ён уступіў у арцель вакзальных насільшчыкаў. Але і там доўга не пратрымаўся: штосьці скраў і трапіў у турму.

Гетман камароўскіх хуліганаў быў высокага росту, плячысты і надзвычайна дужы. Вочы ў яго былі злосныя, маленькія, шпаркія. На вуснах – хітрая ўсмешка. Сябе ён лічыў вельмі разумным. Тым часам быў ён дурны настолькі ж, наколькі дужы. Таксама Ісай лічыў сябе злодзеем, бо і краў, і сядзеў у турме. Але злодзеі яго пазбягалі, бо амаль за кожны крадзеж ён трапляў у вулей. Неяк сталася так, што Ісай трапіўся на нейкім крадзяжы і ў паліцыі, калі яго ўзялі ў абарот, выдаў супольнікаў. Гэта канчаткова дыскрэдытавала яго ў вачах прафесійных злодзеяў. І ніхто з іх не жадаў мець з ім спраў.

На Камароўцы Ісай меў шырокія магчымасці праявіць сябе. Сабраў вакол сябе шмат сябрукоў і гойсаў у іх таварыстве, атручваючы іншым жыццё. Яны абкрадалі гарышчы, прыбудоўкі. Кралі коз, курэй, нават бульбу са склепаў. Акрамя гэтага, яны тэрарызавалі дробных злодзеяў (пераважна паточнікаў) і бралі даніну з іх работы.

Амаль штодзённа Ісай уздымаў дзесьці бойку. Нават і без нагоды. Сябе ён не бярог, таму трапіць пад раздачу не баяўся. Ён паўсюль шукаў звады і скандаліў. Але калі загадзя адчуваў, што прайграе, то прыдзірак пазбягаў. Найлепшых злодзеяў таксама не чапаў, бо ведаў, што такі не дасць сябе зневажаць і, нават калі будзе нашмат слабейшы, адрэагуе нажом, а то і рэвальверам.

Год таму ў Ісая на Камароўцы быў канкурэнт. Гэта таксама быў хуліган, старавер Казьма Вялікі, пасля многіх непрыемнасцей выгнаны з дому бацькамі. Казьма саступаў Ісаю ў сіле, але ўмеў добра біцца на кулаках. Пасля першай бойкі з ім – калі іх урэшце разнялі сябры – акрываўлены Ісай вырашыў адпомсціць. Ён завітаў да Казьмы з гарэлкай і сказаў так:

– Нас тут двое… Мы свае хлопцы… Нашто нам грызціся… Абодвум месца і фраераў хопіць… Хіба не? Вып’ем во, на згоду… Можа, яшчэ адзін аднаму прыдадзімся…

Казьма быў легкаверны і не адчуў падступства. Ісай наліў шклянку гарэлкі і ўрачыста прамовіў:

– За цябе, братка!… За згоду!

Казьма хітнуў галавой. Ісай выпіў гарэлку і напоўніў шклянку да краёў.

– Трымай, братка! Куляй на здароўе!

А калі Казьма, седзячы за сталом, паднёс да вуснаў шклянку і пачаў піць, Ісай устаў і з усяе сілы страшным ударам убіў яму шклянку і аскепкі шкла ў нос, губы, дзясны і рот. Пырснула кроў. Казьма глуха застагнаў.

А Ісай загадзя падрыхтаванай кілаграмовай гірай, замацаванай на рамяні, пачаў наносіць яму раз’юшаныя ўдары. Казьма ўпаў на падлогу.

Ісай біў, намагаючыся як найбольш скалечыць яго. І Казьму забралі ў шпіталь. Твар і рот у яго былі страшна знявечаныя, зубы выбіты, пераламаныя рэбры і рукі. Яго доўга складвалі, зашывалі, цыравалі і лячылі. Урэшце ён выйшаў са шпіталя, але кепска валодаючы правай рукой і кульгаючы.

Так Ісай пазбыўся канкурэнта.

Цяпер ён са сваім штабам сядзеў у Чорнай Ханы і піў. У галаве ў яго ўжо круцілася, калі хтось з кампаніі пачаў распавядаць пра прыём у Кацярыны Сперды.

– Чаго там толькі няма!.. І печанае, і смажанае, і варанае, і марынаванае… А гарэлкі – плаваць можна!

– І ў нас хапае! – надзьмуўся Ісай.

– Хапае, алё гэта не тое. Там гэныя розныя прысмакі і ромы найдаражэйшыя.

– А хто там ёсць? – спытаў Ісай.

– Адныя найлепшыя злодзеі… Ну, і нашых дзяўчынак колькі: абедзве Афрыканкі, Ландыш і там тая Ядзька Рудая. Кожнаму гонар у такім таварыстве бавіцца.

Ісай яшчэ больш нахмурыўся. Выпіў паўшклянкі і сказаў:

– Гонар гонарам, а я вось як захачу, то Ядзьку Рудую ў іх забяру.

Ядзя Рудая была пляменніцай Ісая, але ані ейны бацька, ані ейная маці не падтрымлівалі сувязі з хуліганам. А калі Ісай колькі разоў наведаў іх на правах сваяка, прымалі яго вельмі прахалодна.

– Не надта ты яе забярэш. Мае права гуляць. І госці абразяцца.

– На гасцей мне пляваць. А Ядзьку забяру, такое і права будзе. Не дазваляю ёй як дзядзька са шваллю блытацца, і канец. Такое маё права.

Адзін з сябрукоў Ісая – таксама скандаліст – пачаў пад’юджваць дружбака, хочучы падражніць ягоныя амбіцыі і выкінуць нумар.

– Ой, не атрымаецца, – сказаў ён з чутным сумневам, – кароткія завароткі. Яшчэ па башцэ атрымаеш…

Ісай запаліўся.

– А вось зраблю! Мне толькі захацець.

– Не будзеш ты так рызыкаваць, бо можаш нагамі накрыцца.

– Плявузгаеш, хрэн табе ў вочы, – раззлаваўся Ісай.

– Ты не кідайся, – адказаў дружбак. – Я табе па-добраму кажу. Там жа фірмовыя злодзеі гуляюць.

– Фірмова яны толькі паветра псуюць, – кіпеў Ісай. – Вялікі парад – злодзеі! І я злодзей. Пяць разоў у кічы сядзеў. Хутчэй у іх лыткі затрасуцца, чымся ў мне. Я ні перад кім не здрэйфлю.

– Ну ты і штукар! – паблажліва сказаў дружбак.

– А я вось пайду і Ядзьку забяру! – усё больш разгараўся Ісай, куляючы чарговую паўшклянку.

Праз пэўны час, ужо добра п’яны, ён устаў і ўрачыста прамовіў прыяцелям:

– Вы тут пачакайце, а я зараз туды пайду і Ядзьку забяру. Вам яе пакажу, пасля да мамкі адвяду. Хай ёй скуру злупяць, што са злодзеямі п’е.

І Ісай упэўненым крокам, з напышлівай мінай, выйшаў з хаты.

– Ну і натаўкуць яму ў каршэнь! – сказаў адзін з рэшты хуліганаў.

– А хай не казырыцца, – заўважыў другі. – Атрымае ў косці, і добра. Не будзе такім гарлапанам.

Як відаць, сябрукі не надта клапаціліся пра свайго важака. Пілі далей і пакеплівалі з гетмана.

Тым часам прыём у Кацярыны Сперды працягваўся. Госці былі разахвочаныя, але не п’яныя. Часу было яшчэ досыць, таму напоямі і прысмакамі частаваліся не спяшаючыся. Некаторыя госці падмянялі месцы згодна з упадабаннямі. Філіп Лысы апынуўся (да вялікага жалю Касі) поруч з Ядзяй Рудой і сыпаў ёй выкшталцоныя кампліменты. Ясь сеў на месца Пецькі Быка бліжэй да Афрыканкі.

Колькі разоў уздымаліся тосты: «За гаспадынь!» «За жанчын!». Чэсік Свабода ў пэўны момант вырваўся са сваім тостам, устаў і ўрачыста прамовіў:

– Жыве трэці інтэрнацыянал!

Усе здзіўлена глядзелі на яго. І не ўсе зразумелі, пра што вядзецца. А Залаты Зуб сур’ёзна заявіў:

– Не трэба пужацца, прашу вас. Звычайна ён спакойны. Гэта яму гарэлка ў мозгі ўдарыла. Пачатак белай гарачкі.

– Чырвонай… – кінуў Жаба.

Але Чэсік Свабода не сумяўся ад такой рэакцыі на свой тост і пачаў тлумачыць:

– Мы як люмпен-пралетарыі…

– Цьху! Глядзі, не падавіся гэтым выразам, – сказаў Мангол.

– …павінны з асаблівай удзячнасцю ставіцца да Леніна і Троцкага… Яны дадуць нам магчымасць…

Янка Залаты Зуб устаў і, пераймаючы Чэсікаў пафас, пачаў яшчэ гучней працягваць ягоную прамову:

– ….жэрці сечку, сядзець у турме, замест адзення насіць транспаранты і штандары!

Тост Свабоды быў адхілены.

Тым часам Пятрок Парадак настройваў сваю скрыпку. Пасля заняў месца ля дзвярэй, дзе быў вольны кут. Пакуль не пачнуцца танцы – а бяседа зацягнулася, – ён вырашыў зайграць гасцям проста так. Пачаў з марша. Граў ён зухавата, ахвотна, з прыемнасцю. Размова перапынілася, пасля стала зусім ціха.

Калі Парадак скончыў марш, дзверы з імпэтам адчыніліся і ў пакой, цяжка ступаючы, увайшоў Ісай. Ён перашкодзіў Парадку граць… Музыка сціхла. Прыхадзень стаяў і вылупленымі вачыма аглядаў таварыства. Некаторых ён ведаў. Але не разлічваў убачыць так добра апранутых гасцей. Гэта яго збянтэжыла. Таму ён стаяў і маўчаў, водзячы вачыма па прысутных.

– Дзверы зачыні! – кінула яму Кася, якая пазнала хулігана і была непрыемна здзіўлена ягоным з’яўленнем.

– А ў яго дома не было дзвярэй, – адгукнуўся Янка Залаты Зуб. – Карова з’ела, бо саламяныя былі.

Хтосьці пырснуў смехам. Гэта быццам абудзіла Ісая. Ён зрабіў яшчэ крок наперад і тыцнуў пальцам у кірунку Ядзі.

– Ядзька, ідзі дамоў!

– Бо што? – здзівілася дзяўчына.

– Маці кліча!

– Маці мне дазволіла!.. Гэта не твая справа!

– Ідзі, бо горш будзе! – бліснуў вачыма Ісай.

– Не пайду я! Ідзі адсюль!

Тады адгукнуўся Філіп Лысы:

– Паненка паўнагадовая і ведае, што робіць… То чаго вам ад яе трэба? Я вас пытаю!

– Я хачу адвесці яе дамоў, бо я ейны сваяк.

Ісай узяўся кулакамі ў бокі і з’едліва сказаў:

– А скажыце вы мне, мой дарагі пане Філіпе, дзе ж гэта вы валасы згубілі? Нават пры святле не бачна.

На вуснах прысутных з’явілася колькі ўсмешак. Ніхто не прымаў скандал усур’ёз. Не ўсе нават зразумелі, у чым справа. Ісаева шпілька Філіпа раззлавала, але, удаючы спакой, ён сказаў:

– Валасы то і ў малпы ёсць. Трэба мець добрае выхаванне.

– Што гэта за фікус? – гучна спытаў Жаба, мераючы вачыма Ісая як нейкі рэдкі экзэмпляр.

Тады Кася, быццам шылам параненая, падарвалася са свайго месца і, падскочыўшы да Ісая, паказала яму пальцам на дзверы:

– Пайшоў прэч адсюль!

Ісай крыва ўсміхнуўся.

– А не пайду. Хай Ядзька са мной ідзе.

– А вось і пойдзеш!

Тады з-за стала, нізка нахіляючы галаву, падняўся Пецька Бык.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю