Текст книги "Гляну я ў аконца..."
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)
Цяпер Ясь мог, выгодна седзячы, добра бачыць усё звонку. Гадзіннікавая стрэлка набліжалася да прызначанага часу. І з дакладнасцю да хвіліны ў дзвярах, што вялі ў калідор, з’явіліся Баран і Ажур. Яны ўвайшлі ў сярэдзіну і сталі каля дзвярэй камітэта, якія былі поруч з уваходам у падвал. Ясь ведаў, што яны чакаюць адпаведнай хвіліны, каб пагрукаць загадзя вызначаным чынам і ўвайсці. Ён адвёў заскачку і чакаў. Калі пагрукалі, ён хутка адчыніў дзверы і, як толькі супольнікі ўвайшлі ў падвал, адразу ж зачыніў іх і ўсадзіў у шчыліну клін.
Пасярод аднаго з падвальных памяшканняў, у дакладна вызначаным месцы, пабудавалі рыштаванне. Трэба было зрабіць праход у магутным скляпенні. Падчас прыёмных гадзін наверсе працаваць было нельга. А пазней таксама трэба было глядзець, каб не нарабіць непатрэбнага шуму. Карыстацца разцом з малатком было нельга, хоць інструменты і былі абшытыя скурай, якая змякчала ўдары. Баран і Ажур працавалі сілай мышцаў. Яны свідравалі адтуліны паміж камянямі, пашыралі іх шаберам, і разцамі, і кароткім ломам, а пасля адколвалі камяні.
Тым часам Ясь сядзеў на сходах, назіраў – пакуль гэта было магчыма, – а пасля прыслухоўваўся. У руцэ ён трымаў канец вяроўкі, з дапамогай якой пры неабходнасці ён падаваў калегам сігнал спыніць працу. Да іншага канца вяроўкі была прывязаная бутэлька. Яе кінулі ў бочку поруч з рыштаваннем. Калі Ясь торгаў за вяроўку, бутэлька грукацела ў бочцы і супольнікі спынялі працу. Як толькі Ясь зноў даваў сігнал, Ажур і Баран браліся за інструменты.
Каля адзінаццатай вечара ў скляпенні быў зроблены вялікі праём, праз які было відаць ймаснічыны знізу. Тады Ажур з Баранам пазменна пачалі свідраваць адтуліны ў дошках. Яны рабілі гэта паволі, моцна прыціскаючы ручку. Тады шуму было менш. Пасля трэба было злучыць прасвідраваныя дзіркі прарэзамі. І гэта рабілі паволі – пілкай для жалеза, а не для дрэва.
Урэшце ў падлозе зрабілі праём, дастатковы для таго, каб туды пралез чалавек. Рыштаванні павысілі, і Ажур першым праз пару хвілін назірання вылез наверх. Праём у падлозе знаходзіўся на некалькі крокаў правей ад сейфа. З апошняга – трэцяга – акна яго можна было заўважыць. Таму Ажур крыху пасунуў адзін са сталоў, каб закрыць агляд залы з акна. Што праўда, было амаль цёмна, бо толькі праз вокны з боку двара падалі рассеяныя палоскі святла. Але камусьці з вартаўнікоў магло прыйсці ў галаву пасвяціць унутр ліхтарыкам.
Баран і Ажур у адных шкарпэтках, быццам цені, перамяшчаліся ўнутры. Сейф стаяў ля знешняй сцяны, у нябачным з акна месцы. Гэта было ім на руку. Ажур вырашыў браць сейф збоку. Хутчэй і прасцей было б ззаду. Але гэта было вельмі цяжка – амаль немагчыма ў гэтых умовах – адсунуць сейф ад сцяны.
З-за тонкіх дзвярэй вартоўні даносіліся галасы нямецкіх салдат. Гэта спрыяла іх працы. А калі ахова запаліла прымус, каб згатаваць ежу, сітуацыя стала найбольш адпаведнай, і медзвяжатнік разам з узломшчыкам маглі браць «скрынку» спакойна.
Ажур вызначыў на сценцы сейфа лініі «фартуха», і абодва пачалі спехам свідраваць адтуліны ўздоўж гэтага контуру. Баран быў вялікай фізічнай сілы ў руках, а Ажур меў багаты досвед у такіх справах, таму праца ішла спраўна. Калі свідраванне дзвярэй на сценцы сейфа было скончана, іх пачалі праразаць уніз і ўверх. Падрыхтавалі ўсё да непасрэднага роду дзейнасці медзвяжатніка – ускрывання. З камплекту «ракаў» Ажур выбраў найбольш адпаведны, змантаваў з некалькіх кароткіх сталёвых труб клямар для рук так, каб рычаг у «рака» быў магутны. Формай гэты інструмент нагадваў нож для адкрыцця кансерваў.
Кіпцюр «рака» паволі ўздымаўся ўгару, разразаючы і раздзіраючы тоўсты панцыр сейфа. Урэшце, разрэз быў зроблены. Тады «фартух» адцягнулі ўніз. Формай ён быў падобны да высалапленага языка.
Каб дабрацца да другой сценкі сейфа, трэба было выкінуць тоўсты слой пяску. Тады прыступілі да свідравання дзір ва ўнутранай сценцы. Дзейнічалі гэтаксама, як і з першай сценкай. І ўрэшце, пасля доўгай, цяжкай і нязручнай працы, адцягнулі – гэтым разам угару – другі «фартух» Сейф быў адкрыты.
Праца заняла шмат часу. Пакуль у вартоўні шумеў прымус, працавалі спешна. Пасля – асабліва тады, калі ў вартоўні было зусім ціха, – трэба было або перапыняць працу, або рабіць усё вельмі павольна.
Увесь гэты час Ясь сядзеў на сходах падвала і прыслухоўваўся або час ад часу вызіраў праз шчыліну ў калідор. Гадзіны цягнуліся доўга, манатонна. Цішыня звінела ўвушшу. Было чуваць, як цікае на руцэ гадзіннік. Зрэдку манатоннасць перарывалі крокі вартаўнікоў, паступова сціхаючы ў далечыні. За ўсю ноч цішыню ў калідоры парушылі толькі двойчы. Першы раз, калі хтосьці ўвайшоў і скіраваўся сходамі ўгору. Другі раз вартаўнік цяжка наваліўся на дзверы, грымнуў адным з навясных замкоў, сплюнуў і выйшаў.
«Паскачаце заўтра», – з задавальненнем думаў Ясь.
Пасля заканчэння працы Ажур дастаў з валізкі пакунак з ежай. Сабраў і склаў туды акуратна ўсе інструменты. Рэшту месца запоўніў пачкамі банкнотаў. Некалькі пачкаў, што не змясціліся ў валізку, расклалі па кішэнях. Баран і Ажур пільна агледзелі пакой, каб не засталося нічога з інструментаў ці рэчаў. Пасля Ажур вільготнай анучай старанна выцер сейф і ўсё, да чаго дакраналіся калегі ўначы і што заставалася тут. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на рэчы паліраваныя, лакіраваныя і металічныя.
Аперацыя была скончаная. За вокнамі віднела. Ажур і Баран праз лаз у падлозе спусціліся ў падвал. Рыштаванні яны пакінулі на месцы, а самі скіраваліся да выхаду. Ціхенька паклікалі Яся. Пасля, за лесвічным паваротам, разгарнулі пакунак з ежай і пры святле ліхтарыка (праца была зроблена, таму святла не ашчаджалі) распілі пляшку гарэлкі і з’елі прынесеныя прысмакі. Наколькі гэта было магчыма, прывялі ў парадак адзенне.
Пасля дасталі з валізкі і кішэняў грошы, расклалі іх на перакуленай дагары дном скрыні. З гэтай вялікай кучы былі адабраныя пачкі з найбуйнейшымі купюрамі, і Ажур з Баранам схавалі іх па кішэнях і пад адзеннем. Рэшту паклалі ў валізку, да інструментаў. Ажур і Баран, як ужо вядомыя паліцыі злачынцы, намерваліся выйсці з двара і прайсці вуліцамі паасобку і з пустымі рукамі, каб не прыцягваць нічыёй увагі. А вось Ясю выпала місія вынесці валізку з падвала. Гэта было рызыкоўна, бо патруль у браме мог затрымаць яго, хоць назіранне і выявіла, што ўдзень патрульныя не затрымлівалі цывільных, бо некалькі сем’яў супрацоўнікаў Цэнтрхарчзабкама жылі на верхніх паверхах будынка.
Крыху пасля восьмай з падвала выпусцілі Ажура. Ён выйшаў з калідора, ціха насвістваючы полечку, і знік у двары. Праз пятнаццаць хвілін выйшаў Баран. Перад сыходам ён паціснуў Ясю руку і сказаў крыху іншым, чым заўжды, голасам, бо яўна баяўся за хлопца.
– Ты глядзі, спакойна… Калі што, валізкі адкрыць не можаш, бо не твая.
– Нічога. Выкручуся, – адказаў хлопец.
Ясь чакаў. Дзверы былі гатовыя да хуткага выхаду. На парозе падвала стаяла бляшанка, куды перад сыходам Ажур выліў з бутэлечкі сумесь карболкі, дзёгцю і шкіпінару.
Раптам хлопец пачуў крокі: хтосьці спускаўся па сходах. Людзі гучна размаўлялі. Праз шчыліну ў дзвярах ён заўважыў, што гэта ідзе мужчына, а з ім тры жанчыны і двое дзяцей, усе святочна ўбраныя. Як толькі кампанія выйшла на двор, Ясь хутка адчыніў дзверы і з трэскам зачыніў іх за сабою. Выліў вадкасць з бляшанкі на зямлю, поруч з уваходам у Цэнтрхарчзабкам і падвал. Бляшанку паставіў поруч, ля дзвярэй. Пасля бесклапотна і з усмешкай выйшаў на двор, удаючы, што валізка лёгенькая, і спешна далучыўся да кампаніі, што кіравалася ў бок брамы. Там адна з жанчын размаўляла з вартаўніком. Немец смяяўся. Ясь, ідучы за мужчынам, праз веснічкі ў браме выйшаў на вуліцу. На яго не звярнулі ўвагі.
Толькі цяпер, апынуўшыся па-за межамі галоўнай небяспекі, ён адчуў хваляванне.
На Захар’еўскай Ясь затрымаў рамізніка. Нагандляваўся – гэта таксама было задумана – і паехаў на Нізкі рынак. Рамізніка адпусціў перад прызначаным месцам. Увайшоў у браму. А калі грукат колаў сціх, вярнуўся на вуліцу і скіраваўся ў размешчаную напаўбліз трушчобу Цыпы.
Барана і Ажура ён застаў у апошнім пакоі. Яны прывіталі яго з заўважнай радасцю і палёгкай. Дзверы зачынілі на засаўку. Усе прыехалі сюды на рамізніках, што было зроблена праз паліцэйскіх сабак, якіх выпусцяць, як толькі выявяць крадзеж. Дзеля гэтага Ясь і разліў у калідоры смярдзючую сумесь. Ён распавёў, як выйшаў з падвала. Баран толькі зірнуў на Ажура, позіркам кажучы: «Бач, які хлопец». Ажур ухвальна свіснуў і кінуў на стол схаваныя ў сябе пачкі купюр. Баран пераняў ягоны прыклад. Да гэтага дадалі тое, што было ў валізцы.
Ясь і Ажур лічылі грошы. Гэта было няцяжка, бо амаль усе былі перавязаныя стужкамі з пазначэннем сумы. Іх хутчэй дзялілі, чым лічылі. Але і на гэта сышло шмат часу. Ясь разважаў, ці супольнікі дадуць яму долю, ці толькі пэўную частку. Ён разумеў, што ягоны ўдзел у сапраўднай працы быў другасны. Але яму было прыемна, калі ён убачыў, што Ажур дзеліць усё на тры часткі. Гэта канчаткова ўмацавала ягоны прэстыж ва ўласных вачах. Ён стаў паважаным фірмовым злодзеем. З гэтага дня ў размовах з іншымі злодзеямі ён менш круціў. Менш казаў і быў больш замкнёны.
Назаўтра і цягам некалькіх наступных дзён паліцыя, злодзеі і пэўная частка гараджан былі пад уражаннем здзейсненага ў Цэнтрхарчзабкаме крадзяжу. Суму перабольшвалі ў разы. Паліцыя і Следчы камітэт бязмэтна гойсалі па малінах і зладзейскіх трушчобах. Пракацілася шмат арыштаў. Але ані грошай, ані віноўнікаў узлому не знайшлі. Зладзейскі свет таксама не ведаў, хто прааперыраваў скрынку. Некалькі паважаных блатных звязвалі ўзлом сейфа са з’яўленнем на даляглядзе Ажура, але пра гэта ніхто не казаў. А вось Баран і Ясь былі па-за падазрэннямі.
У сераду ўвечары Ажур, ахайна і сціпла апрануты, у акулярах, спакойна ішоў Петрапаўлаўскай вуліцай з тросткай у руцэ. Ён спыніўся каля кінатэатра «Люкс». З сумным тварам агледзеў фота і рушыў далей. Стаў каля вітрыны крамы з цацкамі. Вітрына выглядала не так, як мінулым разам: таварам перагружана не была, але – стварала ўражанне асартыменту і выклікала зацікаўленне.
Ажур ціхенька насвістваў вальс. Зайшоў у краму. Запольская сядзела за прылаўкам. Убачыўшы яго, яна падарвалася з месца.
– Як добра, што вы прыйшлі! – сказала яна з яўнай радасцю.
Ажур пытальна падняў бровы і ўсміхнуўся вачыма.
– Штосьці важнае ў краме?
– Не… Толькі я.
Яна пачырванела.
Ажур глядзеў ёй у вочы… Пасля гэты позірк пабег па ейным твары і бачнай з-за прылаўка фігуры. На момант затрымаўся на маленькай, вузкай руцэ. Потым Ажур паволі развярнуўся і, не развітаўшыся, выйшаў з крамы.
«Усё ведае!»
Пасля ягонага сыходу дзяўчына моўчкі села. Па ейных шчоках цяклі слёзы.
Ажур вярнуўся ў краму толькі ў панядзелак. Пачакаў, пакуль выйшлі пакупнікі, а пасля сказаў:
– Лаўку будзем зачыняць.
Запольская здзіўлена паглядзела яму ў вочы.
– Вам не шкада?
– Зробім новую… на Захар’еўскай. Я ўжо знайшоў добрае памяшканне… Запішам усё на вас… Будзеце адзінай уласніцай.
Ажур хацеў надзейна і добра ўкласці грошы. Сам ён увесь час быў пад прыцэлам і жыў, галоўным чынам, у дарозе. Яму было важна аддаць усё вернаму чалавеку і стварыць сабе надзейную апору на будучыню. У Запольскай ён убачыў тое, пра што часта марыў у сваім нікчэмным, беспрытульным жыцці – добрую і надзейную жанчыну, на якую заўжды і ва ўсім можна разлічваць.
Праз два тыдні на Захар’еўскай вуліцы адчынілася крама канцылярскіх тавараў. Ад цацак адмовіліся. Законнай уладальніцай крамы была Запольская. У дапамогу яна ўзяла прадавачку, некваліфікаваную дзяўчыну, якую хутка ўвяла ў курс справы. Цяпер яна магла днём выходзіць з крамы, каб вырашыць працоўныя пытанні ў горадзе. Пры краме – ззаду – была двухпакаёвая кватэра з кухняй.
Ажур усё яшчэ жыў у гатэлі. Праз тыдзень пасля адкрыцця новай крамы Запольскай ён увечары прыйшоў да яе ў кватэру. Папрасіў, каб яна зрабіла яму гарбаты. А перад сыходам уручыў металічную скрыначку.
– Тут пяць тысяч рублёў залатымі царскімі манетамі. Добра схавайце гэта. Найлепш у падвале, у калідорчыку.
На шматку паперы ён намаляваў ёй месца. Запольская адразу ж зразумела, дзе гэта.
– Добра, – сказала яна. – А што вы збіраецеся рабіць?
– Заўтра еду на тыдзень у Смаленск.
– Гэта небяспечна, – сказала Запольская, – Там мяжа… Бальшавікі…
Ажур усміхнуўся.
– Я спраўлюся… Трэба ратаваць калегу… Верны друг…
Ажуру было прыемна ў таварыстве гэтай разумнай, добрай дзяўчыны, якая злёту яго разумела і якой ён так давяраў, што не толькі грошы, але і жыццё сваё, не вагаючыся, аддаў бы на захаванне. Кватэрка была ахайная, утульная, і ён так добра тут пачуваўся.
Развіталіся яны досыць позна. Ён ведаў, што мог бы застацца з ёю. Нават спаць з ёю разам – як з каханкай. Але ён занадта паважаў яе і сябе, каб паставіцца да гэтага шаблонна. Тое, што купляюць сэрцам, цэніцца асабліва дорага.
Баран – быццам бы яны змовіліся – за свае грошы таксама набыў золата. Ён не верыў у аўтарытэт ані банкаў, ані ўрадаў, што бяруць на сябе адказнасць і гарантуюць плацежаздольнасць. Але і Паўлінцы грошай не аддаў.
Увечары ён падышоў да будкі Мілага і пасунуў яе ўбок разам з сабакам, нажом выкапаў у зямлі ямку і паклаў туды старанна закаркаваную алюмініевую нямецкую біклагу, у якой былі манеты. Зямлю прытаптаў. Падмёў навокал і вярнуў будку на месца. Пагладзіў сабаку.
– Сцеражы, Мілы… Табе аднаму веру…
Паўлінцы Баран падарыў прыгожы залаты гадзіннік з бранзалеткай. Яна была ў захапленні і горача яму дзякавала, адначасова распытваючы:
– Работа была, Алічак?
– Не, я купіў.
Больш ён ёй нічога не сказаў. А грошы даваў не шкадуючы.
Толькі Ясь нідзе не мог прыткнуць грошы. Ён хаваў іх па розных кутах: на гарышчы, у прыбудовах. То лічыў, то збіраў разам, то дзяліў на часткі і хаваў у розных месцах. Накупіў сястры, маці і Марусі розных дарагіх рэчаў, але большай сумы нікому даць не мог, баючыся выклікаць здзіўленне.
Урэшце яму прыйшоў у галаву дзядзька Жардонь. Ясь пайшоў да яго. Той мыў у балеі бутэлькі. На продаж.
– Бачу, дзядзька, вы ў вялікі гандаль выбіліся, – пакпіў з яго Ясь, карыстаючыся стылем самога Жардоня. – А можа, вы, дзядзька, аптэку адкрываеце або рэстаран?
– Табе якая справа?
– Ніякай… Хачу да вас у супольнікі пайсці.
– То закасвай рукавы і шкрабі бутэлькі.
– Я рук мачыць не люблю. Гэта для баб і старых праца.
– Ты што, кпіць прыйшоў?.. Зараз я цябе па-кітайску бласлаўлю.
– Я параіцца прыйшоў. Вы мне, дзядзька, калісьці пра таго чалавека расказвалі, што пад Воршай жыве. Які сам і не д’ябал, але з д’яблам справы мае.
– Што ты вярзеш?
– Вы, дзядзька, не перапыняйце. І нібы той малойца ад д’ябла можа грошы мець, колькі заманецца яму.
– Ну?
– Дык вось я сам з д’яблам пазнаёміўся, і ён мне даў шмат грошай.
– Насміхаешся, смаркач!
– Вось, калі ласка!
Ясь пачаў даставаць з кішэні тоўстыя пачкі купюр. Дзядзька перастаў мыць бутэлькі і ўважліва назіраў за сваяком.
– І чаго табе трэба?
– Я хачу, каб вы нейкі інтэрас прыдумалі, каб грошы не марнаваліся. Мне трэба маму і Гэлю забяспечваць. Разважце, дзядзька. Я па інтарэсах не вялікі спецыяліст.
Пачалася сур’ёзная размова.
Праз тыдзень на Залатой Горцы, у Каменным завулку, дзядзька купіў на імя Ясевай маці невялікі дамок з садам. А на плошчы ля Коннага рынку паўстаў новы рэстаран. Уладальнікам і дырэктарам там быў Жардонь. Капыльскі Бусел цяпер набраўся важнасці і красаваўся за прылаўкам не першакласнага, але добра размешчанага і адразу ж паспяховага рэстаранчыка. Прыбытак вырашылі дзяліць напалам. Гэта задавальняла і Яся, і Жардоня.
– Праз год у цябе гэтая лаўка быццам задарма купленая будзе! – сказаў дзядзька хлопцу.
Такім чынам разышлася і знайшла прытулак каса Цэнтрхарчзабкама.
ЯСЬ ЗАСВЕЧВАЕЦЦА
Каменны завулак адрозніваецца ад іншых вуліц і завулкаў Менска тым, што там не знойдзеш аніводнага каменя. Калі бабам увосень патрэбна было чымсьці прыціснуць у бочцы агуркі ці капусту, яны ішлі далей, часам нават за горад.
Дом, які Ясь пасля нарады з дзядзькам купіў для маці, быў даволі прыгожы. Ён складаўся з трох пакоікаў і кухні. Будынак быў амаль новы. На падворку стаяла некалькі пабудоў і студня. Дамок быў размешчаны крыху далей ад вуліцы. Яго аддзяляў ад яе гародчык з кветкамі. Ззаду сад: з дзясятак маладых пладовых дрэваў. І з-за іх віднеў шэры мур могілак. У месяцовыя ночы нябожчыкі сядалі там і пра штосьці шэптам раіліся. Так казалі жыхары завулка.
Ясева маці, на імя якой ён набыў дамок, цалкам перарадзілася. Цяпер яна пазбавілася даўніх і такіх непрыемных матэрыяльных клопатаў. Стала гаспадыняй ва ўласным доме. Ясь купіў ёй карову. Яна завяла курэй і адкормлівала двух парсючкоў. Цэлымі днямі яна нястомна завіхалася дома і ў двары. І калі б не перажыванні за сына, які, яна так думала, заняты гандлёвымі аперацыямі, зусім не дбае пра сваё здароўе, усё наогул было б цудоўна.
А вось Ясева сястра, Гэля, была вельмі незадаволеная зменай месца пражывання. Яна прызвычаілася жыць у прахадным двары каля шумнай вуліцы. Гэля была ўжо зграбнай, прыгожай дзяўчынай, і жыццё захапляла яе. Яго падманлівы і мізэрны бляск. Ясь адчуваў сябе ейным апекуном. Некалькі разоў ён даваў ёй грошы на адзенне і абутак. А неяк сказаў:
– Калі табе штосьці спатрэбіцца, кажы мне. Але памятай, што калі спаскудзішся з нейкім смаркачом, то я і яму, і табе зубы павыбіваю.
Гэля крыўлялася ў адказ. Часам паказвала язык. Але брата супакоіла, аднойчы сказаўшы:
– Ты не думай, што я дурная такая! Я ведаю, чаго хлопцам трэба! Я сабе такога знайду, што мне пантофлікі цалаваць будзе. Каго выберу, за таго замуж і выйду.
А вось з рэстаранам у дзядзькі Жардоня было горш. Ясь уваліў у яго дзве трэція грошай, што атрымаў як долю з узятай скрынкі. А прыбытку не было ніякага. Дзядзька заняўся павелічэннем памяшкання і ўсе грошы ўбухваў туды. Неяк хлопец сказаў Жардоню:
– А дзядзька мяне хораша абуў. Мы павінны былі з гэтага залатыя горы мець, а тут і на хлеб не будзе.
– Дай крыху часу, – тлумачыў дзядзька. – Убачыш, які будзе даход. Табе гарыць? Грошы трэба? Скажы. Атрымаеш, колькі хочаш. Інтэрас твой, толькі я ім займаюся і жыву з гэтага. Не падабаецца табе – прадам. Яшчэ і прыбытак атрымаеш.
– Рабі, як хочаш.
І дзядзька рабіў дзівосы. Прывёз музыкальную машынку. Усталяваў лядоўню. Купіў новы буфет. Пашырыў кухню. І насамрэч рух у рэстаране ўздымаўся. Але ўсе даходы ішлі толькі на ўдасканальванне ўстановы.
Ясь і далей жыў на Захар’еўскай, у доме нумар 157. Ён заставаўся там з многіх прычын. Перш за ўсё адчуваў, што аднойчы «засыплецца», таму не хацеў падстаўляць сям’ю пад вобшук і следства. Акрамя таго, пачаўшы жыць самастойна, ён вызваліўся з-пад маўклівага кантролю маці. Яму не трэба было хапацца за розныя хітрыкі, каб схаваць сваю сапраўдную прафесію. І суседам тут быў ягоны настаўнік і супольнік – Баран.
Маці некалькі разоў намаўляла яго пераехаць да іх, але Ясь заўжды адмаўляўся, тлумачачы гэта тым, што мае супольны інтэрас з Жардонем. Што вядзе гандаль з тэхнікам, і таму Ясь павінен жыць поруч з імі, а кватэра яму нічога не каштуе, бо арэнда вяртаецца грашыма за шавецкую майстэрню.
Істотны ўплыў на рашэнне Яся мела і тая акалічнасць, што поруч жыла Маруся Лобава. З таго часу, як каханка абачліва адмовілася ад галоўнай ролі ў іх рамане, Ясь пачаў усё больш яе цаніць. Ён быў з ёю добры, ветлівы. Умеў своечасова і далікатна прыйсці на матэрыяльную дапамогу. Напрыклад, прапанаваў ёй рабіць дома сняданкі, абеды і вячэры. Такім чынам ён мог даваць грошы ганарлівай і самастойнай жанчыне. Зрэшты, Лобава насамрэч стала яму патрэбная. У параўнанні з яго выпадковымі каханкамі яна істотна выйгравала, бо была заўжды элегантная, дагледжаная і тэмпераментная.
Ясевы грошы расталі, хоць і не змарнаваліся. Дні ішлі, і Ясь зноў веславаў па свеце блатных… Ужо фірмовым злодзеем. У яго толькі не было вызначанай спецыяльнасці. Адны лічылі яго скокерам[32]32
Скокер – кватэрны злодзей, які працуе ўдзень (клавішнік).
[Закрыть], другія – шніферам, трэція – фармазонам. А ён быў патроху гэтым усім. Так напраўду, ён плыў па хвалях жыцця і цікаўнымі вачыма разглядаў усё навокал. А свет і людзі вакол яго былі незвычайныя.
У зладзейскае жыццё яго цягнуў азарт. Баран, напрыклад, на работы цяпер не хадзіў. А Ясь усё туляўся па трушчобах і малінах, пры кожным зручным выпадку беручы ўдзел у розных зладзейскіх імпрэзах, і працаваў смела, упэўнена, зухавата і з фантазіяй.
Хай гэтыя словы не будуць апалогіяй зладзейства. Гэта не мая мэта. Тое, што існуюць людзі, якія вымушаныя красці ў іншых людзей, не найлепшым чынам характарызуе ўсё грамадства. Але ў гэтым пытанні я адчуваю абавязак казаць праўду, нягледзячы на тое, каму яна пашкодзіць – злачынцам (падкрэслю, што я пішу і кажу толькі пра прафесійных злачынцаў, блатных; іншых прадстаўнікоў гэтай сферы дзейнасці безадносна іх здзяйсненняў я лічу фраерамі), мне ці грамадству.
Прафесія злодзея асабліва цяжкая. Яна патрабуе ад сваіх адэптаў сапраўднай мужнасці, завостранага ўмення назіраць, хуткасці рашэнняў, вялікага прыроджанага розуму, фантазіі. Гэтых якасцей, якія ў нармальным жыцці ўласцівыя здольнаму кіраўніку, дэтэктыву, адміністратару вынаходніку і нават… пісьменніку (элементы фантазіі, талент назіральніка), ледзьве хопіць шараговаму прафесійнаму злодзею. Я ўпэўнены, што Чалавецтва губляе вельмі шмат, спіхваючы найбольш здольных, смелых і цікавых сваіх прадстаўнікоў на ўзбочча жыцця пад злачынны штандар. З-пад гэтага штандару амаль ніхто не вяртаецца. Тыя, хто там апынуўся, з цягам часу пачынаюць пагарджаць светам фраераў, а «шпагат» (інтэлігент) ім агідны як асоба баязлівая, слабахарактарная, з фальшывым сэрцам і фальшывым законам. Этыка шпагатаў ім не імпануе, бо чым спрытней шпагат ёй карыстаецца, тым больш яго шануюць іншыя шпагаты. У злодзеяў ёсць свая этыка… жалезная, яе нельга ані зламаць, ані сагнуць. І ёсць сваё слова гонару – слова злодзея, і яно непахіснае. Парушэнні сувора караюцца. Але яны – вялікая рэдкасць.
Каб пазбегнуць непаразумення, я дам азначэнне выразу «злодзей» так, як я яго разумею і як карыстаецца ім свет прафесіянальных злачынцаў, а не свет шпагатаў, крыміналістаў і фраераў наогул. Злодзей, тобок блатны, – гэта чалец саюза прафесійных злачынцаў, які сам лічыць сябе блатным і якога прызнаюць сваім іншыя блатныя. Злодзей, які кінуў сваю працу, але падтрымлівае кантакты і ў разе патрэбы і дапамагае былым калегам (як Стась Рамізнік), таксама блатны. Агент следчай паліцыі, які часам ведае работу лепш за злодзея, – «сабака» і… чужаніца… А я, нягледзячы на маё мінулае, якое магло б заімпанаваць многім прафесіяналам, і не зважаючы на маю нязломную пазіцыю вязня шматлікіх турмаў за чатырнаццаць гадоў адседак, цяпер – як пісьменнік – лічуся толькі… шпагатам. Можа, мяне і шануюць, і захапляюцца мной, але цяпер я чужы. Тут не дапамогуць ані сімпатыі, ані барацьба на іх баку… Яны змагаюцца за існаванне і слушна не даюць веры нікому – па-за колам сваіх правераных калег.
Светам фраераў злодзеі пагарджаюць. Яны пераканаліся, што гэты свет фальшывы, палахлівы, падманлівы. Фраер ветлівы, бо так трэба, але калі ён можа гэтую неабходнасць абмінуць, то ўчыніць такое паскудства, да якога не апусціцца аніводны злодзей. Яны адчуваюць нашы слабасці, подласці (нават глыбока схаваныя і нявыяўленыя) і не маюць да нас павагі. Магчыма, многіх чытачоў уразіць тое, што я пішу. Магчыма, некаторыя абразяцца. Але я нікому не раю патрабаваць доказаў. Бо яны страшныя. Я б паказаў, якой бруднай поскуддзю ў хвіліну выпрабаванняў выяўляюцца прадстаўнікі нашага грамадства, узнятыя па-над супольнасцю. З радасцю, аднак, я вітаў праявы душы і характару ў кожным чалавеку, незалежна ад таго, быў гэта злодзей ці фраер. І перасцерагаю ад жадання прыпісаць тое, што я пішу як польскі пісьменнік, выключна польскаму грамадству. Злодзеі, якіх апісваю, былі культурнай спадчынай усёй Еўропы – ейным прадуктам. Сярод іх былі людзі розных нацыянальнасцей. Зрэшты, у тыя часы, на якія прыпадае дзеянне гэтага рамана, Польшча яшчэ не вярнула сваю незалежнасць. Не існавала як дзяржава.
У звычайным жыцці Ясь быў худзенькі, чулы, далікатны. Ён рабіў уражанне (асабліва калі добра апранаўся) распешчанага сынка з заможнай буржуазнай сям'і. Можа, таму злодзеі і далі яму мянушку Паніч. Там, дзе ён заўважаў дабрыню, саліднасць, прыхільнасць, ён быў нашмат больш спагадлівы і мілы. Але як толькі сутыкаўся з брутальнасцю, подласцю, крывадушнасцю – замыкаўся ў сабе і чакаў нагоды выкінуць балесную штучку.
Працуючы са злодзеямі, Ясь заўжды стараўся ўзяць на сябе больш рызыкоўную ці цяжэйшую ролю. Пасля работы ён ніколі не задаваўся з нагоды свайго ўчынку і не згадваў яго «прынагодна». Пры падзеле здабычы ён быў бескарыслівы, але не пераносіў аніякага туману. Гэта прыніжала яго амбіцыі. Ясь краў, забаўляўся, жыў і піў са злодзеямі, як роўны ім узростам, досведам і культурай розуму і духу. Ён любіў іх як калег і дапамагаў, дзе было трэба, як братам.
Злодзеі адчувалі гэта тонкай інтуіцыяй звяроў на паляванні і цанілі. Паўсюль Яся віталі добразычліва. З ім ахвотна ішлі на работу. З ім з задавальненнем гулялі, раіліся па прафесійных пытаннях, у якіх ён не меў досведу, але намагаўся зразумець інтуіцыяй, а вырашыць смела і з выдумкай. На першы план ён ставіў не дакладныя разлікі шанцаў і стэрэатыпнасць выканання старога майстра, а раптоўнасць.
Ясь насіўся па горадзе са сваім блатнярствам, як шчанюк з анучай у зубах па падворку. Рабіў работы, але рабіў і псоты. У некаторыя справы ўвязваўся са «спартовай» цікаўнасці.
Ігнат Кулікоўскі прапанаваў яму прадаваць ваду – пад выглядам спірту. Ясь пагадзіўся. У некалькі вялікіх бляшаных бітонаў налілі ваду. Пасля да дзірак у вечках дакладна падабралі бляшаныя трубачкі. У трубачкі залілі спірт. Бітоны былі дзесяцілітровая. А спірту ў трубачках было не больш за чвэрць літра.
Ролі падзялілі наступным чынам: Ігнат чакаў з бітонам спірту ў браме або ў пад’ездзе, побач з Нізкім рынкам, а Ясь шукаў пакупніка, таямнічым шэптам прапануючы адпаведным, на ягоную думку, фраерам «спірцік».
За адзін дзень яны прадалі такім чынам 70 літраў вады, сувора лекуючы аматараў алкаголю.
Пасля з Малыша пажартавала перакупшчыца. Не выплаціла ў тэрмін грошы за тавар. А пазней пачала круціць: задорага, згубіла на продажы і г. д. Малыш параіўся з Ясем, і яны вырашылі адпомсціць сквапнай бабе. Увечары хлопцы пайшлі да канакрада Сыроня, у якога быў вялізны, што тое цяля, сабака даберман. У ваеннай завірусе сабака згубіў свайго гаспадара, і Сыронь, які лепш разумеў жывёл, чым людзей, падабраў яго. Сыроню распавялі, у чым справа. Злодзеі любяць ладзіць жарты, псоты і выкідваць каленцы – быццам дзеці. Калега радасна пагадзіўся, і ўся тройка разам з сабакам надвячоркам выправілася ў кірунку кватэры скупшчыцы. Там Сыронь пачаў пакаваць сабаку ў мех. Добра выхаваны флегматычны даберман верыў свайму гаспадару і не пратэставаў. Мех завязалі. Калегі дапамаглі Ясю закінуць яго на спіну, і хлопец зайшоў да скупшчыцы.
– Вечар добры! – павітаўся ён з парога.
– Добры, добры! А што за інтэрас?
– Хачу табе апыліць цяля з блату[33]33
Блат – махлярства, крадзеж.
[Закрыть].
– А адкуль ты ведаеш, што я купляю? – скупшчыца крыху недаверліва агледзела Яся.
– Ну ведаю і ведаю.. І ад Турка, і ад Нагая. Не хочаш купляць, то да пабачэння… Аднясу Рудой Цыпе. Далей жыве, але дурных пытанняў не мае.
Скупшчыца пацерла рукі. Яна акурат мыла бялізну. Падышла да меха і з цяжкасцю падняла яго.
– Колькі ты за цяля хочаш?
– Разам з мехам чатырыста рублёў.
Гэта было менш за палову ад нармальнай цаны. Скупшчыца ахвотна пагадзілася і па просьбе Яся, які быццам бы кудысьці спяшаўся, выплаціла грошы. Хлопец развітаўся і выйшаў. Супольнікі прыляпіліся насамі да брудных шыбаў, назіраючы, што будзе далей. Задаволеная даходнай аперацыяй, скупшчыца падышла да меха. Развязала яго і пачала даставаць цяля, проста вытрасаючы змесціва на падлогу. У мяху даберман быў засумаваў, то цяпер вылез, пазяхнуў і пацягнуўся. Пасля даволі зычліва скіраваўся да анямелай са страху жанчыны. Скупшчыца закрычала і заскочыла на ложак, а з ложка праз камоду палезла на печ. За акном раздаўся выбух смеху. Перапалоханая і раззлаваная скупшчыца ледзь пазбылася дзіўнага госця, які паводзіўся ў ейнай кватэры надзвычай прыстойна, толькі з’еў згатаваную на заўтра курыцу, што ўжо парэзаная ляжала на кухоннай шафцы.
Праз пятнаццаць хвілін калегі ішлі з Лагойскага тракту на Камароўку. Сыронь паляпваў дабермана, які ўсё яшчэ аблізваўся пасля смачнай вячэры. Малыш атрымаў ад Яся грошы. Хацеў узяць толькі долю, але хлопцу гэтая дробная сума была без патрэбы, а ў Малыша справы ішлі кепска. Ясь радаваўся ўдаламу жарту і пакаранню, якое напаткала несумленную скупшчыцу.
Праз колькі дзён Казік Марэцкі распавёў Ясю, што, ідучы на «скок», знайшоў ля Хрышчэнскай вуліцы, у калідоры на першым паверсе прыбудоўку, якую аніяк нельга адкрыць адмычкамі, хоць замок і выглядае звычайным.
– Можа, знутры зачынена на засаўку ці кручок? – спытаў Ясь.
– Але там не жыве ніхто. Дакладна. Зрэшты, там і вокнаў няма.
Увечары яны пайшлі туды разам. Ясь спрабаваў адной адмычкай адкрыць замок. Рукой ён адчуваў зуб засаўкі, падымаў яго ўверх і вёў налева. Але потым засаўка зрывалася і з трэскам, досыць моцным у акустычным калідоры і пад’ездзе, падала назад. Ясь некалькі разоў паўтарыў гэтую спробу і адмовіўся. Ані Ясь, ані Казік не разбіраліся ў слясарнай справе. Яны ўмелі толькі ўпраўляцца з усімі нумарамі адмычак і ведалі прынцыпы канструкцыі замкоў. Гэты выпадак быў для іх загадкавы. Яны сышлі з нічым.
Надвячоркам Ясь зайшоў у гатэль, дзе жыў Ажур, і падрабязна распавёў яму пра загадкавы выпадак. Ажур усміхнуўся. Ён адразу зразумеў, у чым загадка.
– Дзверы на спружынным замку. Іх можна звычайным кручком адчыніць. Толькі трэба, як пойдзе ўгару, не адкідваць засаўку, бо яе там няма, а пацягнуць дзверы на сябе.
Увечары Ясь сам пайшоў на Хрышчэнскую. Засунуў кручок у шчыліну ад ключа і, не прытрымліваючы дзверы, калі адмычка падняла засаўку, пацягнуў на сябе. Дзверы прачыніліся. Ясь прычыніў іх за сабою і пасвяціў ліхтарыкам. Убачыў цёмнае памяшканне, а ў ім дзве вялікія скрынкі, збітыя з дошак. Яны былі моцныя і шчыльныя. Краі былі абабітыя жалезнымі ліштвамі. Ясь паспрабаваў іх падняць і ледзь здолеў ссунуць з месца.
Тым самым вечарам Ясь распавёў Марэцкаму пра вынікі сваёй прагулянкі. Калегі вырашылі забраць скрынкі. Напэўна ж, яны не пустыя. А там мог быць і вельмі дарагі тавар. Ясь прапанаваў Барану паўдзельнічаць у рабоце. Майстар не надта ахвотна пагадзіўся: работу ён палічыў няпэўнай, сляпой і занадта дробнай для прыкладзеных высілкаў.
Назаўтра пад фасад дома на Хрышчэнскай пад’ехаў Стась Рамізнік. У павозцы сядзеў Баран. Казік Марэцкі і Ясь павінны былі падрыхтаваць усё да пагрузкі. Па баках цяжкіх скрынак яны зрабілі моцныя ручкі з вяровак.