355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 11)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)

ЗЛАДЗЕЙСКАЯ ПРАЎДА

Ясь падумваў прынамсі на нейкі час змяніць раён пражывання. Фальшывыя дакументы ў яго ўжо былі. «Ліпы» яму зрабіў Ігнат. Цяпер хлопец жыў на вуліцы Нова-Чырвонай, у раёне публічных дамоў. Тут хавацца было найпрасцей. Раён быў вялікі і густа населены. Блатных тут жыло мала, таму паліцыя і агенты асабліва гэтымі мясцінамі не цікавіліся. З тузоў падпольнага свету тут хаваўся толькі Янка Залаты Зуб. Ён акурат і параіў Ясю пасяліцца ў гэтым раёне.

Неяк апоўдні Залаты Зуб завітаў да Яся. З сабой ён прывёў Грамадзяніна, які прынёс хлопцу ліст ад Лобавай. Ліст быў дасланы зладзейскай поштай праз Барана ў трушчобу Цыпы. Адтуль яго забраў Грамадзянін. Лісты злодзеяў не губляюцца і не падлягаюць таемнай цэнзуры. Часам такая «малява» вандруе з Варшавы ці Адэсы некалькі месяцаў. Часам перадаецца з рук у рукі нават праз турмы.

Лобава пісала, каб ён не прыходзіў да яе пакуль, бо ў кватэры быў вобшук. Шукалі яго. Распытвалі жыхароў двара. Прасіла, каб прыйшоў у нядзелю ўвечары, калі сцямнее. Яна будзе чакаць яго на плошчы перад касцёлам.

Паніч лічыў неабходным пачаставаць Янку і Грамадзяніна. Дома ў яго нічога не было, таму яны пайшлі ў бліжэйшы лупанарый. У гэты час ён быў зачынены, але «бандэрша» была свая, і кухня ў яе была добра забяспечаная. Яны прайшлі ў залу для гасцей, цяпер пустую і ціхую. Там і чакалі абеду. Грамадзянін быў ужо на падпітку. У размовах са злодзеямі ён больш піў, чым еў. Так ён заліваў тугу, што жэрла знутры ягонае сэрца, і хваляванне за блізкіх, якіх ён пакінуў на бальшавіцкім баку. У лупанарыі іх знайшоў Чэсік Свабода. Яму быў патрэбны Янка Залаты Зуб.

– Ты як сюды трапіў? – здзівіліся блатныя.

– Злодзей злодзея як сабака сабаку знойдзе, – адказаў Чэсік.

І яго запрасілі на абед. Ягоную «прапаганду» не вельмі любілі, але самога Свабоду шанавалі як фірмовага, характэрнага злодзея.

Калі падалі абед – тлусты і багаты, як звычайна ва ўстановах гэтага тыпу, – хлопцы пачалі піць. Грамадзянін адразу ж напіўся і выступіў з новым праектам:

– Ведаеце што, дзеці мае, – сказаў ён урачыста, – вы павінны абавязкова зладзіць стачку. Стачку ўсіх блатных Менска.

– Не рабі ветру, – сказаў Янка Залаты Зуб.

Але Чэсік Свабода ўжо зацікавіўся:

– Ну, і як гэта?

– У знак пратэсту, – працягваў Грамадзянін, – супраць здзеку са злодзеяў на допытах, марэння іх голадам у турмах, зацягвання разгляду спраў на месяцы.

– Дасканала! – рубануў рукой па стале Чэсік. – Пратэст люмпен-пралетарыяту супраць метадаў прыслужнікаў капіталізму.

– І як гэта будзе выглядаць? – зацікавіўся Ясь.

– А так. У адзін цудоўны дзень мы расклеім паўсюль улёткі, калі нельга будзе інакш, то напісаныя ўручную, што з сённяшняга дня злодзеі не крадуць, пакуль справу іх не разгледзяць і не выправяць нанесеныя крыўды.

– І што далей? – працягнуў Янка.

– Дык вось мінае дзень, два, тыдзень, два: у горадзе аніводнага крадзяжу, аніводнага злачынства. Газеты не маюць пра што пісаць, аніводнай сенсацыі. Паліцыя непатрэбная. Следчы камітэт таксама. Пракуратура занепакоеная. Судам няма чаго рабіць.

– Добра, а на што тым часам будуць жыць злодзеі?

– І на гэта ёсць спосаб. Да стачкі трэба падрыхтавацца. Цягам пэўнага часу кожны злодзей павінен даваць 25 адсоткаў заробку ў стачачны фонд. За пару месяцаў створыцца капітал, якога хопіць на сціплую дапамогу для ўсіх стачачнікаў.

Чэсік Свабода пляснуў у далоні.

– Дасканала! Не памятаю, як гэта называецца ў Маркса… Але кажыце, таварыш, далей…

– Акрамя таго, – вёў далей Грамадзянін, – трэба стварыць Бюро пасярэдніцтва працы і прымаць усе работы. Часова кінуць злодзеяў на рынак працы як танную працоўную сілу. Тыя, хто здольны гадамі галадаць у турме і там працаваць амаль задарма, змогуць супольна стварыць сур’ёзную канкурэнцыю як працаўнікі. Злодзеі здольныя, амбітныя, цягавітыя і трымаюць сваё слова. Калі за што возьмуцца, то зробяць.

З гэтай прамовы Янка Залаты Зуб зрабіў высновы, што Грамадзянін паехаў з глузду. Таму і спытаў у яго:

– А ты яшчэ не кусаешся? Трэба табе ўкол зрабіць.

Але Ясь прапанаваў іншую думку:

– А калі паліцыя, Следчы камітэт, суды, газетчыкі, ведаючы, што могуць страціць пасады і прыбытак, створаць сваю арганізацыю і пачнуць часова красці, каб пазбегнуць небяспекі, якую створыць для іх стачка?

– Такіх у каршэнь! – кінуў Свабода.

– Не, – сказаў Грамадзянін. – І на гэта ёсць спосаб. Трэба адначасова з арганізацыяй стачкі арганізаваць тайную зладзейскую паліцыю, якая будзе пільнаваць сумленных людзей, каб не кралі.

– Гэта ты ўжо лухту вярзеш, – сказаў Янка. – Злодзея можна адвучыць і ўпільнаваць. А з сумленнымі не ўправішся. Бо сумленныя крадуць па законе: там, дзе ты гэтага не заўважаеш. Хто крадзе ва ўдоў, сірот, хворых, пенсіянераў і вязняў?

– Праўда, з гэтым мы не справімся, – пацвердзіў Грамадзянін. – Але мы можам упільнаваць, каб не было афіцыйных злачынстваў. Каб нам стачкі не псавалі.

– Слухайце, вар’яты, – сказаў Янка. – Рабіце вашу стачку, рабіце паліцыю, але перастаньце пра гэта балбатаць. На ваніты цягне, а тут такі абед.

Бяседа працягвалася. Пад вечар да калег далучыліся Грузінка і Лёдзя, дзве прыблатнёныя дзяўчыны. Гаспадыня падаслала іх для таварыства. Ставіліся да іх як да сябровак. Без заляцанняў. Яны таксама ставіліся да хлопцаў па-прыяцельску. Са сваіх хлопцаў грошай за «каханне» не бралі, не падманвалі. Калі хворая дзяўчына ведала, што хлопец блатны, то такога ніколі не заражалі. Фраерам такое ўчынялі на злосць. Натуральна, па-за межамі ўстановы, з панэлі, каб нельга было прыцягнуць да адказнасці.

Блатны не бачыць у прастытутцы горшую жанчыну, ніжэйшую істоту. Не саромеецца яе, пакінуўшы ложак. Блатны лічыць прастытутку лепшай за фраерку. Дзяўчаты з вуліцы і з бардэляў гэта адчуваюць і маюць да злодзеяў сапраўдны сантымент. Яны ахвотна робяцца іх каханкамі, напраўду клапатлівымі і абсалютна вернымі. Маючы на працы перабор мужчын, яны туляцца да сваіх хлопцаў і толькі ім аддаюцца напраўду.

Лёдзя спявала:

 
Дожджык лье, дожджык лье,
На дварэ залева.
Я была пры злодзеі —
Чыста каралева.
 

І так песняй і алкаголем, быццам морфіем, яны сунімалі свой боль. Гэта была адзіная мізэрная аздоба іх марнага жыцця.

У нядзелю Ясь не прыйшоў на прызначанае Марусяй Лобавай спатканне. Разам з Баранам яны трапіліся на маліне ў Кацярыны Сперды. Трапіліся праз Казіка Марэцкага. Такія гісторыі ў зладзейскім свеце рэдкія і непрыемныя.

Адзін злодзей, Маміда, сібірак, які не карыстаўся вялікай павагай сярод сваіх, палез супраць блатных законаў. Заціснуў долю аднаго з хлопцаў, Манькі, які атрымаў гэтую дзіўную мянушку таму, што пасля смерці сваёй каханкі ўвесь час пра яе гаварыў і згадваў яе: «Як Манька была жывая!..», «Мая Манька была іншая»… І ўвесь час Манька.

Дык вось, пайшлі яны разам на ўзлом. Здабыча была даволі багатая. Сталі яе ліквідаваць. І тут Манька выпадкова трапіўся. Праз тыдзень яго выпусцілі. Ён выйшаў без усяго. Адразу ж знайшоў супольніка і нагадаў пра сваю долю. Але Маміда заявіў, што «фацыент» сеў на маліну. Што нічога ў яго з гэтай работы не было. Манька пачаў дазнавацца і высветліў, што Маміда прадаваў «шмокты» ў розных месцах. Тады хлопец выступіў са скаргай перад калегамі і прывёў доказы супраць Маміды. Справу Маміды вырашылі скіраваць у зладзейскі суд. Суддзямі былі: Жаба, Філіп Лысы і Казік Марэцкі. На разбор выклікалі Маміду. Звычайна абвінавачаныя на такія разборы не прыходзяць, бо ведаюць, што вынік іх часцяком бывае смяротны. Але Маміда заявіўся і абараняўся вельмі спрытна.

Разбор вёў Жаба. Ён быў, як заўжды, халодны і спакойны. Нічога не ўпусціў. Асісціравалі Філіп Лысы, які справай не цікавіўся, і Казік Марэцкі, які злаваўся і чапляўся да Маміды. Манька абвінавачваў. Доказы ягонага абвінавачвання было лёгка праверыць, таму яму верылі на слова. Маміда сцвярджаў, што ўсё ў поўным парадку, бо, калі супольнік сеў, ён прадаў усе шмокты як мага хутчэй і планаваў з Манькавай долі дапамагаць яму ў турме. Прадставіў сведку – завочна – дачку сваёй маліншчыцы, праз якую ён адправіў пасылку ў турму, але пасылку не прынялі, бо Манькі там тады не было. Грошы ён выдаткаваў на свае пільныя справы, бо ведаў, што Маньку яны цяпер непатрэбныя. Але ныкаць долю супольніка ён не збіраўся. Сказаў, што верне ўсё бліжэйшымі днямі.

Падчас гэтай «дзінтойры» між Мамідам і Казікам Марэцкім завязалася спрэчка. Казік занадта пераймаўся справай і не стрымліваў свайго абурэння з нагоды выкрутлівасці абвінавачанага. Спрэчка абвастрылася. Маміда сказаў Казіку штось зняважлівае. Той падарваўся з месца і ўдарыў Маміду. Пачалася бойка. Іх расцягнулі.

Прысуд быў такі: «Доказаў таго, што Маміда хацеў прысабечыць долю супольнікаў, няма. Справа тут цёмная, і праясніць яе немагчыма. Маміда павінен бліжэйшым часам вярнуць долю Маньку і ў будучым глядзець, каб такое не паўтарылася».

Калі разбор скончыўся, Казік сказаў:

– Я гэтую справу нажом праясню.

Маміда ведаў, з якім злодзеем мае справу, і, хоць і быў нахабны, збаяўся. Яму прыйшла ў галаву ідэя ліквідаваць Марэцкага раней, чым ён да яго дабярэцца. Быў у Маміды знаёмы «гінт», якому злодзей і здаў Казіка. Указаў маліну, лад жыцця, віленскі псеўданім і іншыя падрабязнасці.

Марэцкаму нават у галаву не прыйшло, што фірмовы злодзей – хай сабе і з далёкіх мясцін (сібірак) – можа пайсці на такую здраду. Таму ён не мяняў ані маліны, ані ладу жыцця. Часта бачыўся з Баранам, з якім сябраваў як з супольнікам па многіх работах у Вільні і як з таварышам па турмах. Пасля таго як засыпаўся Ясь, яны сустрэліся з Марэцкім у Бондараўскім завулку, у Кацярыны Сперды. Туды ж у суботу ўвечары пайшоў Ясь, каб убачыцца і пагаварыць са сваім настаўнікам. Паніч збіраўся там заначаваць і назаўтра пайсці на спатканне з Марусяй Лобавай.

Калегі ў меру пілі, адчуваючы сябе ў поўнай бяспецы ў ціхай кватэры. Кацярына штосьці рабіла на кухні. Часам яна выходзіла на двор. У пэўны момант яна ўвайшла ў пакой бледнай і ціха прамовіла:

– Хлопцы, шухер!

Але адразу за ёю ў кватэру ўварваліся пяць цывільных агентаў Следчага камітэта.

– Рукі ўгору!

Ніхто з блатных не меў пры сабе ані зброі, ані інструментаў. Яны паднялі рукі ўгору. Іх пачалі абшукваць. Зброі не было, таму ўсіх пакінулі ў куце пад наглядам двух агентаў з пісталетамі напагатове, а трое іншых пачалі абшукваць дом. Кацярына Сперда як гаспадыня вымушаная была іх суправаджаць. Пасля ператрусу, які не даў вынікаў – пытанні ўзніклі толькі з нагоды футра Кацярыны і амаль новага, нікеляванага самавара, – быў складзены пратакол і трох сяброў вывелі на вуліцу. Папярэдне рукі ім закавалі ў кайданкі. Казік быў скуты асобна. Левай рукой Барана прыкулі да правай рукі Яся. Так яны ішлі ў маўчанні Бондараўскім завулкам, а пасля павярнулі на Сляпянскую вуліцу. Перад выхадам з кватэры Баран паспеў шапнуць Ясю: «Ты мяне не ведаеш… ты прыйшоў да Касі, бо шукаеш пакой… “ліпы” выкінь… ідзі на “вытыш”[38]38
  Вытыш – сапраўднае прозвішча.


[Закрыть]
»… Ясь, карыстаючыся магчымасцю, свабоднай рукой дастаў з кішэні фальшывыя дакументы. У зручны момант ён кінуў іх у лужыну перад сабой і пастараўся наступіць нагой. Гэтага не заўважылі. Ад сваіх дакументаў Баран даўно пазбавіўся.

У нейкім месцы хтось крыкнуў:

– Стой!

Бліснулі ліхтарыкі. Грымнула некалькі стрэлаў. Казік Марэцкі ўцякаў. Яся і Барана двое «гінтоў» схапілі пад рукі. Зрэшты, скутыя разам, яны далёка не ўцяклі б. Казіка даганялі. Чуліся стрэлі, бліскалі ліхтарыкі, гучалі крыкі: «Стой!» Але Казік уцёк, з ранай у сцягне і прастрэленым вухам.

Раззлаваныя ўцёкамі Казіка агенты адвялі Яся і Барана ў Следчы камітэт. Дарогай Баран паспеў даць хлопцу яшчэ колькі ўказанняў, каб той ведаў, якой лініі трымацца на допыце… «Засвяціўся праз непаразуменне з той машынай для гільз… Нікога не ведаю… Барана таксама!»

Уцёкі Казіка спрасцілі іх паказанні.

Агенты былі злосныя і панурыя.

Перапісалі дадзеныя. Натуральна, фальшывыя. «Учора прыйшоў з Вільні ў Менск. Сустрэў тут віленскага знаёмага, Марэцкага, у Вільні ведаў яго як перакупшчыка з рынку. Затрымаўся ў яго на час пошукаў жытла. Па прафесіі шавец. У Вільні няма працы, таму перабраўся ў Менск».

Адзін з агентаў падчас складання пратакола збіраўся скарыстацца кулакамі. Баран уважліва паглядзеў яму ў твар і спакойна сказаў усім:

– Вы сваю працу маеце, то працуйце… Мне трэба жыць, вам трэба жыць… Кулакамі вы з мяне нічога не выціснеце… А ў вас не ў аднаго кішкі могуць вылецець…

Агенты зразумелі, што маюць справу з сур’ёзным блатным, і не кранулі яго. А вось Ясь – без пабояў, згодна з інструкцыяй настаўніка – распавёў пра сябе ўсё, за выключэннем істотных рэчаў, што маглі б пашкодзіць яму ці каму іншаму. Асновай яго паказанняў была знойдзеная машына для гільзаў, арышт – абсалютна «беспадстаўны», – уцёкі і хаванне.

Барана і Яся затрымалі ў Следчым камітэце даўжэй. Абдумвалі стаўкі з магчымымі пацярпелымі. Баран асабліва баяўся стаўкі ў справе гранды ў малочнага фабрыканта. Але Ліся не ведала яго зусім. Камплект удзельнікаў налёту быў ужо завялікі. Хлопцы, якія напраўду бралі ўдзел, не выдалі яго. А вось адна жанчына дакладна пазнала ў ім злодзея, які выходзіў з валізкай з брамы дома, дзе яна жыла. На валізку яна ўвагі не звярнула, але твар запомніла. Калі яна падышла да кватэры, дзверы былі адчыненыя, а ўнутры былі сляды працы злодзея і не хапала найлепшых рэчаў. Яна выбегла на вуліцу, каб яго спыніць, але злодзей ужо знік. Барану прышылі «левую» справу. Дасведчаны злодзей пратэставаў. Перш за ўсё стаўка была праведзеная няправільна, бо Мангола прывялі на яе аднаго. А стаўка павінна праводзіцца так, каб разам з падазраваным у крадзяжы пацярпеламу паказвалі адначасова яшчэ некалькі іншых асобаў. Былі ж выпадкі, што «далатар» пад уплывам асяроддзя і таго, што яму паказваюць менавіта злодзея, пазнавалі яго ў агенце Следчага камітэта або ў арыштаваным з жалезным алібі, бо акурат у дзень крадзяжу той быў у турме.

Адзін з агентаў, які працаваў раней ў Следчым камітэце ў Вільні, пазнаў у Баране блатнога з тых мясцін. Гэта сур’ёзна пашкодзіла Аліку. І хоць абвінавачванне кабецінкі было не зусім пераканаўчае, алё гэтў работу «на ключык»[39]39
  «На ключык» работа – выкарыстанне злодзеем моманту, калі гаспадар выйшаў з кватэры.


[Закрыть]
аддалі Манголу. Адзін з агентаў сказаў Аліку:

– Ты зрабіў ці не ты, усё адно. Ты сядзіш за кагосьці, а хтосьці сядзіць за цябе.

У пратаколе пазначылі, што гэта вядомы прафесійны ўзломшчык з Вільні. Справу перадалі ў Следчы камітэт. Ясю «прышылі справу» ўцёкаў з камеры ў аддзяленні і перадалі справу следчаму суддзі. Пакуль іх трымалі ў камеры Следчага камітэта. Уцёкі Казіка з гінтоўскіх рук замаўчалі, бо гэта кампраметавала агентаў.

Паміж камерай і свабодай закружылі малявы. Простыя блатныя хлопцы выносілі іх бескарысліва, а мянты, што пільнавалі ізалятар, выносілі за хабар. Казік напісаў, каб ні ў чым не прызнаваліся. Што засыпаў іх Маміда. Што хлопцы зробяць, што магчыма, каб ім дапамагчы.

Злодзеі мелі ў Следчым камітэце свайго інфарматара – «гінта». Яму досыць добра плацілі, і ён звычайна паведамляў блатным пра ўсе перасоўванні «лягавых». Але «гінт» гэты не заўжды ўсё ведаў і не заўжды мог папярэдзіць. Затое за хабар дапамагаў даставаць блатных на свабоду.

Гэты агент падтрымліваў кантакт толькі з Жабам і Янкам Залатым Зубам. Менавіта ён патлумачыў справу налёту на маліну Марэцкага. Жаба і Янка знайшлі засвечанага Казіка, і адбылася «дзінтойра». Гэтым разам таемная. Доказы былі відавочныя, і Маміду вынеслі смяротны прысуд. Пачалі распрацоўваць выкананне. Казік прапанаваў, што ён сам, раз ужо засвечаны, прыйдзе на маліну Маміды і прыбярэ яго. Жаба не пагадзіўся. Справа была ў тым, каб Маміда выдаў, каму з «гінтоў» ён злівае інфармацыю. Гэтага інфарматар Жабы і Янкі – агент Следчага камітэта – казаць не хацеў. А злодзеі не ціснулі, бо цанілі прафесійную салідарнасць.

Нягледзячы на ўдаваную прастату, Жаба быў «прэзідэнтам» і «суддзёй» менскіх злодзеяў у тыя часы. На гэтую пасаду яго ўзняла непарушная рэпутацыя сярод фірмовых блатных горада. Ён здабыў яе толькі сваім нязломным характарам і вялікай сілай духу. У зладзейскім свеце, як і ў свеце турэмным, палітыкай пасады і рэспекту не атрымаеш. Там кожны займае такое месца, якое належыць яму паводле ягоных духоўных якасцей. У свеце сумленных людзей брудныя падлы і духоўная галота махлярствам і подласцю могуць здабыць уладу над людзьмі і аўтарытэт. У падпольным свеце гэта немагчыма.

Назаўтра з раніцы Жаба паклікаў да сябе Тоську Сароку. Яны раіліся амаль гадзіну. У той самы дзень Тоська доўга круцілася побач з малінай Маміды. А калі злодзей выйшаў у горад, быццам бы выпадкова з ім сустрэлася. Яны пайшлі разам на рынак, а пасля на абед. Тоська ўмела быць залётніцай, і Маміда раставаў ад захаплення ў яе спрытных ручках. Даліншчыца прызначыла яму спатканне ў Губернатарскім садзе, у алеі побач з Вясёлай вуліцай. Яны павінны былі сустрэцца там а восьмай і разам пайсці ў кіно.

Маміда з’явіўся пунктуальна. Тоські яшчэ не было. Злодзей праходжваўся алеяй. Вакол панаваў змрок.

Поруч з Мамідам з’явілася чалавечая постаць. Наблізіўшыся на два крокі, Маміда ўбачыў не чаканую кралю, а ўзломшчыка Паўла Чорта. Чорт быў вядомы сваёй каласальнай фізічнай сілай.

– А ты што тут робіш? – сказаў быццам бы здзіўлены Павел.

Маміда крыху сумяўся.

– А так сабе, праходжваюся.

Павел працягнуў да яго руку і, парукаўшыся, далоні ягонай больш не выпусціў.

– Чаго табе трэба?! – ускрыкнуў Маміда.

– Маўчы, курва! – адгукнуўся Павел і ціха свіснуў.

З блізкай лаўкі, нябачнай у цемры, падняліся Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы. Яны падышлі да Маміды і Чорта. Таварыства скіраваліся ў кут саду. Там яны былі, быццам у лесе. Зрэшты, у такі час, у такое надвор’е ўвесь вялізны сад быў пусты.

Маміда ведаў, што справа ягоная кепская. Ён зразумеў, што Тоськай яго завабілі. Заўважыў у руцэ Янкі пісталет, але і цяпер працягваў выкручвацца.

– Хлопцы, чаго вам трэба?.. Я такі ж блатны, як і вы… Мяне Казік са злосці падставіў… А Маньку я ўсю долю аддам…

Злодзеі не адказвалі. Толькі Чорт мацней выкруціў яму руку і сказаў:

– Ціха тут!

Яны прыйшлі ў кут саду Там Маміду сказалі стаць на калені.

Да яго звярнуўся Янка:

– Калі скажаш, якому сабаку ты здаў Казікаву маліну, то мы падорым табе жыццё і валі з Менска. Каб нагі тваёй тут не было. Калі не – мы з цябе скуру злупім.

Маміда маўчаў. Ён ліхаманкава думаў: «Калі скажу, я капорнік[40]40
  Капорнік – блатны, што здае сваіх супольнікаў.


[Закрыть]
… не – смальнуць у макаўку…»

І ён сказаў:

– Сіньцоў…

– Ага! – адгукнуўся Янка. – Я так і думаў. Хітрая змяюка.

Янка бліснуў пісталетам. Прагучалі два стрэлы, і Маміда асунуўся на зямлю. Насуперак законам, слова свайго злодзеі гэтым разам не стрымалі.

З нагоды «дзінойры» над Мамідам раскажу адну дробную справу, якая, што праўда, не мае аніякага дачынення да сюжэта гэтага рамана, але я лічу яе характэрнай дэталлю жыцця.

Быў у Менску дробны злодзей Цюхцяй. Краў ён па сарайчыках, падвалах, малых крамках на ўскрайку горада. Цюхцяй амаль усё рабіў сам. Скупшчыкам у яго быў Нахім, чалавек вельмі подлы, сквапны і хітры, але, нягледзячы на ўсё гэта, злодзей жыў з ім у згодзе і яму «апыляў фацыентаў з блату». Аднойчы Нахім сказаў Цюхцяю, што дасць яму палову грошай, а на другую палову дасць «ксіву»[41]41
  Ксіва – цыдулка, распіска, малява.


[Закрыть]
. Так і вырашылі. Нахім даў Цюхцяю, акрамя грошай, «ксіву» на 3 000 ост-рублёў.

Неўзабаве Цюхцяй трапіўся. «Ксіва» захавалася, і злодзей пераслаў яе з кічы жонцы, каб тая атрымала грошы, але скупшчык плаціць адмовіўся. Сказаў, што грошы аддасць толькі Цюхцяю. Жонка злодзея паскардзілася блатным. Справа дайшла да Жабы. Жаба выправіўся на Лагойскі тракт да рабіна Меўдахея. Акурат у ягоным раёне і жыў скупшчык.

Жаба добра ведаў ідыш, і, хоць рабін размаўляў па-руску і па-польску, гутарку яны вялі на ідыш. Рабін выслухаў злодзея і загадаў меламеду[42]42
  Меламед – настаўнік у габрэйскай рэлігійнай школе.


[Закрыть]
, які меў вольную ад навучання дзяцей хвіліну, паклікаць да яго Нахіма. Жабу ён сказаў прывесці жонку Цюхцяя і прынесці «ксіву».

Праз гадзіну адбылася нарада ў рабіна. Скупшчык быў здзіўлены, бо справу рабін акрэсліў каротка і востра. З расповеду Жабы я ведаю, што нарада праходзіла так:

– Ты выпісаў гэту «ксіву» на 3 000 рублёў?

– Так.

Рабін звярнуўся да жонкі Цюхцяя:

– Ты жонка таго чалавека, якому Нахім выпісаў «ксіву»?

– Так.

Рабін зноў звярнуўся да скупшчыка:

– Чаму ты не аддаў ёй грошы?

– Я магу аддаць грошы таму, каму даў «ксіву».

– На «ксіве» няма імя. Грошы можа забраць любы, хто табе яе верне. А тым больш жонка, у якой цяпер забралі мужа.

– Я маю права выплаціць грошы толькі Цюхцяю.

– Права ты маеш, але праўды не маеш. Калі ты сёння не выплаціш ёй гэтыя грошы, то хай яна прыйдзе да мяне заўтра, я аддам ёй гэтыя грошы за цябе. Гэта бедная і няшчасная жанчына, яе нельга крыўдзіць.

Такое было рашэнне рабіна. І хоць скупшчык і супраціўляўся, але ў той самы дзень выплаціў грошы Цюхцяевай жонцы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю