Текст книги "Гляну я ў аконца..."
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 13 страниц)
– Сядай, – сказаў інспектар. – Дайце ёй гарбаты і есці.
Ліся выпіла шклянку гарбаты і з’ела вялікую булку з маслам і шынкай. Ёй далі цыгарэту. Цяпер паслухмяна, быццам на аўтамаце, яна казала ўсё, што ведала. Спакойна і апатычна адказвала на ўсе пытанні. Дасведчаныя супрацоўнікі тайнай паліцыі ведалі, што яна не хлусіць, і ўжо не карысталіся аніякімі сродкамі, каб прымусіць яе гаварыць праўду.
З паказанняў Лісі зрабілі шмат карысных высноваў, але адначасова паўстала і шмат памылак, бо Ліся разам з праўдай расказвала і фальшывыя пагалоскі пра розныя блатныя работы і акцыі, пра якія яна чула адно краем вуха. Яна блытала прозвішчы і псеўданімы. Гэта было вельмі шкодна, бо, палічыўшы яе паказанні абсалютна дакладнымі, следчыя памылкова злучалі несвядома пададзеныя фальшывыя факты. У выніку гэтага з’явілася шмат ускладненняў, разабрацца з якімі нельга было нават з дапамогай біцця.
Федзя Гусар быў заняты новай інтрыжкай і лекаваннем хворай нагі. З дому цягам некалькіх дзён ён наогул не выходзіў. І не ведаў, што кватэра знаходзіцца пад клапатлівым і асцярожным назіраннем следчай паліцыі. Неяк увечары, праз пару дзён пасля Лісінай здрады, Федзю асабліва востра балела нага, і ён ляжаў у ложку. У пакой увайшла Зіна і прашмыгнула пад коўдру. Яны ляжалі ў цемры і ціхенька размаўлялі. За вокнамі гуляў вецер. Дождж заліваў шыбы.
Гусару падалося, што на дварэ чуваць чыесьці асцярожныя крокі. Ён сказаў пра гэта Зіне.
– Гэта вецер… Дошкі на гарышчы трашчаць, – супакойвала яго дзяўчына.
Але Федзя трывожыўся. Ён наогул ніколі не адчуваў сябе ў бяспецы. Як звер у лесе, заўжды і паўсюль ветрыў пагрозу. І цяпер ён дастаў з-пад падушкі пісталет так, каб Зіна яго не заўважыла, і ў цемры падышоў да акна. Прыціснуў твар да шыбы, глядзеў у цемру і прыслухоўваўся. Яму зноў падалося, што поруч з акном хтосьці ёсць.
– Хадзі ў ложак. Чаго ты там мерзнеш? – сказала Зіна.
Яна і не падазравала, што ейны каханак – бандыт у росшуку. Інакш і ёй было б неспакойна.
Праз чвэрць гадзіны на ганку дома бразнуў званок. Гусар сказаў: «Яны», – і падарваўся з месца.
Зіна яго не зразумела.
– Хто яны?
Гусар не адказаў. Ён спехам апранаўся. Тым часам званок заходзіўся безупынку.
– Хто гэта? – ускрыкнула перапалоханая Зіна.
Ейная маці і сёстры таксама паўставалі. Запалілі лямпу.
У гэты момант ва ўваходныя дзверы пачалі біць чымсьці цяжкім. Чуліся нейкія галасы. Гусар выштурхаў сваю перапалоханую каханку за дзверы, а сам кінуўся да акна. Торапка зняў гаршкі з кветкамі і паадмыкаў засаўкі. Ён быў гатовы скочыць.
Бандыт піхнуў раму, і акно адчынілася. Амаль адначасова з гэтым звонку на яго ўпала палоска святла ад ліхтарыка і грымнуў стрэл. Гусар не адступіў – ён таксама адказаў успышкай ліхтарыка і двума стрэламі, ужо выскокваючы вонкі.
Зноў грымнулі стрэлы. Гусар уцякаў у мільгатлівых промнях ліхтарыкаў. Ён адчуў, што паранены. Кінуўся ўбок. Стаў. Зноў стрэліў двойчы. Але не мог схавацца ад святла ліхтарыкаў. Куля прашыла яму левае плячо. Ліхтарык выпаў з рукі.
Гусар дабраўся да расчыненых дзвярэй дрывотні. Ён ужо ведаў, што не ўцячэ. Увесь двор быў акружаны.
Ён лёг на зямлю і чакаў… Нага вельмі мучыла яго. Ён адчуваў таксама, што слабее ад страты крыві. У пісталеце ў яго засталіся толькі тры набоі.
Ён падпоўз да дзвярэй дрывотні, каб ведаць, што адбываецца звонку.
Там мільгалі ліхтарыкі. Дрывотню акружылі па перыметры. Ліхтарыкі асвятлялі яе. Час ад часу гучалі стрэлы.
«Дзве кулі для іх. Адна – для мяне».
Ён выгадаў зручны выпадак і стрэліў. Трапіў. Хтось там застагнаў. У бок дрывотні паспешліва пачалі страляць, але штурмам не бралі. Праз чвэрць гадзіны Гусар стрэліў яшчэ раз. Цяпер у яго засталася толькі адна куля – для сябе.
Ён усё больш слабеў. Плячо гарэла, ліпкая ад крыві левая рука страшна цягнула долу.
Неўзабаве ён пусціў у ход апошні набой – апошні раз у жыцці – гэтым разам сабе ў рот.
У той дзень і назаўтра Менск хутка, але няўмела ачышчалі ад злачынных элементаў. Найбольшы націск быў зроблены на захоп удзельнікаў нападу на кватэру малочнага фабрыканта: з фактычных удзельнікаў «гранды» забілі Гусара і арыштавалі – на падставе Лісіных паказанняў і іншых дадзеных Следчага камітэта – Балерона, Міхала Глузда, Партача і Жарабка. І шасцёра фактычных нападнікаў засталіся на свабодзе. А вось арыштавалі – па абвінавачванні ў гэтым нападзе – дзевяць іншых хлопцаў. Усяго затрымалі трынаццаць чалавек. Добрага алібі ні ў каго не было. Некаторых назвала Ліся як вядомых ёй па аповедах Гусара ўдзельнікаў гранды. Іншых пазналі на вочнай стаўцы сямейнікі фабрыканта і супрацоўнікі фабрыкі. І ім аніякім чынам не дапамог той факт, што ў нападзе яны напраўду ўдзелу не бралі.
Злодзеі яшчэ больш старанна залеглі па малінах. У ход пайшла выведка ў Следчым камітэце. Арыштаваным супольнікам перадавалі грошы, ежу і інфармацыю. Некалькіх хлопцаў выкупілі. Толькі са справы гранды не ўратавалі нікога – нават з невінаватых.
«Падпольны» Менск затаіўся. Чэсік Свабода казаў Грамадзяніну, якога заспеў у трушчобе Цыпы:
– Калі ўжо прыйдуць таварышы! Жыцця няма ад гэтых буржуйскіх халуёў!
Грамадзянін уважліва агледзеў яго задуменнымі вачыма:
– А што, думаеш, бальшавікі нам дапамогуць?
Свабода загарэўся:
– Я не думаю, а ведаю! Гэта камуністы, якія нясуць хлеб і свабоду ўсім бедакам, усім ахвярам буржуазнага свету.
– Ну, пабачым…
СЕМ СЭРЦАЎ
Тамаш Хурдзіч вярнуўся дамоў п’яны. Ужо некалькі дзён ён злаваўся з дурной нагоды. Колькі дзён таму на Захар’еўскай ён сустрэў Барана. Злодзей спыніўся. Засунуў рукі ў кішэні і ўважліва прыглядаўся да Хурдзіча, быццам да нейкага незвычайнага звера: погляд гэты быў поўны іроніі і пагарды. Хурдзічу язык часаўся ад зняваг і абраз, але ён стрымаў іх у сабе. Збаяўся. І ўсведамленне ўласнага страху перад гэтым «зяцем» так яго раззлавала, што ён пачаў піць. Гэта доўжылася ўжо некалькі дзён. Цяпер, ужо дома, Хурдзіч шукаў зачэпкі для скандалу. У сенцах ён убачыў адчыненыя дзверцы на гарышча. Хістаючыся, ён палез наверх. З гарышча выбег кот. Хурдзіч паспеў пхнуць яго і скіраваўся да галубоў. Дзверы ў галубятню былі прачыненыя. А ўнутры ў жаху кідаліся птушкі. Адзін задушаны голуб ляжаў на зямлі. Кот не паспеў яго зжэрці, ад другой птушкі засталіся толькі косткі і пер’е.
Хурдзіч выбухнуў плынню рускай лаянкі. Бразнуў дзвярыма на гарышча і скаціўся па лесвіцы ў сенцы.
– Нюра! – рыкнуў ён на жонку.
Жанчына з мокрымі па локці рукамі выйшла з кухні. Убачыла твар мужа і жахнулася.
– Чаму дзверы на гарышча адчыненыя? Мне кот галубоў падушыў!
– Я бялізну вешаю. Як заўжды. Ты сам пакінуў галубятню адкрытай. Я бачыла. Думала, ты там робіш штосьці.
– Думала яна! Я цябе навучу думаць!
Хурдзіч штурхануў жанчыну ў грудзі так, што яна ўсім целам адляцела да сцяны. Пасля схапіў яе за шыю і страсянуў.
– Думала яна, падла! Не думаць трэ было, а глядзець.
Абвінавачванне ў нядбальстве канчаткова вывела Тамаша з раўнавагі. Ён трос жонку. Біў ёю аб сцяну. Глуха рычаў у шаленстве:
– Я вас, халеры, навучу розуму!
Раптам ён адчуў, што цела жанчыны аслабла. Ён адпусціў яе. Нюра асунулася на падлогу.
Хурдзіч апамятаўся. Лінуў жонцы ў твар вялікі кубак вады. Але жанчына не прытомнела. Тамаш аднёс труп у спальню і кінуў на ложак. Ён быў ашаломлены. Не мог паверыць, што Нюра памерла. Трос яе. Думаў, што яна прыкідваецца. Алкаголь выпарыўся з ягонай галавы. Ён паклікаў Юліка.
– Ляці хутчэй па Паўлінку. Скажы, што маці памерла. Няхай адразу ж сюды ідзе.
Хлопец знайшоў Паўлінку ў краме. Перапужаны, ён паспешліва пераказаў ёй бацькавы словы. Паўлінка адразу ж зачыніла краму і пабегла дамоў. Там яна сцяміла, што і як, і адразу ж узялася за работу. Паклікала лекара. Стасю – трынаццацігадовую сястру – адправіла прыбірацца ў кухні, бо нябожчыца не дапрала бялізну. Бацьку, якога яна неспадзявана перастала баяцца, сказала:
– А вы, тата, тут не швэндайцеся, а падумайце, як труну зрабіць!
– Што-о? – інстынктыўна сказаў Тамаш і насупіў бровы.
Баран цяпер найчасцей сядзеў дома. Нават узяў некалькі замоваў. Апошнія арышты непакоілі яго.
Раніцай Паўлінка ішла ў краму. Вярталася на абед. Пасля зноў гандлявала і вярталася ўвечары. Пасля вячэры яна звычайна сядала падлічваць касу. Было відаць, што гэтыя хвіліны для яе найбольш прыемныя.
Баран усё яшчэ назіраў за ёю. Ён бачыў, як Паўцін твар падчас падліку грошай напаўняўся значэннем і жыццём. Вочы блішчалі. Называючы пасля падлікаў суму даходу за дзень – часам гэта былі даволі вялікія грошы, – Паўлінка ажно свяцілася ад шчасця.
Баран не давяраў ёй, але па-ранейшаму кахаў. Кахаў, нягледзячы ні на што. А Паўлінка была з ім шаўковая. Казала пяшчотныя словы. Салодка ўсміхалася. Нават у эратычных стасунках узяла на сябе вядучую ролю. У яе быў рэдкі, як на жанчыну, стыхійны тэмперамент і багатая фантазія. А паколькі пачуцця сораму яна не мела зусім, то абыходзілася з Алікам свабодна, а нават і разбэшчана. Паўця меркавала, што гэта найлепшы спосаб цалкам падпарадкаваць яго. Барану ейныя пяшчоты прыносілі вялікую асалоду, але былі і непрыемныя таксама. Ён занадта кахаў дзяўчыну, каб ставіцца да яе як да інструменту задавальнення. Але душа і спагада Паўці былі яму недаступныя – як недаступнае было і ейнае каханне. Яна не магла даць яму таго, чаго наогул не мела. Кахаць яна магла толькі сябе і плады сваёй фантазіі. Яна была пустая, легкадумная, нават дурная. Але вельмі ганарлівая. Сэрца Паўлінкі было пустое і фальшывае. Сэрца Аліка было вернае, велікадушнае і скалечанае.
Пасля матчынай смерці Паўлінка вымушаная была заняцца пахаваннем і домам. Увечары яна на хвілінку зазірнула да Барана. Хутчэй па патрэбныя ёй рэчы, чым каб паведаміць пра смерць маці. Яна сказала:
– Алічак! Я колькі дзён буду занятая дома. Ты тут справішся!
– Добра, – адказаў Баран.
Ён усё яшчэ сядзеў дома. Працаваў. Сам гатаваў. І думаў, думаў, думаў…
Калі ў кватэры зняць са сцяны карціну або люстра, якое даўно, хай сабе і без патрэбы, там вісіць, адчуваецца недахоп чагосьці. Нас уражвае і непакоіць пустое месца. А калі не стае каханай жанчыны – магіла. Халодная, цяжкая пустка. А ў ёй жыве чалавек з парванай душой, які пакутаваў усё жыццё. Падманлівым каханнем ён ратаваў сябе.
Вечарамі Баран ішоў да Мілага і прыносіў яго ў майстэрню. Сабака хапаў зубамі рукі свайго гаспадара і заціскаў сківіцы. Але ніколі не пракусваў скуру. Гэта была ягоная дзіўная пяшчота. Бо Мілы любіў толькі аднаго чалавека і толькі аднаму чалавеку давяраў. Ягонае беднае сабачае сэрца таксама павінна было любіць, каб ратавацца ад пусткі і пачварнасці жыцця.
Ясь ціха пагрукаў у акно Марусі Лобавай. Жанчына амаль адразу адгукнулася. Яшчэ не ўбачыўшы Яся, яна сказала:
– Ясь, ты?
Быццам бы чакала яго.
– Я. Адчыні.
Ясь распавёў пра свае ўцёкі. Маруся жахнулася:
– Божа, як ты выглядаеш!
Яна пачала шукаць для яго бялізну і адзенне.
– Ведаеш, па мяне могуць прыйсці.
– Пачуем. Вылезеш праз акно. Зрэшты, зараз усё будзе.
Праз чвэрць гадзіны Ясь быў гатовы. Ён радаваўся, што абачліва пакінуў у Марусі свае рэчы. Яго падранае адзенне і бялізну Маруся вынесла ў сарай і засунула за складзеныя дровы. Каб у кватэры не было доказаў.
– Што ты цяпер будзеш рабіць?
– Я засвечаны. Буду хавацца. Малін хапае. Зраблю левыя паперы.
– Бедны хлопчык… Ты стаміўся? Можа, хочаш адпачыць?
– Не. Я не засну. Зранку пайду на маліну. Хлопцы мне дапамогуць… Цяпер я на могілкі. Пасяджу там да раніцы.
– І я з табою.
– Добра.
Маруся зачыніла кватэру, і абое паціху выйшлі на вуліцу. Прыслухаліся. Па вуліцах звычайна кружлялі вайсковыя і паліцэйскія патрулі. Таму Ясь і не хацеў ісці на маліну ўначы. У цемры ён мог натрапіць на засаду.
Было ціха.
Яны хутка перайшлі вуліцу і выйшлі на вялікую плошчу перад залатагорскім касцёлам. Плошча парасла травой. Там іх ужо не было відаць. Яны дайшлі да рова, які аддзяляў плошчу ад могілак. Селі.
Здалёк убачылі мігатлівы агеньчык. Хтосьці запаліў цыгарэту. Значыць, паблізу была варта, толькі яна не заўважыла, як хутка яны перайшлі вуліцу.
Маруся маўчала, седзячы поруч з Ясем. Яна аберуч трымала яго далонь на сваіх каленях. Пачала паволі яе гладзіць. Ясь адчуў, як на яго руку ўпала кропля. Пасля яшчэ адна. Лобава ціха плакала.
– Чаго ты? – ціха спытаў Ясь.
– Не ведаю...
– Ты мяне не шкадуй. Я спраўлюся.
Маруся маўчала.
Цяпер яна была маленькай дзяўчынкай. Знікла кудысьці яе веданне жыцця, і ўпэўненасць у сабе, і гонар. Яна чаплялася за гэтага хлопца як за аздобу свайго існавання, як за відзежу далёкай маладосці, якая нічога ёй не дала, а пакінула тугу, што жэрла сэрца, і нянавісць да падману і мішуры жыцця. Гэта кінула яе ў абдымкі партыйнага дзеяча. Яна хацела жыць для людзей, разам з імі супольна змагацца за іх шчасце і свабоду. Але ўбачыла халоднага, асцярожнага кар’ерыста, які лічыў партыйную барацьбу і сваіх таварышаў драбінай, па якой можна было падняцца па-над вартым толькі пагарды натоўпам. Яе ён палічыў адной з прыступак гэтай драбіны. Яе прывялі ў жах ягоны эгаізм, пыха, адсутнасць шырэйшага гарызонту мыслення. Ягоным ідэалам выявілася турма, дзе ён быў бы вартаўніком з пугай у руцэ і заўсёднай праўдай на сваім баку. У ягоных калегах яна ўбачыла сухіх, марных тэарэтыкаў без фантазіі, сквапных і падступных.
Яна пачала пазбягаць іх. І радавалася, калі выпадак разлучыў яе з мужам – цяперашнім камуністам, намеснікам старшыні Рэвтрыбуналу ў Арле.
У ейным пачуцці да Яся былі моманты мацярынскай любові. Спачатку яна ставілася да яго як да дурнога смаркача, якога вучыла розуму. Пасля палюбіла яго як маці. Яна хавала гэта ад Яся, каб не абразіць пачуцці амбітнага хлопца, які ва ўсім хацеў пераймаць дарослых мужчын. Ягоная простая, шчырая і ахвочая дапамога расчульвала Марусю. Цяпер ён акурат спытаў:
– Ты грошы маеш?
– А табе трэба?
– Не, я табе даць хачу.
– Але ў цябе ж няма нічога.
– Я ў дзядзькі вазьму, колькі табе і мне трэба. Рэстаран мой. Дзядзька ніколі не адмовіць.
Яны скіраваліся ўглыб могілак і знайшлі зацішны куток. Там яны селі. Маруся ўгаварыла хлопца легчы, а ягоную галаву паклала сабе на калені. І Яся змарыў сон. Маруся сядзела ціха, баючыся варухнуцца. Спінай яна абапіралася аб надмагілле. Тут, у краіне мёртвых, ёй было спакойна і добра. Яна адчувала сябе сярод сяброў.
А калі развіднела, Лобава прачытала на бліжэйшым помніку дзіўны надпіс: «Яна не памерла, дзяўчына проста спіць». Найпрыгажэйшы надпіс на гэтых могілках. Надпіс створаны чалавечай трагедыяй. Сярод надмагілляў, у тумане пагосту, сярод горада мёртвых біліся поруч два сэрцы.
Сэрца жанчыны было чулае і шчырае. Сэрца Яся было высакароднае, смелае і дурное. Гармоніі тут не было. Але не было і фальшу.
У Менску Ажура як блатнога ведалі толькі некалькі хлопцаў. Ажур ведаў іх у твар і ва ўсіх быў упэўнены. Да аднаго толькі Яся ставіўся з недаверам, але «скрынку» з ім рабіў, бо не мог абражаць Барана, якога добра ведаў з турмы і высока цаніў.
Калі блатныя Менска шыліся па кутах, каб не пасыпацца, упэўнены ў сабе Ажур, чысты і сціплы, але прыстойна апрануты, салідны і з кійком у руцэ хадзіў па Менску. Ён быў цалкам спакойны. Трыццаць гадоў зладзейскага жыцця і навукі выпрацавалі ў яго выключны інстынкт і спрыт. Шпіцля ён беспамылкова бачыў за сто метраў. Шпіцаль не бачыў яго нават у Следчым камітэце, дзе Ажур з тыдзень таму падаваў заяву аб скрадзеным у яго з кішэні камізэлькі залатым гадзінніку. Ён вельмі абураўся і абавязкова хацеў падаць скаргу ў вышэйшыя органы на «такое нахабства» злодзеяў і нядбальства паліцыі.
– Мяне не турбуе цана гадзінніка. Справа ў тым, што ён быў памятны.
«Гінты» ветліва і крыху іранічна «суцяшалі» саліднага грамадзяніна:
– Знойдзем мы гадзіннік. Можаце быць упэўнены.
Ажур атрымаў даведку аб нададзенай заяве. Ён пакінуў адрас, каб у гатэль паведамілі пра знойдзеную рэч. Урачыста паабяцаў вельмі высокую грашовую ўзнагароду. І пакінуў установу з абражанай годнасцю, крыху ўзнёслы, па-фраерску наіўны.
– Дулу дурыць са сваім гадзіннікам, – сказаў адзін з агентаў.
– Убачыць ён яго, як свае вушы… – сказаў іншы.
– Такі фраерына толькі па горадзе швэндаецца і дрыхне. Заўтра прыйдзе заяву катаць, што ў яго памятныя кальсоны з ног падчас шпацыру сцягнулі. Узнагароду ён абяцаў!.. Такіх толькі розуму і вучыць.
Аднак пра тое, хто мог «купіць у яго бімбер»,[37]37
Бімбер – невядома чаму на пачатку вайны «бімберам» сталі называць самагон. На зладзейскай мове гэты выраз значыць «гадзіннік». Сінонім: цыбуля.
[Закрыть] раіліся. З расповеду Ажура пра акалічнасці крадзяжу ніякіх высноваў зрабіць было нельга. Ён быў на пошце – дасылаў гандлёвыя лісты. Быў у рэстаране «Еўрапейскі» на абедзе. Быў у некалькіх крамах. Крадзеж заўважыў ужо дома. Поруч з сабой нікога падазронага не заўважыў.
Марысю Запольскую жыццё таксама не песціла. Яна была дачкой добра забяспечаных бацькоў. Бацька трымаў адзіную дачку ў абцугах. Яна атрымала добрую адукацыю, а пасля была вымушана цягам некалькіх гадоў даглядаць цяжка хворага на ногі бацьку. Яна вазіла яго па розных лякарнях і дома павінна была займацца ім, бо бацька лічыў, што толькі Марыся ўмее зрабіць штосьці грунтоўна. Платных медсясцёр ён выганяў пасля кароткага выпрабаваўчага тэрміну. Гады ішлі, а дзяўчына праводзіла час у змрочным доме поруч з тыранам. І маладосць ейная мінала. Яна не мела прыхільнікаў, бо лад ейнага жыцця ўскладняў знаёмствы. Акрамя таго, яна не звяртала на сябе ўвагу як жанчына. Тварык у яе быў непрыгожы. А тое, што целаскладам яна была фігурыстая, то гэта ведала адно люстэрка. Мела Марыся і іншыя скарбы. Але і яны былі схаваны так глыбока і сарамліва, што іх наогул ніхто не быў у стане заўважыць.
Прыйшла вайна, рэвалюцыя. Марыся страціла сям’ю і маёнтак. Далёкія сваякі Марысі жылі ў Калішы. Яна пачала прадзірацца на захад. У вірах практычнага жыцця яна была бездапаможная. Дзяўчына магла толькі трываць, цяжка працаваць і галадаць. Марыся дабралася да Менска, і тут яе затрымала палітычная сітуацыя. Яна хапалася за розныя працы і задавольвалася абы-чым. Непрыглядная, нясмелая і маўклівая, яна нікога не цікавіла. Яе выкарыстоўвалі, ёй папіхалі. Толькі Ажур адзначыў дзяўчыну і добра да яе паставіўся. Стаўленне шэфа да глыбіні душы ўразіла Марысю. Ужо пасля, назіраючы за ім з чуйнай інтуіцыяй жанчыны, якую спіхнулі на ўзбочча, яна заўважыла ў ім надзвычай цікавага чалавека. З патрэбы сэрца трыццаціпяцігадовай ужо дзяўчыны яна пачала сарамліва і баязліва кахаць яго. Пасля супаставіла некалькі фактаў і з абсалютнай упэўненасцю прыйшла да высновы: шэф быў злачынцам высокага палёту. Але і гэта яе не знеахвоціла. Наадварот, яна з яшчэ большай цікаўнасцю і каханнем паставілася да гэтага дзіўнага чалавека.
Калі Ажур па вяртанні з Вільні запрасіў Запольскую на вячэру, а пасля правёў яе дадому, яна была шчаслівая. Пазней з’явілася просьба аб далікатнасці ў захаванні таямніцы і далікатная пяшчота. Гэта вывела Марысю з раўнавагі. Нават саромеючыся сваіх слёз, яна доўга плакала.
Аднойчы сумнай роспачнай восенню Ажур прыйшоў у краму Запольскай. Ён прывітаўся, сеў за столік і стаў пісаць ліст. Пасля ўзяў аркуш паперы і штосьці намаляваў асадкай. У паветры ціха лунала мелодыя вальсіка. Кліентаў у краме не было. Прадавачка пайшла на вакзал па тавар. Запольская скоса назірала за Ажурам, удаючы, што чымсьці занятая. Ажур зрэдку кідаў на яе погляды. Панавала досыць няёмкае маўчанне. Цішыню абарвала Марыся:
– Што вы малюеце?
– Зараз я вам пакажу… Гэта два партрэты… – Ажур засвістаў.
– Партрэты?
– Так… Адзін маёй сяброўкі… А другі… маёй жонкі…
– Жонкі?!. Вы ніколі... – яна не паспела скончыць.
– Не казаў, што жанаты… Бо вы не пыталі… Жонка мая цудоўная… Толькі пра такую я і марыў…
Марыся маўчала. Гэтая навіна непрыемна здзівіла яе… З арэолу, якім яна акружыла Ажура, знікла шмат бляску… Гэта было расчараванне…І непрыёмнае..:. Насвістваючы, Ажур наблізіўся да прылаўка. Паклаў на шкле вітрыны паперу.
– Гэта мая сяброўка. Надзейная сяброўка.
Запольская ўбачыла малюнак чэрапа..
– А гэта мая жонка.
Ажур перавярнуў аркуш. Марыся глядзела і маўчала. Ажур свістаў. Ён бачыў, як твар дзяўчыны залівае чырвань. Марыся не адрывала вачэй ад паперы. Яна не магла іх падняць. Дзяўчына пачула ціхі, крыху іншы, чым звычайна, голас:
– Ці падобны гэты партрэт да маёй жонкі?
– Так… Але цяпер я папрашу вас выйсці. Я хачу пабыць сама.
– Добра. Я прыйду да цябе заўтра на абед…
Ажур пацалаваў Марысю ў руку каля локця і выйшаў. А Марыся стаяла разрумяненая і ўсё глядзела на паперу, на якой прымітыўна, але смела і ўпэўнена быў намаляваны ейны твар. Прадавачка здзівілася, калі, вярнуўшыся з таварам, знайшла краму зачыненай. Яна загадала фурману заехаць у двор. Зайшла ў кватэру сваёй начальніцы. Застала яе светлай ад радасці і быццам бы непрытомнай.
– Што здарылася?
– Нічога. Сёння субота, і я раней зачыніла краму. Я хачу прывесці ўсё ў парадак да свята. Заўтра вялікае свята.
– Якое вялікае?! Нядзеля.
– Так… Нядзеля…
Марыся рассмяялася, падышла да прадавачкі і пацалавала яе.
– Нядзеля! Нядзеля! Разумееш – мая нядзеля.
У той дзень Марыся замовіла ў квяцярні вялікі букет белых руж. Але назаўтра яна атрымала два букеты. Другі быў з іншай квяцярні. Таксама ружы, але чырвоныя.
За абедам Ажур, насуперак сваёй звычцы, шмат гаварыў. І зусім не свістаў. Хітра назіраў за Марысяй. Яна выглядала на дзіва маладой і светлай. А калі часам пазірала на Ажура, у яе вачах дрыжэла радасць.
Яны пайшлі на аперэтку ў «Рэнесанс». Пасля на вячэру ў рэстаран гатэля «Еўропа». Пасля доўга блукалі вуліцамі. У пэўны момант у Губернатарскім садзе – дзе яны апынуліся ў цені ліп, а далей усё было заліта святлом вялікіх ліхтароў – Марыся спыніла Ажура.
– Скажы, як тваё сапраўднае імя? Тваё першае імя.
– Ян.
– Слухай, Янка. У мяне нічога няма. Усё маё – тваё. Але я ні за што не дзякую, толькі за партрэт.
І яна горача, жарсна пацалавала яго ў вусны. Тады Ажур узяў яе на рукі і падняў. Перайшоў сцежку і стаў над вадой.
– Марыся, дзіцятка маё, спакойна, бо я цябе зараз у ваду кіну.
– Добра.
Але ён не кінуў. Толькі спытаў:
– Хочаш, каб я сёння спаў з табой?
– Хачу.
І яны моўчкі пайшлі вуліцамі…
Гэтыя два сэрцы з такой рознай жыццёвай гісторыяй біліся ва ўнісон. Яны былі добрыя, верныя і смелыя.
Сэрцы чалавечыя збольшага адкрытыя, яны распавядаюць і крычаць пра свой боль і свае радасці. Але як жа шмат такіх, якія жывуць і канаюць ад болю ці палымнеюць ад шчасця моўчкі.