355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 4)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц)

ЯСЬ І ПРЫГОЖЫЯ МАСТАЦТВЫ

Ужо некаторы час Ясь прынагодна «хадзіў па даліне». Ён працаваў з Тоськай Сарокай, Кулямётам і Свабодай. Кулямёт быў найспрытнейшым даліншчыкам горада. Свабода таксама добра працаваў, але не меў такога «гліку»[23]23
  Глік – шчасце.


[Закрыть]
, як Кулямёт. Мянушку сваю Кулямёт атрымаў праз дзіўны спосаб маўлення. Ён казаў хутка, невыразна, і часам яго было цяжка зразумець. У Варшаве яго называлі Сячкарняй. Тося Сарока, хоць і была самастойнай злодзейкай, але, працуючы з калегамі, перадавала ім рэй. У супольнай працы яна была «туцэркай»[24]24
  Туцар – «загоншчык», які працуе з кішэннікам.


[Закрыть]
або «рабіла сценку»[25]25
  Сценку рабіць – засланяць злодзея, які заняты работай.


[Закрыть]
. Ясь пакуль таксама працаваў «туцэрам», але час ад часу спрабаваў свае здольнасці і «ў даліне». Колькі разоў ён «закупаўся» ў «ачку» і «вярхушцы»[26]26
  Вярхушка – верхнія кішэні.


[Закрыть]
.

Ясь захапляўся цудоўным талентам Кулямёта, які неадменна «скупаў» найтаўсцейшыя «скуры»[27]27
  Скура – кашалёк.


[Закрыть]
з найдалей схаваных кішэняў. Кішэннік ніколі не баяўся, што ахвяра заўважыць яго манеўры. А вось мінакоў ён лічыў небяспечнымі, і таму была патрэбная сценка. Колькі разоў здаралася, што фраера абраблялі ў руху, дзейнічаючы ўчацвярых. Некаторыя работы былі вельмі складаныя. Трэба было расшпільваць паліто, пінжак, нават камізэльку. Кулямёт не любіў карыстацца брытвай для выразання. Ён лічыў, што ўсё можна зрабіць пальцамі.

Звычайна кішэннікі, асабліва рускія, працуюць, прыкрываючы свае рухі шалікам, газетай, кнігай або карцінкай, адсюль руская назва даліншчыка – шырмач, ад «шырма» – заслона.

Найлепш «займацца далінай» у таўкатні. Калі такой магчымасці не было, то ўмела рабілі штучную таўкатню: перагароджвалі дарогу, выбачаліся злева, калі справа аб ахвяру аціраўся калега, праз момант знікаючы з кашальком. У гэтым Тосьцы Сароцы не было роўных. Яна ўмела не толькі перакрыць фраеру дарогу, але і зачапіцца за яго так грунтоўна, што выблытацца было цяжка. Яна рабіла гэта з дапамогай банцікаў ля муфты (ейная шырма), махры на рукавах, кручка паліто… Звычайна Тоська міла выбачалася, прыгожа ўдаючы збянтэжанасць, і часам, вызваляючыся з аднаго счаплення, увязвалася ў наступнае – калі гэта было неабходна! Кулямёт вельмі любіў працаваць з Сарокай. Ён прыгаворваў:

– З Тоськай, о-о-о! Я з фра…а…е…е…ра…ра…ра… і гальштук здыму та…та…так!

Свабода досыць часта карыстаўся падкурваннем. Часам браў пачак гіпсу або мукі і, несучы, чапляўся за ахвяру, высыпаючы змесціва. Пасля найстойліва выбачаўся і дапамагаў пачысціць забруджаную вопратку. І пры гэтым рабіў сваю справу.

Метады і штучкі даліншчыкаў былі вельмі вынаходлівыя. Напрыклад, шпількі з гальштукаў выцягвалі пяцелькай з тоненькага дроту, замацаванай на палі капелюша, або з дапамогай кійка ці парасона. Аднойчы Ясь смяяўся да слёз, убачыўшы, як Свабода «ўзяў» мужыка «на дзядзьку». Гэта быў местачковы гандляр быдлам, які прадаў партыю свіней ці кароў і засунуў шчыльна набітую «скуру» глыбока ў кішэню камізэлькі, пад пінжак. Яго рабілі ўтраіх: Ясь, Сарока і Свабода. Ясь, падышоўшы ззаду, ударыў яго рукой па плячы:

– Прашу прабачэння…

Гандляр павярнуў галаву ўлева, крыху запаволіўшы крок. Тоська Сарока ішла насустрач, сутыкнулася з гандляром і расшпіліла яму пінжак і верхні гузік камізэлькі.

– Дзе знаходзіцца вуліца Даўгабродская? – спытаўся Ясь.

– А не ведаю, паночку. Дзесь за Губернатарскім садам.

Тады Чэсік Свабода кінуўся фраеру на шыю са словамі:

– Дзядзечка, любы! – і пачаў абдымаць і цалаваць яго.

Гандляр аслупянеў. Мінакі азіраліся. Ясь, «робячы сцяну», усміхаўся. Раптам, здзіўлены Свабода адступіў:

– Ах, прашу прабачэння… Такое падабенства!.. Я думаў, гэта мой дзядзечка з Маладзечна прыехаў…

Злодзеі пайшлі, а гандляр яшчэ няхутка заўважыў адсутнасць кашалька. Невядома, ці запасочыў ён у крадзяжы дзіўнага сваяка. Магчыма, гэта нават не прыйшло яму ў галаву.

Колькі разоў супольнікі ездзілі на «гастролі» ў малыя мястэчкі паблізу Менска, калі там праходзілі вялікія кірмашы. Неверагодна, але за некалькі гадзін на рынку яны рабілі ад 30 да 60 крадзяжоў. Але гэтыя выезды з горада былі рэдкасцю. Часцей працавалі ў Менску на рынках, вакзалах, біржы, у крамах, ведамствах, банках, тэатрах. Там, дзе надаралася магчымасць заўважыць, што фраер мае гатоўку і куды ён яе хавае.

З Сарокай Ясь пасябраваў. Яму падабаліся імпэт і фантазія дзяўчыны. Акрамя таго, ён паважаў ейны характар. Каханкаў у Тоські не было. Яна была самастойная, смелая і ўпэўненая ў сабе, як мужчына. Хлопцы называлі яе Сарокай, бо яна любіла строіцца. Тоська заўжды была элегантная, чыстая і вясёлая. Разам з тым яна была вельмі вынаходлівая. Акрамя даліны, Тося займалася «шапенфельдам»[28]28
  Шапенфельд, шоп – крадзеж у краме падчас куплі.


[Закрыть]
. У гэтую працу яна ўцягнула і Яся. «На шоп» яны хадзілі ўтраіх: Ясь, Сарока і Сабіна, сяброўка Тосі, прафесійная шапенфельдэрка.

Сабіне было каля сарака гадоў. Яна была худая, высокая і, у адрозненне ад Тоські, вельмі сур’ёзная, амаль панурая. Родам яна была з Беластока. «На шоп» Сабіна хадзіла па ўсёй Расіі. Дасканала ведала Маскву, Пецярбург, Кіеў, Харкаў, Адэсу, Варшаву, Львоў. Ездзіла на гастролі за мяжу. Была ў Вене, Берліне, Парыжы. Адматала некалькі тэрмінаў у розных дзяржавах. Ведала польскую, рускую, нямецкую, французскую і габрэйскі жаргон. Гэта была зладзейская арыстакратка старой гвардыі. Па сваёй спецыяльнасці яна адпрацавала 20 гадоў. Кар’еру Сабіна пачала з таго, што стала каханкай славутага ў Расіі аферыста, калегі Шпэера, асобы амаль легендарнай. Калі Шпэер трапіўся і «Клуб Чырвовых Валетаў» быў ліквідаваны, каханак Сабіны стаў працаваць у міжнародных цягніках і модных санаторыях. Яна звычайна выступала ў ролі ягонай жонкі. Жылі яны, як правіла, на фальшывых дакументах. Пасля рэвалюцыі 1917 года каханак Сабіны адразу з’ехаў у Маскву і не вярнуўся. Дагэтуль пра яго не было ніякіх вестак. Сабіна засталася адна. Спачатку яна жыла тым, што прадавала каштоўныя рэчы. Пасля пачала хадзіць «на шоп».

Цяперашнія часы і праца для Сабіны былі дэградацыяй. Яна, якая працавала раней у міжнародных цягніках, у гатэлях класу люкс або ў ювелірных салонах першай катэгорыі, цяпер хадзіла на звычайны «шоп», крадучы з крамаў штукі тканіны, панчохі, галантарэю, нават пантофлі і галёшы.

Згадваючы добрыя часы, Сабіна апавядала Ясю, як зарабляла дзясяткі тысяч у найлепшых ювелірных крамах еўрапейскіх сталіц. Яна сцвярджала, што яе вынаходніцтвам была штучная рука, усаджаная ў рукаў і падвешаная на перавязі, якая замяняла сапраўдную (левую) руку, схаваную пад пакрыццём. Можна было амаль без рызыкі браць з прылаўка каштоўнасці або замяняць іх таннымі імітацыямі.

Жанчынам лягчэй хадзіць «на шоп», чым мужчынам. Іх сукенкі даюць магчымасць схаваць нават вялікія рэчы. Звычайна пад спадніцай у іх торба, завязаная, як фартух, або стужкі ці кручкі – у. залежнасці ад віду тавару і ўпадабанняў шапенфельдэраў. Такія сховы ёсць і ў палітонах. Акрамя таго, на шопе карыстаюцца парасончыкам, кошыкам, валізачкай, торбачкай.

Звычайнай іх тактыкай было наведванне крамаў утраіх. Яны прыкідваліся сям’ёй: Сабіна – маці, Ясь і Тоська – дзеці. Яны заўжды былі добра апранутыя, і гэта, выклікаючы давер, спрашчала працу. «Сямейнікі» намагаліся прыйсці ў краму ў найбольш загружаны час. Сабіна з веданнем справы патрабавала дарагіх матэрыялаў на сукенкі, бялізну ці палітоны. Тося капрызіла, выбіраючы ўзоры. Гэта – зацёмнае, тое – засветлае, гэта не да твару. Ясь сваімі парадамі павялічваў хаос… Прылавак завальвалі горамі тканіны. Урэшце куплялі нейкую драбязу або нічога не куплялі, абяцаючы завітаць пазней пасля кансультацыі ў краўчыхі або просячы прывезці такія гатункі, якіх у краме не было.

Пасля такога візіту з крамы заўжды таямнічым чынам знікала пэўная колькасць тавару… Гэтаксама кралі галантарэю, футры, гатовае адзенне, а часам і спажывецкія тавары.

Аднойчы Сароцы прыйшло ў галаву купляць у буйным гарадскім кааператыве вялікія партыі тавару за дробныя грошы. Яна заўважыла, што прадавачка выдае тавар пасля таго, як кліент паказвае квіток з касы са штампам «аплачана». Таму яны арганізаваліся наступным чынам: Ясь ішоў у кааператыў сам і купляў розную драбязу: цыгарэты, запалкі, шкло для лямпы… Пасля аплачваў у касе патрэбную суму і атрымліваў касавы квіток са штэмпелем «аплачана» і сумай, упісанай на квітку алоўкам. Ясь аплачваў, але тавар не забіраў. Такім чынам у яго заставалася некалькі квіткоў. Тады ён ішоў да Сарокі. Гумкай выціралі суму, праз некаторы час, звычайна ўвечары, яны разам ішлі ў кааператыў. Тоська купляла сардзіны, віны, сыры, сухафрукты, шакалад, гарбату і г. д. Калі ўсё было выбрана, прадавачка выпісвала рахунак і аддавала яго Тосьцы, а сама прымалася пакаваць тавар. Тоська аддавала квіток Ясю:

– Ідзі і заплаці ў касе.

– Добра, – пагаджаўся Ясь і ішоў да касы.

Там ён станавіўся збоку і на ранішнім квітку ўпісваў суму са свежаатрыманага рахунку. Пасля вяртаўся да прылаўка і аддаваў квіток Тосьцы. Тая ўручала яго прадавачцы і пасля з пакункам выходзіла з крамы. У розных мадыфікацыях – гледзячы па сітуацыі – гэта паўтарылі больш за дзесяць разоў, заўжды карыстаючыся наплывам кліентаў у кааператыве, пасля гэту работу закінулі… Калегі ведалі, што персанал крамы ўрэшце спахопіцца і яны могуць трапіцца.

Сабіна жыла ў гатэлі поруч з вакзалам. Яна казала, што ў гатэлі пачуваецца найлепш, бо ўсё жыццё – з таго моманту, як пазнаёмілася са сваім мужам (Сабіна ніколі не казала «каханкам») – правяла ў гатэлях, ад найбольш камфартабельных да ўбогіх корчмаў. Ясь і Тоська часта яе наведвалі, плануючы новыя работы або проста завітваючы пагаманіць.

Неяк увечары Ясь і Тоська пілі ў Сабіны гарбату, досыць шчодра запраўленую каньяком. Сабіна ажывілася і пачала расказваць пра свайго мужа, паказала некалькі ягоных здымкаў.

– Я не шкадую, што звязала лёс з аферыстам, што правяла жыццё ў цягніках, гатэлях і турмах. Турма была для мяне адпачынкам і школай, а праца з мужам – наркотыкам… Не думаю; што маю прынамсі цень шкадавання да яго або да сябе…. Каб я магла пачаць жыццё нанова, каб мне далі іншы, найцудоўнейшы лёс з кімсьці іншым… я б не пагадзілася… Мы былі не сужэнцамі, мы былі сябрамі. І сяброўства наша было для нас большым і каштоўнейшым за самае палкае каханне… Мы кпілі з жыцця і з людзей. Мы навучыліся пагарджаць убогім, палахлівым, аблудным статкам багацеяў і з радасцю пазбаўлялі іх грошай… Мы размаўлялі вачыма… разумелі душы адно аднаго… У нашым саюзе мы былі абсалютна вольныя, з’яднаныя толькі супольнымі думкамі і супольнай верай у сябе… У нас не было ані каліўца карыслівасці… Я ведаю жыццё… я бачыла тысячы шлюбаў… Ведаю, якія гідкія здараюцца саюзы… Калі не ўлічваць усе камбінацыі ці выпадковасці, у імя якіх людзі жэняцца, калі ўзяць, да прыкладу, найлепшыя ўзоры, то амаль кожнае сужэнства з цягам часу выяўлялася вязніцай для абаіх… Кайданамі, якія яны цягнулі па прымусе ці па звычцы, па разліку ці са страху. У нас усё было шчыра і свабодна. Ані ён, ані я не імкнуліся да таго, каб пазіраць звысоку, мець перавагу. Мы ніколі не шукалі адно ў адным недахопаў. Ніколі дзеля адной крыўды не забываліся пра сотні праяваў дабрыні… Бо мы жылі не для патомства, мы былі аднадумцамі, заўжды вернымі адно аднаму псіхічна ў добрую і ў ліхую хвіліну.

Ясь і Сарока ахвотна слухалі, а Сабіна, уся зіхоткая ад радасці, шмат гаварыла пра свайго «мужа». Расказала яна і пра некалькі яго славутых афер.

– …Аднойчы Пецярбург наведала група англічанаў. Гэта былі вельмі заможныя людзі. Міхась (каханак Сабіны) праз сваіх інфарматараў, якіх ён і ягоныя калегі мелі паўсюль, даведаўся, што адзін з англійскіх гасцей хоча купіць у Пецярбургу палац. Пасля нарады прыступілі да працы. Быў знойдзены адпаведны для продажу палац. Ён належаў аднаму з тузоў расейскага фінансавага свету. Да яго звярнуліся з просьбай дазволіць англічанам наведаць будынак. Міхась і адзін з ягоных калег прадставіліся ўладальніку палаца высокімі чыноўнікамі Міністэрства замежных спраў. Дазвол быў лёгка атрыманы, і ўладальнік адчуваў гонар з нагоды такога выбару. Адразу ж іншы чалавек з іх кампаніі, які цудоўна валодаў англійскай мовай, па тэлефоне дамовіўся з англічанамі пра продаж палаца. Была прызначана сустрэча для агляду аб’екта.

Назаўтра ў палац купца Р. прыехалі двое англічан у суправаджэнні двух аферыстаў. Уладальніка дома не было. Зрэшты, калі б і быў, гэта не было б вялікай перашкодай, бо купец не ведаў англійскай, а англічане – рускай. Наведвальнікам, згодна з распараджэннем гаспадара, паказалі ўвесь палац. Гэта доўжылася даволі доўга… Урэшце англічане вырашылі набыць палац. Адзін з аферыстаў выступаў у ролі ўладальніка.

Далей справа разгортвалася так: праз пару дзён англічане і аферысты скіраваліся да натарыуса для падпісання ўмовы куплі-продажу… Для гэтага ўжо ўсё было падрыхтавана. На адной з бліжэйшых вуліц на парадных дзвярах з’явілася сціплая шыльда «Натарыус». Тут сіламі іншых удзельнікаў банды была падрыхтаваная натарыяльная кантора.

Умову склалі і падпісалі. У кошт задатку быў атрыманы банкаўскі чэк на вельмі вялікую суму, які неадкладна быў абнаяўлены. Адразу ж знікла і натарыяльная кантора, і аферысты.

Калі праз пару дзён англічане, згодна з дамовай, павінны былі засяліцца ў палац, яны былі здзіўленыя, што там усё па-старому. Купец сустрэў іх вельмі прыязна, здагадваючыся, што гэта тыя самыя англічане, якія наведвалі яго палац. Але паразумецца між сабой яны не маглі. Гаспадар зноў правёў іх па палацы і запрасіў на абед… Склалася няёмкая сітуацыя. Купец дзівіўся, чаму гэтыя англічане такія надакучлівыя. Англічане не разумелі, чаму не выконвалася дамова.

Справа праяснілася. Паліцыя пачала актыўныя пошукі аферыстаў – натуральна, безвынікова. Імаверна, расейскі ўрад вярнуў англічанам страчаныя грошы…

Ясь ужо чуў расповед пра гэтую аферу, толькі пакупнікамі былі не англічане, а прамысловец з поўдня Расеі, а прадавалі палац нейкага князя.

Наступная, яшчэ цікавейшая афера праварочвалася ў Маскве. Неяк хтосьці з аферыстаў убачыў мужыка, што вёз на кірмаш дровы. Гэты мужык кагосьці яму да жудасці нагадваў. Крыху падумаўшы, аферыст зарыентаваўся, што мужык вельмі падобны да вядомага ў Маскве мітрапаліта. Яму прыйшло ў галаву, што гэтым падабенствам можна скарыстацца. І работу сваю ён пачаў з таго, што купіў у мужыка дровы і загадаў яму прыехаць у Маскву на службу, за якую б яму плацілі 100 рублёў у месяц. Мужык радасна пагадзіўся, бо сума для яго была вялізная. Аферыст даў яму трыццаць рублёў задатку і загадаў прыехаць праз тыдзень.

Як толькі мужык прыехаў у горад на зусім, яго ўзялі ў абарот. Працы для яго амаль не было, але яму пашылі духоўную адзежу і вучылі маліцца. Гэта было крыху дзіўна, але гаспадары ягоныя былі такія мудрыя і шчодрыя, так выдатна кармілі і паілі яго, што дзядзька ані пра што не пытаўся. «Яны, відаць, лепш за мяне, цёмнага мужыка, ведаюць, што і як. Трэба рабіць, што кажуць».

Пасля доўгай дрэсіроўкі і падрыхтоўкі было агульна прызнана, што кліент даспеў… І вось неяк да адной з вялікіх крам на Кузнецкім мосце пад’ехаў вядомы ў Маскве экіпаж мітрапаліта. З экіпажа выйшаў сам бацюшка, пад руку яго з шанаваннем падтрымліваў хтосьці з духоўных ніжэйшага рангу. У суправаджэнні цывільнага чыноўніка з тэчкай яны скіраваліся ў краму. Ад гасцей такога ўзроўню ўласнік поўніўся гонарам і чакаў даручэнняў. Сакратар звярнуўся да ўладальніка крамы:

– Яго Праасвяшчэнства жадае набыць для некалькіх манастыроў і новых цэркваў на Поўначы вялікую колькасць царкоўнага начыння.

– Можна зрабіць на замову.

– На гэта няма часу, бо заўтра мы будзем на інспекцыі. Пакажыце, што ў вас ёсць.

На прылаўках з’явілася шмат каштоўнага царкоўнага посуду і крыжоў. Пачалі выбіраць неабходныя рэчы. Сакратар пазіраў у спісы і называў колькасць патрэбных рэчаў. Протаіерэй выбіраў. Урэшце з пакупкамі скончылі. Сакратар падаў уладальніку крамы валізку і загадаў усё туды скласці. Пасля ён папрасіў рахунак. Праверыў суму і звярнуўся да «мітрапаліта»:

– Ваша Праасвяшчэнства, можа, вы пачакаеце крыху ў краме, нашто вам турбавацца, а мы тым часам забяром грошы з банка і аплацім рахунак.

– Добра, – флегматычна адказаў «мітрапаліт».

І аферысты з’ехалі экіпажам, забраўшы з сабою вялікую частку золата і каштоўных камянёў. Былі там і рэчы меншай вартасці, якія бралі ў камплект, каб не ўзбуджаць падазрэнняў.

Мітрапаліт сядзеў у крэсле, паклаўшы рукі на калені, і моўчкі цярпліва чакаў вяртання сваіх карміцеляў… Міналі гадзіны. Набліжаўся час закрыцця крамаў, а экіпаж не вяртаўся. Уласнік пачаў непакоіцца. Урэшце ў яго з’явілася адчуванне, быццам штосьці тут не так. Ён з ніжэйшымі выбачэннямі звярнуўся да мітрапаліта і спытаўся, ці не сталася дарогаю з яго суправаджэннем штось кепскае, бо іх адсутнасць зацягнулася. Адказ быў дзіўны і, як на асобу такога высокага рангу, дурнаваты. Гэта скіравала падазрэнні ювеліра ў іншы бок: ён стаў ахвярай ашуканцаў. Ужо смялей ён звярнуўся да ганаровага кліента з пытаннямі і адразу ж зразумеў, што гэта зусім не мітрапаліт. Адразу ж выклікалі паліцыю. Мужыка арыштавалі і дапыталі. Ён, як умеў, расказаў, што ведаў пра ўсю гэту справу. Але аферыстаў не знайшлі.

Такім чынам Сабіна расказвала пра многія аферы свайго мужа. І не сцісла – як я тут пішу, – а разгорнута, смакуючы падрабязнасці, каментуючы і падкрэсліваючы пэўныя факты, каб звярнуць на іх асаблівую ўвагу.

Пад уплывам Сабініных аповедаў Ясю прыйшла ў галаву адна ідэя, і ён пачаў абдумваць яе ажыццяўленне. Неўзабаве ён меў гатовы план дзеяння і заняўся падрыхтоўчымі працамі. Кожныя два-тры дні ён заходзіў у элітную краму тытунёвых вырабаў на Захар’еўскай вуліцы, уласнікам якой быў немалады, але прыстойны з выгляду армянін, жанаты з багатай, маладой і прыгожай рускай. Яны займаліся крамай самі, адначасова або папераменна. Гэта было няцяжка, бо праца ў краме вялікіх высілкаў не патрабавала. Рэдка калі пакупкі трэба было пакаваць, кліенты пераважна адразу ж клалі іх у кішэнь. Ясь ведаў, што сям’я гэтая вельмі заможная, паколькі, акрамя даходу з крамы, яны мелі таксама вялізныя прыбыткі з гандлю валютай, золатам і ювелірнымі вырабамі.

Ясь уваходзіў у краму заўжды элегантна апрануты і купляў толькі найлепшыя цыгарэты і цыгары. Аднойчы ён прапанаваў армяніну купіць дваццаць даляраў (нібыта не ведаў, дзе іх прадаць, а яму патрэбная была гатоўка). Іншым разам ён прынёс на продаж вялікі пярсцёнак з сапфірам (сам адмыслова набыў яго з гэтай мэтай). Пры абмеркаванні кошту Ясь паказаў абсалютную незарыентаванасць у вартасці пярсцёнка, папрасіўшы няпоўную траціну ад яго сапраўднай цаны.

Армянін усё больш зычліва прымаў свайго кліента, і між імі завязалася своеасаблівае сяброўства. Ясь мімаходзь згадваў, што мае пад Барысавам вялікі маёнтак, што з прычыны вайны яго бацькі не вярнуліся з-за мяжы, а ён з найбольш каштоўнымі рэчамі пераехаў з маёнтка ў Менск, баючыся бандытаў. Тут ён чакае канца вайны.

Для такой аферы Ясю быў патрэбны супольнік. Ён лічыў, што гэта павінен быць чалавек немалады, добра апрануты, усім сваім выглядам варты даверу. Пасля доўгіх роздумаў ён спыніў выбар на Філіпе Лысым. Былі хлопцы мудрэйшыя і спрытнейшыя за яго, але знешні выгляд і элегантнасць Філіпа Лысага, несумнеўна, рабілі яго найбольш адпаведным кампаньёнам. Ясь дамовіўся з Філіпам.

– Чаму ты не правернеш гэты інтэрас, як раней, з Хамам? – пазяхнуў Філіп, маючы на ўвазе сталага Ясевага супольніка, Барана.

– Хам не пасуе… Тут, разумееш, выгляд патрэбны… Такога арыстакрата, знаўцы мастацтва… Ну, і багатага пана, што называецца.

Шырока пазяхаючы, Філіп замаскіраваў задавальненне і сказаў:

– Ты, гэта… Высока лётаць пачынаеш…

Але на работу пагадзіўся. Ясь агульна апісаў яму ўсю справу і падрабязна патлумачыў амаль удвая старэйшаму калегу ягоную ролю.

Цяпер Ясь заняўся наведваннем антыкварных салонаў, крамак і латкоў з рознай старызнай. Яму было досыць цяжка знайсці неабходныя рэчы. Урэшце на Нізкім рынку яму трапіўся пабіты жыццём партрэт старой, зроблены алейнымі фарбамі. Паверхню карціны перасякала сетка расколін. У некалькіх месцах палатно працерлася. Рама таксама была ў вельмі кепскім стане. Ясь прывёў партрэт да ладу і набыў для яго іншую раму. Акрамя таго, у куце карціны, унізе, ён паставіў амаль нябачную літару, канец подпісу мастака. Пачатак губляўся на краі палатна.

Калі ўсё было падрыхтавана, Ясь загарнуў партрэт у два аркушы ўпаковачнай паперы і пайшоў з ім у горад. На Захар’еўскай ён зайшоў у тытунёвую краму і купіў пачак цыгарэт. Як звычайна, загаварыў з армянінам, а ў пэўны момант сказаў:

– Я хачу пакінуць у вас гэты партрэт. Я нёс яго на ацэнку аднаму знаўцу такіх рэчаў, які скупляе тут карціны для нямецкіх музеяў і галерэй. Калі б цана была добрая, я б прадаў яго. Але скупшчыка дома я не застаў. Ён з’ехаў на некалькі дзён. Я не хачу несці партрэт назад. Лепш, калі ён вернецца, забяру партрэт у вас, тут блізка.

– Ды калі ласка, – ахвотна пагадзіўся армянін. – Хай стаіць тут, колькі трэба. Месца хопіць.

Ясь клапатліва паставіў карціну ля сцяны за прылаўкам так, каб яна не замінала на праходзе, але і так, каб яе было відаць з крамы. Упаковачная папера ў адным месцы адмыслова была падраная, і праз дзірку віднелася частка партрэта. Ясь яшчэ трохі пагутарыў з армянінам. Сярод іншага ён згадаў, што партрэт з’яўляецца сямейнай рэліквіяй і, праўдападобна, досыць дарагі, але яму ён не падабаецца, і цяпер, у складанай сітуацыі, лепш прадаць гэтую карціну, чым іншыя каштоўныя рэчы.

Ужо некаторы час у тытунёвую краму рэгулярна завітваў высокі, элегантны, інтэлігентнага выгляду мужчына і купляў дарагія цыгары. Ён быў негаваркі, абыякавы да ўсяго і быццам бы крыху рассеяны. Армянін заўважыў, што наведнік мае залаты гадзіннік і вялікі пярсцёнак з гербам.

– Гэты то напэўна нейкі граф або князь, – сказаў уладальнік крамы жонцы.

– А можа, нейкі царскі міністр, які даў сюды драпака ад бальшавікоў, – выказала здагадку тая.

Армяніну карцела завязаць размову з высокай асобай. Але ад «міністра» біў такі холад і так патыхала важнасцю, што крамнік не наважваўся. Тым больш што госць заўжды быў негаваркі. Не вітаўся, не развітваўся. Уваходзіў з пагардліва надзьмутымі вуснамі. Каротка кідаў «цыгары» і называў марку. Пасля: «Колькі з мяне?» – і выходзіў, незгінальны, халодны, урачысты. Грошы ён вымаў са шчыльна набітага партманэ, быццам бы гідзячыся імі. Глядзеў граф не ў вочы, а скрозь іх. Філіп праявіў не абы-які акцёрскі талент. Ясь нават не ўяўляў сабе, як дасканала ягоны кампаньён выконвае сваю ролю.

На наступны дзень пасля з’яўлення партрэта пан «міністр» увайшоў у краму.

– Цыгары!

Армянін кінуўся да шуфляды і дастаў скрынку тых цыгар, якія звычайна набываў саноўнік. Падняў вечка і з павагай адвёў рукі. Ён ведаў, што «князь» не любіць, калі да цыгар дакранаюцца рукамі. Міністр узяў са скрынкі шэсць цыгар і паклаў іх у вялікі скураны партсігар.

– Плаціць! – на прылавак упала пяцісотрублёвая купюра.

Гаспадар паспешліва адлічваў рэшту. І тут раздаўся сухі энергічны голас:

– А гэта што?

Армянін убачыў выцягнуты над прылаўкам кій з манаграмай, скіраваны на дзірку ва ўпакоўцы карціны… Ён крыху збянтэжыўся, але паслужліва падскочыў да карціны і сказаў:

– Партрэцік, яснавяльможны пане…

– Разгарнуць!

Адразу ж з рамы зляцелі шнуркі і ўпаковачная папера. Карціну паставілі на прылаўку, армянін трымаў яе. «Князь» то адступаў, то падыходзіў бліжэй. Аглядаў з бакоў. Урэшце зблізку ён агледзеў палатно з абодвух бакоў і сказаў:

– Вы шмат хочаце… Плачу любыя грошы…

Армянін аслупянеў.

– Ну!.. – губляў цярпенне саноўнік.

– Я не ведаю…

– Што не ведаю… Усё мае сваю цану… Хіба што гэта не прадаецца.

– Прадаецца… натуральна…

– Тады колькі?

У галаве гандляра з’явілася думка: «Гэта ж можна зрабіць дасканалы інтэрас!». Праз момант быццам бы разваг над цаной ён сказаў:

– Яснавельможны пане, наконт цаны я павінен параіцца з жонкай.

– Хм… Ну добра, – сказаў саноўнік. – Прашу вас пасля вызначэння цаны паслязаўтра прынесці мне карціну а сёмай гадзіне вечара ў гатэль «Еўропа». Там парцье пакажа вам маё месцазнаходжанне. Калі ласка! – і саноўнік кінуў на прылавак візітоўку.

Пасля ён дастаў з партманэ пачак ост-рублёў пяцідзесяцірублёвымі купюрамі. На перавязцы пачка была пазначаная сума ў пяцьдзясят тысяч.

– Гэтую драбязу я даю вам у якасці задатку… Папярэджваю, што цяпер я маю права першачарговага выкупу карціны безадносна таго, якую суму прапануюць іншыя прэтэндэнты.

Калі праз чвэрць гадзіны жонка ўласніка прыйшла замяніць яго на час абеду, то падумала, што ейны муж звар’яцеў.

– Ты разумееш! Разумееш! – крычаў ён, размахваючы пачкам купюр. – Так робяць інтэрасы: 50 тысяч за 5 хвілін… Ну я і галава!

Ён пачаў хаатычна расказваць здзіўленай жанчыне пра размову з кліентам, паказаў ёй задатак і візітоўку, на якой значылася:

Іосіф Міхайлавіч Злаціньскі
Дырэктар Акадэміі прыгожых мастацтваў
у Петраградзе

– Цудоўны інтэрас! – ускрыкнула ў захапленні жонка. – Трэба толькі добра ім скарыстацца.

– Адно мяне здзіўляе: за такое рыззё аднаго задатку ён даў пяцьдзясят тысяч. Сказаў яшчэ, што гэта драбяза і што заплаціць любыя грошы.

Жонка армяніна скончыла гімназію, і гэта заўжды імпанавала мужу, які ўмеў толькі чытаць, пісаць і лічыць, узяла слова:

– Вартасць карціны не залежыць ад таго, што на ёй намалявана або ў якім яна стане, толькі ад таго, як гэта намалявана і што за мастак гэта зрабіў. Ёсць карціны, якія ацэньваюцца ў мільёны не ост-рублёў, а золата або даляраў… Тут трэба пільнаваць, каб той дырэктар нас не ашукаў… Хто-хто, а ён найлепш такія рэчы ведае…Можа, гэта карціна Рубенса, або Тыцыяна, або іншага славутага мастака мінулых стагоддзяў.

Пара пачала раіцца, як далей весці справу. Найбольш іх непакоіла тая акалічнасць, што кліент, які пакінуў карціну, мог перадумаць яе прадаваць. Альбо не пагадзіцца прадаць яе без ацэнкі спецыяліста. А што пакажа ацэнка – невядома… У тытунёвай краме нецярпліва чакалі прыходу Яся, але той не прыходзіў.

Толькі назаўтра зранку ён, прыгожа апрануты і вясёлы, вярнуўся ў краму. Там ён застаў уласніка з жонкай, якія амаль усю ноч не спалі, узбуджаныя магчымасцю лёгкага і вялікага заробку.

– Добры дзень, – сказаў Ясь. – Цыгарэты, калі ласка, і я б хацеў забраць карціну.

Твары сужэнцаў выцягнуліся.

– Прыехаў той пан, што скупае карціны?

– Прыехаў і зноў паехаў. Гэтым разам у Берлін. Так мне сказалі ў гатэлі. Таму няма чаго чакаць, бо невядома, калі ён вернецца. Можа, і ніколі…

– А што з карцінай?.. Не будзеце яе прадаваць? – трывожна спытаўся гаспадар крамы.

– Не… Прадам штосьці з залатых рэчаў… Бо, разумееце, прадаць за бясцэнак – шкада… А адпаведную цану дасць толькі знаўца!.. Наогул гэты партрэт вельмі каштоўны… Я добра не ведаю наколькі… Я б аддаў яго і за пятую частку яго вартасці, бо гэта надоўга б пазбавіла мяне клопату… Але і гэтага ніхто некампетэнтны не дасць.

Тады, згодна з загадзя прадуманым сужэнцамі планам, адгукнулася жонка ўласніка. Міла і какетліва ўсміхаючыся хлопцу, яна сказала:

– А я акурат маю для вас добрага пакупніка на гэтую карціну.

– Праўда? – здзівіўся Ясь.

– Так… І гэты пакупнік – я…

Тады ўмяшаўся армянін.

– Уявіце сабе, жонка зацікавілася вашай карцінай. Там падралася папера. Уперлася, каб абавязкова паглядзець, бо яна любіць мастацтва. Я паказаў… Як адмовіць жанчыне… І ўявіце сабе, гэты партрэт да жудасці нагадвае ёй нябожчыцу маці. То цяпер яна мне галаву дурыць, каб я ёй яго купіў.

Ясь усміхнуўся.

– Дарагі капрыз.

– Што паробіш, – уздыхнуў армянін. – Хочацца дагадзіць жанчыне, таму я паабяцаў ёй, што куплю. Толькі не прасіце занадта дорага, бо і рама нецікавая, і карціна такая, што відаць мала што. Старая нейкая…

– Ах, што за глупства… Ты ў гэтым не разбіраешся, і ўсё, – перапыніла яго жонка.

Паклаўшы сваю далонь на Ясевы рукі, яна залётна пазірала яму ў вочы, прыгаворваючы:

– Я ж так любіла мамусю. У мяне ёсць ейны здымак, але кепскі, а тут такі партрэт – як жывая. Прадай мне яго, паночак.

Ясь прыкідваўся збянтэжаным. Нібы вагаўся. Урэшце рашуча сказаў:

– Добра. Я аддам вам гэту карціну, але за 500 000. Я лічу, што гэта надзвычай нізкая цана, але вы мяне ўзрушылі. Зрэшты, грошы мне таксама патрэбныя. Толькі я папрашу гэтую суму заплаціць мне сёння, золатам, па курсе чорнага рынку.

Сужэнцы папрасілі даць ім крыху часу падумаць. Ясь пагадзіўся прыйсці ўвечары і сказаў, што або забярэ карціну, або прадасць яе за згаданую суму. Нягледзячы на настойлівыя просьбы і гандаль, ён не пагадзіўся знізіць цану.

Пасля ягонага сыходу гаспадары крамы пачалі раіцца, што рабіць. А можа, дырэктар не заплаціць такой сумы, то і навару не будзе. Хто ведае? А калі яны купяць за 500 000, а папросяць мільён, то ён можа пакпіць з іх. Натуральна, найпрасцей было б выступіць пасярэднікамі ў куплі карціны паміж дырэктарам акадэміі і панічом з-пад Барысава. Але тады не выпадала б разлічваць на вялікі прыбытак. Толькі на верагодную ўзнагароду за знойдзенага пакупніка.

Вырашылі, што муж выправіцца ў гатэль да пана дырэктара і скажа, што жонка пагадзілася прадаць карціну за паўтара мільёна. А пры неабходнасці саступіць з гэтай сумы.

Пакуль ішлі далейшыя нарады (чвэрць гадзіны пасля сыходу Яся), дзверы ў краму адкрыліся і ўвайшоў сам дырэктар. Пара знямела.

– Жонка прадае карціну? – коратка спытаў дырэктар.

– Так… Вядома, вядома… Натуральна ж, прадае… Чаму не? – збіваўся армянін.

– Шмат?!

У армяніна заняло дух. У жонкі чырвоныя плямы пайшлі па твары, яна пачала гаварыць:

– Паў… паў… – яна не скончыла, бо муж раптам перапыніў яе, адкашляўся, выняў грудзі і сказаў:

– Мы, пане дырэктару, гэтую карціну ведаем… Гэта высокая школа… Мільён і ані рубля менш. Вось што… Мы людзі бедныя… Кожны сваё цэніць і шануе…

Прымружанымі вачыма Філіп халодна глядзеў у вочы крамаўладальніка. Раптам ягоныя вусны скрывіліся ў лёгкай усмешцы:

– Шмат вы сказалі?!

«Зашмат?» – падумаў армянін, і цяпер чырвоныя плямы пабеглі па ягоным твары, пакуль ён спрабаваў паўтарыць суму.

– Мі… мі…

– Ну, мільён?.. Так? – дапамог яму дырэктар.

– Нібы так.

– Цудоўна! – сказаў дырэктар і пацягнуўся па партманэ.

Праз момант ён перадумаў.

– Цяпер усёй сумы я не маю, бо не важу пры сабе вялікія грошы, а задатак я вам і так даў… Таму добра, карціна мая. Калі ласка, дастаўце яе заўтра а сёмай вечара, і вы атрымаеце рэшту грошай.

Дырэктар злёгку хітнуў гаспадыні галавой на развітанне і выйшаў на вуліцу.

Як ён сышоў, жанчына з заціснутымі кулакамі падбегла да мужа:

– Дурань! Ідыёт! Паўмільёна выкінуў у акно! І нашто я выйшла замуж за такога хамуйлу!

Гаспадар смачна сплюнуў:

– Сама ты ідыётка. Ты ж пачала казаць «паў»…

– Я акурат хацела сказаць «паўтара», але збілася, а ты мне перашкодзіў і не даў скончыць. Як апошні дурань вылез з мільёнам. Я бачыла, як ён пасміхаўся твайму дурноццю. Ён бы і два мільёны даў, і тры, магчыма, нават пяць або дзесяць… Вось жа дурань, дурань, дурань!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю