355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 2)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц)

НА МАШЫНКУ

На захадзе ўсё палала. Там выбухнуў вулкан фарбаў і плынню колераў заліваў гарачы фон неба. Перамяняліся і перапляталіся ў панараме Прыроды немагчымыя для ўзнаўлення колеры. Пунсовы, залаты, фіялетавы, блакітны безупынна пераліваліся ў сотнях адценняў і тонаў… Урэшце, быццам стомленае гэтай феерыяй барваў, неба пачало блякнуць… Вечар яшчэ раз пачырваніў усю зямлю крывавым пурпурам, а пасля – пераходзячы ў ружовы і фіялетавы – згас.

Восеньская ноч нясмела, сарамліва пачала паказваць свае скарбы. Вось пачалі пералівацца на небасхіле першыя з іх, і ўрэшце ўсё неба шчыра і пераможна рассмяялася зоркамі.

Ясь і Ігнат паволі ішлі трактам на Радашковічы. З сабою яны неслі фанерную скрынку, куды склалі ўсе прылады для работы «на машынку».

У пэўны момант Ігнат пачаў гаварыць:

– Гэты гад цёпленькі[14]14
  Цёплы – багаты.


[Закрыть]
. Сармаку[15]15
  Сармак – грошы.


[Закрыть]
ў яго поўныя касеты, а бліт[16]16
  Бліт – золата.


[Закрыть]
ён не штукамі лічыць, а на вагу. Хітры, што той ліс. Нават «шкельцы»[17]17
  Шкельцы – каштоўныя камяні.


[Закрыть]
мае. А жыве, як свіння. Хатнія быццам п’яныя з голаду ходзяць. Адзежа ўся – рыззё. У жабракоў лепшая будзе. Дзве жонкі замарыў. А які пасаг за кожнай узяў! Цяпер трэці раз ажаніўся. Самому пад шэсцьдзесят, а шмару ўзяў сямнаццацігадовенькую. Дзедам ейным быць можа. Такога толькі і браць.

– Адкуль у яго такое багацце? – зацікавіўся Ясь.

– Ад першай жонкі яму застаўся млын і маёнтачак. Там ён добра нажыўся. Другая звар’яцела. І па ёй ён хапануў нямала. Пасля пастаўкі ў войска. Сам разумееш: гандаль-шмандаль, махлярства. І пайшло-паехала… І ведаеш, такі багацей, а крадзеных коней у старавераў купляў. Так я з ім і пазнаёміўся.

– А мы здолеем яго зрабіць?

– Гэта ўжо на зыхер[18]18
  Зыхер – пэўна, дакладна.


[Закрыть]
… Я ўсё абставіў – першы клас. Стапрацэнтна. Ты толькі не асаромся, – сказаў Ігнат.

Яны збочылі з шашы на палявую дарогу і каля дзясятай гадзіны вечара падышлі да комплексу пабудоваў. Іх сустрэў зацяты сабачы брэх. Прыяцелі падышлі да ўваходу на шырокі двор фальварка. З ганка адгукнуўся злосны, крыху ўстрывожаны голас:

– А хто там лазіць!!

– Свае. Янэк Нацэвіч з сябручком. Вітаем пана Баніфацыя.

– Ага! Зараз… Пачакайце!

Неўзабаве да веснічак наблізіўся высокі плячысты мужчына. На шворцы ён вёў сабаку. Ясь і Ігнат зайшлі на падворак і скіраваліся да дома. Іх суправаджаў канцэрт злых дварнякоў, што сядзелі на ланцугах у розных кутах пляцоўкі.

Яны ўвайшлі ў вялікі пануры дом. З сенцаў, якія дзялілі хату на дзве часткі, гаспадар правёў іх у чыстую палову, дзе ён жыў з жонкай. Служкі жылі ў чорнай палове. Прыяцелі апынуліся ў вялікім памяшканні, з якога ў іншыя пакоі вялі дзверы.

У святле газавай лямпы Ясь убачыў высокага, крыху згорбленага мужчыну. У яго была жорсткая рудая шчэць і маленькія шпаркія вочкі. Апрануты ён быў у саматканы суконны гарнітур.

Гаспадар з цікаўнасцю прыглядаўся да Яся.

– Дык гэта і ёсць той майстар? – спытаў ён, крызу здзіўлены хлопцавай маладосцю.

– Ён і ёсць. Нічога, што малады. Затое разумны за нас абодвух. Я ўжо паказваў вам яго работу. Лепш і ў Амерыцы не зробяць. А заўтра ён махане ўзорчык. Каб вы, пане, самі ўбачылі, што гэта за інтэрас. Мільёны можна зарабіць!

– Ну, добра, – пацёр рукі гаспадар. – Вы, напэўна, без вячэры. Але што я вам дам есці?

– Вы за гэта не перажывайце, – супакоіў яго Ігнат. – У нас з сабою і кілбаса, і тры бляшанкі шпротаў і кмінаўкі пляшка ёсць. У нас не тое, што ў вас: дзень папрацуем – і тысяча даляраў у кішэні. Пачатак ужо ёсць, а што далей – ад вас залежыць. Можам супольна папрацаваць, усім хопіць. Месца ў вас пэўнае, гэта дакладна.

Мінулым разам Ігнась, робячы папярэднія захады да інтарэсу, прадставіў справу так: у Менск прыехаў малады хімік, які працаваў у Пецярбургу на «Монетном Дворе» і дасканала ведае тэхніку друкавання грошай. Уцякаючы ад бальшавікоў, ён апынуўся тут ні з чым. Ігнат з ім пазнаёміўся, і хімік прапанаваў яму выраб фальшывых, а так насамрэч сапраўдных грошай, бо справа тут у тым, што кожная банкнота настолькі насычаная фарбамі, што з яе можна зрабіць – адцягнуўшы частку фарбаў – яшчэ адну банкноту. Такім чынам са старублёўкі можна мець яшчэ адну старублёўку, выкарыстоўваючы адпаведныя хімічныя сродкі. Паколькі курс царскіх грошай цяпер быў нізкі, планавалася рабіць адбіткі даляравых банкнот. Цяжкасць была ў тым, што малатыражная вытворчасць не аплачвалася, а для вялікага тыражу патрэбна было шмат аўтэнтычных купюр. Ігнат ужо папярэдне даў пану Баніфацыю новенькую двухдаляравую банкноту як узор працы пецярбургскага тэхніка. Яе злёгку прамачылі гваздзіковым маслам.

Пан Баніфацый уважліва агледзеў банкноту і, хаваючы раздражненне, сказаў:

– Гэта ж, пане Ігнацый, вялікія грошы зрабіць можна.

– Вядома, – адказаў ігнат. – Толькі нельга справу расцягваць, бо хімікаты рэдкія. Іх тут цяжка знайсці. Таму трэба адным разам махануць вялікую колькасць банкнот. З гэтай мэтай трэба купіць на чорным рынку як мага больш амерыканскіх купюр вялікага наміналу, мінімум пяцідаляравых, а пажадана большых. На гэта трэба шмат грошай, таму я акурат шукаю чалавека, які мог бы гэта фінансаваць. Прыбытак мы б падзялілі так: хіміку за работу 40 адсоткаў, я за пасярэдніцтва і дапамогу ў працы – 20 адсоткаў, а той, хто дастане сапраўдныя купюры, таксама атрымае 40 адсоткаў прыбытку.

Пан Баніфацый, сквапна гледзячы на банкноту перад сабой, сказаў:

– А па іх не пазнаюць, што яны фальшывыя?

– Ды дзе там! Зрэшты, вазьміце самі гэтую купюру і абмяняйце ў банку або ў мянялаў. Без праблем. Такія банкноты зусім не фальшывыя. Хіба толькі ў будучым выявіцца, што пад адным нумарам дзве купюры. Але калі тое будзе?.. Праз шмат гадоў а можа, і ніколі.

Пан Баніфацый на момант задумаўся.

– А гэты ваш хімік не падмане?

Ігнат рассмяяўся.

– Бачу, што вы ўсур’ёз задумаліся. Купюра ляжыць на стале, што той бык. У нас было няшмат грошай, таму я купіў дзве па два даляры і дзве па пяць. Вы, пане, думаеце, што я дурны? Мяне б ён не правёў. Я сам прысутнічаў на праверачным запуску. Гэта доўгая і цяжкая праца. Я бачыў кожную драбніцу. З усім дапамагаў. Пасля размяняў у адным банку двухдаляравую, у іншым – пяцідаляравую. Якія могуць быць сумневы. У мяне засталіся гэтыя два даляры, якія вы тут бачыце, ды яшчэ пяць ёсць.

Ігнась выцягнуў партманэ і паклаў на стол яшчэ пяць даляраў. Навюткая купюра пахла, як і тая, гваздзіковым маслам. Пан Баніфацый уважліва агледзеў і яе таксама.

– А нічога, што яна смярдзіць?

– Глупства. Пакласці на некалькі гадзін у цёплую духоўку – і выпарыцца, – адказаў Ігнат. – 3 тымі я так і зрабіў.

Пан Баніфацый прыглядаўся то да Ігната, то да банкнот і штосьці абдумваў. Урэшце ён прымружыў левае вока і хітра сказаў:

– А што калі мы таго тэхніка ці хіміка ў лапці абуем? Тады можна яго долю між намі падзяліць. Вам было б ажно шэсцьдзесят адсоткаў, а рэшта – мая.

– Я не разумею, што вы маеце на ўвазе, – Ігнат прыкінуўся здзіўленым.

– Ну, вы яму дапамагалі і, як вы гаворыце, бачылі, як усё гэта робіцца, дык нашто ён нам?

Гэтым разам Ігнат удаў абурэнне:

– Але гэта ж не ганарова! Як так можна!

– Не ганарова, затое здарова! Хе-хе-хе! – прарыпеў пан Баніфацый.

– Я на такое не згодны, – урачыста абвясціў Ігнат. – Калі вы, пане, інакш не жадаеце, то я буду вымушаны пашукаць іншага кампаньёна.

Пан Баніфацый няшчыра рассмяяўся:

– Я проста жартаваў… Хацеў паглядзець, як вы да гэтага паставіцеся.

– Хай сабе і пажартавалі, – сказаў Ігнат, – Зрэшты, без яго не абыдзешся, бо я ведаю толькі ход працы. А што за растворы і куды там што мазаць, то я ўяўлення не маю… Я хацеў спачатку знайсці кампаньёна ў горадзе. А пасля згадаў вас. Вы маеце знаёмствы сярод купцоў. Вам лёгка сабраць ці пазычыць любую суму. Чым больш, тым лепш. Пасля работы ім можна вярнуць тыя самыя грошы.

Спыніліся на тым, што Ігнат павінен быў запрасіць хіміка з усімі прыладамі, каб супольна параіцца аб правядзенні работы.

Цяпер акурат яны прыйшлі да пана Баніфацыя, каб усё вырашыць. Калегі дасталі з заплечніка пляшку гарэлкі, шпроты і кілбасу.

– Хлеба ж вы нам ужо дасце, – сказаў Ігнат.

Пан Баніфацый, якога распаліла перспектыва вялікіх прыбыткаў, прыдушыў у сабе скупасць і вырашыў накрыць урачыстую вячэру. З суседняга пакоя ён паклікаў жонку:

– Марыся!

У пакой увайшла маладая, прыгожая, фігурыстая жанчына. Ігнат перабольшыў з яе маладосцю. Ёй магло быць каля дваццаці гадоў. Яна была вельмі нясмелая. Не падымаючы вачэй, яна прывіталася з гасцямі.

– Марыся! Зробіш нам вячэру. Да гарэлачкі перш за ўсё яечню. Яек не шкадуй, сала таксама. Дасі гуркоў і грыбоў. Там ёсць рыжыкі салёныя. І не марудзь.

– А мы тым часам вып’ем пад шпроты, – сказаў Ігнат, выбіваючы рукой корак з пляшкі.

Неўзабаве бутэлька была пустая. Пан Баніфацый разахвоціўся і дастаў з кішэні звязку ключоў.

– Пачастую вас гарэліцай уласнага вырабу. Пярцоўкай.

У хуткім часе ён прынёс літровую пляшку самагону і закрасіў яго вішнёвым сокам. Яны пілі далей. Неўзабаве Марыся падала на стол яечню і закускі. Ясь, якому кабета вельмі спадабалася, запрасіў яе за стол.

– Нядобра, пане Баніфацый, каб мы пілі, а ваша жонка нам прыслужвала, як кухарка.

І ён стаў зацята піць за яе здароўе, заахвочваючы жанчыну ўздымаць кілішак. Настрой паляпшаўся, Пан Баніфацый прынёс яшчэ літр самагону. Ён хутка напіўся і недарэчна балбатаў. Ясь разышоўся і пачаў пад сталом штурхаць Марысю нагой. А пасля злавіў на сабе яе шальмоўскі позірк і ўсмешку. Гэта зусім вывела яго з раўнавагі. Ён пачаў сачыць за жанчынай. Знайшоў зручны выпадак, калі яна выйшла ў кухню, каб схапіць яе ў сенцах. Ён моцна абхапіў яе і прагна цалаваў. Марыся палала.

– Пусці, мілы, пусці! Стары мяне заб’е.

– А калі я не магу… Я не засну…

Праз момант Марыся пачала шаптаць:

– Яны хай п’юць… Ты шмат не пі… Як сябар засне, вылазь у акно і прыходзь да мяне… акно наступнае… Будзе адчынена… Цяпер ідзі хутчэй, бо стары ачомаецца…

Марыся вярнулася ў кухню, а Ясь зноў, быццам з падворка вярнуўшыся, далучыўся да хаўруснікаў. Падахвочваў іх піць, а сам спрытна прапускаў тосты.

Толькі цяпер пан Баніфацый пазбыўся скупасці. На стале апынулася пляшка фірмовай рабінаўкі, пасля каньяк. З’явіліся сухія кілбасы, вяндліна, масла.

Папоўначы Ігнат і гаспадар дома былі зусім п’яныя. Кулікоўскі спяваў «Сто лят…» у гонар гаспадара. Пан Баніфацый хваліўся багаццем…

– Ты думаеш, што калі я ў даматканым хаджу, то ў мяне на добрае адзенне няма?.. Га?.. Ды мне пляваць!.. Як захачу, то цэлую вуліцу ў Менску куплю!.. Фабрыку пастаўлю… Што захачу, то і зраблю!.. Вось так!..

Ігнат яму падтакваў. Ясь даліваў ім у кілішкі і час ад часу шматзначна паглядаў на Марысю, якой некалькі выпітых чарак кінуліся агнём на твар, запаліўшы і без таго прыгожыя вочы…

Ясь распрануў і паклаў спаць абсалютна п’янага спадарожніка, пасля адчыніў акно, што выходзіла ў сад. З суседняга пакоя даносіўся гучны храп Баніфацыя, які ўжо чвэрць гадзіны таму пайшоў спаць. З наступнага пакоя праз яшчэ зачыненае Марысіна, як Ясь здагадваўся, акно падаў у сад доўгі прастакутнік святла. Ясь паціху вылез у сад і падышоў да акна. У святле лямпы ён убачыў Марысю, якая мылася ў пастаўленай на ўслончык мядніцы, павярнуўшыся да яго бокам. Ясь з асалодай назіраў за аголенай прыгожай жанчынай, якая, не падазраючы, што за ёй назіраюць, паводзіла сябе абсалютна свабодна.

Гэта яшчэ больш павялічыла прывабнасць яе фігуры. «Хай бы яна адчыніла акно! – думаў Ясь. – Калі не адчыніць, пагрукаю». Жанчына выцерлася ручніком і паставіла лямпу так, каб выразна бачыць сваю фігуру ў люстры. Ён убачыў, што Марыся дастала з шуфлядкі маленькую пляшачку і коркам датыкалася твару, грудзей і плячэй. «Парфуміцца», – падумаў Ясь і згадаў Марусю Лобаву, сваю першую каханку. Цяпер Ясь быў упэўнены, што акно адчыніцца. Марыся ўважліва агледзелася з усіх бакоў у люстры. Яся гэта раздражняла. «Чаго ж яна марудзіць?»

Урэшце, пасля даўжэйшага агляду зброі перад люстэркам, Марыся надзела начную кашулю і расчасала валасы. Потым яна падышла да акна і адчыніла яго. Ясь знянацку схапіў жанчыну за руку, а пасля жвава забраўся ў пакой. Ён пачаў цалаваць Марысю. Тая ахвотна прымала яго пяшчоты. Неспадзявана яна сказала:

– Ідзі да сябе… Распраніся, пасля вяртайся… Каб тут не было тваіх рэчаў. І замкні дзверы на ключ…

Ясь вярнуўся ў свой пакой. Спешна распрануўся і вярнуўся да Марысі.

З раніцы, пасля сняданку, таварышы наладзілі ліпавую лабараторыю. Ход дзеяння быў прадуманы і абмеркаваны ў горадзе. Галоўную ролю ў сённяшняй рэпетыцыі гралі дзве двухдаляравыя, амаль новыя, купюры. У горадзе іх намачылі, склалі разам і адпрасавалі, каб загіны былі аднолькавыя. Яны былі з ідэнтычнымі нумарамі. Для гэтага з вялікай колькасці купюр у знаёмага мянялы былі выбраныя дзве найбольш падобныя адна да адной нумарамі. Розніцу ў лічбах выправілі з дапамогай тушы, пераўтварыўшы на адной з купюр тройку ў васьмёрку, чацвёрку ў адзінку і дзявятку ў нуль. І крыху паскробшы лязом. Даляр з аўтэнтычнай нумарацыяй уклалі між двух кавалкаў чыстай паперы такога ж памеру.

Ясь загадаў пану Баніфацыю распаліць агонь, каб духоўка была цёплая. Пасля загрузіў туды купюру, размешчаную паміж дзвюма жалезнымі пласцінкамі з паперай.

– Гэта павінна ляжаць у цяпле дзве гадзіны, – сказаў Ясь, зірнуўшы на гадзіннік.

Цяпер хлопец дырыжыраваў працай, а Ігнат паслухмяна і старанна выконваў яго загады. Пан Баніфацый быў усхваляваны незвычайнымі дзеяннямі, якія адбываліся на ягоных вачах, і ўрачыстымі тварамі калег.

– Шкада, што няма больш купюр, – сказаў Ясь. – Не люблю пустых запускаў. У мяне замала некаторых сродкаў.

– Таму не трэба іх пераводзіць, – сказаў пан Баніфацый.

– Я толькі хачу паказаць вам прынцыпы маёй працы, каб вы маглі мне давяраць.

– Ніякіх сумненняў, – адказаў гаспадар. – Я ж бачыў вынікі.

– Добра, – сказаў Ясь. – Часу ў нас шмат, зробім невялікі пробны запуск. Зрэшты, я хачу паспрабаваць, наколькі моцны новы сродак. Ці ёсць у вас нейкая навейшая царская купюра?

– Вядома, ёсць.

Пан Баніфацый адразу ж прынёс Ясю некалькі банкнот. Ясь выбраў з іх дзесяцірублёвую і ўзяўся за працу. Ягоная лабараторыя выглядала імпазантна. Розныя бутэлечкі з каляровымі вадкасцямі, пэндзлі, валкі, шкляныя і металічныя пласцінкі, нажы і нажнічкі, ніткі, вата і г. д. Пачэснае месца займала бляшаная скрынка з двума валкамі. Менавіта гэта і была цудоўная машынка.

Праца «на машынку» выконвалася розным чынам, у залежнасці ад наяўных прыладаў і вынаходлівасці аферыстаў. Агульны прынцып быў толькі адзін: выбіраўся «цёплы» кліент, якому прапаноўвалі рабіць грошы, даводзячы, што з адной купюры можна атрымаць дзве. Сэнс у тым, што ахвяра павінна назбіраць як мага больш купюр. Пасля з імі праводзяцца разнастайныя маніпуляцыі так, каб гэта рабіла ўражанне: іх круцяць у машынцы, мажуць, абкладаюць паперай. Напрыканцы акцыі аферысты звычайна знікаюць, пакідаючы ахвяру з наказам пільнаваць машынку. А часам загружаюць падрыхтаваны для справы пачак у духоўку або печ. Потым іх ахоплівае трывога: гадзіннік спыніўся і пачак задоўга трымалі ў печы. Як мага хутчэй яны дастаюць усё і знаходзяць унутры попел. Аферысты лаяцца, сварацца, адчайваюцца, і, здараецца, сам пацярпелы шкадуе іх, а часам прапануе паўтарыць спробу. Так кліента «стрыгуць» двойчы.

Такія справы звычайна праходзяць беспакарана, бо ахвяра баіцца нават паведаміць у паліцыю пра свае страты, панесеныя такім незвычайным чынам. Паколькі ўдзел у падробцы грошай неаспрэчны. Аферысты не заўжды працуюць такім прадуманым і дэталёвым чынам, як Ясь і Ігнат, якія хацелі зрабіць усё «на зыхер», бо «карась» быў «цёплы» і ўлоў меўся быць добры.

Ясь у прысутнасці пана Баніфацыя памазаў дзесяцірублёвую мікалаеўскую купюру гваздзіковым маслам. Пасля абклаў яе з двух бакоў чыстай паперай. Потым паклаў усё разам на стальную пласцінку і даволі доўга з сілай вадзіў па паперы цвёрдым валікам. Калі ён дастаў купюру, на паперы засталіся бледныя, але выразныя каляровыя сляды купюры ў люстраным адбітку.

– Бачыце, – сказаў Ясь. – Нават з дапамогай аднаго гэтага сродку, без далейшых маніпуляцый і прагравання, выразна відаць адбітак купюры. Пасля ў сярэдзіну кладзём паперу, падрыхтаваную для купюр, і ўсё зноў ідзе ў працу. Праца цяжкая і патрабуе цярплівасці, але вынік заўжды верны.

Далей Ясь патлумачыў, што даляры склейваюцца з двух адбіткаў, а ў сярэдзіну дадаюцца кавалачкі шаўковых, каляровых нітак. Водныя знакі робяцца адмысловым стальным валком пасля ўвільгатнення купюры адпаведным сродкам.

Пан Баніфацый быў зачараваны. У яго не было ніякіх сумневаў, і ён з захапленнем глядзеў на гэтага маладога чараўніка. Упершыню ў жыцці ён сустрэў чалавека, які яму імпанаваў. І гэта такі смаркач!

– Колькі купюр вам трэба? – пытаў ён у Яся.

– Як найбольш, бо раствораў у мяне мала… Некаторых нідзе і не знойдзеш… Мне няма розніцы, ці зрабіць адбітак адной купюры, ці ста, ці тысячы, бо вы ж разумееце… – і Ясь пачаў блытанае тлумачэнне тэхналогіі гэтай працы, у якой найважнейшую ролю граў сродак для замацавання колеру, якога было вельмі мала.

– Сродку для змякчэння колераў у мяне досыць… яшчэ на некалькі разоў. І для іх выцягвання таксама. Але найгорш-то з растворам для замацавання. Яго ў мяне во столькі.

Ясь паказаў пану Баніфацыю бутэлечку, у якой было крыху вадкасці бурштынавага колеру. Проста заварка ад гарбаты. Пан Баніфацый сказаў:

– Грошай у мяне ані рубля няма. Адны страты нясу. І слугі крадуць, і падаткі… Але на такі інтэрас магу пазычыць…

Ігнат шматзначна падміргнуў Ясю: рыбка клюнула!

Вырашылі, што пасля абеду пан Баніфацый з Ігнатам паедуць у горад, каб сабраць грошы і купіць як мага больш даляравых купюр. Вернуцца, як толькі вырашаць справы. Ігнат павінен быў дапамагчы скупаць купюры. Гаспадар распарадзіўся Марысі пра добры абед, а прыяцелі выйшлі ў сад па фруктовы дэсерт. Тым часам пан Баніфацый зашыўся ў сваім пакоі і замкнуў дзверы на ключ. З самых разнастайных сховаў ён даставаў куфэрачкі, скрынкі, рулоны і пачкі з каштоўнасцямі і грашыма. Пан Баніфацый мёў амаль тры тысячы даляраў купюрамі. Алё яго апанавала сквапнасць, і ён вырашыў купіць яшчэ як мага больш. Для гэтага трэба было прадаць трохі золата або брыльянтаў. З золатам пану Баніфацыю было асабліва цяжка расставацца. Ён вырашыў прадаваць брыльянты. Але ўзяў з сабой таксама шмат залатых мікалаеўскіх манет.

Пасля добрага абеду Ігнат і гаспадар паехалі ў горад на элегантнай брычцы. Ад’язджаючы, пан Баніфацый сказаў Марысі ў прысутнасці Яся:

– Глядзі, каб госцю ані ў чым нястачы не было, бо… скуру спушчу.

– Стараюся, як магу, – апусціўшы вочы, адказала жанчына.

Ясь усміхнуўся.

Увечары Ясь і Марыся павячэралі і вельмі рана пайшлі спаць. Успаміны пра пяшчоты мінулай ночы агарнулі іх новымі жаданнямі.

Калі яны ўжо былі разам, Ясь праз некаторы час спытаў:

– Чаму ж ты выйшла замуж за такога гідкага дзеда?

– Хіба я па добрай волі?.. Бацькі прымусілі… Я ўтапіцца хацела… А цяпер вырашыла ўцячы… У мяне брат у Гомлі… Жанаты. Машыніст на чыгунцы… Я яму пісала, як мне кепска… Брат мяне вельмі любіў… Напісаў, каб я прыязджала… Што жыве ён добра… За жонкай яму далі дом і сады, і ён задаволены… Хутка я туды паеду…

– Можа, даць табе грошай на дарогу?

– Не трэба… Я сабрала столькі, што мне хопіць… Як стары не пільнаваў, то я на чорны дзень пазбірала. Ведала, што доўга не вытрымаю… Ты чуў, што ён маці сваю з дому выгнаў? На жабрачым хлебе жыве… Такі жмінда!..

Мінуў яшчэ адзін дзень і трэцяя, поўная эмоцый, ноч. Ігнат і гаспадар вярнуліся толькі апоўдні. А па абедзе яны замкнуліся ў «лабараторыі» і ўзяліся за працу.

Гаспадар паклаў на стол тоўстую звязку купюр. Там было адзінаццаць тысяч пяцьсот даляраў.

– Вы зірніце, раптам тут ёсць нядобрыя?

Ясь агледзеў грошы і прыйшоў да высновы, што для работы падыходзяць усе.

І праца закіпела. Ясь і Ігнат рэзалі паперу па памеры даляравых купюр. Пасля Ясь пачаў рыхтаваць хімікаты. Надвячоркам усё было гатова. У машынцы ляжаў пахкі пачак паперы, сціснуты дзвюма дошкамі. Пан Баніфацый і не падазраваў, што другі пачак, ідэнтычны з тым, у якім былі даляры, у ягоную адсутнасць (кліента выправілі па воцатную эсэнцыю) быў схаваны пад падушкай на Ясевым ложку.

Была сёмая гадзіна вечара. Ясь сказаў:

– Гэта павінна ляжаць так цягам трох гадзін, а пасля мы пакладзём усё на 12 гадзін у духоўку.

Распалілі агонь, каб разагрэць духоўку, і прыняліся за вячэру, якую і гэтым разам шчодра залівалі алкаголем.

Пасля вячэры, а дзясятай вечара, Ігнат урачыста прынёс «машынку» і змясціў яе ў духоўку.

– Не загорача будзе? – спытаў ён у Яся.

Хлопец засунуў у духоўку руку.

– Не… у самы раз.

Ігнат звярнуўся да гаспадара:

– Добра было б, каб хтосьці з нас тут спаў. Самі разумееце, пане гаспадар, 23 000 даляраў… Гэта вам не пальцам пераківаць.

– Канешне, канешне… – сквапна падтакнуў пан Баніфацый. – Я акурат пра гэта думаў.

– Можна прынесці сюды ложак, – прапанаваў Ясь.

– Навошта, – сказаў пан Баніфацый, падстаўляючы да печы крэсла. – Я тут і так пасяджу. Мне спаць зусім не хочацца.

– Калі вы так лічыце, – адказаў Ясь. – Толькі, калі ласка, абудзіце нас да дзясятай. Або а дзясятай самі дастаньце ўсё з духоўкі.

– І ўжо будзе гатова?

– Дакладна, – адказаў Ясь.

– Дабранач, – сказаў пан Баніфацый.

Прыяцелі скіраваліся ў свой пакой, а пан Баніфацый застаўся вартаваць скарб і адчайна абдумваў, як бы яму аднаму завалодаць ім.

«Проста выкіну смаркачоў за дзверы і прыгражу паліцыяй», – вырашыў урэшце пан Баніфацый.

Тым часам калегі паціху вылезлі праз акно ў сад, а адтуль праз паркан выбраліся на дарогу да тракту. Яны неслі з сабой адзінаццаць з паловай тысяч даляраў. У дадатак Ясь нёс успаміны аб пяшчотах сваёй выпадковай каханкі.

А на хутары заставалася адчыненым акно Марысінага пакоя (яна не ведала, што Ясь сёння сыдзе), і сядзеў ля духоўкі пан Баніфацый, пільнуючы складзеныя ў «машынку» шматкі паперы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю