Текст книги "Гляну я ў аконца..."
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц)
– Але ж той паніч ацаніў яго на паўмільёна, – спрабаваў бараніцца муж.
– Бо я яго ўпрасіла. Разумееш? А зрэшты, што такі блазнюк разумее. Той сам казаў, што не ведае, колькі гэта каштуе… І што тут казаць. Калі мы вырашылі, што папросім паўтара мільёна, чаму ты прасіў адзін?!
І сварка працягвалася. І думка пра страчаныя і такія блізкія мільёны даводзіла мужа і жонку да роспачы.
Увечары ў краму прыйшоў Ясь. Ён быў у падарожным паліто, а цераз руку ў яго быў перакінуты плед.
– Ну як, ці бераце вы карціну, бо я акурат з’язджаю?
– Вядома, бяром, – панура адгукнуўся армянін. – Але, можа, вы б крыху саступілі. Што ў гэтай карціне такога: і фарбы палопаліся, і брудная, і намалявана абы-як…
– Я нічога не магу саступіць. Або вы купляеце, або не. Я вас не прымушаю. Хваліць карціну таксама не буду. Прадаю вам тое, што вы бачыце. А калі цана не адпавядае, то і не купляй, пане гаспадар.
Праз паўгадзіны Ясь выйшаў з крамы, маючы ў кішэні 50 000 ост-рублёў (той пачак, які армянін атрымаў як задатак ад дырэктара) і 450 000 ост-рублёў золатам і даляравымі купюрамі. Гэтая сума была досыць нядобрасумленна пералічана армянінам. Але Ясь зрабіў выгляд, што не разбіраецца ў гэтым.
З таго часу гаспадар крамы і яго жонка больш ніколі не бачылі ані Яся, ані дырэктара. Бо калі назаўтра, а сёмай гадзіне вечара армянін з карцінай пад пахай прыйшоў у гатэль «Еўропа», то выявілася, што там няма аніводнага госця з падобным прозвішчам.
Так яны страцілі чатырыста пяцьдзясят тысяч рублёў і двух добрых кліентаў. Але дзіўная рэч, пасля гэтага выпадку сужэнцы менш сварыліся і менш перажывалі, чым напярэдадні, малюючы сабе магчымасць зарабіць уяўныя мільёны. Яны атрымалі крыху досведу і, на добрую памяць, партрэт «каханай нябожчыцы мамусі».
Але яшчэ доўга потым армянін падазрона пазіраў на кожнага кліента, які купляў дарагія цыгарэты або цыгары.
ГРАНДА
Залатая Паўця была каралевай Залатой Горкі. Другі месяц яна самастойна займалася крамай, уладальніцай якой стала. Крама была невялікая, але прыгожа адрамантаваная, светлая і зручная. Раней тут прадавалі канцтавары, але попыт на іх быў кепскі, і Паўця стала гандляваць содавай. Акрамя содавай, чыстай і запраўленай каляровымі сіропамі, тут можна было набыць цукеркі, шакалад, арэхі, семкі, садавіну.
У гандлі Паўця паказала сапраўдную чуйку. Яна ўмела так салодка прадаваць свой салодкі тавар, што збірала вакол крамы ўсё большую кліентуру. Абсалютна нечакана выявілася, што крама – ужо ў першы месяц – пакрыла ўсе выдаткі, ды яшчэ і прынесла прыбытак. Невялікі, але, беручы пад увагу тое, што гандаль толькі пачаўся і сур’ёзная сума пайшла на рамонт, абсталяванне і закупку тавару, можна было дапусціць, што справа пойдзе дасканала.
Жыццё Аліка Барана з Паўлінкай пайшло інакш. Паўця заўжды была з ім ветлівая, добрая, далікатная. Яна напраўду старалася адгадваць ягоныя жаданні. Клапацілася пра тое, каб у яго заўжды была чыстая бялізна і ахайнае адзенне. Паўлінка нават боты яму пачала чысціць, бо заўважыла, што каханак любіць, каб боты заўжды прыгожа блішчэлі. Але Алік не дазваляў ёй гэтага рабіць.
Калі Баран вяртаўся з горада, Паўця заўжды пяшчотна вітала яго, абдымала, цалавала, пытала, ці не стаміўся, рыхтавала ваду для ўмывання, гатавала ежу, дбаючы пра тое, каб каханак меў тое, што любіць.
Алік Баран не пазнаваў у ёй колішняй Паўлінкі. Гэта была абсалютна іншая жанчына, непадобная да той, якую ён ведаў да іх расстання. Цяперашняя Паўця стала для Барана здзяйсненнем яго старой мары… Але, нягледзячы на ўсё гэта, з Алікавай душы не знік недавер да яе. Часам неўпрыкмет ён назіраў за ёю і разважаў: «Ці ты напраўду такая, ці толькі вочы мне замазваеш?» Нават у матэрыяльных справах Паўка стала вельмі далікатнай. Да той ступені, што ніколі ўжо сама не прасіла грошай на пакупкі і хатнія выдаткі.
У Аліка мінула паласа няўдач, цягам якой ён нават залез у пазыкі. Цяпер «работы» самі ішлі ў рукі, і ён выконваў іх лёгка і ўпэўнена. Неўзабаве ён сплаціў пазыкі і займеў добры запас гатоўкі. Неяк увечары Паўлінка пачала лашчыцца да яго, а пасля сказала:
– Ведаеш што, каханы мой, мы цяпер шмат зарабляем. Грошай на ўсё хапае і яшчэ застаецца. Купляй золата. Невядома, што там далей будзе. Можа, змены якія. А залатыя грошы заўжды сваю цану маюць.
– Дзве дзясяткі я ўжо маю, – сказаў Баран і паказаў Паўлінцы залатыя манеты.
– Толькі ты добра хавай, каб не згубіліся.
– Не бойся, – адказаў Алік, – я ж не фраер.
Паўлінцы гэта не вельмі спадабалася. Яна хацела б ведаць, дзе каханак хавае грошы, але распытваць пабойвалася, каб ён не запасочыў яе ў карыслівасці.
Аднойчы да Аліка завітаў у госці Федзя Гусар. Гэта быў брат славутага ў цэнтральнай Расеі бандыта, пра якога хадзілі легенды. Пасля рэвалюцыі Гусар пайшоў братавай сцежкай. Той стаў бандытам у выніку спрэчкі з кіраўніцтвам і жадання адпомсціць. Гэты застаўся ў галечы пасля рэвалюцыі, а паколькі быў вельмі смелы і спрытны, стаў акулай і наводзіў жах на паліцыю некалькіх ваяводстваў. Урэшце, у асаблівай небяспецы Федзя даў драпака ў Вільню і тут знайшоў некалькі сваіх маскоўскіх калег. Праз іх ён адразу ж пазнаёміўся з рэштай зладзейскай арыстакратыі Менска.
Баран і Гусар доўга раіліся над здаўна запланаванай работай, за якую Федзя Гусар узяўся адразу ж пасля прыезду ў Менск. Гэта была гранда, або – як выражаўся Федзя – стопка. Гэта значыць, разбойны напад. Баран, як кваліфікаваны стары злодзей, вельмі неахвотна ішоў на гранду. Наогул, злодзеі-спецыялісты не любяць такога кшталту спраў. Маўляў, «нічога тут складанага няма, фраерам руляй пад насы тыцкаць і форсу трэсці. Гэта любы хамуйла зможа. Ты яму пыл у вочы пусці і так нагрэй, каб ён сам нічога не заўважыў».
У гэтай непрыхільнасці прафесійных злодзеяў да разбойных нападаў вялікую ролю грае звычайны разлік. Калі трапіцца на крадзяжы, прысуд не будзе занадта вялікім. А вось засыпаешся на грандзе – і пакаранне можа быць вельмі суворае… Удзел прафесійных злодзеяў у разбойных нападах мінімальны. Большасць з іх у нармальныя часы наогул такога віду работы не прызнае. Пераважна гэта сфера дзейнасці людзей, выпадкова збітых з панталыку, яны пачынаюць напады ў роспачы, а працягваюць, не маючы дарогі назад (калі іх выкрываюць), і так і ідуць гэтай сцежкай… да смерці або да здрады і шматгадовай турмы.
Напад планавалі зрабіць на кватэру багатага ўладальніка фабрыкі малочных прадуктаў і некалькіх спецыялізаваных крамаў. Пасля падрабязнага вывучэння тэрыторыі і складання плана, было прынята рашэнне, што для работы будзе дастаткова пяці чалавек. Паўдзельнічаць прапанавалі і Ясю. Гусар зморшчыўся: «Замалады!» Але Баран сказаў: «Я яго добра ведаю. Супольнік. Не горшы за цябе або мяне будзе». Ясь ахвотна пагадзіўся. Канакрад Малыш і яго калега Рулет, якія мелі зброю, замыкалі пяцёрку. Для Яся Алік назаўтра набыў бельгійскі браўнінг. У яго самога быў наган. Ён не давяраў аўтаматычнай зброі.
Праз два дні, цёмным вечарам, уся пяцёрка шпацыравала вуліцай паблізу месца планаванага нападу. Яны былі тут ужо даўно, але работы не пачыналі. Утварылася перашкода: па іншым баку вуліцы, амаль адначасова з імі, з’явіліся дзве групкі людзей па трое, яны праходжваліся туды-сюды. Было так цёмна, што іх фігуры ледзь можна было адрозніць.
Пяцёрка Барана чакала, калі перашкода знікне. Думалі, што гэта звычайныя мінакі або гуляе сабе хто. Але тыя прайшліся да канца вуліцы павярнулі і такім самым парадкам пайшлі назад.
Гэта паўтарылася некалькі разоў. Федзя Гусар вылаяўся і вярнуўся да Барана:
– Што гэта за халера! Можа, псы?.. Пайду зірну…
– Табе нельга, – запярэчыў Баран, – ты засвечаны… Паніч пойдзе…
Ясь пакінуў Аліку свой пісталет і перайшоў на супрацьлеглы ходнік. Там паволі скіраваўся да людзей, што ішлі яму насустрач. Калі яны размінуліся, недаверліва, але пільна прыглядаючыся ў паўзмроку, у першай тройцы Ясь пазнаў Ігната Кулікоўскага.
– Паніч?! – гукнуў Ігнат.
– Я.
– А там хто? – Ігнат паказаў рукой на супрацьлеглы ходнік.
– Свае хлопцы: Мангол, Гусар і яшчэ двое.
– Што вы тут робіце?
– А вы што?
– Шпацыруем.
– Мы таксама.
На гукі размовы Алік Баран і рэшта яго прыяцеляў перайшлі вуліцу. Сталі гурмой. Пасля кароткай размовы злодзеі зарыентаваліся, што прыйшлі дзвюма групамі на адзін напад. Для іх гэта было дзіўна і камічна. Пасля кароткай нарады вырашылі рабіць гранду разам. Шкада было змарнаванага часу, але яны спадзяваліся, што будзе чым падзяліцца.
Спехам пачалі складаць новы план дзеяння. Ясь павінен быў застацца на вуліцы і пільнаваць калег. Баран, Федзя Гусар, Ігнат і Малыш павінны былі ўвайсці ў кватэру спераду. Рулет пільнаваў падворак і чорны выхад. Пяць чалавек: Антэк Турак, Жарабок, Партач, Міхась Глузд і Ландыш – атрымалі заданне глядзець за сыраварнямі і складамі, каб ніхто з прысутных там работнікаў не выйшаў з двара.
Алік Баран яшчэ дома дамаляваў сабе крыху большыя вусікі і падвёў цені пад вачыма. Акрамя таго, зрабіў зморшчыны ад куткоў вуснаў да барады і наляпіў пластыр на левую шчаку. Ігнат надзеў акуляры і зачасаў валасы нізка на лоб. Падбароддзе ён хаваў у пастаўленым каўняры курткі. Іншыя – хто павінен быў працаваць у кватэры – таксама розным чынам падмянялі твары і адзенне. Федзя Гусар ніякім грымам не карыстаўся. Ён і так быў «засвечаны», таму не пераймаўся, што яго апісанне трапіць у паліцыю.
Гусар пазваніў у пярэднія дзверы. Усе скіраваліся на вызначаныя месцы. Праз пэўны час у кватэры раздаліся крокі, а пасля дзверы прачыніліся.
– Хто там?
– Я з паліцыі! – рэзка сказаў Гусар. – Чаму ў вас паркан ляжыць на ходніку? Гаспадар дома?
– Няма.
– А гаспадыня?
– Гаспадыня ёсць.
– Калі ласка, адчыніце дзверы. Трэба скласці пратакол.
Бразнуў ланцуг, і дзверы адчыніліся. Чацвёра бандытаў увайшлі ў сярэдзіну. Баран замкнуў дзверы на ключ. Федзя Гусар, Ігнат і Малыш ішлі за служанкай. Зброю ніхто не даставаў, хоць кожны і трымаў яе напагатове. Дасведчаныя бандыты ведаюць, што ад выгляду зброі з жанчынамі могуць здарыцца прыпадкі гістэрыкі, а гэта перашкаджае працаваць. Адразу ж сабралі ўсіх сямейнікаў у сталовым пакоі. Там было сем чалавек: двое дзяцей, адзін мужчына, дзве служанкі, гаспадыня і ейная дачка..
Федзя Гусар сказаў прысутным:
– Спакойна, калі ласка… Ні пра што не пытаць і не размаўляць… Вы, – звярнуўся ён да гаспадыні, – выдасце нам усе грошы і каштоўнасці… Раю нічога не хаваць, бо мы ўсё ведаем.
Але выявілася, што гаспадыня мае толькі невялікую колькасць гатоўкі і крыху ўпрыгожанняў. Рэшта грошай і каштоўнасці знаходзіліся ў незгаральнай шафе ў кабінеце мужа. Дзе ключ ад шафы, гаспадыня не ведала.
– Хутчэй за ўсё, у мужа з сабою.
– Калі вернецца муж? – спытаў яе Гусар.
– Павінен быць неўзабаве.
– Пачакаем, – сказаў Гусар.
У сталовым пакоі пакінулі гаспадыню з дачкой. Рэшту сямейнікаў вывелі ў спальню з адным акном з боку двара. З імі на варце пакінулі Ігната і Малыша. Алік Баран і Гусар у кухні з жанчынамі чакалі званка. Баран абкруціў нейкім шалем электралямпу і пакой паглыбіўся ў паўзмрок.
Тым часам Антэк Турак, Жарабок, Партач, Міхал Глузд і Ландыш са складоў і сыраварняў сабралі людзей. Іх было нечакана шмат, каля дваццаці. Усіх сагналі ў сыраварню і загадалі працаваць далей. Старанна праверылі ўсе памяшканні і двары, каб ніхто не вышмыгнуў.
Ясь, стоячы за нізкім парканам, назіраў за вуліцай. Яго заданне было дастаткова сур’ёзным, бо хтосьці з сямейнікаў мог незаўважна выслізнуць і выклікаць паліцыю. У гэтым выпадку – калі б з’явіліся паліцэйскія – Ясь павінен быў папярэдзіць калегаў двума стрэламі з пісталета.
Час цягнуўся. У пэўны момант з брамкі падворка выйшаў Баран і ціха свіснуў два разы. Ясь адгукнуўся. Баран падышоў да яго.
– Спакойна?
– Так. Доўга корпаецеся…
– Чакаем гаспадара… У яго ад скрынкі клавіша.
Баран вярнуўся ў кватэру. Ясь застаўся на сваёй пазіцыі. Было ўжо позна, калі да пярэдніх дзвярэй падышоў нейкі мужчына і пазваніў. Пакуль той набліжаўся, Ясь размясціўся так, каб было лёгка перарэзаць яму дарогу, калі мужчына стане адступаць.
Але гэта было непатрэбна. Дзверы адчыніліся, і ягамосць увайшоў у сярэдзіну.
– Мае вітанні шаноўнаму пану! – замыкаючы дзверы, звярнуўся да гаспадара дома Гусар. – Ох і доўга мы на пана чакалі.
– А ў чым справа? – прамовіў здзіўлены гаспадар.
– Справа ў гатовачцы і дадатачках, тых, што ў незгаральнай шафе, – адказаў Гусар. – Мы б і самі ўзялі, але ключык пан фабрыкант забраў з сабою.
– А па якім праве!.. – ускіпеў фабрыкант.
– Спакойна! Спакойна! – панізаў голас Гусар. – Па вашым праве: па праве дужэйшага і спрытнейшага. Разумееце…
– Гэта грабеж…
– Ага!.. Можна сказаць далікатней: эксік… Але калі вы так жадаеце, то хай будзе грабеж…
– Ключа ў мяне няма! – цвёрда сказаў фабрыкант.
Федзя Гусар уважліва паглядзеў ахвяры ў вочы і рэзка, упэўнена сказаў:
– Ключ знойдзецца!.. А калі не знойдзецца, – ён панура сцішыў голас, – то дачушку мы возьмем з сабою, і тады, пане, вы заплаціце выкуп. А калі мы не атрымаем выкупу, то памятайце: увесь ваш заводзік і дом дымам возьмуцца… Нас тут адзінаццаць тузоў, і аніякая паліцыя ані дапаможа, ані абароніць… Мы маглі б вас, пане шаноўны, прыціснуць крыху, то вы б нам самі жвавенька ключ аддалі. Але я так працаваць не люблю… Таму ключ, калі ласка!..
Фабрыкант маўчаў. Твар яго быў чырвоны. На ілбе выступіў пот.
– Паненка, апранайцеся! – звярнуўся Гусар да дзяўчыны, што сядзела за сталом. – Нам вядома, колькі ў вас у сейфе. Выкуп будзе нашмат большы.
– Татачка! – звярнулася да бацькі дзяўчына. – Татачка, аддайце ім грошы… Мы яшчэ заробім…
Федзя Гусар абшукаў фабрыканта, але ключа пры ім сапраўды не было. Тады ён загадаў Барану паклікаць двух людзей з сыраварні і Малыша. Калі тыя прыйшлі, ён загадаў ім звязаць людзей пад аховай.
Тым часам дзяўчына ў слязах апранулася. Ейная маці звярнулася да мужа:
– Аддай жа ім ключ… Што ты, з-за дурных грошай хочаш дачку загубіць… Невядома, што з ёй там будзе.
– Будзьце спакойная: сытая і цэлая будзе. Яе ёсць каму пільнаваць. Для нас гэта дарагі чалавечак. Не пакрыўдзім.
Тады Гусар звярнуўся да фабрыканта:
– Выкуп за дачку: 40 000 даляраў. Праз сем дзён штовечар хадзіце з гэтымі грашыма Захар'еўскай вуліцай правым бокам у кірунку Залатой Горкі да касцёла. Калі да вас падыдуць мае людзі або я і спытаюць: «Ёсць у вас 40 000?» – тады аддасце грошы. Тады мы дачку выпусцім. А цяпер дазвольце, панове, звязаць вас, каб заўчасна не псаваць паліцыі нерваў.
Кавалкам вяроўкі Гусар звязаў рукі фабрыканту і ягонай жонцы. Пасля прывязаў канцы да фатэля.
– Праз 10 хвілін, калі зможаце развязацца, можаце біць трывогу… Паненку ласкава прашу з намі… Пойдзем пад ручку. Да пабачэння, панове…
– Чакайце, – сказаў фабрыкант.
– Слухаю шаноўнага пана, – адгукнуўся Гусар, які ўжо збіраўся выходзіць.
– У мяне ёсць ключ!..
– Цуд… Гэта пазбавіць клопату і нас, і вас… Ну, і выдаткі будуць меншыя…
– Латруга! – не вытрымаў фабрыкант.
– Не нервуйся, калега, – адказаў Гусар. – Я ведаю, што ты не любіш канкурэнтаў.
Гусар разрэзаў вяроўкі на руках фабрыканта. Пакінуў на варце ў сталовым пакоі Малыша і разам з Баранам скіраваўся за фабрыкантам у кабінет. Фабрыкант адкрыў кніжную шафу і са схову над верхняй паліцай дастаў ключ.
– Папрашу вас адамкнуць сейф і адступіць! – загадаў яму Гусар. – Я ведаю, што там зараджаны браўнінг.
Калі дзверы сейфа былі адчыненыя, Гусар пачаў даставаць з яго тоўстыя пачкі купюр і скрынкі з каштоўнасцямі. Ён нядбайна кідаў усё ў адкрытую валізку.
Ачысціўшы сейф, усе вярнуліся ў сталовы пакой. Гусар выклаў змесціва валізкі на стол.
– Трэба тут падзяліць, – сказаў ён Барану. – Часу ў нас поўна.
Пачалі лічыць грошы і дзяліць іх на адзінаццаць частак. Жонка фабрыканта звярнулася да Гусара:
– Аддайце мне медальён. Гэта памяць пра маці.
– Калі ласка. Заручальныя пярсцёнкі таксама можаце ўзяць… – ён працягнуў ёй медальён і пярсцёнкі.
Урэшце грошы, манеты і біжутэрыя згоднай калегіяльнай ацэнкай былі падзеленыя на адзінаццаць частак. Кожны атрымаў вялікую суму грошай у купюрах, далярах і золаце.
Цёмнай ветранай ноччу Ясь і Баран завулкамі прабіраліся на Залатую Горку.
ЯСЬ ДАВЕДВАЕЦЦА, ШТО ЁН ФРАЕР
Казік Марэцкі спраўна, без шуму, нажом выразаў і выдзіраў з аконнай рамы акамянелыя кавалкі кіту. Гэта цягнулася даволі доўга. Калі б тут у акне была фортка, праца пайшла б хутчэй, але фортка была ў акне з боку вуліцы і туды з рогу падала святло ліхтара. Яны вымушаныя былі пачаць «шніф» з саду на падворку.
Калі кіт дасталі, Казік нажом паадгібаў цвікі, прытрымліваючы шыбу, і дастаў яе з рамы. Нейкі момант ён прыслухоўваўся. Унутры было ціха. Тады Казік засунуў руку ў сярэдзіну і паволі, другой рукой прыціскаючы раму, адкруціў засаўку і адчыніў акно. Адставіў з падаконня некалькі гаршкоў з кветкамі.
Кароткая бліскавіца ліхтарыка прайшла праз рассунутыя фіранкі і пераканала злодзея, што ўсё ідзе добра. Тым часам Ясь зняў чаравікі і паставіў іх на лавачцы ля акна.
– Можна… – шапнуў яму Казік.
Ясь ціха ўлез на падаконне і спусціўся ў пакой. Ён адсунуў фіранкі ўбок. У пакоі панаваў паўзмрок. Толькі адзін кут быў крыху яснейшы ад святла, што наўскос падала ад вулічнага ліхтара.
Колькі разоў Ясь асвяціў вузкімі палоскамі ліхтарыка пакой. Знайшоў адзежную шафу. Ціха наблізіўся да яе і адамкнуў дзверцы. Знайшоў злева валізку.
Менавіта яна і была яму патрэбная. Там было яшчэ шмат сукенак, футры, палітоны. Але ён больш нічога не ўзяў. Дамова была такая: барахла не браць. Здавалася, Ясь не хадзіў, а плыў па пакоі.
Валізачку ён аднёс да акна і перадаў Казіку. Пасля вярнуўся ў пакой і агледзеў шуфляды камоды. Урэшце, ён наблізіўся да ложка. Вузкая паласа ліхтарыка асвятліла жанчыну: гаспадыня кватэры спала. Ясь убачыў руку пад галавой і нахілены ўлева твар. Вусны былі злёгку адкрытыя. Вочы заплюшчаныя. У паветры лунаў далікатны пах парфумы. Ясь доўга глядзеў на жанчыну. Яму хацелася нахіліцца і пацалаваць яе. Было дзіўна, раздражняльна і прыкра, што яны крадуць у яе… Ён адчуў агіду да сябе… Пачаў спяшацца. Забраў з начнога століка торбачку, узяў гадзіннік, але праз момант паклаў яго на месца. Высунуў шуфлядку, але не знайшоў у ёй нічога каштоўнага.
І раптам ён адчуў: побач штосьці змянілася. Ён перакінуў палоску святла ўправа і ўбачыў шырока расплюшчаныя, цёмныя, напалоханыя вочы. Павекі адразу ж прымружыліся. Жанчына прыкінулася, што спіць. Яна не памяняла позы, не варухнулася. Толькі Ясь заўважыў, што коўдра ў тым месцы, дзе павінны былі быць падціснутыя калені, быццам бы дрыжыць.
Некаторы час Ясь стаяў нерухома каля ложка, пасля пачаў адступаць да акна. Вылез з пакоя і надзеў чаравікі. Пасля разам з Казікам хутка выйшаў на вуліцу. Ніхто не крычаў, ніхто за імі не гнаўся.
На Казікавай маліне супольнікі агледзелі крадзеныя рэчы. У торбачцы было крыху гатоўкі, дакументы, лісты і жаночыя дробязі. Але разлічвалі не на гэта. Справа была ў валізачцы.
Працавалі па наводцы. Ахвяра – знакамітая аперэтачная артыстка, якая грала раней у вялікіх гарадах Расеі, а цяпер выступала ў летнім тэатры «Рэнесанс». Казіку перадалі, што акцёрка мае ўпрыгожанні вялізнай вартасці, якія надзявае на сцэне і якія носіць з сабою ў валізачцы. Інфармацыя была вельмі дакладная і мела ўсе рысы праўдападабенства. Казік дамовіўся з Ясем, і яны супольна зрабілі «шніф».
У валізцы была пара бялізны класу люкс, дзве пары газавых панчох, цялеснае трыко, блакітны шаль, некалькі насовачак, памады, станік і чатыры скрынкі з упрыгожаннямі. Да таго ж два калье, бранзалеты, завушніцы і медальён. Ясь і Казік адразу зарыентаваліся, што гэта толькі імітацыя дарагіх камянёў. Нават золата было несапраўдным.
– Ліпа, а не шкельцы! – раззлавана сказаў Казік. – Сабе карысці ніякай, а «далаторцы» страта…
І ён моцна вылаяўся.
Ясь, сам не ведаючы чаму, прапанаваў Казіку ўзяць усе грошы, а сам бы ён забраў сабе ў долю ўсе рэчы. Казік ахвотна пагадзіўся.
– Толькі глядзі, каб цябе з гэтым не замялі, – сказаў Казік. – Не давай насіць ксютам[29]29
Ксюта – маладая дзяўчына.
[Закрыть], бо раз-другі засвецяць, а скруцяць цябе.
Дома Ясь перабраў вынесеныя ад акцёркі дробязі. Дакументы вырашыў, згодна са звычаем фірмовых злодзеяў, падкінуць непасрэдна ёй або ў паліцыю, у скрайнім выпадку даслаць поштай.
З торбачкі хлопец дастаў тоўсты пачак лістоў. Там было і некалькі фотаздымкаў. На адным ён убачыў партрэт нейкага афіцэра царскай арміі. На адвароце быў подпіс: «Каханай, незабыўнай, найдзівоснейшай багіні маёй…» Пасля ён прагледзеў яшчэ некалькі фотаздымкаў мужчын, у большасці сваёй з вельмі чулымі подпісамі. У асобным канверце было ажно шэсць здымкаў акцёркі, тры ў касцюмах і тры цалкам аголенай.
Ясь пачаў чытаць лісты. Усе былі ад яе прыхільнікаў. У некаторых ёй прызнаваліся ў каханні, у іншых малілі пра спатканне. Нейкі прамысловец прасіў, каб яна стала ягонай жонкай, і канкрэтна пералічваў, якія выгоды яна з гэтага займее.
Гэта прыгода расстроіла Ясевы планы. Ён усё яшчэ думаў пра акцёрку, пра тую ноч у ейнай спальні, згадваў у найдрабнейшых дэталях яе выгляд у ложку пры святле ліхтарыка. Ён меў непераадольнае жаданне ўбачыць яе.
Праз два дні пасля крадзяжу ў газеце з’явілася аб’ява:
«Забраныя ў мяне памылкова дакументы прашу вярнуць за вялікую ўзнагароду ў касу тэатра “Рэнесанс” для….»
Ясь зрабіў інакш: склаў усе рэчы ў валізку, запакаваў у скрынку і даслаў поштай на прыватны адрас акцёркі. Праз некалькі дзён, у нядзелю, Ясь пайшоў у тэатр на аперэту. Ён сядзеў у першым шэрагу і нецярпліва чакаў з’яўлення акцёркі на сцэне. Цяпер яна падавалася яму яшчэ прыгажэйшай. Яна так цудоўна спявала і танчыла, так чароўна выглядала. І з таго дня Ясь стаў вялікім аматарам аперэты.
Хлопец заўважыў, што артыстцы часта ўручаюць букеты і кошыкі з кветкамі. Сцяміўшы, што гэта ад прыхільнікаў ейнага таленту, ён даведаўся ў парцье, як гэта робіцца, і пачаў штодня дасылаць на сцэну вялікія букеты руж. Акрамя таго, кожныя некалькі дзён ён дасылаў кветкі ёй на кватэру.
Грошай у Яся было шмат, таму выдаткі на кветкі яго не пераймалі.
Пастаянная прысутнасць хлопца ў тэатры, дзе ён заўжды сядзеў у першым шэрагу, прыцягнула ўвагу акцёркі. Можа, яна здагадалася сама, а можа, супрацоўнікі паведамілі ёй, што менавіта ён увесь час дасылае кветкі. У кожным разе, Ясь пачаў заўважаць на сабе ейныя позіркі. Некалькі разоў ён быў перакананы, што яна яму ўсміхаецца. Яму вельмі хацелася ўбачыць яе бліжэй і паразмаўляць з ёю. Урэшце ён наважыўся пакласці ў кошык кветак канверт з карткай, на якой напісаў:
«Захоплены Вашай прыгажосцю і талентам, прагну паразмаўляць з Вамі. Калі гэта магчыма, прашу, напішыце мне колькі словаў і пакіньце ліст у парцье для Алоньскага».
Праз два дні Ясь атрымаў ад парцье маленькі блакітны канверт, з якога дастаў таксама блакітны аркуш паперы.
«Чакаю Вас заўтра ў вялікім антракце ў сваёй грымёрцы».
Назаўтра ў пазначаны час Ясь пагрукаў у грымёрку артысткі.
– Заходзьце, – пачуўся з сярэдзіны раздражнёны голас.
Зусім не падобны да таго, які ён звычайна чуў з эстрады. Гэта крыху збянтэжыла хлопца, але ён адчыніў дзверы і ўвайшоў.
– Ах, гэта вы… пан… пан… Алоньскі…
Голас змяніўся да непазнавальнасці. Знікла сухасць, нецярплівасць, раздражненне. Загучалі мяккія, глыбокія тоны…
– Сядайце, калі ласка…
Акцёрка грыміравала твар. На плечы быў накінуты цёплы халат. Яна рыхтавалася да другой дзеі.
– Дзякую, – сказаў Ясь і сеў на крэсла побач з люстэркам.
– Вы хацелі зблізку ўбачыць, як выглядае жанчына, што з’яўляецца на сцэне то каралевай, то гейшай… – казала яна Ясю, седзячы да яго паўабаротам і ўсміхаючыся.
Яся бянтэжыў свабодны строй жанчыны. З-пад халата былі бачныя ейныя ногі ў доўгіх панчохах цялеснага колеру. Блішчэлі ў святле вялікай лямпачкі аголеныя рукі, і праз гэта хлопец нямеў.
– Так… Я вельмі люблю тэатр… А ваша выкананне мне спадабалася асабліва…
– І таму вы вырашылі збанкрутаваць, набываючы для мяне кветкі…
– Я хацеў зрабіць вам прыемна…
– Дзякуй вялікі… Вы ўвесь час жывяце ў Менску?
– Не… Я жыву на вёсцы… У мяне маёнтак пад Барысавам, – схлусіў Ясь. – У горад я прыязджаю.
– А цяпер адвярніцеся, – сказала акцёрка, падыходзячы да люстэрка. – Мне трэба пераапрануцца для сцэны.
Ясь сеў бокам да люстэрка і спінай у пакой. Ззаду ён чуў шапаценне тканіны. Гук расшпільвання гаплікаў. Раптам ён заўважыў у маленькім люстэрку на століку ля сцяны адбітак той часткі пакоя, дзе знаходзілася жанчына. Магчыма, люстэрка забылі там адмыслова для госця. Ясь убачыў цалкам аголеную жанчыну. Ён не ведаў, што рабіць. Цікаўнасць вымушала яго глядзець у люстэрка, а адначасова ён баяўся, што акцёрка можа гэта заўважыць. Таму ён адводзіў твар як надалей улева, а скоса паглядаў направа.
– Гатова… Як я вам падабаюся ў гэтым строі?
Ясь агледзеў яе і шчыра сказаў:
– Цудоўна!
Жанчына дакранулася да яго вуснаў пальчыкамі правай рукі і сказала:
– Цяпер мне трэба на сцэну… Завітвайце да мяне… Сёння не было часу паразмаўляць… Добра?..
– З вялікай прыемнасцю.
І Ясь стаў частым госцем у грымёрцы актрысы. Ён дасылаў ёй усё больш кветак і ўсё смялей размаўляў з ёю. Два разы ён адвёз яе фурманкай дадому. Але ніколі не наважыўся на двухзначны жарт або пацалунак. Яна была для яго істотай найвышэйшага рангу, і ён мог толькі марыць пра яе як пра жанчыну, якую можна песціць так, як Марусю Лобаву. З апошняй, зрэшты, Ясь перастаў дачыняцца пасля таго, як закахаўся ў акцёрку. Лобава была здзіўлена. Яна заўважыла, што каханак пазбягае ейных пяшчот, і спытала:
– Я табе ўжо абрыдла?
– Не…
– Дык чаму ты такі халодны са мною?
– У мяне праблемы.
– Якія?.. Можа, я табе неяк дапамагу або штось параю?
Але Ясь адвязваўся ад яе агульнымі фразамі і ўсё радзей наведваў. Ён сапраўды закахаўся ў актрысу. Не бачыў таго, што яна прынамсі на 15 гадоў старэйшая за яго, што жыццё моцна яе пашкуматала і толькі грым, раскошныя строі і прыгожыя рэчы складалі ўсю ейную аздобу. Ясь нават марыў пра яе як пра жонку. Але поруч з ёю ён адчуваў сябе такім нікчэмным, што самі мроі лічыў нахабствам.
Неяк увечары, калі Ясь выходзіў з тэатра пасля адведзінаў у актрысавай грымёрцы, на вуліцы яго ўзяў пад руку адзін стары акцёр, у аперэтачнай трупе яго ледзь трывалі. Ён, як заўжды, быў на падпітку.
– Каралевіч мой каханы! – сказаў ён Ясю трагічным шэптам. – Што табе чалавека шчаслівым зрабіць. Вазамі кветкі дасылаеш гэтай голай прымадонне… Дай мне дзве сотні на лекі для жонкі… Я – творца, у мяне прызванне, а хто гэта разумее?.. Талент цяпер не аплачваецца. Толькі рэклама і прыгожыя ногі… А ў мяне ані рэкламы, ані ног, толькі талент і пуза… Вось і з голаду давядзецца падохнуць…
Ясь паспешліва дастаў з партманэ дзвесце рублёў і даў іх акцёру.
– Гран мярсі, мусьё!… Я лічу гэта пазыкай. І прашу памятаць, што я табе – сябар… Я… Сэмп-Сыркоўскі… змарнаваны, непрызнаны талент… Так…
Ён абняў Яся і пацалаваў.
– Ведаеш, каханы, я сёння з раніцы нічога не еў… Слова гонару!.. Толькі вось, гарэлкі ў сталярцы налілі… За гэта я блазнаваў паўгадзіны… Такое жыццё, каралевіч…
Ясь хацеў развітацца з акцёрам, але той раптам пляснуў сябе рукой па ілбе.
– Ведаеш, каралевіч, калі паставіш вячэру з кропелькамі, я табе ўладжу інтарэсік з галадоннай… Што, не верыш? Слова гонару…
– Я вас не разумею.
– Зараз зразумееш… Ты ёй там на тысячы кветак недасылаў… Але ты ж мужчына… Вядома, у чым тут справа… А я так інтэрас скірую, што яна сама да цябе ў ложак заскочыць… Нашто кветкавыя крамы карміць…
Ясь здзіўлена слухаў шчыроты п’янага акцёра. Урэшце, вельмі зацікаўлены, ён зразумеў, што той сур’ёзны ў сваіх намерах.
– Я бачу, што ты чалавек добры, – казаў акцёр далей, – і мне цябе шкада… Вось і я цябе ашукаў… Аніякай жонкі ў мяне няма… А грошы мне на гарэлку патрэбныя… Гарэлка – гэта таксама лекі… Мне гарэлка больш за хлеб патрэбная…
– Дык як вы гэта збіраецеся зрабіць!? – спытаў Ясь.
– Справа ясная, як раніца майская… Запрашу яе і цябе на вячэрачку… Яе адпаведна падрыхтую… Дзве тысячы ў дэкальтэ і гатова… Ну, і мне, каралевіч, па факце, рублікаў пяцьсот адшкадуйце… Вячэрачка таксама будзе каштаваць з пяць соценек…
Вырашылі так, што Сэмп-Сыркоўскі запросіць акцёрку ў суботу пасля спектакля да сябе на вячэру, патлумачыўшы ёй справу. Ясь даў яму 1 500 рублёў задатку. Ён дапускаў, што акцёр пускае пыл у вочы, але справа была не ў грошах. А прапанова зацікавіла яго як эксперымент: «Ці магчыма, каб такая прыгожая і таленавітая жанчына пагадзілася гандляваць сваім целам?»
У чацвер і пятніцу Ясь у тэатр не пайшоў, а ў суботу па абедзе яны разам з акцёрам купілі він, гарэлак і розных закусак. Падрыхтавалі ўсё старанна. Акцёр з гэтай мэтай зняў у сваёй гаспадыні вялікі, размешчаны побач з ягоным, сталовы пакой.
– Пасля вячэры, – сказаў акцёр Ясю, – я вас пакіну. Карыстайцеся маім пакоем. Бялізна свежая, пакой зацішны, зможаш дэтальна даследаваць усе геатапаграфічныя ўзвышшы і западзіны нашай чароўнай галадонны… А грошыкі падрыхтаваныя. Тысячку я ёй даў. Узяла і на другую аблізнулася.
– Ці лёгка яна пагадзілася? – спытаў Ясь.
– Калі ёсць дынаміт, – акцёр пацёр указальным пальцам аб вялікі, – то любую цноту можна разбурыць. Толькі трэба ўмець за справу ўзяцца. Што праўда, ідыёту то і дынаміт не дапаможа… А вы, мой каралевіч, я бачу, у такіх справах недасведчаны… Не… Гэтаму мастацтву час і жыццё навучаць…
Увечары Ясь застаўся ў кватэры, а Сэмп-Сыркоўскі брычкай паехаў у тэатр. Але папярэдне ён узяў у Яся яшчэ тысячу рублёў. Праз гадзіну ён вярнуўся разам з акцёркай, якая была ўбраная на дзіва (для Яся) сціпла. Хлопец прызвычаіўся бачыць яе ў бліскучых строях, з дэкальтэ, у трыко ці паўаголенай. Цяпер ён амаль не пазнаваў яе і быў збіты з панталыку.
Сэмп-Сыркоўскі быў вельмі вясёлы. Адразу запрасіў гасцей за стол і як найхутчэй напоўніў кілішкі.
– Здароўе Клеапатры! – урачыста абвясціў ён, строячы камічную міну.
Ён часта наліваў, еў, піў, прамаўляў гумарыстычныя, а часам і дурнаватыя тосты. Яся ён называў каралевічам, а пасля Антоніем. Пасля мноства кілішкаў у Ясевай галаве зашумела, але весела яму не было. Яму быў прыкры інтэрас, зладжаны для яго акцёрам. Жанчына таксама напілася. Гучна смяялася, пачала спяваць урыўкі арый з аперэт.
Было ўжо позна, і акцёр, абсалютна п’яны, бо піў часта і без тостаў, развітаўся з Ясем.
– Прыемных сноў жадаю… І глядзі не асаромся, бо гэта жанчына-вулкан… Не дагодзіш ёй, морду разаб’ю!
Ясь застаўся сам-насам з акцёркай. Жанчына была п’яная. Як толькі Сыркоўскі выйшаў, яна сказала Ясю:
– Спаць хачу… Дзе ложак?.. Гэй ты, смаркач… Я пытаюся… Аднясі мяне… Атрымаеш на гарэлку…
Ясь аднёс яе ў суседні пакой і падрыхтаваў ложак.
– Распрані і хутка, бо паганю ў карак… Зразумеў?
Хлопец паслухмяна, але не надта зграбна распрануў яе. Акцёрка пачала ікаць. Яна ляжала голая на ложку, пазірала на Яся і штохвілінна выцягвала да яго ўказальны палец.