355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 12)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 13 страниц)

НАША ВЯЗНІЦА З КАМЕННЯ

У вадзе, у паветры, у лесе ўсё сапраўднае. Акула – гэта акула, арол – арол, воўк – воўк. Калі акула прыкінецца плоткай – ніхто ёй не паверыць. Воўк таксама не будзе ўдаваць вавёрку. А ў звычайным жыцці шакал паспяхова прыкідваецца вавёркай, і ўсе захапляюцца: «Глядзіце, якая міленькая вавёрачка!»

Наша грамадства дзіўнае. Брудныя падлы і духоўная галота часта граюць галоўныя ролі і з’яўляюцца аўтарытэтамі. У крымінальным свеце так не атрымаецца. Там чалавек можа заняць толькі тое месца, якое яму належыць. Уваходзячы ў турэмную камеру, чалавек пакідае за яе мурамі ўсю тую зброю, якая дазваляла яму, насуперак законам прыроды, займаць неадпаведнае становішча. У камеры і ў турме вязень атрымлівае такое месца, якога ён варты. Яго пазіцыю ў турме вызначае сіла характару і волі. Там жыццё, быццам гадзіннікавы майстар, размяшчае ўсё на адпаведных месцах. Турэмная адміністрацыя можа прызначыць вязню аддзяленне і камеру. Пазіцыю сярод вязняў вызначыць ягоны характар.

Натуральна, што турэмная эліта складаецца з прафесійных злачынцаў. Яны маюць вызначальнае слова і ад іх часта залежыць лёс турмы. Прафесійныя злачынцы выступаюць у якасці палітычнай сілы, з якой вымушаныя лічыцца і вязні, і адміністрацыя.

Падрабязней я напішу пра гэта ў кнігах, адмыслова прысвечаных гэтаму жыццю. Тут толькі згадаю, каб сказанае мной не зразумелі няправільна. Да фраера ў турме сукамернікі не палезуць: да яго няма даверу, з яго поглядамі не лічацца, але калі ён праявіць сілу духу і салідарнасць, то пашана яму будзе надзвычайная – за тыя ж якасці, праяўленыя на свабодзе, яго наўрад ці паважалі б больш.

Галоўная сіла ў турме – гэта не сотні і не дзясяткі вязняў, а часта толькі некалькі чалавек. Часам адміністрацыя, хоць і гне сваю палітыку, выяўляецца бездапаможнай у змаганні з імі. Іхні ўплыў на рэшту арыштантаў такі вялікі, што яго нельга не браць у разлік. Былі выпадкі, калі адміністрацыя старалася знішчыць аднаго з такіх турэмных дыктатараў. Часта гэта быў хворы, слабы фізічна чалавек. Тады «без нагоды» ўздымаліся бунты, якія часам заканчваліся крывёю. Адміністрацыя турмы пазбягае такіх рэчаў, бо яны сур’ёзна ёй шкодзяць. «Сапраўдныя» вязні дарма на вочы не «палезуць»: «Ёсць турмы – то павінна быць і ўлада ў іх», але за правы свае яны пастаяць і ў сваім асяроддзі сочаць за дысцыплінай. Лёсу капорніка можна толькі паспачуваць.

Менская турма мела добрую рэпутацыю. Камеры былі светлыя, з вялікімі вокнамі. Былі легематы (асобныя нары, што апускаліся на ноч). Перапоўненасці не было. Турма была разлічана на пяцьсот вязняў, і прыкладна столькі ўтрыманцаў у ёй і было.

Вязніца займала доўгі трохпавярховы гмах з чырвонай цэглы. Па перыметры ішоў высокі цагляны мур. Канцылярыя размяшчалася ля брамы з боку Серпухаўскай вуліцы. Там таксама быў пакой для сустрэч з вязнямі.

Унутры ў турмы было тры аддзяленні: ніжняе, сярэдняе і верхняе – адпаведна паверхам. На ніжнім і верхнім паверхах сядзелі менш сур’ёзныя вязні: з кароткімі тэрмінамі, ужо пасля судоў або пакараныя за дробныя злачынствы. На сярэднім узроўні, уцячы адкуль было складаней за ўсё, сядзелі найбольш сур’ёзныя злачынцы. Адміністрацыя ўмела і спрытна іх класіфікавала. Часам рэцыдывіста, які трапляўся на дробным крадзяжы або сядзеў мізэрны тэрмін, кіравалі на сярэдні ўзровень. А селянін, асуджаны за забойства або проста прыгавораны да 6 або 10 гадоў, сядзеў у ніжнім калідоры, і яго нават не забіралі працаваць. Функцыі калідорных выконвалі амаль адны злодзеі. Тады не ўзнікала непаразуменняў пры дзяльбе супу і хлеба. Бо такіх калідорных паважалі фраеры, і для турэмнай эліты яны былі «сваімі» людзьмі.

Яся размясцілі на сярэднім узроўні. Яму пашкодзілі ўцёкі з ізалятара і супольніцтва з рэцыдывістам Баранам. Яны сядзелі ў розных камерах, але лёгка маглі падтрымліваць сувязь праз малявы і вусна – з дапамогай сваіх хлопцаў-калідорных. Яшчэ ў следчым аддзяленні супольнікі распрацавалі паказанні і трымаліся іх надалей. У трэцяй камеры Ясь сустрэў Балерона, з якім яны акурат разам былі на грандзе. Там было яшчэ двое блатных: Давідка, які сядзеў за ўзлом крамы, і Зыхер. Зыхер на зладзейскім жаргоне значыць «пэўна», «дакладна». Злодзея так назвалі, бо ён увесь час казаў, што робіць толькі «на зыхер». Ён быў спецыялістам па абкраданні жабракоў. Магчыма, гэта і дзіўна, але Зыхер цудоўна гэтым зарабляў і не трапляўся. Цяпер ён сядзеў па левай справе. Яго ўзялі ў Серабранцы. А паколькі ён меў пры сабе шмат грошай і не мог пахваліцца легальнасцю іх паходжання, яго забралі на Серпухаўскую. Там на стаўцы яго пазнала служанка нейкай сям’і. І Зыхер вымушаны быў сядзець за «павуціну»[43]43
  Павуціна – кароткі гадзіннікавы ланцужок.


[Закрыть]
, якой не браў.

Спецыяльнасць сваю ён абраў выпадкова. Фраеры «здалі» яму жабрака. Запэўнівалі, што ў таго шмат грошай. Жабрак жыў на ўскраіне горада, ва ўбогай кватэрцы. Справа была лёгкая, і Зыхер, як толькі жабрак выправіўся на сваю работу, пачаў апрацоўваць яго жытло. Часу было досыць, таму ён старанна праверыў пакой і куханьку. У сенніку знайшоў дзесяць з гакам тысяч ост-рублёў, некалькі тысяч царскіх банкнот і крыху керанак. А ў коміне намацаў бляшаную скрыначку. У ёй было шмат срэбных манет і каля тысячы рублёў золатам. Усё гэта разам было значнай сумай. Зыхер аддаў дваццаць адсоткаў наводчыку і з таго часу пачаў спецыялізавацца на абкраданні жабракоў, амаль заўжды беручы вялікія кушы. Яго кліенты ніколі не падавалі заявы ў паліцыю і ніколі не расказвалі пра іх каму-колечы, не жадаючы прызнаваць, што на жабрацтве яны сабралі някепскія капіталы. Таму Зыхер працаваў пэўна і бяспечна.

У трэцяй камеры сядзела сямнаццаць чалавек. Столькі, колькі было нараў. Акрамя згаданых, тут сядзелі таксама менш вядомыя злодзеі, некалькі дылетантаў і трое фраераў. Улюбёнцам камеры быў Давідка – малады, вясёлы, дасціпны габрэйчык. У злодзеяў няма шавінізму. І Давідка займаў сярод іх такую пазіцыю, якая належала яму як фірмоваму, характэрнаму хлопцу.

Два разы на тыдзень са свабоды для вязняў прымалі перадачы. Злодзеі ўсім дзяліліся пароўну. Фраераў абміналі і ад іх таксама нічога не бралі. Іх пакідалі на эксплуатацыю калідорным, якія «мылі» фраераў без усялякага сораму.

Калі нейкі фраер не атрымліваў дапамогі са свабоды, а вязнем быў салідным, то злодзеі яму дапамагалі. Рабілі гэта нядбайна, з літасці, але калі самі мелі досыць, то галадаць сукамерніку не дазвалялі. А вось калі заўважалі, што фраер фальшывы і ўпарты, то маглі атруціць яму жыццё. Не дапамагалі скаргі і пераводы ў іншую камеру. Гэта толькі пагаршала сітуацыю фраера, бо за імі ішоў «цынк»[44]44
  Цынк – знак, вестка. Даць цынк – папярэдзіць. Стаяць на цынку – на варце. Цынкаваныя стыркі – краплёныя, пазначаныя карты.


[Закрыть]
, і ў іншых месцах яго прымалі асабліва варожа. Часам нават запісвалі ў капорнікі. Лёс ягоны тады быў жудасны. Адміністрацыя не ведала, куды такіх падзець, каб абараніць ад пераследу.

У той дзень, калі Яся кінулі ў камеру, вячэра была добрая. Гарохаўка. Вязні елі па чацвёра з медных бачкоў. «Свае» заўжды збіраліся разам. І спалі таксама поруч. Сваім і калідорныя заўжды налівалі больш ежы з цэбраў. Пасля вячэры фраеры па загадзе старасты – ім быў Балерон – прыбралі камеру і памылі посуд. Да пераклічкі была яшчэ гадзіна часу.

Давідка сядзеў на акне і спяваў зладзейскую песеньку.

 
Блізіцца поўнач, рушым на справу.
Фінка ў кішэні, мальцы на славу.
Гэй! Дык-дыку-дык…
чорная кароўка, белы бык!
Гэй! Дык-дыку-дык…
чорная кароўка, белы бык!
 

Балерон, Зыхер і Ясь размаўлялі, седзячы на падаконні. Ясь пераказваў ім навіны са свабоды і Следчага камітэта. Хоць турма і падтрымлівае заўжды кантакт са свабодай і ведае, што там адбываецца, але Ясь ведаў усё глыбей і падрабязней… Змрок ахутаў камеры. Усім было сумна. Гэтыя вечаровыя гадзіны падсоўвалі розныя думкі і ўспаміны. Уласна кажучы, на свабодзе зладзейскае жыццё пачынаецца ўвечары.

 
Едзьма к барыгу на нашу маліну.
Дай хлопцам піва й да піва дзяўчыну.
Гэй! Дык-дыку-дык…
чорная кароўка, белы бык.
Гэй! Дык-дыку-дык…
чорная кароўка, белы бык…
 

Урэшце на сярэднім калідоры пачалася пераклічка. Вязні сталі шэрагам – ад дзвярэй уздоўж камер. Стараста дакладваў пра колькасць вязняў у камеры. Іх пералічвалі. Нядбала правяралі краты ля двух акенцаў. Пасля трэба было чакаць, пакуль праверка абыдзе ўсё аддзяленне. Толькі тады апускалі легематы, абапіраючы іх аб козлы, і ўкладваліся спаць.

Гэты вечаровы час быў найлепшы. Надыходзіла доўгая ноч. У сне вязень мог пакінуць турэмныя муры і… жыць…

У турме ведалі, што на горад насоўваецца бальшавіцкі фронт. Немцы хутчэй без бою пакідалі ўсход і адступалі з горада. Большасць арыштаваных з нецярпеннем чакала прыходу бальшавікоў. Верылі ў тое, што яны выпусцяць зняволеных або прынамсі правядуць маштабную амністыю. Памяталі таксама, што пасля рэвалюцыі, на пачатку 1917 года, выпускалі ўсіх вязняў. Толькі старыя, фірмовыя злодзеі не давяралі «таварышам».

У сёмай камеры, дзе сядзеў Баран, было найбольш тузоў падпольнага жыцця. Пачуўшы, што набліжаюцца бальшавікі, яны адразу ж усталявалі рэгулярную, бесперабойную сувязь са свабодай. Рэч была ў тым, каб ведаць дзень, калі немцы пакінуць горад. Было дамоўлена, што ў гэты дзень аднаму з вязняў з іх камеры перададуць вялікую галаву белага сыра і вялікі бохан хлеба. Вязень той быў з вёскі, а загарадным зняволеным, якія не маглі рэгулярна атрымліваць харчовыя перадачкі, можна было перадаваць прадукты ў любы час дня.

Сёмая камера сярэдняга калідора стала рыхтаваць масавыя ўцёкі… Злодзеі вырашылі не чакаць бальшавікоў, а здабыць свабоду ўласнымі сіламі. Паміж камерамі, сярод сваіх хлопцаў, закружылі малявы. Фраераў у гэтыя справы не ўводзілі. Ім не верылі. А вось блатныя ўсяго сярэдняга калідора ведалі, што рыхтуюцца ўцёкі. Пра гэта размаўлялі так, каб іншыя вязні не пачулі. Але, нягледзячы на гэта, адчувалася, што збіраецца штосьці важнае.

Тым часам на рабоце трапіліся разам Янка Залаты Зуб і Ігнат Кулікоўскі. Іх скіравалі ў сярэдні калідор, у сёмую камеру. Гэта была камера, прызначаная амаль выключна для вядомых турэмнай адміністрацыі рэцыдывістаў. Лічылі за лепшае трымаць іх разам – навідавоку. Часам туды падсаджвалі і капорнікаў – для назірання. Але доўга яны там не затрымліваліся. Злодзеі ўмелі пазбаўляцца ад такіх. Затое сумленных хлопцаў прымалі.

У камеры нумар 7 на пятнаццаць чалавек было адзінаццаць злодзеяў. У тым ліку Баран, Ігнат і Янка Залаты Зуб. З’яўленне калег са свабоды канчаткова вырашыла справу запланаваных уцёкаў. Быў распрацаваны наступны план пераняцця кантролю над турмой.

Падчас раздачы ежы – гэта адбывалася тры разы на дзень – наглядчык аддзялення выпускаў з камер чатырох вязняў на дапамогу двум калідорным. Разам яны ішлі ўніз на кухню і прыносілі суп або – з раніцы – кіпень. Згодна з завядзёнкай, калідорныя заўжды ўказвалі на памагатых у камерах. І звычайна гэта былі блатныя. Адначасова спрытна вырашалася процьма іншых справаў: абмен рэчаў на тытунь, адсылка і атрыманне маляваў. Малявы дасылалі нават у жаночую турму на Грушаўскую. Наглядчыкі ведалі, што дапамога злодзеяў на раздачы – справа не бескарыслівая, але прымалі яе для захавання спакою. Калі для гэтых абавязкаў бралі фраераў, падчас раздачы ежы адразу ж успыхвалі сваркі і непаразуменні. А злодзеі, даючы лепшы суп сваім хлопцам, і паміж фраерамі дзялілі яго абсалютна справядліва. І не было ніякіх пытанняў, бо скардзіцца фраеры не наважваліся.

Першае аддзяленне (ніжняе) з другім злучала жалезная лесвіца. Ля яе пачатку былі ўсталяваныя вялізныя зашклёныя краты, а ў іх – дзверы. Гэтаксама другое аддзяленне злучалася з верхнім. Згодна з дамоўленасцю, як толькі са свабоды дадуць знак, што немцы пакінулі горад, калідорныя выпусцяць з сёмай камеры чатырох хлопцаў, якія разам з наглядчыкам спусцяцца на кухню. Там ушасцёх яны забяруць ключы ў наглядчыкаў, звяжуць іх, заб’юць кляпамі раты і пойдуць у першае аддзяленне. Там абясшкодзяць наглядчыка з першага аддзялення і ўсіх трох пасадзяць у карцар. Пасля панясуць цэбры з ежай у трэцяе аддзяленне. Гэтаксама абясшкодзяць там чацвёртага наглядчыка. Такім чынам уся турма пяройдзе пад іх кантроль. Пасля заняцця турмы з яе маглі лёгка выйсці каля дзесяці вязняў. Звычайна пасля сняданку, абеду і вячэры ў двор да лазні выносілі цэбры для мыцця. Там іх шаравалі два адмыслова прыстаўленыя да гэтага абавязку вязні. На іх не звярталі ўвагі, бо тых, каго наглядчык выпускаў з будынка на працу, лічылі бяспечнымі. Наступнай задачай было абясшкодзіць наглядчыка ля пральні і лазні, што можна было лёгка зрабіць, зазірнуўшы пад нейкай вымоўкай у гэтыя памяшканні, звычайна адчыненыя цягам дня. Горш было з абходчыкам. Але і гэта можна было зрабіць, бо ён заўжды падышоў бы да вязняў, калі б тыя паклікалі яго да наглядчыка ў пральні. Гэты будынак не праглядаўся з вокнаў канцылярыі, што спрашчала справу.

Цяпер хлопцы з двара маглі лёгка пакінуць турму. Ім было дастаткова проста перанесці лаўкі з пральні і зрабіць рыштаванне пад адносна невысокім дахам. Пералезці з даху на мур было як сабаку муху схапіць. Такім чынам усе вязні з двара маглі лёгка ўцячы з турмы, незаўважаныя канцылярыяй і вартай ля брамы. Але амбіцыі злодзеяў сягалі вышэй. Штука была ў тым, каб выпусціць усіх хлопцаў. А фраеры могуць уцякаць або заставацца, як ім заманецца.

Каб захапіць браму, а гэта значыць адначасова канцылярыю і пост аховы, дзе, акрамя адміністрацыйнага персаналу, было звычайна яшчэ чацвёра-пяцёра наглядчыкаў, трэба было ў браму ўвайсці. Каб гэта правярнуць, двое хлопцаў павінны былі падысці да брамы з загружанымі цэглай насілкамі і чакаць перад ёю. Ключнік у гэтых выпадках заўжды адмыкаў, бо вязні прыбіралі ў вартаўнічай будцы і канцылярыі, а таксама працавалі на рамонтах. Калі веснічкі ў браме адчыняцца, дзясяцера блатных з пяццю пісталетамі кінуцца на браму, абяззброяць некалькіх вартаўнікоў і зоймуць канцылярыю. Тым часам унутры турмы хлопцы павінны былі адкрыць усе камеры і аддзяленні. Блатныя павінны былі першыя спусціцца ўніз і чакаць ля ўваходных дзвярэй, калі адчыніцца брама і будзе занятая канцылярыя. Толькі тады злодзеі ў браме павінны былі адчыніць веснічкі ў другой браме, што выходзіць на вуліцу, і падаць знак уцёкаў. Вырашылі, што выходзіць будуць не натоўпам, а групамі.

Усё гэта было абмеркавана і дакладна арганізавана. Ролі былі падзеленыя. Падрабязнасці плана ведалі толькі дзясятак з гакам вязняў. Пра тое, што з адступленнем немцаў пачнуцца агульныя ўцёкі, ведалі дзясяткі блатных. Фраеры і дробныя злодзеі не ведалі нічога. Таму выдаць план не мог ніхто. Чакалі толькі знаку са свабоды: бохан хлеба і сыр. Гэта павінна было адбыцца з дня на дзень, з гадзіны на гадзіну. Звычайны лад жыцця вязняў змяніўся. Удавалі, што ўсё ідзе па-ранейшаму: жартавалі з наглядчыкамі, дасылалі малявы, раздавалі ежу, але ў галовах тых, хто прымаў рашэнне аб акцыі, няспынна варушылася думка: «Калі?» У сёмай камеры ўдзень хлопцы амаль не размаўлялі. Чакалі. А вось увечары, пасля пераклічкі, ажыўляліся. Тады, лежачы і седзячы на нарах таварыскімі групамі, ціха размаўлялі. Наглядчыкі не звярталі на іх увагі. Яны наогул намагаліся як найменш назаляць блатным, бо не варта было. Калі хтось з наглядчыкаў лез не ў сваю справу, блатныя заўжды маглі выкінуць з ім даволі балесную штуку. Таму наглядчыкі заплюшчвалі вочы на парушэнні правілаў. У сваю чаргу, у фраерскіх камерах яны жорстка сачылі за парадкам і дысцыплінай.

Тэмы зладзейскіх размоў – гэта, пераважна, жанчыны, ежа, работа, турэмныя справы. Святло ліхтара з двара скоса падала ў камеру, пакідаючы на падлозе даўгаватую пляму. Гэта крыху асвятляла камеру, у якой размаўлялі вязні і гарэлі агеньчыкі цыгарэт. Барана жыўцом ела туга па Паўці. Яму не ставала яе аблічча. Ён думаў пра яе няспынна. Нават ейная здрада і подласці, якія ён так лёгка выкрываў, не прыцьмілі пачуцця. Калі ён глядзеў у ейныя вочы, намагаючыся зразумець гэтую жанчыну, ён чуў у грудзях казытанне. У бляску ейных вачэй плавілася ягоная загартаванасць, быццам у прорве, гінулі ягоныя мроі.

Калі Аліка арыштавалі, ён з надзейным хлопцам даслаў каханцы маляву са следчага аддзялення, папярэдзіўшы яе пра арышт. Яна адказала яму, запэўнівала ў сваім каханні і пісала, што ёй вельмі шкада і што яна спадзяецца на яго хуткае вызваленне. І ўсё. Ані слоўца пра ягоныя патрэбы. Іншым злодзеям каханкі дасылалі ежу, хоць некаторыя і самі жылі бедна. Пра Барана не клапаціўся ніхто… Тым часам як у Паўці справы ішлі выдатна.

А вось Маруся Лобава ўвесь час дасылала Ясю перадачы. Што праўда, на гэта даваў грошы, хай сабе і няшмат, дзядзька Жардонь, але ўся праца была на ёй. Баран ніколі не галадаў, бо блатныя жылі камунай, але яго зневажаў сам факт таго, што ён, фірмовы злодзей, у якога ёсць каханка, не атрымлівае ад яе дапамогі. Гэта проста атручвала яму жыццё.

Позна ўначы ў іх камеры сціхлі размовы. Вязні заснулі. Толькі Алік яшчэ доўга не спаў.

Назаўтра наглядчык адамкнуў камеру і выклікаў на калідор таго самага вязня, на імя якога са свабоды павінны былі перадаць хлеб і сыр – знак, што немцы пакідаюць горад. Гэта быў дужы мужык, спакойны і просты. Ён зусім не ведаў, што перадача на яго імя павінна выклікаць у турме такія сур’ёзныя падзеі. Не ведаў нават, хто гэта так пра яго паклапаціўся. Калі яго выклікалі з камеры, блатныя перазірнуліся. Позіркі гэтыя не патрабавалі слоў. Злодзеі чакалі вяртання фраера з калідора, бо выклікаць яго маглі і з іншай нагоды. Але неўзабаве мужык вярнуўся. Ён нёс вялікі бохан хлеба, парэзаны пры даглядзе лустамі, а на ім ляжала, таксама парэзаная на кавалкі, вялікая галава вясковага сыру.

«Немцы пакідаюць горад».

У камеры запанавала цішыня.

Мужык нягегла расклаў на стале лусты хлеба з кавалкамі сыру паўзверх. Ён намагаўся падзяліць ежу на столькі порцый, колькі было людзей. Пасля ён павярнуўся да сукамернікаў з нясмелай усмешкай – не ведаў, што сказаць. Яны былі добрыя з ім. Не крыўдзілі. Часта нават дзяліліся харчамі, калі ў саміх было.

– Частуйцеся, хлопцы… Што маю…

Усе няспешна падыходзілі да стала і бралі ежу. Селяніну пакінулі найбольшы кавалак хлеба і сыра. Ён узяў яго і сумна еў.

– Калі ж гэта чалавек на свабоду трапіць? – скабаў ён з ціхай роспаччу ў голасе.

– Сёння! – кінуў яму з кута камеры Янка Залаты Зуб.

Мужык толькі махнуў рукой.

– Э, ды дзе там… Зжаруць мяне гэтыя муры…

У камеры зноў запанавала цішыня.

Гэта было а дзясятай ранку. Згодна з планам, уцёкі павінны былі пачацца падчас першай раздачы ежы – пасля знаку са свабоды. Гэты знак атрымалі і спажывалі. А абед звычайна быў а дванаццатай гадзіне. Да пачатку акцыі заставалася дзве гадзіны.

З суседняй камеры далятала песня:

 
Наша вязніца з камення,
Час тут павольна паўзе!
Хлопцы чакаюць збавення,
Смутак іх душы грызе!
 

Уся сёмая маўчала. Слухала. А песня падала і нарастала, каб урэшце выбухнуць смелым пратэстам:

 
З пурпуру шыйма сцягі,
Хай нас заўважаць багі,
Будуць пярун з бліскавіцай,
Хай б’юць у нашу вязніцу!
 

І гэтыя бліскавіцы набліжаліся да турмы, каб ударыць у яе… Акурат з-пад чырвонага штандара… Мала хто гэта разумеў.

ЧАС СВАБОДЫ

У камерах панаваў спакой, але сэрцы біліся ў іншым рытме. Сярэдні калідор замёр. Чакаў. Стары злодзей-калідорны, Зубіла, абыходзіў камеры. Адхіляў чорныя застаўкі на вочках і зазіраў у камеры. Калі падыходзіў свой хлопец, ён каротка кідаў яму:

– Ёсць цынк.

Было вядома, пра што вядзецца. Але пра гэта не казалі. Толькі настрой у камеры адразу змяняўся. Наглядчыкі заўважылі гэтую змену, аднак прычыны не ведалі. Дапускалі, што гэта звязана з няпэўнай палітычнай сітуацыяй. Самі яны таксама былі занепакоеныя хуткай зменай улады ў горадзе.

Грыб, вялікі, пануры наглядчык, у той дзень дзяжурыў у сярэднім калідоры. Наглядчыкам ён працаваў дваццаць з гакам гадоў. Вязняў Грыб ведаў добра, і мала было таямніц, якіх ён не выкрыў, працуючы ў менскай вязніцы. Вязнямі наогул ён пагарджаў, але блатныя былі ў яго ў пашане. Некаторых з іх ён баяўся больш за начальства. Блатнога Грыб ніколі не пакрыўдзіў. Блатныя пра гэта ведалі і шанавалі свайго панурага вартаўніка. Хлопцы з сёмай шкадавалі, што ўцёкі выпалі на ягонае дзяжурства. Яны ведалі, што адказнасць ляжа на яго, а крыўдзіць Грыба было шкада.

У сямёрцы абмяркоўвалі ўжо распрацаваны план. Баран, Кулікоўскі, Янка Залаты Зуб, Шчупак, Варлам і Кнот сядзелі на падаконні і на козлах. Размаўлялі яны ціха. Менавіта яны павінны былі захапіць сярэдні калідор і пачаць акцыю. Трэба было абяззброіць і абясшкодзіць Грыба.

– Я яго «на хамут» вазьму, – сказаў Варлам, канакрад, вядомы сваёй вялікай фізічнай сілай.

– Не, – запратэставаў Баран. – Ты станеш ззаду. Я з ім спраўлюся. А калі захоча «хай» узняць, тады бяры «на хамут», а я рулю забяру.

Баран не хацеў крыўдзіць прыстойнага ключніка. З другім наглядчыкам на кухні ўправіцца было проста. Ён не быў узброены, а да таго ж быў баязлівы і слабенькі.

Усё абмеркавалі ў найдрабнейшых дэталях. Варлам паціраў жалезныя далоні:

– Пойдзе работка!

Янка Залаты Зуб кружыў па камеры, як тыгр па клетцы. На шчоках у яго ігралі мускулы. Штосьці там ён прыдумляў. Ігнат Кулікоўскі сядзеў на падаконні і ціха насвістваў. А Баран старанна чысціў боты і думаў пра… Паўлінку…

Набліжалася дванаццатая. Рух у камерах заміраў. Блатныя ведалі, іншыя адчувалі, што збіраецца на штосьці трывожнае… Усе прыслухоўваліся…

А ў калідоры гаспадарыў Грыб. Ён насупіў кусцістыя бровы, бэсціў калідорных, звінеў ключамі і сплёўваў… Штосьці яму не падабалася…

«Прыдумалі нейкую штуку… Але што?»

– Ціха.

Знізу тонкім голасам адгукнуўся Цвыркун:

– Абе-ед!

Калідорныя скончылі з парадкаваннем аддзелаў і скіраваліся ў бок дзвярэй аддзялення. Там спыніліся ля століка, над якім вісела вялікая чорная дошка: «Стан вязняў».

Грыб устаў з-за стала, за якім правяраў спіс падследных вязняў, спіс чамусь не сыходзіўся з лічбамі на дошцы.

– Сёмая ідзе? – спытаўся ён, як звычайна.

– Сёмая, спадар наглядчык, – услужліва пацвердзіў адзін з калідорных.

Грыб сплюнуў і, пазвоньваючы ключамі, пайшоў да камеры. Акінуў поглядам іншыя камеры, прыслухаўся. Ціха.

– На абед!

Янка Залаты Зуб выйшаў першы. Ён быў ужо ля самых дзвярэй. Пасля выйшлі Баран, Варлам і Ігнат Кулікоўскі.

– Сёння, напэўна, абед з дзвюх страваў, – спрабаваў жартаваць Кулікоўскі.

– На другое смажаныя вушы і рыбіны ногі, – сказаў Янка.

Баран быў спакойны, як заўжды. Варлам увесь час пазяхаў.

Грыба гэта не супакоіла. Але і ён умеў замыкаць не толькі дзверы.

– Марш на кухню!

І шасцёра вязняў з адным наглядчыкам рушылі ўніз па лесвіцы. Аддзяленне маўчала. Грыб расшпіліў кабуру. Пераклаў ключы ў левую руку. Тады Баран адным хуткім рухам выхапіў у яго з кабуры рэвальвер. Спрытна адступіў і сказаў наглядчыку:

– Ключы давай, ну!

Твар Грыба заліла кроў.

– Па якім такім праве…

– Сёння правы ўсе нашыя… Вазьмі ў яго ключы.

Варлам хацеў забраць ключы з рукі наглядчыка. Але Грыб схапіўся за іх аберуч.

– Не дам… Я прысягу прыносіў…

Наглядчык ведаў, што не справіцца. Але ён нёс сваю службу добрасумленна. Барукаючыся, не крычаў, каб не падштурхнуць блатных да забойства. Яго абяззброілі і забралі ключы.

– Без кляпу, – адрэзаў Баран і, пакінуўшы Грыба на лесвіцы пад апекай Шчупака і Кнота, з рэштай хлопцаў пайшоў уніз, на кухню. Рэвальвер наглядчыка ён схаваў ля жывата, а ключы нёс у кішэні пінжака.

Кухня патанала ў аблоках пары з катла. Гэта адзін з блатных кухараў «падрыхтаваў прастору» для працы.

Цвыркуна, які нічога не ведаў, «пагасілі» мехам. Ён нават не зарыентаваўся, хто гэта зрабіў. Вязні – і цяпер іх было дванаццаць – узялі шэсць напоўненых супам цэбраў і скіраваліся ў першае аддзяленне. Звычайна там пакідалі чатыры цэбры. Наглядчык, як заўжды, убачыўшы гэту працэсію, адамкнуў дзверы. Але праз момант адчуў, што навокал стала цёмна, і ў гэтай цемры ён ляціць угору. Ён паспрабаваў крыкнуць, але крык абарваўся. Яго абяззброілі і забралі ў яго ключы. Тады Баран адамкнуў пусты карцэр напрыканцы калідора і туды занеслі ўсіх трох наглядчыкаў. Карцэр замкнулі.

Такім чынам вязні атрымалі кантроль над кухняй і двума аддзяленнямі.

– Раздаваць абед. З камер не выпускаць! – загадаў Баран і ўручыў Янку ключы ад першага аддзялення і адзін з двух рэвальвераў.

– Абе-ед! – крыкнуў адзін з калідорных, і першае аддзяленне ажыло.

Прыйшоў у рух турэмны млын, што яшчэ момант таму стаяў нерухомы. Янка Залаты Зуб адмыкаў камеры і заставаўся ў калідоры. Памагатыя заносілі цэбар у камеру і раздавалі суп.

Тым часам блатныя такім самым чынам запусцілі абедзенны механізм ва ўжо вольным другім аддзяленні. Там ролю наглядчыка пры адмыканні дзвярэй выконваў Ігнат Кулікоўскі.

Баран, Варлам, Шчупак, Кнот і два памагатыя з цэбрамі ў руках рушылі ў трэцяе, верхняе аддзяленне. Наглядчыка там таксама пагасілі лёгка. Яго абяззброілі, адабралі ключы і пачалі раздаваць абед. Усе гэта зрабілі для таго, каб звонку – найперш з канцылярыі – усё выглядала, як звычайна. Вязні ядуць, седзячы на падаконнях. Ходзяць. Усё ў парадку.

Толькі калі пад кантроль перайшлі ўсе аддзяленні, пачалі адкрываць камеры.

– Хто хоча ўцякаць – выходзьце! Хто дастаецца – сядзець ціха!

Блатныя пачалі паспешліва пакідаць камеры. Яны спускаліся ўніз і збіраліся каля ўваходных дзвярэй. Фраераў спусцілася мала. Можа, дзясятая частка. Рэшта, напалоханая тым, што адбываецца, засталася на месцы. Некаторыя дрыжалі ад страху, іншыя маліліся. А ўнізе паспешліва рыхтавалі цэбры, з якімі хлопцы збіраліся выходзіць з будынка да пральні. Падзеі павінны былі разгарнуцца цягам некалькіх хвілін. Усе разумелі, што гэтыя хвіліны вырашаць пытанне іх свабоды. Панавала цішыня.

3 трэцяга аддзялення адны дзверы вялі ў царкву. Іх адчынялі пераважна на набажэнствы. Захопліваючы аддзяленне, блатныя не звярнулі на іх увагі. Але ўнутры акурат быў наглядчык, які выконваў таксама функцыі царкоўнага старасты. Ён наводзіў парадак у невялікім пакойчыку. Спачатку стараста не звяртаў увагі на тое, што адбываецца ў калідоры. Думаў, гэта звычайны рух у аддзяленні. Аднак у пэўны момант яго здзівіў тупат і сцішаныя галасы. Ён хацеў выйсці ў калідор і зірнуць, што там адбываецца. Падышоў да дзвярэй, нейкі момант прыслухоўваўся. Гэтага яму хапіла, каб зразумець, што вязні выбраліся з камер і гаспадараць у турме. Наглядчыка апанаваў страх. Дрыжачымі рукамі ён знутры зачыніў дзверы на засаўку. Ён ведаў, што ў царкве ёсць выхад на дах. Выхад гэты быў зачынены на вісячы замок, ключа ад якога ў яго не было. У яго сышло шмат часу на тое, каб выламаць даволі моцны прабой. Наглядчык выбраўся на дах. Здалёк ён бачыў вуліцу, але крычаць не стаў, бо пабойваўся, што вязні пачуюць яго хутчэй, чым адміністрацыя, і змогуць дабрацца да яго і забіць. Падумаўшы, ён пачаў распранацца. Зняў з сябе кашулю і зноў апрануў мундзір, а пасля з цяжкасцю забраўся на высокі комін. Там стаў і роспачна пачаў размахваць кашуляй. Сігналы няхутка, але заўважылі. Нейкі сталы спадар з жонкай ішлі па супрацьлеглым баку Серпухаўскай вуліцы. Яны спыніліся, каб з цікаўнасці паглядзець на турму. Раптам жонка сказала мужу:

– Глядзі, глядзі!.. Там на даху… Што гэта, вар’ят?!

Муж прыгледзеўся.

– І праўда што… Але ж гэта турма, а не дом вар’ятаў!

Паступова яны даўмеліся, што ўсё гэта не дарэмна. Што чалавек з даху намагаецца папярэдзіць пра штосьці людзей звонку.

– А можа, гэта вязні ўцякаюць? – выказаў здагадку муж. – Трэба зірнуць… Сказаць…

Ён скіраваўся да зачыненай турэмнай брамы.

– Не хадзі. Заб’юць яшчэ! – спыняла яго жонка.

– Усё адно… Калі яны выберуцца, то ўвесь горад могуць перарэзаць… Гэта ж крымінальнікі!.. Мой абавязак як грамадзяніна…

Ён скіраваўся да брамы, і пагрукаў у акенца. За некалькі секунд канцылярыя зарыентавалася ў сітуацыі. Схапіліся за зброю. Браму з боку двара наглуха замкнулі. Зазваніў тэлефон.

Немцы пакуль не пакінулі горад. Большая частка гарнізона выйшла, але шмат вайскоўцаў яшчэ засталося. А бальшавікі не спяшаліся займаць Менск. Праз колькі хвілін пасля трывогі да брамы пад’ехалі дзве бронемашыны з некалькімі дзясяткамі нямецкіх салдат. Цяжкая брама адчынілася, і машыны паволі запаўзлі ў турэмны двор. Тым часам муры акружыў узброены нямецкі атрад, які прывезлі сюды грузавікамі.

У самой турме насупраць уваходных дзвярэй у калідоры і на лесвіцы сабралася больш за сотню вязняў. Яны рыхтаваліся выходзіць з будынка ў двор, каб захапіць канцылярыю. Цэбры ўжо вынеслі. Размаўлялі сцішанымі галасамі. Тыя, хто выходзіў пазней, стаялі ў калідоры ля сцен, каб не перагароджваць праход.

І раптам звонку раздаўся гул матораў. Усё замёрла. Цішыня.

– Шухер! – кінуў хтосьці.

– Падстава! – працадзіў Варлам і дастаў з-за пояса рэвальвер.

Неспадзявана звонку весела затарахцеў аўтамат, і серыя куль пяшчотна абрасіла муры. Узнікла паніка. Вязні пачалі прапіхвацца ў глыб калідораў, хавацца па камерах. Унізе застаўся толькі з дзясятак блатных. Баран шпарка замкнуў адчыненыя дзверы на замок і магутныя засовы.

Зноў адгукнуўся аўтамат.

Блатныя пачалі раіцца, што рабіць.

Ігнат Кулікоўскі, малы і задзірысты, раззлаваны, але з агнём уваччу, горача пераконваў:

– Хлопцы, будзем абараняцца! Забарыкадуем дзверы мяхамі з мукой. У нас некалькі рэвальвераў. Харчоў хопіць і на тыдзень. Хай паспрабуюць нас узяць… Хай фраеры зубы паламаюць!

– І што з гэтага будзе? – панура спытаў Шчупак.

– Нічога мы тут не абаронім. Мы ж у турме, – дадаў Кнот.

Варлам панура маўчаў. Баран уважліва сачыў за тварамі таварышаў.

Янка Залаты Зуб сказаў:

– Я б і адзін абараняўся, але навошта?

– Для таго, каб нас не катавалі пасля. І справы ўсім пашыюць! – запаляўся Ігнат.

– Нас зашмат, – адгукнуўся Кнот. – Вялікай справы не зробяць. І ў косці не атрымаем, калі падпарадкуемся самі.

Баран ведаў, што адзінагалоснага рашэння тут ня будзе. А што будзе праз дзень, калі пачнецца адкрытае супрацьстаянне, а можа, і забітыя будуць з ліку паліцыі? Разам з тым у камерах заставалася некалькі соцень вязняў, якіх яны вымушаныя былі б асудзіць на голад.

Звонку хтосьці падышоў да дзвярэй і па-руску сказаў:

– Калі адчыніце дзверы, пакараем вас мякка. Калі не, будзе кепска.

– Чакаць! Праз пяць хвілін адкажам! – адгукнуўся маўклівы дагэтуль Варлам.

– Хлопцы, не адчыняйце. Будзем змагацца! – заклікаў Ігнат.

– Дурань, і што тады?! – ускрыкнуў Кнот.

– Дачакаемся, пакуль бальшавікі прыйдуць… Тады здамося. Нас вызваляць, як усіх вызвалілі ў 1917 годзе.

– Там былі не бальшавікі… Там рэвалюцыя вызваляла. Керанскі… – умяшаўся Шчупак.

– Як сабе хочаце… Пашкадуеце…

Баран падняў руку.

– Няма тут чаго… Паддамося… На бальшавікоў не разлічвайце… Давайце ўсе ключы і рэвальверы… Самі па камерах… Кожны ў сваю… Я адамкну дзверы…

Блатныя аддавалі Барану зброю і ключы. Пасля кіраваліся ў свае камеры. У душах яны неслі роспач і горыч. Адзіная іх надзея сканала.

Давідка, які весела і смела браў удзел у акцыі, цяпер – ідучы ў камеру – плакаў ад злосці. Ясь быў амаль абыякавы. Яму ўсё гэта было толькі «цікава». Ён не хацеў адыходзіць ад дзвярэй, баючыся за свайго настаўніка. Ён марудзіў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю