355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 7)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 13 страниц)

Ісай павярнуўся да яго:

– Ты б хоць шапкай морду закрыў. Такі брыдкі, што на ваніты цягне.

Янка Залаты Зуб і Мангол быццам з цікаўнасці падышлі да Ісая. Адчувалі, што збіраецца на скандал. Ісай пачаў адступаць да дзвярэй.

– Ядзька, хадзем дадому, бо горш будзе!

Адступаючы, Ісай натыкнуўся на Парадка. Той адпіхнуў яго рукой і паклаў скрыпку. Пасля ўзяў з падаконня бутэльку гарэлкі і выцяў ёю Ісая па галаве. Пляшка разляцелася на кавалкі, засыпаючы шклом падлогу. Ісай адступіў. Гэты ўдар яму аніяк не пашкодзіў, толькі твар стаў мокры. Здзіўлены, ён павярнуўся да Парадка.

– Нашто ж вы мяне пляшкай цюкнулі?

– А што мне, кулаком цябе цюкаць? Мая рука для скрыпкі, а не для тваёй хамскай морды.

Але насуперак сваім словам Парадак маланкавым ударам ляснуў Ісая ў сківіцу. Хуліган захістаўся. Хацеў ударыць Парадка, але той спрытна ўхіліўся. Тады збоку з’явіўся Мангол. Схапіў у паветры занесеную для ўдару Ісаеву руку і жалезным хватам узломшчыка закруціў яе за спіну. Пасля павёў Ісая да выхаду. Там Пецька Бык схапіў яго ззаду за каўнер і вывеў з сенцаў на ганак, дзе яго скінулі з прыступак.

Ісай падняўся з зямлі і хутка выйшаў на вуліцу. Пецька Бык выйшаў за ім. Было зусім светла, таму пры святле месяца ён бачыў, як Ісай таропка сыходзіць. Тады Бык вярнуўся ў кватэру.

– Што гэта за гарлапан? – спытаў Жаба. – Злодзей ці фраер?

– Такі сабе люй[30]30
  Люй – хам.


[Закрыть]
, – сказаў Філіп. – У коней сняданкі крадзе.

– У кічы сядзеў?

– Сядзеў раз за балею, раз за мяшок аўса…

Адгукнуўся Моркаўка:

– Гэта такі варуга, што на сметнік «скокае», а шухерны яго крысом прыкрывае.

– Але здаровы, як конь, – дадаў Мангол.

Кася была абураная і доўга не магла супакоіцца. Ну, заваліўся, халера! Як казёл у агарод!

– І атрымаў, як казёл, – сказаў Свабода. – Пры сацыялістычным ладзе такіх тыпаў сярод нас не будзе.

Жаба крыва ўсміхнуўся:

– Так. Кіраваць будуць чрэзвычайкі. Толькі тады яны выплывуць.

Перапыненая забава гладка пайшла далей. Настрой ані ў кога не сапсаваўся. Толькі Філіпу непрыемна было згадваць намёкі на ягоную лысіну.

Тым часам Ісай гнаў, што шалёны, па Камароўцы, па Лагойскім і Барысаўскім тракце. З учорашняга крадзяжу ў яго засталося яшчэ шмат грошай, і цяпер ён валодаў саліднай сумай.

Сябрукоў сваіх ён застаў абсалютна п’янымі. Ісай сказаў, што спердаўскія злодзеі зневажалі іх усіх і пагражалі ім. Гетман заклікаў помсціць. Горача прамаўляў. Наймацней хіліў да таго, што злодзеі баламуцяць дзяўчат з іх раёна. І гэта – разам з алкаголем – падзейнічала пераканаўча. Чацвёра Ісаевых сябрукоў вырашылі не даваць сябе ў крыўду. Узброеныя многімі літрамі гарэлкі на кожнага і клятвай, што пасля расправы з ворагамі яны вып’юць яшчэ, камароўскія хуліганы рушылі ў прадмесце вербаваць за гарэлку сваіх давераных дружбакоў, каб помсціць за зняважаную годнасць раёна. Дамовіліся, што разам з завербаванымі ўсе сустрэнуцца ў Бондараўскім завулку. Хуліганы ахвотна рушылі збіраць баявыя групы.

Праз гадзіну Бондараўскім завулкам шпацыравала некалькі груп. Чакалі Ісая. Урэшце, ён з’явіўся: потны, расхрыстаны, ужо амаль цвярозы. З ім прыйшло шасцёра. Разам сабралося сямнаццаць камароўскіх хуліганаў. Некаторых не засталі дома. Але палічылі, што і тых, хто ёсць, будзе дастаткова. Тым больш што ўсе мелі кіі і збіраліся застаць гасцей Кацярыны Сперды знянацку.

Ісай павёў сваю банду на ставок непадалёк. Кожны атрымаў па бутэльцы гарэлкі. Усе пачалі піць, закусваючы кавалкамі кілбасы. Пасля Ісай падняўся і, ікаючы, пачаў урачыстую прамову:

– Браты! Вы ведаеце мяне, а я – вас… Ну, нічога… Жывём як жывём, але свае са сваімі… Так ці не?.. А тут раптам улазяць гэтыя хойракі і жыць не даюць… Каб гэта былі свае, камароўскія… А то навалач з усяго свету… усіх дзяўчат збаламуцяць… Нам адныя шлюндры засталіся… Усе лепшыя работы забралі. Так ці не?..

Раздаліся галасы:

– Ну так…

– Правільна з гэтымі ксютамі. За імі не дабярэшся.

– Нашы бабы – для нас…

Ісай вёў далей:

– Заўжды нас зневажаюць… Паўсюль заступаюць дарогу… Ёсць нагода парадак у іх навесці.

– Добра!.. Хораша!.. Цудоўна! – захапляўся Вугор, вядомы сваёй любоўю да боек.

– Уціхамірым гэтых жыганоў! – змрочна сказаў Бузыга, чорны, як камель старога дрэва.

– Хай яны нас шпанюгамі не называюць! – дадаваў імпэту Стасік Свістала, таксама былы мяснік.

Словам, таварыства для гэтай акцыі сабралася адпаведнае Ісаю. Гарэлка ўзняла іх баявы дух. Таму ўсе пачалі пагражаць злодзеям, да якіх амаль у кожнага былі прэтэнзіі.

Рушылі да кватэры Кацярыны Сперды. На падыходзе пачулі гукі полечкі. Госці пакуль не танчылі. Гэта граў Парадак, карыстаючыся тым, што з’явіўся ўрэшце гарманіст Папугай, яшчэ асавелы з папярэдняй палойкі. Нават сон яго не падмацаваў. Таму Парадак хацеў яго разварушыць. У белых нагавіцах і зялёным пінжаку Папугай выглядаў камічна. Ён быў абсалютным антыподам панурага скрыпача.

Каля дома Ісай затрымаў дружбакоў.

– Чацвёра са мной унутр, а рэшта чакае ў сенцах і пад вокнамі. Як трэба будзе біць, то біць! Жыганоў не шкадаваць!

І ў таварыстве чатырох хуліганаў ён увайшоў у сенцы Спердзінай кватэры. Уваліўся ў пакой і сказаў Парадку:

– Граць перастань, бо не ўмееш: пачнеш полечкай, а скончыш абэркам.

Пасля падышоў да стала і сказаў Ядзі:

– Выходзь адсюль! Хутка! Вы, Афрыканкі, таксама. Бо зараз мы тут парадак зробім!

Кася Залатая Труба падарвалася з месца:

– Пойдзеш ты адсюль ці не, мярзотнік?!

Злодзеі, убачыўшы, што за Ісаем ідзе яшчэ некалькі чалавек і збіраецца на скандал, пачалі ўставаць з-за стала.

Кася гарланіла:

– Нашто ты мне забаву псуеш?!

– Я табе дам забаву, шлюха! – зароў Ісай.

Ён схапіў вазон з фікусам і кінуў яго аб стол. Раздаўся трэск. Зазвінела шкло. Палопаліся пляшкі. А Ісай кідаў наступныя гаршкі з кветкамі. Яго схапілі за рукі. Тады Ісаевы дружбакі падскочылі на дапамогу.

– Ого, вечарынка з кветкамі! – крыкнуў Янка Залаты Зуб, сіфонам з содавай ён садануў у башку бамбізаватага Бузыгу, які зваліў з ног Моркаўку і схапіў за горла Пецьку Быка.

Бузыга, быццам мяшок з мукой, рухнуў на падлогу. Шалёным ударам галавой у нос і зубы Баран паваліў на зямлю другога хулігана. Пасля заўважыў, што скрыпач Парадак жалезнымі рукамі душыць Ісая, таму кінуўся яму на дапамогу і схапіў хулігана ззаду за каўнер пінжака. Удвох яны прыціснулі яго да акна. Ісай біў і пінаў Парадка, але той не пускаў. Тады Філіп Лысы схапіў Ісая за ногі і падняў іх угару. Лопнулі рамы, і Ісай цяжка рухнуў на зямлю. Там яго сустрэлі ўдары сяброў. Яны пільнавалі пад вокнамі і не ведалі, што гэта іх правадыр. Ісай ускочыў на ногі.

– Хлопцы, унутр! Валіце кіямі!

Праз некалькі хвілін бяседны пакой быў зруйнаваны. Усё было пабіта, паламана, падзёрта. Пад напорам зацятай бойкі звінела шкло. Хуліганаў было сямнаццаць. Злодзеяў, разам з Парадкам і Папугаем, адзінаццаць. Але злодзеі біліся смялей і спрытней. Акрамя таго, ім дапамагалі жанчыны. Кася Залатая Труба шалела і пакідала спусташэнне, што тая віхура. Яна біла гаршкамі з кветкамі, пляшкамі, кусала і драпала. Скрываўленая, з ускудлачанымі валасамі, яна лютавала і траілася ўваччу. Тоська Сарока, абсалютна спакойная, толькі бледная, трымала ў руках два відэльцы: адным яна абаранялася ад атакі, а іншым біла ў спіну і рукі сплеценага ў ком з Ясем хулігана. Той зароў з болю, выпусціў хлопца і кінуўся на Тоську. Дзяўчына ўбіла яму відэлец у вока. Хуліган адной рукой схапіўся за вока, а другой магутным ударам у сківіцу кінуў Тоську на падлогу. Ён кінуўся на яе, рыкаючы ад болю і злосці. Тады Ясь падфутболіў нагой яму ў твар. Хуліган бокам споўз на падлогу. Тут Ясь атрымаў удар кіем ззаду. Ён абярнуўся да сцяны і падставіў руку пад другі ўдар, спрабуючы абараніць галаву. Сам ён брыкнуў нападніка нагой у прамежнасць. Хуліган адпусціў кій і асеў на падлогу. Нават слабенькая Лёля Ландыш дапамагала злодзеям у бойцы.

Раптам пагасла лямпа, і пакой патануў у цемры. Адразу ж пасля бліснула святло кішэннага ліхтарыка і грымнуў стрэл. Пачуўся гучны, упэўнены голас:

– Хто не быў на вечарынцы, прэч з кватэры; бо буду страляць у кожнага чужога.

І натуральна, прагучалі яшчэ два стрэлы. Страляў Жаба, ён не браў непасрэднага ўдзелу ў бойцы. Жаба прастрэліў плячо Свісталу, які качаўся з Янкам Залатым Зубам па падлозе.

Хуліганаў агарнула паніка. Хто мог уцякаць, кінуўся праз дзверы і вокны на падворак. Злодзеі пераследавалі ўцекачоў.

Кася Залатая Труба, напалову аголеная, перамазаная ў крыві, з апухлым вокам, сядзела верхам на Вугру і, брыдка лаючыся, таркай шаравала яму твар.

– Я цябе навучу, як са злодзеямі звязвацца!

Гэтай дзікай зброяй яна за пару секунд ператварыла твар стомленага доўгай бойкай, шматлікімі ўдарамі і стратай крыві Вугра, найсмялейшага з хуліганаў, у абскрэбеную катлету.

Кацярына Сперда таксама не сядзела без справы. Аднаго нападніка яна абясшкодзіла адразу ў сенцах, выліўшы яму на галаву вялізны рондаль кіпню. Пасля з сякерай у руках яна стала на абарону кухонных дзвярэй і не пусціла нікога праз вузкі праход.

Чатыры хуліганы засталіся ў кватэры на падлозе: Свістала – збіты на горкі яблык, з прастрэленым Жабам плячом; ягоны абвараны кіпнем прыяцель выпінаўся ад болю ў сенцах; трэці – той, якому Тоська ўсадзіла ў вока відэлец, а Ясь скончыў справу выспяткам; і Бузыга, з якім скончылі Філіп Лысы, Фіська і Парадак.

Са злодзеяў непрытомнымі ляжалі Пецька Бык і Фіська. Тоська праз пару хвілін ачомалася. Бойка перанеслася на падворак. Біліся Баран, Ясь, Янка Залаты Зуб, Свабода, Філіп Лысы і Парадак. Рэшта зладзейскай партыі была няздольная біцца з прычыны ран і траўмаў. Хуліганаў было ўжо толькі сямёра, бо рэшта (акрамя тых, што засталіся ў кватэры) уцякла.

У віры калатнечы раптам з’явіўся Ісай з вялікай жалезнай завалай у руках. Ён змёў з ног Яся і кінуўся на Філіпа. Туды ж бегла Кася з таркай напагатове: яна ўжо кінула непрытомнага Вугра. Ісай выцяў яе завалай збоку, і Кася са зламанай рукой упала на зямлю.

Гэтым момантам скарыстаўся Парадак і, схапіўшы завалу левай рукой, правым кулаком ударыў Ісая ў скронь. Завала засталася ў руках Парадка. Тут Ісай вырашыў кінуць сваіх дружбакоў, пераскочыў праз невысокую агароджу і кінуўся наўцёкі. Баран надставіў яму нагу – той грымнуўся. Ззаду Баран адчуў удар каменем і ўпаў поруч з Ісаем.

Хуліган падарваўся на ногі. Баран спрабаваў сесці, але яму было млосна. Раптам ён заўважыў у руках Ісая лязо нажа. Кашэчым рухам Баран выкруціўся ад удару і аберуч схапіў Ісая за правіцу. Угрызся зубамі ў ягоныя пальцы, і нож вылецеў з хуліганавай рукі. Баран схапіў нож і адным кароткім рухам знізу ўверх джгануў ім Ісая ў жывот. Ісаеў кулак, нацэлены ў скронь Барана, не завершыў удару і апаў.

Тым часам Парадак жалезнай завалай дабіваў рэшту хуліганаў. Яму ўжо не была патрэбная дапамога. А ягоны сябрук – гарманіст Папугай – сядзеў сабе на лавачцы перад домам і, абыякава назіраючы за бойкай, граў на гармоніку вальсік. Што яму з гэтай бойкі, ён такога шмат бачыў на вечарынках. Што праўда, не так маштабна, але як на яго, то і досыць.

Ісай кінуўся наўцёкі, але ў яго пачалі вывальвацца кішкі. Ён сеў. Кішкі выпалі на пясок – паміж ног. Ісай, ціха скуголячы, ліхаманкава збіраў іх і запіхваў у брушную поласць. Сабраў. Закрыў растапыранымі пальцамі. Устаў і, хістаючыся, паспрабаваў бегчы на паўсагнутых нагах.

Праз момант ён зноў сеў. Кішкі зноў вываліліся на пясок. І тады Ісай завыў нізкім, згасаючым, перарывістым голасам.

А згары на ўсё гэта пазірала халодная, бледная, абыякавая поўня.

НАЙВЫШЭЙШЫ
ЗЛАДЗЕЙСКІ ПІЛАТАЖ

Ажур ужо два месяцы праходжваўся вуліцамі Менска і вузкімі шэрымі вачыма, у якіх зіхцелі водбліскі сталі і агню, даследаваў горад. Тонкі розум чалавека, які вырас і жыў у заўсёднай небяспецы, быццам рэнтгенаўскім апаратам прасвечваў камяніцы і душы людзей – ворагаў, ахвяр і калег. Ён быў шукальнікам скарбаў – без розніцы, дзе яны хаваюцца: у жалезе, бетоне, пяску і азбесце сейфаў ці ў душах сяброў. Сталых супольнікаў ён не меў, бо не раз расчароўваўся ў людзях. Падбіраў іх з ліку калег па цэху, а нярэдка працаваў і з фраерамі. Ажур быў чалавекам выключна негаваркім. Ён змаўляўся вачыма і рухамі жывых, нервовых рук. Выглядаў ён элегантна. Высокі, хударлявы, заўжды ахайна апрануты. Па натуры ён быў нервовым, але пры гэтым дасканала валодаў сабой, усе і лічылі яго чалавекам са сталі.

У злачынным свеце Ажур меў рэпутацыю цудоўнага «скрыначніка». Ён быў адным з найлепшых медзвяжатнікаў у Еўропе, адседзеў некалькі тэрмінаў у розных турмах Расіі, Германіі, Францыі і Румыніі, куды ездзіў на «гастролі». Сам малаадукаваны, ён валодаў некалькімі мовамі і меў прыстойны багаж ведаў. Па прафесіі ён быў слесарам, некаторы час працаваў электратэхнікам.

Упершыню ён трапіў у турму па палітычнай справе. Праз знойдзеную ў яго кватэры падчас вобшуку эсэраўскую брашуру яго западозрылі ў прыналежнасці да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ажур не выдаў сябра, ад якога атрымаў брашуру. Сказаў, што знайшоў яе на вуліцы. Сядзеў ён нядоўга, але пасля вызвалення ніяк не мог знайсці працу. Тады ён з’ехаў з Каліша ў Варшаву і там уладкаваўся электратэхнікам. Але няўдача і тут яго напаткала. Яго абвінавацілі – зноў памылкова – у крадзяжы грошай з кватэры, дзе ён працаваў. Іх скраў хтосьці з сямейнікаў, карыстаючыся тым, што ў кватэры бываў чужы чалавек. Пры вобшуку ў Ажура знайшлі крыху грошай, у якіх пацярпелы «пазнаў» частку тых, што ў яго зніклі. Сур’ёзнейшых доказаў супраць яго не было, і Ажур або застаўся б на свабодзе пасля суда, або атрымаў бы маленькі тэрмін. Але яму пашкодзіла папярэдняя адседка – судзімасць. Невінаваты Ажур адседзеў у макатоўскай турме два гады.

Выйшаў і зноў не мог нідзе знайсці працы. Галадаў, бедаваў і, урэшце, праз год галечы і тулянняў, у трэці раз трапіў у турму. Гэтым разам заслужана. Скарыстаўся сваімі слесарскім ведамі і здзейсніў крадзеж.

Вызваліўшыся ў трэці раз, сумленна жыць і працаваць Ажур ужо не спрабаваў. Ведаў, што грамадству і паліцыі зручней бачыць у ім злодзея, чым працаўніка. Ён пагадзіўся з гэтым і, карыстаючыся сваімі практычнымі ведамі і трыма турэмнымі школамі, стаў прафесійным злодзеем.

Цяпер Ажуру было каля 50 гадоў. Ён дасканала ўмеў змяняць знешнасць і пашпарты. А найцяжэйшыя работы планаваў і выконваў так упэўнена і ўмела, што быў няўлоўны. Ажурам яго назвалі прыяцелі за тое, што ён прыгаворваў: «Для мяне ўвесь свет ажурны, – як дамская панчоха… І людзі, і дамы, і сейфы, і тайнікі… Я гляджу не паўзверх, а ў сярэдзіну». І напраўду, так ён і глядзеў.

Ажур хоць і быў вельмі негаваркі, але любіў свістаць. Гэтаму ён навучыўся ў турме, дзе ў адзіночнай камеры адбываў свой першы тэрмін. Правілы забаранялі вязням спяваць, крычаць, шумець, нават гучна гаварыць, але пра свіст нічога не было сказана. Каб не ўваходзіць у канфлікт з уладамі, Ажур свістаў ціхенька і неўзабаве так налаўчыўся, што лёгка выконваў самыя складаныя мелодыі.

Калі часам ён пераймаў салаўя, то ніхто б не паверыў, што гэта свішча чалавек… Плывучы па бурлівых хвалях жыцця, за трыццаць гадоў Ажур адсвістаў шмат тэрмінаў. Так ён навучыўся свістаць і на пазбаўленае сэнсу жыццё, і на людзей, што жылі, як зграі сквапных, жорсткіх, баязлівых, подлых, агідных, хлуслівых шакалаў.

Па прыездзе ў Менск Ажур адразу ж знайшоў колькі знаёмых: блатных з турмаў і розных гарадоў колішняй Расеі. Але з імі ён толькі падтрымліваў кантакт. Гарэлкі з імі не піў, не ўдзельнічаў у іх забавах, не хадзіў па зладзейскіх прытонах. А пасяліўся не на маліне, а ў ціхім і прытульным гатэльчыку «Новарасійск» побач з цэнтрам горада. Запісаўся купцом і напраўду заснаваў краму на Петрапаўлаўскай вуліцы побач з кінатэатрам «Люкс». Гэта была цацачная крама. Па аб’яве ў газеце Ажур знайшоў прадавачку. На пасаду прадавачкі цацак да яго звярнулася больш за дзясятак жанчын. Некаторыя мелі значныя фізічныя перавагі – прыгожыя, элегантныя, маладыя. Але Ажур пасля кароткага прасвечвання кожнай сваім «рэнтгенам» выносіў рашэнне: «Не падыходзіць», а ў выніку выбраў немаладую ўжо, хударлявую, ледзь не брыдкую і досыць негаваркую дзяўчыну. Ён здаў ёй краму і тавар, патлумачыў, як весці адзіную «прыходна-расходную» кнігу, а сам толькі час ад часу зазіраў па справах. Нягледзячы на гэта, ужо праз месяц крама заквітнела. Прадавачка зрабіла вельмі густоўную вітрыну. Прыгожа абставіла інтэр’ер, сама замаўляла ў крэдыт і брала на камісію цацкі, і крама замест дэфіцыту, на які разлічваў Ажур, пачала прыносіць прыбытак. Праз два месяцы Ажур, які ўсё яшчэ мала цікавіўся існаваннем крамы, зарыентаваўся, што тавару ў ёй у пяць разоў больш, чым напачатку, нягледзячы на тое, што, апроч першых выдаткаў на абсталяванне і закупку, ён не даў ані капейкі. Час ад часу ён зазіраў у краму, праглядаў кнігі і ўжо крыху лагаднейшым позіркам – у ім цяпер было больш агню і менш сталі – прасвечваў сваю прадавачку. Дзяўчына, звычайна спакойная і сабраная, пачала баяцца гэтага погляду. Яна не магла зразумець: чаму? Позірк гэтага дзіўнага мужчыны вельмі раздражняў яе. Яна адчувала, што з яе здымаюць не адзенне, а ўсё цела. Гэты позірк быў быццам адваротна ўсталяваны перыскоп падводнай лодкі, ён ішоў звонку ў сярэдзіну карабля – у ейную душу – і ўладна, халодна назіраў за механізмам, што кіруе рухамі і памкненнямі ейнага цела. Праз некаторы час дзяўчына – смелая і ўпэўненая ў сабе – пачала чырванець, калі Ажур размаўляў з ёю. «Лепш бы ён свістаў», – думалася ёй, і гэта спачатку здзіўляла і злавала. Зрэшты, іхныя рэдкія размовы былі такія дзіўныя для яе, што часам яна гублялася, не ў стане знайсці адказу. Напрыклад, размова на першай сустрэчы, калі дзяўчына прыйшла да яго ў гатэль у пазначаны ў газеце час, выглядала так:

– Вы шляхцянка? – хутчэй засведчыў, чым спытаў Ажур.

– Так, – адказала яна.

– Вы добра ведаеце мовы.

– Так.

– Прадаваць вы не ўмееце.

– Не ўмею.

– Вы навучыцеся. Заробак я вам дам у залежнасці ад вашых патрэб. Дамову падпісваць не будзем. Праца з заўтра.

Ён прызначыў ёй час прыходу на працу і развітаўся.

– У вас няма гадзінніка.

– Няма.

– Вазьміце гэты, – ён дастаў з шуфляды новы дамскі гадзіннік з бранзалеткай.

Дзяўчына хацела пратэставаць. Але Ажур не даў ёй і слова сказаць.

– І ў мяне не заўжды гэта было. Без гадзінніка працаваць нельга. Я вылічу гэта з заробку.

Здзіўленая жанчына выйшла на вуліцу. Ажур, седзячы нерухома за сталом, паліў цыгарэту і насвістваў нейкі вальсік. Ён быў упэўнены, што зрабіў добрую інвестыцыю, наняўшы гэтую дзяўчыну прадавачкай. На наступны дзень, як толькі пачаўся гандаль у краме, Ажур дастаў з кішэні партманэ і адлічыў 1000 ост-рублёў. Ён упісаў гэтую суму ў кнігу ў калонку «расход» і пазначыў мэту выдатку – рэклама. Гэтыя грошы ён даў прадавачцы і сказаў:

– Прашу вас прыгожа і модна апрануцца.

Дзяўчына здзівілася, але не пратэставала. Словы проста прыліпалі ёй да горла ў прысутнасці гэтага чалавека. Праз пару дзён яна змяніла сваю адзіную, мазольна зацыраваную, заношаную сукенку на прыгожы, але сціплы касцюм і боцікі. Рэшту грошай і рахункі яна аддала Ажуру. Ажур пачаў штось насвістваць, пасля змоўк і сказаў:

– Прашу вас купіць сабе паліто, бялізну і што там трэба. Гэтая тысяча рублёў – адзінаразовы выдатак, без вылічэнняў.

Беручы яе на працу і цягам наступнага месяца Ажур не пытаў яе пра імя і прозвішча. Толькі потым, калі яму трэба было на тыдзень з’ехаць з горада, ён пацікавіўся ў яе пра гэта.

– Мяне завуць Марыя Антонаўна Запольская.

– Полька.

– Так.

– І я паляк… З Варшавы… Бацькі ў вас ёсць?

– Так, яны памерлі ў Маскве… Тыф і турма…

Ажур насупіўся і доўга маўчаў.

– У Польшчы ў мяне ўжо нікога няма, – дадала дзяўчына.

Праз нейкі момант Ажур быццам апамятаўся ад задумення, падняўся і развітаўся з Запольскай.

– Я з’язджаю на тыдзень.

– Як займацца крамай?

– Так, як вы палічыце патрэбным.

Мінуў тыдзень. Ажур не вяртаўся. Запольская, карыстаючыся свабодай у справах продажу, разам з цацкамі пачала прадаваць таксама канцылярскія тавары. Праз дзесяць дзён Запольская занепакоілася, што яе карміцель не вяртаецца. Калі Ажур быў на месцы, то яго дзіўныя візіты непакоілі і крыху раздражнялі яе. Чаму ён так дзіўна пазірае? Чаму не кіруе ейнай працай? Такое стаўленне было ёй незразумелае. Цяпер ёй не ставала яго халодных, дзіўных вачэй і заўсёднага маўклівага адабрэння. Марыся лавіла сябе на тым, што, калі яе галава была вольная ад штодзённага клопату, думкі самі кіраваліся да Ажура. Праз пятнаццаць дзён у краму прыйшоў нейкі ягамосць ва ўзросце і спытаў Запольскую:

– Гэта крама пана Эдварда?

– Так.

Гэты ягамосць уручыў ёй канвэрт і паклаў на прылавак досыць доўгую, цяжкую і старанна загорнутую пасылку.

– Калі ласка, надзейна схавайце гэта. Тут дарагія тэхнічныя прылады.

– Добра.

Запольская разарвала тоўсты канверт. У ім было пяць тысяч ост-рублёў на закупку тавараў і паведамленне ад працадаўцы, што ён вернецца праз два тыдні. Дзяўчына супакоілася і з імпэтам пачала планаваць далейшыя паляпшэнні ў краме.

Тым часам Ажур дабраўся да Вільні і ў гэтай адвечнай калысцы зладзейскага свету ўсходніх крэсаў Польшчы, вырашаў свае справы. Перш за ўсё яму быў патрэбны камплект інструментаў для адкрывання, або, калі вызначаць гэтае дзеянне яшчэ дакладней, для свідравання і рэзкі сейфаў. Цяжкасцей з гэтым было шмат. Складана было знайсці добрую сталь, свердлы… Урэшце, некаторыя інструменты ён зрабіў сам у блатнога ўладальніка механічнай майстэрні, а рэшту трэба было прывезці з Варшавы. І акурат надарылася добрая аказія. Адзін блатны з каханкай – як муж і жонка – везлі ў Варшаву некалькі тысяч ліпавых даляраў. Гэта былі фальшывыя дваццацідаляравыя купюры, якія фальшывадрукарскае кіраўніцтва прадавала па цане ад 3 да 8 сапраўдных даляраў. Цана залежала ад асобы пакупніка, колькасці набытых «ліп» і часу. Спачатку даражэйшыя, пасля таннейшыя. Па вёсках Віленшчыны і Царства Польскага разышлося многа тысяч такіх ліп, і сяляне зберагалі іх часта ў вельмі істотных сумах, не ведаючы, што збіраюць звычайныя шматкі паперы. Гарады хутка зарыентаваліся ў гэтай справе, а вёска была верным кліентам фальшываманетчыкаў цягам доўгіх гадоў. Можа падавацца дзіўным, што Вільня забяспечвала Варшаву фальшывымі банкнотамі, але на той час гэта была лакальная спецыяльнасць горада. Зрэшты, у працэсе бралі ўдзел і варшавяне… Той блатны павінен быў завезці «ліпу» ў Варшаву і вярнуцца. Менавіта яму Ажур і даручыў прывезці ад знаёмых блатных тэхнікаў адсутныя ў Вільні інструменты.

Хлопцы з Варшавы хутка і грунтоўна ўзяліся за Ажураву справу. У блатных не марудзяць, не цягнуць і не грэбуюць, калі вядзецца пра справу калегі, нават тады, калі ад гэтага не чакаюць прыбытку для сябе. Для іх гэта ані дабрачыннасць, ані заслуга, а абсалютна просты і безумоўны абавязак узаемадапамогі.

Ажур адразу ж адправіў усё ў Менск з адным старым калегам па цэху, што акурат кіраваўся туды легальна. Той калега ўжо даўно не краў, бо добра ўладкаваўся дзякуючы шлюбу з заможнай жанчынай. Аднак для фірмовых злодзеяў ён усё яшчэ заставаўся «сваім хлопцам» і, калі трэба было, бескарысліва ім дапамагаў. Не адвярнула яго ад старых калег і тое, што некалі яго абакралі. Клавішнікі не ведалі, што «зрабілі» колішняга фартовага. Гэта выявілася толькі праз некалькі гадоў. Хлопцы хацелі кампенсаваць яму страты, але ён адмовіўся. Толькі выпілі разам.

Ажур рыхтаваўся да большай работы. Падрыхтоўка ішла ў яго ўмела, у яе ён укладаў увесь досвед, набыты цягам трыццаці гадоў працы прафесійнага злодзея, і ўвесь свой прыродны розум… Блукаючы цягам двух месяцаў па Менску, бязгучна насвістваючы полечку і прасвечваючы людзей і дамы сваімі цудоўнымі вачыма, ён бачыў недаступныя зроку «звычайнага» гараджаніна дзіўныя дэталі горада і жыцця. Збіраючы разам дробныя факты, робячы высновы на падставе неістотных драбніц, з навуковай дакладнасцю і дэталёвасцю ён ставіў зладзейскія дыягназы. Ён рабіў «фантастычныя» заключэнні, якія пасля праверкі выяўляліся слушнымі.

У адным з будынкаў на Губернатарскай вуліцы размяшчаўся Цэнтрхарчзабкам Менскай акругі. Там былі таксама вялізныя таварныя склады, аддзел рахункаводства і… акурат тое, што цікавіла Ажура, – каса. У гадзіны прыёму там было поўна людзей: чыноўнікаў і наведнікаў. Пасля заканчэння працоўнага дня ўсе склады і сейфы пільнавала ўзброеная ахова.

У зале, дзе знаходзіўся незгаральны сейф, былі вялікія вокны з кратамі. Туды вяло двое дзвярэй. Адны – звычайна пасля прыёмнага часу – замыкаліся на засаўку, магутныя навясныя замкі і на замкі ўнутраныя. Звонку і знутры гэтыя дзверы былі абабітыя лістамі двухміліметровай бляхі, трывала замацаванай заклёпкамі. Другія дзверы – унутраныя – былі наглуха забітыя, і за імі знаходзілася вайсковая варта. Склады ахоўвалі пазменна чатыры нямецкія жаўнеры, якія змяняліся кожныя дзве гадзіны. Адзін стаяў у браме будынка, трое пільнавалі два ўнутраныя двары і касу знутры. Такім чынам каса была пад аховай з боку ўнутранага двара, куды выходзілі тры акны, з калідора і з боку суседняй залы – вартоўні.

Ужо пасля кароткага ўступнага агляду Ажур вырашыў: «Браць буду з падвала». І пачаў падрабязна вывучаць і аглядаць дэталі. Неўзабаве і гэты этап быў завершаны. А крыху пазней у «Новарасійскім» гатэлі Ажур сядзеў за сталом і на аркушы паперы алоўкам рабіў накід унутранага двара, будынка, залы, падвалаў і касы Цэнтрхарчзабкама. Дзверы былі замкнёныя на ключы. У паветры лунала ціхая мелодыя полечкі. А з іншага боку стала Баран уважліва сачыў за абрысамі, што з’яўляліся на паперы. Полечка і працэс малявання падышлі да канца. Дзве галавы схіліліся над сталом. Канец алоўка закружыў па малюнку. Ажур ціха тлумачыў гэты танец. Баран час ад часу прытакваў рухам галавы, маўляў, разумею, або ціха задаваў пытанні.

Справа была ясная, і справу зацвердзілі.

– Каго ўзяць за трэцяга? – спытаў Ажур, які выбраў сабе адпаведнага супольніка – Барана.

Алік адказаў не раздумваючы:

– Паніча.

– Не ведаю такога.

– Малады. Са мной пачаў хадзіць. Але пэўны.

Трэці супольнік быў патрэбны на «рэкс»[31]31
  Рэкс – варта, што папярэджвала пра небяспеку.


[Закрыть]
; Баран і Ажур павінны былі браць касу.

– Добра, – замацаваў дамову Ажур.

Дамовіліся пра наступную сустрэчу і работу. Ажур паехаў у Вільню, каб укамплектаваць набор інструментаў, бо работа была асабліва цяжкая, а рабіць яе трэба было ціха, памятаючы і пра змены аховы, і, найважнейшае, пра блізкасць вартоўні. Таму прымітыўнымі інструментамі працаваць было нельга.

Запольская замыкала краму, калі збоку хтосьці ўзяў яе пад руку. Яна пачула ціхі свіст вальса. Здзіўленая і крыху напалоханая, яна паглядзела Ажуру ў твар, і яе шчокі заліла чырвань.

– Вы вярнуліся?

Ён хітнуў галавой, не перарываючы мелодыі, і ўсміхнуўся… вачыма.

– Калі ласка… Не глядзіце на мяне так… Мне непрыемна… Хочаце праверыць краму і рахункі?

Ён адмоўна пакруціў галавой. Пасля зноў узяў яе пад руку і сказаў:

– Хадзем вячэраць.

Ён павёў яе, збянтэжаную гэтай сітуацыяй, у першакласны рэстаран і там раптоўна перамяніўся ў вялікага пана. Афіцыянт з вялікай пашанай выслухаў замоўлены ім «уступ» да вячэры. У адзін момант знік чалавек з вачыма, што прасвечваюць душу да дна, і з’явіўся элегантны, дасціпны мужчына.

Позна ўвечары Ажур правёў Запольскую дамоў. Ля дзвярэй яе кватэры ён узяў дзяўчыну за руку і паволі, ціха, пераканаўча сказаў:

– Вы ж добра ведаеце, што я нікуды з Менска не з’язджаў. Што я заўжды быў тут. Што я нічога вам не пісаў і ніхто нічога ад мяне ў краму не прыносіў.

Ён глядзеў ёй у вочы. Некаторы час яна маўчала. Пасля адразу ж зразумела, да чаго ён вядзе, і паспешліва сказала, усцешаная тым, што можа яго супакоіць:

– Так. Натуральна. Вы ўвесь час былі ў Менску. Кожны дзень прыходзілі ў краму.

– Добра. Часам гэтым могуць зацікавіцца, таму вядзецца пра тое, каб вы не наклікалі непрыемнасці на сябе, наклікаўшы іх на мяне.

– Вы можаце быць упэўнены. Трэба толькі папярэдзіць.

– Я папярэджваю і дзякую.

Ажур паціснуў ёй руку і адначасова левай рукой пяшчотна правёў па яе ілбе і валасах. Пасля ціха спусціўся па сходах. Дзяўчына яшчэ доўга не званіла ў кватэру. Узрушаная, яна раздумвала пра тое, што толькі адчувала ўражлівай інтуіцыяй. Пры сустрэчы з ёю сёння Ажур адразу прачытаў гэта ў ейных вачах. Так прадвызначыўся далейшы ход іх знаёмства.

А назаўтра ў трушчобе Цыпы апоўдні сустрэліся Ясь, Баран і Ажур. Дзве гадзіны за півам яны абмяркоўвалі дэталі акцыі, прызначанай на найбліжэйшую суботу. Вызначальным было тое, што ў нядзелю камітэт не працаваў. Таму, калі б яны – з нейкіх прычын – не паспелі з усёй работай у першы дзень, то змаглі б скончыць яе назаўтра.

У суботу, за дзве гадзіны да канца прыёмнага дня, Ясь з вялікай валізкай у руцэ ўвайшоў у двор Цэнтрхарчзабкама. І скіраваўся наўскос направа, да ўваходу ў аддзел рахункаводства. Мінуў дзверы аддзела і, запаволіўшы крок, паставіў валізку на зямлю поруч з дзвярыма ў падвал. Дастаў з кішэні партманэ і, калі поруч праходзілі людзі, рабіў выгляд, што шукае там штосьці – нейкую паперчыну ці дакумент. Адначасова ён трымаў у руцэ медны кручок, якім збіраўся, як толькі надарыцца такая магчымасць, адамкнуць дзверы ў падвал.

Ясь, як найменш прыкметны і перш за ўсё як ніколі не караны і наогул невядомы крымінальнай паліцыі, прынёс у валізцы інструменты для ўскрыцця сейфа. Валізка была цяжкая, але Ясь рабіў выгляд, што нясе яе лёгка. Амаль паўгадзіны Ясь чакаў добрай нагоды, каб незаўважна адамкнуць дзверы і праслізнуць у падвал. Гэта было вельмі важна. Урэшце Ясь выбраў абсалютна надзейны момант і паспешліва засунуў сплюснуты кручок у дзвярную шчыліну. Пацягнуў яго наверх, пакуль не ўпёрся ў заскачку замка, і тады паволі і моцна пацягнуў кручок на сябе. Заскачка пасунулася ўлева, і дзверы адамкнуліся. Ясь сунуў кручок у кішэню. Ён прыслухоўваўся. Па двары ніхто не ішоў. За дзвярыма аддзела рахункаводства таксама не было чуваць крокаў. Лесвічная пляцоўка быў пустая. Ясь хутка схапіў валізку і, адкрываючы дзверы, стаў на першую прыступку падвальных сходаў. І адразу ж зачыніў за сабою дзверы. Ён застаўся ў цемры. Тут было халодна. Ясь уключыў электрычны ліхтарык і скіраваўся, несучы валізку ў другой руцэ, уніз па сходах. Там ён знайшоў кучу пустых бочак, пра якія яму казаў Ажур, і схаваў у іх валізку з інструментамі. Пазней ён вярнуўся на лесвіцу і стаў ля дзвярэй. Ён дастаў з кішэні некалькі драўляных кліноў і адзін з іх дапасаваў да дзвярной шчыліны, поруч з замком. Цяпер дзверы нельга было адчыніць нават ключом звонку, а Ясь мог пасунуць заскачку проста пальцамі.

Паніч зірнуў на гадзіннік. Да дамоўленага прыходу супольнікаў было амаль паўгадзіны. З падвала хлопец мог назіраць за калідорам і часткай двара толькі праз замочную шчыліну. Гэта было нязручна, і бачнасць была вельмі абмежаваная. Пакуль быў вольны час, Ясь пачаў дэталёва вывучаць дзверы. Ля падлогі ён знайшоў месца, дзе не было адной касой ліштвы. Там праз шчыліну паміж знешнімі дошкамі магутных, цяжкіх дзвярэй лілося святло. Бачнасць і тут была абмежаваная. Спружынным ножыкам Ясь пачаў цішком пашыраць гэты зазор. Ён рабіў гэта асцярожна, дастаючы стрэмкі ўнутр. Праз некаторы час шчыліны стала хапаць для агляду ўсяго калідора і бачнай праз дзверы калідора часткі двара.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю