Текст книги "Гляну я ў аконца..."
Автор книги: Сяргей Пясецкі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)
КЛОПАТ ПАЎЦІ
І ЭТЫКА ТАМАША ХУРДЗІЧА
Вылітая ў твар вада прывяла Паўлінку ў прытомнасць. Яна расплюшчыла вочы і ў жаху глядзела на свайго каханка. Баран моцна перавязаў плячо, каб спыніць кроў, што цякла з глыбокай раны каля локця, пасля ручніком закруціў саму рану. Ён апрануў фрэнч, узяў шапку і, не зірнуўшы на Паўлінку, выйшаў з майстэрні.
Паўця нейкі час ляжала, мяркуючы, што Баран зараз вернецца, але, калі яго не было ўжо доўга, яна паднялася і пайшла ў свой пакой. Зірнула ў люстэрка і адступіла ў жаху. Твар, шыя і грудзі былі залітыя крывёю… Хутка, аднак, яна супакоілася, бо згадала, што гэта кроў палюбоўніка. Толькі вылаялася: «Пачакай у мяне, бандзюган, я табе гэтага не дарую! Успомніш у мяне!»
У той дзень Баран дадому не вярнуўся. Начаваць ён таксама не прыйшоў. Назаўтра Паўлінка, убачыўшы Яся, спытала ў таго пра Аліка, але хлопец нічога пра яго не ведаў.
На чацвёрты дзень з раніцы Паўлінка элегантна адзелася, апранула каракулевы палітончык і пайшла да Баляў. Дарогаю яна разважала, што рабіць. «Можа, Алік мяне кінуў? А можа, папаўся?.. Хутчэй, папаўся».
Паўлінка не хацела змірыцца з думкай, што Алік мог бы яе кінуць. У Баляў Паўця наслухалася шматлікіх захопленых водгукаў аб багацці і харастве свайго строя. Гэта яе вельмі пацешыла. Яна вярнулася дамоў позна. Аліка не было.
Уначы Паўлінка не спала. Разважала пра свой лёс і думала, што рабіць. Згадала Толіка, які быў для яе ўзорам выхаванасці і элегантнасці, і вырашыла пайсці да яго па раду. «Калі Алік не вернецца, то, можа, ён возьме мяне да сябе. Крыху грошай я назбірала, дарагіх рэчаў у мяне шмат. Мы б адкрылі большую цырульню. Мяне б яму саромецца не давялося. Я ж такая прыгожая. Алік па мне вар’яцеў. Чым я Толіку не пара… Я таксама магла б чытаць розныя кнігі і прыгожа гаварыць». Паўця расплылася ў мроях і заснула.
Назаўтра Паўлінка адзелася як найпрыгажэй і пайшла да Толіка. Праходзячы міма цырульні яна заўважыла, што кліентаў унутры няма, таму з мілай усмешкай і проста-такі ззяючы яна ўвайшла ў сярэдзіну.
– Толічак, каханы, даруй, што я так даўно ў цябе не была… Столькі справаў… – Паўця не паспела скончыць.
Толічак, які падчас уваходу Паўлінкі раскладваў у шафе сурвэткі, замёр на месцы. Перапуджанымі вачыма ён глядзеў на жанчыну. Урэшце ганарыста выпнуў грудзі, падняў угару падбароддзе і пагардліва ўказаў ёй пальцам на дзверы:
– Зрабіце ласку, шаноўная пані, вымятайцеся адсюль прэч! Зразумела?!
Паўлінка, аднак, не зразумела.
– Толічак, што ты гаворыш? Апамятайся!
У кутках вуснаў цырульніка з’явілася пена.
– Прэч! – гістэрычна закрычаў ён. – Будзе мне тут кожная курва ў прыстойную ўстанову лезці! Прэч, бо паклічу паліцыю!
Паўлінка зразумела, што гэта не жарт, пагатоў Толік падскочыў да яе і зусім не па-графску выпхнуў за дзверы.
– Прэч! – крыкнуў ён на развітанне. – Каб я цябе тут больш не бачыў, лафірында!
Выціраючы хустачкай слёзы з твару, Паўлінка вярнулася дадому. Там яна доўга плакала. Ейны Толічак, ейнае боства, ейная мроя, ейны ідэал, такі разумны, такі вучоны – і так з ёю абышоўся. Паступова яна пачала адчуваць да яго нянавісць. Міналі гадзіны, і з хаосу думак і пачуццяў Паўця вычаліла адзіную праўду: «Алік, аднак, заўжды ставіўся да мяне нашмат лепш… Ён мог пабіць мяне тады, нават і забіць мог, але ён ударыў нажом не мяне, а сябе. І ўсё праз гэтага падлюгу!.. Можа, Алік з роспачы жыцця сябе пазбавіў?.. І што мне, беднай, рабіць?.. Ён цяпер, можа, ніколі не вернецца, а павінен быў купіць мне залаты гадзіннік… Якая я няшчасная!»
Мінуў тыдзень, але Алік не вяртаўся. Паўлінка не ведала, што рабіць. Урэшце, у скрайняй роспачы яна пайшла да бацькі. Бацькоў яна застала за абедам.
Убачыўшы дачку, Тамаш Хурдзіч насупіў густыя бровы:
– Ну, чаго трэба?
З вачэй Паўлінкі паліліся слёзы.
– Татачка, я такая няшчасная!
– Чаму ж гэта?.. Га?.. Сама на бацьку нацкавала гэтага даўгілу… Сама за ім паляцела, а цяпер няшчасная…
Тамаш агледзеў пакой. Ён шукаў вяроўку. Пасля зірнуў да дачку, і ў ягонай галаве загарэлася думка: «Як лупцаваць бабу ў каракулевым паліто?»
– Дык чаго табе? – цвёрда адсек Хурдзіч.
– Я да мамусі… – жаласна ўздыхнула Паўця.
– Сюды ідзі! – прарыпаў Хурдзіч. – А вы вон!
Стася і Юлік як найхутчэй выйшлі з пакоя, а Паўця паслухмяна села за стол і моўчкі раняла слёзы.
– Ну-у!? – буркнуў Тамаш.
Заікаючыся, Паўлінка расказала бацькам пра выпадак з каханкам. Што з рэўнасці ён закаціў ёй скандал і рубануў сябе нажом. Пра Толіка, натуральна, яна ані слоўкам не згадала. Пасля Баран кінуў яе і цэлы тыдзень не вяртаецца дадому.
Хурдзіч з каменным тварам і крытычна прымружанымі вачыма глядзеў на дачку. Калі яна замаўчала, ён знянацку адгукнуўся спакойным голасам, чым вельмі здзівіў жонку і дачку:
– Я ведаю, што гэта злодзей… А злодзеі спрытнюгі… Трэба было трымацца за яго і даіць, як тую карову, а не распуснічаць з кудлам… Я думаў, што ты маеш крыху майго розуму… А ён, відаць, хоць і злодзей, але дурны, бо тады б цябе нажом шаргануў… Мабыць, аслеп ад кахання і такое выкінуў… З такім можна ў золаце хадзіць, а што ты цяпер маеш?..
– Сукенкі ў мяне прыгожыя ёсць, бялізна, пярсцёнкі, каракуль… – апраўдвалася крыху падбадзёраная Паўця.
– А форсы ў цябе колькі?
– Крыху ёсць…
– «Крыху ёсць…», – перадражніў яе бацька. – Зараз як здзяру з цябе гэтыя каракулі і адлупцую, то набярэшся розуму. Была ў цябе залатая жыла, дык трэба было яе шанаваць.
Паўця толькі плакала.
– Ты мне смаркі не размазвай, – павысіў голас Тамаш. – А калі я цябе розуму вучу, то ўважліва слухай і запамінай… Гэты твой хрукт вернецца. Гэта дакладна… Ідзі дадому і чакай… Як вернецца, то падлашчвайся да яго, пусці пыл у вочы і цягні, што толькі можна… З каго дзерці скуру, як не са злодзея… Толькі трэба з розумам… Каб так выходзіла, што ён сам дае, а не ты выцягваеш… Вось што… Ты з ім амаль паўгода жывеш, а што маеш?.. Разумная на тваім месцы ўжо б кучу форсы мела… А ты! Каракуль!.. Ідзі цяпер дамой, ладненька ўсё прыбяры, сама прыгожа апраніся і чакай… А як вернецца, то паплач, прымі яго як каралевіча… Як трэба, прабачэння папрасі, падлабунься, калені пакажы, як сядаць будзеш, да цыцак прыцісні… Сама ведаеш, чым сука кабяля возьме… А галоўнае, даглядай яго, каб галодны не быў, каб меў, што любіць, пытай пра здароўе… а сама думай: «Здохні, халера!» Такім ладам ты не толькі форсу, але і скуру з яго спусціш… Ну, пайшла прэч і памятай маю навуку, бо як розуму не набярэшся і другі раз сюды хліпаць прыйдзеш, то я табе на срацы каракуляў павыбіваю!
Хурдзіч ніколі так доўга і так зычліва не размаўляў з дачкой. І маці, і Паўця былі ў скрайнім здзіўленні. Гэта быў першы ў жыцці ўрок этыкі, псіхалогіі і грамадзянскай тактыкі, выкладзены бацькам дачцэ.
Алік Баран перш за ўсё пайшоў да блатнога фельчара, з якім падтрымлівалі сувязі найлепшыя злодзеі і спецыялісты па працы «на сабачку». Яго называлі Бляск – за тое, што ён часта паўтараў гэтае слова.
– Ну вас і аздобілі! – сказаў Бляск, агледзеўшы рану Барана.
– Я сябе сам аздобіў.
Бляск з недаверам паглядзеў на Барана, перавязаў Алікаву рану і загадаў прыйсці праз два дні.
– Шмат я вам вінен за клопат? – спытаў Алік.
– Дай, колькі хочаш… Можаш нічога не даваць… А магу і я табе даць, калі трэба…
Гэта быў прынцып Бляска: браць, колькі дадуць, а калі трэба, то дапамагаць пацыентам. Як выявілася, гэты метад быў добры тым, што ўдзячныя пацыенты, якіх ён пры неабходнасці лячыў задарма, калі здабывалі гатоўку, шчодра адплачвалі свайму дабрадзею. Такім чынам Бляск здабываў грошы і сэрцы.
Бляск быў дзіўным тыпам. Маленькі, лысавы, гадоў каля пяцідзесяці, але выглядаў ён нашмат старэйшым. Твар шэры, быццам абцягнуты брудным брызентам. І з гэтага брыдкага твару глядзелі добрыя, дзіцячыя вочы… Бляск быў некалі вайсковым фельчарам у Сібіры. Потым за нейкія там справы трапіў у турму, а пасля амністыі яго камісавалі… Ён прайшоў усю Сібір. Быў у Маньчжурыі і Кітаі. Урэшце прыехаў у Менск з дачкой ссыльнага, з якой ажаніўся (яна сама была з Менска, і ў яе была тут сям’я). Жонка ягоная памерла ў 1910 годзе.
Бляск быў вядомы сярод беднаты ва ўсім горадзе. У яго не было права весці практыку, але да яго звярталіся ва ўсіх цяжкіх выпадках, і Бляск дапамагаў там, дзе лекары апускалі рукі. Магчыма, у гэтым было шмат удачы. Мяркую, вялікае значэнне тут мела ўнушэнне, бо Бляск лячыў і замовамі… Ён абследаваў хворага вельмі старанна, часам па некалькі разоў, урэшце даваў лекі, якія сам і гатаваў, пераважна з зёлак. Бляск ваўчуком змагаўся з найцяжэйшымі хваробамі кішэчніка, печані і страўніка, серай з зёлкамі цалкам паспяхова і хутка лячыў язвы, хваробы скуры і абмен рэчываў. На сухоты прапісваў даўжэйшае піццё выцяжак саломы (якая гатавалася гадзінамі), алоэ і мёду. Вапну здабываў з тоўчанага на муку яечнага шкарлупіння. Часам карыстаўся дзіўнымі і рызыкоўнымі сродкамі, напрыклад, некалькі разоў вылекаваў цяжкае запаленне лёгкіх простым абкладаннем хворага кіслай капустай. Пасля працэдуры даваў піць гарэлку і гарбату.
Не было такога выпадку, каб Бляск адмовіў у дапамозе, нават калі гэта было незаконна.
Аднойчы яго паклікалі да жонкі мясцовага саноўніка, якая шмат гадоў ездзіла па санаторыях і модных лекарах. Яна хварэла на адсутнасць апетыту, бяссонне, кепскі абмен рэчываў і «нервы». Бляск старанна абследаваў хворую і сур’ёзна сказаў:
– Калі ласка, цягам першага месяца лячэння наогул не ежце мяса. Далей так: апошні прыём ежы можа быць не пазней як за чатыры гадзіны перад сном. Акрамя гэтага, штодня з раніцы вы павінны галяком паўгадзіны хадзіць на карачках па садзе або па добра праветраным пакоі, а непасрэдна перад сном прашу вас прымаць пятнаццаціхвілінную гарачую ванну. Лекі я дашлю вам заўтра. Калі ласка, прымайце сталовую лыжку перад кожным прыёмам ежы.
Гэта была моцная палыноўка.
Саноўнічыха была крыху шакаваная такімі рэкамендацыямі лекара, але ўпэўненасць і сур’ёзнасць Бляска так на яе паўздзейнічалі, што хоць і з пэўным недаверам, але ўказанні яна выконвала.
Праз месяц Бляск наведаў сваю пацыентку. Выявілася, што паненка да свайго вялікага задавальнення згубіла ў вазе некалькі кілаграмаў, добра спала і да яе вярнуўся апетыт.
Да злодзеяў у Бляска быў асаблівы сантымент. Магчыма, на яго паўплывалі некалькі год знаходжання ў турме. Лекар дапамагаў блатным ва ўсім і меў у іх, акрамя «Бляска», яшчэ адну мянушку – «Бацька». Здаралася, што злодзеі кіраваліся да яго са сваімі звадкамі як да арбітра ці суддзі. У такіх выпадках Бляск заўжды справядліва і бесстаронна вырашаў пытанне, і злодзеі безапеляцыйна прымалі яго прысуд.
Алік дастаў з кішэні партманэ і хацеў заплаціць Бляску за перавязку, але заўважыў, што грошай у яго няма. Ён зусім забыў пра гэта і моцна збянтэжыўся. Жыццё яго складалася так, што адсутнасць грошай ён лічыў ганьбай. «Не можа зарабіць або шпанюган, або той, хто дрэйфіць».
Бляск заўважыў замяшанне Аліка і сказаў лагодна, беручы яго за руку:
– Ведаеце што, пане Аляксандр, не хадзіце нікуды, а застаньцеся ў мяне на пару дзён. Рана ваша несур’ёзная, але патрабуе спакою, бо страта крыві была вялікая. У мяне ёсць вольны пакойчык, адпачняце там, і ўсё будзе бляск. Разумееце?
І Баран, зломлены фізічна і маральна, застаўся ў Бляска, які клапатліва заапекаваўся пацыентам.
Увечары Бляск прыходзіў да Аліка, і яны маленькімі кілішкамі пілі гарэлку. Бляск хутка напіваўся і тады распавядаў Аліку пра Сібір:
– Ведаеце што, пане Аляксандр, няма на свеце прыгажэйшага, багацейшага і цудоўнейшага краю. Там па золаце ходзяць, а навокал дзівосы дзеяцца. Кажу вам, пане, не жыццё – проста бляск. А што за людзі! Бескарыслівая, смелыя, з гонарам… Кожны, як кароль, – бляск! Едзьце, пане Аляксандр, у Сібір, жыццё там – бляск… У нас ікру з кеты па рублі за кіло прадаюць, а там мільёны пудоў у прытоках Амура гінулі. Не было каму – бляск – эксплуатаваць… А якія багацці ў гарах, лясах, рэках… Тут чалавек з чалавекам за аб’едкі б’юцца, а там мільярды пад нагамі ляжаць… Там свабода, там сыць, там… гэх, бляск, бляск!.. Мёд там бочкамі, масла бочкамі, футра задарма, звярыны мноства! А зямля!.. Абы-як заарэш: пшаніца – што тое золата… Сяляне быдла не лічаць… Коней сотнямі і тысячамі ганяюць!.. Рыбы ў азёрах ажно густа!
На чацвёрты дзень побыту Аліка ў Бляска да фельчара прыйшоў Філіп Лысы. Ён прывітаўся і, пранізліва пазяхаючы, сказаў, быццам бы абыякава:
– Хачу з вамі, Бацюхна, параіцца ў справе валасоў… Мажу, мажу рознымі мазямі столькі гадоў. Кучу форсы растраціў, і нічога, – Філіп пазяхнуў. – Што б з гэтым зрабіць?
– Перастаць мазаць… Дурны волас на разумнай галаве не вырасце. Вось табе і бляск!
Філіп засмуціўся.
– Як жа без валасоў жыць? Людзі смяюцца.
– Вось жаба ўся без валасоў, а сто гадоў можа жыць, і ніхто не смяецца… Бляск, і ўсё тут… Я таксама без валасоў і не перажываю зусім… Гэта не без ног, без рук, без вачэй!.. Ну?
– Вядома, – пазяхнуў Філіп. – Але чаму так адбылося?
– Кроў не даходзіла, таму карэньчыкі павыпадалі… Цяпер гамон… Як пачалі выпадаць, то быў спосаб, было б бляск… Расчэсваць, масіраваць, алкаголь уціраць, рамонкам мыць… Час ад часу цёплай вадой з соллю мачыць… Цяпер пра тое не варта і думаць… Аўсе мазі і ласьёны – хвальба без глянсу!
У пакой увайшоў Баран.
– Здароў, Мангол! – здзівіўся Філіп, але адразу ж замяў здзіўленне шырокім пазяханнем. – Паніч другі дзень цябе шукае, – сказаў Філіп, сціскаючы Баранаву руку.
Панічом у зладзейскім свеце называлі Яся.
– Што з табою сталася? – пытаў далей Філіп, гледзячы на перавязаную Алікаву руку.
– Нічога такога, – адвязаўся ад яго Алік. – Бацька мяне ў момант вылекуе.
– А чаму ты дома не лекуешся? Шухер[19]19
Шухер – небяспека. Спаймаць шухер – быць выкрытым, заўважаным за работай. Шухерны – той, хто пільнуе, ці няма небяспекі.
[Закрыть] быў? – дапытваўся Філіп.
– Так… Толькі не кажы нікому, дзе я… Толькі Панічу… Вось, дай яму гэты фінгер… Хай прадасць і форсу мне прынясе…
Баран даў Філіпу пярсцёнак з рубінам, які купіў некалі Паўлінцы, а пасля адабраў у Толіка.
І насамрэч, Ясь, якога Паўлінка некалькі разоў пытала пра Барана, шукаў яго па малінах. Ён згадаў аповед Барана пра Паўлінку і занепакоіўся лёсам майстра. Абышоў многія вядомыя яму маліны і паўсюль шукаў Мангола. Урэшце Казік сказаў яму, што Філіп мае для яго ўказанне ад Барана. Філіпа Ясь знайшоў у Цыпы. Той даў яму Алікаў пярсцёнак і сказаў, але па вялікім сакрэце, дзе можна знайсці Аліка.
Гэта было позна ўвечары. Ясь, не марудзячы, скіраваўся да Бляска. Баран з фельчарам пацягвалі гарэліцу. Калі хлопец увайшоў у кватэру, фельчар выйшаў у іншы пакой, даючы ім магчымасць пагаварыць сам-насам. Перш за ўсё Ясь вярнуў Аліку пярсцёнак.
– Чаго ты яго не апыліў? – спытаў Алік.
– Бо не трэба, – адказаў Ясь, дастаючы з кішэні немалы пачак даляравых купюр. – Гэта з апошняй работы. Акрамя таго, грошай у мяне яшчэ многа. Бяры, колькі хочаш. Ты мне шмат разоў дапамагаў, хай і я табе хоць раз ды прыдамся.
Ясь заўважыў, што Баран вагаецца, таму скарыстаўся фразай, якую некалі пачуў у злачынцаў:
– Злодзей у злодзея можа грошы ўзяць… У фраера – ніколі. Толькі скрасці!.. Бяры на ўдачу!
Баран паклаў здаровую руку на рукі Яся.
– Добра, добра… Я даўно ведаў, чаго ты варты… На фарт вазьму…
Алік узяў у Яся тысячу даляраў і дзве тысячы ост-рублёў. Ён не ведаў, што рабіць з гэтымі грашыма, але не любіў заставацца без гатоўкі. Былі ў яго такія забабоны, маўляў, адсутнасць грошай – да бяды.
– Паўлінка некалькі разоў у мяне пра цябе пыталася, – сказаў Ясь.
– Та-ак?.. Ну, і што? – быццам бы ў задуменні спытаў Алік.
– Я сказаў, што нічога пра цябе не ведаю.
– Надалей так і кажы.
– Ты не вернешся да яе… дамоў… – паправіўся Ясь, адчуваючы, што размова пра Паўлінку можа быць Аліку непрыемнай.
– Мой дом там, дзе краты на вокнах. А каханка мая – у кішэні, – панура адказаў Баран.
А пасля кароткага маўчання сказаў ціха, абыякава:
– Злодзей ніколі не павінен жыць з фраеркай… Яна або яму здрадзіць, або ў кіч[20]20
Кіч, кіча – турма.
[Закрыть] запакуе, або кроў з яго высмакча, што тая п’яўка…
АМУР ПАДБІРАЕ
АДМЫЧКІ ДА СЭРЦАЎ
Ясь купаўся ў прыгодах… Грошай у яго было шмат. Ён элегантна апрануўся і вельмі клапаціўся пра свой знешні выгляд. Маруся Лобава, убачыўшы фанабэрыю хлопца, ліслівіла перад ім, жадаючы такім чынам затрымаць яго пры сабе.
Хлопец не быў здольны кахаць (фізічна) адну жанчыну. Яго прыцягвалі ўсе фігурыстыя або чым-колечы адметныя дзяўчаты. Амаль у кожнай ён знаходзіў штось цікавае, што ўзбуджала яго ўяўленне. Маруся – вельмі дасведчаная эратычна – пачала карыстацца ўсё больш вышуканымі пяшчотамі, даходзячы нават да вычварэнняў. Лобава вырашыла завалодаць пачуццямі Яся і стаць яму неабходнай. «Пасля мяне, пасля маіх пяшчот кожная іншая жанчына будзе яму нуднай».
Іх ролі памяняліся. Раней Маруся была смелая, любіла паказвацца аголенай, каб узбуджаць хлопца. А цяпер Ясь, ніяк не зважаючы на прысутнасць Марусі, хадзіў па пакоі галяком. Мыўся пры ёй. Займаўся гімнастыкай. У вялікай ступені на гэта паўплывала Ясева ўсведамленне прыгожасці ўласнага цела. А разбудзіла і замацавала гэтае ўсведамленне ў ім сама Маруся. «Ты мой грэчаскі бог! Жывы мармур! Ты павінен голым хадзіць па вуліцах!» – казала Маруся. Яна паказвала яму рэпрадукцыі славутых скульптур і карцін. Аднойчы дала паглядзець вялікі французскі альбом мужчынскага ню. «Ты прыгажэйшы за іх усіх, – казала Лобава. – Тваё цела, твае рухі – гэта сама гармонія!» І Ясь напаўняўся шчанячым гонарам і напраўду вяртаўся да Марусі, бо палюбіў яе захапленне сабою… А вось Лобава ўсё больш ашчадна карысталася аголенасцю. Выключна настолькі, каб узбудзіць яго, калі лічыла гэта патрэбным. Яна разумела, што Ясь яе не кахае, але не хацела рабіцца для яго штодзённасцю. Яна з досведу ведала, што калі мужчына не кахае, то празмернае задавальненне яго эратычнай цікаўнасці вядзе да абыякавасці.
З адносінаў з Лобавай Ясь шмат атрымаў. Маруся ў значнай ступені пашырыла яго веды пра жыццё і людзей. Хлопец быў вельмі цікаўны, а Маруся ахвотна і прыгожа расказвала. Лобава вучыла Яся, як густоўна апранацца. Вынайшла для яго адпаведны спосаб укладкі валасоў. Шмат і шчыра апавядала яму пра жанчын.
Аднойчы, калі падчас пяшчот Маруся, была занадта смелая, Ясь сказаў:
– Мне гідка тое, што ты робіш, гэта павінна быць непрыемна і табе.
Маруся адказала:
– Маленькі мой… Ведай, што ў табе няма нічога агіднага для мяне… Ці ж ты дагэтуль не зразумеў, што я цябе кахаю… Ці ж маці гідзіцца сваім дзіцем, якога любіць?.. Я ведаю, што ты мяне не кахаеш і што ты наогул не ўмееш кахаць… Каб навучыцца кахаць і каб пакахаць, трэба напраўду доўга жыць і шмат разоў расчаравацца… Няма юнацкага кахання. Ёсць толькі юнацкая дурасць і мроі… Каханне – гэта тое, што я адчуваю да цябе цяпер… Я не зразумела гэтага адразу… Толькі гулялася табой… І апалілася… А як прыйшоў час, калі я захацела выкінуць цябе з думак прэч, то ўбачыла… што не магу… Ты мяне не разумееш… Не кажы нічога… Я як маці… ведаю, што цябе выкрадзе ў мяне іншая жанчына ці жанчыны наогул… І годзе пра гэта… Толькі мне сумна, бо я цябе сапраўды кахаю…
Ясь маўчаў. Тое, што сказала Маруся, раптам жахнула яго. Чамусьці яму было сорамна. Праз некаторы час ён зразумеў чаму: «Гэтыя ейныя пяшчоты, гэта – ахвяра мне… бо яна мяне кахае…» Але Ясь, нягледзячы на тое, што быў досыць чулы і добры, не мог знайсці ў сабе аніякіх цёплых пачуццяў да Марусі. Толькі стаў да яе больш ветлівы і далікатны. Маруся імгненна гэта заўважыла і аднойчы сумна сказала:
– Мой мілы, ты перамяніўся для мяне ў лепшы бок. Гэта таму, што я тады не вытрымала… Сказала табе тое, пра што не павінна была казаць… Але ты пра тое не думай… Мне хопіць таго, што адчуваю я… Гэта таксама шмат… Будзь такі, як раней… Я хачу толькі, каб ты мне верыў, і хачу, каб у мяне табе было добра… Хачу быць тваёй чыстай радасцю і адпачынкам, без аніякага з твайго боку прымусу.
Але гэты прымус ужо ўтварыўся. Маруся перастала існаваць для Яся як інструмент дасягнення асалоды. Яна стала чалавекам…
Аднойчы Ясь заўважыў, што справы Марусіны ідуць усё горш. Яна згубіла некалькі ўрокаў французскай, бо прыйшла мода на нямецкую. А бібліятэку зачынілі. Пасля дзядзька Жардонь паклікаў Яся ў кут падворка і разгарнуў пачак, што трымаў пад пахай:
– Глядзі, якія аздобы!
Ён паказаў Ясю некалькі пар прыгожых сарочак і майткоў.
– Галее наша графіня… Пакуль Ленін з Троцкім ёй на дапамогу прыйдуць, яна ўвесь свой міжножны інтэрвал спусціць.
– Гэта Лобавай?
– Тэкс!.. Пані камісарыхі латкі для азадка… Фэстам жылі прадстаўнікі пралетарчыкаў! На Леніна маліся, ды сама не ляніся.
Дзядзька Жардонь, блазнуючы, патрос майткамі.
– Выйду на плошчу: «Гэй, таварышы, яднайцеся пад гэтым штандарам… усім месца хопіць!»
– Дзядзька, не трэба так выдурняцца! – сказаў Ясь раздражнёна.
– А што, смаркачыку! – здзівіўся дзядзька. – Можа, і ты ўжо пад мелодыю «Інтэрнацыяналу» Богу молішся?.. Га?..
– І зусім не малюся. Я, дзядзька, столькі не награшыў, колькі вы. Толькі вы мне слова сказаць не даяце.
– Ну, кажы давай.
– Я хачу гэтую бялізну ў вас выкупіць.
– Каб нюхаць ці каб лізаць… Га?.. А можа, у рамкі паўстаўляеш?.. Бо табе яна не падыдзе, прарэхі няма.
– Вы, дзядзька, на старасці год зусім з глузду паехалі.
– Натуральна, бабскіх майтасаў ужо пад падушкай не трымаю.
– Я хачу купіць яе для сваёй дзяўчынкі. Разумееце, дзядзька… І забудзьцеся пра таго Яся, што з вамі за бабамі ў лазні падглядаў… Гэта вам, дзядзька, у самы раз. А я прыгожую бабу і ў ложку магу мець. Вы гэта на продаж узялі. Я першы пакупнік. Колькі вы за гэта хочаце?.. Вось і ўвесь інтэрас.
– Ого, гэта ты такі шубравец стаў? – задуменна расцягнуў Філіп Жардонь.
– А так… Акалі вы, дзядзька, будзеце з мяне кпіць, то я і вам магу штосьці зусім не мілае сказаць.
– Халера! Вось гэта пакупнік! Трымай гэтыя слодычы, каханенькі, і гані сюды 1000 рублікаў! – дзядзька здзекліва ўсміхнуўся і прымружыў вочы.
Але Ясь урачыста выцягнуў з кішэні шчыльна напханае партманэ і, дэманструючы даляравыя купюры, адлічыў тысячу пяцьсот рублёў:
– Калі ласка. На пяцьсот рублёў больш: за пабалакаць.
Дзядзька сквапна прыняў грошы і з’едліва прамовіў:
– Сардэчна дзякую шаноўнаму пану Яну за яго шчодразычлівасць. Вашымі малітвамі… Маю падштаннічкі здохлага рабіна… Антыкварыят, можна сказаць… Рэч на аматара. Можа, пан Ян зацікаўлены?
– Дзякую, сабе на пахаванне пакіньце! Вас, дзядзька, даўно ўжо д’ябал шукае па свеце, бо ў пекле без вас нудна… І не кажыце Лобавай, што я гэта купіў…
– Усім скажу… Афішы надрукую… У газетах абвяшчу… Майткі фурамі будуць звозіць…
І дзядзька, блазнуючы, пайшоў разлічвацца з Лобавай за перададзены яму на продаж тавар. А Ясь са смуткам шкадаваў, што раней не прыйшоў на дапамогу Марусі, якая заўжды была да яго такая шчодрая. Толькі апошнімі месяцамі ўсё радзей з’яўляліся на стале добрыя віны і прысмакі.
Назаўтра Ясь пайшоў у горад і купіў цэлы пачак розных далікатэсаў. Былі там і няўмела выбраныя віны. Ясь прывёз усё дадому і паставіў у каморы. На падворку ён сустрэў Марусю. Яна была досыць вясёлая.
– Прыходзь да мяне сёння ўвечары на добрую вячэру, – запрасіла яна Яся.
– Добра, – сказаў ён, – але толькі з адной умовай.
– Якой умовай?! – здзівілася Лобава.
– Што ты прымеш ад мяне падарунак і выканаеш адну маю просьбу.
– Добра, добра, – усміхнулася Маруся.
Калі ўвечары Ясь прыйшоў да Лобавай, то ўбачыў на стале пірожныя, цукеркі, садавіну і бутэльку лікёру. Маруся ведала, што Ясь любіць салодкае. На пліце была падрыхтаваная кава, заставалася толькі запарыць..
– Нарэшце, – сказала Маруся. – Сядай, зараз будзе кава.
– Толькі спачатку я прынясу табе падарунак, – сказаў Ясь і пайшоў у кладоўку.
Неўзабаве ён прынёс і паставіў на крэсле даволі вялікі пакунак, які пачаў разгружаць, дастаючы з яго бутэлькі віна, скрынкі сардзінак, сыры, вяндліну, бісквіты, ласункі.
– Які ж ты маленькі! – сказала Маруся. – Як непрактычна ў цябе атрымалася. Нашто столькі масла? Сапсуецца ж.
– Падарункаў не крытыкуюць, – адказаў Ясь. – А цяпер просьба: я да цябе вельмі сардэчна стаўлюся, і мне прыкра, што ты мне не давяраеш.
– Напрыклад?!
– Напрыклад, гэта! – Ясь разгарнуў з паперы Марусіну бялізну, якую ён выкупіў у дзядзькі. – У цябе матэрыяльныя клопаты, ты прадаеш патрэбныя табе рэчы і нічога мне пра гэта не гаворыш. Я зноў дапамагаю табе праядаць гэтыя грошы і не заўважаю гэтага. Я толькі выпадкова гэта зразумеў. Мне вельмі прыкра, асабліва таму, што за апошнія месяцы я зарабіў шмат грошай… Ты ж бачыла, што я купляю сабе прыгожае адзенне і рэчы. Ты магла сказаць мне пра свой клопат…
Але замест адказу Маруся расплакалася.
– …Прыйдуць таварышы – новае жыццё пачнецца… Красці не трэба. Кожнаму дадуць працу. Усё адно, ці мае хто правы, ці не мае. Злодзей, не злодзей – да кожнага свая павага…
Урачыста прамаўляў Чэсік Свабода, лодзінскі злодзей-кішэннік, які некалі ўваходзіў у Польскую сацыялістычную партыю і быў баевіком. Потым з нейкіх там прычын яго выключылі з партыі і ён трапіў у турму. У турме ён адкрыў у сабе здольнасць да кішэнных аперацый і стаў «займацца далінай[21]21
Даліна – кішэнны крадзеж.
[Закрыть]». Цяпер Свабода прачытаў некалькі прапагандысцкіх бальшавіцкіх кніг і адчуў да таварышаў вялікую сімпатыю. А паколькі ён меў выразную схільнасць да агітацыі, то не ўпускаў аніводнай магчымасці вылезці з актуальнай прамовай.
Янка Залаты Зуб прыслухоўваўся да яго скептычна. У пэўны момант ён перапыніў Чэсіка сваёй любімай показкай:
– Франак, не рабі мне ветру!.. А што будзе з тымі, хто сіл або здароўя не мае, каб працаваць? Ну?
– То пасобію атрымаюць… Бо гэта не буржуі, а нашы браты-пралетарыі. Там ёсць такі чалавек, Ленін завецца, бо як уцякаў з Сібіры, то найбуйнейшую на свеце раку, Лену, у вопратцы пераплыў. Дык вось сам Ленін і ягоны швагер Маркс прыдумалі такую машыну, што з дрэва ці саломы якія хочаш харчы зробіць.
– І кілбасу? – зацікавіўся Баран.
– Нават сальцісон і шынку, – адказаў Чэсік Свабода.
– А фотаздымак маеш? – іранічна адгукнуўся Янка Залаты Зуб.
Але Свабода, не звяртаючы ўвагі на шпількі, далей расказваў пра той савецкі рай, пра які сам не меў аніякага ўяўлення. Злодзеі слухалі яго ці недаверліва, ці абыякава. Наогул злачынцы не цікавяцца палітыкай, а сацыялістам не давяраюць. Некаторыя нават ненавідзяць гэтых збаўцаў пралетарыяту. На гэта паўплывалі вядомыя сутычкі паміж злодзеямі і баевікамі ПСП у Варшаве і Лодзі ў 1905 годзе. Старэйшыя злодзеі дагэтуль закіпаюць ад успамінаў пра тыя часы і падзеі.
– Ты нам тут хрэнам у вочы не тыцкай, – адгукнуўся Жаба, стары варшаўскі злодзей, перапыняючы прамову Свабоды. – Ніхто дабром не дасць збаўлення. Ні бог, ні цар і ні герой. І пагатоў аніякі шпагат. Злодзей толькі злодзею можа верыць.
– З аднаго боку, твая рацыя, а з іншага – сітуацыя, – сказаў маўклівы дагэтуль Пэт (паэт).
Прафесар лічыў неабходным для сваёй годнасці таксама выказацца на гэтую тэму:
– Увесь гэты камунізм мае шмат эфектаў, – ён меў на ўвазе «дэфектаў», – і не вытрымлівае ніякай крытыкі. Трэба «курскую» слепату мець, каб гэтага не бачыць. Я так лічу, што кожны, хто бальшавікоў хваліць, як на прыстойны рахунак, то хлусіць…
Дыскусію на гэтым закрылі. Але Чэсік Свабода зусім не прызнаў сябе перакананым і далей, як толькі выпадала магчымасць, агітаваў за бальшавікоў.
Алік Баран другі тыдзень валачыўся па трушчобах. Ужо тыдзень як ён пачаў шмат піць. Час ад часу ён хадзіў на начную работу «на шніф»[22]22
Шніф – начны крадзеж у кватэры.
[Закрыть]. Рана ў яго падгаілася, але рукой ён валодаў яшчэ не зусім свабодна. Але ані гарэлка, ані праца, ані таварыства сваіх хлопцаў і гулянкі не маглі загаіць той раны ў ягоным сэрцы, якую нанесла яму Паўця. І ў бяссонныя ночы злодзей з горыччу думаў пра сваю палюбоўніцу, якую ўсё яшчэ моцна кахаў. На малінах яму падсоўвалі дзяўчат або жанчын, да яго чапляліся злодзейкі і прастытуткі – кожнай імпанаваў бы такі каханак, але Алік абыякава ставіўся да кожнай.
Аднойчы, ідучы Каломенскай вуліцай, Алік абсалютна нечакана для сябе сустрэў Паўлінку. Ён хацеў яе абмінуць, але тая заступіла яму дарогу.
– Алічак! Каханы мой! Дзе ж ты падзеўся?!. Я ж цябе шукала па ўсім горадзе!
– І нашто я табе спатрэбіўся?
Баран уважліва глядзеў у вочы жанчыны.
– Як ты можаш такое казаць!.. Я ўсе вочы выплакала, а ты смяешся.
Баран нахмурыўся.
– Чаго ты хочаш?
У Паўлінчыных вачах з’явіліся слёзы.
– Я хачу толькі, каб ты дамоў прыйшоў… Не хочаш са мной жыць, то не жыві, але ці так людзі расстаюцца…
На іх пачалі звяртаць увагу. Баран адчуў, што ад Паўлінчыных слёз штось сціскае яму сэрца. Ён таропка сказаў:
– Ну, добра, прыйду сёння ўвечары. Ідзі цяпер, бо людзі глядзяць.
Пасля сустрэчы з Паўлінкай Баран доўга блукаў па вуліцах. Потым скіраваўся ў Губернатарскі сад. Там сеў на лавачку ля берага ракі і доўга бяздумна глядзеў на хвалі.
Тым часам Паўлінка завіхалася дома, каб як найлепш прыняць каханка. Урок Хурдзіча не прайшоў марна. Дачка выявілася вельмі кемлівай вучаніцай. Яна прыгатавала добрую вячэру. Ладна прыбрала кватэру. Сама прыгожа апранулася.
Алік прыйшоў, калі апусціўся змрок. Ён пазіраў панура і недаверліва. Паўлінка з парога сустрэла яго радасным: «Ну нарэшце!» Падбегла да Барана і абхапіла яго шыю рукамі, заўважыўшы, што Баран вельмі халодна да гэтага паставіўся.
– Алічак, мілы мой! Чаму ты такі?
– Ты добра ведаеш чаму…
– Алічак, – Паўлінка заламала рукі, – клянуся табе, ніколі ў жыцці я з тым мярзотнікам не ўбачуся… Ведаеш, Алік, як я яго ненавіджу! Так ненавіджу! Божухна! Сваімі б рукамі прыдушыла… А ты мне не верыш!
У голасе і поглядзе Паўлінкі было столькі шчырасці і гучала такая непадробная нянавісць да цырульніка, што Алік паверыў. Хвіліну яшчэ ён маўчаў, а пасля паволі прамовіў:
– Ну, добра… Пра тое я забудуся… Хай ужо будзе, як было…
Паўлінка кінулася Аліку на шыю.
Баран яшчэ ніколі не бачыў Паўлінкі такой прыгожай і чароўнай. Яна проста ззяла радасцю. За вячэрай налівала Аліку кілішкі і сама піла, весела смеючыся… Абое ані словам не згадвалі той выпадак. Першы раз за два тыдні Баран паклаўся спаць у чысты, духмяны ад свежай бялізны ложак. А неўзабаве і Паўлінка, вясёлая, крыху хмельная, праслізнула да яго пад коўдру.
– Ведаеш, я сама так баялася… І мне было без цябе так сумна… Алічак, каханы!
Алік адчуў сябе па-сапраўднаму шчаслівым. У ягонай душы яшчэ вірыліся нейкія цені, але і яны ў момант зніклі ад жарсных, гэтым разам ініцыяваных самой Паўлінкай шчодрых пяшчот.