355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 9)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)

– Як-бы табе падабалася правесьцi канец тыдня са мной у прыгожым рэсорце? – спытаўся ў Веры Алесь па дарозе ў горад.

Дзяўчына ўважна глядзела Алесю ў вочы, як-бы там хацела прачытаць ягоныя намеры. Пытаньне-ж няштодзённае.

– Ня ведаю. Раскажы, што за рэсорт.

– Да Пайн Рыдж даехаць займае, не сьпяшаючы, тры гадзiны часу. Мой сябра ёсьць уласьнiкам рэсорту. Вельмi прыгожае месца над ракой у пушчы. Добра адпачываецца пасьля шуму й бруднага гарадзкога паветра. Калi-б ты захацела для сябе цэлы катэдж, магла-б быць праблема, але...

– А што там рабiць?

– Рыбачыць, плаваць, па пушчы валачыцца, у тэнiс гуляць, адным словам...

– Цудоўна, – сказала дзяўчына. – Ты-ж ведаеш як я люблю прыроду.

– Любiш больш, чым мяне? – жартаваў Алесь. На дарозе аўты рухалiся звольненай скорасьцю, адно амаль у прытык да iншага, як звычайна бывае гэтта калi жыхары ў нядзелю над вечар вяртаюцца з адпачынку недзе на прыродзе.

– А хто табе сказаў, што я цябе люблю? – Вера лёгка таўханула дзяцюка пад бок.

– Стой, зважай! – сур'ёзна крыкнуў Алесь. – Я вось капiтан гэтага карабля i мы плывём з хуткасьцю трыццацi мiляў у гадзiну ўцiснутыя шчыльна ў мора iншых караблёў, напоўненых закаханымi людзьмi.

– Прабачце, мiстар капiтан, трымайце зрок на гарызоньце, а рукi на рулi!

Дружна зарагаталi.

– Гаворачы пра той ўiкэнд... я згаджаюся на плаваньне, тэнiс ды вандроўкi ў лесе...

– Добра, – сказаў Алесь, – мы будзем займацца тваiмi гобi... Знаю там яшчэ аднаго заядлага рыбака. Праўда, ён любiць рыбачыць iз натхненьнем i ў адзiночку. А так агулам гэта надта таварыскi чалавек.

– Хтосьцi мне знаёмы?

– Пазнаёмлю цябе i спытаюся яго, якой ён думкi.

– Думкi пра што?

– Пра цябе, мая даражэнькая.

– Ого як! Да чаго ты мяне рыхтуеш?

– На гэта будзе адказ пазьней.

– А хто такi той чалавек?

– Ты ўжо зь iм знаёмая, хоць не асабiста. Чытала яго творы. Антон Шпак.

– Я вельмi рада буду бачыць яго! – радасна сказала Вера.

Алесь уважна паглядзеў на дзяўчыну, крыху зьдзiўлены такой выказанай радасьцю бачыць беларускага пiсьменьнiка.

– Ведаеш, што я люблю добрую бэлетрыстыку. Ты-ж мне пазычаў Шпакавы кнiгi. Жывых пiсьменьнiкаў я не спатыкала. Мяне цiкавяць гэтыя людзi: як яны запраўды жывуць, паводзяць сябе ў таварыстве, наагул цi практычныя яны, цi толькi ўмеюць фантазiраваць, тварыць розныя пэрсанажы й сюжэты...

– Дык вось аднаго такога пазнаеш. Праўда, ёсьць адно пытаньне да цябе: цi наняць для цябе асобную будку, цi як?

– Наймi памешканьне, дзе ёсьць дзьве спальнi.

Алесь паглядзеў уважна на Верын твар. Цi яна так яму давярала, што згадзiлася начаваць пад адной страхой, цi можа, – не, гэтага нiяк нельга дапусьцiць, – ён выглядаў у яе вачох нейкай авечкай?

Вера старалася ўтрымаць раўнавагу. Наапошку яна ведала тое, чаго так дамагаўся Капшун. Сустрэне чалавека, ацэнiць яго, даведаецца як i з чаго ён цяпер жыве ды неўзабаве дасьць Капшуну поўную справаздачу. Спадзявалася, што на гэтым скончыцца ейнае заданьне цi мiсiя. Пара ўжо. Трацiла цярплiвасьць, слухаючы розныя дакоры з боку нуднага Капшуна, хацела высьлiзнуць спад ягонае дысцыплiны. Даволi. Магчыма цяпер, калi ўжо наклёўвалася зусiм памыснае завяршэньне таго заданьня, будзе мець магчымасьць сканцэнтравацца на гэтым дзяцюку. Кахала яго. Усьведамiла гэта поўнасьцю пасьля тае спрэчкi ў парку.

26

Прыехалi ў рэсорт Пайн Рыдж пасьля паўдня. Парыла, заносiлася на буру. Алесь шкадаваў, што ня ўставiў у свой Олдсмабiл ахаладжальнiка. Як толькi паставiлi аўтамашыну, Алесь запрасiў Веру ў рэстаран.

– Глянь, гэта-ж цудоўнае месца! – усклiкнула захопленая дзяўчына. – I чым тут людзi займаюцца?

– Яны зарабляюць на жыцьцё растратай сваiх грошай, – адказаў дзяцюк.

– Гэта надзвычайны занятак, толькi грошы трэба мець.

У рэстаране было няшмат людзей. Алесь разгледзеўся, прывiтаўся са знаёмымi. Селi за стол у куце.

– Замовiш мне вялiкую мiсу марожанага, а я пайду асьвяжыцца, – устала Вера.

Алесь выцер сабе спацелы дагэтуль лоб. Разглядаўся, цi няма дзе навокал Шпака. Як прыемна тут, дзе паветра штучна ахалоджвалася, пасьля парнасьцi, якая гаспадарыла на дварэ!

– Гало, Мэры! – прывiтаў Алесь таўставатую i нiштаватую з выгляду дзеўку, каторая працавала тут i кэльнэркай i кухаркай. – Як-жа тваё цэннае здаровейка?

– Гляньце, хто гэта зьявiўся, big boy, – усьмiхнулася, рэклямуючы прыгожыя зубы, дзяўчына. – I каму-ж мы маем быць удзячныя за тваю вiзыту?

– Што за пытаньне, Мэры? Табе, а не каму iншаму. Ты-ж ведаеш, што я цябе люблю ды жыць безь цябе не магу. А ты ўсё прыгажэеш усiм на зайздрасьць! – жартаваў Алесь.

– Ну, ну, ты хiба-ж ня будзеш жартаваць зь мяне, любоўнiк мой?

– Ды не, мая ты darling. А дзе-ж мой пiсьменьнiк?

– Павiнен быць тут дзесьцi. Чакаў цябе.

– Вось i слава Богу. А цяпер, Мэры, я-ж ведаю, што маеш ты вялiкае i сваiх клiентаў кахаючае сэрца. Дык можа прынясла-б ты нам дзьве вялiкiя порцыi ванiлi-марожанага ды iз сакавiтым клубнiком наверсе?

– Right away, coming up.

Мэры нахiнулася й цiха спыталася ў Алеся:

– Можа скажаш мне, што гэта за цацу ты з сабой сюды прывёў?

– Прашу цябе, Мэры, будзь памяркоўнай. Адкрыю табе таямнiцу, толькi ня будзь зайздроснай. Ты-ж ведаеш маю поўную адданасьць табе. Абяцаеш, дарлiнг?

– Кажы.

– Яна, гэтая цаца, поўнасьцю мая, – падмiргнуў дзяўчыне Алесь.

– Вось як! Маеш добры густ, мiлы мой!

– Асьвяжылася? – спытаўся Алесь у Веры, калi яна вярнулася.

– Так. А цi ты казаў мне, што тут недзе збоку ёсьць дзе пакупацца?

– Так, ёсьць недалёка адсюль прыгожае азярцо напоўненае чысьцюсенькай i мокрай вадзiчкай.

– Брава! Я ўжо хацела-б быць у кампанii тых рыбак, што ў тым азярцы плаваюць.

– Пацярпi, дзеўка. Скора пазнаёмлю цябе з тымi рыбкамi. Перш спажывём марожанае, каторае вунь ужо наблiжаецца да нашага стала.

Мэры паставiла на стале дзьве плястыковыя мiсы, напоўненыя марожаным зь ягадамi. У гэны час зьявiўся Антон Шпак. Убачыўшы пiсьменьнiка, Алесь заказаў марожанае i для яго.

Апрануты ў кашулю ў клетачкi, шэрыя порткi, iз загарэлым тварам, на якiм расплылася шырокая i прыязная ўсьмешка, Шпак падыйшоў да стала.

– Алесь, як я цешуся, пабачыўшы цябе тут! – падаў Алесю руку й пазiраў на Веру.

– Прыемнасьць мая, – сказаў Алесь, устаўшы. – А цяпер прашу быць знаёмым зь Верай Мак. Вера, маеш гонар пазнаёмiцца зь пiсьменьнiкам Шпакам.

– Мне Алесь успамiнаў некалi пра сваю прыгажуню, але не казаў што яна аж такая цудоўная з выгляду, – гаварыў Шпак i ўважна аглядаў дзяўчыну. Прыемна...

– Прыемнасьць мая, – зарумянiўшыся ў твары, сказала Вера. – Я чула шмат пра вас ды й некаторыя вашыя кнiгi чытала.

– Так? – зьдзiвiўся пiсьменьнiк. – Але-ж вы налягайце на марожанае, не марудзьце. Алесь, а чаму-ж ты мне не сказаў, што такую прыгажуню ты недзе ўпаляваў? – пабацькоўску спытаўся ён у дзяцюка.

– Але-ж вы ў мяне ня спыталiся, – усьмiхнуўся Алесь i падмiргнуў Веры, каторая прыглядалася Шпаку. I здавалася Алесю, што дзяўчына запраўды спадабалася яму.

– Калi, прабачце мне, як доўга вы ўжо забаўляецеся разам?

– А ўжо месяцы тры, мусiць, – адказаў Алесь.

– А вы як доўга ў Канадзе, спадарычня Мак?

– Я тут нарадзiлася ў адным гарадку на поўначы.

– Вы што? Але-ж запраўды, чаму мне гэта ў галаву ня прыйшло? Прабачце старому дурню. Слухаючы вашу гаворку, я ня думаў...

– Але вось што асаблiва цiкавае, спадар Шпак, – пачаў задаволеным голасам Алесь. – Калi мы пазнаёмiлiся, без майго ведама яна ўзялася вучыцца беларускую мову. Аднаго дня, калi яна адчынiла свой роцiк, я быў, сьцiпла гаворачы, даволi зьдзiўлены. Працуе ў мяне ў Трыфты Тонi, гаварылi мы мiж сабою да таго часу паангельску, а тут... гэткая неспадзеўка... Ад таго часу я пазнаёмiў яе крыху зь беларускай лiтаратурай, з вашай уключна.

– Аж гэтак? – зьдзiвiўся Шпак. Ён наважыўся распытацца ў Алеся пра дзяўчыну пазьней.

– Я люблю бэлетрыстыку, – сказала Вера. – Я чытала рускую, а тады, як Алесь прыйшоў, дык я падвучылася пабеларуску. Я сталася сiратой, як была малая. Ад бацькоў я чула беларускую мову, але замала ведала яе...

Вера змоўкла. Цi не замнога ўжо сказала? Стары воўк Шпак можа што-небудзь западозрыць. Дзе гэта калi было, каб народжаная ў Канадзе дзяўчына ды сама па сабе (так яны мяркуюць) навучылася беларускай мовы?

Iшла гутарка пра штодзёншчыну. Шпак распытваўся Алеся пра ягоныя бiзнэсавыя справы.

– Мне трэба йсьцi назад да сваёй працы. Дзякую за марожанае, – устаў Шпак з-за стала.

Алесь зь Верай паехалi над возера. Купалiся, вылежвалiся на беразе. Вечарам Алесь угашчаў дзяўчыну й Шпака ў рэстаране, а пасьля ўсе пайшлi ў катэдж. На абцягнутай шчыльнай сеткай, – каб адгарадзiцца ад кусьлiвых чорных мушак i камароў, – вэраньдзе стаялi крэслы й стол. Алесь прынёс свой пераносны патэфэн ды наставiў кружэлкi з рознымi беларускiмi народнымi песьнямi, харавымi канцэртамi Шырмы зь Менску. Зьявiлася й брэнды ў таварыстве садовай вады, вэнджаных шпротак i iкры ды заквашаных пабеларуску гуркоў.

Гутарылi мала. Мэлёдыi iз забранае зямлi чаргавалiся з журботнымi, – i быццам разьлiчанымi на далёкi дыстанс – крыкамi мясцовых люнаў-нурцоў, што пераклiкалiся на суседнiх вазёрах. Люн-нурэц, вялiчынёю з гусь, гэта для некаторых мясцовых людзей – голас канадыйскай поўначы.

Трое ля стала. Яе карэньне на двух кантынэнтах. Выдатны пiсьменьнiк, ла якога маскоўскiя iнквiзытары вось ужо паставiлi пастку. Побач дзяцюк, напоўнены ненасытным i зьнiшчальным каханьнем да агенткi маскоўскага актопуса. Тройка гэта знайшла роднае-супольнае ў галасох зь Менску, зьяднаных, адшлiфаваных майстрам з Шакуноў, што на Пружаншчыне. Апрычоная супольнасьць на чужой, iмi ўжо даволi абжытай зямлi. Разважна, быццам з насалодай, рознымi кароткiмi згадкамi з дому заглядаў у мiнулае пiсьменьнiк. Iнтымны, настальгiяй перанасычаны вечар. Iншым разам, як нi намагайся, ня створыш такога поўнага i ўзьнёслага духовым мiражом, настрою. Цi то песьнi беларускiх жнеек так суладна гучалi акордам тых заўсёды галасьлiвых люнаў, цi можа брэнды на гэта якi ўплыў мела?

Пiсьменьнiк падзякаваў Алесю й Веры за гасьцiннасьць i разьвiтаўся, штосьцi зноў згадаўшы пра заўтрашнюю працу.

– Тут, як бачыш, ёсьць дзьве асобныя спальнi, – тлумачыў Алесь Веры. Галоўны пакой быў умэбляваны самым неабходным: абшырная канапа, стол, маленькi кафэйны столiк, пара крэслаў. На сьцяне – здымкi рыбакоў з рыбамi, рэклямны каляндар зь нейкай магутнай лодкай, люстра. Падлога засланая ўжо стоптаным палавiком. I ўсё гэта, – нехта сказаў-бы спартанскае, – разам iзь сьценамi з памаляваных на рудое хвойных круглякоў, тварыла сваю адметную атмасфэру, якую любiлi гарадзкiя жыхары.

– Няважна спальнi! Калi яшчэ ня глумiць цябе сон, давай пасядзiм крыху, – сказала Вера.

– Прапановы якiя? – сеў на канапе каля яе Алесь.

– Перш за ўсё: гэнае сьвятло занадта яркае.

Алесь ськiнуў чаравiкi, зьдзеў шкарпэткi i адну зь iх нацягнуў на электрычную лямпу, што вiсела на сьцяне. Пакой акунуўся ў паўзмроку.

– Цяпер лепш? – спытаўся дзяўчыну.

– Ты добра выдумаў з тэй шкарпэткай.

Вера прысунулася да Алеся i апынулася ў ягоных абдымках. Адчула прысьпешаны пульс сэрца калi вусны ейныя да Алесевых прыльгнулi. Нешта расплывалася. Гэта было новае, раней нязьведанае. I брэнды яна ледзь-ледзь, зусiм нямнога выпiла. Але, калi-бы поўнасьцю хлапцу аддацца, дык вось цяпер, якраз пад такi настрой.

– Алесь, – шапнула.

– Ну што?

– Скажы мне, ты запраўды мяне кахаеш?

– Кахаю цябе поўнасьцю й бязь нiякiх засьцярог. А ты мяне?

– Я кахаю цябе, my darling! Тых пару тыдняў мне цяжка было. Я пераканалася, што безь цябе не магу, як рыба без вады.

– Я патрабую цябе таксама, цаца мая. Выбачай, што так сталася.

– Гэта мая вiна.

– I мая таксама.

– Я цябе так моцна люблю, мне аж дыханьне займае.

Другi пацалунак куды больш юрлiвы. Алесь гладзiў яе. I пры дакрананьнi ягонае рукi стан яе поўнiўся дрыжаньнем.

– Алесь, прашу, цяпер...

У паўзмроку, ён пазiраў у ейныя вочы. Сумлеву няма. Пажаданьне. Нагрэтае да расплыву, гарачае зялеза на кувадле. Цяпер якую хочаш хворму яму. А гэтта, у Алесевых абдымках – жывое, юрлiвае, што першага семя жадае.

– Алесь, я нiколi раней ня мела сэксу. Прашу цябе, darling!

Шэпт, якому не адмовiш, калi ён ад такой гожай спакусьнiцы.

– Алесь, чаго ты так? Давай!

Яна зноў гвалтоўна, як п'яўка, прыльгнула да ягоных вуснаў. Пад такiм напалам доўга ня вытрымаеш. Алесь вырваўся зь ейных абдымкаў.

– Не, Вера! – сказаў з нацiскам. – Я не магу, ня мушу, гэта ня ёсьць...

– Ня ёсьць што?

– Ня ёсьць так, як трэба... Не магу табе гэтага зрабiць!

– Чаму-ж не? Мы-ж кахаемся. Цi-ж гэтага мала?

Алесь бачыў, што дзяўчына гарачылася, магла кiнуцца ў гiстэрыку. У такiм стане, як яна знаходзiлася, адсутнiчаў розум-стораж.

– Праўду кажаш.

– Дык чаму?

– Цяжка гэта вытлумачыць, мне здаецца.

– Ты дурань. Што з табой? Я сама лезу да цябе, а ты мяне адкiдаеш.

Алесь адсунуўся. Вера дрыжачымi рукамi адшпiльвала сваю блюзку.

– Вера, перастань! Я ня буду...

– Ты будзеш! Я цябе змушу!

У гэтых, гарачым дыханьнем выказаных, словах таiлася такая магутная сiла й перакананьне, што Алесь амаль здаўся.

– Вера, будзь добрая, перастань выдурняцца!

– Алесь, чаму ты адкiдаеш мяне? Ты-ж ведаеш, што я зь нiкiм раней ня была.

– Якраз таму й не магу.

– Як гэта так?

– Чакай, мая дарагая, паслухай! Цi-ж ты думаеш, што я цябе не хачу? Павер мне: цяпер я нiчога iншага на гэтым сьвеце не хачу так моцна, як зьлiцца з табой у адзiн арганiзм. Так. Ты мне не памагаеш, каб устрымацца перад спакусай. Наадварот. Ты мяне атакуеш, спакушаеш. Але тут, – ты трымайся далей!

Ён зноў адсунуўся ад дзяўчыны.

– Ты, мая мiлая, мусiш i мяне зразумець. Дык паслухай уважна. Я ў сваiм жыцьцi ўжо меў не адну дзяўчыну, гэта пераважна з такiх, што пагуляць адно любяць. Гадамi я шукаў кагосьцi такога, як ты: чыстую i прыгожую сумленную i скромную, арыгiнальную i несапсутую. Яшчэ абавязкава, каб i пабожную, каб дзетак умела добрымi хрысьцiянамi выгадаваць! Ты якраз вось такая, якую я так доўга i ўпарта шукаў. Павер, у мяне сiлаў няма, каб устаяць перад тваёй спакусай, бо апроч усяго ты – надзвычайная прыродная i няштучная прыгажосьць. Як у нас дома казалi: вельмi-ж вельмi пекная! Дык вось як! А ўстаяць перад спакусай я мушу. Цяпер табе скажу чаму гэта так.

Алесь устаў, закурыў, стануў перад ёю, зацягнуўся густым дымам i прадаўжаў:

– Я не хачу ўжо цябе паставiць сярод тых, у якiх можна лёгка сэкс выкарыстаць. Мне хочацца, – павер мне, даражэнькая, – захаваць у цябе чыстую i незасьмечаную прыгажосьць. Глянь сюды, дзяўчына! Магчыма, што я i дурань, магчыма – ведаю я такiя аргумэнты, – скажаш, што сэкс ёсьць найчысьцейшым яднаньнем жывых i кахаючых сябе людзей. Але, гэта ня ўсё яшчэ. Я – веруючы ў Бога чалавек. I пры тым вялiкi грэшнiк, бо адзiн Госпад бязгрэшны. О так, я ня зьдзiўлюся, калi ўбачу на тваiм твары сьляды iронii... Магчыма ў тваiх вачох я i ёсьць дурань, можа я i паэтычны нават дурань, але я табе ўжо сказаў: для мяне важная чыстая краса, незакранутая кветка. Пазiраю на цябе i так намагаюся кантраляваць жывёльныя гоны. Яй Богу! У канчатковым аналiзе для мяне большая ўцеха ад сьведамасьцi таго, што ты ёсьць незакранутая, нiколi ня была гвалчаная, чымся ўзяць цябе цяпер... Бачыш, я шчыра, ад сэрца гавару. Спадзяюся, што зразумееш мяне. Калi мы маем мець сэкс, дык няхай гэта станецца накш, у адпаведным месцы й часе. Навошта псаваць гэта цяпер? Зразумела ты мяне?

– Ясна, окэй! – з дакорам адказала дзяўчына. – Я толькi хацела аддацца табе зь любвi... i можа даказаць...

Яна ўстала i падбегла да дзьвярэй спальнi. Затрымалася, зачырванелая i дрыжачая, а расшпiленая блюзка агалiла поўненькiя, як рэпкi, грудзi.

– Алесь, ты... дурань!

Стукнула за сабой дзьвярмi. Адтуль, са спальнi, пачуўся раптоўны скрып ложка й пасьля здушаны, у падушку, плач.

– Вера, прашу цябе, ня злуйся! – сказаў голасна Якiмовiч.

– Iдзi к чорту, ты няўдзячны!

Дзяцюк стаяў каля зачыненых дзьвярэй i меркаваў цi зайсьцiся ў пакой. Выйшаў на вэранду й выкурыў запар тры цыгарэты.

27

Пасьля трывожнага сну, Алесь устаў рана, пабрыўся й памыўся. Вера, вiдаць, яшчэ спала, бо дзьверы былi зачыненыя. Алесь пайшоў у катэдж да Шпака, якi запрасiў яго на кубак сьвежазгатаванай кавы.

– Гэтая твая дзяўчына, – пачаў адразу Шпак, – цi ты добра яе ведаеш?

– Чаму-ж ня ведаю? Ведаю.

– Маеш сур'ёзныя намеры ў адносiнах да яе?

– Яшчэ няпэўны... Закахаўся, гэта ведаю... Але, вядома, для такога, перастралянага па ўсiх франтох кавалера, нялёгка...

– Калi пазволiш на такое больш дакладнае пытаньне: цi маеш намер зь ёй жанiцца?

– Гэта якраз галоўнае, што маю вырашыць. Я ведаю, што Вера – гэта выдатны матар'ял, цi адзiн дзяцюк хацеў-бы на яе сваю лапу палажыць... Але... ведаеце, яна цалкам i вельмi мiлая асоба, апроч таго – прыгожая, характар, iнтэлект...

– Пра гэты iнтэлект, як ты яго згадаў. Цi не занадта яна здольная?

– Як гэта разумець?

– Калi сказаць табе, Алесь, праўду, дык я думаю пра яе ад учарашняй сустрэчы.

Алесь пачаставаў пiсьменьнiка цыгарэтамi. Закурылi.

– Ну i? – пытаўся Алесь.

– Яна выглядае выключна здольнай. Некаторае пра яе проста ня месьцiцца ў маёй галаве. Прыкладна: ейная беларуская мова i зацiкаўленьне нашымi суродзiчамi. Яна-ж вельмi цiкавiцца нашымi, цi-ж ня так?

– Ага, цiкавiцца.

– I ты ўжо, пэўне, пазнаёмiў яе з многiмi.

– Так, але...

– Я так i меркаваў.

– А што-ж тут дзiўнага?

– Дзiўнага? Ёсьць магчымасьць, што яе нехта сюды паслаў з пэўнай мэтай! – Гэткае меркаваньне Шпак выказаў паволi i цьвёрдым, упэўненым голасам. Задумаўшыся, мужчыны пiльна пазiралi адзiн аднаму ў вочы.

– Ня можа быць! – наўмысна голасна, быццам жадаючы самога сябе пераканаць, сказаў Алесь. – Гэта запраўдны нонсэнс, я ўпэўнены. Я сустрэў яе ў краме, дзе яе прынялi без майго ведама на працу. Пазнаёмiлiся ды закахалiся.

– Прабач мне за наступнае пытаньне.

– Калi ласка.

– Цi ты сьпiш зь ёю?

– Ды не. Нiколi больш пацалунку.

Алесь прыгадаў учарашняе й на мiг падумаў, цi расказаць пiсьменьнiку пра тое, але пастанавiў маўчаць.

– Чаму не? – прадаўжаў цiкавiцца Шпак.

– Як вам тут адказаць? Спадзяюся, што зразумееце. Для мяне яна ёсьць больш, чымся звычайная нармальная i прыгожая дзяўчына. Я ведаў не адну дзяўчыну й выбiраў. А гэткай, вось такога арыгiналу, як гэтая – не сустракаў яшчэ. Яна не малюе сябе, як iншыя, яна сумленная i чыстая, працавiтая... Вера для мяне – быццам польны сьцiплы рамонак. Коратка гаворачы, яна ўвасобiла тыя якасьцi, якiх я шукаў у дзяўчат. Апроч таго, – i цi не самая важнае – яна беларускага паходжаньня. Спадзяюся, што мяне разумееце?

– Здаецца, што так, толькi...

– Толькi?

– Не хачу цябе бянтэжыць цi ўпiкнуць. Ня траць галавы. I памятай, што атрута падаецца нагледжанай ахвяры ў найпрыгажэйшай i найбольш дарагой чашы!

– Божа мой! Як гэта вы такое... Што з вамi?!

Шпак маўчаў.

– Няважна, забудзься, што я сказаў, не бяры гэтага ўсур'ёз. Магчыма, што я шукаю дзiрак у цэлым. Можа быць, што ўплывае на мяне й пiхае на падазрэньнi мой собскi лёс. Магчыма, што на старыя гады развагу трачу. Прабач мне, што я сугэраваў такую магчымасьць. Кахай дзяўчыну, цешся поўным жыцьцём.

Пiсьменьнiк, здалося Алесю, быццам шакiраваў сябе за тое, што прадугледзiў адну магчымасьць. Цi падазрэньнi ягоныя запраўды маглi мець якую аснову?

Калi Вера ўстала, памылася, зачасалася, неяк паказённаму з Алесем прывiталася. У вачох ейных спасьцярог Алесь нешта новае, чаго ўчора там ня было: ледзь-ледзь прыкметную цьвёрдасьць. Намагалася быць ветлiвай, вясёлай, але ўсё гэта, вiдаць было, не зьлiквiдавала мiж ёй i Алесем пэўнай напружанасьцi.

28

Шмат якiя суродзiчы пыталiся Алеся якiм чынам, на ягоную думку, iхныя адрасы маглi трапiць на камунiстычную паштовую лiсту. – Што сталася? Мы нiкому, апроч цябе й некаторых зусiм давераных асобаў, не давалi цяперашнiх адрасоў. Цi можа якi бальшавiцкi агент празь цябе атрымаў нашы адрасы?

Спачатку Алесь запярэчваў, што ён нейкiм чынам да гэтага спрычынiўся. Некаторыя асьмелiлiся самога Якiмовiча падазраваць у сувязях з камунiстамi. Зьбянтэжаны дзяцюк праверыў свой блакнот з чорнымi вокладкамi. Нiколi не падазраваў, што Вера магла яго ўкрасьцi й выкарыстаць. Куды пазьней, пасьля вялiкай шкоды, Алесь будзе дзiвiцца як у гэны крытычны час ён быў поўнасьцю адурманены каханьнем, дзяўчыну амаль анёлкам уяўляў. Носьбiтка маральнай чысьцiнi, цноты, сьцiпласьцi, першараднае красаты. Гэткае ўяўленьне, асьлепленае любоўнымi эмоцыямi, ня толькi замiнала бачыць практычную штодзённасьць, але iгнаравала некаторыя перасьцярогi, як прыкладна тыя, што выказаў пiсьменьнiк Шпак.

Алесь пастанавiў наведаць РСМП – дзяржаўную палiцыю, што ў гэны час займалася, апроч iншага крымiналу, бясьпекай грамадзянаў краiны. Хацеў распытацца, цi ўлада можа якiм чынам памагчы спынiць хвалю камунiстычнага прапагандовага смуроду, якi залiваў ягоных суродзiчаў – новых Канадыйцаў. Параiлi яму пабачыць сяржанта Макнулты, якi, мабыць, займаўся справамi чужой падрыўной прапаганды. Прыстойны й ветлiвы мужчына сярэдняга веку ўважна выслухаў Алеся, ня спыняючы яго, пасьля ўстаў з-за стала й адчынiў пару высокiх мэталёвых шуфлядаў пры сьцяне.

– Хадзiце сюды, зiрнiце! – сказаў Якiмовiчу.

У Алеся вочы разьбягалiся. Паўнюсенькiя шафкi таго "дабра" ад усходня-бэрлiнскага камiтэту прынамся ў дванаццацi мовах. I ўсе гэтыя "завяртанскiя" "газэткi", разам iз знаёмым дэвiзам "пралетары ўсiх краiн, яднайцеся", у архiве палiцыi гэтай шчодрай у дапамозе выгнаньнiкам з iмпэрыi Гулагу, выглядалi такой ненавiснай i нiкчэмнай недарэчнасьцю.

– Вы ня першыя, што з такiмi скаргамi прыходзiце да нас i напэўна не апошнiя, – паясьняў сяржант Макнулты. – Такiя цi падобныя скаргi атрымлiваем амаль кажны дзень.

– I што вы робiце, каб гэтым людзям памагчы?

– У нас зьвязаныя рукi. Пошта ня можа й ня будзе правяраць кажнае пасылкi, што прыходзiць з-за зялезнае занавесы. Наша права не забараняе атрымлiваць i варожую прапаганду. Вольнасьць слова, прэсы i падобнае...

– Але-ж гэта ня ёсьць нейкая звычайная прэса, – узлаваўся Алесь. – Цi вы не разумееце? Яны шантажуюць людзей, дома пагражаюць iхнай раднi, ставяць многiх пад небясьпекай рэпрэсii з рук дзяржаўных ворганаў. Цi-ж вы ня бачыце эфэкту такой iхнай антыгуманнай акцыi? Тут iдзе пра запалохваньне грамадзян нашае дзяржавы, шантаж...

– Мы поўнасьцю гэта разумеем, мiстар Якiмовiч, ды, на жаль, ня можам гэтаму запабегчы. Мы зьвярталiся да паштовых уладаў. Iхны адказ: правяраць i эвэнтуальна цэнзураваць прыватнай перапiскi, згодна з нашым правам, ня можам...

– I гэта ўсё? Вы нiчога ня можаце зрабiць, каб спынiць хвалю гэтага камунiстычнага бруду?

– Мне прыкра... А цi вы не маглi-б нам памагчы?

– Як гэта памагчы?

– Калi вы ведаеце якога-небудзь iхнага агента, каторы зьбiрае для iх iнфармацыi пра Канадыйцаў да памагае iм у гэтай нiкчэмнай працы, дык мы такiмi людзьмi цiкавiмся.

– Дзякую за добрую iдэю, – скрывiўся на твары Алесь. – Буду прыглядацца i прыслухоўвацца.

Алесь падзякаваў Макнулты за ягоны час, выйшаў на вулiцу, сеў у сваё аўта й думаў. Кажны год у першы панядзелак верасьня ў Злучаных Штатах i Канадзе ёсьць так званы Labor Day. Даслоўна гэта азначае "дзень працоўных", канкрэтна – сьвята працоўных. Людзi ня йдуць на працу, кампанii iм усёроўна за гэты дзень плацяць, а працоўныя зь iндустрыi ладзяць розныя дэманстрацыi, у якiх рэклямуюць свае дамаганьнi й палiтычныя праграмы. Нашы суродзiчы празвалi гэны дзень сьвятам Лебярдзея.

У 1952-м годзе на канадыйскiм баку Нягары 5-га i 6-га лiпеня Беларусы ЗША й Канады зарганiзавалi першую Сустрэчу Беларускай Моладзi Паўночнай Амэрыкi i сьвяткавалi Купальле. Прысутных вiтаў, як пiсала газэта "Беларускi Эмiгрант", i "надзвычайны паўнамоцны першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублiкi ў ЗША, спадар Янка Чарапук-Змагар". Гэткiм чынам змагары за незалежную Беларускую Народную Рэспублiку, што вялi вызвольную працу ад часу ўстанаўленьня БНР 25-га Сакавiка ў Менску, цяпер, на амэрыканскiм кантынэньце, перадалi сымбалiчны сьцяг таго змаганьня беларускай моладзi, якая пасьля апошняй вайны тут пасялiлася. Гэнае сьвята Купальля, з удзелам старэйшых векам суродзiчаў i шматлiкае колькасьцi моладзi, дало пачатак наступным сустрэчам Беларусаў Паўночнай Амэрыкi, што пачалi адбывацца раз на два гады ў Канадзе або ў ЗША. Прысуседзiлi сустрэчы, – каб усiм было выгадна й часу хапала, – да таго-ж самага Лебярдзея, значыцца на канец тыдня, каторы той Лебярдзееў панядзелак папярэджваў.

Сёлета чарговая такая сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi мае адбыцца ў Радфардзе, – прыгадаў Алесь Якiмовiч. I вось што... Чаму-б на ёй ня выдумаць нешта новае супраць гэтае камунiстычнае поскудзi? На гэткiя сустрэчы звычайна зьбiраецца маса суродзiчаў ня толькi з Амэрыкi, але бываюць i госьцi зь iншых кантынэнтаў сьвету, дзе ёсьць дзейныя i зарганiзаваныя беларускiя нацыянальныя асяродкi. Чаму-б сёлета на сустрэчы суродзiчаў Паўночна-амэрыканскага кантынэнту не пачаць добра заплянаванай контратакi супраць бальшавiцкае агентуры з Усходняга Бэрлiну?

29

Апошнiмi часамi Веры спакваля пачало падабацца адзiноцтва. Магла чытаць, нiхто не перашкаджаў. Сяброўка на кватэры, Нiна Ляскiн, пiльнавала яе, распытвалася заўсёды – хто, што, дзе, калi i як? – пэўне-ж зь нейкай мэтай. Веру квялiла гэта. Нават забаўлялася думкай, што цi ня лепш выбрацца адсюль. Тымчасам адно разважала.

Цяпер яна выгадна выцягнулася на канапе, ськiнула з ног рудыя шлёпкi-макасыны, з задаваленьнем агледзела прыгожа загарэлыя лыткi ды зноў пачала жваць сырую моркаўку. Ззамоладу любiла сырую гароднiну. Цяпер лянiвым рухам левае рукi разлажыла малую ўсходня-бэрлiнскую газэтку побач на кафейным столiку, акiнула зрокам першую бачыну. Нiчога тут цiкавага. На трэцяй бачыне з правага верхняга кута паглядаў на яе... Не, ня можа быць! Але, запраўды ён, Алесь Якiмовiч. Дзяўчына, каб ужо зусiм упэўнiцца, амаль што носам у тую бачыну ткнула. Так, ён, – сумлеваў няма, – Алесь Якiмовiч, ейны дарлiнг!

Недажваны кавалак морквы засеў у роце, гарачыня ўдарыла ў галаву, калi вочы спынiлiся на загалоўку: "Заядлы фашыст, здраднiк радзiмы". Калi дзяўчына, затрымаўшы дыханьне, пачала чытаць паклёп на ейнага "дарлiнга", рот зноў пачаў варушыцца, а зубы – жваць той кавалак морквы.

"Старажылы зь вёскi Бярозаўка Акцябрскага раёну Мiнскай вобласьцi, чытала Вера, – прыпамiнаюць нявыгляднага але жулiкаватага падлетка, каторы, бывала, круцiўся, шныраў па калгасных пунях, хлявох i майстэрнях, набiваў руку пры ўломах. Малады злодзей выказаў у гэтым накiрунку дабротныя здольнасьцi. Маладая ў яго раёне савецкая ўлада, пасьля вызваленьня Захадняй Беларусi спад ярма панскай Польшчы, дала магчымасьць яму вучыцца. Але калгасьнiкi ведалi, што гэты абiбок анi да навукi, анi да працы не цягнуў. Празвалi яго "злыдзень" i час паказаў, што гэта слова дакладна акрэсьлiла накiрунак характару маладога нiкчэмнiка".

"Калi гiтлераўскiя фашыстоўскiя армii ўварвалiся ў савецкую радзiму, калi чэсныя савецкiя людзi ўзялiся за зброю, каб гераiчна змагацца зь ненавiснымi акупантамi, Алесь Якiмовiч, – сын кулака i ворага народу, падаўся ў настаўнiцтва, каб атраўляць савецкiх дзетак фашыстоўскай прапагандай i нянавiсьцю да свайго народу. Мала таго. Гэты злодзей уступiў у беларускую нацыяналiстычную фашыстоўскую банду i сам не адну пару падноскаў стаптаў па дарозе ў гiтлераўскае гэстапо. Жыхары з рэгiёну, дзе дзейнiчаў гэты фашыстоўскi халуй, могуць назваць многiх выдатных патрыётаў савецкай радзiмы, якiх па даносах Алеся Якiмовiча вымардавала гiтлераўскае гэстапо.

Калi-ж фашысты пастанавiлi лiквiдаваць жыдоў з Гарадоцкага гэтто, калi дзьве жыдоўскiя сям'i скрывалiся ў суседняй вёсцы, нядоўга яны жыцьцём цешылiся. Гэты крывавы здраднiк выдаў iх германскiм фашыстоўскiм катам i таксама выявiў савецкiх людзей, каторыя жыдоў скрывалi. Усе яны ляглi ў агульнай магiле.

Удалося вырадку Якiмовiчу ўцячы ад помсьлiвых рук савецкiх партызанаў, а пры вызваленьнi Беларусi ад германскага фашызму гэты мацёры злодзей i гэстапаўскi даношчык пайшоў разам са сваiмi гаспадарамi на захад. Цяпер ён у Канадзе. Знайшоў там новых паноў, каторыя планiруюць будучыя агрэсii супраць нашай сацыялiстычнай радзiмы. Мы папярэджваем усiх нашых суайчыньнiкаў у Канадзе: сьцеражыцеся гэтага здраднiка, фашыстоўскага агента i гэстапаўскага даношчыка, на руках якога нявiнная кроў савецкiх патрыётаў. Ён цяпер служыць сваiм новым паном у ЦРУ, вядзе агiдную прапаганду супраць савецкай радзiмы i гераiчнага беларускага народу. Ягоны адрас: 97 Бэйсбал стрыт, Радфорд, Ант., Канада".

Вера палажыла газэтку i ўстала. Круцiлася галава. Яна зьбянтэжылася, узлавалася. Боль, быццам-бы ёй хто ножам у сэрца ўкалоў. Да гэтага часу яна ведала iншага Алеся Якiмовiча: лагоднага, ветлiвага, дбайлiвага, каханага, разумнага. Цi запраўды ён мог быць крымiналiстам, якога намалявалi ў газэтцы?

Два разы прасiла яго расказаць што рабiў у часе вайны. Чаму ён адмовiўся? Няма дыму без агня... Дык вось якi ён, гэты Алесь Якiмовiч. I як яна магла так памылiцца, будучы ў абдымках гэтага чалавека, аднойчы нават гатовая аддаць яму сваю дзявочасьць?

Не, тут нешта ня тое. Нейкая дэталь у цэлым не пасуе. Цi ня лепш спытацца Алеся, паказаць яму газэтку? А можа ня трэба? Цi-ж не хапае слова Капшуна й артыкулу ў газэтцы? Чаму iм ня верыць? Толькi таму, што яна любiць гэтага дзяцюка? Марксiст, якога рознага маштабу палiтрукi "прапiсалi" некалi ў Верына сумленьне, дакараў цяпер яе за розныя сумлевы, прыгадваў ёй, што змагары за сацыялiстычную справядлiвасьць i будучы сусьветны камунiзм ня могуць матываваць свае паступкi пэрсанальнымi iнтарэсамi; партыя зьяўляецца крынiцай усяе мудрасьцi, ёй трэба сьлепа падпарадкоўвацца. Партыйныя догмы, як i рэлiгiйныя, – нязьменныя i максымальныя ў сваёй далёказорнай справядлiвасьцi. Так, да, да. Абрыўкi цi адной такой марксiсцкай догмы якраз цяпер "наносiлi вiзiты" ў галаву зьбянтэжанай дзяўчыны. Перамагае iнэрцыя, прадаўжаецца "шэсьце пад сонцам" i гэтак далей... Вера ўжо гатовая праклiнаць Алеся i быць задаволенай, што кагадзе зрабiла Капшуну дакладную справаздачу пра "фашыста" Шпака.

30

Цяжкая ноч. Вера кiдалася на ложку, нiяк не магла заснуць. Нiколi ў сваiм жыцьцi ня ўжывала на сон таблетак. Перайшла спаць на канапу. Пад ранiцу заснула. Ранiцай пераконвала Нiну, што ўсё ў парадку, але тая не паверыла ёй. Ды роспыты нiчога не памаглi. Дзяўчына наракала на боль галавы, узяла пару таблетак асьпiрыны. Нiна параiла ёй быць дома. Калi-ж Нiна скрыпнула дзьвярмi, Вера пастанавiла iсьцi на працу й проста паставiць перад Алесем галоўнае пытаньне.

Дзень цягнуўся надта марудна, Вера не магла сканцэнтравацца, забывалася што рабiла, нэрвавалася, дрыжэла. Цяжка было ёй справiцца з самымi простымi заданьнямi, усё з рук падала. Калi Алесь сустрэў яе з шырокай i прыязнай усьмешкай на сваiм твары ды спытаўся чаму яна такая бледная i невясёлая, дзяўчына спыталася ў яго, цi можна зь iм пагутарыць пра нешта вельмi важнае. Алесь прыабяцаў пабачыць яе ў сваёй канторы пры канцы дня.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю