355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 1)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)

Акула К
За волю (на белорусском языке)

Кастусь Акула

За волю

Раман

ХТО БУДАВАЎ, А ХТО ФАШЫСЬЦIЎ

Летась на Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкi ў Полацку каля Клiўленду, – фактычна сусьветнай сустрэчы, – пасьля развалу бэрлiнскай сьцяны, абвешчаньня "сувэрэннай" БССР, – калi "iмпэрыя зла" iдзе да канчатковага распаду, – бралi ўдзелу большым лiку i суродзiчы зь Беларусi. "Паяднаныя любоўю", – як пiсала менская газэта, сыны й дочкi "забранай зямлi" з цэлага сьвету знаёмiлiся, выступалi з прамовамi, паказвалi сваё сцэнiчнае мастацтва, сьпявалi i дэкляравалi сваю адданасьць iдэям адраджэньня, вольнасьцi i незалежнасьцi Беларусi.

Перадавая, патрыятычная, творчая, сумленная, працавiтая, гаротная Беларусь, каторая ў Бога верыць, клiча цяпер на помач у змаганьнi з духовым i экалягiчным чарнобылямi сваiх дзетак, што некалi пакiнулi раськiданыя гнёзды, або ўжо за межамi бацькаўшчыны радзiлiся.

На вялiкi жаль, беларускi народ мала ведае пра сваю эмiграцыю, каторая змагалася за вызваленьне Беларусi, у вольным сьвеце стварыла грамадзкiя, асьветныя i палiтычныя iнстытуцыi, прэсу, здабыла пэўныя посьпехi ў навуцы й лiтаратуры, аднавiла Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву i ўстанавiла беларускую душпастырскую апеку для каталiкоў. Пачынала гэтая эмiграцыя сваю працу пасьля Другой сусьветнай вайны зь нiчога. Яна была голасам паняволенага беларускага народу, намагалася разбудзiць абыякавы сьвет i паклiкаць яго на помач бацькаўшчыне, што стагодзьдзямi цярпела ў маскоўскай няволi.

Ведамыя так званыя "ворганы" – НКВД-КДБ, пад рознымi шырмамi, амаль на працягу сарака гадоў фашысьцiлi перадавым беларускiм дзеячом на эмiграцыi. Хвальш, паклёпы, шантаж, уключна з забойствам, – перадусiм-жа няспынная крывадушная прапаганда i запалохваньне раднi эмiгрантаў удома – вось была iхная галоўная зброя, каб паралiжаваць працу беларускiх эмiгрантаў.

Раман "За волю" дае чытачом пэўны вобраз з жыцьця ня толькi нацыянальна сьвядомае беларускае эмiграцыi, але й тых варожых сiлаў, што дзеялi сярод яе з загадаў калянiяльнага антыбеларускага рэжыму ў акупаванай Маскоўшчынай бацькаўшчыне. Спадзяемся,што ён у пэўнай ступенi таксама спрычынiцца да далейшага аб'яднаньня нашых суродзiчаў у iхнай працы i ахвярнасьцi для адраджэньня, вольнасьцi i незалежнасьцi Беларусi.

Беларускаму Харытатыўнаму Таварыству ў Лёндане дзякуем за фiнансавую помач на пакрыцьцё коштаў выданьня.

Выдавецтва "Пагоня"

БЕЛАРУСКАМУ НАРОДНАМУ ФРОНТУ, у працы i змаганьнi за адраджэньне, вольнасьць i незалежнасьць Беларусi, ПАМАЖЫ, БОЖА!

1

Час такi, – лiха на яго! – пропадам ты прападзi.

Пасьля найбольшага пралiваньня крывi ў гiсторыi сьвету, прыйшло жахлiва небясьпечнае напружаньне.

Пасьля надта гарачае вайны – халодная.

Пасьля Гiрашымы й Нагасакi – пагрозьлiвыя ценi будучых Чарнобыляў.

Час сьцiраньня сьлядоў старых i рост новых Курапатаў: – пашырэньне й паглыбленьне Гулагу.

Паралюш i прыблiжэньне хаўтураў застойна-забойчага каманднага рэжыму.

Глум слова Божага i слугаў Ягоных. Лiквiдацыя сьвятыняў Божых, разгульле бязглуздага атэiзму, народжанага марксiстоўскiмi нiкчэмнiкамi. Час грандыёзнай i ўсёабдымнай хлусьнi. Лiквiдацыя справядлiвасьцi й мiласэрнасьцi.

Час авоськаў i вечнай галечы падбiтых i запрыгоненых народаў, час неабмежаванай улады й роскашы пануючай камунiстычнай партакратыi.

Наплявацельныя адносiны да ўсяго сьвятога й традыцыйнага. Вынiшчэньне паняволеных народаў.

Час, калi падтрымлiваны мiлiтарнай магутнасьцю рак марксiзму-сацыялiзму-камунiзму, разьядае-руйнуе апошнiя цьвярдынi хрысьцiянства i дэмакратычных вольнясьцяў.

Гвалт i зьдзекi там, дзе мае жыць мiласэрнасьць i любоў.

Час такi, пропадам прападзi!

Пацеюць гномы хлусьлiвай iдэi, – "Эдысоны сьвятла новага сьвету", апантанцы "касмiчнага маштабу рэвалюцыi".

I няма нi супакою, нi перадышкi.

Зьверху, быццам насланьнё: забавязаць, загадаць, запраектаваць, заплянаваць, падапхнуць, дагнаць i перагнаць, выканаць i перавыканаць, стануць на вахце здабычаў вялiкай кастрычнiцкай!

I гэтта-ж – абрыдлы i настырлiвы акампанямэнт: "Эх, да и ухнем!"

Прыкусiўшы языкi, закасаўшы рукавы, ужо цяпер, раньнiм летам пачынаюць плянаваць-барабанiць пра сьвяткаваньне саракавых угодкаў "вялiкага кастрычнiка".

Не павязло-ж у гэтай краiне, цьфу на яе! Насамперш здраднiк Кузэнка ў Аттаве раскрыў i выдаў ворагам найбольшае гняздо выдатных савецкiх патрыётаў (шпiёнаў). Пасьля-ж нашумела й доўгi час назаляла вушы, калi барабанiла ў радыё i газэтах сваiм кусьлiвым прасьледаваньнем усiх прагрэсыўных сiлаў "каралеўская камiсiя" ды iншыя спарахнелыя буржуазныя ворганы. Павывалакалi наверх усякае затхлае фашыстоўскае гнiльлё ды рознае антыпрагрэсыўнае барахло.

Каб-жа адно гэта. Вунь там, удома, абгалiўшы ды зганьбiўшы наймудрэйшага ды найбуйнейшага карыфэя навукаў i бацьку ўсiх народаў, узабраўся на самы шчыт палiтычны нейкi бравурна-барабанны Мiкiта. Помсьлiвы памаўза вылез iз кукурузы. Яна, кукуруза, згодна шматгамоннага Мiкiты, прывядзе сацыялiзм i ўсю дружную сямейку народаў сацыялiстычнае садружнасьцi да запаветнае брамы камунiзму. Няхай жыве кукуруза!

Мiкiтава вынаходлiвасьць ня спынiлася, як вядома, на кукурузе, але хутка перакiнулася й на сусьветную арэну. Колькi-ж гэта рогату i ўцехi даў людзям новы маскоўскi гарлапан, калi ў Ню-Ёку на форуме Аб'еднаных Нацыяў чаравiкам па стале прарочыў сьмерць капiталiзму й перамогу савецкаму кукурузнаму ладу! Дзiва няма, што па цэлым "неабдымным саюзе" голасна буянiў пра Мiкiту сьпявак Высоцкi на словы Аляксандра Гiдонi:

Потом Никитушка росточком был с аршин.

Он много всяких разных дел насовершил.

При ём пахали целину,

При ём пихали на луну,

При ём достигли мы сияющих вершин.

Но в октябре яво маненечко – таво:

Тады узнали мы всю правду пра яво.

Что он Насера наградил,

Что он с три хера накрутил,

Что это в заднице свербило у яво.

Сьверб загнязьдзiўся ня толькi ў Мiкiты, але i ў шматлiкiх галовах розных камунiстычных пазадкаў у Канадзе. Гэтта кукурузай i чаравiкам па стале нiчога не асягнеш. I няма калi зьдзiўляцца, рот разяўляць, што ўчарашнiя хаўрусьнiкi ў вайне нейкiм чынам ператасавалiся ў ворагаў. Сьверб недаверу да свайго заўсёды магутнага й непамыльнага цэнтру наклюнуўся. Некаторыя сумленныя дзiвакi быццам на прыманку капiталiстычнае прапаганды пайшлi. Як тут непамыльную i яшчэ генэральную партыйную лiнiю ўтрымаць? Нагода: сьвяткаваньнем угодкаў "вялiкага кастрычнiка" выкаваць новую дысцыплiну, умацаваць салiдарнасьць камунiстычнага руху ўва ўсiм сьвеце.

Гэтак загадалi. Так мае быць!

Арганiзаваць ударнае сьвята "вялiкага кастрычнiка" – мала языкамi мянташыць. Рэкляма ў друку й радыё пажырае вялiкiя грошы. Даводзiцца, як i мiнулымi гадамi, ляпiць плякаты й афiшкi ў гарадох на вулiчныя слупы й газэтныя скрынi, платы й сьметнiкавыя кантэйнары. Гарадзкiя законы гэта забараняюць, але тут на помач iдзе цемра й спрыт. Ня зловiць цябе палiцыя, у якой рукi й час наркаманамi й зладзеямi занятыя. Кiраўнiцтва гэткай рэклямнай "кастрычнiцкай апэрацыi" намазолiць добра шматлiкiя мазгi, каб усiм сваiм вялiкiм i малым спэцам гэтай аграмаднай сваёй распоўзлай тэрыторыяй краiны даць адпаведныя iнструкцыi на тэму: дзе, калi, што i як...

Перадусiм неабходна парупiцца, каб галоўная веха партыi ў краiне, "Канадыйская трыбуна", павысiла i ўзмацнiла адпаведныя баявыя сыгналы. Мала таго. Яна павiнна пашырыць барабаншчыну пра грандыёзныя перамогi на эканамiчным фроньце ў краiне, якая, як вядома, нанесла галоўны ўдар гiтлераўскаму фашызму й мiлiтарызму. Абавязкова павiнны быць i натхняючыя матар'ялы пра няспынны iмклiвы рух iдэяў Маркса й Ленiна ў цэлым сьвеце. Забясьпечыць матар'яламi i левую буржуазную прэсу ды радыё.

А гэтта, як на тое лiха, быццам мышы спад мятлы, павылазiлi на сьвятло дзённае недабiтыя ўдома i непалоўленыя "ворганамi" ў Заходняй Эўропе – хоць бальшыня зь iх апынулася пасьля вайны ў Гулагу, – "беларускiя буржуазныя нацыяналiсты". Гэтыя "фашыстоўскiя цемрашалы" пачалi арганiзавацца, знайшлi сярод Канадыйцаў новых хаўрусьнiкаў. Баявое заданьне, загад зьверху: неадкладна заняцца iмi!

2

Дзяўчына сядзела на крэсьле ля камiнку. Сьвежанькi, дзiцячага выразу й зусiм правiльных клясычных рысаў твар. Анi шмiнкi, нi пудры. Даўгiя, хвалiстыя, цемнаватыя блёнд валосы. Вялiкiя, блакiтныя й разумныя вочы. Сьцiпласьць i поўная канцэнтрацыя. Быццам мастаком вылiтая фiгура ў тугой белай блюзцы, шэрага колеру андарак у складкi. Вочы ўпiлiся ў чалавека, што ў мяккiм крэсьле расьсеўся з другога боку камiнка.

Сонечнае сьвятло хлынула ў пакой праз вэнэцыйскiя заслоны. Ля сьцяны пакою полка з кнiгамi дэманстравала сябе вялiкiм зборам твораў Ленiна, партрэт якога вiсеў побач на сьцяне. Каля Ленiна i творы Горкага, Маякоўскага ды й iншых бальшавiцкiх зброяносцаў. У куце, на стале – руды самавар i пара кубкаў, а на камiнку, побач парцалянавых балерынаў, пачарнелы мядзяны конь трымаў кампанiю электрычнаму гадзiньнiку. Пiсьмовы стол зь бiзнэсавым старым Рэмiнгтонам i купай кнiгаў ды папераў займаў абшырнае месца ля сьцяны. Савецкiя газэты, мясцовы "Рабочий", часапiс "Тайм" i радфардзкаялевалiбэральная "квактуха" "Стар" зь нейкай прычыны добрым ладам пастроiлiся на нiзкiм кафэйным столiку.

Нягеглы з выгляду мужчына належаў да тых, пра якiх агульна гавораць, што "нiчым ня вырозьнiваўся ў натоўпе". Лысаваты, сiвы. Прадаўгаваты, з вострым падбародкам твар. Блiзка асаджаныя каля простага чырванаватага носу шэрыя вочы, малыя вушы й зморшчаны лоб. Гавайская спартовая кашуля й пакорчаныя штаны, чорныя чаравiкi. Рудыя вочкi пiльна сачылi дзяўчыну.

– Але-ж i прыгожая вы, мiс Мак.

Нiзкi голас, на твары лёгкая ўсьмешка. I ўва ўсiм гэтым, у голасе i ўсьмешцы нейкая казёншчына, штучнасьць. Сказанае здалося пустым i бясколерным, быццам нехта дэкляраваў устаноўленую вышэйшай уладай цану. Рыгор Капшун напiхаў сваю люльку багатай араматам галяндзкай табакай ды аглядаў дзяўчыну скваплiвым зрокам цыгана, што ацэньваў чужога каня. Вера Мак адчувалася нiякавата пад пiльным зрокам гаспадара гэтага пакою. Яшчэ ня ведала якiя тайнiцы гнязьдзiлiся пад тэй лысiнай.

– Але ваша прыгажосьць ня ёсьць прычынай нашай сустрэчы. Магу спытацца, як вам спадабаўся наш Радфорд?

– Ведаеце, таварыш Капшун...

– Лепш пакiнем збоку гэтае "таварыш". Жывём у буржуазным грамадзтве i асьцярожнасьць нас абавязвае. Проста называйце мяне Грыша.

– Цi не занадта фамiлярна? Я мяркую...

– Няважна. Рабiце як кажу, – тонам поўнае фiнальнасьцi сказаў Капшун.

Размаўлялi парасейску. Капшунова мова плыла вольна, без намаганьняў, а ў Веры Мак пракiдвалася ваганьне.

– Окэй, Грыша.

– Вось так лепш. Дык пра што мы гэта?

Капшун прыкурваў табаку ў люльцы даўгой запалкай, iзь нейкiм задаваленьнем, як быццам гэтая дзейнасьць была найважнейшай для яго на сьвеце i таму поўнасьцю паглынала ягоную ўвагу.

– Ага, пра тваю красату, – гаварыў далей, пусьцiўшы клуб пахучага табачнага дыму. – Не магу ня выказаць надзеi, што гэта твая прыгажосьць, калi ўжыць буржуазны тэрмiн, ня будзе замiнаць у тваёй рабоце, а наадварот...

– Якой гэта рабоце? – перапынiла яго Вера Мак.

– Пра гэта даведаешся ў адпаведны час. Цяпер-жа я толькi хацеў з табой пазнаёмiцца, мiс Мак. Казалi мне, што там у Балтаве ты займалася карыснай для нашага дзела работай.

– Старалася, як умела.

– За тую адданасьць цябе належна ацанiлi, нават паездкай у Савецкi Саюз узнагародзiлi. Прашу мяне зразумець, мiс Мак: я ня пустазвон i не трапло. Аддаю належнае тым, што на гэта зарабiлi. А цяпер прашу сказаць: цi маеш сваякоў у Канадзе?

– Не, ня маю. Ад часу, як замардавалi бацьку...

– Ведаю, ведаю. Вялiкае няшчасьце, – перарваў дзяўчыну Грыша. – Але ведаеш нашу рускую прыказку: дзе дровы сякуць, там трэскi лятуць. Спадарыня Мак, ты павiнна быць гордая за свайго бацьку. Ён назаўсёды станецца гэроем у анналах змаганьня рабочых-рэвалюцыянераў за лепшую будучыню.

Капшун памаўчаў, сачыў клубы табачнага дыму.

– Значыцца, ня маеш сваякоў. Можаш усiх нас, наш цесны кружок, лiчыць сваякамi. На выпадак патрэбы, клiч каго з нас. Цi ты ведаеш беларускую мову, мiс Мак?

Дзяўчына задумалася.

– Можа тое, што ад маткi й бацькi. А ў нас у клубе вучылi расейскую.

– Я маю на ўвазе вось што: цi маеш даволi асноваў i дастатковы запас словаў, каб вясьцi iнтэлiгэнтную гутарку пабеларуску?

– Мяркую, што не.

– Гэты недахоп мы абавязкова зьлiквiдуем. Ты павiнна валодаць гэтай мовай так, каб чулася як удома мiж людзей, якiя пабеларуску гавораць.

– Магу спытацца якая ў тым патрэба?

– Як я раней сказаў, гэта ўсё будзе выясьнена табе пазьней. Цяпер я павiнен ведаць вось што: цi ты згодзiшся навучыцца гэтай мовы? Якая была ў цябе пасьпяховасьць у школе, мiс Мак?

– Найлепшыя ацэнкi.

– Добра. Цi маеш яшчэ ахвоту да навукi?

– Ахвоту? Мяркую, што так. Калi патрэбна, дык навучуся, чаму не. А цi вялiкая розьнiца мiж расейскай i беларускай мовай?

– Даволi значная. Вядома, што ёсьць дзьве вэрсii, так сказаць, беларускай мовы. Першая, гэта тая, што ўжываецца ў школах i адмiнiстрацыi ў Савецкай Беларусi. Ёсьць на гэнай мове даволi вялiкая лiтаратура. Дык тая вэрсiя блiжэй расейскае. Беларускiя буржуазныя нацыяналiсты ўзводзяць паклёп на тую мову й называюць яе маскоўскiм жаргонам. Другая-ж вэрсiя, каторай карыстаюцца бебурнацы, стаiць далей ад расейскай. Ты, бязумоўна, будзеш вучыцца першую.

Капшун устаў, падыйшоў да пiсьмовага стала, узяў кнiгу зь зялёнай вокладкай i даў яе Веры.

– Тут вось, пачытай крыху з пачатку.

Дзяўчына пачала паволi чытаць. Ейнае вымаўленьне патрабавала шмат паправак. Пазiраючы на двор праз вэнэцыянскiя заслоны, Капшун уважна слухаў.

– Гэтага даволi, – спынiў ён дзяўчыну. – Бачу, што нейкi пачатак ёсьць. Пачнеш вучыцца адразу пасьля таго, як тут на месцы ўстроiшся. Згода?

– Так, окэй. Цi магу цяпер штосьцi вас спытаць?

– Калi ласка.

– Адносна працы. Я-ж мушу на сябе зарабiць.

– Гэта ўсё наладзiм. Цi ты мяркуеш, што можаш працаваць у якой краме?

– Магу спрабаваць.

– Добра. Заўтра пойдзеш у Трыфты Тонi й там атрымаеш працу. Адна з нашых дзевак, зь якой сяньня пазнаёмiшся, табе паможа. Яна там працуе.

– А хто такi той Трыфты Тонi?

– Гэта вялiкая ўнiвэрсальная крама, уласнасьць Жыда Зэлмана, нашага iмiгранта. Ён робiць аграмадны бiзнэс.

– Добра. А колькi ён плацiць?

– Нешта каля трыццацi пяцi на тыдзень для новых, здаецца. Будзеш старацца, заробiш болей.

Дзяўчына маўчала. У бюро капальнi ў Балтаве зарабляла больш пяцiдзесяцi ў тыдзень.

– I гэта, здаецца ўсё, калi няма якiх пытаньняў, – сказаў Капшун.

– Адносна майго пакою. Дзе буду жыць?

– Коля завязе цябе да дзяўчыны, пра якую я ўспамiнаў. Зваць яе Нiна Ляскiн. Яна нашага паходжаньня, бацькi недзе з Адэсы, ужо ня жывуць. Я пэўны, што вы добра наладзiце супольнае жыцьцё. Заўтра паведамi мяне, як там пойдзе.

– Окэй, Грыша.

Дзяўчына ўстала i ўзяла сваю сумачку.

– Яшчэ адно, пакуль пойдзеце, мiс Мак. Раю вам усё тое, пра што мы гаварылi, трымаць пры сабе, – перасьцярог Капшун, адчыняючы дзьверы.

– А як зь Нiнай Ляскiн?

– Яна – адна з нашых. Што ёй скажаш, мяркуй сама.

– Добра, Грыша.

– Цяпер пачакай тут, а я паклiчу Колю.

Неўзабаве ён зьявiўся з-за дзьвярэй iз тым самым шустрым, пад вожыка падстрыжаным маладым хлопцам, якi сустрэў яе ранiцай на чыгуначнай станцыi. Капшун падаў руку.

– Жадаю табе посьпехаў, спадарыня Мак.

На ягоным твары паказалася нешта наводля ўсьмешкi.

– Дзякуй, Грыша. Буду ў кантакце.

Коля ўзяў ейную валiзку. Рэшту багажу пакiнула на станцыi i мае яго забраць пасьля. Яны спусьцiлiся па сходах i пайшлi да аўтабуснага прыпынку. Пад захмараным лiпеньскiм небам вулiца чмыхала й гула вялiзнай хваляй аўтамабiляў у "раш аўр" – сьпешную гадзiну. Гэтак тут назвалi час, калi мiльёны людзей рана й вечарам сьпяшаць на працу цi з працы дамоў. Гвалтоўныя рыўкi ветру тузалi маладое лiсьцё кляновых прысадаў, замяталi парэпаны цэмант вулiцы i забаўлялiся рознакаляровымi сукенкамi жанчынаў.

– Як далёка да Нiны Ляскiн?

– Якiх мiнут пятнаццаць аўтабусам. Яна жыве каля цэнтру гораду.

3

Некалi, падаючы заяву для атрыманьня вiзы на падарожжа ў Савецкi Саюз у групе "рабочых канадыйскiх дэлегатаў", ад Веры Мак запатрабавалi, каб далучыла кароткую аўтабiяграфiю. Пасьля цэлае гадзiны, Вера напiсала наступнае:

Iмя й прозьвiшча: Вера Мак.

Дата й месца нараджэньня: 27 сакавiка, 1930 г., Балтава, Антарыё.

Сацыяльнае паходжаньне i ўзгадаваньне: Бацькi – Беларусы, рабочыя. Бацька, што працаваў у капальнi мэталаў, прыехаў з маткай у Канаду пару гадоў перад маiм нараджэньнем з Заходняй Беларусi. Як мне было сем гадоў, бацьку майго Мiкалая палiцыя канадыйская забiла падчас дэманстрацыi беспрацоўных i галодных. Мацi мая Юльляна, што была сьветкай таго забойства, мела ўдар сэрца. Яна памерла год пазьней. Як маладая сiрата, ад васьмi гадоў узросту я гадавалася ў розных сем'ях.

Адукацыя: Сярэдняя.

Прафэсiя: Працавала сакратаркай у Рын Тын i Дэлта мiнэральных кампманiях.

Грамадзкая дзейнасьць: На працягу даўгога часу належала й цяпер належу да рабочага клюбу Максiма Горкага ў Балтаве. Брала ўдзел у адукацыйнай, спартовай i грамадзкай працы. Апякавалася дзяцьмi.

Калi-б Веры давялося пiсаць абшырней пра сваё дзяцiнства, матар'ялу хапiла-бы. Ды як-жа можна адлюстраваць тую бездань, у якой апынулася "ў галодных трыццатых" сiрата пад апекай чужых? I што магло замянiць матчыну любоў i апеку? Бесьперапынная галеча пакiнула сьлед, а спадчына бацькоў дала пякучую горыч. Вага мiнулага спарадзiла недавер i падазронасьць да "пануючай клясы", а побач з гэтым – спачуваньне тым, што ў галечы, iмкненьне памагчы iм. Глум, якi цярпела з боку некаторых апякуноў, спрычынiўся да пэўнае iзаляцыi. Мусiла, як магла, адмежавацца ад таго, хто рабiў ёй якую крыўду. Назiральная кемлiвасьць i выпрабаваньнi ў доўгiх гадох мiж чужых нарадзiлi асьцярожнасьць, прадуманыя адносiны да людзей, спагаду да цярпеўшых i крыўджаных.

У гэныя часы галеча эканамiчнае дэпрэсii мiж новых iмiгрантаў, што прыехалi з акупаванай Польшчай Заходняй Беларусi, дапаўнялася крывадушнай, у Маскве майстраванай клясава-ненавiснай ядавiтай бальшавiцкай прапагандай. I мясцовымi гнёздамi, цi рупарамi такога забойчага яду i хвальшывай iнфармацыi "з краiны рабочых i сялянаў" зьявiлiся мясцовыя так званыя рабочыя клюбы. У гэтым сэньсе клюб Максiма Горкага ў Балтаве мог служыць копiяй iншых, раськiнутых па аграмаднай краiне. Ужо куды пазьней, калi некаторыя, раней адурманеныя "новыя Канадыйцы", пачалi разумець, што "чырвоныя прарокi" пашыралi хвальшывыя пропаведзi крывадушнага тырана з камунiстычнага цэнтру, шматлiкiя ачмурэлыя марксiстоўскiмi догмамi "прагрэсiсты" ўпарта гарлапанiлi на барыкадах сваiх "клясавых пазыцыяў". А для малапiсьменных, што "ня лезьлi ў палiтыку", усе вялiкiя й малыя палiтыканы, свае i чужыя, тварылi не абы якую зьбянтэжанасьць.

Вера чытала ня толькi ўсё казённае, што падсоўвалi клюбу пашыральнiкi камунiстычнага "прагрэсу". Побач "Как закалялась сталь" ляжаў Дыкэнс i Ўiтман, Пушкiн i Маякоўскi. Некаторы час цi не найбольш была аблюбавала паднятага да стратасфэрнае вышынi бальшавiцкiмi маскалямi "буревестника революции". Здавалася ёй, што шматлiкiя ягоныя гэроi чулiся-б як дома ў асяродзьдзi людзей з капальняў, дзе пачалося ейнае жыцьцёвае падарожжа. У музыцы-ж Вера захаплялася Бэтховэнам i Чайкоўскiм, Стравiнскiм i Гэршвiнам. З асалодай таксама сьпявала беларускiя песьнi, што ззамоладу запомнiла калi лiлiся з вуснаў маткi.

Любiла думаць i разважаць а нiхто язык яе нiколi траплом не назваў. Ейную прыгажосьць на вулiцы гораду часта трымалi на воку розныя вульгарныя нахабнiкi, што прапанавалi часамi такое, ад чаго твар залiваўся румянцам. Цi гэтая вiдавочная фiзычная спакуса была прыродным дарам цi пакараньнем? Над гэтым давялося разважаць пасьля аднаго выпадку, якi прыгадвала з жахам i каторы меў значны ўплыў на яе маладыя гады й пазьнейшыя адносiны да мужчынскага полу.

Нарэшце прыйшоў той доўгачаканы й радасны дзень. Перад групай канадыйскiх "суайчыньнiкаў" сваёй перамогай i фанабэрыста надзьмутай магутнасьцю афiшавалася амаль непашкоджаная Масква i ўжо намагаўся загойваць раны трохгадовае блякады Ленiнград. Наведалi "ўдарны завод" i "перадавы калгас", пакланiлiся мумii на Краснай плошчы. Хадзiлi слухi, што побач мумii Ленiна палажылi i ягонага "насьледнiка" Сталiна, але неўзабаве Хрушчоў загадаў яго выкiнуць з гэтага пачэснага месца пад крамлёўскую сьцяну.

Бесьперапыннай прапагандовай траскатнёй маскоўскiх палiтрукоў пра гэройскi гiгант, якi, амаль сам перамог Гiтлера, сеялiся зярняты пашаны i ўдзячнасьцi "гэраiчнаму савецкаму" i асаблiва "вялiкаму рускаму" народу, якi так жахлiва многа перацярпеў i на "ратных палёх" такiя ахвяры ў данiну перамогi прынёс, а цяпер вунь ня толькi зь вялiкай адданасьцю i энтузiязмам узяўся аднаўляць краiну пасьля ваеннага разбурэньня, але ўжо выцягнуў i шчодрую руку помачы iншым народам усходняе i цэнтральнае Эўропы, што апынулiся пад ягоным жыцьцядайным апякунчым крылом. I ў маладой галаве дачкi "гэроя канадыйскiх рабочых" тая паказуха не магла ня выклiкаць надзвычайнага ўражаньня, бадай захапленьня.

Адылi ў тым незабыўным падарожжы нарадзiлiся й пытаньнi. Кажнага з удзельнiкаў заакiянскае групы трымалi быццам на прывязi, анi на крок нiкуды не адыйдзiся без дазволу гаспадароў. Пампезная гасьцiннасьць урадавых прадстаўнiкоў i палiтрукоў, гладкая афiцыёза – з аднаго боку. Холад i няветлiвасьць звычайных "савецкiх людзей", зь якiмi чамусьцi партыйныя гаспадары ня раiлi ўваходзiць у нiякiя зносiны, – зь iншага.

Як-бы цiкава было заглянуць у хату звычайных рабочых ды паслухаць iхныя захапленьнi жыцьцём i посьпехамi найбольш прагрэсыўнай дзяржавы ў сьвеце, авангардам пралетарыяту, маяком вызвольнага змаганьня супраць капiталiзму для ўсiх сяньня эксплёатаваных людзей i народаў! I чаму вось пра такiя звычайныя сустрэчы iз простымi людзьмi, а не партыйнымi цi дзяржаўнымi бюракратамi нiхто не падумаў i iх не наладзiў? Як-жа можна было вытлумачыць той дыстанс, створаны мiж iмi, "суайчыньнiкамi", ды мясцовымi, шчасьлiвымi савецкiмi грамадзянамi?

I ўсё-ж, вiдаць была велiч дзяржавы й народу. Ясная мэта. Тут-жа й выразны дынамiзм, каб яе асягнуць. Усё вялiзнае й шырокамаштабнае на ўсiх франтох. А плёны працы масаў – як на даланi. Дык адкуль бяруцца сумлевы?

Вось вазьмеце хаця-б гэтага, каторага Мiкiта стараецца загнаць, як кажуць, у казiны ражок. Гэта-ж згодна з запаветамi Ленiна ён тварыў, будаваў i ўдасканалiў просты, выдатны i ўсiм зразумелы лад. З добрае волi ўсiх "трудящихся", наверсе сеў сам – генiяльны й надта-ж дбайны пра ўсiх i ўсё "вождзь", каторы, як на тое вялiкае шчасьце, таксама быў мудрым настаўнiкам i карыфэем навукаў. Ён-жа i "айцец усiх народаў". Яму сьпявалi гiмны, прысьвячалi манумантальныя творы ўва ўсiх жанрах лiтаратуры ды ўсiх вiдах мастацтва. Ён-жа, – як нядаўна пераканаўся цэлы антыфашыстоўскi сьвет, генэралiсiмус, выдатны стратэг i палкаводзец. I гэта пад ягоным мудрым "рукаводзтвам" i гэройскiм натхненьнем дабралiся пераможныя савецкiя байцы аж да бэрлiнскага райхстагу. Во вам! Пакажыце нам дзесь на сьвеце чалавека роўнага гэтаму! I кажнаму шчасьлiваму грамадзянiну гэтае выдатнае краiны вядома, што гэты тытан духа й мудрасьцi ўвасабляў максымальнае дабро, якое стварыў новы лад. Цяпер ужо квiтнее яно, тое дабро, а будзе яшчэ куды большае, калi прыйдзе поўны камунiзм.

Адно грыз, ледзь пачынаў варушыцца чарвячок сумлеву адносна таго ладу i "айца ўсiх народаў" пасьля таго, як бравурны i вульгарны Мiкiта вылез iз кукурузы ды быццам "разьвянчаў" самага наймудрэйшага генэралiсiмуса. Дзе i ў якой дрыгве чэрцi гэтага Мiкiту выгадавалi? А можа тут просты паклёп "iмпэрыялiстычных акулаў" на нашага генiя? Цi можа сам Мiкiта – пустазвон цi просты абэлтух? А калi так, дык як яго туды, аж на самы верх пусьцiлi? А можа сталася, што той, найбольш генiяльны, ды гэтаму паклёпнiку некалi на нагу наступiў? Бывае...

Пасьля падарожжа ў мэкку "рабочых i сялян" Вера, удзячная, як i ўсе iншыя ўдзельнiкi, за дармавое падарожжа, яшчэ з большым iмпэтам узялася за працу ў клюбе. Аднойчы сакратар мясцовай камунiстычнай ячэйкi пад крылом клюбу, спэц агiтацыйных трафарэтаў камунiстычнай прапаганды, пасьля даўгой i нуднай гутаркi, запрапанаваў ёй пераехаць у Радфорд. Гаварыў ён, што рук i ў Балтаве да працы не хапае... Але ў краiне ёсьць пляцоўкi больш важнага iмпэратыву чымся Балтава. Вось яно. Дык наш "працоўны рух" патрабаваў цяпер помачы адданых, працавiтых i пiльных таварышаў на найбольш адказных пазыцыях. Цi магла-б яна, Верачака, памагчы?

Як тут адмовiш? Ды iдэя, каб перабрацца ў Радфорд, што дынамiчна рос i стаўся магнiтам усёй пасьляваеннай iмiграцыi з розных кутоў сьвету ў Канаду, была наклюнулася ў Веры раней. Замiнаў недахоп кантактаў, што маглi-б памагчы там якiя-небудзь патрэбныя дзьверы адчынiць. Цяпер-жа, пасьля сакратаровай прапановы, Вера зацiкавiлася дзе й каму яна спатрэбiцца ў тым вялiзным горадзе. Адказ: патрабуюць зьверху, праца будзе забясьпечаная. Усё адпаведна ўладзяць. Людзi ў тым Радфордзе знойдуць ёй працу, увядуць у мясцовае "прагрэсыўнае" грамадзтва. Адным словам пакуй, дзеўка, свае "шмоткi" i "ў камандыроўку", паводле загаду зьверху. Во як! Цi туды з энтузiязмам бегчы? Яно-ж так i лепш, бо прыйдзе да спадобы тым зь ведамага верху.

4

Нiна Ляскiн наймала трохпакаёвую кватэру на трэцiм паверсе чатырохпавярховага дому на бочнай вулiцы недалёка Квiн, – галоўнай вулiцы гораду, што перасякала яго простай лiнiяй з усходу на захад. Адсюль было вельмi зручна добрым гарадзкiм транспартам дабiрацца да камэрцыйнага цэнтру.

У адчыненых дзьвярох перад Верай стаяла дзеўка дзесьцi ў веку сярэдзiны трыццатых гадоў. Цёмныя валосы, закручаныя ў плястычныя качалкi, якiя тубыльцы называюць "кэрлерамi". Твар круглаваты, нос просты, немаляваныя вузкiя вусны й цёмна-рудыя вочы. Лагодная сяброўская ўсьмешка. Сярэдняга росту, з малымi грудзьмi. Белая мужчынская кашуля абвiсала над тугiмi ясна-сiнiмi абношанымi джынсамi. У гэным месцы й часе дзеўка выглядала зусiм мадэрнай. На голых ступнях сядзелi новыя iндыянскiя скураныя "макасыны", папулярныя мясцовыя шлёпкi.

– Гляньце хто тут! Вiтаю, Вера, вiтаю, прашу заходзьце.

– Дзякую. Грыша Вам ужо паведамiў пра мяне?

– Так. Але гляньце, што за красотка! – усклiкнула дзеўка, аглядаючы Веру. На ейным твары зьявiлася запраўднае зьдзiўленьне. – Скажы мне, дзе ты здабыла ўсе гэтыя свае прычындалы?

Вера меркавала як рэагаваць на гэта.

– Ого, што за прывiтаньне! Можна да вас, цi не?

– Заходзьце. Будзем знаёмiцца: я – Нiна Ляскiн, а ты, як мне казалi, Вера Мак.

– Але. Вельмi прыемна.

Вера зайшла ў скромна ўмэбляваны пакой. У куце на тэлевiзары спартовы камэнтатар гучным голасам распавядаў пра ўчарашнюю гульню ў вялiзным мясцовым гакэйным палацы.

– Сядай. сядай, – запрашала Нiна. – Можа хочаш што выпiць з дарогi? Пастаў свае рэчы, пасьля ўпарадкуем. Што прынесьцi?

– Калi маеш, джынджэр эйл.

Неўзабаве Нiна вярнулася з кухнi, паставiла на кафэйны столiк пляшку вiскi, джынджэр эйл, дзьве шклянкi i мiску зь лёдам.

– Ты можа галодная? – спытала Веру.

– Ды не, я ела ў цягнiку.

– Напэўна скупiньдзя Грыша цябе не накармiў?

– А Грыша скупiньдзя? – зьдзiвiлася Вера.

– Ну, як табе сказаць? Я не заўважыла, каб ён калi-небудзь раскашэлiўся, каб пагрэць нас, дзяўчат, як некаторыя...

Вера разважала, цi гаспадыня гэтага памешканьня дэманстравала сваю дэклярацыйнасьць цi шкадавала, магчыма, што Капшун ня бегаў за ёй.

– Пытаўся ён мяне, цi магу ўзяць пад сваё апякунчае крыло адну нашу асобу, што прыедзе сюды з паўночнае дзiчы, – прадаўжала Нiна, напаўняючы шклянкi напiткамi i лёдам. – Прабач мне, цi ты казала, што сам джынджэр эйл, цi i вiскi?

– Калi ты ўжо налiла, то вып'ю, – усьмiхнулася Вера.

– Дык я тады пытаюся Грышу: а якога-ж кавалера ты мне прышлеш? Ён расказаў мне пра цябе, што патрабуеш памешканьня й працы, добрага нагляду... Дык давай, вып'ем за нашае здароўе i знаёмства.

Стукнулiся шклянкамi.

– За здароўе!

Выпiлi па палове налiтага. Нiна села побач.

– Грыша гаварыў пра нагляд за мною? – спыталася Вера.

– Ды не, зусiм ня тое. Проста прасiў табе памагчы. Ай-я-яй, але-ж зь цябе й цаца! – бясцырымонна разглядаючы прыгожую дзяўчыну, захаплялася Нiна. – Колькi табе гадоў?

– Адгадай.

– Дам табе... ну... дваццатку.

– Цi я запраўды выглядаю так молада? – спыталася Вера.

– Выглядаеш вельмi маладой i прыгожай, – сказала Нiна зь вялiкiм нацiскам на два апошнiя словы.

– Дзякую. Прабач за пытаньне.

– Пытайся.

– Капшун сказаў мне, што маеш для мяне недзе работу... у нейкiм Трыфты...

– У Трыфты Тонi. Так называецца фiрма, дзе я працую загадчыцай дэпартаманту. Сама я не гаварыла са старым Жыдам, але надзейная асоба шапнула мне, што патрабуюць дзьве асобы на помач, дык я i сказала Грышу, калi была пра цябе гутарка...

– А што-ж яны плацяць?

– Сорак на тыдзень на пачатак. Ведаю, што гэта мала, але калi будзеш старацца...

– Ну няхай сабе... Хiба-ж на кватэру заплацiць хопiць? – усьмiхаючыся Вера пазiрала Нiне пiльна ў вочы.

– За кватэру нямнога, дзясятка хопiць, – адказала Нiна.

I Вера ня ведала, цi Нiна жартуе, цi што. Не выпадала цяпер таргавацца, бо Нiна Ляскiн – ейныя першыя адкрытыя дзьверы ў Радфордзе.

– Ня буду цяпер распытвацца пра варункi працы, бо якi-ж маю выбар, гаварыла далей Вера, пiльна разглядаючы гэны клубок шпулек на галаве гаспадынi.

– Спадзяюся, што скора ўложышся. Спачатку, вядома, пакуль разгледзiшся, будуць розныя пытаньнi... Мне казалi, што ты вельмi актыўная i працавiтая дзяўчына.

Вера не магла ведаць колькi й чаго яшчэ расказалi Нiне пра яе. Пажывецца, пабачыцца. Нiна Ляскiн выглядала вельмi сяброўскай, бадзёрай, практычнай, верацяном актыўнасьцi. На вячэру падсмажыла сьвiнiну – так званыя порк чопы. Елi з варанай бульбай, зялёным гарошкам з банкi. I паўтарылi тосты за сяброўства й супрацоўнiцтва.

Падчас перадаваньня вячэрнiх навiнаў Вера зь цiкавасьцю слухала паведамленьнi пра рух на галоўных дарогах, якiя тут называюць экспрэсвэйс. Найшырэйшая зь iх, дзе можна ехаць максымальнай скорасьцю 80 кiлямэтраў на гадзiну, як вялiкi вуж цягнецца праз горад з усходу на захад. Яна на дванаццаць палосаў, цi, як мясцовыя называюць, лiнiяў. У многiх месцах яна то крыху разгалiняецца, то злучаецца. Агульна гаворачы, гэтая адна дарога, яе можна было-б назваць супэраўтастрадай – абыймае шэсьць дарог у адным i шэсьць у супрацьлеглым кiрунку. Iншыя, падобныя, хоць i меншыя аўтастрады, лучылi горад з усходу, i захаду, беглi i ўскосна з паўдня на поўнач. Горад рос з дынамiкай малаведамай у якiм iншым месцы гэтага кантынэнту. Вялiкiя грошы ўкладалiся ў разрост сеткi супэрмадэрных дарогаў i падзямельнага мэтро.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю