Текст книги "За волю "
Автор книги: Кастусь Акула
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)
– Я-ж, як вам ведама, дагэтуль сэйлс клеркам (прадаўшчыцай) не працавала нiколi, – сказала Вера.
– Табе тут падабаецца? – спытаўся ў яе Алесь.
– Вялiкая зьмена ў параўнаньнi з тым месцам, дзе я была.
– Раю табе трымацца напагатове. Наш Трыфты Тонi, гэта значыць Давiд Зэлман мае зыркае вока. Ён сам надзвычайна энэргiчны чалавек i любiць жвавых, бадзёрых людзей.
Дзяўчына слухала надта ўважна. Алесю чамусьцi не хапала ахвоты гаварыць зь ёю пра бiзнэс. Ён ужо ўяўляў яе ў сваiх абдымках, заслуханую ў розную салодкую трасянку, што выклiкае на гэтым прывабным аблiччы гарэзьлiвую ўсьмешку. Алесь добра яшчэ не пазнаў яе, але ўжо падазраваў, што суадносiны мiж iмi некалi пяройдуць афiцыйную бiзнэсавую штодзённую мяжу.
– Я папрашу Мэры, наглядчыцу на тваiм паверсе, каб вытлумачыла табе ўсю рэшту. Цяпер скажы мне, калi ласка, мiс Мак, дзе такiя прыгожыя дзяўчаты, як ты, гадуюцца, гэта значыць адкуль ты ўзялася?
Дзяўчо пачырванела i першы раз у ейных вялiкiх круглых прамянiстых вачох Алесь заўважыў быццам iскру перасьцярогi: уважай, воўк на гарызоньце!
– Я паходжу з гораду капальняў на поўначы... Чулi вы калi пра Балтаву?
– Здаецца, што не. Але будзем знаёмымi, – усьмiхнуўся Алесь. – Хтосьцi мне сказаў, што твае бацькi ёсьць цi былi маймi суродзiчамi.
– Я пра гэта памятаю. Мае бацькi зь Беларусi, але я мала ведаю пра iхную краiну.
Алесю ў гэны час мiльганула ў галаве думка, каб тут-жа пераключыцца на беларускую мову. Вырашыў гэта зрабiць пры iншай нагодзе.
– Гэта надзвычайна цiкава, – гаварыў ён. – Можна сказаць, што мы радня, бо паходзiм з аднаго карэньня. Што-ж такога ты ведаеш пра Беларусь?
– Я сёе-тое чытала пра яе, бачыла савецкiя фiльмы й люблю надта сяброўскiх i мiлых людзей, каторыя адтуль.
– Уключна са мной, спадзяюся?
– Пачынаючы ад учарашняга.
– Ага, ну так...
– Дарэчы, цi знайшлi вы адпаведны лiфчык для вашай раднi?
– Яшчэ шукаю. Магу спадзявацца на вашу помач?
– Я да вашых паслуг.
– Дзе тваё пальто? Iдзi вазьмi.
– А навошта?
– Запрашаю цябе голад замарыць.
– Добра.
– Любiш сiняе? – спытаўся Алесь у Веры, калi яна вярнулася зь сiнiм пальтом.
– Так, люблю. Куды iдзём?
– Перш iдзём да майго аўта. Пасьля едзем.
– Дык навошта ехаць, калi вось тут пераз вулiцу ёсьць рэстараны. I танна...
– Нонсэнс, заедзем некуды ў лепшае.
Узяў яе за руку i ўжо ўнiзу адчынiў ёй дзьверы, пасадзiў у Олдсмабiл, дарагое аўта, якое летась атрымаў як падарак за пiльную працу ад Трыфты Тонi.
– Не супрацiўляйся, будзь добрай дзяўчынай, а я буду добрым хлопцам. Згода?
– Згода, чаму-ж не.
Дзяўчына ўсьмiхнулася. Алесь уважна пазiраў на яе. Што за загадка? Прыгожая. Яна ў любой грамадзе дзяўчат трапiць кажнаму на вока. Магчыма, магла мець ужо тузiн бойфрэндаў. Пра гэта трэба будзе разьведаць. Паволi, асьцярожна, – мяркаваў Алесь, улiваючыся сваiм лёгка пырхаючым Олдсмабiлем у шырокi вулiчны паток машынаў. Захмаранае неба на захадзе перасякалi залатыя разгалiнаваныя маланкi.
У адносiнах да дзяўчат Алесь меў, можна сказаць, набiтую руку. Хутка распазнаваў тых, што палявалi на лёгкае жыцьцё, намагаўся трымацца воддаль ад iх. Але вось гэтта побач яго зусiм нейкi асаблiвы, можна сказаць, экспанат. Прыгажосьць, сьцiпласьць. У вачох проблiск спрыту й розуму. Пачыналася – Алесь адчуваў гэта – падарожжа па нейкай замiнаванай тэрыторыi.
9
Антон Шпак тупаў па сваiм малым пакоi, як учадзелы. Вярнуўшыся з начной працы, дрэнна спаў. Цяпер нiяк ня мог сканцэнтравацца на тым прадмеце, якi намагаўся апрацаваць. Абрыўкi думак кружылiся ў галаве цi ў паднябесьсi, цi на сёмай плянэце. Часам падказвалi яны зусiм здаровы сэнс, але калi Шпак намагаўся зарганiзаваць iх у лягiчную пасьлядоўнасьць, разьбягалiся, прападалi. А пiсьменьнiк ведаў, што тут не падапрэшся абы якiмi эрзацамi. Патрэбнае нешта салiднае, арыгiнальнае. Калi трымацца праекту-пляну, адлюстраваць няпростую загадку ў яе суцэльнай абыйме, дык трэба трымаць зыркае вока на дробязах, захоўваючы сваю творчую манеру паказу галоўных гэрояў сюжэту. Як на тое лiха, Шпак ад нейкага часу апынуўся на душэўным спадзе.
Ён падыйшоў да пiсьмовага стала, на якiм ляжала шмат паперы й новая пераносная машынапiска Смiт Карона зь беларускiм шрыфтам, выцягнуў цыгарэту з пачкi фiрмы Ротман, узяў брытву з полкi, разрэзаў цыгарэту на два кавалкi, улажыў адзiн у муштук, пстрыкнуў запальнiчкай, зацягнуўся дымам i зноў пачаў тупаць па пакоi.
Сярэдняга росту, худы, павольны ў руху, выглядам твару Шпак выклiкаў да сябе спачуваньне. Мiзэрны, змучаны. Жартаўнiк, пабачыўшы яго, мог-бы ўсклiкнуць: а братка ты мой, калi-ж гэта цябе з бальшавiцкага канцлягеру сьмерцi на волю пусьцiлi, чаму-ж цябе не накармiлi? Твар з упалымi шчокамi, маршчыны на лбе, рассыпаныя рэдкiя сiвыя валосы, нейкiя хваравiтыя аганькi ў ясна-блакiтных вачох пад буйнымi бровамi. Вочы цяпер жыва бегалi, рукi сьцiскалiся ў кулакi ў кiшэнях шэрага пiнжака. Хваляваньне. Шпак часта спыняў сваё тупаньне па пакоi, углядаўся ў нейкi адзiн пункт, быццам-бы вось на гэтай нейкай кропцы ён павiнен спынiць хаос тых думак, спарадкаваць iх, здысцыплiнаваць, каб пасьля адпаведнымi радкамi пры помачы машынапiскi Смiт Карона загнаць iх у кiрылiцу на паперы.
Пяцьдзесятка ззаду. I тэма, якую апрацоўваў, складала вялiзную частку ягонага жыцьця. З таго матар'ялу, якi Шпак меў у запасе, нехта напiсаў-бы цiкавую прыгоднiцкую аповесьць. Дарога вяла з Захадняй Беларусi, спад аднае акупацыi ў другую, праз пакуты, голад i холад у Сiбiры, дзе страцiў жонку й маладога сына, пасьля – Iран, Iрак, Палестына, Афрыка, Iталiя – служба на франтох вайны ў чужой армii. Шлях няведама куды, змаганьне не за свой народ... Далей... дзе кропку паставiць? I што дала-б бацькаўшчыне й раськiданым цяпер па цэлым вольным сьвеце суродзiчам цiкавая прыгоднiцкая аповесьць? Больш таго: цi зачарпнулi-б з такой лiтаратуры нейкае натхненьне да змаганьня з ворагам, з Маскоўшчынай тыя, што цяпер яшчэ паняволеныя, што змагаюцца так цi накш з чужым сьмерцяносным калянiяльным рэжымам?
Шпак ведаў, якi цэнны й вялiкi твор можна змайстраваць на ягоным цiкавым матар'яле. Так. Ня толькi можна... Ён павiнен напружыць усе свае сiлы, каб узабрацца на тыя вышынi творчай дасканаласьцi, якiх яшчэ ня зьведаў... Мова йдзе пра iншы твор, чымся Аляхновiчаў "У кiпцюрох ГПУ", што некалi сэнсацыйна Эўропай ускалыхнуў.
У лiку дагэтулiшнiх здабыткаў Шпак меў напiсаныя й выданыя добрыя працы. Вядома, той найважнейшы й найбольш дасканалы твор заўсёды яшчэ плянуецца, ён-жа ў будучынi. Шпакавы матар'ялы акупант цэнзураваў перад вайною. Некаторым дарогу ў кнiжны цi газэтны сьвет загараджвалi. I ўсё-ж, хоць i бiла яго бязьлiтасна варожая цэнзура, творчы працэс на роднай зямлi быў куды лягчэйшым. Чалавек – быццам птушка ў сваiм гнязьдзе. Дыхалася разам з народам. Дзялiлiся разам беды й лiхалецьцi. Быццам грудное дзiця пры матцы, цягнуў маральнае падмацаваньне з духовае, няхай i затуканае культуры запрыгоненага сялянскага народу. У гэным усенародным цярпеньнi была ягоная магутная апора, там гартаваўся дух, рос зарад практыкi, што некалi вунь як спатрэбiцца на ўхабiстым шляху будучынi. Колькi акупант не намагаўся, а народных волатаў, людзей вялiкага розуму, прадбачаньня, патрыятызму й фiзычнага гарту, ня мог на каленi паставiць. Гэтакiя былi. Шпак верыў, што яны й цяпер ёсьць. Працуюць i змагаюцца. I некалi перамогуць. Накш быць ня можа! – Шпак непахiсна ў тое верыў. Ягонае крэдо, сьвятое сьвятых: перамога прыйдзе! Маскоўская "iмпэрыя зла" – гаргара няволi, якую стварылi нiкчэмнiкi й паразiты, развалiцца так, як да гэтага часу на працягу тысячагодзьдзяў развальвалiся ўсе iншыя, магутныя iмпэрыi.
У Радфордзе пасялiлася ўжо немалая, як тут называлi, калёнiя Шпаковых суродзiчаў. Яны пасьля вайны прыехалi. Птушкi з ворагам "раськiданых гнёздаў". Адны зь iх – "дыпiсы" (паводле клясыфiкацыi заходнiх хаўрусьнiкаў – "перамешчаныя асобы"), значыцца тыя, каторых Немцы ў часе вайны змабiлiзавалi й вывезьлi ў фашыстоўскую Гiтлераву Нямеччыну на розныя нявольнiцкiя працы. Менш было такiх, каторыя пры адступленьнi Немцаў пайшлi на захад, каб выкарыстаць нагоду й уратавацца ад абодвух тыранаў, якiх добра вызначыла мудрая сялянская характарыстыка: "абое рабое", або "два роўныя гады, iх на адным суку трэба павесiць". Гэтыя апошнiя плянавалi на вялiкую адлегласьць: трапiць у вольны сьвет. На ўсiх такiх дыпiсаў палявалi пасьля вайны па цэлай прасторы Заходняй Эўропы бальшавiцкiя рэпатрыяцыйныя камiсii пад кiраўнiцтвам спэцаў, што ўжо вымардавалi мiльёны нявiнных у Гулагу. Гэтым бальшавiцкiм спэцам памагалi Брытанцы i Амэрыканцы, апошнiя, вiдаць, натхнёныя прэзыдэнтам Рузвэлтам, што ўжо добра занемагаў i сваiм зьдзiцянелым розумам упадабаў быў "дзядзю" Джова Сталiна ды памог яму палову Эўропы аддаць.
Iншая група – быўшыя вайскоўцы з польскiх адзьдзелаў Брытанскае армii, каторыя прайшлi Гулаг, або абхiтрылi "абое рабое" ды яшчэ ў мундзiрах хаўрусьнiцкае армii памагалi дабiваць гiтлераўскую Нямеччыну. Шматлiкiя зь iх прыехалi сюды ўжо ў 1946-м годзе, атрымалi ад канадыйскага ўраду двухгадовага тэрмiну кантракты працы на фэрмах. Яны пачалi свае першыя крокi ў вольным сьвеце ад гнаявых вiлаў з заплатай 45 даляраў на месяц, харчамi й памешканьнем. Уявеце сабе, прыкладна, як мог быўшы танкiст рэагаваць на такое пытаньне канадыйскага фармэра: "А ты коньмi кiраваць умееш?"
Гэтыя новыя Шпакавы суродзiчы пачулi, што ў Канадзе ёсьць нейкая колькасьць старой беларускай эмiграцыi. Пачалi шукаць тых "калюмбасаў". I якое-ж вялiзнае было iхнае рашчараваньне, калi ў розных "рабочых клубах Горкага" цi iншых мясцох сустракалi iх i фашысьцiлi iм бальшавiцкiя гарлапаны. Так. Жаўнераў з армii, якая змагалася з гiтлераўскiмi фашыстамi, гэта той самай калiшняй Сталiнавай блiзкай i важнай "саюзьнiцай Вялiкай Германiяй", гэтыя адурманеныя суродзiчы называлi фашыстамi! За кароткi час Шпакавы суродзiчы спанатрылi, што нiякага нацыянальнага жыцьця раней прыехаўшыя сюды "землякi з Гарадзеншчыны, Вiленшчыны цi Вiцебшчыны або Берасьцейшчыны" тут ня мелi й не стварылi. Ладная колькасьць, – каталiкiсталiся "палякамi". А ў цямноце й нацыянальнай нясьведамасьцi бальшынi з агулу даўно загнязьдзiўся рак чырвона-маскоўскае пошасьцi. Дзецi iхныя ў бальшынi ня ведалi мовы сваiх бацькоў. Канфузу нацыянальнасьцi i духовай ляяльнасьцi гэтых "калюмбусаў" ды iхных нашчадкаў спадарожнiчаў яшчэ факт, што вялiзны й непераможны "саюзьнiк" захаднiх дэмакратычных дзяржаваў у вайне – гэтта агульнаведамая i храбрая "Раша"-Расея – падчас вайны здабыла ў вачох iхных аўрэол нейкай звышсiлы й поўнай вышэйшай справядлiвасьцi. Адтуль, ад такога зьбянтэжанага ўяўленьня як руку падаць у рэчышча вялiкага й магутнага славянскага сьвету i прадказанага шматлiкiмi "прарокамi" мiсiянiзму вялiкай "Рашы"-Расеi. Дзякуючы камунiстычным агiтатарам, нацыянальная нясьведамасьць i малапiсьменнасьць нашых суродзiчаў, якiх новапрыбылыя называлi спачатку "калюмбусамi", iшла на помач камунiстычнай партыi Канады i махляром з маскоўскага цэнтру.
Шпакавы суродзiчы, намагаючыся насамперш апанаваць няведамую мову новай краiны, здабыць патрэбныя прафэсii, уладзiцца на працы, павiнны былi ад асноваў будаваць грамадзкiя арганiзацыi, Божыя сьвятынi, фiнансавыя й навуковыя iнстытуцыi – ствараць цэлы камплект патрэбных установаў сваёй нацыянальнай беларускай сям'i ў Канадзе. Беларусь наагул тут была мала знаная. Нават самая назва яе. Ня толькi адурманеныя некалi чужынцамi суродзiчы, але найбольш чужыя, уключна зь дзяржаўнымi й грамадзкiмi ўстановамi Канады, блыталi гэную "Уайт Рашу" цi "Беларашу" з "Рашай". Апроч таго Канадыйцы, што добра ўмелi жлукцiць пiва й сачыць гакэй, зьвязвалi тую чырвоную Рашу з гэнай белай. Вось у такiх абставiнах Беларусы, – гэтыя зь белай Русi нейкiя "дыпiсы", – пачыналi ў новай краiне будаваць свае нацыянальныя ўстановы, прэсу, сьвятынi i ўсё iншае.
Шпак уважна прыглядаўся сваiм суродзiчам. Бальшыня зь iх – сыны беларускiх нiваў з Захадняй Беларусi. Пераважна маладыя, несямейныя. Мала дзяўчат. Людзi, што ўмелi касой i плугам плёны на роднай зямлi множыць. Гэтта некаторыя працавалi на фэрмах, але бальшыня пасялялася ў гарадох, знаходзiла працы на розных прадпрыемствах. Першая мэта iх – купля свайго дому. На жаль, людзi з асьветай складалi сьцiплы працэнт iхнага лiку. Праўда, некаторыя тут ужо беглi ў школы, пасьля здабывалi вышэйшую адукацыю ў розных галiнах. Сумленны, працавiты народ. Ззаду – кашмар вайны, вялiзная жыцьцёвая практыка. У сэрцах – гарачая любоў да забранай чужнiком роднай зямлi, пакутнiкаў у страшэнным прыгоне. Адгэтуль i нахiл да палiтычнай акцыi. Працiўнiкам зьяўляўся адвечны вораг паняволенай бацькаўшчыны, той Купалаў "чужак-дзiкун" i гэныя "раскаваныя рабы", што "бацькаўшчыну рэжуць на кускi". Тыран цяпер прыкрываўся гуманiзмам, вёў кампанiю за мiр на ўсiм сьвеце, хаця вунь кагадзе ў Карэi распалiў быў вялiкую захопнiцкую вайну. Атрымаў належны адпор, цяпер лiжа раны.
Шпакавы суродзiчы ўзмоцнiлi агульны антымаскоўскi фронт, што ўключаў сiлы эмiгрантаў з бальшынi паняволеных Масквою народаў. Актыўнасьць праяўлялася ў масавых дэманстрацыях супраць чырвона-фашыстоўскай Масквы з розных нагодаў. Здарылася, для прыкладу, што калi ў Радфорд мясцовыя камунiсты i iхныя спадарожнiкi запрасiлi няслаўнага "чырвонага дзяка" Гаўлета Джансана з Кантэрбэры ў Ангельшчыне на так званы кангрэс мiру, дэманстранты з паняволеных Масквой народаў выйшлi дзясяткамi тысячаў на вулiцы гораду й спаралiжавалi ягоны цэнтар. Не дарма мясцовая газэта "Тэлеграм" назаўтра крычала вялiкiм сэнсацыйным загалоўкам на цэлую шырыню першай бачыны: "Вайна на мiрным кангрэсе". Дзякуючы вось такiм супольным акцыям, "новыя Канадыйцы" адразу зьвярнулi на сябе ўвагу мясцовых бясхрыбетных, з чэмбэрленаўскiмi нахiламi, палiтыкаў, што ў далейшым мела ўплыў на адносiны канадыйскiх урадаў да новых канадыйскiх грамадзянаў з Усходняй Эўропы дый да чырвона-фашыстоўскае мафii з маскоўскага Крэмля. Шпакавы суродзiчы бралi пастаянны i актыўны ўдзел у супрацьмаскоўскiх акцыях i дзiва няма таму, што пiсьменьнiк чэрпаў свае творчыя сiлы з маральнага гарту сваiх суродзiчаў.
Знаёмства з культурай i палiтыкай дзяржаўна двухмоўнай Канады прынясло беларускаму пiсьменьнiку вялiкае рашчараваньне. Зь ягонай сацыяльнай пазыцыi, – з самага нiзу, – немагчыма было ўстанавiць кантактаў з канадыйскiм навуковым, лiтаратурным цi палiтычным верхам. Шпак сачыў i аналiзаваў тое, што плыло цi валачылася са сродкаў масавае iнфармацыi друку, радыё i яшчэ ў пялёнках чорна-белага тэлебачаньня. Кажны дзень паказваў новыя гарызонты працоўнага й гандлёвага рынку. Рэкляма й розныя дзялкi-энтрэпрэнёры жырэлi на спорце. Каб гэта яны прынамсi палову часу, што на спорт, аддавалi на культуру. Шмат праўды было ў тым, як сказаў адзiн з суродзiчаў пра Канаду: тэхнiка вялiкая, а культуры няма... У вышэйшых навуковых iнстытуцыях ды галiнах масавае iнфармацыi зьвiлi гнёзды й распладзiлiся левакi й марксiсты з кагорты тых, што ў трыццатых гадох сьпяшылi ў Маскву пакланiцца кiраўнiком "перадавое сацыялiстычнае краiны", а пасьля самi, як учадзелыя, пашыралi хлусьню пра тую Маскоўшчыну й новы варварскi, чырвоны фашыстоўскi рэжым, якi ўжо тады штучным голадам i Гулагам мардаваў мiльёны нявiнных людзей. Перад выбарамi ў розныя ўрады, гарадзкiя, правiнцыяльныя i фэдэральныя, – чалавеку аж вушы абляпаюць розныя "першаклясна дэмакратычныя" кандыдаты, пачынаючы ад трох галоўных партыяў, а канчаючы тымi, у самым хвосьцiку, камунiстамi, што пры помачы рознага "пралетарыяту" й "прагрэсiстаў" не маглi нiкога й нiкуды выбраць. Свае-ж, канадыйскiя сацыялiсты, як правiла, трымалi трэцяе, значыцца апошняе месца.
Пiсьменьнiк Шпак i ягоныя суродзiчы лiчылi сябе голасам паняволенага народу. Трэба было працаваць, каб пра той запрыгонены народ пачулi найважнейшыя палiтыкi i ўплывовыя людзi перадавых i наймагутнейшых захаднiх дэмакратыяў. Iншыя народы, прыкладна Палякi, мелi на Захадзе даўно вытаптаныя дыпляматычныя i культурныя сьцежкi. А што Беларусы? Дарма, як апантаны, бегаў Луцкевiч некалi па Парыжы, каб рэпрэзэнтаваць Беларускую Народную Рэспублiку на мiрнай Вэрсальскай канфэрэнцыi. Польскiя "моцарствовыя" дыназаўры змабiлiзавалi былi свае сiлы, пусьцiлi ў ход гнюсныя iнтрыгi, каб голасу нованароджанай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi нiхто не пачуў.
Рознае зь гiсторыi свайго народу прыгадваў Антон Шпак, параўноўваў зь цяперашнiм. Бязумоўна, усiм думаючым беларускiм патрыётам было ясна, што праз такiх пакутнiкаў i гэрояў, як Калiноўскi, Багушэвiч, Гарун, Купала i шмат iншых адраджалася, крывавiлася, падала i ўставала да жыцьця новая i ўжо тысячагадовая краiна, тая самая, што дала сьвету Скарыну й Буднага, Афрасiньню Полацкую i Сапегу, Касьцюшку i Мiцкевiча, Дамейку i цэлы легiён iншых, якiх акупанты-рабаўласьнiкi баламуцiлi й выкарысталi для чужых беларускаму паняволенаму народу iнтарэсаў. Цяпер была крытычная сытуацыя. Трэба абавязкава, каб захаднi сьвет, якi адзiн можа здужаць Маскву, ведаў пра вялiкую катастрофу, што наблiжаецца пад маскай гуманiзму, прагрэсу, мiру. Адтуль iдзе няволя, прыгон, бязбожнiцтва, жахлiвая галеча i сьмерць.
Былi-ж спадзяваньнi, што бальшыня Канадыйцаў выслухае i зразумее выгнаных з роднае зямлi i ўсiмi пакрыўджаных. Якая наiўнасьць! Да гэных уверсе, што кiравалi гэтай гаргарай ад Атлянтычнага да Цiхага акiяну, ня было шанцаў нiяк далезьцi. А гэтыя зьнiзу, што цiкавiлiся гакеем, наагул спортам, комiкамi й глумiлi пiва Молсан i Лабат, не маглi, каб i хацелi, такiх, як Шпак разумець. Дый навошта гэтыя "праклятыя дыпiсы" Канадыйцам, каторыя далi iм лёгкi хлеб, сваёй нейкай дурной палiтыкай галовы дураць? Гэтта-ж збоку, зь юдавай усьмешкай, мясцовы чырвоны махляр, у сацыяльных справах адмысловы марксiстоўскi "экспэрт", барабанiў пра мiрную сталiнскую цi хрушчоўскую палiтыку. Iншыя-ж, што на маскоўскiм iшлi павадку, фашысьцiлi такiм, як Шпак, на ўсе застаўкi, абвiнавачвалi iх у супрацоўнiцтве зь гiтлераўскiмi злачынцамi, пагражалi судамi й расплатай за "грахi перад савецкай радзiмай".
Шпак намагаўся мабiлiзаваць усе свае сiлы, каб праўду пра паняволены народ, пра мiльённыя ахвяры, зганьбаваныя сьвятынi, пра пошасьць русыфiкацыi, зьнiшчэньне цэлай вялiкай культуры вялiкага народу, пра поўную антынародную нiкчэмнасьць акупыцыйнага маскоўскага рэжыму, каб пра ўсё гэта сьвет пачуў. Званi звон на трывогу! Няхай чуюць у Мангатане й Вашынгтоне, над Тамiзай i ў Аттаве, над Амазонкай i ў Рыме, у Парыжы й Буэнос-Айрэс, у Канбэры й Менску, у Маскве й Варшаве. Званi, ня спыняйся, папанатуж усе свае сiлы. Наракаеш, што ты, на самым нiзе сацыяльнай драбiны ў Канадзе шмат церпiш. Згадай тых, якiх цяпер мораць голадам, холадам, непасiльнай працай у Гулагу!
Iдзi, расказвай. Няхай чуюць! Нехта, магчыма, наставiць на тваё галашэньне цi крык роспачы сваё вуха. Бачыш, спагада ёсьць. Праўда, i яна з наiўнай сьпiною. Гэта, хутчэй, спачуваньне да галоднага, зьбiтага з ног i бяздомнага сабакi, чымся акалеўшага ў галечы i змардаванага тысячамi жыцьцёвых дарог i бездарожжаў чалавека, што бачыў пекла i выйшаў зь яго, што перасьцерагаў перад сучаснымi i новымi фiзычнымi i духовымi чарнобылямi. Даводзiлася выступаць на дэманстрацыях, папярэджваць, пiсаць у газэты. Так, але-ж... Здаралася, што некаторыя раты ад зьдзiўленьня разяўлялi, пра жвачку Рыглея на момант забывалiся. Поцiск рукi, спачуваньне...
У пасьляваенным гармiдары сродкаў масавае iнфармацыi ўсюды i амаль заўсёды аж на перадавых стаяла тэма вымардаваных гiтлераўскiмi нацыстамi шасьцi мiльёнаў Жыдоў. Народ пацярпеў, жахлiвыя страты меў, што й казаць! Новаствораны Iзраэль зьзяў у цэнтры ўвагi. Як на гэтую сцэну трапiць нейкай там задрыпанай, тут зусiм няведамай Беларусi? На роднай зруйнаванай зямлi людзi, якiх ваенны агонь абмiнуў, цяпер адно вылазiлi зь зямлянак. У Курапатах ля Менску ды ў iншых мясцох ранейшага грандыёзнага маштабу злачыну варвары-забойцы загадалi раскопваць масавыя магiлы нявiнных ахвяраў ды перахаваць iх у "бясьпечныя месцы".
Канадыйскi, амэрыканскi i iншыя бiзнэсавыя вярхi цiкавiў прагрэс пляну Маршала, што намагаўся паставiць на ногi разбураную Заходнюю Эўропу. У крамах зьявiлiся чорна-белыя тэлевiзары. Ура! Цяпер Джоў i Джэк, глумячы Лабат i Молсан, могуць за сваю гакэйную дружыну з хатняе канапы гарлапанiць. А там – грошы, грошы, грошы! Перадавыя палiтыкi трымалi зыркае вока на тым, колькi Саветам можна пшанiцы прадаць, якi iншы бiзнэс з Крамлём зрабiць. Гэта-ж самая Канада, пачынаючы ад Гадсан Бэй кампанii, на якiм прынцыпе, як дзяржава, аснавалася й расла? Што добрае для бiзнэсу, тое добрае i для краiны. Во вам – просты рацэпт, магчыма ад таго мудрага Шкота Смiта. Дык i цяпер, калi гэта добра для бiзнэсу, дык чаму iз тым "дзядзькам Джовам Сталiнам" не гандляваць? Ясна? Навошта каму было галаву нейкiм там выдуманым Гулагам марочыць!
Захаднiя палiтыкi, навукоўцы, выдатныя банкiры i бiзнэсмэны, дзеячы культуры, – калi нават i не абыякавыя да злачынстваў бальшавiцкага антынароднага таталiтарызму – жадалi цяпер сядзець у сагрэтых наседжаных гнёздах. Пралiвалi вунь кроў, перамаглi, жахлiвая вайна мiнула. I чаго тут нейкiя дыпiсы, якiм мы ласку зрабiлi, у свой дом упусьцiўшы, чаго гэтыя выкiдышы з Эўропы тут збоку нейкую бязглузьдзiцу гародзяць, што быццам наш хаўрусьнiк Сталiн горшы за ягонага-ж калiшняга хаўрусьнiка Гiтлера? Цьфу на вас, такiя вы ды гэткiя! Паводле iх, гэных-жа дыпiсаў, тут, у Канадзе камунiст сядзеў амаль пад кажным ложкам. Што ты скажаш такiм дзiваком! I некаторыя пагражаюць, што й сюды маскалi дабяруцца, калi вы, пэцкалi канадыйскiя, у iх розуму не навучыцеся. Пропадам ты прападзi! Не, тут, у Канадзе, гэтага ня можа здарыцца!
Шпакава сытуацыя была куды цяжэйшая яшчэ й таму, што якраз ад яго, як духовага правадыра новапаўсталай грамады ў горадзе, чалавека з прэстыжам лiтаратурным, Беларусы чакалi i гарту, i розуму, i вытрываласьцi. Пiсьменьнiк працаваў у гатэлi. Гадзiны працы дрэнныя, заплата мiзэрная. Ды што зробiш? У ягоных гадох ня станеш пры нейкiм мэталарэзным станку, а каб дзе што лягчэйшае, тут патрэбныя здольнасьцi i нейкую бiзнэсавую адукацыю.
Шпак часта занемагаў. Цялесныя нямогласьцi вытокамi сягалi ў перапоўненую цярпеньнямi мiнуўшчыну. Поўнага рамонту чакалi зубы. Дакучала даўгая зморанасьць. Калi-б не ягоны добры сябра Алесь Якiмовiч, хто ведае... Магчыма, што давялося-б ужо лiпець у чарзе ў "Скат Мiшан" за мiскай супу. Калi Якiмовiч наведваў Шпака, пакiдаў нейкую помач. Нiколi не даваў грошай Шпаку ў рукi. Даляровыя банкноты траплялi неяк то пад машынапiску на стале, цi на полку туалетную, або ў iншае месца, дзе Шпакава рука абавязкава на iх трапiць. Цi адзiн раз пiсьменьнiк пратэставаў. Ягоная годнасьць не пазваляла прызнацца да жабрацтва ў "краiне вялiзных магчымасьцяў". Ды няважна колькi разоў пiсьменьнiк налягаў на Алеся, каб той нiдзе ў яго й нiколi нiякiх грошай не пакiдаў, дзяцюк бажыўся, што ён нiколi такога нiчога не рабiў i, дальбог, нiчога пра гэта ня ведае.
Нейкiм чынам у Шпакавай кватэры зьяўлялiся i iншыя падаркi пры адпаведных нагодах. Нават сама тая машынапiска Смiт Карона прыбыла на кватэру якраз перадугодкамi пiсьменьнiкавых нарадзiнаў, картка падпiсаная "Вашым зычлiвым сябрам". Калi-ж Шпак пратэставаў, Алесь бажыўся на ўсiх сьвятых, што ён на такую "экстраваганцыю" не адважыўся. Захавалiся i твары, i годнасьць, i нiхто нiкога не ўквялiў. А жыцьцё, яно iшло, бо, як тыя мудрацы казалi, так было напiсана...
10
Шпак пачуў шум на доле, нейчыя скрыпучыя крокi на сходах i пасьля асьцярожны стук у дзьверы.
– Калi ласка.
У дзьвярох зьявiўся Алесь. Было гэта позным вечарам, пару гадзiнаў перад тым, як пiсьменьнiк меў iсьцi на працу. Ён спасьцярог распраменены Алесеў твар. Задаваленьне, радасьць? Нешта-ж здарылася. Быў гэта твар чалавека, якi цяпер шчодра чэрпаў матар'яльнае дабро з жыцьця i ня меў прычынаў, каб скрываць свае пачуцьцi. Алесь прывiтаўся.
– Прашу, сядай. Што новага прыносiш?
– Перш за ўсё, як вашае здароўе? – спытаўся ў Шпака Алесь.
– Скрыпiць, як тая надломаная галiна, сам ведаеш... Дык чым пахвалiшся?
– Вы не паверыце, – пачаў не без хваляваньня Алесь, выцягваючы зь кiшэнi пазалочаную цыгарэтнiцу й прапануючы пiсьменьнiку закурыць. – Учора атрымаў павышэньне. Прызнацца, спадзяваўся, але не так скора...
– Вiншую. Жадаю спору ў працы i няхай Бог памагае.
– Дзякую, спадар Шпак, дзякую.
– А што за новая пазыцыя?
– Далучылi мяне да экзэкутывы i ўзвалiлi на плечы цэлы вялiзны дэпартамэнт. Даволi цяжкi воз, але як упрагуся дык пацягну.
– Няма прычынаў, каб не пацягнуў, – сказаў Антон Шпак i сеў.
– З гэтай нагоды раблю сьвята ў пятнiцу вечарам. Таму я забегся. Хацелася-б мець гонар...
– Гонар быў-бы мой, – уставiў Шпак, – але я запраўды ня ведаю. Мушу працаваць i пiць мне ня трэба. Апроч таго, твае сябры, якiх ты напэўна ўжо запрасiў, мала супольнага са мною маюць.
– Нонсэнс. Забудзьцеся пра розьнiцы, прыхадзiце й гуляйце. Нiхто нiкога пiць ня змушае. Будзеце ў мяне найважнейшым госьцем. Прашу вас.
Iншым разам пiсьменьнiк ужо згадзiўся-б. Нешта сталася. Голас ягоны меў цяпер тую характэрную гэтаму чалавеку цьвёрдасьць, якую Алесь заўважыў ужо пару разоў у мiнулым.
– У чым справа, скажыце? Нешта вам дакучае, нейкая качка вас убрыкнула, – усьмiхнуўся Алесь.
На бацькаўшчыне яны не сустракалiся. Алесь чуў пра Шпака i вайной чытаў ягоныя творы. У Канадзе пазнаёмiлiся. Спачатку Шпак трымаў пэўную адлегласьць ад гэтага, як ён меркаваў, кар'ерыста. Паступова Алесеў просты й прыяцельскi падыход, добрыя адносiны, шчырасьць i запраўдная дабрыня ягонага сэрца, ды не на апошнiм месцы "помач добрага сябры" размылi ўсе запруды Шпакавай асьцярожнасьцi. Пiсьменьнiк цяпер Алесю поўнасьцю давяраў.
– Сяньня, прабач браток, не хацелася-б пра гэта гаварыць. Шпак устаў, налiў з крану шклянку вады, выпiў i зноў сеў.
– Я ўгадаў. Нешта вам дакучае. Чаму-ж са мной не падзялiцца? Можа я памог-бы...
– Не, Алесь, нiхто не паможа мне, калi сам гэтага не палагоджу. Прашу зразумець: я вельмi цябе цаню, паважаю, ты шмат мне дапамог.
– Пра якую гэта вы помач гаворыце?
– Дай мне слова сказаць. Ведаю, што ты мне памагаў i навошта нам у жмуркi гуляць. Але цяпер, вер мне, ты ня зможаш памагчы, каб нават усе свае сiлы палажыў на гэта.
– Нешта запраўды вельмi важнае i балючае, – сказаў Алесь.
– Балючае.
Настала даўгое маўчаньне. Алесь чакаў.
– Магчыма я некалi згадваў табе пра чалавека, якi працаваў са мной у гатэлi, – павольна гаварыў пiсьменьнiк. – Перад вайной у Эстонii ён меў высокi чын, прынамся мне так казаў. Быў шэфам дэпартамэнту ў мiнiстэрстве адукацыi, мае навуковы тытул. Запраўды адукаваны i культурны чалавек.
– Здаецца, што вы мне раней расказвалi пра яго, – перарваў Шпака Алесь. – Чаму вы кажаце працаваў? Цi ўжо не працуе?
– Але-ж ты скачаш наперад... Паслухай, не ганi. Ён працаваў са мною тры гады. Добры, сумленны, разумны, працавiты чалавек. Прыемна й карысна такога побач мець. Мне часам здавалася, што ён сваяк мой, разумееш? На пару гадоў старэйшы за мяне, страцiў сям'ю падчас вайны, уцёк перад бальшавiкамi. Здароўе ягонае пайшло на скон. Апроч фiзычных нямогласьцяў цярпеў i маральныя. Уявi сабе як цяжка iнтэлектуалу вытрымаць цяжкасьцi быту, усьведамляючы, што не на тое вучыўся, каб чысьцiць адходкi грашовых арыстакратаў...
– Так, так ведаю. Дык што сталася?
– Учора яго з працы выкiнулi.
– Выкiнулi? Чаму?
– Заснуў на працы. Я ведаў, што яму немач дакучае. Начная зьмена для яго была занадта цяжкая. Але-ж адмовiлi яму на дзённую. Дык ён вось аслабеў i заснуў. Бос злавiў яго i тут-жа, нягоднiк, выгнаў з працы!
– Нiчога дзiўнага. У вас няма прафсаюзу, каб заступiўся?
– Няма нiякага прафсаюзу й нiхто яму не паможа. Стары амаль расплакаўся. Я памкнуўся, каб заступiцца за яго. Толькi адкрыў рот, а ты ведаеш, што мне бос на гэта?
– Няцяжка адгадаць.
– Ты. кажа, уважай! Бачыш, вунь цэлы натоўп беспрацоўных стукаецца ў дзьверы. Я зразумеў.
Наступiла цяжкое й нязручнае маўчаньне. Алесь ведаў як уквялiлi старога пiсьменьнiка, паводле сваёй сацыяльнай пазыцыi ў гэтай краiне "вялiзных магчымасьцяў" – чысьцiльнiка адходкаў цi прыбiральняў. Тут-жа яшчэ з шырака ўжываным ярлыком – "пракляты дыпiс". Укалолi ў сэрца, цi, як накш кажуць, задзелi за жывое i самога Алеся. Удар па чалавечай годнасьцi. Новы сьвет, ура! Свабода! Вольны рынак! Адчынiлi дзьверы, каб прыхiнуць, даць прытулак гаротнiкам, што ўцяклi ад жахлiвага Гулагу. Людзi спадзявалiся, што змогуць даць у скарбнiцу гэтай гасьцiннай краiны свае жыцьцёвыя практычныя i навуковыя здабыткi, перасьцерагчы гэты наiўны сьвет перад надыходзячай небясьпекай... Прынялi. Шчотку й мятлу ў рукi, плястыковыя рукавiцы, дызынфэктар i парашок ды мыла – бяжыце падлогi ды адходкi мыць i чысьцiць! I за гэта iм азадкi маеш цалаваць, бо вунь грамада беспрацоўных дзьверы ломiць.
– Я разважаў пра гэта, – прадаўжаў, ходзячы па пакоi Шпак, – разглядаў усякiя за i супраць, стараўся зiрнуць на сытуацыю зь iхнага боку. I не знайшоў апраўданьня, цi, калi хочаш, рацыянальнасьцi. Чалавека паставiлi тварам да сьцяны i зьвязалi яму ззаду рукi. Нiчога ня мае вагi апроч тваiх мускулаў i фiзычнае трываласьцi. I гэтта збоку кiваецца пагражальны прывiд. Разумееш? Чалавек аж дрыжыць ад самае думкi, што-б ён рабiў, калi-б апынуўся ў сытуацыi таго злашчаснага Эстонца...
– Ды гэта толькi невялiкая частка цэласьцi. На жаль, чалавек створаны ня толькi з касьцей ды цела, а перадусiм мускулаў. А тут, як выглядае, няма месца для iншых, прынамсi ў тым асяродзьдзi, дзе я апынуўся. Што за джунгля! Цяпер можа разумееш крыху лепш тых людзей, пераважна выгнаньнiкаў, навуковых, творчых, камэрцыйных цi кроўных арыстакратаў – каторых бальшавiцкая контррэвалюцыя выплюнула на рынак парыскiх цi бэрлiнскiх кэльнэраў, таксiстаў, падчышчальнiкаў адходных ды iншых так званых працаў, пра якiя пазьней iранiзавалi бальшавiцкiя забойцы й будаўнiкi канцлягераў сьмерцi... А цяпер i многiя з нас, старшыя векам, у падобнай сытуацыi, адно мы – дзецi з раськiданых гнёздаў, нiякая там кроўная арыстакрацыя, а бедныя дзецi вялiкага запрыгоненага народу, якiя вучылiся, каб розумам сваiм i ведамi прыдбаць яму лепшы быт. I тут во – на табе! Трапiлi куды, мой ты Божа! I калi згадаеш тыя вялiкiя спадзяваньнi, якiмi жылi, ступаючы на гэтую зямлю. Калi падумаеш, што можна было-б зрабiць, чым памагчы паняволеным народам, усiм iм – ня толькi беларускаму, – але нават i расейскаму, бо i ён-жа таксама гэтымi махлярамi-мафiяй паняволены...
Алесь пазiраў на змораны пiсьменьнiкаў твар. Ведаў, што чалавек мае выгаварыцца-выспавядацца хоць перад адной спагадлiвай душой. Можа тады, як людзi кажуць, удвая палягчэе. У даным выпадку Алесь уяўляў сябе нейкай губкай, што ўсосвае накопленую ў Шпакавым арганiзьме горыч. Цi варта было цяпер што Шпаку гаварыць, ды, – баранi Божа! – супярэчыць? Ягонае, Алесева, заданьне цяпер – тут прысутнiчаць, слухаць, спагадаць. Гаеньне, калi цела ня гноiць гангрэна, патрабуе часу. А Шпак прадаўжаў.