355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 13)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 13 страниц)

У голасе дзяўчыны турбота, а ў вачох спагада.

– I што яшчэ?

– Ён быў i, я веру, цяпер ёсьць шалёна ў цябе закаханы. Некалькi разоў, калi пра цябе была згадка ў гутарцы, ён круцiўся-вярцеўся быццам чарвяк на кручку. Напiнаўся, гарачыўся, так эмацыянальна цярпеў, што нам здавалася можа мець удар сэрца. Прашу цябе мне верыць, замаскаваная прыгажуня.

– Нiк, будзь добры, не называй мяне гэтак.

– Выбач, мне здавалася, што ты гэта любiш.

– Не, ня люблю, анi таго, што на сцэне паказваю...

– Таму й замаскавалася?

– Так i не. Але мне не залежыць, каб людзi ведалi, што займаюся такiм... мастацтвам.

Апошняе слова дзяўчына вымавiла зь нясмакам.

– Ага, мне няясна было. Дык пра што гэта мы? – Ты апавядаў як Алесь цярпеў з-за мяне.

– Чуў пра гэта зь ягоных вуснаў, Алесь меў да цябе сур'ёзныя намеры. Ты была ягонай марай, а тут аказалася, што ты ня толькi зьяўляешся спрытнай абманшчыцай, але нават нейкiм чынам зьвязаная з забойствам пiсьменьнiка Шпака. Уявi ягоны боль. Я ня ведаю колькi ў тым праўды...

– Раскажы мне пра ягоную матку.

– Выглядае, што камунiсты на яе населi. Алесь проста забiвае сябе турботамi бо ня можа старой i беднай жанчыне нiчым дапамагчы. Пачкi дзьве, з вопраткай, здаецца, выслаў. Загад адтуль просты i ясны: вяртайся дамоў без адвалокi!

– Мяркуеш, што ён паедзе? – спыталася Вера з трывогай у голасе.

– Ня ведаю. У такой сiтуацыi, як ён цяпер знаходзiцца, дык цяжка нешта прадбачыць.

– Так хацелася-б яму памагчы, – сказала дзяўчына.

Нiк ледзь не падскочыў з радасьцi, схапiў яе за руку.

– Верачка, дарагая, хочаш? Скажы слова. Ты адзiная, што можаш вярнуць яго да нармальнага жыцьця.

– Так думаеш?

– Я пэўны гэтага. Праўду табе сказаць, дык ён быццам цябе зьненавiдзеў. Абвiнавачвае цябе за тваю долю ўва ўсiх ягоных няшчасьцях. Зь iншага боку ён кахае цябе як i раней, прападае безь цябе. Людзi кажуць, ведаеш, што каханьне й нянавiсьць – блiзкiя сваякi. Ня ведаю. Асьмелюся сказаць, ведаючы яго добра, што ён аднаго дня спадзяецца твайго вяртаньня.

– Бедны хлапец, – шчыра й паволi сказала Вера. Яна заказала яшчэ адзiн напiтак, канчала свой гамбургэр.

Нiк прыглядаўся ёй i думаў, цi яна апынулася ўжо ў тых учэпiстых руках, якiя зацягнулi яе ў сьвет распусты, зь якога няма назад дарогi.

– Мне прыкра чуць, што ён на мяне за ўсё вiну звальвае. Бачыш, Нiк, я таксама закаханая ў яго, як раней, а можа й больш. Справа ў тым, што цяпер яшчэ не магу да яго вярнуцца...

– Чаму не? Твая праца?

– Гэта ня ёсьць галоўнай прычынай. Ты, Нiк, мяне поўнасьцю ня ведаеш. Гэта даволi скамплiкаванае, цяпер ня буду выясьняць... Адно магу сказаць, што я цяпер на раздарожжы, ня зусiм ведаю, што маю далей рабiць. Пэўныя рэчы патрабуюць разьвязкi. Я старалася знайсьцi выхад, але тымчасам не магла.

– Што за праблемы ў цябе? Што можа быць важнейшага за тое, чымся памагчы чалавеку, каторага кахаеш?

– Нiк, прашу, не насядай на мяне. Не магу сказаць... Цi ты думаеш, што я вось цяпер адразу не пабегла-бы да яго, калi-б магла? Такая, як я ёсьць цяпер, яму не змагу памагчы.

– Але-ж некалi да яго вернешся?

– Спадзяюся, Нiк. Шчыра гавару.

– Скажы мне, калi ласка: цi ты яшчэ цяпер скрываешся ад палiцыi i чырвоных?

– Хто сказаў, што я скрываюся ад палiцыi i чырвоных?

– Наколькi памятаю, Алесь так сказаў. Ён нават прадугледзiў магчымасьцi небясьпекi для цябе ад камунiстаў.

– Аж так? Ну, можа я й скрываюся...

Наступiла маўчаньне. Нiк зiрнуў на гадзiньнiк.

– Сьпяшыш, Нiк?

– За гадзiну сядаю на аўтабус.

– Iлгун ты, Нiк. Ад якога гэта часу вы, з экзэкутывы, езьдзiце аўтабусам?

– Твая праўда. Самалётам еду.

– Вось так лепш. Дык ня маеш часу?

– Для цябе часу ў мяне хопiць. Хочаш яшчэ вiна?

– Я ня супраць.

Нiк заказаў напiткi.

– Цяпер твая чарга. Як-жа ты знайшла такую цудоўную працу? Я нiколi не падазраваў, што ты здольная да такой, як гэта, сьцiпла гаворачы, паказухi... Я-бы прысягнуў... Табе гэта падабаецца?

– Я ненавiджу гэткую працу, – скрывiлася Вера. У вачох зьзяла шчырасьць. – Усе гэтыя мужчыны цябе проста праглынаюць, няведама што ўяўляюць, – у вачох такая юрлiвасьць... Мiж iншым, як я табе спадабалася?

– Надзвычайна! Цi маю выразiць сваё захапленьне з кветкамi?

– Нiк, прашу цябе, ня зьдзекуйся! Мне нялёгка. Добра, што маска...

– Дык ты хочаш быць ананiмнай? Калi такую працу гэтак ненавiдзiш, дык хто цябе змушае да яе?

– Нiхто, Нiк, нiхто. Абставiны... Мне прыкра, Нiк, шмат рэчаў не магу табе высьнiць. Я паехала ў Ню-Ёрк, спадзявалася знайсьцi там недзе працу ў якой канторы сакратаркай. Мела там сяброўку. Не ўдалося мне. Аказалася, што адна знаёмая працуе ў гэтым барлеску. Калi пабачыла мяне, пачала хвалiць мой выгляд i раiла мне паспрабаваць стрыптыз. Я кпiла зь яе, каб адчапiлася ад мяне. Яна сур'ёзна пераконвала мяне, што гэта зусiм паважная прафэсiя.

Нiк уважна пазiраў у ейныя вочы. Ня бачыў у iх ценю хвальшу.

– Я апынулася ў цяжкiм становiшчы. Бяз працы, у пазыкi залезла. Даходзiлi слухi, нiбыта мяне шукаюць. Якi-ж тут маеш выбар? Аднаго дня я лiстала нейкi журнал i пабачыла жанчыну ў масцы. Голад i даўгi – не сябры. Нарадзiлася iдэя... ў масцы. Сяброўка мяне завяла.

Вера спынiлася.

– Ну i?

– Нiк, запраўды я не прадбачыла, што там ёсьць аж так многа кандыдатак. Нiколi не ўяўляла. Ну, я меркавала, што й тут будзе завал. Калi-ж ёсьць, як вiдаць, такi вялiзны выбар, дык ты мусiш пэўна таму энтрэпрэнеру сэксам адгадзiцца, цi што... Усё гэта мне здалося агiдным.

Падалi напiткi. Вера перастала апавядаць, быццам чакаючы, каб Нiк яе спанукаў.

– Дык, за тваё здароўе! – Нiк падняў келiх з брэнды.

– На здароўе.

Вера ледзь памачыла вусны вiном i прадаўжала.

– Калi прыйшла мая чарга, я пайшла на iнтэрвю. Праўда, гэта цяжка назваць словам "iнтэрвю". Той агент намякаў, рукамi лез, можаш уявiць сабе. Здавалася мне, што памру з сораму. Я ўцякла дамоў i плакала...

I запраўды сьлёзы наплылi ў ейныя вочы. Выняла хустачку, выцерла iх. Нiку зрабiлася няёмка.

– Ведаеш, – прадаўжала Вера, – усё-ж ня было выхаду. Пайшла назад i, пасьля спробаў на сцэне, мяне ўзялi.

– Прабач за пытаньне: мусiла ты яму сэксам заплацiць?

– Нiк, ня ткай носа туды, дзе ня твой бiзнэс... Хоць я магу з гордасьцю сказаць, што абыйшлося бяз гэтага. Цяпер твая цiкавасьць ужо задаволiлася?

У вачох ейных зьявiлася перамога.

– I як-жа так скора ты да зоркi дабралася? – насядаў Лок.

– Але-ж ты недаверлiвы, Нiк. Скажу праўду: трыкi памаглi!

Яна зьдзеклiва ўсьмiхнулася.

– Цi магу ўсё гэта пераказаць Алесю?

– Нiк, баранi Божа, не рабi гэтага!

Голас ейны задрыжэў. "Добры знак", – падумаў Нiк.

– Чаму-ж ты ня хочаш, каб я твайму дарлiнгу ўсё расказаў? Можа ён будзе захоплены тым, што ягоная мара ўжо зоркаю стрыптызу сталася? Можа гэтая вестачка ўваскросiць яго з дэградацыi? Га?

– Нiк, навошта тут твая iронiя i розныя кручкi? Я не магу гэтага зьнесьцi, бо сёе-тое чула пра тваю мараль. Якое права маеш адносiцца да мяне, як нейкi судзьдзя? Цi ты ведаеш маю праблему, цi тыя абставiны, у якiх я была апынулася? Ты расказваеш пра Алеся i спачуваеш яму. Дзякую табе за тое, што ты памагаў чалавеку, якога кахаю. Але пра мяне, упiкаць мне? Прабач...

Дзяўчына злавалася i ў гэнай злосьцi станавiлася надта прывабнай. Iншая, на яе месцы, даўно апынулася-бы мiж сапсутых наркотыкамi прастытутак. Запраўды, Нiк набраў да яе пашаны цяпер, вось у такой адкрытай гутарцы. Алеся якраз вось такая асоба можа выцягнуць назад з дрыгвы дэградацыi.

– Прабач, Вера, я мусiў-бы крыху накш... Можа гэта нешта такое ў маiм характары, што пхае, каб iншых крыўдзiць. Выбачыш мне?

– Я табе ўжо прабачыла, – зазьзяў твар Веры.

– Дзякую. Ты – надзвычайная дзяўчына. У адну хвiлiну ты ўспыхнеш выбухам злосьцi, а ў наступную прамянiшся сонечнай усьмешкай. Гаворачы шчыра, я зайздрошчу Алесю.

– Цяпер-жа ты лiсьлiвы...

– Ды не... Хачу спытацца, вяртаючыся да галоўнага: запраўды ня хочаш, каб расказаў Алесю пра цябе?

– Не цяпер, Нiк, прашу цябе.

– Нават не сказаць, што цябе сустрэў?

– Прашу цябе памаўчаць, Нiк. Расказ пра мяне толькi прынясе яму горыч i цярпеньне. Я спадзяюся, што яго скора пабачу. Ня пытайся калi, я пастараюся. Вер, Нiк, што тут мне працаваць нялёгка. Некаторыя з гэтых сук такiя зайздросныя, што, каб маглi, яны-бы мяне жывой зьелi.

– Згода, Вера. Але я мушу змывацца ўжо, мне час. Нешта хачу табе запрапанаваць. Давай, зробiм такi дагавор: я нiчога цяпер не скажу Алесю пра цябе калi ты прыабяцаеш быць са мной у кантакце й дасi мне свой адрас. Строга, пасяброўску, Вера, кажу табе, што я гатовы табе поўнасьцю давяраць. Спадзяюся, бязумоўна, што й ты мне давяраеш. Дасi мне адрас, цi што?

– Нiк, я табе давяраю i тое самае хацела табе прапанаваць. Пасяброўску, зразумела. Верыш?

– Ды што, можа хочаш, каб на бiблiю прысягнуў?

– Я сур'ёзна, Нiк. Не жартуй. Я сур'ёзна хачу ведаць пра Алеся, прашу мяне iнфармаваць. Дык давай замяняемся адрасамi.

Так i зрабiлi.

– Хачу папрасiць цябе, Вера, сьпяшы да Алеся. Ён ёсьць надзвычайна цэнны, проста высакародны ды вялiкадушны чалавек. Я тут не абыякавы. Цаню яго й стараюся дапамагчы яму. Запраўды турбуюся пра яго. Прашу цябе, Вера, памажы яму.

– Добра, Нiк, абяцаю, – сказала Вера, калi ўжо ўсталi, каб пакiнуць рэстаран. – Жадаю табе i Алесю ўсяго найлепшага. Да наступнай сустрэчы.

Яна лёгка пацалавала Нiка ў шчаку й сардэчна пацiснула яму руку на разьвiтаньне.

44

Алесь гойдаўся ў сваiм крэсьле й пазiраў праз вакно пакою на вулiцу. Наняў гэты пакой у свайго сябры пасьля таго, як перастаў працаваць у Трыфты Тонi. Гэтта ён праводзiў цяпер бальшыню свайго вольнага часу. У пакоi было адно неабходнае: стол, тры плястыковыя крэслы, ложак з пасьцеляй i шуфляда. Гара кнiгаў займала цэлы кут. Некаторыя зь iх – у кардонавых скрынках. Кнiгi й паперы беспарадкам ляжалi й на стале.

Алесь аднойчы быў урачыста пастанавiў напiсаць гiсторыю свайго жыцьця. Добра папацеўшы, напiсаў быў ужо тры першыя разьдзелы, а аднаго дня, у прыплыве раптоўнай злосьцi, выкiнуў усё тое на сьметьнiк. I запраўды, хто будзе цiкавiцца ягонай пiсанiнай? Уся тая эмацыянальная жоўць, якую вылiў на паперу, – мяркаваў Якiмовiч, – гэта стрэл у пустое... Цяпер-жа, пачуцьцёва здраньцьвелы, Алесь доўгi час кiваўся ў сваiм крэсьле, глядзеў на вулiцу.

Мог-бы ён зусiм дакладна апiсаць усе тыя малыя падзеi, што там адбывалiся: што суседзi робяць i ў якi час, якiя дзецi i зь кiм гуляюць, калi палiцыя начэплiвае штрафныя жоўтыя бялеты на аўтамабiлi, каторыя тут ставiць можна толькi ў пэўныя абмежаваныя гарадзкiм правам гадзiны. Алесь прадаў свой Олдсмабiл i большасьць грошы ўжо выдаў на ўтрыманьне. Хутка павiнен знайсьцi працу. Нiк абяцаў, што можа ўзяць яго ў Трыфты Тонi, хоць ягоная калiшняя пазыцыя была ўжо занятая. Атрымаў яшчэ пару лiстоў ад маткi з просьбай, каб вяртаўся на бацькаўшчыну. Бальшавiцкая пастка. Матцы памагчы ня мог, а самому ў варожую пятлю лезьцi?

Часамi запрашаў яго да сябе сусед з дому Янка Кум. Запрашалi й iншыя, але Алесь да нiкога не хадзiў. З Кумам, якi працаваў у вялiкай фiрме сельскагаспадарчых машынаў, меў добрую беларускую жонку й двое дзетак, ужо выплацiў свой мураваны двухпавярховы дом, меў аўтамабiль, Алесь мог пагаварыць пра жыцьёвыя дробязi, бо ведаў гэтага добразычлiвага i стараннага чалавека, якi нiколi не насiў на нiкога камяня за пазухай. I Алеся ён не распытваўся пра самае найбольшае, што яго балела. Гэтак выгадна было Алесю. Высьцерагаўся тых, каторыя з задаваленьнем маглi-б вярэдзiць ягоную рану.

Часта наведваў яго Нiк Лок. Апошнiм часам Алесь заўважыў, што ён быццам нешта скрываў, ня мог проста глядзець Якiмовiчу ў вочы. Аднойчы Нiк спытаўся ў Алеся, як-бы ён захаваўся, калi-б Вера раптам пастукала ў дзьверы ягонага пакою. Алесь пацiснуў плячыма, ня ведаў, што адказаць.

У адзiн дзень Нiк тэлефанаваў да яго i спытаўся, як ягонае здароўе. Абяцаў зрабiць яму неспадзеўку сяньня-ж пасьля працы. Алесь падумаў пра нейкi чарговы Нiкаў жарт, на якiя ён, вынаходлiвы чалавек, быў заўсёды здольны. Алесь глядзеў праз вакно. Сьнег перастаў падаць i некаторыя руплiвыя суседзi ўжо чысьцiлi перад сваiмi дамамi ходнiк. Пад'ехала таксi i Алесь бачыў як Нiк вылез з аўта. Зь iм вылезла нейкая жанчына цi дзяўчына апранутая ў каштанавага колеру футра й такую-ж футраную круглую шапку. Хто-ж гэта такi? Калi яны наблiжалiся, Алесь распазнаў яе. Сэрца ягонае раптоўна паскорыла свой рытм. Усхвалёваны Алесь схапiўся за цыгарэту. Ужо зьмяркалася, ён уключыў сьвятло, падгладзiў коўдру на пасьцелi, зiрнуў на хаос на стале. Апусьцiлiся рукi. "Няхай бачыць, – падумаў, – гэта-ж во якая неспадзеўка!" Пастукалi ў дзьверы.

– Калi ласка, заходзьце!

Адчынiлiся дзьверы i Нiк зь дзяўчынай увайшлi ў пакой. Алесь стаяў, абапёршыся на стол i не зварухнуўся. Пiльным вокам аглядаў дзяўчыну.

– Добры вечар, Ал, глядзi каго я да цябе прывёў, – голасна сказаў i ўсьмiхаўся Нiк, пазiраючы то на Алеся, то на Веру.

Дзяўчына агледзела пакой, зрабiла крок наперад i спынiлася.

– Вера, – сказаў Алесь нiзкiм i напружаным тонам, – цi гэта запраўды ты?

– Я спадзявалася, што ты пра мяне не забыўся, – адказала Вера дрыготкiм голасам. – Можна да цябе?

– Слухай, – зьвярнуўся Нiк да Алеся, – запрашай нас сесьцi. Што з табой? Хадзi, Вера, давай мне сваё пальто, сядай.

Нiк узяў у Веры пальто й шапку, палажыў iх на ложак, пасадзiў яе на крэсла. Алесь не крануўся зь месца.

– Дык ты вярнулася, мая кветка, – сказаў ён голасна, быццам сам да сябе.

– Дык ты незадаволены, што яна вярнулася? Прызнайся!

Алесь уважна аглядаў дзяўчыну i быццам ня чуў таго, што сказаў Нiк. Настала маўчаньне. Алесь, як выглядала, нiбыта iснаваў у нейкiм сваiм, аддалёным сьвеце. Уся ўвага ягоных вачэй была сканцэнтраваная на той, якую вось ня так даўно, яму здавалася, незваротна страцiў. А цяпер аглядаў яе тут-жа ў сваiм пакоi, жывую, прыгожую, румяную, i ня верыў сам сабе.

– Некалi ўдома ў майго бацькi быў сад, – пачаў ён паволi апавядаць. Было некалькi маладых яблыняў папяровак. На гэтых маладых дрэўцах вырасталi вялiкiя жоўтыя, во так вялiчынёй з два кулакi, яблыкi. Я надта любiў яблыкi. У суседаў сад лазiў iх латашыць ну й да сваiх стараўся, як толькi дасьпявалi, першым дабрацца. А яблыкi на папяроўцы былi такiя цяжкiя, што сукi ламалi, дык бацька ладзiў для iх спэцыяльныя падпоры. I вось таго лета, аглядаючы часта адну папяроўку яблыню, я спасьцярог, што ўсе цяжкiя, ужо пападпiраныя яблыкi яшчэ зялёныя, хоць ужо вялiкiя, але адзiн яблык раней пачаў жаўцець. Вось, думаю сам сабе, гэты яблык ёсьць надзвычайны прыгажун i вялiзны маладзец, ён раней за ўсе iншыя чамусьцi сьпее, быццам для таго, каб я яго зьеў. Пакуль бацька дабярэцца, дык я ўжо i ў рот яго! Яно так i сталася. Каб бацька цi матка ня бачылi, я раз шмыгнуў у сад, сарваў той сьпелы яблык папяроўку i як найшырэй разiнуўшы рот, адкусiў вялiзны пахучы кавалак яго. I тут я стануў, як акамянелы, мой рот перастаў жваць. I чаму? А таму, што зь сярэдзiны таго кавалка яблыка, больш як паловы яго, каторы трымаў у сваёй руцэ, пазiраў на мяне сваёй чорнай галавой вялiзны жоўты чарвяк. I сыты-ж паразiт, каб яго пранцы! Ды яшчэ, прыгадваю, выкручваецца, быццам iзь зьдзiўленьнем на мяне глядзiць. Я так узлаваўся, выплюнуў тое з роту, i гэты кавалак, каторы ў руцэ трымаў – пад ногi! Растаптаў!

– Я, мусiць, пайду, – сказаў Нiк.

– Га? Ага, як хочаш...

Нiк зразумеў, што Алесь быў у нейкiм iншым, яму зусiм недаступным сьвеце. Нават не падзякаваў яму за тое, што Веру прывёў. Ён шмыгнуў за дзьверы.

– Ну й што ты гэтым хочаш сказаць? – спыталася Алеся Вера. Яна ўважна слухала схуднелага, мiзэрнага цяпер у твары, аброслага барадой Алеся. Яна сядзела на крэсьле. Алесь падыйшоў да яе, стануў насупраць, пазiраў у вочы.

– Як гэта так? Ты нiчога не зразумела? Калi я, некалi, закахаўся ў цябе, адкуль мне было ведаць, што камунiстычны чарвяк-паразiт сыцее ў тваiм нутры? I цяпер проста сьмешна й няверагодна: нават такая думка, баранi Божа, каб мне калi ў галаву цюкнула! Анi-нi! Некаторыя з маiх суродзiчаў намякалi, што такая магчымасьць можа быць, яй-Богу! Што за дурань, асьлеплены каханьнем дурань зь мяне быў!

Вера схiлiла галаву й ледзь стрымлiвала сьлёзы.

– Дык чаго-ж маўчыш? – пытаўся ў яе Алесь.

– Алесь, мiлы мой, мне прыкра, што так сталася. За тое, што я зрабiла, няма прабачэньня. Усё-ж я спадзявалася, што выслухаеш мяне, таму й прыехала...

Цяпер яна падняла галаву, i Алесь спасьцярог там сьлёзы.

– Выслухаю што, Вера? Ты мне раскажаш, якiм вялiкiм iдэалiстам ты была, як памагала iм пхаць той увесь сьвет да рэвалюцыi, ды як Мiкiта кукурузьнiк адчынiў табе вочы? Што ты новага можаш мне сказаць, Вера?

Голас Алесеў войстры, як брытва. У вачох – маланкi. Ледзь стрымлiваўся, каб "кветку" за горла не схапiць. Колькi-ж кiпенi ў сэрцы!

– Алесь, дарагi мой, я вярнулася па сваёй волi, спадзявалася, што выслухаеш мяне. Я меркавала, што ў цябе на столькi хопiць цярплiвасьцi, калi ўжо не пашаны да мяне...

– Добра, дзяўчына, окэй, расказвай. Пачынай. Ды даволi мяне зводзiць. Высьцерагайся гэтага. Няхай гэта будзе запраўды нешта важнае, бо...

– Ал, ты запраўды нiколi не даведаўся адкуль я паходжу, пра маiх бацькоў i маё дзяцiнства нiчога ня ведаеш. Калi раскажу табе, можа зразумееш...

– Я слухаю.

– Калi я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, тут быў вялiкi эканамiчны крызiс. Ты пра яго чуў. Мой бацька быў бяз працы й ня было за што пражыць. Гэтаксама цярпела маса iншых. Страшная сытуацыя. Беспрацоўныя дэманстравалi, а палiцыя бiла iх, разганяла бiзунамi, цкавала сабакамi... наяжджала на iх коньмi. Я помню адну такую сцэну i я яе не забудуся да канца жыцьця. Было многа людзей, былi жанчыны й дзецi ў мястэчку, палiцыя разганяла дэманстрацыю рабочых. Пачалося ад крыку й кiданьня каменьнямi, а кончылася тым, што коньмi наляцелi на людзей i забiлi тады, у лiку iншых, майго бацьку. Ты зразумей, што я тады была малой дзяўчынкай, мая мацi трымала мяне ў сваiх руках. Калi бацьку забiлi, яна была самлела, а мяне, – пасьля казалi, – людзi выратавалi спад конскiх капытоў. Маю матку ледзь аднялi ад бацькi мёртвага ўжо. Пасьля ўсiх гэтых гадоў я памятаю яго, зьбiтага, што ўмiраў на руках маёй маткi. I маёй матцы нядоўга асталося было жыць, за год i яна адыйшла пад ударам сэрца. Я асталася сама на гэтым сьвеце, маленькая сiрата. Можаш сабе ўявiць якое мяне чакала жыцьцё. Мне памаглi добрыя людзi. Гэтак мне тады здавалася. Мясцовы рабочы клюб, як я пасьля дый запозна гэта зразумела, памагаў мне не таму, што быў натхнёны духам Самарытанiна... Людзi з таго клюбу мне ня толькi мiнiмальна памагалi, але мяне i выкарыстоўвалi для сваiх мэтаў. З палiтычных меркаваньняў яны з майго бацькi зрабiлi вялiкага змагара, проста мучанiка за камунiстычныя iдэалы. I для добрых людзей я быццам напамiнала пра тое зло, якое капiталiстычны ўрад зрабiў бедным i беспрацоўным людзём. Людзi гаварылi мне, часта прыпамiналi мне, што гэта ўрад мяне сiратой зрабiў. Я да гэтага прывыкла. I ведаеш што? Тая рэкляма, якую рабiлi мне, як дачцэ вялiкага змагара за справу працоўных, нават спадабалася мне. Такая, вiдаць, нiкчэмная людзкая натура... Калi я падрасла, працавала ў рабочым клюбе ў Балтаве. Казалi, што я добрая i пiльная работнiца. Прыйшла навука. Я чытала, што мне давалi. Ты ведаеш iхную лiтаратуру, ты павiнен ведаць... Яны мелi школьную праграму па суботах i нядзелях. Я навучылася чытаць i пiсаць парасейску, а ад людзей яшчэ ведала i пабеларуску. Чытала многа савецкай лiтаратуры, пераважна Максiма Горкага. Яны, мусiць, лiчылi мяне добрым матар'ялам бо нават далi магчымасьць у Савецкi Саюз зьезьдзiць.

Алесь усеўся на крэсьле насупраць Веры i ўважна прыглядаўся ейнаму твару й вачом, калi яна прадаўжала расказваць. Ня было сумлеваў у Алеся. Дзяўчына гаварыла шчыра i, магчыма, хацела цяпер перад iм выспавядацца, цi прынамсi выказацца пра некаторыя свае памылкi ў мiнулым.

– Ты езьдзiла ў Савецкi Саюз? – перапытаўся ён Веру.

– Так, езьдзiла ў складзе зарганiзаванай iмi групы. Я табе не казала пра гэта?

– Не, не казала.

– Дык вось там яны проста паказвалi нам тыя вядомыя пацёмкiнскiя вёскi. Праўда, многа гаварылi пра гэройства савецкага народу, каторы перамог гiтлераўскi фашызм i так далей. Ты ведаеш iхную прапаганду. Пасьля таго, як Хрушчоў выкрыў Сталiна, у нас зьявiлiся iншыя думкi i пра камунiстычную ўладу i пра iхных правадыроў – тую мафiю, каторая сядзiць на вярхушцы. Нарадзiўся недавер да iх. Але ў сваёй далейшай працы тут у iхным клюбе ў Канадзе мае сумлевы яшчэ не перашкаджалi. Тая зьвязанасьць зь iмi ад маленства, ды тая шыльда для майго забiтага ў абароне працоўных бацькi, гэта не магло прайсьцi бясьсьледна. А скажы, Алесь, што-бы ты рабiў, каб быў на маiм месцы?

Алесь не адказаў.

– Пасьля яны папрасiлi мяне, каб я пераехала ў Радфорд. Вiдаць, што мне давяралi i лiчылi мяне добрым работнiкам.

– Цябе напэўна яны лiчылi ўдарнiкам, бо выслалi сюды, каб даносiла на нас?

– Не. Яны нiчога такога мне не казалi. Абяцалi, што буду працаваць тут у клюбе побач iз сваёй рэгулярнай нейкай працай у нейкай канторы. Ды пасьля ўжо iншае сталася.

– Я бачу. I ты даносiла на Антона Шпака?

– Я расказвала пра яго Капшуну.

– Хто такi той Капшун? Той, што цябе прыслаў да нас?

– Так.

– Хто яшчэ?

– Ягоная памочнiца Нiна Ляскiн, – ты яе знаеш. Жыла я зь ёй на кватэры.

– Я мусiў-бы даўно дагадацца пра гэную нягоднiцу. Скажы мне, Вера, цi ты гатовая злажыць усе гэтыя прызнаньнi палiцыi?

– Навошта?

– Каб знайсьцi забойцу Антона Шпака.

Вера адказала не адразу. Думала.

– Ты мяркуеш, што гэта яны, значыцца Капшун i Ляскiн Нiна?

– А як ты, Вера, мяркуеш? Ты даносiла таму Капшуну на Шпака. Бачылi два рыбакi над ракою, што ад таго месца, дзе Шпак ляжаў забiты, уцякаў у лясную трушчобу нейкi чалавек. Нехта-ж таго чалавека падаслаў... Усе сьляды вядуць да людзей, якiя цябе прыслалi, каб на нас даносiць. А чаму ты думаеш, змусiлi маю старэнькую матку, каб прынагляла мяне ехаць дадому? Чаму? Бачыш – прэсiя на нас з усiх бакоў... I галоўнага ды найбольш выдатнага нашага пiсьменьнiка яны замардавалi. Ты iм гэта памагла зрабiць...

– Я? Алесь, даражэнькi, я ня ведала нiчога пра гэта...

– Ты наiўная. Яны цябе выкарысталi. Ды я цяпер прашу толькi памагчы нам, каб выявiць тых людзей зь iхнага кодла, а там ужо палiцыя разматае клубок i забойцу Шпака знойдуць. Паможаш, Вера?

– Добра, памагу.

– I падасi палiцыi прозьвiшчы ўсiх тых людзей, каторыя давалi табе iнструкцыi i падаслалi да нас, i каторым ты даносiла на мяне й на Шпака?

– Окэй.

– Хочацца табе верыць, але...

– Алесь, я спадзяюся, што ты паверыш мне. Я-ж сама вярнулася да цябе, ускочыла дзяўчына з крэсла. Устаў i Алесь. – Я-ж цябе кахаю!

– Мне здаецца, што я пачынаю разумець цябе, дарагая мая, – адыйшоўся Алесь да вакна. – Ты ёсьць дачка камунiстычнага гэроя. Я тут не перагiнаю дугi. Магчыма нават, што твой бацька нiколi, як сьлед, не разумеў камунiзму. Ён быў звычайны добры Беларус, каторы паехаў у чужую краiну шукаць дабрабыту для сябе i сям'i. Беспрацоўны i галодны чалавек выпадкова апынуўся ў дэманстрацыi за правы працоўных на перадавой лiнii. Выпадкова цi наўмысна яго забiлi. Кропка. Так, напэўна, здарылася. Але-ж камунiстам патрэбныя былi гэроi. Бацьку на перадавую лiнiю выпхнула бяда, а камунiсты там завiхалiся для сваiх палiтычных мэтаў. Шляхi, як казаў той, зьбеглiся. Забiлi бацьку, а год пасьля, зь вялiкага гора адыйшла матка. Асталася сiрата, дачка гэроя, што змагаўся за рабочых i быццам за камунiстаў. Дык камунiсты-ж мусiлi цябе выкарыстаць. Ты была для iх вялiкiм прапагандовым капiталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных i галодных канадыйскiх рабочых з камунiстамi пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Манiпулявалi табой наёмнiкi Масквы, фашысты i забойцы ня меншыя за гiтлераўскiх... Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.

– Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што мацi пiсала да цябе?

– Так, пiсала. Пад дыктоўку бальшавiцкiх палiтрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў iхныя рукi, каб замардаваць i мяне.

– I што ты надумаўся рабiць?

– Я не магу маткi выратаваць. Яна ў iхных руках, як заложнiца. Яны хочуць мяне прынадзiць голасам маткi, каб вярнуўся ў iхныя лапы. Матку вельмi шкадую i прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калi бацькаўшчыну ў часе вайны пакiдаў. Але-ж яна не хацела йсьцi, мяне намаўляла, каб дома астаўся... Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскiя чырвоныя фашысты насiлуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мiльёнамi запрыгоненых нашых суродзiчаў, а тут на эмiграцыi выкарыстоўваюць такiх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!

Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавiсьцi. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымi вачмi – змарнелы, худы, мiзэрны цень таго калiшняга, – вясёлага, агрэсыўнага i адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькi разоў трымала ў абдымках. I цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведамiла, як шкадавала i кахала яго i якiмi недарэчнымi шляхамi дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палiтычныя сыстэмы прывялi i Алеся, i яе ў небясьпечны тупiк. I выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупiка, пэўне-ж, можна толькi любоўю, мiласэрнасьцю i абавязкава супольнымi сiламi.

– Алесь, дарагi мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца балiць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабiла. Цi ты можаш мне выбачыць? Цi дазволiш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзiцца, памагчы табе...

Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьнiўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.

– Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такiя словы з вуснаў тваiх. Я такi задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкi й прыгажосьцi.

Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.

– Шшшшшшш! Маўчы!

Яны застылi ў доўгiм пацалунку, забыўшыся пра сьвет.

– Ты-ж, мая кветка, не сказала мне, што ты рабiла й дзе была.

Алесь заглянуў у ейныя вочы-чараўнiцы, якiя, здавалася яму, неяк пасьмялелi ад таго часу, калi яе бачыў перад тымi тайнымi ўцёкамi. Але цяпер Вера, здалося яму, неяк зьбянтэжылася, можа ня ведала што яму адказаць.

– Раскажу табе неяк пасьля пра гэта. Доўгая гiсторыя.

– Усё-ж ты, вiдаць, даволi спрытная, бо цябе нават палiцыя не магла знайсьцi.

– Можа я больш спрытная, чымся ты думаў, – падмiргнуўшы Алесю, жартавала Вера. – А калi ў тую палiцыю пойдзем?

– Могуць да заўтра пачакаць. Я цяпер такi задаволены што камунiсты цябе не накрылi.

– А яны шукалi?

– Шукалi, вядома. Цяпер мусiм адразу прыняць меры, каб яны табе не адпомсьцiлi за тое, што сьветчыць маеш. Але пра гэта будзем разважаць пазьней. Цяпер-жа давай свае цудоўныя вусенкi па каторых я так зажурыўся.

У гэным гарачым абдымку новай энэргiяй i радасьцю запульсавалi два сэрцы. Сiла каханьня, нарэшце, перакрочыла апошнюю мяжу, каб зьлiць iх у адно цела.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю