355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 10)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 13 страниц)

Калi Вера адчынiла дзьверы, Алесь устаў, папрасiў яе сесьцi.

– Слухаю цябе. Што за праблема? – спытаўся з манерай начальнiка. – Цi не падабаецца табе наша праца або плата? – усьмiхнуўся.

Бяз слова, Вера выцягнула з сумачкi завяртанскую газэтку, разгарнула там, дзе пiсалi пра Алеся i палажыла на стол.

– Што гэта такое? – зморшчыўся Якiмовiч. – Адкуль ты яе дастала? Алесь зрабiў нацiск на "ты".

– Па пошце, – суха адказала дзяўчына.

– Так выглядае, што яны сваiм хламам усiх забясьпечваюць, – спакойна тлумачыў Алесь. – Калi цябе цiкавiць, дык магу сказаць, што гэтай сваёй чалавеканенавiснай прапагандай яны закiдваюць нашых суродзiчаў па цэлай Канадзе i iншых краiнах вольнага сьвету. Ня так даўно я пайшоў тут у адну ўстанову й пытаўся, што можна зрабiць, каб спынiць гэту камунiстычную поскудзь... Гм... Нават табе прыслалi. Не магу сказаць, што гэта для мяне неспадзеўка.

Алесь гартаў газэту так, быццам увага яго была недзе далёка, на нечым зусiм iншым. Другi раз зiрнуў на сваю здымку зусiм абыякава. Зьдзiўленая Вера не магла адгадаць, чаму ён мог так спакойна паглядаць на сваю здымку й там-жа пра яго напiсанае. Што значыць "пайшоў тут у адну ўстанову"?

– Гэта што пра цябе тут напiсалi, – тлумачыла Вера, – што можаш пра гэта сказаць?

– Што я маю сказаць? – спытаўся Алесь з такiм зьдзiўленьнем, як быццам такога пытаньня i быць не магло. – Дзяўчо ты, маё дарагое! Верачка, мая мiлая! Прачытаў я гэтую лухту ўчора i ня мог устрымацца, каб добра не парагатаць. А чаго-ж iншага ад iх чакаць? Ты не разумееш, што гэта крывадушная маскоўская хэўра якая вымардавала мiльёны людзей, да сорак першага году памагала Гiтлеру, цi, – як яны гаварылi, – "нашаму саюзьнiку вялiкай Германii", заваяваць амаль усю Эўропу. Гэтая крывадушная маскоўская хэўра хоча, каб мы тут у вольным сьвеце змоўклi. Мы – голас паняволенага народу, каторы яны й цяпер вынiшчаюць у канцлягерах, мы стаiм за народ, каторы мае здабыць i здабудзе сваю незалежную беларускую дзяржаву. Маскоўская бальшавiцкая мафiя таму й змагаецца з намi, выдумляе пра нас усё найгоршае, што ёй загадвае амаральная бальшавiцкая антынародная палiтыка. Дык i чаму я маю не парагатаць? Я ведаю ахiлесаву пятку маскоўскiх забойцаў. Ведае яе i Шпак i многiя iншыя з нас. Таму яны хацелi-б нас лiквiдаваць, бо мы замiнаем iм на дарозе адурманьваньня чэсных i добрых людзей сваiмi iлжывымi марксiстоўскiмi догмамi пра той камунiстычны pie in the sky... хлусьню пра камунiстычны рай на зямлi. Цьфу, гадаўё!

Вера сядзела ў тым крэсьле, быццам на калючых iголках. Шчырасьць Алесевага голасу, яснасьць у вачох... Гэта мову ад яе адабрала. Калi-б гэты дзяцюк зрабiў хоць малую частку таго, што яму прыпiсвалi, ён нечым, – нейкiм жэстам цi эмоцыяй – сваёй крымiнальнай прошласьцi ня змог-бы схаваць. А гэтта гляньце: анi ценю сумлеву на твары, поўная самаўпэўненасьць i апанаванасьць, самакантроля. I яшчэ нешта... Той, што помсту за вялiкiя крыўды абяцае i нiколi не даруе, голас. I вочы ягоныя, так... Асаблiва тыя вочы, што шукаюць, правяраюць, проста распранаюць цябе, быццам ты тут на супалку з гэнымi, што на яго нападаюць.

– Але, мая ты даражэнькая, – устаў Алесь i падыйшоў да дзяўчыны, – што з табой? Ты выглядаеш вельмi змучаная, твой твар бледны...

– Я мала спала, – амаль шэптам прызналася Вера.

– Чаму? З маёй прычыны? Цi гэта магчыма, што ты верыш гэным гнюсным iлгуном i махляром? Глядзi на мяне, Вера, я цябе пытаюся!

– Я ня ведаю, што думаць, – адказала ледзь чутна дзяўчына, усё яшчэ абмiнаючы ягоны зрок.

Алесь пачаў хадзiць па сваёй невялiкай канторы, уважна прыглядаўся дзяўчыне ў крэсьле. Здавалася, што яна паменшала ростам, скорчылася.

– Самая большая для мяне неспадзеўка, гэта... гэта – ты, Верачка! Цi-ж табе няведама, як шантажуюць нас камунiсты, як прыпiсваюць нам розныя злачынствы, якiх мы нiколi не рабiлi? А чаму? Я пра гэта ўжо табе казаў... Як табе, узгадаванай у вольным сьвеце, каторая чытала i клясычную лiтаратуру, i, здаецца, што дзяўчына з унь якой разумнай галавой i дасьветчаньнем жыцьця, дык як табе, такой, няясна тое, што бальшавiкi робяць i чаму нас, выгнаньнiкаў з нашай роднай зямлi, так бэсьцяць?

– Алесь, я ня ведала што думаць. Выбач. Я меркавала, што калi спытаюся ў цябе проста пасяброўску... Памятаеш, я-ж ужо пару разоў пыталася ў цябе, а ты проста адмовiўся што...

– Памятаю. Магчыма, што я зрабiў памылку. Але мяне жыцьцё навучыла не выварачваць наверх сваю душу для паказу. Цi раз ужо апёкся. Праўда, ня было такой важнай прычыны, каб табе не расказаць, хiба адна. Ты-ж падумай зь якога я сьвету: радзiўся пад чужой акупацыяй, а пасьля пад iншую акупацыю трапiў. Усюды з нас зьдзеквалiся, адныя хамамi абзывалi, быдлам рабочым, палянiзавалi, а iншыя, так званыя "вызвалiцелi", мiльёнамi ў калгасны прыгон заганялi а пасьля ў канцлягерах мардавалi. Вера, дарагая мая, цi ты ведаеш, што гэта значыць баяцца, рабом быць, асьцярожна ступаць, каб у якую пастку не папасьцiся? Цi ты ведаеш голад i холад, i запраўдны прыгон, дзе нават табе Богу малiцца забаранiлi i ўсiх сьвятароў вымардавалi, i нашыя сьвятынi i нацыянальныя помнiкi панiшчылi? А цi ты ведаеш, што ў савецкiх школах вучылi, каб дзецi даносiлi на бацькоў? У Маскве Паўлiку Марозаву, – каторы на сваiх бацькоў паклёпнiчаў i выдаў, – помнiк паставiлi. Як-бы ты чулася, каб табе загадалi на бацькоў i апякуноў даносiць? А цi ты ведаеш, што вырастае з тых юнакоў, якiм адабралi веру ў бацькоў, у Бога, калi людзi забудуцца пра любоў i мiласэрнасьць, калi iм загадваюць праклiнаць Бога, руйнаваць свае сьвятынi, апляваць усе хрысьцiянскiя традыцыi, а толькi паклёпнiчаць i ашукваць, i забiваць, i нянавiсьцю да iншых, з загаду так званае "роднае камунiстычнае партыi", жыць?

Вера маўчала, пазiрала на цяпер усхваляванага Алеся.

– I сьведамасьць таго, што ты маеш мiласьцi прасiць у запраўдных крымiналiстаў забiрае ад цябе апошнюю макулiнку чалавечае годнасьцi, якая ў цябе была. Так спакваля становiшся рабом, аўтаматам, маленькай шрубкай у вялiзнай i бяздушнай машыне. Ведаеш, што будуць таптаць цябе i глумiць, калi захочуць... Ты робiшся сабакам, якога нiхто не шкадуе. Спадчына рабства ратаваць самога сябе, не адкрываць сваiх ранаў. Самазахаваньне, самаабарона, вось што. Хто табой цiкавiцца? Ты, калi маеш выжыць, вытрымаць, дык павiнен закрыцца, забыцца пра свае раны й сум, i боль. Хто тут, у гэтым бiзнэсавым сьвеце, выцягне табе руку помачы? Iдзе проста пра тое, што калi акунешся ў эмоцыi, дык можаш раскiснуць, цябе можа вораг уджалiць. Вось чаму мой iнстынкт самазахаваньня замiнаў мне адкрыцца й расказаць табе пра сябе, калi ты прасiла. Занадта болю многа награмадзiлася, ня хочацца ранаў вярэдзiць. Так, лягчэй памаўчаць...

Алесь усё хадзiў па канторы. Вера нiколi раней ня бачыла яго ў такiм напружаным хваляваньнi. Не магла стрымаць свайго захапленьня гэтым чалавекам, яго шчырасьцю i красамоўнасьцю. I калi ня гэтым, дык чым больш мог ён даказаць сваю чысьцiню душы й цела, i свайго мiнулага? Але як вытлумачыць зноў тое-ж "я зьвярнуўся ў адпаведную ўстанову"? Цi-ж запраўды ён хадзiў дзесьцi нешта цi на некага даносiць? Можа ў яго спытацца пра гэта? Лепш, вiдаць, паўстрымацца. Бо што, калi...

Сумлевы, сумлевы, пытаньнi... Вось i будзь тут разумным. З усiх бакоў розныя прарокi, разумнiкi i дагматысты прапаведуюць i навучаюць адзiнаправiльнае. А спрабуй тую запраўдную праўду вывалачы з гораў хлусьнi. I найгорш, калi замiнае прывязанасьць да каханага чалавека з аднаго боку i дагматычная паганяка зь iншага.

Тымчасам Алесь прадаўжаў:

– Мне здавалася, што гэтыя чэрцi пакiнуць нас у супакоi, што будуць прадаўжаць душыць i мардаваць тых, каторыя ў iхных д'ябальскiх лапах. Ажно не. Выглядае, што яны спакойна ня могуць мардаваць i вынiшчаць мiльёны нявiнных людзей, калi ведаюць, што некаторыя з вызначаных iмi ахвяраў высьлiзнулiся зь iхных, закрываўленых нявiннай крывёй, пальцаў, што яны трапiлi ў вольны сьвет ды расказваюць вялiкую iжахлiвую праўду пра найбольшы сатанiнскi рэжым, што пагражае ўсяму вольнаму сьвету.

– Мы-ж ёсьць вялiкай перашкодай на iхным шляху да панаваньня ўва ўсiм сьвеце. Перш за ўсё Голiкаў i ягоныя "ребята", пасьля вайны, старалiся нас палавiць, ганялiся, палявалi на нас па цэлай Эўропе. Амэрыканцы й Ангельцы памагалi Сталiнаваму энкавэдэшнiку Голiкаву. Самых Беларусаў паўмiльёна прымусова рэпатрыявалi й завязьлi ў лягеры сьмерцi на Сiбiр. Але ўсiх нас не ўдалося iм загнаць на сьмерць. Тады яны намагалiся змусiць нас маўчаць, але, дзякуй Богу, бясьсiльнымi тут аказалiся. Вось чаму пастанавiлi мсьцiцца на нашай раднi дома, а сваёй гнюснай i пачварнай прапагандай ды шантажом зьнiшчыць нас маральна. Iм iдзе пра тое, каб i вольны сьвет паверыў, што мы – нявiнныя i прасьледаваныя савецкiмi агентамi выгнаньнiкi – зьяўляемся ваеннымi злачынцамi, якiх бальшавiцкая Масква хацела-б у свае рукi папасьцi. Цi-ж гэта табе няясна? Але, – няхай Бог мне сьветка, – цяперашняе нашае змаганьне з Маскоўшчынай – гэта адзiн i найважнейшы бой, якога маскоўскiя злачынцы ня выйграюць. Сьвет прачынаецца, працiрае свае вочы i праўда перамагае. За мiльёны вымардаваных нявiнных ахвяраў яны атрымаюць расплату.

Вера не пераставала дзiвiцца. Алесь зусiм зьмянiўся, яна нiколi яго такiм ня бачыла. Вось ужо, вiдаць, накiпела ў сэрцы ягоным. Бесьперапынна плыла хваля пагрозаў i пракляцьцяў на адрас нябачнага адсюль ворага. Ён, Алесь, вiдаць, забыўся ў сваiм пачуцьцёвым парываньнi, пад поўнай уладай нянавiсьцi да няпрысутнага тут ворага, што ягоная дзяўчына, якую кахаў, была гэтта пры iм.

– Так, вялiкi дзень расплаты прыйдзе. Будзе мiжнародны суд над злачынцамi, большы за Нюрнбэргскi, паняволеныя i пакрыўджаныя спагоняць сваё. А iх, злачынцаў, не на сухiх асiнах будуць вешаць. Не, я не пра нябесны страшны боскi суд гавару, а пра той, што адбудзецца тут на зямлi яшчэ пры нашым жыцьцi.

Алесь змоўк, пазiраў у вакно.

– Але-ж я загаварыўся. Усхадзiўся, узбушаваўся, усьпенiўся. Балiць, ведаеш... Дык знаеш што? Скончым, пойдзем павячэраем.

Вера ўстала i моўчкi пайшла за iм.

31

Падарозе з працы Алесь выцягнуў канвэрт iз сваёй паштовай скрыначкi, што пры дзьвярох у залi ўнiзу будынку. Танная папера шэрага колеру, у правым верхнiм куце канвэрту – тры савецкiя паштовыя маркi а пасярод акуратна выведзены лацiнскiм альфабэтам ягоны адрас. З задняга боку канвэрту – адрас ягонае маткi. Кроў хлынула ў скронi, Алесь дрыжэў. Што тут у яго ў руках? Колькi ён яе сьнiў, колькi малiўся за яе, ахвярную, разумную i гаротную матку, якая яго некалi натхнiла, перад якой вялiкую вiну чуў за тое, што яе там, у варожым прыгоне, пакiнуў... Ад часу, як яе пакiнуў, ня меў магчымасьцi даведацца цi яна здаровая, як жыве i дзе знаходзiцца. Але чаму яна рызыкуе з гэтым лiстом да яго? Цi-ж яна забылася, што сувязi з замежжам, нават калi там i радня твая, ёсьць злачынам паводле савецкага права? I самае найважнейшае: адкуль яна ўзяла ягоны адрас?

Павольна, як ачмурэлы, iшоў Алесь наверх па сходах. Нават не памятаў, калi адчынiў у сваю кватэру дзьверы. Паволi палажыў канвэрт на стол, выняў з халадзiльнiка пляшку пiва Молсан. Усё тое адбывалася марудна. I зрок дзяцюкоў цэлы час на канвэрце, быццам ён набiраўся адвагi, каб сустрэць той уструс, якi прынясе яму тое, што неўзабаве прачытае. Калi нарэшце дрыжачай рукой узяў нож, разрэзаў канвэрт i пачаў чытаць дрэнным чарнiлам напiсаныя на сшыткавай, у клетачкi, паперы няроўныя радкi, зьмест даходзiў да яго быццам з другога сьвету, з магiлы. Матка пiсала:

Мой дарагi сынок Алесь!

Зь вялiкай радасьцяй дазналася, што ты жывеш i добрае здароўе ў цябе. Часта малiлася за цябе. Здавалася, што цябе страцiла. Добрыя людзi памаглi мне знайсьцi цябе, Алеська мой дарагi. Цяпер я надта дзякую за гэта Богу. Слава Яму! Ты далёка ад мяне, але радасьць у мяне вялiкая, што ты жывеш i я знайшла цябе. Ад таго часу, як ты пакiнуў, у вёсцы многа чаго зьмянiлася. Многа людзей, каторых ты знаў, ужо няма ў жывых. Некаторыя загiнулi ў вайне з нашым агульным ворагам – германскiмi фашыстамi. (Тут матка назвала людзей, каторыя загiнулi, ажанiлiся цi пакiнулi вёску).

Дзякуючы вялiкiм клопатам нашай добрай камунiсьцiчаскай парцii i ўрада, я цяперака добра жыву, так як жылi гарбачы й кароткiя некалi. Помнiш? (Алесь памятаў дзьве шматдзетныя сям'i, каторыя пры польскай акупацыi былi вечна ў галечы, цешылiся, калi бульбiна была. Пры бальшавiкох iм не палепшала). Мой дарагi сынок! Я цябе вельмi люблю, – пiсала далей матка. – Ты так далёка ад мяне, але я буду Богу малiцца, каб Ён цябе нiдзе ў крыўду ня даў i каб ты здаровы быў i сваю матку помнiў. Я ня маю болей навiнаў, ну дык i канчаю. Прашу, напiшы да мяне, сынок, як жывеш i што ў цябе новага. Да цябе зь любоўю, твая матка Алена.

Гэная атака на яго, якую зьмясьцiла гадзюка-завяртанка, ды вось ад маткi лiст – гэта ўсё некiм скаардынавана. Матцы далi адрас. Нават стыль пiсьма ейнага, – ведаў матку Алесь добра, – чужы. Яна нiколi не сказала-б "загiнулi ў вайне супраць нашага агульнага ворага – фашыстаў", або "дзякуючы вялiкiм клопатам нашай добрай камунiсьцiчаскай парцii i ўраду". Гэта ўзята з простай прапагандовай брахнi савецкiх палiтрукоў.

I матка ягоная ня з тых, каторая непатрэбна выстаўляла-бы каго зь сям'i цi блiзкай прынамсi раднi на небясьпеку. А якая тут была патрэба пiсаць да яго, Алеся, каторы аж за акiянам? Магчыма, як пiша яна, ня ведала цi жыве сын, пэўне-ж i аплакала была яго, мяркуючы, што можа загiнуў. Але-ж вось прынесьлi ёй радасную вестку, што, значыцца, сынок жыве i адрас далi. Узрадавалася, можа й ня верыла, пэўне-ж распытвала пра сынка, ды можа нiчога больш i не сказалi ёй, беднай i адзiнотнай! Адно загадалi лiст напiсаць, i дагледзелi, каб там i "савецкая радзiма" i "родная партыя" былi ў добрым сьвятле згаданыя!

Што Алесь мае цяпер рабiць? Цi выслаць ёй, гаротнай, якiя харчы цi вопратку? А калi што й вышлеш, дык хто гарантуе, што паразiты "роднапартыйныя" не ўкрадуць i не спажывуць? Цяпер яна паўстала перад сынам у поўнай сваёй каханай мацярынскай велiчы, ейныя мазольныя i парэпаныя далонi рук выцягнутыя да яго праз акiян: "Сынок дарагi, мiлы мой! Люблю цябе! Трымайся! Бог з табой!"

Камяк сьлiны цi чаго там засеў у Алесевым горле. Першы раз на працягу многiх гадоў ён страцiў сваю, так цяжка некалi выпакутаваную кантролю пачуцьцяў. Некуды зьнiк той вартавы iнтэлектуал, сьлёзы засьцiлi вочы. Што цяпер? Для бясьпекi маткi замоўкнуць, спаралiжаваць сябе, далучыцца да тых "тараканоў у саладусе", каторыя ўжо дарабiлiся ў гэтай вялiзнай i багатай краiне ды ўжо "вачуюць тэлевiжан"? Не! Маскоўскi мядзьведзь свае ахвяры на волю ўсёроўна ня пусьцiць.

Няма нiдзе, мабыць, формулы для разьвязкi такой сытуацыi, у каторай Алесь апынуўся. Зiрнеце: з гэтага боку сонца зьзяе, людзi штодня завiхаюцца каля сваiх заданьняў, працаў, абавязкаў, што прадназначыў iм iхны лёс i Стварыцель. I бальшыня гэтых верыць, што на сьвеце ёсьць справядлiвасьць, таксама як i рацыянальнасьць, i мiласэрнасьць, i любоў... З таго боку балянс страцiўся кагадзе на карысьць пекла. Яно над усiм i ўсюды дамiнуе. Людзi зрабiлiся рабамi, паўзунамi, нават i тыя зь iх, што некалi лётаць маглi. Цяпер усе яны поўзаюць, душацца, цiснуцца, i лiжуць чэрцям спаскуджаныя азадкi. А ўсёроўна няма для iх нiдзе й нiякай любовi, нi лiтасьцi, нi спагады, нi спачуваньня, бо ненасытны Молах-тытан мадэрны патрабуе бязьмежнага лiку ахвяраў i таму растаптаў iх, у вечную краiну нянавiсьцi й гвалту зацягнуў, ды на самага Бога замахнуўся.

32

Снiкi Джоў быў адным з тых бясколерных людзей, сустрэўшы якога, iм не зацiкавiшся а ня тое, каб зiрнуў ты на яго лiшнi раз. Ён мог лёгка i незаўважна зьнiкнуць-растаяць у гурце. I выглядаў нявiнным, няздольным нiкому нiякае вады замуцiць. I з выгляду цяжкавата было ацанiць ягоны век.

Некалi падчас тутэйшае вялiкае эканамiчнае дэпрэсii ў трыццатых гадох гэты мужчына быў вельмi актыўным, называўся ў камунiстычным жаргоне палявым арганiзатарам. Цяпер Джоў Снiкi працаваў клеркам-ураднiкам у другараднай гасьцiнiцы. Ды гэтая няцiкавая клеркава функцыя ня вычэрпвала яшчэ даволi поўнай фiзычнай энэргii Джова. Уласьнiк гатэлю, каторы сам быў зьвязаны з рознымi чырвонымi франтавымi арганiзацыямi, добра ведаў i iншыя заняткi Снiкi Джова, ранейшыя i цяперашнiя. Бывала, падчас галодных трыццатых, возьмуць камунiсты на прыцэл пэўную тэрыторыю цi варожую палiтычную групу мiж рабочых. Джова вышлюць "у тэрыторыю" з заданьнямi апэратыўнага адзьдзелу. Ён паедзе, правядзе грунтоўную разьведку, ацэнiць, агледзiць, заплянуе ды вызначыць адпаведных людзей на франтавыя пазыцыi з адпаведнымi заданьнямi. Сам Джоў застанецца ззаду, у засенi, адтуль будзе наглядаць i кiраваць адпаведнай акцыяй.

На такiх заданьнях Джоў добра набiў сабе руку. У яго хапала вытрымкi, каб пераканаць якiх трэба людзей выканаць адпаведныя заданьнi, а пасьля не бракавала волi й настойлiвасьцi, каб давесьцi тое заданьне да жаданага канца. Дэталёвае й прадуманае плянаваньне, якое мела забясьпечыць посьпех акцыi, было спэцыяльнасьцю Снiкi Джова. Ён-жа даволi добра прыдбаў i тэхнiку ды сакрэты кансьпiрацыi.

Джоў Снiкi меў фiнансавыя ўклады ў некалькiх гэтак званых прагрэсыўных каапэратыўных бiзнэсах, грашмi надта не раськiдаўся, казаў, што пiць i курыць не навучыўся, жыў старым "бабылём". Многа чаго зьмянiлася. Адыйшлi, здаецца, у нябыт часы акцыi на "рабочым фроньце", дзе, як у трыццатых галодных гадох, ужывалася часта грубая сiла. Рэдка калi, як раней, плыла зьверху "баявая партыйная накачка", калi дзе грунт пад нагамi ў акцыi гарэў. Што-ж да кансьпiрацыi, дык яна мела, як казалi ў шэрагах "прагрэсывiстаў", сваю "закалку" i выпрабаваныя хамелеонскiя прыёмы. Праўда, калi Гузэнка выдаў у Аттаве гняздо савецкiх патрыётаў-шпiёнаў, тады былi павылазiлi наверх усялякiя буржуазныя гарлапаны, трэба было хвост падцiснуць. Цяпер-жа? Лiчыце, што тыя ранейшыя жорны для Джова малоць перасталi, бо акцыяў вялiкага маштабу няма. Праўда, рабiлi апошнiмi гадамi сёе-тое, як, прыкладна, праводзiлi сталiнскую кампанiю – "забаранiць атамную бомбу" (гэта тады, пакуль бальшавiком яшчэ не ўдалося ўкрасьцi ад Амэрыканцаў атамныя сакрэты), або кампанiю "за мiр" у сувязi з прыездам "чырвонага дыякана" Джансана з Кантэрбэры, каб выступiць на шматтысячным мiтынгу канадыйскага кангрэсу "за мiр". Ды ўсё гэта – дрэнь.

У сваёй працы для партыi Джоў радзей кiраваўся iдэёвымi матывамi чымся фiнансавым прыбыткам, або спадзяваньнем большае ўзнагароды ў будучынi, калi й Канада станецца "дэмакратычнай i сацыялiстычнай савецкай рэспублiкай". Адным словам, вы маглi-б назваць Джова зусiм практычным камунiстам. Уласьнiк гатэлю нiколi не адмаўляў Джову, калi ён хацеў на пэўны час адлучыцца "па задачы".

Аднаго дня нечакана Снiкi Джова наведаў ягоны стары супрацоўнiк Капшун, ды напрасiўся, каб пагаварыць зь iм сам-насам у якiм заднiм пакоi. Джоў адразу спанатрыў, што наклёўваецца нешта важнае.

– Маю адну задачу i патрабую тваёй помачы. Сядай, – пачаў Капшун, усеўшыся на канапе. Выцягнуў люльку й пачаў напiхаць яе табакай. – Я адразу, так сказаць, пра галоўнае. Дык вось, ёсьць чалавек, якога нам трэба неяк пераканаць, каб ён спынiў тое, што цяпер робiць. З прычынаў нашай будучай акцыi памiж Канадцаў i фашыстоўскiх ДП, гэтаму чалавеку трэба адабраць голас. Безь яго кiраўнiцтва змоўкне ўся фашыстоўская какафонiя. Што яшчэ важна дык гэта тое, што да голасу гэтага чалавека прыслухоўваюцца i некаторыя канадзкiя палiтыкi i капiталiстычныя падпальшчыкi вайны ды другiя рэваншысты супраць Савецкага Саюзу. Група беларускiх фашыстоўскiх дыпiсаў iдзе за iм сьледам. Ён – ня толькi iхны лiдар, але й натхненьне. Бачыш, ён ёсьць пiсьменьнiк i не такi пошлы. Магу табе сказаць, – прадаўжаў Капшун, задымiўшы табакай пакой, – што я адносна гэтага чалавека ўжо спрабаваў iншыя мэтады. Два разы мне ўдалося пазбавiць яго працы – першы раз выкiнулi з рэстарану, дзе пасуду мыў, а другi раз з гасьцiнiцы. Потым мы забясьпечвалi яго ўсякiм матар'ялам ад Мiхайлава. Ён ад нас меў выразныя сыгналы, каб перастаў хулiць на савецкую радзiму i не памагаў ейным ворагам тут за рубяжом. I нiчога на яго не падзеяла. Упартая сволач, прадаўжае сваё. А чалавек гэты вельмi працавiты, многа пiша. Зараз, мяркую, каб яму рот закрыць, мы павiнны ўжыць больш радыкальныя меры.

– Пра каго ты гаворыш? – спытаўся Джоў.

– Антона Шпака. Чуў пра такога?

– Не магу сказаць, што ня чуў.

– Зацiкаўлены?

– Солё?

– Ага.

– Магу спрабаваць.

– Добра. Я спадзяваўся, што згодзiшся. Цяпер-жа хачу табе перадаць, каб было вельмi ясна вось што: мы нiякiм чынам ня можам быць удзельнiкамi забойства.

– Было-б куды прасьцей, – запярэчыў Джоў.

– Разумею, але мы ня можам, прынамсi зараз... Так што няма выбару. Астаецца адно: пабяседаваць з гэтым фашыстам, – падмацаваўшы адпаведнай аплявухай, каб добра слухаў, панiмаеш, – адным словам напалохаць яго так, каб больш рота не адкрываў. Кажу, што можаш яму даць так называемыя фiзiчаскiя аргументы, але толькi касьцей не паламаць i не пакалечыць. Ён, як чую, слабая лягушка, дык супрацiву ня дасьць. Пойдзе. Згода?

– Спрабую. За адпаведную выручку.

– Выручка будзе. Добра, цяпер пра дэталi.

Капшун апiсаў выгляд Шпака так, як чуў пра яго ад Веры. Нацiск палажыў на тое, што пiсьменьнiк ранiцай любiць вудачку закiнуць на рэчцы i таму ёсьць магчымасьць аднаму рыбаку пагутарыць зь iншым. Надзвычайна! Джоў усьмiхнуўся й кiўнуў галавою. А як-жа! Тут можна было-б лыжку той прыказачнай солi на рану, для гумару... Яму падабалася такое заданьне.

– Сьпяшацца няма чаго, – раiў Капшун. – Прыгледзься чалавеку здалёк, але каб на цябе нiхто ўвагi не зьвярнуў. Ты ведаеш пра яго даволi ўжо ад мяне, а там сам глядзi як выгадней.

– Окэй. Калi стары сволач пачне адбiвацца, або клiкаць каго на помач, дык што мне рабiць?

– Дзе там ён, здыхляк нiкчэмны, пачне. Зрэшты, ужывай сваю галаву.

Джоў прыабяцаў узяцца за гэнае заданьне ўжо назаўтра, а Капшуну аж палягчэла, што галоўнага працiўнiка прыбярэ з дарогi.

33

Антон Шпак глядзеў на здымкi тае вялiкае рыбы, што вiселi над камiнкам у галоўнай залi рэсорту i яму пачынала дакараць амбiтнае самалюбства рыбалова. Калi рыба такой вялiчынi была запраўды злоўленая ў рацэ Пома раней дык, з помаччу Бога, ён, Антон Шпак, – не абы якi рыбак, – можа i цяпер падобную цацу злавiць. I ў працы, i ў адпачынку Шпак трымаўся мэтодаў. Разважаў, што каб добрую рыбiну злавiць, трэба перш грунтоўна перачасаць рэчку, разьведаць праўдападобныя i магчымыя сховiшчы вялiкае фарэлi. Кажнае ранiцы цi на захад сонца ён аддаваў даволi часу расплянаванаму дасьледваньню ракi.

Iдучы ўнiз, зь цячэньнем ракi, пiсьменьнiк прыйшоў да вялiкай дугi. У локцi ракi вада абмывала кучу валуноў i дробнага каменьня. Рукаво ракi тут пашыралася, хуткая плынь падмывала супрацьлеглы бераг. Крыху далей, у карэньнях дрэваў, вада звальняла ход. Быццам ногi вялiзных павукоў, карэньне дрэваў упiвалася ў пацямнелую плынь вады. Шпак меркаваў, што якраз там магло быць iдэальнае сховiшча для рыбы. Варта спрабаваць туды адну цi другую прынаду падпусьцiць. I доступ iз супрацьлеглага боку ракi быццам на заказ. Праўда, была адна небясьпека. Калi якая большая цаца, зачэпленая на кручок, пачне рабiць дывэрсiйныя ходы, можа заблытаць жылку за карэньне. Тады, – як канадыйскiя рыбакi кажуць, гут бай Чарлi, – страцiш i кручок, i рыбiну. Шпак добра ведаў рэакцыю рыбы, асаблiва хуткае, як маланкi, фарэлi, з балючым кручком у роце.

Шпак выбраў плоскi валун, добра расьсеўся й закiнуў кручок зь вялiкiм чарвяком на плынь. Прынада ўпала блiжэй таго нагледжанага месца й шпаркi струмень аднёс яе на мель. Пiсьменьнiк выцягнуў жылку з кручком i цяпер закiнуў далей. У першы дзень ранiцай злавiў паўтузiна вясёлкавых фарэляў. Найбольшы важыў менш кiляграму. Дрэнь. Рыбацкая iнтуiцыя падказвала, што тут павiнна быць шмат большая рыба. Трэба зноў спрабаваць. З гэтага стратэгiчнага месца вельмi лёгка было закiдваць вуду i таму Шпак цi раз быў рашчараваны, калi знайходзiў тут якога iнашага рыбака. Вялiзныя дрэвы па абодвух бакох ракi схавалi цябе, здаецца, ад цывiлiзаванага сьвету. Надзвычайная дзiкасць нагадвала яму Налiбокi цi Белавежу, – пушчы iм крыху зьведаныя. Шпак нават забаўляўся ўяўленьнем, што ён не за акiянам, а дзесьцi дома мiж свае цудоўнае прыроды. Перашкаджаў уяўленьню рэзкi голас люна-нурца, адсутнiчала клекатаньне бусла.

Аднае ранiцы пасьля лёгкага, амаль паўгадзiннага падарожжа ад Пайн Рыдж, Шпак рыхтаваўся на сваiм стратэгiчным месцы закiдаць вуду i марыў, што шчасьце ў выглядзе вялiзнага прыгажуна на кручку ягоным якраз зьявiцца сяньня. Абавязкава сяньня. Сонейка ўжо выглядала з-за кроны суседняга дуба, гарлапанiла весела птушыная грамада а булькатаньне вады ў рацэ дапаўняла раньнюю сымфонiю.

Павязло. Вясёлкавая фарэль, прыгажун, больш кiляграма. На пачатак нядрэнна. Задаволены пiсьменьнiк паволi зачапiў на кручок другога чарвяка, рука спрактыкаваным рухам закiнула яго цераз галоўны хрыбет цячэньня вады, падпусьцiла прынаду аж пад той бераг, дзе, – угадваў рыбак, – павiнны быць большыя цацы.

Аглянуўшыся, Шпак заўважыў чалавека, якi выйшаў з пушчы й наблiжаўся. Апрануты ў кашулю ў чорныя клетачкi, шэрыя флянэлявыя порткi, чорныя спартовыя чаравiкi, насунуты на лоб шэры палатняны брыль. Чалавек сярэдняга, прыблiзна Шпакавага росту, ён трымаў у правай руцэ таўстую бярозавую палку i, не даходзячы якiх крокi чатыры, спынiўся. Дробны прадаўгаваты твар, кароткi нос, вузенькiя вусны, пасiвелыя на скронях валосы. Шэрыя вочы пiльна ўглядалiся ў пiсьменьнiка.

– Ты Антон Шпак? – спытаўся тонам, якiм гаворыцца нармальна iз знаёмым суседам. Шпаку здалося проста няверагодным, што нейкi зусiм незнаёмы чалавек, выйшаўшы зь дзiкай пушчы ў чужой i далёкай ад цывiлiзацыi мясьцiне, пабеларуску пытаецца ягонае прозьвiшча. Цi не сустракаў ён калi гэтага чалавека? Ня мог прыгадаць.

– Цi мы знаёмыя? Не прыпамiнаю, – адказаў зьдзiўлены рыбак.

– То гэта i ёсьць ты, каторага шукаю, – адказаў чалавек зусiм упэўненым тонам.

– Мяне шукаеш? Хто ты такi i навошта я табе?

– Мая фамiлiя для цябе няважная. Я прыйшоў сюды, каб гэта падружаску пагаварыць з табой.

Здалося Шпаку, што пры слове "падружаску" злы аганёк блiснуў у шэрых вачох гэтага чалавека зь бярозавым кiем. Прадчуваючы нядобрае, намагаўся захаваць спакой i раўнавагу. Ён зiрнуў на сваю жылку, што, здаецца, натужылася-выпрасталася, крутануў шпулькай. Чалавек падыйшоў да яго блiжэй.

– Ты рыбак, цi што? – спытаўся Шпак у незнаёмага. Чалавек маўчаў. Калi маеш што сказаць, дык я слухаю.

– От што мне нравiцца: гатоў слушаць! Сатруднiчаства... Як-бы было добра, што-б ты начаў слушаць нас раньша. I мне тада ня нада было-б пуцяшэстваваць аж сюда, чтоб цябе ўбяждаць, мiстар Шпак...

Шпака напалохала ня толькi расейшчына ў вуснах гэтага чалавека, але iз злавесным нацiскам слова "мiстар", быццам-бы яно было агiдай нейкай.

– Хто ты такi? Хто цябе паслаў i чаго ты ад мяне хочаш?

– Сатруднiчаства! – сказаў ужо голасна незнаёмы. – Сатруднiчаства ад цябе, мiстар Шпак, мы хочам. Да этага ўрэменi ты не панял. Табе ўжэ не адзiнажды ўнушалi, а ты, упрамы как асёл, сваё ды сваё. Панiмаеш сейчас? У людзей, каторыя прыслалi мяне цярпеньня ўжэ нет.

Шпакавы рукi сьцiснулi бамбуковае вудзiльна, па сьпiне рассыпалiся мурашкi. Гэта-ж трэба, – у такiм месцы й такi чалавек, з такой пагрозай! А малыя шэрыя вочкi ажывiлiся, быццам мяркуючы зь якога боку схапiць працiўнiка, цi заехаць па ягонай галаве той бярозавай палкай.

– Слушай, мiстар Шпак, слушай внiмацельна. Мне прыказалi даставiць табе от такой сьледуюшчы ўказ: ты брось пяро, прэкрацi партачыць тое барахло, что ты шчытаеш лiцературой, каторой снабжаеш сваiх фашысцкiх дзiпiсоў. Адным словом, закрой губы i маўчы. Панял? Анi слова ў пячацi i анi звуку публiчна. Будзь только гут бой, вудзi рыбу i тагда, можэт быць, панравiшся нам!

Шпак поўнасьцю цяпер зразумеў хто такi перад iм. Цi раз раней думаў, што могуць завяртанцы або iншыя маскоўскiя агенты падкiнуць яму нейкае лiха. Памятаў свайго блiзкага сябру Франьцiшка Аляхновiча, выдатнага беларускага драматурга й пакутнiка з канцлягеру на Салаўках, якога бальшавiцкi агент, як ён даведаўся куды пазьней, замардаваў у Вiльнi ў 1944-м годзе.

– Чалавек, ты здурэў? Цi ты ведаеш, што ты мне кажаш?

Цяпер зусiм выразныя аганькi загарэлiся ў шэрых вачох.

– Вiжу, ты рашыў не сатруднiчаць с намi!

Гэтыя словы былi выказаныя такiм пагражальным тонам, празь сьцятыя зубы, што пiсьменьнiка страсанула.

– Так что, цебе непанятна, мiстар Шпак?

Чалавек адхiнуў сьпераду крысо кашулi i з похвы выцягнуў даўгi паляўнiчы нож. Блiснула ў руцэ зьзяючае гладкае лязо, а чалавек пачаў ножам стругаць бярозавы кiй. Шпак адступiў пару крокаў назад i стаяў на краю валуна. Яму ня было куды далей адступаць. Чалавек пачаў заходзiць збоку, а Шпакавы вочы сканцэнтравалi сваю ўвагу на паляўнiчым нажы.

– Ты нягоднiк, адыйдзiся ад мяне! Я цябе не хачу слухаць! – крыкнуў пiсьменьнiк.

– Ня хочаш? – загарэўся злосьцю напасьнiк. – Ты фашысцкi сабака, я цябе сейчас навучу, как слушаць!

Ён падскочыў да рыбака, маланкавым рухам высунуў нож зусiм блiзка ля ягонай шыi. Вiдаць, калi-б хацеў, мог-бы пiсьменьнiку ўжо вастрыём па шыi шарахнуць. Намагаючыся адбiцца ад напасьнiка, Шпак парнуў яго канцом вудзiльна, але той зручна выхапiў яго з рыбаковай рукi, пераламаў на калене й выкiнуў пераз плячо ў раку.

– Ты так хацiш сражацца, фашысцкая сабака! Я цябе сейчас пакажу!

Ён шпарка стараўся схапiць пiсьменьнiка за каўнер. Намагаючыся ўхiлiцца ад забойчае рукi, Шпак спатыкнуўся, адступаючы назад, страцiў раўнавагу i ўпаў, стукнуўшы галавой аб край каменя. Снiкi Джоў мог-бы прысягнуць, што чуў як трэснуў пiсьменьнiкаў чэрап. Джоў стаяў бяз руху, прыглядаўся, як пасьля раптоўных сударгаў абвялае цела скацiлася набок, а акрываўленая галава зь незакрытымi вачмi нiбы глядзела кудысьцi ўверх. Сталася гэта так раптоўна, што нават Джоў Снiкi разгубiўся, што далей рабiць. Дзесьцi воддаль пачулiся галасы. Джоў маланкай скочыў у гушчар. Два рыбакi наблiжалiся да кучы валуноў адтуль, зьнiзу. Цi бачылi яны яго?

Джоў наглядаў з гушчы зеленi як два мужчыны, з рыбацкiмi снасьцямi, затрымалiся ля кучы валуноў. Знайшоўшы кошык з рыбiнай i труп чалавека, яны асьцярожна агледзелi ўсё навокал, раiлiся мiж сабой, вiдаць, што рабiць далей i неўзабаве адзiн зь iх хуткiм крокам пайшоў у кiрунку Пайн Рыдж рэсорту, а той, што астаўся на валунох уважна глядзеў у гэты бок дзе скрыўся Снiкi. Нейкiх хвiлiн пяць пазьней Джоў сядзеў ужо за рулём у сваiм аўтамабiлi i цiснуў на бензiнную пэдаль. Як там будзе далей, а ён Капшунова заданьне выканаў, магчыма нават i перавыканаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю