355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 6)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 13 страниц)

15

Пасьля тае даўгое гутаркi з Капшуном Вера цi раз намагалася ўявiць Алеся вылюдкам, забойцам нявiнных людзей, з рукамi ў iхнай крывi. Казаў яшчэ Грыша, што ён i цяпер быццам браў удзел у нейкiх кансьпiрацыйных апэрацыях. Што за загадка! Тут цi ня сам чорт рогi мог паламаць. Намаляваны Капшуном злачынца нiяк не нагадваў таго дзяцюка, – ветлiвага, талерантнага, зычлiвага, добра адукаванага, сумленнага, – якога Веры ўжо ўдалося пазнаць з блiжэйшае адлегласьцi. Калi-б Алесь нават хацеў маскавацца, дык-жа перад ёю ня было патрэбы. Ён ня мог яе ведаць да сустрэчы ў Трыфты Тонi.

Вера некалi чытала ня толькi "буревестника революции", але й розных клясыкаў. Пачынаючы зь несалодкага дзяцiнства жыла мiж розных апякуноў, пазнавала шматлiкiх людзей. Меркавала, што жыцьцё ўзнагародзiла яе багатай практыкай. Тут-жа яна лоб у лоб сустрэлася зь нечым, чаго раней ня мела магчымасьцi спанатрыць. З аднаго боку Капшун выступiў iз сваiм варыянтам Алеся. Зь iншага – Алесь, якога, здавалася ёй, крыху ўжо пазнала. I завязка таго, што людзi называюць каханьнем.

Намагалася прадставiць Алеся ў найбольш нэгатыўным сьвятле, уявiць яго чалавекам на Капшуноў узор. Пасьля гутаркi з Грышам трымалася ў адносiнах да Алеся больш асьцярожна. Лёгка было страцiць раўнавагу, апынуцца ў мутацыях нявырашанага нутранога канфлiкту. Колькi тут было няведамых? Духовы фэрмэнт нарастаў. Канфлiкт мог выбухнуць зь небясьпечнай сiлай, разбурыць веру й догмы, якiя былi апорай дагэтуль.

Вера ўпэўнiлася, што Алесь ёй шчыра цiкавiўся, магчыма што ў адносiнах да яе кiраваўся адно пачуцьцём. Дзяўчына-ж асiрацела ў веку васьмi гадоў i ў дзяцiнстве не спазнала ад нiкога матчынай ласкi. Пазьней да яе, ужо ўзрослай, цi раз заляцалiся розныя дзяцюкi. Але нiводнага сур'ёзнага не пазнала. Некаторыя цiкавiлiся адно сэксам. Аднойчы была моцна пакрыўджанай, iншы раз рашчараванай. Да часу знаёмства з Алесем, мiма ўсяго пройдзенага, зьберагла, ёй здавалася, у сябе ўсё найлепшае. Гатовая была пайсьцi насустрач запраўднаму, гатоваму расьцi з двух бакоў, каханьню.

Цяжка было яе зьвесьцi з тропу нейкiм маскарадам. Алесь захапляўся ейным прывабным выглядам, цi раз пра гэта адкрыта гаварыў. Быў памяркоўным, зычлiвым, дабрадушным, шмат разоў памагаў ёй на працы ў краме, нiколi не надужываў сваёй пазыцыi боса. Дрымучыя дзявочыя пачуцьцi прачыналiся. Кантраляваныя раней, яны цяпер жадалi поўнi, росквiту, плёну. I цi яе вiна, што гэтта зьявiўся Капшун, якi сказаў наступнае: перад табой фашыстоўскi крымiналiст, забойца нявiнных, выкiдыш грамадзтва. Iдзi, нават пусьцiся зь iм, злавi падманi за ўсякую цану. Празь яго мы закрыем раты iншым бебурнацам, фашыстоўскiм махрыстым злачынцам, або зьлiквiдуем iх.

Заданьне нялёгкае. Ды выканаць яго такой дзяўчыне, як яна – плюнуць, калi-б яно не закранала тваiх людзкiх пачуцьцяў, каб можна было гэта неяк мэханiчна. Хаця-нехаця, тут лёгка ад яго не адкараскаешся. Пастанавiла, падумаўшы-перадумаўшы пра "людзей з клюбу", ацанiўшы сытуацыю "на халодную галаву", дзеяць паволi. А сумлевы вярталiся. Зноў-жа вярталiся старыя пытаньнi... А можа яно так, а можа лепш гэтак...

Падсумаваўшы выказваньнi Капшуна, гэты дзяцюк павiнен быць надта-ж спрытным i кемлiвым чалавекам, праўдападобна не адны зубы зьеў у мастацтве iнтрыгi, махлярства. Магчыма меў набiтую руку ў забойствах. Памяркуем, што ён цяпер зь вядомых прычынаў маскаваўся. Дык што крылася пад маскай? Адкуль ён зьявiўся, што рабiў падчас апошняй вайны. Кардынальныя пытаньнi...

16

Гэтых вялiкiх матылёў зь вясёлкай хварбаў называлi тут манархамi. I запраўды цi адзiн манарх мог-бы iм такiх колераў пазайздросьцiць. Некаторыя мясцовыя i суседнiя навукоўцы ўжо ганялiся за гэтымi прыгажунамi, каб адказаць на пытаньне: дзе яны зiмуюць. Расьцьвiла адна тэорыя, што яны адсюль, з сакавiтай прыроды Канады адлятаюць зiмаваць аж у Мэксыка. А тымчасам яны вось тут – вялiзная колькасьць – пырхаюць у квеценi ля поўнай рэчкi Крэдыт, што паволi пхне цяпер свае воды ў глыбокiм яры ў недалёкае возера. А за матылямi, сама быццам матылёк, ганяецца Вера. Усьцешанаму такiм пагодным днём Алесю прыгадалася пачутае ў сьвятынi: "усякае дыханьне славiць Госпада". Так яно. Птушыныя песьнi, расьцiннасьць, сонца... Пацеха, маладосьць... Не хапае салавейкi, бусла й жаваранка... Калi-ж iдзе пра тое "дыханьне", дык тут няма атрутных бензiнных гарадзкiх выхлапаў. Сонца, зелень, роскаш. Вера, пабачыўшы птушку робiна, цiкава раскажа пра яе. Яна ў гэтай краiне роджаная, любiць прыроду.

Дзяўчына перастала ганяцца за матылямi. Iшлi, задуманыя, насычвалiся адчуваньнем блiзкасьцi, гаварылi зрокам. I iхныя думкi былi, пэўне-ж, больш будзённымi, чымся тыя, што "славiлi Госпада".

– Алесь, ты ведаеш, мы ўжо даўно разам працуем i бачымся, але ты мала расказаў пра сябе: як ты жыў, дзе быў. Можаш расказаць?

– Гэй! – зьдзiвiўся Алесь. – Я ня ведаў, што ты так добра гаворыш пабеларуску. Адкуль то раптам узялося?

Яны спынiлiся. Алесь доўга i ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы. Дагэтуль гаварылi пераважна паангельску, адно рэдка калi ў мову дзяўчыны прарывалася расейскае цi беларускае слова.

– Я, знаеш, мала гаварыла, але цяпер нямношка падвучылася.

– А навошта табе гэта? Цi ты нямношка падвучылася, каб са мной пабеларуску гаварыць, цi што?

– Можа так, а можа й ня так. Хачу пазнаць твой край, чытаць беларускую лiтаратуру, спаткаць землякоў тваiх.

– Мне вельмi прыемна такое з тваiх вуснаў пачуць. Калi магу як памагчы табе вучыцца, то калi ласка...

– Можаш, мой даражэнькi, – раптам згадзiлася Вера.

"Даражэнькi"... Дагэтуль дзяўчына нiколi не назвала яго гэтым ласкальным словам. Алесь задумаўся, цi Вера цяпер думала паангельску i ўжывала беларушчыну, цi як. Iдзе, прыкладна, пра ўжываньне таго-ж слова "дарагi". У канадыйскай цi амэрыканскай бiзнэсавай дый i ў iншай карэспандэнцыi, там, дзе ў беларускай мове ўжываецца слова "шаноўны" цi "паважаны", на гэтым кантынэньце ды i ў самой Ангельшчыне скрозь ужываецца слова "дарагi". Чалавек вам зусiм незнаёмы, вы да яго пiшаце лiст у нейкай справе першы раз, усёроўна пачынаеце: "Дарагi мiстар Смiт", так i гэтак... У нашай мове гэткi зварот здаўся-б надта дзiўным. Адгэтуль у ангельскай мове слова "дарагi" набыло крыху iншы нюанс цi сфэру ўжываньня, чымся ў нашай.

Прыселi на беразе рэчкi.

– Ты вельмi амбiтная дзяўчына, – пахвалiў Веру Якiмовiч.

– Як добра чуць гэта ад майго боса. Можа дасi мне лепшую работу? жартавала Вера. Яна ўзяла гатовы кiй, што знайшла побач, варушыла iм у вадзе. Паднялася каламуць. Дзяўчына прыглядалася страказе, што быццам верталёт, затрымалася над купiнай.

– Зусiм не жартую. Беларускую мову вучылася! Цiкава, якiя там яшчэ ў цябе неспадзеўкi.

– Ты не адказаў на маё пытаньне.

– Гэта якое пытаньне? Ага, памятаю. Ты хочаш даведацца пра мяне?

– Так.

– Чаму?

– Таму, што хачу лепей цябе пазнаць.

Алесь маўчаў. Ейная парфума... Якая гэта? Цi ня бэзавая? Ледзь стрымлiваўся, каб ня ўзяць дзяўчыну ў абдымкi, абцалаваць яе...

– Адкуль мне пачынаць? – спытаўся.

– З самага нiзу.

Алесь усьмiхнуўся, уважна прыгледзеўся рамонку-спакусе, жартаўлiва пачаў апавядаць.

– Ну добра... Расказвалi мне, што нарадзiўся я ў старэнькай струхлелай хаце над ранiцу, пасьля трэцiх пеўняў...

– Што гэта струхлелая? Што гэта трэцiх пеўняў? – адразу перапынiла яго дзяўчына.

– Струхлелая, гэта значыць спарахнелая, цi – паангельску – rotten, а пеўнi то roosters, яны сьпяваюць трэцi раз над ранiцу.

– Разумею.

– Расказваюць, што на сьвет памаглi мне зьявiцца дзьве вясковыя бабкi, каторыя мяне спавiвалi. Тут во жанчыны родзяць дзяцей у шпiталях, а там, удома iнакш... Далей апавядаюць, што я заявiў аб сваiм зьяўленьнi на гэты божы сьвет добрым i галасьлiвым кугiканьнем цi кугаканьнем, так, як належыцца ўсiм ад часоў Адама i Евы, а, – калi ты пакланяешся Дарвiну, – ад пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-прамалпаў...

Дзяўчына ўсьмiхалася i ўважна слухала.

– Калi, значыцца, я голасна заявiў пра сваё зьяўленьне на гэты сьвет божы, тады аглядалi мяне з усiх бакоў, охалi i ахалi з захапленьня, а адна бабка ўзяла верацяно, ды, – каб я круты й паваротлiвы быў, – адрэзала на верацяне мой пуп.

– А што гэта верацяно?

– Spindle. Ведаеш такое нешта?

– Ага. Ну й што далей сталася?

– З таго, што мне ўдалося даведацца пра маё на гэты божы сьвет прыбыцьцё, дык тут галоўнае адно. Паколькi я з самага нiзкага, так сказаць, мужыцкага цi сялянскага роду, дык там ня было прысутных нiякiх пiсараў афiцыйных нi прыватных, а таму й ня было каму запiсаць для гiсторыi нашага народу цi маiх насьледнiкаў такiя важныя дэталi, як маю вагу, колер вачэй, стан здароўя мой i маткi маёй, камэнтары й гамонку вяскоўцаў i так далей, i да гэтага падобнае...

Вера хiхiкала, але Алесь зусiм ня трацiў сур'ёзнасьцi.

– Гэта генiяльна! – жартавала дзяўчына.

– Цяпер-жа, паколькi мы выясьнiлi ўжо калi i як я нарадзiўся, дык трэба можа не забывацца якога я племя. Вось-жа з добрых крынiцаў, гэта значыць з аўтарытэтных вуснаў я чуў, што належу да вялiкай масы людзей, пра якiх Лiнкольн, здаецца, некалi сказаў, што Бог павiнен гэтых людзей моцна любiць калi стварыў iх так многа...

– Ага, надзвычайна! – усьмiхалася Вера.

– Iншая справа, – вельмi сур'ёзным тонам прадаўжаў Якiмовiч, – што вусаты маршалак з Варшавы i ягоныя паны, пад уладай каторых я нарадзiўся, зусiм не згаджалiся з апiнiяй Лiнкальна адносна нас, добрых людзей, якiх найбольш натварыў Бог на сьвеце. Той вусаты i ўжо трухлявы марашалак ды ягоныя паны казалi, што мы ўсе – хамы, што нашая мова – хамская, што мы мусiм цэлы час на паноў працаваць, як некалi амэрыканскiя Негры на сваiх уладальнiкаў...

– А што гэта такое хамы?

– Паводле бiблii, у Ноя быў сын Хам, якога бацька пракляў за непашану яго. Палякi хамамi называюць прымiтыўных, нявучаных людзей, паангельску назваць iх можна dopes...

– Ага, ну далей! – спанукала Вера.

– Дык Палякi нас старалiся да працы ў паноў за мiзэрную плату запрэгчы. Яны, – значыцца гэтыя самыя Палякi, – думалi, што яны ёсьць найразумнейшым народам на сьвеце, а таму гэтыя нiкчэмныя людзi казалi, што яны маюць права гуляць i жыць за нашыя мазалi... Кумекаеш?

– Яны вас эксплёатавалi?

– Во, во, але. Яшчэ як эксплёатавалi! Цяжка было, але неяк трывалi, бо дзе дзенешся... Ды сталася яшчэ горш, калi Гiтлераў саюзьнiк Сталiн задумаў нас вызвалiць, цi, як нам казалi, падаць нам "братнюю руку". Гэта здарылася сямнаццатага верасьня ў трыццаць дзявятым. Перад тым Сталiн i Гiтлер зрабiлi саюз, умову такую як гэта падзялiць цi паглынуць усiх тых меншых, што ў iх пад бокам жылi, у тым лiку й нас. I вось Сталiн, калi праглынуў нас, дык адных гнаў у калхозы, а другiх, каторыя не хацелi туды, вывозiў у Сiбiр у канцлагеры, дзе марыў iх працай i голадам. Так дзясяткi мiльёнаў людзей нячысьцiк вымардаваў.

У нас дык ён выдумаў так званых кулакоў. Так назваў тых, каторыя былi лепшыя i працавiтыя гаспадары на сваёй зямлi. Былi гэта бедныя сяляне, бо багатымi ў нас толькi польскiя паны маглi быць... Вось-жа калi ты меў нейкi кавалак зямлi, пару коней, пару кароў, хацеў сам гаспадарыць i ўпiраўся, як цябе ў калгасны прыгон гналi, дык ты быў ужо кулак i падлягаў лiквiдацыi.

Мой бацька меў сем гактараў зямлi, дзьве каровы, аднаго каня, сьвiньней пару ды авечак, некалькi курэй i гусей. Бацька быў надзвычайна працавiты, а матка шыла, дык бяз хлеба не сядзелi. Бальшавiкi налажылi аграмадныя падаткi, што нельга iх нiяк было выплацiць, а тады пачалi гнаць усiх у калгасы. Бацька супрацiўляўся, не хацеў, праклiнаў iхны новы лад. Яго ноччу, беднага, забралi. Матка хадзiла да iх днямi i тыднямi, вочы выплакала. Прапаў чалавек. Напэўна ў Сiбiры недзе, гаротнiка, замардавалi...

– Твой бацька быў контррэвалюцыянерам? – сур'ёзна спыталася Вера.

– Што гэта за пытаньне? Дзе ты здабыла сваю палiтычную адукацыю?

Вера ледзь ня прыкусiла язык.

– А што дзiўнага я сказала?

– Нiчога такога дзiўнага, толькi што я чамусьцi не спадзяваўся пачуць гэтага слова з тваiх вуснаў... Яно заўсёды было зброяй савецкiх палiтрукоў i чэкiстаў... Чула ты пра iх? Мой бацька быў чэсным, у Бога веруючым, працавiтым i сумленным чалавекам. Яго забралi i напэўна замардавалi таму, што ня бег у калгас, а калгасы – гэта прыгон, няволя, ярмо! Разумееш?

Маўчаньне. Алесь у гэны час жадаў-бы зьмянiць тэму, расказваць казкi пра каханьне, прыгажосьць... Гэтаму спрыяў птушыным шматгалосьсем насычаны i сонцам ды квеценем напоўнены дзень. А найбольшай аздобай усяго была яна, тая, што побач яго. I чаму зь ейных прынадных вуснаў зьляцела тое зацяганае ў "iмпэрыi зла" бальшавiцкiмi забойцамi слова? Яно ня мела права ўварвацца гэтта дысанансам у iхную iдылiю!

– А што ты рабiў у вайну?

Сур'ёзны зусiм голас з тых самых вуснаў, што нядаўна адным словам мiр, супакой i прыгожы настрой змарнавалi. Гэтым разам Алесь, – як быццам-бы яго пчалiнае джала пеканула, – не ўглядаўся ў асмужаныя прамянiстыя вочы, каб там адказу пашукаць. Не. Цi-ж яна ня ведае, што такiм пытаньнем цэлы дзень руйнуе? I навошта? Нахлынула злосьць. Якраз адпаведны зарад злосьцi, каб зьявiўся на помач Якiмовiч-цынiк, цi, – калi хочаце, – зьдзеклiвы, немiласэрны, зусiм няштодзённы i тысячамi хваляў апошняе вайны кiданы й крыўджаны юнак. Ён скоса зiрнуў на Веру. Яна ня сустрэла ягоных вачэй, бо сканцэнтравалася на кiйку, што мяшаў на беразе ракi каламуць. Быццам тое пытаньне, што пчалiным джалам пеканула Алесева сэрца, было вось такое сабе звычайнае, няважнае, абы якое...

– У вайну? Чакай, трэба прыгадаць, як гэта было, – iранiчна-зласьлiва ўсьмiхнуўся Алесь. – Значыцца, калi гэты Сталiнаў саюзьнiк, генiяльны фюрэр з Бэрлiну – Адольф Гiтлер, – узяўся вызваляць усю рэшту сьвету ад Жыдоў i бальшавiкоў ды розных там плютакратаў ды калi ён пачаў будаваць так званую новую Эўропу, я адразу скумекаў важнасьць таго, што ён робiць. На ўсходзе ад самога таго райху Гiтлер вызначыў для сябе "лебэнсраўм" – жыцьцёвы прастор для сваiх арыйцаў з блакiтнымi вачмi i блёнд валосамi, значыцца для "гэрэнфольку" Немцаў. А ў нас, як усiм вядома, нiколi ня было добрых гаспадароў i парадку, бо ня мелi кампэтэнтных людзей у эканомiцы й палiтыцы. Калi я скумекаў, што тут зьявiўся генiяльны правадыр, каторы зробiць iдэальны парадак i пабудуе свой райх на тысячу, а можа й дзьве тысячы гадоў, я тады закасаў рукавы i пабег памагаць Гiтлеру будаваць той райх. Разумееш?

Перш мы, – гэта значыць я i Гiтлер, – мусiлi вырашыць праблему перанасяленьня. Замнога людзей было. Вырашэньне тае праблемы патрабавала радыкальных мераў. Таму я ахвотнiкам кiнуўся на службу, як тады называлi, лiквiдатара гэных лiшкаў насельнiцтва, каторае Гiтлеру замiнала тысячагадовы ягоны райх будаваць. Работа, трэба прызнацца, ня была чыстая, але затое якая нажыва, – золата, брылянты, багацьце, – усяго хапала! Ну й зажылi мы, загулялi! А Гiтлер мяне яшчэ рознымi заслужанымi ўзнагародамi надзялiў, усялякiмi там кройцамi з гакамi i бяз гакаў мой эсэсаўскi мундзiр удэкараваў! Эх, якая слаўная была тады для мяне жытуха настала. I каб ня гэтая нечысьць жыда-бальшавiкi, то я зь Гiтлерам...

– Алесь, я ня думала, што ты жартаваць з гэтага будзеш.

Рука зь кiйком перастала мяшаць каламуць у рэчцы, а прамянiстыя вочы, з дакорам, глядзелi на яго.

– Мне прыкра, даражэнькая мая, але я ня лiчыў патрэбным перад табой спавядацца.

– Ня хочаш сур'ёзна расказаць аб тым, што вайною рабiў?

– Ды не, чаму-ж... Магу. Але чаму нельга пажартаваць?

Ён узяў дзяўчыну за падбарадок, прыгарнуў да сябе, зiрнуў у ейныя вочы.

– Паглядзi, што за iдылiя. Цэлы сьвет усьмiхаецца, цi, як у царкве я сяньня чуў, "усякае дыханьне славiць Госпада"! Нашто пра вайну й сьмерць гаварыць? Як той паэт сказаў – жывому жыць, зьнiшчэньню сьмерць! Усьмiхайся, цаца мая мiлая! Поўнiся сваёй прыгажосьцю, красуйся!

Вера ўсьмiхнулася з натугай. Рашчаравалася. Першая спроба, каб з вуснаў дзяцюка пачуць пра ягонае цёмнае прошлае, не ўдалася. Трэба будзе падыйсьцi да яго зь iншага боку.

Калi ехалi ў горад, Алесь ня мог разгадаць, чаму дзяўчына нос павесiла. Магчыма, што трэба будзе знайсьцi да яе iншы падыход.

17

Антон Шпак цi раз намагаўся ўявiць сабе сытуацыю, у якой, ён быў перакананы, аднаго дня апынецца. Шпак – рэалiст, часты пэсымiст, жадаў застрахавацца ад удару, якi, хаця-нехаця, прынясе яму ягонае, – як часта жартаваў, – нулявое сацыяльнае становiшча ў гэтай чужой краiне. Пасьля такога бясцырымоннага звальненьня з працы ягонага сябры Эстонца, Шпак ведаў, што ягоны лёс на валаску вiсеў. Прычынаю былi частыя нямогласьцi, калi працаваць ня мог. Ён дзiвiўся, што да гэтага часу неяк утрымаўся.

Адылi, нягледзячы на такую псыхалягiчную застрахоўку перад магчымым ударам, усё-ж вытрымаць яго цяжка было. Дый здарылася тое лiха тады, калi пiсьменьнiк яго найменш спадзяваўся. За апошнi месяц не прапусьцiў нiводнага дня працы, хоць i адчуваўся фiзычна змораным. Аднае ранiцы, калi зьбiраўся дадому, наглядчык паклiкаў яго ў кантору.

– Мы пастанавiлi звольнiць вас з працы.

Цьвярды, няветлiвы голас. Укалоў, ашаламiў ураднiцкi тон. Чалавек, здавалася, думкаю i да гэтага быў падрыхтаваў сябе. Але праца, якая-бы яна нi была, гэта якар, на якiм трымалася ўся чалавечая годнасьць у змаганьнi зь лiхам у чужой краiне. Цяпер гэны якар паднялi i Антон Шпак апынуўся на шляху, якi бег у тупiк. Наперадзе – нумар на лiсьце беспрацоўных, адна маленькая бездапаможная фiгурка ў дзяржаўнай статыстыцы.

– Мне здаецца, што ня мушу вам казаць пра прычыны... – трашчэў сухi, калючы голас ураднiка. – Замнога няпрысутнасьцi. Мы ня можам апэраваць гатэлем бяз сталае абслугi.

– Навошта выясьняць... Усё й так зразумела. Мне прыкра...

– Няхай вам ня будзе прыкра за мяне, – адказаў ураднiк.

– Прабач, але навошта лiшняя гаворка? Каб мяне ўкалоць? – павысiў пiсьменьнiк свой голас. Наплывала злосьць. – Давай палагодзiць фармальнасьцi.

– Атрымаеш кнiгу страховачную i грошы як адчынецца канцылярыя.

Шпаку хапiла таго гатэлю. Палагодзiўшы свае справы, хаця змораны, пастанавiў iсьцi дахаты пехатою. Быў гэта раньнi ruch hour гадзiна-сьпешка. Вялiзная маса людзей, – хто на "сваiх дваiх", а найбольш аўтамабiлямi, – усё гэта ў iмклiвым руху; аўты запаўнялi свае стаянкi, энэргiяй новага дня гаманiлi фабрыкi, крамы, канторы. Магутная ў сваiм кiпучым пералiве артэрыя жыцьця, якой кiравалi правы iснаваньня i вызначаныя мэты. Натоўпы каля трамваяў, аўтабусаў i тралейбусаў, каля падземнае чыгункi, суцэльныя, амаль упрытык адзiн да аднаго, вужы аўтамашынаў. Усё гэта нармальнае i рацыянальнае для ўсiх, апроч аднаго, капрызным лёсам зьняможанага i зноў на рынак беспрацоўных выкiнутага чалавека.

Шматлюднасьць падчас гадзiны-сьпешкi цяпер паўстала перад вачмi Антона Шпака бяздушнай машынай. Яна ноччу спынялася, яе складныя часьцi рассыпалiся на свае вызначаныя месцы, адпачывалi. Цяпер-жа тыя часьцi зноў займалi раней вызначаныя месцы й машына пачынала гул працы й прагрэсу. А цi быў гэта прагрэс? Цi ня круцiлiся ўсе гэтыя людзi навокал бяз мэты? Цi ня была гэта пагоня за iлюзорнай зьявай?

Званы на ратушавай вежы адзначылi дзявятую. Людзям пачаўся працоўны дзень, а Антону Шпаку мiнуў яшчэ адзiн сэктар часу ў падарожжы ў нiкуды... Ён нядаўна выбыў з тае агульнае машыны, што выплюнула яго бязь нiякага шкадаваньня, бо быў-жа занадта слабым, каб далей несьцi адпаведны цяжар. Такiм чынам ён быў цяпер нiкiм i нiкуды ня йшоў. А цi запраўды быў ён нiчым, на шляху ў нiкуды?

Антона Шпака ведалi суродзiчы й чужынцы. Зь ягонымi словамi i iдэямi змагалiся супраць ненавiсных ворагаў. Для Беларусаў ён стаўся сымбалем непахiснае веры ў перамогу й вызваленьне бацькаўшчыны. А якая цана яму на гэтым баку акiяну, дзе адзiным сымбалем амэрыканскага сьвету, як здавалася яму цяпер, быў усемагутны даляр? Беларускiя грамадзкiя i рэлiгiйныя iнстытуцыi на эмiграцыi трымалiся на дабравольнай i ахвярнай працы ды грашовых складках сваiх сяброў. Камэрцыйных установаў новая эмiграцыя ў гэны час яшчэ была не стварыла. Малыя зарганiзаваныя групы не маглi ўтрымлiваць платнага пэрсаналу.

Мог-бы Антон Шпак працаваць у радыё "Вызваленьне" ў Мюнхэне, што рыхтавала й перадавала адмысловыя праграмы для сваiх слухачоў за "зялезнай заслонай". Вядома, што бальшавiкi гэныя радыёпраграмы глушылi як маглi. Зьмест радыёматар'ялаў iшоў празь сетку цэнзуры. Будзь аўтаматам, тлумач чые-небудзь скрыпты, прытрымлiвайся iнструкцыяў пры аўтарстве сваiх тэкстаў, адным словам працуй пад цэнзурай.

Антон Шпак паставiў-бы Амэрыканцаў у шэраг зялёненькiх навабранцаў на фроньце праблемаў зьвязаных з паняволенымi чырвона-фашыстоўскай Маскоўшчынай народамi. Русiфiкацыя нерасейскiх моваў i звужэньне сфэраў iх ужываньня, нацыянальная культура на савецкi лад, цалкам падпарадкаваная цэнтру гаспадарка, немажлiвасьць абмену iнфармацыi i ведаў зь перадавым культурным i навуковым замежжам, нутраныя мэтады поўнае кантролi й рэпрэсii ўсiх паняволеных народаў у "iмпэрыi зла", камунiстычная партакратыя i камандна-бюракратычная сыстэма кiраваньня, Гулаг i генацыд паняволеных народаў – вось некаторыя з галоўных дзялянак "саветалёгii" куды адно пасьля вайны пачалi падарожнiчаць амэрыканскiя калюмбусы.

Амэрыканскiя навабранцы часта дыктавалi табе розныя мудрасьцi, звычайна зачэрпнутыя iмi раней з розных крынiцаў белых расейскiх адзiнанедзялiмцаў. Яны мелi нахабнасьць пераконваць людзей такога выдатнага прэстыжу як Антон Шпак, што яны ведаюць лепшыя шляхi змаганьня з камунiзмам... Наiўнасьць, дзе твае межы? Награмадзiлася маса праблемаў у супрацоўнiцтве з тымi зялёнымi амэрыканскiмi экспэртамi i спэцамi, якiя сваёй сьлепатой у расейскiх i савецкiх справах адпiхнулi ад супрацоўнiцтва шмат аўтарытэтных людзей, якiя паходзiлi з краiнаў паняволеных цяпер Масквою.

Славiстыка пры канадыйскiх унiвэрсытэтах ня мела праграмаў беларусаведы. Выкладаньне расейшчыны абсадзiлi Жыды. Галоўнае, што аставалася для Антона Шпака – творчая праца ў беларускай лiтаратуры i журналiстыка. Даходу адсюль амаль нiякага. Беларуская эмiграцыя, у вялiкай меры палоханая бальшавiцкiмi шантажамi й пагрозамi, усё-ж жыла, стварыла свае рэлiгiйныя, культурныя, навуковыя i грамадзкiя iнстытуцыi, сваю прэсу. Антон Шпак павiнен быў падтрымлiваць раськiданы прынамся на чатырох кантынэнтах беларускi эмiграцыйны арганiзм. А з чаго самому жыць? Быццам Богам пасланы Алесь Якiмовiч часта яму памагаў i Шпак ведаў, што на яго можна спадзявацца ў выпадку якой патрэбы. Хапiла адно Алесю затэлефанаваць. Праўда, – заўсёды дакучала Шпаку гэтая думка, – ён не хацеў сядзець цяжарам на чужых плячох. Балела ўсьведамленьне таго, што ня меў доступу да мiльёнаў беларускамоўных чытачоў, што ня мог на сваё пражыцьцё зарабляць сумленнай творчай працай.

Калi пасьля двухгадзiннай дарогi пiсьменьнiк вярнуўся дамоў, у сваёй паштовай скрынцы пры дзьвярох знайшоў туга напакаваны, вялiкiх разьмераў канвэрт. Мясцовы штэмгаль. Беспамылкова напiсаны ягоны адрас. Адрасу высланьнiка няма. Шпак доўга прыглядаўся канвэрту, выпiў шклянку сьцюдзёнай вады, сеў на канапу. Прыслалi яму газэтку "Голас радзiмы". Зь пярэдняй бачыны нахабна сур'ёзным тварам нейкi там "герой працы" абяцаў выканаць i перавыканаць чарговую норму ў iмя такога-то зьезду "роднай партыi". Антон Шпак нядаўна перабраўся сюды на гэтую новую кватэру. Завяртанская разьведка жыве й дбае пра аднаго Антона Шпака, ад сяньняшняга дня чалавека ў нулявой пазыцыi мiж грамадзтва гаргары Канады.

"Вяртайцеся, суайчыньнiкi, дамоў! Радзiма вас клiча!" – крычала другая бачына. Здымкi дарагiх кажнаму беларускаму выгнаньнiку гiстарычных месцаў i нацыянальных сьвятыняў. Зiрнуўшы на iх, нальецца сэрца болем па страчанай зямлi. Гэны-ж артыкул, што заклiкаў вярнуцца на "ўлоньне дарагой радзiмы" падпiсала група ведамых людзей. Шпак знаў некаторых зь iх. Цi iх раiлiся як зьвяртацца да "суайчыньнi каў", цi яны далi згоду, каб ужывалi iхныя прозьвiшчы пад заклiкам? Зь некаторымi зь iх Шпак сустракаўся "за кратамi". Цяпер, як выглядае, яны, пэўне-ж не сваёй воляй, сталiся шчупальцамi ўдушлiвага бальшавiцкага актопуса. Не, гэта ня быў iхны голас. Зямля бацькоў дрыжэла ў цяжкiх пакутах, а "чужак-дзiкун" намагаўся загнаць у Гулаг тых сыноў i дачок забранае зямлi, каторыя за мяжой старалiся клiкаць усiх на помач паняволенаму народу. Некаторыя Шпакавы сябры сталiся прыладамi маскоўскiх злачынцаў, прынадай. Шпак перажыў некалi цяжкiя часы й нiколi не заламаўся духам. Дык няхай клiчуць. Ведама чый гэта голас.

Шпак затэлефанаваў у Трыфты Тонi, папрасiў сакратарку, каб перадала Алесю Якiмовiчу просьбу адведаць яго вечарам. Пасьля гэтага пiсьменьнiк памыўся ў ваньне пад дожджыкам i лёг спаць. Сон прыйшоў раптоўна, але мучыў нейкiмi трывожнымi прывiдамi. Разбудзiў яго стук у дзьверы. Зьявiўся Алесь. Было каля шостай гадзiны вечарам.

– Што ў вас новага? – спытаўся Алесь пасьля таго, як Шпак памыў твар сьцюдзёнай вадой, зашпiлiў кашулю. Галава яго была цяжкая, твар выглядаў змучаным.

– Я вольны, як птушка, – адказаў Шпак.

– Звольнiлi?

– Так.

– Не магу сказаць, што гэта неспадзеўка.

– Не, зразумела, што не.

Трывала доўгае маўчаньне.

– Цi ня мог-бы ты паглядзець, каб знайсьцi для мяне якi занятак у гэтай тваёй краме? – ня так спытаўся ў Алеся, як разважаў быццам сам з сабою пiсьменьнiк.

– У нас, як ведаеце, тэмпо-тэмпо, дай Божа! Вечная пагоня з найбольшым разгонам, – паволi, з нацiскам на кажным слове, гаварыў Алесь. – Вам трэба нешта больш лёгкае i абавязкава не такое, як у нас, тэмпо. Выглядае, няма патрэбы пытацца зь якой прычыны вас звольнiлi?

– Няма, апроч...

– Апроч чаго?

– Ня ведаю, цi мае гэта нейкае значэньне... Мяне зьдзiвiў час майго звальненьня. За апошнi месяц я не прапусьцiў нiводнага дня. Пасьля таго, як яны звольнiлi Эстонца, я стараўся, разумееш... i не спадзяваўся якраз цяпер...

– Вы мяркуеце, што тут, як Немцы кажуць, недзе ein Hund begraben?

– Можаш сам угадваць.

Зноў маўчалi. Алесь ня мог назваць пiсьменьнiку запраўднае прычыны, чаму ён ня зможа ўладзiць яго на працу ў Зэпмана. Шпак быў слабы, фiзычна нямоглы. Калi-б яго наняць, а пасьля зь нейкай прычыны звольнiць, чалавек мог-бы мець удар сэрца. Шпак зачасаў свае срэбраныя валосы, выцягнуў палавiну цыгарэты з пачкi Плеерс.

– Закурыце маю, – прапанаваў Алесь.

– Дзякую.

Шпак падыйшоў да полкi ў куце, каб пашукаць брытвачку ды перарэзаць цыгарэту.

– Навошта разразаць яе? Курыце цэлую.

– Прывычка, – адказаў пiсьменьнiк. Ён палажыў брытвачку на полку. Прыкурылi. Здавалася, што будзiльнiк на камодзе галасьней пачаў лiчыць час, як-бы прынагляючы мужчын прадаўжаць спыненую гутарку.

– Занятыя моцна ў краме?

– Ага, навал працы. Я думаў...

– Што думаў?

– Чаму вы не маглi-б зарабiць на сябе пiсанiнай?

– Як? – зацiкавiўся Шпак.

– Ёсьць такая лiтаратура, на якую тут заўсёды добры спрос. Яе называюць папулярнай, цi як там. Рынак на яе расьце, яна дае фiнансавы прыбытак.

Алесь змоўк, пасьля дадаў:

– Ня турбуйцеся пра мову, перакладчыка няцяжка знайсьцi.

– Якую гэта такую лiтаратуру ты маеш на думцы, Алесь? Сэкс i крымiнал?

– А чаму-б не?

Iзноў маўчаньне. Шпак устаў з канапы, уважна паглядзеў Алесю ў вочы i, пераканаўшыся, што Алесь разважаў усур'ёз, падыйшоў да вакна, зацягнуўся ўжо напалову скуранай цыгарэтай.

– Я запраўды не магу зрабiць табе анiякага закiду за такую прапанову, гаварыў пiсьменьнiк цiха, але тым асаблiвым голасам, якiм заўсёды выяўляў пачуцьцёвае напружаньне. – Магчыма мяркуеш, што ў маiх абставiнах можна i такiм спосабам на хлеб зарабляць. Мушу табе, браток, сказаць, што ня цямiш што для мяне азначаў-бы такi творчы паварот. Маю на думцы сваё духовае "я". Скажу табе адкрыта: некалi мне самому прыйшла такая iдэя ў галаву, але яе хутка адкiнуў. Падумаў, што мне небясьпечна нават абмяркоўваць такое нешта... Гэта праўда, што так званая тут папулярная лiтаратура не патрабуе вялiкай фантазii. Складнiкi яе даўно й шырока вядомыя, толькi бываюць розныя варыянты з рознымi дозамi накалу. Добра яшчэ мець у такiм стылi набiтую руку. Гэта няцяжка. Не магу сказаць, якi зь мяне мог-бы быць майстра, ня маючы практыкi ў такой пiсанiне. Мяне паралiжуе самая задума. Такая творчасьць была-бы для мяне ня менш як прастытуцыяй душы для грошай. Фу, што за iдэя!

– А чаму-б ня пiсаць пад псэўданiмам? – раiў далей Алесь.

– Справа ня ў тым, каб схавацца ад некага, але самога сябе не абдурыш.

Якiмовiч зразумеў. Шпак утрымаўся высокаякасным i вельмi цэнным пiсьменьнiкам перадусiм таму, што захаваў чалавечую годнасьць i чыстае сумленьне. Творчае лiтаратурнае мастацтва ставiў на высокi п'едэстал. Да тварцоў так званай вулiчнай, або папулярнай лiтаратуры адносiўся з пагардай. Шпакавы творы – пераважна сьвет цярпеньняў, высокай цноты, ахвярнасьцi. Запрыгоненыя iшлi ў бой за свабоду. Зь iншага боку – каламуць дэспатычнае крывадушнасьцi, распусты, махлярства, бязбожнiцтва, забойства з боку "сiльных сьвету гэтага". Суродзiчы бачылi ў асобе Шпака ня толькi выдатнага пiсьменьнiка, але вялiкага змагара за вызваленьне Беларусi зь няволi маскоўскай калянiяльнай iмпэрыi.

Хаця ў некаторых творах Шпак не абмiнаў эротыкi, але яна ня была самамэтай, а толькi пабочным элемэнтам высокага iдэалiзму. Гэта на цэлы Эвэрэст вышэй той "лiтаратуры", якая гэтта за акiянам масава тварылася для шырокага рынку.

Шпакавым творам цяжкая была дарога ў iншамоўныя рынкi перадусiм таму, што Беларусь была ў маскоўскай няволi, у захаднiм сьвеце мала хто ведаў пра яе наагул. Калi ў Аб'еднаных Нацыях сядзеў прадстаўнiк ад БССР, дык яго i прадстаўнiка савецкай Украiны лiчылi як-бы ўзнагародай у якасьцi двух галасоў у мiжнароднай арганiзацыi за тытанiчныя ахвяры Маскоўшчыны ў вайне з фашыстоўскай Гiтлеравай Нямеччынай. Пазыцыю маскоўскiх марыянетак – савецкай Беларусi цi Ўкраiны, – на мiжнароднай арэне можна было вызначыць найлепш той прыказкай: нi рыба, нi мяса! Нешта непаважнае гэта. Калi ворагi Беларусi на дыпляматычнай мiжнароднай арэне не маглi цяпер, пасьля другой сусьветьнай вайны, ужываць валуеўскага "не было, нет и не будет", дык усёроўна трымалiся думкi, што Беларусь ня была, ня ёсьць i ня будзе самастойнай дзяржавай.

– Так што ня будзем пра гэта гаварыць, – заключным тонам сказаў Алесь. – Ёсьць у мяне яшчэ адна iдэя. За пару дзён, магчыма, скажу вам пра яе.

– Праца?

– Магчыма нешта падобнае, хоць я няпэўны тут... Адзiн з маiх наглядчыкаў у краме мае брата, уласьнiка адпачынкавага рэсорту на поўначы. Гэта прыблiзна тры гадзiны язды адгэтуль аўтам. Як я быў у яго дык меў уражаньне, што яму патрэбныя рукi. Калi iм трэба чалавека, каторы-б даглядаў траву, абслужыў бензiнную помпу, нейкi там плот цi што направiў, адным словам вось такi падручны памочнiк...

–Гэта быў-бы здабытак, – адразу згадзiўся пiсьменьнiк. – Цi ёсьць там блiзка дзе рыбу лавiць?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю