355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 2)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц)

У гэны вечар трымала добрая пагода. Вялiкiх выпадкаў на экспрэсвэях ня было, усё-ж наглядчык руху, што апiсваў яго падчас перадаваньня тэлевiзыйных навiнаў, прыгадаў, што за сёлетнi год у горадзе па дарогах аўтамабiльны рух забiў дваццаць сем чалавек. Многа гэта цi мала? Вера ня ведала. Горад расьце, напружвае свае мускулы. Мясцамi тое ды гэна трашчыць, iрвецца, крышыцца, разьбiваецца, лопае. Хутка растучы гiгант мае свае зрывы, правалы. Спрычыняюцца да гэтага мясцовыя палiтыканы. Пры дзьвярох – маса эмiгрантаў з Эўропы, а там далей ужо чуваць вэрхал Азiятаў, Афрыканцаў i шматлiках астравоў Карыбii.

Назаўтра ранiцай пайшлi ў Трыфты Тонi. Пасьля гадзiны, што спатрэбiлася на фармальнасьцi, Вера Мак атрымала месца прадаўшчыцы.

5

У спакойных часох i нармальных абставiнах Алесь Якiмовiч нiякiм чынам не апынуўся-бы там, дзе цяпер знаходзiўся. Але-ж апошняя пара дзесяцiгодзьдзяў прынесла вялiзныя катастрофы. Алесь апынуўся ў Новым Сьвеце, у гэтай аграмадзiне i ў бальшынi незаселенай краiне, амаль у самым цэнтры, – як ён любiў жартаваць, – гармiдары вольнага рынку. У гэны дзень ранiцай Алесь выгадна сядзеў у так званым экзэкутыўным крэсьле бюра свайго боса (шэфа) Давiда Зэлмана. Выгаднае, абабiтае скурай крэсла, на шпянi, можна было седзячы павярнуць у якi хочаш бок. Алесь спрабаваў, як кажуць, паамэрыканску палажыць дзьве нагi на пiсьмовы стол. Некалi пасьля вайны бачыў ён як гэтак рабiў цi адзiн амэрыканскi жаўнер у нейкай пiўнушцы вызваленай Эўропы. Праўда, такi Амэрыканец абавязкова дымiў здаравеннай цыгарай, або чвякаў гумай-жвачкай з фiрмы Рыглея. У Зэлманавым бюро ў Алеся ня было цыгары, ён рэдка калi курыў, а Рыглеявых жвачак ня любiў. Алесь паставiў на належнае iм месца свае ногi ды паглыбiўся ў разважаньнi пра сваю сытуацыю. Ён адно пачаў падарожжа ўверх па экзэкутыўнай, цi, – калi хочаце, – начальнiцкай драбiне. Але-ж, калi згадаць адкуль ён прыйшоў, дык абавязкова за помач у тым падарожжы Богу трэба падзякаваць. Яшчэ як трэба!

Ззаду – суцэльны кашмар. Неяк, як гавораць, палюдзку жылi хлебаробамi. Зямлю любiлi. Яна шчодра адплачвала за добрую працу, за цьвёрды мазыль. Навалач пачалася ад часу як трэснула пад нямецкiмi ўдарамi "рэч паспалiтая", а "братнюю руку" падаў маскаль... На сьпiну працавiтага чалавека ўзьлез абiбок-гультай-паразiт. У iхнай вёсцы паўстаў калгас. Бацька стануў на дыбкi. Неяк уночы яго забралi. Быў працавiты, у Бога веруючы, сумленны, беларускi селянiн. Быў!.. ня ведаў-бы ў той час Алесь як пiсаць эпiтафiю на магiле таго, каторы быў... Няведама дзе была ягоная магiла, i цi не ляжалi ягоныя астанкi ў масавай...

Алесева ўвага затрымалася на пiльнасьцi цяперашнiх неадкладных спраў. Ягоныя вочы прабеглi па прыгожа абшаляваных сьценах пакою ды затрымалiся на бронзавай, залатым блескам зьзяючай ручцы дзьвярэй. З-за дзьвярэй даляталi прыглушаныя гукi гандлёвага вэрхалу. Алесява праца – вышукоўваць на шырокiм рынку найбольш выгадныя i ходныя тавары. Алесь Якiмовiч – купляньнiк кампанii Трыфты Тонi. На гэтай пазыцыi трэба было мець добрыя сувязi зь людзьмi, ведаць гандлёвую тэрыторыю ня толькi сваёй краiны, але й суседа-сланя з паўдня, ведаць якасьцi й цэны масы тавараў, значыцца быць неабыякiм пранырам. У рукi спажыўцоў кажны дзень Трыфты Тонi намагаўся даць выгадныя й даступныя па цэнах прадукты. Праца нялёгкая. Частыя падарожжы, агляд i ацэнка тавараў, закупы разьлiчаныя на вялiкi ход. Пакуль што Алесю спадарожнiчалi посьпехi, сам бос Давiд Зэлман прызнаваў ягоныя ўдалыя махiнацыi, сувязi i гешэфты.

Ды пры гэтым босавым экзэкутыўным стале, – Алесь ужо раней пераканаўся, – доўга крэсла на шпянi не пагрэеш. Якiмовiч мог амаль дакладна прадбачыць, што вось гэтта неўзабаве здарыцца. За дзьвярмi, абабiтымi чырвоным калiфарнiйскiм дрэвам, пачуюцца борздыя крокi, некалькi слоў мiж босам i сакратаркай, тады пакруцiцца ў дзьвярох вышлiфаваная да блеску золата ручка i перад iм зьявiцца сярэдняга росту хударлявая, лысагаловая постаць энэргiчнага й заўсёды непаседлiвага ўласьнiка кампанii Трыфты Тонi.

– Галё, мой бой, як маешся! – мэталiчны голас пры стрыманай усьмешцы прывiтае Алеся. Паздароўкаюцца рукамi. – Павязло?

Тут i ня будзе часу адказаць на тое "як маешся?", бо бос ужо хоча ведаць, цi павязло. "На якiм гэта верацяне яму баба-спавiтуха пуп абразала?" – думаў цi раз пра Зэлмана Алесь.

– Крыху, – пачне сваю справаздачу наўмысна сьцiпла Алесь. Можа здарыцца, што задаволены бос i ўласьнiк крамы пасяброўску з адабрэньнем дакранецца лёгкай рукой да Алесявага пляча, пасулiць свае заўвагi адносна гандлёвага гешэфту, магчыма нават, што спытае свайго купляньнiка пра iншыя асабiстыя ўражаньнi. Пасьля Алесь, голасна падсьвiстваючы сабе, пойдзе дамоў, каб адпачыць перад новым падарожжам у нейкую iншую гандлёвую джунглю.

Гэна ўсё, уяўленае Якiмовiчам, здарыцца зараз. Цяпер-жа Давiд недзе заняты. Як пчолка ў летняй квеценi пералятае з аднае кветкi на iншую, гэтак i бос, па дарозе ў сваю кантору, намагаецца зьбiраць плёны папярэдняга дасьветчаньня, бачыць розныя дробязi, трымаць усiх i ўсё на сваiм воку. Тымчасам Алесь мае час падарожнiчаць у згадках i меркаваньнях. Думкi ягоныя пабеглi да дзяўчыны, якую спасьцярог у куце жаночае вопраткi. Яна памагала старшай жанчыне выбраць нешта патрэбнае. Дзяўчына, вiдаць, адно пачала тут працу. Алесь ведаў бальшыню працаўнiкоў, асаблiва жанчын i дзевак. Як-нiяк, Алесь-дзяцюк наглядаў сабе нейкую ўяўленую прыгажуню на будучыню. Не, ён не сумляваўся, памяць меў добрую. Тры днi назад, калi выяжджаў на чарговы рэйд, гэтай лялькi тут на было. А ўчора бос быў недзе заняты, абяцалi што сяньня ранiцай абавязкова знойдзе для яго час. Алесь меў крыху часу папахадзiць па краме, заглянуць у некаторыя куткi, пагутарыць зь людзьмi, зачарпнуць апошнiх мясцовых навiнаў. I вось тады трапiла яму на вока новая дзяўчына.

Трэба было зрабiць разьведку. Хто-ж яна такая i адкуль узялася? Прывабна-прыгожая. Хараство сьцiпласьцi: поўныя вусны без памады, валосы роскаш. Грудзi... Стан... Там сярод радоў жаночага тавару цяжка было блiжэй прыгледзецца. Вочы... У iх, магчыма, разгадка, калi блiзка ў iх заглянуць. Трэба праверыць, пазнаёмiцца безадкладна.

Гэты кут крамы, дзе працавала тая гожая, якую ўбачыў Алесь учора, дзяўчына, трэба было трымаць на воку. Розныя найнавейшыя цудоўныя матар'ялы, прызначаныя для ласканьня жаночага цела, прыцягвалi, быццам магнiт, розных так званых "пэрвэртаў", такiх скажоных абэлтусаў мужчын, што мелi дзiўныя погляды на плоць i самi насiлi жаночую бялiзну. I Алесь, пасьля гутаркi з босам, пайшоў зноў, як казаў сам сабе, у разьведку. Прыглядаўся разьвешаным на стаяках сукенкам, пасьля спынiўся каля рознакаляровых лiфчыкаў, наўмысна сканцэнтраваўся на iх.

Дзяўчына падыйшла да Алеся.

– Магу служыць вам, спадару? – спыталася ў яго.

– Гм, здаецца мне...

Алесь захапiўся дзяцiннай нявiннасьцю на гэтым немаляваным рознымi пудрамi цi памадамi твары, ён прыглядаўся пары блакiтных прамянiстых вачэй, якiм цi льга было знайсьцi параўнаньне. Дзяўчына iз свайго боку добра трымала позiрк. На твары – ласкавая ўсьмешка, а ў вачох – пытальнiк. Ужо пасьля ў будучынi Алесь намагаўся прыгадаць цi ў гэну першую сустрэчу, вочы ў вочы, запалiлася iскра, якая пасьля разгарэлася неабдымным полымем.

– Ёсьць у мяне вялiкая праблема, якую я павiнен неадкладна вырашыць, гаварыў Якiмовiч. – Можа-б вы памаглi?

Ён ледзь-ледзь усьмiхнуўся.

– Калi гэта нейкiм чынам адносiцца да маёй працы, – адказала дзяўчына ўпэўненым i лагодным голасам.

– Якраз вашыя веды могуць быць мне памочнымi. Я маю знаёмую i хачу купiць ёй, як вось, – ён паказаў рукамi на грудзi, – называюцца гэтыя жаночыя, што на грудзi йдуць?

– Лiфчыкi?

– Ага, яны...

– Дык у чым тая вялiкая праблема?

Гэтта надыйшоў момант. Алесь цяпер надзвычайна ўважна аглядаў дзяўчыну, што стаяла ля яго амаль упрытык.

– Такая, ведаеце, паўстала ў мяне нязручнасьць. Ня ведаю ейнага разьмеру дый не выпадала пытацца. Спадзяюся, што вы можаце зразумець у якой шчапятлiвай сытуцыi я апынуўся...

– Разумею, – распрамянiўся дзявочы твар шчырай усьмешкай. – Значыцца так, якога яна росту?

– Ооо, я-бы сказаў... – Алесь аглядаў дзяўчыну ад чубка валасоў, затрымаўся на яе поўных грудзях, што напэўна выгадна чуюцца ў лiфчыку "крос май гарт" пад белай блюзкай. – Я-бы сказаў, прыблiзна вашага...

– У такiм выпадку вам патрэбны лiфчык майго разьмеру.

Прафэсiйны голас прадаўшчыцы. Алесю здалося, што лёгкi румянец каўзануў па ейным твары.

– Вы пэўныя? – спыталася ў яго дзяўчына, што прыглядалася лiфчыкам дзясятага разьмеру.

– Ну ведаеце, – завагаўся Алесь, – мусiць я гэтага самага, ня зусiм. Можа мне лепш спытацца ў яе сяброўкi... Тады я зноў да вас загляну.

– Калi ласка. Я заўсёды да вашых паслугаў.

На ейным твары зьявiлася ўсьмешка, якая, здалося, гаварыла: каго-ж ты, дзiвак, зводзiш? Пасьля Алесь прыгадваў i ацэньваў тое першае пра дзяўчыну ўражаньне. Бяз сумлеву, яна належала да тых, якiх усе хлопцы трымалi-б у абдымках так, як добрыя бацькi сваiх перадшкольных гадоў дачушак. Дзяцiнны й сьвежы выгляд. Дадай да гэтага бадзёрасьць. Мясцовыя спартовыя "балельнiкi" такiх вось ахвотна рознымi спартовымi прыгажунямi (мiсамi) выбiраюць.

Алесь трымаўся старое мудрасьцi, што недахопу прыгажосьцi штучнымi сродкамi не лiквiдуеш. Адно можна добра замаскавацца для падману чужога вока. I мiж касмэтыкай размаляваных масак, што нахабна дэманстравалi сваю штучную красу, проста захапляешся й славiш Богам створаную дасканаласьць, якая не на павадку разрэклямаваных гiганцкiмi касмэтычнымi фiрмамi тавараў. Алесю здавалася, што гэтая дзяўчына зьявiлася нямаведама адкуль, каб быццам падкрэсьлiць кантраст мiж штучным i прыродным. Трыфты Тонi быў перапоўнены i маскамi-тварамi, i штучнымi грудзьмi, i...

– Хочаш паглядзець як запраўды яна выглядае? Зацягнi ў ванну, адмый усе тыя памады-шмiнкi ды розныя мудрыя пудры! – жартавалi дзяцюкi.

Давiд Зэлман быў гэнай ранiцай усхваляваны. Толькi што скончыў доўгую гутарку з рыл-эстэйт агентам (рыл-эстэйт займаецца тут гандлем дамоў i зямлi), якi таргаваўся з суседзямi. Трыфты Тонi патрабаваў новае тэрыторыi i будынкаў для экспаньсii. Звыш дванаццацi суседнiх дамоў ляжала на дарозе. Прасiлi больш паўмiльёна даляраў, – паводле Зэлмана, астранамiчную суму, – i анi-нi ня спускалi. Пранюхалi ды й ведалi, што Зэлману няма выхаду, паскача, палаецца, а грошы знойдзе.

Купiўшы суседнiя будынкi, Зэлман плянаваў iх разбурыць ды на прасторы вялiкага кавалка зямлi пабудаваць шасьцi цi васьмiпавярховы будынак для свайго гандлёвага росту. Давiд ня мог пагадзiцца з тым, што ўласьнiкi прасiлi амаль удвая вышэйшую цану чымся была ў гэтым раёне гораду. I якi выхад? Усе казыры трымалi ў сваiх руках суседзi. Сама горш, што яны могуць запаволiць экспаньсiю Трыфты Тонi. Зэлман круцiўся як чарвяк на рыбным кручку.

– Што за людзi! Яны скуру зь мяне хочуць садраць! Так, скуру садраць хочуць! – хваляваўся, тупаючы па канторы Зэлман. – Ты толькi падумай: за дваццаць футаў шырынi фронту яны просяць па трыццаць тысяч даляраў. Гэта-ж немагчыма, мой бой! Я ведаю, што гэткая маёмасьць на сяньняшнiм рынку не каштуе й паловы гэтага. Поўнае абдзёрства з боку гэтых ненажэрна прагавiтых, вось яно што!

– Цi агент наш добра iх пацiснуў?

– Няўжо-ж! Веру яму. Але што ты зробiш з гэтымi ўпартымi асламi?!

– Боль росту...

Крыху памаўчалi.

– Сяньня пра тваё падарожжа гаварыць ня будзем. Неўзабаве мушу некага пабачыць, – казаў Давiд Алесю. – Заўтра ранiцай прыходзь на гадзiну дзявятую на сустрэчу экзэкутывы. Мяркую, што цябе пакуль што варта затрымаць каля дому, каб ты мне памог, пакуль я заняты з гэтымi пацукамi.

Пацукамi Зэлман называў суседзяў, што зь яго "скуру хочуць садраць". Алесь Якiмовiч думаў пра тое, што ўласьнiк крамы сказаў. Як заўсёды ў Зэлмана, усё пыхкала наперад экспрэсам, а часта важнае зьлятала зь ягонага языка незаўважна, мiмаходам. Такое разявяка можа лёгка празяваць. Алесь зразумеў адразу.

– Вы што, павышэньне мне даеце? – спытаўся ў боса.

– Але, вiншую! – падаў Давiд Алесю руку.

– Дзякую, бос, дзякую! – усьцешыўся Алесь.

– Будзеш мець многа нагодаў, каб выказаць мне сваю ўдзячнасьць, тлумачыў Зэлман. – Мусiш узяць у рукi пэўныя пазыцыi, некаторыя матар'ялы ня йдуць так, як павiнны... Вось яно тымчасам. Згода?

– Пастараюся як найлепш, – абяцяў Алесь.

– Ня маю сумлеву, што будзеш намагацца. Цяпер можаш iсьцi дамоў i адпачыць. Заўтра пабачымся.

Пакiдаючы краму, Алесь прыгадаў, што добра было-бы даведацца ў сакратаркi пра тую новую дзяўчыну. Ды няхай яна пачакае. Трэба насамперш паразважаць, супакоiцца, памеркаваць пра тую новую пазыцыю, якую заўтра мае заняць.

6

Алесь жыў у паўночным прадмесьцi. У тым дзесяцiпаверхавым будынку жылi пераважна людзi зь сярэдняе вышынi заработкамi. Арэнда тут высокая. Алесяў апартамэнт меў добра ўмэбляваную сьвятлiцу, спальню, кухню й ванну з прыбiральняй. Дзьверы са сьвятлiцы выходзiлi на балькон чацьвёртага паверху. Адсюль раскрывалася велiчная панарама гораду, што цяпер рос як на дражджох.

Летнi дзень, з дробнымi хмаркамi ў вышынi, лёгкiм ветрыкам i тэмпэратурай каля сямiдзесяцi Фарэнгайта спанукаў Алеся на балькон. У кухнi нарыхтаваў сабе сёе-тое, каб "замарыць чарвяка": вiскi, ваду, лёд, алiўкi, копчаныя устрыцы, пару кавалкаў жытняга хлеба й кiслы агурок. На бальконе паставiў паднос з гэтым дабром на пераносным столiку побач крэсла-гойдаўкi. Любiў гэтае крэсла. Як хораша з кнiжкай у руцэ адпачываць цi думаць, гойдаючыся ў iм, калi намагаешся апынуцца ў iншым сьвеце чымся той, што бяз стомы наступае на цябе з усiх бакоў.

З гэтага балькону можна было назiраць хуткi рух на тэй супэрэкспрэсвэй – вялiзнай дарозе, што перасякала горад. Вочы вандруюць далей на поўдзень да вялiкага прастору цяпер шэра-сiняга возера. Там групы ветразьных лодак, магчыма ў нейкiх спартовых гонках. Налева крыху – цэнтар гораду, горб найвышэйшых будынкаў расьце ўверх i ўшыр. Зь вялiзнага лётнiшча на захадзе чуваць гул.

Якiмовiч ня думаў пра тое, што бачыў з выгаднага крэсла-гойдаўкi. Выпiў паўшклянкi вiскi зь лёдам, закусiў устрыцай з агурком i хлебам. Сяньняшнiя падзеi змусiлi яго зiрнуць у мiнулае – адкуль i як пачаў тут, у гэтым горадзе, – ды падумаць i пра будучыню.

Гады цi ня тры назад пачаў працаваць у Трыфты Тонi. Прыгадваецца душны лiпеньскi дзень. Падбiты, змучаны, смага ў горле, душнае-парнае, характэрнае ў раёне вялiкiх вазёраў Амэрыкi, – надвор'е. Зьнямога. Карцiць прылегчы дзесьцi ў цяньку пад дрэвам у парку. Спакуса! Лепш прэч, вон яе! Там бамы. Гэта мясцовыя гультаi-абiбокi, што мала чым, апроч пошукаў бутэлькi вiна й якога гат-дога, цiкавiлiся. А гэтта побач iх зладзеi, прастытуткi, наркаманы. Не, Алесю туды нельга. Ён верыць, што нейкую працу сабе абавязкова знойдзе. Ходзiць гэтак па горадзе ўжо ня першы дзень, у шматлiкiя дзьверы стукае. Бегае па многiх адрасох, што з абвестак у газэтах. Дарэмна. Ломаная ангельская мова, нiякай канкрэтнай прафэсii. Што ты хочаш у вялiкiм чужым горадзе?! Гэта ўсё пасьля таго, як адгакаў год кантракту ў пушчы на поўначы. Цяпер-жа – падбiтыя ногi, зьнямога духовая i фiзычная. Трэба шукаць сваiх. Недзе-ж яны тут ёсьць. Але тымчасам... што гэта вось тут на рагу? Гляньце, людцы мiлыя! Дзiвосы нейкiя. Падыйдзем, прыгледзiмся.

Разiнуўшы ад зьдзiўленьня рот, стаяў перад рэклямай, падобнай якой i ў гэтым горадзе ня знойдзеш. Наверсе будынку, што на рагу вулiцаў, на цэлую даўжыню, можа мэтраў дваццаць, франтавой сьцяны вялiзнымi лiтарамi напiсана:

THRIFTY TONY IS NO BALONEY HE WORKS HARD TO SAVE YOU MONEY! Пабеларуску гэта гучэла так: Трыфты Тонi ня ёсьць абiбокам. Ён цяжка працуе, каб заашчадзiць табе грошы!

А нiжэй на мэтры два ад таго верхняга Трыфты Тонi скардзiўся:

SMALL PROFIT THAT WE MAKE KEEPS US MANY NIGHTS AWAKE!

Гэта трэба разумець так: Наш малы даход морыць нас начамi бяссоньнiцай.

Апроч гэтых двух галоўных напiсаў, па сьценах былi распаўзьлiся розныя варыянты гандлёвай этыкi Трыфты Тонi. Агульным назоўнiкам, цi, – калi вам падабаецца, – крыкам гэтай прапаганды, быў-бы лёзунг: сьпяшыце да нас, усе людзi добрыя, паадзiночна i разам! Мiж аграмадных напiсаў тырчэлi каляровыя галовы клоўнаў, што быццам рагаталi зь бiзнэсавай этыкi Трыфты Тонi. Алесь перайшоў вулiцу, каб прыгледзiцца гэтаму дзiвосу зь iншага боку.

Людзi таўклiся ля выставачных вокнаў быццам пчолы ля лёткi вульля ў сонечны вясеньнi дзень. Нiзы сьценаў абляпiлiся здымкамi вялiкiх чэргаў у дзьвярох крамы. Побач iх – лiсьлiвы твар самога ўласьнiка крамы падахвочваў гэты шчасьлiвы спажывецкi народ. Ура! Хадзiце. паўзiце, налятайце, спажывайце! Няспынным гужам сьпяшыце ў дзьверы крамы!

Надта павялiчаныя газэтныя артыкулы, таксама ў гумарыстычным тоне распавядалi пра выдатнага чалавека гэнага самага Трыфты Тонi, каторы адно для твайго дабра на гэты сьвет зьявiўся. Уся гэтая рэклямная кампазыцыя, у вясёлым тоне карнавальная маска вечарам зiхацела й пералiвалася-рухалася сьвётламi электрыкi.

Алесь меркаваў цi варта i яму заглянуць у сярэдзiну. З тае пушчы ўжо на спадзе былi ягоныя сьцiплыя фiнансы, але-ж можна адно паглядзець, не абавязкова купляць. Увайшоўшы ў краму тут-жа сустрэў стоража. Вопратка ягоная, быццам палiцэйская, цёмна-сiняга колеру, з рознымi блiскучкамi, як у нейкага адмiрала. I фiгура самога дзядзькi гэтага надта-ж аўтарытэтная. Заданьне ягонае, вiдаць, памагаць цi даваць iнфармацыi тым надта добрым клiентам, якiх шчасьлiвы лёс сюды прынёс. Пэўне-ж, – i гэта, магчыма, галоўны абавязак вартаўнiка, – за зладзеямi трэба сачыць.

Алесь акунуўся ў нейкае сьцюдзянейшае паветра. Ага. Тут, пэўне, у гэтай вялiкай краме, быў ахаладжальнiк паветра. Магчыма, запраўды, гэты Трыфты Тонi пра клiентаў дбаў! Падбадзёраны, асьвежаны Алесь пастанавiў заняцца разьведкай.

Горы тавараў. Гушча народу. Алесевы вочы разьбягалiся, калi задаволены, што зайшоўся сюды, разглядаўся i меркаваў, што рабiць далей. Прыгадалася яму захапленьне аднаго сябры, калi прыехалi ў Канаду. Той, зачараваны багацьцем усялякага дабра ў крамах, узьнёслым голасам захапляўся:

– Але-ж i Канада! Усяго ўсяго поўна! Абы толькi грошы!

Алесь папытаўся ў таго важнага дзядзькi вартавога ў адмiральскiм мундзiры дзе Трыфты Тонi мае кантору.

– Шукаю працы, – сказаў ён яснавалосай жанчыне за сталом пры тэлефоне. – Цi маеце што-небудзь?

– Я няпэўная. Магчыма. Сядайце, калi ласка, -ветлiва адказала жанчына. – Мушу боса знайсьцi.

Неўзабаве ў дзьвярох зьявiўся чалавек сярэдняга росту, хударлявы, смуглы твар, iз залысiнамi. "Гэта-ж ён, – iмгненна спасьцярог Алесь, – той самы, што на рэклямных здымках, сам Трыфты Тонi".

– Вось чалавек да вас, Дэйвiд, – сказала сакратарка.

– Шукаю працы, – устаў з крэсла Алесь.

– Працы? Якой хочаш працы? Ты даўно ў Канадзе?

Уласьнiк Трыфты Тонi спасьцярог Алесеў акцэнт, а сам гаварыў шпарка, напэўна сьпяшыўся. Алесь наважыўся iсьцi на пралом.

– Я хачу працы. Можа ня ведаю чаго, але навучуся... Я ў Канадзе ўжо больш як год. На поўначы ў пушчы кантракт адрабляў...

– Зь якой краiны ты прыехаў? – спытаўся ў яго Зэлман.

– Зь Беларусi.

– Дык ты Беларус?

Уласьнiк Трыфты Тонi пераключыўся на беларускую мову, а твар ягоны зазьзяў прыязнай усьмешкай. – Знаеш Пiнск?

– Так, знаю Пiнск, горад на Палесьсi.

– Я адтуль. Хадзi ў маё бюро, малады чалавек.

Калi Давiд Зэлман пасяброўску ўзяў Алеся за руку й накiраваў яго ў сваё бюро, змучаны доўгiмi пошукамi працы дзяцюк нарэшце спанатрыў, што здабыў сабе ўжо нейкае месца ў гэтым горадзе. Узяўшыся за працу пры вешалках з гальштукамi назаўтра ранiцай, Алесь пастанавiў, што ад гэтага часу ён павiнен сканцэнтраваць сваю ўвагу на двух прадметах: вырашыць, дзе была крынiца дынамiзму, што няспынна паганяла Давiда Зэлмана ды пазнаць-вывучыць спружыны ягонага бiзнэсу.

Сам Зэлман быў няспынна ў руху i такiм чынам дадатна ўплываў на iншых. Ён адразу спасьцярог Алесеву пiльнасьць пры працы i цi раз ня скупiўся на словы парады.

– Алесь, глянь, – казаў ён, – я прыехаў сюды перад вайной. Нiчога ня меў апроч яснай галавы i ахвоты да працы. Былi цяжкасьцi, рызыка. Бяз гэтага нiчога ня бывае. I помнi: гэта ёсьць вялiкая краiна iз многiмi пэрспэктывамi для тых, што ўмеюць працаваць i рызыкаваць. Я зрабiў сваё i бачыш, што ўжо нешта маю. Але гэта толькi пачаткi, найбольшае ўсё наперадзе. Працуй, хлопча, працуй, вучыся, мей розум. Гэты бiзнэс будзе расьцi i мы будзем расьцi разам зь iм. Я бачу, што стараешся. Гэта добра. Помнi, што ў гэтым гешэфце няма месца для разявякаў. Ясна?

Алесю падабалася тое ўсёабдымнае "мы". Адчуваў сябе ўжо жывой часткаю няспынна растучай машыны. Два гады хадзiў на вячэрнiя гандлёвыя курсы, здабыў асноўныя i зусiм неабходныя бiзнэсавыя веды. Цяпер iх можна пашырыць у практыцы i адтуль ужо накiравацца ў матар'яльна больш бясьпечную будучыню.

Нейкi час Алесь працаваў на складзе. Адсюль выгадна можна было прасачыць рух тавараў, што прыходзiлi ў краму. Закуп тавараў даручылi Якiмовiчу пазьней. Спачатку Зэлман накiраваў яго на жартаўлiва названыя iм скаўцкiя падарожжы. Алесь наведваў шматлiкiя крамы, параўноўваў цэны розных тавараў. Пабi канкурэнтаў! – галоўны дэвiз Трыфты Тонi. Адпаведная сэлекцыя тавараў, хуткi iх рух i мiнiмальны адмiнiстрацыйны кошт – вось тыя тры кiты росту Трыфты Тонi. А карнавальная маска на рагу двух вулiцаў блiзка цэнтру гораду прынаджвала шмат клiентаў.

7

Назаўтра ранiцай у канторы зьявiлiся неабходныя сябры ўправы. Джоў Кэмп, худы, сярэдняга веку бляндын, акуратна апрануты ў стандартны чорны "бiзнэс касьцюм" трымаў функцыю гандлёвага аналiста й рэклямнага загадчыка. Жанаты iз занудай, што трымала яго на кароткiм павадку. Мала калi бываў на якiм-небудзь сяброўскiм гуляньнi працаўнiкоў кампанii за выняткам каляднага абеду цi якога-небудзь авансу. Сядзеў цяпер Кэмп у выгадным крэсьле й на каленях трымаў сытую сумку. У выпадку патрэбы, ён гэтта-ж выцягне патрэбнае iз тае пукатае сумкi i адразу манатонна павядзе прысутных праз розныя найпазьнейшыя бiзнэсавыя цячэньнi й пералiвы, падтасоўваючы гэта ў агульныя лiкi, рэасумуючы прадказаньнямi на будучыню. Апроч iнфармацыi, якую Давiд Зэлман чэрпаў iз сваiх крынiцаў, Джоў Кэмп пашыраў ягоны гарызонт добрым аналiзам бiзнэсавага рынку. Канкурэнты расьлi. Вечны гон. Трымайся дынамiкi руху. Звольнiш крок – прападзеш.

Нiк Лок, векам у канцы дваццаткi, вызначаўся ня толькi сваёй буйнай цемнаватай чупрынай. Агрэсыўнасьць загнязьдзiлася i ў ягоных рухах, i ў заядласьцi ў працы, i ў недахопе меры шмат у чым iншым. Любiў працу, дзяўчат i спорт. Ягонае гобi (улёблены занятак) – гэтак званыя практычныяжарты. Выдумляў рознаеды й сам выконваў. Алесь спадабаўся яму i абое адразу пасябравалi. Нiк Лок пачаў працу ў Трыфты Тонi iз самага нiзу й лез уверх цяжкiм шляхам, дапаўняў камэрцыйныя веды ў гандлёвай школе вечарамi.

Анды Кул, стрыманы ў паводзiнах i нiштаваты з выгляду, у трыццатых гадох, здабыў некалi салiдную бiзнэсавую адукацыю. Стары дзяцюк, любiў усё клясычнае, жыў на дарагой кватэры. Анды любiў сяброўскiя сустрэчы й гуляньне зь людзьмi свайго асяродзьдзя цi iнтэлектуальнага ўзроўню. Шмат чытаў. Сумленны пры працы. I Нiк i Анды мелi нагляд за двума дэпартамантамi, а "олд бой" ("старым хлопцам" называлi Давiда Зэлмана) быў наагул задаволены iмi.

– Здароў, Ал! – ускочыў з крэсла Нiк, калi Якiмовiч зьявiўся ў дзьвярох. – Што гэта я чую, быццам ты далучаешся да нашай адборнай галоўнай каманды?

– Пры чым тут я? – усьмiхнуўся Алесь. – Спытайся ў свайго галоўнакамандуючага.

– Вiншую. Цешуся, што бачу цябе на нашай курасаднi, – сьцiснуў Нiк Алесеву руку.

– Дзякую, Нiк.

– Вiншуем, вiншуем. Ужо пара! – падаў сваю руку Анды.

– Жадаю посьпеху вам, мiстар Якiмовiч, на вашай новай пазыцыi, падняўся з крэсла й трос Алесеву руку Джоў Кэмп.

– Гэта трэба было-б належна адзначыць. Як ты думаеш, вялiкi пiянер i пасьпяховец? – зьвярнуўся да Алеся Нiк.

– Я – да вашай дыспазыцыi. Выбiрайце час i месца, – адказаў Алесь.

– Што ты скажаш пра пятнiцу вечарам у цябе? – прапанаваў Нiк.

– Час адпаведны. Месца? У мяне будзе цеснавата. Цi ў тваiм палацы нельга? Кошт пакрываю, – адказаў Алесь.

– Надзвычайна. Паклiкаю цябе на гаспадара, – згадзiўся Нiк. – А каго-ж мы запросiм?

– Ды вось пачнем з прысутных, запросiм мiстара Кэмпа. Прыйдзеце?

– Дзякую за запросiны, аднак не магу анi згадзiцца, анi адмовiцца пакуль...

– ...пакуль не параюся iз сваёй дарагой мiсiс, – уставiў Нiк.

– Скажаце мне заўтра, мiстар Кэмп. Окэй? – запрапанаваў Алесь.

– Окэй, мiстар Якiмовiч, так i зраблю.

Анды Кул сказаў, што вечар пятнiцы ў яго раней заняты.

– А як-жа мы безь дзяўчат? Якое бязь iх гуляньне? – гаварыў далей Нiк.

– А цябе яшчэ нiводная не забрытала? – спытаўся Анды.

– Пакуль што не. Пара, пара, ведаю, – усьмiхнуўся Нiк.

– Мы ня сумляваемся, што ўлiчваючы тваю практыку, патрэбную цацаньку знойдзеш, – пакляпаў Алесь Нiка па плячы.

– А як ты? – спытаўся ў Алеся Нiк.

– Вы, хлопцы, на мяне не глядзiце. Маю адну на прыцэле, але яшчэ разьведкi нават не зрабiў.

– Яна з нашай шчасьлiвай сямейкi Трыфты Тонi?

– Магчыма вы яе знаеце. Я ўчора коратка гаварыў зь ёй. Прыгожая й цiкавая. Гавару пра новую сэйлс клерк (прадаўшчыцу) у жаночым адзьдзеле.

– Яна запраўдная ляля з выгляду. I зусiм не малюе сябе, як iншыя, казаў Нiк.

– А ты ўжо i да яе дабраўся?

– Як там дабраўся... Пакуль што нiхто з нашых тут да яе ня прымазаўся. Я адно першую разьведку зрабiў. I адгадай, Ал, гэта табе павiнна спадабацца.

– Кажы, Дон Жуан!

– Яна зьявiлася аднекуль з поўначы i таксама, як i ты, беларускага паходжаньня.

– Надзвычайна! – усклiкнуў Алесь, а ў вачох ягоных успыхнуў адмысловы прамень. – Цяпер я ўжо павiнен скваплiва тую тэрыторыю абнюхаць. А ты, Нiк, рукi прэч!

– Абяцаю, тата, быць добрым хлопчыкам! – Нiк падняў сваю правую руку i зрабiў мiну падлетка, што правiнiўся.

– Ня будзеш мець часу для дзяўчат, Ал, – папярэдзiў Анды.

– Стары напэўна нагрузiць цябе.

– Цi хто з вас пранюхаў у якiм куце недахоп дынамiкi?

– Чую, што дэпартамант жаночай вопраткi патрабуе жыватворчае сiлы, ды яшчэ, апроч яго...

– Жартуеш?

– Станлея перакiнулi на iншую пазыцыю, дык, пэўне-ж ты займеш ягонае месца, – падсумаваў Анды.

Старэйшы гадамi, разьведзены Станлей, зь нейкiх Зэлманавых меркаваньняў кацiўся ўнiз. Яму не хапала, вiдаць, энэргii, што патрабавалася ў ягоным сэктары.

У дзьвярох зьявiўся Зэлман. На твары – сьцiплая ўсьмешка. Магчыма таму, што ўчора вечарам добра павыкручваўся ў танцавальным клюбе Артур Мэры. Пасьля кароткага ўступу i заавансаваньня Алеся Якiмовiча, слухалi марудна-нудны голас Джоў Кэмпа пра тое як цьвiтуць цi развальваюцца рынкi. Паводле Кэмпа, канкурэнты вызначылiся новымi пiсягамi на стабiльнай у гэны час гандлёвай нiве. Патрабавалiся новыя бiзнэсавыя меры й трыкi, павялiчаныя рэклямныя выдаткi.

8

Цэлы дзень Алесь намагаўся блiжэй прыгледзiцца сваёй новай тэрыторыi, пазнаць людзей, выявiць карэньне Станлевай няўдачы ды заплянаваць некаторыя зьмены. Ужо на схiлку працоўнага дня ён паклiкаў, для гутаркi, Веру Мак. Зьявiлася яна ў невялiкай канторы ў куце другога паверху. Стол iз шуплядкамi, побач тры крэслы, на стале тэлефон i стос рэклямнага матар'ялу вось галоўнае, што цяпер Алесь назваў сваiм камандным пастом. У куце, на вешалках вiсела некалькi штук жаночае вопраткi.

– Калi ласка, заходзь i сядай, – сказаў Алесь дзяўчыне, калi тая адчынiла дзьверы.

Некалькi хвiлiн трывала маўчаньне. Алесь паволi i ўважна прыкурваў цыгару, увесь час аглядаючы дзяўчыну. У ейных вачох, апроч зацiкаўленьня, прытаiлася й яшчэ нешта. Давялося Алесю раней глядзець у шмат якiя вочы прыказачнаелюстэрка душы, – намагацца разгадаць душу ўласьнiка. Гэтта перад iм нешта зусiм, здавалася, загадкавае. Варта, вiдаць, пачынаць ад казённых цi ўрадавых пытаньняў.

– Мне сказалi, што ты тут новая...

– Так, я пачала працаваць чатыры днi назад.

– Называешся Вера Мак?

– Так.

– Дык вось што, мiс Мак, у нас ёсьць нешта агульнае, – усьмiхнуўся Алесь.

– Што такое?

– Мы маем новыя работы.

– А, гэта... Вiншую вас, мiстар Якiмовiч, – усьмiхнулася дзяўчына. Алесю падабалася ейная стрыманая ўсьмешка. На шчоках зьявiлiся дзьве ледзь заўважныя ямачкi, а на твары i ў вачох – абяцаньне добрых адносiнаў.

– Дзякую. Цi я маю вас таксама вiншаваць, мiс Мак?

– Прашу не жартаваць. Гэта нясьмелы першы крок.

– А дзе працавала раней?

– У бальшынi ў канторах капальняў на поўначы. Я пра гэта ў маёй заяве напiсала.

– Добра. Але я яшчэ ня меў часу туды заглянуць. Цяпер-жа, калi маеш да мяне якiя пытаньнi, калi ласка.

– Я хачу распачаць працу iз добрай арыентацыяй, – казала дзяўчына. Цiкавiць мяне, як Трыфты Тонi апэруе... Тут, як бачу, заўсёды поўна людзей, дзьверы ламаюць у той час, як некаторыя iншыя крамы падобнага профiлю амаль пустыя. Я хацела-б...

– Ведаеце, – сказаў Алесь, зацягнуўшыся дымам цыгары, – гэта ня ёсьць нiякiм сакрэтам. Умеем прапанавацьлюдзям патрэбныя iм тавары ў даступных iм цэнах. Важнымi ёсьць i шмат апэрацыйных дэталяў, асаблiва рэклямы. Калi будзеце ўважна й аддана працаваць у нашай хутка растучай кампанii, дык па нiтачцы да галоўнага клубочка дабярэцеся.

– Дзякую вельмi, – сказала дзяўчына.

Алесь ня спускаў вачэй зь ейнага твару. Бачыў там пэўнасьць i сьцiпласьць, якраз тое, што выклiкае да чалавека давер.

– Жадаю, каб вы правiльна мяне зразумелi, – гаварыў Алесь. – Выглядае, што маеце добрую адукацыю i калi будзеце старацца працаваць, посьпехi вас не абмiнуць. Цяпер пра гэты самы бiзнэс... Апэрацыя на прынцыпе прынады, так сказаць. Выдаём нямала грошай на рэкляму. Кажны дзень маем некалькi тавараў, якiя называем "дар дня" або "адчыненыя дзьверы". Яны iдуць у рух за зусiм нiкчэмныя цэны. Ствараюць адразу-ж ранiцай вялiкую чаргу. Такiм чынам прынаджваем людзей i напаўняем краму.

На кажным паверсе i ў кажным дэпартамэньце ёсьць гэта званыя "iмпулс айтэмс" – патрэбныя кажнаму тавары, па якiя хаця-нехаця выцягнецца кажная рука, асаблiва калi цана нiзкая. Аднак-жа, каб дайсьцi да тых "iмпулсаў", якiя таксама разрэклямаваныя i знаходзяцца ў стратэгiчных месцах, падарозе сустрэнеш тавары, што iдуць больш марудна. Каротка гаворачы, усё можна падсумаваць так: прынаджвай людзей да дзьвярэй, як найхутчэй напоўнi iмi краму; зноў-жа iншымi прынаднымi i неабходнымi таварамi цi зьнiжанымi цэнамi розных распродажаў зьмякчы iхнае супрацiўленьне, завайстры iхны апэтыт, ашаламi колерам i вялiкiм выбарам. Такiм чынам касы твае засьпяваюць звонам манетаў.

Нашае заданьне ўнутры, вядома, памагаць купляньнiкам. Усе гешэфты фiнальныя. Няма вымены цi звароту грошай. Таму якраз наш кошт абслугi i адмiнiстрацыi належыць да найнiжэйшых у бiзнэсе. Вялiкi i хуткi тавараабарот лiквiдуе павышаньне цэнаў i прыносiць нам патрэбны працэнт даходу. Будзеш старацца працаваць, дык тваё пiльнае вока заўважыць шмат чаго цiкавага, хутка спанатрыш што трэба.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю