Текст книги "За волю "
Автор книги: Кастусь Акула
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц)
У той час Вера мела немалыя посьпехi ў пазнаньнi беларускае мовы. Дагэтуль яна нядрэнна ведала расейскую. Старшая жанчына, якая назвала сябе Лапа, якая жыла недалёка ў суседзтве ў скромна ўмэбляванай кватэры, выклiкала яе два разы на тыдзень i па дзьве гадзiны давала iнструкцыi. Нацiскала на гутарковую мову. Матар'ялам для чытаньня была нудная прапагандовая публiцыстыка пра быццам аграмадны прагрэс камунiстычнага гiганта на эканамiчным фроньце, пра сусьветную ягоную мiрную афэнзыву, паклёпы на так званых капiталiстычных падпальшчыкаў вайны ды "iндустрыяльна-мiлiтарны камплекс", розных капiталiстычных "акулаў з Ўол стрыту", пра галечу прыгнечаных i пакрыўджаных пралетарыяў у капiталiстычных краiнах ды проста цi ня райскае жыцьцё рабочых у Савецкiм Саюзе, якiя зь вялiкай цьвёрдасьцю i ўпэўненасьцю, – зразумела, пад кiраўнiцтвам роднай камунiстычнай партыi, – будуюць лепшую будучыню для ўсяго чалавецтва. Для дзяўчыны, якая, дзякуючы няспрыяльным жыцьцёвым абставiнам, апынулася была ззамоладу ў радыюсе так званай сацыялiстычнай прапаганды, цяжка было вывудзiць крывадушнасьць партыйных брахуноў-злыдняў iзь вялiкага мора хвальшу.
Капшун пазванiў Веры ў нядзелю пасьля абеду, папрасiў яе пачакаць бо ён вось неўзабаве мае зьявiцца да яе ў нейкай важнай справе. Апрануты ў спартовую, з гавайскiмi малюнкамi, кашулю, ён агледзеў пакой, сказаў нешта на тэму, што ўсё тут прыгожа ды ў парадку i выгадна расьсеўся на канапе, выцягнуў сваю люльку ды ўзяўся напiхаць табакаю. Веры цюкнула ў галаву, што гэты чалавек i тут, выглядае, лiчыць сябе гаспадаром, а яе госьцяй.
– Мне сказалi, што ты зрабiла ўжо пэўны прагрэс у вывучэньнi беларускай мовы, – пачаў Грыша бязь нiякiх уступаў. – Дык можа пачнем гаварыць пабеларуску? Га? Хачу табе памагчы.
– Я яшчэ слабая, мала навучылася. Ну але, окэй, будзем, – згадзiлася Вера.
Засланяючы вокны шторамi, каб не перашкаджала яркае сонечнае сьвятло, Вера маўчала. Юрлiвыя Капшуновы вочы сьлядзiлi кажны крок дзяўчыны.
– Гэта добра. Магчыма, што нам ужо трэба далей рухацца, – цягнуў нудным голасам Грыша, смокчучы люльку. – Мне таксама сказалi, што ты шмат пра што распытвала... Адкажу на твае пытаньнi, магчыма ня ўсе. Адно раю: не сьпяшыся ўведаць адразу замнога, табе дадзём усе патрэбныя iнфармацыi. А цяпер, пакуль пачнем пра тваю работу, я мушу некаторае выясьнiць.
Ён наўмысна не сьпяшыў. Павольнасьць i дыкцыя, папыхваньне люлькай, давала важнасьць чалавеку i прадмету, пра якi меў гаварыць.
– Цi ты калi чула пра камiтэт "За вяртаньне на радзiму й культурныя сувязi з суайчыньнiкамi за мяжой"?
– Не, ня чула, не прыпамiнаю такога.
– Гэты камiтэт арганiзаваўся даўнавата i базаваўся ў усходнiм Бэрлiне. Заданьне ягонае двайное: iнфармаваньне нашых суайчыньнiкаў за рубяжом Савецкага Саюзу пра запраўдны прагрэс нашай сацыялiстычнай бацькаўшчыны i краiнаў народнай дэмакратыi i зьбiраньне iнфармацыяў пра нашых суайчыньнiкаў, помач iм у культурных мерапрыемствах. Заданьнi, як бачыш, высакародныя: мэтай ёсьць помач нашым суайчыньнiкам у цэлым сьвеце ўтрымлiваць трывалыя зносiны з бацькаўшчынай, якая сяньня ёсьць зьзяючым прыкладам адбудовы i прагрэсу пасьля вялiкай перамогi фашысцкай Германii сiламi Савецкага Саюзу. Камiтэт робiць вялiкую працу. Ён зьбiрае весткi пра нашых землякоў, памагае iм, калi хочуць, наведаць родных удома, але найважнейшая яго праца гэта пашырэньне праўды пра нашу пралетарскую дзяржаву i ейную культуру ды тэхнiчны прагрэс а таксама яе мiрную палiтыку. Камiтэт цяпер выдае шаснаццаць газэтаў у розных мовах народаў Савецкага Саюзу, уключна зь беларускай мовай. Вось тут захапiў я адну, можаш паглядзець.
Капшун выняў зь кiшэнi i аддаў дзяўчыне гэтую навiну. Вера разгарнула яе i прыглядалася першай бачыне. Вялiчынёй чвэрцi мясцовых англамоўных гарадзкiх газэтаў, першая бачына – пад вялiкiм загалоўкам "Сьцяг Ленiна", на друку прапагандовае перадавiцы афiшавалася адбiткай, у чырвоным колеры, галавы заснавальнiка савецкае дзяржавы. Газэтка называлася "Голас радзiмы".
– Можаш пачытаць яе пасьля, – сказаў Капшун. – Прынясу iх болей, каб ты ар'ентавалася ў працы камiтэту.
Вера адлажыла газэту.
– Справа ў тым, – гаварыў Грыша, – што гэтыя людзi з Бэрлiну бяз нашае дапамогi з такiмi вялiкiмi заданьнямi ня справяцца. Ужо ад нейкага часу яны арганiзуюць цэлую сетку давераных людзей па цэлым сьвеце, зьвярнулiся i да нас у Канадзе. Ясна, мы лiчым, што помач для iх – наш сьвяты абавязак. Вось, так сказаць, ядро арэха.
– Спадзяюся, што знойдзеце памочнiкаў, – амаль абыякава сказала Вера.
– Ня ёсьць так проста, як яно выглядае. Ты ня чула дэталяў. Нашыя людзi з камiтэту зацiкаўленыя новай беларускай эмiграцыяй ня менш, а можа нават больш, як папярэдняй.
– Ага. Дык што за розьнiца? Падыход?
– Пэўне-ж. Старая эмiграцыя ня кiдае нам пад ногi калодаў. Агульна гаворачы, яна тут абжылася, пазнала эксплаататарскi капiталiзм, многа перацярпела ў часе вялiкае дэпрэсii i цяпер менш-больш прыязна ставiцца да Савецкага Саюзу, знаходзiцца пад уплывам нашых прагрэсыўна-мiрных iдэяў. Зусiм падругому абстаiць дзела з новай эмiграцыяй. Праўда, бальшыня яе ёсьць iнэртнай у палiтыцы, значыцца... Але сярод яе ёсьць вельмi адданая група фанатыкаў, фiнансiраваная некаторымi буржуазнымi агенцтвамi разьведкi й падрыву... Гэтая група робiць вялiкую i шкодную падрыўную працу супраць Савецкага Саюзу i дзяржаваў народнай дэмакратыi. Гэтая малая група, вельмi актыўная, ёсьць папулярна ведамая пад назвай беларускiх буржуазных нацыяналiстаў, у скароце – бебурнацы. Група мае некалькi сваiх цэнтраў: адзiн у Германii ў Мюнхэне, другi ў Ню-Ёрку, а галоўны канадзкi цэнтр знаходзiцца якраз тут у Радфордзе.
Гэтта Капшун змоўк, быццам наўмысна, каб дзяўчына перадумала сказанае iм, выстукаў попел зь люлькi, якую зноў пачаў напiхаць пахнучай галяндзкай табакай "Камфора".
– Не, нiчога я пра iх ня чула, – адказала Вера.
– Цяпер я хачу ахарактарызаваць гэтую буржуазную нацыяналiстычную групу, у якой будзеш працаваць. Вось-жа яны, бебурнацы, клянуцца, што яны ёсьць запраўднымi носьбiтамi палiтычных iдэалаў цi памкненьняў беларускага народу. Яны гарлапаняць, што зараз Беларусь ёсьць парабашчонная Расiяй, якую яны яра ненавiдзяць. Яны-ж даказваюць таксама, што Беларусь нiбыта хоча парваць з Масквой ды быць самасьцiйнай дзяржавай. Гэта ёсьць чыстая ярунда, вымысел гэтых ворагаў беларускага народу. Усё-ж iхная крывадушная прапаганда тут за рубяжом не праходзiць бясьсьледна. Яны працуюць у радыё ў Мюнхэне, якое фiнансiруецца амэрыканскай разьведкай i перадае ў Савецкi Саюз сваю варожую нацыяналiстычную ненавiсьнiцкую да савецкiх уладаў i сацыялiзму прапаганду. За амэрыканскiя грошы гэтыя калiшнiя гiтлераўскiя а цяпер амэрыканскiя лакеi выдаюць свае газэты. Група гэтая ваяўнiчая i ўсюды чужым разьведкам ахвяроўвае свае паслугi. Яе нельга iгнараваць. Нашыя людзi з Бэрлiну, з таго камiтэту, гэтай групай зацiкавiлiся i робяць намаганьнi, каб яе ў найгоршым выпадку нэйтралiзаваць, а ў найлепшым зьнiшчыць. Бачыш, вылюдкi гэтыя – пераважна фашыстоўскiя недабiткi, хлам, дэгенэраты, калябаранты Гiтлера, палiцаi i забойцы, якiя мардавалi сваiх-жа людзей. Iхныя рукi – ў крывi нявiнных, яны заслужылi на пятлю. Пры нашай помачы камiтэт хоча iх выкрываць, каб яны апынулiся ў нашых руках i адказвалi за свае злачыны перад народным судом.
– Калi яны, як кажаш, крымiнал, дык што прасьцей? – сказала Вера.
– Вось у тым то й дзела, што тут ня ўсё так проста, як яно выглядае. Бачыш, яны маюць сьвязi i iх фiнансуюць ня толькi амэрыканская i iншыя разьведкi, але й германскiя фашыстоўскiя рэваншысты. Яны вельмi заўзятыя, за грошы, канечне, жыруюцьна людзкой наiўнасьцi i палiтычнай няграматнасьцi, нават некаторых землякоў з нашай старой эмiграцыi абалванiлi.
– Аж так? – зьдзiвiлася Вера. Здавалася, яна зразумела пра якiх нягоднiкаў-вылюдкаў Грыша распавядае. Усё-ж чакала, пакуль той дабярэцца да нечага канкрэтнага, што адносiцца да ейнай працы ў гэтай чалавеканенавiсьнiцкай групе.
– Дык, сьледавацельна, – Капшун зацягнуўся пахнучым дымам, зiрнуў Веры ўважна ў вочы, – цяпер атнасiцiльна тваёй задачы, значыцца работы... Бэрлiнскi камiтэт найбольш вока дзяржыць на iхнiх лiдарах. Адносна iх хочуць iнфармацыi, панiмаеш... Такiя весьцi яны належна выкарыстаюць, асобiнна калi гэтыя фашыстоўскiя прыхвасьнi маюць родственiкаў удома. А многiя iх маюць.
– Ага...
– Вось i будзеш працаваць мiж гэтых людзей, – сказаў Капшун фiнальным тонам.
– Што маю рабiць? Iнфармацыi зьбiраць. Окэй. А дзе, ад каго пачынаць, дзе яны гэтыя ворагi народу ёсьць? Вы знаеце каго зь iх?
– Усё табе як сьлед паясьню ў час, як трэба, дам указаньнi. Работа табе спадабаецца, я гэтага пэўны.
– Я спадзяюся, – адказала Вера тонам, якi чакаў выкрыцьця нечага новага i надзвычайнага. Але Капшун, як выглядала, марудзiў.
– Ты не забоцься, – сказаў Грыша. – Апроч некалькiх закаранелых крымiналiстаў, запраўдных прафэсiяналаў, гэтыя людзi маюць адкрытае сэрца i ёсьць зялёныя аматары там, дзе праводзяцца так называемыя спецыяльныя мерапрыемствы. Доступ да iх лёгкi. Яны цябе спаткаюць з адкрытым сэрцам, асобiнна бяручы пад увагу тваю красату...
Пры згадцы пра "красату" Капшуновы юрлiвыя вочы ўважна аглядалi спакусьлiва-прыгожую дзяўчыну. Галава-кукiш налiлася нейкай агрэсыўнай паўнатой. Пачырванеўшы, Вера абцягнула дол спаднiцы нiжэй каленяў. Напружаньне. Патрэбны хуткi разрад.
– Можа вы вып'еце? – асьмелiлася дзеўка.
– Чаму-ж не...
– Я зараз прынясу, – устала дзяўчына й зьнiкла ў кухнi. Нiнiна пляшка гарэлкi тры чвэрткi поўная. Добра. Трэба будзе ёй адудзячыцца. Вера наладавала мiску лёду з халадзiльнiка, паставiла бутэльку з гарэлкай i яшчэ адну з джынджэр-эйл-вадой i шклянкi на паднос ды вярнулася ў сьвятлiцу. Грыша хадзiў па пакоi. Калi яна стаўляла паднос з напiткамi на столiк, ён спынiўся, зблiзу зазiрнуў ёй у вочы, а на твары-кукiшы паказалася грымаса, быццам усьмешка.
– Эх, чтобы я был так лет двадцать моложе! – уздыхнуў Капшун.
– Ну й што, каб быў? – Вера адыйшла пару крокаў назад.
– Яшчэ спрашываеш, – наблiзiўся мужчына да Веры. – Да ты-жа, мол, толька i будто бы сама ляцiш у аб'яцiя...
Пры такiх словах ён ушчыкнуў дзяўчыну за грудзi.
– Ну што вы, Грыша, пазваляеце сабе! – стукнуўшы па касматай выцягнутай руцэ адскочыла Вера.
Пасьля нязручнае хвiлiны Капшун усеўся на канапе, налiў палову шклянкi гарэлкi, адным махам перакулiў яе ў шырока адчынены рот, укiнуў у шклянку лёд, налiў джынджэр-эйл i запiў гарэлку.
– Як далёка ты, дзеўка, зайшла зь Якiмовiчам? – спытаўся.
На твары ягоным распаўзлася чырвань, а вочы налiлiся шэрасьцю.
– Дык вы й пра яго ведаеце?
– Ну да, канечна.
– В чем дело? Я-жэ зь iм... у яго работаю.
– Я не имею время за тобой насматривать, но хотел бы узнать затащил он тебя уже в кровать или нет.
Грышаў голас завайстрыўся. Можа гарэлка дзее? Узрушэньне пераключала яго на расейскую мову.
– Што за вапросы! – пачырванела Вера. Румянцам загарэўся твар дзяўчыны. Такiя пытаньнi чалавека з колкiмi вачмi, у якiх раней гаспадарыў прылiў юрлiвасьцi, прыносiлi небясьпеку. У скронi ўдарылi малаточкi. Капшун налiў амаль палову шклянкi гарэлкi сабе i Веры.
– Я гарэлкi ня п'ю, – станоўчым голасам сказала дзеўка.
– Ну, ничего, пригубить можешь! – ён падаў Веры шклянку з гарэлкай. За наше сотрудничество! Окей? – спытаўся ў яе, стукнуўшы сваёй шклянкай у ейную.
– Окэй, – нясьмела адказала Вера. "Хто яго ведае, што ён далей пачне вытвараць. Лепш асьцярожна зь iм", – меркавала дзяўчына.
– За твае ўсьпехi! – прадаўжаў Капшун. Ён выпiў гарэлку, запiў вадою, а Вера адно памачыла вусны.
– Буду старацца, – адказала. – Але чаму пытаецеся нашчот Якiмовiча? Што ён?
– Да он один с этих... понимаешь, наших объектов... фашистских колаборантов, сволочь!
– Ён хто?
– Я-ж сказаў: ён адзiн з тых крымiналiстаў, фашысцкi калабарант!
Дзяўчына анямела, адчынiла ад зьдзiўленьня рот. Што гэта такое чуе яна ад гэтага чалавека? Усьведамленьне сказанага iм прыходзiла паволi. Нешта быццам кальнула ў сэрца. Алесь... Што гэта такое? Адно тады стукнула ёй у галаву, якая ўжо неабыякавая яна да гэтага чалавека! Куды больш – закаханая. А гэтта вось кажуць, што ён з той крымiнальнай групы, можа дзе нявiнных людзей забiваў! Зь вялiкiм намаганьнем старалася ўтрымаць раўнавагу. Грыша трымаў на ёй свае колкiя, але крыху ўжо засмужаныя гарэлкай вочы.
– Калi йдзе пра Якiмовiча, я да яго... як вам сказаць? няпрывязаная, – сказала з ваганьнем у голасе дзяўчына.
– Да. Харашо. Хачу табе наказаць: нiколi не разрэшай чтоб тваё пэрсанальнае жыцьцё было заградай у iспалненьнi ўзятых табой абавязкаў. Не положено, понимаеш?! Якiмовiч гэта адзiн зь iх большых тузоў на нашай лiсьце. Другi ёсьць Антон Шпак, iзьвесны фашысцкi бебурнацкi пiсацель, таксама зьдзесь пражывает. Но ёсьць i другiя. Такiм нужно адабраць голас. Панiмаеш? Чтоб это зьдзелаць, нужна полная iнфармацыя. От как... Мы заiнцерэсаваныя iх слабасьцямi, навыкамi, сваякамi, якiх маюць дома, значыцца ў Саюзе Савецкiм... Каротка гаворачы, трэба iх iзучыць: чым яны дыхаюць, чым жывуць, што робяць. Неабхадзiма паэтаму ўлiцца ў iх обшчаства. Самае важнае – грунтоўнасьць i точнасьць, значыцца дакладнасьць. Промаху нам не положено делать. Понимаешь? Ведаю, што ня маеш практыкi ў такiм напраўленii... Цi згаджаешся такой работай заняцца?
– Га? Чаму-ж не... окэй! – паспяшылася з адказам Вера.
– Прежде всего и самое главное, – устаў Грышка з канапы, – советую тебе точно и усердно заняться Якимовичем... Калi ня будзе iншага выхаду, можаш навет пусьцiцца поўным образам... абы толькi ўлезьцi ў ягоны круг обшчаства. Панiмаеш? Патом я табе скажу што далей рабiць.
"Пусьцiцца поўным образам"... "Пра што гэты чалавек гаварыў? Пусьцiцца?" Увесь гэты, падсунуты ёй так умела нейкiмi там вышэйшымi апэратыўнымi спэцамi абавязак, паказаўся ў Верыным уяўленьнi зусiм iншым тварам. Пратэставала пачуцьцё, спрачалася яно з розумам, з развагай, недзе вагалася перад няведамым. Хто такi гэты вось чалавек з галавой-кукiшам, каторы нагаварыў ёй такiх бязглузьдзiцаў пра Алеся, да якога толькi вось кагадзе ў сэрцы зарадзiлася нейкая iскра, што разгаралася, пагражаючы вялiкiм полымем? Той Алесь, якога пазнала з працы i сустрэчаў, гэты прыгожы i дынамiчны дзяцюк зусiм не адпавядаў постацi нейкага там фашыстоўскага ката, што нявiнных людзей мог забiваць... Ёсьць недзе разгадка. Што-ж, тымчасам перад табой Гордыеў вузел...
– Я-ж сказаў, – пацьвердзiў ранейшае Капшун, – сьпяшыцца надта ня трэба. Але i не зявай! Падлабунься да Якiмовiча, а ўжо чэраз яго далезеш туды, дзе ты нам нужна.
Неўзабаве Капшун пайшоў. У тую ноч Вера доўга марылася бяссоньнiцай.
14
Калi Алесь жартаваў з Канадыйцамi пра сваё паходжаньне, дык перш за ўсё казаў, што завiтаў у гэты мурзаты й зваяваны сьвет тады, калi зямля ягонага бацькi галечай шчэрыла свае зубы пад акупацыяй наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу. Народ той у часе Алесевага нараджэньня на ўсю моц свайго ахрыплага патрыятызмам голасу энтузiястычна праслаўляў маршалкоўскую булаву вусатага маршалка, якi гэным часам клапацiўся пра "моцарствовую айчызну" ў варшаўскiм палацы Бэльвэдэры й забаўляўся сваiмi пасiвелымi вусамi ў Лазенцы.
На парозе Другое сусьветнае вайны "брацкую руку помачы" паняволеным Беларусам, што гаравалi дагэтуль пад уладай таго наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу, выцягнуў найбольш праслаўлены ў сваёй iмпэрыi панегiрыстамi й падхалiмамi "айцец усiх народаў i карыфей усiх навукаў". Ён, гэны наймудрэйшы з мудрых, кагадзе разбудаваў i ўзбуйнiў Гулаг, у якiм вымардавалi дзясяткi мiльёнаў нявiнных людзей. Неўзабаве той "бацька", пры помачы "раскаваных рабоў" прадаўжаў папаўняць рабсiлы Гулагу з той "здравствующей освобожденной Западной Белоруссии". Валаклiся па бездарожжах праклятага Сiбiру калёны сьмерцi iз словамi на парэпаных вуснах:
I заўтра зноў узыйдзе сонца,
I будуць людзi есьцi й пiць...
I нiхто iзь iх ня ўспомнiць,
Як мы хацелi жыць!
У чырвенi сорак першага на "айца ўсiх народаў" напаў ягоны "саюзьнiк Вялiкая Германiя". Амбiтны бэрлiнскi капрал новую ваенную трасцу згарусьцiў: перабудаваць сiламi "гэрэнфольку" сьпярша ўсю Эўропу, а пасьля й цалюсенькi сьвет. Пры тым капралавым "дранг нах остэн" здарыўся магутны ўсплёск, i калi ўжо "бацька ўсiх народаў" пхаў яго назад з клiчам "даёш Бярлiн!" дык нашага юнака Алеся тая хваля аж на Апэнiнскi паўвостраў выплюнула.
У Iталii Якiмовiчу давялося, – i дзякаваў ён Богу за тое, – надзець на сваю чубатую галаву талерку-шлём ды апрануць "батлдрэс" 8-е армii Джорджа Шостага, з Ласкi Божае Караля Брытанскага Камэнвэлту i Iндыi Iмпэратара. Гэткiм чынам юнак Алесь, што тут-жа перад вайною, у зрэбных штанох, кужэльнай саматканай кашулёнцы ды босы, джгаў як мага праз поле, – вочы на лоб! – да бальшака, каб пабачыць як пан Слатвiнскi на сваiм аўтамабiлi-дрыньдзе ехаў (гэта-ж табе ня хаханькi, такая тэхнiка!), пад канец вайны памагаў Джорджу Шостаму, – з ласкi Божае каралю iмпэратару й гэтак далей, – вытурваць нямчуру й чорнакашульнiкаў мясцовага "дучэ" са сьветлае краiны Дантэ, Вэрды й "сьвятых айцоў"... Цi гэта калi яно такое беларускаму пастуху й селянiну Алесю магло раней прысьнiцца?
Адгэтуль простая выснова: вайна тая магутнай катапультай выкiнула нашага юнака "ў людзi", а пасьля ён ужо найбольш сваiмi намаганьнямнi, пры мiнiмальнай помачы Джорджа Шостага, перабраўся за акiян. У пасьляваенны час нялёгка за акiян трапiць было, але-ж хаўрусьнiкаў, за iхныя ваенныя заслугi, узнагародзiлi. Алесь Якiмовiч падпiсаў з канадыйскiм урадам кантракт, што за мiзэрную заплату, – сорак пяць даляраў у месяц, харчы й кватэру, – будзе працаваць парабком у нейкага канадыйскага фармара, даiць кароў i гной кiдаць. Ужо куды пазьней давялося Алесю рагатаць, калi пачуў на мэлёдыю канадыйскага дзяржаўнага гiмну змайстраваную адным беларускiм жартаўнiком пародыю:
Ох, Канада! Як я цябе пазнаў,
Дык кiдаў гной i рана уставаў.
А назаўтра зноў я даiў кароў
I ў полi жыта жаў...
Ох, Канада, як я цябе праклiнаў!
I казаў пра гэтую вялiзную заморскую краiну некалi генiяльны Вальтэр, што яна – некалькi акраў сьнегу. А канадыйскi Армянiн ахарактарызаваў яе ўжо зусiм памадэрнаму: "Канада – балшой чохнiка, а култура нiкакой".
Мiнулае не адыйшло ў нябыт. Тваё карэньне... Там асталася й мацi. Дзе яна, жыве яшчэ цi ўжо адыйшла ў лепшы сьвет? Мiнулае – гэта ты. Дарма iлюзiямi жыць. I бiзнэсавы гармiдар, i матар'яльныя прыбыткi, i пашана за твае гандлёвыя посьпехi – усё гэта нажытае, прылепленае да цябе быццам звонку. Яно не з тае глыбiнi, не ад дарагiх родных гоняў i лясоў, не ад бусла, зязюлькi й салавейкi, не ад песьняў працавiтых жнеек i вясковых пастушкоў, не ад той вялiкай i гаротнай зямлi, што дала табе жыцьцё... I ў гомане гандлю, i ў шуме траскатнi гораду-гiганта, што магутнее й расьце, не пакiнеш ззаду мiнулае, бо яно – ты...
Пасьля таго, як "бацька народаў" падаў сваю закрываўленую руку "прыгнечаным" Заходняе Беларусi, нарадзiлася ў людзей спадзяваньне на лепшую будучыню. Новыя гаспадары раздавалi сялянам зямлю польскiх памешчыкаў i асаднiкаў. Малазямельны Алесеў бацька таксама трымаў вока на сьцiплы надзел, не падазраючы, як i бальшыня руплiвых сялянаў, што зямля тая станецца пасткай на дарозе ў калгасны прыгон, у якi неўзабаве пачалi заганяць новыя валадары пры помачы мясцовых гультаёў i абiбокаў. Бальшавiцкi "новы лад" душыў непасiльнымi падаткамi, груганьнём розных палiтрукоў на бесканечных "мiтынгах", выгнаньнем людзей у канцлягеры. Алесеў бацька, замарыўшы каня вывазамi кубамэтраў каменьня й лесу, схудзеў, ледзь валок ногi, праклiнаў новы лад i мясцовых ды чужых паразiтаў, плакаў, гаротнiк, ад тых "дабротаў новага ладу". Забралi яго цёмнай ноччу. Прапаў. Колькi мацi ня бегала да рознага начальства, нiчога канкрэтнага не даведалася нi пра ягоную нейкую быццам крамолу, нi пра тое, дзе ён падзеўся. I ў мацi не высыхалi цяпер сьлёзы. Як i раней, лiпела пры сваёй швейнай машыне, каб хоць неяк пражыць, спадзяючыся, што сын падрасьце ды на добрыя ногi стане.
"Саюзная Вялiкая Германiя" абрынулася ў чырвеньскi дзень на "iмпэрыю зла", якая пахiснулася, трэснула, распадалася, ня гледзячы на палымяныя заклiкi "бацькi ўсiх народаў", каб змабiлiзаваць на яе абарону ўсякую "ваенi рабсiлу". Неўзабаве цэлую Беларусь праглынуў Гiтлераў "гэрэнфольк". I паверыце? Перад беларускай моладзьдзю адкрылiся дагэтуль няведамыя гарызонты. Алеся клiкала беларуская школа, вялiкае нацыянальнае адраджэньне, а пасля – Саюз Беларускае Моладзi. Вiрус патрыятызму прыжыўся на папялiшчах дагэтуль зьненавiджанага i адыйшоўшага ў нябыт маскоўскага прыгону. Бацькаўшчына клiкала далучацца да шэрагаў моладзi. Акупант не заахвочваў, але й не перашкаджаў беларускiм дзеткам вучыцца ў роднай мове. Як прыгадваў пасьля Алесь, клiкаў-заахвочваў юнакоў i юначак змагацца за сваё i магутны голас генiяльнага паэта:
Рушымся, брацьця, хутчэй
У бой з жыцьцём, пакiдаючы жах,
Крыкi пужлiвых людзей
Ня стрымаюць хай бiтвы размах!
Процi цячэньня вады
Зможа толькi жывое паплыць.
Хвалi-ж ракi заўсягды
Цягнуць тое, што скончыла жыць.
"Дранг нах остэн" зьмёў на сваiм шляху "жыда-бальшавiзм" i голасна аб'явiў, што ён "назад ня вернецца"! Спачатку на занятых Немцамi абшарах Беларусi адчынiлiся адно пачатковыя школы. У праграме адукацыi зьявiлiся, як здавалася дзеткам старэйшых клясаў, два загадкавыя словы: гiсторыя Беларусi.
– Беларусi гiсторыя? – пыталiся яны. – Цi ёсьць такая гiсторыя? Адкуль яна пачынаецца? Цi гэта запраўды магчыма, што Беларусь мае нейкую гiсторыю? Тое, што яны "тутэйшыя", бальшыня дзетак ведала. Некаторыя выняткова ведалi нават, што яны – Беларусы. Але што Беларусь мае сваю гiсторыю? Зьбянтэжанасьць. Трэба было заглянуць у глыбокую мiнуўшчыну. Пачалi ад далёкага Полацкага Княства... На сыстэматычны разгляд i праверку кажнай бачыны гiсторыi дарагога народу ня было часу. Пераскаквалi, часта праз некаторыя гiстарычныя раўнiны i ўхабы шыбавалi нацянькi. А тут ужо, дзе блiжэй, i галасы выдатных сыноў i дачок былi куды больш зразумелыя. Гэтак зусiм, здаецца, яшчэ нядаўна, Янка Купала сказаў, што
...чалавек я, хоць мужык!
На помач яму – Якуб Колас:
...папы й ксяндзы дубiнай
заганялi нас у рай!
Во як! Дубiнай заганялi! Што гэта за рай такi, у каторы "дубiнай" трэ было заганянь? I гэтта на помач словы яшчэ аднаго гаротнiка-паэта:
А даўней Беларус, непадданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка у сьвеце быў знаны
За Лiтоўскай i Ляскай зямлёю.
Па зярнятку, па макулiнцы прагна i скваплiва зьбiралiся веды. Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзiла хрысьцiянскае i нацыянальнае ўсьведамленьне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогi адкрыцьця, шляхi радасных i бясцэнных знаходак. Ад свае гразкое вулiцы – на бальшак, а там i на вялiкiя дарогi. Насамперш прышчэплiвалася любоў да пакрыўджанага шматпакутнага калiшняга гаспадара роднай зямлi, створанай iм культуры, да Бога, зруйнаваных нацыянальных i рэлiгiйных сьвятыняў, роднае мовы, народных традыцыяў, песьняў, мастацтва. А побач тая-ж дагэтуль няведамая гiсторыя Беларусi раскрывала i выстаўляла бясспрэчнымi фактычнымi доказамi жахлiвае махлярства, суцэльную хлусьню i варварства суседзяў, што заўсёды пад лёзунгамi хрысьцiянства й панславiзму, падпёртага калiшнiм мiсiянiзмам, пасьля камунiзмам i цi мала яшчэ якiмi крывадушнымi iзмамi крывавiлi, выбiвалi, стагодзьдзямi паланiлi некалi вялiкi й мiралюбны народ, падсякалi ягонае жывое карэньне. Моладзь прагна спажывала духовы корм, станавiлася на поўны рост, напаўняла родныя прасторы патрыятычнымi песьнямi, рухалася ад асноўнага вывучэньня ўсяго свайго роднага й дарагога да элемэнтарнага тварэньня гiсторыi.
А навокал, вунь на iхных вачох, вялiкая гiсторыя рабiлася ненасытнымi-прагавiтымi хiжакамi-чужынцамi. Часу было ў вабрэз. Гэтта-ж, як на даланi, вiдаць было, як казаў генiяльны паэт, што
Чужак-дзiкун, крывёю ўпiўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракi
I тваю мацi-бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьцi, на кускi.
Дый не адзiн "чужак-дзiкун", а найменш два... I яны – Масква й Бэрлiн для народу беларускага былi абое рабое! Гэтта-ж ля iх, тытанаў, каб уварваць i сабе кавалачак, завiхалiся памочнiкi з таго найразумнейшага на сьвеце народу. I яны на верных сыноў i дачок зямлi беларускай, зьняможаных у змаганьнi, быццам ненажэрныя шакалы i груганьнё нападалi. У агнi й крывi, у пекле расьлi юныя патрыёты, беларускае нацыянальнае ўскалосьсе. Цi хопiць часу, каб каласом узбуйнець i плён даць?
Два тытаны мардавалi, палiлi, нiшчылi. Цi ёсьць словы й гукi якiмi льга перадаць тое, што адбывалася тады ў той гэене на гаротнай зямлi? Ужо пасьля вайны рабаўласьнiкi непакорнай краiны быццам падлiчылi й сказалi: так, загiнуў кажны чацьверты. Так? А цi ўзялi ў лiк тыя мiльёны, каторых у "мiрны час вялiкага сацыялiстычнага будаўнiцтва" ў канцлягерах сьмерцi, у шматлiкiх i тады яшчэ неадкрытых Курапатах вымардавалi?
Алесь належаў да Саюзу Беларускае Моладзi, скончыў курсы кiраўнiкоў яе ў Альбэртыне. Ганарыўся гэтым. Затое яго пасьля маскоўскiя падхалiмы фашыстам i калябарантам назвалi. Саюз Беларускай Моладзi быў нянькай i апякуном маладой Беларусi, якой выпала менш трох гадоў, каб стануць на ногi й падрасьцi. Яна ўлiвала ў сэрцы юнакоў i юначак патрыятызм, вучыла iх сумленнасьцi, веры ў Бога, працавiтасьцi, пашаны гiсторыi й народных традыцыяў. Здабывалiся асноўныя цноты чалавека. Найважнейшае, каб на моцы ўсяго, яму некалi адабранага, а цяпер дадзенага, здабыў самае дарагое i неабходнае – беларускую годнасьць. Бо замала было асягнуць тое дэклярацыйнае – людзьмi звацца! Цяпер трэба было ня толькi людзьмi быць, але змагацца на жыцьцё й сьмерць за тое, каб выжыць. Каб нiхто й нiколi ўжо не паставiў цябе на каленi, рабсiлай не зрабiў!
I для людзей, якiм перарэзалi, здаецца, усе шляхi, адабралi права якога-небудзь выбару, у сорак чацьвертым вясной прыйшоў час выбару. Няпраўда, выбарам гэтага нельга назваць: або ўцякай, разам зь Немцамi, або сустракай маскалёў. Абое рабое, – найнавейшая Сцыла й Харыбда! Што-ж будзе, калi трапiш у пашчу ненасытнага "вялiкага й мудрага бацькi народаў"? Цябе чакае або сьмерцяносны Гулаг або "даёш Бярлiн". Ненавучанага ваеншчыны пагоняць на перадавыя, дзе крыкам "ура" нiкога не спалохаеш. А Гулаг чакаў новае рабсiлы. Ну а што станецца, калi зь Немцамi пойдзеш? Недзе да станка на фабрыцы прывяжуць, або ў якога баўэра ад сонца да сонца, – дух зь цябе вон! – будзеш iшачыць. Гiтлер мiльёны сваёй машынай вымардаваў, дык значыцца i тут рабсiла... Ох, як патрэбная! Выбiрай.
Гiтлераў "тысячагадовы райх" крышыўся-гарэў-распадаўся пад ударамi з захаду i ўсходу. Значыцца на ягоную зьмену сюды ў Беларусь прыйдзе зьненавiджаны й мiлiярды разоў пракляты маскоўскi Молах-тытан, каторы ў мора варварства кiне цэлую ўсходнюю i сярэднюю Эўропу. А там, на захадзе, перамогуць дэмакратычныя краiны. Каб туды як дастацца!
Думка, што неяк ня зусiм выразна нарадзiлася ў галаве, iнтрыгавала. Можа яна, гэтая раптоўная думка, пусьцiла карэньне ў сьведамасьцi куды раней, калi Алесеў бацька, праклiнаючы "мiсiянераў" з Масквы й Варшавы, добрым словам успамiнаў Ангельшчыну i Амэрыку. – Вось там, – разважаў бацька Янка Якiмовiч, – павiнны людзi добра жыць! Тамака, кажуць, i заробiш добра, i для Бога, i для чалавека волi хапае!
Дарэчы, у гэны гурт краiнаў, дзе людзi добра жывуць, дзе ўсiм волi хапае, залiчаў бацька Алесеў i Аргэнтыну, i Канаду, дый блiжэйшую Францыю. Ведама-ж усiм навокал, што ў Францыю многа каторыя дзяцюкi езьдзiлi "ў шахты" грошы зарабляць, прывозiлi адтуль заашчаджаныя франкi, ну а з Амэрыкi цягнулi даляры. За гэткiмi дзяцюкамi пасьля ганялiся ўсе дзеўкi; адно пальцам кiўнi, – любую возьмеш.
Разважаньнi... меркаваньнi... Ня было калi, агонь ужо пяткi прыпякаў. I гэткiм чынам, выбар у бязвыбарным пiхнуў на захад. Шкада маткi, якую перашкодзiлi забраць. За яе адну, за яе гаротнiцу, марыўся пасьля юнак доўгi час бяссоньнiцай.
Пасьля перамогi захаднiя хаўрусьнiкi скрупулёзна выконвалi свой дагавор з Масквой аб рэпатрыяцыi зь Нямеччыны савецкiх грамадзянаў. Давялося iм, вядома, ужываць так званую цьвёрдую руку. Ангельскi Томi i амэрыканскi Джы ай Джоў сваiм вачом ня верылi: людзi адмаўлялiся ехаць на радзiму... Як гэта разумець? Расея, тая аграмадная i магутная Расея, якая ў сканфужаным уяўленьнi заходняга хаўрусьнiка "бацькi народаў" цягнулася ад Владывастоку да Бэрлiну, гэтая Расея клiкала сваiх дзетак дамоў, каб прыгарнуць iх, нагрэць, ашчасьлiвiць. А гэтыя дзеткi адмаўлялiся. Яны ня толькi не сьпяшылi ў абдымкi дарагой мацi, а некаторыя забiвалi сябе. Што гэта такое? Адкуль таму Джову, што чвякаў жвачку Рыглея, цi пляваў сьмярдзючай табакай, зразумець было пачвару Расею й паняволеныя ёю народы?
Пад камандай генэрала Пiлiпа Iванавiча Голiкава, "намесьнiка наркома абароны па кадрах, упаўнаважанага па справах рэпатрыяцыi", што атаўбаваўся iз сваёй бандай у Парыжы, пры помачы верных захаднiх саюзьнiкаў праводзiлася паляваньне на "невозвращенцев" хуткiм тэмпам па цэлай Эўропе. На помач Голiкаву – мiльённая амэрыканская ваенная сiла, ня меншая ангельская. Мiльёны людзей, у тым прынамсi паўмiльёна Алесевых суродзiчаў, загналi ў Гулаг. Адзiн Лiхтэнштэйн, якi ня меў нiкога пад зброяй для абароны мiнiятурнага княства на сумежжы Швайцарыi i Аўстрыi, пад апеку каторага ўцякло пару сотняў "невозвращенцев", сказаў Голiкавым паляўнiчым, што нiкога iм не аддасьць бо гэныя людзi не хацелi ў нiякую эсэсэрыю да нiякага "бацькi ўсiх народаў" вяртацца. I Голiкаў, – паверыце, добрыя людзi? – пакiнуў бравы Лiхтэнштэйн у супакоi.
"Вялiкi й мудры" варвар у Крамлi захлынаўся ад рогату. Ён за ўсякую цану намагаўся напоўнiць Гулаг новай рабсiлай. Нiколi-ж у сваiх найбольш амбiтных марах не давялося спадзявацца яму, што заходнiя так званыя саюзьнiкi запраўды такiя сьляпыя й дурныя. Яны пазбывалiся сваiх найлепшых памочнiкаў, патэнцыяльных хаўрусьнiкаў у будучым змаганьнi з маскоўскiм iмпэрыялiзмам, аддавалi iх усiх "вялiкаму й мудраму айцу ўсiх народаў i карыфэю навукаў", проста навыперадкi пхалi мiльёны зьнямоглых гаротнiкаў у бальшавiцкае пекла.
Ужо шмат пазьней, пасьля вайны, даведаўся Якiмовiч пра так званае страчанае пакаленьне. Паводле прыблiзных падлiкаў адказных вэтэранаў "вялiкай айчыннай вайны", тым страчаным пакаленьнем аказалiся ўраджэнцы 1924-25-26 гадоў. З сотнi высланых на "даёш Бярлiн", вярталася назад адно двух цi трох... Былых сяброў Саюзу Беларускай Моладзi праглынуў на даўгiя гады Гулаг. I Алесь гадамi нараджэньня належаў да таго "страчанага пакаленьня". Кемлiвасьць, патрыятызм i вынаходлiвасьць выратавалi яго ад праклятай сталiнскай мятлы, што на замiнаваным i крывавым шляху "даёш Бярлiн" i ў Гулагу зьмяла з родных нiваў найбольш цэннае, што было ў самым росквiце, пакаленьне шматпакутнага народу.