355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 8)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)

– Тады я ведала, што скора ён возьме верх, я ня маю сiлы баранiцца, але неяк спрамаглася i з апошнiх сiлаў моцна крыкнула. У мяне ўжо ня было сiлаў, я так баялася гэтага зьвера. Ён схапiў мае абедзьве рукi, трымаў iх як клешчамi, а мяне крывёй абмазаў. Ён выглядаў так страшна, так пагражаў, што адабраў у мяне рэшту сiлы. Ня помню добра, што было пасьля, мусiць пацямнеў для мяне сьвет... Нейкая мiтусьня ў пакоi i тады ягоны, Джова, бацька нахiлiўся нада мной i спытаўся цi я окэй. Мацi таго гарылы старалася захiнуць мяне, бо на мне была парваная сукенка...

Вера змоўкла. Бачыў Алесь у ейных вачох наплыўшыя сьлёзы. Але трэба-ж было ўдакладнiць.

– Ну i як, удалося яму?

– Што цi ўдалося?

– Ну тое, чаго ён хацеў...

– Не, дзякуй Богу, – цiха сказала дзяўчына.

– Бедная ты, мая дарагая. Дык ты, значыцца, дзеўка, – сказаў Алесь i адразу шкадаваў сваiх словаў.

– Алесь, як табе ня брыдка! Пасаромся! – злосна сыкнула Вера. Твар ейны налiўся чырваньню а вочы глядзелi кудысьцi ўбок.

– Ты-ж гэта хацела падкрэсьлiць. Цi-ж ня так? – настайваў Алесь.

– Я хацела табе расказаць, што на мяне гарыла напаў i моцна пакрыўдзiў. Я тады была вельмi маладая. Гэта ня жарты былi. Ад таго часу я баялася хлапцоў, ня мела нiколi бойфрэнда i нiколi нiкому не дазваляла дакрануцца да сябе. Я старалася наўмысна не малявацца i ня прыкрашвацца, як iншыя дзяўчаты, значыцца ня ўжывала памады для вуснаў цi якой iншай касмэтыкi таму, што не хацела каму на вока выстаўляць сябе. Да мяне ўсёроўна хлопцы лезьлi, але я нiколi нi зь кiм не хадзiла. Я не магла пазбыцца страху ад таго брутальнага нападу. Тады, як ты прыйшоў, я старалася быць добрай i ты бачыў як гэта выйшла.

– Ты бедная, дарагая мая, – суцяшаў яе Алесь пабачыўшы, што гэтая споведзь скалыхнула Веру да глыбiнь. Пад квяцiстай сукенкай рухалiся захiнутыя ў "крос-май-гарт-бра" поўныя грудзi. Адкрытасьць i поўная шчырасьць у вачох. Такая шчырасьць паўстае пасьля разладаваньня вялiке эмоцыi i душэўнага цяжару.

– Я хацела табе расказаць, каб ты зразумеў чаму той першы раз, як ты хацеў пацалаваць мяне, чаму я не магла... Я нiколi й нiкому раней гэтага не расказвала.

– Ну дык што? Хочаш, каб даў табе мэдаль за адвагу? – сказаў Алесь.

– Алесь, як ты можаш так казаць? – дакарала дзяўчына.

– Выбач, я не падумаўшы...

Доўга маўчалi. Лёгкi вецярок забаўляўся дубовымi лiсьцямi. Непадалёку на траве спынiўся робiн, нахiлiў галоўку, быццам прыслухоўваўся, дзеўбануў нешта ў траве ды выцягнуў вялiкага дажджавога чарвяка, пырхнуў i зьнiк у гушчы лесу. Дзесьцi за ўзгоркам раскрычалiся павы. Там у загарадцы гарадзкi гаспадар парку трымаў некалькi жывёлаў i птушак для малечы.

– Алесь, – цiха, ледзь чутна сказала Вера.

– Што?

– Раскажы пра сябе.

– Што ты хочаш цяпер ведаць?

– Калi я цябе раней прасiла дык ты ўсё зьвёў на жарты. Я запраўды хацела-б ведаць што сталася ў вайну...

– Цi гэта так важна? – насьцярожыўся Якiмовiч. Ён ня змог-бы ў той час вытлумачыць чаму якраз гэтак а ня iнакш рэагаваў на пытаньне каханай дзяўчыны. Яна выглядала сумленнай i шчырай. Вось цяпер-жа, тут пад гэтым дубам-гiгантам раскрылася яму, здаецца, поўнасьцю. Выспавядалася, што называецца. А ён-жа быў пэўны, што кахаў яе. Дык дзе была тая запруда, што перашкаджала яму выказацца?

– Так, Алесь, я-б хацела ведаць.

Вера адчула вялiкую палёгку калi падзялiлася з Алесем сваiм мiнулым, няхай сабе малым кавалкам яе, – нiбы выспавядалася. Спадзявалася, што Якiмовiч нейкiм падобным чынам адудзячыцца ёй. У гэны час Капшун i ягоная банда ня прысутнiчалi ў ейных думках, хаця й пытаньне ейнае было народжанае калiшнiм загадам разьведаць пра гэтага "фашыста", што побач.

– А што ты хацела-б ведаць?

– Ну пра вайну, дзе ты быў, што рабiў? Усё...

– Слухай, Вера. Давай, ня псуй прыгожага дня. Навошта гаварыць пра вайну, калi мы можам займацца каханьнем? Давай пра гэта... Перш за ўсё дай мне цалусiка!

– Не, Алесь! Я хачу, я прашу цябе мне расказаць!

– Ня маю таго настрою, – сказаў Алесь зь вялiкiм нацiскам на апошняе слова.

– Цi-ж я ў цябе чаго замнога прашу? – насядала дзяўчына. – Я-ж во расказала пра маё самае важнае...

Цяпер яна поўнасьцю ўсьведамiла моц каханьня, якое нарадзiлася ў ейным сэрцы да гэтага прыгожага дзяцюка. Недзе ў нутры падазрэньне, пасеенае Капшуном, iмкнулася да выясьненьня, каб запярэчыць, што хлапец мог быць такiм, якiм яго Капшун намаляваў.

– Ну, ведаеш, я-ж казаў табе, што гэта ня так важнае нешта, – тлумачыў Алесь зь нецярплiвасьцю ў голасе. – Скажы, навошта так насядаеш?

– Ты мне дарагi, я цябе кахаю. Я-ж табе расказала пра сябе.

– Божа мой! Цi-ж мала табе таго, што я пра сябе ўжо расказаў?

Недзе парвалася струна, голас павысiўся. Гэта нядобра. Прычына ляжала недзе ў мiнулым. Узьненавiдзеў усякiх сьледавацеляў-iнквiзiтараў.

– Ня крычы на мяне, Алесь! Я хацела...

– Ты хацела, каб я перад табой выспавядаўся. Ты сама пачала сваю споведзь, хоць я i не хацеў слухаць...

– Добра, Алесь, я ня буду цябе змушаць. Я бачу, што ты мяне не дацэньваеш.

Голас дрыжэў. Яна была пры сьлёзах. Раптам устала i хуткiмi крокамi пайшла прэч.

– Вера, вярнiся!

Дагнаў дзяўчыну, схапiў яе за руку, але яна адпiхнула яго.

– Iдзi ад мяне! Я нiколi не хачу цябе бачыць!

У голасе дзяўчыны была такая рэзкасьць, якой раней ад яе ня чуў. I ў тым – поўная фiнальнасьць. Зьбянтэжаны такiм нечаканым паваротам, Алесь стаяў быццам прылеплены нагамi да сьцежкi, кроў малаткамi бушавала ў скронях, слабая млоснасьць разьлiлася ля ног i ззаду калi той "цудоўны рамонак" зьнiк за пагоркам на сьцежцы. Рука палезла ў кiшэню й выцягнула сярэбраную папяросьнiцу. Едкi дым ускалыхнуў лёгкiмi.

– Чорт цябе ведае, што за дзяўчына! – сказаў сам сабе Алесь.

22

Вера шпарка бегла да трамваю. Навокал поўна людзей, але яна нiкога побач ня бачыла, у галаве панаваў хаос, цяжка было думаць, разважаць. Тое, што зрабiла, было спрычыненае нейкiм нэрвовым, незалежным ад розуму, iмпульсам. Але, – адчувала гэта, – на сцэне зьявiўся новы элемэнт, якому не магла даць рады. Доўгi час ён быў у летаргii. Яго разбудзiў прыгожы дзяцюк. Новае, раней нязьведанае перажываньне. Жаданьне, каб яе Алесь кахаў, засланiла ўсё iншае. Цяпер баялася, што ейная эмацыянальная раўнавага пахiснулася да небясьпечнага ўзроўню на лавачцы пад тым дубам, дзе першы раз у жыцьцi раскашавалася запраўднай асалодай юрлiвага пацалунку каханага чалавека. I запраўды пачыналася нешта новае, перад якiм ты бездапаможная. Як тое вызначыць цi ацанiць?

Калi адчынiла дзьверы ў сваю кватэру, званiў тэлефон. Схапiла трубку. Мёртвы гук. Нiны ня было дома. Вера меркавала, што яна дзесьцi на пляжы, або ў iншым месцы ў добрым таварыстве. Вера нiколi надта ня цiкавiлася Нiнiнымi любошчамi. Старая дзеўка, гуляла зь дзяцюкамi пэўне-ж ня так, як сьцiплая i стрыманая мiс Мак.

Зноў ажывiўся тэлефон. Роўны i аўтарытэтны мужчынскi голас вярнуў яе ў будзённую рэчаiснасьць. "Каб ты здох, хрэн стары! – праклiнала ў думках чалавека. – Ты апошнi на зямлi, зь кiм мне цяпер хочацца гаварыць!"

– Мiс Мак, – гаварыў Капшун, – добра што нарэшце знайшоў цябе. Я ўжо раней званiў.

– Я была выйшла.

– Ёсьць важная справа. Хачу, каб ты ёй адразу занялася.

– Слухаю.

– Недзе змыўся з гораду Антон Шпак i я хачу, каб ты пастаралася яго знайсьцi.

– Як гэта разумець "змыўся"?

– Некуды, вiдаць, перабраўся. Няма яго на ранейшым адрасе. Мы ня можам знайсьцi яго ў горадзе.

– Ну дык пры чым тут я? Цi вы хочаце, каб я пачала па чужых хатах бегаць? Я нiколi нават чалавека не спаткала й ня знаю яго...

– Вера, слушай, ты как смеешь ко мне обращаться таким тоном? Якiмовiч ведае дзе Шпак. Ён мусiў памагчы яму перабрацца. Што скажаш?

Вера адразу ўцямiла важнасьць новага заданьня. Якраз тады, калi ўжо амаль пастанавiла нейкi час трымацца воддаль ад Якiмовiча, гэты палiтрук пхаў яе назад у дзяцюковы рукi. Зьбянтэжылася.

– Халера на вас! – вылаялася голасна.

– Што, што ты сказала? – грымела трубка.

– Ды нiчога важнага... Што гэта вы пыталiся мяне?

– Што з табой сягоньня?

– Ды нiчога...

– Мне здалося... Я прасiў цябе знайсьцi Антона Шпака. Трэба нам вока зь яго ня спушчаць. Мусiм ведаць дзе ён ёсьць i чым займаецца. Разумееш?

– Ну няхай, пастараюся...

– Глядзi, пастарайся як сьлед. Обязательно! I чым скарэй, тым лепш. Як толькi што ўзнаеш, да мяне. Панiмаеш?

– Ага.

Канфуз павялiчыўся. Сядзела на канапе, рукамi закрыўшы твар, прыслухоўвалася да быццам паскоранага рытму сэрца. Абрыўкi думак хаосам кружылi ў галаве. Пачулася поўнасьцю адзiнокай, некiм у нейкi тупiк загнанай. I тады нахлынулi сьлёзы. Раптоўна, патокам. Уздрыгамi трасло цела, як некалi даўно-даўненька на магiле маткi.

23

Рэсорт Пайн Рыдж разьмясьцiўся на лагоднай абшырнай пахiласьцi ў суседзтве вялiкае пушчы, што паглынула пятнаццатую шашу ў адлегласьцi трох гадзiнаў язды на паўночны ўсход ад Радфарду. Галоўны будынак з прыгожых круглых бярвеньняў хвоi, iз цыркулярным пад'ездам на фроньце, кветкамi й кусьцiкамi абсаджаны, з боку роўнай зелянiнай прыгожа стрыжанай травы, разьмяшчаў кантору, сьвятлiцу й рэстаран. Якiх сотню крокаў воддаль, блiжэй дарогi была бензiнная стаянка. За рэстаранам, у сасновым бары вiдаць было некалькi катэджаў. Некаторыя зь iх мелi па дзьве спальнi, былi абсталяваныя вадой i электрычным аграваньнем, мелi амаль усе гарадзкiя выгады. Катэджы спалучалi вымашчаныя пабiтым каменьнем сьцежкi. Блiжэй рэстарану, ззаду за iм, на даволi вялiкiм i добра дагледжаным траўнiку, стаяла некалькi пiкнiкавых сталоў.

Нейкага паўкiлямэтра ў глыб пушчы рака Пома гнала свае чыстыя крынiчныя воды праз завалы каменьня й валуноў, гнiлыя пнi дрэваў, жывое карэньне. Шпаркi ток стрымлiваў бег ля крутых паваротаў, падмываў вязы, клёны й хвоi. У большых глыбiнах ля берагоў шнырыла фарэль. Водыр i гамана пушчы дапаўнялася тужлiвым i надта выразным працяжным клiканьнем-гукам люнанурца, – птушкi гусiнай вялiчынi, што бытуе ў тутэйшых вазёрах. Гэта ад яе, як кажуць мясцовыя людзi, – пачынаецца прырода канадыйскай поўначы. Галоўнымi ворагамi рыбакоў былi тут чорныя мушкi й камары. Ад гэтай заедзi ратавалiся ўсялякiм мазямi й вадкасьцямi, каторыя рыхтавалi за шчодры фiнансавы здабытак розныя хiмiчныя фiрмы.

У галоўнай сьвятлiцы Пайн Рыдж рэсорту на сьцянах вiселi розныя павялiчаныя здымкi вялiкiх рыбакоў i вялiкае рыбы. Тэрмiн "вялiкi" мае гэтта адноснае значэньне, паколькi, як усiм рыбаком ведама, спалучаецца ён нярэдка зь iншым надта непахвальным словам. I вялiкiя рыбакi на здымках, што вiселi на сьценах сьвятлiцы Пайн Рыджу – запраўдныя шчасьлiвыя чэмпiёны немалога маштабу, iз шчодрымi ўсьмешкамi на тварах. Яны фарсiлi на паказ вялiкiмi рыбамi фарэлямi, якiх быццам злавiлi ў рацэ Пома. Скептыкi падказвалi, што здымкi гэныя маглi быць купленыя ў адпаведных дзялкоў з глыбiнаў турыстычных прадпрыемстваў.

Антон Шпак да такiх скептыкаў не належаў. Ён прайшоўся па беразе ракi, спрактыкаваным вокам асьцярожна й мэтадычна агледзеў зямлю, каменьне, ашанцаваў бег вады, намагаўся вызначыць месцы магчымых схованак фарэлi. Пасьля такога, даволi блiзкага агляду, пiсьменьнiк мяркаваў, што рыбы, якiмi афiшавалiся задаволеныя ўсьмешкамi рыбакi на здымках у сьвятлiцы, запраўды маглi быць тут злоўленыя.

Антон Шпак залiчаў сябе да старых i спрактыкаваных рыбакоў. Яшчэ на бацькаўшчыне, калi быў настаўнiкам, падчас летнiх канiкулаў зьведаў ня толькi Нёман, Вяльлю й Дзьвiну, але ўпадабаў быў i шматлiкiя вазёры, асаблiва Нарач i многiя з цудоўнай Браслаўшчыны. Шпаковымi ўловамi маглi-б ганарыцца шматлiкiя рыбакi. Ён вывучаў рыбную прыроду, пазнаваў найбольш плённыя месцы для вудачкi. Быў у Шпака й галоўны iнтарэс. Як пiсьменьнiк i журналiст, ён няспынна цiкавiўся людзьмi, знаходзiў адзiнкi, што пасьля ўзбагачалi мастацкiя творы.

Лоўля рыбы для Антона Шпака была бальзамам душы, суцэльным адпачынкам. Калi ты намагаешся прынадзiць i злавiць якую прыгожую, што вырасла й дасьпела ў вадзе, цацу, мозг твой – у гэтым ня было сумлеваў, – поўнасьцю адпачываў. Ты акунаўся ў iншы сьвет. Яго трэба было ведаць. Закрыты i ўзвышаны, быццам плянаваны, але й заўсёды нязьведаны, ён запэўнiваў чалавеку поўную духовую раўнавагу. Шматлiкiя рыбакi зьведалi сiлу ягоных гоючых якасьцяў.

Бязьмежнай была Шпакава радасьць калi атрымаў працу ў рэсорце Пайн Рыдж. Разгледзеўся, аж узрушыўся з задаваленьня. Заданьне ягонае – догляд траўнiкаў, кветнiкаў, часамi абслуга бензiннае помпы або помач на кухнi. Апроч харчоў i кватэры абяцалi скромную плату. Пiсьменьнiк гэтым не турбаваўся. За грашмi нiколi ня гнаўся. Праца начамi ў тым гарадзкiм гатэлi адбiрала сiлы й здароўе. Тут ня было гарадзкога шуму, наглага дзяжурнага гадзiньнiка, цяжкое задушлiвае атмасфэры, нiякага сьпеху. Чыстае й здаровае паветра, жыцьцядайнае дыханьне прыроды. А ягоныя абавязкi здавалiся Шпаку дзiцячымi гульнямi. Больш таго, ён мог закiнуць вудачку ранiцай, а iншы раз i пад вечар. Гэткую магчымасьць пiсьменьнiк найбольш цанiў.

Уласьнiкам Пайн Рыдж быў Пол, старшы брат Нiк Лока, чалавек у сярэдзiне саракавых гадоў векам. Спадабаўся яму паважны й разважлiвы Антон Шпак, а жартаўлiвы й шустры ўласьнiк ня мог не спадабацца пiсьменьнiку. Пол часта адлучаўся па бiзнэсавых справах, а ягоная маладая й дынамiчная жонка Нора трымала сваю руку на пульсе Пайн Рыдж. Дзьве асобы працавалi ў кухнi й рэстаране, а малады хлапец Боб загадваў бензiннай помпай i абслугоўваў аўтамабiлi.

Надвор'е спрыяла адпачынку й напоўнiла рэсорт людзьмi. Рэстаран алькаголю не прадаваў, але ўласьнiкi не пярэчылi калi хто прывозiў яго для прыватнага ўжытку ў свой катэдж. Адпачывалi тут людзi нябедныя, што маглi сабе пазволiць на даволi кусьлiвыя цэны. Некаторыя зь iх лавiлi рыбу, iншыя езьдзiлi на кiлямэтраў пяць адлеглае адсюль возера Лада, дзе можна было паезьдзiць лодкамi, лавiць вазёрную рыбу, загараць на пляжы. Былi-ж i такiя, што любiлi адпачываць у цяньку на шэзлонгах, або папахадзiць па пушчы й сачыць птушак цi гуляць у тэнiс.

Два тыднi пасьля Шпакавага пераезду, зьявiўся Алесь. Правялi разам цэлы вечар. Дзяцюк заўважыў, што пiсьменьнiк быццам ачуняў ад нейкае ўдушлiвасьцi, павесялеў, папаўнеў у твары. Пры шклянцы брэнды, якую Алесь прывёз, Шпак гаварыў пра свае заняткi, пiсанiну. Не плянаваў тымчасам нiчога большага, адно артыкулы ў сувязi з так званай соцрэалiстычнай падсавецкай беларускай лiтаратурай. Дзесьцi ў будучынi пiсьменьнiк абяцаў заняцца апавяданьнямi. Назаўтра ранiцай, за рулём аўтамабiля па дарозе назад у горад, Алесь быў задаволены, што так удала ўладзiў пiсьменьнiка. Быццам адплылi некуды далёка i свае турботы ў сувязi зь дзяўчынай i iншымi справамi бiзнэсавай працы.

24

Лiвень за вакном спынiўся, але Капшун таго не спасьцярог. Пры яркiм сьвятле настольнае лямпы, у мяккiм крэсьле, смокчачы даўно пагаслую люльку, ён яшчэ ня выкараскаўся з чытаньня Шпакавай сэрыi артыкулаў у "Беларусе". Калi-б Шпак не атаўбаваўся з процiлежнага боку барыкады, Капшун павiншаваў-бы яго. Чаму-ж не? Якое майстэрства мовы, якая аргумэнтацыя! Аўтар валодаў майстэрствам выдатнага мастацкага нарысу, дзе нiцi людзкога здаровага пачуцьця спалучалiся iз струнамi духовасьцi, дзе вастрыё сатыры ў руках генiя паралiзуе ўсю нехлямяжую балбатню-прапаганду гнiлой сыстэмы. У Шпака атака супраць крывадушнага тырана перапляталася iз спачувальным шкадаваньнем калiшнiх блiзкiх сяброў i вялiкiх патрыётаў паняволенага народу, якiх так цi накш прымусiлi лiзаць маскоўскiя азадкi...

Капшун часам пiсаў соцрэалiстычна-прапагандовыя фэльетоны п. заг. "Между нами говоря" ў мясцовую "рабочую газетку", любiў чытаць выдатных майстроў сатыры. У горадзе меў выгадную пазыцыю пры фiрме "Славянская Кнiга", што здабыла лiцэнцыю ад "Совиностранторг" для перасылкi тавараў у "краiну, якая, – згодна словаў Мiкiткi Кукурузьнiка, – у недалёкай будучынi ўжо пабудуе камунiзм". Лiцэнцыя гэна – добрае карытца, пры якiм можна чэсным сваiм людзям пражыць i нават пажывiцца, ды ў кiшэнi "суайчыньнiкаў", што пасылалi на бацькаўшчыну сваяком пасылкi, залезьцi. Iншая праца Капшуна вымагала адмысловага падыходу. Беларускiя бебурнацы, – каб на iх безгалоўе! – вось-жа махровыя фашысты, не здаюцца, яшчэ агрызаюцца! Калi Капшун некалькi месяцаў назад узяўся адлучыць iхнага лiдара Шпака ад грамадзкага беларускага жыцьця, або пранамсi спаралiжаваць ягоную руку, здавалася што заданьне лёгкае, як плюнуць. Справа простая: аслабiць яго фiзычна, пазбавiць працы, давесьцi да галечы мясцовага вулiчнага валацугi. Во як! Будзе нягоднiку крышка! Гнiлое капiталiстычнае "сословие" тут яму, Капшуну, якраз на руку! Прынамсi так меркаваў.

Шпак, здавалася, упаў. Ды не, няпраўда. Iншы даўно здаўся-бы, але ня гэты. Бамбардаваньне рознымi лiстамi з заклiкамi "радзiмы, якая ўсё блудным сыном прабачыць", атака прапагандай пра няўхiльную перамогу камунiзму на ўсiм сьвеце дый грандыёзныя эканамiчныя i тэхнiчныя перамогi на фроньце палепшаньня дабрабыту працоўных – усё гэта быццам у пропасьць канула. Гляньце, таварышы, чалавека няма як на каленi паставiць. Нават пасьля таго, як удалося яго зь нiзкаплатнай работы ў гатэлi пагнаць! Выглядала, што працiўнiк змагаўся наймацней, калi яго на мяжу роспачы папхнеш. Значыцца, разважаў Капшун, – трэба iншымi мэтадамi спрабаваць. Дзякуючы Веры, ён ведаў, што Шпаку памагаў Якiмовiч, каторы вось цяпер недзе яго за горад перамясьцiў. Заданьне, здаецца, больш складанае, чымся раней выглядала.

Надыходзiў крызiсны час. Грыша прыгадаў, як нейкага паўгоду назад наведаў яго важны чалавек з аттаўскае савецкае амбасады. Была доўгая размова. Справа, у канцы канцоў, зводзiлася да простага наказу зьверху: камiтэт за вяртаньне на радзiму прынагляе вас, каб Антона Шпака адхiлiць ад удзелу ў грамадзкiм i палiтычным жыцьцi беларускiх буржуазных фашыстаўскiх нацыяналiстаў. Яшчэ лепш, каб вярнуць яго на радзiму.

– У кажным разе, – казаў важны чалавек з амбасады, – Мiхайлаў давярае вам такое заданьне. Апраўдаеце такi давер?

Гэтта Капшун аж ёкнуў з захапленьня.

– Так, таварыш, дайце мне час.

– Колькi-ж часу?

– Якi год. Акцыя патрабуе паступовага нацiску. I Мiхайлаў, вядома, павiнен мне памагчы.

– Не беспокойтесь. Беритесь за дело!

Нарэшце, наапошку нешта зрушыла. Чалавек з амбасады зьвязаўся зь iм без пасярэднiцтва Канадыйскай камунiстычнай партыi. Калi гэта ня мела вагi, дык што тады яно значыла? Нехта й недзе яго заўважыў, асаблiва ацанiў ягоную адданасьць прагрэсу працоўнага руху ў адной галiне... Рашылi, вiдаць, што яму можна даверыць такое важнае заданьне. Вядома, гэта паднясе ягоны прэстыж сярод перадавых таварышаў i дасьць багаты дывiдэнд.

Капшун ужо глядзеў наперад, уяўляў той час, калi павысяць яго на партыйнай лесьвiцы. Не за гарамi той дзень. А Шпак? Нiкчэмнiк! Ён лёгка з гэтым фашыстам справiцца. Лёгка? Так здавалася... Выглядала цяпер, што трэба ўжываць больш радыкальныя сродкi. Капшун меў малую фармальную адукацыю, на мудрасьць паляваў самавукам. Ганарыўся сваiм практычным i вынаходлiвым розумам, "практической смекалкой". Адразу пасьля прыезду ў гэтую краiну з быўшай "панскай Польшчы" яшчэ юнаком, навязаў лучнасьць з "краснымi". Неўзабаве падпрогся да iх. Гэтыя ведалi сваю дарогу, вызначалiся дынамiзмам i накiраванасьцю ў той час, калi iншыя палiтычныя партыi тузалiся ў нерашучасьцi i эканамiчнай дрыгве.

Не турбавала Капшуна тое, што й камунiсты мала матар'яльна памагалi беспрацоўным, што вярхушка партыi трацiла найбольш iдэялягiчнае амунiцыi на лаянку капiталiстаў ды менш дбала пра так званага беспрацоўнага, затуканага-загуканага рабацягу i ягоную сям'ю. Гляньце вунь вышэй, аж туды ў мэкку будучага камунiзму, што на ўсiм сьвеце запануе. Адтуль iдзе мудрасьць i сьвятло, адтуль кiруе "рукавадзiцельства". Яно загоiць некалi ўсе раны, вырашыць максымальныя праблемы, нарэшце збудуе сыстэму дабрабыту для ўсiх, раз i назаўсёды зьлiквiдуе эксплёатацыю чалавека чалавекам, як казаў некалi вялiкi Iльiч, цi той, яшчэ мудрэйшы за яго, барадаты... Капшун меў якраз тыя якасьцi, што ў гэны час i ў гэтай краiне былi ў "чырвоных" так патрэбныя: абсалютная партыйная ляяльнасьць, упартасьць i агрэсыўнасьць, адсутнасьць талеранцыi да "буржуазных" iдэяў. Важнейшае яшчэ: Капшун меў добрыя кансьпiрацыйныя здольнасьцi.

Спачатку далi яму малаважныя заданьнi. Заўважыўшы ягоны гарт i адданасьць, падкiнулi большае. Некалькi гадоў падарожнiчаў па вялiзнай краiне, арганiзаваў "рабочыя клубы", быў сябрам экзэкутывы гэных клюбаў. Прынялi ў партыю, далi новыя заданьнi палiтычна-грамадзкага характару.

Не павязло яму з матрымонiяй. Жонка, рашчараваная мужчынам i ягонымi "задачамi", пакiнула яго. Капшун жартаваў, што такiм чынам трапiў "у бабылi". Цяпер, пасьля гадоў цярплiвага чаканьня й натугаў, выглядала, што "дзела йшло на новы пад'ём". Заданьне паралiжаваць Шпака было найважнейшым з усiх, якiя яму дагэтуль давалi.

Калi-б спытацца Капшуна, куды i як высока хоча ён залезьцi па драбiне ўлады, напэўна заiкнуўся-бы з адказам. Дзесьцi там у iмгле апанаванай камунiстамi Канады чакала функцыя пры каманьдзе гэтай новай "народнай дэмакратыi". Вось яно як... Тымчасам трэба "усердие и бдительность на вахте революции"...

Пасьляваенны прылiў "фашыстоўскiх iмiгрантаў", што нейкiм чынам уцяклi ад савецкага "правасудзьдзя" й пакараньня, стварыў паважную небясьпеку для камунiстычных плянаў апанаваньня Канады. Трэба паралiжаваць iхныя намаганьнi дызiнфармацыi капiталiстычнай канадыйскай вярхушкi й народу пра мiралюбную палiтыку Савецкага Саюзу. Гэта было ясна, як дзень. Пра гэта гаварылася на партыйных i грамадзкiх сходах, гэта скланялася на ўсе лады, паўтаралася шмат разоў пры розных нагодах.

У агульных плянах акцыi супраць гэтых "фашыстаў", у iх лiку й "беларускiх буржуазных нацыяналiстаў", – гэтага атрэп'я сумленнага й баявога, гэраiчнага народу, – фiгуравала розная зброя. Насамперш ужывалася прапагандовая доўбня, ужо даўно i зь немалымi посьпехамi выпрабаваная i загартаваная ў баёх майстрамi цэнтру. На павадку, за галоўнымi гарматамi, валачыўся шантаж i, у выключных выпадках, адпаведны фiзычны гвалт. Розных спэцаў вызначылi-прыдзялiлi-прыляпiлi да ўсякiх "фашыстоўскiх" групаў; а Капшуну, далi ягоную "родную" – беларускую. Галоўны прыцэл загадалi трымаць на "фашыста" Антона Шпака. Ягоны моцны голас натхняў усiх гэтых "фашыстоўскiх падонкаў". Ён – iхны фэтыш. Закрыць яму рот!

Мiнула ўжо нейкiх шэсьць месяцаў ад вiзыты тэй важнай асобы з аттаўскае амбасады. Усе спробы паралiжаваць Шпака правальвалiся. Чалавек змагаўся i адбiваўся. Больш таго: ён атакаваў. Во – гэта працiўнiк! Такога Капшун раней на лапаткi не палажыў. Злосьць бушавала! Цяпер нават ня ведаў, куды той Шпак перабраўся. А гэтае, – каб яе чорт менш насiў, – дзяўчо, што яно робiць? Чаму так доўга рапарту няма? Капшун нэрвова хадзiў па сваiм пакоi, праклiнаў тое ды гэна, падняў трубку тэлефону й набраў нумар. Пасьля колькiх званкоў у трубцы пачуўся заспаны жаночы голас.

– Што табе так доўга заняло? – рэзкiм голасам навалiўся Капшун.

– А табе што, як быку прырупiла?

"Каб цябе чорт! – думаў Грыша. – Пару разоў у пасьцелю суку зацягнуў, дык цяпер ужо загадваць табой хоча. Як пранюхала што ейныя бабскiя ласкi патрэбныя, дык цяпер з рагамi да цябе! У партыi забясьпечаная. Таму да яго, Грышы, такая iранiчная паблажлiвасьць".

– Стары казёл, – казала яму Нiна Ляскiн пры iншай нагодзе, – калi табе прыпрэ, пашукай дзiркi ў плоце!

– Ды не, – адказаў цяпер лагодным голасам Капшун таму соннаму голасу ў тэлефоннай трубцы, – хачу проста ведаць чым ты занятая.

– Так? Трэба было мне прыслаць тэлеграму, што будзеш званiць, дык я-бы тут пры апараце падзяжурыла, старога казла чакаючы...

– Слухай, Нiна, перастань з гэтымi мянушкамi.

– Слухаю.

– Я званю ў важнай справе.

– У цябе ўсё й заўсёды важнае.

Капшун уяўляў самазадаволеную кплiвую ўсьмешку Нiнiнай напудранай маскi. Каб яе! Колкi язык.

– Нiна, прашу цябе. Мне не да шутачак...

– Гавары, слухаю.

– Скажы мне, што зь Верай?

– Ня бачыш ты, стары казёл? Яна закаханая, влюбенная по уши. Понял? Да, да, усе сымптомы...

– Цi яна зараз дома?

– Няма. Пайшла некуды, можа ў шоў...

– Зь кiм пайшла?

– Адкуль мне ведаць. Цi ты мяркуеш, што я бегаць за ёй буду?

– Я думаў, што можа сказала табе...

– Не, не казала. I калi цябе цiкавiць, дык скажу табе, што наша маладзiца ўтрэскалася, улiпла й патанула да самых глыбiняў. Да, да...

– Што за дзяцюк?

– Хто? Ды Якiмовiч. Цi гэта для цябе навiна?

– Не, ня зусiм. Як далёка яна зайшла?

– Апошнiх пару тыдняў зьмянiла свае паводзiны. А я ня мела нагоды назiраць за ёю ў магазiне, але я пэўная... Задуманая, маркотная, забываецца часам што нармальнае, нэрвуецца, кусьлiвая. Так, парань мой, сымптомы верныя. Твая iсключыцельна спасобная красавiца ў пагонi за гэтым Дон Жуанам розум трацiць. I папярэджу...

– Непатрэбна. Пасьля такой грунтоўнай дыягнозы сам бачу. Дрэнь, ярунда! Камплiкуе дзела... Такога я не спадзяваўся. Ну дык дзякую за iнфармацыю. Гэта будзе ўсё.

– Але-ж, якi ты бiзнэсавы сягоньня! Шкада...

– Чаго гэта?

– Усё толькi бiзнэс, а пагуляць няма калi.

– Перастань! Будзь ты праклятая, сука! – заключыў Капшун, палажыўшы трубку. Задуманы, пачаў хадзiць па пакоi. Напхаў у люльку галяндзкай "Аморфа" табакi, прыкурыў, намагаўся вярнуць раўнавагу. Так, на Веру трэба нацiснуць. Толькi празь яе можна знайсьцi "старога фашыста".

Апошнiмi часамi Вера не рэагавала на ягоныя жаданьнi цi загады. Вялiкая была-б небясьпека, калi-б яна да бяспамяцтва закахалася ў Якiмовiча. I якая тады зь яе карысьць, калi апынецца пад поўнай уладай дзяцюка? Трэба запабегчы гэтаму... Так, чаму-ж не. На гэта ёсьць рада. Паказаць Якiмовiча як небясьпечнага фашыстоўскага крымiналiста. Да, да, совершенно так, именно так... Грыша ўсьцешыўся ад такой сваей вынаходлiвасьцi. Трэба ратаваць дзяўчыну, пакуль яшчэ час.

Капшун сеў за машынапiску й пачаў лiст да людзей у Ўсходнiм Бэрлiне. За якiх хвiлiн дваццаць зарганiзаваў асноўныя думкi. Зводзiлiся яны да наступнага: "Паказаць Якiмовiча як мацёрага i небясьпечнага ваеннага крымiналiста, з крывёй нявiнных савецкiх грамадзянаў на яго руках. Зьмясьцiць матар'ял у наступным нумары. Да маей дыспазыцыi прыслаць некалькi нумароў лётнай поштай. Трымаць ягоную матку на прывязi".

Капшун занёс лiст у паштовую скрынку й быў задаволены, што галава нарадзiла новы плян. Ня мог-жа правалiць сваей найлепшай нагоды. Стукне гэтых фашыстаў на ўсе застаўкi!

25

Пасьля тае непаладкi зь дзяўчынай у парку, Алесь часта думаў пра тое, што так магло ўквялiць Веру. Выглядала яна цяпер надта дзiўнай i цяжка было разгадаць, што было ззаду ўсяго гэтага.

Алесь вырас у грамадзтве, насычаным недаверамi й падазрэньнямi, каторыя пасеялi ворагi-чужынцы для сваiх акупацыйных мэтаў. Людзi паволi адкрывалi адзiн аднаму свае сэрцы дый былi змушаныя трымаць, для свае бясьпекi, "языкi за зубамi". Уплыў вольнага, дэмакратычнымi традыцыямi прасякнутага, грамадзтва, дзе панавала поўная вольнасьць слова згодна правоў дзяржавы, мела свае дабратворныя вынiкi. Адылi мiнулае не хацела здавацца цяперашняму ў палон. Захавалася абаронная асьцярожнасьць, – у асноўным звычайная пратэкцыя супраць усякае так званае вонкавае iнвазii. А гэнае нутраное "сьвятое сьвятых" мела яшчэ адну бясьпечную запруду, якая адкрывалася адно для выбраных.

Вера блiзкая i Вера далёкая... Алесь намацваў розьнiцу. Цi ў яе галаву розныя палiтрукi напхалi шмат чырвонага, камунiстычнага? Сьвет, у якiм дзяўчына гадавалася, Алесю быў слаба ведамы, уяўляўся адно ў вельмi няясных рысах. Алесь лiчыў Веру ўжо надта блiзкай асобай, каханьнем зьвязанай зь iм, а ўсё-ж доступу да ягонага "сьвятога сьвятых" яна яшчэ ня мела. "Выварачваць сваю душу", як часта некаторыя людзi гаварылi, Алесь адвучыўся ў часе вайны, калi падпiльноўвала цябе цi адна небясьпека. "Сьцеражонага Бог сьцеражэ!" Яно-ж так было куды бесьпячней нават тут, за акiянам, бо аж сюды – ды яшчэ як учэпiста! – сягалi шчупальцы праклятага, крывi прагнага, актопуса, якi адэптаваў сабе будучыню як ягоны й нiчый iншы iмпэратыў. У той будучынi ён вырашыць канчаткова ўсе людзкiя сацыяльныя, матар'яльныя i духовыя праблемы, якiх чалавек ня мог палагодзiць пачынаючы ад прапрапрабацькi Адама.

Цяжка было даверыцца Веры, хоць дзяцюк ужо спанатрыў, што сустрэўся зь нечым новым, ягонай усёпаглынаючай сiлай. Каханьне ўжо завязалася, расло, разгаралася, ахоплiвала ўсю ягоную iстоту. Так, яно ўжо iм завалодала. Цiкавiла яго, чаму дзяўчына хацела ведаць i колькi разоў прост-напраст дамагалася, каб расказаў ёй, што й дзе рабiў падчас апошняе вайны. Цi гэта звычайная людзкая цiкавасьць блiзкай, каханай асобы, цi што iншае? Самае-ж галоўнае, – чаго пазьней Алесю давялося цi раз шкадаваць! – яму ў галаву нiяк тады ня прыйшло. Чаму-б яму было тады не зрабiць таго элемэнтарнага, значыцца, як ураднiкi казалi – "навесьцi спраўку", проста пастарацца даведацца пра гэту дзяўчыну ўсё асноўнае: хто яна, адкуль, чаму i як тут апынулася, чым яшчэ займаецца i iншае?

Тымчасам яна была вось тут, пад рукой, пад ягонымi загадамi. I быццам недасягальная. Часамi сумная, задуманая. У часе працы iхныя сьцежкi спатыкалiся. На тым прывабным твары зьяўлялася казённая ўсьмешка. Дзяўчына трымалася неяк на адлегласьцi, хоць была ветлiвая i ў выкананьнi службовых абавязкаў бездакорная. Памiж iмi вырасла нейкая нябачная перагародка i, як спасьцярог Алесь, сталася тое зь Верынай волi. Аднойчы ранiцай Алеся прыемна зьдзiвiла тое, што Вера сустрэла яго сваёй шырокай сонечнай усьмешкай i першая пачала размову, быццам мiж iмi нiколi й нiчога прыкрага ня было. Загадка. Як вытлумачыць такую раптоўную перамену? На працягу колькiх дзён такая халадэча, а тут... раптам... Што гэта такое? Хутка адбудавалiся масты. Дзяцюк запрасiў Веру на нядзельны пiкнiк.

У прыгожы сонечны дзень малебен адбыўся ў гаi на фарме аднаго з суродзiчаў недалёка гораду, Алесь знаёмiў Веру з усiмi прысутнымi. Гэта лёгка йшло на пiкнiку, дзе адбывалiся розныя гульнi й танцы. Вера спасьцерагла зь якой пашанай ягоныя суродзiчы адносiлiся да Алеся, што й спрычынiлася да ўважлiвых гасьцiнных адносiнаў да яе. Нядаўныя iмiгранты, калi даведалiся, што яна ў Канадзе радзiлася, хвалiлi яе за тое, што добра пабеларуску размаўляла. Калi-б выбiралi прыгажуню пiкнiку, Веры напэўна трапiў-бы вянок на галаву.

Пытаньнi: дзе яна радзiлася? Як гэта яна так прыгожа пабеларуску гаварыць навучылася? Цi яе бацькi навучылi? Хто яны? Што яна думала пра старую беларускую, абаламучаную камунiстамi iмiграцыю?

Алесь памагаў Веры, як мог, а сама дзяўчына ветлiва й асьцярожна старалася адказваць на шматлiкiя пытаньнi. Спасьцерагла, што магла-бы iлгаць зь вялiкай лёгкасьцю. З боку гэтых зычлiвых i гасьцiнных "новых Канадыйцаў" не заўважыла нiякiх намёкаў на падазронасьць. Тут-жа наверсе, дэманстрацыйна цьвiла шчырасьць i сяброўства. Адразу залiчылi яе ў сваю грамаду. Дзяўчыне цяжка было сьцямiць, што гэтыя людзi зрабiлi-б зь ёй, калi-б ведалi пра ейную запраўдную так званую мiсiю. Цi магло гэта быць, што гэтыя наскрозь, як вока бачыць, шчырыя й гасьцiнныя добразычлiвыя людзi некалi былi фашыстоўскiмi забойцамi-калябарантамi, катамi собскага-народу, а цяпер ёсьць страйкбрэйкарамi, як некалi ўлажыла ў ейную галаву савецкая прапаганда?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю