Текст книги "За волю "
Автор книги: Кастусь Акула
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 13 страниц)
– Як-бы для выгады гасьцей, рака цячэ празь ягоны луг. Тут-жа й цудоўны лес, а збоку – возера. Цi-ж ня добра было-б маленькiм трактарам i касiлкай зрэзаць траву, напоўнiць некаму ў аўце бак бензiны ды пасьля пайсьцi i выцягнуць з ракi колькi прыгажуноў фарэляў? Як вам падабалася-бы такое?
– Во, во, такая праца якраз для мяне! – павесялеў Шпак.
– Надзвычайна. Я пранюхаю, што i як. Вам цяпер патрэбны добры адпачынак, здаровае i лугом цi лесам насычанае паветра, добрыя харчы. Гэтага ўсяго там ёсьць уволю. Што-ж да заплаты, – ня ведаю, – прыдзецца згадзiцца на тое, што ён дасьць. Ды гэта ўсё яшчэ ў будучынi. Цяпер-жа мяне жывот упiкае, што я пра яго забыўся. Запрашаю вас на вячэру.
– Добра, калi так прыгожа просiш, – жартаваў Шпак.
– Прашу, калi ласка.
– Яшчэ адно, – прыгадаў Шпак. – Хачу паказаць табе вось што.
Ён падаў Алесю канвэрт i "Голас радзiмы". Алесь уважна агледзеў iх.
– Лёкальны штэмпаль. Нiкчэмнiкi, яны за вамi па пятах! – злосна гаварыў Якiмовiч. – Няма-ж на iх пакуль што з нашага боку нiякай паганякi!
18
Пасьля паўдня ў тойсамы дзень, калi Шпака выкiнулi з працы, Нiна Ляскiн тэлефанавала Капшуну. Яна карысталася тэлефонам з публiчнай будкi. Наагул, згодна кансьпiрацыйных правiлаў, ёй было дазволена тэлефанаваць у выключных выпадках. Сяньня Нiна мела iншыя пляны на вечар, але Капшуна не жадала бачыць у сваiм памешканьнi ў прысутнасьцi Веры, якая магла-б пачуць нешта, што ёй не належалася. А адкладаць такую важную для Капшуна навiну Нiна не магла.
– Маю добрую навiну, – казала яна ў трубку, калi адазваўся Капшун. Шпака звольнiлi з працы. Лiо казаў мне, што крышку трэба было падмазаць, каб паслухаў.
– Маладзец ты, дзеўка! Я ўжо нямношка беспакоiўся...
– Грыша, як ты мог! – дакарала Нiна. -Я-ж табе казала, што слова датрымаю.
– Ведаю...
– Цi я цябе калi падвяла?
– Было пару разоў...
– Разумею. Ну ведаеш, не спадзявайся, што кажны раз, як толькi пальчыкам кiўнеш, то да цябе зараз у абдымкi пабягу.
– Я-ж многа не вымагаю, а ты гэтае дабро на рынак не панясеш, Нiначка...
– Уважай ты, прагавiты, калi хочаш каб наша справа добра iшла.
– Магу цябе сяньня вечарам пабачыць?
– Нет, нiяк...
– Чаму?
– Мая субкватарантка будзе дома.
– Ну ладна ты, языкаватая красавiца, не хачу цябе гнявiць. Цяпер-жа пра гэтага пiсаку... Я забясьпечыў яго адпаведнай лiтаратурай. Ён павiнен быў яе ўжо атрымаць.
– Думаеш, што табе ўдасца яго зламаць?
– Спрабую. Стары нягоднiк павiнен мець свае слабасьцi. Калi зломiм, добра, калi-ж не, – тады...
– Тады што?
– Можна будзе нешта больш радыкальнае.
– Ты думаеш пра "настаяшчую абработку"?
– Казаў-жа табе некалi, што не раблю на сваю руку. Трэба будзе зь кiм-небудзь параiцца...
Нiна Ляскiн дагадвалася на каго Грыша намякаў. Здавалася ёй, што Капшун i той "нехта" выконваюць заданьнi з самага верху. Яе спэцыяльная пазыцыя многiя кантакты на працы й вонках яе – спрыяла "дзелу".
– А як адносна дзяўчыны? – пытаўся Капшун.
– Нiчога, усё ў парадку. Яна такая нямношка засьценчывая, праводзiць час з тым Якiмовiчам. Рэдка расказвае мне пра што яны гавораць.
– Можа быць элемэнт небясьпекi, калi-б яна ўтрэскалася...
– Яна ненадзейная?
– Была окэй. Заўсёды трэба вока дзяржаць на непрадбачаным. Разумееш?
– Буду старацца.
– Што я маю асаблiва на думцы... Сьлядзi за зьменамi ў яе паводзiнах. Калi што, ведаеш...
– Мяркую, што так.
– Чаму-б табе не заглянуць да мяне сягоньня? Або можа дзесьцi спаткаемся?
– Прабач, не магу.
– Штосьцi важнае замiнае?
– Для мяне важнае. Пацярпi.
– Ты заслужыла яшчэ на адзiн пацалунак за тое, што вытурыла з працы таго нягоднiка. Я затрымаю яго для цябе...
– Затрымай для сваёй цешчы, любоўнiк!
– Ну, не...
– Бывай. I паведамi мяне, калi цябе запраўды прыпрэ.
– Ты цынiк!
Нiна павесiла трубку. Грыша напэўна дадумаўся, што яна сяньня мае сустрэцца зь iншым. I калi яна зажадае мець Грышу, ён будзе там, дзе бывае заўсёды.
19
Была гэта невялiкага разьмеру, у чорнай плястыковай вокладцы, з абношанымi-працёртымi кутамi запiсная кнiга. Вiдаць па вокладцы й бачынках, што часта ўжывалася. Тыповы запiс, прыкладна, такога зьместу: Язэп Сноп, нар. у Н., 1925 г.; радня ўдома ў калгасе. Нэгатыўны да камунiзму, нявыразная палiт. ар'ентацыя. Таракан у саладусе. Цяперашнi адрас: 1113 Вiнэт вул., Мантрэал, 36. тэл.: 374-8602.
Алесь любiў гумар, а таму i ў запiсную кнiжку траплялi некаторыя "кавалкi". Напрыклад, цi чулi вы як адзiн наш суродзiч спасьцярог калi сусед ягоны, гэткi-ж, як i ён, iмiгрант, у гэтым капiталiстычным сьвеце ўжо дарабiўся? – Глянь ты на яго! – казаў ён сябру свайму. – Чалавек ужо дарабiўся. Ён i ягоная сям'я ўжо тэлевiжан вачуюць!
Слова вачуюць – гэта ад ангельскага to watch – глядзець. Людзi, бачыце, ужо глядзяць тэлебачаньне. А здарылася тое ў пяцiдзясятых гадох, калi тэлевiзары дорага каштавалi. Вось чаму чалавек, каторы мог купiць дарагi апарат i меў час глядзець праграмы розныя – чуеце? – ужо дарабiўся ў гэтай капiталiстычнай краiне. У чорнай кнiжцы, што была некалi неразлучным спадарожнiкам Якiмовiча, было шмат такiх нататак. Для Трыфты Тонi яму даводзiлася падарожнiчаць i палагоджваць розныя iнтарэсы, а ягонае сяброўства ў управе Згуртаваньня Беларусаў накладала дадатковыя абавязкi. Трымаў кантакты з многiмi сябрамi арганiзацыi, пашыраў нацыянальную i арганiзацыйную лiтаратуру. Прыдбаў многа сяброў i награмадзiў матар'ялу адносна апазыцыi. У гэтай апошняй групе бачыў ня толькi людзей няпрыязных для сябе цi беларускiх актывiстаў, але й так званых тараканоў у саладусе чыстых матар'ялiстаў, проста гультаёў i розных колераў ханжу, што адно пра сябе дбала.
Магчыма, што Алесь ня чуў пра Франца Бэйкана, але жыцьцё падказала яму, каб трымаўся ягонага правiла: Трактуй сваiх сяброў так, як быццам-бы яны мелi стацца тваiмi ворагамi, i глядзi на ворагаў, як быццам-бы яны маглi стацца тваiмi прыяцелямi. Накш гаворачы: трымай усюды адкрытыя вочы, вушы й дзьверы. Ззамоладу лёс навучыў Алеся як важна мець iнфармацыю адносна людзей. Яе трэба было ня толькi зьбiраць i парадкаваць, але й цэлы час абнаўляць. Найбольш адносiлася гэта да людзей палiтычна актыўных.
Чорная кнiга багацела нататкамi. Цi раз даводзiлася Алесю думаць, што камунiсты былi-бы надзвычайна задаволеныя, калi-б такая кнiга трапiла ў iхныя рукi. Калi Давiд Зэлман затрымаў Алеся на базе i наладаваў на яго немалы цяжар даўгiх гадзiнаў, Алесь неяк забыўся пра тую чорную запiсную кнiгу бо яна была цяпер яму непатрэбная. Ляжала падсунутая пад большыя кнiгi на полцы ягонай сьцiплай хатняй бiблiятэкi. Алесь любiў чытаць i цi раз, зьвяртаючыся да сваiх улюбленых аўтараў, спасьцерагаў на полцы малую запiсную кнiгу, мяркаваў што зь ёю зрабiць, ды так i пакiдаў яе там, дзе была дагэтуль. Бальшыня адрасоў з Алесявай запiсной кнiгi перайшла i да сакратара арганiзацыi, хоць усялякiя дробныя iнфармацыi Якiмовiч затрымаў для сябе.
Рашчараваная Алесевым сарказмам пра ягоныя ваенныя гады, Вера прадаўжала свае пошукi. Сустракалася зь Якiмовiчам, хадзiлi разам у кiно, на танцы цi ў тэатры. Паступова дзяўчына даведалася шмат чаго з Алесевага мiнулага, але цёмнай астаўся для яе ягоны ваенны пэрыяд. Вера зацiкавiлася беларускай лiтаратурай. Алесь выказаўся, што Максiм Горкi, якога яна цi не найлепш ведала, будзе даволi мiзэрна выглядаць у параўнаньнi зь Янкам Купалам, Коласам, Багдановiчам. Калi-ж дзяўчына пыталася дзе можна дастаць iхныя творы, Алесь параiў ёй пакарыстацца ягонай собскай бiблiятэкай, у якой ён згуртаваў усе эмiграцыйныя выданьнi беларускае клясыкi.
– Бяжы да мяне калi захочаш. Усе мае пiсьменьнiкi й паэты зь вялiкiм гонарам возьмуць цябе ў абдымкi й пазнаёмяць iз сваiмi гэроямi.
Падчас ейнае вiзыты, Алесь параiў ёй выбраць што хоча зь ягоных кнiгаў, а сам пайшоў у кухню, каб нешта нарыхтаваць. Вера спасьцерагла, што да беларускай клясыкi прысуседзiлiся Мiцкевiч, Гэмiнгвэй, Томас Ман, Конрад, Дастаеўскi, Агата Крысты й iншыя. Зрок ейны затрымаўся на малой кнiзе з вокладкай чорнага колеру, шыйка якой выглядала спад нiзу кнiгi твораў Оскара Ўайлда. Дзяўчына выцягнула тую кнiжачку i гартаючы, хутка спанатрыла што за скарб трымала ў сваiх руках. З кухнi чуваць быў бразгат пасуды. Калi Алесь вярнуўся ў сьвятлiцу з наладаваным закускай i напiткамi падносам, малы чорны блакнот бясьпечна ляжаў у Верынай сумачцы а сама яна гартала Шпака.
– Варта табе яго прачытаць, – сказаў Алесь пра Шпака. – Ён ёсьць надзвычайным пiсьменьнiкам.
– Магу пазычыць гэту кнiгу?
– Калi ласка, бяры.
Вера ледзь не правалiлася пасьля, калi ўжо выпiлi вiна й закусвалi каўбасой.
– Ведаеш, Верачка, – жартаваў Алесь, – я заўсёды даводзiў, што найлепш пазнаеш дзеўку, калi заглянеш у ейную сумачку, цi, як у нас дома кажуць, торбачку. Магу я заглянуць у тваю?
Гэтак гаворачы, Алесь выцягнуў руку, каб узяць сумачку Веры з кракадзiлавай скуры, што ляжала побач.
– Чакай, стой! – запярэчыла перапалоханым голасам дзяўчына.
Зьдзiўлены такой нечаканай рэакцыяй на свой жарт, Алесь глядзеў на зьбянтэжаны дзяўчынiн твар.
– Ты, вiдаць, перапалохалася, як-бы там нейкi вялiкi скарб трымала.
– I am sorry, толькi... толькi я не хацела...
– Разумею. Ты там схавала тайную лiсту ўсiх варожых агентаў, паблажлiва жартаваў Алесь i гладзiў Верыну руку, заглядаючы ў яе вочы. – Так што давай яшчэ вып'ем.
Ён напоўнiў пузатыя кiлiшкi на высокiх ножках чырвоным портвiном. Вера, як выглядала, вярнула сабе поўную раўнавагу, павесялела i ўсьмiхнулася, а хлапец i не падазраваў, што жартам ледзь не раскрыў ейную таямнiцу.
Капшун ледзь не падскочыў з радасьцi, гартаючы Якiмовiчаў блакнот. Ён сказаў Веры, што блакнот тымчасам затрымае, а пасьля, – не адразу, а так за днi тры цi чатыры, – трэба яго вярнуць назад. I за днi тры Грыша аддаў Веры чорную кнiжачку.
– Iнфармацыi цэнныя. Не магу ня выказаць з гэтай прычыны надзвычайнага задаваленьняз так удачнай работы. Але ты, – ён тут затрымаўся i ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы, – ты мусiш прадаўжаць сустракацца зь Якiмовiчам i дакладваць мне аб iм, як раней. Панятна? А чалавек, да якога ты далжна дабрацца гэта Антон Шпак. Чула пра яго?
– Чула. Мне Якiмовiч расказваў аб iм.
– Цудоўна! Пастрайся, каб цябе зь iм пазнакомiў. Узнай як ён жыве, што робiць, якiя мае планы. Надзеюсь, гэта цябе не азадачыць?
– Ды не.
Тыдзень пазьней Вера зноў зайшлася да Алеся, каб нiбыта замянiць кнiгi. Калi Якiмовiч адлучыўся на кухню, малая кнiжка з чорнымi вокладкамi апынулася пад кнiгай твораў Оскара Ўайлда.
20
За кароткi час пiсьменьнiк Шпак усьведамiў сабе, што i ён, у лiку iншых выдатных Беларусаў у дыяспоры, апынуўся пад скрыжаваным агнём маскоўскiх злачынцаў i iхных бэсэсэраўскiх падхалiмаў. Кагадзе меў пэўныя сумлевы, што бальшавiкi неяк памаглi выкiнуць яго з працы. Цяпер-жа асновы тых сумлеваў зьнiкалi. Праясьнялася. Лiсты прыходзiлi цi ня кажны дзень. Звароты амаль пасяброўску дарагiм i ласкавым тонам. Старшыня камiтэту завяртанцаў з Бэрлiну нейкi энкавэдыст Мiхайлаў, быццам дбайны бацька, турбаваўся пра лёс суродзiчаў, кiнутых у эмiграцыйную нядолю. Вось як яно! I ў заклiках, мотто амаль жыўцом зь бiблii: "Вяртайцеся на ўлоньне радзiмы, блудныя сыны й дочкi. Калi й саграшылi, бацькаўшчына вам выбачыць".
Лiсты падрыхтаваныя машынапiскай, адбiтыя на рататары, а iншыя рэгулярным кнiжным шрыфтам. Iшлi-ж яны ня толькi да Антона Шпака, але й да iншых выгнаньнiкаў высокае рангi. I прасiлi такiм мiлым-прамiлым тонам, каб вярталiся ў абдымкi дарагой i кахаючай iх бацькаўшчыны, якая i прыгарне, i накормiць, i...
Гэтта-ж побач, зусiм адкрыта – пагрозы. Усе вылюдкi, бандыты, фашыстоўскае ахвосьце, здраднiкi, каторыя й цяпер паклёпы майструюць на "родную ленiнскую камунiстычную партыю" i на "сацыялiстычную радзiму", – усе яны ў свой час будуць трымаць адказнасьць перад народнымi судамi. Во як! Яны прападуць, як зьнiкае пена ад карабля ў акiяне. Дык вось – чада мои, вяртайцеся на радзiмы ўлоньне. Хадзеце й сядайце за падрыхтаваны для вас сямейны стол, сярод раднi й сяброў спажывайце плёны зямлi роднай, а заўтра, закасаўшы рукавы, станавiцеся побач, памагайце лiквiдаваць ваенныя руiны.
У чым-жа сiла такiх крывадушных заклiкаў? Апэлявалi яны да патрыятызму i эмоцыi людзей, што апынулiся ў нялёгкай духовай цi матар'яльнай сытуацыi. Надта добра змайстраваны падман, якi вялiкай моцай прамаўляў да выгнаньнiкаў, што ня мелi гэтта, – за межамi Гулагу, – фiзычных сiлаў i духовай вытрываласьцi, каб будаваць сабе нейкую больш-менш нармальную будучыню. Людзi старэйшыя, або тыя, што ня мелi тэхнiчнае адукацыi, апынулiся ў цяжкой сытуацыi. Завяртанцы з таго бэрлiнскага камiтэту напалохалi i так званых простых сялянаў цi iндустрыяльных работнiкаў. Замежная сетка бальшавiцкiх агентаў таго камiтэту зьбiрала весткi пра ўсiх так званых суайчыньнiкаў, рабiла лiсты iхных сваякоў, што былi ўдома; стваралiся пры гэтым чорныя лiсты так званых грахоў перад радзiмай у часе "вялiкай айчыннай вайны". Напалоханыя бальшавiцкiм шантажом Беларусы не маглi весьцi нармальнае карэспандэнцыi iз сваiм сваякамi, што жылi ў маскоўскiм ярме. Згодна так званых правоў, цi бяспраўя грамадзянаў эсэсэрыi, сувязь з загранiцай была крымiналам. Напалоханыя бальшавiцкiмi шантажамi, шматлiкiя Беларусы за мяжою трымалiся таксама воддаль ад беларускiх арганiзацыяў. Гэта, – верыце, цi не? – калi-б бальшавiкi даведалiся пра iхны ўдзел у беларускiм грамадзкiм жыцьцi за межамi "сувэрэннай БССР", магло-б сьцягнуць рэпрэсii на iхных сваякоў.
Цiкавая i зусiм неабходная застрахоўка, для бясьпекi жыцьця "блудных сыноў i дачок" ды iхных сваякоў у маскоўскiм прыгоне, наглядалася ў эмiграцыйнай прэсе. Лiсты ахвяраў на выданьне газэтаў i часапiсаў поўнiлiся рознымi iнiцыяламi, скаротамi, або псэўданiмамi. Шматлiкiя выгнаньнiкi высьцерагалiся, каб ня трапiць на якiя груповыя здымкi, што зьмяшчалiся з нагоды розных урачыстасьцяў цi збораў у беларускай эмiграцыйнай прэсе. Яны пераканалiся, што НКВД-КДБ зьбiрае ўсё ў свае архiвы, студыюе кажны твар, пры помачы сваiх агентаў на эмiграцыi трымае пiльнае вока на найбольш актыўных антыкамунiстах. Некаторых выдатных людзей, у тым лiку i зь Беларусаў, КДБ рукамi сваiх агентаў лiквiдавала. Добрасумленныя суродзiчы нашы, што ўжо прыжылiся на эмiграцыi i матар'яльна маглi памагчы сваяком на паняволенай бацькаўшчыне, баялiся гэта рабiць, каб не сьцягнуць на сваякоў якую рэпрэсiю з боку акупацыйнага рэжыму.
Як ацанiць маштаб шкоды, што бальшавiкi ўчынiлi беларускiм нацыянальным арганiзацыям грамадзкага, палiтычнага, рэлiгiйнага, навуковага цi харытатыўнага характару на эмiграцыi? Нашы суродзiчы намагалiся за межамi паняволенае бацькаўшчыны будаваць сваё новае жыцьцё, гадаваць дзетак у беларускiм духу й веры ў Бога, даваць iм магчымасьцi скончыць вышэйшую асьвету, i пры гэтым памагаць народу змагацца за вызваленьне з маскоўскага ярма. I вось супраць гэтых людзей вялася дзесяцiгодзьдзямi бесьперапынная бальшавiцкая акцыя шантажу, нацкоўваньня, паклёпу, антыгуманнай прапаганды. Фашысьцiлi эмiгрантам здольныя бальшавiцкiя палiтрукi, што найчасьцей у завяртанскiм "голасе" выступалi апосталамi вышэйшай справядлiвасьцi. Выдатных беларускiх патрыётаў, што былi на эмiграцыi, яны называлi "мацёрымi" здраднiкамi, быўшымi прыслужнiкамi фашыстоўскiх гiтлераўскiх акупантаў цяпер ужо "вызваленай" – пры ахвярнай помачы "братняга рускага народу", – радзiмы.
Антон Шпак бачыў змаганьне за вызваленьне бацькаўшчыны з маскоўскага калянiяльнага ярма на шырокiм прасторы. Канкрэтнае-ж i штодзённае заданьне: мала было адбiвацца сяньня цi атакаваць тых маскоўскiх цiвуноў, што няспынна прадаўжалi фашысьцiць усiм беларускiм нацыянальным лiдарам у дыяспоры; неабходна было ня толькi захаваць, але й памнажаць свае сiлы, цi, – калi накш сказаць, – людзкiя рэсурсы, каб мець базу для аднаўленьня нацыянальнага арганiзму ў будучынi. Там-жа, у зоне, цяпер ужо пад уладай спадкаемцаў таго "вялiкага й мудрага айца ўсiх народаў" адбывалася нячуванае дасюль у сваiх маштабах злачынства: лiквiдавалiся апошнiя беларускамоўныя школы, а русiфiкацыя культурнага, навуковага i адмiнiстрацыйнага жыцьця "сувэрэннай" псэўдарэспублiкi дайшла да кульмiнацыйнага пункту; ад якога ўжо няма дарогi назад да адраджэньня зганьбаванай i запрыгоненай нацыi. Пасьля страты мовы, культуры, традыцыяў, сьведамасьцi свае гiстарычнае мiнуўшчыны, собскае i нацыянальнае годнасьцi – наперадзе адно цемра: некалi ў гiсторыi вялiкi й слаўны народ ператворыцца ў "зямляцтва", угнаеньне для прагавiтых дзярлiвых чужынцаў.
Трэба, адылi, разьлiчваць, што цяперашнi гвалтоўны напор расейшчыны яшчэ ня зможа дасягнуць сваей канчальнай мэты, што ў запасе яшчэ ёсьць час i добрыя хаўрусьнiкi. Супольны фронт усiх паняволеных Маскоўшчынай народаў, пры адпаведнай палiтычнай каньюнктуры i падтрымцы дэмакратычных краiнаў вольнага сьвету, дасьць даволi сiльны штуршок, каб пiхнуць "iмпэрыю зла" да яе суцэльнага распаду. Дык мала цяпер толькi адбiвацца ад тых, што фашысьцяць табе ў розных "голасах радзiмы", дэзынфармуюць i так цi мала зьбянтэжаных суродзiчаў. Абавязкова трэба назапасiць амунiцыi i на будучыню, трэба гадаваць новую зьмену. А гэнай зьменай могуць быць адно тыя, што тут, на чужыне навучацца свае мовы й захаваюць яе, пазнаюць запраўдную гiсторыю Беларусi, яе культуру, традыцыi, пабудуюць для сябе рэлiгiйныя сьвятынi i паклiчуць да аўтароў такiх сьвятароў, для якiх любоў блiжняга стане на адным узроўнi з адданасьцю iнтарэсам беларускае эмiграцыi i паняволенай бацькаўшчыны.
У розных сваiх эмiграцыйных iнстытуцыях трэба новаму, ужо за межамi бацькаўшчыны народжанаму, пакаленьню даць добрыя веды пра Беларусь i, у найгоршым выпадку, калi ўжо нельга тут выхаваць жаданых патрыётаў Беларусi, дык прынамсi старацца ўзгадаваць нейкiх ейных сымпатыкаў i абаронцаў. Каб запрыгоненая краiна нiколi ня страцiла за межамi, у вольным сьвеце, голасу свайго, каб захаваць насеньне для будучага аднаўленьня плёнаў на родных нiвах.
Усьведамiўшы, што пiсьмы Мiхайлава i цэлая "чырвоная афэнзыва" вялi псыхалягiчную вайну аж да зьнямогi супраць бедных антыкамунiстычных iнтэлектуалаў за межамi "забранай зямлi", Шпак пастанавiў у гэны крытычны час узяцца за публiцыстыку. Шматлiкiя суродзiчы жадалi пачуць ягоны голас, натхнiцца яго заклiкам i знайсьцi адпаведную амунiцыю супраць тых завяртанскiх стралкоў i цiвуноў, што наперабой фашысьцiлi ўсiм, каторыя так цi накш змагалiся за вольную Беларусь i захаваньне беларускага этнасу на эмiграцыi.
Трэба было аналiзаваць i ў дробных дэталях ды ў цэлым камплеце паказаць мэтады й сродкi агрэсыўнага камунiстычнага наступу, стварыць цэлы й аб'ектыўны вобраз таго бяздоньня, куды вядзе капiтуляцыя перад адвечным ворагам Беларусi, а цяпер i ўсяго чалавецтва. Шпак ня браўся атакаваць тых, якiх гэтта на эмiграцыi называлi зьвiхнутымi. Гэткай мянушкай ахрысьцiлi тых, што з розных прычынаў трапiлi ў варожую пастку, а цяпер, пасьля адпаведнага раскаяньня перад "радзiмай, якая ўсё прабачыла i да сваiх грудзей прыгарнула", яны выхвалялi катаў беларускага народу, лiлi розныя памыi на перадавых беларускiх патрыётаў на эмiграцыi ды заклiкалi суродзiчаў вяртацца на бацькаўшчыну. "Зьвiхнутыя", або здраднiкi, – як называлi iх iншыя беларускiя патрыёты, – сталiся маленькiмi пешкамi ў вялiкай, ворагам вольнае Беларусi плянаванай вайне.
Пiсьменьнiк Шпак у раньнi пэрыяд сваей пiсанiны спанатрыў вялiкую цану непасьпешлiвага i халоднага доказу. Яшчэ лепш, калi падтэкстам памагае лёгкая iронiя. Шпак адказваў Мiхайлаву i ягоным "саўдзельнiкам у злачынствах" лагодна-мяккiм i зьдзеклiвым тонам, ягоная вiвiсэкцыя нутра камунiстычнага арганiзму – удалая i сьмелая, аргумэнты – быццам скала. Балела пiсьменьнiку сэрца за раськiданых па цэлым сьвеце суродзчаў, што апынулiся пад скрыжаваным шквалам варожае прапаганды. Шпак напiсаў сэрыю ў трох артыкулах, перагледзеў iх, паправiў, выслаў заказной ды паветранай поштай у беларускую штотыднёвую газэту ў Мюнхэне.
Калi вярнуўся з пошты, ня мог пазбыцца ўражаньня, як нiкчэмна мала зрабiў. Беларускiя выгнанцы ўсё роўна будуць трапляць у хiтра расстаўленыя працiўнiкам пасткi. Магнiт у руках катаў занадта моцны, каб яму супрацiўляцца маглi слабыя духам, якiх карэньне на гэтым баку акiяну ды ў Заходняй Эўропе яшчэ не ўрасло дастаткова глыбока ў чужую глебу. Шпак малiўся Богу, прасiў Яго, каб прыйшоў суродзiчам на помач, скарэй паслаў той час расплаты зь ненавiсным ворагам, якога ракавы арганiзм руйнуе ўсё чалавецтва, каб урэшце вярнуў раськiданых па цэлым сьвеце, – насамперш i тых са сьмяротнага Гулагу, – сыноў i дачок на вольную i дарагую Бацькаўшчыну.
21
На п'едэстале, на аграмадным канi – прынамсi ўдвая большым за нармальнага, – расьсеўся Яго Каралеўская Вялiкасьць, Кароль Вялiкай Брытанii, з Ласкi Божае Iмпэратар Iндыi i гэтак далей... Бронзавы конь, зь пярэдняй левай паднятай нагой, – гатовы ў дарогу, – касавурыў крыху налева. Сам яздок ягоны, з адкрытай, галубамi ўдэкараванай лысай галавой з вусiшчамi i бародкай, грудзьмi абвешанымi мэдалямi i рознымi шнурамi ды кукардамi, ботамi з халявамi за каленi, трымаў паляўнiчы брыль у правай руцэ на калене, а левай рукой натужыў лейцы ад аброцi. Шырокi iмпэратарскi твар спакойна пазiраў наўскасяк направа. I цяпер галуб з галубкай аглядалi парк з выгаднай лысiны Эдварда VII-га, найстарэйшага сына Вiкторыi, якому трэба было пажыць гадоў шэсьцьдзесят, пакуль мацi з высокага трону зьлезла.
Помнiку Эдварда VII-га, якi некалi займаў пачэснае месца ў сталiцы Iндыi, адвялi кут у Радфардзкiм Гарадзкiм парку. Яшчэ ня так даўно, пакуль нахлынула пасьляваенная хваля iмiгрантаў, парк падлягаў правом прыроды. Зайцы, на якiх тут паляваць забаранялася, гэйсалi ўсюды ў гушчы дрэваў, у кронах якiх гнязьдзiлася маса птушак. Вялiкая паркавая прастора ўключала пагоркi, далiны, дзьве рэчкi, што вужамi вiлiся мiж дрэваў i хмызьнякоў. Спакойная паверхня невялiкага возера гаманiла дзiкiмi качкамi й шэрымi канадыйскiм гусямi ды вечна галоднымi крыклiвымi чайкамi. Ля таго возера ў далiне была лодачная станцыя – аблюбаванае месца моладзi. Апавядалi, што некалi парк гэты, пакуль стаўся ўласнасьцю гораду, наведвалi пераважна аматары паляваньня й рыбакi.
Калi аж тры ўрады – фэдэральны, правiнцыяльны й гарадзкi – наважылiся барукацца зь беспрацоўем, надта хутка знайшлiся фiнансавыя сродкi для ўпарадкаваньня i аднаўленьня гэтага вялiзнага плошчай парку. Нанава расплянавалi, пабудавалi адну цалкам неабходную дарогу для аўтамабiляў, сьцежкi для бягуноў, хадуноў i самакатаў, аўтастаянку пры мадэрным, непадалёк возера, летам халоджаным, рэстаране. Зашумелi сям-там мiнiятурныя вадапады, пчолкамi й чмялямi загулi кветнiкi. Выгадныя лаўкi пры сьцежках i ў зеленi травы запрашалi чалавека адпачыць воддаль ад шуму й гармiдару гораду. Акцэнт мадэрнiзацыi парку клаўся на лёгкую кантролю прыроды з прыбыткам зусiм неабходнай, але не залiшняй цывiлiзацыi.
– Зiрнi ты на яго, паляўнiчага iмпэратара! God save the king! усьмiхаўся Алесь, аглядаючы вялiзнага Эдварда сёмага на бронзавым канi.
– А адкуль ён тут узяўся? – зьдзiвiлася Вера. – Такiя пампёзныя помнiкi iмпэратарам стаўлялi перад будынкамi парламентаў цi на якiх важных сквэрах...
– А ты ня чула?
– Што?
– Ды як гэтага гэроя нашыя манархiсты сьцягнулi зь Ню Дэлi?
– Калi гэта?
– Як Iндыя сталася незалежная ды сваiм розным Магатмам пачалi помнiкi майстраваць...
– Дык тады гэтага iмпэратара сюды?
– Хацелi яго дзесьцi на якую галоўную Кiнг вулiцу паставiць, але... ня тыя часы, ня тое пакаленьне. Бальшыня ў гарадзкой управе ўпёрлася... Дык вось яго сюды, у больш экзатычнае месца... Зрэшты, яго й тут галубы, як бачыш, для сваiх патрэбаў адаптавалi...
Прыгожае надвор'е хутка напаўняла парк i Алесь уздыхнуў з палёгкаю, калi яму ўдалося знайсьцi вольнае месца для свайго Олдсмабiля.
– Окэй, даражэнькая, давай заглянем цяпер у дзiч, – прапанаваў Алесь дзяўчыне. – Знойдзем такое месца, куды яшчэ не сягнула сваёй прагавiтай рукой цывiлiзацыя.
– А тут ёсьць такое?
– Пашукаем, – узяў Веру за руку Алесь. – Мне здаецца, што я павiнен цябе сяньня рамонкам вялiчаць: Miss Daisy.
Сукенка ў кветкi iзь цесным тулавам i шырокай спаднiцай, прыгожа раськiнутыя па бакох i ззаду валосы ды той нявiнны дзяцiнна-прывабны тварык iз загадкавымi прамянiстымi вачмi... Захапляўся дзяцюк i дзяўчынай, i прыродай: летняй чысьцiнёй, сьвежасьцю, водарам налiваных поўнымi сокамi расьлiнаў i кветак. А побач – поўная й пышная ў сваёй сьпеласьцi й красе маладосьць. Дзяўчына, у Алесевым уяўленым параўнаньнi, запраўды нагадвала рамонак на нiве цяпер далёкай, чужнiкамi забранай зямлi. Але гэта дзяўчына iшла вось побач яго, яе скваплiва аглядалi сустрэчныя мужчынскiя вочы.
Прыселi на лаўку пад вялiкiм дубам. Праз галiны дрэваў зьзяла люстра залiтага сонцам возера й вiдаць быў лодачны прыстанак. Некалькi парачак у лодках марылi пра каханьне, а больш заавансаваныя практыкавалi яго ў пацалунках.
– Вось што я люблю, – сказаў Алесь, – мы жывём у дваццатым стагодзьдзi а паглядзi, як мы далёка ад яго, значыцца ад цывiлiзацыi ягонай, што цi не пайшла на злом галавы... Якое тут хараство! Адсюль, ад гэтай цудоўнай прыроды запраўды блiжэй да Бога...
Зачараваная прыродай дзяўчына, сама прыгожая ляля, маўчала. Алесь носам адчуў запах бэзавай парфумы, зiрнуў на румяны тварык. Блiзкасьць дзяўчыны гэтта, на ўлоньнi прыроды, актывiзавалася адным жаданьнем. Калi зiрнуў на яе ўважна, спасьцярог нейкi выклiк у ейных вачох. Поўныя ружовыя, зусiм немаляваныя вусны, румяныя шчочкi, абяцаючыя вочкi – усё гэта на выклiк. Магнiт, якому няма супрацiву. Сустрэлiся цi не на поўдарозе. I спачатку вусны ейныя, быццам коркавыя, непаслухмяныя, як некалi гэны першы раз. Ды тут-жа адразу дзяўчына памякчэла, быццам ажыла, усiм дрыготкiм целам прыльгнула да яго, упiлася ў ягоныя вусны. Хлапец ледзь трымаўся пры наплыве крывi, малаточкi стукалi ў скронi. Здавалася, што шпаркая хваля зусiм затуманiла галаву, кiнула цябе ў нейкi вiр, дзе ўлада жывёльнага сьвету бярэ верх. Цябе ўсяго паглынае адно прагавiтае iмкненьне. I якраз тады, калi Алесь ужо цалкам апынуўся ў тым дзiўным ашаламленьнi, Вера раптоўна адхiнулася. У ейных вачох на iмгненьне, – бачыў Алесь выразна, – прамiльгнуў цень страху. Яшчэ п'яны нэктарам пацалунку, дзяцюк зьбянтэжыўся. Ды зараз-жа дзяўчына прыгарнулася да яго яшчэ шчыльней i проста зь нейкай канвульсiяй упiлася ў ягоныя вусны. Алесь задрыжэў усiм целам i цяпер ён першы адхiлiўся. Рукой лагодна падняў Верын падбародак, заглянуў уважна ў закаханыя вочкi.
– Огоо! Умееш цалавацца! А мне раней здалося, што ты быццам ня ты, што ты тут зусiм няпрысутная. Але-ж ты зусiм ажыла, вярнулася! Дзякуй табе! гаварыў захоплены Алесь.
I зноў патанулi ў соладзе вуснаў i абдымкаў, цяпер ужо бяз нiякага напружаньня, нэрваў, у вялiкай роскашы. Усё зьлiлося ў адно, тое, што вядзе да фiзычных вытокаў, чым сьпявае й пульсуе ўсё жыцьцё ад часу стварэньня, калi iмкнецца да завязi, што нясе новыя плёны. У гэным экстазе, калi два целы зьлiваюцца ў адзiн гарманiчна пульсуючы сокамi жыцьця арганiзм, рэальнасьць адыходзiць у нябыт, а мiраж становiцца запраўднасьцю. П'яны хмель нэйтралiзуе галоўнага вартаўнiка – дасканалы апарат мозгу. I дзiва няма, што ў самы адказны момант, – калi галоўны вартаўнiк-кiраўнiк адсутнiчае, – шырака адчыняюцца дзьверы для новых пакаленьняў. I вось гэтта, цяпер, у парку навосьцеж якраз адчынiлiся такiя дзьверы. Ды Вера раптоўна адпiхнула дзяцюка. Быццам рыба, выцягнутая з вады, Алесь лавiў паветра.
– Алесь, я мушу табе расказаць, – цiха шаптала Вера.
– Расказаць што?
– Пра той першы пацалунак i чаму я проста не магла... знаеш... Была прычына... Гэта сталася даўно, калi мне ня было яшчэ шаснаццацi гадоў...
– Не! Не кажы, перастань! – Алесь закрыў ёй далоньню рот. – Я не хачу слухаць пра тое, што там было. Я хачу цябе бачыць i ўяўляць, – калi цябе няма пры мне, – такой, як цябе цяпер бачу – цудоўным пахучым рамонкам, прынаднай i чыстай прыгажосьцю. Навошта-ж усё гэта бярэшся сапсуць?
Дзяцюк уяўляў ужо, што вось гэтая цаца-ляля, што побач, зараз-жа пачне рабiць нейкiя дзiўныя цi жахлiвыя прызнаньнi пра свае дзявочыя грахi, наводля тых, пра якiя можаш прачытаць у такiх папулярных для аматараў усякай эротыкi часапiсах, як True Confessions...
– Ды я ня зьбiраюся нiчога сапсуць, – гаварыла ўжо ўсхваляваная Вера. А чаму-ж я не магу нiчога расказаць пра сябе? Цi гэта я ўчора нарадзiлася?
Цяпер у тых прывабных вачох зьявiўся дакор.
– Вiншую цябе, мiс Мак, з тваiм ранейшым нараджэньнем i з тым, што ты вырасла прыгожай, як ляля, але-ж я ня выклiкаў цябе на нейкую споведзь. Мала што нешта там было...
– Не, Алесь, я мушу, я хачу табе расказаць!
Памаўчалi. Алесеў зрок затрымаўся на лодцы, што на возеры. I там – ён i яна. Магчыма, першае каханьне... А тут у яго каторае? Дзяўчына хоча апавядаць пра сваё мiнулае... Няхай...
– Мне тады ня было яшчэ чатырнаццацi i я жыла ўжо ў другой сям'i...
Дзяўчына, нагнуўшыся, зрывала сьцяблiнкi высокай травы. Навокал, у сваiм росквiце, цешыўся сьвет. А гэтта Вера Януку пачынае нешта наводля споведзi. Ён уважна зiрнуў на ейны твар i здалося, што яна цяпер намагаецца пазьбягаць ягоных вачэй.
– У iх быў адзiн сын, гадоў можа дваццаць пяць векам. Вялiкi, сiльны й брыдкi, у шахце працаваў. Бацькi ягоныя любiлi мяне, як сваю, часта паўтаралi, што й самi некалi хацелi мець дачку. Я таксама iх любiла; добрыя i працавiтыя, ашчадныя, сумленныя людзi. Яны мелi сваю харчавую краму, працавалi доўгiя гадзiны. Ведаеш, як гэта ёсьць у малым гарадку, – калi не абслужыш людзей тады, як да цябе прыйдуць, значыцца ў любы час, дык скора i клiентаў мець ня будзеш.
– Мы жылi наверсе, над крамай. Было гэта перад Калядамi. У краме было многа работы перад сьвятам i гаспадыня – яна называлася Джэйн, – папрасiла мяне, каб я пачысьцiла пакоi наверсе. Я старалася iм памагчы, дык i прынукi ня трэба было. Я шматай мыла там падлогу i была на каленях, калi пачула, што адчынiлiся дзьверы. Гэта быў гаспадароў сын Джоў. Ня раз раней я бачыла злосны агеньчык у ягоных вачох i баялася яго. Хлопец гэты быў грубы, няпрыемны, дужы й агрэсыўны. Як я ўстала дык ён падыйшоў да мяне й сказаў: Мiленькая мая, не супрацiўляйся, бо нiхто цябе не пачуе. Будзь добрая для мяне i я цябе не пакрыўджу.
– Гэтак ён сказаў iз такой яхiдненькай усьмешкай на твары. Пакуль я, як тая разiнька, апамяталася што тут робiцца, ён раптам схапiў мяне й нёс на ложак у спальню. Для мяне той напад быў такi неспадзяваны, што я ня ведала што маю рабiць... Помню, што адкрыла рот крыкнуць, але гэты гарыла закрыў яго. Я, мусiць, укусiла тады ягоную руку цi шматай зьехала яго па твары бо ён мяне злосна кiнуў на ложак i пачаў бiць мяне. – Ты хочаш бiцца, сука! крычаў на мяне. Я старалася адпiхнуць яго калi ён пачаў мяне разьдзяваць. Раз я сьпiхнула яго з пасьцелi, кiдала на яго падушкi, але гарыла iзноў намагаўся на мяне ўзьлезьцi. Мне ўдалося скацiцца на падлогу i я тады бегла да дзьвярэй, але ён схапiў мяне за руку, крутнуў i я крэпка стукнула аб вушак дзьвярэй галавой што аж зоры пабачыла... Калi ён цягнуў мяне назад на ложак, мне не хапала паветра дыхаць.