355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кастусь Акула » За волю » Текст книги (страница 11)
За волю
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:50

Текст книги "За волю "


Автор книги: Кастусь Акула



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)

34

Нiк Лок на злом галавы бег па сходах унiз, каб знайсьцi Алеся Якiмовiча, каторы быў тут недзе ў краме.

– Алесь, нешта дрэннага здарылася. Якраз да мяне званiў мой брат з, рэсорту.

– Што такое сталася, Нiк? – насьцярожыўся Алесь.

–Твой сябра меў выпадак.

– Антон Шпак?

– Ён.

– Што за выпадак? Кажы, Нiк, што сталася.

Лок адказаў не адразу:

– Ал, мне прыкра казаць табе... Твой Антон Шпак ёсьць мёртвы.

– Мёртвы? Ты, Нiк, апупеў, цi што? Як?

Нiк Лок коратка пераказаў тое, што чуў ад свайго брата. Сьцiскаючы зубы, Якiмовiч намагаўся сканцэнтраваць думкi. Уструс перашкаджаў разважаць рацыянальна. Бракавала дэталяў. Адно ведаў Алесь напэўна: Антон Шпак у нiякiм выпадку ня мог налажыць сам на сябе руку. Iзноў-жа, быў ён занадта памяркоўны й асьцярожны, каб сустрэць сьмерць нейкiм чынам прыпадкова. Аставалася адна магчымасьць: забойства варожай рукой. Калi яно так, дык цi трэба было мазгi мазалiць над пытаньнем зь якога боку зьявiўся забойца?

Дзесяць хвiлiнаў пазьней Алесь гнаў свой Олдсмабiл галоўнай шашой з Радфорду напоўнач. Сьпяшыў, цiснуў бензiнную пэдаль аж да падлогi й празь люстэрка сачыў, каб не прычапiўся да яго ззаду палiцыйны хвост. Як шкада, што ня мог зрабiць той дарогi за якiх паўгадзiны! Ён уключыў радыё i знайшоў станцыю, якая рэклямавала сябе пад загалоўкам "Найнавейшыя Навiны Насамперш". Часамi здаралася, што яна лякальнымi навiнамi выпярэджвала iншыя камэрцыйныя радыёстанцыi. Вось, прыкладна, як цяпер. Звычайная крыклiвая рок-музыка спынiлася i нiзкi, урачысты мужчынскi голас паведамiў:

– А цяпер – дзьве навiны з нашае "Найнавейшыя Навiны Насамперш". Сяньня ранiцай у ваколiцы Iндыянборо, на рацэ Пома каля рэсорту Пайн Рыдж, два рыбакi знайшлi сьвежы труп, што ляжаў напалову ў мелкай вадзе з растрэсканым чэрапам. Палiцыi ўдалося ўстанавiць, што памёршым зьяўляецца беларускi пiсьменьнiк Антон Шпак з Радфорду. Выглядае, што рыбак упаў на валун i ўдарыўся аб яго галавой. Збоку знайшлi паламаную вуду. Палiцыя падазрае, што на Шпака нехта зрабiў напад i вядзе сьледзтва.

– А цяпер цi чулi вы такое? – вясёлай ноткай прадаўжаў голас. – Калi з паламаным напалову вудзiльнам выцягнулi жылку з вады, дык адгадайце што знайшлi на кручку! А знайшлi там вясёлкавую рачную фарэль больш дзесяцi кiляграмаў вагi, вось што! Прызнайцеся, гэта перавысiла навет так званае добрае шчасьце Айрышмэна: сустрэць сьмерць у той час, калi ты падчапiў на кручок такога прыгажуна!

Голас з радыёпрыёмнiка ўзлаваў Алеся. I як гэты дыджэй (так у скароце тут называлi "дыскавага джакея", – камэнтатара рознае мадэрнае музыкi), ня выдумаў яшчэ, што рыбак Шпак цягнуў вялiзную рыбiну, паламаў сабе вудзiльна, упаў, разьбiў галаву i тут-жа памёр? Алесь выключыў радыё. Злаваў ён на таго дыджэя яшчэ i за тое, што Беларуса назваў "уайт рашн" замiж "беларашн". Цяпер Канадыйцы будуць рагатаць з таго "рашн фэла" (Расейца), каторы забiўся як вялiзную рыбiну з ракi цягнуў. I чаго чакаць ад цемнякоў, што выдатна ўмеюць жлукцiць пiва й захапляцца гакеем, каб яны ведалi, прыкладам, што мiж Расейцамi й Беларусамi ня менш розьнiцы чымся мiж Ангельцамi й Немцамi? Ды найбольш Алесь кiпеў злосьцю на тую забойчую нiкчэмную брыду, што абарвала плённае жыцьцё выдатнага суродзiча Антона Шпака. Вялiзная страта для беларускага народу! Алесь ужо прыабяцаў сабе, што не пашкадуе нiчога, каб знайсьцi забойцу пiсьменьнiка.

35

За дзьве гадзiны Алесь прыехаў у Пайн Рыдж. Ад Мэры ў кухнi даведаўся, што ўсе людзi над ракой. I запраўды, Алесю здалося, што ўсе жыхары рэсорту сабралiся тут-жа побач кучы валуноў i каменьня, якую палiцыя адмежавала жоўтай iстужкай. Людзi стаялi цiха, рэдка гаварылi, сачылi што робiць палiцыя. А ў тым месцы, дзе пiсьменьнiк разьвiтаўся з жыцьцём, Алесь пабачыў двух чалалавек у цывiльным i аднаго ў мундзiры, што размаўлялi, аглядалi, нешта запiсвалi. Там-жа пры iх стаяў i чалавек з фотоапаратам. Белай рысай мелам па каменьнях было абведзена месца дзе, мабыць, ляжаў забiты.

Алесь падыйшоў да палiцыянта, якi, даведаўшыся, хто ён, параiў пачакаць, каб высьветлiць некаторыя пытаньнi. I тады да Якiмовiча падыйшоў малады дзяцюк, што назваў сябе рэпарцёрам з "Iндыянборо стар". Пытаньняў у гэтага юнага журналiсты было шмат: Хто такi Антон Шпак? Адзiнотны цi жанаты? Колькi яму гадоў? Колькi часу ў Канадзе? Чым займаўся? Пра што пiсаў? Цi вы думаеце, што яго нехта забiў у гэтай дзiчы? Чаму?

Ведаючы нахiлы дробнае мясцовае прэсы да сэнсацыйнасьцi, Алесь адказваў асьцярожна. Зусiм адмовiўся выявiць свае здагадкi пра магчымага забойцу Шпака. Разам з палiцыяй паехаў да адлеглага на дзесяць мiляў невялiкага гораду Iндыянборо. У шпiтальнай трупярнi паказалi яму цела забiтага, сказалi, што, згодна аўтопсii, памёр ад пабiтага чэрапу й мозгу, у вынiку чаго, наступiла хуткая сьмерць. Сказалi Алесю, што можа забраць цела нябожчыка для паховiнаў.

У палiцыйным бюро Алесь даведаўся, што два чалавекi з Пайн Рыдж рэсорту, якiя йшлi ранiцай па беразе ракi, бачылi сярэдняга росту чалавека ў кашулi ў чорныя клетачкi, як ён уцякаў у гушчар з таго месца, дзе знайшлi мёртвага Шпака. Людзi здалёку выразна ня бачылi твару таго чалавека. Пераламанае вудзiльна ляжала тут-жа ў вадзе ля берагу, а з кручком i жылкай змагалася вялiкая рыбiна.

– Цi вы хочаце ўзяць тую рыбiну? – спыталiся ў Алеся.

Ён зiрнуў на вялiкага прыгажуна без асаблiвай цiкавасьцi i параiў, каб адаслалi яго ў рэстаран Пайн Рыдж.

Палiцыя прызналася, што дагэтуль не знайшла нiчога, што магло-б памагчы высьветлiць якiм чынам памёр Шпак. Не заўважылi навокал нiякiх сьлядоў гвалту. Адно загадкай было паломанае вудзiльна, на якой спадзяюцца знайсьцi адбiткi пальцаў. Усялякая дробязь паможа. Так спадзяюцца.

– А чым вы можаце дапамагчы? – спыталiся ў Алеся.

Алесь коратка выказаў думку, што Шпак быў надта асьцярожным чалавекам, якi ў такi сьветлы й прыгожы дзень проста ня мог так упасьцi на камень i зусiм разьбiць сабе галаву. Шпак дбаў пра рыбалоўныя снасьцi, з паламаным вудзiльнам не пайшоў-бы на рыбу, а паламаў яго, вiдаць той, каго Шпак тут сустрэў, – выглядае, што забойцу, – якiм мог быць адно прысланы нехта з камунiстычнага логава. Ён выясьнiў прычыны такога меркаваньня.

– Можаце назваць падазроных?

– Не, тымчасам не магу.

Палiцыя прыабяцала Алесю правесьцi грунтоўнае сьледзтва. Калi забойца добра плянаваў сваю работу, дык, магчыма, яшчэ нехта мог бачыць падазроную асобу навокал рэсорту Пайн Рыдж. Алесь пакiнуў у палiцыi свой нумар тэлефону i абяцаў паведамiць iх пра ўсё, што ўдасца яму знайсьцi ў сувязi з гэтай справай.

Едучы дамоў, Алесь прыгадаў гутарку зь пiсьменьнiкам на мiнулым тыднi. Што гэта ён сказаў пра атруту? Ага, вось што: "памятай, што найчасьцей атруту даюць ахвяры ў найпрыгажэйшай чашы". Што, цi каго Шпак меў на думцы? Але, не, ня можа быць! Вера Мак, ягоная вялiкая любоў? Можа пачаць ад яе?

Вярнуўшыся ў Радфорд, Алесь заехаўся ў Трыфты Тонi. Крама мела хутка закрыцца. Веры не знайшоў. Сказалi яму, што перад абедам наракала на галаўны боль, пайшла дадому. Пазванiў ёй. Ня было адказу.

Алесь купiў тры шматтыражныя гарадзкiя газэты. Дражнiлi яго загалоўкi. "Сьмерць перад вялiкiм уловам" – крычала адна газэта. "Дзе скончылася рыбакова шчасьце!" – жартавала iншая. "Дваццацiхунтовая фарэль i мёртвы рыбак", – паясьняла трэцяя. Кажная зьмясьцiла, – дзякуючы ўслужлiвай палiцыi зь Iндыянборо, – прыгожую здымку рыбiны, i анiводная – здымкi Шпака. Вiдаць, што прэса ня ведала адкуль яе ўзяць. Рэпарцёры нiчога цiкавага не маглi сказаць пра прычыны пiсьменьнiкавай сьмерцi, дый пра самога Шпака, – што ён быў за чалавек, пра што пiсаў. Пра гэта ўсё зьявiлася некалькi службовых цi казённых словаў. Затое злоўленай рыбiне дасталося ого як! I што за яна, i колькi важыла, i дзе гэта яна папалася на кручок дый гэтак далей... Вiдаць, што палiцыя не сказала iм пра чалавека, якога заўважылi, калi ўцякаў у лес. Добра! Няхай забойца ня ведае, што яго бачылi.

Узлаваны самымi загалоўкамi, Алесь прачытаў аж тры газэтныя варыянты пра сьмерць дарагога суродзiча ды ацанiў гэныя рэпартажы як сэнсацыйнае плявузганьне гэтак званага "жоўтага журналiзму", каторы быў шырака ўжываны некалi на амэрыканскiм рынку газэтамi Рандалфа Гэрста. Канадыйскiя радфардзкiя газэты не пазбылiся, вiдаць, яшчэ сваiх пялёнак.

36

Купiўшы газэту, Капшун быццам улiп у адну галоўную навiну дня пра сьмерць Шпака, ды адразу пабег у тэлефонную будку. Джоў адазваўся адразу:

– Я чакаў цябе, не хацеў званiць у кантору.

– Добра зрабiў, – адказаў Капшун.

– Дзе й калi магу цябе пабачыць?

– Зараз-жа прыеду.

У страховачнай канторы Капшун сказаў, што едзе да клiента ды ўскочыў на трамвай. Цяпер уважна прачытаў рэпартаж пра Шпака. Няясна было, як здарыўся той "выпадак", што прынёс Шпаку сьмерць. Нават ня было нейкай здагадкi пра забойства. Магчыма, што ўсё будзе падсўмавана на конта выпадку. "Як гэта ён яго?" – думаў Капшун пра Джова Снiкi. I як тут ня ўсьмiхацца, чытаючы пра вялiкую рыбiну? Удачная апэрацыя iзь мёртвым пацыентам. Цi, можа, ня так?

– Дык як гэта можна забiваць чалавека ў той час, калi ён папаў найбольшую рыбiну на свой кручок? – грымучым голасам быццам дакараў Джова Капшун, калi той сустрэў яго пры дзьвярох.

– Цiхххх! Шшшшш! – папрярэдзiў Джоў.

– Окэй, раскажы што сталася.

– Я яго не забiў. Я нават да яго не даткнуўся. Усё, што я зрабiў, дык толька выцягнуў з похвы свой паляўнiчы нож, а гэта для убеждения. Понимаеш? А ён, пракляты дурань, iспугаўся, давай шаг назад ды зачапiўся цi спатыкнуўся аб камень, тады ўпаў назад i мазгi сабе высадзiў. Пакуль я тут скумекаў, што случылася, дык ён у ваду скацiўся i на маiх вачох тут яму капец. Хочаш, каб табе расказаў усё астальное?

– Я-ж дзеля гэтага прыехаў. Давай спачатку.

Джоў цяпер пачаў больш дакладна: як сьлядзiў рыбака, як загадаў яму закрыць "ягоную фашыстоўскую морду", як адабраў i паламаў вудзiльна, як выцягнуў нож, каб яго "убедить", ды пасьля, калi ўжо скончыў усё, як уцёк адтуль i вярнуўся.

– Цi ты перакананы, што нiхто цябе ня бачыў? – правяраў яго Капшун.

– Совершенно! Праўда, у папярэднi дзень я захадзiўся ў iхны рэстаран. Там было поўна людзей, нiхто на мяне не зьвярнуў увагi. Аўтамабiль свой я схаваў быў у лесе, далей ад дарогi, каб нiхто ня бачыў яго. Ня думаю, каб я пакiнуў якi сьлед.

– Добра. Ну а што пра паломанае вудзiльна? Там адбiткаў тваiх пальцаў ня знойдуць?

– Прызнаюся, тут мая памылка была. Але як мне было ведаць, што дурань сам сабе вупусьцiць мазгi? А ты не забоцься: палiцыя ня мае адбiткаў маiх пальцаў, я ня быў за крымiнал нiдзе ўзяты.

– Усёроўна. Паломанае вудзiльна дасьць iм прычыну да сьледзтва.

– Перастань ты, няма прычыны забоцiцца, – запэўнiў Джоў.

– Нам папалося-бы, калi-б што якое...

– Як? Хто iм раскажа?

Настала нязручнае маўчаньне.

– Добра, – сказаў Капшун. – Толькi мы ведаем пра гэта i так яно мае астацца. Нават нашыя вярхi не павiнны пра гэта чуць. Згода?

– Окэй! – згадзiўся Снiкi.

– Яшчэ адно, – прадаўжаў Капшун. – Гэтыя фашыстоўскiя вырадкi разьдзьмухаюць той выпадак да вялiкiх разьмераў, каб зрабiць са Шпака гэроя i мучанiка, а сабе капiтальчыку ў карман. На нас пальцамi пакажуць i людзi будуць распытвацца.

– Ад цябе такога не чакаў. Якая ерунда! – казаў Джоў. – Будуць падазраваць... Ну й што з таго? Няма ў iх на нас нiякiх сьветкаў i доказаў. Людзi наплююць на тую бебурнацкую балбатню. Я-ж кажу, – нечего заботиться!

Калi вяртаўся ад Снiкi, Капшуну прыгадалася, што была яшчэ адна асоба: Вера Мак. Што яна зробiць? Цi будзе трымаць язык за зубамi? Калi яна закаханая ў Якiмовiча, калi той яе ў нечым падазрае ды пастараецца нацiснуць, дык цi ня выдасьць яна яго, Капшуна? Што рабiць? – вось пытаньне. Магчыма, што дзяўчына, – калi яна ўстрывожаная ды яму давярае, – прыйдзе да яго, каб гэту справу выясьнiць? А можа пацягнуць Нiну Ляскiн за язык, каб што даведацца цi дзяўчына заiнтрыгаваная гэтым выпадкам? Але-ж Нiне пра гэта нiчога не гаварыў... Няхай так будзе. Пабачым, пачакаем.

37

Калi Вера, дзякуючы Алесю, зблiзiлася з новай беларускай iмiграцыяй, нярэдка давялося ёй чуць адну й тую самую апiнiю пра сацыялiзм i камунiзм, або, як яны найчасьцей называлi, бальшавiзм у Савецкiм Саюзе. Вусны гэтых новых Канадыйцаў казалi й паўтаралi, быццам змовiўшыся, адну думку: Маскоўшчына – гэта няволя, тэрор, масавы генацыд паняволеных народаў, бязбожнiцтва, варварства, масавае прамываньне мазгоў усiх грамадзян крывадушнай марксiстоўска-ленiнска-сталiнскай прапагандай. Коратка гаворачы, ленiнская "дзяржава рабочых i сялянаў", згодна гэтых бебурнацаў, ледзь ня пекла на зямлi. I прыгадалася Веры тая экскурсiя ў Савецкi Саюз, калi ня было ў тым арганiзаваным падарожжы нiякай цяплынi, а ўсё, як на заказ, толькi казённае, службовае, штатнае, калi прапаганда сустракала iх на кажным кроку, калi не далi iм нават магчымасьцi сустрэцца iз тымi шчасьлiвымi рабочымi й сялянамi ў iхных хатах i гасьцiнных сем'ях. Былi ў галаве тады пытаньнi. Нiхто на iх ня мог адказаць, бо не хапала сьмеласьцi, каб спытацца. А як-жа! Навошта рызыкаваць? Усе-ж адказы, – як бесканечна паўтаралi iм мудрыя палiтрукi, – ужо былi апрацаваныя i самым Марксам, i ягонымi насьледнiкамi. Унь як! Чаго-ж ламацца ў адчыненыя дзьверы? Трэба верыць. Калi яшчэ, пасьля такой разбуральнай вайны, гэткая магутная дзяржава не адбудавалася, дык пачакайце, дапамажыце, супольнымi сiламi адбудуем i прыйдзе той абяцаны рай. Значыцца, паводле той марксiстоўскай i ленiнска-сталiнскай навукi, усе справы былi-б даўно вырашаныя, i сяньня ўжо быў-бы суцэльны рай у Савецкiм Саюзе, толькi вось вайна, – каб на яе гаручка! – замiнала. Але, усёроўна ня турбуйцеся, так усё будзе, як у тым школьным вершы дзетак вучылi: "Вот от завтрашнего дня все по плану у меня".

А гэтта, з другога боку, людзi, якiя жылi ў тым сталiнскiм "прыгоне", якiя страцiлi сваякоў у канцлагерах, што старалiся як маглi, каб дабрабыт нейкi здабыць, якiя ворагамi савецкае ўлады некалi ня былi, – а ў Заходняй Беларусi, калi iх "бацька ўсiх народаў" спад белапольскага панскага iга вызваляў, дык чырвонаармейцаў з кветкамi вiталi, – гэтыя людзi цяпер аднагалосна называюць той рай пеклам. Дзьве цалкам супрацьлеглыя крайнасьцi. А дзе сярэдзiна? А што, калi гэтыя бебурнацы запраўды гавораць праўду?

Ад некаторага часу Вера пачала ўважней прыслухоўвацца да тых i iншых, асаблiва ўважна прыглядацца i ацэньваць палiтычныя падзеi i факты, рабiць параўнаньнi. Вялiкую ўвагу зьвяртала i на навiны пасьля таго, як Сталiна "карыфэя ўсiх навукаў" – зрабiлi вялiзным злачынцам, лiквiдавалi Бэрыю, а на пярэднюю арэну вылез Мiкiта кукурузьнiк. I гэнай ранiцай, ужо на працы, уключыла радыё з надзеяй, што пачуе нешта пра новыя палiтычныя падзеi ў мэццы камунiзму. Вядома-ж, ад кукурузьнiка ўсяго можна было спадзявацца пасьля таго, як ён на сусьветнай арэне, у асамблеi Аб'еднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, сваiм чаравiкам гэтак ворагаў сацыялiзму насьмяшыў.

Гэнай ранiцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмнiка паведамiў пра сьмерць беларускага пiсьменьнiка Шпака. Палiцыя ня выключвала магчымасьцi, што на яго нехта напаў i забiў... Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Цi гэта магчыма, што ён?.. А калi так, дык i ў яе нячыстыя рукi. Сказала, што балiць галава й пакiнула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабiць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставiць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.

Перад дзьвярмi вялiзнай залi тэатру лёгкi ветрык забаўляўся сьцягамi трох народаў: Беларусi, Злучаных Штатаў i Канады. А ўнутры, над сцэнай вiсеў чорнай iстужкай абрамаваны мастацкi партрэт адыйшоўшага ў вечнасьць пiсьменьнiка. З бакоў яго – пахiленыя, з чорнымi iстужкамi, бел-чырвона-белыя сьцягi. Над партрэтам вялiкiмi лiтарамi напiс: Слава Змагару за Волю! I пад нiзом партрэту: Ганьба тырану! Паняволеным воля!

Заля напаўнялася. Сьпераду пасадзiлi сьвятароў, прадстаўнiкоў канадыйскiх уладаў, запрошаных сяброў управаў этнiчных i беларускiх арганiзацыяў.

Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкi была расплянаваная на тры днi, але вось гэтая ўрачыстасьць была самай важнай i галоўнай. Зацiкаўленьне забойствам Шпака павялiчыла лiк удзельнiкаў. Вера сядзела ў трэцiм радзе сьпераду. Направа ад яе пуставала Алесева крэсла, бо дзяцюк быў недзе за сцэнай i меў рабiць гутарку пра адыйшоўшага пiсьменьнiка. Далi яму гэтую нагоду таму, што так шмат i такi доўгi час памагаў гэнаму выдатнаму змагару за волю Беларусi. Нiк Лок сядзеў зь левага боку Веры, спрабаваў нейкi жарт расказаць. Вера зiрнула на яго няпрыязнымi вачмi i маўчала.

Яе зносiны з Алесем апынулiся на пункце разрыву. Рэдка сустракалiся нават на працы. Адсутнiчала ня толькi ранейшая iнтымнасьць. Вера адчувала, што Алесь падазраваў яе ў нейкай шкоднай сувязi зь людзьмi, што замардавалi Шпака. Яна не асьмельвалася глянуць у напоўненыя рашчараваньнем, горыччу i дакорам дзяцюковы вочы. Часта дзяўчына жадала, каб ён зьвярнуўся да яе з простым пытаньнем, але ён гэтага не зрабiў. Якiя яго намеры? Няпэўнасьць i падазрэньне з боку каханага чалавека пагражала небясьпекай. Колькi разоў ужо была амаль гатовай выспавядацца перад iм, ды на рашучы крок так i не адважылася. Алесь запрасiў яе на галоўную ўрачыстасьць сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкi. Пэўне-ж, меў на гэта прычыны. Вера не адважылася адмовiцца. Магчыма, Алесь i спадзяваўся, што дзяўчына прыйдзе да яго сама, адкрыецца, грахi свае назаве. Сканфужаная, Вера баялася зрабiць хвальшывы крок. Капшун маўчаў ад часу сьмерцi Шпака. Ягонае маўчаньне мела адыёзны характар. Дзяўчына была пэўная, што за ёй наглядалi. I проста самая сьведамасьць таго, што яна нейкiм чынам спрычынiлася да сьмерцi пiсьменьнiка, агарчала жыцьцё. Што рабiць? Напружаньне ўзрастала. Каб паставiць усё на добры шлях, трэба нешта зрабiць. Але што?

Калi на сцэне пачыналася праграма, дзяўчына яшчэ больш пачынала турбавацца. Цяпер ужо шкадавала, што сюды прыйшла. Калi-б пастанавiла, знайшла-бы нейкую прычыну, каб адмовiцца. Чаго-ж яна сюды зьявiлася? Каб адхiлiць падазрэньне? Наадварот: яна непатрэбна выстаўляе сябе на небясьпеку.

Нейкi афiцыяльны госьць прамаўляў да прысутных, выражаў спачуваньне з прычыны сьмерцi Шпака. Гаварыў мiнiстар грамадзянства, чыталi тэлеграмы. Ужо вызначылi кiрунак: амаль кажны атакаваў расейска-бальшавiцкую маскоўскую кансьпiрацыю, што ўжо замахнулася, каб адабраць вольнасьць усiм дэмакратычным дзяржавам у сьвеце, намагаецца разбурыць хрысьцiянскую маральнасьць вольнага сьвету й гэтак далей. Вера прыгадала, што ўжо недзе чытала нешта падобнае. Цi забойства Шпака толькi змусiла прамоўцаў ужо цi раз паўтаранае пра гэтак званую небясьпеку з Масквы разьдзьмухаць у шырэйшым маштабе? – разважала Вера.

Яна завайстрыла сваю ўвагу, калi на сцэну выйшаў Алесь. Ня ведала ягоных аратарскiх здольнасьцяў, хоць ужо даўно пераканалася, што ён дасканала валодаў ангельскай мовай. Спакойна агледзеўшы залю, Якiмовiч пачаў роўным голасам.

– Дзякую за вялiкi гонар, што зрабiлi мне, даўшы нагоду прамаўляць да гэтай сустрэчы. I ўзрастае смутак i боль, калi ўсьведамляю тое, што стаю тут, перад вамi, замiж вялiкага сына вялiкага народу, на магiле якога яшчэ не асела сьвежая зямля; чалавека, за страту якога, я пэўны, кажны з нас носiць балючую рану ў сэрцы сваiм.

У яго была й добрая дыкцыя, заўважыла Вера. Алесь меў тое, чаго часам не хапае вялiкiм балбатуном-палiтыкам: добрую позу, поўную кантролю голасу, з адпаведнымi нюансамi iнтанацыi, у гэтым выпадку й нейкую дамешку ўрачыстай хаўтурнасьцi з пашанай да таго, пра каго гаварыў.

– Антон Шпак, – няхай Бог дасьць яму жыцьцё вечнае! – упаў ахвярай у нашым доўгiм i зацятым змаганьнi супраць маскоўскiх захопнiкаў нашай дарагой бацькаўшчыны. Войстра будзем адчуваць мы страту яго, бо Шпак ня быў звычайным сьмяротнiкам. Шмат з вас, магчыма што бальшыня, ведае ягоную творчасьць. Таму й ня буду гаварыць пра ягоныя посьпехi ў журналiстыцы цi мастацкай лiтаратуры, а спрабую кiнуць крыху сьвятла на Антона Шпака як чалавека. Што за чалавек быў гэты надзвычайна плённы ў творчасьцi й вытрывалы змагар за волю нашага паняволенага народу? Некалькi апошнiх гадоў зблiзiлi нас. Бачыў я яго амаль кажны дзень, цi адну гадзiну праводзiлi разам. Мала было ў нас праблемаў, якiх супольна мы не абмяркоўвалi. Колькi часу я яго ведаў, рэдка чуў, каб ён калi наракаў на свой нялёгкi лёс. А трэба вам ведаць, што матар'яльна быў ён вельмi бедны. Ад часу прыезду ў Канаду, жыў зь фiзычнай працы, да гэтага цярпеў ад дрэннага здароўя й фiзычнай слабасьцi. Польскiя вязьнiцы й савецкiя канцлягеры падарвалi, мабыць, ягоныя сiлы. I ня гледзячы на гэта, ён трываў, працаваў, змагаўся, нападаў i адбiваўся. Я зьдзiўляўся зь ягонай духовай велiчы, стойкай самадысцыплiны, неабмежаванай адданасьцi сьвятой справе, якой прысьвячаў усе свае здольнасьцi й час. Антон Шпак стаiць перад намi як памяркоўны й сьцiплы ў жыцьцёвых вымаганьнях, сумленны й вялiкадушны, спачувальны да тых, што ў крыўдзе й нядолi; ён-жа й чалавек цяжкой i няспыннай працы. Усё, што зрабiў для нашага й iншых паняволеных народаў заўдзячваць трэба ягонай вялiкай i чыстай маралi, хрысьцiянскай любовi да блiжняга, вялiкай веры ў Бога, якi, як верыў наш вялiкi духам суродзiч, – возьме наш шматпакутны народ пад апеку Сваю. Якраз тут – у веры ў Бога Збаўцу й народ свой, у любовi да блiжняга, нараджалася крынiца сiлы, вытрываласьцi й посьпехаў Антона Шпака, нашага вялiкага пiсьменьнiка. Нiколi ня гнаўся ён за матар'яльнымi багацьцямi. Вольнасьць творчасьцi й справу вызваленьня бацькаўшчыны стаўляў вышэй усяго. Там, дзе iншыя, у ягоным палажэньнi, звольнiлi-б у працы цi вычарпалiся, Антон Шпак цягнуў з надзвычайным гартам. Шпак быў шчодры ў помачы пакрыўджаным i запрыгоненым суродзiчам i бязьлiтасны ў змаганьнi зь ягонымi прыгнятальнiкамi. Цi пiсьменьнiк быў задаволены плёнамi свае працы й змаганьня? Здаецца, што так. У сваiх творчых пошуках i здабытках ён асягнуў вышынi, якiя наведаць рэдка каму дадзена. Гэтымi сваiмi творамi, мне здаецца, ён, як нiхто iншы з нас, прыблiзiў дзень развалу й зьнiшчэньня пабудаванай на нянавiсьцi маскоўскай iмпэрыi. Коратка гаворачы, Антон Шпак натхнiў да змаганьня i падрыхтаваў наш народ да дня вялiкага бою-расплаты й вызваленьня. Некаторыя з вас могуць спытацца: як гэта такi надзвычайна таленавiты й характарам нязвычайны чалавек ня здолеў палепшыць свайго матар'яльнага дабрабыту? Пастараюся адказаць. Нябожчык меў шматлiкiя прапановы з розных выдавецтваў. Усе яны мелi свае цэны i ўмовы. Агульна яны зводзiлiся да таго, каб пiсаў чалавек для рынку чытачоў. А рынак той, як вам ведама, – свайго роду дрыгва. Не напiшаш таго, што, прыкладна, канадыйскiм чытачом спадабаецца, ня будзеш мець прыбытку. Такiм чынам тварэц мастацкай лiтаратуры мусiць iсьцi на кампрамiсы з гандлярамi, каб зарабiць сабе на пражыцьцё. Антон Шпак на такiя кампрамiсы ня мог iсьцi. Мы добра ведаем сяньняшнi зьвiхнуты сьвет, дзе амаль усё можна купiць за грошы. I для людзей, што думаюць адно катэгорыямi мяшчанства i нажывы, цяжка ня толькi ацанiць, але нават уявiць велiч такiх людзей, як Антон Шпак. Шматлiкiя з нас змагаюцца за вызваленьне Беларусi з маскоўскага калянiяльнага ярма. Наш вораг ёсьць яхiдны, сiльны й нямiласэрны. Гэты варвар дваццатага стагодзьдзя ня лепшы за фашыстоўскую Нямеччыну. Пад ягоным загадам ёсьць вялiзныя матар'яльныя i людзкiя рэсурсы. Але давайце, паважаныя суродзiчы, ня будзем падаць духам таму, што на ўзбраеньнi нашым ёсьць наймагутнейшая зброя – гэта хрысьцiянства i вера ў Бога. I сам Бог з намi. Нам i iншым паняволеным народам на падтрымку iдуць Злучаныя Штаты, Канада, Вялiкая Брытанiя i iншыя дэмакратычныя дзяржавы вольнага сьвету. Мы iм за гэта ўдзячныя i спадзяёмся, што яны памогуць паняволеным народам развалiць варварскую Маскоўшчыну i адбудаваць iхныя незалежныя дзяржавы.

У гэтым месцы прысутныя ўзнагародзiлi Алеся гулкiмi воплескамi. Ён уважна зiрнуў на Веру, якая ўжо надта нiякавата адчувала сябе ў гэтым месцы й часе, прадбачачы, што найбольш небясьпечнае для яе яшчэ наперадзе. А Алесь прадаўжаў гаварыць.

– Антон Шпак быў i астаўся з намi таму, што пасееныя iм зернi ўскалосяцца вялiкiм плодным ураджаем для нас i наступных пакаленьняў. Шпак быў мысьлiцелем, прарокам i генэралам. Голас ягоны далятаў ува ўсе куткi сьвету, дзе жывуць нашыя суродзiчы, ён прабiваў зялезную заслону й бiчаваў катаў i забойцаў, мадэрных варвараў. Голас ягоны не даваў супакою маскоўскiм паразiтам i мясцовым цiвуном у iхных мяккiх крэслах у скалянiзаванай Беларусi. Шпака цанiлi слабыя, што патрабавалi помачы, яго на падтрымку клiкалi адважныя i непакорныя, любiлi яго ўсе змагары за волю й шчасьце кажнага чалавека на зямлi. Тут-жа за мяжой агенты калянiяльнае маскоўскае iмпэрыi намагалiся зьвесьцi Антона Шпака з выбранага iм шляху, вычарпаць ягоныя сiлы рознымi iнтрыгамi i правакацыямi, бамбiлi яго няспынным патокам атрутнай прапаганды. Але пiсьменьнiк iгнараваў бальшавiцкiя паклёпы, iнтрыгi, змагаўся з правакацыямi. Ён натхняў i баранiў сваiх i хоць ужо нямоглы фiзычна, ён, як i раней, астаўся непахiсным духова. Калi ворагi ясна ўбачылi, што Шпаку нiяк ня змогуць адабраць ягонага голасу, яны яго замардавалi. Я хачу падчыркнуць, што ў мяне няма сумлеву адносна таго, хто пiсьменьнiка забiў. Сьледзтва прадаўжаецца. Я цалкам перакананы, што час нас апраўдае i вiноўнiкаў забойства Шпака пасадзяць на лаву падсудных. Няхай ня будзе для вас неспадзеўкай тое, што скажу далей. Мы даўно пазналi мэтады дзейнасьцi нашых ворагаў. Таму й цяпер я магу залажыцца з вамi на сваё ўсё матар'яльнае багацьце, што вось тут мiж нас прысутнiчаюць людзi, якiя бралi ўдзел у плянаваньнi забойства нашага выдатнага суродзiча.

Алесь спынiўся, павольна аглядаў залю. Гэта, як выглядала, быў iм прадуманы тактычны ход. Вера пабляднела. Ейная нявыгада павялiчылася яшчэ, калi бачыла, што Нiк Лок уважна пазiрае на яе. У адным iз заднiх крэслаў чалавек iз зморшчаным тварам неспакойна паварушыўся, рука ягоная сьцiскала люльку на калене.

"Што зь iм? – думалi некаторыя. – Цi ён думае выклiкаць каго па прозьвiшчах?"

– I таму дазвольце мне, паважаныя спадарынi й спадары, сказаць гэтым людзям некалькi слоў.

Алесь iзноў крыху затрымаўся i пасьля прадаўжаў павышаным, голасам, з адыёзнай ноткай пагарды:

– Ад часу, калi Каiн забiў Абэля, людзi, на працягу стагодзьдзяў, прызвычаiлiся, што з розных прычынаў рука аднаго чалавека падымаецца на iншага. Аднак нiколi ў гiсторыi колькасьць забойстваў ня вырасла да цяперашнiх маштабаў, нiколi ня былi яны так удала плянаваныя i зарганiзаваныя дый нiколi не рабiлiся з матываў так нiзкiх i нiкчэмных. Сатана з Крамля заўзяўся, каб забiць ня менш, як душу чалавека. Каб гэта асягнуць, ён мусiў паняволiць сотнi мiльёнаў. Мы ня маем дакладнага лiку ахвяраў, але ведаем, што некаторыя меншыя народы ўжо Маскоўшчына зусiм вынiшчыла. I яна сяньня, як нiколi, прадаўжае працэс вынiшчэньня людзей шляхам так званай клясавай барацьбы ды ў канцлягерах Сiбiры. У самай савецкай iмпэрыi ня трэба чакаць да 1984-га году, бо жахлiвы лад, якi прадугледзеў Джордж Орвэл, там даўно ўжо iснуе.

Гэтта Алесь зноў крыху затрымаўся, агледзеў залю. Добры тактычны ход, каб павялiчыць вагу таго, што мае сказаць.

– Цяпер я зьвяртаюся да тых, каторыя сьведама i ахвотна служаць маскоўскiм тыранам: – вы не павiнны цешыцца з таго, што не зьяўляецеся звычайнымi забойцамi. Вы ёсьць найбольш нягоднымi зь нягоднiкаў i найбольш нiкчэмнымi зь нiкчэмных. Служыце найбольшаму варвару, якi калi-небудзь iснаваў таму, што падняў ён сваю закрываўленую руку на самае велiчнае i сьвятое, што ёсьць у чалавецтва. Вы пазбаўленыя адвагi выступаць супраць людзей у адкрытым баi iдэяў i iнтэлекту, вы баiцеся сьмела глянуць у адкрытыя вочы сумленнага й вольнага чалавека. Як чэрвi, поўзаеце ў цёмных кутох, як зладзеi, ходзiце i абкрадаеце iншых начамi i, як трусы, нападаеце на добрых i сумленных людзей ззаду. За гэта вы заслужылi й будзеце ў бесканечнасьць часу насiць пагарду й ганьбу, на вас будзе ляжаць пракляцьце роду людзкога!

Шквалам сарвалася бура апладысмэнтаў i крыкi адабрэньня пачулiся з залi. Вера аж скорчылася ў сваiм крэсьле i ейныя рукi, што мелi памагчы агульным апладысмэнтам на залi, дрыжэлi. Яна цяпер не магла пазiраць на чалавека, каторага, здаецца, нядаўна яшчэ моцна кахала. Гэта-ж ёй здалося, што пры ганьбаваньнi прысутных "нiкчэмнiкаў" ягоны падняты ўказальны палец якраз быў накiраваны на яе. Не называючы прозьвiшча, ён яе лаяў перад гэтай вялiзнай грамадой народу. Не магло быць накш.

Раптам быццам згусьцела, высахла ў роце паветра, аблiваў яе пот, пажвавеў пульс. Яна цяпер старалася нiкому не глядзець у вочы. Уцякаць, уцякаць адсюль трэба! А як-жа! Многiя з гэтых людзей напэўна падазраюць яе, ведаюць, што i яна магла да сьмерцi Шпака спрычынiцца. Трэба абавязкава вось цяпер недзе схавацца, чым далей адсюль. Ды яна-ж ня можа проста ўстаць i ўцякаць адсюль на вачох усiх прысутных... А гэты Нiк Лок збоку, як наўмысна, усё сачыў за ёю.

38

Пасьля Алесевай прамовы была прачытаная i прынятая рэзалюцыя, якая, адзначыўшы сьмерць выдатнага пiсьменьнiка, асуджала калянiяльную i антыбеларускую палiтыку бальшавiцкае Маскоўшчыны ў Беларусi, ганьбавала ўсходня-бэрлiнскi камiтэт i ягоную падрыўную дзейнасьць сярод беларускае эмiграцыi, заклiкала вольныя i дэмакратычныя дзяржавы падтрымаць вызвольнае змаганьне паняволенага беларускага народу супраць бальшавiцкае маскоўскае iмпэрыi. Калi закрылася заслона на сцэне, Вера сказала Нiку, што пабяжыць асьвяжыцца.

– А дзе дзяўчына? – спытаўся ў Нiка Алесь, выйшаўшы з-за сцэны.

– Сказала, што пабяжыць недзе ў жаночую, асьвяжыцца. I навошта табе гэта было?

– Што такое?

– Тая гаворка да забойцаў, цi, як ты iх называеш... Навошта гэта?

– А я ўпэўнены, што нехта зь iх тут ёсьць. Прадчуваю, што скора будуць нейкiя вынiкi з гэтага. Як выглядала Вера, калi я прамаўляў?

– Дзiўна... Бледная, засяроджаная ў сабе... Мне здавалася, што ты яе бiчаваў, i яна цярпела, дрыжэла... Цi ты яе ў чым падазраеш?

– Як ты думаеш? – сказаў Алесь. – I глянь хто тут! Галё, рыбак! Як маешся?

Побач стаяў худы, цыбаты, у джынсах i спартовай гавайскай кашулi, аброслы рыжай бародкай i доўгiмi валосамi рэпарцёр маладога веку зь мясцовай, сьхiльнай да розных сэнсацыяў, газэты.

– Цi ёсьць якiя навiны ў справе забойства мiстара Шпака? – спытаўся ён у Алеся.

– Чаму-ж вы, бойсы, ня спытаецеся ў палiцыi?

– Яны многа не гавораць, адно кажуць, што сьледзтва вядуць. А з вашай гутаркi на сцэне мне здалося, што вы больш ведаеце, чымся дагэтуль адкрылi. Магчыма маеце каго на воку? Можаце падзялiцца з намi сваiмi сакрэтамi? Будзьце добрым, мiстар Якiмовiч!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю