Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 19 страниц)
СНЕЖНАЯ КАРАЛЕВА
Гiсторыя першая,
у якой расказваецца пра люстэрка i яго асколкi
Ну, пачнем! Прачытаўшы нашу гiсторыю да канца, вы будзеце ведаць болей, чым зараз. Дык вось, жыў-быў троль, вельмi злосны, сапраўдны д'ябал. Аднойчы быў ён у асаблiва добрым настроi: змайстраваў такое люстэрка, у якiм усё добрае i прыгожае памяншалася далей няма куды, а ўсё дрэннае i агiднае так i выпiрала, рабiлася яшчэ больш брыдкiм. Найпрыгажэйшыя ландшафты выглядалi ў iм вараным шпiнатам, а лепшыя з людзей – пачварамi, цi, здавалася, быццам стаяць яны дагары нагамi, а жыватоў у iх зусiм няма! Твары перакрыўлялiся так, што i не пазнаць, а калi ў каго была вяснушка, то ўжо яна распаўзалася i на нос i на вусны. А калi ў чалавека з'яўлялася добрая думка, яна адбiвалася ў люстэрку такой грымасай, што троль аж заходзiўся ад смеху, радуючыся сваёй хiтрай выдумцы.
Тролевы вучнi – а ў яго была свая школа – расказвалi ўсiм, што адбыўся цуд: цяпер толькi, казалi яны, можна ўбачыць увесь свет i людзей сапраўднымi. Яны бегалi ўсюды з люстэркам, i неўзабаве не засталося нiводнай краiны, нiводнага чалавека, якiя не адлюстравалiся б у iм у перакрыўленым выглядзе.
Напаследак захацелася iм дабрацца i да неба. Чым вышэй яны падымалiся, тым больш крыўлялася люстэрка, што аж з цяжкасцю яны ўтрымлiвалi яго ў руках. Але вось яны ўзляцелi зусiм высока, i тут раптам люстэрка да таго пакарабацiлася ад грымас, што вырвалася ў iх з рук, паляцела на зямлю i разбiлася на мiльёны, бiльёны асколкаў, i таму здарылася яшчэ болей бед. Некаторыя асколкi, з пясчынку велiчынёй, разлятаючыся па белым свеце, траплялi людзям у вочы, ды так там i заставалiся. А чалавек з такiм асколкам у воку пачынаў бачыць усё наадварот цi заўважаць у кожнай рэчы толькi дрэннае – кожны ж асколак захоўваў уласцiвасцi ўсяго люстэрка. Некаторым людзям асколкi траплялi проста ў сэрца, i гэта было страшней за ўсё: сэрца рабiлася як кавалак лёду. Былi сярод асколкаў i вялiкiя – iх уставiлi ў аконныя рамы, i ўжо праз гэтыя вокны не варта было глядзець на сваiх добрых сяброў. Нарэшце, былi i такiя асколкi, якiя пайшлi на акуляры, i дрэнна было, калi такiя акуляры надзявалi для таго, каб лепш бачыць i правiльна меркаваць аб рэчах.
Злосны троль надрываўся ад смеху – так весялiла яго гэта задума. А па свеце лятала яшчэ шмат асколкаў. Паслухаем жа пра iх!
Гiсторыя другая
Хлопчык i дзяўчынка
У вялiкiм горадзе, дзе столькi дамоў i людзей, што не ўсiм хапае месца хоць бы на маленькi садок, а таму большасцi жыхароў даводзiцца задавольвацца пакаёвымi кветкамi ў вазонах, жыло двое бедных дзяцей, i садок у iх быў крыху большы за вазон. Яны не былi братам i сястрой, але любiлi адно аднаго, як брат i сястра.
Бацькi iх жылi ў каморках пад дахам у двух суседнiх дамах. Дахi дамоў сыходзiлiся, i мiж iмi цягнуўся вадасцёкавы жолаб. Тут якраз i глядзелi адно на адно паддашкавыя вокны ад кожнага дома. Варта было толькi пераступiць цераз жолаб, i можна было трапiць з аднаго акна ў другое.
У бацькоў было па вялiкай драўлянай скрынi, у iх расла зелянiна для прыпраў i невялiкiя ружавыя кусты – па адным у кожнай скрынi. Кусты пышна разраслiся. Бацькам прыйшло ў галаву паставiць гэтыя скрынi ўпоперак жолаба, таму ад аднаго акна да другога цягнулiся нiбы дзве кветкавыя градкi. Зялёнымi гiрляндамi спускаўся са скрынь гарох, ружавыя кусты заглядвалi ў вокны i спляталiся галiнамi. Бацькi дазвалялi хлопчыку i дзяўчынцы хадзiць адно да аднаго ў госцi па даху i сядзець на лавачцы пад ружамi. Як хораша было iм тут гуляць!
А зiмой гэта радасць заканчвалася. Вокны часта зусiм замярзалi, але дзецi награвалi на печы медныя манеты, прыкладвалi iх да замерзлых шыбiн, i адразу ж адтаваў прыгожы кружочак, i ў яго пазiрала вясёлае, ласкавае вочка – гэта глядзелi, кожны са свайго акна, хлопчык i дзяўчынка, Кай i Герда. Улетку яны адным скачком маглi апынуцца ў гасцях адно ў аднаго, а зiмой патрэбна было спачатку спусцiцца на многа прыступак унiз, а потым падняцца на гэтулькi ж уверх. На двары пырхаў сняжок.
– Гэта раяцца белыя пчолкi! – казала старая бабуля.
– А ў iх таксама ёсць каралева? – пытаўся хлопчык. Ён ведаў, што ў сапраўдных пчол ёсць такая.
– Ёсць! – адказвала бабуля. Сняжынкi абкружаюць яе густым роем, але яна большая за iх усiх i нiколi не прысаджваецца на зямлю, вечна лятае ў чорным воблаку. Часта па начах пралятае яна па гарадскiх вулiцах i заглядвае ў вокны, вось таму якраз яны i пакрываюцца марознымi ўзорамi, быццам кветкамi.
– Бачылi, бачылi! – казалi дзецi i верылi, што ўсё гэта так.
– А сюды Снежная каралева не можа ўвайсцi? – пыталася дзяўчынка.
– Хай толькi паспрабуе! – адказваў хлопчык. – Я пасаджу яе на цёплую печ, вось яна i растане.
Але бабуля пагладзiла яго па галаве i завяла размову пра iншае.
Вечарам, калi Кай быў дома i амаль ужо распрануўся, збiраючыся легчы спаць, ён ускарабкаўся на крэсла каля акна i паглядзеў ў адталы на шыбiне кружочак. За акном пырхалi сняжынкi. Адна з iх, большая, села на край кветкавай скрынi – i пачала расцi, пакуль нарэшце не ператварылася ў жанчыну, захутаную ў танюткi белы цюль, сатканы, здавалася, з мiльёнаў снежных зорачак. Яна была такая прыгожая i пяшчотная, але з лёду, з асляпляльна зiхоткага лёду, i ўсё ж жывая! Вочы яе ззялi, як дзве ясныя зоркi, але не было ў iх нi цеплынi, нi спакою. Яна кiўнула хлопчыку i паманiла яго рукой. Кай спалохаўся i саскочыў з крэсла. А мiма акна прамiльгнула штосьцi падобнае на вялiкую птушку.
На другi дзень было ясна i марозна, але потым пачалася адлiга, а затым i вясна надышла. Заззяла сонца, праглянула зелянiна, будавалi гнёзды ластаўкi. Вокны расчынiлi, i дзецi зноў маглi сядзець у сваiм садку ў вадасцёкавым жолабе над усiмi паверхамi.
Ружы тым летам цвiлi пышна, як нiколi. Дзецi спявалi, узяўшыся за рукi, цалавалi ружы i радавалiся сонцу. Ах, якое цудоўнае было лета, як добра было пад ружавымi кустамi, якiм, здавалася, квiтнець i квiтнець вечна!
Неяк аднаго разу Кай i Герда сядзелi i разглядвалi кнiжку з малюнкамi звярамi i птушкамi. На вялiкiм вежавым гадзiннiку прабiла пяць.
– Ай! – ускрыкнуў раптам Кай. – Мяне кальнула проста ў сэрца, i штосьцi трапiла ў вока!
Дзяўчынка абвiла ручкай яго шыю, ён часта-часта маргаў, але ў воку быццам бы нiчога не было.
– Мабыць, выскачыла, – сказаў ён.
Але гэта было не так. Гэта былi якраз асколкi таго д'ябальскага люстэрка, пра якое мы гаварылi напачатку.
Небарака Кай! Цяпер яго сэрца павiнна было стаць як кавалак лёду. Боль прайшоў, але асколкi засталiся.
– Чаму ты плачаш? – запытаўся ён у Герды. – Мне зусiм не балiць! Фу! Якая ты непрыгожая! – раптам крыкнуў ён. – Вунь тую ружу точыць чарвяк. А тая зусiм крывая. Якiя брыдкiя ружы! Не лепшыя за скрынi, у якiх тырчаць.
I ён штурхнуў скрыню нагой i сарваў абедзве ружы.
– Кай, што ты робiш! – закрычала Герда, а ён, убачыўшы яе спалох, сарваў яшчэ адну ружу i ўцёк ад мiлай маленькай Герды ў сваё акно.
Цяпер, калi Герда прыносiла яму кнiжку з малюнкамi, ён казаў, што гэтыя малюнкi – толькi для грудных дзяцей. А калi расказвала што-небудзь старая бабуля – чапляўся да яе слоў. А то даходзiла нават да таго, што пачынаў перадражнiваць яе паходку, надзяваць яе акуляры, гаварыць яе голасамi Атрымлiвалася вельмi падобна, i людзi смяялiся. Хутка Кай навучыўся перадражнiваць i ўсiх суседзяў. Ён выдатна ўмеў выстаўляць напаказ усе iх дзiвацтвы i недахопы, i людзi казалi:
– Надзвычай здольны хлапчук!
А прычынай усяму былi асколкi, што трапiлi яму ў вока i ў сэрца. Таму ён i перадражнiваў нават мiлую маленькую Герду, а яна ж любiла яго ўсiм сэрцам.
I забавы яго сталi цяпер зусiм iншымi, такiмi дзiўнымi. Аднаго разу зiмой, калi iшоў снег, ён з'явiўся з вялiкiм павелiчальным шклом i падставiў пад снег крысо сваёй сiняй курткi.
– Паглядзi праз шкло, Герда, – сказаў ён.
Кожная сняжынка здавалася пад шклом значна большай, чым была на самай справе, i была падобная на пышную кветку цi дзесяцiкутную зорку. Гэта было так прыгожа!
– Бачыш, як мудрагелiста зроблена! – сказаў Кай. – Значна цiкавей, чым сапраўдныя кветкi! I якая дакладнасць! Нiводнай няправiльнай лiнii! Ах, калi б толькi яны не раставалi!
Трохi пазней Кай з'явiўся ў вялiкiх рукавiцах, з санкамi за спiнаю, крыкнуў Гердзе ў самае вуха: "Мне дазволiлi пакатацца на вялiкiм пляцы з iншымi хлопчыкамi!" – i пабег.
На пляцы каталася шмат дзяцей. Смялейшыя прывязвалi свае санкi да сялянскiх саней i кацiлi далёка-далёка. Гэта было вельмi забаўна. У самы разгар весялосцi на пляцы з'явiлiся вялiкiя санi, пафарбаваныя ў белы колер. У iх сядзеў хтосьцi захутаны ў белае футра i ў такой жа шапцы. Санi аб'ехалi пляц двойчы. Кай спрытна прывязаў да iх свае санкi i пакацiў. Вялiкiя санi памчалi хутчэй, потым павярнулi з пляца ў завулак. Чалавек, якi сядзеў у iх, павярнуўся i ветлiва кiўнуў Каю, нiбы знаёмаму. Кай некалькi разоў намагаўся адвязаць свае санкi, але чалавек у футры ўсё кiваў яму, i ён працягваў ехаць за iм.
Вось яны выехалi за гарадскiя вароты. Снег павалiў раптам камякамi, i стала цёмна, хоць вока выкалi. Хлопчык спешна адпусцiў вяроўку, якой зачапiўся за вялiкiя санi, але санкi яго, нiбы прыраслi да iх i працягвалi несцiся вiхрам. Кай гучна закрычаў – нiхто не пачуў яго. Снег валiў, санкi iмчалiся, ныраючы ў гурбы, пераскокваючы цераз агароджы i канавы. Кай увесь дрыжаў.
Снежныя камякi ўсё раслi i ператварылiся нарэшце ў вялiкiх белых курэй. Раптам яны разляцелiся ў бакi, вялiкiя санi спынiлiся, i чалавек, якi сядзеў у iх, падняўся. Гэта была высокая, стройная, бялюткая жанчына – Снежная каралева; i футра i шапка на ёй былi са снегу.
– Слаўна праехалiся! – сказала яна. – Але ты зусiм змерз – лезь да мяне ў футра!
Пасадзiла яна хлопчыка ў санi, захутала ў сваё мядзведжае футра. Кай быццам у снежную гурбу апусцiўся.
– Усё яшчэ мерзнеш? – запыталася яна i пацалавала яго ў лоб.
У! Пацалунак яе быў халаднейшы за лёд, ён працяў яго наскрозь i дайшоў да самага сэрца, а яно i без таго ўжо было напалову ледзяным. Каю падалося, што яшчэ трохi – i ён памрэ... Але толькi на хвiлiнку, а потым, наадварот, яму стала так добра, што ён нават зусiм перастаў зябнуць.
– Мае санкi! Не забудзь мае санкi! – спахапiўся ён.
Санкi прывязалi на спiну адной з белых курэй, i яна паляцела з iмi ўслед за вялiкiмi санямi. Снежная каралева пацалавала Кая яшчэ раз, i ён забыў i Герду, i бабулю, i ўсiх сваякоў.
– Больш не буду цалаваць цябе, – сказала яна. – А то зацалую да смерцi.
Кай зiрнуў на яе. Якая яна была цудоўная! Твару больш разумнага i прыгожага ён не мог сабе i ўявiць. Цяпер яна не здавалася яму ледзяною, як у той раз, калi сядзела за вакном i кiвала яму.
Ён зусiм не баяўся яе i расказваў, што ведае ўсе чатыры дзеяннi арыфметыкi, ды яшчэ з дробамi, ведае, колькi квадратных мiль кожная краiна i колькi там жыхароў, а яна толькi ўсмiхалася ў адказ. I тады ён падумаў, што на самай жа справе ведае яшчэ зусiм мала.
У той жа момант Снежная каралева ўзляцела з iм на чорнае воблака. Бура выла i стагнала, нiбы распявала старадаўнiя песнi; яны ляцелi над лясамi i азёрамi, над марамi i сушай; студзёныя вятры дзьмулi пад iмi, вылi ваўкi, зiхацеў снег, ляталi з крыкам чорныя крумкачы, а над iмi ззяў вялiкi лясны месяц. На яго глядзеў Кай усю доўгую-доўгую зiмовую ноч, а ўдзень заснуў каля ног Снежнай каралевы.
Гiсторыя трэцяя
Кветнiк жанчыны, якая ўмела чараваць
А што ж было з Гердай, калi Кай не вярнуўся? Куды ён падзеўся?
Нiхто гэтага не ведаў, нiхто не мог адказаць.
Хлопчыкi расказвалi толькi, што бачылi, як ён прывязаў свае санкi да вялiкiх раскошных саней, якiя потым павярнулi ў завулак i выехалi за гарадскiя вароты.
Шмат было пралiта па iм слёз, горка i доўга плакала Герда. Нарэшце вырашылi, што Кай памёр, утапiўся ў рэчцы, якая працякала за горадам. Доўга цягнулiся змрочныя зiмовыя днi.
Але вось надышла вясна, выглянула сонца.
– Кай памёр i больш не вернецца! – сказала Герда.
– Не веру! – адказала сонечнае святло.
– Ён памёр i больш не вернецца! – паўтарыла яна ластаўкам.
– Не верым! – адказвалi яны.
Хутка i сама Герда перастала гэтаму верыць.
– Абую ж я свае новыя чырвоныя чаравiчкi (Кай нi разу яшчэ не бачыў iх), сказала яна неяк ранiцай, – ды пайду запытаюся пра яго ў ракi.
Было яшчэ вельмi рана. Яна пацалавала спячую бабулю, абула чырвоныя чаравiчкi i пабегла адзiнюткая за горад, проста да ракi.
– Праўда, што ты ўзяла майго пабрацiма? – спытала Герда. – Я падару табе свае чырвоныя чаравiчкi, калi ты вернеш мне яго!
I дзяўчынцы падалося, што хвалi неяк дзiўна кiваюць ёй. Тады яна зняла свае чырвоныя чаравiчкi – самае каштоўнае, што ў яе было, – i кiнула ў раку. Але яны ўпалi каля самага берага, i хвалi тут жа вынеслi iх назад – рака як быццам бы не хацела браць у дзяўчынкi яе каштоўнасць, бо не магла вярнуць ёй Кая. Дзяўчынка ж падумала, што кiнула чаравiчкi недастаткова далёка, улезла ў лодку, якая гайдалася ў трыснягу, стала на краёк кармы i зноў кiнула чаравiкi ў ваду. Лодка не была прывязана, i ад штуршка адышда ад берага. Дзяўчынка хацела хутчэй выскачыць на бераг, але пакуль прабiралася з кармы на нос, лодка ўжо зусiм адплыла i шпарка рухалася па цячэннi.
Герда вельмi спалохалася, заплакала i пачала крычаць, але нiхто, акрамя вераб'ёў, не чуў яе. Вераб'i ж не маглi перанесцi яе на сушу i толькi ляцелi за ёю ўздоўж берага i шчабяталi, нiбы жадаючы яе суцешыць:
– Мы тут! Мы тут!
Лодку зносiла ўсё далей. Герда сядзела цiха, у адных панчохах: чырвоныя чаравiчкi яе плылi за лодкай, але не маглi дагнаць яе.
"Можа, рака нясе мяне да Кая?" – падумала Герда, павесялела, устала i доўга-доўга любавалася прыгожымi зялёнымi берагамi.
Ды вось яна прыплыла да вялiкага вiшнёвага саду, у якiм тулiлася хатка пад саламяным дахам, з чырвонымi i сiнiмi шыбамi ў вокнах. Каля дзвярэй стаялi два драўляныя салдаты i аддавалi чэсць усiм, хто праплываў мiма. Герда закрычала iм – яна палiчыла iх жывымi, – але яны, зразумела, не адказалi ёй. Яна падплыла да iх яшчэ блiжэй, лодка наблiзiлася ледзь не да самага берага, i дзяўчынка закрычала яшчэ гучней. З хаткi выйшла вельмi старая бабулька з кульбай, у вялiкiм саламяным капелюшы, размаляваным дзiвоснымi кветкамi.
– Ах ты беднае дзiцятка! – сказала бабуля. – I як гэта ты трапiла на такую вялiкую бурную раку ды заплыла так далёка?
З гэтымi словамi бабуля ўвайшла ў раку, зачапiла лодку кульбай, прыцягнула да берага i высадзiла Герду.
Герда была вельмi рада, што апынулася нарэшце на сушы, хоць i пабойвалася незнаёмай бабулi.
– Ну, хадзем, ды раскажы мне, хто ты i як сюды патрапiла, – сказала бабуля.
Герда пачала расказваць ёй пра ўсё, а бабуля кiвала галавой i паўтарала: "Гм! Гм!" Калi дзяўчынка закончыла, то запыталася ў бабулi, цi не бачыла яна Кая. Тая адказала, што ён яшчэ не праходзiў тут, але, пэўна, пройдзе, таму бедаваць пакуль няма прычыны, няхай Герда лепш пакаштуе вiшань, ды палюбуецца кветкамi, што растуць у садзе: яны прыгажэйшыя, чым у любой кнiжцы з малюнкамi, i ўсе ўмеюць расказваць казкi. Тут бабуля ўзяла Герду за руку, павяла да сябе ў хатку i замкнула дзверы.
Вокны былi высока ад падлогi i ўсе з рознакаляровых – чырвоных, сiнiх i жоўтых – шкельцаў; таму i сам пакой быў асветлены нейкiм дзiвосным вясёлкавым святлом. На стале стаяў кошык з цудоўнымi вiшнямi, i Герда магла есцi iх колькi хацела. А пакуль яна ела, бабуля расчэсвала ёй валасы залатым грабянцом. Валасы вiлiся кучарамi i залатым ззяннем атачалi пекны, ветлiвы, круглы, быццам ружа, тварык дзяўчынкi.
– Даўно мне хацелася мець такую мiленькую дзяўчынку, – сказала бабуля. Вось пабачыш, як добра мы з табою зажывём!
I яна працягвала расчэсваць кучары дзяўчынкi, i чым далей часала, тым больш забывала Герда свайго пабрацiма Кая – бабуля ўмела чараваць.
Ды яна была не злою чараўнiцай i чаравала толькi зрэдку, для свайго здавальнення; цяпер жа ёй вельмi захацелася пакiнуць у сябе Герду. I вось яна пайшла ў сад, дакранулася кульбай да ўсiх ружавых кустоў, i тыя як стаялi ў пышнай квеценi, так усе i пайшлi глыбока-глыбока ў зямлю, i следу ад iх не засталося. Бабуля баялася, што Герда, убачыўшы гэтыя ружы, успомнiць пра свае, а там i пра Кая ды i ўцячэ ад яе.
Потым бабуля павяла Герду ў кветнiк. Ах, якi водар тут быў, якая прыгажосць: самыя розныя кветкi, i на кожную часiну года! На ўсiм свеце не знайшлося б кнiжкi з малюнкамi больш стракатымi i больш прыгожымi за гэты кветнiк. Герда скакала ад радасцi i гуляла сярод кветак, пакуль сонца не села за высокiмi вiшнёвымi дрэвамi. Тады яе паклалi ў дзiвосную пасцель з чырвонымi шаўковымi пярынкамi, набiтымi блакiтнымi фiялкамi. Дзяўчынка заснула, i ёй снiлiся сны, якiя бачыць хiба толькi каралева ў дзень свайго вяселля.
Назаўтра Гердзе зноў дазволiлi гуляць у дзiвосным кветнiку на сонцы. Так прайшло шмат дзён. Герда ведала цяпер кожную кветку ў садзе, але як нi многа iх было, ёй усё ж здавалася, што якогасьцi не хапае, толькi якога? I вось аднойчы яна сядзела i разглядвала бабульчын саламяны капялюш, размаляваны кветкамi, i самай прыгожай з iх была ружа – бабуля забылася яе сцерцi, калi схавала жывыя ружы пад зямлю. Вось што значыць няўважлiвасць!
– Як! Тут няма руж? – сказала Герда i адразу ж пабегла ў сад, шукала iх, шукала, ды так i не знайшла.
Тады дзяўчынка прысела на зямлю i заплакала. Цёплыя слёзы падалi якраз на тое месца, дзе стаяў раней адзiн з ружавых кустоў, i як толькi яны змачылi зямлю, куст iмгненна вырас з яе, такi ж квiтнеючы, як i быў.
Абвiла яго ручкамi Герда, пачала цалаваць кветкi i ўспомнiла тыя цудоўныя ружы, што квiтнелi ў яе дома, а разам з iмi i Кая.
– Як жа я затрымалася! – сказала дзяўчынка. – Мне ж трэба шукаць Кая!.. Вы не ведаеце, дзе ён? – запыталася яна ў руж. – Цi праўда, што ён памёр i не вернецца больш?
– Ён не памёр! – адказалi ружы. – Мы ж былi пад зямлёй, дзе ляжаць усе памёршыя, але Кая мiж iх не было.
– Дзякуй вам! – сказала Герда i пайшла да iншых кветак, заглядвала ў iх чашачкi i пыталася:
– Вы не бачылi, дзе Кай?
Але кожная кветка грэлася на сонейку i думала толькi пра сваю ўласную казку цi гiсторыю. Шмат iх наслухалася Герда, але нiводная не сказала нi слова пра Кая.
Тады Герда пайшла да дзьмухаўца, якi ззяў у зiхоткай зялёнай траве.
– Ты, маленькае яснае сонейка! – сказала яму Герда. – Скажы, цi не ведаеш, дзе мне шукаць майго пабрацiмку?
Дзьмухавец заззяў яшчэ ярчэй i паглядзеў на дзяўчынку. Якую ж песеньку праспяваў ён ёй? На жаль, ў гэтай песеньцы нi слова не гаварылася пра Кая!
– Быў першы вясновы дзень, сонца грэла i так прыветна свяцiла на маленькi дварок. Промнi яго слiзгацелi па белай сцяне суседняй хаты, i каля самай сцяны паказалася першая жоўценькая кветачка, яна ззяла на сонцы, нiбы залатая. На двор выйшла пасядзець старая бабуля. Вось вярнулася з гасцей яе ўнучка, бедная служанка, i пацалавала бабулю. Пацалунак дзяўчыны даражэйшы за золата – ён iдзе проста ад сэрца. Золата на яе вуснах, золата ў сэрцы, золата i на небе ў ранiшнi час! Вось i ўсё! – сказаў дзьмухавец.
– Няшчасная мая бабуля! – уздыхнула Герда. – Напэўна, яна сумуе па мне i бядуе, як бедавала па Каю. Але я хутка вярнуся i яго прывяду з сабой. Няма чаго больш i распытваць кветкi – толку ад iх не даб'ешся, яны толькi i расказваюць сваё! – I яна пабегла ў канец саду.
Дзверы былi зачынены, але Герда так доўга хiстала iржавую засаўку, што яна паддалася, дзверы адчынiлiся, i дзяўчынка так, басаножкай, пабегла па дарозе. Разы тры азiрнулася назад, але нiхто не гнаўся за ёю.
Нарэшце яна стамiлася, прысела на камень i агледзелася: лета прайшло, на дварэ была позняя восень. Толькi ў дзiвосным бабульчыным садзе, дзе вечна ззяла сонейка i цвiлi кветкi ўсiх часiн года, гэтага не заўважалася.
– Божа! Як жа я забавiлася! Бо ўжо восень на дварэ! Тут не да адпачынку! сказала Герда i зноў рушыла ў дарогу.
Ах, як нылi яе бедныя стомленыя ножкi! Як холадна, сыра было навокал! Доўгае лiсце на вербах зусiм пажаўцела, туман асядаў на яго буйнымi кроплямi i сцякаў на зямлю; лiсце так i сыпалася. Адзiн толькi цярноўнiк стаяў увесь пакрыты даўкiмi, аскомiстымi ягадамi. Якiм шэрым, панурым здаваўся ўвесь свет!
Гiсторыя чацвертая
Прынц i прынцэса
Давялося Гердзе зноў прысесцi адпачыць. На снезе проста перад ёю скакаў вялiкi крумкач. Доўга глядзеў ён на дзяўчынку, кiваючы ёй галавой, i нарэшце прамовiў:
– Кар-кар! Добры дзень!
Выгаворваць па-чалавечы чысцей ён не мог, але жадаў дзяўчынцы дабра i запытаўся ў яе, куды гэта яна брыдзе па белым свеце адзiнюткая. Што такое "адзiнюткая", Герда ведала вельмi добра, сама на сабе зведала. Расказаўшы крумкачу пра ўсё сваё жыццё, дзяўчынка пацiкавiлася, цi не бачыў ён Кая.
Крумкач задумлiва пакруцiў галавой i сказаў:
– Магчыма! Магчыма!
– Як! Праўда? – усклiкнула дзяўчынка i ледзь не задушыла крумкача – так моцна яна яго пацалавала.
– Цiшэй, цiшэй! – сказаў крумкач. – Думаю, гэта быў твой Кай. Але цяпер ён, пэўна, забыўся пра цябе са сваёю прынцэсай!
– Хiба ён жыве ў прынцэсы? – спытала Герда.
– А вось паслухай, – сказаў крумкач. – Толькi мне вельмi цяжка гаварыць па-вашаму. Калi б ты разумела па-крумкачынаму, я б паведаў табе пра ўсё значна лепш.
– Не, гэтаму мяне не вучылi, – сказала Герда. – Як шкада!
– Але нiчога, – сказаў крумкач. – Раскажу, як здолею, хоць i дрэнна.
I ён расказаў усё, што ведаў.
– У каралеўстве, дзе мы з табой знаходзiмся, ёсць прынцэса, такая разумнiца, што i перадаць нельга! Прачытала ўсе газеты на свеце i забыла ўсё, што ў iх прачытала, – вось якая разумнiца! Аднаго разу неяк сядзiць яна на троне – а радасцi ў гэтым не надта шмат, як людзi кажуць, – i напявае песеньку: "Чаму б мне не выйсцi замуж?" "А то i на самай справе!" – падумала яна, i ёй захацелася замуж. Ды мужам яна хацела выбраць такога чалавека, якi б умеў адказваць, калi з iм размаўляюць, а не такога, якi ўмеў бы толькi важнiчаць, – гэта ж так сумна! I вось барабанным боем склiкаюць усiх прыдворных дам, аб'яўляюць iм волю прынцэсы. Як яны ўсе ўзрадавалiся! "Вось гэта нам падабаецца! – кажуць. – Мы i самi нядаўна аб гэтым думалi!" Усё гэта шчырая праўда! – дадаў крумкач. – У мяне пры двары ёсць нявеста – ручная варона, ад яе якраз я i ведаю ўсё гэта.
На другi дзень усе газеты выйшлi з паласой з сэрцаў i з вензелямi прынцэсы. У газетах было абвешчана, што кожны малады чалавек прыемнага выгляду можа прыйсцi ў палац i паразмаўляць з прынцэсай; таго ж, хто будзе трымацца проста, як дома, i акажацца найбольш красамоўным, прынцэса выбера за мужа. Так, так! – паўтарыў крумкач. – Усё гэта такая ж праўда, як тое, што я сяджу тут перад табою. Народ валам павалiў у палац, пачалася цiсканiна i таўкатня, але ўсё без карысцi нi ў першы, нi на другi дзень. На вулiцы ўсе жанiхi размаўляюць выдатна, а варта iм пераступiць парог палаца, убачыць гвардыю ў срэбры ды лакеяў у золаце i ўвайсцi ў вялiзныя, залiтыя святлом залы – i бянтэжацца. Падыдуць да трона, дзе сядзiць прынцэса, ды i паўтараюць за ёю яе ж словы, а ёй зусiм не гэта было патрэбна. Ну, быццам на iх чары напускалi, апойвалi дурманам! А выйдуць за вароты – зноў вяртаецца да iх дар слова. Ад самых варот да дзвярэй цягнуўся доўгi-доўгi хвост жанiхоў. Я сам там быў i бачыў.
– Ну, а Кай жа, Кай? – спытала Герда. – Калi ж ён з'явiўся? I ён прыйшоў сватацца?
– Пачакай! Пачакай! Вось мы якраз дайшлi i да яго!На трэцi дзень з'явiўся невялiчкi чалавечак, не ў карэце, не вярхом, а проста пяшком, i напрасткi ў палац. Вочы ззяюць, як твае, валасы доўгiя, вось толькi апрануты бедна.
– Гэта Кай! – узрадавалася Герда. – Я знайшла яго! – I яна запляскала ў ладкi.
– За плячыма ў яго была торба, – працягваў крумкач.
– Не, гэта, пэўна, былi яго санкi! – сказала Герда. – Ён пайшоў з дому з санкамi.
– Магчыма i так! – сказаў крумкач. – Я не асаблiва прыглядваўся. Дык вось, мая нявеста расказвала, як увайшоў ён у вароты палаца i ўбачыў гвардыю ў срэбры, а па ўсёй лесвiцы лакеяў у золаце, то нiколькi не разгубiўся, толькi галавой кiўнуў i сказаў: "Сумненька, вiдаць, стаяць тут на лесвiцы, увайду ж я лепш у пакоi!" А ўсе залы залiты святлом. Тайныя саветнiкi i iх правасхадзiцельствы пахаджваюць без ботаў, залатыя талеркi са стравамi разносяць, – больш урачыста i немагчыма. Боты яго жахлiва рыпяць, а яму хоць бы што.
– Гэта, напэўна, Кай! – усклiкнула Герда. – Я ведаю, ён быў у новых ботах. Я сама чула, як яны рыпелi, калi ён прыходзiў да бабулi.
– Так, яны вельмi рыпелi, – працягваў крумкач. – Але ён смела падышоў да прынцэсы. Яна сядзела на жамчужыне памерам з кола калаўрота, а вакол стаялi прыдворныя дамы са сваiмi служанкамi i служанкамi служанак i кавалеры са слугамi i слугамi слуг, а ў тых зноў прыслужнiкi. Чым блiжэй хтосьцi стаяў да дзвярэй, тым вышэй задзiраў нос. На прыслужнiка слугi, якi прыслужваў слузе i стаяў каля самых дзвярэй, нельга было i зiрнуць без дрыжыкаў – такi ён быў важны!
– Ну i страхоцце ж! – сказала Герда. – А Кай усё ж такi ажанiўся з прынцэсай?
– Калi б я не быў крумкачом, я б сам ажанiўся з ёю, хоць я i заручаны. Ён завёў з прынцэсай размову i размаўляў не горш, чым я па-крумкачынаму, – так, прынамсi, сказала мне мая нарачоная. Трымаўся ён свабодна i мiла i заявiў, што прыйшоў не сватацца, а толькi паслухаць разумную прынцэсу. Ну i вось, яна яму спадабалася, ён ёй таксама.
– Так-так, гэта Кай! – сказала Герда. – Ён жа такi разумны! Ён ведаў усе чатыры дзеяннi арыфметыкi, ды яшчэ з дробамi! Ах, правядзi ж мяне ў палац!
– Лёгка сказаць, – адказаў крумкач, – цяжка зрабiць. Пачакай, я пагавару з маёй нявестай, яна што-небудзь прыдумае i параiць нам. Ты думаеш, што цябе вось так прама i пусцяць у палац? Не, не вельмi i пускаюць такiх дзяўчынак!
– Мяне пусцяць! – сказала Гёрда. – Калi Кай пачуе, што я тут, ён адразу ж прыбяжыць па мяне.
– Пачакай мяне тут каля агароджы, – сказаў крумкач, страсянуў галавой i паляцеў.
Вярнуўся ён ужо зусiм пад вечар i закаркаў:
– Кар! Кар! Мая нявеста шле табе тысячу паклонаў i вось гэту булачку. Яна ўкрала яе на кухнi – там iх многа, а ты, пэўна, галодная!.. Ну, у палац табе не трапiць: ты ж босая – гвардыя ў срэбры i лакеi ў золаце нiзашто не прапусцяць цябе. Але не плач, ты ўсё ж такi будзеш там. Нявеста мая ведае, як прайсцi ў спальню прынцэсы з чорнага ходу i дзе дастаць ключ.
I вось яны ўвайшлi ў сад, пайшлi па доўгiх алеях, дзе адно за адным падала асенняе лiсце, i калi агнi ў палацы патухлi, крумкач правёў дзяўчынку ў прачыненыя дзверы.
О, як бiлася сэрцайка Герды ад страху i нецярплiвасцi! Нiбы яна збiралася зрабiць штосьцi дрэннае, а яна ж толькi хацела даведацца, цi не тут яе Кай! Так, так, ён, пэўна, тут! Герда так выразна ўяўляла сабе яго разумныя вочы, доўгiя валасы, i як ён усмiхаўся ёй, калi яны, бывала, сядзелi побач пад кустамi ружаў. А як узрадуецца ён цяпер, калi ўбачыць яе, пачуе, на якi доўгi шлях рашылася яна дзеля яго, даведаецца, як бедавалi з-за яго ўсе сваякi! Ах, яна была проста сама не свая ад страху i радасцi!
Але вось яны на лесвiчнай пляцоўцы. На шафе гарэла лямпа, а на парозе сядзела ручная варона i азiралася на бакi. Герда прысела i пакланiлася, як вучыла яе бабуля.
– Мой жанiх расказваў мне пра вас столькi добрага, паненка! – сказала ручная варона. – I ваша жыццё таксама вельмi жаласлiвае! Цi не возьмiце вы лямпу, а я пайду наперадзе. Мы пакiруем напрасткi i тут нiкога не сустрэнем.
– А мне здаецца, за намi хтосьцi iдзе, – сказала Герда, i ў тую ж хвiлiну мiма яе з лёгкiм шумам пранеслiся нейкiя ценi: конi з трапяткiмi грывамi i тонкiмi нагамi, паляўнiчыя, дамы i кавалеры конна.
– Гэта сны! – сказала ручная варона. – Яны з'яўляюцца сюды, каб думкi высокiх асоб паляцелi на паляванне. Тым лепш для нас, зручней будзе разгледзець спячых.
Тут яны ўвайшлi ў першую залу, дзе сцены былi абабiты ружовым атласам, вытканым кветкамi. Мiма дзяўчынкi зноў пранеслiся сны, але так хутка, што яна не паспела разгледзець коннiкаў. Адна зала была прыгажэйшая за другую, так што было ад чаго збянтэжыцца. Нарэшце яны дайшлi да спальнi. Столь напамiнала верхавiну вялiзнай пальмы з каштоўным крыштальным лiсцем; з сярэдзiны столi спускалася тоўстае залатое сцябло, на якiм вiселi два ложкi ў выглядзе лiлей. Адзiн быў белы, у iм спала прынцэса, другi – чырвоны, i ў iм Герда спадзявалася знайсцi Кая. Дзяўчынка злёгку адхiнула адзiн з чырвоных пялёсткаў i ўбачыла цёмна-русую патылiцу. Гэта Кай! Яна гучна назвала яго па iменi i паднесла лямпу да самага яго твару. Сны з шумам адляцелi прэч; прынц прачнуўся i павярнуў галаву... Ах, гэта быў не Кай!
Прынц быў падобны на яго толькi з патылiцы, але быў такi ж малады i прыгожы. З белай лiлеi выглянула прынцэса i запытала, што здарылася. Герда заплакала i расказала ўсю сваю гiсторыю, упамянуўшы i пра тое, што зрабiлi для яе крумкач i варона.
– Ах ты небарака! – сказалi прынц i прынцэса, пахвалiлi крумкача i варону, аб'явiлi, што нiколькi не злуюцца на iх – толькi няхай яны не робяць гэтага ў далейшым, – i захацелi нават узнагародзiць iх. – Хочаце быць вольнымi птушкамi? – запытала прынцэса. – Цi жадаеце заняць пасаду прыдворных варон, на поўным забеспячэннi з кухонных рэшткаў?
Крумкач з варонай пакланiлiся i папрасiлi пасады пры двары. Яны падумалi пра старасць i сказалi:
– Добра ж мець надзейны кавалак хлеба на старасцi год!
Прынц падняўся i ўступiў свой ложак Гердзе – больш ён пакуль нiчога не мог для яе зрабiць. А яна склала ручкi i падумала:"Якiя добрыя ўсе людзi i жывёлы!" – заплюшчыла вочы i салодка заснула. Сны зноў прыляцелi ў спальню, але цяпер яны везлi на маленькiх саначках Кая, якi кiваў Гердзе галавою. На жаль, усё гэта было толькi сном i знiкла, калi дзяўчынка прачнулася.
На другi дзень яе апранулi з ног да галавы ў шоўк i аксамiт i дазволiлi заставацца ў палацы колькi яна пажадае.
Дзяўчынка магла жыць ды пажываць тут прыпяваючы, але прагасцявала ўсяго некалькi дзён i пачала прасiць, каб ёй далi павозку з канём i чаравiкi – яна зноў хацела адправiцца па белым свеце на пошукi свайго пабрацiма.
Ёй далi i чаравiкi, i муфту, i прыгожую сукенку, а калi яна развiталася з усiмi, да варот пад'ехала карэта з чыстага золата, з зiхоткiмi, як зоркi, гербамi прынца i прынцэсы; у фурмана, лакееў, фарэйтараў – далi ёй i фарэйтараў – красавалiся на галовах маленькiя залатыя кароны.
Прынц i прынцэса самi пасадзiлi Герду ў карэту i пажадалi ёй шчаслiвай дарогi.
Лясны крумкач, якi паспеў ужо ажанiцца, праводзiў дзяўчынку першыя тры мiлi i сядзеў у карэце побач з ёю – ён не мог ехаць, седзячы спiнаю да коней. Ручная варона сядзела на варотах i лопала крыламi. Яна не паехала праводзiць Герду, таму што ў яе балела галава, з таго часу як атрымала пасаду пры двары i занадта шмат ела. Карэта была бiтком набiта цукровымi крэндзелямi, а скрыня пад сядзеннем садавiнай i пернiкамi.