355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ханс Кристиан Андерсен » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 11)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 сентября 2016, 21:14

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 19 страниц)

I яна зноў пачала з iм размову i назадавала яму шмат цяжкiх пытанняў, на якiя i сама не змагла б адказаць. Цень зрабiў здзiўленую мiну.

– Дык вы не можаце адказаць мне? – спытала прынцэса.

– Усё гэта я вывучаў яшчэ ў дзяцiнстве! – адказаў цень. – Я думаю, нават цень мой, якi стаiць ля дзвярэй, зможа адказаць вам.

– Ваш цень?! – здзiвiлася прынцэса. – Гэта было б проста незвычайна!

– Я, цi бачыце, сцвярджаю, – сказаў цень, – але думаю, што ён можа, – ён жа гэтулькi гадоў неразлучны са мной i трохi наслухаўся мяне! Але, ваша каралеўская вялiкасць, дазвольце мне звярнуць вашу ўвагу на адну акалiчнасць. Цень мой вельмi ганарыцца тым, што слыве чалавекам, i калi вы не хочаце сапсаваць яму настрой, вам трэба абыходзiцца з iм, як з чалавекам! Iначай ён не будзе ў стане адказваць як трэба.

– Што ж, гэта мне падабаецца! – адказала прынцэса i, падышоўшы да вучонага, якi стаяў каля дзвярэй, загаварыла з iм пра сонца, пра месяц, пра знешнiя i ўнутраныя бакi i ўласцiвасцi жыцця чалавечай прыроды.

Вучоны адказваў на ўсе яе пытаннi добра i разумна.

"Што гэта павiнен быць за чалавек, – падумала прынцэса, – калi нават цень яго такi разумны! Для майго народа i дзяржавы будзе сапраўдным дабрадзействам, калi я выберу яго сабе мужам. Так я i зраблю!"

I хутка яны вырашылi памiж сабой гэтае пытанне. Нiхто, аднак, не павiнен быў ведаць нiчога, пакуль прынцэса не вернецца дамоў, у сваю дзяржаву.

– Нiхто, нiхто, нават мой уласны цень! – настойваў цень, якi меў на гэта сваю прычыну.

Нарэшце яны прыбылi ў краiну, якой кiравала прынцэса, калi бывала дома.

– Паслухай, дружа! – сказаў тут цень вучонаму. – Цяпер я дасягнуў вышэйшага шчасця i магутнасцi чалавечай i хачу зрабiць тое-сёе i для цябе! Ты застанешся пры мне, будзеш жыць у маiм палацы, ездзiць са мной у каралеўскай карэце i атрымлiваць сто тысяч рыксдалераў у год. Але за гэта ты павiнен дазволiць называць цябе ценем усiм i кожнаму. Ты не павiнен i заiкацца, што быў калi-небудзь чалавекам. А раз у год, у сонечны дзень, калi я буду на балконе перад усiм народам, ты павiнен будзеш ляжаць ля маiх ног, як i патрэбна ценю. Трэба табе сказаць, што я жанюся на прынцэсе; вяселле – сёння вечарам.

– Не, гэта ўжо абы-што! – ускрыкнуў вучоны. – Не хачу я гэтага i не зраблю! Гэта азначала б – абманьваць усю краiну i прынцэсу! Я скажу ўсё! Скажу, што я чалавек, а ты толькi пераапрануты цень – усё, усё скажу!

– Нiхто не паверыць табе! – сказаў цень. – Ну, будзь жа разважным, а то я паклiчу варту!

– Я пайду да прынцэсы! – сказаў вучоны.

– Ну, а я траплю да яе раней за цябе! – сказаў цень. – А ты пойдзеш пад арышт.

Так i сталася: варта падпарадкавалася таму, за каго, як усе ведалi, выходзiла замуж прынцэса.

– Ты дрыжыш! – сказала прынцэса, калi цень зайшоў да яе. – Што-небудзь здарылася? Не захварэй, глядзi! Сёння ж вечарам наша вяселле!

– Ах, я пражыў толькi што страшную хвiлiну! – сказаў цень. – Падумай... Ды цi шмат, па сутнасцi, патрэбна мазгам якога-небудзь няшчаснага ценю!.. Падумай, мой цень звiхнуўся, уявiў сябе чалавекам, а мяне называе – падумай толькi – сваiм ценем!

– Якi жах! – сказала прынцэса. – Спадзяюся, яго замкнулi?

– Вядома, але я баюся, што ён нiколi не апамятаецца!

– Бедны цень! – уздыхнула прынцэса. – Ён вельмi няшчасны! Было б сапраўдным дабрадзействам пазбавiць яго ад той часцiнкi жыцця, якая яшчэ ёсць у iм. А калi добра падумаць, дык, па-мойму, нават неабходна пакончыць з iм як найхутчэй i без шуму!

– Усё-такi гэта жорстка! – сказаў цень. – Ён быў маiм вечным слугой! – i цень прытворна ўздыхнуў.

– У цябе высакародная душа! – сказала прынцэса.

Вечарам увесь горад быў iлюмiнаваны, грымелi гарматныя стрэлы, салдаты вiталi стрэльбамi. Вось было вяселле! I прынцэса з ценем выйшлi на балкон паказацца народу, якi яшчэ раз пракрычаў iм "ура".

Вучоны не чуў гэтай радасцi – з iм ужо ўсё было скончана.

БРЫДКАЕ КАЧАНЯ

Хораша было за горадам! Стаяла лета. На полi ўжо залацiлася жыта, авёс зелянеў, сена было складзена ў стагi; па зялёным лузе пахаджваў даўганогi бусел i балакаў па-егiпецку – гэтай мове ён навучыўся ад сваёй мацi. За палямi i лугамi цямнеў вялiкi лес, а ў лесе хавалiся глыбокiя сiнiя азёры. Так, хораша было за горадам! Сонца асвятляла старую сядзiбу, абкружаную глыбокiмi канавамi з вадой. Уся зямля – ад сценаў хаты да самай вады – зарасла лопухам, ды такiм высокiм, што маленькiя дзецi маглi стаяць пад самымi буйнымi яго лiстамi ў поўны рост.

У гушчары лопуху было гэтак жа глуха i дзiка, як у густым лесе, i вось там сядзела на яйках качка. Сядзела яна ўжо даўно, i ёй гэты занятак даволi-такi надакучыў. Да таго ж яе рэдка наведвалi, – iншым качкам было больш даспадобы плаваць па канаўках, чым сядзець у лопуху ды кракаць разам з ёю. Нарэшце яечныя шалупайкi затрашчалi.

Качаняты заварушылiся, застукалi дзюбкамi i высунулi галоўкi.

– Пiп, пiп! – сказалi яны.

– Крак, крак! – адказала качка. – Паспяшайцеся.

Качаняты выкараскалiся сяк-так са шкарлупiны i сталi азiрацца наўкол, разглядваючы зялёныя лiсты лопуху. Мацi не перашкаджала iм – зялёны колер карысны для вачэй.

– Ах, якi вялiкi свет! – сказалi качаняты.

Ну вядома! Зараз iм было куды вальней, чым у шкарлупiне.

– Цi не думаеце вы, што тут i ўвесь свет? – сказала мацi. – Ды не! Ён цягнецца далёка-далёка, туды, за сад, за поле... Але, шчыра кажучы, там я зроду не была!.. Ну што, усе ўжо выбралiся? – I яна ўзнялася на ногi. – Ды не, яшчэ не ўсе. Самае вялiкае яйка цалюткае! Ды калi ж гэтаму будзе канец! Я хутка зусiм страчу цярпенне.

I яна ўселася зноў.

– Ну, як справы? – запытала старая качка, прасунуўшы галаву ў гушчар лопуху.

– Ды вось, з адным яйкам нiяк не магу справiцца, – сказала маладая качка. – Сяджу, сяджу, а яно ўсё не лопаецца. Затое зiрнi на тых малечаў, што ўжо вылупiлiся. Проста цуд! Усе, як адзiн, – у бацьку. А ён, нягоднiк, нават не наведаў мяне нi разу!

– Пастой, пакажы мне спачатку тое яйка, якое не лопаецца, – сказала старая качка. – Цi не iндычынае яно, чаго добрага? Ну канешне! Вось менавiта так i мяне аднойчы ашукалi. А колькi клопатаў было ў мяне потым з гэтымi iндычанятамi! Ты не паверыш: яны гэтак баяцца вады, што iх не загонiш у канаву. Я й шыпела, i кракала, i проста штурхала iх у ваду, – не iдуць, ды i толькi. Дай хiба яшчэ раз зiрну. Ну, так i ёсць! Iндычынае! Кiдай яго ды iдзi вучы сваiх дзетак плаваць!

– Ды не, я, мабыць, пасяджу, – сказала маладая качка. – Ужо столькi цярпела, што можна яшчэ крыху пацярпець.

– Ну i сядзi! – сказала старая качка i пайшла.

I вось нарэшце вялiкае яйка трэснула.

– Пiп, пiп! – запiшчала птушаня i вывалiлася са шкарлупiны. Але ж якое яно было вялiкае i брыдкае!

Качка агледзела яго з усiх бакоў i ўсплёснула крыламi.

– Жахлiвы вырадак! – сказала яна. – I зусiм не падобны на iншых! Цi ж не iндычанё гэта i на самой справе? Але ж у ваду ён у мяне патрапiць, хай сабе мне давядзецца спiхнуць яго туды сiлай!

На наступны дзень надвор'е стаяла цудоўнае, зялёны лопух быў залiты сонцам.

Качка з усёй сваёй сям'ёй накiравалася да канавы. Боўць! – i яна апынулася ў вадзе.

– Крак-крак! За мной! Хутка! – паклiкала яна, i качаняты адзiн за адным таксама бухнулiся ў ваду.

Спачатку вада накрыла iх з галавою, але яны зараз жа вынырнулi i выдатна паплылi наперад. Лапкi ў iх так i запрацавалi, так i запрацавалi. Нават брыдкае шэрае качаня не адставала ад iншых.

– Якое ж гэта iндычаня? – сказала качка. – Вунь як слаўна грабе лапкамi! I як прама трымаецца! Не, гэта мой уласны сын. Ды ён зусiм не такi i брыдкi, калi добра прыгледзецца да яго. Ну, хуценька, хуценька за мной! Я зараз выведу вас на людзi – мы пойдзем на птушыны двор. Толькi трымайцеся блiжэй да мяне, каб хто-небудзь не наступiў на вас, ды сцеражыцеся кошак!

Хутка качка з усiм сваiм вывадкам дабралася да птушынага двара. Бог ты мой! Што тут быў за шум! Дзве качыныя сям'i бiлiся з-за галоўкi вугра. I ў рэшце рэшт гэтая галоўка дасталася кошцы.

– Вось так заўсёды i бывае ў жыццi! – сказала качка i аблiзнула язычком дзюбу – яна i сама была не супраць паспытаць вугрынай галоўкi. – Ну, ну, варушыце лапкамi! – закамандавала яна, павярнуўшыся да качанят. Кракнiце i пакланiцеся вунь той старой качцы! Яна тут знатнейшая за ўсiх. Яна гiшпанскай пароды i таму такая тлустая. Бачыце, у яе на лапцы чырвоны шматок! Як прыгожа! Гэта вышэйшая адзнака, якой толькi можа ўдастоiцца качка. Гэта значыць, што яе не хочуць згубiць, – па гэтым шматку яе адразу пазнаюць i людзi, i жывёлы. Ну, хутка! Ды не трымайце лапкi разам! Добра выхаванае качаня павiнна выварочваць лапкi наверх. Вось так! Глядзiце. Цяпер нахiлiце галоўкi i скажыце: "Крак!"

Качаняты так i зрабiлi.

Але iншыя качкi агледзелi iх i гучна загаварылi:

– Ну вось, яшчэ цэлая плойма! Быццам без iх нас мала было! А адно якое брыдкае! Гэтага ўжо мы нiяк не пацерпiм!

I зараз жа адна качка падляцела i дзеўбанула яго ў шыю.

– Пакiньце яго! – сказала качка-мацi. – Яно ж вам нiчога не зрабiла!

– Хай сабе i так. Але якое яно вялiкае i нязграбнае! – прашыпела злая качка. – Не пашкодзiць яго трохi правучыць.

А знатная качка з чырвоным шматком на лапцы сказала:

– Слаўныя ў цябе дзеткi! Усе вельмi, вельмi мiлыя, акрамя аднаго, бадай... Небарака не ўдаўся! Добра было б яго перарабiць.

– Гэта немагчыма, ваша мiласць, – адказала качка-мацi. – Яно непрыгожае гэта праўда, але ў яго добрае сэрца. А плавае яно не горш, адважваюся нават сказаць – лепей за iншых. Я думаю, з цягам часу яно выраўнуецца i стане трохi меншае. Яно занадта доўга праляжала ў яйку i таму трохi перарасло. – I яна разгладзiла дзюбкай пёркi на яго спiне. – Акрамя таго, яно качар, а качару прыгажосць не вельмi патрэбна. Я думаю, яно вырасце моцным i праб'е сабе дарогу ў жыццё.

– Астатнiя качаняты вельмi, вельмi мiлыя! – сказала знатная качка. – Ну, будзьце як дома, а калi знойдзеце вугрыную галоўку, можаце прынесцi яе мне.

I вось качаняты сталi паводзiць сябе як дома. Толькi беднаму качаняцi, якое вылупiлася пазней за iншых i было такое брыдкае, нiхто не даваў праходу. Яго дзяўблi, штурхалi i дражнiлi не толькi качкi, але нават куры.

– Занадта вялiкае! – казалi яны.

А iндыйскi певень, якi нарадзiўся са шпорамi на нагах i таму ўяўляў сябе ледзь не iмператарам, надзьмуўся i, быццам карабель на ўсiх ветразях, падляцеў проста да качаняцi, паглядзеў на яго i злосна залапатаў; грабеньчык у яго ажно налiўся крывёй. Беднае качаня проста не ведала, што яму рабiць, куды падзецца. I трэба ж было яму нарадзiцца такiм брыдкiм, што ўвесь птушыны двор смяецца над iм!

Так прайшоў першы дзень, а потым стала яшчэ горш. Усе гналi беднае качаня, нават браты i сёстры злосна казалi яму: "Хай бы кошка сцапала цябе, агiдны вырадак!" А мацi дадавала:"Вочы б мае на цябе не глядзелi!" Качкi шчыпалi яго, куры дзяўблi, а дзяўчына, якая давала птушкам корм, адштурхоўвала яго нагой.

Нарэшце качаня не вытрымала. Яно перабегла праз двор i, распусцiўшы свае няўклюдныя крыльцы, сяк-так перавалiлася цераз плот проста ў калючыя кусты.

Маленькiя птушачкi, што сядзелi на галiнах, разам успырхнулi i разляцелiся ў розныя бакi.

"Гэта таму, што я такое брыдкае", – падумала качаня i, заплюшчыўшы вочы, кiнулася бегчы, само не ведаючы куды. Яно бегла да той пары, пакуль не апынулася ў болоце, дзе жылi дзiкiя качкi.

Тут яно правяло ўсю ноч. Беднае качаня стамiлася, i яму было вельмi сумна.

Ранiцай дзiкiя качкi прачнулiся ў сваiх гнёздах i ўбачылi новага таварыша.

– Гэта што за птушка? – спыталi яны.

Качаня круцiлася i кланялася ва ўсе бакi, як магло.

– Ну i брыдкае ж ты! – сказалi дзiкiя качкi. – Аднак нам што да таго, толькi б ты не лезла да нас у радню.

Небарака! Дзе ўжо яму было думаць пра гэта! Толькi б дазволiлi жыць у чароце ды пiць балотную ваду, – пра iншае яно i не думала.

Так яно праседзела ў балоце два днi. На трэцi дзень туды прыляцелi два дзiкiя гусакi. Яны зусiм нядаўна навучылiся лётаць i таму вельмi важнiчалi.

– Слухай, дружа! – сказалi яны. – Ты такi дзiўны, што на цябе глядзець весела. Хочаш сябраваць з намi? Мы птушкi вольныя – куды хочам, туды i ляцiм. Тут паблiзу ёсць яшчэ балота, там жывуць вельмi мiлыя дзiкiя гускi-паненкi. Яны ўмеюць гаварыць: "Рап! Рап!" Ты такi забаўны, што, чаго добрага, будзеш карыстацца ў iх вялiкiм поспехам.

Пiф! Паф! – прагучала раптам над балотам, i абодва гусака ўпалi ў чараты мёртвыя, а вада пачырванела ад крывi.

Пiф! Паф! – пачулася зноў, i цэлая чарада дзiкiх гусей узнялася над балотам. Грымеў стрэл за стрэлам. Паляўнiчыя акружылi балота з усiх бакоў, некаторыя з iх залезлi на дрэвы i вялi стралянiну зверху. Блакiтны дым воблакамi ахутываў вершалiны дрэў i слаўся над вадой. Па балоце шнырылi паляўнiчыя сабакi. Толькi i чуваць было: шлёп-шлёп! I чарот гайдаўся. Беднае качаня ад страху было ледзь жывое. Толькi яно хацела схаваць галаву пад крыльца, як раптам проста перад iм вырас паляўнiчы сабака з высунутым языком i ззяючымi злымi вачамi. Ён зiрнуў на качаня, ашчэрыў вострыя зубы i шлёп-шлёп! – пабег далей.

"Здаецца, пранесла, – падумала качаня i перавяло дух. – Вiдаць, я такое брыдкае, што нават сабаку агiдна з'есцi мяне!"

I яно прытаiлася ў чароце. А над яго галавой раз-пораз свiстаў шрот, чулiся стрэлы.

Стралянiна змоўкла толькi адвячоркам, але качаня доўга яшчэ баялася паварушыцца.

Прайшло некалькi гадзiн. Нарэшце яно асмелiлася ўстаць, асцярожна агледзелася наўкол i кiнулася бегчы далей па полi i лузе.

Дзьмуў такi моцны сустрэчны вецер, што качаня ледзь-ледь перасоўвала лапкi.

Да ночы яно дабралася да маленькай убогай хаткi. Хатка гэтак струхлела, што гатова была ўпасцi, ды не ведала, на якi бок, таму i трымалася.

Вецер так i падхоплiваў качаня, – даводзiлася прыцiскацца да самой зямлi, каб не знесла.

На шчасце, яно заўважыла, што дзверы хаткi саскочылi з адной завесы i гэтак перакасiлiся, што праз шчылiну можна лёгка прабрацца ўсярэдзiну. I качаня прабралася.

У хатцы жыла старая са сваёй курай i катом. Ката яна звала Сыночкам; ён умеў выгiнаць спiну, мурлыкаць i нават сыпаць iскрамi, але дзеля гэтага трэба было пагладзiць яго супраць поўсцi. У курыцы былi маленькiя кароценькiя ножкi, i таму яе так i празвалi Каратканожкай. Яна старанна несла яйкi, i старая любiла яе, як дачку.

Ранiцай качаня заўважылi. Кот пачаў мурлыкаць, а кура кудахтаць.

– Што там такое? – запытала старая.

Яна паглядзела наўкол i ўбачыла ў куце качаня, але сослепу прыняла яго за тлустую качку, якая адбiлася ад хаты.

– Вось дык знаходка! – сказала старая. – Зараз у мяне будуць качыныя яйкi, калi толькi гэта не качар.

I яна вырашыла пакiнуць бяздомную птушку ў сябе. Але прайшло тыднi тры, а яек усё не было. Сапраўдным гаспадаром у хаце быў кот, а гаспадыняй – курыца. Абое яны заўсёды казалi: "Мы i ўвесь свет!" Яны лiчылi самiх сябе паловай усяго свету, i прытым лепшай паловай. Качаняцi, праўда, здавалася, што на гэты конт можна быць iншай думкi. Але курыца гэтага не дапускала.

– Цi ўмееш ты несцi яйкi? – спытала яна качаня.

– Не!

– Дык i трымай язык на прывязi!

А кот запытаў:

– Цi ўмееш ты выгiнаць спiну, сыпаць iскрамi i мурлыкаць?

– Не!

– Дык i не лезь са сваёй думкай, калi гавораць разумныя людзi!

I качаня сядзела ў куце, надзьмуўшыся.

Неяк аднойчы дзверы шырока расчынiлiся, i ў пакой уварвалiся струмень свежага паветра i яркi сонечны прамень. Качаня так моцна пацягнула на волю, так захацелася яму паплаваць, што яно не магло стрымацца i сказала пра гэта курыцы.

– Ну, што яшчэ выдумала? – накiнулася на яго курыца. – Гультуеш, вось табе ў галаву i лезе рознае глупства! Нясi лепш яйкi альбо мурлыкай, вось дурасць i пройдзе!

– Ах, плаваць так прыемна! – сказала качаня. – Такое задавальненне нырнуць унiз галавой у самую глыбiню!

– Вось дык задавальненне! – сказала курыца. – Ты зусiм з глузду з'ехала! Спытай у ката – ён разважлiвейшы за ўсiх, каго я ведаю, – цi падабаецца яму плаваць i ныраць? Пра сябе самую я ўжо не кажу. Спытай, нарэшце, у нашай старой панi, разумнейшага за яе, напэўна, нiкога няма на свеце! Яна табе скажа, цi любiць яна ныраць унiз галавой у самую глыбiню!

– Вы мяне не разумееце! – сказала качаня.

– Калi ўжо мы не разумеем, дык хто цябе i зразумее! Ты, вiдаць, хочаш быць разумнейшай за ката i нашу панi, не кажучы ўжо пра мяне! Не наравiся i будзь удзячнае за ўсё, што для цябе зрабiлi! Цябе прытулiлi, прыгрэлi, ты трапiла ў такое грамадства, у якiм можаш нечаму навучыцца. Але ты пустая галава, i размаўляць з табою не варта. Павер ужо мне! Я жадаю табе дабра, таму i сваруся на цябе. Так заўсёды робяць сапраўдныя сябры. Старайся ж несцi яйкi альбо навучыся мурлыкаць ды сыпаць iскрамi!

– Я думаю, мне лепей пайсцi адсюль куды вочы глядзяць! – сказала качаня.

– Ну i йдзi сабе! – адказала курыца.

I качаня пайшло. Яно жыло на возеры, плавала i нырала ўнiз галавой, але ўсе наўкол па-ранейшаму смяялiся з яго i называлi брыдкiм i агiдным.

А мiж тым настала восень. Лiсты на дрэвах пажоўклi i пабурэлi. Яны так i сыпалiся з галiн, а вецер падхоплiваў iх i кружыў у паветры. Стала вельмi холадна. Цяжкiя хмары сеялi на зямлю то град, то снег. Нават варона, седзячы на агароджы, каркала ад холаду на ўсё горла. Брр! Замерзнеш ад адной думкi пра такую сцюжу!

Дрэнна даводзiлася беднаму качаняцi.

Раз адвячоркам, калi сонейка яшчэ ззяла на небе, з-за лесу ўзнялася цэлая чарада цудоўных, вялiкiх птушак. Такiх прыгожых птушак качаня нiколi яшчэ не бачыла – усе белыя як снег, з даўгiмi гнуткiмi шыямi.

Гэта былi лебедзi.

Iхнi крык быў падобны на гукi трубы. Яны распрасцерлi свае шырокiя магутныя крылы i паляцелi з халодных лугоў у цёплыя краi, за сiнiя моры... Вось ужо яны ўзнялiся высока-высока, а беднае качаня ўсё глядзела iм услед, i нейкая незразумелая трывога ахапiла яго. Яно закруцiлася ў вадзе, як ваўчок, выцягнула шыю i таксама закрычала, ды так моцна i дзiўна, што само спалохалася. Яно не магло адвесцi вачэй ад гэтых цудоўных птушак, а калi яны зусiм знiклi, яно нырнула на самае дно, потым выплыла зноў i ўсё-ткi доўга яшчэ не магло апамятацца. Качаня не ведала, як завуць гэтых птушак, не ведала, куды яны ляцяць, але палюбiла iх, як не любiла да гэтай пары нiкога на свеце. Прыгажосцi iхняй яно не зайздросцiла. Яму i ў галаву не прыходзiла, што яно можа быць такiм жа прыгожым, як яны.

Яно было б вельмi рада, калi б хоць качкi не адштурхоўвалi яго ад сябе. Беднае брыдкае качаня!

Зiма настала вельмi халодная. Качаня павiнна было плаваць па возеры без адпачынку, каб не даць вадзе замерзнуць зусiм, але з кожнай ноччу палонка, у якой яно плавала, рабiлася ўсё меншай i меншай. Мароз быў такi, што нават лёд патрэскваў. Качаня нястомна працавала лапкамi. Нарэшце яно зусiм знясiлела i прымерзла да лёду.

Ранкам побач праходзiў селянiн. Ён убачыў прымерзлае да лёду качаня, разбiў лёд сваiм драўляным чаравiкам i аднёс паўмёртвую птушку дамоў да жонкi.

Качаня адагрэлi.

Дзецi задумалi пагуляць з iм, але качаняцi падалося, што яны хочуць пакрыўдзiць яго. Яно кiнулася са страху ў кут i трапiла проста ў даёнку з малаком. Малако пацякло па падлозе.

Гаспадыня ўскрыкнула i пляснула рукамi, а качаня забегала па пакоi, уляцела ў кадушку з маслам, а адтуль у бочку з мукой. Лёгка ўявiць, на што яно стала падобнае!

Гаспадыня лаяла качаня i ганялася за iм з вугальнымi шчыпцамi, дзецi бегалi, збiваючы адзiн аднаго з ног, рагаталi i пiшчалi. Добра, што дзверы былi адчынены, – качаня выбегла, растапырыўшы крылы, кiнулася ў кусты, проста на толькi што выпаўшы снег, i доўга-доўга ляжала там непрытомнае.

Было б вельмi журботна расказваць пра ўсе беды i няшчасцi брыдкага качаняцi ў гэтую суровую зiму.

Нарэшце сонейка зноў прыгрэла зямлю сваiмi цёплымi промнямi. Зазвiнелi жаўрукi ў полi. Вярнулася вясна!

Качаня вылезла з чароту, дзе яно хавалася ўсю зiму, узмахнула крыламi i паляцела. Крылы яго цяпер былi куды мацнейшыя, чым раней, яны зашумелi i ўзнялi яго над зямлёй. Не паспела яно апамятацца, як даляцела ўжо да вялiкага саду. Яблынi стаялi ўсе ў квеценi, духмяны бэз схiляў свае доўгiя зялёныя галiны над звiлiстым каналам. Ах, як тут было добра, як пахла вясной!

I раптам з гушчару чароту выплылi тры цудоўныя белыя лебедзi. Яны плылi так лёгка i плаўна, быццам слiзгацелi па вадзе. Качаня пазнала гэтых цудоўных птушак, i яго ахапiла нейкая незразумелая журба.

"Палячу да iх, да гэтых велiчных птушак. Яны, напэўна, задзяўбуць мяне да смерцi за тое, што я, такое брыдкае, асмельваюся наблiзiцца да iх. Але ўсё роўна! Лепш загiнуць ад iхнiх удараў, чым трываць шчыпанне качак i курэй, штуршкi птушнiцы ды трываць холад i голад зiмою!"

I яно апусцiлася на ваду i паплыло насустрач цудоўным лебедзям, а лебедзi, згледзеўшы яго, замахалi крыламi i паплылi проста да яго.

– Забiце мяне! – сказала брыдкае качаня i нiзка схiлiла галаву.

I раптам у чыстай, як люстэрка, вадзе яно ўбачыла сваё ўласнае адлюстраванне. Яно было ўжо не брыдкiм цёмна-шэрым качанём, а прыгожым белым лебедзем!

Зараз качаня было нават рада, што перанесла столькi гора i бед. Яно шмат выцерпела i таму магло лепш ацанiць сваё шчасце. А вялiкiя лебедзi плавалi наўкол i гладзiлi яго сваiмi дзюбамi.

У гэты час у сад прыбеглi дзецi. Яны сталi кiдаць лебедзям кавалкi хлеба i зерне, а самы малодшы з iх закрычаў:

– Новы прыляцеў! Новы прыляцеў!

I ўсе астатнiя падхапiлi:

– Так, новы, новы!

Дзецi пляскалi ў ладкi i скакалi ад радасцi. Потым яны пабеглi за бацькам з мацi i зноў сталi кiдаць у ваду кавалкi хлеба i пiрожнага.

I дзецi i дарослыя казалi:

– Новы лебедзь лепшы за ўсiх! Ён такi прыгожы i малады!

I старыя лебедзi схiлiлi перад iм галовы. А ён зусiм збянтэжыўся i схаваў галаву пад крыло, сам не ведаючы навошта. Ён успомнiў той час, калi ўсе смяялiся з яго i гналi прэч. Але ўсё гэта было ў мiнулым. Цяпер людзi кажуць, што ён самы цудоўны сярод цудоўных лебедзяў. Бэз схiляе да яго ў ваду духмяныя галiны, а сонейка лашчыць сваiмi цёплымi промнямi... I вось крылы яго зашумелi, стройная шыя выпрасталася, а з грудзей вырваўся радасны крык:

– Не, пра такое шчасце я i не марыў, калi быў яшчэ брыдкiм качанём!

СВIННЯ-СКАРБОНКА

Ну i шмат жа цацак было ў дзiцячым пакоi – проста не злiчыць! А высока над iмi, на шафе, стаяла скарбонка – глiняная свiння. У спiне ў яе, як i належыць, была прарэзана шчылiна для манет. Спачатку гэтая шчылiна была вузенькая, але потым яе трошкi пашырылi ножыкам-сцiзорыкам, каб у яе пралазiлi i буйныя срэбныя манеты. Дзве такiя манеты ляжалi ўжо на дне ейнага жыватка, а пра дробязь i казаць ужо няма чаго. Драбязой свiння была, як той казаў, бiтком набiтая, нават i дзынкнуць не магла. Куды ж болей? Нi адна свiння з грашыма не магла б пажадаць лепшай долi. Да таго ж яна яшчэ займала вельмi высокае становiшча: стаяла на шафе ды пазiрала на ўсiх зверху ўнiз. Яна ведала, што грошай у яе па горла i, варта толькi пажадаць, яна можа набыць усе цацкi, што ляжаць i стаяць унiзе. А ўсведамляць гэта даволi прыемна, ва ўсялякiм разе свiннi.

Цацкi ведалi, чаго вартая свiння i што яна пра сябе думае, але не гаварылi аб гэтым. Ды й навошта? Яны i без таго знаходзiлi аб чым пабалбатаць.

Аднаго разу, калi ў дзiцячай нiкога не было, з напаўадчыненай шуфляды выглянула вялiкая лялька. Яна была ўжо не дужа маладая, не раз губляла галаву, i таму шыя ў яе была падклееная. Лялька паглядзела направа, налева ды сказала:

– Давайце гуляць у людзей. Ад дакукi i гэта няблага.

– Давайце, давайце! – закрычалi ўсе i замiтусiлiся ў сваiх каробках i шуфлядах.

Нават карцiны i тыя закiвалiся на сценах, хаця iм i не варта было паказваць свой адваротны бок, таму што на iм, як вядома, нiчога не намалявана.

Было ўжо зусiм позна. Прабiла дванаццаць гадзiн. У вокны зазiраў маладзiк i свяцiў на ўсю моц, не патрабуючы за асвятленне анiякае аплаты.

У гульнi ўзялi ўдзел усе лялькi да адзiнай, нават дзiцячая каляска, хаця яна была такая вялiкая ды нязграбная, што яе лiчылi хутчэй за мэблю, чым за цацку.

Але каляска на гэта не крыўдавала.

– Кожнаму – сваё, – казала яна. – Не ўсiм жа быць паважнымi панамi ды забаўляцца з ранiцы да вечара. Трэба некаму i справу рабiць.

Толькi адной свiннi-скарбонцы паслалi запрашальны бiлет. Яе нельга было проста паклiкаць, – яна стаяла так высока над усiмi, што магла i не дачуцца.

Мiж iншым, i на пiсьмовае запрашэнне свiння не зрабiла ласкi адказаць, прыйдзе яна цi не прыйдзе. Ды зрэшты так i не прыйшла. I сапраўды, навошта ёй спускацца да iншых? Хай iншыя патурбуюцца, каб яна ўсё бачыла, не сыходзячы са свайго месца.

Нiчога не паробiш, давялося выканаць ейнае жаданне. Лялечны тэатр паставiлi проста насупраць шафы, сцэнай да свiннi.

Свята вырашылi пачаць з вясёлай сяброўскай гутаркi, потым меркавалася прадстаўленне i, нарэшце, агульнае пiццё гарбаты.

Менавiта з гутаркi i пачалося. Конiк-качалка выказаў некалькi думак аб бягах, скачках ды чыстаце конскай пароды, дзiцячая каляска – аб чыгунцы, аб цягнiках, якiя быццам бы рухаюцца парай, ды аб iншых новаўвядзёнках. Сапраўды, хто ж мог аб гэтым меркаваць, калi не яны... Конiк – аб конях, каляска – аб цягнiках!.. Насценны гадзiннiк разважаў з прычыны палiтыкi-тыкi-тыкi!

Гадзiннiк думаў, што iдзе паперадзе свайго часу, але злыя языкi сцвярджалi, што ён даволi-такi адстае. Бамбукавы кiёк хвалiўся сваiм срэбным каўпачком i жалезным чаравiчкам. Яшчэ б! Ён жа мог лiчыць сябе франтам з галавы да ног! Па ражках канапы моўчкi ляжалi дзве пухленькiя, расшытыя шаўкамi падушачкi. Абедзве былi надта мiленькiя ды надта дурненькiя.

Нарэшце пачалася лялечная камедыя. Лялькi на нiтках прадстаўлялi, а лялькi без нiтак ды iншыя лялькi павiнны былi глядзець i пляскаць у далонi. Тыя ж, у каго не было далоняў, маглi шчоўкаць ды грукаць чым хацелi.

Зрэшты, адзiн порсткi бiзунчык наадрэз адмовiўся шчоўкаць, калi на сцэну выходзяць старыя, пашарпаныя лялькi, i сказаў, што ён шчоўкае толькi маладзенькiм, хораша прыбраным лялечкам.

– Не, па-мойму, калi пляскаць, дык усiм, – заявiў пiстон.

"А мне б толькi свой кут! – думала плявальнiца. – Абы пляваць было ў мяне зручна".

Адным словам, кожны разважаў па-свойму. Камедыя, калi казаць па праўдзе, была нявартая i граша ламанага, але акцёры гралi выдатна. Яны паказвалiся гледачам толькi лепшым сваiм бокам, бо гэты бок быў расфарбаваны. А нiткi ў iх былi такiя доўгiя, што кожная лялька магла граць выдатную ролю, альбо, як кажуць, быць надзвычайнай.

Гледачы былi вельмi расчуленыя. Лялька з падклеенай шыяй да таго размякчэла, што зноў згубiла галаву.

Нават свiння з грашыма i тая ледзь не праслязiлася. Ёй захацелася зрабiць што-небудзь добрае, незвычайнае, – напрыклад, нагадаць у сваiм завяшчаннi лепшага з акцёраў: хай яго пахаваюць побач з ёю, калi надыдзе час...

Карацей кажучы, усе былi вельмi-вельмi задаволеныя. З радасцi нават адмовiлiся ад гарбаты – i добра зрабiлi, бо яе не было. Замест гэтага зноў узялiся балбатаць. Гэта называлася ў iх: "гуляць у людзей". Не тое, каб яны перадражнiвалi людзей цi пасмiхалiся з iх. Не, яны проста старалiся паводзiць сябе "па-людску": кожны думаў пра сябе ды яшчэ пра тое, што скажа аб iм свiння з грашыма.

А свiння, падумаўшы аб сваiм завяшчаннi, ужо не магла думаць нi пра што iншае. "Калi надыдзе час..." Ах, ён заўсёды прыходзiць нечакана-нягадана...

Плясь! Невядома з чаго, свiння раптам звалiлася з шафы i разбiлася ўшчэнт. Манеты i манеткi пакацiлiся на ўсе бакi. Драбяза пры гэтым круцiлася ваўчком, а вялiкiя цяжкiя манеты нетаропка кацiлiся ўздоўж маснiц. Далей за ўсiх кацiлася адна. Ёй вельмi надакучыла ляжаць у цемрадзi без руху i цяпер хацелася павандраваць па белым свеце – iншых паглядзець i сябе паказаць. Што ж, так яно i здарылася: ўсе манеты i манеткi разбрылiся ў розныя бакi, хто куды.

А глiняныя ачарэпкi ад свiннi-скарбонкi вымелi разам са смеццем.

Але ўжо на другi дзень на вярхушцы шафы з'явiлася новая свiння-скарбонка. У жываце ў яе яшчэ не было нiводнай манеткi, i таму, колькi б яе нi трэслi, яна не магла дзынкнуць, – зусiм як тая старая свiння, у якой жывот быў бiтком набiты срэбнымi i меднымi грашыма. А па першым часе i гэтага зусiм дастаткова.

Дастаткова i з вас, даражэнькiя чытачы. Казцы канец.

СУП З КIЛБАСНАЙ ПАЛАЧКI

I. Суп з кiлбаснай палачкi

– Ах, якую вячэру наладзiлi нам учора ў палацы, – хвалiлася сталая мыш малодшай сяброўцы. Тая не трапiла на прыдворнае баляванне. – Я сядзела дваццаць першай ад нашага мышынага цара, а гэта, згадзiся, даволi някепска! I якiх толькi страў не падавалi да стала! Чэрствы хлеб, скурачкi ад кумпяка, сала, кiлбасу, – а пасля зноў усё гэта падносiлi. Ежы было столькi, што кожны з нас, мабыць, па два абеды з'еў! А якi настрой быў у кожнага, як нязмушана гаманiлi, каб ты ведала! Было спакойна i ўтульна. Мы пагрызлi ўсё дарэшты, акрамя кiлбасных палачак, – тых, на якiх кiлбасу смажаць; акурат на гэтых палачках пад канец засяродзiлi ўвагу, i нехта раптам згадаў пра "суп з кiлбаснай палачкi". Выявiлася, што чуць пра гэты суп усе чулi, але пакаштаваць яго, а тым больш прыгатаваць самой – нiкому не даводзiлася. I тады прапанавалi выдатны тост за тую мыш, якая здолее зварыць суп з кiлбаснай палачкi, а значыць, зможа стаць старэйшай у прытулку для бедных! Скажы, сястрыца, цi ж не разумна прыдумалi? А стары машыны цар узняўся са свайго трону i голасна, каб усе чулi, заявiў, што зробiць царыцай тую маладзенькую мыш, якая прыгатуе найсмачнейшы суп з кiлбаснай палачкi. Даў тэрмiну – год i адзiн дзень.

– Часу даволi! – сказала маладзейшая мыш. – Але як зварыць гэты самы суп?

Як яго варыць? Пра гэта пыталiся ўсе мышы, i маладыя i старыя. I кожнай хацелася зрабiцца царыцай, але нi ў кога не было ахвоты блукаць па белым свеце, каб даведацца, як гатаваць гэта загадкавае варыва. А седзячы дома, рэцэпту не раздабудзеш. Ды не кожная мыш можа пакiнуць сям'ю, родны куток; ды i жыццё на чужыне не дужа салодкае: там не пакаштуеш цвiлой скарынкi, не панюхаеш кумпяковай скуркi; iншым разам давядзецца пагаладаць, i чаго добрага ёсць рызыка трапiць у кацiныя кiпцi.

Шмат хто з кандыдатак у царовы сяброўкi былi дужа занепакоеныя ўсiмi гэтымi разважаннямi, i яны выбралi за лепшае застацца дома, i толькi чатыры мышы, маладыя i вёрткiя, а да таго i самыя бедныя, пачалi рыхтавацца ў дарогу. Кожная выбрала сабе адну з чатырох краiн свету – а раптам некаму з iх усмiхнецца шчасце, – i кожная ўзяла з сабою па кiлбаснай палачцы, каб не забыць у дарозе, куды i чаго выбралася з дому; да ўсяго гэтага палачка магла выдатна паслужыць вандроўнiцам у якасцi дарожнага кiёчка.

На самым пачатку мая яны выправiлiся ў шлях i ў маi наступнага года вярнулiся назад, але не ўсе, а толькi трое; пра чацвертую нiхто нiчога не чуў, нiхто нiдзе яе не бачыў, а тэрмiн, якi быў адпушчаны, канчаўся.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю