Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 19 страниц)
Гулка тупаючы сваiмi трыма чырвонымi драўлянымi ножкамi, вярба скакала сярод кветак. Яна танцавала мазурку, а iншыя кветкi не ведалi гэтага танца, таму што былi вельмi лёгкiмi i не маглi тупаць з такой сiлай.
Але вось лялечка на вярбе раптам выцягнулася, закруцiлася над папяровымi кветкамi i гулка закрычала:
– Ну цi ж можна забiваць галаву дзiцяцi такой драбязой? Што за дурацкая фантастыка?
Цяпер лялька была на дзiва падобнай на саветнiка – у такiм жа капелюшы з шырокiмi палямi, такая ж сярдзiтая i жоўтая! Але папяровыя кветкi стукнулi яе па тонкiх плячах, i яна зусiм сцiснулася, зноў ператварыўшыся ў маленечкую васковую ляльку. Гэта было так цiкаўна, што Iда не магла ўтрымацца ад смеху.
Вярба працягвала скакаць, i саветнiку мiжволi даводзiлася скакаць разам з ёй, усё роўна – цi выцягваўся ён на ўсю даўжыню цi заставаўся маленечкай васковай лялечкай у чорным капелюшы з шырокiмi палямi. Нарэшце кветкi, асаблiва тыя, якiя ляжалi ў лялечным ложку, пачалi шкадаваць саветнiка, i вярба пакiнула яго ў спакоi. Раптам штосьцi гулка застукала ў шуфлядцы стала, дзе разам з iншымi цацкамi ляжала лялька Сафi. Курылка дабег да краю стала, лёг нiцма i ледзь-ледзь выцягнуў шуфлядку. Сафi ўстала i здзiўлена азiрнулася.
– Ды тут, аказваецца, баль! – сказала яна. – Чаму мне пра гэта не сказалi?
– Хочаш танцаваць са мной? – спытаў яе Курылка.
– Ну i кавалер! – адрэзала Сафi i павярнулася да яго спiной, потым села на шуфляду i пачала чакаць, што яе запросiць якая-небудзь кветка; але нiхто i не думаў яе запрашаць. Тады яна пачала кашляць: "кх, кх, кх!" Але i тут нiхто да яе не падышоў. А Курылка скакаў адзiн, i не так ужо i дрэнна.
Заўважыўшы, што кветкi на яе не глядзяць, Сафi раптам звалiлася з шуфляды на падлогу, ды з такiм шумам, што ўсе збеглiся, акружылi яе i пачалi распытваць, цi не ўдарылася яна. Кветкi размаўлялi з ёю вельмi ласкава, асаблiва тыя, якiя толькi нядаўна адпачывалi ў ложку. Сафi зусiм не ўдарылася, i кветкi маленькай Iды пачалi дзякаваць ёй за цудоўную пасцельку, потым павялi з сабой у кружок месяца на падлозе i пачалi танцаваць з ёй; iншыя кветкi павялi карагод i скакалi вакол iх. Тады Сафi, вельмi задаволеная, сказала кветачкам, што аддае iм свой ложачак, – ёй добра i ў шуфлядцы!
– Дзякуй, – азвалiся кветкi, – але мы не можам жыць доўга. Ранiцай зусiм памром. Скажы толькi маленькай Iдзе, каб яна пахавала нас у садзе, дзе закапана канарэйка. Летам мы зноў вырасцем i будзем яшчэ прыгажэй.
– Не, вы не павiнны памiраць! – усклiкнула Сафi i пацалавала кветкi.
У гэты момант дзверы адчынiлiся, i ў пакой увайшоў цэлы натоўп прыгажэйшых кветак. Маленькая Iда нiяк не магла зразумець, адкуль яны ўзялiся, – пэўна ж, з каралеўскага палаца. Наперадзе iшлi дзве цудоўныя ружы ў маленькiх залатых каронах, – гэта былi кароль з каралевай. За iмi, раскланьваючыся на ўсе бакi, рухалiся прыгожыя ляўкоi i гваздзiкi. Музыканты – буйныя макi i пiвонi дзьмулi ў стручкi, чырванеючы ад напругi, а маленькiя блакiтныя званочкi i беленькiя пралескi тоненька звiнелi. Вось была забаўная музыка! За музыкантамi iшло мноства iншых кветак, i ўсе яны танцавалi – i блакiтныя фiялкi, i чырвоныя маргарыткi, i рамонкi, i ландышы. Кветкi танцавалi i цалавалiся, ды так, што глядзець не наглядзецца!
Нарэшце ўсе пажадалi адно аднаму добрай ночы, а маленькая Iда прабралася ў свой ложак, i да ранiцы ёй снiлiся кветкi i ўсё, што яна бачыла ноччу.
Ранкам яна ўстала i пабегла да свайго столiка – паглядзець, цi там яе кветачкi.
Яна адхiнула полаг... Так, кветкi ляжалi ў ложачку, але зусiм, зусiм завялыя! Сафi таксама ляжала на сваiм месцы, у скрынцы, i твар у яе быў сонны.
– А ты памятаеш, што табе загадалi перадаць мне? – спытала маленькая Iда.
Але Сафi толькi тупа глядзела на яе, не раскрываючы роту.
– Якая ж ты нядобрая! – сказала маленькая Iда. – А яны яшчэ танцавалi з табой!
Потым яна ўзяла кардонную каробачку, на накрыўцы якой была намалявана прыгожанькая птушка, адкрыла яе i паклала туды мёртвыя кветкi.
– Вось вам i дамавiнка! – сказала яна. – А калi прыедуць мае нарвежскiя кузены, мы вас закапаем у садзе, каб вы на наступнае лета зноў выраслi i сталi яшчэ прыгажэй!
Ёнас i Адольф стрыечныя браты Iды, якiя прыехалi з Нарвегii, былi жвавыя хлапчукi. Бацька падарыў iм па новаму самастрэлу, i яны ўзялi iх з сабой, каб паказаць Iдзе. Яна расказала хлапчукам пра бедныя памёршыя кветкi i загадала пахаваць iх. Наперадзе iшлi хлапчукi з самастрэламi на плячах, за iмi маленькая Iда з мёртвымi кветкамi ў каробцы. Магiлку выкапалi ў садзе. Iда пацалавала кветкi i апусцiла каробку ў ямку, а Ёнас з Адольфам адсалютавалi над магiлкай з самастрэлаў – нi стрэльбаў, нi гармат у iх жа не было.
ДЗIКIЯ ЛЕБЕДЗI
Далёка-далёка, у той краiне, куды адлятаюць у вырай ластаўкi, жыў кароль. У яго было адзiнаццаць сыноў i адна дачка, якую звалi Элiзай. Адзiнаццаць братоў-прынцаў ужо хадзiлi ў школу; у кожнага на грудзях блiшчэла зорка, а з левага боку звiнела шабля. Прынцы пiсалi алмазнымi грыфелямi на залатых дошках i выдатна ўмелi чытаць – i па кнiжцы i без кнiжкi, на памяць. Вядома, так добра чытаць маглi толькi сапраўдныя прынцы. Пакуль прынцы вучылiся, iх сястра Элiза сядзела на лавачцы з люстранога шкла i разглядвала кнiжку з малюнкамi, якая каштавала паўкаралеўства.
Сапраўды, добра жылося дзецям! Але неўзабаве ўсё сталася iнакш.
Памерла iх мацi, i кароль ажанiўся зноў. Мачаха была злая ведзьма i неўзлюбiла гаротных дзяцей. У першы ж дзень, калi ў палацы святкавалi вяселле караля, дзецi адчулi, якая злая ў iх мачаха. Яны пачалi гульню ў "госцi" i папрасiлi каралеву даць iм пiрожных i печаных яблыкаў, каб накармiць сваiх гасцей. Але мачаха дала iм кубак звычайнага пяску i сказала:
– Хопiць з вас i гэтага!
Мiнуў яшчэ тыдзень, i мачаха задумала збавiцца ад Элiзы. Яна адправiла яе ў вёску на выхаванне да нейкiх сялян. А потым злая мачаха пачала нагаворваць каралю на бедных прынцаў, i нагаварыла столькi лухты, што кароль не захацеў больш нават бачыць сваiх сыноў.
I вось каралева загадала паклiкаць прынцаў i, калi яны наблiзiлiся да яе, яна крыкнула:
– Няхай кожны з вас ператворыцца ў чорнага крука! Ляцiце прэч з палаца i самi здабывайце сабе харч!
Але ёй не ўдалося ажыццявiць сваю злую задуму. Прынцы ператварылiся не ў няўклюдных крукоў, а ў прыгожых дзiкiх лебедзяў. З крыкам вылецелi яны з вокнаў палаца i паняслiся над паркамi i лясамi.
Была ранiца, калi адзiнаццаць лебедзяў праляталi мiма хацiны, дзе яшчэ спала моцным сном iх сястрычка Элiза. Яны доўга кружылi над дахам, выцягвалi свае гнуткiя шыi i лопалi крыламi, але нiхто iх не чуў i не бачыў. Так i паляцелi яны далей, не пабачыўшы сваёй сястры. Высока-высока, да самых воблакаў, паднялiся яны i паляцелi ў вялiкi цёмны лес, якi цягнуўся да самага мора.
А бедалажка Элiза засталася жыць у сялянскай хацiне. Кожны дзень гуляла яна з зялёным лiстком – iншых цацак у яе не было; яна пракалола ў лiсточку дзiрачку i глядзела праз яе на сонца – ёй здавалася, што бачыць ясныя вочы сваiх братоў.
Днi шлi за днямi. Часам вецер гойдаў ружовыя кусты, якiя распускалiся каля дома, i пытаў у ружаў:
– Цi ёсць хто-небудзь прыгажэйшы за вас?
I ружы хiсталi галоўкамi, адказвалi:
– Элiза прыгажэйшая за нас.
I вось нарэшце Элiзе споўнiлася пятнаццаць гадоў, i сяляне адаслалi яе дамоў, у палац.
Каралева ўбачыла, якая прыгажуня яе падчарка, i яшчэ больш зазлавала на Элiзу. Злая мачаха меркавала ператварыць Элiзу, як i яе братоў, у дзiкага лебедзя, але гэтага яна не магла зрабiць: кароль захацеў пабачыць сваю дачку.
I вось ранiцай каралева пайшла ў мармуровую купальню, якую ўпрыгожвалi цудоўныя дываны i мяккiя падушкi. У кутку купальнi сядзелi тры жабы. Каралева ўзяла iх у рукi i пацалавала. Потым яна сказала першай жабе:
– Калi Элiза ўвойдзе ў купальню, сядзь ёй на галаву – няхай зробiцца яна такой жа дурной i лянiвай, як ты.
Другой жабе каралева сказала:
– А ты скокнi Элiзе на лоб – няхай будзе яна такой жа страхалюднай, як ты. Тады i родны бацька яе не пазнае... Ну, а ты ляж ёй на сэрца! – загадала каралева трэцяй жабе. – Няхай стане яна злой, каб нiхто яе не любiў.
I каралева кiнула жабаў у празрыстую ваду. Вада адразу зрабiлася зялёнай i памутнела. Каралева паклiкала Элiзу, распранула яе i загадала ўвайсцi ў ваду. Як толькi Элiза ступiла ў ваду, адна жаба ўскочыла ёй на скронь, другая на лоб, а трэцяя на грудзi. Але Элiза нават не заўважыла гэтага. А тры жабы, калi дакранулiся да Элiзы, ператварылiся ў тры чырвоныя макi. I Элiза выйшла з вады такой жа прыгожай, якой i ўвайшла.
Тады злая каралева нацёрла Элiзу сокам грэцкага арэха, i бедная Элiза зрабiлася зусiм чорная. А потым мачаха вымазала ёй твар смярдзючай маззю i раскудлацiла яе прыгожыя валасы. Цяпер нiхто не змог бы пазнаць Элiзу. Толькi стары сабака, якi сядзеў на ланцугу, з прыветным брэхам кiнуўся да яе, ды ластавачкi, якiх яна часта кармiла хлебнымi крыхамi, прашчабяталi ёй сваю песню. Ды хто ж будзе звяртаць увагу на гаротных жывёл?
Горка заплакала Элiза i ўпотай пайшла з палаца. Цэлы дзень iшла яна па палях i балотах, прабiралася да лесу. Элiза i сама добра не ведала, куды ёй iсцi. Яна ўсё думала пра братоў, якiх злая мачаха таксама выгнала з дому. Элiза вырашыла шукаць iх усюды, пакуль не знойдзе.
Калi Элiза дабралася да лесу, была ўжо ноч, i бедная дзяўчынка зусiм збiлася з дарогi. Яна лягла на мяккi мох, а галаву паклала на пень. У лесе было цiха i цёпла. Сотнi светлячкоў, быццам зялёныя агеньчыкi, мiльгалi ў траве, а калi Элiза дакранулася рукой да кусцiка, нейкiя блiскучыя жучкi пасыпалiся з лiсця зорным дажджом.
Усю ноч снiлiся Элiзе браты: усе яны зноў былi дзецi, разам гулялi, пiсалi алмазнымi грыфелямi на залатых дошках i разглядвалi чароўную кнiжку з малюнкамi, за якую было аддадзена паўкаралеўства. Малюнкi ў кнiжцы былi жывыя: птушкi спявалi i людзi выскоквалi са старонак кнiгi i размаўлялi з Элiзай i яе братамi; але як толькi Элiза перагортвала старонку, людзi хавалiся зноў iнакш у малюнках была б вялiкая блытанiна.
Калi Элiза прачнулася, сонца было ўжо высока; яна нават не магла добра разгледзець яго за густой лiстотай дрэў. Толькi рэдкiя сонечныя промнi прабiвалiся памiж галiнамi i бегалi залатымi зайчыкамi па траве. Непадалёк чулася бульканне ручая. Элiза падышла да ручая i нахiлiлася над iм. Вада ў ручаi была чыстая i празрыстая. Калi б не вецер, што пагойдваў галiнкi дрэў i кустоў, можна было б падумаць, што i дрэвы i кусты намаляваны на дне ручая так выразна адбiвалiся яны ў спакойнай вадзе.
Элiза ўбачыла ў вадзе свой твар i вельмi спалохалася – такi быў ён чорны i страшны. Але вось яна зачарпнула рукою вады, пацёрла вочы, лоб, i твар у яе зноў зрабiўся белы, як i раней. Тады Элiза распранулася i ўвайшла ў прахалодны чысты ручай. Вада адразу ж змыла з яе сок грэцкага арэха i смярдзючую мазь, якой нацёрла Элiзу мачаха.
Потым Элiза апранулася, запляла ў косы свае доўгiя валасы i пайшла па лесе далей, сама не ведаючы куды. На шляху яна ўбачыла дзiкую яблыню, галiны якой гнулiся да зямлi пад цяжарам пладоў. Элiза паела яблыкаў, падпёрла галiны кiйкамi i пайшла далей. Хутка яна зайшла ў самы гушчар лесу. Нiводная птушка не залятала сюды, нi адзiн сонечны промень не прабiваўся праз густое галлё. Высокiя ствалы стаялi шчыльнымi радамi, нiбы драўляныя сцены. Вакол было так цiха, што Элiза чула свае ўласныя крокi, чула шумок кожнага сухога лiсточка, якi трапляў ёй пад ногi. Нiколi яшчэ Элiза не бывала ў такой глухаманi.
Уночы зрабiлася зусiм цёмна, нават светлячкi не свяцiлi ў iмхах. Элiза ўляглася на траву i заснула.
Ранiцай яна накiравалася далей i раптам сустрэла бабулю з кошыкам ягад. Бабуля дала дзяўчыне жменю ягад, а Элiза спытала ў яе, цi не праязджалi тут, па лесе, адзiнаццаць прынцаў.
– Не, – сказала бабуля, – прынцаў я не бачыла, але ўчора я бачыла тут на рацэ адзiнаццаць лебедзяў у залатых каронах.
I бабуля вывела Элiзу да стромы, пад якой працякала рака. Элiза развiталася з бабуляй i пайшла па беразе ракi.
Доўга iшла Элiза, i раптам перад ёю адкрылася бяскрайняе мора. Нi аднаго ветразя не было бачна на моры, нiводнага чоўна не было поблiз.
Элiза села на камень ля самага берага i задумалася: што ж ёй рабiць, куды iсцi далей?
Да ног Элiзы падбягалi марскiя хвалi, яны неслi з сабою дробныя каменьчыкi. Вада сцёрла вострыя краi каменьчыкаў, i яны былi зусiм гладкiя i круглыя.
I дзяўчына падумала: "Колькi працы патрэбна, каб цвёрды камень зрабiць гладкiм i круглым! А вось вада робiць гэта. Мора нястомна i цярплiва коцiць свае хвалi i перамагае самыя цвёрдыя камянi. Дзякуй вам за гэта, што вы навучылi мяне, светлыя хуткiя хвалi! Я буду, як i вы, нястомна працаваць. Сэрца гаворыць мне, што калi-небудзь вы аднясеце мяне да маiх любых братоў!"
На беразе, сярод сухiх водарасцяў, Элiза знайшла адзiнаццаць белых лебядзiных пёрак. На пёрках яшчэ блiшчэлi кроплi – расы цi слёзаў, хто ведае? Вакол было пуста, але Элiза не адчувала сябе адзiнокай. Яна глядзела на мора i не магла наглядзецца.
Вось насоўваецца на мора вялiкая чорная хмара, вецер мацнее, i мора таксама чарнее, хвалюецца i бурлiць. Але хмара прайшла, па небе плывуць ружовыя воблакi, вецер сцiхае, i мора ўжо спакойнае, цяпер яно падобнае на пялёстак ружы. То зялёнае робiцца яно, то белае. Але як бы цiха нi было ў паветры i якое б спакойнае нi было мора, ля берага заўжды шумiць прыбой, заўжды прыкметна лёгкае хваляванне – вада цiха ўздымаецца, нiбы грудзi соннага дзiцяцi.
Калi сонца пачало заходзiць, Элiза ўбачыла дзiкiх лебедзяў. Як доўгая белая стужка, яны ляцелi адзiн за адным. Iх было адзiнаццаць. На галаве ў кожнага лебедзя ззяла невялiчкая залатая карона. Элiза адышла ад стромы i схавалася ў кусты. Лебедзi апусцiлiся непадалёк ад яе i залопалi сваiмi вялiкiмi белымi крыламi.
У гэтую самую хвiлiну сонца схавалася пад вадой – i раптам з лебедзяў упала iх белае пер'е, i ўжо не адзiнаццаць белых лебедзяў стаялi перад Элiзай, а адзiнаццаць прыгожых прынцаў. Элiза гучна крыкнула – яна адразу пазнала сваiх братоў, хаця за доўгi час яны вельмi змянiлiся. Элiза кiнулася да iх у абдымкi i пачала называць iх iмёны.
Браты вельмi абрадавалiся таму, што знайшлi сястру, якая так вырасла i зрабiлася такой прыгажуняй. Элiза i яе браты смяялiся i плакалi, а потым яны расказалi адзiн аднаму пра ўсё, што з iмi здарылася.
Самы старэйшы з прынцаў сказаў Элiзе:
– Мы лётаем дзiкiмi лебядзямi ўвесь дзень, ад усходу сонца да самага захаду. Калi ж сонца заходзiць, мы зноў ператвараемся ў людзей. I вось да захаду сонца мы спяшаем апусцiцца на зямлю. Калi б мы ператваралiся ў людзей у той час, калi ляцiм высока пад воблакамi, мы ў той жа час упалi б на зямлю i разбiлiся. Жывём мы не тут. Далёка-далёка за морам ёсць такая ж цудоўная краiна, як гэта. Вось там мы i жывём. Але дарога туды доўгая, трэба пераляцець праз усё мора, а на шляху няма нiводнай выспы, дзе б мы маглi правесцi ноч. Толькi на самай сярэдзiне мора ўзвышаецца адзiнокая скала. Яна такая малая, што мы можам стаяць на ёй толькi цесна прыцiскаючыся адзiн да другога. Калi мора бушуе, прыскi хваляў пералятаюць нашы галовы. Але ўсё ж, каб не было гэтай скалы, нам нiколi не давялося б пабываць на нашай роднай зямлi: мора шырокае – мы не можам пераляцець яго ад усходу сонца да захаду. Толькi два разы ў год, у самыя доўгiя днi, нашы крылы маюць сiлу перанесцi нас праз мора. Вось мы прылятаем сюды i жывём адзiнаццаць дзён. Мы лятаем над гэтым вялiкiм лесам i глядзiм на палац, дзе мы нарадзiлiся i правялi дзяцiнства. Ён добра бачны адсюль. Тут кожны куст i кожнае дрэва здаюцца нам роднымi. Па зялёных лугах бегаюць дзiкiя конi, якiх мы бачылi яшчэ ў дзяцiнстве, а вугальшчыкi пяюць тыя самыя песнi, якiя мы чулi, калi жылi яшчэ ў родным палацы. Тут наша радзiма, сюды цягне нас усiм сэрцам, i тут мы знайшлi цябе, любая, дарагая сястрычка! У гэты раз мы прабылi тут ужо дзевяць дзён. Праз два днi мы павiнны ляцець за мора, у цудоўную, але чужую краiну. Як жа нам забраць з сабою цябе? Няма ў нас нi карабля, нi чоўна.
– О, каб змагла я вызвалiць вас ад чараў! – сказала братам Элiза.
Так яны прагаравалi ўсю ноч i задрамалi толькi на золку. Элiза прачнулася ад шуму лебядзiных крылаў. Браты ператварылiся ў птушак i паляцелi ў родны лес. Толькi адзiн лебедзь застаўся на беразе з Элiзай. Гэта быў самы малады з яе братоў. Лебедзь паклаў сваю галаву ёй на каленi, а яна гладзiла i перабiрала яго пёркi. Цэлы дзень правялi яны ўдваiх, а вечарам прыляцелi дзесяць лебедзяў, i калi сонца села, яны зноў ператварылiся ў прынцаў.
– Заўтра мы павiнны адлятаць i не можам вярнуцца раней наступнага года, сказаў Элiзе старэйшы брат, – але мы не пакiнем цябе тут. Паляцiм з намi! Я адзiн магу на руках пранесцi цябе праз увесь лес, дык няўжо ж мы, усе адзiнаццаць, на нашых крылах не зможам перанесцi цябе цераз мора?
– Так, вазьмiце мяне з сабой! – сказала Элiза.
Усю ноч плялi яны сетку з гнуткай лазовай кары i чароту. Сетка атрымалася вялiкая i трывалая, i браты паклалi ў яе Элiзу. А на свiтаннi дзесяць лебедзяў падхапiлi сетку дзюбамi i ўзнялiся пад воблакi. Элiза спала ў сетцы салодкiм сном. А каб промнi сонца не разбудзiлi яе, адзiнаццаты лебедзь ляцеў над яе галавой, засланяў твар Элiзы ад сонца сваiмi шырокiмi крыламi.
Лебедзi былi ўжо далёка ад зямлi, калi Элiза прачнулася, i ёй здалося, што яна бачыць сон наяве, – так цiкава было ляцець ў паветры. Каля яе ляжала гронка спелых ягад i пучок смачнага карэння – iх сабраў i паклаў каля Элiзы самы малодшы брат, i Элiза ўсмiхнулася яму – яна здагадалася, што гэта ён ляцеў над ёй i засланяў яе ад сонца сваiмi крыламi.
Высока, пад самымi воблакамi, ляцелi браты i сястра, i першы карабель, якi яны ўбачылi ў моры, здаваўся iм чайкай на вадзе.
Лебедзi ляцелi так iмклiва, як ляцяць стрэлы, выпушчаныя з лука, але ўсё ж не так хутка, як заўжды: на гэты раз яны неслi сястру. Дзень пачаў хiлiцца да вечара, i зашумела непагадзь. Элiза са страхам глядзела, як сонца апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, а адзiнокай марской скалы ўсё яшчэ не было бачна. I тут Элiзе здалося, што лебедзi зусiм стамiлiся i цяжка махаюць крыламi. Зойдзе сонца, яе браты на ляту ператворацца ў людзей, упадуць у мора i ўтопяцца.
I яна будзе вiнаватая!
Наблiжалася чорная хмара, моцныя парывы ветру прадказвалi буру, грозна насiлiся маланкi.
Сэрца Элiзы затрымцела: сонца ўжо амаль краналася вады.
I раптам лебедзi рынулiся ўнiз з вялiзнай хуткасцю. Элiзе здалося, што яны падаюць. Але не, яны яшчэ ляцелi. I вось, калi сонца ўжо напалову зайшло ў ваду, Элiза ўбачыла ўнiзе скалу. Яна была вельмi маленькая, не большая за цюленя, якi вытыркнуў з вады галаву. Лебедзi ступiлi на яе ў тую самую хвiлiну, калi патух у паветры апошнi сонечны промень. Элiза ўбачыла вакол сябе братоў, якiя стаялi поплеч; яны ледзьве памяшчалiся на маленькай скале. Мора шалёна бiлася аб камянi i абдавала братоў i Элiзу суцэльным дажджом пырскаў. Неба палала ад блiскавiцаў, i штохвiлiнна грымеў гром, але сястра i браты трымалiся за рукi i падбадзёрвалi адзiн аднаго ласкавымi словамi.
На свiтаннi бура ўтаймавалася, i зноў стала светла i цiха. Як толькi ўзышло сонца, браты з Элiзай паляцелi далей. Мора яшчэ бурлiла, i яны бачылi з вышынi, як белая пена плыла, нiбы мiльёны лебедзяў, па цёмна-зялёнай вадзе.
Калi сонца паднялася вышэй, Элiза раптам убачыла ўдалечынi вялiзны замак, якi быў акружаны лёгкiмi, быццам паветранымi галерэямi; унiзе, пад сценамi замка, калыхалiся пальмы i раслi цудоўныя кветкi.
Элiза спытала, цi тая гэта краiна, куды яны ляцяць, але лебедзi пахiталi галовамi: гэта было толькi мроiва, воблачны замак Фата-Марганы, якi вечна мяняецца. Элiза зноў паглядзела ўдалеч, але замка ўжо не было. Там, дзе раней быў замак, узнiмалiся высокiя горы, якiя зараслi лесам. На самых вяршынях блiшчэў снег, глыбы празрыстага лёду спускалiся памiж непрыступных скалаў.
Раптам горы ператварылiся ў цэлую флатылiю караблёў; Элiза прыгледзелася ўважлiва i ўбачыла, што гэта проста марскi туман, якi ўзнiмаецца над вадой.
Але вось нарэшце паказалася i сапраўдная зямля. Там, на беразе, разлягалiся зялёныя палi, цямнелi кедравыя лясы, а яшчэ далей былi бачны вялiкiя гарады i высокiя замкi. Да захаду сонца было яшчэ далёка, а Элiза ўжо сядзела на скале перад глыбокай пячорай. Па пячоры вiлiся пяшчотна-зялёныя раслiны, нiбы вышываныя зялёныя дываны. Гэта быў цудоўны дом яе братоў-лебедзяў.
– Паглядзiм, што табе прыснiцца ў гэтую ноч, – сказаў малодшы брат i адвёў Элiзу ў яе пакой.
– Ах, няхай бы я ўбачыла ў сне, як вызвалiць вас ад чараў! – сказала Элiза i заплюшчыла вочы.
I вось ёй прымроiлася, што яна ляцiць высока-высока да таго замка, якi бачыла над морам. А з замка насустрач ёй выходзiць фея Фата-Маргана. Фата-Маргана светлая i чароўная, але ў той жа час вельмi падобная на тую бабулю, якая дала Элiзе ў лесе ягад i расказала пра лебедзяў у залатых каронах.
– Тваiх братоў можна выратаваць, – сказала Фата-Маргана, – але цi хопiць у цябе мужнасцi i стойкасцi? Вада мякчэйшая за твае пяшчотныя рукi, а ўсё ж яна робiць камянi гладкiмi i круглымi, але вада не адчувае болю, якi будуць адчуваць твае пальцы: у вады няма сэрца, якое млее ад страху i пакуты, як тваё сэрца. Бачыш, у мяне ў руках крапiва. Такая ж крапiва расце тут, каля пячоры, i толькi яна ды яшчэ тая крапiва, якая расце на могiлках, можа табе спатрэбiцца. Памятай жа гэта! Нарвi крапiвы, хаця рукi твае пакрыюцца пухiрамi ад апёкаў; потым разамнi яе нагамi i спрадзi з яе доўгiя нiткi. З гэтых нiтак звяжы адзiнаццаць сарочак з доўгiмi рукавамi i, калi яны будуць гатовыя, надзень iх на лебедзяў. Як толькi сарочкi дакрануцца да iх пер'я, чары знiкнуць. Але памятай, што з той хвiлiны, як ты пачнеш сваю працу, i да той пары, пакуль не скончыш яе, ты не павiнна гаварыць нi слова, колькi б твая праца часу нi заняла. Першае ж слова, якое сарвецца ў цябе з языка, пранiжа сэрца тваiх братоў, бы кiнжалам. Iх жыццё i смерць у тваiх руках!
Тады Элiза выйшла з пячоры i ўзялася за працу.
Сваiмi пяшчотнымi рукамi рвала яна злую, пякучую крапiву, i пальцы яе пакрывалiся вялiкiмi пухiрамi, але яна з радасцю пераносiла боль: толькi б выратаваць дарагiх братоў! Яна нарвала цэлы ахапак крапiвы, потым размяла яе голымi нагамi i пачала прасцi доўгiя зялёныя нiткi.
Калi зайшло сонца, у пячору прыляцелi браты. Яны пачалi распытваць сястру пра тое, што яна рабiла, пакуль iх не было. Але Элiза не адказала iм нi слова. Браты вельмi спалохалiся, думалi, што сястра iх зрабiлася нямой.
"Гэта новае чарадзейства злой мачахi", – падумалi яны, але глянулi на рукi Элiзы, што пакрылiся пухiрамi, зразумелi, што яна зрабiлася нямой дзеля iх выратавання. Самы маладзейшы брат заплакаў; слёзы яго капалi ёй на рукi, i там, куды трапляла слязiнка, знiкалi пякучыя пухiры, сцiхаў боль.
Ноч Элiза правяла за сваёй працай; пра адпачынак i не думала – яна думала толькi пра тое, як бы хутчэй вызвалiць сваiх любых братоў. Увесь наступны дзень, пакуль лебедзi лёталi, яна заставалася сам-насам, але нiколi яшчэ час не цёк так хутка. Вось ужо адна сарочка была гатова, i дзяўчына прынялася за наступную.
Раптам у гарах пачулiся гукi паляўнiчых ражкоў. Элiза спалохалася. Гукi ўсё наблiжалiся, затым пачуўся брэх сабак. Дзяўчына схавалася ў пячору, звязала ўсю сабраную крапiву ў пучок i села каля яго. У тую ж хвiлiну з-за кустоў выскачыў вялiкi сабака, за iм другi i трэцi. Сабакi гучна брахалi i бегалi ўзад i ўперад. Хутка ля пячоры сабралiся ўсе паляўнiчыя. Самы прыгожы з iх быў кароль той краiны; ён падышоў да Элiзы. Нiколi яшчэ не сустракаў ён такой прыгажунi!
– Як жа ты трапiла сюды, любачка? – спытаў ён, але Элiза толькi пахiтала галавой – яна ж не пасмела гаварыць: калi б яна сказала хоць адно слова, яе браты загiнулi б.
Рукi свае Элiза схавала пад фартух, каб кароль не заўважыў пухiроў i драпiн.
– Пойдзем са мной! – сказаў кароль. – Тут нельга табе заставацца! Калi ты такая добрая, як i прыгожая, то я апрану цябе ў шоўк i аксамiт, надзену табе на галаву залатую карону, i ты будзеш жыць у маiм велiкапышным палацы.
I ён пасадзiў яе на сядло перад сабой.
Элiза горка плакала, але кароль сказаў:
– Я хачу толькi твайго шчасця. Калi-небудзь ты сама падзякуеш мне.
I ён павёз яе праз горы, а паляўнiчыя ехалi на конях услед.
Вечарам перад iмi паказалася велiкапышная сталiца караля, з палацамi i вежамi, i кароль увёў Элiзу ў свой палац. У высокiх мармуровых пакоях цурчалi фантаны, сцены i столi былi ўпрыгожаны рознымi малюнкамi. Але Элiза не глядзела нi на што, яна сумавала i плакала. Служанкi апранулi яе ў каралеўскае адзенне, уплялi ёй у валасы брыльянтавыя нiткi i надзелi на яе апечаныя пальцы тонкiя пальчаткi.
У багатым убраннi Элiза была такая чароўная, што ўвесь двор пакланiўся ёй, а кароль абвясцiў яе сваёй нявестай. Але каралеўскi епiскап пахiтаў галавой i пачаў нашэптваць каралю, што нямая прыгажуня, мабыць, лясная ведзьма, – яна зачаравала сэрца караля.
Кароль не паверыў яму, ён падаў знак музыкам, загадаў паклiкаць лепшых танцоўшчыц i падаваць на стол дарагiя стравы, а сам павёў Элiзу цераз духмяныя сады ў велiкапышныя пакоi. Але Элiза па-ранейшаму была сумнай i прыгнечанай. Тады кароль адчынiў дзверцы ў маленькi пакой каля спальнi Элiзы. Пакой ўвесь быў завешаны зялёнымi дыванамi i нагадваў лясную пячору, дзе кароль знайшоў Элiзу. На падлозе ляжала вязанка крапiвы, а на сцяне вiсела сплеценая Элiзай сарочка. Усё гэта, як рэдкасць, захапiў з сабою адзiн з паляўнiчых.
– Тут можаш ты прыгадаць сваё былое жытло, – сказаў кароль. – А вось i твая праца. Можа, ты захочаш iншы раз павесялiцца сярод усёй гэтай пышнасцi, успомнiць былое.
Убачыўшы сваю крапiву i сплеценую сарочку, Элiза з радасцю пацалавала каралю руку, а ён прыцiснуў яе да сваiх грудзей.
Епiскап працягваў нашэптваць каралю паганыя выдумкi, але яны не краналi сэрца караля. На наступны дзень згулялi вяселле. Епiскап сам павiнны быў надзець на галаву нявесты карону; ад крыўды ён так шчыльна нацягнуў ёй на лоб вузкi залаты абруч, што кожнаму балюча б стала, ды Элiза нават не заўважыла гэтага.
Яна ўсё думала пра сваiх дарагiх братоў. Вусны яе па-ранейшаму былi сцiснуты, нi адзiнага слова не вылецела з iх, а ў яе вачах свяцiлася гарачае каханне да добрага, прыгожага караля, якi рабiў усё, каб толькi парадаваць яе. З кожным днём яна прывязвалася да яго ўсё больш. О, калi б яна магла расказаць пра свае пакуты! Але яна павiнна была маўчаць, пакуль не скончыць сваю працу.
Начамi яна ўпотай iшла ў свой пакойчык, якi нагадваў пячору, i пляла там адну сарочку за другой. Ужо шэсць сарочак былi гатовы, але калi яна ўзялася за сёмую, то заўважыла, што крапiвы ў яе больш няма.
Элiза ведала, што можа знайсцi такую крапiву на могiлках. I вось уночы яна цiхенька выйшла з палаца.
Сэрца яе сцiскалася ад страху, калi яна прабiралася месячнай ноччу на могiлкi па доўгiх алеях саду, а потым па пустых вулiцах.
На могiлках Элiза нарвала крапiвы i вярнулася дамоў.
Толькi адзiн чалавек не спаў у тую ноч i бачыў Элiзу. Гэта быў епiскап.
Ранiцай епiскап прыйшоў да караля i расказаў яму пра тое, што бачыў ноччу.
– Праганi яе, кароль, яна злая чарадзейка! – нашэптваў епiскап.
– Няпраўда, Элiза добрая! – адказаў кароль, але сумненне закралася ў яго сэрца.
Ноччу кароль толькi прытварыўся, што спiць. I вось ён убачыў, што Элiза ўстала i выйшла са спальнi. У наступныя ночы паўтаралася тое ж самае: кароль не спаў i бачыў, як яна хавалася ў сваiм таемным пакоi.
Кароль рабiўся ўсё змрачнейшым. Элiза бачыла гэта, але не разумела, чым незадаволены кароль. Сэрца яе ныла ад страху i ад любасцi да братоў; на яе каралеўскiя апранахi кацiлiся слёзы, што блiшчэлi, бы алмазы, а людзi, якiя бачылi яе багатыя ўборы, зайздросцiлi. I вось хутка-хутка канец яе працы. Ужо дзесяць сарочак былi гатовы, а на адзiнаццатую зноў не хапiла крапiвы. Яшчэ раз, апошнi, патрэбна было пайсцi на могiлкi i нарваць некалькi пучкоў крапiвы. Яна з жахам падумала пра пустынныя могiлкi i ўсё ж вырашыла схадзiць туды.
Уночы Элiза зноў употай выйшла з палаца, але кароль i епiскап сачылi за ёй, i яны ўбачылi, як Элiза схавалася за плотам на могiлках.
Што магла рабiць там каралева?
– Цяпер ты сам бачыш, што яна злая ведзьма, – сказаў епiскап i патрабаваў, каб Элiзу спалiлi на кастры.
I кароль павiнен быў даць згоду.
Элiзу пасадзiлi ў цёмнае сырое падзямелле з жалезнымi кратамi на вокнах, у якiя са свiстам урываўся вецер. Ёй кiнулi ахапак крапiвы, якую яна нарвала на могiлках. Гэта пякучая крапiва павiнна была служыць Элiзе заместа падушкi, а сарочкi, якiя яна звязала, – ложкам. Але нiчога iншага Элiзе i не трэба было. Яна зноў узялася за працу.
Вечарам ля кратаў пачуўся шум лебядзiных крылаў. Гэта самы малодшы брат адшукаў сваю сястру, i Элiза гучна заплакала ад радасцi, хаця i ведала, што жыць ёй засталося ўсяго адну ноч. Але ж i праца яе заканчвалася, i браты былi тут!
Усю ноч пляла Элiза апошнюю сарочку. Мышы, што бегалi па падзямеллi, спачувалi ёй, яны пачалi збiраць прыносiць да яе ног раскiданыя сцяблiнкi крапiвы, дрозд, якi сядзеў за кратамi акна, пацяшаў яе песенькай.
На свiтаннi, неўзабаве да ўсходу сонца, да варот палаца прыйшлi адзiнаццаць братоў Элiзы i патрабавалi, каб iх пусцiлi да караля. Iм адказалi, што гэта немагчыма: кароль яшчэ спаў i нiхто не мог яго турбаваць. Але яны не адыходзiлiся i працягвалi прасiць. Кароль пачуў нечыя галасы i выглянуў з акна, каб даведацца, што там робiцца. Але ў гэтую хвiлiну ўзышло сонца i браты Элiзы знiклi. Кароль бачыў толькi, як над палацам узнялiся адзiнаццаць дзiкiх лебедзяў.
Людзi натоўпамi iшлi за горад, каб паглядзець, як будуць караць каралеву. Худзенькая кабылка цягнула калёсы, на якiх сядзела Элiза; на Элiзу надзелi сарочку са зрэбнага палатна; яе цудоўныя доўгiя валасы вiселi на плячах, а твар быў белы, як снег. Нават па дарозе да месца кары не выпускала яна з рук сваёй працы: дзесяць сарочак ляжалi ля яе ног зусiм гатовыя, адзiнаццатую яна працягвала вязаць.
– Паглядзiце на ведзьму! – крычалi ў натоўпе. – Яна не кiдае свае вядзьмарскiя рэчы! Давайце вырвем iх у яе, ды парвём на шматкi!
Чыесьцi рукi пацягнулiся, каб вырваць у Элiзы зялёную сарочку, але тут прыляцелi адзiнаццаць лебедзяў. Яны селi на краi калёсаў i моцна залопалi сваiмi дужымi крыламi. Спалоханыя людзi адступiлi.
– Белыя лебедзi зляцелi з неба! Яна не вiнаватая! – шапталi многiя, але баялiся сказаць гэта ўголас.
I вось кат схапiў Элiзу за руку, але яна хутка накiнула на лебедзяў зялёныя сарочкi, i ледзь толькi сарочкi дакраналiся да iх пер'я, усе адзiнаццаць лебедзяў ператваралiся ў прыгожых прынцаў.