355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ханс Кристиан Андерсен » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 19)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 сентября 2016, 21:14

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 19 страниц)

– Добры дзень, жоначка!

– Добры дзень, муж даражэнькi!

– Ну, я памяняў!

– Ды ты ў мяне на ўсё майстар! – сказала жонка i кiнулася абдымаць мужа, не зважаючы нi на мех з яблыкамi, нi на чужых людзей.

– Я памяняў каня на карову!

– I дзякуй Богу! – сказала жонка. – Цяпер у нас на стале будзе i малако, i масла, i сыр. Вунь як выгадна памяняў!

– Так то яно так, але карову я памяняў на авечку!

– I добра зрабiў! – пахвалiла жонка. – Ты заўсёды ведаеш, як лепей! Для авечкi ў нас i корму хопiць. А мы будзем пiць авечае малако ды авечым сырам частавацца, а з воўны звяжам цёплыя панчохi i нават фуфайкi. А з каровы шэрсцi не збярэш. Яна, як лiняе, дык усю пагубляе. Якi ты ў мяне разумны!

– Я i авечку памяняў – на гусь!

– Ах, няўжо i праўда, што ў гэтым годзе на дзень святога Марцiна ў нас будзе смажаная гусь?! Ты ўсё стараешся, чым бы мяне парадаваць ды пацешыць! Як добра ты гэта прыдумаў! Гусь, хоць пасi яе, хоць не пасi, усё адно да свята растлусцее.

– Яно так, але я памяняў гусь на курыцу! – сказаў муж.

– На курыцу? Ну i цудоўна! Курыца нанясе яек, вывядзе куранят, i ў нас будзе цэлы птушнiк! От што даўно мне хацелася мець!

– Але курыцу я памяняў на мех гнiлых яблыкаў.

– Ну, дык дай я цябе расцалую! – усклiкнула жонка. – Дзякуй табе, даражэнькi мой! Ты от паслухай, што я табе раскажу. Ты паехаў, а я i падумала: "Давай прыгатую яму на вячэру што-небудзь смачненькае – яечню з цубуляй! Яйкi ў мяне былi, а цыбулi не. Я i пайшла да жонкi настаўнiка, бо ведаю, што ў iх ёсць цыбуля, але яна жмiнда скупая, хоць i прыкiдваецца добранькай. Я папрасiла яе пазычыць цыбулiну. "Цыбулiну? – перапытала яна. – Ды ў нас у садзе i агародзе нiчагусенькi не расце. Нават гнiлога яблыка не знойдзеш!" А от цяпер я магу ёй пазычыць хоць дзесяць яблык, хоць цэлы мех! Ну i пасмяёмся ж мы з настаўнiчыхi. – I яна зноў пацалавала мужа проста ў губы.

– Вось гэта здорава! – закрычалi ангельцы. – Як ёй нi туга даводзiцца, а яна хоць бы што! Заўсёды ўсiм задаволена. Для такой i грошай не шкада!

Тут яны расплацiлiся з селянiнам, бо жонка ж яму галавы не адарвала, а, наадварот, моцна абняла i пацалавала. Цэлую мерку золата насыпалi.

Так вось яно. Калi жонка лiчыць мужа разумнейшым за ўсiх на свеце i што ён нi зробiць, усё добра, – гэта заўсёды ёй на карысць.

Вось табе i ўся казка. Я чуў яе яшчэ ў маленстве, а цяпер расказаў табе. I цяпер ты ведаеш: "Што муж нi зробiць, усё добра!"

БУЗIНАВАЯ МАТУЛЬКА

Адзiн маленькi хлопчык аднойчы прастудзiўся; дзе ён прамачыў сабе ногi, нiхто i зразумець не мог; надвор'е было зусiм сухое. Мацi распранула яго, паклала на ложак i загадала прынесцi iмбрык, каб заварыць бузiннага напою цудоўнае патагоннае! У гэты самы час у пакой зайшоў слаўны, вясёлы дзядок, якi жыў на верхнiм паверсе гэтага ж дома. Ён быў зусiм адзiнокi, не было ў яго нi жонкi, нi дзяцей, а ён так любiў малечу, умеў расказваць iм такiя цудоўныя казкi i гiсторыi, што проста дзiва.

– Ну, выпi сваю гарбату, а пасля, можа, пачуеш казку! – сказала мацi.

– Вось бы ведаць якую-небудзь новенькую! – прамовiў стары, ласкава кiваючы галавою. – Але дзе ж гэта наш малы прамачыў сабе ногi?

– Сапраўды, дзе? – пацiснула плячыма мацi. – Нiхто не можа зразумець!

– А казка будзе? – запытаў хлопчык.

– Спачатку мне трэба ведаць, цi глыбокая вадасцёчная канава ў завулку, дзе ваша школа? Можаш ты мне сказаць гэта?

– Якраз мне па каленi! – адказаў хлопчык. – Але гэта на самым глыбокiм месцы!

– Вось чаму ў яго мокрыя ногi! – усмiхнуўся дзядок. – Цяпер варта было б расказаць табе казку, ды нi адной гатовай не ведаю!

– Вы цяпер жа можаце выдумаць яе! – сказаў хлопчык. – Мама гаворыць, што вы як толькi на што-небудзь зiрнiце, да чаго-небудзь дакранецеся, дык адразу складзеце пра гэта казку альбо цiкавую гiсторыю.

– Так то так, але такiя казкi i гiсторыi нiчога не вартыя. Што да сапраўдных, то тыя прыходзяць самi! Прыйдуць i пастукаюць мне ў лоб: "Вось i я!"

– А хутка якая-небудзь пастукаецца? – запытаў хлопчык.

Мацi ўсмiхнулася, насыпала ў iмбрык бузiнавай гарбаты i залiла яе варам.

– Ну, раскажыце! Раскажыце якую-небудзь казку!

– Добра было б, каб прыйшла сама! Але яны ганаркiя, прыходзяць толькi тады, калi самi надумаюцца! Стой, – усклiкнуў стары раптам. – Вось яна! Зiрнi на iмбрык!

Хлопчык зiрнуў: вечка на iмбрыку пачало прыпадымацца, i з-пад яго вызiрнулi свежыя беленькiя бузiнавыя кветачкi, потым з'явiлiся i доўгiя зялёныя галiнкi. Яны раслi нават з носiка iмбрыка, i неўзабаве перад хлопчыкам быў вялiкi куст; галiнкi цягнулiся да самага ложка i расхiналi фiранкi. Як хораша красавалася i пахла бузiна! З зеляноты яе выглядваў ласкавы твар старой жанчыны ў якойсьцi дзiўнай сукенцы, зялёнай, як бузiнавае лiсце, i ўсеянай белымi кветачкамi. Адразу нават не разабрацца было: сукенка гэта цi проста зелянiна i жывыя кветачкi бузiны.

– Што гэта за бабуля? – запытаў хлопчык.

– Рымляне i грэкi называлi яе Дрыядай! – адказаў стары. – Але для нас гэта вельмi ж мудрагелiстае iмя, i ў нас, у Новай слабодцы, ёй далi назву больш простую: Бузiнавая матулька. Глядзi ж на яе ўважлiва ды слухай, што буду расказваць!

Такi ж самы вялiкi, пакрыты кветкамi куст рос у закутку аднаго беднага дворыка ў Новай слабодцы. Пад кустом сядзелi пасля абеду i грэлiся на сонцы стары дзядок з бабуляй: адстаўны матрос i ягоная жонка. У старых было шмат дзяцей, унукаў i праўнукаў i неўзабаве мелiся адсвяткаваць сваё залатое вяселле, ды толькi яны добра не помнiлi патрэбнага дня i чысла. З зелянiны пазiрала на iх Бузiнавая матулька, такая ж цудоўная i ветлiвая, як вось гэтая, над iмбрыкам, i сказала: "Я дык ведаю дзень вашага залатога вяселля!" Але старыя былi захопленыя размоваю – яны ўспамiналi старасвеччыну – i не чулi яе.

– А цi помнiш, – прамовiў стары матрос, – як мы бегалi i гулялi з табой малымi! Вось тут, у гэтым самым двары, мы садзiлi садок! Помнiш, утыкалi ў зямлю дубчыкi i галiнкi?

– Канечне, канечне! – падхапiла бабулька. – Помню, помню! Мы заўзята палiвалi гэтыя галiнкi; адна з iх была бузiнавая, пусцiла карэньчыкi, сцеблiкi i вось як разраслася! Мы, старыя, можам цяпер сядзець у ценi ад яе!

– Праўда! – прадоўжыў муж. – А вось у тым закутку стаяў чан з вадою. Там мы пускалi мой караблiк, якi я сам выразаў з дрэва. Як ён плаваў! А неўзабаве мне прыйшлося пайсцi i ў сапраўднае плаванне!

– Так, але перад гэтым яшчэ мы хадзiлi ў школу i таму-сяму навучылiся! перапынiла бабулька. – А пасля нас канфiрмавалi*. Мы абое не стрымалi слёз тады!.. А затым узялiся за рукi i пайшлi агледжваць Круглую вежу, узбiралiся на самы верх i любавалiся адтуль горадам i морам. Пасля мы накiравалiся ў Фрэдэрыксберг i назiралi, як каталiся па каналах на сваёй цудоўнай яхце кароль i каралева.

* Канфiрмацыя (ад лац. confirmatio зацвярджэнне) – у пратэстантаў у той час азначала праверку ведаў царкоўных дагматаў i ўвогуле веравучэння i наступны абрад далучэння да царквы юнакоў i дзяўчат, якiя дасягнулi 16 гадоў (Заўв. перакл.).

– Так, i хутка мйе прыйшлося пусцiцца ў сапраўднае плаванне! Шмат, шмат гадоў быў я ўдалечынi ад радзiмы!

– Колькi я плакала! Мне прыходзiлi ўжо думкi, што ты памёр i ляжыш на дне марскiм! Не раз падымалася я ноччу зiрнуць, цi круцiцца ветранiк. Ён круцiўся, а ты ўсё не прыязджаў! Я добра помню, як аднойчы, у самы лiвень, у нашым двары заявiўся смяцяр. Я служыла там пакаёўкаю i выйшла са смеццевым вядром, ды запынiлася перад дзвярыма. Надвор'е ж было жахлiвае! У гэты самы час прыйшоў паштальён i перадаў мне лiст ад цябе. Давялося ж гэтаму лiсту пагуляць па белым свеце! Як я схапiла яго!.. I тут жа ўзялася чытаць. Я смяялася i плакала адначасова... Была такая шчаслiвая! У лiсце пiсалася, што ты цяпер у цёплых краiнах, дзе расце кава! Вось, палiчыла я, блаславёная краiна! Ты шмат яшчэ чаго расказваў у сваiм лiсце, i я ўсё нiбы бачыла перад сабою. Дождж так i цубанiў, а я ўсё стаяла пры дзвярах са смеццевым вядром. Раптам хтосьцi абняў мяне за стан...

– Так, i ты так ад усёй душы аплявушыла яго, што люба-дорага!

– Я ж не ведала, што гэта ты! Ты дагнаў свой лiст! Якi ты быў бравы, прыгожы, ды ты i цяпер усё такi ж! З кiшэнi ў цябе тырчэла жоўтая шаўковая хусцiнка, а на галаве красаваўся цыратовы капялюш! Такi франт! Але што за непагадзь была, i на што была падобная наша вулiца!..

– Пасля мы пажанiлiся! – прадоўжыў стары матрос. – Помнiш? А там заявiлiся ў нас дзеткi: першы хлапчук, потым Мары, Нiльс, Петэр i Ханс Крысцiян!

– Як яны выраслi i якiмi сталi добрымi людзьмi! Усе iх любяць!

– Цяпер ужо ў iхнiх дзяцей ёсць дзецi! – сказаў стары. – I якiя мацакi нашы праўнукi!.. Здаецца мне, што наша вяселле было якраз у гэткую пару.

– Якраз сёння! – сказала Бузiнавая матулька i прасунула галаву памiж старымi, але тыя падумалi, што гэта хiтае iм галавою суседка. Яны сядзелi побач, узяўшыся за рукi, i з любоўю пазiралi адно на аднаго. Крыху пазней падышлi да iх дзецi i ўнукi. Яны ж добра ведалi, што сёння дзень залатога вяселля старых, i ўжо вiншавалi iх ранiцай, але тыя паспелi забыцца пра гэта, хоць выдатна помнiлi ўсё, што здарылася шмат гадоў таму. Бузiна так i пахла, сонейка апускалася i свяцiла на развiтанне старым проста ў твар, ружовячы iхнiя шчокi. Меншы з унукаў падскокваў вакол дзядулi i бабулi i радасна галёкаў. Бузiнавая матулька хiтала галавою i крычала "ура" разам з усiмi.

– Ды гэта ж зусiм не казка! – сказаў хлопчык, калi апавядальнiк замоўк.

– Гэта ты так гаворыш, – адказаў дзядок, – а вось запытай у Бузiнавай матулькi!

– Гэта не казка! – адказала Бузiнавая матулька. – Але хутка пачнецца i казка! Якраз з усяго праўдзiвага i з'яўляюцца самыя цудоўныя казкi. Iнакш мой пахкi куст не вырас бы з iмбрыка.

З гэтымi словамi яна ўзяла хлопчыка на рукi; галiнкi бузiны, усыпаныя кветкамi, нечакана згарнулiся, i хлопчык з бабуляй апынулiся нiбы ў густой альтанцы, што панеслася з iмi ў паветры! Вось было добра! Бузiнавая матулька пераўтварылася ў маленькую прыгожанькую дзяўчынку, але сукеначка на ёй засталася тая ж – зялёная, уся ў беленькiх кветачках. На грудзях дзяўчынкi красавалася жывая бузiнавая кветачка, на светла-русявай кучаравiстай галоўцы ажно вянок з тых жа кветак. Вочы ў яе былi вялiкiя, блакiтныя. Ах, яна была такая мiленькая, што ад яе нельга было адарваць вачэй! Хлопчык пацалаваўся з дзяўчынкай, i абое сталi аднаго ўзросту, адных думак i пачуццяў.

Узяўшыся за рукi, яны выйшлi з альтанкi i апынулiся ў садзе перад домам. На зялёным поплаўчыку стаяў прыхiлены да дрэва бацькаў кiёк. Для дзяцей i кiёк быў жывы; варта было сесцi на яго вярхом, i блiскучая балдавешачка стала прыгожай конскай галавою з доўгай грываю, што развейвалася; затым выраслi чатыры тонкiя моцныя нагi, i борздкi конь паiмчаў дзяцей вакол паплаўца.

– Цяпер мы паскачам далёка-далёка! – сказаў хлопчык. – У панскi маёнтак, дзе мы былi летась!

I дзецi гайсалi вакол поплаўчыка, а дзяўчынка – мы ж ведаем, што гэта была сама Бузiнавая матулька, – прамаўляла:

– Ну, вось мы i за горадам! Бачыш сялянскiя домiкi? А вунь тыя паўкруглыя выступы ў сцяне, падобныя на агромнiстыя яйкi? Гэта ж хлебныя печы. Над домiкамi раскiнула свае галiны бузiна. Вось паходжвае па двары певень! Бачыш, разгрэблiвае смецце i адшуквае спажыву для курэй! Глядзi, якi ён ганаркi!.. А вось мы i на высокiм грудку, каля царквы! Якiя магутныя дубы растуць вакол яе! Адзiн з iх напалову вылез з зямлi карэннямi!.. Вось мы каля кузнi! Глядзi, як ярка палае агонь, як пераць па кавадле малатамi паўаголеныя людзi! Iскры сыплюцца дажджом!.. Але далей, далей, у панскi маёнтак!

I ўсё, што нi называла дзяўчынка, якая сядзела верхам на кiйку за хлопчыкам, мiльгала перад iхнiмi вачыма. Хлопчык бачыў усё гэта, хоць яны толькi кружылiся па поплаве. Пасля яны накiравалiся ў бакавую алею i пачалi ладзiць там сабе маленькi садок. Дзяўчынка дастала са свайго вянка адну бузiнавую кветачку i пасадзiла яе ў зямлю; яна пусцiла карэньчыкi i сцяблiнкi, i хутка вырас вялiкi куст бузiны, такi ж самы, як i ў старых з Новай слабодкi, калi тыя былi яшчэ дзецi. Хлопчык i дзяўчынка ўзялiся за рукi i таксама пайшлi гуляць, але паiмкнулiся не на Круглую вежу i не ў Фрэдэрыксбергскi сад; не, дзяўчынка моцна абняла хлопчыка, паднялася з iм у паветра, i яны паляцелi над Данiяй. Вясна змянялася летам, лета – восенню i восень – зiмою; тысячы малюнкаў адлюстроўвалiся ў вачах i запамiналiся ў сэрцы хлопчыка, а дзяўчынка ўсё прамаўляла:

– Гэтага не забудзеш нiколi!

А бузiна пахла так соладка, так дзiўна! Хлопчык удыхаў i водар ружаў, i пах свежых букаў, але бузiна была за ўсiх мiлейшая, – яе кветачкi красавалiся ў дзяўчынкi на грудзях, а да iх ён так часта схiляўся галавою.

– Як цудоўна тут вясной! – сказала дзяўчынка, i яны апынулiся ў свежым, зялёным букавым лесе; каля iхнiх ног цвiла духмяная белая буквiца, з травы выглядвалi вабныя бледна-ружовыя анемоны. – О, каб вечна панавала вясна ў прыемна пахучых дацкiх лясах!

– Як хораша тут летам! – сказала яна, i яны панеслiся ўзбоч старога панскага маёнтка са старажытнай рыцарскай крэпасцю-замкам; чырвоныя сцены i франтоны адлюстроўвалiся ў азерцах; па iх плавалi лебедзi, зазiраючы ў цёмныя, халаднаватыя алеi сада. Па збажыне iшлi хвалi, быццам у моры, у кожным рове стракацелiся чырвоненькiя i жоўценькiя палявыя кветачкi, па загародах вiлiся хмель i бярозка. А ўвечар высока ўзышоў круглы ясны месяц, з лугоў паплыў саладжавы водар свежага сена! Гэта не забудзецца нiколi!

– Як цудоўна тут увосень! – зноў загаварыла дзяўчынка, i скляпенне нябеснае зрабiлася ўдвая вышэй i сiней. Лясы застракацелi чырвоным, жоўтым i яшчэ зялёным лiсцем. Паляўнiчыя сабакi вырвалiся на волю! Цэлыя плоймы качак з крыкам паляцелi над курганамi, дзе ляжаць старыя каменнi, аброслыя ажынаю. На цёмна-сiнiм моры забялелiся ветразi, а старыя жанчыны, дзяўчаты i дзецi чысцiлi хмель i кiдалi яго ў вялiкiя чаны. Моладзь спявала даўнiя песнi, а старыя жанчыны апавядалi казкi пра троляў, дамавых, iншых мiфiчных iстот. Лепш не можа быць нiдзе!

– А як добра тут зiмою! – гаварыла яна потым, i ўсе дрэвы пакрылiся iнеем; галiны iхнiя пераўтварылiся ў белыя каралы. Снег зарыпеў пад нагамi, быццам на ўсiх былi новыя боты, а з неба пасыпалiся, адна за адною, зорачкi-знiчкi. У дамах запалiлiся свечкi на елках, што былi абвешаныя падарункамi; усе людзi радавалiся i весялiлiся. У вёсках, у сялянскiх хатках не змаўкалi скрыпкi, ляцелi ў паветра начыненыя яблыкамi булачкi. Нават самыя бедныя дзецi ўсклiкалi: "Як добра i хораша зiмою!"

Так, цудоўна! Дзяўчынка паказвала ўсё гэта хлопчыку, i паўсюль пахла бузiна, паўсюль развейваўся чырвоны сцяг з белым крыжам, сцяг, пад якiм плаваў стары матрос з Новай слабодкi. I вось хлопчык стаў юнаком, i яму таксама прыйшлося накiравацца ў далёкае плаванне ў цёплыя краiны, дзе расце кава. На развiтанне дзяўчынка дала яму кветачку са сваёй грудзiны, i ён схаваў яе ў псалтыр. Часта ўспамiнаў ён на чужыне сваю радзiму i разгортваў кнiгу заўсёды на тым самым месцы, дзе ляжала кветачка, якую далi яму на памяць! I чым болей юнак глядзеў на кветку, тым свяжэйшая тая рабiлася i мацней пахнула, а юнаку здавалася, што да яго даносiцца водар дацкiх лясоў. У пялёстку ж кветачкi яму ўяўляўся тварык блакiтнавокай дзяўчынкi; ён быццам чуў яе шэпт: "Як хораша тут увесну, улетку, увосень i ўзiмку!" I сотнi малюнкаў праносiлiся ў ягонай памяцi.

Гэтак прайшло нямала гадоў; ён састарэў i сядзеў са сваёй бабулькай жонкаю пад расквiтнелым бузiнавым кустом. Яны трымалiся за рукi i гаварылi пра былыя днi i пра сваё залатое вяселле, гэтак жа, як iхнiя прадзеды з Новай слабодкi. Блакiтнавокая дзяўчынка з бузiнавымi кветачкамi ў валасах i на грудзях сядзела на галiнцы бузiны, кiвала iм галавою i гаварыла: "Сёння ваша залатое вяселле!" Пасля яна дастала са свайго вянка дзве кветачкi, пацалавала iх, i яны заблiшчэлi спачатку як сярэбраныя, а пасля як залатыя. Калi ж дзяўчынка паклала iх на галовы старых, кветкi пераўтварылiся ў кароны, i муж з жонкаю сядзелi пад квiтнеючым, пахкiм кустом, быццам кароль з каралеваю.

I вось стары пераказаў жонцы гiсторыю пра Бузiнавую матульку, як сам чуў у маленстве, i абоiм здавалася, што ў той гiсторыi было так шмат падобнага на гiсторыю iх асабiстага жыцця. I якраз тое, што было ў ёй падобнае, найбольш усяго i падабалася iм.

– Так-так! – сказала дзяўчынка, якая сядзела ў зелянiне. – Хто заве мяне Бузiнавай матулькаю, хто Дрыядай, а сапраўднае маё iмя Ўспамiн. Я сяджу на дрэве, што ўсё расце i расце; я помню ўсё i ўмею расказваць пра ўсё! Пакажы, цi захавалася яшчэ ў цябе мая кветачка?

I стары разгарнуў псалтыр: бузiнавая кветачка ляжала такая свежая, быццам яе толькi што паклалi туды! Успамiн па-сяброўску хiтаў галавою старым, а тыя сядзелi ў залатых каронах, асвечаныя пурпуровым вячэрнiм сонцам. Вочы iхнiя заплюшчылiся, i... Ды тут i казка заканчваецца!

Хлопчык ляжаў на пасцелi i сам не ведаў, цi бачыў ён усё гэта ў сне, цi толькi чуў казку. Iмбрык стаяў на стале, але з яго не расла бузiна, а дзядок збiраўся ўжо адыходзiць, а хутка i пайшоў.

– Якi цуд, якая вабнасць! – сказаў хлопчык. – Мама, я пабыў у цёплых краях!

– Веру, веру! – сказала мацi. – Пасля такiх двух кубкаў моцнай бузiнавай гарбаты можна пабываць у цёплых краях! – I яна добра загарнула яго ў коўдрачку, каб ён не прастудзiўся. – Ты, здаецца, паспаў, пакуль мы са старым сядзелi ды спрачалiся пра тое, казка гэта цi быль!

– А дзе ж Бузiнавая матулька? – запытаў хлопчык.

– У iмбрыку! – адказала мацi. – I няхай сабе там застаецца!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю