355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ханс Кристиан Андерсен » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 сентября 2016, 21:14

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 19 страниц)

– Злiтуйся, божа! Што яшчэ такое здарылася з епiскапам? – уздыхнуў саветнiк Кнап, сумна кiваючы галавою. – Не, наўрад цi гэта епiскап.

Разважаючы аб усiх гэтых дзiвосах i не гледзячы па баках, саветнiк марудна iшоў па Ўсходняй вулiцы, пакуль нарэшце не дабраўся да плошчы Высокага моста. Аднак моста, якi вёў да Дварцовай плошчы, на месцы не аказалася, – бедны саветнiк ледзь разгледзеў у суцэльнай цемры нейкую рэчку i ў рэшце рэшт заўважыў лодку, у якой сядзела двое хлопцаў.

– Загадаеце пераправiць вас на выспу? – спыталi яны.

– На выспу? – перапытаў саветнiк, не ведаючы яшчэ, што ён цяпер жыве ў часы сярэднявечча. – Мне трэба трапiць у Хрысцiянаву гавань, на Малую гандлёвую вулiцу.

Хлопцы вытрашчылi на яго вочы.

– Скажыце мне хоць бы, дзе мост? – працягваў саветнiк. – Ну што за непарадак! Лiхтары не гараць, а гразь такая, што здаецца, быццам па балоце брыдзеш.

Але чым больш ён размаўляў з перавозчыкамi, тым менш мог што-небудзь узяць у толк.

– Не разумею я вашай барнхольмскай тарабаршчыны! – раззлаваўся ён нарэшце i павярнуўся да iх спiнай.

Але моста ён усё-такi не знайшоў; каменны парапет набярэжнай знiк таксама. "Што робiцца? Вось бязладдзе!" – думаў ён. Так, нiколi яшчэ рэчаiснасць не здавалася яму такой убогай i мярзотнай, як у гэты вечар. "Не, лепш узяць рамiзнiка, – вырашыў ён. – Але, божа, куды ж яны ўсе прапалi? Як на злосць, нiводнага! Вярнуся ж я на Новую каралеўскую плошчу – там, напэўна, стаяць экiпажы, а то мне давеку не трапiць у Хрысцiянаву гавань!"

Ён зноў вярнуўся на Ўсходнюю вулiцу i паспеў ужо прайсцi яе амаль усю, калi ўзышоў месяц.

"Божа, што гэта тут панабудавалi такое?" – здзiвiўся саветнiк, убачыўшы перад сабой Усходнiя Гарадскiя вароты, якiя ў тыя далёкiя часы стаялi ў канцы Ўсходняй вулiцы.

Нарэшце, ён знайшоў брамку i выйшаў на цяперашнюю Новую каралеўскую плошчу, якая ў тыя часы была проста вялiкiм лугам. На лузе там i сям тырчалi кусты, i ён быў перасечаны цi то шырокiм каналам, цi то ракой. На супрацьлеглым беразе размясцiлiся бедныя домiкi галандскiх шкiпераў, чаму i месца гэтае называлася Галандскай вышынёй.

– Божа мой! Цi гэта мiраж, фата-моргана, цi я... божа... п'яны? застагнаў саветнiк юстыцыi. – Што ж гэта такое? Што ж гэта такое?

I саветнiк зноў павярнуў назад, падумаўшы, што захварэў. Iдучы па вулiцы, ён цяпер уважлiва прыглядаўся да дамоў i заўважыў, што ўсе яны даўнейшай пабудовы i многiя накрыты саломай.

– Але, канечне, я захварэў, – уздыхнуў ён, – а ўсяго ж адну шклянку пуншу выпiў, але мне i гэта зашкодзiла. I трэба ж дадумацца – частаваць гасцей пуншам i гарачай ласосiнай! Не! Я абавязкова пагавару аб гэтым з агентшай. Вярнуцца хiба да iх i расказаць, якая са мной здарылася бяда? Не, няёмка. Ды яны ўжо, бадай, даўно спаць паляглi.

Ён пачаў шукаць дом iншых сваiх знаёмых, але яго таксама не аказалася на месцы.

– Не, гэта проста жах нейкi! Не пазнаю Ўсходняй вулiцы. Нi адной крамы! Усё толькi старыя, нiкчэмныя халупы – можна падумаць, што я трапiў у Раскiле альбо Рынгстэд. Так, кепскiя мае справы! Ну што ўжо тут саромецца, вярнуся да агента! Але, чорт вазьмi, як мне знайсцi яго дом? Я болей не пазнаю яго. Ага, тут, здаецца, яшчэ не спяць!.. Ах, я зусiм расхварэўся, зусiм расхварэўся.

Ён наткнуўся на прачыненыя дзверы, з-за якiх лiлося святло. Гэта быў адзiн з тых старадаўнiх шынкоў, якiя былi падобны на цяперашнiя нашы пiўныя. Агульны пакой нагадваў голшцiнскую харчэўню. У iм сядзела некалькi пастаянных клiентаў – шкiперы, капенгагенскiя бюргеры i яшчэ нейкiя людзi, з выгляду вучоныя. Папiваючы з кубкаў пiва, яны вялi гарачую спрэчку i не звярнулi нiякай увагi на новага наведвальнiка.

– Даруйце, – сказаў саветнiк гаспадынi, якая падышла да яго, – мне раптам стала кепска. Вы не дастанеце мне рамiзнiка? Я жыву ў Хрысцiянавай гаванi.

Гаспадыня паглядзела на яго i сумна пахiтала галавой, пасля нешта сказала па-нямецку. Саветнiк падумаў, што яна дрэнна разумее па-дацку, i паўтарыў сваю просьбу на нямецкай мове. Гаспадыня ўжо заўважыла, што наведвальнiк апрануты неяк дзiўна, а цяпер, пачуўшы нямецкую гаворку, канчаткова пераканалася ў тым, што перад ёю iншаземец. Яна вырашыла, што ён дрэнна сябе адчувае, i прынесла яму кубак саланаватай калодзежнай вады.

Саветнiк абапёрся галавой на руку, глыбока ўздыхнуў i задумаўся: куды ж ён усё-такi трапiў?

– Гэта вячэрнi выпуск "Дня"? – спытаў ён, проста каб сказаць што-небудзь, убачыўшы, як гаспадыня прыбiрае вялiкi аркуш паперы.

Яна яго не зразумела, але ўсё-такi працягнула яму аркуш: гэта была старадаўняя гравюра з адлюстраваннем дзiўнага свячэння неба, якое аднойчы назiралi ў Кёльне.

– Антыкварная карцiна! – сказаў саветнiк, убачыўшы гравюру, i адразу ажывiўся: – Дзе вы дасталi гэтую рэдкасць? Вельмi, вельмi цiкава, хаця i суцэльная выдумка. На самой справе гэта было проста паўночнае ззянне, як тлумачаць цяпер вучоныя; i, верагодна, падобныя з'явы называюцца электрычнасцю.

Тыя, што сядзелi блiзка i чулi яго словы, паглядзелi на яго з павагай; адзiн чалавек нават падняўся, пачцiва зняў капялюш i сказаў з самым сур'ёзным выглядам:

– Вы, вiдавочна, вялiкi вучоны, масье?

– О не, – адказаў саветнiк, – проста я магу паразмаўляць аб тым-сiм, як i ўсялякi iншы.

– Моdestia* – цудоўнейшая дабрадзейка, – прамовiў яго субяседнiк. Зрэшты, аб сутнасцi вашага выказвання mihi secus vedetur**, хаця i ахвотна ўстрымаюся пакуль выказваць маё ўласнае jedicium***.

* Сцiпласць (лац.).

** я iншай думкi (лац.).

*** меркаванне (лац.).

– Асмелюся спытаць, з кiм маю задавальненне размаўляць? – пацiкавiўся саветнiк.

– Я бакалаўр багаслоўя, – адказаў той.

Гэтыя словы ўсё растлумачылi саветнiку – незнаёмец быў апрануты ў адпаведнасцi са сваiм вучоным званнем. "Напэўна, гэта нейкi стары сельскi настаўнiк, – падумаў ён, – чалавек як не з гэтага свету, якiх яшчэ можна сустрэць у аддаленых кутках Ютландыi".

– Тут, канечне, не locus docendi*, – гаварыў багаслоў, – але я ўсё-такi вельмi прашу вас працягваць сваю гаворку. Вы, канечне, досыць начытаны ў старажытнай лiтаратуры!

* Месца вучоных размоў (лац.).

– О так! Вы кажаце праўду, я нярэдка пачытваю старажытных аўтараў, дакладней, усе iх добрыя творы; але вельмi люблю i навейшую лiтаратуру, толькi не "Звычайныя гiсторыi"; iх хапае i ў жыццi!

– Звычайныя гiсторыi? – перапытаў багаслоў.

– Але, я кажу аб гэтых новых раманах, якiх столькi цяпер выходзiць.

– О, яны вельмi дасцiпныя i карыстаюцца поспехам пры двары, – усмiхнуўся бакалаўр. – Кароль асаблiва любiць раманы аб Iфвенце i Гаўдзiяне, у якiх расказваецца аб каралi Артуры i рыцарах Круглага стала, i нават дазволiў жартаваць па гэтай прычыне са сваiмi наблiжанымi*.

* Славуты дацкi пiсьменнiк Хольберг расказвае ў сваёй "Гiсторы Дацкай дзяржавы", што, прачытаўшы раман аб рыцарах Круглага стала, кароль Ганс аднойчы сказаў жартам свайму наблiжанаму Ота Руду, якога вельмi любiў: "Гэтыя паны Iфвент i Гаўдзiян, аб якiх гаворыцца ў гэтай кнiзе, былi выдатныя рыцары. Такiх цяпер больш не сустрэнеш". На што Ота Руд адказаў: "Калi б цяпер сустракалiся такiя каралi, як кароль Артур, то, напэўна, знайшлося б нямала такiх рыцараў, як Iфвент i Гаўдзiян".

– Гэтых раманаў я яшчэ не чытаў, – сказаў саветнiк юстыцыi. – Напэўна, гэта Хейберг што-небудзь новае выпусцiў?

– Не, што вы, не Хейберг, а Готфрэд фон Гемен, – адказаў бакалаўр.

– Дык вось хто аўтар! – усклiкнуў саветнiк. – Якое старажытнае iмя? Гэта ж наш першы дацкi кнiгадрукар, цi не так?

– Але, ён наш першадрукар! – пацвердзiў багаслоў.

Такiм чынам, пакуль што ўсё iшло цудоўна. Калi адзiн з гараджан загаварыў аб чуме, якая лютавала тут некалькi гадоў назад, а iменна ў 1484 годзе, саветнiк падумаў, што гаворка iдзе аб нядаўняй эпiдэмii халеры, i размова паспяхова працягвалася. А пасля як было не згадаць закончаную зусiм нядаўна пiрацкую вайну 1490 года, калi ангельскiя каперы захапiлi дацкiя караблi, што стаялi на рэйдзе. Тут саветнiк, успомнiўшы аб падзеях 1801 года, ахвотна далучыў свой голас да агульных нападак на ангельцаў. Але далей размова штосьцi перастала ладзiцца i ўсё часцей перапынялася магiльнай цiшынёй. Добры бакалаўр быў вельмi ўжо недаверлiвы: самыя простыя меркаваннi саветнiка здавалiся яму чымсьцi незвычайна смелым i фантастычным. Субяседнiкi глядзелi адзiн на аднаго з усё ўзрастаючым здзiўленнем, i калi нарэшце канчаткова перасталi разумець адзiн аднаго, бакалаўр, спрабуючы паправiць справу, загаварыў на латынi, але гэта мала дапамагло.

– Ну, як вы сябе адчуваеце? – спытала гаспадыня, пацягнуўшы саветнiка за рукаво.

Тут ён апамятаўся i са здзiўленнем утаропiўся на сваiх субяседнiкаў, таму што за размовай зусiм забыў, што з iм адбываецца.

"Божа, дзе я?" – падумаў ён, i пры адной думцы аб гэтым у яго закружылася галава.

– Давайце пiць кларэт, мёд i брэменскае пiва! – закрычаў адзiн з гасцей. I вы з намi!

Увайшлi дзве дзяўчыны, адна з якiх была ў двухколерным чэпчыку*, яны падлiвалi гасцям вiно i нiзка прысядалi. У саветнiка нават мурашы забегалi па спiне.

* Пры каралi Гансе, у 1495 годзе, быў выпушчаны ўказ, па якiм жанчыны лёгкiх паводзiн павiнны былi насiць чэпчыкi з яркай расфарбоўкай, каб кiдалася ў вочы.

– Што ж гэта такое? Што гэта такое? – шаптаў ён, але вымушаны быў пiць разам з усiмi. Сабутэльнiкi так на яго населi, што бедны саветнiк зусiм збянтэжыўся, i калi нехта сказаў, што ён, напэўна, п'яны, нiколькi ў гэтым не засумняваўся i толькi папрасiў, каб яму нанялi рамiзнiка. Але ўсе вырашылi, што ён размаўляе па-маскавiцку. Нiколi ў жыццi саветнiк не трапляў у такую грубую i неабчэсаную кампанiю. "Можна падумаць, – казаў ён сабе, – што мы вярнулiся ў часы язычнiцтва. Не, гэта жахлiвейшая хвiлiна ў маiм жыццi!"

Тут яму прыйшло ў галаву: а што, калi залезцi пад стол, падпаўзцi да дзвярэй i ўцячы? Але калi ён быў ужо амаль каля мэты, гулякi заўважылi, куды ён паўзе, i схапiлi яго за ногi. На шчасце, галёшы звалiлiся ў яго з ног, а з iмi рассеялася i чараўнiцтва.

Пры яркiм святле лiхтара саветнiк выразна ўбачыў вялiкi дом, якi стаяў проста перад iм. Ён пазнаў гэты дом, i ўсе суседнiя, пазнаў i Ўсходнюю вулiцу. Сам ён ляжаў на ходнiках, упiраючыся нагамi ў чыесьцi вароты, а побач сядзеў начны вартаўнiк, якi спаў моцным сном.

– Божа! Значыць, я заснуў проста на вулiцы, вось табе i на! – сказаў саветнiк. – Так, вось i Ўсходняя вулiца... Як тут светла i прыгожа! Але хто б мог падумаць, што адна шклянка пуншу падзейнiчае на мяне так моцна!

Праз дзве хвiлiны саветнiк ужо ехаў на рамiзнiку ў Хрысцiянаву гавань. Усю дарогу ён успамiнаў перажытыя iм жахi i ад усяго сэрца бласлаўляў шчаслiвую рэальнасць i свой век, якi, нягледзячы на ўсе яго заганы i недахопы, усё-такi быў лепшы за той, у якiм яму толькi што давялося пабываць. I трэба сказаць, што на гэты раз саветнiк юстыцыi разважаў упаўне разумна.

III. Прыгоды вартаўнiка

– Гм, хтосьцi пакiнуў тут свае галёшы! – сказаў вартаўнiк. – Гэта, напэўна, лейтэнант, што жыве наверсе. Вось бач якi, кiнуў iх каля самых варот!

Сумленны вартаўнiк, канечне, хацеў было адразу пазванiць i аддаць галёшы iх законнаму ўладальнiку, тым больш, што ў лейтэнанта яшчэ гарэла святло, але пабаяўся разбудзiць суседзяў.

– Ну i цёпла, вiдаць, хадзiць у такiх галёшах! – сказаў вартаўнiк. – А скура да чаго мяккая!

Галёшы прыйшлiся якраз яму на нагу.

– I сапраўды як дзiўна ўладкаваны свет, – працягваў ён. – Узяць хоць бы гэтага лейтэнанта: мог бы зараз спакойна спаць у цёплай пасцелi, – дык не ж, усю ноч ходзiць узад i ўперад па пакоi. Вось каму шчасце! Няма ў яго нi жонкi, нi дзяцей, нi трывог, нi турбот; кожны вечар па гасцях раз'язджае. Добра б мне памяняцца з iм месцамi: я тады стаў бы самым шчаслiвым чалавекам на зямлi!

Не паспеў ён гэта падумаць, як чароўнай сiлай галёшаў iмгненна пераўвасобiўся ў таго афiцэра, што жыў наверсе. Цяпер ён стаяў пасярод пакоя, трымаў у руках лiсток ружовай паперы з вершамi, якiя напiсаў сам лейтэнант. Ды i да каго iншы раз не з'яўляецца паэтычнае натхненне! Вось тады думкi i вылiваюцца ў вершы. На ружовым лiстку было напiсана наступнае:

КАБ Я БАГАТЫМ БЫЎ

"Каб я багатым быў, – з маленства я жадаў,

Абавязкова б афiцэрам стаў,

Насiў бы форму, шаблю i плюмаж!"

Ды выйшла так, што мары ўсе – мiраж.

Сплылi гады – мундзiр i я надзеў,

Ды стаць, на жаль, багатым не паспеў.

Вясёлым дзiцем, у вячэрнi час,

Калi ты помнiш, я бываў у вас,

Цябе я смешнай казкай забаўляў

То быў мой капiтал, якi я сам збiраў.

Узрушана сядзела ты ў акне

I жартам губы цалавала мне.

Каб я багатым быў, дык Бога б я малiў

За тую, што навечна ўжо згубiў...

Жывуць яе краса i дабрата,

Аднак мая пустая калiта,

А казкi не заменяць капiтал,

Бо паразiла беднасць напавал.

Каб я багатым быў, я горычы б не знаў

I на паперу боль не пралiваў.

У гэтыя ж радкi я ўсю душу ўлажыў

I прысвяцiў iх той, якую не забыў.

У сумны верш уклаў я жар любвi!

I я – бядняк. Цябе ж Бог блаславi!

Так, закаханыя вечна пiшуць падобныя вершы, але людзi разумныя iх усё-такi не друкуюць. Чын лейтэнанта, каханне i беднасць – вось злашчасны трохвугольнiк або, дакладней, трохвугольная палова iгральнай косцi, якая кiнута на шчасце i якая раскалолася. Так думаў i лейтэнант, апусцiўшы галаву на падаконнiк i цяжка ўздыхаючы:

"Бядняк вартаўнiк i той шчаслiвейшы, чым я. Ён не ведае маiх пакут. У яго ёсць хатнi ачаг, а жонка i дзецi дзеляць з iм i радасцi, i гора. Ах, як бы мне хацелася быць на яго месцы, бо ён намнога шчаслiвейшы за мяне!"

I ў той жа момант начны вартаўнiк зноў стаў начным вартаўнiком: афiцэрам жа ён зрабiўся толькi дзякуючы галёшам, але, як мы бачылi, не стаў ад гэтага шчаслiвейшым i захацеў вярнуцца ў сваё ранейшае становiшча. Такiм чынам, начны вартаўнiк зноў зрабiўся начным вартаўнiком.

"Якi благi сон мне прыснiўся! – сказаў ён. – А зрэшты, даволi забаўны. Прыснiлася мне, што я стаў тым самым лейтэнантам, якi жыве ў нас наверсе, – i да чаго ж сумна ён жыве! Як мне не хапала жонкi i дзяцей: хто-хто, а яны заўсёды гатовы зацалаваць мяне да смерцi".

Начны вартаўнiк сядзеў на ранейшым месцы i кiваў у такт сваiм думкам. Сон нiяк не выходзiў у яго з галавы, а на нагах усё яшчэ былi надзеты галёшы шчасця. Па небе пакацiлася зорка.

"Бач, як пакацiлася, – сказаў сабе вартаўнiк. – Ну, нiчога, iх там яшчэ шмат засталося. А добра было б убачыць блiжэй усе гэтыя нябесныя штукенцыi. Асаблiва месяц: ён не тое што зорка, мiж пальцаў не праслiзне. Студэнт, якому мая жонка мые бялiзну, кажа, што пасля смерцi мы будзем пералятаць з адной зоркi на другую. Гэта, канечне, хлусня, а ўсё ж як было б цiкава гэтак павандраваць. Эх, калi б мне толькi ўдалося даскочыць да неба, а цела няхай бы ляжала тут, на прыступках".

Ёсць рэчы, аб якiх наогул трэба гаварыць вельмi асцярожна, асаблiва калi на нагах у цябе галёшы шчасця! Вось паслухайце, што адбылося з вартаўнiком.

Мы з вамi абавязкова ездзiлi на цягнiку альбо на параходзе, якiя iшлi поўным ходам. Але ў параўнаннi з хуткасцю святла iх хуткасць усё адно што хуткасць лянiўца альбо смаўжа. Святло бяжыць у дзевятнаццаць мiльёнаў разоў хутчэй за самага лепшага скарахода, але не хутчэй за электрычнасць. Смерць гэта электрычны ўдар у сэрца, i на крыллях электрычнасцi вызваленая душа вылятае з цела. Сонечны прамень дваццаць мiльёнаў мiль прабягае ўсяго за восем хвiлiн з секундамi, але душа яшчэ хутчэй, чым святло, пакрывае велiзарную прастору, якая раздзяляе зоркi.

Для нашай душы праляцець адлегласць памiж двума нябеснымi свяцiламi гэтак жа проста, як нам самiм дайсцi да суседняга дома. Але электрычны ўдар у сэрца можа каштаваць нам жыцця, калi на нагах у нас няма такiх галёшаў шчасця, якiя былi ў вартаўнiка.

За некалькi секунд начны вартаўнiк праляцеў прастору ў пяцьдзесят дзве тысячы мiль, што аддзяляюць зямлю ад месяца, якi, як вядома, складаецца з рэчыва намнога больш лёгкага, чым наша зямля, i ён прыкладна такi ж мяккi, як i самы свежы снег.

Вартаўнiк апынуўся на адной з тых незлiчоных месяцавых кальцавых гор, якiя вядомы нам па вялiкiх месяцавых картах доктара Мэдлера. Ты ж таксама бачыў iх, цi не праўда?

У гары ўтварыўся кратэр, сценкi якога амаль вертыкальна абрывалiся ўнiз на цэлую дацкую мiлю, а на самым дне кратэра знаходзiўся горад. Горад гэты нагадваў яечны бялок, выпушчаны ў шклянку вады, – такiмi празрыстымi i лёгкiмi здавалiся яго вежы, купалы i ветразепадобныя балконы, якiя слаба пакалыхвалiся ў разрэджаным паветры месяца. А над галавой вартаўнiка велiчна плыў велiзарны вогненна-чырвоны шар – наша зямля.

На месяцы было мноства жывых iстот, якiх мы назвалi б людзьмi, калi б яны не так моцна адрознiвалiся ад нас i па сваёй знешнасцi, i па мове. Цяжка было чакаць, каб душа вартаўнiка разумела гэтую мову, – аднак яна цудоўна яе разумела.

Так, так, можаце здзiўляцца, колькi хочаце, але душа вартаўнiка адразу навучылася мове жыхароў месяца. Часцей за ўсё яны спрачалiся аб нашай зямлi. Яны вельмi i вельмi сумнявалiся ў тым, што на зямлi ёсць жыццё, бо паветра там, казалi яны, занадта шчыльнае, i разумнае месячнае стварэнне не магло б iм дыхаць. Яны сцвярджалi далей, што iснаванне магчыма толькi на месяцы – адзiнай планеце, дзе ўжо даўным-даўно зарадзiлася жыццё.

Але вернемся на Ўсходнюю вулiцу i паглядзiм, што сталася з целам вартаўнiка.

Безжыццёвае, яно па-ранейшаму сядзела на прыступках; кульбака з шыпамi на канцы – у нас яе празвалi б "ранiшняй зоркай" – выпала з рук, а вочы ўтаропiлiся на месяц, па якiм цяпер падарожнiчала душа вартаўнiка.

– Гэй, вартаўнiк, якi час? – спытаў нейкi мiнак; не дачакаўшыся адказу, ён пстрыкнуў вартаўнiка па носе. Цела страцiла раўнавагу i на ўсю даўжыню выцягнулася на ходнiках.

Мiнак вырашыў, што вартаўнiк памёр, i жахнуўся, а мёртвы так i застаўся мёртвым. Аб гэтым паведамiлi куды трэба, i ранiцай цела адвезлi ў бальнiцу.

Вось заварылася б каша, калi б душа вярнулася i, як i трэба чакаць, узялася шукаць сваё цела там, дзе рассталася з iм, гэта значыць, на Ўсходняй вулiцы. Выявiўшы прапажу, яна хутчэй за ўсё адразу ж кiнулася б у палiцыю, у адрасны стол, адтуль у бюро па вышуку рэчаў, каб даць аб'яву аб прапажы ў газеце, i толькi ў апошнюю чаргу накiравалася б у бальнiцу. Зрэшты, аб душы турбавацца няма чаго – калi яна дзейнiчае самастойна, усё iдзе цудоўна, i толькi цела перашкаджае ёй i прымушае яе рабiць глупствы.

Дык вось, калi вартаўнiка прывезлi ў бальнiцу i ўнеслi ў трупярню, з яго першым чынам, канечне, знялi галёшы, i душы воляй-няволяй давялося перапынiць сваё падарожжа i вярнуцца ў цела. Яна адразу знайшла яго, i вартаўнiк тут жа ажыў. Потым ён запэўнiваў, што гэта была самая вар'яцкая ноч у яго жыццi. Ён нават за дзве маркi не згадзiўся б зноў перажыць такiя жахi. Зрэшты, цяпер усё гэта ззаду.

Вартаўнiка выпiсалi ў той жа дзень, а галёшы засталiся ў бальнiцы.

IV. "Галаваломка". Дэкламацыя. Зусiм незвычайнае падарожжа

Кожны жыхар Капенгагена шмат разоў бачыў галоўны ўваход у гарадскую Фрэдэрыксбергскую бальнiцу, але паколькi гэтую гiсторыю, магчыма, будуць чытаць не толькi капенгагенцы, нам давядзецца даць сякiя-такiя тлумачэннi.

Справа ў тым, што бальнiцу аддзяляе ад вулiцы даволi высокая агароджа з тоўстых жалезных прутоў. Пруты гэтыя расстаўлены так рэдка, што многiя практыканты, асаблiва хударлявыя, дахiтраюцца працiснуцца памiж iмi, калi ў няўрочны час хочуць выбрацца ў горад. Цяжэй за ўсё iм прасунуць галаву, так што i ў гэтым выпадку, як, зрэшты, нярэдка бывае ў жыццi, вялiкагаловым прыходзiлася туга... Ну, для ўступу гэтага хопiць.

У той вечар у бальнiцы якраз дзяжурыў адзiн малады лекар, аб якiм хоць i можна было сказаць, што "галава ў яго вялiкая", але... толькi ў самым прамым сэнсе слова. Iшоў пралiўны дождж; аднак, нягледзячы на непагадзь i дзяжурства, лекар усё-такi вырашыў збегаць у горад па нейкiх неадкладных справах, – хоць бы на чвэрць гадзiнкi. "Няма чаго, – думаў ён, – звязвацца з брамнiкам, калi можна пралезцi скрозь пруты". У вестыбюлi ўсё яшчэ валялiся галёшы, забытыя вартаўнiком. У такi лiвень яны былi вельмi дарэчы, i лекар надзеў iх, не здагадваючыся, што гэта галёшы шчасця. Цяпер заставалася толькi працiснуцца памiж жалезнымi прутамi, чаго яму яшчэ нi разу не даводзiлася рабiць.

– Божа, толькi б працiснуць галаву, – прамовiў ён.

I ў той жа момант галава яго, хаця i вельмi вялiкая, удачна праскочыла памiж прутамi, – не без дапамогi галёшаў, зразумела.

Цяпер справа была за тулавам, але яму нiяк не ўдавалася пралезцi.

– Ух, якi я тоўсты! – скардзiўся студэнт. – А я дык думаў, што галаву прасунуць будзе цяжэй за ўсё. Не, не пралезцi мне!

Ён хацеў адразу ж выцягнуць галаву назад, але не тут было: яна застрамiлася безнадзейна, ён мог толькi круцiць ёю колькi заўгодна i без усялякага толку. Спачатку лекар проста раззлаваўся, але хутка настрой у яго сапсаваўся дарэшты: галёшы паставiлi яго прама-такi ў жахлiвае становiшча.

На няшчасце, ён нiяк не здагадваўся, што трэба пажадаць вызвалiцца, i колькi нi круцiў галавой, яна не пралазiла назад. Дождж усё лiў i лiў, i на вулiцы не было нi душы. Да званка, каб паклiкаць дворнiка, усё-адно нельга было дацягнуцца, а сам вызвалiцца ён не мог. Ён баяўся, што, чаго добрага, давядзецца прастаяць так да ранiцы, бо толькi ранiцай можна будзе паслаць па каваля, каб ён перапiлаваў агароджу. I наўрад цi ўдасца перапiлаваць яе хутка, а на шум збягуцца школьнiкi, усе навакольныя жыхары, – так, так, збягуцца i будуць дзiвiцца на лекара, якi скурчыўся, як злачынца каля ганебнага слупа; дзiвiцца, як у мiнулым годзе на велiзарную агаву, калi яна расцвiла.

– Ой, кроў так i прылiвае да галавы. Не, я так з розуму звiхнуся! Так, так звiхнуся з розуму! Ох, толькi б мне вызвалiцца!

Даўно ўжо трэба было лекару сказаць гэта: у тую ж хвiлiну галава яго свабодна прайшла памiж прутамi, i ён стрымгалоў кiнуўся назад, зусiм звар'яцеўшы ад страху, у якi яго ўвагналi галёшы шчасця.

Але калi вы думаеце, што гэтым справа i скончылася, то глыбока памыляецеся. Не, самае горшае яшчэ наперадзе.

Прайшла ноч, надышоў новы дзень, а па галёшы ўсё нiхто не з'яўляўся.

Вечарам у маленькiм тэатры, размешчаным на вулiцы Каннiке, давалi прадстаўленне. Глядзельная зала была поўная. У лiку iншых артыстаў адзiн чытальнiк прадэкламаваў верш пад назвай "Бабулiны акуляры":

Быў у маёй бабулi дзiўны дар,

Якому пазайздросцiў бы вядзьмар.

Бо ёй вядома ўсё i нават болей:

Магла iсцi праз час уласнай воляй,

Магла пранiкнуць у вякi паглядам,

Ды не канчалiся яе расказы ладам.

"Якiя нам, – пытаю, як i ўсе,

Наступны год падзеi прынясе?

Што мае быць у нашым гаспадарстве?"

Але бабуля, спрытная ў каварстве,

Маўчыць упарта i ў адказ нi слова.

I часам пасварыцца на мяне гатова.

Ды як ёй выстаяць? I тут жа гнеў астыў,

Бо я ў яе любiмцам быў.

"Хай будзе так, як просiш, – i свае

Бабуля акуляры мне дае.

Цяпер, нябожа, паспяшы туды,

Дзе просты люд збiраецца заўжды.

Блiжэй да iх, як можаш, падыдзi,

На гурт праз акуляры паглядзi.

Калодай картаў раптам стануць людзi.

Па картах зразумееш, што было, што будзе?"

I я пайшоў, сказаўшы "дзякуй" згодна.

Ды дзе знайсцi натоўп? На плошчы, верагодна.

На плошчы? Не люблю, аднак, я сцюжы.

На вулiцы? Там гразь, слата i лужы.

А што, як у тэатры? Там, па-мойму,

Шумлiвую я напаткаю плойму.

I вось я тут. Аракулам каб стаць,

Патрэбна акуляры мне дастаць.

А вы сядзiце цiха, без нуды,

Бо кожны ляжа ў карты, i тады

Вам будзе вiдна ў далечы таемнай.

Маўчанне – знак уцямнасцi ўзаемнай.

Я распытаю зараз лёс i не дарэмна

З карысцю для сябе, з карысцю для народа.

Дык вось! Што скажа картаў нам калода?

(Надзявае акуляры)

Якую бачу я пацеху!

Вы, праўда ж, лопнулi б ад смеху,

Калi б зiрнулi на тузоў бубновых,

На гордых дам i каралёў суровых!

Тут пiкi, трэфы чорныя, як сажа,

Ды карта кожная што-небудзь нам раскажа.

Вось дама пiк, аблашчаная светам,

А закахалася ў бубновага валета.

Аднак што ж болей карты прадракаюць?

Для дома многа грошай абяцаюць

I госця з чужаземнай стараны,

А зрэшты, не патрэбны нам яны.

Размову пажадалi б вы пачаць

З саслоўяў? Лепей памаўчаць!

Параду дам, якi ж у ёй сакрэт:

Вы хлеб не адбiвалi б у газет.

Цi аб тэатры? Сварцы закулiснай?

Ну, не! З дырэкцыяй жыву бескампрамiсна.

Аб заўтрашнiм быццi? Ды вось якая справа:

Благое ведаць надта не цiкава.

Я знаю ўсё, але карысцi мала,

Пакуль часiна ведаў не настала!

Што, што? Хто шчаслiвейшы памiж вас?

Ага! Шчаслiўца вылучыць сам час...

Яго па ўсмешцы лёгка падлавiць,

Але прыйшлося б iншых засмуцiць!

Хто болей пражыве? Ах, ён? Цудоўна!

Ды гаварыць пра гэта не тактоўна.

Сказаць? Сказаць? Сказаць цi не?

Не, не скажу – адказ такi ў мяне!

Баюся, што магу зняважыць вас,

Лепш думкi вашы прачытаю ў гэты час,

Сабраўшы чарадзейных сiл запас.

Жадаеце вы знаць? Ды хопiць, пэўна, кпiн:

Здаецца вам, што я для вас адзiн

Мялю лухту з якiх ужо часiн.

Цяпер маўчу, i прыйдзе апраўданне,

Цяпер хачу ўчуць ваша меркаванне.

Дэкламаваў чытальнiк цудоўна, у зале загрымелi воплескi.

Сярод публiкi знаходзiўся i наш злашчасны лекар. Ён, здавалася, ужо забыў свае смешныя прыгоды, перажытыя мiнулай ноччу. Выпраўляючыся ў тэатр, ён зноў надзеў галёшы – iх пакуль яшчэ нiхто не запатрабаваў, а на вулiцы была слата, так што яны маглi саслужыць яму добрую службу. I саслужылi!

Верш зрабiў вялiкае ўражанне на нашага лекара. Яму вельмi спадабалася iдэя, i ён падумаў, што добра было б здабыць такiя акуляры. Крыху патрэнiраваўшыся, можна было б навучыцца чытаць у сэрцах людзей, а гэта намнога цiкавей, чым заглядваць у будучы год, – ён жа ўсё-адно надыдзе рана цi позна, а вось у душу да чалавека iнакш не заглянеш.

"Узяць бы, скажам, гледачоў першага рада, – думаў лекар, – i паглядзець, што робiцца ў iх на сэрцы, – павiнен жа быць туды ўваход, накшталт як у краму. Чаго б я там не наглядзеўся, трэба меркаваць! У гэтай вось дамы ў сэрцы, напэўна, змяшчаецца цэлая галантарэйная крама. А ў гэтай яна ўжо апусцела, толькi варта б яе як належыць памыць ды пачысцiць. Але можна набрысцi i на салiдныя крамы. "Ах, – уздыхнуў лекар, – ведаю я такую краму, аднак, на жаль, прыказчык для яе ўжо знайшоўся, i гэта адзiны яе недахоп. А ў многiя iншыя, напэўна, заклiкалi б: "Заходзьце, калi ласка, да нас, мiласцi просiм!" Але ж, вось бы зайсцi туды ў выглядзе дробненькай думкi, прагуляцца б па сэрцах!"

Сказана – зроблена! Толькi пажадай – вось усё, што трэба галёшам шчасця. Лекар раптам увесь неяк змiзарнеў, стаў зусiм малюсенькiм i пачаў сваё незвычайнае падарожжа па сэрцах гледачоў першага рада.

Першае сэрца, у якое ён трапiў, належала адной даме, але бедачына лекар спачатку падумаў, што апынуўся ў артапедычным iнстытуце, дзе лекары лечаць хворых, выдаляючы розныя пухлiны i выпраўляючы калецтвы. У пакоi, куды зайшоў наш лекар, былi развешаны шматлiкiя гiпсавыя злепкi з гэтых выродлiвых частак цела. Уся рознiца толькi ў тым, што ў сапраўдным iнстытуце злепкi здымаюцца, як толькi хворы туды паступае, а ў гэтым сэрцы яны выраблялiся тады, калi з яго выпiсваўся здаровы чалавек.

Сярод iншых у сэрцы гэтай дамы захоўвалiся злепкi, знятыя з фiзiчных i маральных выродстваў i ўсiх яе сябровак.

Лекар хутка перавандраваў у другое жаночае сэрца, – i на гэты раз яму здалося, што ён уступiў у светлы прасторны храм. Над алтаром лунаў белы голуб – увасабленне цнатлiвасцi. Лекар хацеў было схiлiць каленi, але яму трэба было спяшацца далей, у наступнае сэрца, i толькi ў вушах яго яшчэ доўга гучала музыка аргана. Ён нават адчуў, што стаў яшчэ лепшы i чысцейшы, чым быў раней, i варты цяпер увайсцi ў наступнае свяцiлiшча, якое аказалася беднай каморкай, дзе ляжала хворая мацi. Але ў адчыненыя насцеж вокны лiлiся цёплыя сонечныя промнi, дзiвосныя ружы, што расцвiлi ў скрыначцы пад акном, хiталi галоўкамi, кiваючы хворай, дзве нябесна-блакiтныя птушачкi спявалi песеньку аб дзiцячых радасцях, а хворая мацi прасiла шчасця для сваёй дачкi.

Потым наш лекар на карачках перапоўз у мясную краму; яна была завалена мясам, – i куды б ён нi памкнуўся, усюды натыкаўся на тушы. Гэта было сэрца аднаго багатага, вельмi паважанага чалавека, – яго iмя, напэўна, можна знайсцi ў гарадскiм даведнiку.

Адтуль лекар перавандраваў у сэрца яго жонкi. Яно ўяўляла сабой старую, амаль разбураную галубятню. Партрэт мужа быў узняты ў ёй замест флюгера; да яе былi таксама прымацаваны ўваходныя дзверы, якiя то адчынялiся, то зачынялiся у залежнасцi ад таго, куды паварочваўся муж.

Потым лекар трапiў у пакой з люстранымi сценамi, такi ж, як у палацы Розенборг, але тут люстэркi былi павелiчальнымi, яны ўсё павялiчвалi ў многа разоў. Пасярод пакоя ўзвышалася на троне маленькае "я" ўладальнiка гэтага сэрца i захаплялася сваёй уласнай велiччу.

Адтуль лекар перабраўся ў другое сэрца, i яму падалося, што ён трапiў у вузкi iгольнiк, набiты вострымi iголкамi. Ён было вырашыў, што гэта сэрца якой-небудзь старой дзевы, але памылiўся: яно належала ўзнагароджанаму мноствам ордэнаў маладому вайскоўцу, аб якiм гаварылi, што ён "чалавек з сэрцам i розумам".

Нарэшце бедны лекар выбраўся з апошняга сэрца i, зусiм ашалеўшы, яшчэ доўга нiяк не мог сабрацца з думкамi. Ва ўсiм ён вiнавацiў сваю буйную фантазiю.

"Бог ведае што такое! – уздыхнуў ён. – Не, я пэўна сходжу з розуму. I якая дзiкая тут гарачыня! Кроў так i прылiвае да галавы. – Тут ён успомнiў аб сваiх учарашнiх прыгодах каля бальнiчнай агароджы. – Вось калi я захварэў! – падумаў ён. – Патрэбна своечасова ўзяцца за лячэнне. Кажуць, што ў такiх выпадках больш за ўсё карыснейшая руская лазня. Ах, калi б я ўжо ляжаў на палку".

I ён сапраўды апынуўся ў лазнi на самым верхнiм палку. Але ляжаў там зусiм апрануты, у ботах i галёшах, а са столi на твар яму капала гарачая вада.

– Ой! – закрычаў лекар i пабег хутчэй прыняць душ.

Лазеншчык таксама закрычаў: ён спалохаўся, убачыўшы ў лазнi апранутага чалавека.

Наш лекар, не разгубiўшыся, шапнуў яму:

– Не бойся, гэта я на спрэчку, – але, вярнуўшыся дахаты, першым чынам паставiў сабе адзiн вялiкi пластыр са шпанскiх мушак на шыю, а другi на спiну, каб выцягнуць дурноту з галавы.

Наранiцу ўся спiна ў яго набракла крывёю – вось i ўсё, чым яго аддзячылi галёшы шчасця.

V. Ператварэнне палiцэйскага пiсара

Наш знаёмы вартаўнiк мiж тым успомнiў пра галёшы, якiя знайшоў на вулiцы, а пасля пакiнуў у бальнiцы, i забраў iх адтуль.

Але нi лейтэнант, нi суседзi не прызнавалi гэтых галёшаў сваiмi, i вартаўнiк занёс iх у палiцыю.

– Ды яны як дзве кроплi вады падобныя на мае – сказаў адзiн з палiцэйскiх пiсараў, паставiўшы знаходку побач са сваiмi галёшамi i ўважлiва яе разглядаючы. – Тут i вопытнае вока шаўца не адрознiла б адну пару ад другой.

– Пан пiсар, – звярнуўся да яго палiцэйскi, якi зайшоў з нейкiмi паперамi.

Пiсар паразмаўляў з iм, а калi зноў зiрнуў на абедзве пары галёшаў, то ўжо i сам перастаў разумець, якая з iх яго пара – тая, што стаiць справа, цi тая, што злева.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю