355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ханс Кристиан Андерсен » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 18)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 сентября 2016, 21:14

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 19 страниц)

За металiчнай агароджай сада, якая аддзяляла яго ад поля, вырас лопух; ён быў такi вялiкi, густы i раскiдзiсты, што па ўсёй справядлiвасцi заслугоўваў назвы лопухавага куста. Але нiхто не любаваўся на яго, акрамя старога асла, якi вазiў каламажку малочнiцы. Ён выцягваў сваю доўгую шыю i казаў лопуху:

– Якi ты прыгожы! Так бы i з'еў цябе!

Але вяроўка была кароткая, i аслу не ўдавалася дацягнуцца да лопуху.

Неяк у садзе сабралася вялiкая кампанiя: да гаспадароў прыехалi знатныя госцi са сталiцы, маладыя людзi, цудоўныя дзяўчаты, i мiж iмi адна паненка здалёку, з Шатландыi, славутага роду i вельмi багатая. "Зайздросная нявеста!" – казалi халастыя маладыя людзi i iх матулi.

Моладзь забаўлялася на лужку, гуляла ў кракет, затым усе накiравалiся ў сад; кожная паненка сарвала кветку i ўваткнула яе ў пятлiцу аднаго з маладых людзей. А юная шатландка доўга азiралася вакол, выбiрала, выбiрала, ды так нiчога i не выбрала; нi адна з садовых кветак не прыйшлася ёй да густу. Але вось яна глянула за агароджу, дзе рос лопух, убачыла яго сiнявата-чырвоныя пышныя кветкi, усмiхнулася i папрасiла сына гаспадара дома сарваць ёй адну з iх.

– Гэта кветка Шатландыi! – сказала яна. – Яна красуецца ў шатландскiм гербе. Дайце мне яе!

I ён сарваў самую прыгожую кветку, укалоўшы сабе пры гэтым пальцы, быццам яна расла на калючай шыпшыне.

Паненка прасунула кветку маладому чалавеку ў пятлiцу, ён быў вельмi задаволены гэтым, ды i кожны з астатнiх маладых людзей ахвотна б аддаў сваю шыкоўную садовую кветку, каб толькi атрымаць з ручак цудоўнай шатландкi хоць лопух. Але ўжо калi быў усцешаны гаспадароў сын, то што ж адчуў сам лопух? Яго як быццам акрапiла расою, асвяцiла сонейкам.

"Аднак я важней, чым думаў! – сказаў ён пра сябе. – Месца ж маё, бадай, у садзе, а не за дратамi. Вось, праўда, як дзiўна iграе намi лёс! Але цяпер хоць адно з маiх дзяцей перабралася за агароджу, ды яшчэ трапiла ў пятлiцу!"

I з таго часу лопух расказваў аб гэтай падзеi кожнаму бутону, якi толькi што распускаўся. Не прайшло затым i тыдня, як лопух пачуў навiну – не ад людзей, не ад шчабятлiвых пташак, а ад самога паветра, якое ўспрымае i разносiць паўсюдна найменшы гук, што пачуўся ў самых глухiх алеях сада або ва ўнутраных пакоях дома, дзе вокны i дзверы адчынены насцеж. Вецер паведамiў, што малады чалавек, якi атрымаў з цудоўных рук шатландкi кветку лопуху, удастоiўся нарэшце атрымаць i руку i сэрца прыгажунi. Слаўная выйшла парачка, упаўне прыстойная партыя.

– Гэта я iх сасватаў! – вырашыў лопух, успамiнаючы сваю кветку, якая трапiла ў пятлiцу. I кожная кветка, якая толькi распускалася, павiнна была выслухаць гэтую гiсторыю.

"Мяне, канечне, перасадзяць у сад! – думаў лопух. – Можа быць, нават пасадзяць у гаршчок; цеснавата будзе, ну, ды затое ганарова!"

I лопух так захапiўся гэтай марай, што ўжо з поўнаю ўпэўненасцю казаў: "Я траплю ў гаршчок!" – i абяцаў кожнай сваёй кветачцы, якая паяўлялася зноў, што яна таксама трапiць у гаршчок, а можа быць, нават i ў пятлiцу, – вышэй за гэта ўжо трапiць не было куды! Але нi адна з кветак не трапiла ў гаршчок, не кажучы ўжо аб пятлiцы. Яны ўбiралi ў сябе паветра i святло, сонечныя промнi ўдзень i кропелькi расы ноччу, цвiлi, прымалi вiзiты жанiхоў – пчол i восаў, якiя шукалi пасагу, кветкавага соку, атрымлiвалi яго i пакiдалi кветкi.

– Разбойнiкi гэткiя! – казаў пра iх лопух. – Так бы i пракалоў iх наскрозь, ды не магу.

Кветкi панiкалi галоўкамi, бляклi i завядалi, але на змену iм распускалiся новыя.

– Вы з'яўляецеся якраз своечасова! – казаў iм лопух. – Я з хвiлiны на хвiлiну чакаю перасадкi туды, за агароджу.

Нявiнныя рамонкi i макрычнiк слухалi яго з глыбокiм здзiўленнем, шчыра верачы кожнаму яго слову.

А стары асёл, якi цягаў каламажку малочнiцы, стаяў на прывязi каля дарогi i любоўна касавурыўся на квiтучы лопух, але вяроўка была кароткая, i ён нiяк не мог дацягнуцца да куста.

Лопух так многа думаў аб сваiм родзiчы, шатландскiм лопусе, што пад канец паверыў у сваё паходжанне з Шатландыi i ў тое, што iменна яго бацькi i красавалiся ў гербе краiны. Вялiкая гэта была думка, але чаму б такому вялiкаму лопуху i не мець вялiкiх думак?

– Iншы раз паходзiш з такой славутай сям'i, што не асмелiшся i здагадвацца аб тым! – сказала крапiва, якая расла непадалёк, у яе таксама было нейкае цьмянае адчуванне, што пры належным доглядзе i яна магла ператварыцца ў кiсяю!

Лета прайшло, прайшла i восень, лiсце з дрэў асыпалася, кветкi набылi больш яркую афарбоўку, але амаль страцiлi свой пах. Вучань садоўнiка распяваў у садзе з таго боку металiчных прутоў:

Уверх на горку,

Унiз пад горку

Хуткi час бяжыць!

Маладзенькiя елачкi ў лесе пачалi ўжо мардавацца перадкалядным сумам, але да каляд было яшчэ далёка.

– А я ўсё яшчэ тут стаю! – сказаў лопух. – Нiкому як быццам i справы да мяне няма, а я ж наладзiў вяселле! Яны заручылiся, ды i пажанiлiся вось ужо тыдзень таму назад! Што ж, сам я кроку не зраблю – не магу!

Прайшло яшчэ некалькi тыдняў. На лопусе красавалася ўжо толькi адна кветка, апошняя, але вялiкая i пышная. Вырасла яна амаль каля самых каранёў, вецер абвяваў яе холадам, фарбы яе звялi, i чашачка, такая вялiкая, быццам у кветкi артышоку, нагадвала цяпер высерабраны сланечнiк.

У сад выйшла маладая парачка, муж i жонка. Яны iшлi ўздоўж садовай агароджы, i маладая жанчына зiрнула праз яе.

– А вось ён, вялiкi лопух! Усё яшчэ стаiць! – усклiкнула яна. – Але на iм няма больш кветак!

– Не, бачыш вунь марны цень апошняй! – сказаў муж, паказваючы на высерабраныя рэшткi кветкi.

– А яна ўсё-такi прыгожая! – сказала жонка. – Трэба загадаць выразаць такую ж на рамцы вакол нашага партрэта.

I маладому мужу зноў давялося пералезцi цераз агароджу i сарваць кветку лопуху. Кветка ўкалола яму пальцы – малады ж чалавек абазваў яе "марным ценем". I вось кветка трапiла ў сад, у дом i нават у залу, дзе вiсеў партрэт маладажонаў, напiсаны маслянымi фарбамi. У пятлiцы ў маладога была адлюстравана кветка лопуху. Пагаварылi i аб гэтай кветцы, i аб той, якую толькi што прынеслi; яе вырашана было выразаць на рамцы.

Вецер падхапiў гэтыя размовы i разнёс iх далёка-далёка па ўсёй ваколiцы.

– Чаго толькi не прыходзiцца перажыць! – сказаў лопух. – Мой першынец трапiў у пятлiцу, мой паследак трапiў у рамку! Куды ж траплю я?

А асёл стаяў каля дарогi i касавурыўся на яго:

– Падыдзi ж да мяне, салодкi мой! Я не магу падысцi да цябе – вяроўка кароткая!

Але лопух не адказваў; ён усё больш i больш акунаўся ў думы. Так ён прадумаў амаль да каляд i нарэшце расцвiў думкай: "Калi дзеткi ўладкаваны добра, бацькi могуць прастаяць i за металiчнымi прутамi!"

– Вось гэта высакародная думка! – сказаў сонечны прамень. – Але i вы зоймеце ганаровае месца!

– У гаршку цi ў рамцы? – спытаў лопух.

– У казцы! – адказаў прамень.

Вось яна, гэтая казка!

АНЁЛ

Кожны раз, калi памiрае добрае, мiлае дзiця, з неба спускаецца божы анёл, бярэ дзiця на рукi i аблятае з iм на сваiх вялiкiх крылах усе яго любiмыя мясцiны. Па шляху яны набiраюць цэлы букет розных кветак i бяруць iх з сабою на неба, дзе яны расцвiтаюць яшчэ ярчэй, чым на зямлi. Бог прыцiскае ўсе кветкi да свайго сэрца, а адну кветку, якая здасца яму мiлей за ўсе iншыя, цалуе; кветка атрымае тады голас i можа далучыцца да хору блажэнных духаў.

Усё гэта апавядаў божы анёл мёртваму дзiцёнку, узносячы яго ў сваiх абдымках на неба; дзiця слухала анёла, як скрозь сон. Яны праляталi над тымi мясцiнамi, дзе так часта гулялi дзецi пры жыццi, праляталi над зялёнымi садамi, дзе расло мноства цудоўных кветак.

– Якiя ж узяць нам з сабою на неба? – спытаўся анёл.

У садзе стаяў цудоўны, стройны ружовы куст, але нейчая злая рука надламала яго, так што галiны, усыпаныя буйнымi, напаўраспушчанымi бутонамi, амаль завялi i сумна павiслi.

– Бедны куст! – сказала дзiця. – Возьмем яго, каб ён зноў расцвiў там, на небе.

Анёл узяў куст i так моцна пацалаваў дзiця, што яно злёгку прыадкрыла вочкi. Потым яны нарвалi яшчэ шмат яркiх кветак, але, акрамя iх, узялi i сцiплы грымотнiк i просценькiх браткоў.

– Ну вось, цяпер i хопiць! – сказала дзiця, але анёл пакiваў галавой, i яны паляцелi далей.

Ноч была цiхая, светлая; увесь горад спаў; яны праляталi над адной з самых вузкiх вулiц. На маставой валялася салома, попел i ўсякi хлам: чарапкi, абломкi алебастры, анучы, старыя донцы ад капелюшоў, словам, усё, што ўжо адслужыла свой век або згубiла ўсякi выгляд; напярэдаднi якраз быў дзень пераезду.*

* У Капенгагене кватэры здымалiся звычайна на паўгода, з 1 сакавiка да 1 верасня i з 1 верасня да 1 сакавiка; гэтыя два днi i былi днямi агульнага пераезду з кватэры на кватэру.

I анёл паказаў на разбiты кветачны гаршчок, якi валяўся сярод гэтага хламу i з якога вывалiўся камяк зямлi, увесь аплецены каранямi вялiкай польнай кветкi; кветка звяла i нiкуды больш не была вартая, яе i выкiнулi.

– Возьмем яе з сабою! – сказаў анёл. – Я раскажу табе пра гэтую кветку, пакуль мы ляцiм!

I анёл пачаў расказваць.

– На гэтай вузкай вулiцы, у нiзкiм падвале, жыў бедны хворы хлопчык. З самых раннiх гадоў ён ляжаў у пасцелi; калi ж адчуваў сябе асаблiва добра, то праходзiў на мылiцах па сваёй каморцы разы два назад i ўперад, вось i ўсё. Бывала, летам сонейка заглядвала на паўгадзiны i ў падвал; тады хлопчык садзiўся на сонейку i, трымаючы рукi супраць святла, любаваўся, як прасвечваецца ў яго тонкiх пальцах кроў; такое сядзенне на сонейку замяняла яму прагулку. Пра багатае асенняе ўбранне лясоў ён ведаў толькi таму, што сын суседаў прыносiў яму вясною першую ў кветках букавую галiнку; хлопчык трымаў яе над галавой i пераносiўся думкай пад зялёныя букi, дзе блiшчала сонейка i спявалi птушкi.

Аднойчы суседаў сын прынёс хлопчыку польных кветак, памiж iмi была адна з карэньчыкамi; хлопчык пасадзiў яе ў кветкавы гаршчок i паставiў на акне каля свайго ложка. Мусiць, лёгкая рука пасадзiла кветку: яна прынялася, стала расцi, пускаць парасткi, кожны год цвiла i была для хлопчыка цэлым садам, яго маленькiм зямным скарбам. Хлопчык палiваў яе, даглядаў i клапацiўся пра тое, каб яго не абмiнуў нiводзiн прамень, якi прабiваўся ў каморку. Дзiця жыло i дыхала сваёй любiмiцай: яна ж цвiла, пахла i прыгажэла для яго аднаго. Да кветкi павярнуўся хлопчык нават у тую апошнюю хвiлiну, калi яго клiкаў да сябе гасподзь Бог... Вось ужо цэлы год, як хлопчык у Бога; цэлы год стаяла кветка, усiмi забытая, на акне, завяла, засохла i была выкiнута на вулiцу разам з iншым хламам. Вось гэтую бедную, завялую кветку мы i ўзялi з сабой: яна дала нам куды больш радасцi, чым самая яркая кветка ў садзе каралевы.

– Адкуль ты ведаеш усё гэта? – спытала дзiця.

– Ведаю! – адказаў анёл. – Я ж сам быў тым бедным калекам хлопчыкам, якi хадзiў на мылiцах! Я пазнаў сваю кветку!

I дзiця шырока-шырока адкрыла вочкi, углядаючыся ў прывабны, радасны твар анёла. У тую ж самую хвiлiну яны апынулiся на небе ў Бога, дзе пануюць вечныя радасць i шчасце. Бог прыгарнуў да свайго сэрца мёртвае дзiця – i ў таго выраслi крылы, як у iншых анёлаў, ён паляцеў разам з iмi. Бог прытулiў да сэрца i ўсе кветкi, пацалаваў жа толькi бедную, звялую польную кветку, i тая далучыла свой голас да хору анёлаў, якiя акружалi Бога; адны ляталi каля яго, другiя – трошкi далей, трэцiя – яшчэ далей, i так да бясконцасцi, але ўсе былi аднолькава шчаслiвыя. Усе яны спявалi – i малыя, i вялiкiя, i добрае, толькi што памершае дзiця, i бедная польная кветачка, выкiнутая на маставую разам са смеццем i хламам.

БУСЛЫ

На даху самага крайняга дамка ў адным маленькiм мястэчку знайшла прытулак буслянка. У ёй сядзела матуля з чатырма птушанятамi, якiя высоўвалi з гнязда свае маленькiя чорныя дзюбы, – яны ў iх яшчэ не паспелi пачырванець. Непадалёку ад буслянкi, на самым каньку даху, стаяў, выцягнуўшыся ў струнку i падцiснуўшы пад сябе адну нагу, сам татухна; нагу ён падцiскаў, каб не стаяць на варце без справы. Можна было падумаць, што ён выразаны з дрэва, такi ён быў нерухомы.

"Вось важна дык важна! – думаў ён. – Ля буслянкi маёй жонкi стаiць вартавы! Хто ж ведае, што я ейны муж? Могуць падумаць, што я выпраўлены сюды ў каравул. Вось жа важна!" I ён па-ранейшаму стаяў на адной назе.

На вулiцы гуляла дзятва; убачыўшы бусла, самы гарэзлiвы з хлапчукоў зацягнуў, як умеў ды памятаў, старадаўнюю песеньку пра буслоў; за iм падхапiлi ўсе астатнiя:

Бусел, бусел белы,

Што стаiш дзень цэлы

На назе адной?

Дом пiльнуеш свой?

Можа, хочаш гэтак

Зберагчы ты дзетак?

Смешна з клопатаў тваiх,

Мы ўсё роўна зловiм iх!

Аднаго мы – на шнурок,

А другога – у ставок,

Трэцяга – заколем,

Меншага – зняволiм

Ды ў вогнiшча кiнем,

Там ён i загiне!

– Паслухай, што пяюць хлапчукi! – сказалi птушаняты. – Яны кажуць, што нас павесяць ды ўтопяць!

– Не трэба звяртаць на iх увагi! – сказала iм мацi. – Толькi не слухайце, нiчога i не здарыцца!

Але хлапчукi не сунiмалiся, спявалi ды пацвельвалiся з буслоў; толькi адзiн з хлопчыкаў, якога звалi Петар, не схацеў далучыцца да таварышаў, гаворачы, што грэшна цвелiцца з жывёлы. А мацi суцяшала птушанят.

– Не звяртайце ўвагi! – казала яна. – Глядзiце, як спакойна стаiць ваш бацька, i гэта на адной толькi назе!

– А нам страшна! – сказалi птушаняты i глыбока-глыбока схавалi галоўкi ў буслянку.

На другi дзень хлапчукi зноў высыпалi на вулiцу, убачылi буслоў ды зноў заспявалi:

Аднаго мы – на шнурок,

А другога – у ставок...

– Дык нас павесяць ды ўтопяць? – зноў спыталiся птушаняты.

– Ды не ўжо, не! – адказала мацi. – А вось неўзабаве мы распачнем навучанне! Вам трэба навучыцца лятаць! Калi ж навучыцеся, мы выправiмся з вамi на лугавiну ў госцi да жабак. Яны будуць прысядаць перад намi ў вадзе ды пяяць: "ква-ква-ква!" А мы з'ямо iх – вось будзе весела!

– А потым? – спыталiся птушаняты.

– А потым усе мы, буслы, збярэмся на асеннiя манеўры. Вось тады ўжо трэба ўмець лятаць як мае быць! Гэта вельмi важна! Таго, хто будзе лятаць дрэнна, генерал праткне сваёй вострай дзюбай! Дык вось, старайцеся з усяе сiлы, калi навучанне пачнецца!

– Дык нас усё-ткi заколюць, як сказалi хлапчукi! Паслухай, яны зноў спяваюць!

– Слухайце мяне, а не iх! – сказала мацi. – Пасля манеўраў мы паляцiм адсюль далёка-далёка, за высокiя горы, за цёмныя лясы, у цёплыя краi, у Егiпет! Там ёсць трохкутныя каменныя дамы; верхавiнамi яны ўпiраюцца ў самыя аблокi, а завуць iх пiрамiдамi. Яны пабудаваныя даўным-даўно, так даўно, што нiводзiн бусел нават i ўявiць сабе не можа! Там ёсць таксама рака, якая разлiваецца, i тады ўвесь бераг пакрываецца глеем! Ходзiш сабе па глеi ды частуешся жабкамi!

– О! – сказалi птушаняты.

– Так! Вось асалода! Там цалюсенькi дзень толькi i робiш што ясi. А вось у той час, як нам там будзе гэтак хораша, тут на дрэвах не застанецца анiводнага лiсточка, надыдзе такая халадэча, што воблакi застынуць кавалкамi ды будуць ападаць на зямлю белымi крошкамi!

Яна хацела распавесцi iм пра снег, ды не ўмела растлумачыць як след.

– А гэтыя нядобрыя хлапчукi таксама застынуць кавалкамi? – спыталiся птушаняты.

– Не, кавалкамi яны не застынуць, але памерзнуць iм давядзецца. Будуць сядзець ды сумаваць у цёмным пакоi i носу не адважацца высунуць на вулiцу! А вы ж будзеце лятаць у чужых краях, дзе квiтнеюць краскi ды ярка свецiць цёплае сонейка.

Прамiнула няшмат часу, птушаняты падраслi, маглi ўжо ўставаць у буслянцы i аглядацца навокал. Татуля-бусел штодня прыносiў iм ладных жабак, маленькiх вужакаў ды ўсялякiя iншыя ласункi, якiя толькi мог здабыць. А як пацяшаў ён птушанят рознымi забаўнымi штукамi! Даставаў галавою свой хвост, ляскаў дзюбай, быццам у яго ў горле сядзела трашчотка, ды распавядаў iм розныя балотныя гiсторыi.

– Ну, час цяперака ўжо i за навучанне брацца! – сказала iм аднаго цудоўнага дня матуля, i ўсiм чатыром птушанятам давялося вылезцi з буслянкi на дах. Бацюхны мае, як яны хiсталiся, балансавалi крыламi i ўсё-ткi ледзьве-ледзь не звалiлiся! – Глядзiце на мяне! – сказала мацi. – Голаў вось так, ногi так! Раз-два! Раз-два! Вось што дапаможа вам прабiць сабе дарогу ў жыццi! – I яна зрабiла некалькi ўзмахаў крыламi. Птушаняты няўклюдна падскочылi i – бэнц! – усе так i распласталiся! Яны былi яшчэ цяжкiя на пад'ём.

– Я не хачу вучыцца! – сказала адно птушаня ды ўскараскалася назад у буслянку. – Я зусiм не хачу ляцець у вырай!

– Дык ты хочаш замерзнуць тут узiмку? Хочаш, каб хлапчукi прыйшлi ды павесiлi, утапiлi альбо спалiлi цябе? Пачакай, я зараз паклiчу iх!

– Ах, не, не! – сказала птушаня i зноў выскачыла на дах.

На трэцi дзень яны ўжо неяк ляталi i ўявiлi сабе, што могуць таксама трымацца ў паветры на распасцёртых крылах. "Няма чаго ўвесь час махаць iмi, казалi яны. – Можна i адпачыць". Так i зрабiлi, але... адразу ж пляснулiся на дах. Давялося зноў працаваць крыламi.

У гэты час на вулiцы сабралiся хлапчукi ды заспявалi:

Бусел, бусел белы!

– А што, паляцiм ды выдзяўбем iм вочы? – спыталiся птушаняты.

– Не, не трэба! – сказала мацi. – Слухайце лепш мяне, гэта шмат важней! Раз-два-тры! Цяперака паляцiм направа; раз-два-тры! Цяперака налева, вакол комiна! Выдатна! Апошнi ўзмах крыламi атрымаўся такi цудоўны, што я дазволю вам заўтра падацца са мной на балота. Там пакажаце сябе! Я хачу, каб вы былi самыя мiленькiя з усiх. Трымайце галовы вышэй, так шмат прыгажэй ды больш унушальна!

– Але няўжо мы так i не адпомсцiм гэтым нядобрым хлапчукам? – спыталiся птушаняты.

– Няхай яны крычаць сабе што хочуць! Вы ж палецiцё да аблокаў, убачыце краiну пiрамiдаў, а яны будуць мерзнуць тут узiмку, не ўбачаць анiводнага зялёнага лiсточка, анiводнага салодкага яблычка!

– А мы ўсё-ткi адпомсцiм! – шапнулi птушаняты адно аднаму i працягвалi вучыцца.

Найбольш задзiрысты з усiх хлапчукоў быў самы маленькi, той, што першы завёў песеньку пра буслоў. Яму было не болей шасцi гадкоў, хаця птушаняты i думалi, што яму гадоў са сто, – ён жа быў вышэйшы за iх бацьку з мацi, а што ведалi птушаняты пра гады дзяцей i дарослых людзей! I вось уся помста птушанят павiнна была абрушыцца на гэтага хлапчука, якi быў завадатарам ды самым неўгамонным з насмешнiкаў. Птушаняты былi на яго страшэнна ўзлаваныя i чым больш яны выросталi, тым менш хацелi цярпець ад яго крыўды. Нарэшце матцы давялося паабяцаць iм як-небудзь адпомсцiць хлапчуку, але не раней, як перад самым адлётам iх у вырай.

– Паглядзiм спачатку, як вы будзеце паводзiць сябе на вялiкiх манеўрах! Калi справа пойдзе дрэнна i генерал праколе вам грудзi сваёю дзюбай, праўда ж будзе на баку хлапчукоў. Вось пабачым!

– Пабачыш! – сказалi птушаняты i старанна ўзялiся за практыкаваннi. З кожным днём справа iшла ўсё лепей, i нарэшце яны пачалi лятаць так лёгка ды прыгожа, што проста любата!

Надышла восень; буслы пачалi рыхтавацца да адлёту на зiму ў вырай. Вось дык манеўры пайшлi! Буслы ляталi ўзад i ўперад над лясамi ды азёрамi: iм трэба было выпрабаваць сябе – iх жа чакала велiзарнае падарожжа! Нашы птушаняты вызначылiся i атрымалi на iспытах не па нулю з хвастом, а па дванаццацi з жабкай ды з вужакай! Лепш за гэткую адзнаку для iх i быць не магло: жабак ды вужакаў можна ж было з'есцi, што яны i зрабiлi.

– Цяперака будзем помсцiць! – сказалi яны.

– Добра! – сказала мацi. – Вось што я надумала – гэта будзе лепш за ўсё. Я ведаю, дзе той ставок, у якiм сядзяць маленькiя дзецi да таго часу, пакуль бусел не возьме ды не аднясе iх да таты з мамай. Цудоўныя малюпасенькiя дзеткi спяць i бачаць дзiвосныя сны, якiх нiколi ўжо не будуць бачыць потым. Усiм бацькам хочацца мець такое немаўлятка, а ўсiм дзецям – малюпасенькага брацiка цi сястрычку. Паляцiм да стаўка, возьмем адтуль немаўлятак ды аднясем да тых дзяцей, якiя не цвялiлiся з буслоў; нядобрыя ж насмешнiкi не атрымаюць анiчога!

– А тому злоснаму, што першы пачаў цвялiцца з нас, яму што будзе? спыталiся маладыя буслы.

– У стаўку ляжыць адно мёртвае дзiцятка, яно заспалася да смерцi; вось яго мы аднясем злоснаму хлапчуку. Няхай паплача, убачыўшы, што мы прынеслi яму мёртвага брацiка. А вось тому добраму хлопчыку, – спадзяюся, вы не забылiся пра яго, – якi сказаў, што грэх цвялiцца з жывёлы, мы прынясем зараз i брацiка i сястрычку. Яго завуць Петар, будзем жа i мы ў ягоны гонар звацца Петарамi!

Як сказана, так i было зроблена, i вось усiх буслоў завуць з таго часу Петарамi.

ШЧЫРАЯ ПРАЎДА

– Жахлiвае здарэнне! – сказала курыца, якая жыла зусiм у iншым краi горада, а не там, дзе здарыўся выпадак. – Жахлiвае здарэнне ў куратнiку! Я проста баюся цяпер начаваць адна! Добра, што нас шмат на седале!

I яна ўзялася расказваць, ды так, што ва ўсiх курэй пер'е паднялося дыбам, а ў пеўня скурчыўся грэбень.

Сонца садзiлася, i ўсе куры былi ўжо на седале. Адна з iх, белая каратканожка, курыца ва ўсiх адносiнах прыстойная i паважаная, якая спраўна несла яек столькi, колькi трэба, сеўшы зручней, пачала перад сном чысцiцца i распрамляць дзюбаю пер'е. I вось адна маленькая пярынка вылецела i ўпала на дол.

– Бач, як паляцела! – сказала курыца. – Але нiчога, чым лепш я прыбiраюся, тым болей прыгажэю!

Гэта яна сказала проста так, жартам, – курыца ўвогуле была вясёлая па характары, але гэта нiяк не замiнала ёй быць, як мы ўжо казалi, вельмi i вельмi паважанай курыцаю. Неўзабаве яна заснула.

У куратнiку было цёмна. Куры ўсе сядзелi поплеч, i тая, што была збоку з гэтай прыстойнай курыцаю, не спала яшчэ: яна не тое каб наўмысна падслухоўвала суседчыныя шэпты, але ўсё ж крыху чула iх, – бо так i трэба, калi хочаш мiрна жыць з суседзямi. I вось яна не выцерпела i прашаптала другой сваёй суседцы:

– Чула? Я не хачу называць iмён, але тут ёсць курыца, якая можа вырваць на сабе ўсё пер'е, каб толькi быць прыгажэйшай. Каб была я пеўнем, дык пагарджала б ёю!

Якраз над курамi сядзела ў гняздзе сава з мужам i дзеткамi; совы маюць востры слых, i яны пачулi ўсё, што тут гаварылi. Усе яны пры гэтым жвавей пакручвалi вачыма, а савiха махала крыллем, нiбы веерамi.

– Тс-с! Не слухайце, дзеткi! Зрэшты, вы, канечне, ужо чулi? Я таксама. Ах! Проста вушы вянуць. Адна курыца да таго дайшла, што пачала вырываць на сабе пер'е перад самымi вачыма пеўня!

– Рrеnez gаrde аuх еnfаnts!* – сказаў сава-бацька. – Дзецям зусiм не варта чуць такое!

* Цiшэй, тут дзецi! (фр.)

– Трэба будзе расказаць пра гэта нашай суседцы, яна такая мiлая асоба!

I савiха паляцела да суседкi.

– У-гу, у-гу! – загукалi пасля абедзве савы над недалёкай галубятняй. – Вы чулi? Вы чулi? У-гу! Адна курыца выскубла з сябе ўсё пер'е дзеля пеўня! Яна замерзне, замерзне насмерць! Калi ўжо не акачанела! У-гу!

– Вур-вур! Дзе? Дзе? – вуркаталi галубы.

– На суседняй сядзiбе! Гэта амаль на маiх вачах было! Проста непрыстойна i гаварыць пра гэта, але ўсё тут шчырая праўда!

– Верым, верым! – сказалi галубы i завуркаталi курам, якiя сядзелi знiзу:

– Вур-вур! Адна курыца, кажуць, нават дзве курыцы выскублi з сябе ўсё пер'е, каб спадабацца пеўню! Небяспечная задума! Можна ж прастудзiцца i памерцi, ды яны памерлi ўжо!

– Кукарэку! – заспяваў певень, узлятаючы на плот. – Прачнiцеся! – У яго самога вочы яшчэ зусiм злiпалiся спрасоння, а ён ужо крычаў: – Тры курыцы загiнулi ад няшчаснага кахання да пеўня! Яны выскублi на сабе ўсё пер'е! Такая вось непрыстойная гiсторыя! Не хачу маўчаць пра яе! Няхай разыдзецца гэта па ўсiм свеце!

– Няхай, няхай! – запiшчалi кажаны, закудахкалi куры, загарланiлi пеўнi. Няхай, няхай!

I гiсторыя паняслася – з двара ў двор, з куратнiка ў куратнiк i дайшла нарэшце да таго месца, адкуль пачалася.

– Пяць курыц, – гаварылi тут, – выскублi з сябе ўсё пер'е, каб паказаць, хто з iх болей схуднеў ад любовi да пеўня! Пасля яны задзяўблi адна адну насмерць, на сорам i ганьбу ўсяму свайму роду i на страту сваiм гаспадарам!

Курыца, якая згубiла адну пярынку, канечне, не ўведала, што гэтая гiсторыя пачалася з яе, i, як курыца ва ўсiх адносiнах паважная, сказала:

– Я пагарджаю такiмi курамi! Але такiх нямала! Пра такiя рэчы, аднак, нельга маўчаць! I я, са свайго боку, зраблю ўсё, каб гэтая гiсторыя трапiла ў газеты! Няхай разыдзецца па ўсiм свеце – гэтыя куры i ўвесь iхнi род вартыя такога!

I ў газетах сапраўды змясцiлi ўсю гiсторыю, i гэта шчырая праўда: адной маленькай пярынцы зусiм не цяжка пераўтварыцца ажно ў пяць курыц!

ШТО МУЖ НI ЗРОБIЦЬ, УСЁ ДОБРА

Раскажу я табе казку, якую сам чуў у маленстве. I кожны раз, як я ўспамiнаў яе пасля, яна здавалася мне ўсё лепшай i лепшай, бо i з казкамi бывае гэтак жа, як шмат з кiм з людзей: з гадамi яны становяцца ўсё лепшымi i лепшымi, i гэта вельмi добра!

Ты, вядома, бываў у вёсцы, i табе, напэўна, даводзiлася бачыць старэнькiя вясковыя хаты з саламянымi стрэхамi. Стрэхi гэтыя абраслi мохам, травою, на вiльчыку абавязкова буслiнае гняздо, сцены пакрывiлiся, акенцы нiзенькiя, i адчыняецца ўсяго адно; на кухнi печ выпучваецца, нiбы жывот таўстуна; цераз агароджу звiсае куст бузiны. А дзе трапiцца лужына, па якой плавае качка з качанятамi, там прыткнулася i вузлаватая, каравая вярба. Каля хаты ёсць, вядома, навязаны на ланцуг сабака, якi брэша на ўсiх i кожнага.

Якраз вось такая хатка i стаяла ў адной вёсцы, а ў ёй жылi старыя муж з жонкай. Ды як нi бедна яны жылi, сёе-тое было ў iх i лiшняе. Так яны маглi абысцiся без свайго каня, бо работы для яго не было, i ён цэлыя днi пасвiўся ў прыдарожнай канаве. Муж часамi ездзiў на канi ў горад, iншы раз пазычаў яго суседзям, за што тыя расплачвалiся дробнымi паслугамi. Але ўсё-такi выгадней было б прадаць гэтага каня або памяняць на што-небудзь больш патрэбнае. А на што памяняць?

– Ну, што прадаць, а што купiць, ты лепей за мяне ведаеш! – сказала мужу жонка. – Цяпер якраз кiрмаш у горадзе, едзь туды, ды i прадай конiка або памяняй з выгадай! Ты ж у мяне заўсёды што нi зробiш, дык усё добра! Едзь з Богам!

I яна завязала яму на шыю хусцiнку – гэта яна ўсё-такi ўмела рабiць лепш за мужа, завязала яе падвойным вузлом; вельмi прыгожа выйшла! Потым яна прыгладзiла далонню капялюш мужа i пацалавала старога проста ў губы. I вось ён паехаў на канi, якога трэба было або прадаць, або прамяняць у горадзе. А ўжо ў чым, у чым, а ў куплi-продажы ён разбiраўся!

Сонца так i пякло, на небе не было нi воблачка. Над дарогай стаялi хмары пылу, бо на кiрмаш ехала i iшло столькi народу – хто на возе, хто вярхом, а хто проста пешкi. Спёка стаяла нясцерпная, i нiдзе на ўсёй дарозе анiякага ценю.

I тут стары ўбачыў, што па дарозе iдзе чалавек i гонiць перад сабою карову, ды такую прыгожую, адно заглядзенне! "Пэўна, i малако яна дае цудоўнае! – падумаў наш селянiн. – От бы выменяць яе за каня!"

– Гэй, ты там, з кароваю! – гукнуў ён. – Давай пагамонiм! Бачыш майго каня? Я думаю, ён каштуе даражэй за тваю карову, але карова мне больш патрэбна. Давай памяняемся, га?

– Давай, – згадзiўся гаспадар каровы, i яны памянялiся.

Памянялiся, i цяпер селянiн мог спакойна вярнуцца дадому. Але ж ён збiраўся пабываць у горадзе i таму разам з каровай рушыў далей, каб хоць паглядзець на кiрмаш.

Iшоў ён шпарка, карова не адставала, i неўзабаве яны дагналi чалавека, якi вёў авечку. Авечка была добрая, укормленая, з густою воўнаю.

"От бы мне такую! – падумаў селянiн. – Улетку ёй хопiць корму ў нашай канаве, а на зiму яе можна браць у хату. I праўда, нам зручней трымаць авечку, чым карову. Памяняцца, цi што?"

Гаспадар авечкi ахвотна згадзiўся на абмен, i селянiн пайшоў далей ужо з авечкай. Раптам ён убачыў пры дарозе чалавека, якi трымаў пад пахаю вялiкую гусь.

– Ну i гусь у цябе! – залюбаваўся селянiн. – Ды тлустая якая! Ды пер'я на ёй колькi! Хораша было б паглядзець, як яна плавае на прывязi ў нашай лужыне. I старой маёй было б для каго збiраць аб'едкi! Яна не раз гаварыла: "Ах, каб у нас была гусь!" Ну вось цяпер яна будзе яе мець! Хочаш мяняцца? Даю табе за гусь авечку, ды яшчэ дзякуй скажу ў прыдачу!

Той не адмовiўся, i яны памянялiся. Селянiн займеў гусь.

Тым часам горад ужо быў блiзка, i дарога ажно кiшма кiшэла людзьмi i жывёлай – ступiць не было дзе. Таму шмат хто iшоў па дне канавы, а некаторыя нават па палетку бульбы вартаўнiка пры дарозе. Тут жа хадзiла курыца вартаўнiка, але яе прывязалi да агароджы аборкай, каб яна не спалохалася людской таўханiны i не адбiлася ад дому. Была яна куртатая, падмiргвала адным вокам i ўвогуле з выгляду курыца хоць куды. "Ко-ко-ко!" – сакатала яна; што хацела гэтым сказаць, я не ведаю, але селянiн, як убачыў яе, дык падумаў: "Лепшай за гэтую курыцу я не бачыў. Яна прыгажэйшая за квактуху нашага святара; от бы яе нам! Курачка заўсёды знойдзе сабе зернетка, лiчы, што сама сябе пракормiць! Дапраўды, добра было б памяняць на яе гусь".

– Хочаш мяняцца? – спытаў ён у вартаўнiка.

– Мяняцца? А чаму б i не?! – адказаў той.

I яны памянялiся: вартаўнiк узяў сабе гусь, а селянiн курыцу.

Нямала ўсё-такi панамяняўся ён па дарозе ў горад, ды яшчэ спякота стаяла страшэнная, i ён вельмi стамiўся. Няблага было б цяпер i перакусiць! А тут якраз i карчма побач. У яе ён i падаўся, але каля дзвярэй сутыкнуўся з парабкам, якi нёс туга напакаваны нечым мех.

– Што нясеш? – спытаў селянiн.

– Гнiлыя яблыкi, – адказаў парабак. – От назбiраў поўны мех свiнням.

– Ух ты! Гэтак многа?! От каб пабачыла мая жонка! У нас летась урадзiў на старой яблынi ўсяго адзiн яблык, дык мы яго так шанавалi, у куфры хавалi, пакуль ён не згнiў! Але мая старая ўсё адно казала: "Якi нi ёсць, а прыбытак!" От каб яна паглядзела, якi бывае прыбытак. Хацелася б мне пацешыць яе!

– А што вы дасце за гэты мех? – спытаў хлопец.

– Што дам? Ды вось курыцу!

Селянiн аддаў курыцу парабку, узяў мех з яблыкамi, зайшоў у карчму i адразу да прылаўка, а мех свой прыхiлiў да печы, у якой якраз палiлася. Ды ён на гэта не звярнуў увагi. У карчме было процьма народу: перакупшчыкi, гандляры жывёлай. Сядзелi там i два ангельцы. Ды такiя багатыя, што ўсе кiшэнi ў iх былi набiты золатам. I вельмi ж любiлi яны iсцi ў заклад. А цяпер паслухайце!

"Пок! Пок! Пок!" – пачулася каля печы.

Ды гэта ж яблыкi пачалi лопацца ад гарачынi.

Вось тут усе i даведалiся пра гiсторыю, як стары памяняў каня на карову, карову на авечку i ўрэшце атрымаў мех гнiлых яблыкаў.

– Ну i будзе табе ад жонкi, як вернешся! Дасць яна табе дыхту! Галаву адарве! – загаманiлi ўсе ў карчме.

– Нiчога не будзе, – запярэчыў селянiн. – Жонка пацалуе мяне i скажа: "Што муж нi зробiць, усё добра!"

– А вось пабачым! – заспрачалiся ангельцы. – Iдзём у заклад на бочку золата!

– Хопiць i адной меркi, – сказаў селянiн. – А я са свайго боку магу паставiць толькi поўную мерку яблыкаў ды самога сябе са сваёю старою ў прыдачу, гэтага хопiць з лiшкам!

– Згодны! – закрычалi ангельцы.

Пад'ехала каламажка карчмара. У ёй змясцiлiся ўсе – ангельцы, селянiн, узвалiлi i мех з гнiлымi яблыкамi. Каламажка рушыла ў дарогу, i нарэшце прыехалi да хацiнкi старога селянiна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю