Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"
Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 19 страниц)
Аднойчы хлапчук пачуў, як мацi сказала бацьку:
– Стары ўвогуле жыве няблага, але ён такi адзiнокi, бедны!
У наступную ж нядзелю хлапчук загарнуў штосьцi ў паперчыну, выйшаў за вароты i запынiў пакаёвага старога.
– Будзь добры! Занясi гэта ад мяне старому пану! У мяне два алавяныя салдацiкi, вось яму адзiн! Няхай ён застанецца ў яго, бо стары пан гэтакi адзiнокi, бедны!
Пакаёвы, здаецца, узрадаваўся, кiўнуў галавой i занёс салдацiка ў стары дом. Затым той жа слуга заявiўся да хлапчука запытаць, цi не пажадае ён сам зайсцi да старога пана. Бацькi дазволiлi, i хлапчук адправiўся ў госцi.
Медныя бляшкi на поручнях лесвiцы блiшчэлi ярчэй, чым калi, быццам iх нацёрлi, чакаючы госця, а жвавыя трубачы – на дзвярах былi выразаныя якраз трубачы, якiя выцiкоўвалi з цюльпанаў, – здавалася, дзьмулi ў трубы з усяе сiлы, i шчокi iхнiя напаўнялiся, круглелi больш, чым заўсёды. Яны трубiлi: "Тра-та-та-та! Хлопчык iдзе! Тра-та-та-та!" Дзверы адчынiлiся, i хлапчук зайшоў у вiтальню. Усе сцены былi абвешаны старымi партрэтамi рыцараў у латах-панцырах i жанчын у шаўковых сукенках, рыцарскiя даспехi пазвоньвалi, а сукенкi шамацелi... Затым хлапчук трапiў на лесвiцу, што спачатку вяла высока ўверх, а пасля зноў унiз, i апынуўся на даволi-такi пракаветнай тэрасе з вялiкiмi дзiркамi i шырокiмi шчылiнамi ў падлозе, з якiх вытыркалiся зялёная трава i лiсце. Уся тэраса, увесь двор i нават уся сцяна дома былi абчапляныя зеленню, дык тэраса здавалася сапраўдным садам, хоць на самай справе гэта была толькi тэраса! Тут стаялi старыя гаршкi для кветак нападобе галоў з аслiнымi вушамi; кветкi раслi ў iх як хацелi. У адным гаршку так i лезлi цераз край гваздзiкi: зялёныя сцяблiнкi iх разбягалiся ва ўсе бакi, i гваздзiкi нiбы гаварылi: "Ветрык песцiць нас, сонейка цалуе i абяцае падарыць нам у нядзелю яшчэ адну кветачку! Яшчэ адну кветачку ў нядзелю!"
З тэрасы хлапчука завялi ў пакой, абабiты свiной скураю з залатым цiсненнем.
Што ж, пазалота сатрэцца,
Свiная ж скура застанецца!
гаварылi сцены.
У тым жа пакоi стаялi ўпрыгожаныя разьбою крэслы з высокiмi спiнкамi.
– Сядай! Сядай! – запрашалi яны, а пасля жаласна рыпелi. – Ох, як ломiць косцi! I ў нас ламавiца, як i ў старой шафы! Касталомiца ў спiне! Ох!
Затым хлапчук зайшоў у той самы пакой, што навiсаў, быццам балкон, над нiжнiм паверхам. Тут сядзеў сам старэнькi гаспадар.
– Дзякуй за алавянага салдацiка, дружа! – сказаў ён хлапчуку. – I дзякуй, што сам завiтаў да мяне!
"Так, так" цi, лепш сказаць, "кхак, кхак!" – закрактала i зарыпела мэбля. Крэслаў, сталоў i стулаў было столькi шмат, што яны замiналi адно аднаму пазiраць на хлапчука.
На сцяне вiсеў партрэт прыгожай маладой жанчыны з жывым вясёлым тварам, але зачасанай i ўбранай па даўнiм ладзе: валасы яе былi напудраныя, а сукенка стаяла стырчком. Жанчына не сказала нi "так", нi "кхак", але ласкава пазiрала на хлапчука, i ён тут жа запытаў у старога:
– Дзе вы яе дасталi?
– У крамцы старызнiка, – адказаў той. – Там шмат такiх партрэтаў, але нiхто на iх не зважае: нiхто не ведае, з каго iх малявалi, – усе тыя асобы даўным-даўно памерлi i пахаваныя. Вось i гэтай панi няма на свеце гадоў пяцьдзесят, але я ведаў яе некалi, у даўнiну.
Пад карцiнай вiсеў за шклом букецiк засушаных кветак; iм, мусiць, таксама было гадоў пад пяцьдзесят, – такiя яны былi старыя! Маятнiк вялiкага i старасвецкага гадзiннiка гайдаўся туды-сюды, стрэлка рухалася, i ўсё ў пакоi старэла з кожнай хвiлiнаю, само таго не заўважаючы.
– У нас дома кажуць, што ты вельмi адзiнокi! – прамовiў хлапчук.
– О! Мяне пастаянна наведваюць успамiны... Яны прыводзяць з сабой столькi знаёмых асоб i вобразаў!.. А цяпер вось i ты зайшоў да мяне! Не, мне добра!
I стары ўзяў з палiцы кнiжку з малюнкамi. Там былi адлюстраваныя цэлыя працэсii, незвычайна дзiўныя карэты, якiх цяпер ужо не ўбачыш, салдаты, падобныя на трэфовых валетаў, гарадскiя рамеснiкi са сцягамi, што луналi. У краўцоў на сцягах красавалiся нажнiцы, якiя падтрымлiвалi два львы, у шаўцоў жа не боты, а арол з дзвюма галовамi – шаўцы робяць толькi парныя рэчы. Вось гэта была кнiжка дык кнiжка!
Стары гаспадар падаўся ў суседнi пакой па сочыва, яблыкi i арэхi. Не, у старасвецкiм доме, далiбог, было, вельмi цудоўна i добра.
– А я проста не магу заставацца тут! – прамовiў алавяны салдацiк, якi стаяў на куфры. – Тут так цiха i сумна. Не, хто прывыкнуў да сямейнага жыцця, таму тут не жыць. Сiлы маёй больш няма! Дзень цягнецца тут бясконца, а вечар яшчэ даўжэй! Тут не пачуеш нi прыемных гутарак, якiя вялi, бывала, твае бацькi, нi вясёлай дзiцячай гульнi, як у вас! Стары гаспадар такi адзiнокi! Ты думаеш, яго хто-небудзь цалуе? Пазiрае на яго хто-небудзь з ласкай? Бывае ў яго елка? Атрымлiвае ён падарункi? Не, нiколi! Вось ён хiба труну атрымае!.. Не, далiбог, я не вытрымаю такога жыцця!
– Ну, ну, хопiць! – сказаў хлапчук. – Па-мойму, тут цудоўна; сюды завiтваюць успамiны i прыводзяць з сабою столькi знаёмых асобаў!
– Штосьцi не бачыў я iх, ды i мне яны незнаёмыя ж! – адказаў алавяны салдацiк. – Не, мне проста няма сiлы заставацца тут!
– А трэба! – сказаў хлапчук.
У гэтую хвiлiну ў пакой зайшоў з вясёлай усмешкаю стары i чаго ён толькi не прынёс! I сочыва, i яблыкаў, i арэхаў! Хлапчук адразу ж забыўся пра алавянага салдацiка.
Вясёлы i задаволены вярнуўся ён дадому. Днi iшлi за днямi; хлапчук па-ранейшаму дасылаў у стары дом прывiтаннi, а адтуль меў таксама прывiтаннi ў адказ, i вось хлопчык зноў накiраваўся туды ў госцi.
Разныя трубачы зноў падалi свой голас: "Тра-та-та-та! Хлопчык прыйшоў! Тра-та-та-та!" Рыцары i паненкi на партрэтах пазвоньвалi даспехамi i шалясцелi шаўковымi сукенкамi, свiная скура размаўляла, а старыя крэслы рыпелi i крахталi ад раматусу ў спiне: "Ох!" Адным словам, усё было як i першы раз, – у старым доме час i днi iшлi адно ўслед аднаму, без нiякай змены.
– Не, я не вытрываю! – усклiкнуў алавяны салдацiк. – Я плакаў ужо волавам! Тут вельмi жалобна! Няхай лепш пашлюць мяне на вайну, няхай адарве там мне руку цi нагу! Усё ж змена будзе! Сiлы больш у мяне няма!.. Цяпер i я ведаю, што гэта за ўспамiны, якiя прыводзяць з сабою знаёмыя асобы! Мяне яны таксама наведалi, i, павер, iм не ўзрадуешся! Асаблiва калi яны пачнуць наведвацца да цябе часта. Урэшце я готовы быў саскочыць з куфра!.. Я бачыў цябе i ўсiх тваiх!.. Вы ўсе стаялi перада мною, як жывыя! Гэта было ранiцай у нядзелю... Усе вы, дзецi, стаялi ў сталовай, такiя сур'ёзныя, набожна склаўшы рукi, i пелi ранiшнi псалом... Тата i мама стаялi тут жа. Нечакана дзверы адчынiлiся, i ўвайшла, хоць яе не клiкалi, двухгадовая ваша сястрычка Мары. А ёй варта толькi пачуць музыку альбо спевы – усё роўна якiя, тут жа кружыцца ў танцы. Вось яна i пачала прытанцоўваць, але нiяк не магла трапiць у такт – вы спявалi гэтак працяжна... Яна падымала то левую ножку, то правую i выцягвала шыйку, але ладу не было нiякага. Нiхто з вас нават не ўсмiхнуўся, хоць i нялёгка было стрымацца. Я не стрымаўся, цiхенька ўсмiхнуўся сам сабе, дык i паляцеў долу! На лобе маiм ускочыў вялiкi гузак – ён i цяпер яшчэ не сыйшоў i так трэба мне... Усё, што бачыў, чуў i перажыў я ў вашай сям'i, так i ўсплывае ў мяне перад вачыма! Вось якiя яны, гэтыя ўспамiны, i вось што яны прыводзяць з сабою!.. Скажы, вы i цяпер яшчэ спяваеце ранiцай? Раскажы мне што-небудзь пра маленькую Мары! А калега мой, алавяны салдацiк, як жыве? Вось шчаслiвец!.. Не, не, я проста не вытрываю!..
– Цябе падарылi! – сказаў хлапчук. – I ты павiнен застацца тут! Хiба ты не разумееш гэтага?
Стары гаспадар заявiўся са скрынкай, у якой было шмат самага рознага i незвычайнага: нейкiя шкатулачкi, флакончыкi i калоды старасвецкiх картаў такiх вялiкiх, аздобленых золатам, цяпер ужо не ўбачыш! Дзядок адчынiў для госця i вялiкiя скрынкi даўняга камоднага бюро i нават клавiкорды, на вечку якiх быў намалёваны пейзаж. Iнструмент пад рукой гаспадара выдаваў цiхiя дрыготкiя гукi, а сам стары напяваў пры гэтым нейкую тужлiвую мелодыю.
– Гэтую песню спявала калiсьцi яна! – сказаў ён, кiўнуўшы на партрэт, куплены ў старызнiка, i вочы яго заблiшчэлi.
– Я хачу на вайну! Хачу на вайну! – залемантаваў нечакана алавяны салдацiк i кiнуўся прэч з куфра.
Дзе ж ён дзеўся! Шукаў яго i сам стары гаспадар, шукаў i хлапчук – няма нiдзе, ды i толькi.
– Ладна, я знайду яго пасля! – сказаў дзядок, але так i не знайшоў. Падлога ўся была са шчылiнамi, салдацiк упаў у адну з iх i ляжаў там, быццам у незасыпанай магiле.
Увечар хлапчук вярнуўся дадому. Час iшоў; наступiла зiма; вокны замерзлi, i хлопчыку прыйшлося дыхаць на iх, каб адтала на марозным шкле хоць маленькая лапiнка, у якую можна было б зiрнуць на вулiцу. Снег зацярушыў усе выразанкi i надпiсы на аздобе старога дома i закiдаў лесвiцу, – будынак стаяў быццам нежылы. Ды так яно i было: стары, гаспадар яго, памёр.
Вечарам да старога дома пад'ехала каляснiца, на яе паклалi труну i павязлi дзядка за горад, у сямейны склеп. Нiхто не крочыў за труной – усе сябры старога даўным-даўно памерлi. Хлапчук паслаў услед труне паветраны пацалунак.
Пасля некалькiх дзён у старым доме назначылi аўкцыён. Хлапчук бачыў з акенца, як выносiлi старасвецкiя партрэты рыцараў i паненак, кветкавыя гаршкi з доўгiмi вушамi-ручкамi, старыя крэслы i шафы ды камоды. Адно падалося сюды, iншае туды; партрэт панi, куплены ў крамцы старызнiка, вярнуўся зноў у дом ды так там i застаўся: нiхто ж не ведаў гэтай жанчыны, дык нiкому i не патрэбен быў яе партрэт.
Увесну пачалi бурыць стары дом – гэтая вартая жалю развалiна ўжо мазолiла ўсiм вочы, i з вулiцы можна было зазiрнуць у пакоi са шпалерамi са свiной скуры, што вiселi цяпер абрыўкамi; зелянота на тэрасе разраслася яшчэ пышней i густа абвiвала ўпалыя бэлькi. Затым прыбралi, вычысцiлi мясцiну, дзе стаяў стары дом.
– Вось i выдатна! – сказалi суседнiя дамы.
Замест старога дома на вулiцы з'явiўся новы, з вялiкiмi вокнамi i белымi роўнымi сценамi. Перад iм, гэта значыць, уласна, на тым самым месцы, дзе стаяў раней стары дом, заклалi садзiк, i вiнаградныя галiнкi пацягнулiся адтуль да сцяны суседняга дома. Садзiк абгарадзiлi высокiмi жалезнымi краткамi, а ў яго вяла жалезная брамка. Усё гэта выглядала так хораша, што мiнакi прыпынялiся i выцiкоўвалi скрозь краткi. Вiнаградныя галiнкi былi ўсыпаныя дзесяткамi вераб'ёў, якiя цiўкалi наперабой, але не пра стары дом, – бо яны яго не маглi помнiць; з таго часу прайшло гэтулькi гадоў, што хлапчук паспеў стаць мужчынам. З яго выйшаў дзелавiты чалавек – на радасць бацькам. Ён толькi што ажанiўся i пераехаў са сваёй маладой жонкаю якраз у гэты новы дом з садам.
Абое яны былi ў садзе; муж назiраў, як жонка садзiла на клумбе нейкую ўпадабаную ёй палявую кветачку. Раптам маладая жанчына ўсклiкнула:
– Ай! Што гэта?
Яна ўкалолася – з мяккай, рыхлай зямлi тырчэла штосьцi вострае. Гэта быў падумайце толькi! – алавяны салдацiк, той самы, якi знiк у старога, валяўся ў смеццi i, нарэшце, шмат-шмат гадоў праляжаў у зямлi.
Маладая жанчына абцерла салдацiка спачатку зялёным лiстком, а затым сваёй тонкай хусцiнкаю. Як цудоўна пахла ад яе духамi! Алавяны салдацiк нiбы акрыяў пасля страты прытомнасцi.
– Дай мне на яго зiрнуць! – усклiкнуў малады чалавек, усмiхнуўся i пахiтаў галавою. – Ну, гэта, канечне ж, не той самы, але ён напамiнае мне адну гiсторыю з майго дзяцiнства!
I ён расказаў сваёй жонцы пра стары дом, пра яго гаспадара i пра алавянага салдацiка, якога ён даў у падарунак беднаму адзiнокаму дзядку. Карацей, ён расказаў усё, як было на самай справе, i маладая жанчына нават пусцiла слязiну, слухаючы яго.
– А можа, гэта i ёсць той самы алавяны салдацiк! – сказала яна. – Я схаваю яго на памяць. А ты абавязкова пакажы мне магiлу таго старога чалавека.
– Я i сам не ведаю, дзе яна! – адказаў ён. – Ды i нiхто не ведае! Усе яго сябры памерлi раней за яго, дык нiхто i не даглядаў яго магiлы, я ж у тыя часы быў яшчэ горкiм дзiцем.
– Якi жах быць такiм адзiнокiм! – уздыхнула яна.
– Жах быць адзiнокiм! – сказаў салдацiк. – Але якое шчасце бачыць, што пра цябе не забылiся!
– Шчасце! – паўтарыў чыйсьцi голас зусiм паблiзу, але нiхто не пачуў яго, апроч алавянага салдацiка.
Гэта гаварыў шматок свiной скуры, якой калiсьцi былi абабiтыя пакоi старога дома. Залацiстасць з яго знiкла ўся, i ён быў падобны ўжо на брудны грудок зямлi, але ў яго быў свой погляд на ўсё, i ён выказаў яго, гэты свой погляд:
Што ж, пазалота сатрэцца,
Свiная ж скура застанецца!
Алавяны салдацiк, аднак, з гэтым не згадзiўся.
ЗЛЫ КНЯЗЬ
Паданне
Жыў-быў злы, фанабэрлiвы князь. Ён толькi i думаў пра тое, як бы пакарыць сабе ўвесь свет, на ўсiх нагнаць страху адным сваiм iмем. I вось ён iшоў у чужыя землi з агнём i мячом; воiны ягоныя тапталi нiвы ды палiлi сялянскiя хаты; чырвоныя языкi лiзалi лiсце на дрэвах, а плады падсмажвалiся на абвугленых галiнах. Часта бедная мацi хавалася з голенькiм грудным немаўляткам за сценамi, што дымiлiся, але ваяры шнарылi паўсюль, знаходзiлi iх, i пачыналася д'ябальская забава! Злыя духi не маглi рабiць горш. Але князю здавалася, быццам справы iшлi як мае быць. Дзень пры днi расла князева магутнасць, iмя ягонае наводзiла жах на ўсiх, i ўдача спадарожнiчала яму ва ўсiх дзеяннях. З пакораных гарадоў вывозiў ён золата ды багатыя скарбы, i ў сталiцы ягонай накапiлiся незлiчоныя багаццi: нiдзе ў свеце не было анiчога падобнага. Ён загадаў будаваць цудоўныя палацы, цэрквы ды аркi, i ўсе, хто бачыў гэтыя дзiвосныя пабудовы, казалi: "Якi вялiкi князь!" Яны не думалi пра бядоты, у якiя ён кiнуў чужыя землi, не чулi стогнаў i скаргаў, што не змаўкалi ў абрабаваных ды спаленых гарадах.
Сам князь глядзеў на сваё золата i думаў, як iншыя: "Якi я вялiкi князь! Але мне яшчэ мала ўсяго гэтага! Хачу большага! Нiчыя ўлада ў свеце не павiнна быць роўнай маёй, не тое каб пераўзыходзiць яе!"
I ён пайшоў вайной на сваiх суседзяў i ўсiх пакарыў. Палонных каралёў ён загадаў прыкоўваць залатымi ланцугамi да сваёй каляснiцы кожны раз, як збiраўся праехацца па вулiцах сталiцы. Калi ж ён сядзеў за сталом, яны павiнны былi ляжаць пры яго нагах i нагах прыдворных ды хапаць кавалкi хлеба, якiя iм кiдалi.
Нарэшце, князь загадаў узвесцi сабе на плошчах ды ў палацах статуi; ён хацеў быў паставiць iх i ў храмах, перад алтаром Госпада, але святары сказалi: "Князь, ты вялiкi, але Бог вышэй за цябе, мы не асмельваемся зрабiць гэта".
– Добра! – сказаў злы князь. – Тады я скару i Бога!
I, аслеплены шалёнай фанабэрыяй, ён загадаў будаваць дзiвосны карабель, на якiм можна было гойсаць у паветры. Карабель быў размаляваны рознымi фарбамi i нагадваў паўлiнаў хвост, усеяны тысячамi вочак, але кожнае вочка было руляй стрэльбы. Князь сеў на карабель; варта яму нацiснуць адну спружыну, са стрэльбаў выляталi тысячы куляў, а стрэльбы адразу ж самi сабой зараджалiся нанова. Сто магутных арлоў былi запрэжаны ў карабель, i вось ён узвiўся ў паветра, да сонца. Зямля ледзь вiднелася ўнiзе, горы ды лясы здавалiся спачатку ўзараным дзёрнам, потым намаляванымi на геаграфiчнай карце i, нарэшце, зусiм знiклi ў воблачным тумане. Усё вышэй ды вышэй узнiмалiся арлы; тады Бог паслаў аднаго са сваiх незлiчоных анёлаў, але злы князь сустрэў яго залпам са стрэльбаў. Кулi адскочылi ад блiскучых крылаў анёла, як градзiнкi; толькi адна-адзiная кропелька крывi выцекла з беласнежнага крыла i ўпала на карабель, дзе сядзеў князь. Яна глыбока ўелася ў дрэва i нацiснула на дно карабля са страшэннай сiлай, быццам глыба свiнцу ў тысячу пудоў. Карабель паляцеў унiз з неверагоднай хуткасцю; магутныя крылы арлоў пераламiлiся; вецер так i свiстаў у вушах князя; аблокi, што сабралiся з дыму ад спаленых гарадоў, грувасцiлiся наўкол i прымалi пачварныя формы: велiзарных ракаў, якiя працягвалi да князя дужыя клюшнi, абломкаў скал, што кацiлiся ўнiз, i драконаў, што дыхалi агнём. Князь ляжаў на дне карабля напаўмёртвы ад страху. Нарэшце карабель засеў у густым веццi лясных дрэў.
– Я адолею Бога! – сказаў князь. – Я даў сабе клятву адолець яго, i быць па тым! – I ён загадаў пабудаваць новы карабель; будавалi яго сем гадоў. Загадаў ён таксама каваць маланкi з найцвярдзейшае сталi, каб узяць цвярдыню неба прыступам, i сабраў ваяроў з усiх канцоў сваёй дзяржавы; войскi пакрылi прастору ў некалькi квадратовых мiляў. Ваяры гатовыя былi сесцi на караблi, князь падышоў да свайго, але Бог наслаў на яго рой камароў, адзiн толькi маленькi камаровы рой. Насякомыя гулi вакол князя ды джалiлi яго ў твар i рукi. Ён злосна выхапiў меч, але сек iм толькi паветра, у камароў патрапiць анiяк не ўдавалася. Тады ён загадаў прынесцi каштоўныя дываны ды ахiнуць сябе iмi з ног да галавы, каб анiводзiн камар не мог дастаць яго сваiм джалам. Загад быў выкананы, але адзiн камар ухiтрыўся прабрацца пад самы нiжнi дыван, залез у вуха князя ды ўджалiў яго. Быццам агонь разлiўся па князевай крывi, яд пранiк у ягоны мозг, i ён сарваў з сябе ўсе апраткi ды голы ўзяўся кiдацца з боку ў бок i скакаць перад натоўпам сваiх бязлiтасных салдат, а тыя толькi смяялiся са звар'яцелага князя, якi хацеў перамагчы Бога i быў сам пераможаны камарыкам!
ОЛЕ-ЛУКОЙЕ
Нiхто на свеце не ведае гэтулькi казак, колькi ведае Оле-Лукойе. Вось жа майстар апавядаць!
Вечарам, калi дзецi спакойна сядзяць за сталом або на сваiх лаўках, з'яўляецца Оле-Лукойе. У адных панчохах ён цiха-цiха падымаецца па лесвiцы; потым асцярожна прыадчыняе дзверы, нячутна заходзiць у пакой i лёгка пырскае дзецям у вочы салодкiм малаком. У руках яго маленькая спрынцоўка, i малако пырскае з яе тоненькiм-тоненькiм струменьчыкам. Тады павекi ў дзяцей пачынаюць сплюшчвацца, i яны ўжо не могуць разгледзець Оле, i ён падкрадваецца да iх ззаду i пачынае лёгенька дзьмуць iм у патылiцы. Падзьме – i галовы iх адразу ж цяжэюць. Гэта зусiм не балюча, – у Оле-Лукойе няма ж злоснага намеру; ён хоча толькi, каб дзецi суцiшылiся, а для гэтага iх абавязкова трэба пакласцi ў ложак. Ну вось ён i пакладзе iх, а потым пачынае ўжо апавядаць казкi. Калi дзецi паснуць, Оле-Лукойе прысаджваецца да iх на ложак. Апрануты ён цудоўна: на iм шаўковы кафтан, толькi нельга сказаць, якога колеру – ён адлiвае то блакiтным, то зялёным, то чырвоным, гледзячы, у якi бок павернецца Оле. Пад пахамi ў яго па парасону: адзiн з малюнкамi, якi ён раскрывае над добрымi дзецьмi, i тады iм усю ноч сняцца цудоўныя казкi, а другi зусiм просты, гладкi, якi ён разгортвае над нядобрымi дзецьмi; ну яны i спяць усю ноч як цурбаны, i ўранку выяўляецца, што яны зусiм нiчога не бачылiўсне.
Паслухаем жа пра тое, як Оле-Лукойе наведваў кожны вечар аднаго маленькага хлопчыка, Яльмара, i апавядаў яму казкi! Гэта будзе цэлых сем казак, – у тыднi ж сем дзён.
Панядзелак
– Ну вось, – сказаў Оле-Лукойе, паклаўшы Яльмара ў ложак, – цяпер упрыгожым пакой!
I ў адзiн момант усе пакаёвыя кветкi выраслi, сталi вялiкiмi дрэвамi, якiя працягнулi свае доўгiя галiны ўздоўж сцен да самай столi; увесь пакой ператварыўся ў цудоўную альтанку. Галiны дрэў былi абсыпаны кветкамi; кожная кветачка па прыгажосцi i паху была лепш за ружу, а на смак (калi б вы толькi захацелi яе пакаштаваць) саладзей, чым сочыва; плады ж блiшчэлi, як залатыя. Яшчэ на дрэвах былi пампушкi, якiя ледзь не трэскалiся ад разынкавай начынкi. Проста дзiва нейкае! Раптам пачулiся страшныя енкi ў шуфлядзе стала, дзе ляжалi вучэбныя дапаможнiкi Яльмара.
– Што там такое? – сказаў Оле-Лукойе, пайшоў i выцягнуў шуфляду.
Выявiлася, што гэта нервавалася аспiдная дошка: у рашэннi напiсанай на ёй задачы была памылка, i таму задача не рашалася; грыфель скакаў i скакаў на адной вяровачцы, нiбы сабачка; ён вельмi хацеў памагчы, але не мог. Гучна стагнаў i сшытак Яльмара; проста жах ахоплiваў, слухаючы яго! На кожнай старонцы ў пачатку кожнага радка стаялi цудоўныя вялiкiя i маленькiя лiтары гэта быў пропiс; а побач iшлi другiя, якiя думалi, што трымаюцца так жа цвёрда. Iх пiсаў сам Яльмар, i яны, здавалася, спатыкалiся аб лiнейкi, на якiх трэба было б стаяць.
– Вось як трэба трымацца! – гаварыў пропiс. – Вось так, з лёгкiм нахiлам управа!
– Ах, нам i хацелася, – адказвалi лiтары Яльмара, – але ж мы не можам! Мы такiя дрэнненькiя!
– Дык вас трэба трохi падцягнуць! – сказаў Оле-Лукойе.
– Ды не, не! – закрычалi яны i выпрасталiся так, што люба было глядзець.
– Ну, цяпер нам не да казак! – сказаў Оле-Лукойе. – Будзем практыкавацца! Раз-два! Раз-два!
I ён давёў лiтары Яльмара да таго, што яны стаялi роўна i бадзёра, як любы пропiс. Але калi Оле-Лукойе пайшоў i Яльмар прачнуўся ранiцай, яны выглядалi так жа нiкчэмна, як i раней.
Аўторак
Як толькi Яльмар лёг, Оле-Лукойе дакрануўся сваёй чароўнай спрынцоўкай да мэблi, i ўсе рэчы тут жа пачалi размаўляць памiж сабою; усе, акрамя плявальнiцы; гэта маўчала i злавала на iх за мiтусню: гавораць толькi пра сябе i нават не падумаюць пра тую, што так сцiпла стаць у кутку i дазваляе пляваць на сябе!
Над камодай вiсела вялiкая карцiна ў пазалочанай раме; на ёй была адлюстравана прыгожая мясцовасць: высокiя старыя дрэвы, трава, кветкi i шырокая рака, што бегла каля дзiўных палацаў, за лес, у далёкае мора.
Оле-Лукойе дакрануўся чароўнай спрынцоўкай да карцiны, i намаляваныя на ёй птушкi заспявалi, галiны дрэў заварушылiся, а хмары панеслiся па небе; нават было вiдаць, як слiзгаў па карцiне iх цень.
Затым Оле прыпадняў Яльмара да рамы, i хлопчык стаў нагамi прама ў высокую траву. Сонейка свяцiла на яго скрозь галiны дрэў, ён пабег да вады i ўсеўся ў лодку, якая калыхалася ля берага. Лодка была пафарбавана ў чырвоны i белы колеры, ветразi блiшчэлi, як срэбныя, i шэсць лебедзяў у залатых каронах з блiскучымi блакiтнымi зоркамi на галовах павялi лодку ўздоўж зялёных лясоў, дзе дрэвы расказвалi пра разбойнiкаў i ведзьмаў, а кветкi – пра цудоўных маленькiх эльфаў i пра тое, што расказвалi iм матылькi.
Дзiвосныя рыбкi з серабрыстай i залацiстаю луской плылi за лодкай. Ныралi i плёскалi ў вадзе хвастамi; прыгожыя, блакiтныя, вялiкiя i маленькiя птушкi ляцелi за Яльмарам дзвюма доўгiмi чародамi; камары танцавалi, а майскiя жукi гудзелi "Бум! Бум!"; усiм хацелася праводзiць Яльмара, i ў кожнага была для яго напагатове казка.
Так, вось гэта было плаванне!
Лясы то гусцелi i цямнелi, то рабiлiся падобнымi на дзiвосныя сады, асветленыя сонцам i засеяныя кветкамi. Па берагах ракi ўздымалiся вялiкiя хрустальныя i мармуровыя палацы; на балконах iх стаялi прынцэсы, i ўсё гэта былi знаёмыя Яльмару дзяўчаты, з якiмi ён часта гуляў.
Яны працягвалi яму рукi, i кожная трымала ў правай руцэ зацукраванае пернiкавае парася, якое не часта пашанцуе купiць у гандляркi. Яльмар, праплываючы мiма, хапаўся за адзiн канец пернiка, прынцэса моцна трымалася за другi, i пернiк разломваўся напалам; кожны атрымлiваў сваю долю: Яльмар больш, прынцэса менш. Каля ўсiх палацаў неслi варту маленькiя прынцы; яны аддавалi Яльмару чэсць залатымi шаблямi i абсыпалi яго разынкамi i алавянымi салдацiкамi, – вось што значыць калi сапраўдныя прынцы!
Яльмар плыў праз лес, праз нейкiя вялiкiя залы i гарады... Праплыў ён i праз той горад, дзе жыла яго старая нянька, якая песцiла яго, калi ён быў яшчэ малым, i вельмi любiла свайго гадаванца, i вось ён убачыў яе; яна кланялася, пасылала яму рукою паветраныя пацалункi i спявала харошанькую песеньку, якую сама склала i прыслала Яльмару:
Мой Яльмар, цябе ўспамiнаю,
Калi пад цянiсты прыходжу вяз.
Выказаць не магу, як жадаю
Убачыць цябе яшчэ хоць бы раз!
Цябе ў калысцы я калыхала,
Вучыла хадзiць, гаварыць.
I ў шчочкi i ў лоб цалавала,
Дык як жа мне цябе не любiць!
Люблю цябе, мiлы i радасны мой,
Хай будзе навекi i Бог наш з табой!
I птушкi падпявалi ёй, кветкi танцавалi, а старыя вербы варушылiся, як быццам Оле-Лукойе i iм апавядаў казку.
Серада
Ну i дождж лiў! Яльмар чуў гэты страшны шум нават у сне; калi ж Оле-Лукойе адчынiў акно, аказалася, што вада стаяла на ўзроўнi падаконнiка. Цэлае возера! Затое да дома прычалiў цудоўнейшы карабель.
– Хочаш праехаць, Яльмар? – спытаў Оле. – Пабываеш ноччу на чужой зямлi, а ранiцай – зноў будзеш дома?
I вось Яльмар, па-святочнаму прыбраны, апынуўся на караблi. Надвор'е тут жа праяснiлася, i яны паплылi па вулiцах, каля царквы – вакол было адно суцэльнае возера. Нарэшце яны адплылi так далёка, што зямля зусiм знiкла з вачэй. Высока ў паднеб'i ляцелi буслы; яны сабралiся ў далёкiя цёплыя краiны i ляцелi доўгай чарадой, адзiн за адным. Яны былi ўжо некалькi дзён у дарозе, i адзiн з iх так стамiўся, што крылы амаль не слухалiся яго. Ён ляцеў ззаду, а потым адстаў i пачаў апускацца на сваiх аслабелых крылах усё нiжэй i нiжэй, вось калыхнуў iмi яшчэ разы два, але... дарэмна! Хутка ён зачапiўся за мачту карабля, слiзгануў i – бах! – звалiўся прама на палубу.
Юнга падхапiў яго i пасадзiў у птушнiк да курэй, качак i iндычак. Бедалага бусел стаяў i панура аглядаўся.
– Бач якi! – сказалi куры.
А iндыйскi певень надзьмуўся, як толькi мог, i спытаў у бусла, хто ён такi; качкi ж падалiся назад, падпiхваючы адна адну крыламi, кракалi: "Дур-рань! Дур-рань!"
I бусел расказаў iм пра гарачую Афрыку, пра пiрамiды i страусаў, якiя носяцца па пустынi з хуткасцю дзiкiх коней, але качкi нiчога не зразумелi i зноў пачалi падпiхваць адна адну:
– Ну цi не дурань ён?
– Канечне, дурань! – сказаў iндыйскi певень i сярдзiта забубнiў. Бусел змоўк i пачаў думаць пра сваю Афрыку.
– Якiя ў вас цудоўныя тонкiя ногi! – сказаў iндыйскi певень – Пачым аршын?
– Крак! Крак! Крак! – закрычалi смешныя качкi, але бусел як бы i не чуў.
– Маглi б i вы пасмяяцца з намi! – сказаў буслу iндыйскi певень. – Вельмi цiкава! Ды куды гэта, думаю, вельмi нiзка для яго! Увогуле, нельга сказаць, каб ён вылучаўся кемлiвасцю! Што ж, будзем самi весялiцца!
I курыцы квакталi, качкi кракалi, i гэта страшна забаўляла.
Але Яльмар падышоў да птушнiка, адчынiў дзверцы, павабiў бусла, i той выскачыў да яго на палубу, – ён паспеў ужо адпачыць. I вось бусел як быццам пакланiўся Яльмару ў знак удзячнасцi, узмахнуў шырокiмi крыламi i паляцеў на поўдзень. А куры закудахталi, качкi закракалi, iндыйскi ж певень так надзьмуўся, што грабеньчык у яго налiўся крывёй.
– Заўтра звараць з вас булён! – сказаў Яльмар i прачнуўся зноў у сваiм маленькiм ложку.
Слаўна пападарожнiчалi ноччу яны з Лукойе.
Чацвер
– Ведаеш што? – сказаў Оле-Лукойе. – Толькi не палохайся! Я зараз пакажу табе мышку! – I праўда, ён трымаў у руцэ цудоўную мышку. Яна прыбегла запрасiць яго на вяселле! – Дзве мышкi збiраюцца сёння ноччу пажанiцца. Жывуць яны пад падлогай у кладоўцы тваёй мацi. Выдатнае памяшканне, кажуць.
– А як жа я працiснуся скрозь маленькую дзiрачку ў падлозе? – спытаў Яльмар.
– Ах, павер мне! – сказаў Оле-Лукойе. – Ты ў мяне станеш маленькiм.
I ён дакрануўся да хлопчыка сваёй чароўнай спрынцоўкай. Яльмар раптам пачаў памяншацца, памяншацца i нарэшце стаў як пальчык.
– Цяпер можна будзе пазычыць мундзiр у алавянага салдацiка. Я думаю, гэты ўбор падойдзе: мундзiр жа так упрыгожвае, ты ж iдзеш у госцi!
– Ну добра! – згадзiўся Яльмар, пераапрануўся i стаў падобным на ўзорнага алавянага салдацiка.
– Цi не жадаеце сесцi ў напарстак вашай матулi? – сказала Яльмару мышка. Я буду мець гонар адвезцi вас.
– Ах, няўжо вы самi будзеце турбавацца, фрокен! – сказаў Яльмар, i вось яны паехалi на мышынае вяселле.
Праслiзнуўшы ў дзiрачку, прагрызеную мышамi ў падлозе, яны трапiлi спачатку ў доўгi вузкi калiдор, тут якраз толькi i можна было праехаць у напарстку. Калiдор быў ярка асветлены гнiлушкамi.
– Дык жа цудоўны пах? – спытала мышка-вазнiца. – Увесь калiдор змазаны салам! Што бывае лепшым?
Нарэшце дабралiся i да самой залы, дзе адбывалася вяселле. Дарэмна, перашэптваючыся i перасмейваючыся памiж сабой, стаялi ўсе мышкi-дамы, а налева, закручваючы лапкамi вусы, – мышкi-кавалеры, а пасярэдзiне, на выедзеным кавалачку сыру, узвышалiся самi жанiх i нявеста i страшна цалавалiся ва ўсiх на вачах. Што ж, яны былi заручаны i рыхтавалiся пажанiцца.
А госцi ўсё прыбывалi i прыбывалi; мышы ледзь не душылi адна адну, i вось шчаслiвую парачку адцiснулi да самых дзвярэй, так што нiкому больш нельга было нi ўвайсцi, нi выйсцi. Зала, як i калiдор, уся была змазана салам; другiх пачастункаў не было; а на дэсерт гасцей абносiлi гарошынай, на якой адна сваячка маладых выгрызла iх iмёны, а больш правiльна – усяго першыя лiтары. Дзiва, ды i толькi!
Усе мышы аб'явiлi, што вяселле было цудоўнае i памяць застанецца аб iм надзвычай прыемная.
Яльмар паехаў дамоў. Давялося яму пабываць у славутай кампанii, хаця i патрэбна было яму добра памуляцца i апрануць мундзiр алавянага салдацiка.
Пятнiца
– Проста не верыцца, што так многа ёсць пажылых людзей, якiм хочацца паклiкаць мяне да сябе! – сказаў Оле-Лукойе. – Асаблiва жадаюць гэтага тыя, хто зрабiў што-небудзь дрэннае. "Добранькi, мiленькi Оле, – кажуць яны мне, мы проста не можам заплюшчыць вачэй, не спiм начамi i бачым вакол сябе ўсё тое дрэннае, што мы зрабiлi. Яны, нiбы гадкiя маленькiя тролi, сядзяць на краях ложка i пырскаюць на вас кiпенем, хай бы ты прыйшоў i прагнаў iх. Мы б з задавальненнем заплацiлi табе. Оле! – дадаюць яны з глыбокiм уздыхам. Спакойнай табе ночы, Оле! Грошы на акне!" Ды што мне грошы! Я нi ў каго не прашу iх!
– Што будзем рабiць сёння ноччу? – спытаў Яльмар.
– Цi не хочаш зноў пабыць на вяселлi? Толькi не на такiм, як учора. Вялiкая лялька тваёй сястры, тая, што адзета пад хлопчыка i завецца Германам, хоча ажанiцца з лялькай Бертай; акрамя таго, сёння дзень нараджэння лялькi, i таму рыхтуецца шмат падарункаў!
– Ведаю, ведаю! – сказаў Яльмар. – Як толькi спатрэбiцца лялькам новы ўбор, сястра тут жа святкуе iх дзень нараджэння або спраўляе iм вяселле. Гэта ўжо было сто разоў!
– Так, а сёння ноччу будзе сто першы i, значыць, апошнi! Таму i рыхтуецца нешта незвычайнае. Ну паглядзi!
Яльмар паглядзеў на стол. Там стаяў дамок з кардону, вокны свяцiлiся, i ўсе алавяныя салдацiкi трымалi стрэльбы. Жанiх i нявеста задуменна сядзелi на падлозе, прытулiўшыся да ножкi стала; так, iм было над чым задумацца! Оле-Лукойе, апрануўшы бабулiну спаднiцу, заручыў iх, i вось уся мэбля заспявала на матыў марша цiкавую песеньку, якую напiсаў аловак:
Зацягнем песеньку з табой,
Як вецер хай нясецца!
Хоць наша парачка, ёй-ёй,
Нiчым не адгукнецца.
Абодва з лайкi, але ў iх
Прыгожае адзенне
Такое яркае, што ўсiм
Яно на заглядзенне.
Давай уславiм песняй iх!
Ура! – нявеста i жанiх!
Затым маладыя атрымалi падарункi, але адмовiлiся ад ежы: яны былi сытыя каханнем.
– Ну, паедзем зараз на дачу цi адправiмся за мяжу? – спытаў малады.
Каб пачуць добрую параду, запрасiлi вопытную падарожнiцу ластаўку i старую курыцу, якая ўжо не адзiн раз была квактухай. Ластаўка расказала пра цёплы край, дзе спеюць сакавiтыя, цяжкiя вiнаградныя гронкi, дзе паветра такое мяккае, а горы расквечаны такiмi фарбамi, пра якiя тут нават не ўяўляюць...