355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ханс Кристиан Андерсен » Казкi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Казкi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 сентября 2016, 21:14

Текст книги "Казкi (на белорусском языке)"


Автор книги: Ханс Кристиан Андерсен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 19 страниц)

Толькi ў самага малодшага замест левай рукi засталося лебядзiнае крыло: Элiза не паспела давязаць рукаво на апошняй сарочцы.

– Цяпер я магу размаўляць! – сказала Элiза. – Я не вiнаватая!

I людзi, якiя бачылi ўсё гэта, пакланiлiся ёй i пачалi славiць, але Элiза страцiла прытомнасць i ўпала ў абдымкi братоў. Яна так напакутвалася ад страху i болю.

– Так, яна не вiнаватая! – сказаў самы старэйшы прынц i расказаў пра ўсё, што было.

А пакуль ён гаварыў, у паветры расплываўся водар быццам ад мiльёнаў руж: гэта кожнае палена ў вогнiшчы пусцiла каранi i парасткi, i на тым месцы, дзе яе хацелi спалiць, вырас высокi зялёны куст, а на iм чырвоныя ружы. А на самай верхавiне куста ззяла, як зорка, асляпляльна белая кветка.

Кароль сарваў яе, паклаў на грудзi Элiзы, i яна прачнулася.

Тут усе званы ў горадзе зазванiлi самi па сабе, птушкi зляцелiся цэлымi выраямi, а да палаца пацягнулася такое шчаслiвае шэсце, якога не бачыў яшчэ нi адзiн кароль!

ГАНС ДАЎБЕШКА

Нанава пераказаная даўняя гiсторыя

Быў у адной вёсцы стары маёнтак, а ў старым маёнтку жыў стары пан. У яго было два сыны, ды такiя разумныя, што калi б яны i палову таго розуму мелi, дык i то iм хапiла б. Абодва яны збiралiся пасватацца да каралеўны, i ў гэтым не было нiчога асаблiвага, бо яна сама абвясцiла, што выйдзе замуж за самага разумнага, хто здолее перагаварыць яе.

Абодва браты рыхтавалiся да сватання восем дзён, на большае ў iх часу не заставалася, але i гэтага iм было досыць: яны шмат чаго зналi i былi хлопцы хоць куды. Адзiн вывучыў на памяць увесь лацiнскi слоўнiк i мясцовыя газеты за тры гады i мог iх пераказаць не толькi ад пачатку да канца, а i наадварот – ад канца да пачатку. Другi вывучыў назубок збор законаў, ведаў усё, што належыць ведаць мунiцыпальнаму радцу, i мог разважаць пра дзяржаўныя справы. Апрача таго, ён умеў вышываць падцяжкi, – во якi быў майстар! I кожны з iх даводзiў: "З каралеўнаю ажанюся я!"

Бацька даў iм па добрым канi: таму, што ведаў на памяць слоўнiк i газеты, – каня чорнага як вугаль, а таму, што меў дзяржаўны розум i ўмеў вышываць, каня белага як малако. Браты змазалi сабе губы рыбiным тлушчам, каб рот лягчэй i хутчэй адкрываўся, i сабралiся ў дарогу. Усе слугi высыпалi на двор паглядзець, як маладыя панiчы пасядуць на коней. Прыйшоў i трэцi брат, братоў жа было тры, але трэцяга, малодшага, нiхто не лiчыў: далёка яму было да сваiх вучоных братоў, i звалi яго проста Ганс Даўбешка.

– Куды гэта вы? I чаго гэтак разадзелiся? – спытаў ён.

– У палац едзем, каралеўну сабе "выгаворваць". А ты што, не чуў хiба? Пра гэта ж ва ўсе званы звоняць.

I яны расказалi яму пра сваё сватанне.

– Вунь яно што! Дык i я з вамi! – сказаў Ганс Даўбешка.

Але браты толькi пасмяялiся з яго i паехалi.

– Бацька, дай мне каня! – закрычаў Ганс Даўбешка. – Вельмi ж мне захацелася жанiцца. Выбера мяне каралеўна – добра, а не выбера – я сам яе забяру!

– Не мялi языком абы-што! – асадзiў яго бацька. – Не дам я табе каня. Ты i гаварыць як след не ўмееш! От браты твае – iншая рэч, яны малайцы!

– А калi не даеш каня, дык я вазьму казла! Казёл мой уласны, ён давязе мяне як мае быць!

I Ганс Даўбешка сеў вярхом на казла, стукнуў яго пяткамi пад бакi i памчаўся па гасцiнцы. Адно пыл закурэў!

– Вось i я еду! – сказаў сам сабе Ганс Даўбешка i загарланiў песню.

А браты ехалi не спяшаючыся, моўчкi: iм трэба было як след абдумаць пра што i як гаварыць з каралеўнай, каб не даць маху.

– Го-го-го! – крыкнуў Ганс Даўбешка. – Вось i я! Зiрнiце, што я знайшоў па дарозе!

I ён паказаў братам дохлую варону, што падняў з зямлi.

– Даўбешка! – сказалi браты. – Навошта яна табе?

– Я падару каралеўне!

– Ага, падары! – засмяялiся яны i паехалi далей.

– Го-го-го! Вось i я! – зноў гукнуў Ганс Даўбешка. – Паглядзiце, што яшчэ я знайшоў! Такiя рэчы не кожны дзень валяюцца па дарозе!

Браты азiрнулiся, каб паглядзець.

– Даўбешка! – сказалi яны. – Гэта ж стары драўляны чаравiк, ды нават без верху! Мо i яго таксама падарыш каралеўне?

– А як жа! Падару! – адказаў Ганс Даўбешка.

Браты засмяялiся i паехалi далей.

– Го-го-го! Вось i я! – зноў закрычаў Ганс Даўбешка. – I праўда, – чым далей, тым болей! Го-го-го! Такое i не прыдумаеш!

– А ну, што ты яшчэ там знайшоў? – спыталi браты.

– Э, не, не скажу! От зарадуецца каралеўна!

– Тфу! – плюнулi браты. – Ды гэта ж гразь з канавы!

– Ды яшчэ якая! – адказаў Ганс Даўбешка. – Самага лепшага гатунку! Так i цячэ мiж пальцаў, не ўтрымаць!

I ён наладаваў сабе поўную кiшэню гразi.

А браты прыпусцiлi наўгалоп i прыехалi на гадзiну раней за Ганса.

Каля гарадскiх варотаў жанiхоў нумаравалi па парадку i ставiлi ў шарэнгi па шэсць чалавек у кожнай. Ставiлi iх так блiзка адзiн да аднаго, што яны нi паварушыцца, нi ўзняць рукi не маглi. I правiльна рабiлi, бо iнакш памiж iмi ўсчалася б бойка, бо кожнаму хацелася быць наперадзе.

Усе астатнiя жыхары краiны тоўпiлiся каля палаца i зазiралi ў вокны, каб паглядзець, як каралеўна прымае жанiхоў. Жанiхi заходзiлi ў залу адзiн за адным. I як толькi заходзiлi, дык адразу трацiлi ўсё сваё красамоўства: у iх нiбы мову адбiрала.

– Не гадзiцца! – крычала каралеўна. – Вон!

I вось зайшоў старэйшы брат, той, што ведаў на памяць увесь слоўнiк. Але, пакуль ён стаяў у шарэнгах, дык пазабываў усё дазвання, а тут яшчэ падлога пад нагамi рыпiць, столь люстраная, так што бачыш сябе дагары нагамi, каля кожнага акна па тры пiсары i адзiн мунiцыпальны радца, i ўсе запiсваюць кожнае слова размовы, каб надрукаваць у газеце, якая прадаецца на рагу за два скiлiнгi, страх ды годзе! Да таго ж у пакоi палiлася ў печы, i яна разагрэлася дачырвана.

– Ну i горача тут! – сказаў нарэшце жанiх.

– Гэта таму, што бацька надумаўся сёння пеўнiкаў засмажыць! – абазвалася каралеўна.

Жанiх ажно рот разявiў: не чакаў ён такой размовы i не мог вымавiць нi слова, хоць яму хацелася адказаць як мага дасцiпней.

– Э-э! – прамямлiў ён.

– Не гадзiцца! – сказала каралеўна. – Вон!

Давялося яму пайсцi нi з чым. Тады зайшоў другi брат.

– Ух, як тут горача! – пачаў ён.

– Ага, мы смажым сёння пеўнiкаў, – адказала каралеўна.

– Як? Што? Каго?.. – перапытаў ён.

I ўсе пiсары запiсалi: "Як? Што? Каго?"

– Не гадзiцца! – сказала каралеўна. – Вон!

I тут з'явiўся Ганс Даўбешка. Ён заехаў на казле проста ў залу.

– Ну i гарачыня! – прабурчаў ён.

– Гэта я пеўнiкаў смажу! – адказала каралеўна.

– От шанцуе! – усклiкнуў Ганс Даўбешка. – Дык i маю варону можна будзе засмажыць?

– Можна! – адказала каралеўна. – А ў цябе ёсць у чым смажыць? У мяне няма нi рондаля, нi патэльнi.

– А ў мяне ёсць! – сказаў Ганс Даўбешка. – Вось пасудзiна, нават з ручкаю!

I ён выцягнуў з кiшэнi стары драўляны чаравiк i паклаў у яго варону.

– Ды гэта ж цэлы абед! – сказала каралеўна. – Але дзе нам узяць падлiўкi?

– А ў мяне ў кiшэнi! – адказаў Ганс Даўбешка. – У мяне яе столькi, што дзяваць няма куды, хоць выкiдвай!

I ён зачэрпнуў з кiшэнi жменю гразi.

– Вось гэта мне падабаецца! – усклiкнула каралеўна. – На ўсё ў цябе гатовы адказ, па слова ў кiшэнь не лезеш. Таму я выйду за цябе замуж! Але цi ведаеш ты, што кожнае наша слова запiсваецца i заўтра трапiць у газеты? Бачыш, каля кожнага акна стаяць па тры пiсары ды яшчэ стары мунiцыпальны радца? А радца гэты найгоршы – зусiм з розуму выжыў!

Яна ўсё гэта гаварыла, каб напалохаць Ганса. А пiсары зарагаталi i запырскалi падлогу чарнiлам.

– Ах, вунь вы якiя паночкi! – выгукнуў Ганс Даўбешка. – От я зараз пачастую гэтага радцу!

I доўга не думаючы вывернуў кiшэню i заляпiў радцу ўвесь твар гразёю.

– Цудоўна! – усклiкнула каралеўна. – Да гэтага i я не дадумалася б. Але я яшчэ навучуся!

Так вось i стаў Ганс Даўбешка каралём, ажанiўся, надзеў карону i сеў на трон. Мы даведалiся пра ўсё гэта з газеты, якую выдае мунiцыпальны радца, але ёй не варта занадта верыць.

САДОЎНIК I ГАСПАДАРЫ

Пасярод старадаўняй сядзiбы, прыкладна каля мiлi ад сталiцы, стаяў прыгожы панскi палац з масiўнымi сценамi, вежачкамi, франтонамi. У гэтым палацы жылi муж i жонка – багатыя ды знакамiтыя дваране. Праўда, яны прыязджалi сюды только летам, але гэта быў самы любiмы iхнi маёнтак. Палац быў прыгожы звонку, зручны i ўтульны ўнутры. Парадны пад'езд упрыгожваў высечаны з каменю радавы герб гаспадароў. Цудоўныя ружы ўвiвалi гэты герб i плялiся ўгару па сцяне, а перад палацам рассцiлаўся густы дыван зяленiва. Поруч з белым i чырвоным глогам тут красавалiся рэдкiя кветкi, якiя цвiлi не толькi ў аранжарэi, але i пад адкрытым небам.

Нездарма гаспадары сядзiбы мелi добрага садоўнiка. Кветнiк, фруктовы сад, агарод – усё гэта было справай яго рук i радавала вока. За агародам яшчэ заставалiся рэшткi старога сада, зарослага кустамi буксу, якiя былi абрэзаны ў выглядзе шароў i пiрамiд. А далей узвышалiся два вялiзныя старыя дрэвы, амаль цалкам засохлыя. Здалёку здавалася, што раптоўны парыў урагану зверху да нiзу абляпiў iхнiя голыя сукi густымi камякамi гною. На самай жа справе гэта быў не гной, а птушыныя гнёзды.

З даўнейшай пары ў гэтых гнёздах жылi крыклiвый чароды варон i гракоў, якiя змайстравалi тут сапраўдны птушыны гарадок i непадзельна валадарылi ў сядзiбе. Бо яны былi першымi насельнiкамi ў тутэйшых мясцiнах, спаконвечнымi ўладарамi маёнтка, яго сапраўднымi гаспадарамi. Двухногiмi жыхарамi маёнтка яны проста грэбавалi, хоць i мусiлi змiрыцца з iснаваннем гэтых пастаянных стварэнняў. А тыя iншы раз смалiлi ў птушак са стрэльбаў, i тады чароды натапыраных перапалоханых варон i гракоў узляталi з крыкам: "Карр! Карр!"

Садоўнiк не раз казаў гаспадарам, што трэба ссекчы гэтыя дрэвы, – яны псуюць садовы пейзаж, а як толькi iх не стане, знiкнуць i шумныя птушкi. Але гаспадары i слухаць не хацелi пра тое, каб страцiць дрэвы i птушыную гаману. У старых дрэвах i карканнi птушак яны бачылi асаблiвую прывабнасць – адзнаку даўнiны, якую хацелi захаваць насуперак усяму.

– Дрэвы перайшлi да птушак у спадчыну ад продкаў, дык няхай птушкi i валодаюць iмi, дабрамудры Ларсен! – гаварылi гаспадары.

(Ларсенам звалi садоўнiка, але для нашай гiсторыi гэта не мае значэння).

Садоўнiк сапраўды мог распараджацца кветнiкамi, садам i агародам, ён даглядаў iх i апрацоўваў старанна i захоплена. Гаспадары былi гэтым вельмi задаволены, але не хавалi ад садоўнiка, што ў iншых маёнтках iх частавалi такiмi фруктамi i паказвалi такiя кветкi, да якiх яшчэ вельмi далёка iхнiм кветкам i фруктам. Гэтыя словы засмучалi садоўнiка, бо ён усёй душой хацеў, каб сад у ягоных гаспадароў быў лепшы ў свеце, i дзеля гэтага шчыраваў без стомы. Рукi ён меў працавiтыя, а сэрца добрае.

Аднойчы гаспадары запрасiлi да сябе садоўнiка i сказалi яму ласкава i паблажлiва, як i трэба гаспадарам, што ўчора яны былi ў гасцях у сваiх знакамiтых сяброў i тыя пачаставалi iх яблыкамi i грушамi, ды такiмi сакавiтымi, такiмi пахучымi, што самi яны, гаспадары Ларсена, i ўсе iншыя госцi былi ў захапленнi. Гаспадары не сумняваюцца, што тыя фрукты прывезены з-за мяжы, але чаму б Ларсену не паспрабаваць вырасцiць гэткiя ж i ў iхняй сядзiбе, калi толькi капрызныя плады могуць прыстасавацца да мясцовага клiмату? Як сведчылi чуткi, яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, былi куплены ў горадзе ў самага буйнога гандляра фруктамi; да яго i паслалi гаспадары садоўнiка, каб даведацца, з якой краiны прывезены гэтыя плады, i выпiсаць адтуль чаранкi.

Садоўнiк добра ведаў гэтага гандляра, бо па загаду гаспадароў прадаваў яму лiшкi фруктаў са свайго саду.

I вось выправiўся ён у горад, каб спытацца ў гандляра, адкуль той атрымаў хвалёныя яблыкi i грушы.

– З вашага ўласнага саду! – адказаў гандляр i паказаў Ларсену яблыкi i грушы, якiя той адразу пазнаў.

Вось дык узрадаваўся садоўнiк! Ён паспяшаўся да сваiх гаспадароў i сказаў, што яблыкi i грушы, якiя яны елi ў гасцях, – з iхняга ўласнага саду. Гаспадары не паверылi сваiм вушам.

– Не можа быць, Ларсен! – казалi яны. – Калi вы хочаце пераканаць нас, што гэта праўда, прынясiце распiску ад гандляра.

I Ларсен прынёс яе гаспадарам.

– Дзiўна! – усклiкнулi яны.

Пасля гэтага кожны дзень гаспадарам падавалi вялiзныя вазы з цудоўнымi яблыкамi i грушамi з iхняга ўласнага саду. Цэлымi карзiнамi рассылалi гэтыя фрукты суседзям, у iншыя гарады i нават за мяжу. Гаспадарам гэта было вельмi прыемна. Аднак яны нiколi не прамiналi выпадку, каб нагадаць садоўнiку, што апошнiя дзве восенi былi вельмi спрыяльныя для фруктовых садоў i ўсе садаводы мелi добры ўраджай.

Прайшло няшмат часу. Гаспадары былi запрошаны ў палац на абед. На наступны дзень яны паклiкалi да сябе садоўнiка i расказалi яму, што на каралеўскi стол падавалi незвычайна салодкiя i сакавiтыя дынi з уласнай каралеўскай цяплiцы.

– Iдзiце да прыдворнага садоўнiка, шаноўны Ларсен, i папрасiце, каб ён даў вам хоць крышку насення гэтых незвычайных дыняў.

– Але каралеўскi садоўнiк сам атрымаў ад мяне гэтае насенне! – радасна ўсклiкнуў садоўнiк.

– Калi так, значыць, ён здолеў вырасцiць з iх цудоўныя дынi, – сказалi гаспадары, – дынi, якiя падавалi на стол, былi лепшыя адна за другую!

– Выходзiць, што ганарыцца трэба мне, – сказаў Ларсен. – Сёлета ў каралеўскага садоўнiка дынi не ўдалiся; i вось ён убачыў, якiя цудоўныя дынi растуць у садзе вашай мiласцi, пакаштаваў iх i некалькi штук заказаў для каралеўскага стала.

– Цi не лiчыце вы, Ларсен, што на каралеўскi стол падавалi дынi з нашага саду?

– Нi кроплi ў гэтым не сумняваюся, – адказаў Ларсен.

Ён пайшоў да каралеўскага садоўнiка i атрымаў у яго пасведчанне, дзе гаварылася, што дынi, якiя падавалiся на абедзе ў каралеўскiм замку, былi прывезены з саду, якi належыць панам-гаспадарам Ларсена.

Гаспадары былi здзiўлены. Яны расказвалi пра гэты выпадак усiм i кожны раз паказвалi сведчанне каралеўскага садоўнiка. А насенне дыняў, як яшчэ раней чаранкi яблынь i груш, яны пачалi рассылаць у розныя краiны.

Тым часам з розных мясцiн прыходзiлi звесткi, што дасланыя чаранкi прыжылiся, яблынi i грушы даюць цудоўныя плады, якiя названы iмем радавой панскай сядзiбы. Назву сядзiбы пiсалi зараз на ангельскай, нямецкай i французскай мовах.

Хiба можна было марыць пра гэта раней?

– Каб толькi садоўнiк не зазнаўся, – занепакоiлiся гаспадары.

Але Ларсен думаў зусiм пра iншае: ён iмкнуўся захаваць за сабой славу аднаго з лепшых садоўнiкаў краiны i кожны год ствараць якi-небудзь новы выдатны гатунак садавiны альбо гароднiны. I ён ствараў iх, але ў падзяку за працу яму часта даводзiлася чуць, што першыя ўславiўшыя яго фрукты – яблыкi i грушы – былi ўсё ж самыя лепшыя, а ўсе iншыя ўжо не маглi з iмi зраўняцца. Дынi, праўда, вельмi смачныя, ды ўсё ж далёка не такiя, як яблыкi i грушы. Трускалкi таксама выдатныя, але не лепшыя за тыя, якiя ёсць у iншых. А калi аднойчы ў садоўнiка не ўрадзiла радыска, гаспадары толькi i гаварылi пра няўдалую радыску, нiбыта забылiся пра ўсе iншыя гатункi садавiны i гароднiны.

Можна было падумаць, што гаспадары атрымлiваюць задавальненне, калi гавораць: "Сёлета ў вас усё ўрадзiлася дрэнна, шаноўны Ларсен!" Яны былi проста шчаслiвыя, калi сцвярджалi: "Дрэнна сёлета ў вас урадзiлася!"

Некалькi разоў на тыдзень садоўнiк прыносiў у пакоi свежыя букеты, падабраныя з дзiўна тонкiм густам; у гэтых букетах кожная кветачка ўдала спалучалася з iншымi кветкамi i станавiлася яшчэ прыгажэйшай.

– У вас выдатны густ, Ларсен, – казалi гаспадары. – Але не забудзьцеся, што гэтым талентам вы абавязаны не самому сабе, а Богу.

Аднойчы садоўнiк прынёс гаспадарам вялiзную крыштальную вазу, у якой плаваў лiст белага гарлачыка, а на iм, апусцiўшы ў ваду доўгае сцябло, красавалася ярка-блакiтная кветка велiчынёй са сланечнiк.

– Iндыйскi лотас! – усклiкнулi гаспадары.

Яны нiколi ў жыццi не бачылi падобнай кветкi. Яны загадалi днём выстаўляць яе на сонца, а вечарам асвятляць штучным святлом. I кожны, хто бачыў гэтую кветку, быў у захапленнi, называў яе цудам.

Гэтак назвала яе нават знакамiтая панi каралеўства – маладая прынцэса. Яна была разумная i добрая дзяўчына.

Гаспадары палiчылi за гонар паднесцi прынцэсе блакiтную кветку, i яна забрала яе ў палац. Тады спусцiлiся яны ў сад, каб паглядзець, цi няма там падобнай кветкi, але не знайшлi яе. Паклiкалi садоўнiка i спыталi дзе ён узяў блакiтны лотас.

– Мы шукалi, але не знайшлi такiх кветак нi ў аранжарэi, нi на клумбах у садзе, – сказалi яны.

– Там iх i не было, – усмiхнуўся садоўнiк. – Гэтая сцiплая кветка расце на градках у агародзе. Але, праўда яна незвычайна прыгожая! Яна падобная на блакiтны кактус, а на самай справе гэта толькi кветка артышока.

– Чаму ж вы не сказалi нам пра гэта раней? – абурылiся гаспадары. – Мы думалi, што гэта рэдкая заморская кветка! Вы зганьбiлi нас перад прынцэсай! Яна была ў захапленнi, як толькi зiрнула на кветку, i сказала, што нiколi раней не бачыла гэткай раслiны, – а яна ж выдатна разбiраецца ў батанiцы. Але цяпер зразумела, чаму яна не пазнала яе: навуцы няма чаго рабiць у агародзе. I як вам магло прыйсцi ў галаву, шаноўны Ларсен, прынясцi ў пакоi падобную кветку? Пасля гэтага над намi будуць пакеплiваць!

I цудоўная блакiтная кветка, сарваная на градзе, была выкiнута з панскiх пакояў, дзе ёй не знайшлося месца. А гаспадары пайшлi да прынцэсы прабачацца i растлумачыць, што кветка была звычайнай агароднай раслiнай, якую садоўнiк захацеў паставiць у вазу, за што i атрымаў суровую вымову.

– Гэта грэшна i несправядлiва! – з дакорам прамовiла прынцэса. – Ён адкрыў для нас кветку, пра якую мы нiчога не ведалi, паказаў нам прыгажосць там, дзе мы i не думалi яе шукаць! Пакуль артышокi цвiтуць, я скажу прыдворнаму садоўнiку кожны дзень ставiць iх у вазу ў маiм пакоi.

Так яна i зрабiла.

Тады гаспадары аб'явiлi садоўнiку, што ён зноў можа паставiць у вазу свежую кветку артышока.

– Па-сутнасцi кветка i на самай справе прыгожая, – сказалi яны. – Так, прыгожая, як гэта нi дзiўна! – I яны нават пахвалiлi садоўнiка.

– Ён любiць, калi яго хваляць, – казалi гаспадары. – Ён у нас распешчанае дзiця!

Неяк восенню пачалася бура. Да ночы яна так разбушавалася, што з карэннямi вырвала некалькi дрэў на ўскраiне лесу. На вялiкае няшчасце гаспадароў (яны так i казалi, што гэта няшчасце!), але i на вялiкую радасць садоўнiка яна павалiла абодва высокiя дрэвы з птушынымi гнёздамi. Пазней слугi расказвалi, што да скавытання буры дамешвалiся крыкi гракоў i варон, якiя бiлiся крыламi ў ваконнае шкло.

– Ну, зараз вы, вiдаць, задаволены, Ларсен, – сказалi гаспадары. – Бура зламала дрэвы, i птушкi паляцелi ў лес. Нiчога тут не нагадвае больш пра даўнiну; ад яе не засталося i следу. Нас гэта вельмi засмучае!

Садоўнiк нiчога не адказаў гаспадарам. Ён моўчкi песцiў мару пра тое, як апрацуе зараз цудоўны сонечны ўчастак зямлi, да якога раней не мелi права нават дакранацца, i ператворыць яго ва ўпрыгожанне ўсяго сада на радасць сваiм гаспадарам.

Вырваныя бурай дрэвы, падаючы, паламалi старыя буксавыя кусты, i садоўнiк пасадзiў на гэтым месцы звычайныя палявыя i лясныя раслiны роднай зямлi.

Нiводзiн садоўнiк, акрамя Ларсена, не адважыўся б пасадзiць у панскiм садзе такiя раслiны. А Ларсен адвёў кожнай прыдатны для яе ўчастак – на сонцы або ў ценi, – як каму было патрэбна. Зямлю ён апрацоўваў сумленна, i яна шчодра аддзячыла яму.

Тут вырас ураджэнец шатландскiх пустынь – ядловец, якi колерам i абрысамi падобны на iталiйскi кiпарыс. Расцвiў блiскучы калючы цярноўнiк, якi зелянеў i зiмой i летам. А навокал шчодра разросся папаратнiк розных гатункаў, якi нагадваў то мiнiяцюрныя пальмы, то здаваўся продкам кволай цудоўнай раслiны, якую мы называем "венерыны валасы". Цвiў тут i дзядоўнiк, якi людзi звычайна ненавiдзяць, але дарма, бо яго свежыя кветкi могуць упрыгожыць любы букет. Дзядоўнiк рос на сухой глебе, а нiжэй, на вiльготным месцы, зелянеў усiмi зняважаны лопух, хоць яго буйное, магутнае лiсце надае яму своеасаблiвую прыгажосць. Каралеўская свечка – палявая раслiна з высокiм сцяблом i яркiмi кветкамi – цягнулася ўгару, нагадваючы вялiзны шматсвечны кандэлябр. Цвiлi тут таксама ячменнiк, першацвет, лясны ландыш, белакрыльнiк i пяшчотная трохлiставая кiслiца. Люба-дорага было пазiраць на ўсю гэтую прыгажосць!

А перад усiмi, ля самай драцяной агароджы, выстраiлiся шарэнгай карлiкавыя грушавыя дрэвы, прывезеныя з Францыi. Надвор'е было сонечнае, догляд iх быў клапатлiвы, i хутка яны сталi даваць буйныя сакавiтыя плады – гэткiя ж, як i на сваёй радзiме.

На месцы двух старых засохлых дрэў садоўнiк уваткнуў дзве доўгiя жэрдкi; адну з iх увенчваў Данеброг – дацкi сцяг, а другая жэрдка летам i восенню была абвiта духмянымi парасткамi хмелю; зiмой да яе падвешвалi кармушку, каб птушкам нябесным было чым паласавацца на каляды.

– Наш Ларсен становiцца сентыментальным пад старасць, – пацiскалi плячыма гаспадары, – але ён служыць нам аддана i сумленна.

У навагоднiм нумары аднаго сталiчнага iлюстраванага часопiса з'явiлася гравюра з адлюстраваннем старога маёнтка. На ёй быў вiдаць i Данеброг, i кармушка з калядным пачастункам для птушак, а подпiс абвяшчаў: "Якая гэта выдатная мэта – адрадзiць даўнi звычай, уласцiвы падобнай старадаўняй сядзiбе!"

– Што нi прыдумаў бы наш Ларсен, пра гэта адразу ж раззвоняць па ўсiм свеце! – здзiўлялiся гаспадары. – Проста шчаслiўчык нейкi! Глядзiш, нам, чаго добрага, давядзецца ганарыцца тым, што ён служыць у нас.

Ды яны, вядома, i не думалi гэтым ганарыцца, бо нiколi не забывалiся, што яны гаспадары са знакамiтага роду, а значыць – у любы момант могуць звольнiць Ларсена, калi iм гэтага захочацца. Але яны яго не праганялi, – гэта былi добрыя людзi, а такiх добрых людзей на шчасце розных там Ларсенаў на свеце вельмi многа.

Вось i ўся гiсторыя пра садоўнiка i гаспадароў.

Падумай над ёю, паразважай.

МАЛЕНЬКI КЛАЎС I ВЯЛIКI КЛАЎС

У адной вёсцы жылi два мужыкi; абодвух звалi Клаўсамi, але ў аднаго было чацвера коней, а ў другога толькi адзiн; дык вось, каб адрознiваць iх, i пачалi называць таго, у каго было чацвера коней, Вялiкi Клаўс, а таго, у якога адзiн, – Маленькi Клаўс. Давайце паслухаем зараз, што з iмi адбылося; гэта ж цэлая гiсторыя.

Увесь тыдзень, як ёсць, павiнен быў Маленькi Клаўс араць на сваiм канi поле Вялiкага Клаўса. Затое той даваў яму ўсiх сваiх чатырох коней, але толькi адзiн раз у тыдзень, у нядзелю. Ах, як звонка ляскаў пугай Маленькi Клаўс над усёй пяцёркай, – сёння ж усе конi былi як бы яго ўласныя. Сонца свяцiла, званы званiлi на абедню, людзi ўсе былi так прыгожа апранутыя i iшлi з малiтоўнiкамi ў руках у царкву паслухаць пропаведзь святара. Усе яны бачылi, што Маленькi Клаўс арэ на пяцi конях, i ён быў вельмi задаволены, паляскваў пугай i выкрыкваў:

– Гэй вы, мае конiкi!

– Не гавары так! – заўважыў яму аднойчы Вялiкi Клаўс. – У цябе ўсяго адзiн конь!

Але вось зноў хто-небудзь праходзiў побач, i Маленькi Клаўс забываўся, што не трэба было так гаварыць, i зноў выкрыкваў:

– Гэй вы, мае конiкi!

– Сцiхнi зараз жа! – сказаў яму нарэшце Вялiкi Клаўс. – Калi ты скажаш гэта яшчэ хоць раз, я стукну твайму каню па галаве. Яму тады адразу канец будзе!

– Не буду больш! – сказаў Маленькi Клаўс. – Праўда, не буду.

Але раптам зноў нехта прайшоў побач i павiтаўся з iм, а ён ад радасцi, што арэ на пяцi конях, зноў ляснуў пугай i закрычаў:

– Гэй вы, мае конiкi!

– Вось я табе нападганяю тваiх конiкаў! – сказаў Вялiкi Клаўс.

Узяў ён молат, якiм заганяюць у зямлю слупы, каб прывязваць коней, i так стукнуў каню па галаве, што забiў яго.

– Эх, няма цяпер у мяне нiводнага каня! – прамовiў Маленькi Клаўс i заплакаў.

Потым ён зняў з каня скуру, добра высушыў яе на ветры, паклаў у мех, ускiнуў мех на спiну i пайшоў у горад прадаваць скуру.

Iсцi давялося вельмi далёка, праз вялiкi цёмны лес, а тут яшчэ непагода разгулялася, i Маленькi Клаўс заблудзiўся. Толькi выбраўся ён на дарогу, як зусiм сцямнела, а да горада было яшчэ далёка, ды i дамоў назад няблiзка; да ночы нiяк не дайсцi яму нi туды, нi сюды.

Пры дарозе быў вялiкi сялянскi двор; аканiцы ў доме былi ўжо зачынены, але скрозь шчылiны свяцiўся агонь.

"Вось тут я, напэўна, знайду сабе прытулак на ноч", – падумаў Маленькi Клаўс i пастукаўся.

Гаспадыня адчынiла дзверы, даведалася, што яму трэба, i загадала iсцi сваёй дарогай: мужа яе не было дома, а без яго яна не магла прымаць гасцей.

– Ну, тады я пераначую на двары! – сказаў Маленькi Клаўс, i гаспадыня зачынiла дзверы.

Каля дома стаяў вялiкi стог сена, а памiж стогам i домам – хляўчук з роўнай саламянай страхой.

– Вунь там я i лягу! – сказаў Маленькi Клаўс, убачыўшы гэтую страху. Цудоўная пасцель! Спадзяюся, бусел не заляцiць i не схопiць мяне за нагу!

Гэта ён сказаў таму, што на страсе дома ў сваiм гняздзе стаяў жывы бусел.

Маленькi Клаўс узлез на страху хлява, лёг на саломе i пачаў варочацца з боку на бок, шукаючы больш зручнае становiшча. Аканiцы закрывалi толькi нiжнюю частку вокнаў, i яму была вiдаць уся святлiца.

А ў святлiцы стаяў вялiкi стол, чаго-чаго толькi на iм не было: i вiно, i мяса, i смачнейшая рыба; за сталом сядзелi гаспадыня i дзяк, – больш нiкога.

Гаспадыня налiвала госцю вiна, а ён уплётваў рыбу, – ён быў вялiкi да яе ахвотнiк.

"Вось бы мне далучыцца!" – падумаў Маленькi Клаўс i, выцягнуўшы шыю, заглянуў у акно. Божа, якi цудоўны пiрог ён убачыў! Вось дык банкет!

Але тут ён пачуў, што нехта пад'язджае да дома, – гэта вярнуўся дамоў муж гаспадынi. Ён быў вельмi добры чалавек, але яго непакоiла дзiўная хвароба: ён цярпець не мог дзякаў. Варта яму было сустрэць дзяка – як ён вар'яцеў. Таму дзяк i прыйшоў у госцi да яго жонкi ў той час, калi мужа не было дома, а добрая жанчына iмкнулася пачаставаць яго на славу. Абодва яны вельмi напалохалiся, пачуўшы, што гаспадар вярнуўся, i гаспадыня папрасiла госця хутчэй залезцi ў вялiкi пусты куфар, якi стаяў у куце. Дзяк паслухаўся, – бо ведаў, што гаспадар цярпець не мог дзякаў, – а гаспадыня хутка прыхавала ўсе пачастункi ў печы; калi б муж бачыў усё гэта, ён, вядома, спытаў бы, каго яна збiралася частаваць.

– Ах, – цяжка ўздыхнуў Маленькi Клаўс на страсе, гледзячы, як яна хавала ежу i вiно.

– Хто там? – спытаў селянiн i глянуў на Маленькага Клаўса. – Чаго ж ты ляжыш тут? Хадзем лепей у святлiцу!

Маленькi Клаўс. растлумачыў, што ён заблудзiўся i папрасiўся начаваць.

– Добра, – сказаў селянiн, – начуй. Толькi найперш трэба нам з табой падмацавацца з дарогi.

Жонка прыняла iх абодвух вельмi ласкава, падрыхтавала стол i дастала з печы вялiкi чыгун кашы.

Селянiн прагаладаўся i еў з апетытам, а ў Маленькага Клаўса з галавы не выходзiла рыба, смажанае мяса i пiрог, якiя былi прыхаваны ў печы.

Пад сталом, каля ног Маленькага Клаўса, ляжаў мяшок з конскай скурай, з той самай, якую ён нёс прадаваць. Каша не лезла яму ў горла, i вось ён прыцiснуў мяшок нагой, – сухая скура гучна затрашчала.

– Цсс! – сказаў Маленькi Клаўс, а сам зноў наступiў на мяшок, i скура затрашчала яшчэ мацней.

– Што там у цябе? – спытаў гаспадар.

– Ды гэта ўсё мой вядзьмак, – сказаў Маленькi Клаўс. – Гаворыць, што не трэба нам есцi кашу, – ён ужо начараваў для нас поўную печ усяго: там i мяса, i рыба, i пiрог!

– Вось дык штука! – закрычаў селянiн, хутка адкрыў печ i ўбачыў там выдатныя стравы. Мы ж ведаем, што iх схавала туды яго жонка, а ён падумаў, што гэта ўсё вядзьмак нарабiў!

Жонка не стала нiчога гаварыць i тут жа ўсё паставiла на стол, а муж з госцем пачалi ўплётваць i мяса, i рыбу, i пiрог. Але вось Маленькi Клаўс зноў наступiў на мяшок, скура затрашчала.

– А што ён толькi што сказаў? – спытаў селянiн.

– Ды вось, кажа, што начараваў нам яшчэ тры бутэлькi вiна, яны таксама ў печы, – адказаў Маленькi Клаўс.

Давялося гаспадынi выцягнуць i вiно. Селянiн выпiў шклянку, другую, i яму стала так весела! Так, такога ведзьмака, як у Маленькага Клаўса, ён не супраць быў займець!

– А можа ён вызваць чорта? – спытаў селянiн. – Вось на каго б я паглядзеў; мне ж цяпер весела!

– Магчыма, – сказаў Маленькi Клаўс, – мой вядзьмак можа зрабiць усё, што я захачу. Праўда? – спытаў ён у мяшка, а сам наступiў на яго, i зноў скура затрашчала.

– Чуеш? Ён адказвае "так". Толькi чорт вельмi пачварны, не варта i глядзець на яго!

– Ну, а я яго нiколечкi не баюся. А якi ён на выгляд?

– Ды вылiты дзяк!

– Цьфу! – плюнуў селянiн. – Вось брыдота! Трэба табе сказаць, што я бачыць не магу дзякаў! Але ўсё роўна, я ж ведаю, што гэта чорт, i мне будзе не так прыкра! Да таго ж я цяпер набраўся храбрасцi, гэта вельмi дарэчы! Толькi няхай ён не падыходзiць вельмi блiзка!

– А вось я зараз скажу ведзьмаку! – вымавiў Маленькi Клаўс, наступiў на мяшок i прыслухаўся.

– Ну што?

– Ён загадвае табе пайсцi i адкрыць вунь той куфар у куце: там прыцiх чорт. Толькi прытрымлiвай вечка, а то ён выскачыць.

– А ты памажы прытрымаць! – сказаў селянiн i падышоў да куфра, куды жонка схавала дзяка.

Дзяк быў нi жывы нi мёртвы са страху. Селянiн прыадчынiў вечка i заглянуў у куфар.

– Тфу! Бачыў, бачыў! – закрычаў ён i адскочыў убок. – Якраз наш дзяк. Вось брыдота!

Такую непрыемнасць трэба было запiць, i яны пiлi да позняй ночы.

– Ведзьмака гэтага ты мне прадай! – сказаў селянiн. – Прасi колькi хочаш, хоць поўную мерку грошай!

– Не, не магу, – сказаў Маленькi Клаўс.

– Падумай, колькi мне з яго ўзяць! – сказаў селянiн i пачаў угаворваць Маленькага Клаўса.

– Ну добра, – адказаў нарэшце Маленькi Клаўс, – няхай будзе па-твойму! Ты са мной ласкавым быў, пусцiў мяне начаваць, дык бяры майго ведзьмака за мерку грошай, толькi насыпай паўней!

– Добра, – сказаў селянiн. – Але ты павiнен узяць i куфар, я i гадзiны не хачу трымаць яго ў сябе дома. Хто ведае, можа, чорт усё яшчэ сядзiць там.

Маленькi Клаўс аддаў селянiну свой мяшок з высушанай скурай i атрымаў за яго поўную мерку грошай, ды яшчэ вялiкую тачку, каб было на чым везцi грошы i куфар.

– Бывай! – сказаў Маленькi Клаўс i пакацiў тачку з грашыма i з куфрам, у якiм усё яшчэ сядзеў дзяк.

За лесам працякала вялiкая блакiтная рака, такая быстрая, што ледзь можна было справiцца з плынню. Праз раку быў перакiнуты новы мост. Маленькi Клаўс стаў пасярэдзiне моста i сказаў наўмысна як можна гучней, каб дзяк пачуў:

– Нашто мне гэты бязглузды куфар? Ён такi цяжкi, нiбы напакаваны каменнямi! Я зусiм замучыўся з iм. Кiну я яго ў рэчку: прыплыве ён да мяне дамоў сам – добра, а не прыплыве – i не трэба!

Потым ён узяўся за куфар адной рукой i злёгку прыпадняў яго, нiбы збiраючыся спiхнуць у ваду.

– Пачакай! – закрычаў у куфры дзяк. – Выпусцi спачатку мяне!

– Ай! – ускрыкнуў Маленькi Клаўс, прыкiдваючыся, што напалохаўся. – Ён усё яшчэ тут! У ваду яго хутчэй! Няхай топiцца!

– Не, не! Гэта не чорт, гэта я! – крычаў дзяк. – Выпусцi мяне, я табе дам поўную мерку грошай!

– Вось гэта iншая справа! – сказаў Маленькi Клаўс i адчынiў куфар.

Дзяк iмгненна выскачыў адтуль i спiхнуў пусты куфар у ваду. Потым яны пайшлi да дзяка, i Маленькi Клаўс атрымаў яшчэ мерку грошай. Цяпер тачка была поўная.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю