412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джеймс Олдридж » Паляўнiчы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Паляўнiчы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:23

Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"


Автор книги: Джеймс Олдридж


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)

– Не плач, – сказаў Мэрэй Зелу такiм тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваiх сяброў. – Не плач, будзе табе лань, калi гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.

– Гэта твайму жывату патрэбна шмат! – усклiкнуў Зел. – Гэта ты ляжыш на адзiным ложку, а нам з Роем даводзiцца спаць на падлозе. Ты з'ядаеш удвая больш, чым мы. Як магло стацца, што ты сабраўся ў дарогу ад Скоцi, калi раней ты збiраўся зайсцi па мяне? Бо ў цябе ж нават пасткi былi ўжо сабраныя!

Мэрэй нiчога не запярэчыў, ён моўчкi адчынiў дзверы i высмаркаўся проста на чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла i ён не спынiў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хацiне было даволi змрочным i без гэтых сварак.

У хацiне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дымiла, а падчас моцнага ветру вялiкая сасна пачынала хiстацца i ўся хацiна з рыпеннем хiсталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, i папаўненне запасу лягло на Роя, а зiмой гэта было складана i цяжка. У iх было толькi адно вядро i для мыцця i для пiтной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлiчваў Мэрэй, калi выбiраў гэтае месца, аказалася гнiлаватым, гарбата i кава аддавалi зямлёй i грыбамi, а Рой гэтага не любiў. Iм даводзiлася эканомiць газу, i таму ў хацiне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.

На долю Роя выпала i падтрыманне чысцiнi: даводзiлася прыбiраць рэшткi пасля разборкi жывёлiн, якiя затоптвалiся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлiвы смурод ад пушнiны i кухарства. Каб зносiць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хацiна, а Мэрэю толькi i трэба было ад хацiны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цiкавiла толькi як месца для харчавання i сну. Мэрэй быў неахайны i абыякавы, а Зел толькi неахайны, i ў iхнiм таварыстве Рой лавiў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклiвы. У хацiне ён быў маўклiвы i кожны дзень з палёгкай сыходзiў унiз па заснежаным схiле, у марозны халадок возера Фей.

Краiна гэтая не трацiла для Роя сваёй зачараванасцi i – Рой гэта ведаў нiколi не страцiць. На заснежаных плато, калi ўзiраўся ў далёкiя лясы i азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хацiне. Усё часцей i часцей Рой выбiраўся з азёрнай катлавiны, далей ад бабровай лоўлi на хрыбты i цераз iх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыi, у думках пракладваючы сцежкi вакол асобных пiкаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбiраючы месцы, адно лепшае за другое, для хацiны, для волаку i для блiжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.

У гэтыя iмгненнi Сент-Элен уяўляўся яму толькi ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлiкая дзятва. У малюнку, якi ўзнiкаў у яго ў думках, не было нi Сэма, нi Эндзi, нi нават Джын. Яна, вiдаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знiкала са свядомасцi, калi ён нечага пазбаўляўся, справядлiва i назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблiк, тым больш хацелася Рою ўявiць сабе Джынi Эндрус i тым большы неспакой гэта выклiкала.

Вось пра што ён думаў, калi халодным змрочным днём сядзеў на вяршынi невялiкай гары i пазiраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазiрнуць паўзверх хрыбта. I як сягаў яго позiрк, ён у думках пракладваў па лясах i плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калi побач з iм з'явiўся Мэрэй, i Рой ажно падскочыў, бо яго засталi знянацку. Ён быў падобны на аленя, якi хоча кiнуцца ў лес.

– Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку далiны, – спакойна прамовiў Мэрэй i сеў побач з Роем на сук пiхты. – Што ты тут робiш? Падпiльноўваеш дзiчыну?

Рой пакруцiў галавой i адчуў, як напружаны мускулы шыi i як сцiснулася цела.

– Не, – сказаў ён, – проста я прыкiдваў, як пракласцi шлях адсюль проста ў Сент-Элен.

– Лепш за ўсё iсцi вакольным шляхам, праз участкi Скоцi i Iндзейца Боба, сказаў Мэрэй. – Калi нацянькi, то давядзецца доўга iсцi па адкрытай мясцовасцi. А што? Хiба ты збiраешся раз на тыдзень хадзiць туды?

– Не, проста так. Забаўляўся, – сказаў Рой, ведаючы, што Мэрэй не ацэнiць яго планы ператварыць краiну Срэбных Даляраў у арганiзаваную сiстэму ўчасткаў для ўзаконенага палявання. Наадварот, Мэрэй мог быць нават супраць такiх планаў, бо зараз увесь гэты край пэўным чынам належаў яму, i не толькi згодна з яго ўласным уяўленнем, але i ў вачах Роя i нават Зела Сен-Клэра, Мэрэй знаходзiўся ў гэтай краiне як неад'емная яе частка, i для Мэрэя не iснавала нi Сент-Элена, нi iнспектараў, нi наогул чалавечых законаў.

– Калi надарыцца выпадак, – сказаў Мэрэй, – нам варта скiраваць на захад, на той бераг ракi, паглядзець, якiя мясцiны там. Днямi я быў там, i мне здалося, што там яшчэ вышэй. А ты не заўважыў, што чым вышэй, тым цяплей?

Рой кiўнуў галавой:

– Унiзе каля возера зараз, вiдаць, градусаў на пяць халадней, чым тут. I сушэй. Рукi там проста дымяцца, калi знiмеш рукавiцы. – Рой зiрнуў на сваю руку i толькi зараз заўважыў у руцэ ў Мэрэя ружжо. – Ты што, на паляваннi? спытаў ён.

– Проста шукаў аленя, – i вялiкая рука Мэрэя нецярплiва перахапiла ложа армейскай вiнтоўкi. – У пастцы iх не дачакаешся. Вось убачу буйнога самца, i нам хопiць яго на некалькi тыдняў.

– Ох i пападзе табе ад Зела, калi захочаш страляць тут! – папярэдзiў Рой.

– Ану яго! Плаксiвец! – са шкадаваннем сказаў Мэрэй. – Зайдзi ты з таго боку лесу, напярэймы, а я паспрабую выгнаць, – папрасiў ён Роя.

Уяўленне пра дарогу ў Сент-Элен у Роя даўно знiкла. Ён сказаў: – Ну што ж, – i пайшоў за Мэрэем па снезе i па скалах на сама аленевую строму. Па дарозе iм сустракалася шмат слядоў, адбiткi капытоў, памёт, з'едзеныя верхавiны маладых клёнаў, але хоць яны прачасалi, падзялiўшыся, вялiкую паласу лесу, нiчога iм не трапiлася. Нават i гэтае паляванне без ружжа давала Рою задавальненне, i ён упершыню ўсвядомiў, як сумна займацца толькi адловам баброў. Ён бачыў гэта i па Мэрэю. Мэрэй быў паляўнiчы ад прыроды, у iм было мала ад звералова, i калi ён iшоў па гэтай краiне з ружжом у руках, гэта было апраўдана ўсiм: i яго няўрымслiвай галавой, i яго цвёрдым крокам, i яго моцнай рашучасцю забiць усё, што нi трапiць на мушку.

– Глянь, – раптам гучна зашаптаў Мэрэй.

Яны ляглi на зямлю за снежнай гурбай, як зайцы, што схавалiся ў канаве. Спераду i нiжэй, на ўскраiне замерзлага балота, паказалiся два вялiкiя цёмныя звяры. Яны былi напалову схаваныя за кустамi, але iх выдавала вялiкая рагатая галава.

– Ат, д'ябал! – узбуджана прашаптаў Рой. – Гэта ж лось са сваёй каровай.

Мэрэй ужо папоўз убок, каб вылезцi з валуноў i кустоўя, якiя перашкаджалi яму прыцэлiцца. Рой застаўся на месцы, аддаючы права дзейнiчаць Мэрэю.

Але не паспеў Мэрэй выстралiць, як лось, адчуўшы чалавека, iрвануўся цераз лёд у балота, ласiха за iм. Гледзячы на высока ўзнятыя рогi, Мэрэй зразумеў, што скачкi станавiлiся ўсё больш шырокiмi i хуткiмi. Але ласi былi занадта цяжкiя, лёд пад iмi трашчаў i ламаўся, амаль заглушыўшы першы безвынiковы стрэл Мэрэя. Яны ўжо мiнулi замерзлае балота, i, адколваючы вялiкiя кавалкi лёду, лось ужо выбiраўся з вады, калi грымнуў другi стрэл. Але Мэрэй цэлiўся не ў лася: блiжэй да яго была ласiха, якая яшчэ боўталася ў вадзе. У тое ж iмгненне лось рэзка павярнуўся, убачыў, што адбылося з самкай, i кiнуўся ў напрамку Мэрэя i Роя. Усiм сваiм масiўным целам ён урэзаўся ў замерзлае балота, нiбыта i не заўважыў яго, вялiзныя капыты ўздымалi фантаны белага раструшчанага лёду. Ён разбураў усё на сваiм шляху. Калi выбраўся на зямлю, ён без прыпынку кiнуўся на паляўнiчых, ламаў дрэвы, адкiдваў вялiкiя камякi снегу, з хуткасцю i злосцю шалёнага слана. Рой схаваўся за вялiзны валун, лёг на зямлю, i, калi лось пранёсся мiма, ён праз цяжкi грукат страшных капытоў пачуў гук стрэлу. Мэрэй прамахнуўся, грукат капытоў сцiх удалечынi, i тады яны ўсталi, трывожна азiралiся.

– Я яго адразу ж забiў бы, – сказаў Мэрэй, – але я не ведаў, куды ты адскочыш, i прытрымаў стрэл, аднак, думаю, я яго ўсё ж падстрэлiў. Вось дык махiна! – Марэй аж крычаў ад захаплення i, апераджаючы Роя, кiнуўся ў халодную ваду да вялiкай тушы, якая сцякала густой цёмнай крывёю на скрышаны лёд.

– Ну вось вам i мяса! – гучна крычаў Мэрэй.

Вядома, не мяса парушыла яго звычайную абыякавасць, i Рой гэта ведаў. Але, нягледзячы на гэта, Мэрэй страляў у ласiху таму, што мяса яе было больш прыемнае, чым у самца. На сваiм участку кожны паляўнiчы страляў бы, вядома, па самцу, бо звычайна ласiх бывае менш, але Мэрэй, нават калi б у яго быў свой участак, не прытрымлiваўся гэтых правiл. Для яго адна жывёлiна была варта другой.

– "Забаронена законам, – працягла прамовiў Рой, пераканаўшыся, што ласiха мёртвая, – паляваць, лавiць альбо iншым чынам знiшчаць самак аленя любога ўзросту".

Але Мэрэй яго не слухаў. Ён яшчэ цешыўся забойствам i рыхтаваўся разбiраць тушу. Трэба было спачатку выцягнуць яе на цвёрдую зямлю. Раўняючыся сiлай з жывёлiнай, якую ён забiў, Мэрэй схапiўся за вялiкую галаву, напружыўся i з дапамогай Роя зрушыў яе з месца, з цяжкасцю выцягнуў гэтыя трыста мёртвых кiлаграмаў на бераг i задаволена выцер успацелы твар мокрым рукавом.

– "Таксама забаронена законам, – нараспеў i на ўвесь голас працягваў Рой, – страляць цi iншым спосабам знiшчаць любога лася, якi плыве ў вадзе любога возера альбо ракi".

– Якi плыве! – паўтарыў Мэрэй. – Гэты дурны лось сам завёў сваю карову сюды. I яна засела. Iнакш я напэўна прамахнуўся б.

Рой засмяяўся.

– Але ўсё адно ты забойца, Сахаты! – сказаў ён.

Мэрэй не стрываў:

– А ты часам бываеш падобны на iнспектара ў паляўнiчых штанах.

Гэты абмен камплiментамi надаў iм добрага настрою, i яны пачалi разбiраць ласiху, пакуль яна яшчэ не астыла. Яны не клапацiлiся, каб разабраць яе па ўсiх правiлах, а толькi паднялi тушу на дрэва – ад ваўкоў i адсеклi ад задняй часткi добры кавалак на першы час. Калi закончылi гэта, вымылi акрываўленыя рукi ў палонцы i выправiлiся ў зваротны шлях. Яны пераможна пратоптвалi сабе сцежку ў снезе: ляжка ласiхi тырчала з заплечнага меха яе забойцы.

Iхняя ўзбуджанасць усё яшчэ не знiкла, i ўсю дарогу яны жартаўлiва перамаўлялiся, як раптоўна iхнюю бесклапотную балбатню перапынiў стрэл.

Яны знерухомелi.

– Гэта не Зел, – сказал Рой. – Надта далёка!

– I нашмат больш на поўнач, – задумлiва дадаў Мэрэй.

На поўнач – азначала, што стралялi ў глыбiнi заказнiка, значна глыбей, чым зайшлi яны самi.

– Ну вось, – прамовiў Рой, якi ўсё яшчэ перажываў сваю радасную бесклапотнасць: – Гэта, вiдаць, нейкi абходчык адгукаецца на нашыя стрэлы, лiчыць, што стралялi свае. I нам зараз застаецца спакойна сядзець i чакаць, калi нас зловяць.

Пасля гэткай фiласофскай высновы яны працягвалi балбатаць, i iхняе шчаслiвае ўзбуджэнне не магла парушыць нават думка пра незразумелы стрэл. Яны шумна ўвалiлiся ў хацiну, але тут iх сустрэў злосны Зел Сен-Клэр.

Ён абрынуў на iхнiя галовы цэлую лавiну французскай i ангельскай лаянкi, абвiнавацiў абодвух у iдыятызме i злосных намерах, гаварыў, што абодва яны ўступiлi ў змову супраць яго, што яны ўцягнулi яго ў гэтую брудную справу i нагрузiлi ўсёй цяжкай працай, што яны падманваюць яго, хлусяць i яшчэ Бог ведае што.

Гэта засмуцiла Роя: ён бачыў, што Зел думае пра гэта сур'ёзна, а такiх важкiх i горкiх абвiнавачванняў Рою не даводзiлася чуць нi разу ў жыццi. Мэрэй дык проста паклаў свой ласiны кавалак на стол i пачаў рэзаць яго нажом, а косцi секчы сякерай, на папрокi Зела ён адказваў толькi асаблiва сярдзiтымi ўдарамi гэтай маленькай, але смяротнай зброi. Калi Мэрэй, нарэшце, адрэзаў кавалак, дастатковы для вячэры, ён падаў яго Зелу, тым самым моўчкi запрашаючы яго заняцца сваёй справай. I тут раптам Зел сцiшыўся i заплакаў ад прынiжэння. Ён схапiў мяса, шпурнуў яго ў сцяну i куляй выскачыў у марозную цемру. Мэрэй падняў мяса, вельмi марудна i старанна абцёр яго i паклаў на скавараду. Рой узяў вядро i пайшоў па ваду, а заадно зiрнуць, як там Зел. Зел сядзеў каля азярца i плакаў, як малое дзiця. Рой спакойна пасядзеў каля яго, а пасля сказаў:

– Хопiць, Зел. Тут холадна.

Зел пайшоў за iм i пачаў кухарыць i падаваць на стол, моўчкi i старанна. Калi ўсе ўжо наелiся сакавiтага i смачнага мяса, Зел, нарэшце, перапынiў маўчанне:

– А вы чулi той стрэл? – спытаў ён жаласлiва.

– Вiдаць, яшчэ адзiн галодны браканьер падстрэлiў сабе аленя на вячэру, разважна прамовiў Рой.

– А мне здалося, што гэта драбавiк, – зазначыў Мэрэй.

– А мо гэта Самсонава пушка? – выказаў меркаванне Рой.

– Не, – сур'ёзна запярэчыў Зел. – Ён нiколi не кiне Скоцi.

Рой усмiхнуўся з уласнага жарту, але адчуваў, што яму не хапае Скоцi i Самсона. Яму не хапала магчымасцi адзiн або два разы за сезон схадзiць да iх цераз раку, прадоўжыць спрэчку са Скоцi альбо не першы раз выпрабаваць надзейнасць iхняга сяброўства, падбухторваючы аднаго супраць другога.

– Люблю я Скоцi, – прамовiў ён. – Цяжка было б без яго Самсону.

Нiхто не падтрымаў гэткай праявы пачуццяў, i Рой выкiнуў гэта з галавы. Яму не хапала i Джэка: Джэка ў лесе, Джэка ў Сент-Элене альбо проста Джэка ў любой сiтуацыi. Пра гэта таксама варта было забыцца, i Рой са здзiўленнем пераканаўся, што яму гэта ўдаецца лёгка. Тут усё на свеце некуды адступала. Рой нiбыта пераступiў, нарэшце, мяжу, i ў вялiкай адзiноце гэтага жыцця мiнулае пачынала адлушчвацца ад сённяшняга. Мiнулае можна было згадваць i нават сумаваць па iм, але сапраўднае было вакол яго. Нават прымiтыўная хацiна здавалася не такой i дрэннай, калi ў ёй спрачалiся. Калi Зел паводзiў сябе больш спакойна, а Мэрэй больш чалавечна, i ў гэткiм невялiкiм прыстанiшчы было дастаткова прасторна i ўтульна. Усё гэта было часцiнкай сапраўднага, i Рой адчуваў, што варта дастойна пражыць i гэтае жыццё. Шторанiцы, i з кожным днём усё мацней, ён жыў асалодай, як будзе iсцi вакол возера, уверх па хрыбтах i куды-небудзь убок, наўздагад. Пакуль рухалiся яго ногi, ён быў шчаслiвы, i Джэк, i Скоцi, i Самсон, i Эндзi былi з iм як успамiн дзяцiнства; ён памятаў iх выразна, але з яго жыцця яны сышлi.

– Як справы з бабрамi? – спытаў у яго аднойчы ранiцай Мэрэй, калi збiраўся ў звыклы паход. – Усё яшчэ хапае?

– Ледзь спраўляюся з iмi, – адказаў Рой.

Мэрэй усмiхнуўся:

– Ну што ж, значыць, хутка напакуем мяхi i назад?

Рой ведаў, што Мэрэй хiтруе, але не паддаўся на гэта. Рой не спяшаўся ў зваротны шлях. У яго адчаi была i свая стомленая задаволенасць, прыняцце няшчасця, нават пэўная лёгкасць ад таго, што магутны лёс адразу вырашыў усе яго сумненнi. Раней Рой нiколi не мiрыўся з уварваннем лёсу ў яго жыццё, але цяпер непазбежнасць давала магчымасць глядзець на сябе збоку, здымала цяжар што-небудзь вырашаць i рабiць. Ён нават мог уявiць сабе Эндзi i Джынi i маляваць малюнак свайго вяртання ў Сент-Элен.

Эндрус, вядома, зазлуе. Часамi на яго не было супынку, i колькi разоў хлапчуком Рой зазнаваў на сабе цяжар яго кулака i ўдары галавой, якiмi Эндзi частаваў яго падчас прыступу шаленства. Праўда, Эндзi звар'яцее. Ну i што? Што ён скажа? Рой ледзь не засмяяўся. Эндзi не прывык стрымлiваць свой язык, вось ён i вылье ўсё на Роя: лаянку, праклёны, папрокi, знявагу, кпiны. Ён мог абразiць Роя, зрабiць яму балюча, больш балюча, чым хто iншы. Галоўны яго папрок Рою будзе ў вераломнасцi, схаваным падмане, халодным разлiку. Рою, якi сам нiколi не шукаў выгады ў чужой бядзе, цяжка будзе ўсё гэта выслухаць. Але Эндзi вып'е асалоду сваёй помсты дарэшты, i Джынi таксама атрымае сваю долю. Тут малюнак цямнеў. Што зробiць Эндзi ў адносiнах да Джынi? Цi кiне ён у твар ёй тыя ж знявагi, цi пакажа яе як распуснiцу, а самога сябе як бязгрэшнага? Рой быў абураны, яго так i турзала ўскочыць i выставiць Эндзi контрабвiнавачваннi. Якое права мае Эндзi вяртацца i патрабаваць аднаўлення таго, ад чаго сам уцёк? Ва ўсiм вiнаваты сам Эндрус. Гэта ён улез у iхняе жыццё, ён здрадзiў iм. Але цi гэтак будзе разважаць Джынi? Яна павiнна адчуваць тое ж, што i Рой! Яна ведае, што памiж iмi iснуе тое, да чаго няма справы Эндрусу, якiя б нi былi на гэты конт законы краiны.

Калi б Роем кiравалi абурэнне i ўсведамленне ўласнай праваты, ён адразу ж пакiнуў бы хацiну i накiраваўся б проста ў Сент-Элен. Але як толькi знiкла пачуццё лёгкасцi, прынесенае фаталiзмам, Рой зноў станавiўся грэшнiкам. Ён ведаў, што з вяртаннем Эндзi Эндруса вiнаватым аказаўся ён сам, i Джынi, i ўвесь свет. Джынi была для яго страчана, як страчана была дзiчына ў Муск-о-гi, i Сэм, i страчаны Сент-Элен. Нiчога не засталося на свеце, куды Рой мог бы вярнуцца.

– Нешта ты стаў задумвацца, сябрук, – сказаў яму неяк Мэрэй, калi выходзiў з хаты. – Ты нечым заклапочаны?

Рой нiчога не адказаў, пацiснуў плячыма i пайшоў на сваё возера Фей.

Лоўля баброў яго раздражняла; здабыванне скуркi стала для яго дакучлiвай павiннасцю, таму ён пачаў паскараць лоўлю такiмi спосабамi, якiх нiколi раней не дазваляў сабе, як занадта згубных i спусташальных для бабра. З сабой ён меў каля дзесятка сiло, i ён пачаў ставiць iх петлi з дроту зусiм блiзка да выхада з хатак i на шлюзах каналаў, што азначала пагалоўнае знiшчэнне. Гэткiя спосабы палявання ў Муск-о-гi заўсёды выклiкалi ў Роя агiду, але зараз ён са здзiўленнем лавiў сябе на тым, што тут гэткае пачуццё ў яго не ўзнiкае. Ён згадаў параграф, дзе гаварылася, што законам забараняецца любой асобе выкарыстоўваць сiло для лоўлi бабра ў любую пару года. Ды не было звыклага гумару ў тым, што ён абвяшчаў, быў толькi адкрыты цынiзм, накшталт хуткасцi i спрыту, з якiм ён спраўляўся з сiло, каб хутчэй пакiнуць балота дзеля новых блуканняў па хрыбтах, дзеля новых разведак i планаў, якiя зараз займалi большую частку ягонага дня. Калi яго адольвала гэтая прага новых адкрыццяў, лоўля баброў здавалася яму марнай тратай часу, i чым блiжэй знаёмiўся ён з гэтай краiнай, тым большым станавiлася нецярпенне закончыць аблоў, правесцi яго iнтэнсiўна, нават бязлiтасна, каб толькi хутчэй вызвалiцца i цалкам аддацца асваенню цудоўных прастораў краiны Срэбных Даляраў.

– Дзе ты прапаў? – аднойчы спытаўся ў яго Зел цiхiм, светлым вечарам, калi яны засталiся ў хацiне ўдвух. – Разы са два я шукаў цябе на возеры Фей, але цябе там нiбыта i не было!

Рой не хацеў распачынаць гаворку з Зелам.

– Вiдаць, блукаў недзе паблiзу, – з сумам азваўся ён i адразу ж пашкадаваў пра гэта. – Я часта падымаюся на хрыбет, Зел, каб зiрнуць, цi нiкога няма вакол. Ды i холадна на гэтым балоце, не вытрымлiваю.

– Вы з Сахатым толькi тым i заняты, каб блукаць невядома дзе, прамармытаў Зел. – Дзе Сахаты? Яму даўно пара вярнуцца.

Але гэтай ноччу Мэрэй так i не вярнуўся. Зел занепакоiўся, а Роя гэта хоць i турбавала, аднак больш за ўсё пацяшала, калi ён уяўляў сабе, як Мэрэй зайшоў, нарэшце, так далёка, што i не вернецца за адзiн дзень. Ён не думаў, што з Мэрэем нешта здарылася, ён быў вельмi вопытны лесавiк. Iншым, больш гераiчным часам, з Мэрэя мог атрымацца даследнiк новых земляў, чалавек, якi мог бы пракласцi шлях, знайсцi неверагодную колькасць скарбаў, адкрыць кантынент i не надаць асаблiвай увагi свайму адкрыццю. Для Мэрэя гэта азначала б толькi наступны пагорак альбо наступную далiну, ён i зараз, верагодна, затрымаўся на нейкiм з гэтых пагоркаў альбо ў якой-небудзь далiне, замарозiў сябе на трыццацiпяцiградусным марозе, замест таго каб ляжаць на цёплым ложку, якi Зел не забыўся адразу ж заняць. Аднак жа Рой зайздросцiў Сахатаму.

– Ты пойдзеш шукаць яго? – спытаў Зел, калi прачнуўся марозным досвiткам.

– Не, – адказаў Рой. З кожным днём ён, сам не ведаючы чаму, адказваў Зелу ўсё больш лаканiчна.

Якраз апоўднi першага дня адсутнасцi Мэрэя Рой заўважыў, калi выпраўляўся на Сярэбраную раку, маленькага чалавечка на схiле каля балота андатраў. Рой ледзьве бачыў яго ўдалечынi на крутым снежным схiле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў памiж двух ствалоў, i па нейкiх асаблiвых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласцi, што будаваў памост. I Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнiк для пушнiны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў i недасяжная для драпежнiкаў.

– Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, – усмiхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлiчваць iхнюю пушнiну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махiнацыях Зела, пасля пацiснуў плячыма i пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, i не раззлавала. Яму было абыякава, i дробны махляр Зел i яго пушны склад, – усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.

Некалькi разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вiнтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасцi ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагiбельнай для iх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, i вярнуўся ён толькi праз суткi. Ён прыйшоў з першымi парывамi завiрухi. Яго твар пунсавеў, калi ён нагой адчынiў дзверы i кiнуў на падлогу блiскучую чорную шкуру вялiзнага мядзведзя. Рой зачынiў дзверы, у якiя рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся i строс з галавы i шыi тоўсты пласт снегу.

– Так атрымалася: цi мне загiнуць, цi яму, – сказаў Мэрэй пра мядзведзя. Вось я яго i забiў. Ты б ад смеху памёр, Рой. Сяджу я ўчора ў схованцы пад скалой, стараюся неяк сагрэцца, а ён лезе туды ж. З першага разу я прамазаў, а ён пачаў паварочвацца, каб вылезцi, i я другiм уляпiў яму ў горла. А тлусты! Стаiць раскiрэчыўшыся, нiбыта скунс, а такi тлусты, што i з месца не можа скрануцца.

– А што яшчэ прынёс? – спытаў Зел.

– Ат, дробязь, – сказаў Мэрэй, дастаючы з мяха некалькi скурак. – Лiсяня ды кацяня, вось i ўся здабыча.

– I гэта за тры днi палявання! – заенчыў Зел.

Роўны голас Мэрэя звычайна запаўняў усю хацiну, але зараз Мэрэй маўчаў, i гэта было папярэджанне Зелу i злавесная прыкмета для Роя. Сахаты ўжо не нагадваў болей быка, якi лянiва адганяе хвастом мух; зараз ён быў больш падобны на свайго цёзку лася, якi гатовы кiнуцца на дакучлiвую нiкчэмнасць i павалiць яго, затаптаць магутнымi капытамi. Рой бачыў гэта, i яму было ўсё роўна. Ён безуважна назiраў, чыя ж возьме, як назiраў бы за сустрэчай вавёркi i шашка, калi б яны задумалi падужацца. Для Роя гэта былi новыя адносiны да людзей, якiх ён яшчэ не ўсведамляў. Ён толькi ведаў, што кожны з iх зараз самагодная адзiнка i мяжа iхняй адчужанасцi менавiта ў тым, што, жывучы так, як яны тут жылi, яны засталiся замкнутымi адзiночкамi: няма ў iх нi сяброўства, нi ўзаемнай дапамогi. Зараз страта гэтага пачуцця супольнасцi яго не кранала, i яму было ўсё роўна, што станецца з кожным з iх.

Снег iшоў трое сутак, i часам напружанасць станавiлася пагрозлiвай. Чым больш спакойна i бесклапотна адмахваўся ад дакучлiвай мухi Мэрэй, тым больш ядавiтым i iстэрычным станавiўся Зел. Памiж iмi не ўзнiкала сапраўднай спрэчкi, толькi дробныя сутычкi: каму галiцца першым альбо хто прынясе вады, цi хто хроп усю ноч. Справа дайшла да выбуху, калi Зел заявiў, што, як толькi скончыцца завiруха, iм трэба выбiрацца з заказнiка. Пушнiны ў iх дастаткова, а стрэлы Мэрэя, напэўна, ужо прыцягнулi ўвагу, i iх шукаюць.

– Яшчэ не выплакаў свайго воцату! – сказаў Мэрэй.

– А ты наогул не хочаш мець нiякiх стасункаў нi з чым, – з'едлiва азваўся Зел, i твар яго скрывiла ад злосцi. – Ты страцiў рэшткi чалавечага аблiчча. Блукаеш па лесе, як звер. Сам становiшся лясным зверам i Роя цягнеш туды...

Мэрэй засмяяўся, а Рой запхнуў у рот порцыю жвачкi.

– А ты таксама страцiў сваё ранейшае аблiчча, Зел, – сказаў Мэрэй. – Пара табе садзiцца на зямлю ў Сэнт-Элене i заняцца фермерствам. Вiдаць, iнспектар адбiў табе ўсе бэбахi. Зараз лес для цябе найбольш прыдатнае месца, Зел. Вельмi прыдатнае!

– Гэта табе ў зручны момант хто-небудзь усадзiць кулю ў патылiцу, а я пасля гэтага яшчэ доўга буду займацца паляваннем, – адказаў Зел. – I калi ты думаеш, што я спалохаўся iнспектара, можаш ашчаджаць слiну, гэтаму iнспектару засталося нядоўга гуляць. А калi хочаш каму-небудзь параiць заняцца зямлёю, то парай Рою. Гэта ён з тых, што здыхаюць у свiнарнiку.

Мэрэй даў магчымасць адказаць Рою, але Рой устаў, каб паварушыць вуголле.

Iхняе маўчанне яшчэ больш распалiла шаленства Зела.

– Ты спытай у Роя, што ён будзе рабiць, калi Эндзi зразумее, хто займаў яго месца апошнiя дванаццаць гадоў.

У Роя ў руках было бярозавае палена, i яно адразу ж прасвiстала ў паветры i стукнулася ў сцяну хацiны, але Мэрэй своечасова спусцiў з ложка тоўстую нагу i сапхнуў Зела на падлогу. У напружанай позе, седзячы на кукiшках, Рой быў падобны на "вадзянога быка", мускулы на шыi набрынялi i, здавалася, вось-вось лопнуць, цяжкiя рукi вiселi па баках, быццам гнеў яго знясiлiў. Вось-вось нешта здарыцца, але Мэрэй устаў i ўздыхнуў.

– Ну, – сказаў ён i выцягнуў з-пад ложка вузел з адзеннем. – Я хаваў гэта на чорны дзень, але сёння ў нас тут зусiм чорна. – Ён дастаў бутэльку спiрту, пераступiў цераз скурчанага на падлозе Зела i стараўся дастаць нож, каб адкаркаваць бутэльку. – Не прадыхнуць ад воцату! – дадаў ён, налiваючы ў два кубкi. – Вось вам. За тое, каб згiнулi, нарэшце, закон i парадак.

Не закон i парадак, а думкi пра Сент-Элен, вось што трэба было залiць Рою вiном. Удар Зела здзiвiў яго мацней, чым ён мог чакаць, i, здавалася, перарэзаў апошнюю нiтачку, якая прывязвала яго да Сент-Элена. Ён ведаў, што для яго гэта зараз пустое месца, i ўзяўся за бутэльку, адкiнуўшы ўсялякiя цуглi, i горыч праглынула ў iм рэшткi цвярозага гумару.

Раздзел дванаццаты

Калi завiруха, завалiўшы ўсё снегам, нарэшце сцiхла, Рой узяў ружжо i на лыжах выправiўся на паляванне на хрыбты. Хутка ён высачыў i застрэлiў аленя. Хоць Рой разабраў тушу i павесiў на дрэва, ён ведаў, што сапраўднай патрэбы забiваць гэтага аленя (да таго ж самку) не было, бо ў iх яшчэ заставаўся вялiкi запас ласiнага мяса. Але, калi ён i ўсвядомiў на iмгненне ўсю непатрэбнасць iмкнення забiць, гэтая думка згiнула ў радасным адчуваннi, што ён зноў на паляваннi, i ён не сыходзiў з хрыбтоў, працягваў падпiльноўваць дзiчыну, ён быў гатовы забiваць усё, што трапiць яму на мушку, забiваць, не адчуваючы падчас гэтага абсалютна нiчога, акрамя паляўнiчага азарту.

Пад снегам усё навокал было яшчэ больш дзiўным. Вялiкая заснежаная краiна, краiна доўгiх закругленых лiнiй, якiя недзе ўдалечынi пераходзiлi ў снежны гарызонт. Пад нагамi то цвёрды гранiт, то мяккiя гурбы. А лясы i азёры нiбы вялiзныя сховы цiшынi. Часцей за ўсё чуваць было рыпенне лыжаў па снезе, i кожны раз, як яно чулася, гэты гук вiбраваў i праходзiў праз ногi Роя, праз усё ягонае цела. Гэта быў гук дарогi, частка таго, што i трымала яго ў дарозе, пакуль ён не заходзiў так далёка, што даводзiлася вяртацца, каб паспець да цемры.

Рой закiнуў усе свае пасткi на возеры, i гэта непакоiла яго. Што гэта за лоўля, калi пасткi цэлымi суткамi заставалiся са здабычай, але яшчэ горш было пакiнуць iх пасля завiрухi. Завiруха замяла пасткi, i, акрамя збору здабычы, трэба было пераставiць увесь ланцуг пастак, бо зараз яны апынулiся глыбока ў снезе.

I гэтым днём яму не ўдалося вярнуцца своечасова i агледзець пасткi, бо ён заўважыў дым на ўсходзе i падняўся на адну з блiжэйшых вяршыняў. Але i адтуль ён не мог вызначыць, цi далёка дым, бо снег i шэрае неба скрадвалi адлегласць. Ён вырашыў, што гэта не надта далёка, бо дым быў бачны i ў гэткi змрочны дзень. Вядома, гэта мог быць i Мэрэй, i падчас вячэры ў хацiне ён спытаў:

– Ты быў сёння на ўсходнiх участках?

Мэрэй пакруцiў галавой.

– Я быў на поўначы, на азёрах, шукаў сляды норкi. Iх там шмат. А што?

Рой расказаў яму пра дым.

– Ты, вiдаць, маеш рацыю, Рой, – прамармытаў Мэрэй, напхаўшы ў рот сакавiтага мяса. – Нехта вядзе паляванне ў заказнiку, i даволi бяспечна.

– Як i мы! – умяшаўся Зел i зiрнуў на Роя, на яго закапаную крывёю аленя куртку.

Але Рой не адказаў на выклiк, яго перасталi цiкавiць спрэчкi з Зелам, Мэрэем i з самiм сабой. Ён толькi фыркнуў, плюнуў i працягваў есцi, пытаючыся ў самога сябе, цi прычэпiцца да яго Зел за нявыбраныя пасткi, i панура разважаючы, як ён яго спынiць. Але Зел не згадаў пра гэта, ён пачаў пра недахоп правiянту.

– Закончылася бульба, – аб'явiў iм Зел, – i масла таксама. Засталося ўсяго некалькi бляшанак кансерваў на зваротны шлях, ды яшчэ слоiкi з ягадамi, слоiк марынаду i крыху хлеба ды сухароў.

Слоiк з ягадамi – падарунак мiсiс Бэртан, а марынад быў ад Джынi. Рою захацелася пакаштаваць, цi смачны ён, цi ўдалося Джынi згатаваць нешта не падобнае на яе звыклае прэснае варыва? З абыякавай паблажлiвасцю ён мог зараз захапляцца той прымусовай дамавiтасцю, якую яна напускала на сябе дзеля яго. Не першы раз за гэтыя дванаццаць гадоў ён так востра адчуў, што значыць для яго Джынi, як цесна звязаны iх жыццi, як гэта было правiльна i як правiльна гэта было б i ў будучым. Раптам гэта завалодала ўсёй яго iстотай, i ўпершыню з часу вяртання Эндзi ён уявiў сабе ўвесь воблiк Джынi; усё iхняе знаёмства; i пасля скачок ад прыватнага, ад iх блiзкасцi, – да значэння гэтага для яго; да яго самога, што неаддзельны ад Джынi, як бы нi супрацiўлялася гэтаму яго ўстрывожаная свядомасць; ён не можа дапусцiць, каб з Джынi так мiмаходам здзекаваўся нейкi прыдуркаваты, каб яна падпарадкоўвалася самавольству Эндзi. Не, ён гэтага не стрывае!

Але цi не позна? Справа не ў Эндзi, а ў iм самiм. Ён загiнуў; i не толькi таму, што прырода адолела яго, загнала ў лес. Прырода выхапiла яго з таго асяроддзя, iснаванне па-за якiм для яго было немагчымым. Гэта зрабiла з яго адзiночку – i ўсё. I вось зараз ён меў вынiк свайго паражэння, дзялiў яго са сваiмi спадарожнiкамi: двума загiнуўшымi чалавекамi.

– Давай пакаштуем марынаду, – сказаў Рой Зелу, калi яны селi за стол.

– Гэта што, справа рук Руфi Мак-Нэйр? – спытаў Мэрэй.

Рой адмоўна пакруцiў галавой i сарваў накрыўку.

– А як маецца Сэм? – працягваў Мэрэй.

– Выдыхся! – сказаў Рой, торкаючы вiдэльцам у зялёныя памiдоры.

– Яны там у горадзе ўсе выдыхлiся, толькi гэтага не ведаюць, – сказаў Мэрэй.

Рой адарваўся ад ежы.

– Толькi не Джэк. Джэк Бэртан, той не здасца!

– Ну, як марынад? – спытаў Зел, гледзячы на Роя вачыма, якiя ўсё разумелi.

– Смачны, – сказаў Рой. У памiдорах было занадта цукру, але для першага разу нiчога; зрэшты, iншыя разы для Джын, вiдаць, былi яшчэ менш удалыя.

– Два-тры дрэнныя гады – i Джэк здасца, як i iншыя, – падсумаваў Мэрэй.

Рой не спрачаўся.

Ранiцай ён праверыў пасткi i дастаў з-пад снегу столькi здабычы, што яму стала сорамна за прапушчаны дзень. Дастаючы пасткi з-пад снегу i закладваючы iх на новым месцы, ён заадно не мог не адзначыць асаблiвыя павадкi баброў на новых сцежках у глыбокiм снезе. Часова гэта яго захапiла, асаблiва калi ён натрапiў на двух старых баброў, якiя валiлi невялiкую вярбу. Ён назiраў, як яны паводзiлi сябе: пачалi грызцi ствол не з таго боку i ўсё ж звалiлi вярбу на чысты лёд, дзе iм зручна было адабраць з яе кару. Рой ужо даўно прыйшоў да высновы, што справа зусiм не ў здагадлiвасцi бабра, якi валiць дрэва на ваду альбо на лёд, гэта значыць, iменна туды, куды патрэбна. Тлумачылася гэта проста тым, як раслi дрэвы. Большая частка галiн у вынiку трапiчных умоў расце звычайна на асветленым i адкрытым баку i пераважае сюды дрэва, таму яно i падае на адкрытае месца, як бы нi падгрызалi яго бабры. Аднак Рой усё адно ўсмiхаўся, назiраючы за гэтымi бабрамi, i распачаў з iмi гульню ў снежкi; ён цiхенька наблiжаўся да iх, каб праверыць, як блiзка можна падысцi, перш чым яны пачуюць яго альбо адчуюць яго пах. Ён падышоў крокаў на дванаццаць i лёг у снег, ляпiў снежку. Пасля, асцярожна падняўшы галаву над гурбай, прыцэлiўся i снежкай збiў аднаго бабра з ног. Рой засмяяўся, але ў тое ж iмгненне вярба з шумам упала, i ён здрыгануўся ад нечаканасцi. Спалоханыя бабры знiклi, а Рой, пасмiхаючыся, рушыў далей, на душы ў яго палягчэла. I ўсё-такi ён не зняў ненажэрныя сiло, якiя i на гэты раз падвоiлi яго здабычу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю