Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"
Автор книги: Джеймс Олдридж
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)
Затым прыйшла чарга Роя задаваць пытаннi, не проста пытаннi пра дзiчыну, але галоўныя пытаннi пра сваё iснаванне. I Бэрк быў менавiта той чалавек, якi мог развеяць сумненнi i трывогi Роя. Бэрк мог даць вычарпальны i канчатковы адказ на пытаннi, цi сапраўды дзiчына Муск-о-гi сыходзiць на поўнач, цi вернецца яна, цi скончана тут лоўля, цi гэткае ўжо безнадзейнае паляванне ў Муск-о-гi, як ён даказваў сабе з году ў год.
Ды не проста было задаваць такiя пытаннi.
– Скажыце, – спытаўся Рой для пачатку, – цi заўсёды лось i алень жылi ў Муск-о-гi, цi яны прыйшлi сюды са Штатаў?
– Па маiх звестках, – сказаў Бэрк, – першая белахвостая лань была адзначана блiз Сент-Элена ў тысяча восемсот восемдзесят шостым годзе, а першы лось – прыкладна ў тысяча восемсот восемдзесят дзевятым. I прыкладна ў той жа час апошнi лось быў зарэгiстраваны ў штаце Ныо-Йорк, такiм чынам, зусiм верагодна, што лось прыйшоў сюды са Штатаў, ды i алень таксама.
– Але як магло здарыцца, – спытаў Рой, – што аленя тут стала нiбыта больш. Зараз у Муск-о-гi аленяў больш, чым дваццаць гадоў таму. Няўжо яны ўсё яшчэ прыходзяць з поўдня?
– Сумняваюся, – адказаў Бэрк. – Колькасць аленяў зараз расце на поўднi таксама, як i тут. Гэтаму садзейнiчала тое, што зводзяцца першабытныя лясы. Аленю патрэбна паша, i ён ахвотна жыве ў маладым лесе, на высечках, таму са знiкненнем лесу аленя становiцца больш.
– А чаму становiцца менш лася?
– Бо лось – насельнiк балот. Ён больш разборлiвы ў выбары месца, Рой. Чалавеку лягчэй дабрацца да яго, таму ён i сыходзiць на поўнач, усё глыбей i глыбей, куды не ступала нага чалавека. Яго, як i мядзведзя, выжылi з такiх цудоўных, вядомых мясцiн, як Муск-о-гi.
– А астатняя дзiчына? – спытаў Рой. – Яна таксама сыходзiць на поўнач?
– Не, – адказаў Бэрк, усведамляючы, што яго адказу напружана чакаюць усе тры паляўнiчыя, асаблiва Рой. – У Муск-о-гi дзiчына знiшчаецца альбо проста вымiрае. На поўначы дзiчыны больш, але не таму, што яна прыходзiць з Муск-о-гi. Не, Муск-о-гi губляе дзiчыну па волi прыроды i паляўнiчага. Яна не можа аднавiць страты. I зараз у яе няма на гэта шанцу.
– А будзе?
Бэрк разумеў, чаму Рой чакае адказу на гэтыя пытаннi, але, зiрнуўшы на яго сваiм вострым позiркам, вырашыў, што нiчога не трэба хаваць.
– Не, – разважна прамовiў Бэрк. – Страты незаменныя. Пэўны час дзiчына яшчэ будзе, але большасць пушнога звера, такога, як бабёр, норка i андатра, будзе змяншацца, пакуль некаторыя з iх не вымруць канчаткова, а iншыя стануць рэдкасцю. Гэта непазбежна, калi, вядома, урад не закрые палову Муск-о-гi для палявання i лоўлi, а затым установiць дзе-небудзь заказнiк для бабра i андатры.
– А цi хочуць гэта зрабiць?
Бэрк устаў i нервова прайшоўся па хацiне, бразгаючы ў кiшэнi нажом i ключамi.
– Не ведаю, што зробiць урад, Рой, – сказаў ён. – Але нешта мусiць зрабiць. Ён можа закрыць усе ўгоддзi альбо толькi палову – я гэтага не ведаю.
– А калi?
Бэрк пацiснуў плячыма.
– Мо ў будучым годзе, а мо праз год. Але, вiдаць, хутка.
– Значыць, паляванню ў Муск-о-гi сапраўды канец? – спытаў Рой.
Рашуча сцiснутыя губы на iмгненне расцiснулiся, выдаючы сумненнi Бэрка.
– Мне хацелася б аспрэчыць гэта, Рой, але вы самi, напэўна, ведаеце.
– Вы спецыялiст, – сказаў Рой. – Вам i кнiгi ў рукi.
Бэрк кiўнуў.
– Вы маеце рацыю. На жаль, гэта так.
Да гэтай пары Рою пагражаў выпадковы капрыз прыроды, але словы спецыялiста пра тое, што паляванне тут скончана, надавалi гэтаму безапеляцыйнасць чалавечага выраку. Хвiлiну Рой памаўчаў. Яны ўсе маўчалi. Рой мелькам акiнуў вокам сваю хацiну. Пасля ён засмяяўся так, як нiколi яшчэ не смяяўся.
– Дык, значыць, усiм нам хана, – сказаў ён.
– Не думаю, – мякка зазначыў Бэрк. – Не забудзьцеся, што iснуюць звярыныя заказнiкi. Прыйдзе час, i яны ўратуюць паляўнiчых.
– А якi толк ад дзiчыны ў заказнiках?
– Рана цi позна ахоўваемая дзiчына заказнiкаў размножыцца i распаўсюдзiцца на суседнiя ўгоддзi. Мо для вашых мясцiн у гэтым i няма сэнсу, але ў рэшце рэшт гэта адзiная надзея для паляўнiчых, Рой.
Рой гэта ведаў, але зараз для яго не было суцяшэння. Ён быў занадта прыгнечаны крахам Муск-о-гi.
– Iдзе працэс, а нам хана! – вось i ўсё, што прамовiў ён напрыканцы.
Iншыя не зразумелi, але Джэк яго зразумеў, i яму гэта не спадабалася. Рой зноў засмяяўся кароткiм злосным смехам, i Джэк ведаў – гэта Рой прызнае, што лес i Сент-Элен, нарэшце, перамаглi яго: лес, Сент-Элен i Эндзi.
Раздзел дзевяты
Ранiцай Джэк, Зел i Рой выправiлiся на возера Пiт-Пiт, каб правесцi спецыялiстаў, якiя адляталi на сваiм маленькiм гiдраплане. Пакуль Зел i Джэк дапамагалi Бэрку грузiцца, Рой разам з Ласонам здымаў з матора падшываны чахол.
– Куды вы кiруеце зараз? – спытаў Рой. – На поўнач?
Ласон зiрнуў на пабялелае возера, якое замерзла амаль да сярэдзiны. Нават вузенькая чорная палоска вады была накрыта ледзяной плёнкай.
– Не, – адказаў Ласон. – Трэба яшчэ наведаць iндзейца на парогах Уош-Уош. Спадзяюся, мне ўдасца пасадзiць самалёт на раку, калi, вядома, яна не замерзла.
– А пасля куды? – асцярожна спытаў Рой.
– Сент-Элен, а затым у Таронта. Калi мы не паспяшаемся вярнуцца туды, нас дзе-небудзь замарозiць. – I ён нагой стукнуў па паплаўку, на якiм стаяў.
– А што вы хочаце ад Iндзейца Боба?
– Нам патрэбна рыба з яго ракi, – патлумачыў Ласон. – Чорны акунь, калi ўдасца яго знайсцi.
– Вы лiчыце, што рыбную лоўлю забароняць, як i паляванне? – спытаў Рой.
Ласон, круцячы вiнт, кiўнуў бялявай галавой.
– Баюся, што так i будзе, – сказаў ён.
– Я разумею, дзiчына сыходзiць, – сказаў Рой. – Але чаму знiкае ў нашых азёрах рыба? Тым больш чорны акунь. Яго ж тут нiхто не ловiць дарэшты, i незразумела, чаму з кожным годам яго становiцца ўсё менш.
– Надта шмат iлу ў гэтых азёрах, занадта густая вада для чорнага акуня, растлумачыў Ласон. – Пакуль навокал былi сасновыя лясы, вада затрымлiвалася ў глебе, яе затрымлiвалi мох i хвоя, усмоктваючы, ахалоджваючы i паступова фiльтруючы ў ручаi цераз балота. А зараз у гэтых аголеных зараснiках без падлеску вада проста сцякае ў азёры, зносячы з сабой шмат прымесяў i захоўваючы высокую тэмпературу. Iл асядае на дно, зацягвае гнёзды акуня i яго iкру. Вось i выводзiцца акуня ўсё менш i менш. Гэткая ж сiтуацыя i са шчупаком. Увесь кругаварот жыцця ў рыбы парушаны. Для захавання прамысловай рыбы ў гэтых азёрах трэба на некалькi гадоў забаранiць лоўлю.
– А Iндзеец Боб i жыве, лiчы, адной рыбай, – сказаў Рой. – Яму гэта будзе не даспадобы.
– Вядома, – сказаў Ласон, на iмгненне адчуўшы, як ўсё гэта змрочна. – Ну, Рой, спадзяюся, мы з вамi яшчэ сустрэнемся, – сказаў ён i падаў руку. – На будучы год мы вернемся паглядзець, як тут у вас iдуць справы.
Падышоў i Бэрк.
– Так, мы вернемся. – Бэрк зiрнуў на Роя. – I наступным разам вы не старайцеся абагнаць на возеры вецер.
Рой засмяяўся, але гэта быў толькi адбiтак яго звычайнага смеху.
Ласон узяўся за трос i вывеў машыну на чыстую ваду. Яны залезлi ў маленькую кабiну i селi поплеч. Ласон нешта напампоўваў, турзаў за адзiн рычаг, за другi. Матор забуркатаў i змоўк, затым забуркатаў зноў i нарэшце ўсмактаў лятучую сумесь i запрацаваў як след. Увесь лес адгукнуўся на металiчны голас маленькай машыны. Ласон правёў яе па вадзяной сцежцы, крута павярнуў, адарваў ад вады i амаль iмгненна знiк за хрыбтом, пакiнуўшы дзiўную пустэчу i маўклiвасць.
– Пайду шукаць гэтага махляра Мэрэя, – сказаў Зел i павярнуўся да хацiны. – Здаецца, ён пайшоў без мяне, але я хачу пераканацца, Рой. Я пайду, вiдаць, да Скоцi i Самсона, пагляджу, цi няма яго там. А калi яго няма i там, я пайду за iм у заказнiк.
Рой нарэшце адважыўся на скачок.
– Я пайду з табой, – сказаў ён Зелу.
– У заказнiк? – Зел не верыў сваiм вушам.
– Iменна! – кiнуў яму цераз плячо Рой. – Пройдзеш са мной праз Чатыры Азёры, i там я збяру свае бабровыя пасткi.
– Я спадзяюся, ты разумееш, што робiш? – хутка ўмяшаўся Джэк Бэртан.
– Вядома, разумею, – адказаў Рой. – На гэты раз цудоўна разумею.
– Не, не разумееш! – шырокiмi крокамi даганяючы Роя, крыкнуў Джэк. Нейкi час яны iшлi моўчкi, затым Джэк сказаў: – Няма сэнсу ўцякаць ад гэтага, Рой. Рана цi позна, але табе давядзецца вярнуцца ў Сент-Элен. – Надта занепакоены Джэк не захоўваў межы прыстойнасцi i дадаў: – Усё роўна, будзе там Эндзi цi не.
Рой на гэта не адгукнуўся, як маўчаў ён i на ўсе звароты Джэка да яго розуму. Чым больш распальваўся Джэк, тым больш спакойным станавiўся Рой; калi прыйшлi ў хацiну, ён пачаў збiраць у дарогу правiянт, паказваючы тым самым, што рашэнне яго цвёрдае. Зел аж са скуры вылузваўся, дапамагаючы яму, i Рой нагрузiў у мех Зела ўсё тое, што не ўлезла ў яго ўласны.
Нарэшце Рой поўнасцю адчынiў засланку, каб хутчэй згарэлi дровы, а затым усе яны рушылi ў напрамку Чатырох Азёр; але Джэк пайшоў не толькi дзеля таго, каб закончыць паляванне, але i з надзеяй адгаварыць Роя ад яго неразумнай задумы.
Усю рэшту дня Рой здымаў свае пасткi на Чатырох Азёрах i хоць часам пасмiхаўся, што Джэк ходзiць за iм, як прывязаны, i iмкнецца ўгаварыць, але жарты ў яго неяк не атрымлiвалiся.
– Дарэмна стараешся, – спакойна сказаў ён, калi яны ўладкавалiся на начлег у хацiне на Чатырох Азёрах. – Я мушу iсцi.
– Ты з глузду з'ехаў, – сказаў Джэк.
Рой чуў, як хрыпiць Зел Сен-Клэр.
– На мой розум, дык табе лепш спынiцца ў Сент-Элене, – сказаў Джэк.
– Мо я i не супраць, – з горыччу азваўся Рой, – калi б было за што зачапiцца.
Джэк яшчэ нiколi ў жыццi не чуў такой горычы ў словах Роя, i хоць ён i раней здагадваўся, як падкасiў Роя Сэм, а зараз у дадатак i Эндзi, але толькi цяпер ён раптам зразумеў, як недаацэньваў глыбiню пачуццяў Роя. Цяпер ён ведаў, што на гэтую авантуру Роя штурхаюць менавiта падзеi ў Сент-Элене, але ён таксама ведаў, што апошняй кропляй была размова з Бэркам i Ласонам. Усё гэта турбавала Джэка, i ён не ведаў, як яму падступiцца да даўняга сябра. Упершыню ў жыццi ён не мог зразумець, што з Роем адбываецца.
– Ты ж ведаеш, – нагадаў яму Джэк, – Сэм яшчэ не з'ехаў.
– З'едзе, – абыякава азваўся Рой. – Ён паедзе!
Джэк здаўся. Больш ён не прамовiў нi слова ажно да наступнай ранiцы, калi яны падышлi да хрыбта, па якiм Зел i Рой павiнны былi пайсцi да хацiны Скоцi i Самсона.
– Я пастараюся, каб Сэм застаўся, – сказаў Джэк. Гэта была апошняя безнадзейная спроба затрымаць Роя. – А Эндзi, магчыма, i з'едзе.
– Фермер Джэк! – гукнуў Рой i памахаў вольнай рукой, хутка аддаляючыся ад яго па хрыбце. – Да вясны? – крычаў ён, не азiраючыся i згiнаючыся пад цяжарам заплечнага меха. – Вясной убачымся! – А сам сабе дадаў вельмi спакойна: "Калi давядзецца!"
Рой павёў Зела па хрыбтах, вольных ад снегу, выбраўшы больш доўгi, але больш лёгкi шлях да Лiтл-Рывера; перабраўшыся цераз раку, яны выйшлi на сцежку да хацiны Скоцi i Самсона. Хутка вечарэла, i Рой убачыў, што яму не ўдалося сэканомiць час. Ён паскорыў крок, i ўсё адно было ўжо зусiм цёмна, калi яны падышлi да разнасцежаных дзвярэй хацiны, з якой клубамi валiў дым.
– Хто гэта там? – сустрэў iх голас Самсона.
Скоцi быў здзiўлены, але Мэрэй вiтаў iх:
– Хэло, Рой, хэло, Зел, – у яго словах не было здзiўлення, толькi звычайнае вiтанне – i нiчога больш.
– Дык ты тут? – напаў на яго Зел. – Чаму ты не зайшоў па мяне? Я чакаў цябе ў Роя цэлы тыдзень.
– А я якраз збiраўся iсцi па цябе, – сказаў Мэрэй, дапамагаючы iм скiнуць мяхi.
– Позна ж ты сабраўся, – разышоўся Зел.
Мэрэй не стаў з iм спрачацца, i ў ягоных вачах можна было прачытаць поўную абыякавасць – цi ўзяць Зела, цi пакiнуць яго, чакаць Зела альбо не чакаць.
– Значыць, i ты сабраўся? – сказаў Скоцi Рою.
– Падобна на тое, Скоцi, – неахвотна адказаў Рой.
– Гэта няправiльна, Рой, – пакруцiў галавой Скоцi.
Рой не спрачаўся, не называў Скоцi прападобным.
– Правiльна цi няправiльна, – сказаў ён, – якая рознiца?
– Што i казаць, падманеш ты iнспектара, – сказаў Самсон.
Мэрэй пазiраў на Роя i бачыў толькi лепшага звералова Муск-о-гi. Але сiтуацыя яму падабалася.
– Гэта праўда, Рой, – сказаў ён, – iнспектар надта здзiвiцца, калi даведаецца, што ты залез у заказнiк! Ён, вядома, перакананы, што ты ловiш больш за норму, але ўсё-ткi лiчыць цябе законапаслухмяным траперам. Вось здзiвiўся б ён, калi б убачыў цябе з намi! Уяўляю! – Яны не ўслухоўвалiся ў няспешную гаворку Мэрэя, i ён не меў прэтэнзiй.
– Адным цудоўным днём не толькi Рой здзiвiць гэтага нягоднiка iнспектара, – гарачыўся ўвесь узбуджаны Зел.
– А чаму ты, Самсон, не iдзеш з намi? – хутка спытаў Рой. Ён не жартаваў, ён быў сур'ёзны, нават занадта сур'ёзны. Яго мускулiсты твар напружыўся, маленькiя вочы схавалiся ў зморшчынах, калi ён здзеклiва зiрнуў на Самсона.
– Спытайся ў Скоцi, – сказаў Самсон. – Калi пойдзе ён, пайду i я.
– Пайшлi з намi, Скоцi, – сказаў Рой; гэта быў не здзек, а проста безнадзейны заклiк. – Чаму ты не iдзеш?
– Каб табе было не сорамна туды iсцi? – сказаў Скоцi.
Роя гэта не кранула, i Скоцi пашкадаваў, што сказаў гэта.
– Я жанаты, Рой, – сказаў Скоцi, каб вылучыць неабвержны аргумент i iстотную прычыну. – Жанаты i Самсон. Мы не можам так рызыкаваць, як рызыкуеце вы.
– А што такое? – умяшаўся Зел. – Сахаты жанаты, i я жанаты.
– Так, – марудна запярэчыў Скоцi, – i калi б вы маглi атрымаць назад вашыя надзелы, вы ўчапiлiся б у iх зубамi i рукамi. Дык навошта ўцягваць Роя ў вашыя неразумныя задумкi?..
– Ладна, Скоцi, – спакойна прамовiў Рой, i больш да гэтай тэмы яны не вярталiся.
– А як жа з тваёй уласнай лоўляй, Рой? – спытаў Самсон. – Калi iнспектар захоча праверыць цябе, ён адразу зразумее, што цябе няма.
Рой кiўнуў.
– Я i хацеў папрасiць цябе i Скоцi, каб вы час ад часу правяралi мае пасткi. Усё, што трапiць у iх – вашае, толькi стаўце iх зноў. Можаце карыстацца маiмi хацiнамi. Як? Згода?
Скоцi i Самсон пераглянулiся.
– Ладна, – сумна адказаў Скоцi.
– А калi ты вернешся? – спытаў Самсон.
– Пра гэта ты спытай у Сахатага, – адказаў Рой.
– Не ведаю, – сказаў Мэрэй. – Гледзячы, як пойдуць справы. Лавiць баброў цяжка, калi балота замерзне. Будзем там тыдняў восем-дзевяць.
Рой еў фасолю, падагрэтую для яго Скоцi.
– Калi хто-небудзь будзе наводзiць пра мяне даведкi, – сказаў ён Скоцi. кажы, што я тут паблiзу ў разведцы, скажам, у лесе, каля ўчастка Боба.
– I ўсё адно ты дзейнiчаеш няправiльна, Рой, – даказваў Скоцi. – Навошта тады законы пра паляванне, калi кожны будзе парушаць iх?
Гэта быў працяг iхняй нявырашанай спрэчкi, бо калi Скоцi шчыра паважаў закон i захапляўся iм, то Рой адносiўся да закону звысоку. Скоцi баяўся закону як маральнага кодэкса, Рой баяўся толькi пакарання згодна з законам. Яны не маглi сысцiся наконт гэтага, i Рой не меў настрою працягваць спрэчку звыклым для iх спосабам прыкладаў i пярэчанняў. Рой не адрознiваў у гэтым пытаннi невiнаватага ад вiнаватага, гэта не прыходзiла да яго само, i ён не дазваляў сабе задумвацца над гэтым. Калi закон парушаў Скоцi, ён пакутаваў, але калi яго парушаў Рой, сумленне ставiла пад сумненне сам закон, i ў гэтым выпадку ён не баяўся закону. Дрэнна было толькi тое, што ён парушаў уласныя iнтарэсы звералова. Якiм бы цяжкiм нi было паляванне ў Муск-о-гi, ён ведаў, як ведаў i Бэрк, i Скоцi, i любы звералоў, што пушныя заказнiкi – гэта адзiнае спадзяванне трапераў. Лавiць у iх было грахом для звераловаў, але становiшча склалася так, што Рою даводзiлася душыць у сабе гэта прафесiйнае сумленне. Ён дзейнiчаў так, як мусiў дзейнiчаць, i разважаць тут не было пра што.
– Застаецца толькi спадзявацца, што цябе не зловяць, – такiм было апошняе слова Скоцi.
Рой пацiснуў плячыма i працягваў даядаць фасолю.
Раздзел дзесяты
Дарогу паказваў Мэрэй, але пракладваў сцежку i таптаў снег Рой. Згодна з указаннямi Мэрэя ён кiраваўся то на адзiнокую сасну, то на граду пагоркаў, то на карабельны гай, то ў далiну. Большай часткай нельга было абысцiся без плеценых канадскiх лыжаў, i на долю Роя выпадала сама цяжкая, знясiльваючая праца, але i ў гэтым выпадку два iншыя ледзь паспявалi за iм. Рой iмкнуўся наперад так, нiбыта адчай падганяў яго, i ногi яго iшлi самi, якiм бы глыбокiм нi быў снег. Мэрэй нёс сама цяжкi груз, у тым лiку большую частку пастак; нават гэтаму велiкану даводзiлася паскараць свой шырокi крок, каб паспець за Роем. Мэрэй iмкнуўся скарачаць дарогу, iдучы нацянькi, але Рой кожны раз выбiраў да таго ж i больш лёгкi варыянт i нi на хвiлiну не збаўляў тэмп.
– Ты, вiдаць, спяшаешся? – сказаў Мэрэй пасля двух дзён такой дарогi.
– Навошта губляць час? – адказаў Рой.
– Але ж часу ў нас дастаткова, – зазначыў Мэрэй.
– Гэта як сказаць, – запярэчыў Мэрэю Зел, але той нiяк не зрэагаваў. А iменна Зелу даводзiлася цяжэй за ўсё: Мэрэй неаднойчы ўжо выцягваў яго са снегу i нёс яго мех, пакуль ён трохi не дужэў, каб цягнуць груз далей. Але Зел усё адно быў за Роя. – Чым хутчэй мы туды трапiм i чым хутчэй выберамся, тым лепей для нас, – казаў ён.
Першыя тры днi яны iшлi прыкладна па прамой. Мясцовасць iм была добра знаёмая, i нiякiх адкрыццяў не прадбачылася. Але на чацвёрты дзень яны пераправiлiся цераз Серабрыстую раку i паднялiся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышынi не было ва ўсiм Муск-о-гi; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кiнуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, якi адразаў Муск-о-гi ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенцiры, i толькi калi дабраўся да самай вяршынi, ён зноў вызначыў напрамак.
Там, наверсе, перад iмi паўстала зусiм новая для iх краiна, не падобная на iхнiя ўчасткi. Пазiраючы на яе з радасцю i хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краiнай Срэбных Даляраў.
– Глядзiце, якiя азёры! – захоплена ўсклiкнуў ён. – Вось гэта краiна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусiм не такое.
Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокiх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гi, гэта была краiна кантрастаў. Тут былi i адгор'i, i высокiя пiкi, i глыбокiя далiны. Былi i плато, якiя выцягнулiся вузкiмi палоскамi памiж гор, пляскатыя i гладкiя, яны таксама былi ўсеяны азёрамi i сасновымi лясамi. У параўнаннi з больш мiрным пейзажам Муск-о-гi тут ўсё было ўздыблена i скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары i побач ззялi на сонцы здраднiцкiя снежныя схiлы.
– Яно мо i прыгожа, – сказаў Мэрэй, – але на такiм схiле сам чорт галаву скруцiць. А зараз, калi яны заледзянелi, на iх i нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? – спытаў Мэрэй у Роя.
Рой зiрнуў цераз два хрыбты i плато на густы сасновы лес.
– Пастарайся вывесцi нас туды найбольш дакладна, – сказаў Мэрэй. – Якраз там мая хацiна. У канцы вунь таго азярца.
Гэты апошнi адрэзак шляху Рой правёў так, што ва ўсiх аж дух заняло. Яго прыспешваў яшчэ i звычайны азарт гонкi з дзённым святлом. Кожны крок у гэтай новай краiне прыносiў яму задавальненне, кожная цяжкасць была прыемнай. На гэтым апошнiм пераходзе давялося абыходзiць шмат лясных гушчароў i зараснiкаў, i хоць часцей за ўсё мэта паходу была схаваная, Рой прывёў iх проста да месца. Шлях гэты iм варта было добра запомнiць, бо яны не рызыкавалi пазначаць свой шлях, як бы цяжка нi было знайсцi яго пасля. Яны былi ў заказнiку, i чым менш слядоў заставалася пасля iх – тым лепей. Заказнiк не меў мяжы альбо iншых апазнавальных знакаў, але яны ведалi, што ён пачынаўся ад хрыбта Белых гор, i чым далей яны адыходзiлi ад хрыбта, тым больш паглыблялiся ў заказнiк. Да таго часу, як Рой вывеў iх глыбокай далiнай да ўказанага Мэрэем сасновага лесу, хрыбет Белых гор ледзь дымiўся вечаровай смугой далёка ззаду, а самi яны былi ў глыбiнi заказнiка.
– Вось тут i пачынаецца сама цяжкае, – сказаў Мэрэй, калi яны ўвайшлi ў лес. – Зараз мне трэба знайсцi свае прыкметы, – i ён пайшоў першы.
Нават малеча Зел узбадзёрыўся, i, калi напалоханая лань вылецела на iх з сасновых зараснiкаў i адскочыла ўбок, ён гукнуў:
– Глядзiце, як уцякае!
Рою было прыемна бачыць, як ажывае Зел.
– А ты не думаеш, што твой крык пачуе абходчык i за сотнi мiль адсюль? сказаў ён Зелу.
Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусцiў на сябе абыякавасць.
– Колькi мiль адсюль да блiжэйшага кардона? – спытаў ён у Мэрэя.
– Каля паўтары сотнi, – адказаў Мэрэй. – Не тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснiкоў.
– I наогул больш верагоднасцi сустрэць тут леснiкоў, а не пушных абходчыкаў, – сказаў Рой. – Тут ёсць што аберагаць. Якi лес!..
Вакол iх узвышалiся каланады адвечных соснаў. Дрэвы такiя вялiкiя, што стаяць даволi рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмi густым. Пад нагамi снегу мала, ён, вiдаць, яшчэ не паспеў прабiцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, цiха.
У далёкiм канцы гэтага лесу, на ўскраiне плато, сярод вялiкiх дрэў схавалася маленькая хацiна Мэрэя. Яны выявiлi яе, толькi калi падышлi зусiм блiзка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскiравана вялiзнымi нiжнiмi галiнамi, якiя хавалi i страху i сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.
– I колькi часу ты яе будаваў? – здзiўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глiнай i непадуладныя ветру.
– Амаль усё лета, – адказаў Мэрэй, – i палову восенi.
– Дык вось чым ты займаўся! Лавiў тут дзiчыну i будаваў таемныя хацiны! сказаў Рой.
Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся i дастойна ацанiў майстэрства Мэрэя. Ён быў лесавiк ад нараджэння, i ўсякая лясная справа iшла спорна. У хацiне было нават акно i складзена прымiтыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога. Жоўтае аконнае шкло было з трымплексу, i Мэрэй патлумачыў, што здабыў яго ў Скоцi, якi ў сваю чаргу адхапiў яго на нейкай звалцы ваеннай маёмасцi, ды так i не знайшоў, дзе яго скарыстаць. Печ, складзеная з камянёў i глiны, была шэдэўрам. У паглыбленнi сцяны быў змайстраваны ачаг з невялiкай печчу, i конусам быў складзены комiн, абшыты бляхай з бiдонаў. Рой адзначыў, што комiн, злеплены з камянёў i глiны, быў выведзены каля сама вялiкага дрэва так, што дым слаўся па ствале i рассейваўся, перш чым падняцца над лесам.
– Здаецца, ты сабраўся тут асесцi надоўга, – сказаў Рой.
– Так, гэта не на адзiн год, – адказаў Мэрэй. – Я думаю лавiць у гэтым заказнiку кожную зiму, ды i кожную вясну таксама, калi не перашкодзяць абходчыкi.
Сумненнi адносна Мэрэя, якiя прыгняталi Зела ўсе чатыры днi iхняга шляху, на час рассеялiся, калi ён убачыў хацiну, якая здзiвiла яго i выклiкала захапленне.
– Тут можна чакаць другога прышэсця, – сказаў ён Мэрэю, – i нiхто на свеце цябе не знойдзе, нават гэтыя боўдзiлы-абходчыкi.
Мэрэй скiнуў свой вялiзны цюк пастак i правiзii, i ён з грукатам упаў на падлогу.
– Ты не надта паплёўвай на гэтых абходчыкаў, Зел, – сказаў Мэрэй. – Яны вядомыя прайдохi. Пусцi iх па следу, i яны табе што захочаш знойдуць.
Рой падумаў, што Мэрэй знарок дражнiць Зела, але ў Мэрэя не было нiякага жадання адпомсцiць свайму надакучлiваму напарнiку альбо падсмейвацца. Ён казаў тое, што думаў, i гэта беспамылкова ўздзейнiчала на Зела Сен-Клэра.
– Але iм нялёгка будзе знайсцi гэтае месца, – супакойваў Зела Рой.
– Толькi сачыце за iхнiмi самалётамi, – папярэдзiў Мэрэй, а затым дадаў: Пайшлi, я пакажу вам возера.
Да ўзлеску было крокаў семдзесят, а далей – строма. Пад ёй у крутой катлавiне знаходзiлася заледзянелае возера, дакладней, два азярцы ў форме банта, з выспаю пасярэдзiне. Уздоўж усяго пляскатага берага выдзялялася паласа, якая паўтарала яго абрысы. Гэта была паласа балота, якое зрабiлi бабры, калi перагарадзiлi каля вусця некалькi горных ручаёў.
– Так, гэтае месца вартае ўвагi, – сказаў Рой. – Амаль што возера Фей. Ён назваў яго як мага далiкатней не толькi таму, што быў зачараваны iм, але i з-за яго крылатых абрысаў. – Шкада, што мы не прыйшлi сюды раней, з чоўнам. А то не ўдасца яго абысцi.
– А што я табе казаў, – абыякава зазначыў Мэрэй. – Вунь за той паласой выгаралых соснаў бачна Сярэбраная рака. Калi б мы плылi сюды на чоўне да марозу, гэта сэканомiла б нам дзень. Тады дастаткова было б перацягнуць човен цераз гэтае вось плато.
Рой паглядзеў на тонкую нiтку далёкай ракi, на тысячы блiскучых азёр, на бязмежны далягляд, якi адкрываўся з гэтай вышынi. Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, якiя распасцерлiся далёка за межамi Муск-о-гi. Гэта былi прасторы, дзе кожны крок адкрываў новыя гарызонты, усё больш дзiкiя, усё больш прывабныя. Быць гаспадаром гэтай краiны, блукаць без перашкод па яе лясах i гарах, адчуваць дзiкую магутнасць гэтых ветраў – вось што прадчуваў зараз Рой.
– Не магу зразумець, – сказаў ён разважлiва сваiм сябрам, – як гэта я шмат гадоў таму не стаў лясным валацугай? – I ўсмешка паволi скрывiла яго губы.
Мэрэй зарагатаў, што здаралася з iм вельмi рэдка.
Зел прапусцiў словы Роя мiма вушэй.
– Дык як мы распачнем паляванне? – спытаў ён, фарсiруючы рашэнне, якое трэба было прыняць.
– А як атрымаецца, – адказаў Мэрэй.
– Паслухай, – не сунiмаўся Зел, – лепш за ўсё было б вылавiць тут усё, што можна, i як мага хутчэй. Трэба ставiць пасткi густа, каб лавiць звера больш, а затым змывацца. Як ты лiчыш?
– Навошта такая спешка? – спытаў Мэрэй.
– Тым разам ты не спяшаўся, таму i трапiўся, – укалоў яго Зел.
Мэрэй задумлiва зiрнуў паўзверх чорнай шавялюры Зела.
– А як лiчыш ты, Рой? – паспешна спытаўся той.
Рой разумеў, чаму Мэрэю не хацелася спяшацца. Ён i сам не спяшаўся б. Убачыўшы гэтую краiну, ён не хацеў прызнаваць неабходнасць спешкi i асцярожнасцi, саму магчымасць адступлення. Рой ужо адчуваў, што тут яго родная прастора, i думаў, што Мэрэй адчувае тое ж самае. Яму хацелася мець задавальнення як мага больш i без спешкi. Але рэшта цвярозасцi i ўсведамленне, што лепш яму не станавiцца на нейчы бок, вызначылi яго адказ.
– Мне здаецца, што лавiць трэба хутка, – сказаў ён, – але наладжваць шалёную гонку не варта.
Мэрэй пацiснуў плячыма, Зел чакаў, што будзе далей.
– Па-мойму, так, – сказаў Рой. – Мы з Зелам можам весцi аблоў азёр. Я вазьмуся за бабра, а Зел можа выграбаць андатру, яна больш даверлiвая. А пакуль мы зоймемся гэтым, – звярнуўся ён да Мэрэя, – ты можаш паляваць па ўсёй акрузе, ставiць сiло на сцежках звяроў i наогул усюды, дзе ўбачыш сляды лiсiцы, норкi i рысi. Як вы думаеце?
Яны згадзiлiся i прапанавалi сякiя-такiя ўдакладненнi. Усю пушнiну вырашылi зносiць у хацiну, скуркi было вырашана дзялiць пароўну, кожны сам мусiў разбiраць сваю долю, i дзялёжку праводзiць адразу ж, так, каб кожны мог трымаць сваю здабычу напагатове на выпадак нечаканых уцёкаў. Былi выпрацаваны абавязковыя для ўсiх правiлы паводзiн. Не раскладваць агню для падвячорка, нiякiх кастроў па-за хацiнай. Але перш за ўсё i важней за ўсё – не страляць. У iх усiх з сабой былi вiнтоўкi, але тут гук стрэлу разносiцца на дзесятак мiль, i стральба магла выклiкаць да iх цiкавасць. Мэрэй лiчыў, што гэта лiшняя засцярога, але здаўся настойлiвасцi Зела i ўгаворам Роя. Нiякага палявання, нiякай стральбы, як бы спакушальна блiзка не з'яўляўся алень. Амаль зусiм сцямнела, а яны ўсё стаялi на схiле над возерам Фей. Нiбыта кажан, яно чарнела ў начной цемры, i Рой апошнiм пакiнуў яго, калi яны, нарэшце, сабралiся вярнуцца ў хацiну.
Раздзел адзiнаццаты
Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца i задаволiў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнiчаць на возеры Фей так, нiбыта збiраўся раскiнуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальнiка i нiколi не браў з бабровай супольнасцi больш за тое, што маглi аднавiць ацалелыя сем'i. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзiчыны на сваiх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў iншых звераловаў, якiя выбiралi свае бабровыя хаткi падчыстую. Зараз гэта ўжо быў iнстынкт, i гэтак жа iнстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставiў пастак там, дзе, ведаў, былi малыя альбо цяжарныя самкi. Затое ён актыўна лавiў там, дзе было верагодна злавiць найбольш сама старых i буйных самцоў.
Пасля першай жа разведкi вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купiн, вакол рэдкiх зараснiкаў елкi i на тысячы створаных бабрамi астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалi ў яго апошнiя дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гi. Гадамi прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзiчыны, i ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным i падманутым. А тут ён, нарэшце, кiнуў выклiк прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закiпела кроў – стукнула ў ногi, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяцi квадратных мiлях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калi-небудзь даводзiлася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавiць сваiмi дваццацю пасткамi за шэсць гадзiн кароткага зiмовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павiнны быць шмат i iншых звяроў, якiя палююць на бабра: лiса, рысь, норка. I хутка Рой пачаў ставiць пасткi на драпежнiкаў вакол усяго балота, iмкнучыся стварыць адзiную сiстэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямi мiляў i шырынёй на паўмiлi; напачатку гэта яму ўдалося зрабiць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць i зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.
Кожны вечар усе яны вярталiся ў хацiну на строме, i па меры таго як накаплiвалася пушнiна, удача станавiлася ўсё больш вiдавочнай. Каб справiцца са сваiм уловам, iм даводзiлася займацца скурамi вельмi позна. Як i Рой, Зел аб'явiў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавiць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавiў сваiмi пасткамi баброў i ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела i Роя быў такiм жа разнастайным, як i здабыча Мэрэя на яго паляўнiчых сцежках. Мэрэй прыносiў менш пушнiны, што было натуральна, бо пасткi i сiло на паляўнiчых сцежках не маглi, вядома, даць столькi, колькi сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.
– Гэта не тое, – уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. – Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калi б хапала пастак. Калi б узяцца як след, мы праз два тыднi маглi б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш i не панесцi. Эх, мала ў нас пастак!
– Ты заўсёды спяшаешся, – сказаў Мэрэй. – Твая пушнiна нiкуды ад цябе не ўцячэ.
– Яно то так, – пярэчыў Зел, – але хутка скончыцца масла i сала. – Зел быў галоўным кухарам: ён рабiў гэта лепш за ўсiх. – Ды i мука, мяса канчаюцца.
У першыя ж днi Мэрэю пашчасцiла злавiць маладую лань; ён спрабаваў злавiць i другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, вiдаць, спалохала большую частку аленяў, якiя чулi кожны iхнi след на сваiх сцежках i станавiлiся яшчэ больш чуйнымi. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то i дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца i пяць, i шэсць, але заўсёды яны паказвалiся толькi на iмгненне, былi далёка i адразу ж знiкалi.