Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"
Автор книги: Джеймс Олдридж
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 13 страниц)
– Справа ёсць справа, – суцяшаў сябе Рой. – Пакуль можаш, бяры што можаш.
У час абходу ён чуў яшчэ два стрэлы, на гэты раз вельмi блiзка.
"Напэўна, гэты забойца – Сахаты", – падумаў Рой.
Стрэлы яго ўсхвалявалi; але крыху пазней ён зусiм страцiў спакой. На адной са сцежак ён убачыў труп шэрага ляснога ваўка. Гэта быў буйны пляскатагаловы самец з бела-шэра-карычневай пушнiнай. Ён ляжаў на сцежцы мёртвы, зяпа яго была разяўленая, тоўстыя скачанелыя ногi выцягнутыя, як палкi. Здавалася, што ён ужо з тыдзень як здох, але снегам яго не занесла i пушнiна была яшчэ як у жывога. Рой перавярнуў яго скачанелае тулава, ён хацеў знайсцi раны альбо ўкусы, але нiякiх адзнак вiнаватага ў смерцi не было. Прыкметы, аднак, былi вiдочныя, i Рой не стрываў.
– Яшчэ не хапала, каб Зел скарыстаў белае сiло! – сказаў ён гучна.
Белым сiло iндзейцы называлi яд, i труп ваўка сведчыў альбо пра прамое атручэнне, альбо пра тое, што ён з'еў iншую атручаную жывёлiну. Апошняе было больш верагодным, бо Зел нiколi не згадваў пра сiло на ваўка. Зел, вiдаць, клаў атручаную прынаду ў пасткi для андатраў, норак i iншага пушнога звера. Сорам, якi адчуваў Рой з-за сваiх бабровых сiло, знiк перад гэтым разбуральным зверствам. Атручэнне не абмяжоўвалася першай ахвярай. Атручаная жывёлiна, уключаная ў ланцуговую рэакцыю знiшчэння адных драпежнiкаў iншымi, можа атруцiць яшчэ пяць. Гэты атручаны воўк, якi, верагодна, пакаштаваў атручанай андатры, у сваю чаргу, нёс смерць для кожнага звера, якi захацеў бы пакаштаваць яго мяса, няхай гэта мядзведзь, пацук, лiса, iншы воўк, кунiца, рыбалоў, рысь альбо нават вушастая сава.
Рой адцягнуў ваўка да россыпу валуноў i прыкрыў iмi труп як мага больш старанна. Яго абурэнне не знiкла, але ён памеркаваў, што наўрад цi мае права абурацца. Чым злачынства Зела горшае за яго ўласнае злачынства? I дзе тыя абвiнавачваннi Зелу, якiх ён не мог бы дастасаваць да сябе? Труцiць пушнога звера – гэта толькi крыху горш за паляванне з дапамогай сiло на бабра, i, хто ведае, цi не дайшоў бы сам Рой да атручэння баброў? Ён i думкi не дапускаў апраўдваць сябе адноснасцю маралi, яго палохала сiла самаабвiнавачання, якое выклiкала ў iм гэта здарэнне. Ён адчуваў не толькi вiну, гэта было самавыкрыццё. Гэта адкрывала Рою вочы на ўласныя паводзiны больш, чым якiя-небудзь папярэднiя ўчынкi альбо словы. Яму хацелася хутчэй вырвацца адсюль назад, да Скоцi i Самсона, назад да людзей, дзе немажлiвай будзе гэта пагiбельная адзiнота, разбэшчванне i распад. Яму хацелася вырвацца адсюль, пакуль яшчэ яго не злавiлi, не пакаралi, не выкiнулi з асяроддзя людзей. Яму хацелася вырвацца з гэтага заказнiка назад да сваёй звыклай лоўлi, да звычайнага жыцця, да адчування бяспекi, народжанага кантактамi з людзьмi, назад у Сент-Элен.
Нарэшце, вось яно. Гэта не было асабiстае рашэнне Роя, гэта было вызваленне ад бязглуздай волi лёсу. Што б нi было ўжо страчана, Сент-Элен усё ж заставаўся ключом да ўсяго ягонага iснавання, i ўцячы яшчэ раз ён не здолее. Рой зразумеў, што ў ягоным жыццi ёсць штосьцi большае, чым адзiнота, страх i паражэнне. Трэба было змагацца. Ён даволi доўга жыў цвёрдай самадысцыплiнай, страх перад будучай бядой не мог авалодаць iм надоўга. Ён ведаў, што перш за ўсё яму трэба вярнуцца ў Муск-о-гi i ў Сент-Элен, назад да рэальнасцi, да непазбежнага вырашэння ўсяго далейшага жыцця, назад да Эндзi Эндруса.
Раздзел трынаццаты
Рой чакаў зручнага выпадку, каб прапанаваць сябрам выправiцца ў зваротны шлях. Пачаўся люты, i хутка трэба будзе спыняць любое паляванне. Ён разабраў усю сваю пушнiну, спакаваў яе, усведамляючы, што больш ён не падыме нiводнай скуркi. З ежай было складана, запас быў на зыходзе, i яны харчавалiся амаль выключна мясам. Акрамя таго, вакол iх у заказнiку стала выразна адчувацца небяспечная прысутнасць iншых людзей. Ужо некалькi разоў проста над галавой у iх з'яўляўся маленькi гiдраплан. Усё, здавалася, было падрыхтавана для вырашальнага сiгнала Роя да выступлення, але зручнага моманту не знаходзiлася.
Мэрэй зноў некуды знiк, а да Зела нельга было падступiцца. Гэты чалавечак даведаўся, што для Роя не сакрэт ягоныя падзвiгi атрутнiка. Акрамя таго Рой меркаваў, што Зел хоча давесцi свой тайнiк да такiх памераў, каб можна было яго даiць будучым летам i восенню. Зел быў так захоплены стварэннем гэтага таемнага склада, што зараз i не заiкаўся пра тое, каб паспяшацца з адыходам з заказнiка. Ён нават пераадолеў свой страх перад прысутнасцю пабочных у заказнiку i змрочна карыстаўся непаўторнай магчымасцю адразу паквiтацца за многiя гады няўдач. Рой не знаходзiў сiлы нi крытыкаваць, нi прыспешваць Зела. Ён не мог перашкаджаць чалавеку, якi адчайна змагаўся з сiлай абставiн.
Аднак трывога Роя ўсё большала.
Ён ведаў, што рана цi позна, як толькi паблiзу з'явяцца пушныя абходчыкi альбо леснiкi, iхняя прысутнасць будзе выяўлена. I Мэрэй толькi спрыяў гэтаму. Падчас яго адсутнасцi буйнакалiберная вiнтоўка заяўляла пра сябе гучна i часта, i Рой пачынаў думаць, што лес назаўсёды праглынуў Сахатага. Рой вырашыў, калi Сахаты хутка не вернецца, iсцi без яго, нават без iх абодвух, калi спатрэбiцца.
Але атрымалася так, што менавiта Зел i прымусiў iх зняцца з месца.
У адсутнасць Мэрэя Рой, у дадатак да лоўлi баброў, звычайна абходзiў i ягоныя пасткi на звярыных сцежках, i на адной з такiх сцежак яго дагнаў Зел. Быў моцны, пякучы мароз, i змерзлы Рой прысеў, каб перакусiць кавалкам халоднай ласяцiны разам з рэшткамi марынаваных памiдораў са слоiка Джын.
– Рой! – задыхаючыся прашаптаў Зел. – Рой, iдзi хутчэй, зiрнi сам. Лопнiце мае вочы, калi зараз нейкiя два д'яблы не пракладваюць сцежку па схiле. Пайшлi на вяршыню. Iдзi хутчэй!
Дажоўваючы ласяцiну, Рой iшоў за Зелам да блiжэйшай вяршынi – крутога пiка з пляцоўкай наверсе. Зел асцярожна запоўз на пляцоўку i паказаў Рою на асветлены сонцам пакаты схiл, як ён казаў, ён бачыў цi то дзве, цi то тры чалавечыя фiгуры.
– Паслухай, Зел, – сказаў Рой. – Як ты мог што-небудзь убачыць на такой адлегласцi? А мо гэта проста аленiха з дзiцем?
– Двухногая аленiха? – з'едлiва адказаў напарнiку Зел.
– На такой адлегласцi што хочаш можа здацца!
– Пачакай, сам убачыш, – сказаў Зел. – Калi яны сапраўды пракладваюць сцежку, яны з'явяцца на тым жа схiле, толькi вышэй. Пачакай, зiрнi...
Рой скончыў ласяцiну i пачаў назiраць за далёкiм схiлам. На iм была сотня адкрытых палосаў памiж купкамi соснаў, i на кожнай з iх маглi з'явiцца людзi, якiя прабiвалi сцежку. Калi яны з'явяцца на гэтым схiле, за пяць мiль адсюль, значыць, яны iдуць на поўдзень, але Рой пакуль яшчэ не надта давяраў паведамленню Зела.
– Глядзi! – прашаптаў Зел i ледзь не падскочыў ад узбуджанасцi. – Глядзi вунь на тую адкрытую палоску памiж сухiмi клёнамi. Глядзi!
– А ты маеш рацыю, – сказаў Рой, бо ён выразна ўбачыў дзве маленькiя чорныя фiгуркi, гэта праўда былi людзi. Яны iшлi адзiн за адным, высока падымалi ногi, i таму нават на такой адлегласцi можна было беспамылкова сказаць, што яны чалавечага роду.
– I нi той, нi другi не Мэрэй, – сказаў Зел. – Занадта малыя.
– Мо гэта якраз тыя браканьеры, – выказаў меркаванне Рой, але ён ведаў, што гэта не так.
– Абходчыкi! – заенчыў Зел i нагнуўся. Адна з фiгур падняла рукi, быццам падносячы да вачэй бiнокль. – Абходчыкi або леснiкi! – паўтарыў Зел. – Трэба ўцякаць адсюль.
– Трэба паглядзець, што яны будуць рабiць, – хутка запярэчыў Рой i ўтрымаў Зела. – Паглядзiм, куды яны пойдуць.
Пакуль яны гаварылi, чалавечкi паднялiся на вяршыню i сталi азiрацца, затым павярнулi на сорак пяць градусаў i пайшлi назад, на паўночны захад. Рой iмгненна павярнуўся, пачаў узiрацца ў паўночныя хрыбты i хутка ўбачыў тое, што i чакаў убачыць.
– Вунь там яшчэ двое, – сказаў ён Зелу i паказаў на поўначы яшчэ дзве фiгуркi, якiя на iмгненне з'явiлiся на хрыбце. – Бачыш, што яны робяць? спытаў ён у Зела. – Чацвёрка праходзiць усю мясцовасць зiгзагамi. Яны прачэсваюць участак за ўчасткам не горш за леснiкоў. Так, Зел, пара канчаць. Пайшлi ў хацiну – i гайда.
– А як жа Сахаты? – спытаў Зел.
– А ты ведаеш, дзе ён зараз?
– Не, але трэба паспрабаваць знайсцi яго. I як быць з пасткамi?
– Кiнуць. Нам нельга марудзiць, калi яны пойдуць у наш бок. Пайшлi адсюль, i хутчэй. – Рой ужо таптаў снег сваiмi кароткiмi гумовiкамi, выкiдваючы наперад рукi, каб iхняя вага падштурхоўвала яго наперад.
– Калi мы пойдзем без Сахатага, – подбегам паспяваючы за Роем, гаварыў Зел, – дык ён можа папасцiся. Трэба шукаць яго альбо хоць неяк папярэдзiць.
– Калi ты захочаш папярэджваць яго стрэламi, – сказаў Рой, – тады ўся гэтая хеўра адразу яс навалiцца на нас. Сахаты, вiдаць, ужо сам заўважыў гэтых законнiкаў. Пайшлi... Хутчэй!
– А мне здаецца, што трэба даць некалькi стрэлаў.
У Роя быў вiнчэстэр, але ён рашуча паўтарыў сваё "не".
– Пачакай, вось выберамся з хацiны ў лес – тады iншая справа, – сказаў ён. – Будзем на сцежцы, тады страляй колькi хочаш.
Рой прыспешыў хаду, стараючыся iсцi па нiзiнах i не чакаючы Зела. За сабой ён пакiдаў пратаптаную сцежку, па якой Зелу лёгка было iсцi ўслед.
– I дзе гэта Сахаты? – пытаўся ў сябе Рой, падыходзячы нарэшце да хацiны i ведаючы, што не пакiне яе, пакуль не зробiць хоць нейкай спробы знайсцi Мэрэя альбо папярэдзiць яго. – I дзе падзеўся гэты валацуга?
А валацуга тым часам быў у хацiне, скiдваў з палiц пустыя слоiкi, зрываў са сцен скуры, адзенне i розны рыштунак. Ён ужо амаль закончыў гэты пагром i быў заняты дзяльбой рэшткаў хлеба i цукру.
– Я так i думаў, што вы хутка з'явiцеся, – спакойна сказаў ён Рою. – А дзе Зел?
– Iдзе. Ты бачыў гэтых малойчыкаў?
– Вядома. Я за iмi два днi сачыў. Сёння ранiцай я праскочыў проста ў iх пад носам. Ну, вы сабралiся? – Мэрэй набiваў свой мех нейкiм адзеннем. Дапамажы мне спусцiць гэтае смецце ў возера, – папрасiў ён.
Рой дапамог яму аднесцi да палонкi ў замерзлым возеры цэлую кучу пустых бляшанак, вядро, бутэлькi, кацялок, гаршкi, сапсаваныя пасткi, пустыя каробкi ад патронаў. Яны звязалi вяроўкай усе гэтыя здраднiцкiя доказы iхняй прысутнасцi i затапiлi ў возеры, затым вярнулiся ў хацiну, дзе ўжо збiраўся ў дарогу Зел.
– Калi ты вярнуўся? – спытаў ён у Мэрэя.
– Не вельмi даўно, – адказаў Мэрэй.
– Чаму ты не прыйшоў раней, каб папярэдзiць нас? – дапытваўся Зел.
– Вось зануда! – сказаў Мэрэй. – Гэта што, чарговая порцыя воцату? Патрымай яе ў сябе, бо як стукну па галаве прыкладам. Я ачышчаў хацiну. Я ведаў, што вы i самi заўважыце гэтых следапытаў, як яны блукаюць па лесе.
Мэрэй быў азмрочаны, але ён зусiм не так злаваўся i спяшаўся, як хацеў гэта паказаць. Ён спакойна ўсеўся i пачаў мяняць шкарпэткi, пакуль яго спадарожнiкi хутка заканчвалi ўкладку адзення, прыбораў для галення, коўдраў, правiзii i пушнiны.
– Ведаеце, што можна было б зрабiць? – сказаў Мэрэй, няспешна i з веданнем справы скручваючы папяросу. – Можна было б знайсцi тут у лесе надзейную мясцiну i залегчы там, пакуль не сыдуць адсюль гэтыя законапаслухмяныя халуi.
– Залягай на здароўе! – адрэзаў Рой.
– А якi сэнс пакiдаць заказнiк, пакуль мы не вычарпалi ўсiх яго магчымасцяў, – сказаў Мэрэй. – У лесе гэтыя малойчыкi нас не знойдуць. Яны, вiдаць, i мiма гэтай хацiны пройдуць i не заўважаць.
– Магчыма, – сказаў Зел. – Але з мяне хопiць, Мэрэй. З мяне хопiць!
У Роя ўсё было сабрана i падрыхтавана. Мэрэй дапамог яму ўзвалiць за спiну цяжкi груз. Калi дапамагаў Зелу, ён засмяяўся, бо той ажно захiстаўся ад неверагодна цяжкай ношы.
– Крыху паквапiўся, – сказаў ён Зелу.
– Што ты гаворыш? – падазрона спытаў Зел, але адказу не было.
Затым Рой дапамог узвалiць мех Мэрэю.
– Можаш заставацца, калi хочаш, – сказаў Рой, – але я адчуваю сябе як загнаная лiса. Мне трэба пакiдаць памiж мной i абходчыкамi як мага больш адлегласцi. Так што рушым!
Мэрэй старанна зачынiў за сабой дзверы, а Рой праверыў вонкавую кладоўку, цi няма там правiзii. Яе засталося ў iх вельмi мала, па разлiках Роя – не больш як на тры днi.
– У якi бок пойдзем? – у апошнi момант спытаў Зел.
– Можна прайсцi праз гэты лес, а затым падацца на поўнач, – сказаў Мэрэй.
– На поўнач? – здзiвiўся Рой. – Навошта на поўнач?
– Туды шлях свабодны, Рой.
– Свабодны шлях у невядомае, – азваўся Рой. – Я пайду на поўдзень.
– Няма сэнсу выходзiць з лесу на поўдзень, – пярэчыў Мэрэй. – Там нас чакае палова ўсiх абходчыкаў заказнiка, i яны сядуць нам на шыю, як толькi мы з'явiмся.
– Ён мае рацыю, Рой, – сказаў Зел, – не будзь упартым. Мы можам адарвацца ад гэтых абходчыкаў, калi адразу ж пойдзем на поўнач. Там знойдзецца сотня пунктаў, у якiх мы можам выйсцi з лесу i пакiнуць iх з носам.
– Ну выйдзеш ты з лесу, – сказаў Рой, – а што далей? Як ты разлiчваеш патрапiць у Сент-Элен? Яны ж загародзяць усе дарогi.
– Сент-Элен? – сказаў Мэрэй. – А на якога д'ябла нам вяртацца ў Сент-Элен?
– Ты з глузду з'ехаў вяртацца туды зараз, – падтрымаў яго Зел.
– Магчыма, – сказаў Рой i не стаў iм тлумачыць, што поўнач азначае для яго новую пагрозу адзiноты. Яго спадарожнiкi былi ўжо адлучаны ад Муск-о-гi, iм было ўсё адно. Але Рой ведаў, што для яго адзiная надзея – гэта вярнуцца на свой участак i пасля ў Сент-Элен так, каб нiхто i не здагадаўся, што ён быў у заказнiку. Пайдзi ён на поўнач, i яму спатрэбяцца месяцы адседжвання i розныя хiтрыкi, каб дабрацца назад у Сент-Элен, а за гэты час напэўна выявiцца яго злачынства. Да Мэрэя i Зела гэта не мела адносiн, бо яны i без гэтага ўжо толькi ценi людзей. Але калi ён, Рой, зараз не вернецца ў Сент-Элен, iнспектар, вядома, здагадаецца, што справа нячыстая. Значыць, гэта было пытанне бяспекi – але не толькi. Рашэнне яго было цвёрдае. Трэба iсцi на поўдзень, небяспечна гэта цi не. Ён мусiць вярнуцца да свайго ўласнага iснавання. Мусiць. Ён павiнен жыць ва ўласнай хацiне, з яе звыклым укладам, з цвёрдай пэўнасцю, якую яна яму давала, з грамадскiм абавязкам, якi яна на яго ўскладвала. Побач за ракой павiнны быць Скоцi i Самсон, а там за лесам Сент-Элен. Ён мусiць вярнуцца i сустрэцца з Эндзi. Ён ведаў i гэта, нават калi са сцiснутымi зубамi iшоў на рызыку быць злоўленым, прарываючыся на поўдзень. Але ён павiнен быў выбраць гэты шлях i прарвацца мiма абходчыкаў, якiя яго чакалi.
– Iдзiце на поўнач, калi хочаце, – паўтарыў ён. – А я iду дамоў.
Яны зноў пачалi яго пераконваць, але станавiлася надта небяспечна заставацца ў лесе, якi пачалi ўжо прачэсваць два патрулi. Мэрэй не разумеў рашэння Роя, але гэта яго не датычыла. Зел прыгледзеўся да Роя i, здавалася, на iмгненне нешта зразумеў. У яго самога была нават хвiлiна хiстання, а пасля ўзнiкла цьмянае, але яўнае шкадаванне, што ён не можа iсцi з Роем.
– Калi дабярэшся, – сказаў ён Рою, – хоць як-небудзь паведамi маёй старой, што я таксама падамся дамоў, як толькi спраўлюся з гэтай пушнiнай. Скажы ёй, што на гэта мне спатрэбiцца некалькi месяцаў.
– Добра, Зел, – адказаў Рой.
– А на будучы год вернемся сюды? – спытаў Мэрэй.
– Цяжка сказаць, Сахаты, – няўпэўнена адказаў Рой, – але з табой я дакладна ўбачуся.
– Магчыма, – засмяяўся Мэрэй. – Магчыма.
Рой махнуў iм рукой, i ў яго ружжы бразнуў затвор. Затым ён пайшоў унiз па схiле прабiваць сваю апошнюю сцежку па белым возеры Фей. Ён меркаваў, што пакуль яшчэ нiкога з iх не заўважылi. Гэта была перавага перад магчымымi праследвальнiкамi. Ён зiрнуў у чыстае неба з марным спадзяваннем на снег, якi зацерушыў бы ягоныя сляды, але пры такiм надвор'i – а яно магло трымацца яшчэ шмат дзён – ён ведаў, што пакiне за сабой выразны след, след дзвюх чалавечых ног, якi цяжка схаваць у гэтай свежазаснежанай краiне. Ён вырашыў iсцi на захад да Сярэбранай ракi, замест таго каб скiраваць адразу на поўдзень да ўчастка Скоцi. Ён разлiчваў, што калi да Сярэбранай ракi яго не дагоняць, ён можа спакойна iсцi ўздоўж яе русла да самага Муск-о-гi. Таму ён павярнуў на захад.
– Калi хочуць злавiць, дык давядзецца палавiць, – прамармытаў ён, папраўляючы на лбе галаўную папругу, i з гэтымi словамi пачаў паход, якi павiнен быў стаць апошнiм выпрабаваннем для яго дужых ног, апошнiм выклiкам заблытаным абставiнам i чалавечаму закону, адным словам, – яго вынiковым выклiкам лёсу.
Ён адчуваў адносную бяспеку, пакуль трымаўся лясiстых нiзiн, але неўзабаве яму давялося выйсцi на адкрытую мясцовасць, каб перасекчы адзiн хрыбет, а затым i наступны. Ён увесь час стараўся iсцi за чарговым грэбенем, каб схавацца ад праследвальнiкаў, i быў перакананы, што не страцiць нiводнага шанцу, якi давалi яму яго спрыт i знаходлiвасць, як раптам яго аглушыла з'яўленне яшчэ дваiх людзей. Яны з'явiлiся з зусiм нечаканага напрамку i iшлi супрацьлеглым схiлам нiзiны. Ён упаў на снег у цень скалы, але яго мех высока тырчаў над снегам, i Рой, калi назiраў за iмi, адчуваў сябе як паралiзаваны страхам цецярук. Яны былi так блiзка, што ён адрознiваў iхнiя твары, i, без усялякага сумнення, гэта былi пушныя абходчыкi. У iх былi форменныя штаны, скураныя курткi i ўвесь рыштунак абходчыкаў. Яны яшчэ не заўважылi яго, але яму нельга было крануцца з месца раней, чым яны адыдуцца хоць на паўмiлi. Асцярожна паварочваючы галаву, ён азiраўся ва ўсе бакi, пакуль не ўбачыў другую пару таго ж патруля. Iдучы ўлукаткi, яны разам з калегамi густа прачэсвалi ўсю мясцовасць, як гэта рабiў i першы патруль.
Другая пара была так далёка, што Рой ледзь мог iх адрознiць, аднак у адным з iх ён угадаў воблiк, надта падобны на пушнога iнспектара з Сент-Элена. Рой не быў цалкам перакананы, але i ад таго, што ён убачыў, кроў молатам застукала ў ягоных вiсках. Ён усё яшчэ не мог скрануцца з месца, бо першая, блiжняя пара не сыходзiла з грэбеня, але калi яна, нарэшце, стала спускацца, заходзячы яму за спiну, ён цiхенька пералез цераз грэбень i пачаў хуткi спуск, скарыстоўваючы i сваю вагу i вагу свайго грузу, з адчаем i злосцю топчучы снег i ведаючы, што патруль вось-вось перасячэ яго сляды – вось тады i пачнецца сапраўдная пагоня.
Раздзел чатырнаццаты
Нiзка нагнуўшы галаву i выпрастаўшы спiну, ён набiраў хуткасць, быццам паволi сталеючы шторм, дабiваючыся максiмуму, нязменнага i на схiлах, i ў нiзiнах, i праз лес, i ўздоўж хрыбтоў. Ён ведаў, што нiхто не здолее спаборнiчаць з iм адзiн на адзiн, але яму даводзiлася спаборнiчаць з тэхнiчнай перавагай праследвальнiкаў: яны былi больш экiпiраваныя для праследавання, чым ён для ўцёкаў. Перш за ўсё, чацвёра на аднаго, а гэта былi амаль вырашальныя абставiны, калi трэба было прабiваць сцежку. Рою даводзiлася, не збаўляючы тэмпу, самому таптаць сабе сцежку, часцей лыжамi. А чацвёра праследвальнiкаў маглi рабiць гэта па чарзе, даючы адпачынак тром iншым. Ужо гэтая перавага пазбаўляла Роя надзеi пратрымацца больш за два-тры днi: пасля гэтага, калi не пачне iсцi снег, яны дакладна дагоняць яго.
– Ну што ж ты, снег! – сказаў ён, на iмгненне падымаючы ў неба натруджаную лямкамi галаву.
Але ў небе не было нi хмурынкi, i Рой уключыў i надвор'е ў пералiк сваiх ворагаў, пагарджаючы i ясным небам i застылай марознай бесклапотнасцю.
Рой нi разу не прыпынiўся, не азiрнуўся. Ён узяў на ўлiк паток свайго часу. Каб не паддацца нi на крок сваiм праследвальнiкам, яму трэба было выцiснуць з кожнай хвiлiны ўсю прастору, што ўкладвалася ў яе, кожны крок, цвёрды снег, строга разлiчаны ашаламляльны спуск па крутым схiле. Нiхто не дагнаў бы яго адзiн, i ён хацеў скарыстаць гэтую адзiную сваю перавагу як адзiны шанц на выратаванне. Да высокага водападзельнага хрыбта памiж возерам Фей i Сярэбранай рэчкай ён яшчэ цешыў сябе спадзяваннем, што абодва патрулi не заўважылi яго слядоў i, магчыма, зусiм за iм не гоняцца. Але тыя некалькi хвiлiн, якiя ён прабыў на грэбенi, каб аддыхацца i агледзецца, паказалi, што ягоны след выяўлены i пагоня пачалася.
Ён ведаў i яшчэ адну iхнюю перавагу. У iх былi палявыя бiноклi, а яму даводзiлася напружваць зрок на неадольныя для вока дыстанцыi, i не толькi каб знайсцi iх, але i каб яшчэ раз праверыць, цi гонiцца за iм яго прыяцель i непрыяцель-iнспектар, цi гэта толькi выпадковае падабенства. I зноў ён не мог вырашыць дакладна, i зноў iшоў наперад, прыгнечаны гэтай нявысветленасцю становiшча. Калi сярод iх не было iнспектара – гэта была проста адчайная гонка з прадстаўнiкамi закону. Але калi гэта быў сапраўдны iнспектар з Сент-Элена тады Рой супернiчаў не толькi з законам. Гэта была адкрытая сутычка з адзiнай сiлай, якая магла адабраць у яго ўсё – не толькi па закону, але i як стаўку дваццацiгадовай барацьбы, з якой Рой да гэтага часу выходзiў пераможцам. "Калi гэта скончыцца?" – пытаўся Рой сам у сябе. Ён толькi што пазбавiўся такой жа небяспекi ў заказнiку, а зараз аказалася, што ён мусiў весцi новую барацьбу ўсё ў той жа вайне. Калi гэта скончыцца? Тады, калi ён вернецца? Калi схаваецца ў сваёй паляўнiчай хацiне альбо дома ў Сент-Элене? Цi там усё пачнецца спачатку? Няўжо Эндзi, у рэшце рэшт, пераможа яго? Яго розум працаваў гэтак жа хутка, як i яго кароткiя дужыя ногi, якiя рабiлi адзiн цяжкi крок за другiм i перасоўвалiся наперад, але без нейкай пэўнай канчатковай мэты.
– Дзе ж ты, снег, дзе ты, палярная завiруха? – шаптаў ён.
Але надвор'е было па-ранейшаму яснае, i адвячоркам ён ужо ведаў, што яны iдуць па яго следзе. Але ён быў занадта знясiлены, каб хавацца, i лёг у сваiм спальнiку на першым жа свабодным ад снегу месцы сярод скал. Ён прагна з'еў халоднага гарошку проста з бляшанкi i запiў яго зялёнай гарохавай вадкасцю. Усю правiзiю ён упакаваў у мех зверху, але частка яе правалiлася на дно, i зараз ён паспрабаваў прыкiнуць, як доўга хопiць яму ежы.
Пры велiзарнай эканомii – днi на тры, вырашыў ён. Тры днi велiзарнай эканомii, i пастаянны голад.
Яшчэ не свiтала, а ён ужо быў у дарозе i да поўдня пераправiўся цераз Сярэбраную рэчку. Двойчы ён бачыў за сабой людзей, але яны былi далёка i адставалi ўсё больш. За ноч iхняя перавага знiкла, бо з надыходам цемры iм, як i яму, давялося спынiцца. Акрамя таго, яны не маглi iсцi нацянькi, бо не ведалi, куды скiруе Рой, а таму не маглi нi разлiчыць, нi прадбачыць яго маршрут. Iм проста даводзiлася iсцi па яго слядах i, магчыма, чакаць самалёта.
Неба магло прынесцi Рою i вялiкую небяспеку i вялiкую палёгку, i ён няспынна сачыў за iм. Па-першае, у прадбачаннi самалёта, якi мог выявiць яго i адразу загубiць. Па-другое, у спадзяваннi на снег, якi прыкрыў бы яго сляды i даў бы яму магчымасць звярнуць на поўдзень i дабрацца дадому. Пакуль не пачаўся снегапад, ён не мог паварочваць на поўдзень i тым самым адкрыць iм сваю канчатковую мэту. Яму даводзiлася арыентавацца на захад, на захад ад Сярэбранай рэчкi, нават на паўночны захад ад яе; даючы такога кругаля, ён спадзяваўся пераканаць праследвальнiкаў, што хоча дабрацца да стаянак лесарубаў, якiя былi раскiданы ў раёне лесараспрацовак на паўночным захадзе адсюль, у суседняй акрузе.
Пераправiўшыся цераз Сярэбраную рэчку, ён пакiнуў межы заказнiка, але гэта не ратавала яго ад небяспекi. Нават болей – гэта стварала дадатковую небяспеку: зараз ён знаходзiўся ў зусiм невядомай яму краiне сярод хрыбтоў i гор, нiзiн i лясных масiваў, дзе нiколi не быў. Трымаць правiльны накiрунак зараз яму дапамагаў толькi маленькi компас у пятлiцы, а арыентавацца – толькi ўласнае адчуванне мясцовасцi. Уся надзея была на тое, што калi яны ведалi гэты край i звыклыя маршруты, дык Рой разумеў мясцовасць. Ён разумеў яе, як чалавек, якi ўсё жыццё назапашваў выпадковыя назiраннi над няроўнасцю зямной кары. Мiмаходзь азiраючыся па баках, ён мог уявiць сабе, якiя пад'ёмы i спускi чакаюць яго наперадзе, на яшчэ невядомых яму ўчастках. Ён мог здагадацца пра характар схiлаў i хрыбтоў i нечаканых глыбокiх нiзiн, i на гэта накладваўся дзiўны малюнак зямлi пад зямлёй, уяўленне пра дзiкую сiлу, схаваную пад гэтымi гранiтнымi схiламi, пра пакуты i сутаргi, у якiх нараджалася гэтая краiна i якiя, наколькi ўяўляў сабе Рой, яшчэ могуць паўтарыцца i перарадзiць яе. Дзiўная гэта была часам краiна, снегавы ложак заснулых велiканаў, краiна, якой Рой гатовы быў захапляцца, пакуль яна не выступiць супраць яго.
Ён адхiлiўся далёка, надта далёка на захад i вырашыў рызыкнуць i папаляваць. Яму патрэбна была ежа, бо прыпасаў засталося толькi на два днi. Праследвальнiкi ўсё адно ведалi, дзе яго шукаць. Гук стрэлу iм не дапаможа i не прыспешыць iх. Рой застрэлiў двух зайцаў i курапатку i вечарам, пад прыкрыццём вялiкай сасны, распалiў касцёр. Ён падсмажыў усю здабычу, з'еў колькi здолеў, а рэшткi схаваў на заўтра. Затым растапiў крыху снегу ў кацялку i заварыў гарбату. Падмацаваўшыся, ён быў гатовы да выпрабаванняў наступнага дня.
А снегу ўсё не было.
Рою здавалася, што ўся прырода супраць яго. Ён ведаў, што далей на захад iсцi нельга, адтуль яму ўжо не прабiцца да сваёй хацiны, бо праследвальнiкi будуць i спераду i ззаду. Ён вышукваў на хрыбце аголеныя схiлы, дзе б згубiлiся яго сляды, дзе ён мог бы павярнуць на поўдзень; але ветру не было, каб сагнаць снег з хрыбтоў, i сама большае, што ён мог зрабiць, – гэта цягнуць за сабой пiхтавую галiнку, каб хоць крыху загладзiць сляды.
Ён спрабаваў i iншыя хiтрыкi, хоць яны i забiралi ягоны час: напрыклад, iсцi ўлукаткi, а затым старанна загладжваць сляды метраў на пяцьдзесят. Ён ахвяраваў на гэтыя хiтрыкi каштоўны час, але ў сваiм адчайным iмкненнi адарвацца ад пагонi хапаўся за любыя сродкi.
У тым, якiя бескарысныя яго хiтрыкi, ён пераканаўся, калi выйшаў на адкрытае месца'i адразу ж пачуў стрэл, а затым убачыў, як куля стукнулася аб скалу крыху нiжэй за яго. Ён бачыў i чалавека, якi зрабiў гэты папераджальны стрэл. Гэта быў той мажны: сам iнспектар альбо яго двайнiк, чалавек, якога Рой баяўся зараз больш за ўсё iншае.
– Ну дзе ж снег?! – крычаў Рой у неба.
Неба было шэрае, але марознае, i ўвесь дзень мароз мацнеў. Рой адчуваў гэта таму, што быў змучаны i пастаянны пот ахалоджваў яго цела, замарожваючы бялiзну. Толькi ў час руху ён развiваў у целе дастаткова цяпла, але як толькi спыняўся, яго трэсла, ён губляў апошнiя сiлы, i, вiдаць, наблiжаўся час, калi праследвальнiкi яго дагоняць.
Яго ахапiла вострае пачуццё нянавiсцi да марозу i да акаляючай цiшынi, i да глыбокага снегу, якi хапаў яго за ногi i аддаваў ворагу. Ён ненавiдзеў кожны пад'ём, якi патрабаваў дадатковых высiлкаў, i кожны лес, якi загароджваў яму адносна лёгкi шлях па раўнiне. Ён усё часцей думаў, цi не кiнуць яму ўсю здабытую пушнiну, цi не аблегчыць свой груз. Але тое, што прымушала яго рухацца наперад, пакiдала гэты груз на спiне. У гэтай пушнiне было апраўданне ўсяго, i кiнуць хоць частку яе менавiта зараз – азначала занадта шмат у чым прызнацца хоць бы самому сабе. Розум падказваў яму схаваць пушнiну, а затым вярнуцца па яе летам. Але што б нi казаў яму розум, ён ведаў, што калi пакiне тут пушнiну, ён нiколi па яе не вернецца, што ён страцiць адзiн са стымулаў уцякаць. Пушнiна ў мяху за спiной была не проста грашамi – гэта была напружанасць усiх сiл i перамога над кпiнамi прыроды, якая была супраць яго i абыякавай рукой прытрымлiвала снег i дапамагала яго ворагам. Ён ненавiдзеў неба, скалы, дрэвы, азёры, аленяў, якiя кожны дзень перабягалi яму дарогу, дзiкабраза пад дрэвам, скунса на ягонай сцежцы, лiсу i яе сляды на снезе, рысь, ваўка i рыжую вавёрку. Уся краiна стала яго ворагам, i ў смяротнай стомленасцi ён гатовы быў ненавiдзець яе да самага свайго канца.
А пасля ён ледзь не заплакаў ад роспачы, калi пачуў i ўбачыў блакiтны гiдраплан. Гiдраплан не быў падобны на малiнаўку, як самалёт Ласона, не, гата была цяжкая качка з непрыемным рыкаючым гукам, магутная машына, якая то апускалася зусiм нiзка, то ўзлятала ўгару, вышукваючы яго, таму ён iмкнуўся iсцi толькi праз лес, з марным спадзяваннем схавацца, марным таму, што для арыентацыi яму ўсё роўна даводзiлася выбiрацца на адкрытую мясцовасць. Яна лёгка знаходзiла яго i са свiстам кружылася над iм, але ўжо вечарэла, i Рой зноў хаваўся ў лесе i надоўга адрываўся, а ёй даводзiлася адлятаць на начлег яшчэ да наступлення цемры, i Рой выйграў яшчэ адзiн дзень для перамогi альбо паражэння.
– Ну вось, нарэшце i адолеў мяне прыяцель-iнспектар! – сумна ўсмiхнуўся Рой.
Ён пасмяяўся з прыяцеля-iнспектара i зрабiў тое, на што iнспектар нiколi не пайшоў бы. Калi сцямнела, Рой прадоўжыў свой шлях. Гэта была рызыка, на якую не пайшоў бы нiводзiн лесавiк. Iсцi па такой мясцовасцi ў цемры было небяспечна не толькi само па сабе (калi спатыкнешся, можна адразу сарвацца i зламаць сабе шыю), было небяспечна i тым, што мiжволi беручы ўлева, можна лёгка прыйсцi менавiта туды, дзе найбольшая пагроза. Гэта быў сляпы шлях без усялякiх арыенцiраў, напралом, праз усе хрыбты i нiзiны. Гэта быў шлях навобмацак, калi давяраеш толькi iнстынкту i компасу – гэтаму безнадзейнаму спалучэнню супярэчлiвых iмпульсаў. Рой так стамiўся за гэты начны пераход, што сон здаўся адзiным, чаго мог хацець чалавек. Ногi яго падкошвалiся, i ён дарагой цаной плацiў за сумнiўную перавагу адарвацца ад пагонi максiмум на пяць-шэсць мiль. Але зараз для яго гэта быў адзiны шанц, i ён iшоў i падаў у цемры, настойлiва iшоў на захад, усё яшчэ не асмельваючыся павярнуць на поўдзень, усё яшчэ чакаў снегу, якi павiнен жа быў калi-небудзь пайсцi.
Чатыры мiлi ён не змог адолець i, не прайшоўшы i трох, скiнуў сваю ношу на снег, выцягнуў з яе спальнiк i вырашыў, што ранiцай не ступiць i кроку. Хай прыходзiць iнспектар. Хай будзе што будзе. Памiтусiўся, i хопiць. Лёгка хацець прыстанiшча ў Сент-Элене, калi яно магчыма, але зараз гэта недасягальная мара. Занадта высокая цана за ганьбу, якая яго чакае. Не, хопiць! I ён дазволiў сабе вялiкую раскошу: больш не трэба будзе думаць пра Сент-Элен, сустракацца з Эндзi, не давядзецца пераносiць усё тое горкае i пакутлiвае, што падрыхтавана яму ў канцы гэтага шляху. Заўтра iнспектар можа з'явiцца i забраць яго; заўтра ён гатовы прыняць усё: цяжар жыцця, паражэнне, якое яго аблегчыць, i яго канец.
Апошнiм намаганнем ён расклаў спальнiк i, як толькi залез у яго, заснуў, неверагодна стомлены.
Раздзел пятнаццаты
Снег пайшоў пад ранiцу, калi Рой яшчэ спаў, i снег не разбудзiў яго. Снегам занясло спальнiк, яго выпрастаныя рукi, нават твар i ўсю галаву, а ён усё спаў, пакуль не развiднела. Тады ён расплюшчыў вочы i сеў.
– Iдзi, снег, iдзi! – закрычаў ён. I яшчэ раз, i яшчэ.
Ён строс снег з шапкi i ботаў, якiя паклаў пад галаву, абуў iх i быў гатовы ў дарогу. Яго кароткiя ногi гатовы былi таптаць снег, усё яго цела было гатова да пераходу, якi павiнен быў раз i назаўсёды адрэзаць яго ад пагонi. Ён не губляў часу на яду. Пажаваў кавалак смажанага зайца, закiнуў свой занесены снегам мех за спiну, высмаркаўся проста ў снег i адразу ж стаў на лыжы.
Рой ведаў, што яшчэ далёка не ўцёк ад небяспекi. Спаў ён доўга, i патрулi маглi быць у яго за спiною, дастаткова блiзка, каб выявiць яго сляды яшчэ да таго, як iх зацярушыць снег.