355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джеймс Олдридж » Паляўнiчы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Паляўнiчы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:23

Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"


Автор книги: Джеймс Олдридж


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц)

– Менавiта тым, чым з'яўляецца i зараз, – адказаў за ўсiх Рой.

– Трэба ж ва ўсiм адрознiваць дабро i лiха, – настойваў Скоцi.

– Тады гэта лiха, – сказаў Рой. – Пойдзем, Самсон?

На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.

– Скоцi? – усклiкнуў ён. – Што ты на гаты конт думаеш?

– Не, вы ўжо без мяне!

Самсон пацiснуў плячыма, i гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца i прыставаў да Скоцi аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.

– Ладна, адзiн або ўсе, – сказаў ён. – Але толькi кожны са сваiмi пасткамi.

Скоцi адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваiмi павучаннямi, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху i дастаў бутэльку гарэлкi.

– Мара звералова, – сказаў ён Рою. – Пачынай!

– За вашу прападобнасць! – усклiкнуў Рой i адразу ж прыклаўся да бутэлькi, быццам чалавек, якi памiраў ад смагi.

Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносiўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказнiку. Разыгрываў на гэты конт ён i Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзiць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнiвае Самсона рызыкоўнай iдэяй таму, што яна i самога яго зачапiла за жывое. Заўсёдная гiсторыя. Даўнiшнi выклiк Самсону пераплысцi возера ўзнiк з насмешлiвай заўвагi Самсона, нiбыта Рой старэе. Ён перакiнуў насмешку на самога Самсона, i так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацiсямiгадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, i Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослiвыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, i Рою даводзiлася аднаму змагацца са спакусай i самастойна рабiць выбар.

– Даўжыня таго возера каля дзесяцi мiль, – расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапiвалi гарэлку. – З усiх бакоў у яго ўпадаюць рэчкi, i на кожнай бабровыя плацiны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсiх запрудах, вiдаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцiсот дарослых баброў. Так, Рой?

– А чаму ж нiхто iх там не ахоўвае? – спытаў Рой.

– Не ведаю, – сказаў Мэрэй, – але ўжо больш як пяць гадоў туды нiводзiн абходчык i носу не паказваў. Нам трэба толькi перакiнуць туды адзiн з тваiх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўлiваць адну рэчку за другой. I ўся гэта першагатунковая пушнiна на адным пятачку!

Адзiн з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат i ведаў гэта, як ведалi i Рой, i Самсон, i Скоцi. Але Мэрэй умеў прасiць, ён не лiчыўся з тым, пра што просiць, умеў прасiць з мiмаходнай абыякавасцю. Рой ухiлiўся ад прамога адказу.

– А скуль ты ведаеш, што абходчыкi туды не зазiраюць? – спытаў у Мэрэя Скоцi.

– Яны заўсёды пакiдаюць свае сляды, – сказаў Мэрэй. – Забiваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера нiякiх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазiў. Ва ўсякiм выпадку, да блiжэйшага кардона там не менш як трыста мiль, i гэта на самай ускраiне заказнiка.

– А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць? – сказаў Рой.

– Я ў гэтым цалкам перакананы, – сказаў Мэрэй.

– Ты i мiнулым разам быў перакананы, аднак жа трапiўся, – сказаў Скоцi. Ён пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар'яцкiх учынкаў, i лiчыў сваiм абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугi.

– Мiнулым разам, – спакойна азваўся Мэрэй, – мне давялося прайсцi праз увесь заказнiк, каб дабрацца да месца палявання. Вось яны мяне i высачылi. Але гэтае возера ў сама далёкiм канцы. Туды мы можам патрапiць, калi абыйдзем участак Iндзейца Боба i зрэжам на поўнач ад твайго, Скоцi, затым перацягнем човен праз хрыбет Белых гор i спусцiмся па далiне да Сярэбранай ракi. Возера крыху на поўнач, i знайсцi яго няпроста. Яно губляецца сярод соцень iншых азёр i ў самiм заказнiку i за яго межамi. Нам толькi трэба дабрацца туды да замаразкаў i аблавiць болей рэчак, пакуль яны моцна не замерзнуць. Iнакш давядзецца зрабiць добры шпацыр туды i назад.

Рой устаў i сплюнуў жвачку проста ў печку. Самсон быў заняты чарговым глытком з бутэлькi. Мэрэй круцiў самакрутку надзвычай старанна i вельмi лоўка.

Скоцi нервова пстрыкаў затворам свайго трыццацiпяцiкалiбернага рэмiнгтона.

– А чаму б i на самай справе нам не выправiцца туды, Скоцi? – раптам спытаў Самсон.

– Не, выбачайце! – паўтарыў Скоцi.

Рой больш не ўгаворваў Самсона. Але сам ён станавiўся ўсё больш перакананы ў сваiм рашэннi.

– Хоць яшчэ раз па-сапраўднаму паглядзелi б на баброў, – усё больш горача разважаў ён. – А то тут на гэтыя пакiнутыя хаткi глядзець гiдка. Калi пойдзе бабёр, увесь лес апусцее, а бабёр сыходзiць, Скоцi; мне ты можаш паверыць, ён сыходзiць. I ты гэта ведаеш, i я ведаю, i ўсе мы ведаем. Сыходзiць усё роўна як фермеры з Сент-Элена. Вылавiлi звера, выаралi зямлю.

– Проста ты сп'янеў раней часу, – зазначыў Скоцi.

– I ты, i iнспектар, абодва вы толькi i ведаеце, што нагадваць мне, што я п'яны!

Усе яны добра выпiлi, таму спрэчка разгаралася i пераходзiла на асобы, пакуль, нарэшце, Скоцi не закрычаў, iмкнучыся ўратаваць Роя ад самога сябе:

– Ты скончыш тым, што апынешся па-за законам, як Мэрэй!

Мэрэй зрабiў яшчэ глыток i спакойна слухаў iхнюю спрэчку.

– Я яшчэ не па-за законам, – пярэчыў Рой.

– Але хутка будзеш, – настойваў Скоцi. – Пападзешся на незаконнай лоўлi ў заказнiку, вось ты i па-за законам, Рой.

– Я не збiраюся пападацца, – крычаў Рой. – Я ўсё жыццё лавiў каралеўскую дзiчыну, аднак не пападаўся. Так, я страляў каралеўскiх аленяў у самой Англii i не пападаўся. Чаму ж мне трэба пападацца зараз?

Гэта была даўняя пахвальба Роя, кожны звералоў Муск-о-гi чуў ад яго самога альбо ад iншых, што Рой паляваў на каралеўскую дзiчыну ў Вялiкiм Вiндзорскiм парку. Падчас першай сусветнай вайны часць Роя была раскватаравана ў ваколiцах гэтага парка, i Рой пераконваў, што забяспечваў аленiнай увесь лагер, пералазячы праз каралеўскi плот, ловячы аленяня або лань i з дапамогай ротных кухараў замяняў ёю канiну, якую давала iм iнтэнданцтва. Гэта была адна з лепшых ставак Роя ў яго гульнi з жыццём, гэта, ды яшчэ тое, што ў шаснаццаць гадоў ён мог пахвалiцца, што акружнасць грудной клеткi ў яго рэкордная для ўсёй Канадскай армii.

– Чулi мы, як ты абедаў за кошт караля, – кiсла перапынiў яго Скоцi. Толькi ў Вiндзорскiм парку не было нiякiх iнспектараў, а ў заказнiку iх пяць. I яшчэ, Рой, трэба ж калi-небудзь спынiць гэтае браканьерства.

Рой засмяяўся.

– Мы браканьерым толькi таму, што нехта назваў гэта браканьерствам. Пачакай, вось хутка iнспектар аб'явiць мёртвы сезон на ўсе вiды пушнога звера ў нашым Муск-о-гi i кожную злоўленую табой мыш таксама аб'явiць браканьерствам.

– Ну, гэтага яны не зробяць, – сонна азваўся Самсон.

Рой выпiў тое, што заставалася на дне бутэлькi. Гарэлка была густая i мутная, i калi яна абпалiла яму язык, да Роя вярнуўся заснулы гумар.

– Самсон, – сказаў Рой, – калi кароль аб'яўляе бабра пацуком, а рысь мядзведзем, ён усё адно мае рацыю. Так сказана ў законе пра звералоўства i рыбалоўства. Губернатар таксама можа назваць кожную рэч, як ён захоча. Ён можа аб'явiць рыбу пушным зверам, ён можа ўсялякае стварэнне лiчыць каралеўскай дзiчынай i на ўсё заявiць каралеўскае права. Губернатар у дзяржаўным савеце можа аб'явiць бярозу пiхтай, сасну – клёнам, возера – ракой, дрэва – каменнем. На тое ён i губернатар. I калi ён заявiць, што ты браканьер, дык, клянуся Богам, Самсон, ты iм i будзеш, чым бы ты на самай справе не займаўся. Дык чаму ж нам не браканьерыць? I чаму б нам не паляваць у заказнiку? Што, хiба гэта не той жа лес? Усялякая дзiчына належыць лесу, а лес належыць траперам, гэтаксама, як Сент-Элен належыць фермерам, а Сэдберы – шахцёрам. Ты верыш у тое, што ты браканьер, толькi таму, што браканьерам цябе называе губернатар. Так! А ты паспрабуй злавiць мяне, калi я залезу ў лес!

– Ты п'яны! – з агiдай сказаў Скоцi.

– Ваша прападобнасць, вельмi шаноўны айцец iнспектар Скоцi Малькольм, прамовiў Рой.

– Дык што, ты i на самай справе туды збiраешся? – спытаў Скоцi.

Рой засмяяўся.

– А што, там i праўда процьма баброў, Сахаты?

– А як жа, – сказаў Мэрэй, якi з кожным глытком станавiўся ўсё больш спакойным, усё больш разважлiвым.

– Тады чаму б не пайсцi, – сказаў Рой. – Пайду. Хоць бы дзеля таго, каб паказаць нос гэтаму губернатару.

– Пакажы iм, Рой! – падтрымаў Самсон.

– Вось мы з табой i пакажам усяму свету, Самсон, – сказаў Рой.

– Мы з табой, – паўтарыў Самсон, устаючы на ўвесь свой рост побач з Роем.

– Самсон, – сказаў Рой, – даю пяцьдзесят даляраў, што ты не выкiнеш Скоцi за дзверы. Даю сто, што зачэпiш яго за парог!

Тут засмяяўся нават Мэрэй.

– А я даю яшчэ пяцьдзесят, што не скiнеш Роя ў возера, – сказаў ён Самсону.

Скоцi гаротна дапiваў гарэлку, а тым часам выклiкi станавiлiся ўсё больш адчайнымi.

– Хто лепшы стралок ва ўсiм Муск-о-гi? – раптам спытаў Рой.

– Я! – закрычаў Самсон.

– Ну што ж, паглядзiм, як ты падстрэлiш мыш у тым кутку з трыццацiпяцiкалiбернага ружжа Скоцi, – сказаў Рой. Ён узяў рэмiнгтон Скоцi i падаў яго Самсону. – Пяць даляраў!

– Дай патронаў, – папрасiў Самсон у Скоцi.

Скоцi зiрнуў на свайго напарнiка.

– Толькi не маiмi патронамi, – адрэзаў ён.

– Ну, хопiць, Скоцi, – прасiў Самсон.

Iншыя назiралi за iхняй перапалкай, чакаючы, што яна ператворыцца ў сварку. Яшчэ нiколi ў iх не заходзiла так далёка. Скоцi быў раз'юшаны, а Самсон поўны самаўпэўненай ганарлiвасцi, i абодва п'яныя.

– Калi вы распачнеце стральбу тут, хто-небудзь стане пацярпелым, – сказаў Скоцi.

– Перастань, Скоцi, – сказаў Рой. – Дай яму пастраляць.

Ведаючы, што гэтага рабiць нельга, але не жадаючы сварыцца з Самсонам, Скоцi разарваў пачак i даў Самсону прыгаршчы патронаў. Самсон сядзеў на адным ложку з Роем, а Мэрэй i Скоцi – на другiм, усе ў адзiн рад ля адной сцяны хацiны. Падстрэшша, з якога вылазiлi мышы, было на iншым канцы, на верхнiм бервяне, якое яднала сцяну са страхой. Па гэтым бервяне мышы маглi бегаць вакол усёй хацiны, але часцей за ўсё яны з'яўлялiся над дзвярыма. Гняздо, вiдаць, было ў iх у куце, за складзенымi цуркамi.

Чацвёра паляўнiчых чакалi з'яўлення першай мышы, ружжо ляжала ў Самсона напагатове папярок калена.

– Калi куля дасць рыкашэт, – сказаў Скоцi, – яна каго-небудзь з нас укакошыць.

– Мо i цябе, Скоцi, – сказаў Рой.

Самсон выстралiў.

Куля вылецела са ствала з хуткасцю каля двух тысяч футаў у секунду. Гэта была куля з мяккiм наканечнiкам, яна стукнулася ў сухое сасновае бервяно зусiм побач з мышшу, адкалола трэску, якою мыш расплюшчыла аб страху, адскочыла да бакавой сцяны i правалiлася ў бярозавыя цуркi. Гук выстрала i вiск рыкашэта прымусiў усiх прыгнуцца i на iмгненне знерухомець. Пасля гэтага Скоцi ўсклiкнуў:

– Ён заразiў твае пяць даляраў, Рой!

– I праўда, халера, патрапiў, – сказаў Рой.

Замест таго каб скончыць гульню, Самсон стаў хвалiцца сваiм майстэрствам.

Нават Скоцi не магло не падабацца, як страляе Самсон. Бо нават п'яны Самсон страляў лепш за ўсiх. Гук выстрала не прымусiў мышэй уцякаць, а толькi ўстурбаваў iх, i Самсон злёту дастаў куляй беланогую мыш, калi яна скокнула на пустую бляшанку з-пад тытуню.

– З такога ружжа нельга прамазаць, – сказаў Мэрэй.

Вiнтоўка Скоцi была новенькая, i яе затвор шчоўкаў з выразным гукам дакладнага механiзма. Гэта было першае, што набыў Скоцi на дэмабiлiзацыйную дапамогу пасля вайны. Безадмоўнае, сучаснае, дальнабойнае i трапнае ружжо. У самога Самсона быў стары бокфлiнт*, i Рой пераконваў, што няма на свеце ружжа больш няўклюднага i дрэнна збалансаванага.

* Двухстволка з вертыкальным размяшчэннем ствалоў.

Самсон карыстаўся самаробнымi валавянымi кулямi, вялiкiмi цяжкiмi балванкамi, якiя зблiзку забiвалi напавал, але на адлегласцi больш за шэсцьдзесят крокаў выдыхалiся.

– А ты паспрабуй са сваёй бранябойкi, – папрасiў Рой Самсона. – Паглядзiм, як лупiць гэтая гармата па маленькiх мышах.

Самсон паспрабаваў i прамахнуўся, валавяная куля зрабiла дзiрку ў страсе, неверагодны выстрал аглушыў iх гулкiм рэхам ад усiх чатырох сцен. Не вытрымаў нават Рой.

– Хопiць, – сказаў ён. – Смальнi вось з гэтага. – I ён падаў сваё ружжо.

Гэта быў паляўнiчы вiнчэстэр з рычажным механiзмам затвора, сама жаданае ружжо лесавiкоў усёй Амерыкi i асаблiва канадскiх трапераў. Яно было не даўжэйшае чым карабiн. Ложа ў яго было пашчапанае, механiзм затвора крыху расхлябаны, але ў руках Роя гэта было дасканалае ружжо. Для свайго калiбра яно мела зычны голас, i першасны шчаўчок яго рычажнага затвора супадаў з выстралам, так хутка ён адбываўся ў руках добрага стралка. Самсон зрабiў з яго два стрэлы: адзiн раз патрапiў, другi прамазаў.

Затым мышы пэўны час не паказвалiся, але ўсе чацвёра цярплiва чакалi.

Зараз кожны вышукваў сабе цэль, i калi перапалоханыя мышы зноў замiтусiлiся з кута ў кут, уверх па сценах i ўнiз па бярвеннях, – адзiн паляўнiчы за другiм спускаў курок, i ўсе разам прыгiналiся, калi куля рыкашэцiла над iхнiмi галовамi альбо скакала каля iх на падлозе. Толькi Скоцi не страляў. Ён любiў страляць, але не хацеў браць удзел у тым, што лiчыў жорсткай забаўкай.

– Гэтыя беланогiя мышы нiкому не робяць шкоды, – казаў ён. – Навошта вы iх расстрэльваеце? Пашкадуйце кулю для пацука.

Рой таксама нiчога не меў супраць мышэй, але сцвярджаў, што яны крадуць у яго шкарпэткi, зацягваюць у нару i робяць з iх гнёзды. Гэта было апраўданнем, да таго ж Рой наўрад цi ўсведамляў, што ён забiвае. Самсон ужо наогул не ўсведамляў, што робiць. Мэрэю было рашуча ўсё роўна, што ён робiць, усё роўна, што трапляла яму на мушку: птушка, звер цi чалавек. У яго была старая вiнтоўка ваеннага ўзору, няўклюдны прыклад якой ён абстругаў пад паляўнiчае ружжо. Гэта зрабiла значна цяжэйшай яе дульную частку, акрамя таго, падчас кожнага стрэлу вочы зацярушвала порахам, але бiла ружжо даволi трапна па асноўнай дзiчыне ласю; страляючы па ласю, ён рэдка прамахваўся.

– Глядзiце, – сказаў Рой у час чарговай перадышкi.

Невялiкая рабая ласка, выскачыўшы з кутка, пагналася за мышшу i знiкла ўслед за ёю. Яна мiльганула так хутка, што яны яе ледзьве прыкмецiлi.

– Яна ў мяне свойская, – сказаў Рой. – Ловiць мышэй.

– Вось гэта мiшэнь, – дадаў Мэрэй. – Рухомая мiшэнь, тое, што трэба.

Усе пагадзiлiся. Калi назiралi за ласкай, якая ганялася за мышамi, здавалася, што яна не адна, а не менш дзесятка. Ласка знiкала ў сама маленькай дзiрцы i вылятала адтуль з неверагоднай хуткасцю.

– Давайце прыбавiм святла, – сказаў Мэрэй i падцягнуў кнот газавай лямпы так, што яна ярка асвялiла падстрэшша, дзе схавалася ласка.

– Даю дзесяць даляраў, што нiхто не пападзе ў ласку, – сказаў ён.

Рой лiчыў гэтак жа. Ды ён i не хацеў пападаць у ласку.

Яна з'явiлася ў хацiне летам, калi ёй было некалькi месяцаў – яшчэ ў карычневай скурцы. А зараз яна ўжо насiла сваю белую зiмовую апратку i амаль што вырасла. Рой не хацеў, каб яе падстрэлiлi, але яму хацелася паспрабаваць выйграць у гэтай амаль безнадзейнай гульнi.

Яны сядзелi i чакалi, i кожны падрыхтаваў ружжо.

Самсон свiстаў i пiшчаў, iмкнучыся выклiкаць ласку са сваёй схованкi.

Скоцi насцярожана маўчаў.

Рой хiстаўся, хоць i меў насалоду ад гэтага спаборнiцтва.

Мэрэй чакаў, нiбыта нi пра што i не думаў.

Раптоўнае з'яўленне ласкi iмгненна выклiкала выстрал. Адбылося гэта так хутка, што ўсе здзiвiлiся, а яшчэ больш яны здзiвiлiся, калi ўбачылi, што ласка, разарваная куляй амаль папалам, звалiлася ў рукамыйны таз.

Усе зiрнулi на Скоцi.

– Не люблю ласку, – сказаў iдэалiст Скоцi. – Яна заўсёды на некага палюе крыважэрная. Забiвае дзеля таго, каб забiць.

– Вось гэта быў выстрал! – шчыра здзiвiўся Самсон удачы сябра.

Роя гэта амаль працверазiла, а Мэрэй гучна засмяяўся.

– Не сярдуй, Рой, – сказаў Скоцi, адчуваючы, што Рой незадаволены. Трымай! – ён зноў палез у мех i дастаў яшчэ адну бутэльку гарэлкi. – Гэтая яшчэ мо смачнейшая.

Рой выпiў, выпiў i Скоцi. Пра iншых яны забылiся, бо памiж Скоцi i Роем была даўняя спрэчка, якую не маглi зразумець Мэрэй i Самсон. Спрэчка была такая сур'ёзная i глыбокая, што нiкому з iх не трэба было зараз гаварыць. Яны ведалi думкi адзiн аднаго i без гэтага. Стрэл, якi забiў ласку, быў толькi чарговай праявай iхняй спрэчкi, i хоць абодва былi п'яныя, яны i зараз вялi спрэчку.

Рой быў матэрыялiст, аб'ектыўны назiральнiк жыцця лесу. Уласны вопыт навучыў яго, што ўсе звычкi i навыкi лясных звяроў (лютыя альбо спакойныя) гэта частка натуральнага працэсу, працэсу эвалюцыi i барацьбы за iснаванне, што кожны звер мусiў забiваць, каб выжыць, хоць у далейшым ён i сам можа стаць ахвярай больш дужага драпежнiка. Для Роя гэта быў натуральны працэс, тое, што варта прызнаць як iснасць, няхай сабе гэта жорстка цi мiласэрна, трагiчна цi смешна. Ён прымаў гэта як аб'ектыўны факт i даўно перастаў шукаць у гэтым працэсе дабро цi зло, бо сам ён не ўдзельнiчаў у гэтым. Рой ведаў, што чалавек стаiць збоку i над усiмi iншымi. Ён уключаецца ў працэс толькi як валадар, бо прырода i ўсё ў ёй варожае да чалавека. Прырода знiшчыла б людзей, калi б яны агульнымi намаганнямi не дабiлiся перамогi над ёй i не сталi кiраваць ёю. Рой заўсёды ўключаў сябе ў гэтую агульную барацьбу з прыродай; часткай яе былi i пабудова гэтай надзейнай хацiны, i скарыстанне чалавечага спрыту падчас адлову звяркоў: пушнiна на продаж, мяса на ежу – усё дзеля таго, каб выжыць у гэтай барацьбе з прыродай. Як iстота грамадская, якая здольная да спачування i самаабмежавання, Рой, вядома, меў свае сiмпатыi i антыпатыi i ў тым, што рабiў сам, i ў тым, што рабiлi звяры, але, сiмпатызуючы аднаму зверу, ён прымаў iх усiх i без патрэбы нiколi не ўмешваўся ў iхняе жыццё. Ён любiў назiраць за жыццём, не парушаючы яго рытму. Яму падабалiся мышы, але ён з задавальненнем назiраў, як ласка выконвае сваё прызначэнне, калi палюе на мышэй. Гэта была не жорсткасць, гэта быў закон жыцця. Часам Рой усё ж умешваўся, часам ён уключаў сябе альбо сваё ружжо ў гэты працэс, проста, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца, але нават i тады гэта было толькi развiццё працэсу, яго праверка. У астатнiм Рой захоўваў найстражэйшы нейтралiтэт. Часам жорсткасць таго, што адбывалася ў лесе, абурала яго, але ён нiколi не караў аднаго звера за жорсткасць у адносiнах да другога. Гэта было б таксама праявай жорсткасцi, яго жорсткасцi, а ён не хацеў быць жорсткiм. Ён забiваў мядзведзя, калi той нападаў на яго, аленя – калi патрэбен быў харч, бабра – за тое, што яго скурка патрэбна яму; але забойства дзеля забойства было яму агiдна. I не менш агiдным было б для яго забойства на правах нейкай боскай асобы, якая абвясцiла адных жывёл добрымi, другiх – дрэннымi, адных невiнаватымi, другiх вiнаватымi. Для Роя гэта было б адзнакай сама неверагоднай абстрактнай жорсткасцi, i менавiта ў гэтым быў сэнс яго маўклiвай спрэчкi са Скоцi Малькольмам.

Скоцi Малькольм быў iдэалiст, ён верыў, што iснуе агульнаабавязковы для ўсiх прынцып дабра i зла, што дабро i зло iснуюць на свеце, проста iснуюць, iснуюць як вышэйшы закон. Для Скоцi ўвесь жывёльны свет быў страшным асяроддзем, жорсткiм i злачынным кругаваротам: забi, каб не быць забiтым; працэсам, якi па самой сваёй сутнасцi заганны, заганны ў цэлым i ва ўсiх сваiх частках. Кожны раз, калi гэтага патрабавала яго пачуццё дабра i зла, Скоцi ўмешваўся ў гэты працэс. Ён забiваў саву, калi бачыў, што яна нападае на зайца; ён вызваляў муху з павуцiны i забiваў павука; ён забiў ласку, бо яна палявала за дробнымi мышамi. Ён не задумваючыся караў вiнаватых, бо дакладна ведаў, што добра i што дрэнна. Ён гэта ведаў, пакуль не сутыкнуўся з супярэчнасцямi, якiя ўзрушвалi яго. Сёння ён мусiў забiць ласку, бо яна напала на мышэй, але ж заўтра ён, магчыма, будзе вымушаны забiць лiсу, якая пагонiцца за ласкай.

Рой не пераставаў выкрываць гэтае слабае месца ў яго тэорыях, але Скоцi заўсёды пачынаў талкаваць пра жорсткасць, апраўданую i неапраўданую. Ён сцвярджаў, што некаторыя жывёлы горшыя за iншых i таму iх трэба вучыць. Гэта прыводзiла Скоцi да прызнання, што некаторых жывёл ён ненавiдзiць i пагарджае, а iншых паважае як узор прыстойнасцi i добрых паводзiн. Ён усiх лясных звяроў надзяляў чалавечымi якасцямi: жорсткасцю, вернасцю, ахайнасцю, стараннем альбо знарочыстай подласцю. Жывёл, якiя яму падабалiся, ён забiваў неахвотна. Тых, якiх ненавiдзеў, забiваў з задавальненнем. Ён ненавiдзеў норку, таму што норка, гэтаксама як i ласка, была сама пражорлiвым з маленькiх драпежнiкаў лесу. Скунс яму падабаўся сваёй храбрасцю, мядзведзь тым, што ён прасцяк, янот тым, што ён чысцюля, бабёр – як выключны разумнiк; але лiсой ён грэбаваў за яе хiтрыкi, ваўка не любiў за бязлiтаснасць, вавёрку за надакучлiвасць, кунiцу за тое, што яна абкрадвала яго пасткi. У яго была тэорыя, што сама пакорлiвыя насельнiкi лесу – сама жывучыя i таму яны перажывуць драпежнiкаў i заселяць зямлю. Ён сцвярджаў, што дзiкабраз, якi толькi тым i ўмее ўратавацца, што згортвацца ў калючы клубок, – цар лесу таму, што выйграваў барацьбу з працiўнiкам. З iм не маглi справiцца нават пражэрлiвасць i жорсткасць сама мацёрага забойцы лесу – расамахi. Расамаха магла забiць i з'есцi дзiкабраза, нягледзячы на яго iголкi, але адразу пасля гэтага яна i сама здыхала, вельмi пакутлiва, бо iголкi з'едзенага дзiкабраза раздзiралi ёй горла, лёгкiя i страўнiк. Для Скоцi ў гэтым была паэзiя справядлiвай адплаты i зарука таго, што пакорлiвыя ўзвысяцца i што пасiўная абарона адзiна правiльная абарона. Ён дастасаваў гэта i да скунса, спрачаўся з Роем, што скунс iдэал жывёльнага свету. Скунс бясшкодны, адважны, усе ў лесе пазбягаюць яго проста таму, што баяцца, каб ён не аблiў iх смярдзючым струменем з хваставой залозы; скунс своеасаблiвы i незалежны, жыве адзiн i не кантактуе нават са сваiмi родзiчамi, ён ахайны, надзейны, дужы. Скунсу прызначана было стаць iдэальным узорам дабра, як ваўку альбо норцы – узорам зла. Усё прадвызначана – каму наканавана нарадзiцца забойцам, а каму – яго ахвярай; i барацьба памiж iмi – гэта барацьба зла з дабром. Вера Скоцi ў дзiкабраза i скунса прыводзiла яго да высновы, што пакорлiвыя перамогуць, хоць i з яго дапамогай.

Вось у чым была рознiца памiж iмi, вось сэнс iхняй маўклiвай спрэчкi.

Гэта была маўклiвая спрэчка, бо нiхто з iх не ўмеў выказаць сваiх аргументаў словамi. Яны нiколi не маглi дайсцi да сутнасцi справы. Яны разумелi, пра што спрачаюцца, але спрачацца маглi толькi фактамi, прыкладамi. Яны i зараз спрачалiся ўсё пра тое ж, хоць i былi моцна п'яныя.

Рой адказваў, што Скоцi паступiў жорстка, калi забiваў ласку.

Скоцi адмаўляў гэта, кажучы, што забойцаў трэба знiшчаць.

Рой пытаўся, чаму Скоцi не заб'е свайго ўлюбёнца скунса? Скунс знiшчае мышэй, знiшчае ўдвая больш, чым цэлы вывадак ласак, i з'ядае iх, нават калi наеты.

Скоцi пярэчыў, што скунс – iншая справа, ён знiшчае дзеля харчавання, а не таму, што любiць забiваць. Акрамя таго, у скунса шмат iншых прыстойнасцяў, i ён зноў пералiчыў iх, хоць Рой адразу ж заявiў, што гэтыя прыстойнасцi ёсць i ў ласкi, i ў лiсы, i ў норкi. Рой сцвярджаў, што такiя ж прыстойнасцi маюць i iншыя драпежнiкi. Норка, напрыклад, клапатлiвая мацi, яна сама заморыць сябе голадам, каб толькi накармiць дзяцей. Расамаха адводзiць людзей i сабак ад сваiх дзяцей, рызыкуючы ўласным жыццём, а любiмец Скоцi, паважаны дзiкабраз баязлiвы i плаксiвы, падчас нават невялiкай небяспекi забiваецца ў нару з дзецьмi, бурчыць, плача i плюецца, а часам нават пакiдае дзяцей. А наконт таго, што дзiкабраз наследуе зямлю, Рой даказваў, што мядзведзь (якiм Скоцi захапляецца) можа без асаблiвай для сябе шкоды забiць i з'есцi дзiкабраза, як, зрэшты, i кунiца-рыбачка. Але гэты довад толькi ўзмацнiў захапленне Скоцi мядзведзем, бо, маўляў, ён i есцi ўмее разумна, культурна, не абжыраецца да смерцi.

Спрэчка працягвалася доўга i закончылася, як канчаецца заўсёды; закончылася ў той самы момант, калi яны зачапiлi сутнасць пытання. Калi Рой спытаў, як можна вырашыць, як звер мае рацыю, а якi не, Скоцi запярэчыў, што тут i рашаць няма чаго. Адны спрадвечна маюць рацыю, iншыя вiнаватыя таксама спрадвечна, i ўсе жывёлiны падпарадкоўваюцца пэўнаму закону. Тут Рой спытаў калi ёсць набор чыстых i нячыстых, то як чалавек можа прывучыць ваўка мiрна суiснаваць з зайцам, ласку з мышшу, льва з авечкай, сабаку з катом.

I вось тут абодва пачыналi блытацца, i iхняя спрэчка пераходзiла ў маўклiвую нязгоду, нязгоду па галоўных поглядах на жыццё – невырашальных, бо яны не ўмелi яе вырашыць.

– Ладна, – сказаў Самсон, злазячы з ложка. – Пайду пакупаюся ў возеры. Пайшлi, Сахаты! Няхай яны перагрызуць адзiн аднаму горла, вышукваючы кожны сваю праўду. А я пайду пакупаюся ў возеры.

Мэрэй устаў таксама. Ён мог назiраць за ўсiм, што б чалавек нi рабiў.

Рой стаў iх стрымлiваць.

– Толькi цябе ў гэтым возеры i не хапала, – казаў ён Самсону. – Яно толькi i чакала, што ты п'яны ў яго боўтнешся.

– Я яго злаўлю, калi ён увалiцца, – сказаў Мэрэй.

– Ведаю я цябе, будзеш стаяць i любавацца, як ён тоне, – сказаў яму Рой.

Аб'яднанымi намаганнямi Скоцi i Рою ўдалося ўтрымаць Самсона i Мэрэя ў хацiне. Скоцi спакусiў iх рэшткамi гарэлкi, а Рой дашкандыбаў да дзвярэй i замкнуў iх. Калi яны як-кольвек размясцiлiся на ложках на начлег, Рой зрабiў апошняе наступленне на сiлы прыроды. Ён цалкам загрузiў печ бярозавымi цуркамi, i тады, калi ён стомлена ўпаў на ложак побач са Скоцi, чырвонае полымя зацьмiла слабое святло лямпы, i Рой, яшчэ да таго, як заснуць, адчуў чароўную нязручнасць нясцерпнай гарачынi iм жа напаленай печы. Хоць у гэтай бiтве ён заўсёды мог застацца пераможцам! I з пачуццём атрыманай перамогi ён хутка заснуў.

Раздзел шосты

Ранкам Рой сабраўся i пайшоў, не чакаючы, пакуль прачнуцца iншыя.

Яму хацелася схавацца ад вынiкаў учарашняй п'янкi, незалежна ад таго, якiя яны мусiлi быць. Ён цьмяна помнiў, што абяцаў Мэрэю перабавiць для яго човен праз хрыбет Белых Гор у заказнiк. Яму не хацелася выконваць сваё абяцанне, не хацелася адчуваць тую няёмкасць, якая авалодвае кожным пры сустрэчы з учарашнiмi сабутэльнiкамi.

Калi ён плыў па возеры, вада, здавалася, храбусцела пад дном лодкi. Неба было халоднае, цёмнае, але гэта была напружанаа цемра, гатовая iмгненна саступiць ранiшняму ззянню. Лес зацiх i, неверагодна сцiшаны, здаваўся закiнутым, мёртвым. Але недзе ў цiшынi быў чуцен кволы капеж i больш востры гук вады, якая бегла па схiле. А пасля, калi ён вывеў човен на сярэдзiну возера, калi на навакольных хрыбтах успыхнулi першыя водблiскi свiтання, разам з ранiцай нарадзiлiся i першыя гукi ляснога жыцця. Снегавая сава – апошнi голас ночы – загукала, пралятаючы над яго галавой. Пасля аднекуль здалёку данеслася цяўканне лiса. Затым птушкi: чорнагаловая сiнiчка зачырыкала чык-а-дзi-дзi-дзi-дзi; засвiсталi, заверашчалi, зацмокалi вавёркi; засакаталi сойкi; пачулася "бзт", "бзт" курапатак. Гэта былi слабыя гукi, якiя ледзь даносiлiся да сярэдзiны возера, але ён чуў iх i ўсе адрознiваў. А да таго часу, як святло разлiлося на ўсё неба, сам лес пачаў падмiргваць, патрэскваць i пакрэктваць незразумелымi гукамi свайго маруднага абуджэння.

Рой ведаў: нiшто на свеце не магло параўнацца з тым задавальненнем, якое ён адчуваў зараз, у першы дзень сваёй чарговай бiтвы з вераломнымi хiтрыкамi прыроды, зараз, калi ён плыў у цяжка нагружаным чоўне па галоўнай артэрыi свайго лесу, ужо адчуваючы прыемны здаровы голад. Ён ведаў, што на гэты раз чакаецца бiтва i за самога сябе: быць яму траперам цi валацугай, п'янiцай цi фермерам, чалавекам цi зверам. Але ў яго быў план; нейкiя абрысы плана, з дапамогай якога ён павiнен усё i назаўсёды ўладзiць, i ён збiраўся гэты план апрабаваць.

Ланцуг пастак Роя знаходзiўся па вялiзным крузе працягласцю пяцьдзесят мiль. Паўднёвай асновай яго i пачаткам маршруту было возера Т. Звычайна ён пачынаў абход пастак, праплываючы да самага канца возера Т i правяраючы ўзбярэжныя норы. Затым пакiдаў човен на тым беразе i iшоў на поўдзень, праз хрыбты да Чатырох Азёр: гэта была яго галоўная паляўнiчая гаспадарка, багатая на бабра i андатру. На Чатырох Азёрах у яго была невялiкая хацiна, з якой ён, перш чым iсцi на захад да Лiтл-Рывер, як правiла, за тры-чатыры днi абыходзiў усе пасткi на рэках, якiя ўпадалi ў возера. Часам да адыходу на захад ён паляваў на лася на балотах памiж Чатырох Азёр, але часцей здавальняўся аленем, якога забiваў на хрыбтах па дарозе на Лiтл-Рывер. Гэта быў хуткi вузкi ручай, на якiм вадзiлiся норкi, i тут праходзiла заходняя мяжа ўчастка Роя. На другiм беразе пачыналася гаспадарка Скоцi i Самсона, тут яны часам сустракалiся. Па гэтым ручаi Рой спускаўся на поўдзень да свайго апошняга возера, якое ён назваў Пiт-Пiт, згодна са своеасаблiвым гукам, з якiм рэчка ўлiвалася ў азёрную ваду. Адсюль, каб дабрацца да хацiны, яму заставалася пераадолець яшчэ адзiн хрыбет, тым самым замкнуўшы круг цi квадрат маршруту на ўсход, поўнач, захад, поўдзень i зноў на ўсход. Як правiла, абыход усяго ланцуга пастак займаў пяць-шэсць дзён. На гэты раз ён вырашыў зрабiць iнакш. Для пачатку ён праплыў як звычайна да ўсходняга канца возера Т, правяраючы пасткi на норак, некаторыя здымаючы, iншыя нанава зараджаючы, – як i тыя, што напярэдаднi паставiў са Скоцi. У самым канцы возера Т ён зацягнуў човен пад вялiзную ўпалую сасну, прыкрыў яго галiнкамi, а затым расклаў цяпельца, каб згатаваць сняданак. Наеўшыся хлеба са свiнiнай i запiўшы салодкiм чаем, ён закiнуў за спiну важкi мех i пайшоў не на поўнач, а на ўсход i iшоў на ўсход амаль паўдня, пакуль не дасягнуў плыткай, з парогамi, рачулкi. На тым беразе яе была хацiна, i калi Рой уброд перабраўся да яе, яго сустрэла браханне сабак, кудахтанне перапалоханых курэй i, нарэшце, высокi худы iндзеец.

– Хэло, Рой, – сказаў iндзеец.

– Хэло, Боб, – сказаў Рой.

Iндзеец Боб: яго назвалi так таму, што сапраўднае iмя было занадта складанае. Рой ведаў яго i ахвотна называў бы Боба па iменi, радуючыся таму, як яно гучыць – Хома-Хоманi: першая хмурынка на небе, – але гэтае iмя Боба было не для белага, няхай сабе i для Роя.

Бо нават маленькая бронзаватварая iндыянка – яго жонка – зараз называла яго Боб. Адзенне Боба таксама было адзеннем белага: шапка з зайца, скураная куртка, сiнiя палатняныя штаны, але iндзейскiя макасiны з аленя. Усё гэта сядзела на высокiм худым, спакутаваным целе сухотнага чарнавокага, бледнага чалавека, якi нагадваў Рою засохлы клён, з якога выцадзiлi занадта шмат соку.

– Добра, што ты тут, – сказаў Рой.

– Я толькi што збiраўся ў Сент-Элен па муку i правiянт, – сказаў Боб.

– Хiба не позна? – спытаў Рой.

– Сёлета ўсё спазнiлася, Рой.

– Спазнiлася? – паўтарыў Рой, думаючы пра звера. – Цi проста сышло?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю