Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"
Автор книги: Джеймс Олдридж
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 13 страниц)
Джэк i Рой гучна смяялiся, гледзячы, як ён уцякае.
– Ты калi-небудзь бачыў, як яны нападаюць на вулей? – спытаўся Рой. – Ну рыхтык скунсы. Лезе проста на рой i разганяе пчол так, што тыя накiдваюцца на яго i заблытваюцца ў поўсцi, а мiшка сядзiць, збiрае iх i есць.
Зноў засмяялiся, i Джэк разумеў, што Рою зараз лягчэй. Дай толькi час, i лес ўсё вылечыць. Яны iшлi разам аж да возера Т.
Дя возера яны зноў разышлiся, i хутка Рой прысеў адпачыць на скалiстым схiле, адкуль снег знесла ветрам. Тут было ветрана, але яму падабалася сядзець менавiта на гэтым хрыбце, бо адсюль на поўнач было далёка вiдно за межы яго ўчастка, а на поўдзень за возерам Т мора лясных верхавiн цягнулася аж да самага Сент-Элена. Ён пазiраў унiз, на чорную ваду возера ў снежным атачэннi, i раптам пачуў самалёт.
Ён назiраў, як самалёт паволi ляцiць над нiзкiмi шэрымi воблакамi, дробная iстота с лапамi качкi i крыламi малiнаўкi. Машына зрабiла круг над возерам, затым узяла курс на захад i пачала планiраваць.
Рой устаў.
– Не iнакш як адзiн з гэтых маленькiх гiдрапланаў, – сказаў ён трывожна.
Трывога яго нарастала, калi ён зразумеў, што самалёт вялiкiмi бясшумнымi кругамi iдзе на знiжэнне да возера Пiт-Пiт.
– Джэк, – паклiкаў Рой. – Дзе ты, Джэк?
Адказу не было.
– Джэк! – зноў паклiкаў ён.
Нарэшце з'явiўся, засопшыся, Джэк.
– Вось халера, а я толькi высачыў лася, – сказаў ён. – Мне здаецца, я загнаў яго ў той канец лесу. I што патрэбна ласю на гэткай вышынi? – Джэк гаварыў шэптам, узбуджаны сваiм адкрыццём значна больш, чым Рой. – А што ў цябе?
– Ты зiрнi на гэты аэраплан, – сказаў Рой.
Самалёт толькi што з'явiўся зноў.
– Ён сядзе на возера Пiт-Пiт, – сказаў Рой. – Калi Зел i Сахаты зараз у хацiне, яны не ўбачаць i не пачуюць яго. Здаецца, што iнспектар падкрадваецца да мяне з-за вугла. Раздабыў адну з машын лясной аховы. Глядзi туды, на возера Пiт-Пiт, бачыш, ён ужо планiруе.
– Усё адно, ты занадта далёка, каб дабрацца да хацiны раней за iх, сказаў Джэк. – Ты не паспееш папярэдзiць.
Рой стаяў, пазiраючы ўнiз на возера Т. Вецер прыбiваў да берага астраўкi рыхлага снегу, i, хоць пад iмi дзе-нiдзе блiскаў лёд, возера яшчэ не зусiм замерзла.
– На ўсходнiм канцы ў мяне застаўся вялiкi човен, – сказаў Рой. – Я схаваў яго там, калi пераправiўся да Iндзейца Боба. Калi я зараз хутка спушчуся ўнiз, дык магу што-небудзь выцiснуць з гэтага чоўна i прыплысцi да хацiны раней, чым яны заявяцца там.
– Ну, табе давядзецца папрацаваць на возеры Т, каб абагнаць iх. Так, папрацаваць давядзецца добра! – сказаў Джэк. – Але ты iдзi. I хутчэй. Сахаты i Зол, вiдаць, яшчэ там i нiчога не ведаюць. Калi iнспектар накрые iх, усiм вам хана. Хутчэй, Рой!
Але Рой ужо iмчаўся па схiле да далёкай унiзе вады. Сваю ношу ён скiнуў побач з Джэкам i зараз узрываў рыхлы снег, коўзаючыся па iм на крутым доўгiм схiле. Джэк не мог зразумець, як Рою ўдаецца трымацца на нагах, бо ён спускаўся вельмi хутка. Але Рой здолеў захаваць над самай зямлёй цэнтр цяжару свайго каржакаватага важкага цела i без прыгод скацiўся ўнiз да вады.
Каля таго месца, дзе ён схаваў човен, вада ўжо добра замерзла, i Рою давялося цягнуць човен па здрадным лёдзе да чыстай вады. Калi лёд пачаў трэскацца пад нагой, ён ускочыў у човен, вывеў яго з дробных iльдзiн i пачаў веславаць. Да гэтага часу ён ужо спацеў i знясiлеў, але рукi яго самi па сабе апускалi жоўтае вясло ў халодную ваду. Там, дзе яна была вольнай ад лёду, ён хутка слiзгаў уперад, але там, дзе шаўкавiсты лядок ужо ўкрыў паверхню, яму даводзiлася нацiскаць i тады чулiся крохкiя гукi ледзяных крышталiкаў, якiя крышылiся пад носам чоўна падчас кожнага ўдару вясла. Ён зразумеў, што рухаецца надта марудна. Знайшоўшы чарговую водмель, ён павярнуў да берага, хутка выскачыў з чоўна i зламаў сухую ялiнку, мёртвую i рудую, але яшчэ з iголкамi. У яго не было сякеры, каб ссекчы жывое дрэва, i таму ён замацаваў сухую елку памiж распоркамi, прывязаў яе раменнымi ўключынамi, а затым зноў стаў на калена i веславаў далей. Вецер ударыў у густую паверхню елкi, якая складала каля дванаццацi футаў, i човен адразу паплыў хутчэй. Пры спадарожным парывiстым ветры ён нёсся зараз з такой хуткасцю, што пад цяжарам елкi ледзь не чэрпаў носам бурлiвую ваду. Нават на падмерзлых участках ён рассоваў тонкiя льдзiны i не збаўляў хуткасць.
Рою ўдалося абысцi найбольш замерзлыя ўчасткi, але часам, калi лёд са скрыгатаннем сяiзгаў па афарбаваным брызенце бартоў, яму здавалася, што човен прабiты. Чым блiжэй падплываў ён да хацiны, тым больш дапамагаў яму вецер, i, iмкнучыся злавiць яго парывы цi прасоўваючы човен праз ледзяную плёнку, Рой ужо пачынаў спадзявацца, што паспее.
Ён з такой хуткасцю нёсся да скалiстага прычала, што яму давялося кiнуць вясло i паспрабаваць утрымаць човен, адвязаўшы елку, затым надзвычайнымi высiлкамi ён падняў яе тырчком i, захоўваючы раўнавагу падчас рэзкiх парываў ветру, вывеў ствол за борт i кiнуў убок, як дроцiк. Гэта яму ўдалося, але човен ледзь не перакулiўся i зачэрпнуў столькi вады, што адно вясло сплыло. Рой ледзь паспеў схапiць другое i хоць крыху затармазiў човен, тым самым аслабiў удар аб скалу.
Але ён спазнiўся. Побач з Зелам Сен-Клэрам там ужо стаялi два мужчыны.
Раздзел восьмы
– Гэта Рой Мак-Нэйр, – сказаў Зел незнаёмым мужчынам.
Рой ужо заўважыў, што сярод iх не было iнспектара.
– Добры дзень, – сказалi яны Рою.
Рой нiчога не адказаў. Ён яшчэ не мог аддыхацца пасля такога напружання. Ён ведаў, што гэта прадстаўнiкi нейкай улады, ён беспамылкова вызначыў гэта па iхняй гаворцы i манерах, як бы па-сяброўску i нязмушана яны сябе нi паводзiлi. Адзiн быў таўстун, з пранiклiвымi вачыма i ўпэўненай лiнiяй рота. Другi малады бландзiн сярэдняга росту. Апрануты як паляўнiчыя, у чырвоныя курткi i кепкi, абодва ў высокiх паляўнiчых ботах i скураных пальчатках. Тыповыя асобы пры пасадзе, толькi невядома якой. Рой падумаў, цi не леснiкi гэта? Ва ўсякiм разе не пушнiнныя iнспектары.
– Мяне завуць Бэрк, – сказаў камлюкаваты.
Ён гаварыў рашуча, амаль рэзка, не спускаючы жывых вачэй з заклапочанага твару Роя.
– А гэта Ласон, – сказаў ён пра маладога бландзiна. – Мы работнiкi па ахове рэсурсаў пушнiны i рыбы.
Рой нiколi пра такiх не чуў.
– Вы iнспектары? – смела спытаўся ён.
– Бiёлагi, – адказаў Бэрк.
Ён заўважыў спалох Роя i ледзь прыкметна ўсмiхнуўся, але вочы яго смяялiся з удалага жарта.
– Iнспектары? – паўтарыў ён. – Не, з iнспектарамi мы не маем нiчога агульнага.
Ласон таксама зразумеў сiтуацыю i рассмяяўся, адкiнуўшы галаву назад.
– Мы вас устурбавалi, – сказаў Ласон, праводзячы рукой па доўгiх светлых валасах. Ён усё яшчэ смяяўся проста ў твар Рою. – Мы аддзел Упраўлення па запаведнiках. Не маем нiчога агульнага нi з iнспекцыяй, нi з кантролем толькi ахова.
Рой трымаўся насцярожана.
– Цi можна нам у вас пераначаваць? – спытаў Бэрк. – У нас ёсць спальныя мяшкi, i спаць мы будзем на падлозе.
– Калi ласка, – сказаў Рой, нiчога больш iм не прапануючы i ўсё яшчэ з сумневам. – А чаго вы з'явiлiся на возеры Пiт-Пiт?
– Возера Пiт-Пiт? – паўтарыў Бэрк, нiбыта ўслухоўваўся ў гэтую назву.
– Гэта адзiная тут прыдатная пасадка на ваду, – сказаў Ласон. – У возера ўпадае некалькi рэк, i яны адсунулi плывучы лёд. Але ля берага яго ўсё адно шмат, так што я сеў крыху далей. Вы задаволены?
Ён пытаўся ў Роя, як госць у гаспадара, i тут не чуваць было нiякага ашуканства. Рой сказаў, што ўсё нармальна, толькi ён здзiўлены, чаму яны не селi блiжэй да хацiны. Аднак пазней Рой зноў засумняваўся.
– А адкуль вы пра мяне даведалiся? – спытаў ён як мага больш абыякава.
– Мы ведалi толькi, што недзе недалёка павiнна быць паляўнiчая хацiна, сказаў Бэрк i ледзьве ўсадзiў сваё масiўнае цела ля печы. – Мы абляцелi ўвесь Муск-о-гi, i нам трэба было дзе-небудзь апусцiцца на начлег.
– А ваша хацiна нанесена на карту, – дадаў Ласон.
Яны вiдочна хацелi развеяць сумненнi Роя, i Рой бачыў, што яны робяць гэта старанна i цярплiва, але яму i гэтага было мала.
– А з вамi ёсць яшчэ хто-небудзь? – спытаўся ён i падклаў дроў у печ.
– Не. Нас толькi двое, – сказаў яму бландзiн Ласон. – Наша машына падымае толькi дваiх. I то яна з цяжкасцю садзiцца на ваду.
Рой верыў iм, але ведаў, што iхняе з'яўленне тут можа абярнуцца рознымi нечаканасцямi. I чаго iх сюды занесла? Што спатрэбiлася гэтым бiёлагам у такой глушы? Рою не зусiм было зразумела, чым наогул займаюцца бiёлагi, але ён ведаў, што гэтая праца надта спецыфiчная, вельмi складаная. Яны, вядома, адукаваныя людзi, але не навiчкi ў лесе. Трэба з iмi асцярожна. Не iнакш гэта звязана з Сахатым i з заказнiкам.
– Ну што ж, вы патрапiлi адразу на вячэру, – сказаў ён.
Гэта былi першыя дружалюбныя словы. Ён заўважыў, што яны пераглянулiся нiбыта з палёгкай. Нягледзячы на падазрэннi, яны падабалiся Рою, як часта падабалiся людзi з першага позiрку. Яны вельмi розныя, але яскрава бачна, што яны добра разумеюць адзiн аднаго i што iх яднае сапраўдная дружба. А Рою падабалася, калi адзiн чалавек разумее другога, калi адзiн аднаго разумеюць усе людзi, звязаныя агульнай справай.
– Вы, вiдаць, ляцелi па возеры з усёй моцы, – сказаў Бэрк Рою.
Рой усё яшчэ цяжка дыхаў, шапкай выцiраючы пот з твару, куртку ён скiнуў, каб крыху астыць у цёплай хаце.
– Вiдаць, цяжка веславаць у чоўне, – дадаў Бэрк.
– Я стараўся iсцi ўпоравень з ветрам, – сказаў Рой.
Бэрк уважлiва паглядзеў наРоя, i той зразумеў, што гэтыя словы спадабалiся камлюкаватаму бiёлагу. Рою здавалася, што гэты чалавек хутка схоплiвае i разумее думкi i пачуццi iншых, i скаванасць Роя паступова знiкала.
– Вы, спецыялiсты, вiдаць, прагаладалiся? – спытаўся ён.
– Праўда, мы не супраць згатаваць для ўсiх смажанiну, – адказаў Бэрк. Калi ў вас знойдзецца рондаль добрай ёмiстасцi, я адразу ж i пачну. Вы не супраць?
Зноў Рой ацанiў гэтую шчырую прапанову. Ён не пярэчыць, калi яны зоймуцца вячэрай. З iхняга боку гэта было ветлiва. Яны, вiдаць, ведалi, як трэба паводзiць сябе ў чужой хацiне i як паводзiў бы сябе ў падобных абставiнах прышлы паляўнiчы. Насцярожанасць Роя стала яшчэ меншай, i ён выйшаў пашукаць Зела Сен-Клэра, якi знiк, як толькi з'явiўся Рой. Зела знайшоў каля скалiстага прычала, ён лавiў вясло Роя, якое плавала ў вадзе.
– Пайшлi да iх, Зел, – сказаў Рой. – Яны неблагiя хлопцы.
– Пайшлi, – сказаў Зел. – Зiрнi.
Рой паглядзеў туды, куды паказваў Зел. А ён паказваў на два калы, якiя тырчалi з вады маленькай бухты, што пачыналася ля скалiстага прычала. Гэта былi небяспечныя калы рыбалоўнай сеткi, той сеткi, якая забяспечвала Роя шчупачаняткамi i шчупакамi для прынады, для ежы. Падчас доўгай адлучкi на Чатыры Азёры i на Зялёныя Азёры ён забыўся затапiць яе на зiму. I зараз прысутнасць яе была вiдавочнай для кожнага чалавека, якi хоць крыху разбiраўся ў лоўлi рыбы.
– "Лоўля сеткай альбо iншым чынам, акрамя вуды цi спiнiнга, строга забаронена", – сказаў Рой. Вось што гаворыць закон, i хоць гэта было не надта страшнае парушэнне, якое iншым часам сышло б з рук, зараз выяўленая сетка магла мець сур'ёзны вынiк.
– Пайшлi, Зел, затопiм яе, – сказаў Рой.
Яны ўжо спускалi човен на ваду, калi з хацiны выйшаў Ласон з цэлым абярэмкам нейкiх прыбораў.
– Цi не дазволiце пакарыстацца вашым чоўнам? – спытаў ён у Роя.
Рой не адказаў.
– Толькi дзеля некалькiх глыбiнных пробаў, – патлумачыў Ласон i падняў на выцягнутай руцэ нейкi палатняны конус з медным цылiндрычным наканечнiкам. Толькi вось тут, побач, – дадаў ён у адказ на недаверлiвы позiрк Роя.
Рой даў яму човен i стаў сачыць, як лоўка ён вяслуе ўздоўж берага. Ласон спачатку агледзеў азерныя водмелi, затым выбраў месца i падвеславаў да берага. Рознымi шуфлiкамi, чарпакамi i прыборамi ён узяў у бутэлечкi пробы вады, глею, наносаў, а пасля пераправiўся на другi бераг возера. Ужо сцямнела, i назiраць за iм азначала толькi прыцягваць увагу. Рой махнуў на яго рукой i павёў Зела назад у хацiну, каб ён дапамог другому бiёлагу гатаваць смажанiну. А Бэрк зняў куртку i боты, абуў зручныя макасiны i стаяў над сама вялiкiм рондалям Роя, дзе былi ўжо тлушч i масла. Ён прынёс сюды свой правiянт, i на падлозе ля дзвярэй былi складзены бабёр, андатра, заяц i курапатка.
– Гэта з тых узораў, якiх мы сёння знайшлi, – сказаў ён. – Я пакiнуў толькi тое, што спатрэбiцца, а iншыя пойдуць у кацёл. Для сапраўднай паляўнiчай смажанiны не хапае толькi вавёркi.
– Вы што, i гэтага бабра пусцiце ў кацёл? – спытаў Рой.
– Вядома. А вы супраць?
– Не, давайце! – сказаў Рой, яшчэ не зусiм давяраючы таму, што гэты спецыялiст можа згатаваць смажанiну з бабра, андатры i вавёркi.
– Дык вам сапраўды патрэбна вавёрка? – недаверлiва спытаў Рой, маючы жаданне паглядзець, як гэты прафесар будзе гатаваць смажанiну з вавёркi.
– А вы можаце здабыць вавёрку?
– А ў вас ёсць дваццацiдвухкалiберная? – спытаў Рой.
– Ёсць у Ласона. Зараз яна ў вас пад ложкам.
Рой дастаў ружжо i выйшаў з хацiны, адчуваючы, што ўсё гэта радуе Бэрка. Рой яшчэ раз сказаў сабе, што гэтыя людзi паступова заваёўваюць яго давер, заваёўваюць, калi абыходзяцца з iм як з роўным, паводзяць сябе як i сябры-лесавiкi, амаль што як браты-паляўнiчыя.
Ён ведаў, што для гэтага ёсць свае прычыны, i хоць мiжволi паддаваўся iхнiм дружалюбным паводзiнам, усё адно з недаверам пытаўся ў сябе – навошта iм спатрэбiўся яго давер. Усё ж яны прадстаўнiкi ўлады, якiя б у iх нi былi прафесii. Праз некалькi хвiлiн Рой падстрэлiў чырвоную вавёрку, калi яна на хваёвым суку вiшчала на яго, свайго сябра i ворага. Калi ён вяртаўся ў хацiну, сустрэў Ласона, якi iшоў ад возера. Човен быў перакулены на прычальнай скале. Усё так, усё зроблена, як трэба.
У хацiне Ласон паказаў здаравенную рыбiну.
– Бачыце, што я тут знайшоў, Кевiн? – сказаў ён Бэрку.
– Ого, дык гэта ж чорны акунь, Уiл! – усклiкнуў Бэрк. – Дзе вы яго знайшлi?
– Ды тут, у сетцы Роя, – сказаў той. – Я не спадзяваўся, што мы знойдзем чорнага акуня ў азёрах Муск-о-гi.
Рой чакаў асуджэння за сетку, але Бэрк толькi зiрнуў на Роя так, нiбыта гэта яго яшчэ больш пацешыла.
– А цi падстрэлiлi вавёрку? – спытаў Бэрк.
Рой падняў вавёрку, трымаючы яе за хвост.
– Калi я зраблю замеры гэтага тыпа, – сказаў Ласон наконт акуня, – вы можаце дадаць яго да ўсяго астатняга. – Ён стаў на каленi i выцягнуў акуня на разасланай газеце, змерыў яго i ўважлiва агледзеў. – Дарэчы, – сказаў ён быццам мiж iншым, не падымаючы вачэй ад акуня, але гэта адносiлася да Роя: – я затапiў вашу сетку на той выпадак, калi хто-небудзь сюды зазiрне i пацiкавiцца ёю. Я не памылiўся?
Рой памарудзiў з адказам, затым усмiхнуўся. Здавалася, што зараз ён зарагоча. Зел Сен-Клэр глядзеў на роя гарачымi вачамi кельта, ён асуджаў гэтую нямую сцэну, у якой вытрымка задушыла ў гэтых англасаксаў i гумар i запал. Як паляўнiчы, хоць зараз i пазбаўлены права паляваць, Зел дастаткова выразна разумеў сiтуацыю, каб не ўмешвацца ў гульню Роя, але гэта каштавала яму шмат намаганняў. Пра сетку Рой больш нiчога не сказаў: нi прабачэння, нi жарту. Вiдаць, ён зразумеў нарэшце, што гэта за людзi, i хутка пачуўся яго гучны смех, а затым зарагатаў i бландзiн Ласон. Нават Бэрк усмiхнуўся, распраўляючыся з бабром, i вочы ягоныя заблiшчалi ад вострага адчування задавальнення.
– А чым вы, уласна, займаецеся? – спытаў Рой.
Ён назiраў, як Бэрк, седзячы на парозе, абдзiраў i абскрэбваў бабра, быццам сапраўдны паляўнiчы. Ласон усё яшчэ не ўставаў з падлогi: седзячы ля печы, ён моцнымi ўдарамi рассякаў акуня, мерыў яго асобныя часткi, пасля выпатрашыў, страўнiк паклаў у слоiк. Гэтыя людзi ведалi сваю справу, i гэта падкупляла Роя.
– Мы проста блукаем па розных мясцiнах i глядзiм, як жывецца дзiчыне i рыбе, – сказаў Бэрк. – Ласон iхтыёлаг. – Бэрк паказаў цераз плячо сточаным паляўнiчым нажом. Адначасна ён зiрнуў на Роя, каб пераканацца, цi спадабалася яму гэтае слова, i Рой зразумеў, што яно якраз яму i прызначана.
– Ён спецыялiст па рыбе, – патлумачыў Бэрк.
– А вы? – спытаў Рой.
– А я заолаг, – сказаў Бэрк.
– Значыць, спецыялiст па дзiчыне?
– Вы маеце рацыю.
– А што вы робiце тут у Муск-о-гi? – спытаў Зел Сен-Клэр.
– Глядзiм, як тут жывецца рыбе i дзiчыне, – паўтарыў Бэрк.
Ласон зiрнуў на Сен-Клэра i зразумеў, што трэба супакоiць i француза.
– Вам, сябры, няма чаго баяцца, – сказаў ён. – Мы на самай справе не маем нiчога агульнага з iнспектарам.
– Вы ангелец? – спытаў Рой у Ласона.
– Нiбыта напаўангелец, – адказаў бладзiн.
Яго гаворка толькi часткова нагадвала ангельскую, i, як мог зразумець Рой, у астатнiм ён размаўляў як канадзец. Ён значна адрознiваўся ад свайго старэйшага спадарожнiка. Ва ўсiм, што Бэрк назiраў збоку, Ласон прымаў актыўны ўдзел. Бэрк усё ведаў, але Рой здагадваўся, што Ласон здольны ўсё адчуваць. I знешнасцю, i ўчынкамi Ласон паказваў, што яму падабаецца жыць, i за гэта Рой прымаў яго, як прымаў яго адкрыты хлапчуковы смех. У нечым гэты смех быў нават празмерны. Бэрк быў не надта схiльны смяяцца, ён хутчэй смяшыў iншых, нечаму ўсмiхаўся цiшком. Гэта быў чалавек, якi выклiкаў захапленне, i Рой бачыў, што малодшы спадарожнiк аддаваў яму належнае.
– Ну вось, з гэтым усё, – сказаў Бэрк i кiнуў кавалкi бабровага фiле ў рондаль. – Зараз возьмемся за пацука.
У справу пайшло ўсё: андатра, заяц, курапатка, акунь i апошняй – маленькая чырвоная вавёрка. Ён выбiраў толькi лепшыя кавалкi, але i так рондаль быў поўны мяса i прыправы з цэлых бульбiн, цыбулiн, морквы i жменькi пахучай травы.
– А смажанiна будзе тлустая, – сказаў Рой.
– Трэба ж нагульваць тлушч на зiму, – сказаў Бэрк, ляскаючы сабе па жываце.
Гэтак сказаць мог бы i сам Рой, i гэта яшчэ павялiчыла яго давер. Але ўсё адно ён не мог даўмецца, чаго яны ад яго хочуць? Дзесьцi ўнутры ўсё яшчэ жыло сумненне, хоць яны яму i падабалiся, i ён шукаў адгадку: чаго яны хочуць.
Ён так i не знайшоў адказу аж да таго часу, калi дзверы хацiны адчынiлiся i з цемры ў яе зайшоў Джэк Бэртан. Ён быў зацярушаны свежым снегам, яго худыя шчокi палалi чырванню i распухлi, ён аж згiнаўся пад цяжарам сваiх рэчаў i рэчаў Роя.
– Фермер Джэк усё ж прабiў сцежку.
– Гэта твой цюк прабiў мне спiну, – сказаў Джэк.
– Узяў таго лася? – спытаў Рой.
– Не. – Джэк зiрнуў на незнаёмцаў, але прамое пытанне Роя адразу ўнесла атмасферу даверу. Уласна, Бэртану не было чаго хавацца, у яго быў дазвол на адстрэл лася i аленяў. – Заўтра я яго абавязкова вазьму, – сказаў Джэк Рою. Лось адбiўся ад чарады на верхняй пашы. Там я заўважыў i аленя.
Госцi слухалi, але маўчалi.
Рой сказаў:
– Гэта спецыялiсты па дзiчыне i рыбе, Джэк.
Ён прамовiў гэта, каб падвесялiць Бэрка. Гэта тлумачыла iхняе з'яўленне для Джэка, але, замест таго, каб увязацца ў далейшую гульню з Бэркам, Рой раптам замаркоцiўся. Джэк адчуў гэтую раптоўную перамену настрою Роя i здзiвiўся. Ён не здагадваўся, што глыбока ў душы Рой па-ранейшаму турбаваўся пра Эндзi i Сэма, пра Сент-Элен i пра Джынi. Зараз гэтая турбота стала прыкметнай. Быццам гэта Джэк прынёс яе з сабой i быццам сам Эндзi з'явiўся разам з Джэкам. Прыход незнаёмых людзей часова адагнаў гэтую турботу, але Джэк спалохаў яго дыханнем Сент-Элена.
Хутка Джэк зразумеў, што на Роя напала маркота. У такiм настроi Рой быў слабы i безразважлiвы. Зел ужо тут, Мэрэй вось-вось з'явiцца, значыць, усё яшчэ iснуе небяспека, што яны ўгавораць Роя iсцi з iмi ў заказнiк. Адзiнай даступнай Джэку контрмерай было жаданне зноў зацягнуць Роя ў лес. Ён пачаў з размовы пра ласёў.
– Ведаеш, Рой, – сказаў Джэк, – я чуў, як гэты лось на хрыбце двойчы паклiкаў, як цяля, нiбыта чакаў, што яму адкажуць.
– Занадта позна для лася, – безуважна адгукнуўся Рой.
– А я табе кажу, што чуў, – настойваў Джэк.
– Ну калi чуў, значыць, клiкаў, – заключыў Рой.
Але тут размову пра лася падхапiў Ласон.
– I на самай справе, сёлета, здаецца, мала ласёў, – сказаў ён Рою. – Як на вашым участку?
– Малавата, – адказаў Рой. – Усяго становiцца мала.
Джэк, уласна, не гэтага хацеў, але наведвальнiкi яўна нечага чакалi ад Роя. Яны падхапiлi гэтую тэму i пачалi распытваць Роя пра дзiчыну, паляванне, але без вялiкага поспеху. Рой еў смажанiну i адказваў неахвотна. Нарэшце Бэрк перавёў размову ад становiшча дзiчыны на яе звычкi. Паволi i паступова ён уцягваў у гаворку i Роя. Пацiху, пакрысе Бэрк раскатурхваў яго, то жартам, то пакеплiваннем, i ўсё больш уцягваў яго ў сутнасць гаворкi. У ёй прыняў удзел i маленькi Зел Сен-Клэр, i менавiта ён пераважыў. Ён ляжаў на ложку Роя i нават не здаваўся такiм кволым, бо добра пад'еў.
– Дзiўна, – сказаў ён, пазiраючы чорнымi вачамi на бабровыя скуркi над галавой, – дзiўна, як адны жывёлiны трымаюцца адной самкi, а iншым быццам усё роўна, абы адарваць сваё дзе давядзецца.
– У лесе няма такога звера, якi трымаўся б адной самкi, – заявiў Рой.
– А бабёр, – запярэчыў Зел.
– Хiтры бабёр зусiм не такi прыкладны ў сямейным жыццi, як гэта звычайна лiчаць, – сказаў Рой.
– Ён прытрымлiваецца адной самкi, – настойваў Зел.
– Ён выбiрае сабе сяброўку, будуе хатку i клапоцiцца пра сяброўку i дзяцей, – сказаў Рой, – але, акрамя таго, начамi ён знiкае ў пошуках iншых самак. Мне надаралася лавiць старых самцоў на месцы сустрэчы, куды яны прыходзiлi шукаць чужых самак. Тое ж самае i скунс. Сваю самку ён пакiдае ў нары i iдзе шукаць iншую. Гэта праўда, мiстэр Бэрк? – спытаў Рой.
– Праўда, – адказаў Бэрк.
– Я вам i больш магу расказаць, такога вы, напэўна, не бачылi, – працягваў Рой. Ён папраўляў у печы дровы. Джэк, якi назiраў за iм, трохi супакоiўся. – У Калiфорнii я бачыў халастога бабра, старога халасцяка, якi збудаваў сабе хату i жыў у ёй адзiн. Хочаце верце, хочаце не, мiстэр Бэрк.
– Чаго толькi не бывае ў Калiфорнii, – згадзiўся Бэрк.
– Ты ж нiколi не быў у Калiфорнii, – сказаў Зел Рою.
Той нiбыта не пачуў заўвагi Зела.
– Альбо вазьмiце норку там, на захадзе. З усёй прынады прызнае толькi крутое яйка. А калi не сервiруеш ёй крутых яек, яна выпраўляецца на бераг акiяна i спакойна чакае, пакуль ён выкiне ёй рыбу на абед. Вось гэта мясцiны! – сказаў Рой. – Нават бабёр здольны заленавацца. Без вялiкай патрэбы нават плацiну не збудуе, не ўмее пракладваць пратокi. Жыве сабе побач з фермерамi i аб'ядае фруктовыя дрэвы. Ён мае там летнюю нару, зiмовую нару – i ўсё! Гэта праўда, бабёр жыве ў Калiфорнii прыпяваючы.
Усе засмяялiся, i Рой гучней за iншых.
– Хiба не так, мiстер Бэрк? – сказаў Рой.
– А калi ж ты быў у Калiфорнii? – дапытваўся Зел.
– Расстаўляў я там аднойчы пасткi, – сказаў Рой. – Залатая гата была лоўля!
Джэк часта чуў расказ пра калiфарнiйскую лоўлю Роя, але так i не мог вырашыць, верыць у гэта цi не. Адзiны раз, калi Рой на доўгi час пакiдаў Сент-Элен, быў цяжкi час крызiсу на пачатку трыццатых гадоў. Тады Рой знiк ажно на паўтара года. Вядома, ён мог быць i ў Калiфорнii, хоць Джэк меркаваў, што Рой проста працаваў на ферме дзе-небудзь у Мiчыгане, але быў занадта ганарлiвы, каб прызнацца ў гэтым.
– Вось я раскажу вам, што бачыў у адной бабровай хатцы, – сказаў Рой.
– Дзе? У Калiфорнii? – недаверлiва спытаў Зел.
– Не, тут на Чатырох Азёрах, некалькi гадоў таму, – адказаў Рой. – Неяк на свiтаннi я натрапiў на бабровую хатку i знайшоў у ёй старога бабра, якi хроп на ўсю акругу. – Рой прамовiў гэта так сур'ёзна, што ўсе паверылi яму, хоць i засмяялiся. Такiм чынам, размова скiравала ў вызначаны Бэркам напрамак. Яна стала дыялогам памiж Бэркам i Роем, з якога Бэрк выведваў усё, што яго цiкавiла.
Рой захапiўся сваiмi ляснымi прыгодамi, што i патрабавалася Джэку. Рой сядзеў на скрынi ля акна, жаваў сваю жвачку "Прынц Альберт", ляпаў сябе па каленях, калi даходзiў да нечага захапляльнага, надаваў твару сур'ёзнасць, калi трэба было быць сур'ёзным, але, па-сутнасцi, яго словы былi звернуты да Бэрка: Рой нiбыта запрашаў яго сваiм аўтарытэтам аспрэчыць iх дакладнасць, знарок змешваючы праўду з няпраўдай, сур'ёзнае i жартаўлiвае, каб выклiкаць Бэрка на спрэчку i тады паспрачацца з iм як след. Але Бэрк толькi пытаўся i слухаў.
Часам даходзiла да сапраўднага глупства.
– Цi бачылi вы калi-небудзь лiсу, – сур'ёзна пытаўся Рой у Бэрка, – як яна залазiць у возера з галiнкай у зубах i чакае, пакуль усе паразiты нё збяруцца на галiнку, а пасля выпускае яе з зубоў, а сама плыве да берага?
Калi размова пайшла пра лiсу, Рой расказаў, як яна ў пагонi за зайцам iдзе за iм след у след, як балансуе хвастом падчас бегу. Скончыўшы расказ пра лiсу, ён перайшоў на рысь. Як няўклюдна даганяе яна зайца, як скача i правальваецца ў снег замест таго, каб слiзгаць, як на лыжах.
– Ведайце, што рысь палюе па вялiкiм крузе, як трапер па ланцугу пастак, гаварыў ён Бэрку. – Да таго ж, ведайце, што яна скарыстоўвае тады чалавечую сцежку.
Бэрк зноў прамаўчаў.
Пасля рысi прыйшла чарга мядзведзя.
– Мядзведзь забiвае, – казаў Рой, – толькi тады, калi iншым шляхам не можа здабыць сабе ежу. Як i iншыя буйныя жывёлiны, ён ахвотна суiснаваў бы мiрна. Ведайце, што ён гатовы саступiць падчас сустрэчы са скунсам, ведайце, што ён дзелiцца са скунсам сваёй здабычай. Альбо норка... Аднойчы, – сказаў Рой, – я раскапаў яе нару, якая была дарэшты запоўнена жабамi, акуратна складзенымi адна да адной, як сардзiны. Альбо лось. Лася нельга ўтапiць, нават калi застрэлiш яго на глыбокiм месцы. Альбо рысь... Ведайце, што калi яна трапiць у ваду, дык плыве абавязкова па прамой. Альбо алень... Цi бачылi вы калi-небудзь, як алень раптам пакiдае пашу i як вiхор iмчыцца праз зараснiкi, а затым быццам нiчога i не было, пачынае шчыпаць траву?
Расказ Роя быў бясконцы, але гэта захапляла Бэрка не менш, чым самога Роя, i ён ахвотна дзялiўся з Роем сваiмi ведамi пра лясных звяроў, але ведамi крыху iншага кшталту: Бэрк расказваў, што бабёр, калi наесца водарасцяў, хварэе жыватом. Ён расказаў Рою, што мядзведзь кладзецца ў бярлогу з-за недахопу ежы, а не з-за нейкага iнстынкту. Што на некалькi месяцаў затрымлiваецца развiццё зародка мядзведзiцы: ён пачынае хутка развiвацца толькi тады, калi яна залягае на зiму ў цёплую бярлогу. Што паласаты суслiк, гэты класiчны зiмоўшчык, падчас зiмовай спячкi знiжае пульс ад нармальных трохсот удараў да чатырох.
Веды Бэрка былi таксама бязмежныя, але ён выбiраў з таго, што было яму вядома, толькi лепшае, каб зрабiць уражанне на Роя. Ён патлумачыў, як ад шматлiкасцi альбо адсутнасцi зайца i лемiнга залежыць усё жыццё лесу, таму што яны з'яўляюцца галоўнай ежай драпежнiкаў. Як заяц размнажаецца да пэўнай мяжы, а затым з-за нейкiх дзiўных прычын пачынае хварэць на страўнiк, i гэта дзiўная хвароба зводзiць яго са свету амаль што цалкам, i тым самым часова затрымлiвае ўвесь цыкл ляснога жыцця ажно да пачатку новага актыўнага размнажэння. Гэта быў найбольш яскравы прыклад жыццёвага працэсу ў лесе, i Рою падабалася, калi яму тлумачылi такiмi спецыяльнымi тэрмiнамi. Бэрк назваў яшчэ адзiн прыклад: лемiнг – маленькая паўночная мыш – качуе тысячнымi чародамi, калi размнажэнне становiцца несувымерным з наяўным харчам; лемiнг качуе на поўдзень цераз азёры i рэкi i, нарэшце, тоне цэлымi мiльёнамi ў рацэ Святога Лаўрэна, пераплысцi якую яму не хапае сiлы. Бэрк даказаў Рою, як наяўнасць альбо адсутнасць гэтых дзвюх жывёлiн вызначае лёс iншай дзiчыны, бо галадоўка распаўсюджваецца на ўсе вiды жывёл. Лiса i рысь з-за адсутнасцi зайцаў вымушана паляваць на норку, скунса i аленя. Воўк таксама пачынае ганяць аленя, нават лася, дабiрацца i да дзiкабраза, а часам зводзiць са свету i болей слабых сваiх суродзiчаў. Церпяць усе вiды мышэй, бо розныя драпежнiкi настойлiва ганяюцца за iмi i на нiжэйшай рысе пэўнага цыкла знiшчаюць амаль цалкам. Iх лёс падзяляюць курапаткi, якiя становяцца галоўнай ежай для рысi, лiсы i норкi, калi зайцоў альбо мышэй становiцца зусiм мала. Парушэнне суадносiн вымушае вушастую саву шукаць замену зайцу i мышы i нападаць на больш буйных жывёлiн. Бэрк расказаў Рою пра ўвесь гэты працэс, i той зразумеў, што нiколi раней нiчым так не захапляўся. Ён толькi час ад часу падыходзiў да печкi, каб паварушыць там дровы, альбо да дзвярэй, каб сплюнуць цераз парог тытунёвую жвачку.
Слухалi i iншыя, i Джэк разумеў, што зрабiў правiльна, калi задумаў усё гэта. Джэк сядзеў наводдаль на лаве, паклаў доўгiя рукi на стол i час ад часу круцiў самакрутку. Зрэдку ён уставаў i падкручваў газоўку цi трос за плячо Зела Сен-Клэра, якi часта драмаў i пачынаў храпцi.
Калi ж Бэрк зноў змянiў гаворку на падрабязны роспыт пра дзiчыну ў Муск-о-гi, Джэк зразумеў, чаго хочуць гэтыя людзi ад Роя, у прыватнасцi, чаго хоча ад Роя Бэрк. Бэрку трэба было атрымаць падрабязныя звесткi пра дзiчыну на ўчастку Роя, звесткi, якiх ён не атрымаў бы, калi б не заваяваў давер Роя. Бэрк цярплiва апрацоўваў Роя, пакуль не пераканаўся, што той можа расказаць усё, пра што яму хацелася даведацца. Ён задаваў Рою дакладна сфармуляваныя пытаннi пра сляды лася i аленя, пра напрамкi i даўжыню iхнiх сцежак, пра сярэднюю колькасць баброў на адну хатку, пра дакладную колькасць андатраў на балотах. Бэрк патрабаваў поўнага малюнка: чым харчуецца дзiчына, дзе яна пераважна жыве (асаблiва норка i лiса), цi ёсць у акрузе ваўкi i колькi iх. Гэта былi дакладныя, амаль што рэзкiя пытаннi, але задаваў ён iх так, што Рой мiжволi адказваў на iх сумленна i дакладна.
Часам Джэка палохала, што Рой падвядзе сябе некаторымi сваiмi адказамi, але Рой, хоць i захапiўся пытаннямi Бэрка, нiчога не сказаў з таго, што магло б выдаць яго незаконныя дзеяннi. Ды i Бэрк не настойваў нi на адным рызыкоўным пытаннi. Калi Рой быў блiзка да таго, каб выявiць, што ён так шмат ведае пра вясновыя звычкi баброў у iхнiх хатках i пра летнiя звычкi норкi iменна таму, што займаўся пазасезоннай лоўляй, Джэк спрабаваў перавесцi гаворку на iншую тэму. Але Роя нельга было збiць з панталыку. У Бэрку ён убачыў чалавека, якi ведаў пра дзiчыну не менш за самога Роя. А Рой любiў лес гэтак жа, як i Бэрк, ён разумеў не толькi барацьбу i раўнавагу ў прыродзе, але i ўвесь працэс ляснога жыцця.
Як i Рой, Бэрк не iмкнуўся ўвесцi ў жывёльны свет нейкiя "павiнен" альбо "не павiнен" i не разглядаў звяроў з пункту погляду iх карысцi для чалавека. Ён прымаў жывёльны свет такiм, якiм ён быў, i гэта больш за ўсё iншае пераканала Роя, што Бэрк заслугоўвае даверу. А пасля Рой зразумеў, чаму Бэрк захацеў заваяваць яго давер. Бэрку патрэбны былi гэтыя звесткi, гэты падрабязны i дакладны малюнак становiшча з дзiчынай у Муск-о-гi як чалавеку, жыццё якога было прысвечана вывучэнню i спазнанню лесу; гэта была яго праца, яго спецыяльнасць; i як знаўца сваёй справы, Рой ахвотна даваў звесткi, якiя патрабавалiся Бэрку, нават разумеючы, што гэта можа паслужыць матэрыялам для нейкага рашэння ўладаў пра Муск-о-гi. У запале Рой неаднаразова быў блiзка да таго, каб выдаць сакрэт сваёй пазасезоннай лоўлi, але Бэрк сам тактоўна засцерагаў яго ад гэткай безагляднасцi.