Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"
Автор книги: Джеймс Олдридж
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)
– Няма.
Iнспектар задаў яшчэ некалькi пытанняў пра звера: многа яго цi мала, неспакойны ён цi даверлiвы, цi няма слядоў ваўка, рысi, мядзведзя i iншых драпежнiкаў, мышэй, лемiнга, а таксама зайца i iншай дзiчыны. У Роя на ўсё быў гатовы адказ. Iнспектар слухаў яго ўважлiва i ўслухоўваўся не толькi ў звесткi, але i ў ацэнкi самога Роя. Рой бачыў у лесе тое, чаго не прыкмячалi iншыя звераловы, i ўмеў расказаць пра ўбачанае захоплена, як сапраўдны апавядальнiк. Сам гэтага не ўсведамляючы, Рой стаў лепшай крынiцай iнфармацыi пра ўсе сезонныя змены ў жыццi фаўны Муск-о-гi. А паколькi iнспектар сур'ёзна цiкавiўся натуральнай гiсторыяй свайго раёна, дык усю iнфармацыю Роя ён перадаваў у Таронта старанна i дакладна.
– Здаецца, што звяроў у лесе меншае, Рой, – сказаў ён. – Я ўсё чакаю, што дэпартамент прыме ў адносiнах да вашага брата паляўнiчага нейкiя рашучыя меры – накладзе забарону на бабра альбо андатру, цi на любога пушнога звера. Нешта ж трэба рабiць.
– Вы хочаце выгнаць нас на поўнач, iнспектар, – сказаў Рой, здзекуючыся з уласнага гора. – А што робiцца там, на той тэрыторыi?
– Гэта не мой раён, – адказаў iнспектар, – але з месяц таму быў цыркуляр з дэпартамента пра тое, што ўсе, хто хоча, могуць атрымаць новыя ўчасткi на поўнач ад Сярэбранай ракi, яны могуць падаць заяўкi не пазней як у маi. Хочаце, я ўключу i вас?
Iнспектар адкiнуўся ў крэсле, i яго вялiзны жывот прымушаў сумнявацца, што ён пакiне гэтае крэсла. Твар у яго быў чырвоны, патылiца тоўстая, рукi пульхныя, але калi ён уставаў i рухаўся, было бачна, што гэта чалавек вялiкай энергii, чалавек, якi выконвае свае абавязкi з бязлiтаснай настойлiвасцю. Роя не ўводзiў у зман яго знешнi выгляд таўстуна; ён ведаў захапленне iнспектара тлустай свiнiнай i добрым пiвам. Не, Рой разумеў, што недаацанiць гэтага чалавека – значыць, зрабiць вялiкую памылку. Iнспектар быў такi рухавы, што Рой, калi залазiў у самы гушчар лесу, часта азiраўся назад, цi няма побач iнспектара.
– Я мог бы падабраць вам добры ўчастак, – прапанаваў яму iнспектар.
– А можна адкласцi гэта да майго вяртання вясной?
– У любы час да мая месяца, – паўтарыў iнспектар, – але чым раней вы вырашыце, тым большы выбар.
– Я адкажу вам, калi вярнуся ў сакавiку, – сказаў Рой.
Iнспектар пацiснуў плячыма. Ён быў задаволены, што Рой застанецца тут яшчэ на адзiн сезон. Ён так i сказаў яму: – Рой, я не хачу, каб вы iшлi на поўнач, перш чым я злаўлю вас з незаконнай здабычай. Тады вам усё роўна давядзецца пайсцi, бо я адбяру ў вас туташнi ўчастак.
– Злавiць мяне? – сказаў Рой. – А навошта вам мяне лавiць?
– Ды ўжо не ведаю, – сказаў iнспектар, – але з усiх паляўнiчых майго раёна iменна вас вырашыў я злавiць з доказамi злачынства. Вы водзiце мяне за нос ужо дваццаць гадоў, але я да вас падбiраюся. I чакаць засталося не вельмi доўга.
Рой адхiснуўся ад канторкi.
– Але калi вы хочаце злавiць мяне, чаму вы не пойдзеце са мной у лес? Там вы ўжо напэўна злавiлi б мяне.
Iнспектар бываў у лесе не адзiн раз – i ў паляўнiчых буданах Роя i па ўсяму ланцугу яго пастак, схадзiў яго ўчастак удоўж i ўпоперак i цiчога не знайшоў. Калiсьцi даўно ён пераканаўча даказаў Рою па колькасцi яго пастак i пялаў для пушнiны, скарыстаных патронаў i па дзесятку iншых прыкмет, што Рой страляе i ловiць звера больш за норму. Гэтае абвiнавачанне ён кiнуў Рою ў твар у яго хацiне, калi абодва яны былi значна маладзейшыя. Рой аж загарэўся ад гневу, але стрымаўся i прамаўчаў; маўчаў ён i пазней на ўсе абвiнавачаннi iнспектара. Узважыўшы гэтую тактыку Роя, iнспектар прыйшоў да высновы, што словамi ад яго нiчога не даб'ешся. Рой спакойна адмоўчваўся i даваў магчымасць iнспектару знайсцi пушнiну цi злавiць яго на месцы злачынства.
– Сёлета мо i выберуся, – сказаў iнспектар.
– Давайце, будзеце госцем.
– Вы i не даведаецеся, калi я з'яўлюся i адкуль.
– А хiба бяспечна блукаць па лесе цiшком? Можа надарыцца няшчасце.
– Небяспечна тым, хто будзе з незаконнай пушнiнай.
– А дзе яе дзець, незаконную пушнiну?
– Я цудоўна ведаю, што вам не пражыць на вашу норму, Рой, – сказаў iнспектар. – Няма жадання лавiць вас, Рой, а ўсё адно давядзецца. Так што сёлета будзьце асаблiва пiльныя.
– Я заўсёды пiльны. Пiльна сачу за кожнай пасткай.
– А я буду не там, – сказаў iнспектар. – Я буду ў вас за спiнай.
Рой засмяяўся, нiбыта ён толькi i чакаў зручнага выпадку, а iнспектар усмiхнуўся.
– Ведаеце, на ваш участак многа ахвотнiкаў.
Рой кiўнуў.
– Няхай бяруць. Ён ужо апусцеў.
– А як жа вам удаецца браць з яго здабычу?
Рой пацёр рукi i пачаў задаволена хiстацца ў сваiм крэсле.
– Пайшлi, вып'ем са мной, iнспектар. Мо вам удасца напаiць мяне i выведаць усе мае сакрэты.
– А я iх i так ведаю. Небяспечныя сакрэты. Яны давядуць вас да бяды. Вы калi-небудзь плацiлi падаходны падатак, Рой?
Рою здалося, што больш дзiўнага пытання ад iнспектара ён не чуў.
– А я не згадаю, каб нехта мне прапаноўваў яго плацiць, – сказаў ён.
– Гэта не адгаворка, – зазначыў iнспектар.
Рой адчуваў, што тут нейкая пастка, вырвацца з якой у яго не хопiць сiлы.
– Мне здаецца, што я зарабляю не столькi, каб мяне абклалi падаходным падаткам, – асцярожна прамовiў ён.
– Якраз дастаткова? – настойваў iнспектар.
Ён ямчэй усеўся ў крэсле. Вось як лёгка прыперцi Роя да сценкi, чаго яму хацелася ўжо дваццаць гадоў. Ён добра разумеў, што Рой адчувае сябе выкрытым, злоўленым i прыгавораным. Але не гэтага ён дабiваўся. Iнспектар зарагатаў ад думкi пра козыры, якiя ў яго былi, але якiмi ён не хацеў карыстацца.
– Не турбуйцеся, Мак-Нэйр, – сказаў ён афiцыйным тонам. – Я не маю справы нi да падаходнага, нi да ўсялякага iншага падатку. Мне патрэбна iншае: злавiць вас знянацку з незаконнай пушнiнай. Падумаеш, падаходны падатак! – ён засмяяўся, зарагатаў вар'яцкiм смехам, ляпнуў Роя па калене i зноўку зарагатаў, назiраючы, як той ачуньвае ад нечаканасцi.
Рою было ўжо дастаткова. Ён устаў, збiраючыся iсцi.
– Толькi не трапляйцеся мне разам з Мэрэем альбо Зелам Сен-Клэрам, – дадаў iнспектар. – Я ведаю, што яны карысталiся вашай хацiнай, i калi я злаўлю iх там, то i вас у дадатак.
Рой яшчэ не дараваў iнспектару яго дзiўнага жарту з падаходным падаткам.
– Толькi калi выберацеся гэтай зiмой, – сказаў ён, – асцерагайцеся. У мяне вакол хацiны расстаўлены некалькi мядзведжых пастак. Да мяне наведваецца нейкi чорны мядзведзь. Таму будзьце асцярожныя, iнспектар.
– Мядзведжыя пасткi i неспадзяваная куля! Добра, буду асцярожны, Рой. Вось, вазьмiце. Захаваў спецыяльна для вас. – Ён падаў Рою стос супрацьпажарных плакатаў, ведаючы, як яму падабаецца iх кiдкi драматызм. Калi збiраецеся назад у лес?
– Яшчэ не ведаю.
– Я думаю, гэта залежыць ад таго, колькi вы вып'еце.
Гэта залежала ад Сэма, але Рой не збiраўся дакладваць пра гэта iнспектару. Ад думкi пра Сэма Рою сапраўды захацелася выпiць яшчэ, але ён ведаў, што спачатку трэба разабрацца з Сэмам. Не паддаючыся спакусе, ён проста з канторы iнспектара перасек вулiцу i чыгунку, прайшоў мiма царквы i, пераадолеўшы некалькi гранiтных градаў, дабраўся да фермы Джэка Бэртана.
– Мiсiс Бэртан! – паклiкаў ён яшчэ з парога. Унутр ён не заходзiў. Яму было цяжка проста вось так зайсцi ў хату, нават у хату Джэка. Ён толькi ўсунуў у дзверы галаву. – Дзе Джэк, мiсiс Бэртан?
Выйшла мiсiс Бэртан, сарамлiвая, абы як апранутая жанчына з невыразным тварам; маленькая i добрая iстота.
– Добры дзень, Рой, – сказала яна. – Джэк недзе каля хлява. Як вам жывецца?
– Цудоўна. А як вашая сям'я? Яна пачырванела, вiдаць, таму, што была бачна хуткая прыбаўка яе сям'i.
– Джэк рамантуе хлеў, – зноўку перавяла яна гаворку на свайго мужа.
Рой ссунуў на патылiцу сваю суконную шапку i пайшоў шукаць Джэка. Той стаяў на лесвiцы, выраўноўваў i прымацоўваў дранiцы на страсе хлява. Хлеў быў стары, з дошак, на сасновых слупах. На месцы некаторых згнiўшых слупоў засталiся ямы, тыя слупы, што засталiся, ледзьве падтрымлiвалi страху. Хата таксама была накрытая дранiцамi, а сцены злеплены з гладкай i цвёрдай глiны. Хата, высокi хлеў з кароўнiкам, нiзкi свiнарнiк – усё збiлася на голым, пранiзаным ветрам лапiку зямлi. Адзiнае дрэва, маладая сасна, адзiнока расла ля загарадкi з дроту, якая цягнулася па схiле да дарогi. Гаспадарка была старой i занядбанай, але зблiзку яе ажыўляў шум жылля – дзiцячы плач, брэх сабакi, пiск парасяцi, рык каровы – усе гэтыя гукi i пахi фермы.
– Глядзi, не звалiся i не развалi гэтую крывульку, – гукнуў Рой Джэку. Злезь, пакуль няма ветру i пакуль ён не павалiў цябе разам з тваiм хлявом.
Джэк Бэртан не зварухнуўся, ён забiваў цвiкi ў дранiцу i мацюкнуўся, калi яна раскалолася. Тады ён злез на зямлю, схаваў малаток у заднюю кiшэню, а пласкагубцы – за пояс, надаўшы тым самым аб'ёмнасць сваёй гнуткай, худой фiгуры.
– Не, гэты хлеў не павалiцца, – сказаў Бэртан. – Я знарок пакiдаю зверху дзiркi, каб вецер свабодна праходзiў, толькi таму ён i трымаецца.
Рой паглядзеў на дзiркi.
– Спрытны ты фермер, Джэк, – сказаў ён. – Шкада, што мой Сэм нiяк не справiцца з фермай.
– Ён прасiў цябе застацца на зiму?
Рой кiўнуў.
– Ён ужо тыднi два таму казаў, што збiраецца прасiць цябе. Але я думаў, што ён не адважыцца. Дык ты застанешся?
Яны зайшлi ў хлеў, каб схавацца ад ветру. Там было цёмна i пуста, стаяў ядавiты пах перапрэлага гною. У стойле чулася толькi мыканне гадавалай цялушкi, якое рэхам адбiвалася ад высокай страхi. Некалькi свiней рылася ў загарадцы ля дзвярэй, але болей у хляве нiчога не было. Пазней, блiжэй да снегу, хлеў запоўнiцца жывёлай – сведчаннем фермерскiх поспехаў Джэка Бэртана: пяць кароў, шэсць свiней, двое коней, дзве казы i пяць клетак з ангорскiмi трусамi. Усё гэта ўцiснецца ў хлеў i будзе грэцца ўласнай цеплынёй i дыханнем.
– Уявiць не магу, што будзе з фермай, калi я не застануся, – разважлiва прамовiў Рой. Каб нешта вырашыць, ён чакаў дапамогi ад Джэка, але ведаў, што Джэк не можа нiчога парадзiць яму. – Бяда яшчэ вось у чым, – працягваў Рой. Сэму стукнула ў галаву, што на ўсёй Гуронскай паласе трэба паставiць крыж i што для дробнага фермера тут усё скончана. – Ён пачакаў, спадзеючыся, што Джэк будзе адмаўляць гэта, адмаўляць, што ўся iхняя акруга вымерла.
– А ён мае рацыю, Рой, – сказаў Джэк, i абодва яны паглядзелi цераз вузкую паласу раллi на лес, якi распасцiраўся на поўнач аж да палярных снежных пустэч. – Дробныя фермы аджылi сваё, зараз яны не пракормяцца.
– А як жа ты?
– Перабiваюся, бо зараз ёсць попыт на ўсё, нават на трусiны пух i свiную шчэць. Але хiба гэта сапраўднае фермерства, Рой? У фермераў тут адна надзея вялiкая ферма, шмат розных пасеваў, шмат жывёлы, iнвентару i машын. Але на дробнай ферме нiчога гэтага мы не даб'ёмся, ды, мажлiва, i на вялiкай таксама. Нiкому не пад сiлу набыць увесь iнвентар, якога патрабуе гэта зямля. Адзiны спосаб – гэта арганiзавадь агульны фонд, дзе можна было б наняць трактар, конныя граблi, жняярку, а то i проста працаваць на iх агулам, пераязджаючы з фермы на ферму. Але ўрад нават пальцам дзеля гэтага не паварушыць, дык мо i праўда гэтыя фермы аджылi сваё. Вось хiба толькi калi наладзiць узаемадапамогу i агульны збыт...
Роя здзiвiла, што ў Джэка таксама свае клопаты i трывожныя думкi.
– Цябе паслухаць, дык ты таксама не супраць скончыць справу i здацца, сказаў ён Бэртану.
– I не падумаю! Я нiколi не здамся!
Тонкiя губы ў яго сцiснулiся, на худых скулах выступiлi два белыя жаўлакi. Рой засмяяўся.
– Табе варта заняцца палiтыкай, – сказаў ён. – Напрыклад, у фермерскiм аб'яднаннi.
– Што аб'яднаннi? Там толькi тое i ведаюць, што рабiць паскудства i рваць чужы кавалак з рота. Нам трэба аднавiць прагрэсiўную партыю. Працерцi ўсё з пясочкам. Нiякiх пасрэднiкаў i лiхвяроў, нi спекулянтаў, нi працэнтнай кабалы, нiякiх асаблiвых прывiлей царкве, чыгункам i лясным кампанiям. Знiзiць узносы па закладных, зняць адсоткi, нiякiх падачак дзялкам з грамадскай казны.
– I сярэднюю адукацыю!
– Так, i сярэднюю адукацыю!
– Эх ты, фермер Джэк! – выразна прамовiў Рой.
– Дык што, застанешся на зiму тут? – памаўчаўшы, спытаў Джэк.
– Не, я гэтага не магу. – Рой глыбока засунуў рукi ў кiшэнi сваёй брызентавай курткi. – Вось што, Джэк, мо знайшоў бы ты каго-небудзь, хто згадзiўся б папрацаваць з Сэмам гэтую зiму? Грошай Сэму даваць не варта. Усё адно ён iх змарнуе. Я хацеў пакiнуць iх табе i папрасiць, каб ты плацiў работнiку штотыднёва. Мо з памочнiкам Сэм неяк справiцца. Як ты лiчыш?
– Зараз цяжка знайсцi работнiка.
– Я ведаю.
– Цi многа ты можаш пакiнуць?
– Каля трох соцень. Па сотнi на месяц.
– Гэта добрая аплата, ды толькi зараз нiхто не хоча працаваць на ферме.
Рой прыхiнуўся да загарадкi, вялiкiм i ўказальным пальцамi ён падняў шапку за казырок, а астатнiмi паскроб у валасах, затым зноў насунуў шапку. – Гэта ўсё, што я магу прыдумаць. Альбо заставацца самому.
– Не, табе заставацца не варта, Рой, – сказаў Джэк Бэртан. – Я каго-небудзь знайду. Як ты думаеш, калi ён яму спатрэбiцца?
– З наступнага месяца.
– А ты ўпэўнены, што Сэм захоча каго-небудзь, акрамя цябе?
Рой пакруцiў галавой. Гэтага ён не ведае. Да таго ж ён не ведае, што скажа Руф Мак-Нэйр.
Нават ведаў, пра што ён думае.
– Спадзяюся, ты яшчэ заспееш Сэма, калi вернешся з зiмовага палявання. Вядома, работнiк – гэта дапамога, але я на гэта не разлiчваў бы.
– Хто купiў коней? – раптам спытаўся Рой.
– Бiлi Эдвардс, з таго берага.
– А адкуль у яго грошы?
– Пазычыў пад ураджай. Добрыя былi конi, Рой. Ён iх выкармiў як мае быць i, я думаю, ужо апраўдаў свае грошы, здаючы коней у наймы.
– Бедны Сэм, – сказаў Рой, i яны выйшлi з хлява.
Джэк павёў Роя паказаць сваю гаспадарку: свiнарнiк i куратнiк, а пасля i саму хату, дзе куча светлагаловых дзяцей валтузiлася на падлозе каля знерваванай мацi.
Яны спусцiлiся ў пограб, дзе Джэк паказаў сваё паветранае ацяпленне: вакол старой жалезнай печы ён выклаў цагляную награвальную камеру, i, калi печ грэлася, гарачае паветра паступала ў хату праз сiстэму прадушын у падлозе. Зараз у печы яшчэ не палiлi, i ў пограбе было холадна, але суха. Джэк атынкаваў сцены i замазаў шчылiны. На падлозе, на палiцах i на лавах была раскладзена гароднiна летняга i асенняга збору: гарбузы, буракi, кукуруза, бульба, нават зялёныя памiдоры, яблыкi, агуркi i некалькi слоiкаў сушанага гароху. Прыпасаў на зiму было дастаткова. Яны вылезлi з пограба i ўселiся на кухнi, застаўленай бутэлькамi i слоiкамi з нарыхтоўкамi мiсiс Бэртан. Рой захапляўся цеплынёй i ўтульнасцю гэтай кухнi. Нават абшарпаныя сцены – i тыя мелi надзейны выгляд. На адной з iх красавалася сурвэтка, на якой было вышыта: "Маме". Над ёй вiсела скрыпка без струн.
– Вось закончыў пограб, цяпер вазьмуся за верх, – сказаў Джэк, заўважыўшы, што Рой азiраецца навокал. Вось яна, пастаянная чарга рамонту, падумаў Рой, спачатку хлеў, свiнарнiк i куратнiк, затым пограб, i толькi пасля ўсё iншае.
– Мэй, – звярнуўся Джэк да жонкi, – у цябе нiчога не знойдзецца Рою ў дарогу?
Мiсiс Бэртан ужо выставiла перад Роем два слоiкi: адзiн – з парэчкамi, другi – з чырвонай капустай. Невядома, хто бянтэжыўся больш – госць цi гаспадыня, але Рой пераадолеў няёмкасць, ён запiхаў у кожную кiшэню па слоiку, а дзецям дастаў свае ледзянцы. Ён купiў iх сабе, але ў яго быў яшчэ адзiн пакецiк у мяшку ў Дзюкэна.
– Пайду, наведаю Сен-Клэра, – сказаў ён Джэку i хутка ўстаў.
– Толькi глядзi, каб у цябе не было з сабой грошай, – папярэдзiў Джэк, праводзячы Роя. – Калi хочаш з iм выпiць, лiчы, што тваiх грошай не будзе.
– I адкуль у табе гэты закон i парадак, Джэк? – сказаў Рой. Яны пастаялi моўчкi. – Дык я прышлю табе тры сотнi. А ўбачымся, хутчэй за ўсё, яшчэ да Каляд – на возеры.
– Хутчэй, што так, Рой.
– Дык, значыць, месяца праз паўтара.
– Так, Рой. Бывай! Да хуткай сустрэчы!
Рой ужо кацiўся па схiле да дарогi, ногi яго ўздымалi клубы пылу, i вецер адносiў iх. Пылу было не вельмi многа, але з цягам часу маленькая нерухомая хмарка станавiлася ўсё больш густой, i хутка Джэк бачыў толькi пыл, а пасля i хмарка знiкла сярод дрэў.
Раздзел трэцi
Зел Сен-Клэр быў чалавечак невысокi, меншы за Роя i худы. Французы Сент-Элена сцвярджалi, што сваiмi запалымi шчокамi, пранiклiвым позiркам, сiнню на падбародку i слабым, такiм слабым целам ён падобны на маленькага высахлага французскага кюрэ. Але Рою не было нiякай справы да гэтай клерыкальнай знешнасцi, ён бачыў у Зеле штосьцi больш зразумелае, напрыклад насiльшчыка, якi ненавiдзiць сваю працу.
Рой знайшоў яго па гуку сякеры на далёкiм канцы лясной расчысткi Джэка Бэртана. Зел ссякаў вялiзную бярозу, i ўсё цела яго паўтарала ўзмахi сякеры.
– Цяжкая праца для ляснога валацугi! – звярнуўся да яго Рой.
Зел абапёрся на бярозу i перадыхнуў.
– Гэта ўсё iнспектар, каб на яго лiха, – сказаў ён.
Рой засмяяўся.
– А хiба дрэнны iнспектар? Захоўвае закон i парадак.
– Пачакай, хутка здаволiцца. Я пра гэта паклапачуся.
– Ты лепш пра сябе паклапацiся. Калi ён убачыць цябе ў лесе, тут табе i канцы.
– I яму будуць канцы! – сказаў Зел i правёў Роя праз гушчар, якi ён высякаў. Чатырохвугольная высечка, зацiснутая скаламi i лесам, ужо часткова зарасла лiпай, ядлоўцам i густымi парасткамi бярозак. Ёй было толькi чатыры цi пяць гадоў, але праз год-два яна стане сапраўдным лесам, якi давядзецца высякаць як след, сякерай. Зараз Зел Сен-Клэр яшчэ мог справiцца з бярозай вялiкiм садовым нажом або з дапамогай пала, i за сякеру браўся толькi дзеля сасны або рослай бярозы. Джэк Бэртан своечасова аб'явiў вайну наступу лесу, купiўшы гэтую высечку летам i ачышчаючы яе да зiмы. Рой цанiў Джэка, ён быў перакананы, што з часам Джэк стане знакамiтым чалавекам у Сент-Элене, калi толькi Сент-Элен i дробныя фермы наогул ацалеюць. Зараз, пасля размовы з Джэкам, Роя гэта турбавала асаблiва.
– Выпi! – Зел Сен-Клэр падаў яму бутэльку з нейкiм пойлам, падазрона празрыстым i бясколерным. Зел дастаў яе з дупла, дзе ў яго ляжалi куртка i нож. – Дастаў у Оле Андэрсана. Жывая вада!
Рой выпiў i адчуў на нёбе лёгкi прысмак анiсу, але калi гэтае пойла абпалiла гартань, ён зразумеў, што п'е амаль голы спiрт. Яны выпiлi зноў.
– Гэтая штука даканае цябе, Зел, – сказаў Рой.
– Не гэта, дык iншае, – з сумам азваўся Зел, i яго перакручанае сухое цела не выяўляла першай умовы жыцця – жадання жыць.
Гэта прыгнятала Роя. У лёсе Зела ён убачыў лёс усiх звераловаў, пазбаўленых права на паляванне. Ён прапанаваў французу выпiць яшчэ, i сам таксама глынуў.
– А мо iнспектар яшчэ верне табе твой участак? – сказаў яму Рой.
– Забярэ яго ў Брэка Гарта i аддасць мне? Напэўна ж не!
– А чаму ты не пойдзеш на поўнач, на новыя тэрыторыi? Тут нам усё адно няма чаго рабiць, ты ж гата ведаеш. Чаму ты не дасi дзёру на поўнач, Зел?
– А жонку i дзяцей кiнуць тут?
– Пражывуць, пакуль ты там увойдзеш у сiлу.
Зел пакруцiў галавой, i Рой зразумеў, што ўсё гэта ён шмат разоў перадумаў i адкiнуў усе варыянты як безнадзейныя, яшчэ нiчога не зрабiўшы.
– Iнспектар пахаваў мяне тут, – сказаў Сен-Клэр, – i ён нацкуе на мяне ўсiх iнспектараў на поўнач ад Муск-о-гi. Але ўсё роўна ён не выжыве мяне з Сент-Элена. Я пайду ў лес i ўсё адно буду займацца паляваннем, хоча гэтага iнспектар цi не, а калi сустрэнемся – тым горш для яго.
Траперы звычайна адпускалi ў адрас iнспектара сама страшныя пагрозы, i слухачы прывыклi не прымаць iх усур'ёз альбо прымалi з вялiкай скiдкай. Але ў двух выпадках Рой быў схiльны верыць у сур'ёзнасць пагрозы: з боку Сен-Клэра з-за яго азлобленасцi i Мэрэя – з-за яго абыякавасцi: той не выяўляў да iнспектара нi павагi нi нянавiсцi, але, сустрэўшыся твар у твар, ведаў бы, што зыход адзiн – забiць альбо быць забiтым. Да гэтага часу Рой заўсёды лiчыў, што Мэрэй для iнспектара больш небяспечны, але злосць Зела была такой лютай, што гэта пачынала турбаваць Роя, i ён зноў прапанаваў выпiць.
– Я на возеры буду адразу ж за табой, – сказаў яму Зел. – Вось закончу гэтую расчыстку i тады мне хопiць на правiянт.
– Хiба Джэк Бэртан плацiць табе за гэтую расчыстку?
– А як жа.
– Дык, значыць, Джэк пасаромеўся прызнацца ў сваёй велiкадушнасцi!
Рой засмяяўся.
– Згодна з маiмi разлiкамi, я буду там у сярэдзiне лiстапада, – сказаў Зел.
– Гарачы будзе сезон, – сказаў Рой. – Вiдаць, паўгорада збiраецца ў лес, у тым лiку i сам iнспектар. Занадта людна будзе там, Зел, занадта людна. – Рой так i не вырашыў, што яму падабаецца больш: кантакты з людзьмi, калi iх многа збiралася ў лесе, цi дзiўная адзiнота падчас палявання, далёка ад людзей. Зараз, падагрэты гарэлкай, ён быў за кампанiю. – Вядома, – сказаў ён Зелу. Прыходзь у любы час. Карыстайся любой з маiх хацiн – i пайшоў ён к чорту, iнспектар. А што чуваць пра Мэрэя? Дзе ён? Я не бачыў яго ад вясны.
Сен-Клэр пiльна зiрнуў на Роя, а затым сцiшыў свой слабы голас так, што яго было ледзь чутна.
– Рой, – сказаў ён. – Мэрэй гэтай восенню не вяртаўся. Ён пайшоў у заказнiк Срэбных Даляраў, каб выбраць i зладзiць там зiмоўку.
– У пушны заказнiк?
– Так, у заказнiк. Аднойчы яго ўжо злавiлi там, але другi раз не зловяць. Заказнiк мае тысячу квадратных мiль, i ён ведае там азёры, i рэкi, i балоты, пра якiя самi абходчыкi нiчога не ведаюць. Ён i зараз там, вядзе разведку звяроў. А за дваццаць гадоў звяроў, вiдаць, развялося там безлiч, аж кiшаць. Асаблiва баброў, Рой. Там, вiдаць, гэтага бабра так многа, што скурак i на трактары не вывезеш. Вось мы па яго i рушым. Хочаш разам з намi? У снежнi.
Двойчы, калi выпадала дрэннае паляванне, Рой ставiў пасткi ў заказнiку Болд-Рывер, якi з захаду блiзка падыходзiў да Муск-о-гi. Тады яго не мучыла сумленне, але пазней, калi разважыў, ён двойчы вырашаў нiколi больш гэтага не рабiць: з-за некалькiх скурак не варта трапляць у турму i губляць права на паляванне. I зараз, калi б ён не выпiў столькi гэтай атруты, ён адразу ж адмовiў бы Зелу, сказаў бы рашучае "не". Але зараз у iм загаварыла гарэлка.
– О, гэта было б добра! – усклiкнуў ён. – Браць баброў у заказнiку! Вось разышоўся б наш iнспектар! – ён засмяяўся.
– Што ж тут складанага, Рой, асаблiва калi нас будзе трое.
– А я вам навошта? – рэзка спытаўся Рой.
Зел ведаў, што Роя не падманеш.
– Паслухай, Рой, – сказаў ён. – Ты лепшы звералоў у цэлым Муск-о-гi. Ты адзiн можаш налавiць баброў больш, чым палова трапераў усёй тэрыторыi, было б толькi што лавiць. А ў заказнiку – там баброў колькi хочаш. Там на балоце гэтулькi хатак, што бабрам есцi няма чаго. Што яшчэ табе патрэбна? I ўся гэтая пушнiна ў адным месцы: не трэба рабiць дзесяткi мiль дзеля праверкi пастак, вышукваць сляды. Увесь бабёр жыве ў адным месцы, толькi i чакае добрага звералова. Цябе, Рой. Гэта ж зусiм проста, праўда. За адзiн раз ты з намi наловiш гэтулькi, што хопiць, каб сабрацца на поўнач i яшчэ застанецца. Бабёр заўсёды ў добрай цане, ты ж гэта ведаеш. Справа выгадная.
– Цi не занадта, Зел?
– Вось пачакай, паразмаўляеш з Мэрэем, пагаворыш з iм. Утрох мы дамовiмся. Ну як?
Перспектыва была зваблiвая, i Рой задумаўся, перш чым адказаць.
– Дык пойдзеш?
Рой уздыхнуў. У iм абудзiлiся рэшткi перасцярогi.
– Не. Арудуйце вы ўдвух з Мэрэем. Вы свабодныя валацугi, Зел. А я цягавiты трапер.
– Не доўга i табе засталося. Звяроў жа няма.
Яны дапiлi гарэлку, i гэта зрабiла iх шчырымi сябрамi i неразлучнымi кампаньёнамi. Сен-Клэр склаў iнструмент у дупло, апрануў куртку, i яны рушылi ў адзiны бар Сент-Элена. Гэта быў, двухпавярховы будынак з дошак, ён меў шэсць пакояў; некалi тут знаходзiлася багатая крама. Там, дзе раней быў мясны прылавак, зараз абсталявана стойка, а на палiцах замест розных тавараў шклянкi i бутэлькi з рознымi напiткамi. Рой i Зел Сен-Клэр завалiлiся ў бар нiбыта два знясiленыя мулы, якiя вось-вось упадуць насамi на зямлю ад непасiльнай ношы.
– Клем, – гукнуў Рой бармену-янкi, – я сабраўся ў пекла, дык дай мне якога-небудзь мядзведжага пойла, каб хутчэй дабрацца туды. Дай мне гэтага Блэк-энд-Блю. Даставай бутэльку.
Рой яшчэ памятаў, як налiў сабе, Зелу; памятаў, што Клем налiў па шклянцы сабе i Джэку Прату, адзiнаму сент-эленскаму блазну. А пасля ўсё перамяшалася, паплыло – i ён не ведаў, што адчуваў i, асаблiва, што рабiў. Цьмяна помнiў усё новыя порцыi выпiўкi, тое, як падаў i падымаўся зноў, i як яго нехта бiў; хлапчукi, якiя дражнiлi яго на вулiцы: "Ты п'яны, Рой, ты буянiш, Рой". Але ён ужо не помнiў, як пераконваў iх: "Ну што вы, хлопцы. Хiба ж я п'яны?" – i як шпурляў у iх камянямi, калi яны не супакойвалiся.
А пасля хлапчукоў у памяцi быў правал да таго самага моманту, калi ён прачнуўся ў густой цемры, увесь хворы i збiты. Галава ажно трашчала, яму было блага. Ён ляжаў нерухома, iмкнучыся разабрацца, дзе ён. Гэта яму доўга не ўдавалася, ён крыху паварушыўся i раптам адразу зразумеў:
– Джынi, – сказаў ён цiха.
Тая, што ляжала побач, не зварухнулася. Рой таксама не варушыўся i доўга прыслухоўваўся, як яна дыхае ў глыбокiм сне. Пасля ён асцярожна злез з ложка i ледзьве выстаяў, бо так моцна пахiснуўся. Ён ведаў, дзе мусiў быць яго касцюм, але доўга не знаходзiў яго. Седзячы на падлозе, ён нацягнуў шкарпэткi i боты i тут заўважыў, што акно крышку пасвятлела.
Апрануўшыся, ён прашаптаў яшчэ раз: "Джынi!" Яна не адказала, i ён падышоў да яе. Рой не мог чакаць больш i як мага хутчэй выбраўся з пакоя. На кухнi ён цяжка ўздыхнуў i пачаў шукаць сваю брызентавую куртку i пакет. Яны ляжалi ля акна на куфры. Апрануўшы куртку, ён пачаў шукаць шапку i знайшоў яе ў кiшэнi разам з чатырма кавалкамi мыла "Люкс". У пакеце былi два слоiкi – падарунак мiсiс Бэртан i два iншыя, яшчэ цёплыя, пакладзеныя туды Джын Эндрус. Ён не глядзеў, што яна яшчэ паклала туды, але яму давялося запалiць лямпу, каб напiсаць запiску з просьбай перадаць трыста даляраў Джэку Бэртану.
Яму зноў стала так блага, што ён сеў на куфар i схапiўся за галаву. Яго апаноўваў сорам, i ён iмкнуўся хутчэй выйсцi з гэтага здранцвення, каб пайсцi не сустрэўшыся з Джынi. Уласна, ён ведаў, што хацеў сысцi не толькi ад Джынi, але i ад сябе. Найбольш страшныя i ганебныя для яго былi гадзiны п'янага забыцця. Раней Джынi Эндрус расказвала яму, якiя гадасцi вытвараў ён у п'яным выглядзе, непаўторную брыдоту. Гэта заўсёды гняло яго, ён заўсёды баяўся зрабiць паскудства, нават проста звычайную няветлiвасць. З часам яна перастала саромiць яго, зразумеўшы, што яму самому невыносна сорамна. Наадварот, яна старалася суцешыць яго, нагадваючы, якiм ён можа быць добрым i бяскрыўдным. Але Рой не ведаў, у што верыць, i чым больш яна падбадзёрвала яго, тым больш ён сумняваўся. Пакаянне было непазбежна, i ён хацеў пакiнуць яе вось так, сярод ночы, – каб толькi не сутыкнуцца днём вочы ў вочы з ёй i з самiм сабой.
Ён цiхенька прычынiў уваходныя дзверы i на хвiлiнку затрымаўся на парозе, глынуўшы цудоўнага халоднага паветра. Калi ён праходзiў мiма акна спальнi, Джынi пачула яго цяжкае дыханне i сама таксама цяжка ўздыхнула, бо баялася гэта рабiць з таго часу, як пачула, што Рой прачнуўся. Вось ён i пайшоў, i памiж iмi зноў зiма, яшчэ адна доўгая канадская зiма.
На ферме нi Сэм, нi Руф яшчэ не ўставалi, бо толькi бралася на дзень. Рой пастараўся iх не разбудзiць, бо ведаў: Сэм зноўку пачне дабiвацца ад яго адказу на пытанне, якое Рой хацеў лiчыць вырашаным. Калi б ён дачакаўся Сэма i сказаў яму, што Джэк нойме i заплацiць работнiку, Сэм мог бы не пагадзiцца, i Рою давялося б пачынаць усё спачатку. Рой аддаваў усё гэта Джэку, якi павiнен расказаць Сэму i тым самым зрабiць яго адмову немажлiвай. Сэм прыме работнiка. Сэм не паедзе, не пакiне ферму. Джэк Бэртан уладзiць усё гэта з Сэмам, справа зараз за Джэкам.
Рой пераапрануўся i амаль што бягом пусцiўся ў горад.
У Дзюкэна ён прайшоў праз заднiя дзверы. Заплечны мяшок для яго быў гатовы, увесь заказ спакаваны, i Рой яшчэ раз з удзячнасцю ацанiў спрыт i дзелавiтасць Пiта Дзюкэна. Нават новыя пасткi былi распакаваны i прымацаваны як след – звонку мяха. А пад пасткi была засунута бутэлька Блэк-энд-Блю.
Рою яна была патрэбна як нiколi.
– Малайчына, Пiт, – сказаў ён i адкупорыў бутэльку, каб адразу ж глынуць.
Яго адурманеную галаву i абпалены язык ашаламiла новым ударам.
– Ух! Гэтая i быка звалiць! – прамовiў ён голасна.
Рой закiнуў мяшок за плечы, ссунуў з хворай галавы пас, запхнуў бутэльку ў кiшэню i рушыў у дарогу. Кожны раз, калi яму хацелася глынуць, даводзiлася абапiрацца аб дрэва, каб мяшок не перакулiў яго, калi ён закiдваў галаву. Было нязручна, i халодны спiрт сцякаў па падбародку на патылiцу.
– Гэтая i быка звалiць! – паўтараў ён пасля кожнага глытка.
Ён пiў зараз, каб забыцца, што быў п'яны, i каб вытравiць з памяцi ўсе тыя непрыемнасцi, якiя засталiся там, у гарадку. Па-першае, як ён дабраўся да хаты Джын Эндрус учора вечарам? Гэта заўсёды было яго першай загадкай. Яму заўсёды ўдавалася дабрацца туды, але як – ён нi разу не мог успомнiць. Затым Сэм. Сэм хоча кiнуць ферму. Рой ведаў, што яму варта застацца i неяк уладзiць справу. Трэба было застацца i самому прапанаваць Сэму наняць работнiка, а не пакiдаць рашэнне за Сэмам. Сэм можа адмовiцца. Гэтая паўмера Роя можа толькi падштурхнуць яго на нешта адчайнае. Сэм можа адразу ж сабрацца i з'ехаць. Але Рой ведаў, што Джэк Бэртан не дапусцiць гэтага. Джэк угаворыць яго застацца. Джэк знойдзе яму работнiка, Джэк падтрымае яго. Зараз справа за Джэкам. Нават Сент-Элен – i той зараз трымаецца на Джэку. Джэк, якi не здаецца, якi не дасць выжыць сябе з фермы нi зямельным банкам, нi адсоткам па закладной, нi драпежнiкам i рвачам, нi падаткам, нi недахопу iнвентару, зямлi, дапамогi, асушэння, грошай i прадбачлiвасцi. Сент-Элен будзе iснаваць, пакуль ёсць Джэк, а пакуль яны абодва на месцы, не забудзецца, не прападзе i Рой, там, у самай глыбiнi лесу. "Не, не здамся! Вытрымаю!" Ён усё яшчэ адчуваў i ўсведамляў.
Ён зноў выпiў. На гэты раз ужо за сябе: ён развiтваўся з Сент-Эленам, пакiдаючы там занадта мала сябе; пакiдаючы прывiд Эндзi, якога там мо i няма, хоць хто ведае; пакiдаючы ўсё не вырашаным. Рой апошнi раз iшоў на паляванне ў гэты лес, ён гэта ведаў; ён прадчуваў гэта i ў мiнулыя гады, але сёлета ён ведаў гэта дакладна. Участак спустошаны. Гэта ён таксама ведаў i ў мiнулыя гады, але зараз павiнна адбыцца канчатковая праверка, так гэта цi не так. Вось тады ўсё i пачнецца. Пайсцi на поўнач i пакiнуць Сент-Элен. А што пасля? безнадзейна пытаўся ён у самога сябе. Цi будзе тут Сэм i старая ферма, цi будзе тут Джынi i ён сам альбо лес канчаткова праглыне яго, адарве ад людзей i пакладзе на яго сваю лапу? Не! Ён не жывёлiна. Чым больш назiраў ён за звярамi, тым больш востра адчуваў, што ён чалавек i мае патрэбу ў людзях. Лес i пустыня не праглынуць яго, але Сент-Элен мусiць дапамагчы яму. Сент-Элен, i Сэм, i Джынi, i Джэк Бэртан, i сама гэтая скупая, дзiкая зямля.









![Обложка: Честь Воина [CИ]](/files/books/110/no-cover.jpg)