355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джеймс Олдридж » Паляўнiчы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Паляўнiчы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:23

Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"


Автор книги: Джеймс Олдридж


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 13 страниц)

– Мала-мала спазнiлася i мала-мала сышло, – сказаў Боб.

Гэта была пародыя на нiбыта iндзейскую гаворку, якой Боб карыстаўся як своеасаблiвым пакеплiваннем над белымi. Па-ангельску ён гаварыў як i ўсе ў Сент-Элене, як усе паляўнiчыя, але час ад часу перадражнiваў той жаргон, якi белыя прыпiсвалi iндзейцам. Зараз ён не пакеплiваў над Роем, якога любiў. Проста гэта быў мiжвольны пратэст.

– Боб, – сказаў Рой, – я хачу пайсцi на Зялёныя Азёры, туды, дзе мая гаспадарка ўклiньваецца ў тваю. Ты не супраць, калi я прайду па тваiх землях, каб трапiць на азёры?

– А чаго ты туды пойдзеш, Рой?

– Я хачу вылавiць там усё, што мне ўдасца. Я засяду ў сваёй хацiне на Чатырох Азёрах i расстаўлю пасткi па ўсёй акрузе, столькi пастак, каб здолеў толькi запомнiць iхнiя месцы. Звера там мо i небагата, але калi ён ёсць, то я вазьму яго да рэшты. Масавы аблоў! Я хачу аблавiць нават Зялёныя Азёры. Я там нiколi не ставiў пастак, сабраць там можна небагата, але яны, зрэшты, усе ў адной жменi, i чым яны горшыя за тутэйшыя вялiкiя азёры?

Зялёныя Азёры, маленькiя, акружаныя амаль непраходнымi зараснiкамi, праўду кажучы, былi Рою непатрэбныя. Ён назваў iх зараз афiцыйнай назвай, але часцей называў Нiкчэмнымi Азёрамi, Непрыдатнай зямлёй, Спустошанай акругай.

– Магчыма, там ёсць пушны звер iменна таму, што я яго там не лавiў, сказаў ён. – Ва ўсякiм выпадку, паспрабую, але для гэтага мне трэба прайсцi па тваёй зямлi, каб не блукаць па гэтых лясах.

– Вядома, – адказаў Боб. – Прашу цябе.

– А цi ёсць сцежкi проста да Зялёных Азёр?

– Ёсць адна старая паляўнiчая сцежка, але лепшы шлях туды па хрыбце.

– А табе не будзе непрыемна, калi ўбачыш мяне на хрыбце?

– Зараз я рэдка хаджу туды, – сказаў Боб. – Надта далёка.

– Хочаш, я падстрэлю табе якую-небудзь дзiчыну на мяса, калi сустрэну, вядома? – спытаў Рой.

– Там шмат аленяў, – сказаў Боб. – Убачыш, страляй.

Прапануючы забяспечыць Боба мясам, Рой хацеў адплацiць за дазвол на праход па яго ўчастку. Мяса было амаль адзiнай ежай iндзейскай сям'i. Боб паляваў як i ўсе, але ён не мог дазволiць сабе незаконнага палявання. За гэта яго iндзейца – чакала такая ж адплата, што i белага, але для iндзейца страта ўчастка была стратай самога жыцця. I вось Iндзеец Боб неяк перабiваўся на законнай норме. Гэта давала магчымасць штогод купляць крыху правiянту ў краме, але большую частку харчу ён выдзiраў з зямлi, тут, ля свайго ручая, вырошчваючы крыху кукурузы i азёрнага рысу, трымаючы курэй, свiней, коз i ловячы летняй парой столькi рыбы, колькi мог правялiць альбо захаваць на зiму ў сваiм пограбе.

– Чаму ты не папросiш участак у бабровым заказнiку Джэймс-Бэй? – спытаў Рой у Боба.

Як i некаторыя iншыя заказнiкi Канады, Джэймс-Бэй быў буйным лясным заказнiкам, закрытым для ўсiх трапераў, акрамя абмежаванай колькасцi iндзейцаў; гэта была гаспадарка, дзе кiшэлi маладыя бабры; абароненыя законам бабры хутка размнажалiся i давалi гарантаваны ўлоў.

– Не ведаю такой зямлi, Рой, – адказаў Боб.

Рой ведаў: Боб хацеў гэтым сказаць, што Муск-о-гi яго дом, дом яго продкаў. Ён не хацеў пакiдаць яго, як Рой не хацеў пакiдаць Сент-Элен.

– Ты маеш рацыю, – разважлiва прамовiў Рой. – Джэймс-Бэй – гэта вельмi далёка адсюль.

– Скончыцца тым, што я стану фермерам, расчышчу вось тут лес i буду фермерстваваць, – сказаў Боб. Як i Рой, ён ведаў, што звяры сыходзяць на поўнач i хутка зусiм знiкнуць. Як i Рой, ён ведаў, што нiколi не здолее пакiнуць лес, i чым пакiдаць яго, ён быў гатовы паспрабаваць фермерства ў лесе.

– А што скажа крымiнальны кодэкс наконт гаспадаркi на поўначы? – спытаў у яго Рой. – Ты ж мог паспрабаваць атрымаць участак на поўначы?

– Цяжка адказаць, Рой. Адна справа, калi чытаеш закон, зусiм iншая, калi яго парушаеш, асаблiва крымiнальны кодэкс.

Крымiнальным кодэксам звычайна называлi палажэннi пра iндзейцаў. Рой чытаў гэтыя палажэннi, чытаў iх у хацiне Боба, дзе яны вiселi як яшчэ адна насмешка Боба над белымi. Рою яны здалiся такiмi падобнымi на палажэннi пра звяроў, што ён прыйшоў да высновы, што iндзейцаў захоўваюць як звяроў, як асколак натуральнага i пажаданага ляснога жыцця, якому нельга было даць знiкнуць зусiм.

– Ну што ж. Я пайду, Боб, – сказаў Рой.

Выгляд iндзейца пачаў засмучаць яго. Думка, што Iндзеец Боб асуджаны заставацца тут, – усё адно, будзе да рэшты вылаўлены гэты ўчастак цi не, заўсёды засмучала Роя.

– Калi ты збiраешся iсцi на поўнач на новыя землi? – спытаў iндзеец Роя.

Рой пачаў ужо пераходзiць рэчку.

– Яшчэ не ведаю, Боб. Гэта будзе залежаць ад многiх абставiн. Але хутка гэта высветлiцца.

– А Сахаты таксама недзе блiзка? – перамагаў Боб шум парогаў.

– Блiзка. А што?

– Нехта ставiў пасткi на маёй плацiне ля старых карчоў. Вiдаць, Сахаты.

– Ты так лiчыш? – спытаў Рой. Зараз яму таксама даводзiлася крычаць.

– Скажы яму, калi ён будзе шукаць свае пасткi, што яны вiсяць на сухiм дрэве ля плацiны.

Тут не было злоснай задумы, iндзеец паступiў менавiта так, як паступiў бы любы трапер, знайшоўшы на сваiм участку чужыя пасткi, ён зняў бы iх i павесiў. На другi раз ён меў права забраць iх сабе.

– Добра, Боб. Убачымся, калi я буду вяртацца.

– Шчаслiвай дарогi, Рой.

Рой перайшоў раку i па закiнутай сцежцы пайшоў на поўнач, да Чатырох Азёр.

Яшчэ завiдна дабраўся ён да сваёй хацiны, скацiўшыся з апошняга схiла, як перагружаны састаў, якi цiсне на паравоз i падганяе яго. Пакуль ён запальваў лямпу i раскладаў цяпельца, мышы разбеглiся па кутках i адтуль назiралi, як ён распакоўвае правiянт i хавае яго ў моцную скрыню, скрэмзаную слядамi iхнiх зубоў. Рой стамiўся; калi павячэраў, ён прытушыў агонь, павалiўся на ложак i адразу ж заснуў.

Ранiцай Рой хутка i лоўка распачаў свой масавы аблоў.

Перш за ўсё ён праверыў пасткi на Чатырох Азёрах, зняў аднаго бабра i адну андатру. Затым пачаў расстаўляць пасткi ва ўсiх хоць крыху прыдатных мясцiнах. У яго хацiне на Чатырох Азёрах было дзесяць старых пастак сiстэмы Ньюхаўс; ён iх падрамантаваў, пачысцiў i расставiў на бабровых гацях, на харчовых пляцоўках андатры i ля хатак. Ён паставiў паўдзесятка пастак першага нумара па берагах i на пясчаных мелях. Гэтыя прызначалiся для норак, якiя кожную ноч блукаюць па беразе ў пошуках рыбы i жаб. Калi справiўся з Чатырма Азёрамi, Рой зрабiў двухдзённы пераход убок, на поўнач ад участка Iндзейца Боба, да Зялёных Азёр. Гэта былi глыбокiя азёры, не надта зручныя для баброў, але тут маглi вадзiцца норкi i можа быць выдра. Перш за ўсё трэба было разведаць звера, адшукаць красамоўныя кучкi акрываўленых пёраў ля жылля норак, недаступныя сховы ласак, слiзкiя глiняныя схiлы, па якiх выдра, гуляючы, з'язджае ў ваду. Ён выявiў мала слядоў выдры i норкi, але там, дзе яны былi, паставiў пасткi, паставiў хiтра, скарыстаўшы дзеля прынады рыбу, злоўленую сеткай у Чатырох Азёрах. На адным з Зялёных Азёр былi дзве невялiкiя бабровыя гацi, i тут ён таксама паставiў тры пасткi проста ля хатак.

– "Забаронена законам, – гучна спяваў Рой, калi ставiў свае пасткi, любому грамадзянiну ставiць пасткi блiжэй чым пяць футаў ад жылля бабра". Ну што ж, пан губернатар, я, здаецца, парушаю закон, але майце ахвоту з'явiцца тут i злавiць мяне на месцы злачынства. Майце ахвоту з'явiцца i паглядзець, як даводзiцца беднаму чалавеку выкручвацца, каб злавiць нейкага бедалагу-бабра.

Калi Рой расставiў усе свае пасткi, ён пачаў ладзiць iншыя, больш хiтрыя.

Ён добра ведаў параграф пра гэты вiд пастак, i паколькi адзiнай крынiцай друкаванай паэзii для Роя была мова палажэнняў пра дзiчыну, ён ахвотна цытаваў на памяць вытрымкi з закону. Параграф быў вельмi просты, ён абвяшчаў, што любому грамадзянiну забараняецца законам карыстацца гэтым вiдам пастак для любой мэты на ўсёй тэрыторыi акругi Сент-Элен.

Рой ладзiў пасткi ў разлiку на любога звера, якi ў iх трапiць, няхай сабе гэта рысь, лiс, кунiца-рыбачка альбо нават воўк. Шкуры ваўка iшлi за бясцэнак, але за ваўка старэйшага за тры месяцы плацiлi дваццаць пяць даляраў прэмii; i хоць Рой лiчыў гэта толькi суровай помстай закону ў адносiнах да чацвераногага паляўнiчага, ён не губляў гэтай магчымасцi.

– Iдзе вайна, – казаў Рой звярынай брацii на паляўнiчых сцежках, – i нехта ў ёй павiнен перамагчы. Нехта павiнен перахiтрыць iншага, таму асцерагайся, жорсткi воўк, крывасмок-норка, насцярожаная лiса, рысь-чашчавiк. Нехта з вас павiнен перахiтрыць iншага.

Рой быў вельмi хiтры. Ён не лiчыўся спецыялiстам па звярах, якiя бегаюць i якiх цяжка злавiць, але ён мог перахiтрыць iх, бо ведаў iхнiя звычкi. Усе звяры хадзiлi па сцяжынках, пратаптаных буйнымi звярамi, такiмi, як алень альбо лось. На такiх сцежках i ставiў Рой свае пасткi. Асаблiва хiтра ставiў iх на лiсу. Звычайна Рой перагароджваў звярыную сцежку ствалом; ён падкочваў ствол да месца з дапамогай рычага, да якога дакранаўся толькi ў пальчатках, цалкам пазбягаючы ўсялякага чалавечага паху. Перагарадзiўшы дарогу, ён закручваў адзiн канец доўгага дроту вакол цяжкага ствала, а затым прыладжваў пятлю так, што лiса павiнна была трапiць у яе, калi б захацела абысцi ствол. Сiло майстравалася са стальной раяльнай струны, моцнай i пругкай, а каб i на ёй не заставалася слядоў дотыку чалавека, Рой нацiраў яе воскам. Некаторыя траперы карысталiся для гэтага мускусам бабра альбо пацука, але Рой лiчыў, што перша чым зваблiваць чуйны нос лiса гэтым падманлiвым пахам, лепш нейтралiзаваць сiло нейтральным пахам воску. Ён яшчэ нiколi не правяраў гэтай сваёй тэорыi, але зараз, расставiўшы шмат пастак вакол Зялёных Азёр i Чатырох Азёр, а таксама на хрыбтах i ў далiнах, ён мусiў праверыць сапраўдную iх вартасць i сваё ўласнае паляўнiчае майстэрства.

У апошнюю чаргу Рой заняўся кунiцай i блiзкай да яе кунiцай-рыбачкай. Гэтыя каштоўныя пушныя звяры маглi трапiць у любую з яго пастак, у пастку на норак, у некаторыя сiло нават у пасткi на баброў i андатраў. Але паляванне спецыяльна на рыбачку альбо на кунiцу патрабавала асаблiвага вопыту i майстэрства. Яны не толькi рэдка сустракалiся, але, як правiла, нiколi не выяўлялi свайго жылля. Паляўнiчаму даводзiлася здагадвацца, дзе iх шукаць, здагадвацца пра iхнiя звычкi. Абедзве мелi багатую шаўкавiстую карычневую пушнiну стойкага колеру, за яе заўсёды добра плацiлi. Абедзве жылi на дрэвах, не карысталiся логавамi альбо норамi. Абедзве харчавалiся дробнай жыўнасцю зайцамi, вавёркамi, мышамi, усiм, што трапляла на iх востры зуб. Разважаючы пра iх, Рой згадаў, што за ўсё сваё доўгае жыццё ў лесе ён бачыў кожнага з гэтых звяркоў толькi пяць цi шэсць разоў, асаблiва кунiцу. Яна жыла ў самым гушчары i цемры хвойных нетраў i не пераносiла вады i сырасцi. А рыбачку, наадварот, можна было звычайна знайсцi каля балота альбо ручая, хоць i тут яна знаходзiлася на вершалiнах дрэў i спускалася толькi паляваць. Яны былi злосныя ворагi, i ў сутычках кунiца звычайна перамагала свайго родзiча. Яны абедзве палявалi паасобку, пераважна ноччу. Пра iхнiя звычкi ў Роя захаваўся толькi адзiн успамiн. Аднойчы на яго вачах рыбачка загрызла чырвоную вавёрку; убачыўшы Роя, рыбачка адкусiла ў вавёркi пушысты хвост i кiнулася да блiжэйшага дрэва. Яна iмгненна знiкла ў лiстоце i паляцела з верхавiны на верхавiну, трымаючы ў зубах вавёрку, але пазбавiўшыся яе хваста, якi перашкаджаў бы так хутка бегаць.

Рой ладаваў свае пасткi на кунiцу i рыбачку чырвонай вавёркай, але замест таго, каб замацоўваць пасткi на паваленым ствале альбо на зямлi, ён падвешваў iх так, што ў скачку за вавёркай кунiца альбо рыбачка павiнны былi абавязкова патрапiць у пастку. Ён паставiў пяць паўтарачных пастак, усе вакол Зялёных Азёр. Для рыбачкi ён выбiраў навiслыя над вадой елкi, для кунiцы заходзiў глыбей у гушчар. Гэтым Рой закончыў ставiць ланцугi пастак для масавай лоўлi.

Але паставiць пасткi было толькi пачаткам. З гэтага дня яму трэба было настойлiва i метадычна аглядаць пасткi, абыходзячы iх у строгай паслядоўнасцi i замяняючы прынаду. Ён абышоў спачатку Чатыры Азёры, праверыў пасткi, а калi вяртаўся ў хацiну, праверыў яшчэ некалькi пастак. Затым зрабiў двухдзённы абыход Зялёных Азёр, па дарозе туды праверыў пасткi, выбраў тыя, што ля вады, а па дарозе назад праверыў астатнiя. Яму давялося цягнуць на сабе ўвесь правiянт, прынаду, сакеру i злоўленую дзiчыну. Абход даводзiлася рабiць хутка, бо на Зялёных Азёрах у яго не было iншага сховiшча, акрамя шалаша з галiнак пiхты, якi ён змайстраваў пад вялiкай сасной. Значыць, яму даводзiлася нясцi i спальны мяшок, а для чалавека, якi прывык да зручнасцi сваiх хацiн, гэта было вялiкай стратай. Але ён не здаваўся, спадзеючыся, што вынiк апраўдае ўсе затраты. За два тыднi Рой злавiў чатырох баброў, чатыры андатры, адну норку i дзвюх ласак. Больш рэдкая дзiчына – лiса, рысь, рыбачка, выдра – зусiм не траплялася яму, хоць ён выявiў шмат слядоў лiсы i рысi i ведаў, што рана цi позна ён зловiць iх. Але для гэтага патрабавалася шмат цяжкай працы, бясконцай працы.

– Вось табе i адзiнаццаты нумар! Чым не аўталiнiя? – мармытаў ён сам сабе, калi знясiлена вяртаўся ў сваю хацiну ля Чатырох Азёр. – Вось табе i канвеер! – Але ён працягваў гэта толькi тры тыднi, а пасля зразумеў, што пара спынiцца: пачаў выпадаць снег.

Усё пачалося з невялiкай завiрухi i парывiстага паўночнага ветру. Чысты раннi сняжок пасцiлкай лёг на лес, азёры i хрыбты гор, i ўжо з гэтага снегападу ў далiнах утварылiся гурбы. Усю гэтую завiруху Рой пераседзеў у сваёй хацiне на Чатырох Азёрах. Калi завiруха сцiхла, ён зрабiў апошнi абыход – снег прымушаў яго спяшацца i хутчэй правяраць пасткi на Лiтл-Рывер, а затым скiраваць на поўдзень i паглядзець, што робiцца ў яго на возеры Пiт-Пiт. Абодва гэтыя ўчасткi былi закiнуты iм амаль на месяц, i Рою трэба было вырашыць, цi варта дзеля новага ланцуга пастак забывацца на ўсе старыя. Ад гэтага рашэння шмат залежала ў далейшых паводзiнах Роя.

Падчас апошняга абходу яго затрымлiваў рыхлы снег, якi даводзiлася абтоптваць адразу. Абход быў няўдалы. На Чатырох Азёрах папалася некалькi баброў i некалькi андатраў. I ўсё. Па дарозе на Зялёныя Азёры ён знайшоў у адной пастцы лiсу. Лiса сядзела на сцежцы, драцяная пятля захлiснула ёй шыю, але яна была яшчэ жывая i нагадвала сабаку на прывязi. Яна злосна пазiрала на Роя, якi iшоў па сцежцы. Рой спынiўся.

– Эх ты, палахлiвая лiса, – задумлiва прамовiў Рой, – сёння ты перамудрыла.

Iншыя звяры, якiя траплялi ў пастку, адчайна вырывалiся; але чым мацней яны вырывалiся, тым мацней зацягвалася пятля на шыi, i чым мацней яна зацягвалася, тым мацней яны вырывалiся, пакуль пятля не душыла iх да смерцi. А гэтая лiса? Рой зразумеў, што яна таксама спрабавала вырвацца, але хутка зразумела, што барацьба для яе небяспечная. Тады яна прыцiхла i пачала чакаць, цi не ўдасца перахiтрыць пастку. Яна i зараз хiтра пазiрала на Роя, цi не ўдасца ёй перахiтрыць яго.

Гэта быў адзiн з тых выпадкаў, калi Рою цяжка забiць звера. Ён заўсёды здзiўляўся знаходлiвасцi, яго здзiўляла настойлiвая барацьба звера за жыццё, здзiўляла ўсё, што магло перахiтрыць механiчную вераломнасць пасткi. Але iшла вайна, i ён быў яе ўдзельнiкам. Заставалася толькi выклiкаць лiсу на супрацiўленне. Рой так i зрабiў, ён пачаў трывожыць яе доўгiм сасновым суком, а калi яна стала адсоўвацца ад палкi i мацней зацягнула пятлю, Рой двойчы моцна стукнуў яе па галаве, так моцна, што палка зламалася. Лiса была мёртвая, а Рой – пераможца мiжвольны – стаяў i захапляўся чыстай шаўкавiстай поўсцю.

Больш нiчога ў сваiх пастках ён не знайшоў, а на Зялёных Азёрах у пастку трапiла толькi адна норка. Нi бабра, нi андатры, нi выдры, нi кунiцы, нi рыбачкi. Рой сяк-так пераседзеў марозную ноч у занесеным снегам шалашы на Зялёных Азёрах, а затым шпаркiм тэмпам рушыў па снезе назад да хацiны на Чатырох Азёрах, раздумваючы, цi ўдалася справа з масавай лоўляй, цi варта тут вылаўлiваць усё, што толькi можна, за кошт усiх iншых участкаў.

У хацiне ён падлiчыў сваю здабычу.

Усяго было злоўлена шэсць андатраў, пяць баброў, дзве норкi, чатыры ласкi i лiса. Вывад зразумелы. Для такога напружанага палявання вынiк быў мiзэрны, хоць, калi гаварыць шчыра, гэта была неблагая трохтыднёвая здабыча. Але Рой не апраўдваў выключную стаўку на iнтэнсiўную лоўлю ў гэтым месцы на шкоду ўсiм iншым. Акрамя таго, Рою здавалася, што ў далейшым ён не набярэ тут i гэтага. Ён злавiў чатырох баброў на Зялёных Азёрах, i болей там баброў не было, iх неабходна выкрэслiць з далейшага палявання. На Чатырох Азёрах заставаўся яго звыклы рэзерв – паўтара дзесятка хатак i некалькi новых збудаванняў маладых баброў. Але пры такой iнтэнсiўнай лоўлi гэтага было мала. На Чатырох Азёрах трэба спынiць паляванне, калi ён мае намер захаваць там хоць некалькi баброў i андатраў. Мо i варта было праводзiць тут iнтэнсiўную тыднёвую лоўлю, але не больш за тыдзень. Таму ён пакiнуў усе свае пасткi на ранейшых месцах, але ўжо дакладна ведаў, што павiнен iсцi на Лiтл-Рывер, унiз да возера Пiт-Пiт i назад у сваю хацiну. Трэба рухацца, пакуль снег не выпаў па-сапраўднаму, а рэкi i азёры не скавала лёдам.

Перш чым пакiнуць Чатыры Азёры, Рой прайшоўся па яловых балотах памiж азёрамi. Ён шукаў сляды лася, ведаючы, што Джэк Бэртан, калi назапашвае мяса на ўсю сям'ю, аддае перавагу буйному ласю, а не дробнаму аленю. Рой знайшоў сляды, памёт i абадраную кару на дрэвах там, дзе вялiзны самец стараўся спынiць сверб сваiх раскiдзiстых маладых рагоў. Але самога лася ён так i не знайшоў. Ён убачыў шмат слядоў аленяў, але за ўсе тры тыднi не сустрэў нi аленiхi, нi цяляцi. Гэта было нязвыкла i трывожна, i па дарозе на Лiтл-Рывер ён пiльна сачыў, цi не з'явiцца на хрыбце алень альбо лось у далiне. Ён прыкмецiў адну белахвостую аленiху на схiле каля Лiтл-Рывер i паспеў выстралiць, але ўбачыў толькi, як мiльганула i знiкла ўдалечынi яе белае люстэрка.

– Ну што ж, хоць адзiн алень ёсць у гэтым лесе, – сказаў ён. – Пакiну яго для Джэка. Для фермера Джэка, выратавальнiка Сент-Элена.

Рой гучна засмяяўся ад уласнага жарта, i яго зычны смех рассыпаўся па ўсiм лесе. Ён пайшоў на поўдзень да возера Пiт-Пiт i дамоў, гадаючы, цi застане ў сваёй хацiне Сахатага, цi ён пайшоў ужо ў заказнiк.

Раздзел сёмы

Мэрэй пайшоў, але ў хацiне быў Джэк Бэртан.

– Як Сэм? – спытаў Рой, калi ўбачыў, хто ў яго ў гасцях.

Джэк прычынiў дзверы, на якiя цiснула намеценая завiрухай гурба; яго цела, падобнае на жэрдку, здавалася, расло з бёрнаў падлогi.

– Сэм ўсё яшчэ на ферме, калi ты пытаеш пра гэта, – сказаў ён. – Але не ведаю, цi доўга ён там будзе.

– Цi прыняў ён работнiка?

– Так, але быў вельмi сярдзiты на цябе за тое, што ты пайшоў моўчкi. I Руф таксама сердавала. – Словы Джэка гучалi змрочна. – Ён усё яшчэ гаворыць пра сыход.

– А каго ты наняў iм у памочнiкi?

– Бiлi Эдвардса.

– Бiлi? Гэта той, што купiў каня?

– Ага, ён. Яму патрэбны грошы. Наяўныя. Я наняў яго i каня даволi танна. Бiлi добры працаўнiк. Калi я адыходзiў сюды, ён пачаў капаць канавы на сядзiбе. Ведаеш, ён збiраўся хоць нейкiм чынам выкарыстаць нават тое сапрэлае сена, але нi ў чым не сустракае падтрымкi Сэма.

Рой быў удзячны, але не чакаў нiчога добрага.

– Будзем спадзявацца, што Бiл расшавелiць Сэма, – сказаў ён i скiнуў з плячэй свой мех.

– Магчыма.

Рой сумняваўся ў гэтым i раптоўна адчуў, што Сэм знарок губiць яго, iмкнецца зрабiць з яго ляснога валацугу без iншага прыстанiшча, акрамя гэтага лесу, без iншага жылля, акрамя вось гэтай хацiны.

– Не, ты падумай, Джэк. I як гэта чалавек можа так проста пакiнуць сваю хату? – закрычаў Рой. – Як можа Сэм нават думаць пра такое?

– Акрамя Сэма шмат хто ў Сент-Элене зробiць тое ж самае, – сказаў Джэк. Ажно да самай вайны ўсе мы былi сведкамi, як дробныя фермеры адзiн за адным выбывалi з гульнi. Вайна крыху прыпынiла гэта, але зараз усё пачынаецца нанава. Стары Прат ужо распрадаецца, Рой, а калi стары Прат сышоў з арбiты, чаго дзiвiцца дзеянням Сэма?

Але Роя не суцяшала разбурэнне iншага.

– Для Сэма гэта не апраўданне, – горка зазначыў ён.

– Ён яшчэ мо выстаiць, – памеркаваў Джэк.

– Сумняваюся, – сказаў Рой. – Сумняваюся!

Рой адчуваў, што Джэк сказаў яму не ўсё, але больш нiчога сказаць не паспеў, бо з'явiўся Зел Сен-Клэр; у руках у яго было ружжо, у чорных зубах кароткая пiпка.

– А ты калi сюды з'явiўся? – здзiўлена спытаў Рой.

– Яшчэ ўчора вечарам, – адказаў Сен-Клэр. – Я сустрэў Джэка на Мускуснай завадзi, па дарозе сюды. А зараз я хадзiў шукаць аленяня цi яшчэ каго-небудзь на абед.

– А дзе Сахаты?

– Вiдаць, займаецца паляваннем разам з Самсонам i Скоцi. У канцы таго месяца ён сказаў, што я знайду яго тут. Ён павiнен быць недзе недалёка.

– Дык ён яшчэ не пайшоў у заказнiк?

– Як ён пойдзе без мяне? – сказаў малеча Зел, i яго спiты, зарослы сiвой шчэццю твар стаў злосным i пакрыўджаным. – Мы дамовiлiся сустрэцца тут, i калi ты не пярэчыш, я пачакаю iх тут дзень-другi.

– Вядома, – сказаў Рой. – Каля месяца таму ён быў у мяне, але я думаў, што ён пайшоў у заказнiк. Ён хацеў перакiнуць туды човен. Але мне здаецца, што час для гэтага надта познi; праз тыдзень усюды будзе лёд.

– Ну што ж, пойдзем пешкi, – адрэзаў Зел. – А ты пойдзеш?

– Пры Джэку не магу табе адказаць, – сказаў Рой, выцiскаючы з сябе невясёлы жарт.

Джэк Бэртан старанна рабiў выгляд, што i ўвагi не звяртае на iхнюю размову i цалкам захоплены распальваннем лямпы. Затым ён заняўся кухарствам, але Рой рашуча перапынiў гэта, бо Джэк быў дрэнны кухар. Рой прагаладаўся, таму хутка зрабiў абед з бекону, бобу, яек, бульбы i бляшанкi персiкавага кампоту. Джэк не ўмеў нават зварыць каву, якую любiў Рой, таму той налiў вады з вядра ў эмалiраваны кацялок, закiпяцiў яе, сам насыпаў туды молатай кавы. У дарозе ён пiў гарбату, але ў сваёй хацiне ласаваўся моцнай салодкай кавай са згушчоным малаком. Падчас яды пачалi распытваць Роя, як iдуць яго справы. Ён расказаў iм пра масавую лоўлю на Чатырох Азёрах i прызнаў эксперымент няўдалым. Яны пярэчылi, што ўвогуле ўлоў у яго неблагi, але Рой сказаў, што i гэткага ўлову ён больш не даб'ецца.

– На Зялёных Азёрах больш не засталося баброў, а лiсы i рысi не хопiць i па адным на пастку. Дзеля забавы там можна паставiць адну-дзве пасткi, але сапраўднай лоўлi там не чакай. Непатрэбнага клопату шмат, а здабытак – на капейку.

– Мы з Зелам праверылi некалькi тваiх пастак па дарозе сюды, – сказаў Джэк. – На балоце мы знялi пацука. – Джэк сказаў, што яны садралi скурку i паставiлi яе на распялку. Яна i вiсела на дроце разам са скуркамi дзвюх андатраў, якiя Рой узяў на тым жа балоце.

Рой пачаў ужо распраўляцца з норкай, якую злавiў на Лiтл-Рывер. Седзячы на ложку, ён прытрымлiваў карычневага звярка памiж каленяў, асцярожна падразаў скуру ўздоўж лапак, здзiраючы яе цалкам, i адначасова ачышчаў ад тлушчу. Калi скурка была знятая, Рой нацягнуў яе пушнiнай унутр на доўгую драўляную рамку. Затым, заганяючы ў цэнтр рамкi клiн, ён пачаў расцягваць яе, змазваючы скурку мылам "Люкс", якое ўсунула яму ў кiшэню Джынi Эндрус. Рой славiўся тым, што ўмеў расцягваць скуркi лепш за ўсiх трапераў Муск-о-гi. Ён мог расцягнуць скурку сярэдняга бабра да памераў буйнога, а буйнога – да вялiкага, вялiкага як цэлую коўдру.

– Хутка ты так напрактыкуешся, – сказаў яму Джэк, – што з ласкi расцягнеш iльва.

Рой засмяяўся, але яму здалося, што Джэк жартуе нездарма. Ён зноў падумаў, што Джэк нешта недагаворвае, але, вiдаць, не хоча гаварыць пра гэта пры Зеле.

Магчымасць пагаварыць з Роем адзiн на адзiн з'явiлася ў Джэка на другi дзень, калi яны ўдвух на чоўне зрабiлi невялiкi аб'езд пастак на возеры Т. Але Джэк зноў нiчога не сказаў, i Рой перастаў нават асцярожна нагадваць пра тое, чым ён быў заклапочаны. Высветлiлася толькi адна праблема, але Рой ведаў, што не яна на самай справе клапацiла Джэка.

– Некалькi дзён таму iнспектар выправiўся ў абход, – сказаў Джэк.

– Куды?

– Не ведаю. Ведаю толькi, што ён пайшоў з Сент-Элена.

– Што, шукае сабе прыгоды?

– Так, i мо менавiта тут, – сказаў Джэк. – Ты ведаеш, што будзе, калi ён застане Зела i Сахатага ў цябе ў хацiне?

– Я заўсёды магу сказаць, што не клiкаў iх.

– Гэта не дапаможа, – засцярог Джэк. – Тады табе канцы.

– Мне i так канцы, – сказаў Рой. – Нiводнай скуркi з цэлага возера.

З возера Т яны вярнулiся з пустымi рукамi, i Джэк пераканаў Роя папаляваць з iм на хрыбтах каля Чатырох Азёр, адначасова аглядаючы пасткi, але галоўным чынам адсочваючы аленя альбо лася; аднаго для Джэка, другога Рою на зiмнi запас. Яны пайшлi на другую ж ранiцу i пешкi прайшлi маршрут Роя ў зваротным напрамку, угару да возера Пiт-Пiт i Лiтл-Рывер, затым па хрыбтах да Чатырох Азёр. Зела Сен-Клэра яны пакiнулi ў хацiне чакаць вяртання Мэрэя, i толькi ўдалечынi ад Зела i хацiны Джэк сказаў нарэшце Рою тое, што ўвесь час займала яго. Ён сказаў пра гэта Рою, калi яны залезлi на Снежную Скалу – найвышэйшы пункт уладанняў Роя. Яны стаялi там, пазiраючы на хрыбты, што раскiнулiся ва ўсе бакi, на пашу ласёў i недаступныя тарфяныя балоты. Адсюль лоўка было сачыць за дзiчынай, i яны спынiлiся тут паснедаць.

– Здаецца, я павiнен сказаць табе, што Эндзi Эндрус вярнуўся, – сказаў Джэк.

– Эндзi? – перапытаў Рой. – Вось д'ябал!

– Ён з'явiўся тыдзень таму, – дадаў Джэк.

– А дзе ён з'явiўся?

– У Джынi. Да яе i прыйшоў.

– I ён быў там, калi ты адыходзiў?

Джэк кiўнуў.

– Здаецца, што так, – сказаў ён.

Рой доўга не мог прамовiць нi слова, маўчаў i Джэк. Джэк не раз прыкiдваў, цi варта наогул сказаць пра гэта Рою, але ведаў, што раней цi пазней Рой ўсё адно даведаецца, i сядзеў як на iголках, баючыся, што Зел Сен-Клэр скажа пра гэта першы. Джэк не хацеў, каб Рой даведаўся пра гэта ад Сен-Клэра, бо разумеў, якi выбар патрэбна будзе зрабiць Рою. У яго i так была пагроза страцiць родную хату, iснавала неабходнасць пакiнуць лес i заняцца фермерствам, а таксама непакоiла перакананасць, што паляванне для яго скончылася. А зараз ён мог страцiць i сваю Персефону*.

* Персефона – у антычнай мiфалогii жонка гаспадара падземнага свету, якую муж адпускаў на зямлю да яе мацi Дэметры толькi на некалькi месяцаў за год.

Джэк ведаў таксама, што для Роя магчымы два рашэннi. Па-першае, праседзеўшы зiму тут, ён мог на будучы год пайсцi на поўнач, атрымаць там новы ўчастак. Менавiта гэтага хацеў Джэк для свайго старога сябра, але ён ведаў, як мала для гэтага шанцаў. Зараз, калi Эндзi вярнуўся, калi Сэм не адмовiўся ад свайго намеру кiнуць ферму, калi Рой асаблiва востра адчуваў цiск лесу, – было верагодна, што ён не заглыбiцца ў глуш, пакiдаючы за сабой гэткую неразбярыху. У адрозненне ад Джынi Джэк ведаў, што Рой не пойдзе ў глуш, калi яму не будзе куды вярнуцца. Зараз Рой страцiў абедзве свае апоры, i другое мажлiвае для яго рашэнне было пайсцi з Зелам i Мэрэем у заказнiк з рызыкай, што, найбольш верагодна, яго зловяць, адбяруць дазвол i дзялянку i гэтым загубяць яго самога. Гэта была адна з прычын, чаму Джэк iмкнуўся звесцi Роя ад Сен-Клэра i Мэрэя. Джэк спадзяваўся, што да таго часу, як Рой вернецца ў хацiну, Зел i Мэрэй будуць ужо далёка. I ён цвёрда вырашыў як мага даўжэй утрымлiваць Роя ад вяртання ў хацiну.

– Значыць, Эндзi ўсё-такi вярнуўся, – спакойна сказаў Рой. – Ну што ж! Ён вытрас рэшткi гарбаты ў агонь кастра.

Джэк затаптаў агонь i сабраўся iсцi далей.

– Ну як Эндзi? – марудна прамовiў Рой.

– Патаўсцеў, – сказаў Джэк. – Ён быў у армii.

– Вiдаць, без грошай?

– Ды не. Я бачыў, як ён у бары заказваў шкалiк для Сэма. Ён i сам, здаецца, стаў ахвочы да бутэлькi.

– Што-небудзь казаў?..

Джэк разумеў, пра што пытаецца Рой.

– Не, нiчога.

– I збiраецца застацца?

– Цяжка сказаць. Ты ж ведаеш Эндзi.

– Ён застанецца, – сказаў Рой. – Ва ўсякiм выпадку, да майго вяртання.

Ведаючы Эндзi, Рой быў здзiўлены, што той не з'явiўся проста да яго ў лес, каб высветлiць адносiны. Эндзi заўсёды дзейнiчаў напралом, як бык, атакуючы любую цяжкасць слепа i лбом у сцяну.

– Як ты думаеш, цi прыйдзе ён у лес? – спытаў Рой.

– Не ведаю, – адказаў Джэк. – Я яму сказаў, што цябе неўзабаве чакаюць у Сент-Элене.

Джэк зрабiў усё, каб папярэдзiць з'яўленне Эндруса тут, у лесе, але Джэк не сумняваўся, што, калi Эндрус зразумее сапраўдны сэнс "дзелавых адносiн" Роя i Джынi, першая ж хваля неўтаймоўнага гневу абвязкова прывядзе яго сюды.

Рой нiчога больш не пытаў, i яны сачылi за аленем далей.

Iм трапiлася шмат слядоў аленя на снезе, але нiводнага аленя так i не ўбачылi. Ноч яны правялi ў хацiне ля Чатырох Азёр, а затым аднавiлi паляванне, адначасова аглядалi пасткi Роя. Рой выявiў яшчэ аднаго бабра i рысь у пастцы, i яму зараз даводзiлася цягнуць на спiне вялiкi груз. Яны пайшлi па заснежаных хрыбтах да возера Т i ў накiрунку да хаты, разыходзiлiся, каб ахапiць звыклыя сцежкi аленяў, i зноў сустракалiся ў дамоўленых месцах.

– Хочаш пабачыць мядзведзя? – спытаў Рой, калi яны сустрэлiся ля вялiкай кучы горных валуноў, абкружаных хвойным зараснiкам.

– А дзе ён?

Рой паказаў унiз.

– Прыгледзься вунь да тых скалаў.

Мядзведзь, вялiзны буры лежабока, з'явiўся амаль у тое ж iмгненне i то подскакам, то марудна, шлэпаючы вялiзнымi вiхлястымi лапамi па цвёрдым снезе, рушыў проста да маладой пiхты. Калi дайшоў да ствала, на заднiх лапах выцягнуўся на ўвесь рост i драпнуў па дрэве кiпцюрамi так высока, як толькi здолеў дастаць. Затым ён зароў i злосна ўкусiў за ствол.

– Вiдаць, тым самым ён паказвае iншым мядзведзям, якi ён вялiкi, – сказаў Джэк. – Не iнакш ён вырашыў пахвалiцца ростам перад сяброўкай альбо супернiкам.

– Не ведаю, – сказаў Рой, – але толькi самкi робяць тое самае.

– Нiколi не бачыў, каб яны так грызлi ствол, – сказаў Джэк.

– Гэта яшчэ мала, а я бачыў, як адзiн мiшка ўсеўся на малады дубок i пачаў скакаць на iм, як на канi. – Яны мелi мажлiвасць цiха перагаворвацца, бо былi значна вышэй i за ветрам. – Ты звярнi ўвагу, якi ён адкормлены. Ён зусiм падрыхтаваўся залегчы на зiму. Гэта дрэнная прыкмета, Джэк. Яны так рана кладуцца ў бярлогу, толькi калi становiцца мала дзiчыны.

Яны пазiралi, як мядзведзь прынюхваецца да ветру.

– Дык што, хочаш яго? – зноў спытаўся Рой.

– Занадта шмат клопату, – адказаў Джэк.

Рой прыцэлiўся. Яму даводзiлася страляць у мядзведзяў, калi патрэбны былi цi то скура, цi мяса, але зараз, калi ў гэтых мясцiнах iх заставалася ўсё менш, яму зусiм не хацелася забiваць. Аднак быў момант, калi зацiснуты, але суровы пратэст супраць лёсу заглушыў у iм лепшыя памкненнi: ён ненавiдзеў зараз Эндруса i прыцэлiўся ў мядзведзя; але сама прага жорсткасцi выклiкала агiду да яе, i ён перавёў мушку на ствол пiхты.

– Глядзi, як ён зараз падскочыць, – сказаў Рой. Ён трапiў у ствол каля самага мядзведзя, i адколатая куляй трэска выпадкова стукнула мядзведзя па носе. Мядзведзь замахаў перад сабой вялiкiмi пляскатымi лапамi, нiбыта адмахваўся ад пчол цi мух, затым зноў злосна ўкусiў за дрэва i кiнуўся наўцёкi, а Рой крыкнуў яму ўслед: – Не пакiдай слядоў, гультай, а то я з цябе скуру спушчу!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю