355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джеймс Олдридж » Паляўнiчы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Паляўнiчы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:23

Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"


Автор книги: Джеймс Олдридж


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)

Олдридж Джеймс
Паляўнiчы (на белорусском языке)

Джэймс Олдрыдж

Паляўнiчы

Пераклаў Максiм Валошка

Рою – такому, якi ён ёсць, – першапраходцу новых сцяжынак, пiянеру, чалавеку сярод людзей, якi, як i ўсе да яго падобныя, у рэшце рэшт дабiваецца перамогi над чалавечым адчаем.

Раздзел першы

Рой Мак-Нэйр дакладна ведаў, дзе выберацца з лесу, таму не затрымаўся, калi трапiў на закiнутую лесавозную дарогу. Каржакаваты i дужы, мускулiсты i рухавы, якi выкацiўся з кустоў, як бочка, якую не спынiць. Рой не запаволiў хаду i на цяжкiм пад'ёме па лысым гранiце, проста згорбiўся пад цяжарам грузу, каб даць палёгку кароткiм i дужым нагам. Справiўшыся з пад'ёмам, ён падняў галаву i хутка акiнуў вокам тое, што назвалася пасёлкам Сэнт-Элен.

Гэтая купка раскiданых па наваколлi будынкаў была прыцiснута i, можна сказаць, раздушана ляснымi i гранiтнымi масiвамi, якiя цесна прыпiралi яе да пустога берага возера Гурсы. Пазiраючы на пасёлак, Рой усмiхаўся – найперш Сент-Элену, але i ад згадкi пра тыя днi, калi ён бываў на гэтым схiле са сваiм сябрам Джэкам Бэртанам. Калi б Джэк знаходзiўся зараз побач з iм, Рой кiўнуў бы абыякава ў кiрунку Сент-Элена i прамовiў бы з выклiкам: "Усё яшчэ трымаецца, Джэк. Усё яшчэ трымаецца!" На гэта Бэртан адказаў бы пагардлiва: "Гэты горад будзе стаяць тут i пасля таго, як памрэш ты, Рой, яшчэ доўга пасля таго, як ты памрэш i цябе пахаваюць".

У той час Рой гучна смяяўся б з гэтага ажно да самага канца спуску. Да самага пасёлка ён дражнiў бы Джэка Бэртана, заахвочваючы яго абараняць Сент-Элен ад пагрозы канчатковага паглынання лесам. Тады, пасля доўгага паляўнiчага сезону ў лесе, Рою падабалiся аргументы Бэртана на карысць Сент-Элена, iх не хапала яму i зараз. Рой любiў пазiраць на гарадок з гэтага схiла i хацеў, каб падчас гэтага прысутнiчаў Джэк Бэртан. Але вось ужо чатыры гады, як Бэртан пакiнуў паляванне на карысць фермерства, i Рой, спускаючыся па схiле адзiн, звыкла ўсмiхнуўся, калi гарадок знiк з вачэй, захiнуты бярозамi i соснамi, што цесна абступiлi дарогу.

Хоць Рою было радасна, што хата ўжо блiзка, ён ведаў, што па дарозе яго засмуцiць выгляд разбуранай фермы. Ён прыпынiўся на дарозе i зiрнуў на яе: адзiная ацалелая сцяна на парослым участку. Гэта i само па сабе было сумнае вiдовiшча, але для Роя трагедыя заключалася ў iншым, у назойлiвым напамiнку пра чалавека, якога ён хацеў забыць: пра Эндзi Эндруса, якi ўжо даўно прапаў без вестак. Кожны год, пазiраючы на рэшткi старой фермы, Рой задаваў сабе пытанне: а што, калi Эндзi Эндрус вярнуўся ў Сент-Элен i зараз усё маё жыццё паляцiць у тар-тарары?

– Бедны Эндзi, – прамармытаў ён. Дзiўнае пачуццё – прыязнасць да сябра i страх перад прывiдам – ахапiла Роя. – Аднак, вiдаць, яго ўжо i на свеце няма. – Рой толькi напалову верыў у гэта; але, як выклiк лёсу, ён намаганнем волi прымусiў сябе забыцца пра Эндзi: калi пасля дванаццацi гадоў адсутнасцi Эндзi вярнуўся дамоў, значыць, нiчога не зробiш i давядзецца пераадольваць розныя цяжкасцi. Але зараз куды важней не забыцца пра таго, хто яму сапраўды больш небяспечны, пра пушнога iнспектара, але перад гэтым апошнiм спускам ён не мог выкiнуць з галавы нi адно, нi другое.

Найбольш блiзка было iсцi па дарозе, але звычайна Рой адразу ж збочваў з яе, абыходзiў гарадок i падыходзiў да хаты з тыльнага боку. Тут было менш шанцу сустрэць iнспектара, якi меў права спынiць i абшукаць яго ў спадзяваннi знайсцi незаконную i несезонную пушнiну, што iнспектар i спрабаваў рабiць штогод на працягу ўжо дваццацi гадоў. На гэты раз Рой даўжэй чым звычайна не збочваў з дарогi, бо спазнiўся. Яму хацелася вярнуцца ў Сент-Элен яшчэ да змяркання, карцела паспець на вячэру на братаву ферму. Страсаючы пот, якi сляпiў яму вочы, i апошнi раз папраўляючы на плячах лямкi, ён заўважыў, што над галавой кружыцца вялiкая вушастая сава. Ён спынiўся i ўбачыў, як яна распасцерла крылы i па ўсiх правiлах спiкiравала цераз прасеку з вяршынi высокага дрэва да самай зямлi. У лесе стаяў ужо густы змрок, каб заўважыць канец пiке, але Рой зразумеў, што яно скончылася, калi на ўвесь лес пачуўся савiны енк i плач.

Хоць Рою i не хацелася затрымлiвацца, ён збочыў i пачаў прадзiрацца праз кустоўе, каб паглядзець, што здарылася. На ўзлеску, амаль ля самай зямлi, ён убачыў саву. Яна моцна засела галавой у раскрыжаваннi ствалоў маладой бярозкi. Сава ў адчаi i гневе шырока распасцерла крылы, а кiпцюрамi глыбока ўпiлася ў мох i зямлю. Калi Рой падышоў, яна паспрабавала пагрозлiва падняць галаву. Рой знайшоў палку, i сава схапiла яе сваiм крукаватым носам. Пасля ён рассунуў ствалы бярозкi i вызвалiў саву. Яна ўпала, i Рой адышоўся, баючыся, што сава зачэпiць яго падчас узлёту, але яна трапяталася на зямлi: яе крылы былi амаль што вырваны.

Рой падняў маленькую палявую мыш, якую выпусцiла сава. Мыш была жывая, але ўся здранцвела са страху. Рой паклаў яе ў бяспечнае месца памiж двух карчоў i вярнуўся да савы. Яна смяротна разбiлася. Рой адышоўся, двойчы стукнуў бярозавым суком па яе галаве, i сава сцiшылася. Ён падумаў: "I чаму гэта сава, начны птах, задумала паляваць днём? Вiдаць, ад старасцi? Альбо з голаду?" Ён паглядзеў, як шмыгнула далей ад страху апрытомнелая мыш, пасля рушыў па дарозе далей.

Ён збочыў з яе, калi ўбачыў агнi крамы Дзюкэна. Ён перасек пустку i збiраўся нырнуць у пiхтавы маладнячок, калi спераду, крокаў за пяцьдзесят, з'явiўся чалавек, якi, вiдаць, чакаў яго. Рой рэзка павярнуўся i iмгненна знiк, з усяе сiлы дзеручыся праз густы зараснiк. Ён спынiўся толькi тады, калi пачуў, як яго клiча знаёмы голас. Калi павярнуўся, дык убачыў за спiнай худую постаць з сякерай у руцэ i пачуў смех Джэка Бэртана.

– А ты становiшся неабачлiвым, – сказаў той. – Я заўважыў цябе за мiлю, яшчэ на спуску.

– Фермер Джэк! – радасна ўсклiкнуў Рой. – Што ты тут робiш?

– Падпiльноўваю цябе, а ты прэш як мядзведзь.

– Я так i ведаў, што гэта ты, бо iншай такой худзiзны няма ў цэлым Сент-Элене.

– Ты думаў, што гэта iнспектар, – адказаў Бэртан.

Рой пасмяяўся i з Бэртана i з сябе.

– Аднак што ты тут усё-такi робiш? – спытаўся ён яшчэ раз.

Бэртан узяўся за сякеру:

– Карчую вось гэтую пустку.

– Дык ты батрачыш на матухну Дэнiс?

– Я фермер, – сказаў Бэртан. – У сваiм жыццi я не буду нi на каго батрачыць. Дровы матухне Дэнiс, зямля мне.

– Абкрадваеш бедную старую, – сказаў Рой.

– Ты мяне паслухай, – адказаў Бэртан. – Адным цудоўным днём iнспектар падпiльнуе цябе i, калi ўбачыць, што ў тваiм мяшку пушнiны звыш нормы, адбярэ ў цябе ўчастак, а самога аддасць пад суд!

Гэта была помста, але гэта было i цвярозае папярэджанне чалавека, што ведаў, якiм няшчасцем было б для Роя пазбаўленне свайго паляўнiчага ўчастка i права на паляванне. А гэтае няшчасце пагражала Рою падчас кожнага вяртання ў Сент-Элен, бо ён, як зарэгiстраваны трапер*, меў права на пэўную колькасць скурак кожнага пушнога звера i не больш.

* Трапер – у Паўночнай Амерыцы паляўнiчы на пушнога звера, якi скарыстоўвае пасткi.

Спынi i абшукай яго iнспектар зараз – гэта было б канцом для Роя-паляўнiчага, бо, вядома ж, у яго за спiнай было шмат больш за норму, i Джэк Бэртан гэта добра ведае.

– Ну, iнспектару яшчэ трэба злавiць мяне, – прамовiў Рой.

Згадка пра даўнi паядынак з iнспектарам была прыемнай для Роя, але папярэджанне Бэртана на iмгненне засмуцiла яго.

– Адным цудоўным днём ён зловiць цябе, Рой, – сказаў Бэртан i перавёў гаворку на iншае. – Як паляванне? – спытаўся ён, абмацваючы заплечны мяшок Роя.

– Вясновы бабёр, андатра, – прамовiў Рой, – некалькi лiсiц i катоў. Мала становiцца, Джэк, вельмi мала.

– Калi ж ты збiраешся выправiцца на поўнач, Рой?

– Калi так будзе працягвацца, дык не затрымаюся. Вылаўлены ўвесь участак. Хiба што за Чатырма Азёрамi знойдзеш ладную бабровую хатку. А норак мне за цэлы год нiводнай не трапiлася. Канчаецца для нас паляванне, Джэк.

– Пра гэта ты казаў яшчэ чатыры гады таму.

– Казаў i зараз кажу, – мiрна запярэчыў Рой. – З Муск-о-гi скончана. Можна аддаць тэрыторыю Бобу i iншым Аджыбуэям.

У свой час Муск-о-гi быў паляўнiчай тэрыторыяй iндзейскага племенi Аджыбуэяў. Гэта яны назвалi так недаследаваную прастору, якая раскiнулася на поўнач ад возера Гурон аж да хрыбта Срэбны Даляр. Пiянеры выжылi адтуль iндзейцаў, i на працягу двухсот гадоў заказнiк Муск-о-гi добра служыў паляўнiчым i дробным фермерам. Ён i зараз кармiў iх, асаблiва тых трынаццаць трапераў, якiя мелi там паляўнiчыя ўчасткi; але Рой перакананы, што ў Муск-о-гi хутка паляўнiчым не будзе чаго рабiць.

– Праўда, Джэк, – сказаў ён, – вось i дапалявалiся.

– Дык што ж цябе тут трымае? – спытаўся Бэртан. – Трэба хутчэй перасоўвацца на поўнач, а то будзе позна. Усе паляўнiчыя Муск-о-гi разявяць рот на новыя ўчасткi на поўначы, i на будучы год ты застанешся са сваiм iнтарэсам. Дык што ж цябе тут трымае? – Джэк Бэртан ведаў, што ўтрымлiвае Роя. Рой любiў вяртацца з лясоў у сваё абжытае жытло. Рою цяжка будзе падацца далёка на поўнач i адрэзаць сябе ад сваiх, стаць бяздомнай лясной скацiнай. Але, з iншага боку, за пятнаццаць гадоў сумеснага палявання Бэртан ведаў, як патрэбен Рою лес. У Роя не было iншага жыцця.

– Але калi ты не прыспешыш свае пярэбары на поўнач, Рой, табе давядзецца тут калупаць зямлю за кавалак хлеба. – Зважаючы на тое, што Рой адразу ж стаў змрочны, Джэк зразумеў, якая для яго гэта страшэнная пагроза, i пашкадаваў, што сказаў пра гэта падкрэслена выразна.

– Раней ты станеш прэм'ер-мiнiстрам, чым я фермерам, – прамовiў Рой i ўсмiхнуўся свайму ранейшаму таварышу па паляванню. – Эх ты, фермер Джэк! сказаў ён. – Фермер Джэк!

– Ну i што, што фермер? Чаму гэта дрэнна?

– Нядрэнна для хворага i для жанатага, бо што яшчэ застаецца? Але каб у цябе была хоць якая мажлiвасць, ты заўтра ж вярнуўся б у лес. – Рой ведаў, што гэта не зусiм так. Джэк Бэртан быў фермерам ад нараджэння i па добрай волi, але ён надта зжыўся з лесам, каб забыцца пра яго канчаткова. Хоць ён i адмовiўся ад палявання, але адзiн раз у год выпраўляўся ў лес, – каб назапасiць аленiны, як ён сам казаў, але на самай справе – i Рой гэта ведаў, каб выгнаць з сябе лес на ўсю рэшту года. – Ну як, збiраешся сёлета? спытаўся Рой.

– Мажлiва i выберуся ў лес да Каляд на аленя, – адказаў Бэртан.

– Слядоў многа, – прамовiў Рой, – а самога аленя не бачыў.

– А ласi?

– Ну, лася заўсёды ўпалюеш. Справа ў тым, каб высачыць яго раней за Мэрэя або Зела Сен-Клера. Яны ўжо торкаюць свой нос ва ўсе ўчасткi, рыхтуюцца да зiмовага палявання.

– А iнспектар рыхтуе iм па добрай турэмнай камеры. Мэрэю адваляць дзесяць гадоў, калi iнспектар зловiць яго, а Зел – той адразу трапiць у Форт-Уэнтварт. Iнспектар папярэдзiў, што ў горадзе, яго не зачэпiць, але калi сустрэне ў лесе, дык пасадзiць абавязкова. А Мэрэя пасадзяць, дзе б ён нi трапiўся.

– Няхай толькi не спрабуе лавiць iх у лесе. А то калi сустрэнуць яго там Мэрэй або Зел – будзе лiха.

– Глядзi, не давай iм дазволу на карыстанне тваiмi хiбарамi, – хутка сказаў Бэртан.

– Але хiба iх упiльнуеш? Яны як снег, выпаў – i няма яго. А Мэрэн я не бачыў цэлае лета.

– А Зел толькi што заявiўся ў горад, – паведамiў Джэк.

Рой недачуў, i яму стала вельмi прыкра.

– Хто прыйшоў у горад? – спытаўся ён.

– Зел Сен-Клэр, – адказаў Джэк.

– А, Зел! – Рой зiрнуў на Джэка, яму хацелася даведацца, цi не вярнуўся Эндзi Эндрус; але спытаць пра Эндзi было для яго вялiкай пакутай, як пакутай было для Джэка Бэртана сказаць хоць слоўка пра былога iхняга супольнiка, хоць Джэк ведаў, як турбуе гэта Роя.

– А дзе Зел? – спытаўся Рой, зноў праганяючы з галавы Эндзi, пераконваючы сябе, што i сёлета, як i раней, Эндзi не з'явiўся i не з'явiцца нiколi. Пайшоў i не вернецца. – Хiба Зел працуе на дарозе? – спытаўся ён у Джэка.

– Не. Я пусцiў яго ў закiнуты будан у канцы маёй лесасекi. У яго жонкi яшчэ адно немаўля.

– I навошта ты пускаеш яго ў будан? Ты ж дарожны ўпаўнаважаны? Ты мусiш сачыць за парадкам! – Рою падабаўся тытул "дарожны ўпаўнаважаны" не толькi за гучнасць, але яшчэ i за тое, што яго насiў сябар Джэк Бэртан, хоць i быў ён толькi дзесятнiкам у час летнiх дарожна-рамонтных клопатаў. – А Зел плацiць табе?

– Гэта за маю развалюху? Я пусцiў яго, каб ён ачысцiў i ўзараў лесасеку.

– Хочаш зрабiць з яго фермера?

– Не. Але зараз, калi ён страцiў свой участак у лесе, яму нельга грэбаваць нiчым.

– З Зела, як бы нi стараўся ён пракармiць сям'ю, акрамя валацугi нiколi нiчога не атрымаецца. Ты нiколi не зробiш з яго фермера, – сказаў Рой.

– Тым горай для яго, – заўважыў Джэк.

– Я думаю, што Мэрэй таксама пастараецца ўбачыць жонку i дзяцей.

– Яна паехала ў Марлоў, працуе на кансервавым заводзе, – прамовiў Джэк.

– Бедная Мэрэй! – уздыхнуў Рой. – Несправядлiва гэта з боку iнспектара так прыцясняць чалавека толькi за тое, што ён узяў некалькi скурак не ў сезон.

– Не ў сезон i не там, дзе дазволена! У хацiне Мэрэя ў пушным запаведнiку знайшлi скурак на дзве тысячы даляраў. Калi б ён не ўцёк, з iм расправiлiся б адразу.

– Ат, што тут казаць, абодва злодзеi i валацугi! – прамовiў Рой, папраўляючы лямкi заплечнага мяха.

– А калi ты не перастанеш мець з iмi справу, скончыш тым жа: станеш не паляўнiчым, а зверам. – Гэта быў выраз Роя, якi Джэк павярнуў супраць яго самога. Але Рою падабалася, што Джэк паўтарае яго словы.

– Пакуль мяне чакаюць дома, я не стану валацугам, – сказаў Рой, хаваючы сур'ёзнасць за жартаўлiвым тонам. – Я яшчэ зайду да цябе, Джэк. Абавязкова зайду, перш чым вярнуцца на возера.

– Ты нап'ешся, i я цябе не ўбачу, пакуль сам не збяруся на возера! гукнуў на развiтанне Джэк Бэртан, але Рой быў ужо далёка, i ў адказ Джэк пачуў са змроку вячэрняга лесу толькi яго смех.

Цемра апярэдзiла Роя, i калi ён адчынiў дзверы ў цёпла напаленую кухню, яго нявестка гатавала вячэру.

Яна спалохалася.

– Думала, што гэта мядзведзь, Руф? – спытаўся Рой.

– А як я магла даведацца, што гэта ты? – незадаволена прамовiла яна. – Сэм дома, а больш мы нiчога не чакаем. Хiба можна так перцiся просто з лесу?

Роя цешыў яе спалох i ён не звярнуў увагi на яе незадаволены тон. Сэм вярнуўся так рана? – спытаўся ён, паставiўшы мех ля сцяны i вывалiўшы рукi.

– Ён заўсёды вяртаецца рана, – з'едлiва адзначала Руф Мак-Нэйр. – Да зiмы далёка, а ён рэдка працуе цэлы дзень. Позна выходзiць, рана вяртаецца.

– Вiдаць, старэе, – сказаў Рой i пайшоў па лесвiцы ў свой пакой. Ён скiнуў на падлогу мех i дастаў запалкi, каб запалiць лямпу. Яна была брудная – i нi кроплi газы. Ён спусцiўся ў кухню i пачаў налiваць яе з невялiкага бiтона. Тут зайшоў брат.

– Ну, як справы? – спытаўся ён.

– Няблага, Сэм, няблага.

– Як сёлета бабёр?

– Скуркi добрыя, толькi мала. – Гаворачы з братам, Рой ветлiва выпрастаўся, але Сэм ужо выйшаў. Рой зноў сагнуўся i залiў лямпу. Ён выцер яе, запалiў i занёс у свой пакой.

Рой выцягнуў з мяшка тры звязкi скурак i паклаў iх пад матрац. Гэта не тое, каб ён iх хаваў. Ён клаў iх туды, каб разгладзiць: бо за цэлы дзень яны скамячылiся ў мяху. Больш у мяшку нiчога не было. Ён шпурнуў яго пад ложак i выцер брудныя рукi аб калашыну. У непрыбраным пакоi было пыльна i душна, таму ён адразу разнасцежыў акно.

Затым Рой пайшоў у кухню, памыўся ля ракавiны, пад пiльным позiркам худзенькай, з бяскроўным тварам дзяўчынкi гадоў васьмi.

– Добры дзень, Грэйс, – сказаў ён, але дзяўчынка моўчкi назiрала, як ён плюхаецца. Рой памыў за дзвярыма ногi i падняўся да сябе, каб да вячэры пераапрануцца ва ўсё чыстае. Калi палез па чыстую сарочку ў сасновую камоду, высветлiў, што добрая палова яго рэчаў знiкла: свiтэры, летняя бялiзна, нават порткi i боты. Бывала, раней таксама прападала сарочка-другая, але такога яшчэ не здаралася. Гэта яго раззлавала. Хто гэта такi ўвiшны: брат цi гэтае хлапчанё – пляменнiк Фрэнк? Нельга сказаць, што яму было шкада вопраткi. Роя злавала, што так сустракаў яго пасля адсутнасцi родны дом. Гэта было прыкметай нечага больш грознага, чым проста знiкненне нейкiх шмотак. Ён адагнаў горкiя думкi, спусцiўся ўнiз i сеў за стол.

Там ужо быў Фрэнк, якому мацi рабiла прачуханца за тое, што ён прападаў аж да ночы. Гэта быў ружовашчокi хлапчук гадоў дванаццацi, ростам з бацьку i вышэй за Роя. Але ён быў худы, i блакiтная сарочка Роя вiсела на iм, як на калу. "Значыць, гэта Фрэнк", – падумаў Рой.

– Хэло, Фрэнкi, – прамовiў ён да хлапчука.

– Хэло, Рой, – гучна адказаў той.

– Размаўляй з дзядзькам як след, – паправiў яго бацька. – А калi яшчэ раз заявiшся так позна, выпраўлю спаць у хлеў, са свiннямi. – Пагроза была сур'ёзная, але выказана была неяк вяла.

Фрэнк усмiхнуўся Рою, i ўсе працягвалi моўчкi вячэраць.

Вячэра была прэсная, нясмачная, зусiм не такая, якой чакаў Рой. Зараз восень, павiнна быць маладая бульба, гарошак, гарбуз, капуста, новы хлеб. А замест усяго гэтага вывараная свiнiна i кукурузная каша. Добра яшчэ, што свiнiна была свежая.

– Ты што, купiў парсюка? – спытаўся Рой.

– Не, прадаў свiнню, – адказаў Сэм. – Апошнюю. Зараз у гэтым доме не хутка паласуюцца свiнiнай. – I быццам адказваючы на наступнае пытанне Роя, Сэм хуценька працягваў: – Давялося прадаць яе, Рой, каб купiць у Пiта Дрокэна хоць крыху гарбаты i цукру. Сабе пакiнулi толькi кумпяк; яна ў нас была адкормленая. – У яго словах зноў прагучала вялая горыч.

– Трэба ж было хоць нешта прадаць, каб атрымаць грошы, – з'едлiва дадала Руф.

Рой прамаўчаў. Тое, што тварылася ў гэтым доме, падабалася яму ўсё менш i менш, але нiчога ўжо не магло здзiвiць яго тут нi ў мiнулым, нi ў сёлетнiм, нi ў будучым годзе. Проста справы iшлi ўсё горай. Пасля вячэры дзяцей адаслалi спаць, хоць Фрэнк гучна пратэставаў, што яшчэ толькi восем гадзiн. На гэта мацi не знайшла лепшага адказу, як даць кухталя, i з адыходам дзяцей кухня адразу стала змрочнай.

Сэм i Рой уселiся ля печкi, а Руф прыбiрала са стала. Усе трое доўга маўчалi. Сэм курыў, Рой жаваў тытунь i стараўся атрымаць асалоду ад усведамлення, што ён, нарэшце, у сваiм доме. Але гэта яму не ўдавалася, бо ён не мог быць спакойным нават дома, пакуль не даведаецца пра Эндруса. Яму хацелася абыякава спытацца ў Сэма: "А Эндзi яшчэ не вярнуўся?" Але менавiта гэтых слоў ён i не мог вымавiць, i таму сядзеў моўчкi i чакаў, калi загаворыць Сэм. Як i ў мiнулыя гады, Рой пераконваў себя, што калi б Эндзi вярнуўся, пра гэта хоць хто-небудзь ды сказаў бы, аднак ён не быў перакананы i чакаў.

– Калi збiраешся вярнуцца на возера? – спытаўся Сэм.

– Праз некалькi дзён, – адказаў Рой.

Сэм не пазiраў на малодшага брата.

– А ты не мог бы затрымацца? – спытаўся ён.

– Я павiнен вярнуцца, Сэм. Я прыйшоў толькi ўзяць харчу на зiму.

Брат i так ведаў гэта, але Рой iмкнуўся быць цярплiвым.

– А ты не мог бы застацца тут да зiмы? – спытаўся Сэм.

– Навошта? – Рой быў здзiўлены.

Сэм памаўчаў, падшукваючы аргументы на карысць сваёй просьбы.

– Табе трэба застацца i дапамагчы мне па гаспадарцы, Рой. Толькi да зiмы, толькi некалькi тыдняў.

Яны абодва гаварылi стрымана,i зараз былi вельмi падобныя. Сэм быў толькi на паўтара года старэйшы за Роя i на нейкiя два дзюймы вышэйшы. Складам, манерай гаворкi i знешнасцю яны былi падобны адзiн да аднаго, толькi Сэм быў больш рыхлы i марудлiвы. Але яны па-рознаму адносiлiся да жыцця. Рой не меў нi прыгнечанасцi, нi спагады да сябе, нi горычы. Сэму ж былi ўласцiвы ўсе тры гэтыя пачуццi, i калi яны выяўлялiся, Рой проста не ведаў, як сябе паводзiць.

– Я не магу заставацца гэтай парой у горадзе, – паволi адказаў ён.

– Але чаму? – спытаўся Сэм. – Што дадуць табе гэтыя некалькi тыдняў?98

– Шмат, Сэмюэль. Участак стаў небагаты, ты ж ведаеш. Пастак у мяне столькi, што я ледзь паспяваю iх абысцi, але здабыча такая малая, што рана цi позна мне давядзецца браць новы ўчастак на поўначы.

– Ты ўжо даўно гаворыш пра гэта, – сказаў Сэм i цыркнуў слiнаю ў агонь. Я ведаю, што твой участак збяднеў. Менавiта таму табе i трэба застацца ў Сент-Элене. Паляванне ў Муск-о-гi закончана, Рой. Лепей ты дапамог бы мне ўратаваць ферму. Аднаму чалавеку гэта не пад сiлу. Чаму б табе не паспрабаваць хоць адзiн год? Чаму?

– Я паляўнiчы, Сэм. Ты – фермер.

– Проста я старэйшы сын! – самотна прамовiў Сэм. – А ты фермер лепшы, чым я, такiм фермерам я не стану нiколi.

Рой не любiў, калi яму гэта казалi, але ведаў, што гэта праўда. Калi пасля першай сусветнай вайны ён дзевятнаццацiгадовым юнаком вярнуўся з Францыi, два гады гаспадарыў на ферме. I гэтыя два гады пасля вайны ён не даваў ферме захiрэць, ачысцiў ладны ўчастак зямлi, апрацаваў яе так, што яна трымалася да гэтага часу. Але двух гадоў фермерства для Роя было дастаткова, i ён узрадаваўся, калi старэйшы брат вярнуўся з Таронта з пустымi рукамi i пачаў займацца фермай. Сэм быў старэйшы, i ферма належала яму. Iхняя мацi памерла, пакiнуўшы iх яшчэ зусiм малымi, бацька памёр, калi яны абодва былi на фронце, а малодшы брат хутка пакiнуў Сент-Элен i пачаў працаваць на руднiках у Сэдберы. Зараз ферма належала Сэму, i гэта ён мусiў працаваць на зямлi, а не Рой. Ён не адмаўляўся дапамагчы Сэму летам, калi на гэта можна выкраiць час i калi яму можна пабыць у горадзе, але зараз зусiм не той час, каб Рою тырчаць у Сент-Элене, i Сэм гэта добра ведае.

– Ну толькi зараз, толькi адзiн раз, Рой, – прасiў Сэм. – Дапамажы мне падрыхтавацца да зiмы.

– Калi я застануся да зiмы, – сказаў Рой, – тады я ўжо не здолею пайсцi.

– А навошта табе iсцi! – настойваў Сэм.

Рой адчуў пастку, але спрачацца яму не хацелася.

– А хiба ў цябе дрэнна iдзе гаспадарка, Сэм? – спытаўся ён. – Не павiнна. – Ён прамовiў гэта як мага спакайней.

Сэму таксама не хацелася спрачацца, але ён не мог справiцца з пачуццём горычы.

– Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на iншага, ва ўсякiм разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымлiваеш грошы. А выручка з фермы – яе i не бачыш.

– Хiба ты нiчога не атрымаў ад ураджаю?

– Атрымаў, але, калi за ўсё заплацiў, грошай не хапiла нават на насенне, не кажучы пра нейкiя закупкi ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоiмку за трыццатыя гады, i нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцiм годзе.

Рой ведаў пра гэтыя даўгi, але якi фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзiлася выкручвацца, плацiць, калi ёсць чым, а не – дык залазiць у даўгi, праклiнаючы высокiя адсоткi i падаткi i зямельныя банкi, якiя абдзiралi iх да нiткi. I ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павiнен быў так збяднець; збяднець аж да таго, каб спусцiць апошнюю свiнню. За ўвесь той доўгi час, што Мак-Нэйры апрацоўвалi зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з iх прадаваў апошнюю свiнню, i дзеля чаго: на гарбату i цукар. Такое мог зрабiць толькi чалавек, даведзены да мяжы адчаю.

– На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабiцца, – працягваў Сэм. Можна пракармiцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако i хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.

– А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, – сказаў Рой.

– Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калi на ўсё iншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшанiца i няма кармоў. Усё лета зямля мокла, i палова сена згнiла.

Рой аднак не мог зразумець.

– Але, калi зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую iншую гароднiну?

– Ды не цяжкая яна, – сказаў Сэм, – а ўся забалочаная, пракiсла.

– Дык асушы яе.

– Ты ж ведаеш, толькi пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.

– А хiба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?

– У мяне толькi дзве рукi, – сказаў Сэм. – Вось чаму табе i трэба застацца. Мы наладзiлi б асушку сядзiбнага надзела, выкарчавалi б сорак чацвёртую расчыстку, маглi б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукi, Рой, а наняць я нiкога не магу.

– А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.

Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлiвым позiркам i адвiслымi грудзямi, прысела ля стала.

– Ён быў вельмi заняты, усё здаваў коней, – сказала яна, – а грошы трацiў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць iншыя.

Сэм не спрачаўся з жонкай, i Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў iншым: ён няздольны зразумець, што фермерства – гэта разлiк; разлiк ва ўсiм; нiколi не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, нiколi не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, нiколi не пакiдаць жывёлу i сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага нi спрыту, нi жадання. Калi ён i страцiў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаi.

– А як конi? Працуюць? – Роя гэта цiкавiла асаблiва, бо гэта ён купiў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купiў толькi два гады таму, затрацiўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але i гэта не паспрыяла Сэму.

– Я прадаў запрэжку, – сказаў Сэм i ўпершыню зiрнуў на Роя.

– Навошта, Сэм, – злосна ўсклiкнуў Рой. – Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!

Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нiчога не атрымалася.

Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзiўленне i гнеў ён нейтралiзаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамi. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны i прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькi душэўны распад брата, але i распад дома, сямейнага кутка.

– А як жа ты справiшся без коней? – сумна прамовiў Рой.

– Нiяк не спраўлюся, калi ты не дапаможаш мне. Пра гэта я i талкую табе, Рой.

У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены i самотны, проста не падобны сам на сябе.

– А што, калi я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе? – прапанаваў Рой. – Джэк зробiць усё, што можа.

– У яго i без мяне хапае клопату, – сказаў Сэм.

– Не хочам мы яго, – умяшалася Руф Мак-Нэйр. – Ён свiнапас i лесаруб, адно слова – падзёншчык.

– Ён добры фермер, Руф, – прамовiў Рой.

– А для мяне ён заўсёды будзе батраком, i я не хачу, каб такiя людзi дапамагалi мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такiм ён быў, такiм i застанецца.

Рой цярплiва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькi Руф – старога Боба Мудзi. Сёння нiхто з гэтай сям'i не затрымаўся на зямлi, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж кармiла яго. Ён нават купiў два акры той зямлi, якую стары Мудзi мусiў прадаць, калi яго зрабiлi банкрутам зямельныя банкi i зламалi пастаянныя спрэчкi, сваркi i грубасць сваiх жа дзяцей, у тым лiку i Руфi. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў iх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю i дробязнасцю, нiколi не падтрымлiваючы яго ласкавым словам, спагадлiвым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабiць Сэма такiм, якiм ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў iх адно ад аднаго, хiба што толькi ў тым, што Сэм быў канчаткова знясiлены i амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ i зараз спрабавала падбухторваць яго. "Бедны Сэм, – падумаў Рой. – Яму патрэбна была цiхая, спакойная жонка, якая клапацiлася б пра яго i паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова i кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становiшча Сэма".

– Не хачу я яго, – паўтарала яна i зараз пра Джэка Бэртана. – Я яму i самому скажу тое ж самае проста ў вочы, калi вы яго сюды прывядзеце. Ён не патрэбен нам!

– У яго ж уласная ферма, – сказаў Рой, звяртаючыся да, Руф з марнай спробай абаранiць Джэка. – I гаспадарыць ён няблага.

– Яму iнакш i нельга, маючы гэткую жонку: напладзiлi цэлы вывадак.

Гэтыя грубыя словы, сказаныя з цынiчнай усмешкай, былi падмацаваны непрыстойным жэстам яе нязграбных рук. Роя абурыла такая грубасць, не вартая чалавека, i ён адвярнуўся.

Сэм пакiваў галавой.

– Джэк выкручваецца таму, што збiрае хоць нейкi капiтал – карчуе зямлю iншым, працуе на дарозе, прадае гарбузы, але праз год-другi i яго прыцiснуць. Усе гэтыя карлiкавыя фермы ў сасновай зоне не выжывуць. Тут месца зусiм не для ферм. Уся гэтая паласа ўздоўж Гурона ўзнiкла таму, што некалькi пустагаловых бедных кратоў, накшталт дзядулi Мак-Нэйра, прывалаклiся сюды за лесарубамi i пачалi калупацца пасярод скал: вырасцяць бульбу, выгадуюць свiней i выцягваюць грошы з лесарубаў. Мо тады гэта i было вынiковым, але яно скончылася адразу, як толькi лясныя кампанii ўзялi ўсё забеспячэнне ў свае рукi. А пасля, калi лесарубы агалiлi ўсю акругу i пайшлi, фермерства тут пазбавiлася апошняга сэнсу. Тады трэба было сысцi i Мак-Нэйрам, iсцi ў Манiтобу, на Нiягару, у Буфало, у Дэтройт. А яны не сышлi, чаплялiся за лясную ўскраiну, як занесеныя снегам авечкi, якiя баяцца скрануцца з месца, – Сэм носiкам бота адчынiў дзверцы печкi i плюнуў на вуголлi. – Дык вось, я менавiта той Мак-Нэйр, якi не затрымаецца тут, калi не атрымае дапамогi. Я гэта кажу сур'ёзна, Рой.

Рой прамаўчаў.

– Калi ты прыйдзеш наступным разам, Мак-Нэйраў тут ужо небудзе.

Рой ступiў некалькi цяжкiх крокаў, адчынiў дзверы кухнi i цвыркнуў у цемру чорным струменем тытунёвай жвачкi. Вярнуўся да агню, усеўся на сваё месца побач з братам i прасядзеў там моўчкi, пакуль рашэнне, што мае быць, не ўклалася ў яго ў галаве. Тады ён падняўся наверх i адразу спусцiўся ўнiз з вялiкiм пакункам i двума звязкамi скурак з-пад матраца.

Руф Мак-Нэйр назiрала за iм. Ведаючы, куды ён збiраецца, яна з'едлiва прамовiла, калi ён адчыняў знадворныя дзверы:

– Вось пойдзеш так калi-небудзь да Эндруса i спаткаеш свайго Эндзi.

Рой прыпынiўся ля адчыненых дзвярэй.

– Кажуць, што яго бачылi! – гукнула яна следам.

Рой iмкнуўся не слухаць яе, але гэтыя словы ўжо ўчапiлiся ў яго i рвалi на часткi яго насцярожанае сумленне. Шыбуючы па асветленых месяцам камянiстых градах на палях i сасновых лясах, ён увесь час думаў: а што, калi Эндзi Эндрус ужо дома, з Джын, i чакае, калi на дарозе з'явiцца Рой. Вось ужо дзесяць гадоў, iдучы па гэтых мясцiнах, Рой задаваў сабе ўсё тое ж пытанне, але нi разу яшчэ не было i прыкмет на тое, што Эндзi дзесьцi тут.

Дванаццаць гадоў таму апошнi раз бачылi, як Эндзi Эндрус пешкi iшоў па дарозе ў Марлоў, крышку п'янаваты, да той мяжы, каб не звяртаць на сябе ўвагi, але, вiдаць, дастаткова цвярозы, каб ведаць, што рабiць. Пакiнуўшы жонку i дваiх дзяцей, ён так i не вярнуўся. Нават палiцыя не змагла адшукаць яго жывога цi мёртвага. Усе, хто ведаў Эндзi, у тым лiку i Рой, верылi, што Эндзi жывы i калi-небудзь вернецца. Ён заўсёды быў няўрымслiвы i хуткi на рашэннi, лёгка трапляў у бяду, але заўсёды з яе выблытваўся. У дзяцiнстве яны з Роем i Джэкам Бэртанам былi тройкай неразлучных малайцоў, неўтаймоўных, апантаных духам разбурэння, iх рэдка бачылi ў школе, яны вечна прападалi ў лесе, аблазiлi ўсю акругу ад Гурона да Соа. Дваццацiгадовымi юнакамi яны разам палявалi i ставiлi пасткi, але Эндзi быў занадта няўрымслiвы, каб праводзiць у лесе месяц за месяцам, i ён выправiўся ў Таронта, адкуль хутка вярнуўся з жонкай, жанчынай, народжанай i выхаванай у горадзе, якога яна да гэтага нi разу не пакiдала. Ажанiўшыся, Эндзi зрабiў усё, што мог, каб наладзiць аседлае жыццё. Яго бацькава ферма была ўжо даўно закiнутай, i Эндзi перабраўся на ранейшую ферму Мак-Нэйраў – драўляны зруб на тры пакоi з прысядзiбным участкам. Некалькi гадоў ён быў падзельнiкам у Сэма Мак-Нэйра, працаваў заўзята, калi працавалася, але так i не стаў фермерам, не затрымаўся на зямлi. I Рой i Джэк Бэртан заўсёды лiчылi, што ў рэшце рэшт ён уцячэ, а калi ён уцёк, iм стала не хапаць яго, асаблiва Рою. Акрамя таго, што ён страцiў Эндзi-сябра, не стала i незаменнага партнёра ў дзелавых аперацыях. Iменна Эндрус забiраў у Роя ўсе лiшкi пушнiны – усе незаконныя i не ў сезон здабытыя скуркi – i спакойна збываў iх на пушнiннай факторыi ў Бага – блiжэйшым гарадку, кожны раз чакаючы, пакуль Рой не вернецца ў лес, i пазбаўляючы яго ад усялякай падазронасцi. Тым, што Рой так лёгка збываў увесь свой незаконны набытак, i тлумачылiся яго паляўнiчыя поспехi. Без незаконнай пушнiны ён нядоўга пратрымаўся б на сваiм паляўнiчым участку, на законную норму нельга было пражыць. Калi Эндзi збег, Рой апынуўся ў складаным становiшчы. Сам ён не мог вазiць скуркi на факторыю, гэта было б надта адкрыта i небяспечна. На дапамогу прыйшла мiсiс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушнiны за грошы – звычайныя камiсiйныя ў такiх здзелках. Рой згадзiўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацанiў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мiнiяцюрная гараджанка, якая так i не вызвалiлася ад сваiх гарадскiх звычак i манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульнi з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якiм яе аўтарытэт гараджанкi i мiнiяцюрная знешнасць спаборнiчалi з даверлiвасцю iнспектара i праставатасцю акружной палiцыi, – паядынак, якi яна вяла тымi ж макiавелеўскiмi метадамi, якiмi змагаўся супраць iнспектара сам Рой.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю