Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"
Автор книги: Джеймс Олдридж
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 13 страниц)
– Дык ты ўсё гандлюеш незаконнай пушнiнай? – пачуў ён голас Эндзi.
– Так, – цвёрда сказаў Рой. – А Джынi прадае тое, што я злаўлю. – Яму трэба было хоць нейкiм чынам уключыць у размову Джынi.
– Яна мне расказвала. – Эндрус пазiраў на яго з незразумелай горыччу тлустага мядзведзя.
– Чаго ты вярнуўся, Эндзi? – незадаволена спытаў Рой.
– Не ведаю, Рой. Трэба ж было некалi вяртацца, вось i вярнуўся.
– Табе не трэба было вяртацца! Эндрус пацiснуў плячыма:
– Магчыма. – Ён пачынаў злавацца.
Рою хацелася, каб Джынi падтрымала яго, але яна занялася вячэрай. Яна знарок выключыла сябе з гаворкi. Рой застаўся адзiн.
– Ты хочаш застацца ў Сент-Элене? – спытаў ён у Эндзi з жаданнем як мага хутчэй усё высветлiць i скончыць, злуючыся на Джынi i iдучы напралом.
Гэта для Эндзi было ўжо занадта.
– Ну i Рой, – закрычаў ён. – Што з табой сёння? Што з табой? – бушаваў ён. – Не, вы толькi падумайце! Я вось ужо колькi гадоў, як сышоў з горада, мог сто разоў памерцi. Так, так! Джынi кажа, што ты i лiчыў мяне мёртвым. I вось я вяртаюся. Вось я, тут. Прыходжу, каб пабачыць цябе. А ты сядзiш, як сыч, над вожыкам. Што з табой, Рой? Чаго ты злуешся? Ты не хацеў мяне бачыць?
Рой ледзь дыхаў.
– Што са мной? – недарэчна паўтарыў ён.
– Ага, што з табой?
У гэтым сярдзiтым воклiчы перад Роем уваскрос яго ранейшы сябар. Цяжар гадоў быў скiнуты, узрост забыты, тлусты твар быў афарбаваны згадкамi; i Рой убачыў, што гэта ўсё ж Эндзi, Эндзi з халодным пустым позiркам, але недзе ўнутры – усё той жа няўрымслiвы i непаседлiвы Эндзi.
– Ты проста застаў мяне знянацку, – сказаў Рой, i губы яго скрывiлiся ад усмешкi.
– Так, знянацку, але ж я думаў, што ты кiнешся да мяне на шыю. Сябар Рой! Адзiны чалавек, якi павiнен узрадавацца мне. Ты горш за Джынi.
– А Джынi табе ўзрадавалася? – забыўшыся пра стрыманасць, спытаў Рой.
Круглыя вочы Эндруса абмацалi ўсяго Роя.
– Дык вось што цябе турбуе? – Эндзi адкiнуў галаву i рассмяяўся так, што ажно закалацiўся стол, бразнуў рондаль на палiцы, замiргала лямпа. – Ну i дурань жа я! Як гэта я не здагадаўся! Джынi? – Эндрус павярнуўся, каб убачыць жонку, быццам ён толькi зараз успомнiў пра яе, i пакруцiў галавой. – Ах, Джынi! – сказаў ён. – Дык у чым справа? Хiба Рой не клапоцiцца пра цябе? Хiба вы не валодаеце разам знакамiтай пушной фiрмай: Рой i кампанiя? – Ён задаволена стукнуў цяжкай далонню па стале. Рой не верыў вушам. Вось яна, хвiлiна, якой ён баяўся цэлыя дзесяць гадоў! Дык вось яна крыўда, дакор, абвiнавачанне: некалькi з'едлiвых слоў, паблажлiвая ўсмешка.
– Аблапошылi Роя, – сказаў Эндзi, i ягоны смех сведчыў, што чакаць можна ўсяго.
– Перастань смяяцца, – сказала яму Джын Эндрус.
– Ведаеш, Рой, – сказаў Эндзi, зноў звяртаючыся да сябра. – Калi б у яе была сiла, яна схапiла б мяне за каршэнь i выпхнула за дзверы адразу ж, як я сюды заявiўся месяц таму. Тады яна зусiм звар'яцела.
– Ты не маеш права асуджаць яе, – сказаў Рой, усё яшчэ не верачы сабе i не верачы нi ў што.
– А я яе не асуджаю, – сказаў Эндзi i пацягнуўся, выпрастаўшы свае ручышчы i расправiўшы грудзi, як мяхi. – Але чаго ёй вар'яцець? Павiнна радавацца, што я ад яе своечасова сышоў. Праўда, Джынi?
– Не махай рукамi, – сказала яму Джынi, – а то высыплеш на сябе муку, i спынi гэтыя размовы.
– А ты ўсё яшчэ крыўдуеш на мяне, Рой, – спытаў Эндзi, тупаючы ля плiты.
Рой не крыўдаваў, ён, нарэшце, зразумеў i ўспрыняў як належнае, што Эндзi нiяк не хвалюе такое становiшча. Ну нi кропелькi! Эндзi, несумненна, усё ведаў, але яго гэта быццам не датычыла. Яго мiжвольны жарт быў выклiканы тым, што iхнiя адносiны яго пацешылi, але за гэтым не было нi адабрэння, нi асуджэння, а тым больш выраку. Эндзi глядзеў на гэта дакладна так, як Рой на натуральны працэс ляснога жыцця. Гэта здзiвiла Роя, – спачатку з'явiлася адчуванне палёгкi, а затым i трывогi. Ён разумеў амаральнасць у прыродзе, але ў адносiнах да самога сябе яна была непрыемная яму. Тут было нешта абыякавае, i, гледзячы на выцвiлыя вочы сябра, ён бачыў у iх нешта халоднае i нечалавечае. I праўда: "Гэты хлопец – прыродны валацуга!" Нядзiўна, што ёнi не гневаецца, i не асуджае. Эндзi Эндрусу рашуча на ўсё напляваць.
– Не, я на цябе не крыўдую, – сказаў Рой збянтэжана, але крыху супакоена. – А што ты рабiў усе гэтыя гады?
– З адной заварухi ў другую, – сказаў Эндзi, – усё больш у армii.
– Не разумею, навошта табе армiя? – сказаў Рой.
– Спачатку цяжка было, гэта праўда, але пасля пачалася вайна. Вось гэта была вайна, Рой! – Вiдаць, нават згадка пра гэта была для яго прыемнай, нават вочы на iмгненне заззялi, i яго захапiлi ўспамiны.
– Ты ўсё яшчэ ў армii?
– Не. Некалькi месяцаў, як пакiнуў.
– Зусiм? – Рою хацелася скончыць хутчэй.
– Нiбыта так, калi толькi зноў не прагаладаюся, – Эндзi меў на ўвазе сваю паўнату, ён паляпаў сябе па жываце i засмяяўся. – Я чуў, што ты быў у заказнiку з Сахатым? – сказаў ён.
Джынi зiрнула на яго.
– Цiшэй, – сказала яна, – могуць пачуць.
– А як маюцца гэтыя валацугi, Сахаты i Зел? – спытаў Эндзi, якi прапусцiў мiма папярэджанне Джынi, ён пазiраў на яе, як яна падышла да плiты i паставiла на агонь каву.
Рой таксама назiраў за Джынi. Яму хацелася ўстаць i самому зварыць каву, але ён прымусiў сябе сядзець на месцы.
– Нiчога, жывуць. Яны пайшлi на поўнач, ратавалiся ад патрулёў.
– А чаму вярнуўся ты? – спытаў Эндзi.
Рой пацiснуў плячыма.
– Ды вось рызыкнуў, – сказаў ён няпэўна.
– Тут цябе нiчога не трымае, Рой? – загрымеў Эндзi.
Рой не адказаў.
– Ты ўпэўнены, што цябе тут нiчога не ўтрымлiвае?
– А што мяне можа трымаць? – нецярплiва агрызнуўся Рой.
Эндзi быў у захапленнi.
– Не ведаю, Рой. Толькi ў цябе выгляд сямейнага чалавека, увесь заклапочаны, згорблены, зусiм як Зел. Гэта нядобра...
Рою гэта не падабалася, i ён усё менш ахвотна адказваў на пытаннi i на грубаватыя жарты. Эндзi быў ранейшы, але Рой ведаў, што сам ён ужо не ранейшы Рой; i гэта яшчэ больш бянтэжыла яго. Ён ужо страцiў першапачатковы план i мэту гэтай сустрэчы – стыхiйны напор гiганта Эндзi звалiў усё ў адну неверагодную кучу. Мо таму Джынi i вырашыла не ўмешвацца. А ў Эндзi проста не было за што зачапiцца, Рой не ведаў, як да яго падступiцца.
– Рой, – працягваў мiж тым Эндзi, – табе трэба было б нешта зрабiць, напрыклад, падацца ў Штаты. Тут ты зусiм зарос мохам. Сядзiш так, нiбыта i не збiраешся ўставаць з месца. Хопiць, Рой, пайшлi i атрасем пыл гэтай мясцiны з нашых ног. Давай, Рой!
Пачуўшы гэты гарачы заклiк, Джынi перастала збiраць вячэру i зiрнула на мужчын; але ў гэты момант яны не помнiлi пра Джынi. У гэтых словах захавалася былое захапленне, аднак Рой не зусiм разумеў намер Эндзi.
– Не сядзi ля дамашняй печы, Рой, апячэшся, – настойваў Эндзi.
Толькi зараз Рой зразумеў: Эндзi спрабуе ўратаваць яго, уратаваць яго ад Джынi. Сямейнае жыццё, хата, клопаты, словам, усё тое, што было ўвасоблена ў Джынi, ад усяго гэтага Эндзi паказваў Рою шлях выратавання. Гэта была праява такога сяброўства Эндзi ў адносiнах да Роя i такой абыякавасцi ў адносiнах да Джынi, што Рой засмяяўся, гледзячы на Эндзi, як ён смяяўся б, калi б слухаў лухту прыдуркаватага Джэкi Прата.
– Ты i на самай справе валацуга! – не вытрымаў Рой. – Табе толькi i бадзяцца па свеце, толькi i лезцi на ражон.
– Ну i што? Гэта праўда, Рой! Пойдзем?
Рой пакруцiў галавой i зноў засмяяўся.
– Не, дзякую!
– Ды ну цябе, Рой. Прысохнуць твае штаны да гэтага крэсла. Пайшлi адсюль. Пайшлi ў бар i вып'ем. – Эндзi ўжо стаяў у дзвярах. Рой устаў. Джынi паставiла капцiлку на камiн i, не апускаючы рукi, глядзела: не на Эндзi, на Роя. Пайшлi, Рой! – клiкаў Эндзi.
Рой хiстаўся i вагаўся.
– Не, я застануся, – сказаў ён.
– Перастань. Пайшлi! Я тут не буду доўга. Пайшлi, Рой. Хоць раз нап'ёмся як след!
– У мяне i так ажно трашчыць галава, – сказаў Рой. – Мо заўтра.
– Заўтра мяне тут ужо мо не будзе.
– Дык ты сапраўды ў Штаты?
– Так, i зараз ужо назусiм. Чаго мне вяртацца ў гэтыя правiнцыяльныя гарадкi, тут мне няма месца, Рой!
Ён выразна адчуваў асалоду ўцёкаў i не пакiдаў пасля сябе зусiм нiчога. Эндзi нiчога не даваў, нiчога i не патрабаваў. Ён проста сыходзiў – i сыходзiў так, нiбыта i не вяртаўся, нiбыта i раней нiколi не сыходзiў i нiколi тут не жыў. Ён яшчэ раз спытаўся ў Роя:
– Дык iдзём?
– Зараз не, – адказаў Рой.
Усё было зразумела, i Эндрус сказаў:
– Твая справа, Рой. Ты скончаны чалавек! – Ён памаўчаў, а затым засмяяўся сваiм абыякавым смехам. I вось ужо ён пайшоў прэч, кiнуўшы на развiтанне: – Ну што ж! Значыцца, я спазнiўся. Бывай, сябар. Бывай, Рой! – i не азiраючыся, не падумаўшы i хвiлiну пра жыццi, якiя пакiдаў за сваiмi плячыма, як тур, кiнуўся проста праз гразь i ў тое ж iмгненне знiк у змроку. Рой паслухаў яго цяжкiя крокi, але i гук iх растаў гэтак жа, як растаў у цемры Эндзi. Ён пайшоў – i ўсё было скончана.
А Рой усё яшчэ ў задуменнi доўга стаяў ля вушака.
– Iдзiце, Рой, – паклiкала яго Джынi. – Вячэра на стале.
Калi Рой увайшоў на кухню, уся няёмкасць яго з'яўлення тут зноў ахапiла яго. Ён сеў за стол, але ўспомнiў, якi ён брудны i растрапаны. Ён памыўся над ракавiнай, выцер твар кухонным ручнiком i хутчэй зноў сеў за стол, дзе чакала яго Джынi. Толькi зараз Рой заўважыў адсутнасць яе сына.
– А дзе Джок? – спытаў ён.
– Я адаслала яго ў Таронта да свайго бацькi, – сказала Джынi. – Я не хацела трымаць тут яго пры Эндзi.
– А ён бачыўся з Эндзi?
Яна адмоўна пакруцiла галавой. Ей, здавалася, было нават непрыемна гаварыць пра Эндзi, але яна ўселася ў крэсла, паклала локцi на стол i стала пiльна пазiраць на Роя, прымушаючы яго зразумець, што зараз яны адны.
Пра вячэру забылiся.
– У Эндзi тут няма нiякага iнтарэсу, Рой, – сказала яна. – Я яму спачатку спрабавала растлумачыць, але ён не слухае. Я i перастала.
Рой кiўнуў. Ён, зрэшты, зразумеў Джынi, яшчэ калi Эндзi быў тут. Яе прымушала маўчаць не тое, што яна прымала Эндзi, а тое, што ён для яе быў пустым месцам.
– Эндзi ўвесь час прыходзiў сюды? – спытаў ён, каб назаўсёды скончыць з гэтым.
– Я бачыла яго толькi два-тры разы, i ён прыходзiў сюды толькi пытацца пра цябе. Першы раз я спрабавала растлумачыць яму, але ён не слухаў. Тады я сказала яму, што не хачу яго больш бачыць. Я прагнала яго. Я ведала, што ён яшчэ ў горадзе, але не бачыла яго да мiнулага тыдня. – Ён адчуваў злосць у яе голасе, i гэта надавала яму сiлы.
– Пра што ён гаварыў? – спытаў Рой.
– Нi пра што. Зусiм нi пра што, – сказала яна. Зараз яна была спакойная, клапатлiвая, засцерагала Роя ад пакут сумлення, бо зараз у iх пачыналася барацьба з сабой. – Я сказала яму, што не хачу бачыць яго. Вось i ўсё. Вось i ўсё, што было, Рой, але яму было ўсё адно. Яго нiчога не цiкавiла, ён нават не слухаў мяне.
Рой усё яшчэ не верыў. Ён не рашаўся радавацца таму, што Джын Эндрус аб'явiла яму свой выбар. Яна дастаткова выразна сказала яму, што абараняла iнтарэсы абодвух i сцвярджала iх права жыць так, як яны жылi, але ва ўсiм гэтым было iншае.
– Не думаю, каб ён вярнуўся яшчэ раз, – сказала яна.
Тут Рой зразумеў, што становiшча ў iх горшае, чым было раней.
Пакуль яны лiчылi, што Эндзi прапаў i, магчыма, нiколi не вернецца, у iхнiх адносiнах была пэўнасць i яснасць. Зараз, калi ён усё ж вярнуўся i зноў пойдзе, становiшча станавiлася больш заблытанае, чым раней. Яны заўсёды будуць ведаць, што Эндзi ёсць, усё адно – далёка цi блiзка. Зараз ён быў рэальнасцю, а не воблiкам мiнулага. Абыякавы разрыў Эндзi з гэтым мiнулым зусiм нiчога для iх не мяняў; Эндзi нiбыта злавiў iх у пастку, i Рой не бачыў нiякага выйсця, асаблiва зараз, калi ў яго не было ўчастка. Сэм пайшоў, i iсцi на поўнач не было сэнсу: нiчога надзейнага не заставалася для яго ў Сент-Элене. Нават Джынi.
– Вячэра стыне, – сказала яна, здагадваючыся, пра што ён думае, i iмкнучыся ўнушыць яму цярпенне. Няхай пазней сам ва ўсiм разбiраецца.
– А дзе пушнiна? – спытала яна.
– Я пакiнуў яе ў Джэка.
Рой паспрабаваў есцi, але кавалак станавiўся ў яго папярок горла, i ён пачаў прыглядвацца да Джынi так, як нiколi не глядзеў на яе раней. Ён глядзеў без звыклай нiякаватасцi, нiбыта меў нарэшце на гэта права.
– А ўсё-такi няхай бы ён лепш не вяртаўся, – сказаў Рой.
Гэта было сама большае, што ён мог сказаць, чым мог вымераць iхнюю бяду.
– Я ведаю, – сказала яна. – Але на гэты раз ён не вернецца.
Ён ведаў, што яна прапануе яму надзейнае сяброўства, абароненае ад любых чужых памкненняў. Гэта ён атрымаў, i ён ведаў гэта лепш, чым калi-небудзь. I ўсё адно гэта нiчога не вырашала. Сапраўды скарб, схаваны ў тым, што яму прапаноўвалася, выслiзгваў з ягоных рук. Затым зноў з'явiлася злосць на Сэма, зноў успыхнуў ягоны бунт супраць лёсу; страта Сент-Элена i лесу ўвасобiлiся ў адной гэтай жанчыне, у адной гэтай хаце, якая зараз належала банку.
– Як гэта яны вас тут пакiнулi? – спытаў ён.
Джынi нiбыта здзiвiлася пытанню, але пасля павольная ўсмешка паказала, што яна зразумела. Яна ўстала, абышла вакол стала i села каля Роя з падкрэсленай рашучасцю. Затым паглядзела на яго быццам з неразуменнем.
– Я думала, што Джэк расказаў...
– Што расказаў?
Яна зноў памаўчала.
– Спадзяюся, гэтым разам было добрае паляванне?
Рой ведаў цану гэтым яе спакойным словам: ён бачыў горад Таронта, чуў званок трамвайнага вагона, якi вадзiў яе бацька, бачыў усiх гэтых гарадскiх жанчын, якiя спяшалiся да сваiх пiшучых машынак цi да прылаўкаў, каб абслугоўваць народ.
– А што? Чаму гэта так важна?
– Вось чаму. Я патрацiла тыя шэсцьсот даляраў. Я купiла гэтую хату i ўчастак на чатыры акры. На аўкцыёне. Ён iшоў асобна, вось я i купiла яго, Рой.
Рой ляпнуў сябе па тоўстых каленях.
– Вы купiлi старую хату?! – сказаў ён.
– Купiла.
Ён гатовы быў кпiць над лёсам, смяяцца. Раптам ён усё зразумеў. Яму вярталi ўсё яго жыццё, а Эндзi нiбыта i не было. Вось яна, пэўнасць, якую ўвесь час у яго адбiралi. Джын уцягнула яго назад у жыццё, яна дала яму адзiна магчымы адказ – i менавiта тут, у Сент-Элене. Але свет зноў пагрозлiва насоўваўся на яго.
– Чатыры акры гразi! – сказаў ён. – Вы хочаце зрабiць з мяне фермера? – Ён быў гатовы зноў растаптаць усё гэта.
– Не, Рой, не, – сказала яна. – Не кажыце, што я хачу зрабiць з вас фермера. Проста я купiла хату, вось i ўсё.
– Правiльна, Джынi, – хуценька адказаў ён.
– Я зусiм не хачу зрабiць з вас фермера, – паўтарыла яна.
– А цi ведаеце вы, што я не маю больш паляўнiчага ўчастка, – сказаў ён.
– Я ведаю. Я бачыла ў горадзе Скоцi i iншых.
– А мо i мне варта стаць фермерам, – бесклапотна прамовiў ён.
– Вы скончылi б, як i ваш брат Сэм.
Зараз ён цудоўна ведаў усё, усё, што паслалi яму багi, але яму хацелася падражнiць яе.
– А што, калi я пайду на поўнач? – сказаў ён. – Тады вы, вядомая рэч, выправiцеся ў свой Таронта?
– Вы можаце iсцi куды хочаце, – спакойна адказала яна. – Я выкупiла гэтую ферму. Я i буду ўтрымлiваць яе. А вы iдзiце куды хочаце!
– I вы думаеце справiцца з фермай? – ён стараўся запалохаць яе. – Вы думаеце, што адна справiцеся з чатырма акрамi?
– I з гэтым спраўлюся, – сказала яна.
– Праўда, – сказаў ён супакоена. – Бадай што справiцеся!
– А як вы? – спытала яна са сваiм гарадскiм лаканiзмам.
– Што я... – пачаў ён.
Яна чакала.
Затым ён раптоўна пайшоў да дзвярэй.
– Я хутка вярнуся, Джынi, – сказаў ён.
– Куды ты? – гукнула яна наўздагон.
– Пайду паталкую з iнспектарам, – азваўся ён i ў тое ж iмгненне знiк за дзвярыма.
Яна назiрала, як ён спускаўся з ганка, а iндзейскi сабака – за iм. Яна чула, як ён клiкаў сабаку, бачыла, як ён, высока ўздымаючы кароткiя ногi, з плюханнем iшоў па гразi, нiбыта гэта была паляўнiчая сцежка, i чула, як ён смяяўся сваiм ранейшым смехам.