355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джеймс Олдридж » Паляўнiчы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Паляўнiчы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:23

Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"


Автор книги: Джеймс Олдридж


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц)

– Калi iнспектар зловiць вас, – сказаў ёй аднойчы Рой, – ён адпусцiць вас, калi вы скажаце яму, у каго ўзялi пушнiну.

Яе адказ дадаў штосьцi новае ў iх адносiны.

– Па-першае, спачатку iнспектар зловiць вас, – адказала яна, – а, па-другое, пра мяне ён даведаецца толькi ад вас. Не iначай. – Яна прамовiла гэта спакойна, яе ласкавыя вочы перахапiлi позiрк Роя, абвяргаючы i пацвярджаючы яе ж словы.

Усведамленне агульнай справы неяк па-новаму звязала iх. Iхняя блiзкасць узнiкла без складаных перажыванняў, а як нешта натуральнае i нечаканае, i сумленне мучыла Роя толькi тады, калi ў гэта ўмешвалiся iншыя. Яго нявестка Руф, своечасова ўставiўшы заўвагу пра "гэтую мiсiс Эндрус", магла ў грахоўным святле выставiць сама добрыя намеры Роя. Але сама Джын Эндрус не стварала з гэтага маральнай праблемы. Калi б яна сказала яму: – Мы не павiнны, Рой, – ён падпарадкаваўся б голасу сумлення i нiколi больш не прыйшоў бы да яе. Але яна прымала гэтую блiзкасць гэтак жа проста, як i сам Рой. Эндзi яе кiнуў; нiякiя абавязацельствы яе не звязвалi; грамадскiя ўмоўнасцi не ў залiк; з Эндзi было скончана.

I ўсё адно, кожны раз, iдучы цераз гэтае поле, Рой перажываў цяжкiя хвiлiны. А раптам Эндзi вярнуўся! – i, стукаючыся ў дзверы i адчыняючы знаёмую засаўку, пакутаваў ад сумненняў.

– Ну i чалавек, заўсёды з'яўляецца як прывiд з хворымi нервамi, – сказала яму Джын Эндрус. Яна спалохалася гэтак жа, як i Руф Мак-Нэйр, i Рой засмяяўся, як умеў смяяцца толькi ён, па-першае, таму, што яна спалохалася, а пасля i таму, як яна гэта прамовiла. Ён ведаў, што нiводнай тутэйшай жанчыне такое i ў галаву не прыйшло б.

– Хэло, мiсiс Эндрус, – прамовiў Рой i ветлiва, i нiякавата.

– Хэло, Рой, – адказала яна.

– Я прынёс пушнiну. – Ён дастаў звязкi.

– А я ў такое надвор'е чакала вас не раней наступнага тыдня, – сказала яна.

Яму хацелася пажартаваць, што не чакаў яго i iнспектар, але ён яшчэ не дазваляў сабе такога панiбрацтва з ёю. Ён проста паклаў скуркi на цырату кухоннага стала. Пакуль яна разглядвала iх, ён падняў века драўлянай лавы-кладоўкi i дастаў адтуль некалькi старых газет.

– Толькi чатырнаццаць, – сказала яна. – Дрэннае паляванне, Рой.

– Яшчэ нiколi не здабываў так мала скурак з такой цяжкасцю, – сказаў ён.

– Затое добрыя. – Яна падняла скурку лiсы.

– Гэта праўда, але якiя яны хiтрыя, – сказаў Рой. – Пакуль вось гэтую даставаў з пасткi, я i не думаў, што яна жывая. А як толькi вызвалiў ёй галаву, яна ўкусiла мяне за руку i стала ўцякаць. Давялося застрэлiць. Добра яшчэ, што скурка засталася цэлай, я патрапiў проста ў вока. Паляўнiчае шчасце, – дадаў ён.

– Якое варварства, – зазначыла мiсiс Эндрус.

Рою зусiм не падабалася, што яго лiчаць жорсткiм, але нязвыклы выраз развесялiў яго i ён упершыню з часу з'яўлення тут зiрнуў на мiсiс Эндрус.

Яна была невысокага росту, крыху нiжэйшая за Роя, але значна танчэйшая. Хоць ёй было ўжо каля сарака, але бледная скура яе была не па гадах свежая i гладкая; i нiякай вясковай грубаватасцi не было ў гэтай яшчэ не старой з выгляду гараджанкi. Рухi яе былi больш рэзкiя i хуткiя, чым у жыхарак Сент-Элена, але ў iншым яна была даволi вытанчаная. "Нарадзiлася ў трамваi, выхоўвалася на далiкатэсах", – гаварыў Рой, калi даведаўся пра Джын гэтулькi, што пачаў заўважаць яе рэзкiя рухi i празрыстую скуру. Гледзячы як яна налiвае ваду для кавы ў вялiкi эмалiраваны iмбрык i ставiць яго на плiту, Рой зноў адзначыў тую неадпаведнасць, якая кожны раз турбавала яго падчас сустрэчы пасля доўгага расстання. Яна была спакойная, нават ласкавая жанчына, але ў яе манерах не было сабранасцi. Яе тонкiя рукi i доўгiя пальцы пастаянна рухалiся, але заўсёды мэтанакiравана. Яна то глыбока ўздыхала, то перабiрала пальцамi кароткiя валасы з завiткамi, i кожны з гэтых рухаў быў трошкi мiтуслiвы, недастаткова сцiплы для такой жанчыны. Рой назiраў, як яна сыпала каву ў заварнiк. Яна рабiла гэта менавiта так, як зрабiў бы сваiмi агрубелымi рукамi няўклюдны лесавiк Рой, i гэта так знервавала яго, што ён адвёў вочы. На адлегласцi ён уяўляў Джын Эндрус больш стрыманай i строгай. У рэшце рэшт гэткая Джын у ёй пераможа, калi маўклiвая, але яўная незадаволенасць Роя прымусiць яе зразумець i зрабiць мяккай гэтую рэзкасць, якая так не пасуе ёй. I адначасна як любiў ён нямы смех, якi свяцiўся ў яе ярка блакiтных вачах, гарэзлiвасць i гумар за звычкамi цiхонi.

– Пра Эндзi нiчога не чуваць? – спытаўся ён надзвычай спакойна, загортваючы скуркi ў газету i ўкладваючы iх у куфар ля акна.

На гэтае звыклае пытанне яна звычайна адмоўна круцiла галавой.

На гэты раз яна ўзяла газету з палiчкi над камiнам i падала яе Рою.

– Не ведаю, цi Эндзi гэта, цi не, – сказала яна, паказваючы на заметку. У яго ёсць iншае iмя?

Рой прачытаў заметку. З яе даведаўся, што нейкi Эндру Дж. Эндрус, без пэўнага месцажыхарства, асуджаны акружной сесiяй на шэсць месяцаў турэмнага зняволення за крадзеж чатырох мяшкоў збожжа i за спробу (свядома альбо не) прадаць тое ж самае збожжа яго сапраўднаму гаспадару.

– Падобна на Эндзi! – з адабрэннем зазначыў Рой.

– Дык гэта ён?

Рой сказаў:

– Не, Эндзi завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элiстэр Гардон Эндрус. Хiба яна не ведае?

– Я не ведала iншага iмя, акрамя Эндзi, – сказала яна. – Дзякуй Богу, што ён не ў турме.

– Бедны Эндзi, – сказаў Рой.

Ён гартаў газету далей. Гэта была "Таронта стар энд Джорнел".

– Дзе вы гэта ўзялi? – спытаўся ён.

– Мне прынясла Руф Мак-Нэйр.

Рой успыхнуў i шпурнуў газету, нiбыта гэта была сама Руф.

– Руф сказала мне, што Эндзi бачылi тут.

– Нехта сказаў ёй, што Эндзi працуе на руднiках у Сэдберы, – патлумачыла яна. – Але Эндзi нiколi не працаваў бы на руднiку. Праўда?

Рой пацiснуў плячыма i не адказаў.

Мiсiс Эндрус зразумела, што Рой паступова мякчэе, i сама стала больш асцярожнай. Яна вяла гаворку ласкава, рухалася больш плаўна, уважлiва кантралявала свае жэсты i адразу пачала прыбiраць на кухнi. Уся бяда была ў тым, што доўгая адзiнота Роя ў лесе рабiла надта высокай яго патрабавальнасць да iншых, асаблiва да яе. А Джын ведала, што яна даволi неахайная: не ў адзеннi, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоiкаў на стале, у якiя яна налiла ўжо воцат са спецыямi, каб марынаваць радыску, рэпу, буракi i зялёныя памiдоры. Яна засунула тазы з рэшткамi гароднiны пад стол i разгладзiла на буфеце дарожкi з цыраты. Хацела падмясцi падлогу, але перадумала.

Рой назiраў за гэтым i зразумеў, чым гэта выклiкана. Усё, што яна зараз рабiла, было крыху знарочыстым. Яна нiбыта пакеплiвала з яго ўяўленняў пра чысцiню i парадак. Яна дабiлася свайго, ён памякчэў i ўжо быў гатовы рассмяяцца, калi ў кухню зайшоў яе чатырнаццацiгадовы сын.

– Хэло, мiстэр Мак-Нэйр, – прамовiў ён. Пры iншых абставiнах ён назваў бы Роя па iменi, але пры мацi гэта быў мiстэр Мак-Нэйр.

– Добры вечар, Джок, – сур'ёзна адказаў Рой i зазначыў, як i штогод, якiм падобным на Эндзi расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, вiдавочная незалежнасць – усё гэта было ад Эндзi.

– Учора я сустрэў iнспектара, – сказаў Джок, – ён спытаўся ў мяне, цi ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька i што ў горадзе яго няма, а калi ён з'явiцца, вы ўсё адно яго не зловiце. – Джок засмяяўся, засмяялася i яго мацi.

– А што ён хацеў, той iнспектар? – спытаў Рой. Больш ён нiчога не прамовiў, i яго пытанне прагучала занадта заклапочана.

– Ён хацеў проста даведацца, цi вярнулiся вы, – сказаў хлопчык. Ён ведаў, што зрабiў Рою непрыемнасць i што Рой нiколi на яго не пакрыўдзiцца. Але гэта не было з яго боку знарочыстай жорсткасцю. Ён любiў Роя. Кожны год ён упрошваў мацi адпусцiць яго ў лес разам з Роем, хоць самому Рою не казаў пра гэта нi слова.

– Як школа? – спытаў Рой.

– Да Каляд закончу.

Рою хацелася спытаць у яго, цi не збiраецца ён паступiць у якi-небудзь тэхнiкум у Сэдберы або ў Соа, але, як зазначыў хлопчык, ён не бацька яму. У адпаведнасцi з тым, як Джок рос i адбiваўся ад рук, Джын Эндрус некалькi разоў спрабавала пераканаць Роя дзейнiчаць па-бацькоўску, не адносна адказнасцi, а проста ў якасцi цвёрдай рукi. Але Рой адмовiўся ад усялякага ўмяшальнiцтва. Ён любiў Джока як сына Эндзi – i ўсё тут. Больш глыбокiя, бацькоўскiя пачуццi былi затрачаны iм на малодшую сястру Джока – Джульету. Яна пражыла толькi восем гадоў, i за гэты кароткi тэрмiн Рой палюбiў дзяўчынку як уласнае дзiця, i Джульета адказвала яму такой жа шчырасцю. Яна была падобная на мацi, але ў яе была асаблiвая дзiцячая высакароднасць, i яна лягчэй прынараўлiвалася да людзей, асаблiва да Роя. Лепш за яе ён нiколi нiкога не ведаў. Калi аднойчы ён вярнуўся дамоў i даведаўся, што яе адвезлi ў акруговую бальнiцу, адкуль яна i не вярнулася, гэта стала для Роя першым сур'ёзным ударам, i вельмi надоўга жыццё яго зрабiлася змрочным.

Джок захапiўся сваiмi справамi i хутка выйшаў, а Джын Эндрус налiла Рою кавы i паставiла кубачак на ўскрай плiты, каб прымусiць яго перайсцi са скрынi ў крэсла.

– У Мемарыял Хол адкрылi кiно, – распавядала мiсiс Эндрус, – Джок дапамагае кiнамеханiку.

Рой моўчкi пiў каву.

– Рой, – спытала яна, – Эндзi меў схiльнасць да механiкi?

– Эндзi? Не, Эндзi быў проста Эндзi, – адказаў ён.

– Значыць, Джок пераняў гэта ад мяне. – Бацька Джын, як яна сама казала, быў вагонаважатым у Таронта, майстар на ўсе рукi. Яна расказвала пра гэта i раней, шмат разоў.

Рой быў нязвыкла стрыманы, i яна здагадалася, што дома ў яго не ўсё ладна.

– Я выпiсала кулiнарную кнiгу, – сказала яна.

– Вам гэтая кнiга непатрэбна, Джын, – запярэчыў ён. Гэта ўласна азначала, што кнiга ёй вельмi спатрэбiлася б.

– Я ведаю, што я дрэнны кухар, – прамовiла яна, каб расшавялiць яго.

З гэтай нагоды яны даволi доўга спрачалiся. Чым больш Рой хвалiў яе стравы, тым больш вiдочна станавiлася, што кухарыць яна не ўмее i нiколi не навучыцца.

– Ва ўсялякiм разе, марынады я сёлета пастаўлю, – сказала яна.

Яны ўжо гатавалiся, i Рой з задавальненнем прынюхваўся да паху розных прыпраў, гарачага воцату i солi. Менавiта гэта ён i разлiчваў знайсцi, вярнуўшыся дамоў. Мо iменна таму Джын раптам распачала тое, што iншым часам лiчыла б марнатраўствам. Навошта гатаваць марынады, калi iх можна купiць у краме ў Дзюкэна?

– Джынi, – паклiкаў Рой, – колькi я зарабiў грошай?

– Дакладна не магу сказаць, Рой. Восемсот даляраў, а мо i дзевяцьсот.

– Восемсот цi дзевяцьсот, – задуменна прамовiў Рой, штосьцi падрахоўваючы. Ён пазiраў проста ў белае полымя лямпы. Яно амаль асляпiла яго, i калi ён перавёў позiрк на Джын Эндрус, дык убачыў затуманеную пляму, а ў ёй светлыя валасы i тонкi воблiк, надта тонкi: востры нос i блакiтныя, вельмi блакiтныя вочы. Яна пiльна назiрала за iм. – Мне спатрэбiцца на зiму дзвесце даляраў.

– А хiба вы не пакiнулi пушнiны для Пiта Дзюкэна?

– Пакiнуў. Яна дома. Але грошы мне патрэбны на iншае.

Звычайна сваю законную норму пушнiны Рой прадаваў адкрыта Пiту Дзюкэну як прадстаўнiку Гарадской закупачнай кампанii. Гэты законны заробак iшоў на тое, каб забяспечыць харч на ўвесь сезон, на новыя пасткi, патроны, адзенне i iншыя асабiстыя патрэбы. Грошы за продаж незаконнай пушнiны Джым Эндрус захоўвала для Роя; i яна прытрымлiвала iх моцна, каб ён не змарнаваў iх па п'янцы. Яна пагадзiлася на гэта па ўласнай просьбе Роя i зараз выдавала яму грошы толькi на разумныя патрэбы. Рой ведаў, якое супрацiўленне яму трэба вытрымаць.

– Я мушу пакiнуць трохi грошай Сэму, – прамовiў ён.

– Вы хочаце падараваць яму ваш зiмовы заробак?

– Так, калi толькi вы не дадзiце мне для яго сотню-другую, – сказаў ён з надзеяй.

– Я не дам гэтых грошай, – спакойна запярэчыла яна. – Гэта вашы грошы, а не Сэма. У Сэма ёсць ферма, ён не мае патрэбы ў грашах.

– Ён не ўтрымае ферму, калi не дастане грошай на выдаткi, – сказаў Рой. Ён дайшоў да мяжы.

– Я ведаю, – яна пакруцiла галавой. – Але гэта не справа. Грошы не дапамогуць Сэму, – дакладныя рысы яе рота сталi больш жорсткiмi.

– Гэта ўтрымае яго на ферме, – пераконваў Рой.

– Не. Грошы ён возьме, а ферму ўсё адно кiне. Ён не фермер, Рой. I навошта спрабаваць затрымаць яго тут?

Рой зiрнуў на Джын Эндрус так, нiбыта яна была для яго чужая, гараджанка, якая не магла зразумець, што значыць ферма для лесавiка-паляўнiчага. Яна нiколi не зразумее, што будзе, калi Сэм кiне зямлю Мак-Нэйраў. Джынi вытрымала яго дакорлiвы позiрк як жанчына, якая, вядома, ведала, што азначае страцiць сваю хату, але яшчэ i як жанчына, якая не магла не ўлiчваць рэальнасць. Яна паглядзела на вялiкую моцную галаву Роя, упалыя сухiя шчокi, маленькiя глыбокiя вочы, на яго кароткiя рукi, аднолькава тоўстыя ад локця да самай кiсцi, i спытала сябе, цi ёсць у Канадзе больш мяккi чалавек, якога засмуцiла б матэрыяльнае i духоўнае падзенне iншага чалавека.

– Сэм гаворыць, што справiцца, калi я дапамагу яму перагораць гэтую зiму, – сказаў Рой. Ён не збiраўся гэта гаварыць, але давялося.

– Што, застацца на ўсю зiму? – не стрывала яна.

– Так.

– Ён не мае права патрабаваць гэта, Рой!

Роя ўжо не турбавала, цi правiльна гэта. Яму неабходна рашэнне. Яна павiнна зразумець, што Сэму трэба атрымаць гэтыя грошы.

– Якi сэнс вам заставацца i працаваць на ферме для Сэма, – рэзка прамовiла яна. Перспектыва таго, што Рой трапiць у пастку i будзе вымушаны батрачыць, абурыла яе не менш, чым самога Роя. Адабраць яго ў лесу i замацаваць на ферме – гэта ўсё адно, што льва пасадзiць у клетку, – параўнанне, якое ўзнiкала ў яе ў галаве кожны раз, калi яна сама пачынала думаць пра тое, каб прасiць Роя кiнуць паляванне i застацца ў горадзе.

– Яму патрэбны грошы для гаспадаркi, – пераконваў Рой, – усё роўна, застануся я альбо не.

Яна па-ранейшаму лiчыла, што грошы не вырашаць усiх праблем Сэма, але не стала пярэчыць. Яна не хацела, каб Рой страцiў сямейны кут, бо ў гэтым хавалася яшчэ адна небяспека для яе. Джынi лiчыла, што, страцiўшы хату, Рой пойдзе яшчэ далей у лес i зусiм не будзе вяртацца ў горад. Яна ведала, якiя цяжкасцi чакаюць Роя, але ёй варта падумаць i пра сябе, пра свае справы i адчуваннi, а яна, са свайго боку, зусiм не хацела, каб Рой пайшоў на поўнач.

– Калi вы туды пойдзеце, вы ўжо не вернецеся, – сказала яна яму, калi аднойчы яны паспрабавалi цвяроза разабрацца ва ўсiм гэтым.

– Я вярнуся ў Сент-Элен, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, – настойваў ён, – i на поўнач я не пайду, калi не буду мець прытулку тут.

– Гэта толькi словы, – сказала яна. – Я ж ведаю, што на поўнач вы пойдзеце менавiта тады, калi тут у вас нiчога не застанецца. Возьмеце i знiкнеце як леташнi снег.

– Не, Джынi. Не! – запэўнiваў ён. – Калi тут у мяне нiчога не будзе, я не пайду на поўнач, бо там я зусiм здзiчэю, стану сапраўдным лясным сычом. Я пайду, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, i я абавязкова буду вяртацца. Але ўчастак спустошаны, Джынi, i рана цi позна мне ўсё адно давядзецца пайсцi на поўнач.

– Ну, а я тады вярнуся да сваiх у Таронта, – папярэдзiла яна. Не, яна яго не палохала. Яна спрабавала хоць нейкiм чынам прыстасавацца да яго складаных адносiн з Сент-Эленам i лесам. Яна разумела, як патрэбна яму апiрышча тут, каб прыняць рашэнне пайсцi на поўнач, але чым больш складана ўсё гэта станавiлася, тым больш рашуча яна адмаўлялася думаць пра гэта, i нарэшце яна заявiла яму: Рабiце як хочаце, але, калi вы пойдзеце на поўнач, я з'еду дамоў.

Гэта была iх адзiная сварка, i зараз яны баялiся паўтору яе. З маўклiвай згоды яны пазбягалi гэтай тэмы. Рой ведаў, што калi ён пойдзе на поўнач, яна сапраўды вернецца ў Таронта, але абое яны ўсведамлялi, што рана цi позна яму давядзецца iсцi глыбей у лес, далей на поўнач, iначай трэба кiдаць паляванне i фермерстваваць у Сент-Элене. Але ўсё гэта было для Джынi катастрофай, i яна не магла больш думаць пра гэта.

– Бярыце вашы грошы для Сэма, – сказала яна, – але толькi глупства гэта, Рой. Гэта вашы грошы, i калi-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца вам.

– Спатрэбiлiся ўжо, – адказаў ён.

Больш на гэты конт яны не размаўлялi, пакiнуўшы пытанне не вырашаным.

Не вырашаным заставалася i пытанне пра Эндзi, бо нiводзiн з iх не мог уключыць Эндзi ў нясмелыя спробы хоць неяк вырашыць будучыню. У сваiх адносiнах яны моўчкi зыходзiлi з таго, што Эндзi пайшоў i нiколi не вернецца, але ва ўсiх iхнiх спробах цвёрда наладзiць сваё жыццё Эндзi адыгрываў пэўную, таемную ролю. З-за гэтага Джын ненавiдзела прывiд мужа нават больш, чым яна магла б ненавiдзець яго жывога, i яна ведала, што Роя таксама бянтэжыць няўпэўненасць у тым, як жа на самай справе складваецца сiтуацыя з Эндзi. Ён нiбыта блукаў па голай палярнай пустэчы, шукаючы адзiна правiльны шлях i не знаходзiў яго.

На пэўны час яны абое затаiлiся кожны са сваiмi развагамi.

Звычайна да гэтага часу Рой ужо дастаткова дабрэў, i Джын Эндрус магла спакойна церабiць i падражнiваць яго, паступова выклiкаючы на своеасаблiвыя праявы пачуццяў. Нават у лепшыя часiны гэта было нялёгкай справай, Рой належаў да тых мужчын, якiя не ўмеюць падысцi да жанчыны першымi. Ён не дакрануўся б да яе па сваёй уласнай iнiцыятыве. Ён не мог дазволiць сабе гэтую блiзкасць, пакуль дамашняя цеплыня i вабнасць гэтай адной-адзiнай жанчыны не растаплялi, не паглыналi яго цалкам. Джынi ведала, што сёння гэта будзе складана.

Яна не мела звычкi ласкава турзаць яго за вуха, калмацiць яго рэдкiя валасы i абдымаць яго моцную шыю, – у iх усё адбывалася iнакш.

Перш за ўсё яна падлiвала яму кавы. Неўзабаве ён турботна ўставаў. Тады яна здымала свой фартух i ўбiрала ў яго Роя – i ён браўся перамываць талеркi, слоiкi, чысцiць нажы i вiдэльцы, адным словам, усё, што трапляла пад руку. I тады яна пачынала пакеплiваць з яго ўбору i цясней завязваць тасьму фартуха, здзьмухваць з яго ўяўныя пылiнкi, наводзячы крытыку на чысцёху Роя. Ён адштурхоўваў яе, але яна не супакойвалася. Ён спрабаваў зняць фартух, але яна не дазваляла, злосна ашчаперваючы яго за плечы. Тады плечы яго абмякалi, тоўстыя кiсцi звiсалi па баках, i ён станавiўся такiм, якiм яна хацела: грубым альбо мяккiм, рэзкiм альбо пяшчотным, такiм, а зрэдзь часу i насмешлiвым, настойлiвым, дужым, нечаканым i ненадзейным. Тады ў iх не было слоў. Была толькi адна доўгая канадская ноч.

Раздзел другi

Ранiцай Рой згатаваў сняданак: напёк аладак, падсмажыў яечню з салам. Джок i сам Рой паснедалi ў задаволеным маўчаннi. Джын Эндрус ела са сваёй звыклай абыякавасцю да ежы. Яна была яшчэ пад уражаннем перажытага i так пiльна пазiрала на Роя, што яму было няёмка перад яе сынам. Калi Джок пайшоў у школу, ёй давялося асаблiва складана змагацца з сабой. Ёю яшчэ валодала невыразная прага стварэння, у той час як Рой адчуваў здаровае пачуццё закончанасцi i не заўважаў нiчога, акрамя цудоўнай ранiцы.

– Дык што, возьмеце грошы? – прымусiла яна сябе спытацца ў Роя, калi ён адыходзiў.

– Не ведаю, Джынi, – сказаў ён.

– I застанецеся на зiму?

– I гэтага не ведаю, – сказаў ён. – Пабачым. Я яшчэ вярнуся.

На iмгненне яна ўявiла, што Рой перадумаў даваць грошы Сэму i мо ўсё ж застанецца на зiму дапамагаць яму. Яна i радавалася i ўнутрана пратэставала супраць такога рашэння i доўга стаяла ля дзвярэй, назiраючы, як ён пераходзiў поле i пералазiў цераз загарадку, кiруючыся да фермы Сэма.

Рой сабраў пушнiну, якая засталася ў спальнi, i, адыходзячы, паспрабаваў пазбегнуць зневажальна адкрытага позiрку нявесткi. Але яна застала яго на лесвiцы.

– Табе не варта вяртацца да нас, калi ты бавiш час там аж да ранiцы, сказала яна. – Гэта нядобра!

Ён не адказаў, ён нават не пазiраў ёй у вочы. Ён пайшоў моўчкi, абураны i зганьбаваны, i толькi радасць ад маючай быць праходкi сярод белага дня па Сент-Элену крыху супакоiла яго.

У адпаведнасцi з тым, як лес i ворыва саступалi месца гораду, прыродная бясплоднасць зямлi станавiлася ўсё больш выразнай. Ад ускраiн горада i да самага возера Гурон невялiкiя роўныя пляцоўкi былi ўздыблены i зацiснуты магутнымi гранiтнымi скаламi, голымi, дзiкiмi; i рэдкiя елкi тырчалi сярод iх кплiва, быццам надмагiльныя помнiкi над вартымi жалю лапiкамi расчышчанай зямлi. Гэтае каменнае царства распасцiралася аж да возера, i ўсюды ўладарылi скалы, велiчныя i непрыступныя, але ўсюды мiж iмi вiлiся вузкiя небрукаваныя дарогi i агароджы, складзеныя з валуноў; прыляпiлiся крамы, бачны тэлеграфныя слупы i нават чыгунка – адрэзак Канадскай Цiхаакiянскай, якая абрывалася ў Сент-Элене, не надзялiўшы пасёлак нi станцыяй, нi таварнай платформай. Заняпалы, але ўчэпiсты гарадок, якi даводзiўся да дрыжыкаў частым пранiзлiвым асеннiм ветрам. Рой зноў усмiхнуўся яму, калi выйшаў на цвёрда ўтаптаную сцежку да крамы Пiта Дзюкэна.

Сустрэчныя цёпла вiталiся з iм. Старэйшых ён ведаў па iменi, але было шмат навiчкоў, якiя прыходзiлi кожны год альбо вырасталi падчас яго адсутнасцi, i гэтых ён не ведаў. На тратуары з дошак перад маленькай крамай з бярвення Рой на iмгненне затрымаўся, разглядваючы новую шыльду.

– "П.Дзюкэн", – чытаў ён голасна. – "Мяса i Бакалея. Мука i Фураж". – Ён перачытаў надпiс i пачаў шукаць на шыльдзе што-небудзь лепшае. – "Няма нiчога больш духмянага, чым гарбата Салада! Палiце цыгарэты "Консульскiя"! Пiце апельсiнавы сок!" "П.Дзюкэн. Мяса i Бакалея".

Апошнi скарочаны варыянт упрыгожваў шкло ўваходных дзвярэй. Ён адчынiў iх i ўвайшоў.

– Прывiтанне найлепшаму жанiху ва ўсiм Муск-о-гi! – гукнуў ён маладомў брунету, якi стаяў за акуратным прылаўкам. – Цi мо ты ўжо не жанiх, Пiт?

– А Божухна, дык гэта ж Рой. Сватай мяне, Рой, сватай! Я чакаў цябе не раней чым праз два-тры днi. А цi бачыў ты, што iнспектар толькi што пайшоў па дарозе сустракаць цябе? – Рой мiжволi азiрнуўся, а раптам Дзюкэн i сапраўды не жартуе, але француз засмяяўся. – Што, трапiўся?

– А я i не супраць сустрэчы з iнспектарам, – ветлiва адказаў Рой. – У мяне добрая пушнiна.

– Добрая i законная, – сказаў Пiт Дзюкэн. Ён скiнуў белы фартух i аддаў яго нейкай таўстушцы, якая ўсмiхнулася Рою, калi ён паспрабаваў разабрацца, якая ж гэта з сясцёр Фiлiпс.

Дзюкэн правёў яго цераз моцна напаленую краму ў наступны пакой, якi служыў яму канторай. Гэта быў даўгаваты пакой з пiсьмовым сталом, прадранай кушэткай, чыстымi занавескамi. Дзюкэн сеў за стол i пачаў прымаць у Роя пушнiну, уважлiва яе разглядваючы.

– А якая зараз цана? – спытаў Рой.

– Дрэнная, – адказаў Дзюкэн. – Ваенны бум падае. Хутка цяжка будзе збываць пушнiну. Цана падае, Рой.

– А цана на прадукты расце, – падхапiў Рой. Гэта было сказана не ў адрас Дзюкэна, а пра дзiўную асаблiвасць цаны, якая не дазваляла чалавеку пракармiцца за заробак. – Усе цэны растуць, але калi табе надарыцца нешта прадаць, яны адразу ж падаюць.

– Грошай становiцца мала, Рой.

– А як у фермераў?

– Зноў просяць крэдыт.

– Я ведаю пра гэта, – прамовiў Рой, думаючы пра Сэма.

Яны больш нi пра што не гаварылi, пакуль не сышлiся на цане за пушнiну. Рой не ведаў гарадскiх цэн, але сваю цану ён у Пiта выбiў, як той нi ўпарцiўся. Гэта было нялёгка, але выручка апраўдала яго спадзяваннi, i Рой быў задаволены. Дзюкэн запiсаў цану кожнай скуркi, падвёў вынiкi i спытаў у Роя, цi пусцiць гэтую суму, як звычайна, на аплату зiмовага заказу.

– Крыху пачакай, Пiт, – сказаў Рой. – Я пасля скажу.

– Калi табе патрэбны грошы зараз, а зiмнi правiянт – у крэдыт, ты скажы, Рой, я табе заўсёды паверу.

Дзюкэн прапаноўваў гэта па-сяброўску, i па-свойму ён быў сябрам i Рою i ўсiм траперам Сент-Элена. Не першы раз ён забяспечваў у крэдыт любога трапера пад улоў, некаторых ён крэдытаваў на два i нават на тры сезоны, але на больш не згаджаўся нiкому. Дзюкэн на справе перакананы, што крэдыт зусiм не азначае безнадзейнага доўгу: пры належным кантролi гата проста выгаднае ўкладанне грошай. У аперацыях з траперамi яму было забяспечана вяртанне пазыкi ў выглядзе пушнiны. Ён гарантаваў сябе ад рызыкi, стаўшы прадстаўнiком пушной кампанii, да якога траперы ўсё адно былi вымушаны зносiць сваю пушнiну за даўгi. Iнакш iм не атрымаць нiякiх прадуктаў з крамы Пiта Дзюкэна, а таксама i ад двух iншых крамнiкаў гарадка. Але гэтая сiстэма распаўсюджвалася толькi на трапераў, а не на фермераў. Дзюкэн рэдка крэдытаваў фермераў, хоць, вядома, былi i выключэннi. З дробнымi фермерамi i здольшчыкамi ён практыкаваў абмен сваiх тавараў на iхнiя прадукты. Менавы гандаль аджыў свой век яшчэ калi быў жывы яго дзед, а бацька гандляваў за наяўныя. Але Пiт атрымаў краму, калi ў ёй не было нi абароту, нi наяўных, словам – нiчога. Яго бацька – скупаваты французскi буржуа – славiўся сваёй чыста брэтонскай, капеечнай ашчаднасцю. На той час, як ён памёр, пахiснулася рэпутацыя нават Дзюкэнаў. Але яго сын вярнуўся з другой сусветнай вайны з маленькiмi чорнымi вусамi, цвярозай камерцыйнай ацэнкай блiжняга i дзелавой кемнасцю, якую выхавала ў iм пасада сержанта па гаспадарчай частцы. Ён пачаў гандляваць усiм i з усiмi, беручы на сябе як мага больш прадстаўнiцтва i заводзячы як мага больш новых сувязей; гандляваў справядлiва, калi даводзiлася быць сумленным; гандляваў несправядлiва, калi гэта абяцала выгаду i нiчым не пагражала, нават стратай добрага iмiджу. Ён быў добры крамнiк, i яго маленькая крама стала своеасаблiвым цёплым, утульным i добра забяспечаным клубам для ўсяго Сент-Элена, дзверы якога былi адчынены i для адносна багатага i для параўнальна беднага клiента, чые патрэбы абслугоўвалiся Пiтам тым больш ахвотна, што гэта давала яму добры прыбытак i прывольнае жыццё. Пiт быў сама ўдачлiвым чалавекам ва ўсiм Сент-Элене.

– Што, Сэм табе што-небудзь вiнен? – спытаў Рой.

– Толькi пару даляраў, якiя ён пазычыў у жнiўнi, – адказаў Пiт. – Мне вельмi не падабаецца ўся гэтая гiсторыя з продажам свiннi, але калi б не я, яе купiў бы нехта iншы, а я даў яму добрую цану.

Рой разумеў гэта.

– Вазьмi тое, што ён павiнен табе, з пушных грошай, але больш не пазычай яму.

– Добра, Рой, – твар Дзюкэна зрабiўся заклапочаным. – Скажы, Рой, ты не збiраешся застацца з iм у горадзе? Ён казаў, што будзе цябе пра гэта прасiць.

– Я яшчэ не ведаю, – сказаў Рой, – але ты ўсё ж адкладзi мне ўсё неабходнае на зiму. Калi правiянт мне не спатрэбiцца, я табе скажу.

– А цi чуў ты, што Эндзi Эндрус блукае недзе тут блiзка? – сказаў Дзюкэн. Па-сутнасцi гэта было не пытанне, а папярэджанне.

Рой нiяк не адгукнуўся на гэта, на адваротным баку рэкламнага праспекта ўнiвермага ў Таронта ён склаў спiс таго, што яму патрэбна на зiму, i аддаў яго Дзюкэну. Затым яны разам прайшлi па краме, адзначаючы тыя ласункi i прысмакi, пра якiя не ўспомнiў Рой. Тут ён дадаў да заказу сушаных фруктаў, кансерваванай вiшнi, паштэту, яшчэ некалькi слоiкаў джэму i два пакеты мятных ледзянцоў як сама выгадных цукерак. Рой памераў кароткiя гумовыя боты. У лесе яны былi не надта выгодныя, але ён купiў iх i паклаў на самае дно мяшка. Мяшок ён пакiнуў прадаўшчыцы, якая выконвала заказ, i нагадаў ёй, што шэсць дзесяткаў яек трэба пакласцi разам з хлебам абавязкова зверху, а масла ў бляшанках – на самы нiз, разам з ботамi. Яны вярнулiся ў ранейшы пакой, дзе Пiт Дзюкэн налiў Рою вялiкую шклянку Блэк-энд-Блю, хлебнай гарэлкi шатландскага рэцэпту, дзевяностаградуснай, як значылася на бутэльцы. Гэтая шклянка, якую падносiў Дзюкэн, заўсёды была першай пасля вяртання Роя з лесу. Затым былi i iншыя, але нiводная не была такой смачнай, нават другая, якая выпiвалася адразу за першай.

– Ого, нiбыта плугам пераварочвае ўсяго, – сказаў Рой. Яго адразу забрала, ён пачырванеў, i вочы ў яго заблiшчалi.

– Хочаш пару бутэлек у твой мяшок?

– Не, – адказаў Рой. Яму было цяжка адмаўляцца. Але пакуль яшчэ ён цвярозы, не хацелася браць з сабой у лес гарэлку, хоць для большасцi трапераў гэта было звыклай з'явай. – Зрэшты, адну бутэльку пакладзi ў дарогу, папрасiў ён.

– Я i сам думаю выйсцi на паляванне, блiжэй да Каляд. У вярхоўях рэчкi Ўiп-о-Ўiл, – сказаў Дзюкэн. – Паеду на сабаках. – Як i кожны жыхар Сент-Элена, Дзюкэн выпраўляўся на паляванне, як толькi з'яўлялася магчымасць, але Рою заўсёды здавалася, што ён крыху выхваляецца сваiмi лайкамi, адкормленымi сабакамi, якiя грызлiся i падвывалi недзе за крамай. Сабакi – гэта добра, Рой i сам на iх ездзiў, але гэта толькi для сур'ёзнага палявання, а не для прагулкi ўдвух на нейкiя там два тыднi. Пiт проста адпачываў у лесе ад свайго клопату спадчыннага крамнiка, крамнiка ў трэцiм пакаленнi.

– Налiць яшчэ? – Дзюкэн узяўся за бутэльку.

Рой пакруцiў галавой i адным рыўком адарваў сваё дужае цела ад стала.

– Пайду паталкую з iнспектарам, – сказаў ён, i не паспеў Дзюкэн запярэчыць, як яго i след прастыў.

Iнспектар жыў у казённым доме, збудаваным у казённым стылi, квадратным двухпавярховым доме без усялякага намёку на архiтэктурныя ўпрыгожаннi. Адзiнай уступкай эстэтыцы быў маленькi ганак, якi разам з дошкай для аб'яў i вызначаў воблiк дома. Рой зiрнуў на плакаты, якiя матлялiся на дошцы. "Аберагайце багаццi прыроды i прыгажосць вашага лесу!" – прачытаў ён гучна, смакуючы паэтычнасць афiцыйнай мовы. "Сто гадоў трэба вырошчваць яго, а знiшчыць можна за хвiлiну. ПАКIДАЮЧЫ ЛЕС, ПАТУШЫЦЕ КАСЦЁР!". I гэта яму спадабалася.

– Хэло, Мак-Нэйр, – прывiтаў яго iнспектар, ледзь толькi той адчынiў дзверы. – Я збiраўся ўжо выходзiць.

– У абход, iнспектар? – спытаў Рой.

– Абход я рабiў учора, – адказаў iнспектар.

– Як жа вы не сустрэлi мяне? – сказаў Рой.

– Прыйдзе час, сустрэну, – суцешыў яго iнспектар.

Рой засмяяўся.

– Калi вы адыходзiце, я зазiрну iншым разам.

– Не. Заходзьце. Пазней вы будзеце моцна п'яны, каб дабрацца да мяне, iнспектар зачапiў за сама балючую струну, i Рой падумаў, што iнспектар iграе несумленна.

Яны зайшлi ў маленькi квадратны пакой, сцены якога былi завешаны аб'явамi, плакатамi, календарамi, пукамi наколатых папер i картамi. На сасновым стале ляжалi карты, некалькi скурак норкi i адна бабровая, пасткi, патроны, компас, бiнокль, а пад сталом стаялi два чучалы лiсы. Iнспектар усеўся афiцыйна, за канторку, паставiўшы сваё плеценае крэсла так, каб можна было назiраць за Роем. Рой жа ўжо сцiшыўся. Гэта былi ўладаннi iнспектара, яго прыгнятала маса папер, канторка з адкiдной дошкай, чатыры цi пяць тоўстых квiтанцыйных кнiг, горы бланкаў паляўнiчых пасведчанняў, прыскрыначкi стала, запоўненыя пiсьмамi, цыркулярамi, паведамленнямi, пастановамi, бюлетэнямi, загадамi, вымовамi, справаздачамi. Толькi тут, у канторы, Рой па-сапраўднаму адчуваў вялiзную адмiнiстрацыйную машынў, якую ўвасабляў iнспектар сваёй масiўнай персонай. Рой аддаў iнспектару пяць даляраў за паляўнiчы дазвол на год.

– Як палявалася гэтым сезонам? – спытаў iнспектар, падпiсаў квiтанцыю i падаў яе Рою разам з жэтонам i маленькай зялёнай кнiжачкай, экземплярам "Дадаткаў да Закона пра Паляванне i Лоўлю Рыбы 1946 года".

– Норму вылавiў.

– А каму прадалi?

– Пiту Дзюкэну.

– Пушнiна першагатунковая?

Рой кiўнуў.

– Ёсць што-небудзь выключнае?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю