355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джеймс Олдридж » Паляўнiчы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 12)
Паляўнiчы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:23

Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"


Автор книги: Джеймс Олдридж


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 13 страниц)

– Мы шукалi цябе, – сказаў Скоцi. – Калi ты прыйшоў у горад?

Рой хацеў узяць сваю шапку, каб засланiць вочы, якiя ён падняў на Скоцi. Шапкi не было.

– Я вярнуўся нядаўна, – сказаў ён.

– Ну што ж, якраз своечасова, – сказаў Скоцi, стройны i чысценькi, у гарадскiм пiнжаку i свежаадпрасаваных габардзiнавых штанах. – Нас усiх склiкае iнспектар.

– Каго склiкае? – спытаў Рой i, нарэшце, устаў.

– Усю кампанiю, – патлумачыў Самсон. Ён таксама прыбраўся, барада i валасы былi падпраўлены, i ён стаяў выпрастаны на ўвесь свой вялiзны рост, i яго чырванашчокi здаровы твар ажно свяцiўся. – Гэты iнспектар рыхтуе нам нейкую брыдоту.

– Прыяцель-iнспектар! – сказаў Рой i насупiўся. – Не хачу бачыць iнспектара! Прыяцеля-iнспектара! – крычаў ён. – Прыяцель-iнспектар!

– Пайшлi, Рой. Калi ты не прыйдзеш, ён можа нешта западозрыць.

– Што ён хоча? – спытаў Рой.

– Не ведаю, – сказаў Скоцi, – ён выклiкаў сёння ўсiх трапераў Муск-о-гi. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсцi самому i паглядзець. Якi сэнс хавацца?

Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасцi, нейкаму завяршэнню.

– Дзе мая шапка? – сказаў ён. – Дзе яна, Самсон?

Самсон знайшоў яе ў бары i нацягнуў Рою на галаву. Iшлi моўчкi. Рою не было што гаварыць, Скоцi быў надта засмучаны выглядам Роя i яго бедамi. Час ад часу Самсон пазiраў на Скоцi, круцiў галавой i некалькi разоў падтрымлiваў Роя, калi той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы iнспектара, Рой спынiўся ля снежнай гурбы i пацёр мокрым снегам твар i рэдкiя валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысцiў з каленяў гразь, але, калi яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзiлi да канторы, выгляд у яго быў дрэнны.

У маленькай канторы iнспектара ўжо сабралiся iншыя дзесяць трапераў Муск-о-гi. Са з'яўленнем Роя, Скоцi i Самсона ў зборы былi ўсе трынаццаць. Тут былi людзi, якiх Рой не бачыў па пяць-шэсць гадоў, хоць яны лавiлi ў Муск-о-гi амаль побач. Усе даўнiя сябры, якiя вiталi адзiн аднаго грубаватымi жартамi сапраўдных лесавiкоў.

– Хэло, Рой, – казалi яны. – Вось ён, граза калiфарнiйскiх баброў, наш Рой Мак-Нэйр!

Нiхто не высмейваў ягонага пакамечанага выгляду, i некаторыя не глядзелi на яго: яны ўжо ведалi пра Сэма. Яны ведалi пра яго больш, чым сам Рой. Рой яшчэ нi з кiм не гаварыў пра дэзерцiрства брата, i нiхто з iх не пачынаў гэтай гаворкi; нiхто не хацеў быць надакучлiвым. "Ну як, яшчэ не злавiў ён цябе, Рой?", – звыкла гаварылi яны, ведаючы, што Рой любiць, калi яму нагадваюць пра паядынак з iнспектарам.

Рой адказваў усiм, але ў яго жартах не было запалу, i ён быў задаволены, калi яго пакiнулi ў спакоi ў кутку побач з Iндзейцам Бобам.

– У цябе ўсё нармальна, Рой? – спытаў iндзеец.

Рой кiўнуў.

– Нармальна, Боб, – сказаў ён. – Як у бабра на плацiне!

Больш яны не размаўлялi, чакаючы з'яўлення iнспектара.

Разам з грузнай фiгурай iнспектара ў пакоi з'явiўся яшчэ адзiн камлюкаваты мужчына. Гэта быў Бэрк – той заолаг, якi быў у Роя на пачатку зiмы. Рой устрывожыўся, гэта была не проста ўлада. Прысутнасць Бэрка азначала ўварванне высокай навукi, абяцала рашучыя меры.

– Пакуль пачаць пра справу, – сказаў iнспектар, уважлiва, амаль з асуджэннем пазiраючы ў iхнiя твары, – я хачу сказаць вам вось пра што. Перад самымi Калядамi нехта з вас распачаў паляванне ў заказнiку Срэбных Даляраў. Я гэта ведаю таму, бо быў там, i я ведаю, што гэта нехта з вас, бо ледзь не злавiў вiнаватага. – Ён памаўчаў, даючы магчымасць задумацца над яго словамi, гатовы з неверагодным пры яго паўнаце спрытам схапiць вiнаватага. – Аднаго з браканьераў мы злавiлi, таго, за кiм сачылi. Гэта Джэк Сэнбi з Шасцi Рэк. Ён паляваў у заказнiку, як у сябе дома. Але ў пагонi за iм мы напаролiся яшчэ на цэлую кампанiю. Iх было два цi тры чалавекi, i мне здаецца, што сярод iх Мэрэй i Сен-Клэр. Хто быў трэцi – я яшчэ не ведаю. Толькi ведаю, што ён уцёк у Муск-о-гi з вялiкай ношай незаконнай пушнiны. Дык вось, калi я знайду гэтую пушнiну ў некага з прысутных, абяцаю, што даб'юся для яго суровага турэмнага зняволення. Мне вельмi не хочацца, каб хто-небудзь з вас, сябры, трапiў у бяду, асаблiва зараз. Але калi я злаўлю яго, не будзе нiякага патурання i нiякага апраўдання. Узяць скурку-другую звыш нормы – гэта адно, але рабаваць заказнiк – гэта ўжо недаравальна. Таму, хто б гэта нi быў, няхай асцерагаецца. Закон не дрэмле!

Рой не зводзiў вачэй з iнспектара. У мёртвай цiшынi, якая наступiла пасля гэтай заявы, ён чакаў погляду-асуджэння. Чакаў i гатовы быў сустрэць не мiргаючы, хоць вочы i былi чырвоныя, балелi. Але для iнспектара Рой нiбыта i не iснаваў, ён нi разу нават не зiрнуў у яго бок. Аднак Рой ведаў, што ўвесь гэты маналог быў адкрытым папярэджаннем яму. Iнспектар ведаў, каго ён даганяў. Без слоў ён казаў Рою: "Я ведаю, што гэта ты, i я ледзь не злавiў цябе. Выкрываць цябе я не хачу, але не рабi нiчога, што прымусiць мяне зрабiць гэта. Калi пушнiна дзе-небудзь у цябе схавана, хай там i застаецца. Зараз я мог бы накласцi на цябе руку, Рой, але я не хачу. Таму сцеражыся. Я цябе адпускаю!" Са шкадаваннем цi спачуваннем, але iнспектар, нарэшце, адолеў яго, паклаў на абедзве лапаткi, а пасля сам падняў. Горшага i прыдумаць нельга: гэта была не дапамога, гэта было поўнае паражэнне.

– I яшчэ, – працягваў iнспектар, – я так упэўнены, што Мэрэй i Сен-Клэр прымалi ў гэтым удзел, што атрымаў у палiцэйскiм упраўленнi акругi ордэр на iхнi арышт. Кожны, хто дасць iм прытулак, будзе вiнаваты ў патураннi iм, i лiчыце гэта за афiцыйнае папярэджанне. Гэтым валацугам дарогi сюды няма, i ў тутэйшым лесе iм нiколi не паляваць. Пра гэта я паклапачуся.

Зноў панурае маўчанне. Iнспектар усмiхнуўся: ён, вiдаць, пашкадаваў, што стварыў такую напружаную атмасферу, але што-небудзь змянiць ужо не мог.

– Я не хачу вас крыўдзiць, звераловы, – сказаў ён, – таму што горшае яшчэ наперадзе, але я хачу, каб вы зразумелi, што ўсё мяняецца. Калi вы хочаце калi-небудзь паляваць у Муск-о-гi, шмат што трэба змянiць, таму не думайце, што я круты таму, што я iнспектар. Я вымушаны прымаць крутыя меры таму, што ўся гэтая тэрыторыя, можна сказаць, вычарпана для звералова, i я проста спрабую ўратаваць рэшткi. – Ён кiўнуў на Бэрка, якi стаяў побач. – Вось мiстэр Бэрк з Аховы пушных i рыбных рэсурсаў. Ён раскажа вам, што засталося ад нашага Муск-о-гi, а засталося няшмат. Ён скажа вам i пра пастанову, i думаю, што многiм з вас яна будзе не даспадобы.

Бэрк не глядзеў на iх, здавалася, ён звяртаўся да жменькi дробязi, якую падкiдваў на далонi.

– Вы ўсе за апошнi год у розны час бачылi Ласона i мяне ў Муск-о-гi, i вы ведаеце, што праведзена надзвычай сур'ёзнае абследаванне дзiчыны гэтага ўчастка. – Ён падняў вочы. – Вы, звераловы, ведаеце пра дзiчыну больш за мяне, i вы ведаеце, як яе становiцца мала. Вы ведаеце, што пушнiны ў Муск-о-гi не можа больш хапаць на жыццё трынаццацi трапераў на трынаццацi ўчастках. – Бэрк на iмгненне затрымаў вочы на Роi, але быў падкрэслена абыякавы, трымаўся холадна. – Многiя з вас, вiдаць, памятаюць, чым было звералоўства да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года, калi былi створаны заказнiкi. Да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года гэта была шалёная гонка па азёрах, рэках i сцежках, i кожны трапер ставiў свае пасткi там, дзе хацеў, пакуль не сустракаў пасткi iншых. Тады ён збочваў, калi баяўся, альбо вычышчаў чужыя пасткi, калi быў дастаткова нахабны. Падзел усёй тэрыторыi Муск-о-гi на ўчасткi спынiў такое становiшча. Ён даў вам трынаццаць пэўных участкаў, па, адным на кожнага. Гэта спынiла сваркi i драпежнiцтва адзiн супраць аднаго, але не знiшчыла пагрозы залiшняга аблову Муск-о-гi. Магчыма, калi б вы больш ашчадна абыходзiлiся з вашымi ўчасткамi, дык там i зараз было б больш дзiчыны, але не ўсе былi дбайнымi гаспадарамi. Некаторыя з вас ганялiся за кожным цэнтам, якi можна было выцiснуць з пастак, i вы спусташалi ўчасткi дарэшты. Я нiкога не абвiнавачваю, бо ведаю, што трапер сам сабе не вораг, я ведаю, што спусташалi ўчасткi вы не без падстаў. Але факт ёсць факт. Пушнiны засталося хiба што на палову вас, i калi зараз не прыняць неадкладных мер, дык хутка яе не застанецца зусiм. Мы меркавалi, што заказнiк на Сярэбранай рацэ калi-небудзь уратуе Муск-о-гi, мы на гэта спадзявалiся.

Рою хацелася пратэставаць, апраўдвацца, але ён слухаў Бэрка, а яго траперскае сумленне мучыла яго.

– На няшчасце, – працягваў Бэрк, – заказнiк не даў яшчэ жаданых вынiкаў, часткова з-за браканьерства, але галоўным чынам таму, што ён яшчэ занадта малады. – Рой адзначыў гэта як частковае апраўданне яго вiны, а Бэрк працягваў гаварыць: – Дык вось, паколькi няма надзеi захаваць увесь Муск-о-гi, я прыехаў сюды, каб паведамiць вам пастанову дэпартамента. Цi ёсць у вас пытаннi, перш чым я абвяшчу яе?

Нiхто не скрануўся з месца, нiхто не прамовiў нi слова.

– Яна надта простая, – рэзка прамовiў Бэрк, апусцiў свае манеткi ў кiшэню i агледзеў прысутных, – i яна надта суровая: з трынаццацi ўчасткаў Муск-о-гi сем будуць закрыты, а шэсць захаваны. – Тут ён прыпынiўся, даючы магчымасць пярэчыць i пытацца, але пэўны час усе маўчалi.

Затым пачаў Самсон:

– А якiя ўчасткi будуць закрыты?

Iнспектар падаў Бэрку карту.

– Нам давядзецца закрыць тыя ўчасткi, дзе менш за ўсё засталося дзiчыны, сказаў Бэрк. – Зараз я назаву iх. – Ён вадзiў тоўстым пальцам па зялёнай карце Муск-о-гi i абвяшчаў канец аднаго ўчастка за другiм, а траперы сачылi за гэтым пальцам, якi абвяшчаў лёс кожнага з iх. Ён закончыў, лёс стаў вядомы. Участак Роя ацалеў, адзiн з двух участкаў Скоцi i Самсона быў закрыты, закрыты былi i ўчастак Iндзейца Боба.

Але гэта не магло быць канчатковым рашэннем.

– А як жа быць нам? – сказаў нехта.

Многiя незадаволена зашумелi, але тут умяшаўся iнспектар.

– Мiстэр Бэрк толькi назваў закрытыя ўчасткi. Ён не сказаў, хто будзе карыстацца тымi, што засталiся. Нам здаецца, што вы павiнны вырашыць гэта самi, памiж сабой. Вас тут трынаццаць, адкрытых участкаў шэсць, i мне здаецца, што адзiная магчымасць паступiць справядлiва – гэта кiнуць жэрабя. Як вы лiчыце?

Зноў пачаўся шум.

– А вы прагаласуйце, – прапанаваў Бэрк.

Прагаласавалi, i большасць была за жэрабя.

– Лепш за ўсё зрабiць так, – прапанаваў Бэрк. – Той, чый участак аб'яўлены адкрытым, калi выцягне жэрабя, захавае свой участак. Той, чый участак закрыты, калi выцягне жэрабя, атрымае блiжэйшы з адкрытых участкаў. Добра?

– Добра! – Iм хацелася скончыць як мага хутчэй.

– Перш чым вы будзеце цягнуць жэрабя, – працягваў Бэрк, – я мушу паведамiць вам новыя правiлы, якiя дзейнiчаюць падчас новага становiшча. Нам вядома, што пры iснуючай норме адлову немагчыма пражыць, таму мы хочам даць вам палёгку. Больш не будзе жорсткай нормы альбо сезонных абмежаванняў для бабра i андатры.

Гэта iм спадабался, i яны зашумелi з адабрэннем.

– Але, – працягваў Бэрк, – за кожны сезон будзе дазволена браць не больш як двух баброў i дзвюх андатраў з кожнай нары вашага ўчастка. Вы павiнны кожны год самi вызначаць, колькi ў вас хатак i нор, i колькасць здабытых скурак не павiнна перавышаць гэтую колькасць больш як удвая. Калi будзеце лавiць залiшне, колькасць хатак зменшыцца, а разам i ваша норма. Калi будзеце разумна гаспадарыць, вы станеце звераводамi, колькасць хатак будзе з кожным годам павялiчвацца, а з iмi i ваша здабыча. Ну як, справядлiва?

– Справядлiва, – адгукнулiся яны i запатрабавалi цягнуць жэрабя.

– Павiнен яшчэ дадаць, – дыпламатычна закончыў Бэрк, – што лоўля рыбы ў любы час забаронена на два гады.

Гэта была крутая мера, але iх больш цiкавiла звералоўства, i яны зноў сталi падганяць з жараб'ёўкай.

Iнспектар i Бэрк нарэзалi трынаццаць лiсцiкаў паперы, напiсалi на шасцi з iх адно слова "Участак" i склалi шэсць разоў.

– Пазычце нам сваю шапку, Рой, – папрасiў Бэрк, i цень усмешкi мiльганула ў ягоных вачах.

На хвiлiну ў iх прачнулася пачуццё гумару. Самсон сарваў з галавы ў Роя яго пашкуматаную шапку i кiнуў Бэрку. Усе засмяялiся, а Рой з панурай нiякаватасцю прыгладзiў мокрыя валасы.

– Ну, давайце пачнем! – сказаў Бэрк i пачаў паволi абносiць шапку.

Першыя два выцягнулi пустыя паперкi i прамаўчалi. Трэцiм цягнуў Льюiс Бэрк, старэйшы звералоў Муск-о-гi, дзiўнаваты маленькi iрландзец з сiвой галавой i шэра-карычневым ад загару тварам. Ён лавiў звяроў у Муск-о-гi ўсё сваё жыццё i жыў лясным сычом, не пакiдаючы свайго ўчастка. Пра яго паспелi ўжо забыцца i ўспомнiлi толькi зараз, калi ён цягнуў жэрабя. Калi выцягнуў паперку, ён бездапаможна азiрнуўся – ён не ўмеў чытаць.

– Табе пашанцавала, Лью! – закрычаў яму Скоцi. – Участак твой!

Стары нiчога не адказаў, толькi акуратна склаў лiсток, нiбыта гэта быў на самай справе законны дакумент на права валодання.

Затым падышоў Самсон, азiрнуўся на Скоцi i пацягнуў.

– Пуста, – сказаў ён. – Нiчога няма.

Скоцi мiргнуў i асцярожна выцягнуў руку. Ён спачатку ўсмiхнуўся, паказваючы падпiсаны лiсток, але затым знiякавеў.

– Я не вiнаваты, – сказаў ён Самсону. – Праўда, не вiнаваты!

– Рой, – хутка паклiкаў Бэрк i падаў шапку.

Рой зiрнуў на Бэрка i згадаў шалёную гонку па возеры Т, калi прыляцеў самалёт бiёлагаў. У ягоных пальцах зараз было возера Т i яго хацiна, i ўвесь Муск-о-гi, i на iмгненне ён убачыў, як вяртаецца туды i зноў шукае шчасце нават на ўсечанай тэрыторыi, у Муск-о-гi, якi страцiў палову свайго насельнiцтва i большую частку дзiчыны.

– Гэта ваша шапка, Рой, – сказаў Бэрк. – Смялей цягнiце!

Рой пацягнуў – – i Рой выйграў, i пачулiся вiтаннi ў гонар Роя, i ён зразумеў – перад iм толькi адно рашэнне: як i раней – лес. Не было нi Сент-Элена, нi Сэма, нi Эндзi, нi нават Джын. Пасля ён зразумеў, што выбраў сабе лясную адзiноту, i пачаў назiраць за Iндзейцам Бобам.

Iндзеец не прывык гуляць пры вырашэннi жыццёва важных пытанняў, азарт не быў характэрным для яго народа. Рабiць стаўкi яго прымушалi толькi вымушаныя адносiны з белымi людзьмi, але i тут закон адбiраў у яго аднолькавы шанц, як закон адбiраў, напрыклад, права ўжываць спiртное. Але зараз яму была навязана сама буйная гульня ў ягоным жыццi, i ён паглядзеў на Бэрка з пагардай iндзейца не толькi да аднаго Бэрка, але i да ўсiх Бэркаў на свеце.

Боб прайграў, але, памiраючы, яго вочы i смяротна белыя губы нiчога з ягоных пачуццяў не выявiлi.

Тры iншыя надпiсаныя лiсцiкi былi хутчэй трагедыяй, чым спрыяннем лёсу, i апошнi выцягнуў п'янiца iрландзец, якога лес паступова губiў i зараз мог загубiць канчаткова.

– Так, з гэтым вырашылi, – сказаў iнспектар, i ў яго быў выгляд чалавека, якi таксама нешта страцiў. – Застаецца дадаць няшмат. Новыя ўчасткi на поўначы па-ранейшаму адкрытыя i будуць адкрытыя да мая. Калi хто-небудзь з вас хоча паляваць там, я прыму заяву i абяцаю, што вы атрымаеце ўчасткi. Я ведаю, што гэта далёка i што амаль немагчыма жыць тут, у Сент-Элене, а паляваць там. Гэта, вядома, ужо не мой раён. Але я паспрабую дабiцца, каб быў вызначаны зручны шлях па рацэ Ўiп-о-Ўiл, каб за кошт урада былi ачышчаны волакi i нешта накшталт сцежак, каб кожны хоць раз за сезон мог дабрацца сюды пешкi i на лодцы. Я не ўпэўнены, што мне гэта ўдасца, але вось мiстэр Бэрк згодзен паклапацiцца пра гэта ў дэпартаменце. Дык вось, калi нехта хоча атрымаць участак на поўначы, запiшыцеся ў мяне. Здаецца, усё.

Яны разыходзiлiся няспешна, бо такi сход наўрад цi паўторыцца, i кожны меў што сказаць iншаму. Выключэннем быў Рой, i Рой пайшоў першы. Iдучы мiма iнспектара i Бэрка, ён спынiўся, каб узяць сваю шапку. Бэрк падаў яе Рою.

– За паляўнiчае шчасце! – з усмешкай прамовiў ён, вiдаць, чакаючы, што Рой на гэта неяк адгукнецца.

Рой узяў шапку i ў прыязным позiрку Бэрка ўбачыў магчымасць уласнага адраджэння. Ён мог вярнуцца да сваiх азёр, i лясоў, i звярыных сцежак. Мог вярнуцца да змены паляўнiчых сезонаў i аднавiць свой паядынак са стыхiямi i з пушным iнспектарам.

У адказ на заахвочвальную ўсмешку Бэрка ў iм расло жаданне мець усё гэта, i ўсё адно ён ведаў, што не вернецца. Калi няма для яго Сент-Элена, няма i Муск-о-гi, i вобраз Муск-о-гi стаў цьмяным. Рой адзеў шапку на галаву.

– Як палявалi, Рой? – спытаў iнспектар.

– Добра.

– Пушнiна, вядома, першагатунковая?

– Розная.

– А каму прадалi? – спытаў iнспектар.

– Яшчэ пакуль нiкому, – сказаў Рой i раптам прыняў рашэнне. – Ведаеце што, iнспектар, – прамовiў ён. – Калi не будзе пярэчанняў, аддайце мой участак Iндзейцу Бобу. Вы не будзеце супраць?

Iнспектар не адразу зразумеў Роя.

– Навошта? – сказаў ён. – Вы атрымалi яго, а Боб возьме сабе ўчастак на поўначы.

Рой страцiў цярпенне.

– Я адмаўляюся ад свайго ўчастка. Перадайце яго Бобу, калi, вядома, ён захоча.

Рой ведаў зараз, што жаданне адмовiцца ў яго ўзнiкла яшчэ ў той момант, калi ён убачыў у руках iндзейца чысты белы лiсток. У гэты момант уласная перамога Роя стала для яго крахам, i зараз ён без шкадавання аддаваў участак Бобу. Яго не клапацiла, што ён парушыў закон цi паляваў у заказнiку. Ён аддаваў участак Бобу таму, што не мог вярнуцца ў Муск-о-гi, аддаваў як усвядомлены iм доўг перад iндзейцам i перад любым чалавекам, перад усiмi людзьмi, якiя ў сваю чаргу былi ў даўгу перад iм i выручылi б яго ў выпадку патрэбы.

– Хай бярэ яго, – сказаў Рой, – каб толькi iншыя не шумелi.

Iнспектар пацiснуў плячыма.

– Як хочаце, Рой. – Ён нiчога не разумеў.

– Тады бывайце, – сказаў Рой.

– А чаму вы не хочаце, каб я запiсаў на вас адзiн з паўночных участкаў? спытаў iнспектар, якi пачынаў нервавацца ад выбрыкаў Роя.

– Не трэба пра гэта, iнспектар, – адказаў Рой.

– Дык вы не хочаце новага ўчастка?

– Не, – адказаў Рой. – Не хачу.

– Але чаму? – умяшаўся Бэрк.

Рой зiрнуў на гэтага вучонага лесавiка i засумняваўся: цi ведае ён на самай справе, што такое лес? Як яму давесцi, гэтаму Бэрку, што ён страцiў Сент-Элен, а значыць, страцiў i Муск-о-гi, страцiў i поўнач. Як яму давесцi, што куды б ён нi пайшоў, яго ўсюды чакае доля ляснога сыча, як расказаць гэтаму Бэрку пра ўсё?

– Чаму б вам не пайсцi на поўнач? – не здаваўся Бэрк.

– Надта далёка.

– Вы ненармальны, – прамармытаў iнспектар.

– Магчыма, – сказаў Рой i пайшоў.

Рой не еў ужо цэлыя суткi i ведаў, што, калi вып'е хоць кроплю, яму стане блага. Ён нацягнуў шапку так, каб засцерагчы вочы ад сонца, i ляжаў на лаўцы каля бара Клема. Ён не хацеў больш нiчога вырашаць, нi пра што думаць. Яму было прыемна, тут на сонцы, i хацелася заснуць, але заснуць ён не паспеў. Нейкi бяздомны сабака абнюхаў яго i лiзнуў твар, калi ён апусцiў руку, каб пагладзiць яго. Пасля прыйшоў Самсон.

Самсон ссунуў ногi Роя з лаўкi.

– Куды гэта ты спяшаешся? – спытаў ён i сеў. – Мы шукалi цябе, а цябе няма.

– Я спаць хачу, – адказаў Рой.

– Iнспектар кажа, што ты адмовiўся ад свайго ўчастка i не захацеў браць на поўначы. Гэта праўда? Ты на самай справе зрабiў гэта?

Рой перавёў погляд на бляклую пляму возера Гурон.

– Праўда, Самсон, – сказаў ён абыякава.

– Я яшчэ разумею, чаму ты аддаў свой участак, – сказаў Самсон. – Але чаму не iсцi на поўнач? Гэтыя мясцiны чакаюць такiх, як ты. Ты гадамi гаварыў пра тое, каб пайсцi на поўнач. Дык што ж сталася, чаму ты перадумаў, калi ёсць такая мажлiвасць?

Рою мiжволi давялося разыгрываць Самсона.

– Старэю я, Самсон, для такiх прыгод, – сказаў ён. – Гэта для такiх дужых хлопцаў, як ты. – Рой успомнiў, колькi разоў ён спрабаваў разлучыць Скоцi з Самсонам i нiчога не выходзiла. А як лёгка разлучылi iх абставiны.

– Што ты будзеш рабiць без Скоцi? – спытаў ён здзеклiва.

Вялiкiя далонi Самсона былi такiя цяжкiя, што сабака глуха забурчаў.

– Скоцi адмовiўся ад свайго ўчастка i вырашыў iсцi на поўнач разам са мной. Давай i ты з намi. Чаму ты не хочаш? Што з табой?

Рой не адказаў, але засмяяўся са Скоцi, як смяяўся з Самсона. Смяяўся ён i з сябе, са сваiх спроб разлучыць iх.

– Дык што, Рой? – спытаў Самсон.

– Я вырашыў адпачыць, – адказаў Рой.

Самсон не адставаў ад яго, не пераставала яго рука церабiць сабаку. Але ад абодвух ён нiчога толкам не дабiўся, ды тут з'явiлiся Скоцi i Джэк Бэртан.

– Так! – сказаў Рой. – Значыцца, з'явiлiся яго экселенцыя айцец Малькольм i дарожны ўпаўнаважаны.

– Я прывёў Джэка, – дзёрзка пачаў Скоцi, – каб хоць ён навучыў цябе. Паслухай, Рой. Ты аддаў свой участак Iндзейцу Бобу, гэта твая справа, мяне гэта не турбуе, – эмацыянальнасць гэтага iдэалiста была надта яўнай i падкрэсленай. – Але навошта адмаўляцца ад новага ўчастка на поўначы? Што ты думаеш рабiць далей? Сядзець тут i памiраць?

– Пайшоў ты, Скоцi, – панура прамовiў Рой.

Скоцi адмовiўся ад уяўна гнеўнага тону.

– I чаму табе не пайсцi на поўнач са мной i Самсонам? – пытаўся ён. – Чаму ты не папросiш iнспектара запiсаць цябе на адзiн з тых участкаў?

Рой паглядзеў на толькi што наваксаваныя боты Скоцi.

– А навошта табе iсцi на поўнач? – спытаў ён у Скоцi. – Ты ж выцягнуў свой стары ўчастак, навошта табе валачыся на поўнач?

– Не будзь упартым, Рой, – папрасiў Самсон. – Чаму ты не хочаш пайсцi з намi?

– Але чаму б вам не пайсцi зараз у бар i не напiцца? – спытаў Рой, i адразу ж закрычаў на iх, каб не думаць, якое гэта было б шчасце – пайсцi на поўнач з Самсонам i Скоцi, шчасце, якое ён не прымаў дзеля непазбежнай адзiноты, якая чакала яго ўсюды ў лесе. Калi ўжо нiчога не было для яго ў Сент-Элене, дык нiчога не было для яго i ў лесе. Як яны не могуць гэтага зразумець?

– Схадзiце, – крычаў ён iм, – схадзiце i добра напiцеся, пакуль вас не зжэрла ледзяная пустыня!

– Мо ты ўгаворыш яго, – сказаў Скоцi Джэку. – Ты не маеш рацыi, Рой, i сам гэта добра ведаеш. – I ён павёў Самсона ў бар.

Рой адразу ж напаў на Джэка.

– Ну, – сказаў ён. – Выратавальнiк дарог! Выратавальнiк горада! Што яшчэ. ратаваць збiраешся? – Але атака была слабая.

– Мне паведамiлi, што ўчора вечарам ты не знайшоў мяне, – сказаў яму Джэк, не звяртаючы ўвагi на яго горыч.

– Я нiкога не знайшоў учора вечарам, – адказаў Рой.

Джэк сеў.

– Ты, вядома, заходзiў дамоў?

Рой павольна кiўнуў.

– Прыйшоў у свой пакой, а там чужыя дзецi. – Ён прыкрыў шапкай вочы i гаварыў вельмi спакойна. – Хто купiў ферму, Джэк? Нехта з Раселяў?

– Не. Яе купiлi зямельныя агенты, а заплацiў, вiдаць, банк.

– Банк? А навошта яму хата фермера?

– Але ж гэта яшчэ даволi прыстойная ферма...

– Але навошта банку купляць яе? Банк – гэта ж проста будынак. Навошта яны скуплiваюць фермы? Якая ў гэтым патрэба? – Рой, нарэшце, знайшоў падставу для незадаволенасцi, але i гэта не давала палёгкi. – Што ж зрабiў Сэм? – пытаўся ён у Джэка. – Узяў i прадаў iм ферму?

– Не, быў аўкцыён, а банк даў больш за ўсiх.

– А каго яны пасялiлi на ферме?

– Бiлi Эдвардса, – сказаў Джэк.

– Спачатку ён атрымаў майго каня, а зараз i ферму, ў дадатак!

– Ён добры фермер, Рой. Ён будзе на ёй як след працаваць.

– Вядомая справа! Таму, напэўна, банк i пасадзiў яго туды.

– Вiдаць.

– А як жа Сэм?

– Ты нiчога не чуў пра Сэма?

– Не, – адказаў Рой.

– Сэм проста сышоў. – Джэк пацiснуў плячыма. – Уцёк.

– Разам з Руф?

– Не, кiнуў яе. Усё кiнуў. Забраў палову грошай, адным цудоўным ранкам пайшоў на станцыю i знiк. Знiк!

– Зусiм як Эндзi, – сумна, але без горычы прамовiў Рой.

– Так, падобна, – сказаў Джэк i замоўк у чаканнi.

Рой павiнен быў задаць гэтае пытанне. Зараз ён не мог не задаць яго.

– А што з Эндзi? Дзе ён?

– Недзе тут, – сказаў Джэк.

– А Джынi?

– Па-ранейшаму ў старой хаце Мак-Нэйраў.

Рой падняў шапку, i сонца асляпiла яго.

– Ты яе яшчэ не бачыў? – спытаў Джэк.

Рой пакруцiў галавой.

– Яшчэ не, – сказаў ён. – А Эндзi з ёй?

Джэк пацiснуў плячыма.

– Магчыма, – сказаў ён.

На iмгненне Рою здалося, што Джэк мог бы сказаць больш, але той змоўк i неяк неахвотна ўсмiхнуўся. Сабака зноў пачаў лашчыцца да Роя. Той механiчна церабiў яго галаву, морду, шыю. Сабака быў, вiдаць, ручны i заскуголiў, калi рука Роя перастала гладзiць яго.

– Джэк, – вiнаватым тонам сказаў Рой, успомнiўшы, нарэшце, нешта важнае. Я схаваў у тваiм хляве пушнiну.

Джэк кiўнуў.

– Я бачыў.

– Я яе забяру адтуль. Мо сёння вечарам.

– Калi захочаш, – сказаў Джэк.

– Не, сёння вечарам, – сказаў Рой.

– Ладна, – сказаў Джэк. – Мо пераначуеш у нас?

Рой кiўнуў.

– А як твая ферма? – спытаў ён.

– Становiцца падобнай на ферму, – сказаў Джэк.

– А сям'я?

– Нармальна, Рой. На будучы год адкрываем сярэднюю школу ў Марлоў. Учора гаварыў з адмiнiстрацыяй.

– Марлоў? Гэта ж за дзесяць мiль, – сказаў Рой. – Якi сэнс для нас?

– Дзесяць мiль? – Джэк пацiснуў плячыма. – Арганiзуем аўтобус.

– Фермер Джэк! – сказаў Рой, i гэтыя словы прабiлiся ў яго пацяжэлую галаву. Яму захацелася падчапiць Джэка, пажартаваць наконт схаванай пушнiны, наконт горада, наконт дарогi, наконт школы. Джэк быў тут i чакаў гэтага, амаль малiў Роя не адасабляцца. Дзiўнае гэта было маўчанне, але неўзабаве яно перарасло ў пераможную перадышку, бо менавiта гэтае маўчанне вярнула Рою пэўнасць, ад якой яму не было дзе схавацца. Гэта была пэўнасць Джэка, якi нiколi не здаецца. Джэка i яго фермы, Джэка i яго школы – сярэдняй школы! Iменна тое, як Джэк сцвярджаў свае правы, уратавала Роя ў гэты вырашальны, апошнi момант. Зараз ён не мог уцячы ад самога сябе.

– Добра, – прамовiў Рой i ўстаў. – Мне трэба iсцi, Джэк.

Джэк ведаў, куды iдзе Рой, i ведаў, што яго чакае, але ён мог толькi сказаць:

– Бадай, трэба, Рой.

– Тады бывай, – сказаў Рой i пайшоў прэч не сваёй звыклай паходкай, а крыху хiстаючыся, нiбыта Блэк-энд-Блю яшчэ туманiла яму галаву. Джэк назiраў, як ён перайшоў дарогу i нацянькi пайшоў да старой хаты Мак-Нэйраў.

Раздзел васемнаццаты

Падмытыя платы са снегу павалiлiся, вераб'i адчайна мiтусiлiся ў гразi сярод скал i ў раскiслым тарфянiку. У лесе было шмат сiнiх соек, а ў кустах скакалi сiнiцы. На поле выйшлi людзi з канавакапальнiкамi i плугамi, i ўжо блiзка ад старой хаты Мак-Нэйраў Рой спынiўся, каб паназiраць за адным з работнiкаў. Гэта быў Бiлi Эдвардс, ён кiраваў сваiм канём. Рой здагадаўся, што ён трымае курс на далёкае поле, цi то ачышчаць, цi то прайсцi карчавальнiкам, цi то вывезцi карчы. У яго не было нядобрых адносiн да Бiлi Эдвардса, ён не мог дрэнна адносiцца нi да кога, хто ўзяўся б адрадзiць гэтую ферму, але ў iм расла сляпая незадаволенасць адзiным цагляным будынкам у Сент-Элене, якi зараз валодаў ёй. Што патрэбна банку ад фермы? Што наогул хоча банк ад чалавека?

Усё больш заводзячы сябе, ён iшоў па раллi, каб было бачна, што яму напляваць на банк; выклiк быў i ў тым, як шумна пачысцiў ён ногi аб жалязяку i рэзка штурхануў нагой дзверы ў кухню. Пасля гэта з яго зляцела, i ён увайшоў у хату вельмi асцярожна.

Ён спадзяваўся ўбачыць Джынi на кухнi. Але яе не было там.

– Мiсiс Эндрус! – сказаў Рой, каб заявiць аб сваёй прысутнасцi.

Адказу не было. Рой агледзеўся. На кухнi быў беспарадак, якi з'яўляецца адзнакай жанчын, не прывыклых прыбiраць пасля сябе. На стале стаяла вядзерца з попелам, вiдаць, каб пасыпаць сцежку. Рой зняў яго, пасля склаў параскiданыя дровы ля печы. Затым сеў на куфар ля акна i пачаў чакаць. Спачатку ён падумаў, што трэба, вiдаць, пайсцi, але занадта шмат намаганняў запатрабавала дарога сюды, i ён сцiшыўся, залезшы з нагамi на куфар.

Усёй iстотай Рой адчуваў, што сапраўды паляўнiчы вярнуўся дамоў, i гэта пацягнула яго на сон, такi патрэбны яму зараз. Ужо цямнела, а ён усё спаў. Яго разбудзiў гучны крык.

– Рой! – пачуў ён. – Рой! – гэта было падобна на рыканне.

Упершыню за ўсё жыццё ў Роя пахаладзела ўсё нутро ад непераадоленага страху; Рой адчуў яго жалезны поцiск: у роце з'явiўся непрыемны смак, губы высахлi i галаву нiбыта сцiснулi абцугамi. На iмгненне ён увесь зледзянеў, але адразу ж усхапiўся i выпрастаўся, гатовы атрасцi сонны кашмар.

– Рой!

Ля дзвярэй Эндрус – не чалавек, а гара.

– Рой!

Разгледзець адзiн аднаго ў змроку яны не маглi.

Рой усё яшчэ не ўсведамляў, што адбываецца.

– Так! – холадна адказаў ён. – Гэта я.

– Ну, вядома ж, ты! – закрычаў Эндзi i кiнуўся да стала, але адразу ж застыў, як па сiгнале. Нават слабое, рэшткавае святло з акна перашкаджала яму, i ён пачакальна ўзiраўся з цемры.

Даволi доўга яны маўчалi i не рухалiся. Рой лiхаманкава думаў, як яму хутчэй абяззброiць Эндруса, але мiжволi апынуўся ў абароне, вырашыў не лезцi першым, менш гаварыць i проста чакаць.

Затым пакой зноў напоўнiўся зычным голасам Эндруса:

– Мне сказалi ў бары, што ты вярнуўся. Я даўно хацеў убачыць цябе...

– Я ведаю, – сказаў Рой i адчуў на сваiх ляжках сутаргавую хватку ўласных пальцаў. Зараз ён быў гатовы на ўсё, так, ён вiнаваты, так, яму страшна, але перш за ўсё ён напагатове. Даўшы iнiцыятыву Эндрусу, ён чакаў, як вызначыцца ступень iх варожасцi, але цiкаўнасць перамагла, i ён зiрнуў на Эндзi. Ён не мог бачыць яго выразна, але тое, што ён бачыў, выклiкала ў яго дзiўнае i непатрэбнае тут пачуццё сiмпатыi да гэтага магутнага цела, яго росту i аб'ёму, яго шумнага дыхання. Рой зноў адчуў усю нястрымнасць Эндруса. Той зараз быў гатовы на ўсё.

– Я хадзiў у лес... – пачаў Эндзi.

– I гэта ведаю, – адрэзаў Рой.

Прыхаваная варожасць у голасе Роя, здавалася, збiла Эндруса i крыху насцярожыла яго даверлiвую бяспечнасць. Ён увесь аж затрымцеў ад крыўды.

– Ах, д'ябал! – сказаў ён i цяжка ўздыхнуў. – Трэба запалiць святло. – Ён пстрыкнуў запалкай i пайшоў проста да капцiлкi, якую Джынi трымала на камiннай дошцы на той выпадак, калi сапсуецца газавая лямпа. Ён прынёс капцiлку на стол, запалiў яе, сеў насупраць Роя i холадна спытаў:

– Як жывеш, Рой?

Толькi зараз Рой добра бачыў Эндруса i зразумеў, што воблiк, якi ён захоўваў у памяцi, быў Эндзi iхняга юнацтва: бесклапотны малады бамбiза, шалёны сiлач, захоплены гарлапан, нястомны анархiст. Да таго часу, калi Эндзi пакiнуў Сент-Элен, ён стаў тоўстым i грубым, але Рой неяк забыўся пра гэта, i зараз выгляд гэтага мяснiка з мясiстым тварам i халоднымi вачыма ашаламiў яго. Ён усё ж спадзяваўся ўбачыць ранейшы воблiк сябра.

– Ты, вiдаць, не чакаў, што я вярнуся, – абыякава заявiў Эндрус. Гэта гучала пагрозлiва.

– Магчыма, – сказаў Рой i ўвесь напружыўся, бо адчуваў на сабе пiльны позiрк Эндзi, якi ацэньваў яго.

– Здаецца, ты зусiм не хочаш бачыць мяне, – закрычаў Эндзi.

– Не. – Рой усё яшчэ чакаў, адчужана i абыякава, ён не хацеў даходзiць да галоўнага. – Калi-небудзь ты ж павiнен быў вярнуцца.

– Праўда, Рой.

Эндрус хацеў яшчэ нешта дадаць, але тут яны разам пачулi, як Джынi Эндрус за дзвярыма нешта гаворыць да сабакi, i абодва сядзелi моўчкi, пакуль яна не ўвайшла ў хату. Яна зiрнула спачатку на Эндзi, затым на Роя. Пасля прычынiла дзверы, нiбыта прымала выклiк.

– Гэта з вамi прыйшла гэтая лайка? – спытала яна ў Роя.

– Са мною, – вiнавата адказаў ён.

– Яна ўжо даўно швэндаецца па горадзе, – сказала мiсiс Эндрус. – Вiдаць, адбiлася ад некага з iндзейцаў.

Яна нi слова не прамовiла да Эндруса: нiбы не заўважала яго, але, i не заўважаючы, прымала яго прысутнасць як непазбежнасць, i мiжвольны позiрк Эндзi даказаў гэта. Тым самым Рой быў нiбыта адхiлены, i ён з адчаем зiрнуў на Джынi, каб пераканацца ў гэтым. Ён не рашыўся зiрнуць ёй у твар, але назiраў за кожным рухам мiсiс Эндрус, за тым, як яна скiдала чаравiкi i здымала кароткую шэрую армейскую куртку. Калi скiнула гэтую няўклюдную абалонку, яна стала той статнай i мiлай жанчынай, якой ён прывык яе сабе ўяўляць, i тады ён знiякавела зiрнуў ёй у твар. Кароткiя кучаравыя валасы былi надта кароткiя, твар пахудзеў: толькi гэта ён i заўважыў на яе тонкiм твары, якi заўсёды быў вуглаватым i вострым, i зараз нiчога iншага ён на яе твары не прачытаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю