Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"
Автор книги: Джеймс Олдридж
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)
На першы хрыбет ён падымаўся вельмi асцярожна, заклапочаны тым, каб вызначыцца на мясцовасцi пасля сляпога начнога пераходу. Свае назiраннi ён рабiў пад прыкрыццём бярозавага зараснiку, i яго сэрца радавалася ад снежнай смугi, белага палатна на схiлах, радавала яго i нiзкае цяжкае неба, невыразны i засмужаны гарызонт.
– Ну, дзе ж вы, паляўнiчыя? – у захапленнi крыкнуў ён.
Яму хацелася крычаць iм: дзе вы-ы? Дзе дзеўся ўвесь ваш закон i парадак? Чатыры чалавекi i ўсе iх палявыя бiноклi i шыкоўны рыштунак i правiзiя – усё гэта зараз было непатрэбнае. Адзiнае, што магло яго знайсцi i загнаць, гэта самалёт, але ў такое надвор'е i гэта малаверагодна, у такое надвор'е ён мог не баяцца, што яго заўважаць – цi то з неба, цi то з зямлi. Сама добрае надвор'е для лiсы, казаў ён, i лiса схавае сляды.
Зараз ён дакладна ведаў, што яму рабiць. Ён павярнуў проста на ўсход, iдучы паралельна курсу, якога трымаўся да гэтага. Ён ведаў, што патрулi абшукаюць увесь раён, дзе згубяць яго след, але цi дадумаюцца яны вяртацца назад, каб лавiць яго ў сябе за спiной? Ён гэта ведаў i на гэта разлiчваў i працягваў заблытваць след, iдучы проста на ўсход, нават без намёку на паўднёвы напрамак. Ён iшоў так усю ранiцу, яго адноўленая энергiя грэбавала стомленасцю ног, лыжы былi нiбыта крылы на задубелых халодных нагах. Ён iшоў з максiмальнай хуткасцю да той пары, пакуль не адчуў, што яго надзейна абараняе снег – снегапад, якi ўсё мацнеў i заносiў яго сляды, як толькi з iх сыходзiлi лыжы. Зараз ён сапраўды спяшаўся, бо ведаў, куды iдзе, i хацеў скарыстаць усе шанцы. Ён iмкнуўся скарацiць дарогу, iшоў па адкрытай мясцовасцi, гэтаму спрыяла дрэнная бачнасць. Ён ведаў, што адарваўся ад праследвальнiкаў, i спакойна пайшоў нацянькi па замерзлым ручаi, разлiчваючы трапiць на возера i далей на карацейшую дарогу да далёкiх хрыбтоў Муск-о-гi. Шлях па ручаi быў круты, але гэта было толькi дадатковай праверкай яго майстэрства ездзiць на лыжах, адным з тых дробных выпрабаванняў, якiя толькi падбадзёрвалi яго. Цяжар меха прыгiнаў яго да зямлi, але ён не ўпаў i не пайшоў больш павольна.
Ручай ужо станавiўся шырокiм перад упадзеннем у возера, i па характары вусця ён бачыў, што вясной гэта паўнаводны, бурлiвы паток. Хоць гэта i павiнна было перасцерагчы яго, ён працягваў iсцi проста па ручаi ў возера. Занадта позна ён заўважыў палонку на водмелi, куды пад вуглом упадала другая замерзлая рэчка. У тое ж iмгненне ён адчуў, што лёд пад iм прагiнаецца. Калi лёд трэснуў, ён яшчэ спрабаваў збочыць, але зразумеў, што ўсё гэта дарэмна: лёд раскалоўся i праглынуў яго. З задушаным крыкам ён з размаху стукнуўся аб край лёду i адчуў, як холадам сцiснула галаву.
Апускаючыся на дно, ён зразумеў, што не выплыве, калi не здолее вызвалiцца ад мяха. З усiх сiл стараючыся дастаць нож, ён боўтаўся, адчуваючы, як ледзяная вада ахоплiвае ўсё яго цела, цесна абдымае неверагодным холадам. Дастаць нож не ўдавалася, не было часу. Ён выпусцiў з рук ружжо, i гэта быў зараз яго адзiны ўсвядомлены ўчынак, хоць ён i ведаў, якi гэта смяротны грэх. Смех сяброў-паляўнiчых гучаў у ягоных вушах, калi ён нарэшце прабiў галавой ледзяную плёнку i шумна выдыхнуў з лёгкiх паветра.
Ён трымаўся за лёд i разважаў, як яму вылезцi з вады з мехам на плячах i з лыжамi на нагах. Ахвяраваўшы ружжом, ён не хацеў ахвяраваць i пушнiнай. Марудзiць было небяспечна, але ён уважлiва даследаваў моц лёду. Затым павярнуўся да яго краю спiной, каб мех аказаўся на лёдзе, i вызвалiў рукi. Адштурхнуўшы мех далей ад палонкi, ён сам выкацiўся на лёд, быццам мокры цюлень на лыжах. Ляжаў на лёдзе i асцярожна падштурхоўваў перад сабой мех, так ён дабраўся да моцнага лёду. Тады ён дастаў сякеру i, пакiнуўшы мех на беразе, кiнуўся да блiжэйшых дрэваў. Яму было так холадна, што, здавалася, ногi вось-вось хруснуць i адломяцца. Усё цела бiлi дрыжыкi.
Васьмi такiх хвiлiн было дастаткова, каб забiць чалавека, i Рой ведаў, што бегчы далёка няма калi. Ён адразу прыкмецiў сярод дрэў лепшае палiва – стары дупляны корч, сухi i трухлявы. Ён захапiў на распалку сухi пiхтавы сук, знямелымi рукамi падцягнуў яго да карча, раскалоў i расшчапiў корч i запалiў пiхтавы сук васковай запалкай са сваёй воданепранiкальнай запалачнiцы. Пiхта загарэлася, смала ўспыхнула, пырснула ва ўсе бакi, i корч адразу ахапiла полымя. Рой стаяў блiзка да агню, зрываў сваё адзенне i адчуваў, як полымя лiжа яго твар. Калi абгарэў сук, полымя апала, але пачаў разгарацца корч, i Рой стаяў выцягнуўшы да яго рукi. Адна рука пацяплела, ён яшчэ пашчапаў ахоплены агнём корч i, калi агонь успыхнуў мацней, убачыў, што на руках гараць валасы. Цяпла ён амаль не адчуваў, але адчуў пах гарэлага мяса i тады зiрнуў на ногi, якiя былi амаль што ў агнi. Тлушч выступiў на скуры i сцякаў па лытках, станавiўся пухiрамi i шыпеў, як сала на ражне. Ён хуценька адступiўся i павярнуўся да агню спiной.
Ён ведаў, што скалечыў сабе ногi. Было недаравальным глупствам стаяць так блiзка ад агню, але вернутае цяпло было варта таго. Ён нагнуўся i пакачаў адзенне па снезе, каб выцiснуць з яго хоць крыху вiльгацi, а затым устаў i, стоячы голым на снезе, засмяяўся:
– Вось каб зiрнуў на мяне зараз iнспектар!
I дадаў, назiраючы за тым, як ад агню падымаецца струмень дыму:
– Эх, iнспектар, iнспектар!
Iнспектар i яго патрульныя, верагодна, заўважаць гэты дым, i Рой ведаў, што зноў страчана яго перавага. Ён не мог спяшацца, бо яму патрэбен быў час, каб пацяплела цела i адзенне. Ён разлiчыў, што на гэта спатрэбiцца рэштка дня i ўся ноч, але выходзiць трэба вельмi рана.
Пакуль яшчэ было светла, ён галяком зрабiў некалькi кароткiх адлучак, каб набраць палiва i падцягнудь мех. Вада не трапiла ўнутр меха, i там знайшлiся сухiя шкарпэткi, сухi быў i спальнiк. Ён залез у яго, уладкаваўся каля самага агню i спаў прыхваткамi, часта прачынаўся, каб падкiнуць дроў у агонь.
Яшчэ да свiтання ён выбраўся ў дарогу. Па мяккiм снезе iшоў настойлiва, але павольна. Цяжкi шлях, хмурны, марудны i цяжкi. Снег перастаў, i патрулям было лёгка высачыць яго ад месца начлегу, але ён упарта i панура цягнуўся да блiжняй хацiны ў Муск-о-гi. Калi ён можа iсцi, нягледзячы на абадраныя, пакрытыя пухiрамi ногi, здубянелае цела, усё большы голад i знясiленне, тады ён усё ж выжыве. Зараз яго мала непакоiла, зловяць яго патрулi цi не. Яму былi патрэбны цяпло i сховiшча. Яму патрэбна было чалавечае жытло, каб схавацца ад суровай раз'юшанай прыроды.
Раздзел шаснаццаты
Ён ужо амаль трацiў прытомнасць ад слабасцi, i ў яго з'явiлася думка, што прыйшоў канец, як раптам ён убачыў на сцежцы Iндзейца Боба. З'яўленне iндзейца яго ўразiла, як уразiла б усё знаёмае, бо ўвесь свет нiбыта адышоў ад яго пасля трох дзён напаўмеханiчнага слiзгання па снезе i прытоптвання снегу. Свядомасць была амаль што выцеснена пакутлiвай аднастайнасцю гэтага вымушанага прасоўвання наперад крок за крокам, дзень за днём. Але з'яўленне на сцежцы Iндзейца Боба было такiм рэальным, што прывяло да вяртання i iншых рэальнасцей, у тым лiку i ўласнага знясiлення i адчаю. Калi ён паспрабаваў спынiць свае апухлыя вочы на высокай фiгуры iндзейца, дык ледзь не ўпаў.
– Я i думаў, што гэта ты, – сказаў яму Боб.
Рой ледзьве пачуў яго словы.
– Хэло, Боб! – сказаў ён i захiстаўся на сваiх лыжах. Мех прыцiскаў яго да зямлi i разломваў яму спiну.
Боб не быў упэўнены, што Рой не п'яны. У Роя быў выгляд сапраўды п'янага.
– Што з табой, Рой? – спытаў Боб. – Табе дрэнна?
– Так, Боб. Так, так, дрэнна. Правалiўся пад лёд. Некалькi дзён таму. А цi далёка да хацiны на Чатырох Азёрах?
– Некалькi мiль, – сказаў Боб i падняў мех Роя. – Вызваляй рукi, – сказаў ён, – i iдзi за мной.
Рой паслухаўся, i, калi груз быў зняты з плячэй, яму стала яшчэ цяжэй трымацца на нагах. Зараз у гэтым амаль не было сэнсу.
– Пайшлi, Рой, – прапанаваў Боб. – Не адставай!
– Iдзi, – сказаў ён Бобу. – Iдзi, а то я ўпаду i памру.
Iндзеец узвалiў на свае плечы яго вялiзны мех i пачаў пракладваць сцежку, спачатку павольна, але затым прыспешчваючы крок. Калi Рой падаў, Боб не падымаў яго, а толькi чакаў, каб ён сам устаў, ведаючы, што сама нязначная дапамога можа даканаць Роя. Рой i сам добра ведаў гэта, але ўсё адно сварыўся, што Боб не дапамагае яму, i даходзiў да шаленства, што той не звяртае ўвагi на яго сварку.
Боб вёў яго сама лёгкiм шляхам, якi быў i сама доўгiм, але Рой валокся амаль механiчна, нiбыта яго прыцягваў магнiт. Ён зноў страцiў усялякае адчуванне рэальнасцi, яго абуджалi толькi пакутлiвыя спускi на лыжах. Ён бачыў перад сабой дзве доўгiя нагi ў руху, i яны вялi яго ўжо за межамi ўсялякай вынослiвасцi. Калi ногi, нарэшце, спынiлiся, перад iмi ўзнiклi абрысы ягонай хацiны на Чатырох Азёрах. У яго яшчэ хапiла сiлы скiнуць з ног лыжы i перакулiцца цераз парог, але калi ён бразнуўся на бярозавы ложак, апошнi атам яго энергii быў зрасходаваны i ён адразу правалiўся ў глыбокi сон.
Рой заўсёды жыў у свеце рэальнага, i пячатка падсвядомага не пакiнула на iм свайго кляйма. Але гэтай ноччу падсвядомасць, нiбыта наганяючы страчаны час, адразу паквiталася з выразнасцю яго думак. Рэальныя падзеi апошнiх дзён i нерэальны свет кашмараў сплялiся ў адзiн балючы клубок. Цудоўная рэальнасць свету, гуку i дотыку пакiнула яго i саступiла месца чорным, пакутлiвым вобразам зямлi, якая расколвалася, курчылася, вырывалася з-пад яго ног. Яшчэ больш дзiўнымi былi вобразы людзей, якiя вырасталi ў дрэвы, у звяроў, у горы. Роя яны мучылi i прыгняталi, а затым адна вялiзная гара, якая вырасла пад самае неба i выцягнула наперад скалiстую руку, аглушыла яго ледзяной дубiнай. Наносячы ўдар, гара раптам ператварылася ў Эндзi, i з адчуваннем цяжкай рукi Эндзi ён прачнуўся.
– Так, значыць, паляўнiчы вярнуўся дамоў, – пачуў ён.
– Скоцi! – Рой яшчэ нiколi так не радаваўся чалавечаму голасу.
– Ага, ён!
Рой адчуваў, як яго рот распаўзаецца ва ўсмешцы.
– Калi ты ўстанеш, – сказаў Скоцi, – я маю, чым цябе пачаставаць. Здаецца, ты згаладаў.
Рой сеў i ўбачыў, што на яго пазiраюць Скоцi, Самсон i Iндзеец Боб. Засмяяцца ён не мог, бо распухлi губы i язык. I ён толькi ўсiхнуўся, адчуваючы цяпло хацiны ля Чатырох Азёр. Зараз ён усё разумеў. Мiжволi ён азiрнуўся: дзе ж Эндзi? Але Эндзi тут не было.
– Прывiтанне цёплай кампанii, – сказаў ён.
– Мы з Самсонам прыйшлi ўчора вечарам, – растлумачыў яму Скоцi. – Трэба было зрабiць апошнi абход тваiх бабровых пастак, перш чым здымаць iх.
– Здымаць? А мо яшчэ рана?
– Ведаеш, запахла смажаным, Рой, – сказаў Самсон. – З той пары, як ты пайшоў, сюды зазiралi розныя людзi.
– Iнспектар? – спытаў Рой.
– Не. Яго i духу не чуваць.
Рой цяжка ўздыхнуў.
– Ён гнаўся за мной. Хiба ты не заўважыў учора, што за мною гналiся? спытаў ён у Iндзейца Боба.
– Я нiкога не бачыў, Рой, – адказаў Боб. – I нiкога не шукаў. Я не ведаў, што ты быў у заказнiку, мне Скоцi сказаў пра гэта толькi ўчора вечарам.
– А дзе мая пушнiна?
– Мы схавалi яе на дрэве, Рой.
Рой устаў, i ўсе падумалi, што ён адразу ж упадзе, але ён утрымаўся i падышоў да печкi. Толькi зараз ён адчуў, нарэшце, боль усiх сваiх ран i ўсяго спакутаванага цела, крывавыя пухiры на лытках, сцёртыя ступнi, ламату ў грудзях i ў нагах. I тым не менш увесь свет нiбыта накладваў на яго гаючую павязку, усё навокал было жывое, гарачае, i як доказ гэтага побач быў Скоцi.
– А як наконт яды? – спытаў ён у Скоцi.
Ён ведаў, што пасля яму будзе дрэнна, але еў прапанаваныя яму Скоцi яечню з салам i бульбу, еў з прагнасцю згаладалага чалавека. Падчас яды ён расказваў iм пра заказнiк, пра свой сыход i пагоню, аж да таго моманту, як сустрэў Iндзейца Боба.
– Ты перакананы, што нiхто мяне не пiльнаваў? – зноў спытаў ён у Боба.
– Я нiкога не бачыў, – паўтарыў Боб, i яго чорныя сумныя вочы на iмгненне ажывiлiся. – Яны, вiдаць, згубiлi цябе ля таго возера, дзе ты правалiўся.
– Магчыма, – сказаў Рой, – але мне здавалася, што яны iдуць за мною, – ён памацаў сухую скуру свайго зарослага твару, яна была брудная i пачырванелая. А як паляванне ў вас? – спытаў ён.
– Паляванне? – перапытаў Скоцi. – Можна лiчыць, што нiяк. На гэты раз ты меў рацыю, Рой. Звера няма, прапаў, быццам i не было. За шэсць тыдняў я не бачыў нiводнай норкi, а Боб у пагонi за дзiчынай зайшоў вунь куды. Нават аленi знiклi. Знiкла ўсё, акрамя зайца i лiсы. Нам з Самсонам не сабраць i авансу на будучы год, калi б не дадатковы ўлоў з твайго ўчастка.
– А як ты, Боб? – спытаў Рой.
– Пушнiны няма, Рой. Нiчога, толькi крыху маладых баброў i выпадковыя норкi. Гэта не паляванне. – Нiколi яшчэ твар iндзейца не быў гэткiм празрыстым i з такой злавеснай чырванню. Здавалася, нават у ягоных вачах была смерць, i Рою стала нiякавата, гледзячы на яго. – Няма пушнiны, няма, – сказаў iндзеец.
Рой зноў прысеў на ложак, ведаючы, што ён зараз скажа, i ўсё адно баючыся пачаць.
– Вы бачылi, колькi я прынёс пушнiны? – спытаў ён.
– Вядома, – адказалi яны.
– Вось вам трэба падзялiць яе са мной, – сказаў ён.
– Навошта? – спытаў Скоцi.
– Там больш, чым патрэбна мне, – сказаў Рой.
Яны нiчога не сказалi. Рой пазiраў то на аднаго, то на другога.
Скоцi павольна пакруцiў галавой.
– Навошта табе дарыць нам пушнiну? – сказаў ён. – Мяркуючы па тваiм выглядзе, яна дасталася табе вельмi нялёгка. Пушнiна твая. Яна табе яшчэ спатрэбiцца.
– Не ўся, – запратэставаў Рой.
– Уся, да адзiнай скуркi! – адрэзаў Скоцi.
– Паслухай, Скоцi, – сказаў Рой. – Не давай ты волi над сабой твайму закону i парадку. Так, яна з заказнiка, але ж пра гэта нiхто не ведае.
Скоцi пакрыўдзiўся.
– Мяне не гэта хвалюе, Рой.
Рой зразумеў, што сказаў не так, але яму трэба было сказаць iм гэта. Ён хацеў аддаць iм пушнiну, але не мог растлумачыць, што аддае iм iхнюю законную долю за тое, што яны жывыя людзi, за тое, што яны яго сябры, за тое, што яны зараз побач з iм. Права на долю здабычы ў заказнiку давала iм само iх iснаванне, але ён не спадзяваўся растлумачыць iм гэта, бо i сам добра не разумеў гэтага. Ён ведаў толькi, што павiнен прымусiць iх узяць пушнiну, i ён угаворваў iх i паасобку, i ўсiх разам, але нiводзiн з iх не згадзiўся.
– Навошта нам браць чужую пушнiну? – спытаў Самсон.
– Дык яна зусiм не чужая, – сказаў Рой.
– А чыя ж?
– У нейкiм сэнсе яна ваша, як i мая.
Скоцi засмяяўся.
– Няма чаго раскiдвацца сваiм дабром, Рой, – сказаў ён.
– Боб! – звярнуўся Рой да iндзейца.
– Пушнiна твая, – сказаў Боб i амаль усмiхнуўся, рэдкi выпадак: прывiд з адзнакай жыцця.
Рой ведаў, што яны адмаўляюцца з тым жа глыбокiм пачуццём павагi, з якiм ён прапануе. Аднак быў момант, калi яму здалося, што Скоцi не хоча браць таму, што ўзяць яе было б несумленна, а Iндзеец Боб таму, што гэта было небяспечна. Але думка гэтая адразу ж знiкла – ён надта добра ведаў гэтых людзей. Пасля ён абвiнавацiў самога сябе, што гэтым падарункам ён iмкнецца частку адказнасцi за браканьерства ў заказнiку перакласцi на iх, але пазней ён адпрэчыў i гэта, бо i зараз ён не адчуваў пакут сумлення. Паляванне ў заказнiку навучыла яго баяцца адзiноты i самазнiшчэння, i закон не меў да гэтага нiякiх адносiн. Затым ён зразумеў, што прапанаваў сваiм сябрам частку самога сябе. Тая ўзаемная павага, якая рабiла неабходным гэты ўчынак, рабiла непазбежным iх адмаўленне, i, радуючыся гэтаму, ён не настойваў.
– А як ты думаеш, што сталася з Сахатым i Зелам? – спытаў у яго Самсон.
– Яны ўзялi курс на Паўночны полюс, – адказаў Рой.
– Ну i пагулялi вы там уволю, – працягваў Самсон. – Шкада, што я не пайшоў з вамi.
Рой хацеў адказаць шчыра, хоць на хвiлiну быць з iмi шчырым. На яго твары можна было прачытаць гэтую праўду, i Скоцi з Бобам прачыталi яе, але Рой толькi ўсмiхнуўся Самсону.
– Праўда? – сказаў ён. – Адзiн раз за год я думаў наведвацца туды для адпачынку. Наступным разам пойдзем са мною, Самсон. Там якраз патрэбен такi чалавек, як ты. Усе звяры там толькi i чакаюць, каб аддаць табе свае скуры.
– Праўда? Гэта мяне задавальняе, – важна адказаў Самсон.
– Мы з табой супраць усяго свету, – падхапiў Рой.
– I супраць iнспектара, – нагадаў Скоцi.
Рой рассмяяўся, як бывала раней, i са шчаслiвым стогнам павалiўся на ложак.
– Ваша вялiкасць, Скоцi Малькольм! – сказаў ён. Так ён ляжаў, маючы асалоду, пакуль яго не напалохала мiнулае. – Калi iспектар усё яшчэ на маiм следзе, – сказаў ён, – мне лепш сысцi на возера Т i прыкiнуцца прыкладным траперам.
– Сёння ты нiкуды не пойдзеш, – сказаў яму Скоцi.
– Табе будзе дрэнна, Рой, – сказаў Боб.
– Ведаю, – адказаў Рой. – Толькi я ўсё адно пайду.
Яны так i не пераканалi яго, паказалi, дзе схавана пушнiна, i прыбралi ў хацiне, пакуль ён адпачываў. Калi яны скончылi, ён апрануў сваю брызентавую куртку i выйшаў.
Самсон спытаў:
– А дзе тваё ружжо, Рой?
– Згубiў! – сказаў Рой.
– А вохцi мне, ён утапiў ружжо ў тым возеры! – загукаў Самсон. – Ён згубiў ружжо!
– Даводзiлася выбiраць: ружжо альбо жыццё, – спрабаваў абараняцца знiякавелы Рой.
Яны засмяялiся, Скоцi i Самсон рагаталi аглушальна, а Iндзеец Боб даволi абыякава назiраў, як белыя людзi разыгрываюць сваю звыклую гульню ў адносныя каштоўнасцi.
– Ну як? Задаволены? – сказаў Рой. – Пайшлi!
Яны развiталiся каля хацiны; Скоцi павёў Роя проста на возера Т, Iндзеец Боб зноў пайшоў на паляванне, а Самсон накiраваўся на захад, да Лiтл-Рывера. Ён пайшоў з хацiны апошнiм i, праводзячы доўгiм позiркам камлюкаваты сiлуэт Роя, не мог стрымаць захаплення, якое межавала з зайздрасцю.
Каб дабрацца да хацiны на возеры Т, Рою i Скоцi спатрэбiлася ўся рэштка дня, i па дарозе Рою, як ён i чакаў, стала блага. Але калi апынуўся ў хацiне, глядзеў на фантан полымя ў печцы, дзе Скоцi рыхтаваў вячэру, Рой адчуваў, што да яго вяртаецца ранейшая сiла. Кожны гук i пах былi для яго гаючым бальзамам, i не было рэчы ў хацiне, якая нездавалася б яму новай i свежай.
– А ў тваю адсутнасць да цябе прыходзiў госць, – сказаў яму Скоцi.
– Мядзведзь з лесу?
– Не зусiм, – запярэчыў Скоцi. – Прыходзiў Эндзi Эндрус, каб убачыць цябе.
– Убачыць мяне?
– Ага.
– А ён не сказаў, чаго хацеў?
Скоцi пакруцiў галавой.
– Сказаў, што зайшоў па дарозе.
– А чаго?
– Не ведаю, Рой. Ён мала гаварыў.
Рою стала лягчэй. Ён доўга моўчкi слухаў, як боўтаюць у кацялок кавалкi бульбы, якую рэзаў Скоцi. Ён ведаў, што Скоцi нiколi не скажа яму, цi гаварыў Эндзi пра Джынi.
– Як ён? Джэк кажа, што патаўсцеў.
– На казённым хлебе. Быў у армii, – сказаў Скоцi.
– Сказаў, што робiць у Сент-Элене?
– Не. Ён наогул гаварыў мала. Яны з Самсонам у той жа вечар напiлiся.
Раней Скоцi любiў Эндзi, як i ўсе яны, але было зразумела, што зараз ён Эндзi не любiць. Рой задумаўся – чаму. I зноў спытаўся ў сябе: а як ён сам адносiцца да Эндзi. Ён ведаў Эндзi такiм, якiм ён быў дванаццаць гадоў таму, i такога чалавека ён не мог не любiць. Але зараз да яго пачуццяў дамешвалася непрыязнасць. Ён усё больш востра адчуваў, што Эндзi не павiнен быў вяртацца ў Сент-Элен. Рой быў яшчэ занадта слабы i не мог выявiць свае сапраўдныя адносiны да Эндруса, але адно было для яго зразумела: ён не стрывае, каб яго ў нечым абвiнавацiлi. Няхай Эндзi сярдуе, хай скарыстае сiлу – гэта яго справа; але любая яго спроба зняважыць Джынi i самога Роя выклiча толькi адпор, гэта ён ведаў дакладна.
– Ведаеш, – задумлiва гаварыў Скоцi. – У нечым Эндзi падобны да Мэрэя. Хоць ён i служыў у армii, але, гледзячы на яго, адразу пазнаеш у iм валацугу. Яму на ўсiх i на ўсё напляваць. Такi тлусты, абыякавы да ўсяго сяржант, да таго ж валацуга.
– I хай бы заставаўся ў армii! – сказаў Рой, знаходзячы iмгненна палёгку ў сваёй незадаволенасцi, але яшчэ больш перакананы, што Эндзi шукае з iм сваркi.
Гэтага Рой ужо не баяўся, але ў думках справiўшыся з Эндзi, ён выявiў, што ў яго ёсць i iншыя, больш страшныя сумненнi. У заказнiку Рой нi разу не сумняваўся ў Джынi таму, што нiяк не мог уявiць сабе нейкiя адносiны памiж ёй i Эндрусам. Калi ён уяўляў сабе яе, дык яе воблiк звязваўся для яго толькi з iм самiм. Гэтую iлюзiю ён прынёс з сабой з заказнiка. Зараз, аднак, усё змянiлася. Так блiзка ад дому i падобна на рэальнасць, ён пачаў думаць пра саму Джынi, i гэта прынясло яму новыя пакуты, новыя пытаннi: як яна ўспрыняла вяртанне Эндзi, цi задаволена гэтым так, як была задаволена дванаццаць гадоў таму? За ўсе гэтыя дванаццаць гадоў яна нi разу не сказала дрэннага слова пра Эндзi, нi разу не крыўдавала на яго за знiкненне i, што важней, нiколi не была пастаўлена перад неабходнасцю выбiраць памiж iмi. Дык што ж яна адчувае зараз? Цi мог Эндзi так проста ўвайсцi ў дзверы яе кухнi i замянiць сабой сезоннага, паўпрывiднага госця – яго, Роя? Рою не хацелася верыць у гэта, але ён ведаў, што не выключана i такая магчымасць. Эндзi вярнуўся, вось, магчыма, i ўсё, што зараз азначае для яго Джынi.
– А пра Сэма ён што-небудзь казаў?' – спытаў Рой, ускладваючы апошнюю надзею на брата. Калi Сэм трымаецца моцна, мо ўсё астатняе не мае значэння, бо Рой вырашыў, што ён не прападзе, калi ацалее брат i яго дом. Каб толькi Сэм быў яшчэ тут.
– Са слоў Эндзi я зразумеў, што Сэм яшчэ не фермер, – сказаў Скоцi.
– А як даўно гэта было?
– З месяц таму.
– За месяц шмат што можа здарыцца, – панура сказаў Рой.
– Калi ты думаеш схадзiць у горад? – спытаў Скоцi.
Рою i самому хацелася задаць сабе гэтае пытанне.
– Мне здаецца, я лепш пачакаю i разбяруся ва ўсiм, – сказаў ён. – Трэба нарасцiць крыху мяса i разабраць скуркi, каб лягчэй было з iмi справiцца. Зараз, калi Джынi была недасягальнай, ён ужо думаў пра тое, як яму самому ўладкоўваць сваю незаконную пушнiну. – Вiдаць, праз тыдзень-другi збяруся, калi тым часам не з'явiцца прыяцель-iнспектар.
– А ён ведаў, за кiм гонiцца?
Рой пацiснуў плячыма.
– Хутка ўсё высветлiцца, – ён сеў за стол i ўсё яшчэ адчуваў ненатолены голад. – Калi iнспектар падазрае, што гнаўся за мной, яму трэба гэта яшчэ даказаць. Я больш нiкуды не пабягу.
Iнспектар не паказваўся, але Рой сядзеў у сваёй хацiне на возеры Т яшчэ доўга пасля таго, як сiла яго аднавiлася i ўся пушнiна была рассартавана. Хацiна была адзiнай надзейнай апорай яго жыцця. Здавался немагчымым пакiнуць яе дзеля злавесных сюрпрызаў Сент-Элена, дзеля клубка складанасцей, у якi ўплялiся i iнспектар, i Сэм, i Джын Эндрус. Увесь тыдзень ён з дня ў дзень збiраўся схадзiць у Сент-Элен, але кожны раз выгляд хацiны i возера спыняў яго. Ён ведаў, што так цi iнакш, але гэта яго апошнiя днi ў апошняй хацiне Муск-о-гi, i гэта здавалася яму пераканаўчым довадам, каб не спяшацца. Ён больш не гадаў, што чакае яго ў Сент-Элене. У галаве былi толькi хацiны i ўчастак, нiбыта яны ўтрымлiвалi ключ да ўсiх рашэнняў. Калi iнспектар мае хоць нейкiя ўлiкi супраць яго, тады ўчастак адбяруць. Але калi iнспектар i не адбярэ яго, усё адно гэтай паляўнiчай мясцiне прыйшоў канец, а з ёю канец i яму, як прыйшоў канец i Скоцi, i Самсону, i Iндзейцу Бобу. Ён ведаў гэта, i ведаў ужо даўно, але адна справа ведаць, другая – глядзець у твар раптоўнай бядзе. Калi ў Сент-Элене чакала яго вырашэнне гэтага пытання, дык там жа чакала яго шмат iншых рашэнняў, таму, стамiўшыся ад чакання, ён, нарэшце, закiнуў за плечы свой мех i ў апошнi раз выправiўся ў дарогу па возеры Т, пакуль яшчэ цяпло не зрабiла лёд ненадзейным.
Раздзел семнаццаты
Калi ён па звычцы асцярожна абмiнуў далёкiя фермы, Сент-Элен сустрэў яго поўнай цемрай: нi агеньчыка яму насустрач, i з вялiкай гранiтнай скалы ён мог толькi ўяўляць сонны горад. Нiдзе нiкога, i нiадкуль нiякага гуку. Хоць Рой вельмi дасканала прадумаў сваё начное вяртанне, яно яго не радавала. Нават iнспектар – i той адолеў яго, прымусiў iсцi крадком, як злодзея, i груз на яго плячах наўрад цi быў варты той ганьбы, якой за яго заплачана.
Падыходзячы да фермы, ён верыў, што знойдзе там Сэма. Усё было знаёма нават у цемры. Свiран, вяндлярня, дзiўныя сiлуэты конных грабляў i плугоў, месiва ўжо расталага снегу – усё было ранейшым, ранейшым павiнен быць i гаспадар. Сэм мусiў быць тут, i Рой без роздуму пераступiў парог кухнi i цiха падняўся ў свой пакой.
Ён вобмацкам знайшоў лямпу там, дзе ёй i належала быць, i ўздыхнуў з палёгкай. Затым запалiў запалку, паднёс яе да кнота i, падняўшы лямпу, агледзеўся.
На iмгненне святло асляпiла яго, але затым тое, што ён убачыў, аглушыла яго як абухом па галаве. На яго ложку спалi дзецi, акрамя таго, у пакоi былi яшчэ два ложкi i на iх iншыя дзецi, амаль падлеткi. Нейкi хлопчык спалохана выскачыў з-пад коўдры, i Рой, якi спадзяваўся ўбачыць знаёмы твар, быў расчараваны.
– Не крычы, – сказаў Рой хлопчыку. – Я не ведаў, што вы тут. Я не ведаў, што Сэм з'ехаў. Толькi не крычы.
Хлопчык не закрычаў, але нехта з дзяцей ускрыкнуў, i Рой не ведаў, што яму рабiць. Калi той ускрыкнуў яшчэ раз, Рой паставiў лямпу на месца, патушыў i выйшаў. Поцемкам ён кулём скацiўся ўнiз па лесвiцы i ледзь не згубiў свой мех, якi зачапiўся ў кухонных дзвярах, а за яго спiной у хаце пачулiся крыкi i пачалася мiтусня. Ён iшоў, пакуль не апынуўся на сорак чацвёртай расчыстцы, блiзка ад старой хаты Мак-Нэйраў, дзе жыла Джын Эндрус. Тут ён спынiўся. Яго вабiлi толькi дзве мясцiны, i ён не ведаў, якую выбраць, не ведаў, куды яму пайсцi, i яшчэ да канца не ўсведамляў бяды, якая яго спасцiгла.
Пасля ў яго свядомасцi застаўся толькi Джэк Бэртан.
Iдучы па полi i па каленi правальваючыся ў снежную кашу, ён спрабаваў вызначыць сiлу нанесенага яму Сэмам удару. Ён спрабаваў распалiць у сабе злосць i як мага больш рэзка ацанiць дэзерцiрства брата, яму патрабавалiся гнеў i злосць, каб усвядомiць гэта як рэальнасць. Але як нi стараўся, не было нi гневу, нi болю. Была толькi слабасць у каленях i млоснасць. Сэм не пакiнуў яму нiчога, нават адчування спагады да самога сябе.
Ля хаты Джэка ён не адразу адважыўся крыкнуць, але пасля начная адзiнота пераважыла яго хiстаннi.
– Джэк! – закрычаў ён. – Ты тут, Джэк?
Яму давялося паклiкаць Джэка некалькi разоў, перш чым нехта адказаў. Нарэшце ў акне з'явiлася мiсiс Бэртан i спытала, хто крычыць.
– Гэта Рой Мак-Нэйр, мiсiс Бэртан. Джэк дома?
Мiсiс Бэртан зрабiла яму знак праз двайное шкло, каб ён заходзiў. Ён вобмацкам зайшоў у цёмную кухню i чакаў, што нехта спусцiцца да яго; i зноў з'явiлася мiсiс Бэртан. У старым палiто на плячах, яна трымала ў руках газавую лямпу. Яна спынiлася на верхняй прыступцы лесвiцы, i Рой зразумеў, што яна баiцца спусцiцца, вiдаць, думае, што ён п'яны.
– Дзе Джэк, мiсiс Бэртан? – спытаў Рой.
– Ён пайшоў з рамонтнай камандай, – сказала яна.
– Яго няма?
– Яны каля Марлоў, ачышчаюць канавы, каб не затапiла дарогу, растлумачыла яна.
– Я толькi што вярнуўся ў горад, – сказаў Рой. – У нашай хаце нехта чужы. Цi можна мне пераначаваць у вас на кухнi?
– Там няма на што легчы, Рой, – сказала яна. – Вы можаце ўладкавацца ў другiм пакоi. Там ёсць канапа.
– Дзякуй вам, мiсiс Бэртан, – сказаў Рой i, пазiраючы ўгору на гэтую сцiплую цяжарную жанчыну, востра адчуў, што нават i ў гэтай хаце для яго няма нiчога: няма апiрышча ў здаровай упартасцi фермера Джэка. Джэк яму быў вельмi патрэбны зараз, i Рой засердаваў, што яго няма. – Вы iдзiце спаць, – сказаў ён мiсiс Бэртан. – Мне нiчога не трэба.
Яна сказала, што на канапе ёсць ватная коўдра i падушкi, i спытала, цi не дастаць яму яшчэ адну коўдру.
– Не. Iдзiце спаць, – стомлена паўтарыў ён. – Мне нiчога не трэба.
Ён адразу ж заснуў, i змарыла яго не проста стома, а гора. Ранiцай ён склаў коўдру i пайшоў, калi яшчэ ўсе спалi. Яму не хацелася сустракацца з мiсiс Бэртан альбо з кiм-небудзь з яе пяцi дзяцей, якiя не стрымлiвалiся ў праяўленнi сваiх пачуццяў. Акрамя таго, яму трэба было схаваць у надзейным месцы сваю пушнiну; ён пайшоў у хлеў i ў цёмным кутку падцягнуў яе пад самую страху, скарыстаўшы вяроўку i блок, якiмi Джэк падымаў туды летам свiныя скуры.
Было яшчэ рана, i Рой пайшоў па полi да дарогi, так i не ведаючы, куды яму зараз iсцi. Сент-Элен быў для яго чужым горадам, пустым горадам, нават варожым горадам. Ён баяўся яго, зараз ён баяўся ўсяго; дэзерцiрства Сэма пазбавiла яго ўсялякай мужнасцi. Ён глядзеў на блiскучыя мокрыя валуны, што ўжо вылазiлi з-пад снегу, назiраў за першымi чародкамi шпакоў, за вераб'ямi, якiя мiтусiлiся па полi. Ён прайшоў мiма пратэстанцкай царквы, голага ашаляванага зруба; Джэк назваў гэта сама нягеглым збудаваннем ва ўсiм Сент-Элене. Зараз i ўвесь горад быў пануры. Ён стаяў мокры, панылы гэтым перадвясеннiм часам, i вада, якая збiралася з лесу i пагоркаў, была такая актыўная, што гатова была змыць яго дарэшты.
– Хэло, Рой! – паклiкаў яго нехта з грузавiка, што ехаў па дарозе.
Рой памахаў рукой.
– Вас падвезцi?
Рой не помнiў гэтага юнака. Мо малады Джонсан, альбо старэйшы сын Лэкстана, альбо нехта iншы з гарадской моладзi. Рой не пазнаваў яго.
– Не, – сказаў ён. – Мне недалёка.
Грузавiк паехаў, а Рой усё iшоў па дарозе, не ведаючы куды. Калi выйшаў за межы горада, ён трапiў на чорную бясконцую стужку шашы. Гэтая бясконцасць дарогi цягнула яго за сабой. Ён адчуў спакусу – iсцi, iсцi ўсё наперад i наперад, пакiдаючы тут усе цяжкасцi. Ён ведаў, што гэта прыкладна тое ж, што дванаццаць гадоў таму зрабiў Эндзi Эндрус: стаў на дарогу i пайшоў куды вочы глядзелi. А чаму i не? Рой усё iшоў, але ведаў, што iдзе нiкуды. Ён iшоў па дарозе, бо яму не было больш чаго рабiць, а калi сонца ўзышло i дарога стала дымiцца, ён павярнуўся i пайшоў назад у Сент-Элен.
Было толькi адно месца, дзе ён мог з'явiцца, i ён пайшоў туды. Апоўднi Рой быў ужо такi п'яны, што не мог вылезцi з кутка бара. Ён разлёгся на ўвесь рост на палiцы з надпiсам: "Мука i бабовыя", – часам стагнаў, як ад зубнога болю, але часцей смяяўся над карцiнай на сцяне ў яго ў нагах, дзе быў намаляваны Сент-Элен. Карцiна была адной з рэклам Дзюкэна, дакладней, плакатам, якi заклiкаў да вольнага жыцця на прыродзе, усхваляў лясную рамантыку iхняга канадскага горада. Рой не мог зразумець сапраўдны сэнс карцiны, але агульнае ўражанне ў яго было, i галава паслужлiва дапаўняла дэталi, якiх не хапала.
– Моцна трымаецца за сваё, – паўтарыў ён. – Моцна трымаецца стары гарадок.
– Чаму ты не iдзеш дамоў? – пытаў у яго амерыканец Клем ужо ў другой палове дня. – Iдзi, Рой. Iдзi дамоў.
– У мяне няма дома, – адказаў Рой. – Няма ў мяне хаты.
– Дык iдзi да Джэка Бэртана.
– Джэк пайшоў! – закрычаў ён. – Джэк пайшоў ратаваць горад ад паводкi.
Амерыканец адчапiўся, i Рой усю ноч праспаў на палiцы. Ён прачнуўся толькi раз, разбуджаны непераадольнай патрэбай зараз жа ўстаць i iсцi да старой хаты Мак-Нэйраў, аднак нейкая iнстынктыўная абачлiвасць затрымала яго.
Ранкам Скоцi i Самсон знайшлi яго там: ягоны твар быў шэры, вочы чырвоныя. Ён сядзеў ля дзвярэй на кукiшках, падставiўшы галаву пад промнi яркага сакавiцкага сонца.
– Вось дзе ён, наш знакамiты звералоў! – сказаў Самсон.