355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джеймс Олдридж » Паляўнiчы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Паляўнiчы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:23

Текст книги "Паляўнiчы (на белорусском языке)"


Автор книги: Джеймс Олдридж


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц)

Рой ужо дабраўся да той мясцiны на пад'ёме, дзе старая лесавозная дарога залазiла на голы гранiтны грэбень. Каб пераканацца, што iснуе Сент-Элен, яму трэба было азiрнуцца. Вось ён, на месцы, яшчэ не прачнуўся, асветлены страшным зарывам усходу. Рой пастаяў, пераступаючы з нагi на нагу, ён чакаў, цi не з'явiцца дымок, маленькая чорная фiгурка, грузавiк, хоць нейкая прыкмета жыцця. Усё было пуста, i Сент-Элен бачыўся такiм, нiбыта ён прайграў сваё змаганне з лесам i хутка знiкне. Такiм Рой i панёс яго з сабой у лес, калi збочыў з дарогi ў падлесак, з п'янай галавой, п'яны пад цяжкiм грузам, з п'янымi вачамi i п'яным распухлым ротам, увесь п'яны, высмактаўшы белую бутэльку i шпурнуўшы яе перад сабой так, што яна на друзачкi разбiлася аб камянi, п'яны да непрытомнасцi, акрамя ног, якiя яшчэ пераступалi, i iнстынкту накiрунку. Менавiта яны i вялi Роя ў глыбiню лесу яшчэ доўга пасля таго, як свядомасць зусiм пакiнула яго.

Раздзел чацверты

Рой стаяў адной нагой у чоўне, а другой адштурхнуўся i вывеў яго з маленькай скалiстай бухты. I адразу ж ён укленчыў на адно калена i пачаў грабцi, скарыстоўваючы разгон ад штуршка. Вострае вясло хутка пагнала човен па цiхай вадзе. Яго дужыя рукi так дакладна прыкладвалi сваю сiлу, што не было нi рыўкоў, нi затрымкi, а толькi настойлiвае i роўнае слiзганне цвёрдага брызентавага корпуса, якi разразаў ваду.

Ён плыў па Мускуснай затоцы, якая вяла яго да галоўнага возера i галоўнай з яго хацiн i была адным з асноўных участкаў яго палявання. Гэта быў штучны вадаём, пакручасты i зарослы, утвораны старой бабровай запрудай, якая так надзейна перагарадзiла ручай, што атрымалася азярцо з крутымi, густа зарослымi лесам берагамi. Iдэальнае месца для мускуснага пацука – андатры. Не надта глыбока, дно i берагi густа ўкрытыя асакой, рагозам, стрэлкалiстам i чаротам i дуплiстымi карчамi – важная ўмова для андатры. На шэра-карычневай паверхнi вады скрозь вытыркалiся травянiстыя, злепленыя з гразi i галiнак астраўкi. На большых былi норы андатры, на меншых яны спакойна харчавалiся, будучы ў бяспецы ад сваiх ворагаў. Рой скiраваў човен да аднаго з такiх астраўкоў. Некаторымi з iх ён карыстаўся як прыкрыццём, прынаджваючы качак, i зараз, калi човен выйшаў на адкрытую ваду, з iх узнялася хмара чыркоў, крохаляў, чырвонагаловых i чарнакрылых дзiкiх качак i свiстух. Яны ўзнялiся невялiкiмi шумнымi купкамi i знiклi.

Каля аднаго з астраўкоў Рой падняў дзвюх качак, якiх ранкам падстрэлiў з берага. Ён кiнуў iх на дно лодкi i зноў павярнуў да берага, каб пачаць агляд пастак.

Рою да гэтага часу было блага, але гэта была слабасць папраўкi. Ён не памятаў, як дабраўся да балота, не памятаў нават, як пакiнуў Сент-Элен. Ведаў толькi, што прачнуўся сёння ранiцай у сваёй хацiне на балоце, што яго моцна ванiтавала i што нейкiм чынам ён захаваў цэлым свой мяшок – нават яйкi. Горшае мiнулася, але i зараз ён з цяжкасцю мог засяродзiцца на тым, што робiць. Яму даводзiлася напружваць памяць, каб не прапусцiць пастку. Ён ведаў, што на гэты раз, як нiколi, трэба не прапусцiць нiводнай. Абловам на гэтым балоце заўсёды пачынаўся ў яго зiмовы сезон, i заўсёды гэта было паказчыкам, якога можна чакаць палявання. Ён ужо наблiжаўся да першай пасткi, як раптам пачуў, што яго клiчуць з водмелi перад хацiнай.

– Рой! Рой Мак-Нэйр!

Човен уткнуўся ў вялiзны камяк злiплых водарасцей.

– Хто там? – гукнуў Рой. – Гэта ты, Джэк?

Ён падумаў, што гэта Джэк дагнаў яго, каб сказаць, што Сэм усё кiдае цi мо, што вярнуўся Эндзi Эндрус.

– Гэта я. Скоцi Малькольм.

– Скоцi? Прывiтанне, Скоцi, зараз прычалю. – Голас Роя прагучаў цiха i блякла, губляючыся ў балотным зараснiку. Кароткiмi ўдарамi вясла ён павярнуў човен да хацiны. – Хiба ты ў Сент-Элен?

– Не. Я з табой у лес, – адказаў Скоцi.

– Тады табе пашанцавала пазбыцца доўгай дарогi, бо праз паўгадзiны мяне тут не было б.

Скоцi Малькольм паляваў разам з траперам, якога ўсе называлi Самсонам. У кожнага быў свой участак, але палявалi яны разам. Iхнiя ўчасткi знаходзiлiся на паўночны захад ад Роя, i праехаўшы на чоўне Роя па возеры, Скоцi выйграваў дваццацiкiламетровы пераход па высокiх хрыбтах, якiя вялi ў яго гаспадарку.

– Я ўчора даведаўся, што ты пайшоў з Сент-Элена, – сказаў Скоцi i нагнуўся, каб схапiць човен за нос. – Ну i шпарыў жа ты. Я iшоў палову ночы, каб дагнаць цябе.

Скоцi Малькольм усеўся на камень, каб зняць мяшок, i падаў Рою ружжо. Гэта быў танклявы, вёрткi, жыццярадасны кельт, не вышэйшы за Роя, гадоў на дзесяць маладзейшы за яго па ўзросту i гадоў на дваццаць – складам цела. Ён быў апрануты як сапраўдны паляўнiчы i трапер, не тое што Рой, якi меў выгляд рабочага лiцейшчыка па дарозе на завод. У Скоцi была хоць i паношаная, але сапраўдная паляўнiчая шапка. Яго шарсцяная куртка была спартовага крою, яго боты былi паляўнiчыя боты, з гумовымi галоўкамi i высокiмi халявамi з мяккай скуры.

– Глядзi, не намачы свае боцiкi, – сказаў Рой, калi Скоцi апусцiў свой цяжкi мех на дно чоўна. Боты ў Скоцi i ў лесе заўсёды былi вычышчаны да бляску, i кожны год хто-небудзь дражнiў Скоцi, што яны распалохаюць звяроў, атруцяць ваду, заблытаюць усе сляды i падпаляць лес.

– Глядзi, не патапi лодку, – не застаўся ў даўгу Скоцi.

Калi ён усеўся, узяў у рукi другое вясло, замалаванае скураной лямкай, але адразу ж мусiў адпусцiць яго i схапiцца за борт, бо Рой адхiнуўся назад i моцна нахiлiў човен.

– Што здарылася, Рой? – гукнуў Скоцi цераз плячо. – Ты што, стаў стары для вясёлых забаў?

– Гэта ўсё твая вага: як перац, не ўраўнаважыш.

– Гэта ўсё ты, бяздонная бочка, бач, набраўся.

– А ты даўно стаў непiтушчым?

Скоцi не адказаў. Скоцi не быў непiтушчым, з гэтым ён мусiў згадзiцца, але ён заўсёды дакладна адрознiваў дабро i зло, нават у самiм сабе, i асаблiва ў Роя, якi часта не спраўджваў яго надзей.

Яны адштурхнулiся ад берага i паплылi да першай пасткi Роя.

– Як гэта ты яшчэ не вылавiў гэтае балота ўжо шмат гадоў таму? – сказаў Скоцi.

– Андатра ў гэтым балоце не звядзецца нiколi, Скоцi. Яшчэ не было нiводнага сезона, каб я не ўзяў тут хоць што-небудзь.

– Магчыма. Але. што ты маеш на ўвазе пад што-небудзь?

– Тры, часам чатыры пацукi на дзесяць пастак. Часам вясной справа даходзiць да недамеркаў, але тады я здымаю пасткi i даю iм падрасцi. Дзiўна, Скоцi, але я заўсёды вылоўлiваю сама старых i сама вялiкiх пацукоў, а потым iдуць усё драбнейшыя.

Рой меў права гаварыць пра андатры, бо (з iх дваiх) ён быў знатаком. Усе траперы ставiлi пасткi на розных звяроў, але большасць з iх спецыялiзавалася на нейкiм адным. Рой заўсёды працаваў у сваiм стылi – быў спецыялiстам масавага аблову. Ён спецыялiзаваўся на тых пушных звярах, якiя збiраюцца ў вялiкай колькасцi ў пэўным месцы: бабёр альбо андатра жывуць супольна ля плацiн i на балоце; яны нiкуды з месца не сыходзяць i штогадовым прыплодам не толькi аднаўляюць колькасць, але i павялiчваюцца. Скоцi аддаваў перавагу больш палахлiваму i рухомаму, але i болей каштоўнаму зверу: норцы, кунiцы, ласцы зверу-валацугу, якога трэба было ўмець высачыць, выведаць сцежкi, вадапоi, начлегi.

Першая пастка была пустая, але не на ўзводзе.

– Вiдаць, сарваўся, – сказаў Скоцi, утрымлiваючы човен на месцы.

– Ды не. Гэта сiстэма "Вiктар" са складаным засцерагальнiкам, яны безадмоўныя. Сама спрытная андатра, i тая не вызвалiцца. А гэтая, вiдаць, ссунула старажок.

– А чаму ты не паставiш пастку глыбей у нару, каб яна не магла зайсцi збоку?

– Тады цягне за ланцужок.

Пастка стаяла ў харчэўнай нары. Гэта была невялiкая ямiна ў рыхлым абрыве, верхняя частка знаходзiлася над узроўнем вады, нiжняя – пад вадой. У пошуку кала, якiм была замацавана пастка, Рой апусцiў рукi глыбока ў ваду.

– Ты што, дастаеш яго? – спытаў Скоцi.

– Не. Забiваю глыбей.

Рой падрыхтаваў пастку i паставiў яе ў нары пад вадой.

– Цяпер не выцягне, – сказаў ён.

Затым Рой зрэзаў тры цi чатыры сцяблiны чароту i ўваткнуў iх у гразь ля пасткi як сцiплую прынаду.

Яны аб'ехалi ўсё балота, агледзелi ўсе пасткi: i ў харчэўнях, i ў начлежных норах, i на купiнах, дзе пацукi пачаргова пакiдаюць сляды пахкага лiпкага мускусу, выклiкаючы на спатканне або на паядынак; i ля дупляных карчоў, якiя служылi iм уборнымi. Нiдзе, нiчога.

– Засталося яшчэ два, – сказаў Рой.

– Здаецца, ты можаш паставiць крыж на гэтым балоце, – сказаў Скоцi.

Але ў апошнiх пастках было па андатры.

– Неблагiя, – сказаў Скоцi.

– Сярэднiя, – запярэчыў Рой, кiдаючы пацукоў у човен. – Упершыню ў мяне на гэтым балоце такая няўдача.

– Дзве на дзесяць пастак – гэта няблага, Рой. Рою давялося згадзiцца, але раптам ён прыняў рашэнне.

– Давай пройдзем яшчэ раз. Я здыму палову гэтых пастак. Навошта яны будуць дарма сядзець у гэтым балоце.

– Хiба табе не хапае пастак?

– Не.

– Дык навошта здымаць iх?

– Пустая справа, Скоцi. Пустая справа.

Яны знялi чатыры з дзесяцi пастак i пераправiлiся на другi бераг возера, дзе i прыпынiлiся сярод густых водарасцей. Скоцi вылез першы i прытрымлiваў човен, а Рой не захацеў больш мачыць ногi. Ён закiнуў мех за плечы i перадаў ружжо Скоцi. Стаўшы на каленi, Рой хуткiм рыўком закiнуў човен сабе на галаву, i яны пачалi перанос. Вёслы, замацаваныя ў скураных уключынах, ураўнаважвалi човен на плячах, а барты ўпiралiся ў перадплечча. Галоўнае было – трымаць раўнавагу, i Рой свабодна размахваў рукамi, iдучы за Скоцi па вузкай лясной сцежцы ўгару па крутым пад'ёме.

Яны не размаўлялi. Яшчэ да канца пад'ёму пайшоў дождж. Спачатку вельмi малы, каб прабiць сасновыя галiны, навiслыя над сцежкай, але з часам ён пачаў лiць на iх цэлыя ручаi вады, i яны iшлi то мокрымi прагаламi, то нагрэтымi сухiмi алеямi з соснаў, дзе было суха над галавой, суха ў паветры, суха ўсюды. Так i дайшлi яны да перавала. Пераадолеўшы яго i пачаўшы доўгi спуск, яны ўсё часцей траплялi на мокрыя прагалы i праз гадзiну пакручастага спуску прамоклi да касцей i выбралiся да вузкага канца возера Акулы.

– Спусцi човен на ваду, а я пагляджу. Тут у мяне дзве пасткi на норак, сказаў Рой. Ён апусцiў човен на водмель i пайшоў па беразе памiж скаламi i бураломам. Пасткi стаялi ля ўвахода ў жыллё норак, ля самай вады. Рой зiрнуў на гладкую скалу, якая спускалася да пляскатай пясочнай водмелi, i яшчэ раз падумаў, што няма лепшага месца для норкi. Але ў гэтыя пасткi за ўсю вясну не трапiла нiчога. Зараз таксама нiчога не было, i ён зняў iх.

– Ты становiшся занадта разборлiвы, Рой, – сказаў Скоцi, калi ўбачыў пасткi. – Навошта ты зняў i гэтыя?

– Тут няма больш пушнога звера, – сказаў Рой.

– Ты занадта патрабавальны, – Скоцi залез у човен. – Звер прыходзiць i сыходзiць, – дадаў ён.

– Ён сыходзiць, сыходзiць i сышоў ужо! – сказаў Рой. – Ва ўсякiм разе адсюль ён сышоў.

– А ты на сябе проста дурноту напускаеш, – сказаў Скоцi, i ад моцнага ўдару вясла нос чоўна так нырнуў у ваду, што Рою давялося двойчы спрацаваць вяслом, каб яго выраўнаваць. – Ты гэтулькi гадоў даказваеш, што ўчастак пусты, але кожны раз нейкiм чынам спраўляешся. Пушнiны становiцца меней i дзiчыны таксама, але гэтую справу можна паправiць. Так бывала заўсёды.

– А зараз не тое. З кожным годам звер адыходзiць усё далей на поўнач.

Ад дажджу вада стала нiбыта мёртвая, i нос чоўна лёгка рэзаў яе падатлiвую паверхню. Хоць час наблiжаўся да поўдня, бачнасць праз дождж была дрэнная.

– Сыходзiць на поўнач, – паўтарыў Скоцi. – Усе вы зацыклiлiся на гэтым. Усе збiраюцца iсцi на поўнач.

Рой i сам не быў перакананы, цi правiльна ён робiць, калi здымае пасткi. Хто ведае, мо гэтая пакорлiвасць адчаю i зборы на поўнач – усё гэта толькi адлюстраванне яго краху ў Сент-Элене.

– А як жа iначай, Скоцi, – звярнуўся ён да дужай спiны i моцнай патылiцы спераду ад сябе. – Усiм нам давядзецца альбо iсцi на поўнач, альбо асесцi на ферме ў Сент-Элене. Так што выбiрай, Скоцi. Выбiрай любое з двух.

Увесь час паездкi па возеры яны не пераставалi спрачацца.

– Паслухай, але з гэтым ты мусiш згадзiцца, – сказаў нарэшце Скоцi, калi яны пачалi працягваць човен цераз вузкую перамычку да апошняга возера. – Калi ты не перастанеш здымаць адсюль пасткi, то гэтай зiмой пушнiны ў цябе не будзе.

Зараз Скоцi цягнуў човен на галаве, а Рой iшоў спераду, пасмiхаючыся з таго, што Скоцi ў спрэчцы, як i заўсёды, занадта прымае ўсё да сэрца. Але мiжволi хацелася падзялiць аптымiзм Скоцi адносна iх будучынi, i хоць сам Рой занадта цвяроза глядзеў на рэчы, каб з iм пагаджацца, усё ж слухаць яго было прыемна. На iмгненне гэта ажывiла ў iм страчаную веру ў свой паляўнiчы ўчастак.

Перш чым выпраўляцца на апошняе возера – возера Т, галоўную базу паляўнiчай гаспадаркi Роя, яны спынiлiся паснедаць у адной з яго старых, закiнутых хацiн. Калiсьцi паляўнiчым цэнтрам Роя былi Мускусная затока i першая збудаваная на ёй хацiна. Пазней ён перасунуўся на поўнач i збудаваў гэтую хацiну на возеры Т. Яшчэ пазней, дзесяць гадоў таму, ён перайшоў яшчэ далей на поўнач i збудаваў сваю трэцюю хацiну на другiм беразе возера, да яе было дзве гадзiны на лодцы. Як i многiя азёры Канады, гэтае возера было названа з-за сваёй формы, якая нагадвала вялiкую лiтару Т. Зараз яны знаходзiлiся ля асновы лiтары, а каб патрапiць у апошнюю хацiну Роя, трэба было падымацца па сярэдняй палачцы, павярнуць налева i плысцi да канца папярочкi.

– Дзе твой ключ? – спытаў Скоцi, калi яны скiнулi мяхi ля парога хацiны i атрэслiся ад дажджу.

– А чаму ты не хочаш раскласцi вогнiшча тут, на паветры? – спытаў Рой.

– Навошта? Хiба ты зняў печку?

– Не, яна стаiць на месцы, – адгукнуўся Рой i дастаў ключ з цвiка пад страхой.

Скоцi адчынiў дзверы, i яны ўвайшлi.

Рою гэтага не хацелася, ён не любiў заходзiць у свае закiнутыя хацiны. Яна была збудавана моцна, сухая, але ўнутры неверагодна занядбаная. У ёй стаяў цяжкi пах гнiлi, i ўсё было запаскуджана мышамi. Мышы пагрызлi матрац, i ўся хацiна аж да самых крокваў была ў рэштках мачалы i раслiннага пуху. Усюды – на палiцах, на груба змайстраваных сталах, у печы i нават у лямпе былi мышыныя гнёзды. Рой i Скоцi затупалi нагамi, i большасць мышэй схавалася, але некаторыя засталiся i нахабна пазiралi на нечаканых гасцей.

Адна не магла выбрацца са слоiка, пакуль Скоцi не павалiў слоiк, а тады шуснула прэч. Рой сплюнуў у далонь тытунёвую жвачку i папусцiў гэтым камяком ў апошнюю мыш, якая сядзела на печы. Ён не трапiў, але мыш схавалася ў адчыненай канфорцы i болей не паказвалася. Гэта была вялiкая беланогая палёўка, iншыя ж былi звычайныя шэрыя хатнiя мышы i адзiн пацук, на якога Скоцi доўга паляваў, выганяючы бярозавым паленам з усiх куткоў, i нарэшце забiў, калi той кiнуўся ў адчыненыя дзверы.

– Навошта ты яго забiў? – спытаў Рой.

– Заўсёды забiваю пацукоў, – сказаў Скоцi. – Ненавiджу гэтых гадзiн!

– А чым яны больш гiдкiя за мышэй? Забiваеш адных, забiвай усiх!

– Не, пацукоў я не пераношу, – адказаў Скоцi.

Рой не спрачаўся. Iншым часам ён прымусiў бы яго яшчэ раз выкласцi свае тэорыi пра дабро i зло ў свеце жывёл. Але Рой ужо забыўся пра Скоцi. Аглядваючы хацiну, ён адчуваў, што час i жыццё бягуць надта хутка. Яшчэ параўнальна нядаўна гэтая хацiна ў глыбiнi лесу жыла паўнакроўным жыццём – i здавалася, што гэта будзе доўжыцца бясконца. Зараз яна была занядбана i амаль што разбурана. Яшчэ крыху – i пазы разыдуцца, страха правалiцца, бярвеннi патрэскаюцца, падлога прагнiе i ўся пабудова развалiцца. Пакуль што яна выглядала моцнай, але Рой ведаў, што яна асуджана. Гэта было своеасаблiвым напамiнкам, што лес можа праглынуць усё – чалавека, хацiну, увесь пасёлак Сент-Элен. Рой падумаў, што нават не лес разбурае справы рук чалавечых, а само жыццё апераджае iх. Рой не мог бы вызначыць гэта больш дакладна, але часам у яго ўзнiкала думка, што ў гэтым вiнаваты чалавек, што прырода заўсёды будзе перамагаць людзей, калi людзi не справяцца з прыродай яе ж зброяй. Ён цвёрда верыў у перамогу чалавека над прыродай, але гэтая хацiна была доказам, што ён часткова пераможаны, што звер сышоў ад яго сваiм шляхам, на поўнач, i што хутка яму давядзецца iсцi туды таксама. Гэта было правобразам таго, што чакае i Сент-Элен, калi голы гранiт i бясплодная зямля перамогуць Сэма i фермера Джэка.

– Пайшлi адсюль, – сказаў ён Скоцi. – Лепш перакусiм на паветры.

Яны замкнулi дзверы хацiны i расклалi цяпельца ля самага возера.

Гэтая паласа вады была для Роя сапраўдным домам. Ён любiў плысцi па ёй i назiраць, як яна рассоўваецца перад iм у шырокае палатно возера, як растуць высокiя скалы, а затым становяцца нiжэйшымi i знiкаюць, схаваныя густымi зараснiкамi пiхты, елак i соснаў. Менавiта тут ён зноў пачынаў асаблiва востра адчуваць лес. Для яго гэтае возера было пачаткам бязлюднага краю, якi распасцёрся неабжыты i некрануты да самага залiва Гудзона. Тое, што на карце памiж возерам i Арктыкай былi пазначаны паселiшчы i гарады, не мела значэння. Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, i чым вышэй Рой уздымаўся па возеры Т, тым шчыльней яны абступалi яго. Калi дождж сцiх i неба пасвятлела, перад iм узнiклi знаёмыя скалы, дрэвы i хрыбты. Яны так выразна адбiлiся ў яго галаве, што ён нават не ўсведамляў, што бачыць iх, i ўсё адно кожны раз знаходзiў нешта новае, асаблiва калi вяртаўся з Сент-Элена.

– Ты прыкмецiў, што сасна i елка абганяюць бярозу, – сказаў ён Скоцi.

Яна знаходзiлiся на памежжы асновы i перакладзiны лiтары Т. Насупраць iх, за сама шырокiм плёсам, быў круты схiл хрыбта, якi цягнуўся па самым беразе на тры-чатыры мiлi. Яны добра бачылi лес па ўсiм схiле, лес, спаласаваны раз'юшанасцю лесаруба i агню.

Гэта быў маладняк на высечках, найбольш густыя зараснiкi моцнай бярозкi, ужо аголенай блiзкай зiмой. Бярозы ярка бялелi на фоне чорнай зямлi, скал, што прыпiралi iх да схiла. Але якiм частым нi быў узор бяроз, цёмна-зялёныя верхавiны пiхты i елкi станавiлiся ўсё больш шматлiкiмi. У барацьбе за сонца памiж маладымi бярозкамi i хваёвымi дрэўцамi марудлiвыя ў росце хваёвыя ў рэшце рэшт бралi верх. Рой ведаў, што яны перамогуць бярозу. Хутка ўся акруга зноў стане хваёвым лесам, калi толькi апантаныя лесарубы альбо шалёныя пажары не знiшчаць увесь хваёвы маладняк.

– А што я табе заўсёды кажу, Рой, – прамовiў Скоцi. – У лесе ўсё мяняецца. Тое, што часова знiкае, пазней вяртаецца зноў. Звер таксама вернецца, як i гэтыя пiхты.

Рой задзёр галаву i засмяяўся.

– З цябе атрымаўся б добры святар, Скоцi.

– Не разумею, чаму гэта заўсёды ўзбрыдзе табе ў галаву, – сказаў Скоцi.

– Заўсёды спадзяешся ўбачыць тое, чаго на самай справе няма, – настойваў Рой.

– А на тых астравах ты ставiў пасткi? – спытаў Скоцi, перастаўшы веславаць, калi яны выйшлi на шырокае месца.

Справа ад iх, у самым цэнтры возера, над вадой уздымалiся два зарослыя рэдкiм лесам астраўкi – вяршынi дзвюх падводных скал.

– Не, калi замерзне, я стаўлю там дзве пасткi на лiсу, – адказаў Рой.

– Ты губляеш добрыя мясцiны для спажывы, – зазначыў Скоцi. – На такiя вось астраўкi норкi залазяць у гнёзды качак i чаек. Пастаў тут пару пастак, Рой.

– Але праз тыдзень-другi ўсе птушкi паляцяць, – сказаў Рой. – А з iмi сыдуць i норкi.

– Дык гэта ж праз некалькi тыдняў. I ўсё адно, калi возера замерзне, норкi там абавязкова будуць.

Рой ужо даўно страцiў надзею злавiць хоць адну норку на гэтых астравах, але зараз яго перапаўняла энергiя. Лес завалодаў iм, i ён павярнуў човен да выспы.

– Ладна, угаварыў ты мяне, Скоцi! – гукнуў ён. – Давай, мо паспеем паставiць пастку-другую i да змяркання вярнуцца дамоў.

Iх аб'яднанымi намаганнямi дванаццацiфунтовы човен хутка рэзаў цiхую ваду. Яны так старалiся, што нос чоўна задраўся, а карма асела. Адхiнуўшыся, яны знарок перанеслi цэнтр цяжару назад, каб плысцi на адной карме i такiм чынам зменшыць супрацiўленне вады. Трэба было быць першакласным грабцом, каб так моцна грабцi пры такой нераўнамернай i вялiкай нагрузцы, але абодва былi майстрамi сваёй справы. Яны хвалiлiся адзiн перад адным, старалiся разагнаць лодку як мага мацней кожны пад час свайго грабка. Удары вёслаў былi ўсё больш хуткiя i рэдкiя, човен усё больш задзiраў нос, але нiкому з iх не ўдавалася перамагчы. Зрэшты, вага i сiла тут не мелi значэння. Патрабавалася майстэрства i вынослiвасць, i абодва не здалiся да самай выспы.

Дапамагаючы адзiн аднаму, яны паставiлi тры пасткi на абедзвюх выспах. Працавалi спорна i хутка, скарыстаўшы дзеля прынады адну з падстрэленых Роем качак.

– Хутчэй, Скоцi, – сказаў Рой i адштурхнуў човен ад берага, ледзь дачакаўшыся сябра. – Я зусiм не збiраюся прагульваць цябе па возеры. Бярыся за вясло. Я з табой так папрацую, што ты да хацiны ледзьве дойдзеш. Давай, Скоцi! Давай!

Цяпер яны па-сапраўднаму спяшалiся, i было не да размовы. Толькi зрэдку Рой адкiдваў галаву i смяяўся, смяяўся з iхняга спаборнiцтва, смяяўся з напружаных i рухомых плячэй Скоцi, якiя мiльгалi перад iм, смяяўся ад зваблiвай радасцi зноў быць у лесе паблiзу ад сваёй хацiны.

Урэшце Рой замучыў Скоцi: ён быў маладзейшы, да таго ж гэта быў звыклы шлях Роя, якi спяшаўся дамоў. Вечарэла, а Рой быў нястомны ў змаганнi з цемрай. Рой, калi сказаць праўду, гроб за дваiх, калi яны ўцягнулiся ў вузкi залiў возера i перад iмi на самым беразе раптоўна з'явiлася нiзкая драўляная хацiна, якая нiбыта прысела на вялiзным пляскатым валуне.

– Вось табе i прыемнае вiдовiшча, – сказаў Рой стомленаму Скоцi. – Хацiна ў лесе, вяртанне паляўнiчага дадому.

– Дзе яго нехта чакае, – дадаў Скоцi.

З комiна iшоў дым, i калi яны спынiлi човен у скалiстай бухце, дзверы хацiны адчынiлiся i з iх выйшлi двое.

Раздзел пяты

– Сахаты! – усклiкнуў Рой.

Гэта быў мажны мужчына. Паводзiў ён сябе бяспечна, хадзiў няспешна. З бяспечнасцю сапраўднага ляснога валацугi пераадолеў ён дваццаць ярдаў, якiя аддзялялi хацiну ад вады. Ён быў вельмi падобны на ляснога звера, iмем якога яго назвалi, i Рою заўсёды здавалася, што яму былi б да твару i магутныя рогi сапраўднага лася.

– Няўжо гэта Рой? – прамовiў Мэрэй, i ў гэтых словах не было таемнага сэнсу, усё было як на далонi, упэўнена i спакойна да апатычнасцi.

– А адкуль ты ведаў, што гэта не iнспектар? – радасна гукнуў Рой, даючы волю сваёй радасцi.

– Ды яшчэ з таго берага чуваць, як ты рагочаш, – сказаў Мэрэй.

– Хэло, Самсон, – звярнуўся Рой да другога. – Я прывёз табе твайго напарнiка.

Самсон быў зусiм iншы. Недзе пасярэдзiне памiж моцна збiтым мацаком Роем i моцнай высокай фiгурай Сахатага. Калi б не было побач Мэрэя, Сахаты здаваўся б волатам. Але не за рост узнагародзiлi яго мянушкай. З-за густой чорнай барады назвалi яго Сахатым. З-за барады i яшчэ з-за рашучых рухаў, рашучай паходкi i рашучай постацi: поўная процiлегласць Мэрэю, якi ўзвышаўся над iм па волi прыроды, а не па сваёй уласнай волi.

– Ты што, п'яны? – спытаўся Самсон у Роя.

– Спытай у Скоцi, – адказаў Рой. – Ён то цвярозы, але зусiм стамiўся.

Мэрэй i Самсон пацягнулi ў хацiну мяхi i ружжы, а Рой са Скоцi тым часам выцягнулi човен з вады i перавярнулi яго на берагавое каменне. Рой падняў двух злоўленых пацукоў i накiраваўся да хацiны так шпарка, быццам выбiраўся ў вялiкi пераход. Скоцi зусiм знясiлена шкандыбаў за Роем.

– Ты толькi панюхай, Скоцi, – сказаў Рой, калi яны ўвайшлi ў хацiну.

Калi Рой убачыў распалены агонь i варыва, ён зусiм растаў.

– А што ў цябе на патэльнi? – спытаў ён у Мэрэя.

– Ды вось падстрэлiў аленяня ля Нябеснага возера, – адказаў Мэрэй, адразаючы яшчэ два кавалкi ад неразабранай тушы аленя, якая ляжала побач. Ён кiнуў мяса на вялiкую патэльню i заняўся кухарствам, а Рой i Скоцi прыселi на адзiн з ложкаў, каб разабраць мяхi.

– Як маецца твой сябар iнспектар? – спытаў Мэрэй.

– Збiраецца зiмой адведаць нас, – сказаў Рой.

– Ты, вядома, запрасiў яго? – прабубнiў Самсон.

– Вядома! – адказаў Рой, маючы асалоду ад таго, што ён адзiны чалавек, якi можа кiнуць выклiк iнспектару, за што яго i дражнiлi, быццам яны з iнспектарам сябры закадычныя.

– А ў нас i пастка для iнспектара падрыхтавана, – сказаў Самсон.

Пайшла гаворка пра iнспектара, якая станавiлася тым больш ажыўленай, чым большымi былi пагрозы. Больш за ўсiх адпускаў пагроз Самсон, найбольш спакойным быў Скоцi, якi заявiў, што iнспектар, уласна, выконвае свае абавязкi.

– Эх, iнспектар, iнспектар! – толькi i прамовiў Мэрэй.

Рой, здымаючы боты i шкарпэткi i раскладваючы iх на падлозе ля печы, слухаў i падахвочваў iншых. Седзячы на ложку i хiстаючы тоўстымi босымi нагамi, якiя не даставалi да падлогi, ён паволi прывыкаў да сяброўскiх абдымкаў сваёй хацiны.

– Падкiнь дроў, Сахаты, – сказаў ён у такт сваiм развагам. – Нарэшце паляўнiчы вярнуўся дадому!

Рой чакаў, што той адгукнецца на яго закiд, але Мэрэй толькi цiха ўсмiхнуўся, i гэта засмуцiла Роя. Ён заўсёды iмкнуўся рассмяшыць Мэрэя па-сапраўднаму, прымусiць яго сыграць сваю ролю ў гэтым лясным спектаклi, але Мэрэй хiба што зрэдку кiдаў лянiвую заключную рэплiку. Адзiны раз ён засмяяўся, калi Рой упершыню назваў яго лясным валацугам.

Мэрэй працягваў кухарыць, а Рой дастаў сцiзорык з доўгiм лязом. Ён плюнуў чорнай ад тытунёвай жвачкi слiнай на брусок, падвастрыў нож i пачаў абдзiраць скуркi з андатры.

– Ты калi-небудзь бачыў, як янот есць пацукоў? – спытаў Рой.

– Ды тут нiколi не было янотаў, – адказаў Мэрэй.

– Яны ўсе сышлi на поўнач, – укалоў Роя Скоцi.

Рой засмяяўся:

– Праўда твая, Скоцi. А вось у мiнулым годзе я бачыў янота на балоце. Ён рабаваў мае пасткi. Аднойчы ноччу, седзячы на купiне, я бачыў, як ён распраўляўся з маiм пацуком. Пачаў ён з таго, што адгрыз яму галаву, затым сцягнуў скурку вось так, як i я зараз. Калi ён скончыў, я яго застрэлiў. Атрымаў гатовую скурку пацука i ў дадатак янота.

– Ты, вiдаць, яго выдрэсiраваў, – сказаў Самсон. – Калi назiраеш, як ты распраўляешся з гэтымi пацукамi, можна падумаць, што ў цябе ёсць iндзейская кроў.

Рой сцягваў скуркi на iндзейскi манер – ад галавы да хваста, замест звычайнага спосабу трапераў, якiя, наадварот, пачыналi з хваста. Яны паспрачалiся, як ужо дзесяткi разоў спрачалiся пра гэта. Рой даказваў, што, здзiраючы скурку ад галавы, чысцей аддзяляеш тлушч ад скуркi i не рвеш яе, у той час як Скоцi i Самсон даказвалi, што тады скурка перасыхае, псуецца i ломiцца. У рэшце рэшт апошняе слова засталося за Роем, бо яму заўсёды ўдавалася атрымлiваць сама высокую цану за пушнiну, хоць гэта на самай справе было вынiкам больш якаснай апрацоўкi скуркi, значна больш якаснай, чым у каго-небудзь у Муск-о-гi. Але i гэта не спыняла спрэчкi, i яны доўга яшчэ пярэчылi адзiн аднаму. Усе, акрамя Мэрэя. Ён не праяўляў нiякай цiкавасцi да розных спосабаў разбiрання пацукоў. Здзiраеш з пацука скурку... Ну, i здзiрай... Вось i ўсё!

– Янот, – сказаў Скоцi, – ведаў, што рабiў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, – працягваў Скоцi. – I больш ахайнага, чым ён. Якi звер, акрамя яго, перш чым з'есцi мяса, памые яго ў вадзе?

– I як толькi ён яго не падсмажвае? – насмешлiва зазначыў Рой.

– Ну, але гэтае, ва ўсякiм разе, падсмажана, – сказаў Мэрэй пра свае бiфштэксы з аленя. – Давайце талеркi.

Яны елi, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбiтага да сцяны. Як i ўсё ў хацiне, стол быў самаробны, але не крывы i моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хацiну так моцна, што Самсон запэўнiваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хацiны яна была занадта вялiкая – дваццаць футаў на васемнаццаць, i без адзiнай шчылiны. Акрамя стала тут было два ложкi, галава да галавы, у адным канцы ля дзвярэй маленькi столiк з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя i невялiкая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў i прагiбаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхi былi складзены бярозавыя цуркi, i Рой, на хвiлiну адарваўшыся ад яды, падкiнуў некалькi цурак у печку.

Стала горача, Самсон ускочыў i адчынiў дзверы.

– Тут задыхнешся з табой, – закрычаў ён.

– Снегавiк Самсон! – паскардзiўся Рой. – Ты калi-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хацiне.

У супрацьлегласць хацiне Роя, у Самсона была хiлая хiбара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценнi. Скоцi, якi жыў разам з iм, казаў, што зiмой у ёй зусiм невыносна, але Скоцi нiколi не скардзiўся, бо згодна з яго перакананнямi, ён мусiў улiчваць правы iншага. Яны абое пакутвалi ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як i чаму пакутуюць.

– Як гэта ты не задыхнуўся ў сваiм танку на фронце? – сказаў Рой Самсону. – Ты, вiдаць, свiдраваў дзiрачкi ў бранi, каб дыхаць свежым паветрам.

– Калi станавiлася горача, – сказаў Скоцi, – ён выскокваў i бег побач.

Франтавыя справы былi тым адзiным, чым Скоцi i Самсон дражнiлi адзiн аднаго. Яны разам пайшлi на фронт i служылi на адным танку, гэтаксама як i зараз жылi ў адной хацiне. Яны ваявалi ля Арнгема, вызвалялi Данiю, перапраўлялiся цераз Рэйн, а пасля вярнулiся дамоў, занялiся паляваннем; адзiн яшчэ больш загрубелы, другi з iдэямi. Мiж сабой яны захоўвалi мiр тым, што нiколi не спрачалiся, хоць Рой за апошнiя два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць iх. Адзiн да аднаго яны адносiлiся з павагай, нават калi спрачалiся пра ваенныя справы, у iхнiх перапалках не было з'едлiвасцi, зусiм не было.

– Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хацiну ў заказнiку, – спакойна заявiў Мэрэй, пакiнуўшы сваю валавяную талерку i абапёршыся на стол.

– Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасцi такiх законапаслухмяных грамадзян, – зазначыў Рой, налiваючы ўсiм па вялiкаму кубку кавы.

– А я думаў усiх вас запрасiць туды з сабой, – сказаў Мэрэй.

– Зел ужо запрашаў мяне, – азваўся Рой.

– А як вы? – спытаўся Мэрэй у астатнiх.

– А там норка водзiцца? – спытаў Самсон.

– Што толькi там не водзiцца, – адказаў Мэрэй. – Усяго на ўсiх хопiць. Там можна налавiць столькi, што хопiць на шмат гадоў наперад, асаблiва бабра. Нiдзе не бачыў гэтулькi бабровых хатак, Рой.

– Дык як, Самсон? – спытаў Рой. – Пойдзеш туды?

– А ты? – спытаў Самсон.

– Мо i пайду, – падахвоцiў яго Рой. – Асаблiва калi пойдзеш ты.

Скоцi ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлiвую справу. У мiнулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную i небяспечную, i Скоцi чакаў бяды.

– Калi вы, сябры, надумалi стаць мiльянерамi, – сказаў ён, – чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказнiку.

– Ды нiхто цябе там i не ўбачыць, у заказнiку, – сказаў Мэрэй.

– Вельмi нават проста! – заявiў Рой.

– А яшчэ прасцей папасцiся, – папярэдзiў Скоцi.

– Яго прападобнасць, айцец Скоцi Малькольм, – сказаў Рой. – Чаго, уласна, ты баiшся? Iнспектара?

– Нiчога я не баюся, i iнспектара таксама, – сказаў Скоцi. – Вам, сябры, проста не церпiцца парушыць закон. Толькi i чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краiна?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю