412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пенці Хаанпя » Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя » Текст книги (страница 9)
Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"


Автор книги: Пенці Хаанпя



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 12 страниц)

– Чаго мне шкадаваць, старому селяніну. Вось гарыць мой стары дом, мой родны Тэрапя, а я мыюся ў лазні.

Усе глядзяць на яго з недаверам і здзіўленнем: усё ж, напэўна, з глузду з’ехаў чалавек, шмат шурупаў, напэўна, вылецела з галавы.

А Вялікаму Тэрапя, як звычайна, шанцуе. Пажар не разгуляўся. Згарэла толькі старая хата, а хлявы, свірны і ўсе астатнія пабудовы засталіся. Памалу пажар сціхаў, бярвёны ператварыліся ў галавешкі, маленькія сіняватыя язычкі агню шыпелі і скакалі па вуголлі, і дзівоснай незвычайнай кучай выглядала папялішча здалёк.

Ноч была цёплая і спакойная, бязветраная і цёмная. Неба праблісквала, нібыта весялілася, рэдкія зоркі мільгацелі ў цемры.

Дамашнія разышліся спаць – хто ў пуню, хто ў канюшню. А стары гаспадар застаўся ў лазні з адной маладой, вясёлай і распуснай парабчанкай. Раней ніхто не чуў і не бачыў, каб Вялікага Тэрапя цягнула да жанчын. Было зразумела толькі адно, што гаспадар канчаткова з’ехаў з рэек. I вось яны засталіся ў нагрэтай лазні, разамлелыя ад жары – Вялікі Тэрапя і маладая парабчанка. Стары зрабіў паварот у жыцці. Цяпер ягоны лёс вёў зусім у іншы бок. Куфэрачак з грашыма ён цішком схаваў пад маснічыну. Іншыя парабчанкі, сыходзячы, кпілі, смяяліся і зайздросцілі ягонай абранніцы. Яны казалі, што ў гэтай распусніцы няма ні сораму, ні сумлення і Бога яна не баіцца, раз пускае да сябе старога грахаводніка. Але ў глыбіні душы яны зайздросцілі: зусім неабавязкова кахаць чалавека, можна спакусіцца і на ягоныя грошы.

Законнік Матці запыніўся каля ачахлых галавешак, чырвоны і распараны пасля лазні. Ён прысеў каля вогнішча, задумаўся і глядзеў на вуголле, самотны стары бабыль. Ён не мог нават і спадзявацца, ды і не хацеў верыць, што некалі і ён зможа акунуцца ў такое бяздумнае заліхвацкае вар’яцтва, якое давялося ўбачыць сёння ў пракуранай лазні старога знаёмца. Ягонай адзінай радасцю і ўцехай былі думкі ў цішыні лясоў.

Нейкі час ён сядзеў, не зводзячы вачэй з чырвонага вуголля, а потым падаўся дадому адзін у начной цемры.

Абрысы ветрака паўсталі перад ім, і гэта было апошняе, што ён убачыў перад тым, як зайсці ў сваю хаціну, і яму здалося, што стары млын, нібыта манах, узносіць модлы і грозна ўказвае пальцам на неба.

X

А назаўтра пайшла па вёсках пагалоска, што Вялікі Тэрапя здурнеў, спаліў сваю хату, а пакуль будынак гарэў, ён забаўляўся з дзеўкамі ў лазні. У хуткім часе пачалі расказваць і новыя дзівосы: ён збудаваў сабе цагляны дом – высачэзную, на тры паверхі круглую вежу на стромкім схіле каля возера. Сам жа ён хадзіў разубраны, як баба, абвешаны ўсялякімі аздобамі. Ён задумаў узяць сабе маладую гаспадыню, самую што ні ёсць прыгажуню з дзесяці паветаў. Ён зусім не клапаціўся аб сваіх вялізных уладаннях, яму было ўсё роўна, працуюць парабкі на палях альбо б’юць лынды. Ён вельмі змяніўся і стаў спакойны, добразычлівы мужчына.

У вёсцы меркавалі і так і гэтак, хітра пасміхаліся і казалі, што таго і трэба было чакаць, хоць чакаць давялося вельмі доўга: ніхто і ніколі з сямейства Тайкінамаа не жыў як людзі.

Стаяла купальская ноч – светлая, цёплая і кароткая. Зямлю ўкрываў раскошны зялёны дыван, яркія кветкі струменілі п’янючы водар, а вялізнае нябеснае вока, светлае і абыякавае, глядзела на зямлю. Начную цішыню зрэдку праразаюць спевы начной птушкі. Песня нясецца з густога лесу, радасная і гарэзлівая. Цагляная вежа Вялікага Тэрапя прывідам уздымаецца ў белай начы, магутная і раскошная. У вокнах свецяцца жоўтыя лямпы, кідаючы цьмяныя водбліскі ў казачнае сутонне белай начы. Вялікі Тэрапя назваў свой дом Рогам Шчасця, аднак людзі часцей завуць яго Званіцай.

Радасна гараць у прасторнай круглай зале Званіцы жоўтыя лямпы. На сценах і на столі, ледзь бачныя праз густыя воблакі тытунёвага дыму, блякла свецяцца нацюрморты з дзівоснымі пладамі. За круглым сталом сядзяць знакамітыя госці, там жа сядзіць і сам гаспадар, які зусім нядаўна хадзіў, як пудзіла, у рызманах, нібыта гэта і не ён быў гаспадаром абшараў Тэрапя, нібыта зусім не ён множыў свае багацці. Але як жа памяняўся гэты чалавек! Дзіўныя і незвычайныя яго выгляд, ягонае ўбранне: шыкоўныя чаравікі раскінулі завязаныя адмысловым вузлом шнуркі, як мятліковыя крылы, ядвабныя шкарпэткі, кароткія, старанна адпрасаваныя штаны, белая камізэлька, тоўсты залаты ланцуг гадзінніка, прасторны блакітны сурдут, размаляваны рамонкамі. Цень добразычлівасці і высакароднага спакою пакрывае ягоны шызаваты твар. Вочы ільсняцца ад віна, на шчоках прабіваецца хмельны румянец. I гэта той самы чалавек, які раней не браў ні кроплі, а ўсю гарэлку раздаваў парабкам. Затое цяпер ён не цураецца пякучых напіткаў і часцяком весяліць сваю душу такім чынам. У шкляных графінах блішчыць празрыстая гарэлка і жаўтаваты пунш. У зале шумна, смех то весела звініць, то гудзіць, як дабрадушны чмель. Хто гэтыя людзі, гэтыя мужчыны і жанчыны, адкуль у Вялікага Тэрапя гэтулькі сяброў? Але як раней, так і цяпер у Вялікага Тэрапя няма ні сяброў, ні прыяцеляў. Ён размаўляе з людзьмі, аднак увесь час застаецца нібыта ўбаку, быццам самотны драпежны сокал, які лятае высока ў небе і проста не жадае кідацца на гэткую птушыную дробязь. Усе, хто прыходзіць у Званіцу, у гэты Рог Шчасця, могуць есці і піць колькі ўлезе, бо ў Вялікага Тэрапя шмат ежы і пітва, а таму шмат сабутэльнікаў і гасцей. Вялікі Тэрапя шчодра частуе ўсіх, не шкадуючы нічога.

Тут жа і маладая гаспадыня дома, прыгожая, радасная і вясёлая, у шыкоўнай сукенцы, вялікая аматарка павесяліцца. Яна вельмі часта адрывае ад круглага стала з ежай і пітвом доўгавалосага скрыпача са змрочным поглядам. Той залазіць на маленькі столік у куце і пачынае іграць меланхалічную, маркотную мелодыю, і шматлікія пары пачынаюць кружыцца па зале вакол стала, дзе сядзяць гаспадар і некалькі пыхлівых гасцей, якіх не завабіш на скокі ні чырвонай скрыпкай, ні мяккімі рухамі смычка.

Віно блішчыць у чарках, шызы тытунёвы дым дзівоснымі воблакамі расцякаецца па зале.

Ідзе няспешная размова, Вялікі Тэрапя паблажліва хітае галавой, слухаючы, як адзін з гасцей расказвае нейкую показку альбо як заўзяты балбатун, з’едліва пасміхаючыся, ледзь варочае языком, але ўпарта перабірае костачкі розным людзям, залазячы ў самыя цёмныя куточкі іх жыцця. Часам пачынае гаварыць і сам гаспадар, і тады ўсе пачціва змаўкаюць, а ён, падагрэты такой увагай слухачоў, пачынае выказваць свае думкі, распавядаць пра розныя выпадкі са свайго жыцця або заводзіць спрэчку са з’едлівым балбатуном, хоць той, баючыся багацея, пярэчыць вельмі асцярожна.

Ноч канчаецца. Усе ўжо добра захмялелі. Музыка ў куце амаль спіць і ледзь пілікае, ён забыўся нават на сваю чарку; пары ў зале болей дурэюць, а не танцуюць, размовы за сталом становяцца вялымі і бесталковымі...

– Чаму, – пытаецца з’едлівы балбатун, – чаму вы пабудавалі гэты Рог Шчасця менавіта тут? На старым жа месцы, дзе стаяла ваша сяліба, таксама даволі высока і прыгожа. Вось там і паставілі б палац Тэрапя.

Вялікі Тэрапя п’е і кашляе.

– He пойдзе. На старым месцы нельга спакойна павесяліцца: успамінаеш нябожчыкаў, якія жылі там раней, пачынаеш трывожыцца, розныя думкі, страшнавата... Вось так яно. Хоць да дурня такое і не дойдзе. Ды і прывіды, чаго добрага, завядуцца. А вось гэты будынак зладжаны зусім для іншага, новага жыцця. Тут ужо не ўспомніш нічога такога, можна жыць спакойна, радасна і весела...

– Якія забабоны, – кажа тупалобы балбатун, – сумленне замучыла...

– Можа, і так. Але болей у старых дамах я жыць не буду, бо там жывуць душы нябожчыкаў. Калі чалавек памірае, трэба спальваць і ягоны дом. Я таму і спаліў Тэрапя, бо стары гаспадар памёр, а нарадзіўся новы, вось гэты самы, які сядзіць перад вамі, свежы, як немаўлятка.

Так яны і размаўляюць, перабіраючы, як дзеці, адны і тыя справы, усё болей і болей хмялеюць, смяюцца і скачуць пад стомленую скрыпку, і гукі музыкі далёка разносяцца праз вокны ў начной цішы. Высока ўзлятаюць у неба, якое, нібыта абыякавае вока, глядзіць на зямлю, і недзе высока-высока ў чарнаце, здаецца, ледзь прасвечвае водбліск надзеі.

Вялікі Тэрапя адчувае, як цяжэе ягоная галава, нібыта наліваецца свінцом, а перад вачыма ўсё плыве ў чырвоным тумане. I ён засынае, хіснуўшыся да стала, і праз дрымоту чуе п’яны гоман і нястройныя спевы.

Тэрапя прачынаецца, калі на вуліцы ўжо пануе светлы ранак. Праз вокны ў пакой урываюцца чырванаватыя сонечныя праменні, і чаркі, якія стаяць на вялізным стале, успыхваюць чырванаватым святлом. Пакой спусцеў. Госці пайшлі на сыходзе ночы, калі падымалася сонца і ажыўлена зашчабяталі птушкі.

Нейкі час гаспадар глядзіць навокал пустымі вачыма, і ўсё здаецца яму велізарным і неабсяжным. Гледзячы на гэтую дзіўную і такую чужую яму абстаноўку, ён вырашае пайсці паспаць. Ён праходзіць праз кухню, каб прамачыць вадой перасохлае горла, і чуе, што там няспынна грымяць вялізныя жорны – гэта храпе той самы з’едлівы балбатун, заваліўшыся каля кадушкі з цестам, а цеста выпірала з дзяжы і спускалася яму на жывот. Вялікі Тэрапя нейкі час здзіўлена, знямеўшы, глядзеў на гэтую праяву і ніяк не мог дапяць, што здарылася: ці не вантробы з госця палезлі. Нарэшце ён скіраваўся ў спальню, рынуўся на ложак і праспаў цэлы дзень, пакуль не настаў светлы летні вечар.

Вось так весела жыве Вялікі Тэрапя ў сваёй чырвонай вежы пад вялізным і чыстым нябесным вокам.

XI

Ішлі гады. Людзі жылі, і Вялікі Тэрапя таксама жыў на зямной цвердзі пад магутным, бяскрайнім небам.

Вялікая рака несла свае цёмныя воды праз лясы і палі, на берагах раслі густыя трыснягі, у вадзе калыхаліся водарасці, свяціліся жоўтыя гарлачыкі, няўцямна глядзелі на свет яркія кветкі, а часам шумна плёскалася рыба. На схілах крутых берагоў узвышаліся старыя бугрыстыя асіны, іхняе лісце трымцела і штосьці шаптала, хоць не адчувалася ніякага павеву ветру. Быў прыгожы летні дзень, спакойны і цёплы. Сонца хілілася на адвячорак, і на зямлю падалі косыя праменні, высока ў нябеснай сінечы вісела рэдкае воблака, нібыта вялізны жмутак ваты, нагадваючы абрысамі стары зморшчаны лоб...

На стромкім беразе, як пунцовая пачвара, тырчаў цагляны дом Вялікага Тэрапя. Сонца адсвечвалася ў ягоных вялікіх вокнах, за якімі ў той самай вялікай круглай зале, абвешанай усё тымі ж малюнкамі пладоў і кветак, сядзеў у крэсле святочна апрануты Вялікі Тэрапя.

Непадалёку ад стала сядзеў Законнік Матці, які на выгляд зусім не змяніўся за гэты час. Ён гаварыў:

– Я табе і кажу, што ты болей не багацей. Няма ў цябе ні зямлі, ні каштоўных папераў, разышлося ўсё тваё багацце! Добра, калі яшчэ не трапіш на ўтрыманне грамады.

Вялікі Тэрапя гушкаецца ў крэсле, зацягваецца і, нарэшце, спакойна і абыякава адказвае:

– Вось, вось, круціцца кола жыцця. Стракатая птушка дзяцел, але жыццё наша яшчэ больш стракатае.

– Усё яно так, аднак ты болей не багацей і не зможаш болей жыць, як багацей: весяліцца, забаўляцца. I жыць трэба адпаведна.

– Нездарма прымаўка гаворыць, што зрання смяешся, а пад вечар плачаш. Хай усё ідзе само па сабе, чалавек усё перажыве.

– Дурань ты стары! – злосна адказвае Законнік Матці. – Падумай пра тое, што ты ж не адзін жывеш. У цябе жонка – адна законная, а колькі яшчэ прыблудных... А ў гэтай тваёй былой парабчанкі яшчэ і сын ад цябе. Трэба і аб ім паклапаціцца.

– Хай кожны клапоціцца сам аб сабе – такія ўжо законы на гэтым свеце. У кожнага з нас аднолькавай велічыні вочы...

Законнік Матці паціху закіпае.

– Ты такі лянівы, дурны і абыякавы, нават паверыць няможна, што ў цябе ўсе дома. Зразумей жа, што ты амаль голы! Нават калі ты прадасі ўсе землі, табе ледзь хопіць расплаціцца з даўгамі, бо ў цябе нічога болей не засталося: усё сваё ты даўно ўжо атрымаў і чакаць няма чаго. Можа, толькі ад мяне свае старыя рызманы атрымаеш, калі распіска яшчэ ацалела. У цябе толькі й засталася гэта вежа-ламіна ды тое, што ў ёй напхана.

– Ёсць там адзін дзядуля, – тыцкае пальцам у столь Вялікі Тэрапя, – вось няхай ён і непакоіцца пра тых істот, якіх ён пусціў на свет... Чаго там мітусіцца, калі ўсё даўно ўжо наканавана і распісана.

– З такімі, як ты, будзе, не прыкідвайся дурнем... З разумным будзе так, як ён сам зробіць. – Ён памаўчаў і ўжо спакайней працягваў: – А можа, ты прыхаваў дзе-небудзь грошыкі і не ўсе яшчэ прасадзіў?..

– А ты не чытаў у Святым Пісанні пра таленты, закапаныя ў зямлю? Што за карысць ад грошай, калі іх не пускаць пад працэнты?

– Ну, так яно было б і лепей, аднак у цябе ніякага прыбытку пасля таго, як ты пусціўся шыкаваць.

– Ну дык што тут зробіш?

Стары. законнік злуецца і пыхкае.

– He, ты мяне даканаеш сваім спакоем і абыякавасцю! Вось што я табе скажу, – ціхім злавесным шэптам прамаўляе ён, – як старому сябру дзяцінства кажу: табе пагражае вялікая небяспека...

– Што мне ўжо так пагражае, што ты аж трасешся?

– Пабачыш. Я ўсё табе расталкую і растлумачу, толькі аддай мне распіску, тую, што мы некалі напісалі.

– А, хабару, хабару захацелася! – з’едліва адказвае Вялікі Тэрапя. – Вядома, усе людзі такія, нават ты, якога я лічыў сваім лепшым сябрам.

– Калі распіска напісана, дык ты ж можаш мне яе вярнуць.

– Я табе сказаў, што атрымаеш яе пасля маёй смерці альбо калі я запатрабую сваё старое адзенне, тое самае, што так добра вядомае ўсяму наваколлю, як і гэты мой новы касцюм.

– А каб ты ляснуў! Ну і разбірайся сам у сваіх справах!

– Ты што, думаеш, я зусім глуздануўся, калі перастаў ліхвярыць і нажывацца? Hi ў якім разе! Вось што я табе скажу: калі я пачаў жыць, як пан, я ўзяў сабе жонку, і я ўзяў маладую, спрытную дзяўчыну, я, стары корч, які вось-вось аддасць канцы, а ёй дастануцца ўсе мае грошыкі! А я не збіраўся паміраць! Я толькі пачаў жыць з тае пары. Сам ведаеш, якое расчараванне гэта для маёй бабы. Тады і яна вырашыла схітраваць: пачала паціху красці ды збіраць мае грошыкі. Здаецца мне, што і ты, сябра мой душэўны, як мог, так і дапамагаў ёй. А цяпер яна думае, што я збяднеў, а ёй усё мала й мала, дык вось яна і вырашыла празнаць, ці не захаваў я яшчэ куды грошы, каб адправіць мяне да Абрама на піва, а ўсё астатняе са~ мой прыхапаць.

Законнік Матці, знямелы ад здзіўлення, глядзіць на яго.

– А калі ты так усё добра ведаеш, дык чаму ж ты не навядзеш парадак?

– А навошта мне веславаць і кіраваць, калі наверсе ёсць вясляр, лепшы за мяне? Ды і які я буду багацей, калі пачну ваяваць і судзіцца з усім светам і з усімі людзьмі?

– Хутка па старцах пойдзеш, вось тады і пасмяешся.

– Можа, і так, але ці варта турбавацца з-за таго, што будзе заўтра.

– Я сказаў табе ўсё, што павінен быў сказаць. Але табе ўсё адно. Ты думаеш толькі пра сябе. Ну што ж, дагэтуль ты трымаў лейцы лепей, чым хто іншы. Я пайшоў. Да пабачэння.

Ён падымаецца, бярэ капялюш, а Тэрапя працягвае гушкацца ў крэсле з цыгаркай у зубах.

Законнік Матці спускаецца па вітых усходах, а насустрач яму падымаецца мажная маладая жанчына з прыгожай паставай. Яна прыгожа апранута, і ўвесь яе выгляд, паводзіны і голас – усё выказвае холад і пыхлівасць. Гэта гаспадыня Рога Шчасця.

– Ну, – пытаецца яна, – нічога новага?

– Нічога. Здаецца, у яго няма прыпасаў, але гэта яго зусім не хвалюе. Ён усё яшчэ разумны і хітры мужык, хоць пару клёпак і вылецела...

– Хітрасць супраць хітрасці, – з нянавісцю прамаўляе жанчына. – Трэба знайсці грошы, хоць з-пад зямлі выкапаць.

– А можа, іх і ўвогуле няма.

– Павінны быць! Каб не было, дык гэты стары жмінда не сядзеў бы так спакойна.

– Мне здаецца, што не надта вялікая сума ў яго прыхаваная – я ўжо ўсё ведаю пра ягоныя справы.

– Маленькая ці вялікая, але яна мне патрэбная, і яе трэба знайсці, хоць лопні.

Стары законнік прысланяецца да парэнчаў і бездапаможна пакерхвае:

– Спадзяюся, што вы не зробіце нічога такога і не абчысціце яго дагала. Мне было б сорамна глядзець яму ў вочы.

– Ага! Вы спалохаліся!

Маладзіца глядзіць на законніка з асляпляльнай усмешкай, і вечаровае сонца залаціць яе кучаравыя валасы.

– He хвалюйцеся, вы атрымаеце сваю долю, дый старому што-небудзь дастанецца, каб не жабраваў.

– Так яно так. Але цяпер лепей пачакаць. He трэба спяшацца, a то ўсё сарвецца. Час – найлепшы саюзнік, ён усё падкажа, і спосабы, і магчымасці.

– О, гэта так сумна, чакаць і чакаць. Я і так дастаткова начакалася ў гэтай вязніцы. Вы разумны чалавек, вы зможаце і хутка і хораша...

Законнік Матці адмоўна хітае галавой.

– Лепей пачакаць.

Ён развітваецца і сыходзіць. Жанчына сочыць, як знікае гэты танканогі, нібыта жучок, маленькі чалавек.

– Вось яшчэ адзін дурань, – кажа сама сабе жанчына. У яе валасах залацяцца іскрынкі сонца.

XII

Зіма. Бясконцы снежны дыван укрывае ўсё навокал, і нават дрэвы ў лесе стаяць, нібыта пухлыя снежныя камякі. Мароз падціскае. Бляклы нябесны шацёр вісіць над стылай зямлёй. Толькі мільгаценне зорак і жоўтае кола месяца парушаюць ягоную аднастайнасць. Зімовае сонца, ледзь паказаўшыся над заснежаным лесам, тут жа знікае. Паветра марознае, шэрае, суровае і строгае.

Цяжкія часы насталі для старога шаўца Тэпо. Хацінка прамерзла наскрозь. Ён не можа пайсці ў лес па сумётах і сабраць там дроў у сваіх даўно пратаптаных чунях. Ён не адважваецца нават выскачыць на вуліцу, каб выламаць кол з плота ды пратапіць у хаце. Пойдзеш дый завязнеш у снезе, нібыта стары руды прусак. А вось гаспадарам хутара не даводзіцца цягаць дровы з лесу, яны не шыюць ботаў. Ім усё робяць загадзя.

Хура бурчыць, лаецца і кляне свайго Тэпо, людзей, надвор’е, зямлю і неба разам з усімі жыхарамі. Тэпо сядзіць нерухома, моўчкі карпее над сваімі калодкамі. На душы ў яго вельмі сумна.

– Каб было якое-небудзь цяплейшае лайно з аўчыны, тады б, можа, і мароз не так дапякаў і можна было б наламаць крыху дроў.

У ягонай памяці ўсплывае нязменны стары кажух Тэрапя, які той цягаў і зімой і летам.

– I куды гэта падлюга дзеў свой кажух?

Нейкі час ён думае, а потым вырашае схадзіць да Законніка Матці і спытацца аб тым. Праз марозную цемень, падскокваючы, як заяц, у сваёй дзіравай світцы, ён імчыцца да хаты Законніка.

– А-а-а, – кажа Законнік Матці. – Старыя апранахі Ійсакі Тайкінамаа? Яны ў мяне. Ён аддаў іх мне ў заклад невядома навошта. Пэўна, нешта задумаў. Так, старое рыззё. Можна і выкінуць, але хутка яму самому спатрэбіцца, бо дагуляўся, хутка па старцах пойдзе...

Тэпо пахмурна пазірае і прытопвае нагамі.

– Дык аддай яго мне. Яму яно не спатрэбіцца, а можа, ён ужо і забыўся на яго.

– He, не забыўся. Але пагана тое, што ты мерзнеш, а гэтая рваніна дарэмна ляжыць у мяшку. Вялікай бяды не будзе – бяры і насі. Калі спатрэбіцца, дык такое знойдзе ўсюды. А калі запатрабуе менавіта гэту вопратку, тады забяру ў цябе назад.

Тэпо бяжыць дадому, размахваючы апранахамі Вялікага Тэрапя.

Дзіўная сцэна разыгралася ў той халодны вечар, калі на дварэ лютаваў мароз, а ў небе злосна мільгацелі зоркі. Тэпо круціць у руках зацухмолены стары кажух і брудную аблавушку, якія дасталіся яму ад багацея. Раптам ён спалохана вішчыць:

– Баба!

Хура падыходзіць, уздрыгвае і на нейкі час нямее ад здзіўлення: шво ў шапцы разышлося, і з-за падкладкі тырчыць пачак грошай. Старыя спалохана жагнаюцца, потым старанна абмацваюць усю вопратку і знаходзяць яшчэ некалькі тайнікоў, але пакуль што не разумеюць, што ў іх ёсць грошы, шмат грошай. Затым яны пералічваюць грошы і хаваюць пад камень за печкай. Усю ноч яны не могуць заснуць. Штохвіліны яны ўскокваюць, запальваюць лучыну, дастаюць грошы, пералічваюць і зноў хаваюць на старое месца. Яны спалохана выглядаюць у акно, баючыся, што хтосьці з вуліцы ўбачыць гэта. Аднак за акном мароз, ды халоднае неба глядзіць тысячамі зорак і нібыта паблажліва ўсміхаецца. Яны зноў кідаюцца ў ложак і зноў падымаюцца, усё гэта падаецца ім дзіўным сном, чароўнай казкай.

– Ясна адно: гэта грошы Вялікага Тэрапя. Можа, ён схаваў іх туды, а можа, проста забыўся.

Яны цвёрда ведаюць толькі адно: трэба маўчаць, як камень, а там будзе што будзе. Ну і што, калі яны пакінуць грошы сабе? У Вялікага Тэрапя і так грошай болын, чым трэба прыстойнаму чалавеку. А яны заўсёды былі бедныя і голыя, як лесавікі. Можа, той, хто сядзіць высока на марозным воблаку, вырашыў палегчыць ім жыццё на старасці гадоў...

Спачатку яны не трацяць гэтых грошай. Старыя баяцца, што хто-небудзь пацікавіцца, адкуль у іх гэткае багацце? Тэпо, накінуўшы стары кажух Вялікага Тэрапя, становіцца на лыжы і з саначкамі кіруецца ў лес, каб насекчы дроў, колькі ўлезе. Затым яны сядзяць каля цёплай печы, думаюць, што рабіць далей, і нарэшце прыходзіць добрая думка.

У Тэпо быў старэйшы брат, які даўно, можа, з дзесятак гадоў, а мо і болей, з’ехаў у Амерыку, некуды ў Сікако[7], адкуль прывозяць сала для сплаўшчыкаў. Трэба гаварыць, што гэты брат памёр, а спадчыну прыслалі Тэпо. Гэтую думку яны пракручвалі і так і гэтак, рабілі сур’ёзны выгляд, каб нарэшце і самім даць веры, што ўсё тое, што з імі адбылося, праўда.

XIII

Ізноў са свістам закружылі крылы ветру, пагналі хмары ў небе, накідалі снегу на лясныя вершаліны і тут жа здзімалі яго адтуль, і снег вялікімі шэрымі ахлопкамі падаў на зямлю. Хмарная нябесная заслона гусцее, хмурыцца і цямнее, і вось ужо пайшоў дождж, ды такі, што ажно застагнаў лес, а з галінак пацяклі ручайкі і апошні снег, які пакрываў іх, растаў. Сагнутыя і пачварныя, агаліліся дрэвы, нібыта вялізныя пальцы, і вось ужо ствалы выпростваюцца, бадзёра цягнуцца ўверх.

Пачалася адліга, і хворая зіма цяжка застагнала, закашляла. Пад нагамі чвякае снег, зверху на ягоную шурпатую паверхню ляніва падаюць самотныя празрыстыя сняжынкі.

Вось i шавец Тэпо вылез са сваёй цёмнай хаціны, і дзіўная думка невядома як трапіла яму ў голаў. Ён ідзе па заснежанай доўгай дарозе, абапал якой стаіць шэры штакетнік. Ён ідзе да Вялікага Тэрапя, у Рог Шчасця, у славутую Званіцу.

Высокае чырвонае пудзіла з цэглы ўзвышаецца сярод зімовай бялечы, гэтая недарэчная будыніна, і Тэпо апаноўвае страх і пачцівасць, калі ён падыходзіць да вежы і падымаецца па вітых усходах.

Ён уваходзіць у прасторны круглы пакой. Законнік Матці сядзіць там адзін. Ягоная доўгая пастава выдзяляецца ў крэсле, а партфель вісіць на поручні.

– Добры дзень, – вітаецца Тэпо.

– Добры, добры.

– Штосьці гаспадара не відаць.

– Ды тут недзе непадалёку. Сядзь і пачакай. Пагрэйся крыху. I кажух, бачу, табе згадзіўся.

Тэпо сядае і недаверліва глядзіць на даўгалыгага Законніка з-пад брывоў.

– Як бачыш, згадзіўся.

– Напэўна, дрэнна табе было, Тэпо, у такія маразы, а ў хаце ні палена дроў. Нездарма табе давялося пайсці і папрасіць гэту аўчыну, каб сагрэцца.

– Давялося пайсці.

Тэпо моўчкі глядзіць на суразмоўцу і раптам адчайна прамаўляе:

– Цяпер мне ўжо няма чаго выпрошваць усялякія аўчыны! Толькі што атрымаў такую-сякую спадчыну.

– Спадчыну? Адкуль?

– Ды брата майго старэйшага там, у Амерыцы задушыла каменнем, – спакойна тлумачыць Тэпо. – Вось мне і прыслалі грошы.

– Во як. Ён памёр, а Тэпо цяпер багацей... Нездарма прымаўка гаворыць: хто памірае, а хто хлеб нажывае.

– Дык вось якая справа, – няпэўна прамаўляе Тэпо, а потым адважваецца і працягвае: – Я прыйшоў як пакупнік. Я вось падумаў, ці не прадасць мне гаспадар хутар Тэрапя, а ён пражыве без бяды ў сваёй Званіцы.

– Ого! Відаць, шмат грошай табе прываліла, калі хочаш стаць землеўладальнікам. А чаму б і не прадаць, калі старгуемся? Прадаў жа ён амаль усе свае землі.

Уваходзіць Вялікі Тэрапя з цыгаркай у зубах.

– О, Тэпо, даўно цябе не было чуваць. Ну, што за справы?

– Нічога асаблівага. Я вось хацеў папытацца, ці не прадасць мне гаспадар апошні кавалак зямлі Тэрапя?

Вялікі Тэрапя здзіўлена глядзіць на яго і ніяк не можа ўцяміць, жартуе той ці ўсур’ёз, а потым расцягвае рот у з’едлівай усмешцы:

– Чаму б і не. Значыць, у цябе, Тэпо, у скрынцы столькі ўсяго, што ты і зямлю купіць можаш...

– Тое-сёе знойдзецца, – сур’ёзна і цвёрда гаворыць Тэпо. – Можам грошы хоць зараз выкласці.

Вялікі Тэрапя ледзь стрымаў сваё здзіўленне, і нават злосць пачынае варушыцца ў ім, ён усё не можа дапяць, здзекуецца з яго шавец ці сапраўды збіраецца выкласці грошы. Ён моўчкі сядзіць і думае. Рыпіць крэсла ў цішыні, і нарэшце Законнік Матці кажа:

– Ён, здаецца, атрымаў спадчыну.

– Во, нячыстая сіла! – гукае Вялікі Тэрапя. Да яго дайшло, у чым справа. – Разбагацеў. Ну, тады купляй Тэрапя. А мне можаш не даваць ніводнага пені. У мяне тут сабралася даўгоў гэтаму Коўпаіеху. Заплаці яму і забірай зямлю. А мне пакінь метраў дваццаць вакол дома.

– I ці многа ты яму вінаваты?

– He ведаю дакладна, але, пэўна, не надта. Якраз такая цана і будзе за Тэрапя.

– He ведаю, ці варта нам вось так, спехам, дамаўляцца, але калі тваіх даўгоў не надта многа, дык напішам купчую і я заплачу. А пакуль што збегаю да Коўпаіеху.

Тэпо нацягвае шапку і выходзіць.

– Пачакай, куды ты прэшся? – гукае яму ўслед гаспадар. – Ну добра, ідзі, падпіхні човен удачы. Шчасліва.

Вялікі Тэрапя падыходзіць да акна, глядзіць і кажа:

– Глянь ты на гэтага Тэпо! Адкуль яму гэтая спадчына падваліла? Вось зараз ён і палезе са сваёй мышынай нары, адхопіць сабе хлебнай зямелькі Тэрапя і ўсе мае радавыя пабудовы. Вось табе і галадранец шавец Тэпо! Чым вышэйшая куча гною, тым болей дзівосаў з яе пабачыш.

XIV

Яны елі ў сталоўцы на першым паверсе, седзячы за багата накрытым сталом. Вялікі Тэрапя, які раней, калі быў халасцяком, у бацькоўскім доме грыз сухія скарынкі, хоць і быў багатым, жаваў салёную рыбу і запіваў малаком, ды і то не кожны дзень, цяпер есць толькі багатую і смачную ежу і частуе гасцей. Яны сядзелі за абедам, Вялікі Тэрапя, Законнік Матці і маладая прыгожая гаспадыня, сядзела таксама яшчэ адна жанчына з маленькім сынам. Яе Вялікі Тэрапя запрасіў у Рог Шчасця, як толькі пасяліўся там з маладой жонкай, і гэта тая маладая парабчанка, з якой ён застаўся ў лазні ў той дзень, калі згарэў стары хутар Тэрапя. Маладзіца не адмовілася ад запрашэння і прыйшла жыць разам з яснавокім гарэзлівым хлопчыкам трох-чатырох гадоў, які быў вельмі падобны на Вялікага Тэрапя. Ды і сам гаспадар ніколькі не сумняваўся ў тым, што гэта ягоны сын.

Гэта вельмі не падабалася маладой законнай жонцы, і яна глядзела на непажаданых прыхадняў злымі вачыма і ўсяляк імкнулася дапячы сваёй незаконнай суперніцы. З гэтага амаль нічога не выходзіла, бо гаспадар, хоць і не ўмешваўся ў жаночыя сваркі, аднойчы цвёрда і назаўсёды забараніў жонцы цкаваць былую парабчанку.

У Дзевы, як называў яе гаспадар, і ў яе сына былі свае пакоі на апошнім паверсе, і заходзіць туды ў законнай гаспадыні не было ніякіх падстаў.

Застольная бяседа цякла, як звычайна, нічога асаблівага. Маладая гаспадыня кінула некалькі з’едлівых слоў пра былое жыццё Вялікага Тэрапя, імкнучыся зачапіць і цяперашняе жыццё, а мімаходзь падкусіць і другую гаспадыню, Дзеву. Але, як толькі яна прамовіла ўсё, што хацела сказаць, размова заглухла. Дзева з сынам, наеўшыся, падняліся з-за стала, а сам гаспадар патупаў наверх у вялікую залу, каб сесці ў сваё любімае крэсла-гушкалку і выкурыць цыгарку.

Законнік Матці і маладая гаспадыня засталіся ўдваіх. Жанчына нейкі час глядзела на старога адваката, потым ускінула галаву і злосна сказала:

– Нічога не зразумела, што думае гэты стары скнара. Ён шыкуе, і грошай яшчэ, відаць, у яго поўна.

– Ну, з грашыма яшчэ не ўсё ясна. У яго столькі даўгоў, што давялося прадаць усю зямлю Тэрапя, сваю апошнюю зямлю. Вось цяпер і будзе відаць, адкуль ягоныя даходы, ці мае ён якое патаемнае сховішча.

Маладая пышная жанчына сярдзіта тузае свой веер і кусае вусны.

– Няма чаго сумнявацца, грошы ў яго ёсць. A то чаму б ён сядзеў цэлымі днямі ў крэсле ды смаліў цыгаркі...

– Можа, ён чакае свайго часу, пакуль што-небудзь высветліцца, ці здарыцца якая бяда, ці яшчэ што... Калі нават у яго і няма нічога, дык усё роўна да яго ставяцца вельмі добра за ягоны характар. Яму яшчэ доўга будуць пазычаць. Шмат людзей яшчэ вераць Вялікаму Тэрапя. Нікому і ў галаву не прыйдзе, што ў яго можа не быць грошай. Усе думаюць, што ён проста так забаўляецца.

– Так, так, трэба нешта прыдумаць. Я не збіраюся вечна жыць у гэтым дурацкім кляштары, які ён называе Рогам Шчасця.

– А наўрад ці ён будзе пярэчыць, калі вы захочаце сысці адсюль, дый што з таго, калі б вы задумалі пайсці.

Жанчына ўсміхаецца і кажа звонкім строгім голасам:

– He, проста так я не пайду! Калі ўжо я вянчалася прылюдна з гэтым старым заімшэлым скнарам, дык павінна ж я мець нейкую выгаду, і хацелася б найбольшую.

– Ну , – лісліва кажа Законнік Матці. – Здаецца, большай выгады вам ужо не дабіцца.

– Вы так думаеце? Я што-небудзь яшчэ прыдумаю.

Яна пасміхаецца, гуляе з веерам і раптам рэзка пытаецца:

– А як па-вашаму, гэтая пацягуха Дзева не можа хаваць ягоныя грошы?

– Штосьці не верыцца. He думаю, каб ён даверыў каму-небудзь іншаму, асабліва жанчыне, такую важную справу.

– Але ж у яго няма ні сяброў, ні прыяцеляў, ён жа нават вам не давярае! А можа, ён зрабіў дзе-небудзь паблізу тайнік?

– Вам лепей ведаць.

– Гэты стары жмінда не можа жыць, калі ў яго пад рукой няма грошай. Ён іх прыхаваў недзе тут, у сваёй Званіцы...

– Можа быць, так, а можа, й гэтак.

– Ну-ну, добра, ёсць у мяне адна задумка, – разважліва кажа маладая жанчына, круцячы ў руках веер.

Законнік Матці пакідае яе, падымаецца па лесвіцы і бачыць у крэсле Вялікага Тэрапя. Яны размаўляюць пра тое-сёе, пра Тэпо, пра ягоныя спадкі, пра тое, што шавец удала купіў зямлю... Потым яны прымаўкаюць і сядзяць моўчкі, думаючы кожны сваю думу.

Раптам знізу даносіцца шум, грукат і нехта пранізліва лямантуе:

– Пажар! Гарым!

Законнік Матці спалохана ўскоквае. Вялікі Тэрапя замірае і ўважліва прыслухоўваецца.

– Гарыць першы паверх, – узрушана і спалохана крычыць Законнік Матці.

– Ага, ёсць такая прымаўка, што агонь добры парабак, але дрэнны гаспадар, – спакойна адказвае Вялікі Тэрапя.

– Што ты балбочаш! Бяжым тушыць!

Кідаецца да дзвярэй стары пісарчук. Вялікі Тэрапя рашуча спыняе яго, спакойна гушкаецца ў крэсле і кажа:

– Чаго ты галосіш! Я ж вось не плачу, хоць гарыць мая хаціна. У мяне такая звычка, калі што гарыць, то няхай гарыць! Ты ж памятаеш, як гарэў мой стары хутар Тэрапя... Праўда, відаць, што ўсё ў маім жыцці звязана з агнём?

– Глуздануўся, дурань стары! Бегчы трэба! Згарыць лесвіца, і капцы нам.

Законнік Матці хапае гаспадара за шкірку і цягне да лесвіцы, як наравістага быка.

– Усё гэта штукарствы тваёй бабы.

I ў гэты момант яны сутыкаюцца з маладой гаспадыняй, якая бяжыць ім насустрач.

– Усё знізу гарыць! – пранізліва вішчыць яна. – I сцены, i столь. Стары, у цябе ёсць што-небудзь каштоўнае, грошы ці яшчэ што, каб уратаваць!

Вялікі Тэрапя спакойна прыхіляецца да парэнчаў, расцягвае вусны ў з’едлівай усмешцы і акідвае жонку д’ябальскім здзеклівым позіркам.

– Нічога ў мяне няма, зямныя справы мяне мала цікавяць...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю