Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"
Автор книги: Пенці Хаанпя
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 12 страниц)
– Гэй, Ялу, завязі дроў і на Тэрапя! Можаш нават правесці ноч каля гаспадыні, успомніць старое каханне.
Ялу толькі заскрыгатаў зубамі і пачырванеў ад злосці. Ад крыўды ў яго адняло мову, і ён змог выдавіць толькі лаянку:
– А каб цябе тысяча чарцей даілі! Можа, мне яшчэ і папрацаваць на тваю пошасць з тваёю бабай?
Вечар выдаўся цёмны, віхурысты. Калючы, цвёрды снег раставаў на твары, як соль, і скура смылела. Аднак Ялу не змог уседзець і праз цемру і завіруху пабрыў да Тэрапя. Там ён спыніўся, прысеў за вуглом дома і злымі халоднымі вачыма стаў сачыць за хутарам. Вось і гаспадар Тэрапя з ліхтаром у руцэ падаўся да канюшні. Ялу выбраў пад павеццю сухое бярозавае палена і незаўважна пракраўся ўздоўж сценкі да варот. Агеньчык у акне насмешліва падміргваў яму праз чорную цемру, вецер выў у падстрэшшы, шорсткія сняжынкі калолі твар.
Высока падняўшы ліхтар, гаспадар выйшаў з канюшні. Удар паленам прыйшоўся яму па руцэ, ліхтар выпаў і разбіўся. У той жа момант чорны цень кінуўся да гаспадара, нож прабіў суконную світку, упіўся ў грудзі, пырснула кроў, і чалавек з кароткім ускрыкам паваліўся на разбіты ліхтар. А Ялу кінуўся бегчы, шпурнуўшы акрываўлены нож у снег. Па спалатнелым твары хвастала завіруха, і вецер вішчэў у полі, як недарэзаная свіння.
– Ну вось, атрымаў, нячысцік, жалязяку пад рэбры, – прахрыпеў забойца, сцішваючы крокі. На другі дзень Ялу даведаўся ад вяскоўцаў, што нехта ўдарыў нажом гаспадара Тэрапя і той пры смерці, можа, хутка і памрэ. Ён слухаў людзей, слухаў, як яны дзівіліся, хто б мог такое зрабіць, і маўчаў. Ён радаваўся, што раней ніколі не лез у чужыя размовы, а таму ніхто і не здзіўляецца, што ён маўчыць і цяпер. Але ўдзень, калі ён зноў пачаў секчы дровы, у душы нарадзілася трывога. «А што, калі ўсё раскрыецца? А што, калі яго закуюць у кайданы і пасадзяць у турму?» Раптам ён адчуў, што любіць жыццё і волю, нягледзячы на тое, што жыць даводзіцца вельмі цяжка. У душы пачаліся згрызоты, яго даймаў слізкі, халодны страх, аж ногі халаднелі. Ён пачаў маліцца Госпаду, нягледзячы на тое, што да гэтага часу нават не ўспамінаў пра валадара нябеснага, не верыў у яго існаванне, а часам і праклінаў творцу, кажучы, што калі недзе і ёсць, то ён проста дурань... Цяпер жа ён маліўся, нават укленчыў проста ў снезе, прасіў Усявышняга дапамагчы і абяцаў, што будзе добрапрыстойным вернікам і праведным. Ён горка каяўся ў тым, што зрабіў учора, праклінаў свой грэх і свой неабдуманы ўчынак. Ён абяцаў, што калі Бог даруе яму, то стакроць будзе ўхваляць Госпада. Потым яму стала сорамна і прыкра: ці час яму, небараку, прасіць у Бога паратунку?.. Ці сумленна гэтак абяцаць, што гэта твой апошні грэх толькі таму, што не хочаш адказваць за яго... Занепакоены і прыціхлы, з затуманенай галавой ён вырашыў паехаць на лыжах да хутара. Там ён пачуў, што злачынцу ўжо знайшлі. Гэта быў торпар, які і раней заўсёды сварыўся з гаспадаром, былым суседам Тэпо. Але той кляўся і бажыўся, што ні ў чым не вінаваты і ў той дзень нікуды не выходзіў са свайго дому. Ён быў моцна ўсхваляваны, мітусіўся, бесперапынна хрысціўся і бажыўся, што ні ў чым не вінаваты. Гаспадар жа трызніў у непрытомнасці і наўрад ці змог бы пазнаць таго, хто напаў на яго цёмнай ноччу. Торпара арыштавалі. Кажуць, што паліцэйскія дубінкамі хацелі выбіць прызнанне. Тады арыштаваны раззлаваўся, сціснуў зубы, а потым закрычаў, што гэта не ён ударыў гаспадара, але добра, што нехта гэта зрабіў... Правільна зрабіў! Можа, гэта сам сатана разануў свайго...
Ялу пачуў усё гэта і адчуў, як страх пакідае яго, нават узрадаваўся: Гасподзь пачуў ягоныя малітвы і дапамог яму... У той жа час мільганула думка, што не зусім праведная гэта дапамога: невінаваты чалавек будзе пакараны з-за яго! Вось так заўсёды на свеце. Пакутуй, нічога, што ты вінаваты альбо невінаваты... Але ён заглушыў такія думкі, сцішыўся і нават засаромеўся: што яму ведаць пра нябесныя справы? Справы Усявышняга няведамыя простаму чалавеку. А можа, гэты арыштаваны меў які-небудзь грэх перад Госпадам і не замаліў яго... Вось за гэта яго і абвінавацілі. А яго, Ялу Тайкінамаа, Гасподзь памілаваў. I ён сапраўды адчуў, што ноша ягоных грахоў не такая ўжо і вялікая, каб несці за гэта яшчэ і кару зямную. Ён выправіцца і будзе весці прыстойнае жыццё. Напэўна, Гасподзь пачуў яго і паказаў правільны шлях.
I Ялу, то згараючы ад трывогі, то зноў супакойваючы сваю душу, шчыра ўзяўся за працу. Ён прыходзіў дадому позна вечарам, еў, выпростваў стомленыя суставы, засынаў, а зранку зноў прачынаўся з пачуццём трывогі. Яго непакоіла, што будзе з тым торпарам? Як той лаяўся, калі лажыўся спаць на падлогу ў турме? А ў яго ж гаспадарка, жонка і куча дзяцей. I жылі яны не надта багата, а болей у нястачы... А ты, малады хлопец, у якога ні радні, ні сяброў, азінокі чалавек, будзеш гуляць на волі. А за тваё злачынства будзе расплачвацца нехта іншы. I зноў у галаве ў Ялу мільганула думка: што ж ён там думае, гэты ўсемагутны стары на небе... Ён толькі напужаў яго і даў яму добры ўрок. Аднак настане час, і яму давядзецца адказваць за свае грахі. Дык ці варта хадзіць пад вечным страхам, што некалі карная сякера апусціцца і на цябе? Ці не спакайней хадзіць па свеце, пакорліва працаваць, каяцца і тым расплочвацца за свае грахі. Але няўжо заўсёды хадзіць у страху перад расплатай, баючыся прызнаць свой грэх? I любая твая радасць, любая думка і шчасце будуць атручаны страхам перад Богам, які можа раззлавацца і ў любую хвіліну пакараць цябе за патаемны грэх. Лепей ужо, каб гэтыя ўдары ўпалі на цябе адразу! I не будзе табе чаго таіць, і душа твая будзе спакойная... Ялу апантана сек дровы, і душа яго калацілася, як у ліхаманцы. Міналі дні. Аднойчы ранкам ён адчуў у душы дзіўную палёгку і халодны спакой. Ён пайшоў у вёску і прызнаўся ленсману, што гэта ён ударыў нажом гаспадара Тэрапя. Торпар не вінаваты. Яго трэба неадкладна вызваліць.
Ялу Тойкінамаа арыштавалі.
Стаяў спакойны, цёплы і светлы зімовы дзень. Над ляснымі вершалінамі радаснай усмешкай свяцілася сонца.
Ялу закавалі ў кайданы. Наглядчык кляпаў кайданы, грукаючы малатком. Ялу сядзеў, утаропіўшыся нерухомым позіркам у падлогу.
– Навошта ты ўдарыў яго нажом? – запытаўся нарэшце наглядчык.
– Ён біў мяне малога. Біў па спіне.
– Кажуць, гэта так, – сказаў другі. – Ды яшчэ кажуць, і дзяўчыну ў цябе адабраў...
– Якая там дзяўчына...
– А навошта ты прызнаўся, каб цябе пасадзілі?
– Дык жа невінаватага абвінавацілі.
– А чаго ты так доўга чакаў? Таго ж адразу пасадзілі.
– Трэба было падумаць, спачатку ўсё ўзважыць, а потым ужо ісці пад гэты вянец.
– Мог бы крыху падумаць і раней, перш чым адважыцца на такую паганую справу. Вось і будзеш цяпер сядзець на казённым хлебе за гэты ўдар, хлопец.
Так і павезлі сына Вялікага Тэрапя ясным зімнім днём з роднай вёскі, закутага ў кайданы.
Двое падзёншчыкаў разграбалі гной у двары хутара Тэрапя. Яны паглядзелі ўслед саням.
– Здаецца, гэты хлопец навечна сядзе на турэмны хлеб, – сказаў адзін.
– Наўрад ці за адзін удар дадуць гэтулькі многа.
– Занадта ж яшчэ малады. Яму ж і дваццаці няма...
Конь бег трушком, рыпеў снег пад палазамі, і неўзабаве сані зніклі за даляглядам.
XIX
Ялу Тайкінамаа снаваў па камеры з голымі сценамі з кута ў кут, нібыта чаўнок. I зноў недзе ў самых цёмных закавулках душы з’явіліся чэрві страху і сумлення і пачалі бязлітасна грызці яго. Ён пачуваў сябе мярзотна, прыгнечана, жахліва. Чорт ведае навошта запіхваць чалавека ў каменны мяшок, дзе парахнее душа, а галава запаляецца, дзе самота цісне і душыць грудзі... Далі б хоць якую-небудзь працу, далі б крыху пабыць на дварэ, пад вольным небам, дзе шуміць вецер і плывуць хмары, каб хоць крыху неяк сталілі чалавечае цела...
– А што ж там з гаспадаром Тэрапя? Ці паправіўся ён? За што будуць судзіць – за цялесныя пашкоджанні альбо за забойства?
Так ён хадзіў, лаяўся і шкадаваў.
– Хаця б вынеслі прысуд, хай будзе любы, але каб спакайней адсядзець, скарыцца перад лёсам, калі ўжо так наканавана. Бо самае страшнае – гэта чаканне... I навошта мне спатрэбілася гэтак здурнеўшы кідацца на яго з нажом? Навошта было гэтак упадаць у шаленства? I чаму гэты торпар так папаўся, чаму ўсё так атрымалася?
Ялу хадзіў, начамі ён не мог спаць, думкі ягоныя бязладна кружыліся вакол гэтай справы. Яму здавалася, што з яго цела вырастае нейкі куст. Ён глыбока пусціў свае карані, і кожны дотык выклікае нясцерпны боль, але трэба яго выдраць, чаго б гэта ні каштавала.
– Дык чаму ўсё гэтак з ім зрабілася. Дарэмна пытацца. Там, наверсе, ці Бог, ці нячысты, хто-небудзь з іх добра ведае, але маўчыць... Вось так, куча гною!
З самага дзяцінства Ялу атрымліваў ад лёсу толькі моцныя кухталі. На імгненне ён адчуў нейкае дзіўнае, крыху сумнае пачуццё, калі падумаў аб тым, што ўсе ягоныя няшчасці ад таго, што ён дзіця жорсткага лёсу...
Нібыта цяжкі шэры сон прайшлі месяцы, і стала вядома, што гаспадар Тэрапя паправіўся. Надышоў суд. Пад час двух судовых паседжанняў Ялу стаяў і адчуваў у сабе нейкую трывогу і злосць, калі вяскоўцы, выцягваючы шыі, глядзелі на яго: вось ён стаіць, сын Вялікага Тэрапя, у паласатым убранні, закуты ў жалезныя кайданы...
I вось Ялу Тайкінамаа пачуў свой прысуд: два гады на казённым хлебе ў губернскай турме з чырвонай цэглы.
Стаіць спякотны летні дзень, ярка і горача свеціць сонца. Падзёншчыкі Тэрапя робяць плот каля высахлага і пыльнага папару. Адзін з іх, шырока расставіўшы ногі, забівае кол, злосна плюе і кажа:
– Што сын, што бацька Тэрапя – адно і тое: і таму і другому патрэбны вежы, ды ўсё цагляныя, цагляныя.
А сын Вялікага Тэрапя сядзеў у цагляным доме. Ён сядзеў на хлебе і вадзе, з кайданамі на нагах, а наручнікі былі закляпаныя так шчыльна, што часам аж курчыліся пальцы. Калі з яго знялі аковы, дык ён не змог стрымацца і пачаў крычаць і лаяцца так, што настроіў супраць сябе ўсіх ахоўнікаў. Асабліва змрочным жыццё здавалася яму ад немагчымасці змяніць сваё становішча, і недзе глыбока ў душы вырастала неспатоленая злосць і горыч. Ён успамінаў пра тое, што некалі ў дзяцінстве вычытаў у кніжках, імкнуўся звязаць гэта са сваім становішчам і думаў, як адпомсціць. Цяпер ён не будзе такі дурны і бяздумны. Цяпер ён будзе асцярожны, вельмі асцярожны, бо адзін раз ужо трапіў у няшчасце... Якое права маюць адны жыць лепей, чым другія? Няхай ва ўсіх будзе адно шчасце і адна бяда...
Так ён змрочна сядзеў у цёмным куце і абдумваў свае планы, бледны твар яго палаў, звінелі ланцугі на нагах.
– Хай яно гарам гарыць усё сучаснае грамадства. Няхай абрынецца ўсё старое і дурное, каб можна было пабудаваць нешта новае, хоць і не ведаю якое. Няхай узнясецца новы Рог Шчасця, як некалі ў майго старога бацькі... Хаця і яго некалі спаліць агнём. – Ах, ён быў цяпер як Саатаснама, вялікі і змрочны паўстанец! Ён успомніў пра старую цікавую кнігу, якую так некалі любіў, і сэрца ягонае задрыжала ад злосці і гонару. Ну хоць бы раз нанесці ўдар, паказаць зубы, выпрастаць магутныя крылы і ўзляцець вольным арлом...
Такія былі думкі Ялу Тайкінамаа, маладога зняволенага, думкі змрочныя, поўныя нянавісці і жадання абрынуць усё старое грамадства. Няўклюдныя і бясформенныя, нібыта вялізная пачвара, думкі цяклі павольна, быццам ступалі на драўляных нагах. Аднак гэтыя думкі надавалі сэнс ягонаму жыццю, будзілі прагу да жыцця і надзею на лепшыя часы. Ён ужо не глядзеў на сябе, як на высахлую сасну, шэрую і бясплодную, на якой ніколі не вырастуць зялёныя галіны. Ён адчуваў, як у ім забурлілі жыццёвыя сокі і абудзіліся магутныя сілы зла і пераўтварэння.
XX
Воля! Дзверы цаглянай вязніцы расчыніліся.
Была зіма, светлая і празрыстая. Праз галіны нямых дрэў прасвечвала глыбокая сінеча, і шэры, з чырвонымі адлівамі дым уздымаўся высока ў неба. Але для Ялу Тайкінамаа гэта была вясна, і непаўторны вясенні водар моцна хваляваў ягоную душу. Вераб’і, жывыя шэрыя камячкі, кружыліся каля гною на дарогах і нешта вяшчалі сваім чырыканнем.
Ялу Тайкінамаа паўсюль бачыў і глыбока ўдыхаў вясну барацьбы і волі.
Гэта была вясна паўстання. Частка фінскага народу паўстала і пайшла вайной супраць другой часткі. Яны стралялі адзін у аднаго бліскучымі нікелевымі кулямі, калолі штыкамі, тоўстыя гарматныя ствалы цяжка керхалі і шпурлялі ў людзей метал, які ператвараў іхнія целы ў кавалкі мяса, запальваў дамы, нібы свечкі.
Мяцежнікам быў і Ялу Тайкінамаа, адзіны сын Вялікага Тэрапя, самы чырвоны з усіх чырвоных. Нарэшце спраўдзіліся ягоныя даўнія сны! Цяпер ён быў як Саатаснама, адважны герой з дзіцячай кнігі, вастравокі і змрочны Саатаснама, мяцежнік, чый голас грымеў сярод стрэлаў, праносіўся праз дым, праз густы бліскучы лес дзідаў, з якіх капалі чырвоныя важкія кроплі... Так, настаў час разбурэння, крыві, крыві і агню! Трэба пранесціся па зямлі, як знішчальны агонь! Праглынуць і знішчыць усё старое, зношанае і спарахнелае. Няхай уздымаецца агонь, як пякельнае полымя, якое спаліць, пакарае і ачысціць усё... Няма нічога вечнага на зямлі, дык няхай знікне ўсё дрэннае, каб на тым месцы вырас новы свет, новыя светлыя будынкі. Няхай цяпер пануе злосць і помста, каб потым, калі ўсё аціхне, на свеце насталі новыя шчаслівыя дні, а пакуль няхай гараць і дымяцца спарахнелыя будынкі, няхай плыве над зямлёю чырвоная крывавая пара.
Ялу ішоў па бясконцых вясенніх дарогах, і адважныя паўстанцкія песні прымушалі віраваць ягоную кроў. Цяпер паўстанцы змагаюцца за святую справу, а заўтра надыдуць шчаслівыя часы, яны будуць шчаслівыя і для яго, каму выпала нялёгкая доля. Ды толькі ці надыдуць яны. А можа, ён, як і правадыр мяцежнікаў Саатаснама, яшчэ пабачыць, як усё загіне, і яму таксама давядзецца загінуць? He, настане перамога, справядлівасць і праўда прывядуць да перамогі, сталёвыя мячы яшчэ не ступіліся...
Перамога! I невялікая бяда, калі закарчанелае цела Ялу Тайкінамаа будзе ляжаць у расталым, чырвоным ад крыві снезе і тэлеграфныя драціны будуць спяваць над ім сваю журботную песню. Шмат людзей ужо загінула за святую справу, шмат яшчэ загіне.
Ялу Тайкінамаа крочыць у атрадзе чырвонагвардзейцаў, схуднелы, у аблавухай шапцы на галаве, у чырвоным шаліку, даўгія канцы якога матляюцца пад ветрам. Стомлены, ён ляжыць на сумёце, прыціснуўшы стрэльбу да шчакі карычневым прыкладам, і злосна выплёўвае нікелевыя кулі ў ворагаў. Вораг быў недзе там, крывасмок, буржуй, які ўяўляўся Ялу вялізным, пузатым, тупым і надзьмутым. Ён не хоча, каб насталі новыя часы, раўнапраўе, калі шчасце і гора будуць падзелены пароўну і кожны атрымае сваю долю... Ён па-ранейшаму хоча трымаць верх, ён хоча як мага далей трымаць у сваіх руках нітку шчасця, а іншым кідаць толькі аб’едкі; ён хоча, каб для Ялу Тайкінамаа ніколі не насталі шчаслівыя і спакойныя часы... Ялу люта ненавідзеў свайго ворага і праклінаў яго за тое, што ён не быў такім, як здавалася: адкормленым буржуем; яго нялёгка было пракалоць штыком альбо збіць прыкладам у рукапашнай бойцы.
Аднак атрад не кінуўся наперад і не рынуўся ў бой. Недзе ў канцы калоны ўпаў баец, і вясновы снег афарбаваўся чырванню, і тады ўсе пацягнуліся назад па той самай даўгой дарозе, пакрытай вясновым снегам, галінкамі і саломай. Неба было светлае, свяціла сонца, але Ялу паглыбіўся ў змрочны роздум, і чырвоны шалік па-ранейшаму матляўся ў яго на шыі. Ён усё не даваў веры, што адбылося нешта нядобрае: гэта толькі часовая няўдача, яшчэ крыху – і яны кінуцца наперад і перамогуць. Ну і што, што некага забілі? Шмат людзей гіне і тут і там. Затое тым, хто застаўся жывы, будзе болей прасторы, болей шчасця і долі...
Але атрад усё ішоў па бясконцай вясновай дарозе, прыпякала сонца, цурчэла вада ад расталага снегу. Усё часцей і часцей каго-небудзь ззаду даганяў бязлітасны свінец, нібыта жалезная дзюбка нейкага прывіднага ястраба, чалавек падаў на сумёт, і снег навокал чырванеў пралітай крывёю. Усё часцей стрэльба з карычневым прыкладам апускалася і замаўкала. Атрад паўстанцаў цяжка цягнуўся па дарозе, настрой падаў, няпэўнасць і страх, што канец ужо недалёка, апаноўвалі яго. Тыя ж, хто ўступіў у бой, ішлі, выпнуўшы грудзі, хоць і ведалі, што справа загінула, але яны спадзяваліся, што памруць у яркіх патоках крыві, у віхуры снегу і попелу... Потым, адной вясенняю ноччу, калі аголеныя лясныя паляны ў месячным святле здаваліся пустэчай, Ялу Тайкінамаа раптам убачыў сябе палонным. Ворагі хітра атачылі іх і загналі, як рыбу ў нерат. Ялу змарнеў ад шматтыднёвай абароны, ад роспачных думак, што ўсё загінула. Закасцянелымі бяссільнымі рукамі ён ледзьве мог загнаць патроны ў магазін вінтоўкі, потым і патроны скончыліся, і ў той жа момант нехта вырваў з рук яшчэ гарачую зброю. Яны трапілі ў палон. Забітых было шмат, вельмі шмат, нават там, дзе адбіваўся з кулямёта Чырвоны Сімі. Параненых было безліч. А Ялу стаў палонным. У начной цемры чуліся крыкі і лаянка, стогны параненых, недзе яшчэ грукалі стрэлы, разрываючы паветра, як удары вялізнай пугі.
А сэрца Ялу Тайкінамаа перапаўнялі бяссільная журбота і горыч за сваю няшчасную долю. Усё прапала. Ён сцягнуў з шыі чырвоны шалік і заплакаў. Усё прапала. Няма на свеце справядлівасці, а здранцвелая праўда запаўзла ў нейкі цёмны кут, як сляпая мурашка... Зноў узбуяла крыўда, грошы аказаліся мацнейшыя, і паны перамаглі.
Хадзілі чуткі, што ўсім асабліва вінаватым прысуд будзе кароткі, але заставалася яшчэ шмат і іншых. Тады ж, ноччу, у бляклым свеце газніцы дапыталі і Ялу Тайкінамаа.
– Вы са зброяй у руках выступілі супраць законнага парадку. Да таго ж вы супраціўляліся, калі ўжо многія здаліся.
– Ніхто не ведае, на чыім баку закон, а на чыім толькі ягоны цень.
– Вы забілі шмат герояў, якія змагаліся за законны грамадскі парадак.
– Забіваў, забіваў колькі мог. А на вайне і трэба забіваць...
– Так-так! Трэба забіваць! Слушна кажаш, прыяцель: трэбы забіваць. Адвядзіце яго.
Тады ж, на досвітку, два дзесяткі палонных пачалі капаць доўгую яму на беразе ляснога возера. Яны капалі, калупаючыся ў прамерзлай ледзяной зямлі, адны маўчалі, другія лаяліся, а нехта нават спрабаваў і пажартаваць. I толькі адзін чалавек у чырвоным шаліку старанна дзёўб зямлю, і буйныя кроплі поту цяклі з-пад злямцаваных валасоў. На хвіліну ён выпрастаўся і абапёрся на рыдлёўку. Сярдзіты вецер варушыў хвалі на вадзе і гнаў на ўзбярэжныя камяні.
– Ну, жвавей варушыцеся! – закамандаваў нейкі камандзір з пераможцаў. – Пара і на спачын, чырвоныя, канчайце, a то яшчэ пільнуй вас тут. Весялей, чырвоная сволач!
Неўзабаве той самы чырвонагвардзеец зноў выпрастаўся і загаварыў:
– Паколькі развітальных прамоў не будзе і калі тыя, каго гэта тычыцца, не супраць, то я скажу некалькі адпаведных суцяшальных слоў. Таварышы! Мы не старыя дзяды і не малыя дзеці. Мы цярпліва пераносілі боль. Хутка ўсё скончыцца. Адны загінуць, і тыя, што прыйдуць за імі, яшчэ паспытаюць таго. I смерць здасца ім нават салодкай.
Прамова здалася даволі змрочнай, ніхто не засмяяўся, і толькі некаторыя, скрывіўшы вусны, працягвалі слухаць. А вартавы загадаў прамоўцу закрыць ляпу.
Нарэшце яма была гатова. Людзі з цяжкасцю вылезлі на край, і ў іх адразу адабралі рыдлёўкі.
– Ну вось, – сказаў камандзір. – А зараз адправім вас каго да д’ябала, каго да Бога. Зараз пачнём расстрэльваць. Вочы вам завязваць?
– He трэба, – прабурчаў высокі змрочны хлопец у чорным касцюме. – Нам і раней даводзілася нюхаць пораху...
Некаторыя чырвонагвардзейцы стаялі, счапіўшы рукі, варушылі вуснамі, некаторыя пападалі на калені, але большасць стаяла з цёмнымі тварамі. Змрочны хлопец у чорным касцюме сказаў:
– Айцец, даруй ім, яны не ведаюць, што робяць.
– Вы яшчэ і насміхаецеся? – прасіпеў начальнік канвоя. – Падрыхтаваліся! Агонь!
I ўзарвалася цішыня вясновага рання. Затрашчалі вінтоўкі, і магіла напоўнілася. У даўгой яме апынуўся і чырвонагвардзеец у аблавуху з чырвоным шалікам на шыі.
– Ну вось, – сказаў камандзір. – I зроблена справа. Прывядзіце сюды каго-небудзь з жывых чырвоных, няхай крыху прыкапаюць сваіх сяброў.
А хутар Тэрапя ўсё стаяў на схіле ўзгорка, звінеў у кузні молат, шумеў крыламі вятрак. I ў новым прасторным доме можна было яшчэ пачуць розныя гісторыі пра славуты род Тэрапя.
Парабкі штосьці робяць, свеціцца жоўтая лямпа, трашчыць мароз пад зімовым небам.
– Дык вось, гэты самы Вялікі Тэрапя... А ягонага сына пасадзілі. Кажуць, ён быў чырвоным. I знайшоў сваю смерць у той жорсткі час. Гаспадароў брат бачыў, як яго павялі і расстралялі.
– Вось і знайшоў сабе царства, якога хацеў: некалькі аршынаў пад зямлю.
– Такі вось лёс у апошняга са славутага роду Тэрапя.
XXI
Аднак Ялу Тайкінамаа ўсё ж не трапіў у царства вечнага спачынку, і ягоны апошні прытулак не зарос зялёным травяным убраннем.
Той цёмнай вясенняй ноччу, калі ён трапіў у палон, здарылася так: пераможцы выбралі сярод палонных чалавек дваццаць, якіх так альбо іначай палічылі найбольш вінаватымі. Яны стаялі асобнай групай недалёка ад астатніх палонных, акружаныя стомленымі ад ваеннай бязладзіцы і баёў канваірамі. З цёмнага начнога неба падалі рэдкія кроплі, хоць хмары парадзелі і рассеяліся. Сэрца Ялу Тайкінамаа тачыў жахлівы, слізкі і халодны чарвяк: страх смерці. Яму хацелася пажыць яшчэ на гэтым свеце, пад сінім небасхілам, дзе зямля мяняе свае формы, то буйна квітнее, то зноўку вяне, дзе ў нябёсах свеціць вялізнае цёплае сонца, лятуць хмары і капаюць цяжкія кроплі дажджу... Эх, цяжка паміраць, калі ты з’явіўся на свет дзеля жыцця. Лепш было б ніколі не бачыць гэтага свету, а яшчэ ў маленстве ператварыцца ў камень... У неразумнага немаўляці яшчэ няма душы...
– Ну вось, – ціхім голасам сказаў адзін палонны з другой групы, Чырвоны Сімі, з якім Ялу шмат пахадзіў па ваенных дарогах. – Табе прысуд будзе кароткі, хоць крышку табе пашчасціла...
– Пашчасціла... Раней хоць была нейкая надзея, – адрэзаў Ялу.
– Надзея? Уся справа безнадзейна загінула, далей можна і не жыць. I лепей цяпер, чым потым пакутаваць, – ціха адказаў Сімі. – Калі ты хочаш паспрабаваць яшчэ, то давай, хуценька... А я ўжо стаміўся.
Чырвоны Сімі падышоў, садраў з Ялу шапку і чырвоны шалік, а яму на галаву надзеў свой аблавух.
– Ну, давай бягом, пакуль не заўважылі.
Ялу стаяў бездапаможна.
– He, так я не магу. У цябе ж сям’я, дзеці.
– Якраз вось таму. Ды і не магу я болей жыць, калі справа загублена...
Чырвоны Сімі выпіхнуў Ялу і сам стаў на ягонае месца. Сонны канваір з вінтоўкай прачнуўся і вяла прамармытаў:
– Што там яшчэ? Вось зараз я штыком альбо прыкладам.
I якраз у гэты момант падышлі яшчэ канваіры, каб забраць палонных. Нейкі камандзір крыкнуў:
– Усе тут? Ніхто не ўцёк? Ніхто не памяняўся? Колькі ўсяго? Трынаццаць... Поўны склад! Ну, пайшлі! Наперад!
I яны зніклі ў чорнай ночы, акружаныя канваірамі. А Ялу Тайкінамаа застаўся стаяць у групе палонных на вясковым двары, спустошаны і бяссільны.
Павольна ішоў час. Допыты. Лета і лагер для палонных, шэрыя аднастайныя дні пад летнім небам, голад і глыбока прыхаваная злосць.
– Ну чаму, чаму мы не біліся як след? – пытаўся ў самога сябе Ялу, глыкаючы калатуху з карэннем нейкіх невядомых раслін. – Лепей было б памерці там, калі быў вынесены кароткі прысуд... А цяпер вось пакутуй. Сонца і садзіцца, каб потым зноў падняцца. Але ці падымецца яно для мяне, Ялу Тайкінамаа?
Кожны дзень з лагера вывозілі трупы памерлых ад голаду і хвароб. Жывыя ператвараліся ў цені, у шэрыя схуднелыя здані. Усё да апошняй травінкі павыдзіралі галодныя людзі ў лагеры, нават сосны стаялі з абгрызенай на вышыню чалавечага росту карой.
«Мораць голадам, – думаў Ялу, круцячы свае вялыя і грубыя, як нітка, думкі. – Ды і ў іх з ежай не надта. А хто ж дасць лішнюю крошку палоннаму, калі і самому не хапае. На зямлі няма ежы. Шмат забівалі, але трэба забіваць болей. Зашмат людзей».
Аднак і ў роспачы надзея не пакідала яго.
Ён застаўся жыць, ён жыў.
Прайшла восень у лагеры для палонных, потым гады ў турме, думкі ацяжэлі, нібыта закамянелі: так жыве чалавек з цяжкім лёсам, няшчасны чалавек.
I гэтая думка прынесла яму нейкае дзіўнае задавальненне.
Затым прыйшла воля. Зноў расчыніліся перад ім вароты турмы. Стаяла лета, зелянела трава, вісеў у паветры дурманлівы водар, і ад слабасці дрыжэлі ногі. Ялу Тайкінамаа было гадоў трыццаць пяць, аднак з выгляду яму можна было даць і пяцьдзесят. Ён схуднеў на трэску і выглядаў гэткай жа сухой жардзінай, як некалі ягоны дзед пад час хваробы, з шэрай завялай скурай.
Такім стаў Ялу Тайкінамаа, адзіны сын Вялікага Тэрапя. I куды цяпер ён падасца? Некалі ў турме ён пахваліўся аднаму прыяцелю, што калі выйдзе з турмы, то ніколі болей не будзе працаваць, ніколі болей не возьме ў рукі ніякай працоўнай прылады.
– А як ты будзеш жыць?
– Нічога, людзі пракормяць. Дурні шмат працуюць, нават залішне. Вось з-за таго, што адны працуюць зашмат, і пачынаюцца на свеце вялікія войны. Збіраецца на свеце шмат прадуктаў працы, якія немагчыма спажыць. Робяць зброю, снарады, страляюць адзін у аднаго, не памагае. Зашмат людзей, зашмат прадуктаў працы. Калі б людзі толькі елі, яны не нарабілі б гэтулькі прыладаў для вынішчэння чалавека.
Прыяцель глядзеў на Ялу круглымі вачыма. Ён глядзеў у налітыя крывёю вочы Ялу і думаў, што такія вочы могуць быць толькі ў вар’ята. Дый пляце ён абы-што.
I вось Ялу Тайкінамаа на свабодзе, ён крочыць па дарозе і заходзіць на хутар. Адразу відаць, што ён не звычайны прахожы. Ён садзіцца на лаву, схуднелы і даўгі, як жардзіна, налітыя крывёй вочы блішчаць на шэрым, нерухомым твары.
– Я змагаўся за свабоду, – загаварыў ён абыякавым, хрыпатым ад доўгага маўчання голасам. – Я ліў кроў за свабоду! Супроць чорта і д’ябла! Зямля свабодная! I я на ёй! Так заўсёды бывае са змагарамі за свабоду.
Ён паўтарае гэта доўга і аднастайна, а потым, нарэшце, просіць ежы і грошай.
– Ён, пэўна, не ў сабе, – думаюць гаспадары. – А чаму б і не, чалавек змагаўся за вольную зямлю, салдат-вызваліцель... Можа, і здурнеў.
Яму даюць есці, даюць крыху грошай, і Ялу Тайкінамаа ідзе далей.
Ён ідзе да наступнага хутара: зноў садзіцца на лаву і, нібыта бязглуздае птушынае пудзіла, паўтарае тыя ж словы:
– Я змагаўся за свабоду! За свабоду я аддаў усё! I маёмасць, і сілу! Усё пайшло! I вось я цяпер!
I ён не адыходзіць, пакуль не атрымлівае грошай альбо ежы, калі галодны.
Так ён пачаў валачыцца з хутара на хутар, з вёскі ў вёску. Спачатку ён крыху саромеўся прасіць ежы і грошай у людзей, якім некалі зайздросціў, якіх некалі ненавідзеў і якімі пагарджаў. Але нічога з імі не будзе з-за гэтых капейчын. He заб’юць жа яго за гэтыя грошы... Тым болей што ён не хлусіў, ён жа і сапраўды змагаўся за свабоду.
Часам ён успамінаў голад у лагеры, свае пакуты і катаў і ў глыбіні душы праклінаў усіх, зноў адчуваў злосць і прагу помсты. Ён успамінаў сваё першае зняволенне, свае вялікія планы і фантазіі, як ён хацеў стаць правадыром паўстанцаў са старой кнігі. Цяпер ён пра гэта ўжо і не думае. Які з яго правадыр, які Саатаснама, калі ён, трухлявы пень, не змог пайсці пад расстрэл, а памяняўся з таварышам. Ён думаў пра тое, што калі б зноў людзі ўзяліся за такую справу... Ці пайшоў бы ён з імі? Ці стаў бы ён зноў страляць па ворагах, сціскаючы ў руках карычневы прыклад? А можа б, падпаўзаў бліжэй, каб калоць штыком... Яму станавілася непамысна, калі ўспамінаў турэмныя гады і здзекі турэмшчыкаў.
Так думаў Ялу Тайкінамаа, але ўсё ж не высветліў: пайшоў бы ці не. Нарэшце ён падумаў, што не пайшоў бы, а глядзеў бы збоку і цешыўся, як яны грызуць адзін аднаго і б’юцца, нібы дурныя бараны, ды так, што ажно лбы трашчаць. А ён, мудры чалавек, стаяў бы ўбаку і толькі назіраў.
Так думаў бадзяга, ідучы па доўгіх дарогах і паўтараючы людзям сваё адвечнае выслоўе: я змагаўся за свабоду...
У кішэнях ягонай падранай вопраткі, за падкладкай і ў іншых патаемных месцах пачалі збірацца грошы, папяровыя грошы. Ён жабраваў даволі ўдала, ніхто яму не адмаўляў. З нажабраваных грошай ён не траціў ніводнага пені. Каб не памерці з голаду, ён прасіў есці. А часам і сам дзівіўся, як добра ён спраўляецца з роляй жабрака. Ён ведаў, што ёсць і іншыя жабракі, у якіх болей прычын на адпушчэнне грахоў, чым у яго, Ялу Тайкінамаа. Але ім даставаліся толькі лаянка і выспяткі. Затое ён, калі ўжо заводзіў сваю песню, то не змаўкаў, пакуль гаспадары не лезлі ў кашэль і не давалі хто пені, хто пятак, а хто і дзесятку. Здаралася, што які-небудзь багацей-патрыёт, спачуваючы герою-вызваліцелю, даваў і большыя купюры.
Аднойчы Ялу пералічыў свае грошы і са здзіўленнем выявіў, што іх шмат, тысячы.
Тады ён падумаў: «Нездарма я сын Вялікага Тэрапя: грошы набягаюць. У майго бацькі таксама была драная вопратка, і ён таксама хаваў туды грошы, але нейкі злодзей сцягнуў іх. Вось я і дайшоў да таго, што збіраю грошы... Напэўна, гэта ў нас у крыві, наша радавое...»
Часам у яго пыталіся:
– Дзе вы змагаліся? У якіх войсках?
Тады ён рабіў выгляд, што не чуе, і цягнуў сваю звычайную песню: я ўсё аддаў за свабоду! Усё пайшло дымам! Вось так я і жыву!
І ўсе лічылі яго прыдуркаватым.
Мінула колькі гадоў.
Аднойчы летнім днём Ялу Тайкінамаа пералічыў свае грошы на ўскрайку лесу. Потым ён зноў схаваў іх і рашуча пайшоў па дарозе. Ён спяшаўся да роднай вёскі Тэрапя. Па дарозе яму вельмі карцела зайсці ў які-небудзь дом і завесці сваю адвечную песню:
– Я змагаўся за свабоду!
XXII
Стаялі начныя замаразкі, іней пакрыў наваколле. Мароз прыхапіў жыта і на хутары Тэрапя. Сівыя каласы ціха шапацелі пад золкім ветрам. Гаспадар змрочна глядзеў у акно і думаў: гіне збожжа. Ці варта старацца, калі за адну ноч можа загінуць уся твая праца. Ніякія дужыя рукі не дапамогуць...
У хату ўвайшоў схуднелы, як палка, дзіўны валацуга з пажоўклым тварам. Ён сеў на лаву і закудахтаў:
– Я змагаўся за свабоду!
– Кожны тут змагаўся за свабоду! Толькі хлеб ад таго не пабялеў, не пасмачнеў... Выдаткі і падаткі ўзраслі, а тут яшчэ і мароз, – злосна сказаў гаспадар і, павярнуўшыся спіною да акна, паглядзеў на дзіўнага госця.
А той, не зважаючы ні на што, прыдуркавата цягнуў:
– Я ўсё аддаў за свабоду! I вось я тут!
– Мы хутка ўсе пойдзем па старцах, калі не хопіць розуму. Прадаць бы каму гэтую старую парахню ды з’ехаць туды, дзе можна спакойна расціць хлеб, у Амерыку ці Аўстралію. Пішуць, што там жывецца няблага.
Пачуўшы гэта, валацуга перастаў буркатаць і прамовіў:
– Дык прадай!
– А які чорт гэта купіць! Я б прадаў, каб хоць крыху далі.
– Прадайце мне. Я дам.
Гаспадар уважліва разглядае яго. Што яшчэ ўзбрыло ў голаў гэтаму прыдурку.
– Значыць, дом захацеў набыць. А толькі што казаў, нібыта задаволены і меншым.
Бадзяга суне руку ў кішэню і выцягвае пачак грошай.
– Думаеш, я не змагу? Хоць цяпер выкладу грошыкі на стол, калі сыдземся ў цане.







