412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пенці Хаанпя » Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя » Текст книги (страница 4)
Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"


Автор книги: Пенці Хаанпя



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 12 страниц)

Ён вырашыў закончыць з дойкай і пайсці ў лес. Маленькі Касперы павінен застацца пільнаваць дом. Гаспадар Лапукі быў вялікі аматар пахадзіць па лесе. Ён заўсёды хадзіў адзін, нагадваючы казачную балотную птушку.

Бледны тварык маленькага Касперы расчаравана выцягнуўся, калі ён убачыў, што бацька пайшоў у лес. А ён застаўся адзін на маленькай паляне каля пракуранай старой лазні. Аднак хлопчык не баяўся адзіноты, як і належыць сапраўднаму лясному жыхару. Хутка ён будзе спаць у чатырох сценах, а новая печка, складзеная са старых камянёў, будзе саграваць яго.

Касперы Ахвен паставіў пару сетак у ручай. Вядома, рыба таксама прыдасца. Праўда, рыба – не наедак, але ж не паміраць з голаду.

Ён пайшоў далей. Яму карцела пачуць спеў гарбаносага глухара. Так ён і хадзіў па лесе. I раптам яму стала сорамна. Вось так ходзіць без мэты і занятку, нават пастак не правярае. Дурны занятак. Ён спыніўся на маленькім пагорку ля ўскрайку балота. Некалі тут праляцеў ураган і паваліў некалькі дрэў. Паваленыя сосны высахлі, а чорныя карані з зямлёй нагадвалі казачных пачвар.

Яму здалося, што на адным з такіх вываратняў блішчыць нешта падобнае на стрэльбу. Салдат Ахвен не паверыў сваім вачам. Яму вельмі хацелася мець зброю, а таму ўсюды мроіцца нешта падобнае.

Аднак на каранях папраўдзе ляжала стрэльба, сапраўдная, не ўяўная, стрэльба – рускі паўаўтамат. А ў чорнай яміне ад вывернутых каранёў ляжаў былы гаспадар зброі, але ад яго мала што засталося – косці ды рэшткі вопраткі. Напэўна, пад час зімовай вайны тут адбылася нейкая сутычка. Вось ён, салдацкі лёс... Тут жа не было ніякіх баёў...

А Касперы Ахвен думаў толькі пра зброю. Здаецца, яна нядрэнна збераглася. Магчыма, з яе і не стралялі. Яна так і засталася новай, нават збярогся тоўсты слой змазкі. Крыху паржавела, але ржу можна лёгка адчысціць.

Салдат Ахвен адразу ўзяўся за працу. Яму лёгка ўдалося вычысціць вінтоўку, бо вясновая ноч была дастаткова светлай, як звычайна на поўначы. У кішэнях свайго шыняля ён знайшоў некалькі патронаў. У магазіне вінтоўкі таксама былі патроны, але яны крыху адсырэлі. Ён зрабіў значок на дрэве і стрэліў. Зброя была ў парадку, і куля трапіла ў мішэнь.

Вось дык пашанцавала, вось гэта падарунак беднаму чалавеку! Сёння лес раздобрыўся. Свайму чалавеку ён можа даць усё, што хочаш, нават зброю.

Узрадаваны Касперы Ахвен закідаў галлём чалавека, які ляжаў пад чорнымі вывернутымі каранямі. Дзіўны чалавек, трэба ж было загінуць менавіта тут! Але затое ён узброіў гаспадара Лапукі.

Такія падарункі проста так не робяцца. Лес, напэўна, яшчэ болей раздобрыцца.

I сапраўды, выйшла так, што гэтай белай ноччу Касперы Ахвен сустрэў вялізнага лася, дакладней, ласіцу, і трапіў ёй проста ў сэрца са сваёй зброі, набытай такім дзівосным шляхам. .

Касперы са спакойным сумленнем браў усё, што даваў яму лес. Ён раздзяліў сваю здабычу на кавалкі, зрабіў часовае сховішча, а частку мяса закінуў на спіну і падаўся дадому.

Згінаючыся пад цяжкою ношай, ён спяшаўся назад. Лось быў худы, але што зробіш, гэта ж вясна. Аднак жа гэта была ежа, якая сама прыйшла да яго ў рукі. Гаспадар Лапукі быў у добрым гуморы. Ён верыў, што лес чакае яго. Вось і дачакаўся, і даў зброю, і даў здабычу. Каб цяпер яшчэ прыйшла жонка. Вось тады ўсё было б выдатна.

Сонца стаяла ўжо высока, калі Касперы Ахвен, сагнуты пад цяжкою ношай, падыходзіў да свайго маленькага жытла. I раптам ён здрыгануўся: што за постаць стаіць на ранішнім ветрыку? Толькі Мары, гаспадыня Лапукі. Яна так радавалася і пляскала ў ладкі, што Касперы забыўся на стому.

– Ого, стары! Што ён прынёс, нягоднік! Вось і будзе ў нас мяса!

Басаногая і проставалосая Мары ўяўляла цудоўнае відовішча на зазелянелым пагорку. Жвавая і радасная, нягледзячы на ўсе нягоды жыцця, яна, здавалася, выпраменьвала гэтую радасць вакол сябе.

Побач з ёю стаяла малодшая сястра. Яна дапамагла прывесці сюды пяцярых малодшых дзяцей. Пятнаццаць кіламетраў па лясной сцяжыне – гэта вам не жарты. Аднак яны дайшлі раней, чым думалі, бо ішлі і ўночы. Усе шасцёра дзяцей спалі ў лазні. Было цесна, аднак знайшлося месца яшчэ траім дарослым.

– Цесна, ды цёпла, – сказаў Касперы.

– А прасторы і на вуліцы хапае, – дадала Мары.

Так яно і было на справе: далёка-далёка сінелі лясныя пагоркі, залітыя веснавым сонцам. А ў счарнелай лазні, дзе пахла новай печкай і прэлым лісцем старых венікаў, гаварылі аб тым, як добра жыць тут, на волі. Ніхто болей не скажа малым, што яны равуць, нібыта дзікія звяры.

Эрзац-кава была незвычайна смачная, тут жа гатавалася свежая ласяціна, а боты, якія Ахвен сцягнуў з ног забітага, сушыліся перад печкай.

На хутары аднавілася сямейная жыццё і пачалося выхаванне новага пакалення для краіны. Вяртанне ў Лапуку азначала для сям’і незалежнасць і свабоду, за якія на гэтым свеце ваявала і гінула безліч людзей.

Адпачынак скончыўся, і Мары засталася адна з дзецьмі ў чорнай старэнькай лазні. Салдат Ахвен вярнуўся ў сваю часць, дзе капітан Кола па-ранейшаму цікавіўся жыццём гэтага ляснога чалавека. Капітан задумаў пабудаваць Ахвену дом сіламі свайго падраздзялення. Нядобра, вырашыў доктар, калі сям’я салдата будзе мучыцца ўсю зіму ў лазні. Задумана – зроблена. На пабудове дома да сярэдзіны лета працавалі салдаты, не занятыя ў шпіталі, а часам нават і тыя, хто ўжо дастаткова паправіўся. Так салдату Ахвену пабудавалі двухпакаёвы светлы дом з магутных соснаў.

Жыццё здалося яму незвычайна светлым, калі на доме замацавалі вільчык. Але да гэтага часу падэшвы ягоных ботаў працёрліся. Салдат Ахвен ужо вельмі звыкся са сваімі ботамі, а таму аднёс іх у вайсковую шавецкую майстэрню і ўзяў квіток, што выдаткі за папраўку бярэ на сябе яго часць. Ён спадзяваўся атрымаць боты нават мацнейшымі, чым раней.

Але салдат Ахвен болей не ўбачыў тых ботаў.

Нарэшце боты змаглі адпачыць, закінутыя ў куток майстэрні, дзе яны і праваляліся некалькі тыдняў разам з іншымі такімі ж зношанымі і падранымі ботамі. З гэтай кучы тырчэлі халявы і абцасы старых салдацкіх ботаў, і ўсе яны мелі спецыфічны вайсковы пах. Усе яны ў свой час пабылі на салдацкіх нагах, а наперадзе іх чакала гэткая ж доля, пакуль чалавецтва будзе ваяваць, змагацца і вызваляць.

З паўтузіна шаўцоў у салдацкіх мундзірах працавалі ў гэтым пакоі звычайнымі саматужнымі інструментамі і з той прадукцыйнасцю, якую фінская натура набыла ў гэтай армейскай арцелі. Тут яны елі, курылі, расказвалі розныя показкі, смяяліся, а часам і касавурыліся адзін на аднаго. Болей за ўсё ім абрыдла вайна, якая ўяўлялася шаўцам у выглядзе бясконцай, як сама вечнасць, чарады салдацкіх ботаў. Адзін з майстроў быў легкаверным прарокам і сцвярджаў, што вайна не сёння-заўтра павінна скончыцца. Аднак старэйшы шавец, капрал Ісолінту, якога мабілізавалі ў шэрагі абаронцаў радзімы толькі пасля зімовай вайны, быў чалавекам зусім іншага складу. Ён казаў, што вайна ніколі не скончыцца. Вайна будзе заўсёдным ладам жыцця, і гэта добра, бо галоўныя цяжкасці ў мірныя часы былі не ад таго, што шавец уколецца іголкай або шылам. А таму вайну трэба разумець як шчаслівы адпачынак ад цяжкага і клопатнага мірнага жыцця...

Такое ўслаўленне вайны капралам Ісолінту гучала даволі здзекліва. Аднак ён быў хлопец языкаты і любую справу мог перакруціць на свой капыл, а таму спрачацца з ім было вельмі цяжка.

Шавецкая майстэрня займала толькі невялікую частку аднаго з тых вялізных баракаў, якіх так багата напладзіў ваенны час у паўночных лясах. Там жа былі размешчаны пральня і кравецкія майстэрні. Там няспынна грымелі пральныя машыны, там парылася брудная салдацкая бялізна, ад якой за вярсту патыхала салдацкім гераізмам. Там жа былі склады, канцылярыі і казармы.

Жыццё ваенных шаўцоў было не такім аднастайным, як салдацкае харчаванне: чэрствы хлеб, бульба ды зацірка. Аднак і харчы можна было неяк разнастаіць дзякуючы гандлю і асабліва «берлінскаму рынку»: баракі саюзнікаў былі побач, а фінскія боты і зімовае адзенне служылі выдатнай валютай людзям у груба падкаваных ботах. Апрача таго, там можна было раздабыць выпіўку, і гэты забаронены промысел вельмі разнастаіў жыццё і рабіў яго болей цікавым.

Капрал Ісолінту часцяком стукаў ды грукаў малатком, а побач, у пустым салдацкім боце, стаяла запаветная пляшка. Ён ведаў меру, а таму ніколі не бузіў на падпітку. Ён толькі часам расказваў цікавыя гісторыі або спяваў уголас: «Кулямёты стракаталі «тра-та-та», а салдацік збег з пазіцый «ха-ха-ха»... А часам ён выступаў як пастар на казані: «Вы, афіцэры і лоты, вы, унтэры і франтавыя дзевяткі, салдаты і прачкі, я засцерагаю вас, каб не выціраліся лісцямі белых гарлачыкаў, бо ліст прадзярэцца і можна запэцкаць палец...»

Ён быў вялікі прайдзісвет, і было вядома, што на пачатку вайны, калі зараўлі самалёты і завылі бомбы. Ён выдаваў сябе за веруючага-фанатыка, а цяпер стаў заядлым карцёжнікам махляром, сапраўдным бацькам хлусні і крадзяжу, але, калі было трэба, станавіўся гэткім непахісным увасабленнем дабрачыннасці. Казалі, што сярод прачак у яго была каханка, дзяўчына на шостым дзесятку, ды яшчэ і сляпая.

На тое капрал Ісолінту казаў, што ў яго ўзросце цяжка знайсці маладую, ды яшчэ і без ніякай заганы.

Як і гаварылася, ён папоўніў узброеныя сілы толькі ў час перамір’я. Да таго ж ён шмат чаго пабачыў на сваім вяку, а таму пазбег муштры мірнага часу, прычым вельмі проста: стаў «падмазваць» прыдуркаватага унтэр-афіцэра. Харчы ж у яго былі нават тады, калі ў іншых салдат не хапала хлеба, бо ён уладкоўваўся «сакратаром» да непісьменнага салдаціка і пісаў у лістах дадому: маўляў, падкіньце кілаграмаў дзесяць масла і тысяч пяць грошай, a то ваш сын тут сканае ад голаду.

Пра сваю ж каханку капрал Ісолінту казаў, што хаця ў яе зрок і слабы, затое нюх добры, бо як бы ціха ён да яе ні падыходзіў, яна адразу пачынала працягваць рукі і здзіўляцца, як свежа пахне гэты сапраўдны мужчына.

Вось такі быў шавец, у чые рукі трапілі з кучы абутку боты, на якіх красавалася паперка з адрасам салдата Касперы Ахвена. Першы ўладальнік ботаў, самазванец Сора, відаць, быў абазнаны ў скураных вырабах, бо капрал Ісолінту, аддзіраючы квіток з падэшвы, абвясціў, што гэткаму лапцю, як санітар Ахвен, зусім не патрэбны такія добрыя боты. Добра яму будзе і ў апорках, а вось немцы за такія боты падкінуць парачку бутэлек.

Капрал Ісолінту быў добра дасведчаны ў такіх справах. Неаднойчы ён заглядаў на «берлінскі базар». Але ён быў і сапраўды добры шавец, а таму боты, якія да таго часу памянялі некалькі гаспадароў і прайшлі гэтулькі дарог, былі пасаджаны на калодку, падбіць. і начышчаныя так, што люба паглядзець.

– Лепшыя чым новыя, – сказаў Ісолінту. – Проста смяротны грэх аддаваць іх нейкаму лайдаку.

Тым часам у майстэрню зайшоўся Юхані Норпа. З працоўнай арміі. Ён ехаў у адпачынак і вырашыў спыніцца ў гэтай вёсачцы, каб пабачыцца са старым сябрам і знаёмцам – капралам Ісолінту.

Юхані Норпа быў чалавек сталага веку – яму даўно пераваліла за пяцьдзесят. У маладосці ён шмат паваяваў і нават быў так званым « вызваліцелем супляменнікаў». Але з цягам часу новыя думкі завалодалі ім, і Норпа выпрацаваў уласную лінію паводзін і па магчымасці ўпарта ажыццяўляў яе.

Так, на пачатку гэтай вайны ён дайшоў да старой дзяржаўнай граніцы і не схацеў ісці далей. Ён сказаў, што адзін раз ужо быў там, куды ішлі войскі цяпер, і адтуль яму давялося «вымятацца назаўсёды», як пяецца ў адной з песень. А ён быў чалавекам, які засвойвае правіла з першага разу. Апрача таго, ён абвясціў, што ў тэксце прысягі, якую некалі давялося прымаць, нічога не гаворыцца пра вераломнае парушэнне чужых граніц.

Афіцэр у шаленстве назваў Юхані Норпу пустагаловым вар’ятам. Як гэта фін не можа зразумець, што такога зручнага выпадку болей не будзе. Цяпер, калі ствараецца такая вялікая дзяржава і калі трэба дасягнуць стратэгічных межаў!.. I апрача таго, салдат прысягае выконваць загады сваіх камандзіраў. Афіцэр шалеў і махаў пісталетам перад носам Юхані Норпы. Аднак салдат адказаў, што ягоныя стратэгічныя межы праходзяць тут, а калі паны афіцэры, кажучы пра добрыя мясціны, маюць на ўвазе мясціны для магіл, а ў тым няма сумненняў...

Аднак магілу капаць не давялося. Пакуль іншыя ваявалі, Юхані Норпа рыў канавы ў балоце. Калі ж тэрмін пакарання скончыўся, яго перавялі ў працоўную армію, дзе ён атрымліваў тры маркі ў дзень, без ніякіх пайкоў і вайсковага забеспячэння. Ды ён і не меў ніякай у тым патрэбы. Ён быў удавец, а дарослы сын ваяваў недзе на фронце.

I вось Юхані Норпа, які выглядаў напалову цывільным, а напалову вайскоўцам, зайшоў у майстэрню і весела павітаўся з усімі. I вядома ж, адразу згледзеў боты, якія капрал Ісолінту спрабаваў прыхаваць пад грудай іншых непрывабных апоркаў.

– Вось я і разжывуся ботамі, – абвясціў ён. – A то старыя ўжо нікуды не вартыя.

– Hi ў якім разе! – адказаў капрал Ісолінту. – Ты нават не ўяўляеш, які ў нас цвёрды парадак. Кожны павінен атрымаць свае боты, іначай адразу пачынаецца расследаванне... Апрача таго, гэта боты аднаго майго прыяцеля, Ахвена, і памяняць іх нельга ні ў якім разе.

Аднак Юхані Норпа быў чалавекам жвавым і спрытным. Пакуль капрал гаварыў, ён ужо скінуў свае старыя боты і тупаў па майстэрні, прабуючы новыя.

– А калі ты возьмешся за мае боты, як след падшыеш і падаб’еш, то ніякі Ахвен не заўважыць падмены.

Капрал Ісолінту ўпарта і гераічна спрабаваў уратаваць боты. Павінен жа Норпа зразумець, што ў вайсковай майстэрні – вайсковыя парадкі. I парадкі вельмі строгія. Тым болей што сам Норпа з працоўнай арміі і не мае права на казённыя боты.

– Вось менавіта я і маю права, – запярэчыў Норпа. – Каб усе былі такія танныя казне, як я, то дзяржава не пагрузла б у замежных даўгах.

Памалу капрал Ісолінту дапяў, што боты вярнуць не ўдасца. Гэты бандзюк Норпа проста жыўцом вырваў іх з рук. I апрача таго, так нахабна балбоча, не горш чым сам капрал Ісолінту.

– А цяпер прызнайся, нягоднік, што ты сабраўся проста выменяць іх на гарэлку. Ды што тая гарэлка! Быў бы хлеб...

Капрал Ісолінту зарагатаў. Яны абодва любілі павесяліцца – пасмяяцца і парасказваць розныя байкі. Любата паслухаць, як яны распавядалі пра свае апошнія прыгоды, як яны бэсцілі тых, што прыгнятаюць працаўніка. Невялікая сутычка з-за ботаў ніяк не псавала іх адносін, бо і капрал і салдат працоўнай арміі лічылі, што яны ўладкаваліся ў гэтай вайне не горшым чынам, і нялёгка было пераканаць іх, што жыць на гэтым свеце – нявесела. Сутнасць гэтага аптымізму капрал Ісолінту выказаў адной прымаўкай: «Была б шыя, а хамут знойдзецца». (I прычым адзін хамут не лепшы, чым другі.)

Аднак гэта не перашкодзіла капралу Ісолінту з прыкрасцю паглядзець на ногі Юхані Норпы, калі той сабраўся пайсці. Занадта яскрава паўсталі перад ім дзве бутэлькі гарэлкі. Ды прынесла ж нячыстая старога сябрука! I ён сказаў некалькі слоўцаў пра марадзёраў і рабаўнікоў – як іх толькі зямля носіць!

Але марадзёр бесклапотна ляснуў ля дзвярэй абцасамі, боты зніклі назаўсёды з вачэй капрала Ісолінту і рушылі насустрач новым прыгодам.

У тыя часы Юхані Норпа не меў сталага месца жыхарства. Пасля балотнай катаргі ён служыў нейкі час у адной інтэнданцкай часці, але і там лічыўся непажаданым элементам, бо яго злосныя і насмешлівыя размовы аб трох марках у дзень былі невыноснымі для доблесных забеспячэнцаў. Яго накіравалі ў цэнтр папаўнення, але і там яго не любілі. Лепей было б сплавіць такога ваяку як найдалей.

I ў хуткім часе Юхані Норпу накіравалі ў заваяваны раён Усходняй Карэліі. Там патрабаваліся будаўнікі.

Юхані Норпа быў моцна незадаволены. Ён ужо аднойчы быў за мяжой і добра памятае, чым усё гэта скончылася. Аднак балотная катарга таксама яшчэ жыла ў памяці, і Юхані моўчкі сеў у цягнік.

У начной цемры, храпучы ў бітком набітым вагоне, ён пераехаў мяжу, бачыць якую ўжо даводзілася. I Юхані Норпа добра засвоіў тое, што пабачыў, таму і мусіў перакапаць не адзін квадратны метр балота. Аднак такую працу яму даводзілася рабіць, яшчэ калі ён быў вольным чалавекам. Ён ператварыў балотную глухамань у ніву, заснаваў так званы сямейны агмень, які потым у яго адабралі, хоць святое права прыватнай уласнасці заставалася ў сіле. Гэта было гадоў дзесяць таму. Тыя часы цяпер называлі крызіснымі гадамі. Але, здаецца, тыя дзівосныя часы вельмі хутка выветрыліся з чалавечых мазгоў. Краіна і ўся зямля танулі ў таварах і хлебе, а калі б толькі ўдалося пазбавіцца ад такой бяды, каб не закруцілася ваенная мясакрутка...

Аднак Юхані Норпа тых часоў ніколі не забудзе. Ягоны новы дом пайшоў з малатка, смерць прыбрала жонку Аліну, а сам ён пабачыў свет зусім іншымі вачыма.

I вось цяпер ён перасякаў мяжу, іначай кажучы, рабіў агрэсію. А зусім нядаўна агрэсія лічылася ў гэтай краіне вялікім злачынствам. Аднак пазней погляды змяніліся, і Юхані Норпа трапіў на катаргу, як толькі пабачыў граніцу. Увогуле, яму варта было б зноў адправіцца туды, але занадта свежыя былі ўспаміны пра катаргу на балоце, і ён супакойваў сябе тым, што едзе не заваёўваць. Яго паслалі будаваць.

Ён з цікавасцю глядзеў на зямлю за вокнамі вагона. Некалі ён ішоў па гэтай зямлі з вінтоўкай у руцэ і абсалютнай неразбярыхай у галаве: «Гэтыя землі апрацоўваюць і насяляюць фінскія плямёны. Іх трэба вызваліць – і землі, і народ». Дык хто быў вольны? Ягоны дом у Куўселе прадалі з малатка, пайшлі з малатка і палеткі, якія ён з такой цяжкасцю адваяваў сваімі рукамі ў няласкавай прыроды Фінляндыі, краіны, якая так ганарылася сваёй свабодай і незалежнасцю.

Юхані Норпа не бачыў ніякага прасвету. Нямецкая цыгарка дымілася, прылепленая ў куточку рота, было так цесна, што аж нылі плечы, а ён узяўся разважаць аб тых прасторах, якія чакаюць фінаў там, на ўсходзе. Навокал былі тупыя сонныя твары, цесна – ні пальцам варухнуць, і гэтыя словы гучалі здзекліва і багахульна.

Вядома, Фінляндыя вялікая краіна, аднак пакуль што цеснаватая... Ну, нічога, яшчэ разамнём косці, пакуль датупаем да Белага мора...

Так Юхані Норпа шчасліва дабраўся да Усходняй Карэліі і далажыў аб сваім прыездзе ў адпаведнае ведамства. Высветлілася, што яму давядзецца будаваць царкву.

Царкву тую будавалі ўжо цэлы год, з тае пары, як заваявалі гэты край. Шмат гаварылася аб тым, што бальшавікі робяць з цэркваў тэатры. А цяпер будзе зроблена адваротнае пераўтварэнне, тэатр стане царквой. Гэтая задума нарадзілася ў галаве ў аднаго ваеннага папа. Сюды сагналі архітэктараў, інжынераў-будаўнікоў і майстроў з усёй арміі. Меркавалася пабудаваць адмысловую, непаўторную царкву. На пабудову ішла толькі чырвоная карэльская сасна.

Сярод будаўнікоў царквы Юхані Норпа апынуўся толькі таму, што некаму ў ваенным ведамстве захацелася загнаць яго далей у чортавы зубы. Аднак і тут магло стацца так, што Юхані Норпе так і не давялося б папрацаваць на будаўніцтве царквы. Канцылярскі чын, вядома, даведаўся з папер, якім шляхам трапіў Норпа ў гэты край, і з’едліва пацікавіўся, як гэта ён зрабіў такую ласку, прыехаў сюды? Юхані Норпа раз’юшыўся і ператварыўся ў гнеўнага маленькага прарока... Ён вяшчаў, што настане такі дзень, калі давядзецца жорстка пакаяцца, што палезлі сюды без дазволу...

Гэткае нахабства, у сваю чаргу, так раз’ятрыла штабіста, што пытанне аб тым, ці варты Юхані Норпа гонару быць будаўніком царквы з чырвонай карэльскай сасны, увогуле аказалася пад сумненнем. Але потым прыйшоў нейкі афіцэр і звёў усю сварку да жарту, а Юхані Норпа любіў пасмяяцца і лічыў, што нават за тры маркі ў дзень можна пражыць даволі весела.

Так ён стаў будаўніком царквы. Ён часцяком жартаваў і гаварыў пра вялікія часіны росквіту Фінляндыі, якая палічыла найпершым клопатам пабудаваць у заваяванай краіне царкву, ды не абы-якую, а з адмысловай векавой сасны. Ён толькі крыху сумняваўся, ці будзе ў царкве добры падмурак, ці хопіць у скалы моцы, каб вытрымаць усе будучыя навалы і нягоды...

Увогуле ж ён быў задаволены сваёй працай, сваёй вайной. Нават у холад і замець ён ахвотна ішоў на працу. Печы даволі добра ацяплялі будынак, які мала-памалу пачаў набываць велічныя формы царквы з купаламі. Цюкалі малаткі, цвыркалі пілы, шапаталі гэблі.

Юхані Норпа рабіў лаўкі. «Гэта вам не проста зэдлі, на якія чалавек бестурботна плюхаецца задам, гэта такія лаўкі, на якія садзяцца, каб узвысіцца душой», – казаў ён.

Яму падабалася праца, і ён цюкаў, як дзяцел, хоць і не ведаў, дзеля чаго ён працуе і навошта.

Аднак гэты будынак з кожным днём набываў усё болып выразныя абрысы царквы, будзіў у ягонай душы ўспаміны аб тых далёкіх часах, калі ён, маленькі хлопчык, разам з бацькам сядзеў у халаднаватай царкве і слухаў спакойны голас святара.

Юхані Норпа ўспамінаў тыя далёкія часы, калі яшчэ ў паветры не раўлі самалёты, а радыё не мардавала чалавечыя вушы няспыннымі заклікамі і бравурнай музыкай.

А вечарамі ён займаўся сваімі ўласнымі вырабамі з той самай чырвонай сасны, што і царкоўныя лавы. Тады ў арміі сталі вельмі модныя ўсялякія дробныя вырабы з бяросты і металу. Корпаючыся з такой драбязой, людзі проста бавілі час. А Юхані Норпа быў прыроджаны разьбяр. Гукі гэбля цешылі ягоныя вушы, не раўнуючы як добрая музыка. Ягоныя куфэрачкі былі просценькія, але вельмі прыгожыя. Апрача таго, яны давалі значную прыбаўку да тых трох марак, якія выдзяляла яму дзяржава, а таму ён займаўся гэтым промыслам яшчэ болей старанна. Ён рэзаў, габляваў і прыгаворваў, што вось так, з дапамогай такой драбязы можна пазбегнуць вялікіх грахоў і спакусаў. Вось ён і шчыруе ў вольны час, каб мець крыху на невялікія грахі, такія салодкія пасля трохмарачных дзён устрымання.

А часам ён хадзіў па вуліцы, любаваўся краявідам, разглядваў вясковыя дамы і пабудовы, глядзеў, як жывуць тыя нямногія жыхары, што яшчэ засталіся ў вёсцы. Ён часцяком наведваўся ў маленькую хацінку на ўскраіне вёскі і пасябраваў з бабуляй, якая жыла там. Ён лічыў, што чалавеку, які мае добрыя дачыненні са старымі жанчынамі, заўсёды будзе шанцаваць у жыцці.

«Частуйся, вось чаёк. Ну, чаго ж ты не п’еш чайку?» – частавала яго бабуля, і Юхані Норпа піў чай, цікавіўся жыццём у былыя часы, распытваў, ці падабаюцца ёй фіны. Напалову глухая бабуля адказвала мудрагеліста і шматслоўна, а таму зразумець што-небудзь было вельмі цяжка. Яму было прыемна, што гэтая бабулька таксама з фінскага племя, і ён часта раздумваў, а як жыла б гэтая старая ды і ён сам, калі б фінскія салдаты стаялі на Свіры ўжо некалькі стагоддзяў, а Адольф Другі і Карл Дванаццаты змаглі б удала ажыццявіць свае задумы. Але магутная Швецыя паціху праглынула б фінскія плямёны,і, магчыма, гэтая бабуля і Юхані Норпа цяпер размаўлялі б зусім на іншай мове...

Аднак усё ідзе як мае быць. Цяпер нашы хлопцы стаяць на запаветным рубяжы, толькі Юхані Норпе чамусьці здаецца, што яны вельмі прыпазніліся, а таму ўсё гэта даволі ненадзейна...

Апрача бабулі Норпа знайшоў сабе маладую Таццяну і стаў яе сябрам і суцяшальнікам. Муж Таццяны таксама быў салдатам, але з таго боку фронту. Яна была адной з тых многіх салдатак на свеце, якія маглі б ужо быць і сапраўднымі салдацкімі ўдовамі. I нічога дзіўнага не было ў тым, што яна слухала Юхані Норпу і паддалася на ўгаворы. Яна была бялявая, добразычлівая, прастадушная і вельмі падабалася Юхані Норпе. Аднак яны абое добра ведалі, што ўсё гэта ненадоўга...

Так паціху жыў сабе Юхані Норпа і быў цвёрда перакананы, што жыць можна нядрэнна, нават калі ўвесь свет ваюе. Ваяваць гэтак, будуючы царкву, значна лепей, чым сядзець у акопах і пад грукат снарадаў памінаць Бога і чорта і радавацца, што гэтым разам пранясло... Ён быў на такой вайне і ведае, чым яна пахне.

Ранняй вясной, ласкавым і сонечным днём, адбылося першае набажэнства ў толькі што пабудаванай царкве. Там было шмат святароў, ваенных і цывільных, шмат важных паноў, якіх запрасілі з самой Фінляндыі, і мясцовыя жыхары з Карэліі. Афіцэры і лоты, салдаты і будаўнікі запоўнілі астатнюю частку царквы. Свяціліся чырванню сасновыя бярвенні, востры смаляны водар прабіваўся праз цяжкі чалавечы дух, і словы святара гучна разносіліся пад сасновымі скляпеннямі. Святар казаў, што гэта вялікія імгненні, асабліва для карэльскага народа, бо прыйшоў старэйшы брат і прынёс карэлам сапраўдную свабоду набажэнстваў, пабудаваў гэты храм сярод віру вайны. Гэта, можна сказаць, падарунак фінскай арміі, і памяць пра тое, бясспрэчна, будзе жыць у пакаленнях, і бацькі будуць расказваць аб тым сваім дзецям. Старонка гісторыі перагорнута, і для фінскай нацыі пачалася новая эра...

Цясляр Юхані Норпа сядзеў на лаве, зробленай ягонымі рукамі, і думаў, што гэта і сапраўды нячутая, казачная дзея, што маленькая Суомі пабудавала царкву далёкай Усходняй Карэліі. Напэўна, гэта вялікая хвіліна і для яго, хто зрабіў некалі паход у Карэлію дзеля вызвалення аднапляменнікаў. I вось мары здзейсніліся. Аднак пасля таго, першага, паходу ў ягонай душы адбыліся вялікія змены. Ён падумаў, што апрача царквы і папа карэльскі народ атрымаў яшчэ і царкоўную дзесяціну, а пераможцам будзе магутная лесапрамысловая кампанія, якая зможа гаспадарыць у карэльскіх лясах. Вось тыя паны, магчыма, і выгадаюць. Яны і будуць сапраўднымі пераможцамі, бо простаму люду ў Фінляндыі і так хапае дрэў, пад якімі можна паслухаць спеў пілы. Магчыма, салдаты і сапраўды ўспрымаюць гэта як вялікае імгненне, бо яшчэ не выйшлі з таго дзіцячага ўзросту, які ўжо даўно мінуў Юхані Норпа.

Неўзабаве пасля гэтых урачыстасцяў Юхані Норпа атрымаў водпуск. Ён доўга цягнуўся ў перапоўненых цягніках, але нарэшце прыехаў у горад, дзе працаваў на пачатку вайны. У гэтым жа горадзе, на гарышчы аднаго з дамоў, ляжалі і ягоныя небагатыя пажыткі. У горадзе Норпа сустрэў некаторых родзічаў і знаёмых, але вялікай радасці ад гэтых сустрэч не было. Кожны быў заняты сабой і сваімі справамі: дзе што купіць, дзе здабыць болей тавараў ці прадуктаў. З дапамогай знаёмых Норпа знайшоў за невялікую плату сабе прытулак. «Трэба неяк сагрэцца душой», – казаў Юхані Норпа. Вельмі добра ён памятаў халодныя дні і ночы ў цягніках і аўтамабілях на ваенных дарогах. I водпуск грэў яго летнім цяплом.

З’ездзіў ён і ў сваю былую вёску, дзе некалі апрацоўваў свае палі. Вельмі даўно ён не быў тут, бо цяжкія ўспаміны выклікаў выгляд тых месцаў, дзе некалі яго напаткала няшчасце.

Цяпер ён уважліва слухаў гаворкі сялян аб тым, што жыць стала вельмі цяжка, што падаткі сталі непамерна высокія, што лепшых коней і гавяду забралі вайскоўцы. Пахадзіў ён і па вясковых могілках, дзе на шматлікіх белых крыжах убачыў шмат знаёмых імёнаў. Там спачывалі «геройскі палеглыя», простыя вясковыя мужыкі, а па вуліцах хадзілі маладыя ўдовы ды гыкіньчылі на мыліцах пакалечаныя, у якіх за спіною засталася кароткая вайна, а наперадзе было доўгае жыццё. Юхані Норпа купіў некалькі кілаграмаў масла, якое цяпер было ў цане, і зноў паехаў у горад.

Адпачынак ужо канчаўся, калі Юхані Норпа сустрэў аднаго свайго знаёмага, які таксама быў у адпачынку. Ён працаваў у немцаў на пабудове ўмацаванняў. Ён быў неблагі муляр і атрымліваў па пяць марак ледзь не за кожную цагліну.

Аднак ён скардзіўся, што гэта вельмі мала, бо курс маркі падае.

Норпа сядзеў і думаў, які ж розны лёс у розных людзей. Вось сядзіць ягоны аднагодак, які атрымлівае па пяць марак за сваю працу, і Юхані Норпа, які атрымлівае па тры маркі ў дзень... Праўда, Юхані Норпа трымаў свой лёс ва ўласных руках, але калі параўнаць ягоныя ўражанні з тым, што пабачылі хлопцы, якія поўзалі пад агнём...

I яшчэ адна сустрэча адбылася ў апошні дзень адпачынку. Юхані Норпа сустрэў капрала Корпі, які бадзяўся без грошай і з хворай пасля выпіўкі галавой. І ў часы старой добрай Еўропы ён быў адчайным хлопцам, а цяпер, у гэтым ваенным свеце, кожны дзень жыў так, нібыта гэты дзень быў апошні. Норпа пачаставаў яго гарэлкай, пахваліўшыся, што грошы ў яго яшчэ ёсць, хоць ён і атрымлівае па тры маркі ў дзень. Потым ён згледзеў на нагах у Корпі даволі прыстойныя боты і прапанаваў памяняцца. Ягоныя боты за зіму стапталіся, а ён жа ў працоўнай арміі, а значыць, новых ботаў яму не здабыць, а вось Корпі, той зможа разжыцца добрымі ботамі, калі захоча. Корпі заўсёды быў просты і добразычлівы хлопец, а цяпер, калі гарэлка пачала саграваць душу, згадзіўся % не вагаючыся. Так боты абулі яшчэ адны ногі. Потым дружбакі разышліся. Юхані Норпа глынуў яшчэ, падаўся на вуліцу, дзе хлюпала вада і звінелі вясеннія кроплі. Ён спяшаўся на цягнік. Салдат быў у добрым настроі, і нават успамін аб трох марках на дзень не псаваў гэтага настрою. Хто ведае, што яшчэ там нарыхтаваў яму лёс...

Эйнары Корпі, без граша ў кішэні, застаўся сядзець за сталом у піўнушцы, слухаючы музыку электраграмафона.

Змучаная гаспадыня кідала на яго варожыя і нецярплівыя позіркі.

– Цётачка, золатка, я пайду, – сказаў капрал. – Пацярпі крышку. Нашаму брату болей падышло б у брацкую магілу герояў. Там прынялі б вельмі гасцінна, аднак я пастараюся туды не трапіць...

Набалбатаўшыся, капрал Корпі падняўся і выйшаў.

Калі б капрал Корпі ў сваіх нованабытых ботах, якія ўжо парадкам знасіліся і напакутаваліся на будаўніцтве царквы і нават атрымалі рану ад сякеры на левым боце, калі б Корпі не спыніўся на скрыжаванні, каб напхаць люльку, то хто яго ведае, як склаўся б ягоны лёс...

Дык вось што з таго выйшла.

Дзьмуў вецер, і люлька ніяк не распальвалася. Корпі так захапіўся гэтым, што схамянуўся, толькі пачуўшы голас афіцэра:

– Гэй, капрал, вам што, люлька важней, чым увесь свет з усімі капітанамі і войнамі?

Капрал Корпі падняў вочы і разявіў рот, але адказаць не паспеў, бо ўбачыў, што перад ім свеціцца радасцю абветраны твар Нэпянена.

– Гэ, дык гэта ж Корпі!

– Нэпянен, дык ты ўжо капітан!

– Так, галубочак, так! Вось гэта сустрэча!

Сябры моцна паціснулі рукі, яны пазнаёміліся яшчэ на зімняй вайне, цяпер ужо такой далёкай. Чорт ведае, што ім давялося перажыць разам.

Нэпянен, ад якога ўжо несла, не раўнуючы як ад бровара, узяў капрала пад руку і пацягнуў з сабой. Яны абодва хацелі яшчэ выпіць.

Дружбакі наведалі шмат месцаў, сустрэлі шмат новых людзей і паспыталі не адзін сорт гарэлкі. Калі скончыліся грошы, Корпі прадаў свой гадзіннік. Усё жыццё пайшло весела і бязладна. Потым ужо Корпі не разумеў, куды ён трапіў і з кім мае справу. Яму было весела і лёгка.

Нейкі прыгожа апрануты чалавек трымаў яго за рукаў і казаў, што, можа б, лепей капрал пайшоў дадому. Капрал Корпі быў у выдатным гуморы. Ён устаў і пайшоў.

З адчыненых дзвярэй на зацемненую вуліцу падала палоска святла. I ў тым святле памутнелыя вочы Корпі разгледзелі шыкоўную лісу, а за лісой – жаночы твар.

– Тпрусенька, тпрусенька, – ласкава паклікаў Корпі.

Дзверы зачыніліся, і святло знікла. Знік і жаночы твар. З цемры ўзнік паліцыянт.

– Салдат, не чапляйцеся да прахожых!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю