Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"
Автор книги: Пенці Хаанпя
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 12 страниц)
Раптам ён трывожна азіраецца.
– А дзе хлопчык і Дзева?
– Вось гэта і ёсць ягонае багацце, – насмешліва кідае гаспадыня. – Ды там яны, цэлыя, выцягваюць на ганак свой скарб.
Вялікі Тэрапя зноў прыхіляецца да парэнчаў і задумліва сочыць, як полымя рвецца з акон першага паверха. У нос патыхае дымам і гарам.
– О, чалавеча! – крэкча Матці і трасе яго за плечы. – Няўжо табе няма чаго ратаваць? Ну хоць бы маю распіску.
– Кожны клапоціцца пра сваё, – спакойна адказвае Вялікі Тэрапя. – Цэлая твая распіска. Спадзяюся, і мая старая вопратка таксама цэлая? Калі агонь жарэ ўсё маё дабро, прыйшоў час апрануцца і мне ў сваё жабрацкае адзенне.
– У завэдзганы кажух і шапку? – дзівіцца Законнік Матці. – Ды я іх аддаў яшчэ ў маразы шаўцу Тэпо.
Вялікі Тэрапя няўцямна глядзіць на яго круглымі вачыма, нарэшце да яго даходзіць, і ён болей не стрымліваецца:
– Аддаў Тэпо! Ты аддаў маё адзенне Тэпо! Святы Божа! Дык вось якая амерыканская спадчына ў Тэпо! У тым адзенні я схаваў свае грошы, мае запасы на чорны дзень, маю падтрымку на старасць... I ўсё пайшло на вецер. Ты, г... сабачае, ты пусціў мяне па старцах.
– Адкуль жа я ведаў, – устрывожана адказвае Законнік Матці.
– Дык вось дзе быў ягоны банк! – злосна і расчаравана крычыць маладая гаспадыня. – Грошы прапалі, дамы згарэлі, а ён усё прыдурваецца.
Вялікі Тэрапя раз’юшана тупае нагамі.
– Згарэлі, раз іх падпалілі! А ты, чортава баба, расцягнула мой набытак дый дом мой падпаліла! Пачакай, будзе табе і не такая бяда.
Але маладая жанчына здзекліва пасміхаецца і адказвае ласкава, амаль пяшчотна:
– А як ты гэта дакажаш? Хто ты цяпер? Бывай, любы, бывай навек.
Нахабніца нават падае яму руку, але Вялікі Тэрапя і вокам не міргнуў. Тады яна паспешліва бяжыць уніз па лесвіцы.
– Каб і духу яе тут не было.
– Ну, што будзем рабіць? – бездапаможна пытаецца паніклы Законнік Матці. – Можа, як-небудзь прыціснем шаўца ды забяром грошы назад?
– Нічога не выйдзе. He такі ўжо ён дурны.
Унізе са звонам трэскаецца шкло, языкі полымя ўрываюцца на вузкую лесвіцу, прагна ліжуць драўляныя парэнчы. Старыя збягаюць уніз, выбягаюць на двор і стаяць воддаль, назіраючы, як полымя раздольна гуляе ў вялізнай вежы, нават і не збіраюцца тушыць пажар.
– Гэтыя таўстыя цагляныя сцены будуць стаяць вечна, – гаворыць нарэшце Законнік Матці, – і гэта ўсё, што табе застаецца. Што ты будзеш рабіць?
Вялікі Тэрапя стаіць, шырока расставіўшы ногі, і спрабуе вярнуць сабе ранейшую ўпэўненасць і спакой. У душы ў яго раптам вырастае дзіўнае, магутнае пачуццё: вось стаіць ён, Вялікі Тэрапя, і спакойна глядзіць, як згарае ягоны дом.
– Што рабіць? – пытаецца ён, махае рукой і працягвае, як прапаведнік: – Шмат чаго можна рабіць! Але на ўсё свой час, як сказаў баран, калі яму секлі галаву! На гэтым свеце заўсёды так. Сёння ты аж трашчыш ад багацця, а заўтра ўвесь твой набытак ідзе дымам. Дзіўна жыццё паварочваецца, і невядома, дзе ты знойдзеш свой прытулак. Ды што там казаць пра зямныя справы. Адзін Госпад усемагутны і літасцівы, і ўсе лейцы ў ягоных руках...
Славуты Рог Шчасця Вялікага Тэрапя згарэў ушчэнт. Засталіся толькі задымленыя, шчарбатыя сцены, і халодны вясновы вецер тужліва скавытаў у руінах.
XV
Нябесны купал свяціўся сінечай, сонечнае вока глядзела цёпла і добразычліва, цёмная лінія небакраю выразна акаляла далягляд. Размаляваныя белымі пэндзлямі ветру і сонца шматлікія сумёты зіхцелі і іскрыліся ў яркім святле. Лес чырванеў ад вясенняга хмелю, і легкадумныя цецерукі куляліся сярод зіхатлівых сумётаў. Моцны водар смалы плыў у паветры, па дварах і дарогах разліваўся здаровы пах гною, і вясковы певень гарлаў свае прызыўныя спевы.
Там, сярод сакавіцкай сінечы, святла і белі, на ўскрайку поля тулілася шэрая хаціна шаўца Тэпо. Як асвяжыў яе сакавік? Ніяк. Першы месяц вясны агаліў яе сцены і дах, навешаў у падстрэшшы ледзяшоў, якія блішчэлі ў сонечным святле, час ад часу капаючы слязьмі са сваіх вострых стрэл. Паветра ля хлява насычана выпарэннямі і пахамі, карова рыкае ляніва і сумна.
А за цьмянымі шыбамі хаціны болей не сядзіць згорблены, варты жалю шавец Тэпо. Там сядзіць былы Вялікі Тэрапя з круглымі акулярамі на носе, у скураным фартуху, рукавы закасаныя па локаць; ён бадзёра пастуквае малатком, забіваючы цвікі ў абцасы.
Вось такім цяпер стаў багацей Вялікі Тэрапя, якога ўсе цяпер клічуць Памежнік Тэрапя. Усё ён прагуляў, а тое, што прыхаваў за падкладкай аблавухі, пайшло на карысць былога небаракі Тэпо. Рэшткі цэглы ад згарэлага Рога Шчасця, пярсцёнкі і якія-ніякія каштоўныя рэчы забяспечылі яму сродкі для існавання, і ён выкупіў у Тэпо гэтую хаціну, а сам Тэпо пасяліўся ў новым вялізным доме, купленым за кроўныя грошыкі Вялікага Тэрапя. Тут ён і жыве, як прывязаны, шые, правіць абутак, зарабляе сабе на харчы, бо некалі з-за сваёй скнарлівасці, калі яшчэ быў гаспадаром вялікага хутара, навучыўся шавецкаму рамяству. Ёсць у яго і жонка, праўда, невянчаная – гэта былая парабчанка, якая жыла ў Званіцы і якую ён заўсёды называў Дзевай, а законная жонка знікла невядома куды.
На багатым і вялікім хутары Тэрапя цяпер гаспадарыць некалі забіты Тэпо, а з ягонай старой жонкі пачынае выходзіць увішная і ганарыстая гаспадыня. Іхнія дзеці адзін за адным павярталіся дадому, каб дапамагаць працаваць на хутары.
Тым сакавіцкім днём былы Вялікі Тэрапя забіваў цвікі ў падэшвы ботаў, ягоная жонка ўвіхалася ля печы, гатуючы каву, а Законнік Матці сядзеў ля дзвярэй са сваёй нязменнай сумкай каля ног, глядзеў, як стары працуе, і казаў:
– Во як, вялікія дзівосы дзеюцца на гэтым свеце. Вось і былы багацей, Вялікі Тэрапя забівае цвікі ў чаравікі парабчанак і цялятніц, каб не выцягнуць ногі з голаду...
– Ну і што з таго? – спакойна адказвае былы багацей. – Шмат хто займаецца гэтым з дня нараджэння і гарбее за капыламі да магілы, але ім ніколі не даводзілася пабыць на месцы Вялікага Тэрапя, пажыць у радасці, у шчасці раскошы, ніколі не даводзілася адчуць усе выверты лёсу і шчасця... Даволі сумны лёс!
– Ты можаш супакойваць сябе, колькі хочаш, такімі думкамі, але болей за ўсё табе падыходзіць прымаўка: за дурной галавой і нагам неспакой. Вось ты на старасці гадоў з-за сваёй дурноты і дакаціўся да такога.
– А ці лепей мне было тады, калі я пералічваў кожную манету і дрыжэў, каб багацце маё павялічвалася, а не памяншалася... Ад смерці ж ніхто не адкруціцца, ні багацей, ні бядняк.
– Зусім іншая справа чакаць магілы, калі ў доме поўна хлеба і да хлеба. Ты рабіў бы ўсё, што захочаш, ёў бы ўдосталь, гаспадарыў бы на многіх землях, цябе шанавалі б і баяліся. Дык не, сядзіш вось, скаліш зубы ды толькі людзей дарэмна лаеш.
– А чхаць мне на тваіх людзей, – кажа Вялікі Тэрапя, злосна забіваючы цвікі. – Якая мне справа да іхняга смеху і дурных размоў? Ты лепей пачытай свае маралі каму-небудзь іншаму, можа, і дапячэш. Ад мяне ж твае павучанні адлятаюць, як іскры з-пад тапара па камені.
– Што вы тут галовы круціце ды кіпяціцеся, – паварочваецца Дзева, завіхаючыся каля пліты. Глупства ты нарабіў, і грошыкі праматаў, і даў гэтай пацягушцы сябе абакрасці... Каб ты быў крыху разумнейшы, дык пакінуў бы грошыкі ў запас, і мог бы дурэць аж да магілы, і хату сабе добрую паставіў бы. Дык не ж...
Былы Вялікі Тэрапя глядзіць на боты і змрочна бурчыць:
– Гэта ўсё чортаў Матці нарабіў. У мяне ж кацялок варыў як трэба.
– Дрэнна варыў, значыць, – бурчыць Законнік Матці. – Хто мог падумаць, што гэта зацяганая шапка і ёсць твой сейф.
Вялікі Тэрапя з размаху заганяе цвік і бурчыць:
– Вось нягоднік і купіў сабе на мае грошы мой хутар, вось гнойная куча, у мяне і сапраўды ўсё закіпае, калі пра гэта падумаю. Тэпо жыве ў Тэрапя, як некалі я, а мяне засунуў у гэтую нару, каб я гарбеў тут, як ён раней, над атопкамі. Мы як ролямі памяняліся. Так можна і звар’яцець. Скажы каму, дык веры не дасць. Скажа, лухту пляцеш, старэча...
– Ды і сам ты сапраўды, як з нейкай казкі. Дзіўна, што ты яшчэ згадзіўся жыць як усе.
– А за што цябе на неба пусцяць? Вось пажыві на зямлі, як усе, і памрэш, як твой час надыдзе. Ды што там казаць пра кароткае жыццё чалавечае, жыві як жывецца.
– А багацею жыць лягчэй.
– Бачылі мы, як гэта лягчэй. Я пажыў у смак, а цяпер можна і да беднасці прывыкаць. Чалавеку трэба ўсяго паспытаць.
– Ну, ну, – агрызаецца Законнік Матці. – Добра, што чалавек умее не засмучацца.
– А што за карысць распускаць нюні? Што зроблена, тое зроблена, і нават Гасподзь тут нічога не паправіць. Там вунь, у кутку, на паліцы стаіць кніга. Дзед мой усадзіў за яе кучу грошай. Дык вось там гаворыцца, што багацей памрэ гэтак жа, як і бядняк. Дык што ж добрага ад таго, што ягоная праца ветрам пойдзе...
Тут рыпяць нізкія дзверы, і ў хату ўвальваецца Тэпо ў новым мешкаватым касцюме, рукі глыбока засунуты ў накладныя кішэні, ды ўвогуле былы шавец нагадвае сініцу, якая натапырыла пер’е ад марозу. Голас у яго стаў высокі, нібыта хтосьці нацягнуў ягоныя галасавыя звязкі, чуецца ў голасе і сіла, і ўпэўненасць, хоць часам і відаць, што ён яшчэ не зусім звыкся з новай роляй.
– Добры дзень.
Вялікі Тэрапя кідае на яго позірк паверх акуляраў і працягвае грукаць малатком.
– Добры дзень, ну, што дзе чуваць?
– Нічога асаблівага. Вось зайшоў папытацца, чаму гэта плот мой так парадзеў, ад яго хутка адзін цень застанецца.
Перш чым адказаць, Вялікі Тэрапя даволі доўга цюкае малатком.
– Думаю, прычына тая, што і раней. Калі ў торпара няма ні лесу, ні грошай, каб дроў купіць, дык ён бярэ ўсё, што пад руку трапляе.
Тэпо стаіць упэўнена, стараецца выглядаць жорсткім, вочы яго блішчаць, як алавяныя гузікі, ён імкнецца гаварыць цвёрда і няўмольна:
– Я такога свавольства не пацярплю. Калі такое будзе і далей, я выкіну вас з гэтай хаціны.
– Ты ж сам гэтак жа цягаў жэрдзе з майго плота, калі жыў тут.
– А вы гэтак жа на мяне насядалі і пагражалі выгнаць.
– Але ж я цябе не выгнаў.
– I на шчасце, – умешваецца Законнік Матці, – на шчасце, у цябе, Тэпо, не было дроў у хаце, калі пачаліся маразы. Іначай ты б ніколі не атрымаў такіх багатых кажуха і шапкі.
– Во, во, Тэпо, – з бацькоўскай ласкавасцю ў голасе кажа Вялікі Тэрапя. – Гэта ж ад мяне ты атрымаў сваю амерыканскую спадчыну! I не задзірай носа раней часу, бо хто яго ведае, як яно далей пойдзе.
– У кожным разе не так, як у цябе! Я ўсялякіх там вежаў не будую.
Вялікі Тэрапя ўскіпае, закідвае бот пад лаўку і крычыць:
– He хваліся маімі грашыма!
– Тваімі, – з’едлівым голасам адказвае Тэпо, расцягваючы словы. – Ты ж за грошы скуру з людзей здзіраў! Як п’яўка, чужое дабро смактаў і збяднеў, а ўсё роўна ж тое робіш – чужое цягнеш.
– Ну, браце, – адказвае Вялікі Тэрапя, супакойваючыся. – Ты ўжо, думаеш, вялікі пан? Усе людзі аднолькавыя. Мы з табой нават маглі б і пабратацца! Калі я быў вялікім жулікам, а потым стаў малым, з табой адбылося тое самае, толькі наадварот. – Ён нейкі час зноў заганяе цвікі, а потым працягвае: – Наўрад ці з цябе выйдзе што-небудзь добрае, вялікім жулікам ты не станеш, а Вялікім Тэрапя і пагатоў. А ўсё з-за таго, што няма ў цябе нічога ў галаве і вару пад пазногцямі.
– He хваліся сваёй галавой, вось чым ты кончыў! Пастукай, пастукай малатком*
– I гэта трэба, каб было па справядлівасці.
– Глядзі, не цягай болей маіх жэрдак і штакецін. A то мала табе не будзе.
I Тэпо выходзіць з хаты і кіруецца да хутара Тэрапя, упэўнена ступаючы нагамі ў новых п’ексах, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні.
У хаціне нейкі час пануе цішыня, толькі булькае кацялок ды стукае шавецкі малаток. Затым Законнік Матці прамаўляе:
– Ну, відаць, ролі і сапраўды памяняліся. Ты ж таксама не вельмі цырымоніўся з Тэпо! Ці не здаецца табе, што ў жыцці лепей загадваць ды камандаваць, чым вось так па сваёй волі скаціцца ўніз?
– I ў мяне было б зусім другое жыццё, каб я была гаспадыняй Тэрапя, – кажа Дзева, ставячы на стол імбрычак з кавай. – Гэта ж вялікая розніца, ці каравячая ляпёха, ці аржаны хлеб.
Вялікі Тэрапя пакідае работу і паварочваецца да стала, на яго шэрым, завостраным твары з’яўляецца нешта накшталт натхнення, і ён пачынае гаварыць, як прапаведнік, размахваючы рукамі:
– Мне ніякай розніцы. Я быў багацеем. Я добра ведаю, што такое багацей. У багацея толькі адзін клопат, адна думка. I не дае яна яму спакою ні ўдзень, ні ўначы: каб болей грошай, каб болей... А бедняка гэта не хвалюе, яму няма куды падаць. Няхай багацей марнее! Я паспытаў гэта на сабе! Я сам быў багацеем. Я ведаю... Слухай ты, Дзева, і ты, Законнік Матці: разумны той, хто дарэмна не мітусіцца, не натамляе сябе, а жыве, нібыта красачка ці птушка нябесная пад сонцам.
Настаў бледны сакавіцкі вечар, і сярод пасінелых гурбаў стаіць нізенькая хаціна, у ёй спіць сівы чалавек, які шмат чаго бачыў у жыцці, легендарны чалавек, які, пэўна, хутка пакіне гэты свет зямной марнаты і адправіцца на вечны спачын у прахалодную зямлю, якая заўсёды будзе нараджаць непараўнальную прыгажосць.
Сіняваты жывы вечар згасае. Вышэй падымаецца небасхіл, мільгацяць зоркі, усміхаецца бледны месяц. У маўклівых лясах і вёсках пануе начны змрок, прывідны і таямнічы, начная цішыня ледзь шапоча і нараджае прыгожыя мары аб харастве жыцця, якое і дае надзею на заўтрашні дзень.
XVI
Летнім днём двое падзёншчыкаў востраць сякеры ў двары хутара Тэрапя. Адзін круціць тачыла, а другі трымае на ім сякеру. Сухое кола пранізліва рыпіць, і той, хто круціць, час ад часу плюе на вось, але рыпенне ад таго не сціхае, і ён сярдзіта лаецца. Ягоны напарнік падымае сякеру, праводзіць пальцам па лязе, спрытна плюе і прамаўляе:
– Ходзяць чуткі, што Вялікі Тэрапя памёр.
– Кажуць, што памёр, – адказвае другі.
– Некалі спускаў скуру з людзей, жываглот, a потым і сам застаўся голы як бізун, правіў драны абутак.
– Дурасць замучыла, ды нячыстая спакусіла...
– Сын ад яго застаўся.
– Ага, застаўся. У той падсцілкі.
– Пэўна, і яна хутка памрэ. Хрыпіць, кашляе, сухоты ў яе.
– Так, дзеўка... Дый чаго добрага яна дасць сыну, па старцах пойдзе адзінае дзіця Вялікага Тэрапя...
– Во-во, не шмат пакінуў людзям Вялікі Тэрапя. Яны змаўкаюць. Рыпіць тачыла. Сякера памалу вострыцца на цвёрдым камені.
Вялікі Тэрапя і сапраўды памёр у сваёй шэрай хаціне на краі поля. Памёр ён раптоўна і без пакут: малаток вываліўся з рук, а сам ён моўчкі паваліўся на чаравікі і шавецкія прылады. Дзева, якая ўжо даўно хварэла і надрыўна кашляла сухім кашлем, якраз выйшла са сваёй каморкі і ўбачыла, як стары аддаў канцы. Яна крыху паплакала і задумалася: вельмі ўжо нечакана памёр Вялікі Тэрапя. Хутка, пэўна, і мая чарга... А што будзе з хлопчыкам? Ну, ды ёсць жа добрыя людзі на свеце, не дадуць з голаду памерці.
А ў двары сядзеў адзіны сын Вялікага Тэрапя Ялу, якому яшчэ не было і дзесяці гадоў. Вялікая капа белых валасоў пакрывае ягоную маленькую галаву з незвычайна шырокім ілбом, які дастаўся яму ад бацькі, шчокі ў хлопчыка тоўстыя і круглыя, а светлыя вочы здзіўлена глядзяць на белы свет. Ён сядзіць у двары, штосьці будуе з трэсак і пяску, і светлая ўсмешка гуляе на дзіцячым твары. Свеціць сонца, пахне травой.
Выходзіць маці, высахлая, як шчэпка, з заплаканымі вачыма і кажа:
– Дзед памёр.
Светлыя вочы хлопчыка адразу цямнеюць. Памёр, гэтае слова ён звязвае, напэўна, з нечым халодным і нерухомым, з вялікай, беззваротнай стратай...
– А хутка і матуля цябе пакіне. Ялу, небарака, ты застанешся зусім адзін.
Потым яна патрухала да бліжэйшага чалавечага жытла, на хутар Тэрапя, дзе зусім яшчэ нядаўна кружылася ў вясёлых скоках, каб паведаміць, што адбылося, і папрасіць дапамогі.
I былога Вялікага Тэрапя, некалі такога пыхлівага і багатага, завезлі на могілкі. А ледзь паспела астыць зямля на магіле, як і сама Дзева звалілася хворая на ложак. Яна керхала і харкала крывёю і хутка падалася ўслед за тым, з кім падзяляла зямныя марнасці.
Ялу, адзіны сын Вялікага Тэрапя, застаўся адзін. Маленькі яснавокі хлопчык з белымі валасамі, неразумны, як лясны звярок. Што прынеслі яму гэтыя дзве смерці, ці адчуў ён страх і турботу? Можа, неяк бязладна і невыразна ён адчуў сваю безабароннасць, пустэчу... Бацька і маці, блізкія і родныя, адзіныя, што атачалі яго ў гэтым жыцці, сышлі туды, куды яму ніяк не дабрацца.
I вось Ялу – парабчук на хутары Тэрапя.
Старому дзеду Тэпо, былому нікчэмнаму шаўцу, а цяпер гаспадару хутара, узбрыло ў галаву ўзяць пад сваю апеку гэтага малога кормленца абшчыны, каб зарабіць на ім крыху грошай. Дый сама задума здалася яму даволі забаўнай: нашчадак Вялікага Тэрапя – парабак на хутары Тэрапя...
Як некалі ягонаму бацьку, яму давялося рана ўзяцца за працу на хутары Тэрапя. Ён сек дровы, вывозіў гной у санях на поле, а летам ад цямна да цямна пасвіў скаціну. Гэта нават падабалася яму. Так ён меў магчымасць пабыць адзін, далей ад Тэрапя і ягоных жыхароў.
А ўсе жыхары хутара і асабліва старая Хура, якая зусім ссохла і зморшчылася, абыходзіліся з ім пагардліва і нават здзекліва. Яны расказвалі яму пра нябожчыка бацьку, здурнелага багацея Вялікага Тэрапя. Ага, вось тут, у гэтым самым доме, дзе калісьці жыў у раскошы ягоны бацька, парабкуе гэты паганец. Гэй, ты, падкідыш, ідзі на канюшню і вучыся, як трэба жыць! Хаця чаму навучыцца гэты прыдурак? Што зробіш, калі ён зроду такі прыдуркаваты. Усе ў яго родзе такія. Нічога людскага з яго не выйдзе.
Аднак у Ялу была вельмі чуйная душа. Здзекі і грубасць пакідалі ў ім глыбокі след. Ён пачуваў сябе сіратой, самотным і чужым сярод людзей. Ягоныя вочы лёгка напаўняліся слязьмі, а тады з яго яшчэ болей смяяліся.
– Гэй, не плач, хлопча, не плач! Твой бацька не плакаў, нават калі гарэў ягоны дом! Ён узрадаваўся і пайшоў у лазню, ды так пацешыўся, што атрымаўся вось такі сын, які цяпер пускае соплі! He хвалюйся! Ты ж сынок багацея. Твой бацька таксама не хваляваўся. Вось і аддаў канцы жабраком!
I хлопчык сапраўды супакойваўся, прынамсі, на выгляд. Ён супакойваўся і, не кажучы ні слова, зноў браўся за работу. Але ягоны спакой і маўклівасць вельмі дапякалі старой Хуры, яе згрызала злосць і помслівая зайздрасць.
– Авой-авой, які ты дурны хлопец! Чаго ты разявіў зяпу, калі цябе вучаць жыццю-быццю. Даць бы табе дубца, дык адразу б усё зразумеў.
I яна паспрабавала адсцябаць яго, калі аднойчы ён трапіў пад руку, але невядома, ці праяснела ў хлопчыка ў галаве ад таго. Ён стаў яшчэ болей маўклівым, у душы ў яго падняліся злосць і нянавісць да ўсяго на свеце. Але ён пакорліва працаваў і ўпарта працягваў сваё. Ад людзей ён бачыў толькі знявагу і здзек, а таму пачуваў сябе самотным і чужым. Ён часта думаў пра бацьку, якога баяліся і паважалі, якому служылі. Ён цьмяна помніў высокую цагляную вежу, дзе жыў, калі быў маленькі, дзе весела шумеў вецер і весела жылі людзі. Ён чуў, як людзі насмешліва гаварылі пра гэтую вежу, і праз насмешку выбівалася павага і захапленне, а ён слухаў уважліва і, здавалася, абыякава.
Аднойчы ў нядзелю ён пайшоў паглядзець тое месца, дзе на беразе рэчкі стаялі руіны былога дома, і ў ягонай душы нарадзілася мара аб тым, што калі-небудзь настане час, ён вырасце і расквітаецца з крыўдзіцелямі. Ён марыў, як ён адплоціць Хуры, Тэпо і ўвогуле ўсім жыхарам хутара. У душы вырастала злосць і прага помсты, гонар і жаданне адплаціць за ўсе крыўды яшчэ болей распальвалі ягонае ўяўленне.
Ішлі гады, павольна, нібыта слімак, і слабы хлопчык рос, запамінаў і вучыўся жыць. Людзі лічылі яго прыдуркаватым, бо ён заўсёды стараўся быць адзін, маўчаў і толькі зрэдку ўсміхаўся. Летам, у нядзелю, ён звычайна сядзеў на беразе рэчкі і вудзіў рыбу. Тут, на беразе, ён мог спакойна сядзець, марыць, глядзець на паплавок і чакаць, калі клюне рыбка. Затым ён, хаваючыся, ішоў дадому і цішком скормліваў усю рыбу кату.
Аднойчы ўвечары ён гнаў дадому скаціну і ўбачыў старога, які сядзеў каля чырвонай хаціны ля моста. Гэта быў Законнік Матці, састарэлы, схуднелы і сівы, ссохлы, як галінка на марозе. Гэтае аблічча старога Ялу запамятаў на ўсё жыццё. Стары сказаў яму хрыплым шэптам:
– Ты сын Вялікага Тэрапя. Твой бацька быў разумны і горды чалавек. Будзь такім і ты. Хай не саслабее ў табе ягоная кроў.
Ялу здзіўлена прайшоў міма і падумаў: смяецца гэты стары корч, а можа, і праўда...
XVII
Так незаўважна Ялу пражыў некалькі гадоў, у працы, у засяроджаным маўчанні. Душа яго поўнілася сталымі пачуццямі. Са здзекамі і кпінамі да яго болей не чапляліся, бачылі, што хлопцу гэта ніяк не дапякае. А ён жыў толькі сваім жыццём. Ялу споўнілася пятнаццаць гадоў, а потым і болей. Стары, нікчэмны Тэпо памёр, яго пахавалі, а на магілку паставілі чорны дарагі камень. Хура яшчэ жыла, але ад рэўматызму яе скруціла і сагнула, суставы пакрыліся гвылямі і закасцянелі, яна амаль не падымаецца з ложка, ды і лежачы, усё роўна скавыча і лаецца ад болю і злосці. Гаспадаром стаў сын Тэпо, высокі і стройны. Ён пайшоў і ў бацьку і ў матку: звяглівы і з’едлівы, але дабрадушны і тупаваты.
Потым адбылося нешта такое. Законнік Матці, шэры і высахлы, аж свіціцца, памёр у сваёй чырвонай хаціне і пакінуў запавет, у якім перадаваў усю сваю маёмасць сыну Вялікага Тэрапя Ялу Тайкінамаа. Такім чынам, хлопец атрымаў у спадчыну чырвоную хаціну, стос кніжак, чарніліцу і ручку з пёрамі. На хутары зноў пачалі смяяцца і здзекавацца: давай, вялікі пан, валодай зямлёй, сей збожжа, багацей і купляй, і купляй усе землі ў наваколлі, як некалі рабіў твой бацька.
Але Ялу маўчаў і ў хуткім часе пераехаў з Тэрапя ў Чырвоную хаціну. Сякерай і рыдлёўкай ён зарабляў свой сухі кавалак хлеба з соллю і запіваў яго халоднай вадой з ручаіны. I неўзабаве людзі заўважылі, што хлопец гэтакі самы дзівак і шаленец, як дзед і бацька: ён запоем чытаў кнігі. Начамі Ялу сядзеў з кнігамі нябожчыка Матці-Законніка і з палкімі вачыма гартаў старонку за старонкай. Але большасць кніг нябожчыка былі напісаны па-шведску. I як ні стараўся сын Вялікага Тэрапя расчытаць іх, ад незнаёмых слоў у галаве нічога не прыбаўлялася, перакласці са шведскай мовы ён ніяк не мог. I што ж ён зрабіў? Ён пайшоў у царкву і дамовіўся са святаром, што той навучыць яго шведскай мове. Святар згадзіўся, і хлопец старанна ўзяўся за вучобу. Стары пробст дзівіўся з такой стараннасці хлопца, хваліў і наважваў яго вучыцца далей. Хлопчык вяртаўся ў сваю хаціну і сядзеў і чытаў, вывучаў кнігі. Неяк яму ў рукі трапіла цікавая кніжка, дзе расказвалася пра Саатаснаму, які быў абяздоленым нявольнікам, чалавекам з цяжкім лёсам і сабраў усіх паднявольных супраць свайго валадара. Вось гэта была кніга для Ялу! Кроў прыхлынула да твару хлопца, вострымі, як нож, вачыма ён прабягаў старонкі, цяжка тахкала сэрца, а па спіне бегалі мурашкі. Ён бачыў Саатаснаму хударлявым, высокім, вузкаплечым, прыветлівым, лоб ягоны хмурыўся ад цяжкіх думак, вочы глядзелі пранізліва, на поясе вісеў кінжал, а чырвонае пяро развявалася над шапкай. Хлопец чуў ягоны голас сярод грукату стрэлаў, бачыў, як зіхцелі доўгія дзіды і стальныя мячы, як барвела кроў і чырванела полымя, як у неба ўздымаліся вялізныя хмары дыму. Так Саатаснама і ягонае войска змагаліся супраць прыгнятальнікаў... «Воля! – грымеў голас Саатаснамы. – Воля або смерць!» Шчаслівыя тыя, хто гіне ад куляў у бітвах, бо ім ніколі не давядзецца лізаць пыл пад нагамі тыранаў і пакорліва гнуць шыю перад прыгнятальнікамі...
Вось гэта кніга якраз па Ялу! Хлопец чытаў і аж уздрыгваў, аплакваючы лёс Саатаснамы. Саатаснама загінуў. Ягоныя таварышы здрадзілі яму і прадалі, як нікчэмныя баязліўцы, і Саатаснаму забілі, спачатку паднялі на дзіды, а потым рассеклі на чатыры часткі. Полымя паўстання залівалася крывёю, але ідэя свабоды заставалася жыць, цеплілася і ўзрастала ў сэрцах зняволеных і прыгнечаных.
Гэтую кнігу Ялу Тайкінамаа чытаў і перачытваў некалькі разоў. Толькі калі даймаў голад, ён пакідаў кнігу, сек дровы або капаў канавы гаспадарам. Ён атрымліваў ад іх акраец хлеба і жменю солі, быў на выгляд хударлявы і слабы, але жылаваты і вынослівы, твар ягоны быў белы, а вочы гарэлі, нібы вуголле пад ілбом, які выступаў, як скала. Хлопец амаль ні з кім не размаўляў, ён хадзіў засяроджаны, паглыбіўшыся ў свае думкі. А людзі ўсё чакалі, калі ж у яго ад тых кніжак павылятаюць апошнія клёпкі з галавы.
Але здарылася так, што Ялу сталі апаноўваць зусім іншыя пачуцці. Яны хвалявалі кроў, і яму болей не хацелася чытаць чорныя адбіткі слоў на пажоўклай паперы і маляваць перад вачыма магутны вобраз Саатаснама. На хутары, дзе ён аднойчы працаваў сякерай і лапатай, каб зарабіць сабе на пражытак, ён убачыў дзяўчыну. Гэта была служанка з белай, гладкай скурай і бурлівай маладой крывёй. Маладая і прывабная. Маўклівы, змучаны працай, паглыблены ў кніжны свет Ялу адчуў, што ў ягонай крыві бурліць нешта гарачае і дурманнае. У галаву лезлі дзіўныя і спакуслівыя думкі. Яму мроілася маленькая чырвоная хаціна, чароўная жонка і дзіцятка ў яе на руках. Дарэмна ён стараўся заглушыць гэтыя блытаныя спакуслівыя думкі сілай розуму. Ён бачыў брудную хату, дзяцей, змучаную жанчыну, з якой давядзецца звязацца на ўсё жыццё, а значыць, усё жыццё не разгінаць спіны, каб здабываць ім кавалак хлеба. Вось такі лёс чакаў яго, яго, хто хацеў некалі перавярнуць жыццё, вырвацца з кола тупагаловых, такі лёс чалавека, у галаве ў якога спелі ўзвышаныя, хоць і бязладныя думкі, вялікія і дзівосныя памкненні. Аднак заўсёды бывае так, што нешта маленькае і нязначнае аказваецца мацнейшае, чым усё вялікае і прыгожае. Ён забыўся дарогу ў сваю хаціну, пакінуў старыя кніжкі пыліцца ў куце і цэлымі днямі круціўся каля вясёлай маладой дзяўчыны. Ён пераконваў сябе, што зусім неабавязкова думаць пра хаціну, дзяцей і законны шлюб. Можна і іначай: жыві, гуляй, цягні дзяўчыну да сябе ў ложак і весяліся.
Дзяўчына аказалася не вельмі пераборлівай. Ды і Ялу Тайкінамаа быў не такі ўжо паганы на выгляд: высокі, зграбны, з сумленнымі палкімі вачыма, да таго ж ён быў сынам Вялікага Тэрапя, некалі багатага і славутага чалавека. А магчыма, у схільнасці дзяўчыны да хлопца было простае жаданне жаночай паловы роду чалавечага вабіць і зачароўваць мужчын.
Такім чынам, Ялу Тайкінамаа апанавалі туманныя сардэчныя пачуцці, але адначасова з’явіліся і іншыя: раздражненне, зайздрасць і горыч.
Цяперашні гаспадар хутара, сын Тэпо, быў яшчэ нежанаты, паўсюль шукаў сабе жонку, і здарылася так, што палажыў вока на тую самую дзяўчыну, да якой заляцаўся Ялу. Па хуткім часе гаспадар хутара перамог: ён быў смялейшы, дужэйшы і, апрача таго, валодаў гэткім багатым хутарам. Дзяўчына, не доўга думаючы, выбрала багацея. Да таго ж болей прыветнага, чым небарака Ялу, ад якога можна было чакаць усяго, чаго хочаш. Праўда, яна не адразу паказала свой выбар. Яна вагалася, хісталася, нібы капялюш на пудзіле, але такое ўжо шчасце бедняка, сэрца якога працінаюць усе вятры, вось і дзяўчына ўсё вагалася і не ведала, у які бок зваліцца, ды і ці звальвацца ўвогуле. Яна зацікавіла абодвух мужчын, разбудзіла зайздрасць, варожасць і рэўнасць.
Нябожчык Законнік Матці жыў на зямлі Тэрапя, бо сваёй у яго не было, толькі гэты невялікі шматок, дзе стаяла хаціна. I вось малады гаспадар Тэрапя пачаў думаць, як дапячы свайму суперніку, і ўспамінаць, ці была закладная папера на гэты шматок зямлі. Ён пачаў шукаць закладную і знайшоў, а там было напісана, што арэнда хутка канчаецца, засталося некалькі месяцаў. Ён прыціх і стаў чакаць, а калі тэрмін сышоў, то сустрэў Ялу на хутары, дзе той ашываўся, каб пабачыць дзяўчыну, да якой яны абодва заляцаліся.
– Здаецца, гэта хата ўжо не твая. Тэрмін арэнды скончыўся, дык забірай свае кніжкі, іншае майно і матай адсюль.
Ялу спалатнеў, душу ахапіла сумота, а ўсярэдзіне ўсё кіпела ад злосці. He, яму было ўсё роўна, што яго выганяюць з хаты, не шкадаваў ён і сваіх кніжак. Злавала тое, што супернік гэтак паказаў перад дзяўчынай сваю ўладу, гэтак бесцырымонна загадаў збіраць манаткі. А гаспадар Тэрапя адчуў сябе яшчэ болей упэўненым, вырашыў паддаць жару і прыпомніў колішняе:
– Вось бачыш, Ялу, і ты страціў свой дом, як і твой бацька.
Ялу нічога не змог адказаць на тое, ён нават не падумаў, ці мае права гаспадар гэтак адразу высяляць яго. Ён адчуў пустэчу і знясіленасць.
– Плакаць не збіраюся, – нарэшце вымавіў ён. – Жыві сам тут, калі хочаш. Усё ж дармавы прытулак...
– I ў мяне дармавы, але я занепакоіўся б, калі б мне загадалі выбірацца адсюль.
Праз некалькі дзён Ялу прыйшоў паглядзець сваёй хаціны. Рамы павыдзіралі, у пустой будыніне стаяла халадэча, праз вокны намяло снегу. Непатрэбная мэбля была выкінута на двор, вецер замятаў зваленыя ў кучу кнігі, матляў раскрытыя старонкі. У той жа момант ён пачуў віскат палазоў і залівістыя званочкі: паўз яго праляцеў конь, запрэжаны ў сані, дзе сядзелі двое. I ён, і яна засмяяліся, убачыўшы чалавека, які стаяў у пустым двары і нечага шукаў у гурбах. Гэта былі гаспадар Тэрапя і маладзіца, якія, напэўна, ехалі да свяшчэнніка.
Хлопцу, які стаяў перад хатай у двары, стала вельмі цяжка. Яго нібыта наскрозь прахапіў халодны, злы і жорсткі зімовы вецер. Дарэмна ён стараўся супакоіць сябе тым, што не варта плакаць з-за гэтай жанчыны, ці мала такіх на свеце. Проста гэтая самка дорага прадаецца. Аднак ён усё ж адчуваў, што з рук у яго выслізнула нешта такое, чым ён імкнуўся авалодаць. I ён падумаў, што і хаціна, і кнігі ўсё ж нечага варты. Сядзеў бы ён цяпер каля грубкі, чытаў бы і раздумваў бы, а гэтая дурная гісторыя проста забылася б. А цяпер усё ляснула.
Ён цяжка пайшоў па глыбокім снезе, пакінуўшы свае кнігі і пажыткі пад гурбамі ў двары. Хай бяруць усе, хто хоча, ці людзі, ці чэрці.
XVIII
I вось Ялу Тайкінамаа туляецца ў змрочнай шэрай вёсцы, і ў душы яго таксама халодны змрок і пустэча, як самай халоднай зімой, безнадзейна і сумна, нібыта ў самыя вялікія маразы. Час ад часу ўздымаўся шалёны вецер, вар’яцела завіруха, бязладна кідаючыся туды-сюды. I тады душа Ялу перапаўнялася злоснай атрутай і горыччу. У шэрай пустэчы ягонай душы вырастала бязмежная злосць і прага помсты.
Яму хацелася неяк адплаціць гаспадару Тэрапя. Той адабраў у яго дзяўчыну і прытулак, дзе ён мог сядзець каля грубкі, слухаць, як за вуглом свішча вецер, дзе ён мог чытаць і мроіць пра сваё далёкае шчасце. Ялу думаў, што не так ужо і важна, не так патрэбна яму дзяўчына і прытулак, якія адабралі ў яго, а галоўнае цяпер неяк прыпомніць гаспадару Тэрапя ўсё былое, давесці яму, памучыць і ўтаймаваць, даказаць, што ён нікчэмны, гнюсны, мярзотны чалавек...
Ялу раздумваў і гаварыў сабе, што трэба быць цярплівым і дальнабачным. Калі ён стане дужым, тады ён зможа адпомсціць за крыўду... Аднак такія думкі не супакойвалі душу. Хто ведае, калі ён стане дужым, ды і ці стане ўвогуле? Адкуль яму ўзяць грошай, каб набраць сілы? З ветру і сонца?
Ялу распальваў сваю злосць, нянавісць працінала ўсю ягоную душу, нібыта цяперашні гаспадар Тэрапя быў вінаваты ва ўсіх тых няшчасцях, якія напаткалі яго ў жыцці. Аднойчы, калі хлопец сек дровы непадалёк ад лясной дарогі, гаспадар Тэрапя праязджаў міма на кані. Ён спыніўся, перадаў парабку лейцы і загадаў:







