412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пенці Хаанпя » Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя » Текст книги (страница 6)
Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"


Автор книги: Пенці Хаанпя



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 12 страниц)

А Кая Хольм цнатліва ўсміхалася і зусім не адчувала, якую горыч яна абудзіла ў салдацкай душы. Яна шчабятала, што ты ж, Матці, вядома, застанешся пагасцяваць у мяне.

– Нельга! Статуты і законы жорсткія...

– Аднак сёння ж Каляды! Кожны чалавек павінен мець хоць крыху добрай волі... А заўтра ідзе аўтакалона, вось з ёй і паедзеш.

Салдат Ноканен пакінуў свой мяшок і пайшоў адзначаць паперы. Людзей амаль не было – усе спяшаліся дадому запальваць калядныя свечкі. Калі Ноканен вярнуўся, Кая тупала на снезе. Лепей пакінуць пляцак у салдацкай канціне, а на кватэру цягнуць не варта. Матці скарыўся перад яе воляй. Відаць, так ужо было наканавана, што Каляды ён сустрэне тут. Яны пайшлі, узяўшыся пад ручку, і весела размаўлялі. Яны яшчэ маладыя. Апаленыя вайной гады, калі так хутка сталеюць і старэюць людзі, адсунуліся ўбок. Здавалася, што толькі ўчора яны праходжваліся берагам мора ў густым жнівеньскім змроку.

Дзяўчына прыціснулася да яго.

– Я часта ўспамінала цябе, – сказала яна.

– А я цябе, – адказаў хлопец.

Гэта была праўда. Ён часта ўспамінаў Каю, гэтыя казачныя ямачкі на шчоках, і самотнымі вечарамі ў сырым бараку, і на фронце, калі спалохана прыціскаўся да зямлі, і ў адпачынку ў вясёлай сябрыне, калі падпітыя хлопцы думалі, што трэба ўрваць крыху радасці ў сваёй маладосці, якая працякала нібыта пясок скрозь пальцы. Кая жыла ў прыватным доме, і ў яе быў свой пакой. Відаць, яна была ў добрых дачыненнях з гаспадыняй, а таму весела адрэкамендавала Матці як свайго старога, сапраўднага яшчэ даваеннага знаёмага, прычым з такім выглядам, з якім вядуць гаворку пра сапраўдную каву або яшчэ які-небудзь тавар са старой, даваеннай Еўропы. Яна ўмела пажартаваць.

Ім было сапраўды ўтульна і добра. Гарэлі дзве свечкі. Яны абудзілі ў душы салдата згадкі аб тых часах, калі Каляды былі вялікім святам. Да дзяцінства, здаецца, можна было дакрануцца рукой, і нібыта не было тых засушлівых ваенных гадоў, якія праляцелі над ім, як сухавей над нівай, праз якія ім давялося працягнуць сваё існаванне.

Цудоўныя ямачкі на шчоках у Каі адмаўлялі рэальнасць тых гадоў.

Цыгарэта, прапанаваная гаспадыняй, здалася вельмі смачнай пасля доўгага ўстрымання.

– Няўжо ў цябе нават цыгарак няма? – спытала Кая.

– У мяне зусім нічога няма, – адказаў Матці. – Я голы як бізун і адзін на ўсім свеце.

Дзяўчына паабяцала даць яму цыгарак нават з сабою. Ім было вельмі весела. Праз нейкі час яны ўжо абдымаліся і забыліся на ўвесь гэты марны свет.

Тым болын цяжкім было для Матці Ноканена, салдата з самага ружовага дзяцінства, вяртанне да жорсткай рэчаіснасці.

Дзяўчына прыводзіла ў парадак свае непакорныя валасы, і на шчоках гарэзліва свяціліся цнатлівыя ямачкі. Яна выглядала гэткай маленькай шэльмай, якой удаўся маленькі жарт.

– Ты ведаеш, я ж замужам.

– Замужам! – аслупянеў Матці Ноканен.

Ямачкі на шчоках зніклі. Яна ўбачыла, што гэтая звестка балюча ўразіла хлопца.

– Дык чаму ж ты раней не сказала? – змрочна спытаў хлопец.

– He магла я. Я думала, што табе будзе няёмка, нам... Я не магла цябе адпусціць...

Шчаслівае імгненне знікла. Свет і жыццё зноў набылі свае жорсткія, няпэўныя, карузлівыя, скрыўленыя абрысы.

Матці Ноканен са здзіўленнем глядзеў на Каю. Перад ім стаяла зусім чужая жанчына. Ён аж паматаў галавой.

– А ты добрая птушачка!

– Я і сама не ведаю, як так выйшла, – паспешліва загаварыла дзяўчына. – Ён добры хлопец, і малады. Ён цяпер на фронце... Ён прапаршчык.

– Вядома, хаця б адна зорачка свяціла на пагонах... – сказаў Матці Ноканен.

– А ты чаго засмучаешся? He цябе ж падманулі, а яго...

Але салдат лічыў, што падманулі і яго. Чаму жыццё не сцёрла тыя дзіцячыя ямачкі на шчоках дзяўчыны, як сцёрла ўсё астатняе...

– Ён мне падабаецца, мой муж, – гаварыла Кая. – Але так ужо выходзіць... Я цябе як убачыла пад ліхтаром, дык адчула, што проста так я не магу цябе адпусціць...

– Дык ты была ўжо замужняй, – мармытаў Матці.

– Ты можаш таксама быць якім хочаш, – абражаная і няшчасная, адказала Кая. – Я табе хацела лепшага...

Ну адкуль чалавеку ведаць, як трэба жыць? Можа, пра тое сказана ў статуце, але статут застаўся на паліцы...

Тут у дзверы загрукалі так, што затросся ўвесь дом, і нечы голас запатрабаваў адчыніць.

Кая перапалохалася.

– Гэта Лаўры, мой муж! У апошнюю хвіліну яму далі водпуск. Што рабіць?’

– Адкуль я ведаю. Можа, ён хлопец вальнадумны...

Хоць салдат быў спакойны з выгляду, аднак сур’ёзна ўстрывожыўся. Сітуацыя была для яго незвычайнай.

– Ён азвярэе, калі здагадаецца...

Прыбегла заклапочаная гаспадыня ў сваім шыкоўным халаце, і пачалася надзвычайна тэрміновая нарада. Матці Ноканен так і не паспеў як след зразумець, чый ён стрыечны брат ці родзіч, але давялося перамясціцца ў пакой гаспадыні.

У дзверы ляпалі ўсё мацней, а голас рабіўся ўсё болей нецярплівым. Нарэшце ўсё было дамоўлена. Матці Ноканен панура слухаў, як чужы мужчына з нахабнай радасцю вітаў Каю. Ён, гэты высокі юнак, які выглядаў нашмат маладзейшым ад Ноканена, у сваім некалі шыкоўным, а цяпер ужо заношаным афіцэрскім мундзіры, здаецца, зусім не звярнуў аніякай увагі на тое, што ў доме начаваў салдат. Нічога дзіўнага: свет перапоўнены салдатамі. Усё скончылася добра.

А ці так ужо добра? Салдат Матці Ноканен у тым так і не разабраўся. Занадта хутка прайшло напружанне. Ён сядзеў пануры і адзінокі, а той, другі, быў у тым пакоі, дзе ён толькі што паспытаў з Каяй хвіліны шчасця і нечаканага ўражання; нібыта ён наступіў на міну: у Каі быў муж. «Ці гуляюць зараз ямачкі на шчоках у Кайсы?»

Так думаў ён, выцягнуўшыся на вузкім ложку.

Праз Дічыліну ў фіранках на цёмным небе мільгацела калядная зорка.

Матці Ноканен, салдат з самага дзяцінства, наступным днём працягваў свой шлях. Развітанне з Каяй было халаднаватым і нешматслоўным, бо побач з ёю стаяў яе малады муж. А ямачкі на шчоках у Каі гарэзавалі, як і раней...

Калона рушыла дакладна ў прызначаны час, нягледзячы на тое, што былі Каляды. Дзьмуў сцюдзёны рэзкі вецер, і снегу было па калена. Аднак машына расчышчала снег, і грузавікі ішлі не спыняючыся. Грубка ў кузаве грэла пяшчотна, зусім як дома.

Цяпер у Матці Ноканена было што закурыць, бо ўчора вечарам Кая запіхнула яму ў кішэню пачак цыгарэт, але салдат пачуваў сябе абкрадзеным. Здавалася, што з рук вырваўся нейкі даўно забыты скарб, пра які ён успомніў, але тут жа і страціў...

Цыгарэта дымілася горка, і Ноканен у думках згадзіўся са сваім дурнаватага выгляду спадарожнікам, які праціснуўся да грубкі і, грэючы рукі, сказаў:

– Нас прадалі...

На месцы прызначэння Матці Ноканену паказалі зямлянку, а ў зямлянцы – месца на нарах, нібыта ўсё гэта чакала яго з першага дня стварэння свету. Рабочае месца было знаёмае: від на заснежанае балота, дзе чарнеў калючы дрот, гэтае павуцінне вайны... Калі ён першы раз стаў на гэтае месца, дык раптам падумаў, што ён сам, напэўна, і ёсць адзін з тых, пра якіх пішуць у газетах: нашы хлопцы стаяць на сваіх пастах.

Усё было гэтак жа, як і паўсюль, у любым іншым месцы. Заставалася толькі завучыць, як завуць новых прыяцеляў, бо імёны ў іх былі, хоць яны гэтаксама зубаскалілі і лаяліся, як і ў любым іншым месцы жартуюць і лаюцца салдаты.

– А што мы будзем рабіць, калі вайна скончыцца? – нечакана спытаў адзін з новых знаёмцаў, калі яны ляжалі на нарах.

– Як скончыцца? – здзіўлена перапытаў Ноканен.

– Калі ж небудзь скончыцца. I працаваць мы, вядома, не будзем. Трэба прыдумаць штосьці лягчэйшае і цікавейшае.

– He ведаю, – адказаў Ноканен. – Я неяк думаў павучыцца ў прамысловай школе, – паведаміў ён. – Мой брат майстар-будаўнік...

– Хе-хе, – выскаліўся прыяцель. – Занадта старыя мы для вучобы, занадта ўжо старыя... А хто маладзейшы, тыя, вядома, вернуцца туды, адкуль прыйшлі... – Яны памаўчалі.

– Дык вайна ж яшчэ не скончылася.

– А калі скончыцца, лепей за ўсё будзе падацца куды-небудзь на Свір.

Прыяцель брыдка вылаяўся, і Ноканен падтрымаў яго. Такая ўжо была завядзёнка.

– А можа, яны куды-небудзь завязуць, – выказаў спадзяванне прыяцель. – A то возяць нас і возяць і ніводнага разу не завезлі туды, дзе б не было ўжо кухараў і хлебапёкаў.

Гэта была сур’ёзная размова, якіх Ноканену даўно ўжо не даводзілася весці. У ходзе гутаркі высветлілася, што ўсе яны баяцца пасля вайны стаць нікому не патрэбнымі.

Аднак большасць з іх жыла сённяшнім днём: хадзілі ў дазоры, атрымлівалі паёк і пошту, пісалі лісты і чакалі чарговага адпачынку.

Якімі б аднастайнымі ні былі шэрае салдацкае сукно і смурод анучаў, якімі б падобнымі ні былі зашмальцаваныя калоды картаў, з якімі салдаты бавілі час, – усё гэта было толькі звонку. Малады Ноканен пачаў разбірацца ў тым. Пад вонкавай покрыўкай хаваўся чалавек, які адрозніваўся ад іншых людзей, як адрозніваліся лісты на адным дрэве. Вайна была неаднолькавая для ўсіх. Яна адбірала ў адных верхнюю канечнасць, у другіх – ніжнюю, а ў трэціх – і ўсё цела, мяняючы іх не толькі звонку, але і знутры таксама. Ён і сам нібыта з выгляду ніяк не мяняўся, але ў душы адчуваў, што цяжкое кола вайны пракацілася і па ім – адабрала маладосць.

Матці Ноканен быў вельмі ўражаны знаёмствам з салдатам Яара.

Там была зямлянка, якую празвалі «Карцёжнае пекла», бо там штодзень, штоноч, тыднямі, няспынна ішла карцёжная гульня. Там збіраліся ўсе, хто падымаўся з-за стала або разбагацелым, або голым як бізун, таксама прыходзілі туды тыя, што хацелі паціху паспытаць шчасця.

Але самым славутым з усіх карцёжнікаў быў салдат Яара. Казалі, што некалі ён выйграў во-о-сь такую суму ці прайграў шалёныя грошы. Уражвала ўпартасць, з якою салдат Яара штодзень сядзеў за картачным сталом.

Зноў прасядзеў гэтулькі часу, не падымаючыся з месца. Усе партнёры памяняліся, а Карцёжнік Яара ўсё сядзеў.

Малады Ноканен аднойчы зайшоў паглядзець на Карцёжніка Яару.

Гарэла карбідная лампадка, і патрэсканы стол быў засланы газетамі. На яго ляцелі карты: бубны, пікі, чырвы. Перад кожным іграком ляжала карта, цэнтр і стрыжань усёй гульні, і яны неспакойна час ад часу падымалі яе за рог і заглядвалі. Іх вочы блішчэлі. Яны азартна сачылі за банкамётам і за картамі, якія ён выцягваў з калоды. На стол падалі грошы – новенькія або пакамечаныя паперкі, як смецце. Чуліся дзіўныя воклічы:

– Я ў цёмную!

– Сваё гуляй!

Матці Ноканену такое не было ў навіну. Дзе б толькі ні сышліся два ці тры салдаты, яны часцяком садзіліся за карты. Але раптам яму здалося, што гэты бязладны стол, гэтыя заклятыя карцёжнікі, напэўна, самае жудаснае відовішча, якое яму даводзілася бачыць за вайну. Яны ўсе тут, аднак лёгка ўявіць, што яны жывуць у нейкім іншым свеце, невядомым яму...

Жудасна было глядзець на салдата Карцёжніка Яара. Ён быў страшэнна худы і бледны, бо еў вельмі рэдка і не выходзіў па некалькі тыдняў з гэтай апраметнай. Бруднае шчацінне пакрывала твар, худая шыя зарасла неахайнымі космамі, а рукі, якія спрытна пералічвалі стос грошай, былі чорныя ад даўняга бруду. Ягоныя мутныя невыразныя вочы часам блішчэлі, як у вар’ята. Цэлымі днямі ён не вымаўляў ні слова.

Шапталіся, што ён сядзіць так вось ужо два тыдні. Некалькі разоў ён еў, калі хто-небудзь з прыяцеляў прыносіў сюды ежу, і некалькі разоў ён спаў гадзіны па дзве ў самым цёплым кутку зямлянкі. З сабою ў яго заўсёды была пляшка, і ён часам глытаў адтуль нейкі напітак, а потым працягваў гульню. Стос асігнацый перад ім то пухне, то зусім худнее. Часам здавалася, што грошы зусім знікнуць. Тады ён выцягваў банкноты з-за халявы, з нейкіх патаемных кішэняў у штанах і працягваў гульню.

Ноканен бачыў, як яго піхалі пад бок:

– Гэй, табе на варту! Твая чарга!

Відаць было, што яму цяжка апрытомнець і зразумець, што ад яго хочуць. Ён павярнуў свой жахлівы, на думку Ноканена, твар і нецярпліва бліснуў вачыма:

– Ну!

– Табе на варту!

– Дык ёсць жа там гэтыя пяцідзесятнікі...

Голас, хрыпаты і замагільны, ледзь чуўся. Ён хуценька адлічваў некалькі паперак і аддаваў назад. Казалі, што ён ужо даўно адкупляецца ад свайго дзяжурства грашыма, па пяцьдзесят марак за гадзіну.

Яара цалкам паглыбіўся ў свет карцёжнай гульні. Ягоная худая, брудная і калматая, як у вар’ята, постаць, здавалася маладому Ноканену страшным і шкадобным відовішчам. Гэта быў крык перасцярогі: глядзіце, што вайна зрабіла з чалавекам!

Так, у тым была вінавата вайна. Усе тыя ігракі спрабавалі схавацца ад вайны, ад кашмарнага жыцця ў прывідным свеце картачнай гульні. Аднак глыбей ад усіх туды праваліўся салдат Яара. Ён ужо болей не быў салдатам, ён не быў чалавекам. У яго болей не было імя. У ім жыў апантаны нячысцік гульні.

Малады Ноканен назаўсёды запамятаў гэтую жудасную замалёўку ваеннай пары: згорбленую фігуру Карцёжніка Яары ў падзямеллі, цьмяна асветленым карбіднай лямпай, шлёпанне картаў, шолах грошай... Магчыма, у тым быў і іншы, яшчэ болып жудасны сэнс: народы свету гэтаксама захоплены страшнай ваеннай гульнёй і спыніцца не могуць, пакуль не прайграюцца да ніткі...

Зямлянку называлі «Карцёжным пеклам». Але з-пад яе змрочных скляпенняў можна было выйсці на вуліцу. I калі малады Ноканен выйшаў адтуль пад вольнае неба, яму стала нават лягчэй дыхаць.

Чарнела начное неба. Там адбіваліся ўспышкі гарматных стрэлаў, недзе далёка грукала і зусім побач стракатаў кулямёт.

Але вайна калі-небудзь скончыцца. Куды падзенецца тады Карцёжнік Яара? Ці зможа ён выбрацца з гэтай апраметнай?

Здаецца, выберацца яшчэ да канца вайны. Адным днём Карцёжнік Яара прайграў усе грошы. Hi ў халявах, ні ў патаемных кішэнях не было нічога, хоць ён аблазіў усе швы. Тут жа сплылі гадзіннік, кашалёк і фінскі нож.

Тады Карцёжнік Яара падняўся, як здань, са свайго пекла і лёг спаць на нарах.

Людзі здзіўляліся, як ён мог пражыць без гульні. Аднак змог жа! Яшчэ як змог, калі скончыліся грошы...

Такім чынам Карцёжнік Яара спыніў сваю гульню.

. Аднойчы Матці Ноканен убачыў, як Карцёжнік Яара ідзе на пост. Ён быў памыты, паголены і пастрыжаны, але вельмі худы і бледны, вочы глыбока праваліліся, аднак там абудзілася нешта чалавечае. Здавалася, што ён мог бачыць не толькі карты, здольны думаць не толькі пра шанцы на выйгрыш...

Аднак малады Ноканен сумняваўся, што гэты чалавек змог канчаткова выбрацца са свайго пекла. Напэўна, д’ябал азарту яшчэ жыве ў ім, ён проста заснуў. Калі-небудзь у яго зноў будуць грошы і зноў ён спусціцца ў тую апраметную, дзе не існуе нічога, апрача гульні. I жахлівым прывідам паўставала перад вачыма Ноканена зграбная постаць Карцёжніка Яары ў глыбіні зямлянкі пад карбіднай лямпай. Неверагодна. Няўжо гэты чалавек уратаваўся.

Але душой салдата Яара цалкам завалодаў злы дух азарту. Ноканен заўважаў, што пасля таго, як Карцёжнік Яара прайграўся, ён быў вельмі неспакойны. Спаў ён зусім мала. Кожнаму салдату вядома, што такое сон на вайне, але Карцёжнік Яара спаць не мог. Ён нічога не чытаў, нічым не займаўся ў вольны час. Ён проста хадзіў паміж зямлянак і аб нечым думаў, думаў, думаў. Магчыма, перад вачыма яго мільгацелі карты. Часам ён смяяўся хрыплым смехам, нібыта бачыў перад сабой вялікі выйгрыш. Ён ніколі не спыняўся ля «Карцёжнага пекла», дзе па-ранейшаму ішла гульня, але ўжо без яго.

Аднойчы ён трапіўся насустрач Ноканену і прапанаваў памяняцца ботамі. Ноканен згадзіўся, але доўга не мог зразумець, навошта гэта спатрэбілася Карцёжніку, бо ягоныя боты выглядалі куды лепей, чым тая заношаная пара, якую Ноканен з лаянкай нацягнуў на ногі ў складзе шпіталя. Ноканен убачыў, як Яара пачаў засоўваць пальцы за халявы ботаў, нібыта спрабуючы запіхнуць туды пачкі грошай. Можа, ягоныя боты болей падыходзілі для кашалька. Можа, Карцёжніку мроілася, як ён распіхвае вакол сваіх худых лытак грошы салдат з усяго падраздзялення.

А можа, нічога яму не мроілася. Проста Яара памяняўся ботамі, каб запоўніць такі пусты аднастайны дзень без гульні, якая была для яго адзіным прыстойным заняткам у гэтым свеце.

Так думаў Ноканен, гледзячы ўслед Карцёжніку, які тупаў па сцежцы на сваіх тонкіх нагах сагнуты і счарнелы, як стары цыган.

Салдат Нійло Яара сеў за брудны стол перад сапсаванай карбіднай лямпай, абы-як залепленай мылам. Лямпа шыпела і часам ярка ўспыхвала. Яара пачаў пісаць ліст да жонкі.

– Прывітанне з.., – пачаў ён. Аднак за бадзёрым пачаткам пайшлі нейкія бяздушныя пустыя словы. Ліст не атрымліваўся. Ды і пра што пісаць? Ад пісаніны нічога не памяняецца. Ён быў амаль упэўнены, што жыццё без сям’і, без жонкі не такое ўжо і дрэннае, асабліва калі таго патрабуе час. Жонка, чый старэчы твар ён з вялікай цяжкасцю аднавіў у памяці, была надзіва далёкім успамінам, гэтак жа як і маленькая хаціна на ўскрайку вёскі, як маленькія лапікі поля, гавяда і конь, якога ўсе гэтыя гады кармілі дарэмна. Такімі ж далёкімі сталі для яго і дзеці – дачка і сын. Ён думаў пра іх, як пра чужых дзяцей. Ці мала такіх бегае ў кожнай вёсцы.

«Ну і няхай сабе жывуць», – стомлена падумаў ён. Атрымліваюць жа яны ваенную выплату ад дзяржавы, а дзяржава куды болей надзейны апякун, чым нейкі там Яара. Так супакойваў ён сваю душу і сваё сумленне.

Праўду кажучы, ён пачаў адвыкаць ад сям’і, ад дому і ад родных яшчэ ў мірныя часы, у перадваенныя гады, калі падаўся з канём на лесанарыхтоўкі. Такое жыццё здалося яму цікавейшым. Там ён пачаў гуляць у карты, уцягнуўся ў гульню, а на вайне і зусім глуздануўся ад картаў.

«Я звар’яцеў», – думаў ён. Ён адчуваў, што прапаў канчаткова і нічога яму ўжо не дапаможа. Ды гэта нічога. Ён цешыў сябе тым, што калі-небудзь зможа пакончыць з усім гэтым, калі ў адну чароўную хвіліну ўсе грошы, усе гадзіннікі з кішэняў усіх партнёраў пяройдуць да яго. I тады ён устане з-за стала, пацягнецца і, пазяхнуўшы, скажа, што трэба канчаць гульню, бо гуляць болей няма каму. Вось тады ён і завяжа.

А пакуль ён жыў толькі гульнёй. I цяпер таксама, думаючы, што б такое напісаць жонцы, ён бачыў перад сабою карты. Яны ляцелі і лажыліся на стол. У яго была масць, падбор масці з самай маленькай. У партнёра – таксама, але не такая моцная. Ён чуў, як партнёр бездапаможна шэпча: «Трэба глянуць...» А ў яго была тая самая галоўная карта, якая і патрэбна, якая заўсёды была ў яго.

Аднак, папраўдзе, у гульні яна была не заўсёды. Калі б яна і сапраўды была, дык яму б не давялося вось так пакутаваць без улюбёнага занятку. Ён мог бы сядзець і чакаць, пакуль пашанцуе, бо такі момант можа настаць калі хочаш. Тады ён абыграе ўсіх і кіне гульню... А магутная ваенная дзяржава будзе бацькам для ягоных дзяцей, і трэба сказаць шчыра, будзе багатым бацькам. Яара можа гуляць спакойна. Яго ж маглі тут і забіць.

Але ж Карцёжнік Яара нават лісты піша, а забітыя не пішуць. Ды аб чым ён будзе пісаць? У мяне ўсё добра, прывітанне, бывайце здаровы. Няма чаго тут распісваць! Хто-ніхто ўжо меў справу з ваеннай цэнзурай...

Потым ягоныя думкі неяк зачапіліся за каня, які там дома толькі дарма стаіць у канюшні і жарэ сена ў чаканні, пакуль вернецца гаспадар і падасца на заробкі. Жонка неяк скардзілася ў лісце, што цяжка з кормам, што цяжка трымаць каня. I раптам яго натхніла. Няхай жонка прадасць каня!

I тут ён пачаў страчыць бадзёра, складна і ўпэўнена.

Сусед, які часцяком браў каня на свае патрэбы, ужо не адзін раз прапаноўваў прадаць яго. Дык няхай. жонка прадае і не думае! На грошы можна купіць дроў, і гэта будзе лягчэй, чым самой жанчыне цягаць бярвенні. Ды няхай купляе што хоча, калі не хапае ваеннай даплаты. I не трэба траціць грошай на корм каню. А коні цяпер у цане. Нійло Яара растлумачыў усе выгады гэтай справы і дадаў, што гаспадару трэба выслаць пяць тысяч марак, бо ён, Нійло Яара, тут праверне маленькую гандлёвую аперацыю...

Калі ён скончыў пісаць, то падумаў, што гэта была выдатная прыдумка і што зноў можна будзе паспытаць шчасця ў гульні. Ён уявіў, як злосна засмяялася б жонка, калі б ведала, што гандлёвая аперацыя гаспадара – гэта гульня ў карты. Як злосна яна закрычала б: «Нійло, ты звар’яцеў!» Але надзея зноў пачаць гульню завалодала ім, і нічога не было на свеце больш важнага, чым вярнуцца ў карцёжны свет...

Вядома ж, гаспадыня прадасць каня, бо клопату стане меней, ды і грошы будуць. А хто ж не хоча мець грошай? I яна абавязкова вышле патрэбную суму. Паспрабавала б яна запярэчыць тады, калі Нійло Яара быў дома!

Нійло Яара быў амаль у добрым гуморы, калі заклейваў ліст. Абудзілася надзея, што ён зноў пачне жыць. Тады можна будзе гуляць па-панску, не баючыся, што сто марак ваеннага салдацкага жалавання сплывуць імгненна і давядзецца вымятацца з-за стала.

Некалькі тыдняў ён жыў гэтай светлай надзеяй. Нарэшце грашовы перавод прыйшоў, Карцёжнік Яара зноў спусціўся ў «Карцёжнае пекла», дзе няспынна ішла па кругу карта. Ён папрасіў, каб і яму далі карту, і сеў на сваё звычайнае месца.

I ўсё пачалося зноў. Карцёжнік Яара чэзнуў над картамі цэлымі тыднямі, плаціў за свае дзяжурствы і надзіва мала еў. Часам, калі азарт гульні крыху спадаў, ён, хістаючыся, выходзіў на волю, каб перадыхнуць, памыцца, пагаліцца і як след паесці. Ён выходзіў адпачыць ад гульні і зноў жа да яе вяртаўся. Шанцавала яму не заўсёды, але грошы пакуль што былі. Часам шырокія халявы ботаў ледзь змяшчалі пакамечаныя паперкі. Ягоныя ўчэпістыя, спрытныя, чорныя ад бруду пальцы пяшчотна мацалі след ад кулі на халяве старога бота.

Была зіма, і ўпершыню пачалі хадзіць чуткі аб канцы вайны, над гарадамі роднай Суомі з’явіліся варожыя самалёты, падалі бомбы, і счарнелыя руіны заставаліся там, дзе некалі было штосьці іншае...

Карцёжнікі часам пачыналі гаворку пра перамір’е. Але ўсе прыходзілі да высновы, што Фінляндыя таго не зробіць, бо «зяцёк» не дазволіць.

Карцёжнік Яара не цікавіўся тымі разважаннямі. Бліскучымі вачыма ён сачыў за картамі, і страшна было глядзець на яго: зарослы, брудны, худы, як здань, ён жыў у сваім сусвеце азартнай гульні і чакаў той шчаслівай хвіліны, калі абыграе ўсіх і не знойдзецца навокал нікога з грашыма, куды ні глянь.

Але такая вялікая хвіліна не настала ні ў гульні, ні ў сусветнай вайне.

Надышла вясна, снег растаў, вясенняя вада заліла акопы, і ў зямлянках стала мокра. У «Карцёжным пекле» лаяліся, калі на стол і на новыя карты траплялі вялікія кроплі.

Аднак зямля хутка высахла. Аднойчы карцёжнікі вылезлі са сваёй зямлянкі і працягвалі гульню на дне нейкай ямы. Дзівосна сінела неба, святло ашаламляла, свежая зеляніна лісця дражніла вочы, з зямлі высоўваліся зялёныя парасткі травы. Лёгкі ветрык даносіў чароўны водар вясны, часам чуліся птушыныя галасы.

Толькі наўрад ці карцёжнікі зважалі на тое. Яара ж пад адкрытым небам, на яркім святле выглядаў яшчэ страшней. Ён быў проста ўцякач з царства духаў. Для яго існавалі толькі гульня, толькі азартны карцёжны сусвет...

Потым надышоў час, калі карцёжнікі навастрылі вушы і адчулі, што пачаўся новы этап вайны. Праціўнік прарваў фронт і распачаў вялікае наступленне. Толькі Карцёжнік Яара, здаецца, не зважаў на тыя навіны. Ён слухаў іх так, нібыта гаворка ішла аб наступленні і контрнаступленні недзе далёка ў Кітаі. Ён гуляў, бо гульня працягвалася незалежна ад змен на фронце. А гульню Нійло Яара ведаў выдатна і гуляў з тонкім разлікам. Яму шанцавала. У халявах і патаемных кішэнях было поўна грошай.

Аднак вялікая мэта – усеагульная перамога, канчатковае знішчэнне супраціўлення, надзея на якую ўсё яшчэ жыла ў ягонай галаве, не была дасягнута. Партнёры пакуль што былі, хоць і не так шмат, як раней. Ды і думалі яны пра нешта іншае, а таму Яара, чые думкі засяродзіліся толькі на картах, лёгка абдзіраў сваіх праціўнікаў.

Аднак надышоў дзень, калі змены, якія даўно прадчуваліся – паражэнне на Карэльскім перашыйку, – пачалі ўплываць і на іх. Карцёжнікі вылезлі з ямы, і толькі тады канчаткова высветлілася, да чаго дагуляўся Нійло Яара. Ён выглядаў зусім бездапаможным, калі калоды картаў распіхалі па кішэнях. Ён стаяў, круціў галавой, жмурыў вочы, нешта мармытаў сабе пад нос, і адзінае, што мог зрабіць, – гэта выцягнуць грошы з кішэняў і халяў. Ён змясціў іх у болей надзейнае месца – у заплечны салдацкі мяшок. З тае пары яго ўжо ніхто не лічыў нармальным.

Аднак ён здолеў стаць у строй, калі пачалося вялікае адступленне. Аслабелы, падобны на цень, ён, хістаючыся, цягнуўся за таварышамі, як уцякач з царства ценяў. Пляцак і зброя згорбілі яго, як Дзеда Мароза, боты да крыві разбівалі і цёрлі ногі. Напэўна, ён не слухаў і не разумеў, аб чым гамоняць салдаты. He разумеў ён і іхніх жартаў. «Хіба мы ўжо не стаім на Свіры? Ці паспелі нашы прыхапіць хаця б вядзерца з Анежскімі хвалямі, як раіў Цілт?» Салдаты з’едліва казалі, што ім так і не давялося выпрабаваць стратэгічную прыдатнасць тых рубяжоў, куды яны так азвярэла рваліся на пачатку вайны. Яны злосна цікавіліся, чаму гэта Фінляндыя, бедная і маленькая, вырашыла наведаць гэтыя месцы і нават набудаваць дарог і Божых храмаў...

Так яны размаўлялі на маршы, і гэты маленькі крытычны разбор стратэгічных дасягненняў крыху ажыўляў і суцяшаў салдат. Толькі салдат Яара ішоў моўчкі, як здань, і ўпарта, нібы цень.

Калі на світанку самалёты атакавалі калону і шмат у каго сціснулася сэрца – няўжо надышла тая хвіліна, калі вайна скончыцца навечна, – Карцёжнік Яара ўпарта сядзеў на купіне і сцягваў боты. А калі калона рушыла далей, то ўсе ўбачылі, што салдат Яара ідзе босы. Суседзі пыталіся, ці не прайграў прыдурак Яара свае боты ў карты, і Яара адказваў гэткім жа тонам, што боты ён пакінуў, бо яны даўно ўжо варагавалі з нагамі.

Боты засталіся на ўзбочыне – адзін дагары падэшвай, а другі стаяў стаўбуром. А салдат Яара працягваў свой шлях, месячы босымі нагамі Аланецкі бальшак, па якім у густых хмарах пылу вярталіся дадому калоны салдат.

Так і праляжалі боты на ўзбочыне дарогі цэлы дзень – адзін стаяў, а другі валяўся побач. Бязлітасна паліла сонца, і ад пылу яны сталі шэрымі.

А вечарам на дарозе зарыпелі колы. Праходзіў даўгі ваенны абоз. На адных калёсах сядзеў салдат Вяйнё Лехто, высокі чарнявы дзяцюк, які звычна акідваў вясёлым дапытлівым позіркам усё навокал, і было відаць, што жыццё абрыдла б салдату, калі б яму завязалі вочы. I хоць пачынала вечарэць, рухавы позірк салдата наткнуўся на бот, які стаяў каля дарогі. Ён скочыў з воза, схапіў пакінутыя Карцёжнікам Яара боты, зноў залез на калёсы і пачаў разглядаць знаходку. Гэтыя боты яшчэ можна панасіць, ды і памер падыходзіць. Лехто гукнуў суседу: «Вось што значыць быць саюзнікам у Госпада», бо толькі сёння ўранні ён абы-як прыладзіў падэшву свайго старога бота, і вось зараз можа абуць неблагія боты, а старыя запхнуць куды-небудзь паміж стосамі папер на возе. Салдат Вяйнё Лехто ніяк не мог зразумець, навошта цягаць гэткія кучы папер. Гармату ж паперамі не зарадзіш...

Абоз шчасліва поўз усю ноч і большую частку дня. Вяйнё Лехто акідваў наваколле хуткім учэпістым позіркам і думаў: «Бывай, Вялікая Фінляндыя. Занадта вялікую костку ты ўхапіла. He па зубах яна табе...»

Далёкі гул самалётаў насцярожваў. Ніколі не ведаеш, калі яны наляцяць з такім. грукатам і чыркатаннем, што, здаецца, неба развальваецца на кускі, а гэты ўвогуле прыемны шлях дамоў ператвораць у шлях на Галгофу... Аднак таго не адбылося. На дзень спыніліся ў лесе, а ў начным прыцемку абоз пагрузілі ў эшалон. Казалі, што полк кінулі затыкаць прарыў на галоўным напрамку фронту. Абоз кіраваўся туды ж.

Цягнік рушыў з месца і пайшоў. Толькі занадта ўжо шумна і адкрыта, бо летняя ноч была светлая, хмараў на небе амаль не было, і кожную хвіліну можна было трапіць пад налёт.

А на адной станцыі так яно і выйшла. Наляцелі самалёты, загрукаталі бомбы, затрашчалі кулямёты. А калі налёт скончыўся, то высветлілася, што страты невялікія, як сярод людзей, так і сярод коней. Вось вагонам дасталося болей. Паравоз, праўда, ацалеў, і пасля невялікай папраўкі цягнік зноў рушыў наперад.

Пад час гэтага падарожжа салдат Вяйнё Лехто ўпершыню пабачыў бежанцаў, пабачыў дарогі, забітыя вазамі, рыкаючымі каровамі і людзьмі. Жанчыны, дзяўчаты і малыя дзеці мясілі гразь на ваенных дарогах. Так яны днямі ішлі пад ветрам і дажджом. Гэтае відовішча моцна ўразіла салдата, але не атруціла ягонай душы, а зберагчы душу чыстай і жывой таксама нямала ў такія часы...

I салдат Лехто стаяў каля дзвярэй вагона і спяваў: «Разбагацею, калі будзе багатая спадчына...»

Ён падумаў, што спявае старую, яшчэ даваенную песеньку. Нездарма старыя казалі, што людзі паміраюць і ў мірны час, а не толькі на вайне... А ўвесь народ ніколі не загіне... Ён пройдзе праз усе нягоды, але выжыве...

На адной станцыі Лехто пагутарыў са старым інгерманландцам[5], які вельмі не любіў калгасы. Ён казаў, што яму вельмі падабаецца Фінляндыя, краіна, дзе кожны жыве як захоча.

– Нічога, трапіш і ты ў зямлю запаветную, – сказаў яму Лехто. – I пажывеш там... Вось толькі мы яшчэ крыху паваюем...

Так салдат Вяйнё Лехто разам з абозам даехаў да Карэльскага перашыйка, пабачыў там спусцелыя вёскі і падумаў, што ніколі не забудзе такога відовішча. Аднойчы ён убачыў у глухім лесе прыгожага пеўня, які зваліўся ці сам зляцеў з воза, але і тут у адзіноце збярог ганарлівую афіцэрскую выпраўку. I гэты певень таксама, на думку Лехто, уяўляў нешта незабыўнае ў гэтым свеце вайны і бежанцаў.

З фронту амаль увесь час даносіліся далёкія цяжкія ўдары. Часам яны пераходзілі ў няспынны грукат. Гудзелі самалёты. А ваенная дарога жыла звычайным жыццём: на фронт везлі боепрыпасы, а з фронту – забітых і параненых, гэты жудасны ўраджай вайны.

На гэтым полі працаваў і Лехто са сваім канём: ён ездзіў туды, куды не маглі прайсці машыны. Конь яму трапіўся рахманы і разумны: варта было гаспадару кінуцца на зямлю, пачуўшы выбух, як конь таксама лажыўся. Ён шкадаваў гэтую разумную істоту. А калі гаварыў, што, мабыць, сумна яму было хадзіць у баразне, то лавіў сябе на тым, што чакае ад каня адказу.

Так праходзіла лета. Удзень цэлыя хмары мух гудзелі ў паветры, а ў светлым змроку белай начы стракаталі конікі.

Народ чакаў навін, і навіны пачалі прыходзіць. Змяніўся кіраўнік дзяржавы, заключылі перамір’е, выйшаў загад спыніць агонь. Салдаты нават неяк разгубіліся, калі зразумелі, што пасля перамір’я яны апынуліся на другім баку фронту. Болей ніхто не абяцаў «паказаць русам», пачалі ветліва гаварыць аб Савецкім Саюзе.

Адным днём салдат Вяйнё Лехто зноў апынуўся ў ваенным эшалоне, які павёз яго на поўнач. Там, здаецца, зноў збіраліся ваяваць, каб выгнаць «зяцька». Нядаўні брат па зброі не толькі не прызнаў перамір’я, а ўзяўся падрываць масты і паліць вёскі.

На адной станцыі цягнік спыніўся надоўга. Там Лехто, які ўвогуле быў хлопцам гаваркім, пазнаёміўся з салдатам Ахвенам. Гэты салдат шукаў сваю часць пасля адпачынку.

Гэты немалады мужчына са зморшчаным карычневым тварам расказаў пра сваё жыццё, у якім было шмат падзей, але ўсе яны былі вельмі падобныя. Пад час зімовай вайны фіны спалілі ягоную хаціну, каб яна не дасталася рускім. У гэтую вайну яму пабудавалі так званы дом братоў па зброі. Аднак нядоўга ён пажыў там. Мінулым летам давялося пакінуць і гэты дом, бо з’явіліся партызаны, каб нашкодзіць і рускім, і фінам, спалілі і гэты новы дом.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю