412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пенці Хаанпя » Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя » Текст книги (страница 5)
Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"


Автор книги: Пенці Хаанпя



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 12 страниц)

– Як гэта? – здзівіўся Корпі. – Я замінаю прахожым? Вы толькі паслухайце, як ласкава я клічу: тпрусенька, тпрусенька, тпрусенька...

Аднак ён раптам раззлаваўся і ператварыўся ў бязлітаснага воіна:

– Апрача таго, тылавым сабакам няма ніякай справы!..

– Ну, пабачым! У нас ёсць месца, дзе можна адпачыць і супакоіцца.

У гэтую хвіліну ліса і жаночы твар апынуліся зусім побач, амаль нябачныя ў цемры.

– Паслухайце! – раздаўся пявучы насмешлівы голас. – Мне здаецца, што салдат паводзіў сябе даволі прыстойна. Так жа клічуць цялят, праўда? О, гэта вельмі пацешнае стварэнне... Ці не лепей нам разысціся па-сяброўску, тым болей што хутка Вялікдзень...

– З задавальненнем, пані. Але наўрад ці зможа гэты ваяка яшчэ некуды пайсці.

– Пані, – мармытаў Корпі, – шаноўная пані, мы тут маем справу з аматарам праводзіць п’яных...

– О, ды гэта гучыць як у Стрындберга, – адказала пані ў футры.

Тут дзверы рэстарана адчыніліся, і на вуліцу зноў упала палоска святла.

– Дык гэта ж мой родзіч, – выгукнула жанчына. – Пан канстэбль, я забіраю яго з сабою. Ці не зробіце вы паслугу знайсці нам возчыка?

Уражаны паліцыянт ветліва казырнуў. Напэўна, ён ведаў гэтую даму ў футрах і быў здзіўлены яе паводзінамі.

Але капрал Корпі не ведаў нікога. Ён быў у свеце хаосу і соннага адурэння. У гэтую хвіліну ён не пазнаў бы ні бацькі, ні маці. Ён мармытаў:

– Вы занадта добрая, пані...

I тут жа зарагатаў:

– Вось дык цётка! Добрая ідэя!

Пані шчыра засмяялася:

– Нядрэнная ідэя! Я ж не магу вас кінуць так... Ці, можа, кінуць?

Капрал Корпі паглыбіўся ў роздум, засунуўшы рукі ў кішэні расшпіленага шыняля, які перад тым швейцар толькі што зашпіліў на ўсе гузікі.

Прыехаў возчык, капрал залез у экіпаж, а дама села побач. Конскія капыты зацокалі па цёмных вуліцах. Корпі, здаецца, заснуў. Часам ён прачынаўся і зухавата крычаў: «Возчык, заварочвай!» Потым пачынаў з кімсьці сварыцца і зноў засыкаў.

Але калі дрожкі спыніліся, ён вельмі бадзёра саскочыў, ляснуў абцасамі і ліха ўзяў пад казырок.

– Дабранач, шаноўная пані.

– Э, не! – сказала жанчына. – He выйдзе. – Яна заплаціла вазаку і растлумачыла: – З гэтымі вясковымі родзічамі адна бяда.

Возчык пасміхнуўся ў вусы, цокнуў на каня і паехаў прэч.

– Нам, пэўна, пара і адпачыць, – сказала дама капралу, які цяпер стаў ціхім і паслухмяным.

Корпі на непаслухмяных нагах рушыў у дом.

Калі капрал Корпі прачнуўся, ён згледзеў, што ляжыць на белым мяккім ложку без фрэнча і без ботаў, але ў штанах. Адразу кінулася ў вочы, што ягоныя паношаныя штаны выглядаюць на белых прасцінах бруднымі рызманамі. У галаве шумела, а ў роце ўсё перасохла. Здавалася, што рот у яго ператварыўся ў птушыную дзюбку.

Капрал перавярнуўся на другі бок, убачыў на начным століку графін з вадой, працягнуў руку і напіўся. Стала крыху лягчэй. Безумоўна, ужо быў дзень, хоць у пакоі панаваў ласкавы прыцемак, пэўна, з-за апушчаных фіранак. Пакой быў абстаўлены вельмі густоўна. Паліраванае дрэва, скураная абіўка, на сценах карціны.

Капрал Корпі ціха вылаяўся і здзівіўся, што за праява такая здарылася з ім. Аднак на ягоным фрэнчы, які вісеў непадалёку на крэсле, па-ранейшаму былі капральскія лычкі, а не генеральскія эпалеты. Капрал паспрабаваў што-небудзь прыпомніць: «Вось чортаў Нэпянен! Куды ён мяне зацягнуў?» Але капітан знік, як ранішні туман, а капрал ніяк не мог звязаць парваныя ніткі ўспамінаў.

Ён устаў і падняў штору на акне. Вось гэта краявід! Вось дык пакой: на падлозе шыкоўны дыван, у якім патаналі босыя ногі. За акном быў двор з гожымі дрэвамі і кустамі, снег крыху падтаў і блішчэў на сонцы. На стале ляжалі цыгарэты, цыгары і нават тытунь. Ён напхаў сваю люльку, сеў у мяккі фатэль і моцна зацягнуўся. Вось дык так! Што ж, вышэй галаву, Корпі! Такое цудоўнае прабуджэнне, чаго ж лепей?

У дзверы пастукалі.

– Калі ласка!

Увайшла ўжо немаладая добра дагледжаная пані. Яна была ў сінім, сінія вочы смяяліся.

– Добрага ранку! Ну, як вы сябе пачуваеце?

Капрал Корпі падняўся і пакланіўся:

– Дзякуй, нядрэнна. Аднак я крыху здзіўлены. Я не надта вам назаляў?

– Як мне вядома, не надта.

– Праўду кажучы, я павінен задаць славутае пытанне: дзе я?

Пані пацяшалася. Яна падышла бліжэй, і Корпі добра разгледзеў, што яна і сапраўды ўжо не першай маладосці.

– А дзе вы меркавалі быць?

– Я меркаваў? – спытаў Корпі і вырашыў гаварыць шчыра, бо гэта магло спадабацца гаспадыні. Ён махнуў рукой. – Ніякіх меркаванняў не было! Але мяркуючы па ранейшым вопыце, мне належала б прачнуцца зусім у іншым месцы. Якое прабуджэнне! Да прыкладу, гэты дыван пад нагамі. Пад нагамі павінна была быць цвёрдая цэментавая падлога, не зусім сухая і чыстая. Глотку пячэ і смажыць. I толькі настукаўшыся даволі нагамі ў дзверы, атрымаеш бляшанку з вадой.

Пані ўжо не ўсміхалася. Яна глядзела на Корпі сур’ёзна.

– Што ж! Гэтым разам вам пашанцавала...

– Безумоўна, але калі выбіваешся са звычнага кола, дык заўсёды крыху непакоіліся, не зусім пэўна пачуваеш сябе...

– Нічога, вам не пашкодзіць крыху пахвалявацца. Учора вы былі зусім п’яны...

– Свіння свіннёй, – нягучна прарыпеў Корпі.

– Але я зусім забылася...

Пані растлумачыла яму, як знайсці прыбіральню, і выйшла. Зіхцеў фарфор. Безумоўна, гэта шыкоўны дом, і гэтая шыкоўная бабуля – лепшая з усіх бабуль. У галаве ў Корпі ўвесь час круцілася думка, што трэба быць ветлівым і выхаваным, каб падоўжыць такое шчасце...

Ён старанна памыўся, аднак бянтэжыў брудны мундзір. Хаця хто яго ведае, можа, ягоны выгляд і падабаецца пані. Можа, яна і хоча пазнаёміцца з гэткім зухаватым воінам-франтавіком. А ў сваіх штанах і фрэнчы Корпі пачуваў сябе выдатна...

Яго паклікалі піць каву. Прыгажуня-служка з цікаўнасцю паглядзела на госця. Аднак цяпер капрал быў непахісна адважны. «Куды ж ты заляцеў, чорны крумкач?» – падумаў Корпі[3].

Свежы абрус, свежыя кветкі і натуральная кава. Пэўна, багатая і абачлівая бабулька, халера яе бяры.

Натуральная кава вясной сорак трэцяга года! Апрача таго, каля кубачка з кавай стаяла чарка каньяку.

– Падлячыцца, – сказала пані. – Думаю, што вам палепшае. Але калі даць такіх лекаў болей, то нават самы адважны салдат зваліцца з ног, як гэта было ўчора...

– Так, – уздыхнуў Корпі. – Гэта было ўчора.

– Паабяцайце забыцца пра гэта на доўгія часы.

– Папраўдзе, – сказаў Корпі, – цяпер яно атрымаецца само па сабе. У мяне ў кішэні знайшлася толькі пяцёрка. А таму ўчора салдат і апынуўся на вышыні...

– Дык вы не выпіваеце, толькі калі няма грошай?

– Ніколі не спрабаваў. Я ніколі не складаў ніякіх планаў. Магчыма, гэта і проста зрабіць. Аднак скажыце ж, нарэшце, дзе я?

Жанчына паглядзела на яго здзіўлена і з папрокам.

– Дык вы нічога не памятаеце? Адбылося гэта так. Мне стала сумна. Я ішла па галоўнай вуліцы і слухала, як у цемры стукаюць жаночыя драўляныя падэшвы і тоўстыя абцасы чужаземных салдат. Я думала аб мінулым, і старыя часы ўсплывалі ў памяці так ярка, як асветленыя вітрыны. А навокал была цемра і тупат ног. Куды яны ішлі? Журботныя думкі захапілі мяне: «Як суцешыць мой народ? Ужо вясна, і набліжаецца Вялікдзень». Тысячы ўспамінаў атачылі мяне. Я праходзіла каля адчыненых дзвярэй і пачула, як вы клікалі цяля. Я ўспомніла далёкае вясковае дзяцінства. Я мелькам убачыла ваш твар, і ён здаўся мне страшным і цнатлівым. Напэўна, я пайшла б далей, ды тут у вас пачаліся непрыемнасці з паліцыянтам. I мне стала шкада вас, аднаго з многіх вандроўнікаў па гэтым свеце мітусні і вайны. Я вырашыла зрабіць падарунак да Вялікадня салдату, абаронцу айчыны. Я не доўга думала і дапамагла вам...

Капрал Корпі амаль збянтэжыўся.

– Гэта быў высакародны і гераічны ўчынак. Гэта вельмі незвычайны падарунак. Дзякую, пані...

– Бачыце, зацямненне надае рашучасці. I мне заўсёды падабалася даваць людзям нагоду пагаварыць...

– Капралу Корпі гэта даспадобы... Госпад заўсёды літасцівы да дурняў...

– Во як! Значыць, ваша прозвішча Корпі. А я пані Рысу, удава, домаўладальніца і камерсантка.

Гэта прозвішча Корпі даводзілася чуць і раней. Рысу былі ўладальнікамі гандлёвых прадпрыемстваў, шматлікіх дамоў у горадзе і, здаецца, у вёсках. Гэтая жанчына – гарадскі павук, але нічым не адрозніваецца ад простых людзей і, здаецца, не супраць пазабаўляцца.

Яны працягвалі размову. Высветлілася, што капрал Корпі ў адпачынку і мае некалькі дзён яшчэ.

– Значыць, вам трэба выехаць у пятніцу перад Вялікаднем. Чаму гэта вы так дрэнна разлічылі свой водпуск?

– Бо мне гэта падыходзіць найболей. У мяне няма ні дома, ні сям’і, ды і родзічаў амаль няма. Усё маё я нашу з сабою.

– Дык тады гэтыя астатнія дні вы будзеце маім госцем. Згодны?

Капрал Корпі сказаў, што не мае нічога супраць. Толькі вось каб не надакучыць пані.

Наадварот, ёй будзе вялікая радасць прывеціць і пачаставаць невядомага салдата, зрэшты, не такога ўжо і невядомага...

Так пазнаёміліся пані Рысу і капрал Корпі.

Канец водпуску прайшоў адносна нядрэнна. Яны схадзілі нават у тэатр, хадзілі па цёмных вуліцах, добразычліва, прыстойна гутарылі за кавай і за абедам. Капрал спаў у княжацкай пасцелі, сядзеў у страшэнна глыбокіх утульных крэслах, смактаў сваю піпку і шкадаваў, што ніхто з ягоных сяброў не бачыць гэтага казачнага неверагоднага жыцця. Позіркі маладой феі-служкі болей ніяк не бянтэжылі яго.

Часам гаспадыня і госць разглядалі адно аднаго з прыхаванай цікаўнасцю, нібыта імкнучыся разгадаць думкі і намеры субяседніка. Няўрымслівай душы капрала Корпі нават крыху стала сумна. Аднастайная раскоша, чысціня і стамляючая ўтульнасць. I нават гаспадыня ў нейкія моманты здавалася яму паскуднай размаляванай і напарфумленай старой сыраежкай. Здавалася, што яна ўвесь час імкнецца залезці ў чужую душу. Выпіўкі яна болей не давала і грэбліва крывілася, калі капрал запальваў сваю ўлюбёную піпку. Дзіўны быў яе велікодны падарунак, ды і сама атрымала не менш дзівосны...

Калі надышоў дзень ад’езду, капрал Корпі адчуў сябе так, нібы яго выпускаюць з вязніцы. Пані правяла яго на станцыю з годнасцю, як і належыць велікасвецкай жанчыне, салдацкай маці. Яна сказала, што спадзяецца, што «арыштант» пакідае яе не навечна. Корпі ўціснуўся ў вагон са сваім пляцаком за спіной. Там былі розныя смачныя рэчы і падарункі.

Пыхнуў паравоз. Закруціліся колы. Яны памахалі адно аднаму – шыкоўная дама з перона і капрал у заношаным мундзіры з вагоннай прыступкі. На перасадачнай станцыі Корпі падсеў да двух салдат, якія змрочна прыкладваліся да пляшкі і параўноўвалі месцы, дзе яны правялі апошнюю ноч. Адзін пабываў на «губе» ў Оўлу, другі – у Каяні. Адзін пераначаваў на цэментавай падлозе, пакрытай вадкай гразёю. Толькі маленькае акенца было пад самай столлю, ды «вочка» ў дзвярах. Затое ў другім горадзе былі нават нары, голыя, але сапраўдныя нары, і вялікае акно.

Адзін салдат змрочна выслухаў гэтыя аповяды і абвясціў сваю выснову:

– Ніколі не паеду адпачываць у Оўлу.

– He едзь! – усклікнуў другі. – Лепей едзь у Каяні альбо Ійсалмі – там губа лепшая...

Слухаючы гэтую гутарку, капрал Корпі адчуў сваю перавагу. Ён спасціг, што быў чалавекам, які прайшоў па незвычайнай дарозе.

Тое прабуджэнне было шчаслівым і шыкоўным, незабыўным велікодным падарункам.

Вясна бурна перайшла ў свой вялікі наступ.

Капрал Корпі адчуў тое на канцавой станцыі. У цэнтры, дзе збіраліся адпускнікі, паведамілі: машыны далей не ідуць, пачалося бездарожжа.

Аднак вясна ад таго не страціла сваёй прыгажосці.

Цудоўныя светлыя ранкі і вечары, радасна шчабечуць птушкі, зямля пад нагамі пасля зімовых снягоў і льдоў здавалася такой прыемнай. Нават эрзац-кава, гэтае слабое пітво ваенных часоў, здаецца, набыла абноўленую вясеннюю сілу і смак. Нават газеты на стале ў салдацкай канціне, здаецца, таксама абнавіліся, нібыта там і сапраўды з’явіліся нейкія навіны. Там пісалі пра вялікае вясенняе наступленне, і чалавек забываўся тое, што пра гэта пісалі ўжо шмат гадоў запар, каб людзі паверылі, што пытанне стаіць так, каб разам пакончыць з усімі цяжкасцямі і з цяжкімі часамі...

Капрал Корпі непакоіўся. Яму не цярпелася рушыць у дарогу. Назад, у лясныя нетры! Калі-нікалі, а дабірацца туды трэба. Невялікая радасць ацірацца тут без грошай і ніякай радасці ад таго, што адпачынак працягваецца, як шапталі яму некаторыя па-вясенняму легкадумныя галовы. Няўжо не будзе ніякай машыны? Ён усё ж адшукаў нейкі грузавік, што збіраўся ў дарогу. Але перад самым ад’ездам захварэў шафёр і лёг у шпіталь.

Салдат на пункце запраўкі, напаўняючы бак машыны, нешта бурчэў аб цяжкім салдацкім лёсе, праклінаў казарму і гераічнае салдацкае жыццё.

Аднак у гэты першы сапраўды вясенні дзень нічога не магло сапсаваць настрою капралу Корпі. Ён добра ведаў казарменнае жыццё, і цяжка было здзівіць яго такімі развагамі.

Грузавік рушыў у дарогу. Засталася ззаду вёска. Пачаўся лес, дзе за вёскай на паваленых дрэвах каля дарогі сядзелі дзве дзяўчыны. Можа, падвезці? He! Дзяўчаты радасна махалі рукамі, і капралу падалося, што гэта дзве вясеннія птушкі радасна б’юць крыламі. «Калі яшчэ такое пабачыш? – расчулена сказаў кіроўца. – Толькі ў старой Еўропе».

Потым пачалася вясенняя дарога. Наступленне вясны растапіла не толькі снег, але і дарожную гразь. Грузавік цяжка гойдаўся па ямах, нібыта карабель, заспеты ўраганам. «Гэта яшчэ нічога, – сказаў кіроўца. – Вось што будзе заўтра».

Але колы круціліся, машына, хоць і з цяжкасцю, пасоўвалася наперад.

А яны не трацілі надзеі і памалу дацягнуліся да яшчэ аднаго пункта запраўкі.

Часам трапляліся моцна завязлыя ў гразі машыны. Некаторыя былі пакінуты шафёрамі, побач з некаторымі бездапаможна тапталіся людзі.

А потым яны трапілі ў «затор». Дарога была забіта машынамі. Кіроўцы змрочна курылі на ўзбочынах. Пасунуцца далей не было ніякай надзеі. Але праз нейкі час падышлі магутныя нямецкія цягачы, і грузавікі паціху крануліся з месца. Дарога вызвалілася, і фінскія грузавікі з гераічнай настойлівасцю рушылі наперад.

Потым яны пераадолелі яшчэ адно балота. У час шматлікіх прыпынкаў Корпі шчодра дзяліўся са сваімі спадарожнікамі ўсім тым, што змяшчаў ягоны пляцак.

Вось дзе прыдаліся велікодныя падарункі старой дамы!

Гэтае падарожжа працягвалася чатыры дні. А раней такую адлегласць праходзілі за палову дня... I калі капрал Корпі ўспомніў усе нягоды на вясенняй дарозе, ён з палёгкай выгукнуў:

– А ўсё ж прабраліся!

Аднак падарожжа капрала Корпі яшчэ не скончылася. Ягонае месца службы на працягу вайны было на пункце палявой аховы далёка ў баку ад гэтай тылавой дарогі. Туды, у Метсаваару, трэба дабірацца яшчэ кіламетраў дваццаць па лясной сцяжыне, потым плыць на чоўне або дабірацца на лыжах зімой па сумётах.

Звычайна туды раз на тыдзень хадзіў караван з харчамі, а ў такую бездараж дык і яшчэ радзей, бо на пункт аховы даставілі загадзя невялікі запас на санках. Але тэлефонная сувязь была, і Корпі далажыў аб сваім прыездзе начальніку палявой аховы, лейтэнанту Пурку.

– Ласкава просім у хату! – пачуўся сварлівы голас. – Пара ўжо і пасоўгаць фігуры...

Лейтэнант быў заўзяты шахматыст. Корпі сказаў, што трэба крыху пачакаць, можа, па начным замаразку ўдасца дабрацца на лыжах.

Ён застаўся ў гэтай маленькай інтэнданцкай вёсачцы, дзе служыў ягоны брат, сяржант і, апрача яго, шматлікія знаёмцы, з якімі можна было выдатна бавіць час. Сярод іншых непрыкметных людзей асабліва вылучаўся Пайю-Ватула, толькі што зроблены старшым сяржантам. Цяпер у яго на пагонах красавалася цэлая чарада лычак, нібыта імклівая чарада жураўлёў. Свежаспечаны старшы сяржант вызначаўся тым, што ў вольны час забяспечваў жыхароў свайго барака ласіным мясам, піў усё, нават конскія мікстуры, і тым, што ўмеў па-майстэрску мацюкацца і брахаць, бо, па ягоных словах, ён усюды пабываў, усюды папрацаваў і меў ужо каля ста сямі гадоў працоўнага стажу. Але самай адметнай асобай быў фельдфебель Ліпацін. Ён быў жвавы, як рыбка, і меў значна багацейшы вопыт, чым Пайю-Ватула. Васемнаццаць год ён праслужыў у войску, да таго быў два гады швейцарам у гатэлі,. потым мулярам, пяць гадоў працаваў у цырку, быў мараком і яшчэ шмат чым займаўся ў жыцці, а таму, як падлічылі сябры, ён працаваў ужо сто васемнаццаць гадоў. Капрал Корпі ўзгадаў, як на пачатку першай ваеннай восені фельдфебель быў вельмі незадаволены тым, што блакаду Піцера не ўдалося завяршыць. Там у яго былі свае інтарэсы. У яго, а дакладней, у ягонай жонкі, там некалі былі два дамы, так бы мовіць, родавая спадчына. Ён схадзіў на кансультацыю да юрыста, сабраўшы ўсе паперы, і той сказаў, што справа яго справядлівая і ясная. Вядома ж, ён атрымае тыя дамы ў сваё ўладанне ці, прынамсі, зямельныя надзелы, бо вайною ці мала што можа здарыцца з будынкамі. Справа надзейная. Толькі могуць узнікнуць складанасці, калі ў гэтых дамах былі рускія казармы...

Яны выпівалі, і капрал Корпі спытаў:

– А ты не пацікавіўся, ці можна атрымаць грошы за пастой салдат?

Але фельдфебель не дапяў паставіць такое пытанне.

Цяпер Ліпаціна ўжо не так хвалявала піцерская спадчына. Трыумфальныя маршы першага ваеннага лета адышлі ў нябыт. У яго засталіся толькі цікавыя згадкі пра службу ў гатэлі, у цырку і прыгоды ў трапічных джунглях.

Толькі першы дзень у гэтай інтэнданцкай вёсцы прайшоў зусім не сумна. Тут таўкліся нейкія залётныя вайскоўцы з незразумелымі функцыямі ў вайне і «pазумна» жартавалі, што ў гэтай вёсачцы народ ездзіць у лазню на санках.

Аднак ненашмат затрымаўся там капрал Корпі. Ён проста болей не вытрываў і падаўся ў сваю Метсаваару...

Ён падняўся зранку і пайшоў. Ноччу крыху падмарозіла. Снег прыемна шаргацеў пад лыжамі. Боты ў капрала былі з адмысловымі пасамі для лыжаў. Ён не памяняў сваіх зношаных ботаў на базе ў вёсцы. I ў тым была маленькая хітрасць. Калі на заставе стане зусім не ўтрываць, ён возьме невялічкую камандзіроўку, каб вярнуцца сюды, да ваеннай дарогі, пабачыцца з людзьмі і памяняць боты.

Днём падтала, і навокал пачаўся сапраўдны патоп, а таму падарожжа па бязлюднай мясцовасці было нялёгкае і небяспечнае. Аднаго разу ён ледзь не праваліўся з лыжамі пад лёд, калі пераходзіў праз рэчку. Аднак сінім адвячоркам ён здаля ўбачыў знаёмыя баракі заставы.

Прыемна было скінуць са спіны пляцак, набрынялыя вадой боты і працягнуць ногі да распаленай грубкі. Таварышы ўзяліся распытваць яго, але капрал стаміўся і адказваў без вялікай ахвоты. На шчасце, ён прывёз пошту, і цікавасць таварышаў пераключылася на лісты.

Так скончыўся адзін адпачынак і пачалася служба ў чаканні другога.

А наступным днём капрал Корпі сядзеў з лейтэнантам Пурку за сталом ля маленькага акенца, з якога біла вясенняе святло, асвятляючы шахматную дошку з чорнымі і белымі фігурамі, сэнс і сутнасць якіх былі вядомыя толькі ім дваім. Астатнім людзям заставы гэты сэнс быў незразумелы. Скамянелыя постаці шахматыстаў, паглыбленых у роздум, іхняе існаванне зусім у іншым свеце драўляных цацак выклікала ў астатніх нешта сярэдняе паміж свяшчэнным страхам і звычайнай прыкрасцю.

Ці ж гэта чалавечая гульня! Карцёжнік дык хоць што скажа ці засмяецца, палаецца, калі не пойдзе карта. А гэтыя сядзяць гадзінамі, утаропіўшы вочы на дошку. Паглядзіш на іх, і плявацца хочацца.

А фігуры шахматыстаў нерухома схіляліся над гульнёй. Няўжо ім было мала нерухомасці ў жыцці? Вось ужо два гады, як яны прыйшлі на гэтую заставу, у гэтыя самыя баракі. Прыйшлі на пачатку вайны, ды так і засталіся тут, у лясной глухамані. Навокал толькі непралазныя лясныя нетры. I болей нічога не было. Нічога нідзе не адбывалася. Быў толькі вечны спакой лясной пустэльні. Ворага таксама не было. Ён проста не існаваў. Што азначалі сляды, якія часам з’яўляліся на балоце, што азначалі далёкія стрэлы альбо ледзь чутны гул самалёта? Што гэта значыла ў сусветнай вайне, дзе ствараліся вялізныя «катлы», дзе кожную хвіліну адбывалася нешта вялікае?

Раз на тыдзень прыходзіў харчовы караван. Кавалкі масла і цукру, шалахлівыя газеты і тытунь быццам пацвярджалі, што яны ўсе належаць да баявой арміі. Лісты і газеты былі старыя. Але ў кожным нумары тлустыя чорныя літары распавядалі аб тым, што пачалося ўдалае наступленне, а контратакі ворага адбіты не меней удала.

Праз кожныя чатыры месяцы салдаты ехалі ў адпачынак і адразу ж пачыналі адлік часу да наступнага выезду. Водпуск вырываў людзей са звычайнага кола жыцця. Але адпачынак заканчваўся вельмі хутка. Яны вярталіся, і лясная пустэча зноў акаляла іх з усіх бакоў, а увесь свет са сваімі вялікімі ваеннымі дзеяннямі зноў станавіўся казачным і нерэальным.

Былі толькі абрыдлыя баракі, знаёмыя твары і неабдымны глухі лес. Нічога не мянялася. Тэлефонныя званкі і то былі вялікай падзеяй.

Лясным людзям, а такіх было шмат, гэткае жыццё здавалася зусім нармальным. Яны хадзілі па лясах, палявалі на птушак, вавёрак, а часцяком завальвалі і ласёў. У бараках булькаталі кацялкі, сквірчэлі патэльні, а шкуры вавёрак і ласёў давалі дадатковы даход адпускнікам. Аднак з цягам часу дзічыну ў наваколлі павыбівалі. Тайга спусцела. Атрымлівалася бязрадасная карціна, нібыта цяжкі подых вайны дакаціўся і сюды.

Навокал панавала цішыня і нерухомасць.

Так цягнулася два гады. Гэта лёгка сказаць, але калі падумаеш, дык памяні ўздыхам два гады. Даўно, яшчэ маладымі і зялёнымі, яны прыехалі сюды. З тае пары нічога не адбылося і не змянілася, што б там ні крычалі газетныя загалоўкі. Настаў час, калі яны самі пераканаліся, што іх удзел у вайне стаў нейкі дзіўны, неверагодны і ледзь не кашмарны. Яны памянялі б свой ваенны лёс на любы іншы. Адных, да прыкладу, забіралі з дому, садзілі на параход і везлі на другі канец зямлі, прымушалі скакаць па шыю ў ваду. А там выбірайся на бераг, з якога ў цябе азвярэла страляюць. Гэта называлася высадзіць дэсант. A то цябе скідвалі з самалёта ў чужы тыл з дынамітам за спіной, і ты павінен некаму прычыняць шкоду і ўзрываць важныя пабудовы. Тады цябе называлі парашутыстам-дыверсантам.

Незайздросныя гэта лёсы. Але ўсё ж хоць штосьці адбываецца, чалавек жа да нечага імкнецца. Зусім не тое што на гэтай іхняй вайне, дзе не давялося нават пабачыць праціўніка, ды і наўрад ці давядзецца. Яны толькі існавалі і чакалі. Нават каманда «пад’ём» гучала прыкладна так: «Гэй, прыяцелі, уставайце, пара існаваць!»

Часам яны падазрона паглядалі адзін на аднаго. Ці не адбываецца што-небудзь не такое з прыяцелем? Навошта гэта Лалі калупае і рэжа бярозавы парасцень, пакуль ад яго нічога не застанецца? Што ён, не можа выразаць хоць бы дрэнную папяльнічку? А што вытварае Роўві? Калі нехта казаў пра штосьці немагчымае, то Роўві праз нейкі час браўся давесці, што такое цалкам магчыма. Напрыклад, ён павыдзіраў палову барады абцугамі для чысткі аўтамата... Ці галадаваў цэлы тыдзень, паказваючы сілу волі.

А як разумець тое, што камандзір і капрал Корпі гадзінамі сядзяць за шахматнай дошкай? Сядзяць, як нежывыя, утаропіўшыся на фігуры, і гэтак асцярожненька іх соўгаюць, нібыта баяцца, што з драўляных фігур можа душа выскачыць. А тым часам на свеце адбываецца вялікае наступленне, зямля дрыжыць, дыміцца, выкідвае слупы дыму і асколкі, трашчыць, а тым часам жыццё чалавечае нічога не вартае.

Нават злосць бярэ, як гэтыя двое могуць так удала схавацца ад жыцця ў свеце драўляных фігурак.

Лейтэнант Пурку – чалавек сур’ёзны, які чакае канца вайны, каб зноў вярнуцца да сваёй працы і да сям’і. А капрал Корпі – проста вялікі пралаза, які думае, што чалавецтва ваюе толькі з-за таго, каб жыццё нейкага капрала зрабіць больш цікавым. Прынамсі, ён сам гэтак гаворыць. Цяжка даць веры, што гэты самы Корпі, які тут бавіць увесь час, гуляючы ў шахматы, у адпачынку – самы што ні ёсць беспрасветны п’янюга. Таму амаль ніхто не верыць, усе думаюць, што ён проста брэша, калі расказвае аб колькасці спустошаных бутэлек... А капрал пачынае пакрыўджана моршчыцца і круціць галавой. Ён вядзе тут звышпрыстойнае жыццё, што, праўда, не патрабуе асаблівых намаганняў. Вярнуўшыся з апошняга адпачынку, ён зусім не казаў пра п’янкі, а толькі пра нейкую багатую ўдаву, і ўвогуле здавалася, што ён зрабіў падарожжа вакол свету.

Праўда, дзякуючы яму лейтэнант можа кожны вечар праводзіць як чалавек, за ўлюбёнай гульнёй. Да шахмат лейтэнант Пурку ставіўся вельмі сур’ёзна, як поп да службы.

Потым надыходзіць момант, калі ён заўважае, што ў партнёра фігуры стаяць зусім не так, як ім належала б пры нармальным ходзе гульні. Тады можна пачуць галасы праціўнікаў.

– Як гэта твой кароль апынуўся там? Ён жа звязаны!

– Ды кінь ты! Як гэта ты звяжаш караля? Ён жа рухаецца. Вялікім людзям не належыць быць у небяспечных месцах.

– Ты мухлюеш! – крычыць Пурку.

Часта бывае, што Пурку злосна зграбае фігуры ў кучу і аб’яўляе, што з такім партнёрам гуляць немагчыма.

Аднак ужо наступным вечарам ён забывае на сваю крыўду. Тым болей што на заставе няма нікога, з кім можна было б адправіцца ў падарожжа па шахматным свеце. I зноў яны кожны божы дзень нерухома тырчаць за шахматамі. Іхнія застылыя постаці – гэта смяротная кара ў напружанай цішыні закінутай заставы.

Начальнік заставы быў такі заядлы шахматыст, што не хацеў ніводнага дня прабыць без гульні. Апрача таго, ён меў магчымасць неяк пакараць махляра Корпі за нячыстую гульню, а таму не пусціў яго мяняць боты. Справа зладзілася па тэлефоне: харчовы караван прывязе новыя боты і забярэ старыя.

Так боты зноў рынуліся ў водаварот вайны, а капрал Корпі ў новых ботах застаўся сядзець супраць лейтэнанта, пакуль старая пара прабіралася па балоце з караванам насустрач новым прыгодам.

Старыя боты, падрапаныя і аблезлыя, амаль тыдзень праваляліся ў кутку цёмнага інтэнданцкага пакоя. Потым іх закінулі ў машыну разам з такімі ж патрапанымі жыццём ботамі і іншай салдацкай амуніцыяй, і доўга яны ехалі па ваенных дарогах, іх перакідвалі з грузавіка на цягнік, з цягніка зноў на машыну (грузавік), пакуль старыя боты не трапілі ў вялікую майстэрню, дзе ім зноў надалі ранейшы выгляд. Хаця гэта быў не зусім ранейшы выгляд, бо што мінула, тое мінула і болей не вернецца. Падэшвы зрабілі з нейкай эрзац-гумы, абцасы – з бярозы. Так далёка праляглі ваенныя дарогі, што, здаецца, дарог было болей, чым скуры. Аднак след сякеры на халяве шавец зашыў па-майстэрску. Затым боты старанна пачысцілі, і выгляд старой пары стаў хоць куды.

А потым боты трапілі ў той самы склад, адкуль аднойчы, спакусіўшы фельдфебеля Сора мяккай скурай і свежым глянцам, яны адправіліся на другую сусветную вайну ствараць новую Еўропу.

Цяпер такі чалавек, як фельдфебель Сора, калі б у яго захаваліся ранейшыя сілы душы, проста плюнуў бы і ніколі не надзеў бы такіх ботаў. Аднак час, асабліва так званы вялікі час, зношвае і чалавека, а не толькі боты, у якіх чалавек маршыруе, стаіць, паварочваецца, танцуе або штосьці скідвае з дарогі.

Нейкі час боты віселі на жэрдачцы ў чаканні наступнай пары ног. Адным днём іх знялі і пераправілі на склад вялікага вайсковага шпіталя. Там яны доўга віселі, пакуль малады салдат Матці Ноканен, ад’язджаючы на папраўку, не нацягнуў іх на свае ногі, перамераўшы перад тым яшчэ некалькі пар. Ён быў вельмі незадаволены, круціў носам і лаяўся, што ад гэтых ботаў за вярсту прэ салдацкім потам, а падкоўкі на абцасах і ўвогуле маюць жахлівы выгляд.

– Гэта ж сапраўдныя конскія падковы, – бурчаў ён, шчодра перасыпаючы кожнае слова смачнай лаянкай. – Калі «вось»[4] не мае нават добрых ботаў, то ці не пара канчаць...

Аднак кладаўшчык сказаў, што мяккія ялавыя боты засталіся там, дзе і ялавая скура, – далёка ў мінулым. Так што няхай салдат Ноканен едзе дамоў у гэтых ботах. Ноканен скіраваўся да дзвярэй, злосна грукаючы абцасамі, нібыта выпрабоўваючы іх трываласць.

Боты зноў шчытна сядзелі на салдацкіх нагах. Аднак лепшыя часы мінулі. Што ж зробіш, вясной ліст вырастае на дрэве, шэпчацца з летнім ветрам, жаўцее і падае долу, калі надыходзіць восень. I снег замятае апалае лісце.

А вайна працягвалася, і салдацкія боты працягвалі свой шлях.

Тыдні праз два Матці Ноканен, які стаў салдатам ледзьве не ў дзяцінстве, сядзеў у апраметнай цемры чыгуначнага вагона. Аднастайна грукалі колы, і вагон брынчэў. Навокал былі такія ж, як і ён, істоты ў шэрым салдацкім сукне, маўклівыя і змрочныя, таму што адпачынкі і камандзіроўкі канчаліся, пункт прызначэння набліжаўся. Хтосьці жаваў, хтосьці курыў, хтосьці ляніва лаяўся.

Матці Ноканен пачуваў сябе нядобра. У яго была тэмпература, і яго крыху трэсла. Яго мучыла сумленне, бо паводзіў ён сябе зноў не зусім прыстойна. Перад вачыма, як жывы, паўставаў твар маці, яе дакорлівы позірк, на сэрцы было цяжка.

Пасля ранення ён колькі тыдняў праляжаў у шпіталі і атрымаў водпуск для папраўкі здароўя. Там ён добра павесяліўся з сябрамі. А што такога? Нават у песнях спяваюць, што журбота не для нас... Ён павесяліўся б і болей, ды бракавала грошай. Нават у родзічаў давялося пазычаць. I няёмка было цяпер. Але ж як жыць чалавеку? Напэўна, пра тое сказана дзе-небудзь у ваенных статутах. Але статуты мярцвелі і пакрываліся пылам на паліцах у папоў. Гэта – проста нежывыя кніжкі. А салдат – жывы, і з ім магло здарыцца ўсё, што хочаш, асабліва калі яму давалі волю і не прымушалі выцягвацца ў струнку...

Той водпуск скончыўся перад самымі Калядамі. А цяпер вось Матці Ноканен каляднай ноччу сядзіць у цягніку і набліжаецца да канцавой станцыі, якая кожны раз была для яго новай і чужой. Ды нічога дрэннага ў тым няма. Куды горш тое, што ў кішэнях няма абсалютнага нічога – ні грошай, ні тытуню. I было зусім дрэнна, калі перад вачыма ўзнікаў матчын твар, твар чалавека, які яшчэ мог абудзіць ягонае сэрца. На душы было змрочна. Ноканена мучыла прадчуванне чагосьці нядобрага.

Цягнік спыніўся, і салдат Матці Ноканен, закінуўшы свой салдацкі мяшок за плечы, падаўся на станцыю. Там было цёмна і толькі самотны ліхтар гойдаўся ў цемры. Раптам ён пачуў звонкі голас: «Матці! Матці!»

Сэрца салдата ўздрыгнула. I тут нехта яго ведае, ды яшчэ і жанчына.

I праўда! Гэта ж Кая, Кая Хольм, памяць далёкіх часоў, калі яшчэ не было ні вайны, ні цяжкіх ботаў, ні шыняля, ні акопаў, ні ран, ні бясконцага чакання, ні бяссонных начэй.

Вось яна стаіць пад ліхтаром, і яе круглы твар з казачнымі ямачкамі на шчоках такі знаёмы.

– Матці! Няўжо ты? Як мы даўно не бачыліся!

Сапраўды, як даўно! Тады Матці Ноканену было 19, а цяпер ужо 24 гады... Паўдзесятка гадоў... Лёгка сказаць, а што адбылося за гэтыя гады: спачатку абрыдлая аднастайнасць вайсковых гарадкоў, лясныя нетры, потым вайна, хвіліны, якія маглі стаць апошнімі, першая п’янка, першая жанчына, хвароба, раненне, словам – маладосць.

– Як ты памужнеў! – захоплена выгукнула Кая.

Няўжо яна змагла прайсці міма гэтых гадоў? Якая сіла зберагла тыя казачныя ямачкі на шчоках?

Потым Ноканен заўважыў, што ягоная незабыўная Кая носіць форму лоты. Лота – гэта вайскоўка, а ўсё вайсковае так абрыдла! Здаецца, некалі ён чуў, што Кая стала лотай. А цяпер ён пераканаўся ў тым і з глыбіні ўспамінаў вярнуўся ў цяперашні час. I ўспомніў сучасную прымаўку: каханне лоты – дабрачынная падачка абшчыны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю