Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"
Автор книги: Пенці Хаанпя
Жанры:
Военная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 12 страниц)
– Мы яго ўжо страцілі, – сказаў лейтэнант Йоперы.
– Тады я цябе віншую... Хаця ты можаш перайсці ў часць дальняй разведкі...
«Ціў-ціў», – рэзка, як удар, прасвісталі кулі, і лейтэнант міжволі ўцягнуў галаву ў плечы.
– Ды ты зусім абцывіліўся, – сказаў капітан. – Тут не так ужо і спакойна, як здаецца на першы погляд. Рускі салдат – цямкі хлопец. Проста гэтым разам паміж смерцю і жыццём была патрэбная адлегласць.
Яны вярнуліся ў бліндаж і пачалі круціць ручку тэлефона. А потым выйшла так, што лейтэнанта перавялі ў новую часць.
Падраздзяленне лыжнікаў стаяла ў прыфрантавой вёсцы і размяшчалася ў сапраўдных драўляных дамах, а не ў зямлянках. Там былі нават сапраўдныя ложкі, двухпавярховыя, як у казарме, і з чыстымі прасцінамі. Там лыжнікі адпачывалі, там жа ў двары яны станавіліся на лыжы, ішлі на заданне, а потым зноў вярталіся на адпачынак. А часам хто-небудзь і не вяртаўся...
Лейтэнант Йоперы закінуў свае боты пад ложак, а замест іх узяў лямцавыя лыжныя чаравікі. Такім чынам, боты не змаглі пахадзіць у лыжныя рэйды і зведаць, што такое ваенныя прыгоды. Забытыя, яны ляжалі ў кутку пад ложкам і ўкрываліся тоўстым слоем шэрага пылу.
Затое яны маглі назіраць за тым, як жыве гаспадар, вярнуўшыся дамоў. Звычайна лейтэнант вяртаўся з рэйду стомлены і маўклівы. Аднак пад’еўшы, памыўшыся ў лазні і як след адаспаўшыся, ён падымаўся ў добрым гуморы і браўся за газеты і лісты. Часам ён атрымліваў пасылкі ад маці, ад сясцёр і ад іншых родзічаў. Прыйшла аднойчы пасылка і ад Ханны Сакеус. Тым днём у лейтэнанта быў асабліва добры настрой. Дзе цяпер ягоны гаваркі спадарожнік? Няхай паглядзеў бы на чалавека, у якога ёсць масла ў загашніку.
Йоперы пайшоў у хату, яго тут жа атачылі цікаўныя, і лейтэнант пачаў свае аповяды і ўспаміны...
У такія моманты ён ажываў. Падначаленыя любілі яго, бо хоць ён і паходзіў з паноў, але з салдатамі трымаўся проста і быў адным з іх.
Але жыў ён у асобным пакоі, ці, дакладней, у пакоі з трыма афіцэрамі, таксама камандзірамі рэйдавых груп. Вельмі рэдка здаралася так, каб яны збіраліся ўсе разам. Ды калі збіраліся нават двое, то і тады адразу пачыналіся шумныя бяседы, спевы і іншае, пры дапамозе чаго салдат паказвае шырыню душы і запаўняе пустату існавання. Яны сціхалі толькі тады, калі садзіліся пісаць лісты, і пісалі іх доўга і старанна на стале з грубых дошак. А потым з-пад падушкі даставаліся карты, і ў пакоі зноў пачыналася шумная бяседа.
Апрача таго, лейтэнант Йоперы рэгулярна кожны дзень рабіў зарадку, каб размяцца як след і падтрымаць форму, бо добры фізічны стан, вучыў ён пад час сваіх аповядаў і ўспамінаў, гэта і ёсць тое шчасце, якое дапамагае салдату пазбегнуць гераічнай смерці ў доўгіх і небяспечных рэйдах.
Разы са два ён даставаў боты з-пад ложка, сціраў з іх пыл і нацягваў на ногі. Потым ён ішоў альбо да сяброў, або пажартаваць з ваеннымі лотамі[1]. А вярнуўшыся, лейтэнант сярдзіта закідаў боты назад, у пыльны змрок пад ложак.
Павярнула ўжо на вясну, калі лейтэнант Йоперы і яшчэ некалькі чалавек не вярнуліся з рэйду. Пасля кароткай сутычкі атрад паспешліва адыходзіў і, як гэта было дамоўлена раней, раздзяліўся на дзве групы. З групы лейтэнанта Йоперы не вярнуўся ніхто. Сувязныя нічога не знайшлі, узнялася вялікая замець і пахавала ўсе сляды.
Пасля гэтага рэйду лейтэнанту павінны былі даць яшчэ адзін адпачынак. У ягоным пакоі, як і ва ўсім падраздзяленні, стала нязвыкла ціха. Вакол каго цяпер сабрацца салдатам? Каму задаць хітрае пытанне наконт таго ці іншага? На жаль, не сядзе болей лейтэнант у цеснае кола людзей, каб пачаць свае бясконцыя ўспаміны...
А яго боты валяліся пад ложкам, і слой пылу станавіўся ўсё таўсцейшым і шчыльнейшым.
Надышоў сакавік, і прырода высвецілася колерамі фінскага сцяга: сіняе неба і бялюткі снег.
Адным з такіх сакавіцкіх дзён лейтэнанта Йоперы афіцыйна занеслі ў спісы без весткі згінулых. I тады на кватэру лейтэнанта заявіўся сяржант інтэнданцкай службы Лінтунен, каб сабраць маёмасць. Яе было не шмат: невялікага папяровага мяшка з двухгаловым арлом хапіла, каб змясціць усе пажыткі афіцэра.
Боты таксама выцягнулі з-пад ложка, і прыгоды іх пайшлі сваім парадкам.
Іх лёсам і трэцім уладальнікам стаў сяржант Нірва, бо зусім нядаўна ён пачаставаў інтэнданта нямецкім ромам і даволі прыстойнымі цыгарэтамі. I тады ж ён сказаў, што хацеў бы здабыць добрыя боты, бо даўно ўжо ходзіць у драных чобатах. I тады сяржант-забеспячэнец запэўніў Нірву, што такому чалавеку ён абавязкова знойдзе сапраўды добрыя боты. Цяпер пакуль няма, але першая прыстойная пара будзе яго...
I вось, на шчасце, сяржант Нірва сустрэўся з ім якраз тады, калі інтэндант цягнуў мяшок з лейтэнанцкім пажыткам.
Магчыма, што лёс ботаў склаўся б зусім іначай, бо забеспячэнец меў кароткую памяць, а ахвотнікаў набыць боты альбо яшчэ які патрэбны тавар было вельмі шмат. Аднак насустрач трапіўся менавіта сяржант Нірва і адразу запытаўся, што ў торбе. Забеспячэнец яшчэ памятаў пра бутэльку рому, а таму адказаў бадзёра і сумленна:
– Вось табе боты. Добрыя боты, афіцэрскія.
– Старыя апоркі! – абурана запярэчыў Нірва, паглядзеўшы на боты. – Ці няма ў цябе чаго навейшага?
– Навошта табе навейшыя? Гэта ж сапраўдныя афіцэрскія боты, а яны лепшыя за любыя новыя! Ты толькі паглядзі! Ды і нашаму брату без добрай падмазкі такіх ніколі не знайсці.
Так сяржант Нірва з батальённага абозу, селянін, уладальнік гаспадаркі і сумленны жыхар поўначы – так ён сябе называў – стаў трэцім уладальнікам ботаў.
На пачатку вайны Нірва, тады яшчэ малодшы сяржант, сапраўды верыў, што перамога немцаў недзе недалёка. Нямецкія танкі рваліся наперад, немцы наступалі, разам з імі наступалі фіны, каб узяць сваё і ўзяць усё, што захочуць...
Так, з баямі, яны паглыбляліся ў бездарожныя нетры. Сам пан капітан выступіў перад салдатамі, калі яны фарсіравалі нейкую рэчку, і сказаў, што тут рускія крыху пасупраціўляюцца, таму што тут у іх ёсць нейкія палявыя ўмацаванні і нават аэрадром. Затое потым зноў пачнуцца дарогі, і фінскім салдатам застанецца адно што сядзець у машынах, якія пакуль адсталі на бездарожжы, але хутка дагоняць тых, што наступаюць.
Рэчку яны фарсіравалі, і дарогі сапраўды пачаліся, але пачалося і другое – сапраўдная вайна. Да Нірвы пачало даходзіць, што словы пра вясёлую вандроўку на машынах былі ўсяго толькі недарэчным жартам. Тут ён упершыню пабачыў немцаў, убачыў першы нямецкі абоз і тады, з яго слоў, аж заплакаў.
Шасцёра коней цягнулі нейкую дзівосную крытую запрэжку на чатырох вялікіх колах. На калёсах везлі дзве вялікія вязкі саломы. Божа ўсеўладны, з кім жа мы звязаліся! Гэта ж выхвалякі і балбатуны! А значыць, усе гаворкі пра маланкавую вайну таксама ўсяго толькі недарэчныя жарты...
Саюзнік жа анізвання не разумее ў конным транспарце... На такіх колах па гэтых мясцінах далёка не заедзеш...
I вушы коней у вачах Нірвы раптам пачалі расці. Яны падаўжэлі на два аршыны і кпліва гойдаліся ў паветры, нібыта насміхаючыся з усяго на свеце, ператвараючы ўсю вялікую вайну ў вялікі і недарэчны жарт...
Тойва Нірва быў возчык. Магутныя грузавікі гразлі ў балотах і на бездарожжы, былі бездапаможныя, нібы сіроткі-немаўляты. А конь ішоў наперад, ішоў няспынна і ўпэўнена, асабліва калі лейцы трымаў сапраўдны мужчына. На хрыбціне каня трымалася ўсё забеспячэнне, а на забеспячэнні трымаліся ўвесь ход вайны і ваенныя поспехі.
У тым пераканаліся тады, калі ледзь не трапілі ў акружэнне і калона на чале з чалавекам, які зусім не петрыў у конях, вярнулася назад ні з чым, бо, маўляў, перашкодзілі балота і праціўнік. Тады настала чарга малодшага сяржанта Нірвы. Ён павёў абоз і нават прывёў яго назад. Дарога была як дарога, а праціўніка зусім не было.
Галоўнае было – адважыцца і паспрабаваць. А гэта было нялёгка, бо ў апраметнай цемрадзі коні правальваліся ў балота па самую хрыбціну, а там, дзе ўчора ішоў бой, ногі ступалі па трупах. Прабіраліся ціха, рускія маглі быць непадалёку, трэба было спяшацца, бо на рускіх можна было напароцца і ў гэтай чортавай цемры, не кажучы ўжо аб белым дні. Паклажа на валакушах здалася б да смешнага маленькай чалавеку, які не прайшоў гэтага невялічкага шляху да галгофы. Затое салдат, залёгшы ў балоце, змог падсілкавацца, зарадзіць вінтоўку і ваяваць далей.
Назад яны везлі параненых. Абоз Нірвы зрабіў шмат такіх начных рэйсаў. За тое Нірва атрымаў сяржанцкі чын. Пасля таго вайна стала ціхай і бясслаўнай. Ён даглядаў коней, карміў і чысціў, клапаціўся аб падковах і аўсе. Жывёле патрэбен догляд, чорт пабірай, хаця б сабе людзі і ваявалі! Але часу хапала, каб крыху і палайдачыць і нават схадзіць на госці ў вёску. Ён быў нядрэнны кухар і ведаў толк у каве і нават у эрзац-каве. Ён добра ўмеў пячы бліны і хутка згатаваць смажанку. Ён рэзаўся ў карты, гаварыў пра палітыку, дэмабілізацыю і ўзроставыя групы. На ягоную думку, вайна мінулася. Трэба толькі паставіць у строй маладых, каб яны ахоўвалі гэтыя вельмі важныя ваенныя аб’екты, а старэйшым сказаць: «Гэй, хлопцы, давайце дадому!» Яму было за трыццаць, але дагэтуль сяржант быў жвавы і вясёлы, як малады, любіў папарыцца ў лазні, як след выпіць, любіў хадзіць на «берлінскі рынак», дзе паказваў сябе вялікім знаўцам мовы жэстаў і спрытным гандляром.
Але праходзіла зіма, старэйшы ўзрост паслалі ў адпачынак, а чарга сяржанта Нірвы ўсё не прыходзіла, і з тае прычыны ён стаў нервовым і сярдзітым, а таму пачаў выказваць незадаволенасць тым, што вярхоўнае камандаванне так марудзіць. Яшчэ ж восенню нямецкія газеты пісалі, што рускім канец, што сілы ў іх болей няма, дык навошта ж тады трымаць людзей без толку... Усё часцей яму пачалі мроіцца родныя мясціны, жонка, дзеці. У хаце завіхаюцца Хейкі, Кале і Лійса, а трое коней стаяць у канюшні і дваццаць тры каровы ў хляве. Хоць аднаго каня забралі на вайну, а трох кароў давялося здаць на грамадскія патрэбы. Вайна прыцясняла селяніна, забірала коней і кароў, спусташала сусекі і павялічвала падаткі, а самога яго адарвала ад родных палёў, каб закінуць у гэтую лясную глухамань, дзе ён сумуе па спрадвечным краявідзе, абжытым, апрацаваным, такім родным вачам і сэрцу селяніна.
Туды, на радзіму, вярнулася ўжо шмат яго знаёмых. Але вярталіся па-рознаму: адных прывезлі ціхімі хлопцамі, якія папоўнілі шэрагі геройскі загінуўшых, другія ж вярнуліся, каб працягваць свой зямны шлях. А Тойва Нірве ўсё яшчэ даводзілася сядзець тут, нібы дваццаць кароў і сорак гектараў ворнай зямлі можна пакінуць без догляду.
Ён часцей стаў наведваць «берлінскі рынак» і выпіваць, ад чаго станавіўся болып гаваркім. Але канюшні і коней ён даглядаў па-ранейшаму старанна.
Такі вось чалавек і нацягваў на свае ногі боты лейтэнанта, чый апошні след адразу замяло снегам. Тойва Нірва прайшоў не адну вярсту па баразне за плугам, і ногі яго былі вялізныя, кашчавыя, з пляскатымі пальцамі. Адразу было зразумела, што не на святах і танцах атрымалі яны такую форму, хоць сяржант у маладосці нямала пахадзіў і па вечарынках.
Новыя боты былі малыя. Але сяржант напружыў мускулы рук, пацягнуў, і боты налезлі. He надта добра адчулі сябе боты і ногі сяржанта. Аднак ён быў задаволены. Раптам ва ўсім яго целе нібыта абудзіліся ўспаміны аб тых маладых днях, калі ён нацягваў на ногі цесныя боты і кіраваўся на гулянне. Гэтыя ўспаміны так ажывілі яго, што сяржант нібыта памаладзеў і зрабіў некалькі танцавальных выкрунтасаў на рыплівых маснічынах.
– Во яно як, хлопцы! Самы раз боты – надзеў, нібы зноў на свет нарадзіўся, можна і ў скокі пускацца...
– Самы раз? – не паверыў нехта. – Вельмі ўжо абліпаюць...
– Нічога, маладая скура расцягнецца, – адказаў сяржант Нірва.
Блізілася вясна, раставаў снег, і маці-зямля паказвала свае вечна маладыя грудзі. Вясна не страціла сваёй заўсёднай прыгажосці. Дрозд у лясных нетрах заліваўся гэтак жа радасна, як і раней. Нават брудны шматок газеты, які вецер ганяў туды-сюды, здавалася, нёс толькі прыемныя, шматабяцальныя весткі. Там гаварылася аб вялікім вясновым наступе, які нестрыманым патокам вясенняй вады раз і назаўсёды пакончыць з уладай зімы. Чалавек з радасцю верыў у такія цуды. Вясенні наступ! Нічога іншага не трэба! I жыць стане весела і радасна. Адталая зямля бадзёра хрупала пад ботамі сяржанта Нірвы. Аднак душа яго была неспакойная. Як жывыя, паўставалі перад ім родныя палеткі. Хто будзе іх баранаваць? Нірва думаў, што ягоныя палі застануцца незасеянымі. Да апошняй драбніцы ён быў хлебаробам і возчыкам, селянінам, і вясна без ворыва, без пасеву здавалася яму нежывой і жудаснай, як у страшным сне.
Яму не было чаго рабіць тут.
– Пад’ём, хлопцы, уставайце, – грымеў ён зрання ў бараку.
Ішла вясна. Аднак сяржанта Нірву не пускалі ў адпачынак і не дэмабілізоўвалі. Ён аж трызніў далёкімі палямі і вясенняй працай у полі. Ён неспакойна хадзіў туды-сюды ў сваіх цесных ботах. Часам тыя боты так ціснулі ногі, што даводзілася сцягваць іх і абуваць вялікія чаравікі, так званыя дэсантныя боты.
Настала вясна. Дарога, якую толькі што пралажылі дзеля забеспячэння фронту, нагадвала паток веснавой гразі. Яна была пустая і мёртвая. Вось ужо два тыдні не было пошты. Слова «бездарожжа» набыло свой сапраўдны глыбокі сэнс. Сяржант Нірва часта стаяў ля гэтай нежывой дарогі, і ад яе патыхала апраметнай глухаманню. Сапраўды, па такой дарозе мог прайсці толькі жораў альбо чорт. Аднойчы Нірва бачыў, як па дарозе ішоў нямецкі ўсюдыход, уздымаючы вялізныя хвалі гразі. Гэта, напэўна, які-небудзь сучасны чорт, валадар непралазнай гразі, з шэрагам каткоў пад пузам...
Аднак гэтае відовішча ніяк не ўзбадзёрыла сяржанта Нірву. Машына, якая перавальвалася з боку на бок у хвалях непралазнай гразі, зноў абудзіла ўспаміны пра вясновае поле. Ён раптам усім целам адчуў, як гойдаецца на высокім сядзенні трактара, які з буркаценнем цягне за сабой дзве бараны і пакідае за сабою след, які так цешыць вока селяніна. За сваё жыццё шмат давялося яму паездзіць на трактары па нівах даўгімі вясеннімі днямі і светлымі начамі.
Але калі ўсюдыход знік і дарогай зноў завалодала адвечная гразь, настрой яшчэ больш пагоршаў. Адзіная прыкмета жыцця і руху знікла. Яны зноў засталіся ў адрэзанай, забытай Богам і людзьмі вёсцы. Сяржант Нірва зноў швэндаўся туды-сюды, часам абуваючы свае цесныя боты, і гэта крыху суцяшала і супакойвала яго: сяржант успамінаў тыя шчаслівыя дзянькі сваёй маладосці, калі хадзіў на вечарыны ў такіх самых цесных ботах.
На імгненне можна было ўявіць, што чалавек атрымаў адпачынак ад цяжкага і поўнага клопатаў сялянскага жыцця, але мала яму радасці ад таго, і вось ён блукае па чужой вёсцы і шукае забавы ці сабутэльніка. Да ўсяго добрага яшчэ і сувязь з «берлінскім рынкам» зусім перарвалася.
Аднойчы раніцою сяржант Нірва і ўся ціхая вёсачка прачнуліся ад страшэннага грукату: на сярэдзіне вёскі ўзарвалася міна, а на ўскраіне затрашчалі вінтоўкі, пачуўся злавесны віскат рыкашэтнай кулі.
У бараках панавала шалёная мітусня, людзі паспешліва нацягвалі вопратку, лаяліся і хапалі зброю. Што там здарылася? Вёска ж была адрэзана бездарожжам ад усяго белага свету! За тыдзень тут ні разу не прайшло ніводнай калоны адпускнікоў, не было нават пошты. I раптам гэтакі вэрхал. Сапраўдная вайна, пра якую пішуць у газетах. I як толькі рускія прабраліся па лясной глушы, праз адталыя азёры і рэкі, праз веснавы грузкі снег? А можа, іх скінулі зверху, з самалёта? Але што б там ні было, рускія атакавалі далёкую тылавую вёску. У іх нават мінамёты былі! На вуліцах грукаталі міны. Гэта ж нейкае чортава насланнё! Жахлівае прабуджэнне!
Сяржант Нірва пакутліва крактаў, нацягваючы на ногі цесныя боты. Ён падумаў, што салдацкія боты павінны быць такімі шырокімі, каб у іх можна было ўскочыць проста з ложка. Але і чаравікі з пераблытанымі шнуркамі таксама не надта... Нарэшце боты налезлі, сяржант схапіў вінтоўку і прышпіліў патранташ. Цяпер гэта быў зусім іншы чалавек – сама рашучасць. Усялякія думкі пра ўзроставыя групы, пра незасеянае поле зніклі, як дым. Сяржант стаў збіваць людзей у гурт. Трэба прабіцца да канюшні. Там іх баявы ўчастак. Трэба паглядзець, што там з коньмі...
– Ды на чорта нам тыя коні! – вылаяўся нехта.
– Як на чорта? – адказаў Нірва. – Коні цяпер у цане, вось і загонім іх на рынку...
Ён пабег, і за ім следам кінуліся яшчэ некалькі конюхаў.
У шэрым ранішнім прыцемку па вёсцы мітусіліся людзі. Аднак супраціўленне пакрыху наладжвалася. На шчасце, вёска была не толькі інтэнданцкай базай. Там стаялі на адпачынку і разведчыкі далёкіх рэйдаў, салдаты вопытныя і баявыя. I гэтага ворага адаб’юць, хай сабе ён і з неба зваліўся. У абодвух канцах вёскі трашчалі вінтоўкі. У ранішнім паветры працяжна вішчэлі кулі, зрэдку грукалі міны. Пара хацін на ўскраіне вёскі палала.
Калі Нірва бег пад горку, побач з ім секанула некалькі чэргаў. Варожы кулямёт біў аднекуль з лясістага пагорка насупраць. Адлегласць была вялікая, стралялі без прыцэлу, але кулі клаліся зусім побач. Адна куля нават абадрала халяву з унутранага боку, але сяржант Нірва так ніколі аб тым і не даведаўся. Ён з усіх ног ляцеў пад горку, і посвіст кулямётнага бізуна гнаў яго яшчэ шпарчэй, а таму хутка варожы кулямётчык ужо не мог дастаць яго. Астатнія спыніліся адразу, як толькі пачулі спеў гэтай чортавай машынкі. Нірва махнуў ім, каб яны абагнулі небяспечны схіл, на якім нехта ўжо завяршыў свой зямны шлях. Забіты ляжаў на спіне, шырока раскінуўшы рукі.
На канюшні ўсё было ў парадку. Болыпасць коней спакойна, як заўсёды, жавала корм, аднак некаторыя нервова ўскідвалі галовы і білі капытамі. Яны ўжо чулі галасы вайны і не вельмі любілі іх. Увогуле ж коням нічога не пагражала. Канюшні былі ўкапаныя ў схіл гары і мелі толькі адну сценку з бярвенняў, ды і тая была завалена зямлёю, нібыта сапраўдная крэпасць. Толькі праз дзверы ці маленькія акенцы туды магла трапіць выпадковая куля.
Перад канюшняй вілася траншэя, якую ўвосень капаў сам сяржант Нірва і прымушаў капаць іншых, але без вялікай ахвоты, бо ўсе былі перакананыя, што гэтую дурную працу прыдумала начальства, каб не пакінуць салдат у спакоі... А цяпер траншэя вельмі нават прыдалася.
– Добрыя могілкі, якраз для нас, – сказаў сяржант Нірва, – хоць і пракліналі мы іх, капаючы.
Перад імі прасціралася балота, а за балотам павольна ўзбіраўся на пагорак лес. Каля паўдзесятка салдат сядзелі ў акопах і чакалі. Тут было спакойна, хоць з абодвух канцоў вёскі чулася страляніна. Нірва нават пачаў нервавацца і бурчаць, што дарэмна толькі яны калупалі зямлю. Аднак потым яны заўважылі, як з лесу выскачылі некалькі чалавек і пачалі балотам прабірацца да вёскі. Салдаты ў траншэях напружана чакалі іх, нарыхтаваўшыся пачаць агонь. Потым загрымелі стрэлы, і людзі з балота паспешліва кінуліся назад, у лес, а два ці тры чалавекі так і засталіся на месцы. Для іх вайна скончылася на гэтым балоце. I ў тую ж хвіліну лес на пагорку насупраць нібы прачнуўся. Адтуль градам пасыпаліся кулі. Застрачыў кулямёт. Ён стаяў высока на схіле, траншэя выдатна праглядвалася і прастрэльвалася, а таму давялося зашывацца ў розныя куткі.
– Нядрэнна было б цяпер стаць з кулак велічынёй, – прабурчаў сяржант Нірва, – a то нават і меншым...
Але тут з іхняй гары бадзёра затрашчаў кулямёт, і хутка паганая варожая машынка змоўкла. Так бой працягваўся некалькі гадзін. Віскаталі кулі, грымелі стрэлы, а толку не было. Рускія адступілі ад вёскі, але ўчэпіста трымаліся на вакольных узгорках. Было ясна, што гэта не выпадковы атрад разведкі, а моцны ўдар з фланга, вясновае наступленне рускіх.
Падмацаванне падыходзіла павольна, ледзь цягнучыся па крыху падсохлай дарозе. Пачалося контрнаступленне, аднак прайшло некалькі гадзін, перш чым праціўнік адступіў.
Толькі вечарам скончылася маленькая пазіцыйная вайна ля канюшні. Пагорак насупраць не выяўляў ніякіх прыкмет жыцця. На стрэлы з траншэі ніхто не адказваў. Па траншэі можна было хадзіць свабодна, не прыгінаючыся.
– Нядрэнна было б паглядзець, куды падзеліся нашы суседзі, – сказаў сяржант Нірва. – Тым болей што, здаецца, я магу законна атрымаць ад тых забітых на балоце што-небудзь у спадчыну.
– А што з іх возьмеш, апрача вашывага рыззя ды вінтовак. Яны ж бедныя, як чэрці...
– Ну, гэта яшчэ невядома, – запярэчыў Нірва. – Прыемна ж уявіць сабе, што ў іх там ёсць гадзіннікі, залатыя пярсцёнкі ці зубы, ці яшчэ Бог ведае што...
I ён пасунуўся па балоце. Некалькі салдат рушылі за ім. Яны ішлі насцярожана, узяўшы вінтоўкі напагатоў. Упэўненасці, што з варожага пагорка не трэсне стрэл і не прасвішча куля, не было. Толькі яны падышлі да забітага, як гэта і здарылася. Прагучаў стрэл, і сяржант Нірва моўчкі апусціўся на парослую белым мохам купіну.
Толькі на адзін стрэл і хапіла сілы ў смяротна параненага варожага салдата.
Спакойна свяціла вечаровае сонца, а сяржант Нірва ляжаў на посцілцы, шырока раскінуўшы рукі сярод мноства іншых параненых. Жыццё ледзь цеплілася ў ім, але часам да яго вярталася прытомнасць. Тады ён бачыў, як маленькі парастак травы спалохана выглядваў з зямлі побач з покрыўкай, на якой ляжаў паранены сяржант. Была вясна, зямля прачыналася. Гэта ж вялікае дзіва, што з такога маленькага парастка вырасце высокая трава, якую будзе гойдаць ветрык, а потым зрэжа вострая каса. I самае вялікае дзіва, што зямля застанецца вечна маладой, адна вясна зменіць другую...
Жыцця ў ім засталося яшчэ меней, пакуль санітарная машына траслася па разбітай дарозе. Ногі ў цесных ботах пачалі халадзець. А каля дарогі ў халодным святле вясенняй начы радасна і бестурботна заліваліся дразды. Калі санітарная машына прыйшла ў шпіталь, то стала ясна, што сяржанту Нірве ніякая дапамога не патрэбна. Ён ужо быў «па-геройску загінуўшым».
Салдат Ахвён, які служыў у палявым шпіталі, адразу згледзеў, што ў нябожчыка неблагія боты, занадта добрыя для таго, каму болей не давядзецца ступаць па гэтай зямлі. А ў салдата Ахвена зусім не было ботаў, а толькі вялікія прадраныя чаравікі. Гэта быў шчаслівы збег абставін. Цяпер яму не трэба маліць інтэнданта, у якога не надта настойлівы чалавек ніколі не выпрасіць прыстойных ботаў...
З вялікай цяжкасцю Ахвен сцягнуў боты з ног нябожчыка і агледзеў іх з уласцівай яму ўвагай. Нічога, добрыя боты, не вельмі зношаныя. На адным ёсць драпіна, відаць, ад кулі, дык гэта не так ужо і важна. Цёмны ад гразі і сонца твар Ахвена зморшчыўся ў задаволенай усмешцы. Свае старыя дэсантныя апоркі ён кінуў ля ног нябожчыка.
Гэтым разам сціхлы заўсёднік «берлінскага рынку» нічога не папрасіў у дадатак.
Салдат Ахвен зайшоў у кабінет капітана-медыка Кола. Ля дзвярэй ён выпруціўся, што ў ягоным разуменні азначала стойку «смірна».
Яны з капітанам былі старыя знаёмыя. Афіцэр толькі вярнуўся з трохмесячнага адпачынку, але яшчэ з першых дзён вайны, дакладней, з тых дзён, калі сапраўднай вайны толькі чакалі, капітан запамятаў гэты рана зморшчаны карычневы твар і шчуплае цела, у якім адчувалася пругкасць і жылістасць ядлоўцу.
Палявы шпіталь у прыфрантавой вёсачцы быў гатовы. Чакаў пусты дом, чакалі чыста засланыя ложкі. Каго? Пакуль што гэтага ніхто не ведаў. Вядома было толькі тое, што нядоўга будзе пуставаць дом, не запустуюць і ложкі, як толькі пачне вярцецца мясакрутка. Хоць доктар Кола быў чалавекам спакойным і разважлівым, аднак выгляд пустога шпіталя нерваваў яго. Вядома, у цывілізаваным грамадстве трэба мець у запасе шпітальныя ложкі для тых, хто захварэе ці трапіць у якое здарэнне, аднак гэта зусім не тое. Засланыя белым ложкі будзілі ў доктара нейкае змрочнае пачуццё. Хутка пачне працаваць ваенная мясакрутка.
Доктар Кола хадзіў па шпіталі і гутарыў з людзьмі болын грунтоўна, чым заўсёды.
Так ён пазнаёміўся з салдатам Ахвенам. Спакойны карычневы твар, зморшчаны, як печаны яблык, прыцягнуў увагу доктара. «Вось, – падумаў капітан Кола, – вось чалавек, які не пакутуе ад нядобрых прадчуванняў, якому ўсё проста і ясна».
Ён даведаўся, што салдат Ахвен – сапраўдны лясны чалавек. Ад гэтай лясной вёскі, дзе быў шпіталь, да лясной хаціны Ахвена было кіламетраў дваццаць, і трапіць туды можна толькі па маленькай, ледзь прыкметнай сцежцы. Хаціна тая згарэла яшчэ ў часы зімовай вайны, бо стаяла амаль каля самай мяжы. Ацалела толькі лазня. Сям’я – жонка і шасцёра дзяцей – жыла ў эвакуацыі, і не салодкае гэта было жыццё.
«Шасцёра дзяцей, – раздумваў капітан Кола. – На дзяцей тут багатыя, а за такое багацце кажуць дзякуй, толькі калі трэба ваяваць. Гэты чалавек нямала папрацаваў для бацькаўшчыны, хоць яму ўсяго толькі пад трыццаць. Калі б усе былі такія, то заўсёды было б каму і працаваць, і ваяваць».
Капітан пацікавіўся, а чым жа дрэннае жыццё ў эвакуацыі? Няўжо сярод людзей, так бы мовіць, жыццё горшае?
Салдат Ахвен і сам не ведаў, як гэта растлумачыць. Але там, у вялікай вёсцы, яны заўсёды нібыта блытаюцца ў людзей пад нагамі. Вось там, на хутары Лапука, там сапраўднае жыццё. Там жыць можна як захочаш. Няма чужых людзей, якія смяюцца з тваіх хібаў і зайздросцяць тваім поспехам. А да суседа, такога ж ляснога чалавека, каля дзесяці кіламетраў.
– А няўжо табе не хочацца часам пагаварыць з людзьмі? Ці, да прыкладу, так ужо дрэнна, калі паблізу будзе сусед, калі ты раптам захварэеш?
– Гэта ўжо звычка, – адказаў салдат Ахвен. – А хварэюць у нашай глухамані толькі каб памерці.
Капітан Кола шмат чаго даведаўся пра лёс і жыццё ляснога жыхара. Напрыклад, што Ахвен быў павітухай для большасці сваіх нашчадкаў. У ягоных жылах, напэўна, цякла кроў вельмі далёкіх продкаў, бо ўлюбёным заняткам Ахвена былі паляванне і рыбная лоўля. Ад іх жа ён і атрымліваў большасць усяго даходу. Нямала давялося яму папрацаваць і на лесапавале на розныя прамысловыя кампаніі.
Капітану Кола гэты лясны чалавек, з якім ён упершыню сустрэўся твар у твар, здаваўся нейкай дзівоснай істотай. «I як чалавек можа жыць такім жыццём? Гэты Ахвен, хоць мы з ім і адной нацыі, усё ж належыць да нейкай іншай расы». Калі б Кола трапіў у такія ўмовы, дык памёр бы, калі не ад чаго іншага, то ад сумоты...
Ён быў чалавекам іншага, абжытага, старога свету, чалавекам дагледжаных паркаў і садоў. Ён любіў водаправод, электрычнае святло, цэнтральнае ацяпленне, свежыя газеты, роўны асфальт на вуліцах і мяккія сядзенні аўтамабіля.
А што, калі б і яму давялося цягнуцца дваццаць кіламетраў па лясной сцежцы з трохпудовым мяшком за плячыма, несці харчы на восем ці дзевяць едакоў. Харчы, што нідзе не бываюць такія смачныя, як на беразе глухой лясной ламбы[2].
А цяпер абодва стаялі разам у двары палявога шпіталя, прыведзенага ў баявую гатоўнасць, абодва стаялі за радзіму.
Так што капітан Кола выдатна памятаў салдата Ахвена. Ён падумаў, што варта было б зрабіць заўвагу салдату за дрэнную выпраўку. Аднак ці да твару такому чалавеку выцягвацца і высякаць агонь абцасамі... Капітан успомніў показку пра вясковага хлопца, які адказаў на такую заўвагу: «А што там бедняку выпручвацца?» Капітан усміхнуўся.
Салдат Ахвен ужо не першы раз падыходзіў са сваёю справай: ён прасіўся ў адпачынак. I прычына была даволі сур’ёзная: яму дазволілі перавезці сям’ю назад, у Лапуку. Жыццёвай прасторы як-ніяк прыбавілася.
– Але ж, здаецца, ваш дом згарэў?
– Падпалілі, дык і згарэў, – адказаў салдат Ахвен. – Але ж лазня засталася.
Ён казаў, што добра жыць можна і ў лазні, асабліва летам. А за водпуск ён склаў бы якую-небудзь печку. Яшчэ ён пасеяў бы ячмень і пасадзіў бы бульбу. Таксама трэба перагнаць у Лапуку дзве каровы на прывольныя лясныя пашы...
Капітан Кола ўявіў той караван, што прабіраецца па лясных нетрах: Ахвен з жонкай, шасцёра дзяцей і дзве каровы цягнуцца некуды да счарнелай лазні далей ад людзей і людскіх дарог.
– Божа! Што ж, яны не могуць з’ядаць свой паёк дзе-небудзь бліжэй?
– Бліжэй да чаго? – адказаў Ахвен. – Неба ўсюды аднолькава высока. А тут таксама айчына.
Ягоны рот скрывіла нейкая дзіўная ўсмешка. Пра магчымасць перабрацца ў нейкую апраметную глухамань ён гаварыў, як пра самае галоўнае, як пра самае вялікае шчасце. I пану капітану Кола жыццё салдата здалося нейкім гераічным подзвігам.
– Я думаю, што вы і вашы дзеці зможаце перанесці ўсё. Мала каму выпадае такое...
Салдат Ахвен нічога не зразумеў, але скеміў, што яго адпускаюць, адпускаюць на цэлыя два тыдні.
Касперы Ахвен цяжка ўздыхнуў і закурыў люльку.
– Цягне, цягне! – закрычаў маленькі Касперы Ахвен, васьмігадовы старэйшы нашчадак салдата Ахвена. У эвакуацыі хлопчык, убачыўшы ўпершыню фары аўтамабіля, закрычаў: «Мама, глядзі, якія ў нячысціка вялікія вочы!»
А тут здарылася маленькая непрыемнасць: новая печка, якую склаў старэйшы Касперы Ахвен у кутку пракуранай лазні, гнала ўвесь дым у памяшканне.
– Вось табе і маеш! – засмуціўся Ахвен.
Аднак праз нейкі час печка пачала цягнуць з прысвістам. Агонь радасна мільгацеў, чорныя сцены весела блішчэлі, з-пад маснічын выбіваўся пах сапрэлага лісця.
Над пагоркам Лапукі зноў уздымаўся дым, ён цягнуўся да шэрага веснавога неба і сведчыў, што на гэтай зямлі зноў палае агмень чалавечага жыцця.
Салдат Ахвен яшчэ ўчора прывёў сюды дзвюх кароў, а маленькі Касперы падганяў іх сваёй пугай.
Па берагах возера і абапал ручая зелянела маладая трава, а падаіць кароў зможа і сам гаспадар Лапукі.
Сапраўдная ж даярка, гаспадыня Лапукі, Мары, з маленькімі павінна прыйсці сюды заўтра, калі якраз усё будзе гатова: і новая печка, і жытло. Ёй асабліва нецярпелася вярнуцца сюды, дзе яна адчувала сябе сапраўднай гаспадыняй. Яна адчувала сябе непрыдатнай да жыцця ў вялікім шумлівым свеце, куды іх выгнала вайна са спакойнай лясной Лапукі. Яшчэ вясной, па цвёрдым снезе, яна перанясла сюды некаторыя рэчы і нават крыху мукі. Мары была і душой, і рухавіком гэтага паспешлівага пераезду ў Лапуку.
Тым вечарам Касперы Ахвен быў у надта добрым настроі. Ён прысеў падаіць карову і з задавальненнем падумаў, што заўтра сюды прыйдзе гаспадыня і вызваліць яго ад такога малапрыемнага абавязку, бо даяр ён быў не такі ўжо і спрактыкаваны. Малако пырскала і туды і сюды, цякло па запэцканых пальцах, бо ён неяк і не падумаў памыць рукі, перш чым узяцца даіць карову. Мары сказала б што-небудзь і наконт «чыстай» даёнкі.
Пакуль бацька даіў, малодшы Касперы гладзіў і супакойваў карову, каб яна не брыкалася. А думкі даяра былі ўжо далёка.
Гаспадар Лапукі думаў, што такім вечарам у лесе, напэўна, такуюць глухары, ды яшчэ як такуюць, чэрці гарбаносыя, заплюшчыўшы вочы і распусціўшы хвост. Толькі адна думка аб тым, як спявае мацёры глухар, прымушала кіпець яго кроў, кроў сапраўднага паляўнічага... Злажыцца як след, і цяжкая птушка грымнулася б долу, нібы пяцікілаграмовая торба... Так бы і зляцела, каб толькі была стрэльба. Аднак за гады вайны і эвакуацыі Касперы Ахвен збяднеў і застаўся без стрэльбы. А фельдфебель, гэты пан-бюракрат, не дазволіў узяць з сабою вінтоўку. Маўляў, забаронена ў адпачынак з вінтоўкай... Што б з ёю сталася, з гэтай чортавай трубкай! Гарбаносая птушка заліваецца колькі ўлезе побач з Касперы Ахвенам, вось дзе бяда! Як толькі вытрываць такое! Трэба пайсці і паставіць хоць пасткі каля ручаіны ці нераты, не ўсю ж рыбу тут вылавілі...







