412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Пенці Хаанпя » Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя » Текст книги (страница 1)
Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 03:46

Текст книги "Боты дзевяці салдат. Балада пра трох Тэрапя"


Автор книги: Пенці Хаанпя



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 12 страниц)

Пентці Xaанпяя

БОТЫ ДЗЕВЯЦІ САЛДАТ

раманы


Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.

Рэдактар Л. I. Каўрус

Мастак A. А. Карповіч

Мастацкі рэдактар A. I. Цароў

Тэхнічныя рэдактары М. Ц. Папкова, Г. П. Тарасевіч

Карэктар I. М. Паланейчык

Пераклад з фінскай мовы і ўступнае слова Якуба Лапаткі

Пераклад зроблены з выдання:

Haanpaa Р. Kolmen Тбгараап tarina – Yhdeksan miehen tarina – Noitaympyra – Vaapeli Sadon tapaus – Juttuja. HelsingissS: Otava, 1970. – 495 s.

Электронная кніга падрыхтавана па выданні:

Хаанпяя, П.

Боты дзевяці салдат: Раманы /Пер. з фін. і ўступ. слова Я. Лапаткі. – Мн.: Маст. літ., 1994. – 220 с.: іл.

ISBN 5-340-00951-З.

Кнігу аднаго з відных прадстаўнікоў сучаснай фінскай літаратуры П. Хаанпяя (1905—1955) склалі два яго творы. Антыфашысцкай ідэяй пранізаны раман «Боты дзевяці салдат», пабудаваны на гумарыстычным, нярэдка сатырычным апісанні прыгод на фронце і ў тыле дзевяці ўладальнікаў пары салдацкіх ботаў. Апісанню сялянскага жыцця трох пакаленняў на хутары Тэрапя, паказу нечаканых паваротаў, узлётаў і падзенняў чалавечага лёсу прысвечаны раман «Балада пра трох Тэрапя».





© Лапатка Якуб, 1994

© Афармленне. Мастацкая літаратура, 1994

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Шляхі чалавечыя

Калі чытаеш упершыню раман Пентці Хаанпяя «Боты дзевяці салдат», то спачатку адчуваеш нейкі няясны недавер. Нават сам не разумееш чаму. I толькі потым да цябе даходзіць, што чытаеш ты пра салдат варожай нам тады фінскай арміі. Магчыма, гэта адна з першых кніг, якая паказала нам вайну «з таго боку», прычым не «звярыны аскал імперыялізму», а звычайныя чалавечыя твары: то вясёлыя, то разгубленыя, а то й смяротна спалоханыя.

Раман «Боты дзевяці салдат» быў першым творам у фінскай літаратуры, дзе чалавек паказваўся не на дыблях афіцыйнага патрыятызму, а на празаічна-цвёрдай зямлі вайны. Трэба дадаць, што гэты раман адыграў даволі значную ролю ў ацверазенні фінскага народа ад чмуру вялікадзяржаўных ідэй. Цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што Фінляндыя – адна з нямногіх краін свету, якія зрабілі свае высновы з урокаў гісторыі і асабліва з апошняй вайны: «Хопіць, наваяваліся!»

Другі раман, «Балада пра трох Тэрапя» – кніга зусім іншага плана. Там значна звужана кола герояў і дзейных асоб. Але нават апісваючы сялянскае жыццё трох пакаленняў на хутары Тэрапя, Хаанпяя знаходзіць тыя дэталі, якія ўвесь час трымаюць нас у напружанні. Узлёты і падзенні, беднасць і раскоша, захапленні і расчараванні – такія галавакружныя шляхі герояў двух раманаў нечым падобныя да жыццёвага шляху самога Пентці Хаанпяя.

Ен нарадзіўся 14 кастрычніка 1905 года ў вёсцы Лескеля, у Цэнтральнай Фінляндыі. Ягоныя дзед і бацька былі земляробамі, але вялі і грамадскую дзейнасць, а таксама крыху пісалі. Іх творы не зрабілі ўплыву на літаратуру Фінляндыі, але далі штуршок развіццю пісьменніцкага таленту Пентці Хаанпяя. Першыя свае творы ён напісаў яшчэ ў школьныя гады, а ў 1921 годзе некаторыя апавяданні былі апублікаваныя і даволі прыхільна прынятыя чытачамі і крытыкамі. Натхнёны першымі поспехамі, Хаанпяя піша яшчэ колькі навелаў і аповесцяў. Але трыумфальны шлях у літаратуру раптам перарваўся, бо пасля службы ў войску ён напісаў цыкл апавяданняў аб фінскай арміі «Пляц і казарма» (1928). Замалёўкі з натуры не вельмі стасаваліся з тымі вобразамі вайскоўцаў і войска, якія стварала тагачасная афіцыйная прапаганда Фінляндыі. Быў тэрмінова арганізаваны «народны гнеў». Вайскоўцы не надта любяць, калі чыё-небудзь юка зазірае за кулісы парадаў. Армія павінна грымець бадзёрымі маршамі і блішчэць галунамі. Генералы камандуюць, зухаватыя салдаты маршыруюць, а цывільны народ «благоговеет». Усё ж, што не ўкладваецца ў гэту схему, – ачарненне і паклёп. Так было і так ёсць усюды. Дастаткова ўспомніць, як люта абараняюцца ад гэтага нашыя генералы, каб зразумець, у якім становішчы апынуўся малады пісьменнік. Выдаўцы адмаўляліся друкаваць яго творы, газеты трубілі пра здраду ідэалам, абывацелі патрабавалі аддаць паклёпніка пад суд. Але малады пісьменнік працягваў пісаць. Часам ягоныя апавяданні і раманы друкаваліся ў левай прэсе, a то й за мяжой. Шэраг навелаў быў апублікаваны ў серыі лепшых навел свету ў Швецыі. Замоўчваць і не друкаваць яго стала нявыгадна. У 1937 годзе блакада маўчання скончылася.

А ў 1939 годзе ён зноў стаў любімцам прэсы, бо рэзка выступіў супраць савецкай агрэсіі, хоць да таго часу вельмі прыхільна ставіўся да СССР. Пад час другой сусветнай вайны Пентці Хаанпяя быў радавым салдатам і на ўласным вопыце спазнаў суадносіны вялікіх ідэалаў з салдацкімі крывёю і потам. Пасля вайны ён зноў вярнуўся ў свой маленькі гарадок Пійпола.

А ў 1955 годзе жыццё пісьменніка трагічна абарвалася: ён патануў у возеры Ісо Лумаярві.

Спрэчкі і дыскусіі вакол творчасці Пентці Хаанпяя не заціхаюць і да гэтай пары. Мне б не хацелася даваць ніякіх ацэнак ні ягонай творчасці, ні тым творам, якія прапаную нашым чытачам. Хай яны мяркуюць самі.

Якуб Лапатка

Боты дзевяці салдат

Боты ціхамірна віселі парамі на жэрдачках уздоўж сцяны склада. Гэта былі новыя боты, іх чакалі жыццё і прыгоды, іх чакалі мужныя і пакорлівыя ногі воінаў. Боты ганарліва адсвечвалі сваёю чорнай раскошай і з пагардай глядзелі на другую жэрдачку, дзе віселі старыя салдацкія боты, пакарабачаныя, падрапаныя і бясформенныя. Жыццё і салдацкія ногі абышліся з імі вельмі жорстка. Ніхто б нават і не падумаў, што ў гэтых нікчэмных абноскаў была некалі свая маладосць, што абуты ў іх афіцэр некалі стаяў на ўзгорку і кіраваў ходам бітвы, а салдаты, абутыя ў такія самыя боты, ішлі ў атаку пад жудасным свінцовым градам, ішлі, пакуль не выцягвалі ногі. I боты здзіралі з тых здубянелых ног, каб абуць яшчэ аднаго небараку... А можа, у тым і шчасце скураных салдацкіх ботаў, што іх будучыня і мінуўшчына ўкрытыя чорным змрокам таямніцы.

А некалі ж гэта была скура жывой гавяды, што мірна пасвілася ў айчынных альбо заморскіх лугах, пакрытая калматай або гладкай поўсцю, і яе балюча кусалі авадні і мухі. Але вось аднойчы прыйшоў мяснік, і жывёліну забілі, а скуру выдубілі, парэзалі шавецкімі нажамі, і ў грукаце машын абутковай фабрыкі яна ператварылася ў салдацкія боты.

А салдацкія боты заўсёды будуць таварам вельмі шырокага спажывання там, дзе ваюе ўся краіна і ўся планета.

Так і віселі боты на жэрдачцы, пакуль аднойчы на склад не зайшоў фельдфебель Сора, каб пагаманіць з сяржантам Пенсасам. Старыя прыяцелі павіталі адзін аднаго радаснай лаянкай і пачалі ўспамінаць тыя часы, калі служылі разам у адной часці. Фельдфебель прыехаў у адпачынак з фронту і бедаваў, што выглядае як галадранец. На думку ж сяржанта, стары прыяцель выглядаў так, што хоць цяпер на парад. Апрача таго, франтавіку не пасуе залішняя раскоша. Аднак на гэты конт фельдфйебель Сора меў асабістую думку: трэба апранацца прыстойна, калі выпадае такі шанц.

Ён зусім не хацеў выглядаць гэткім франтавым зухам, што лічыць за вялікі шык хадзіць абадраны, нямыты і вечна расхрыстаны.

I хоць інтэнданцкі сяржант зусім не вітаў такое, аднак справа, вядома ж, скончылася тым, што фельдфебель выправіўся ў новы мундзір. Пад час экіпіроўкі прагнае вока Сора згледзела новыя боты, а спрытныя пальцы імгненна вызначылі, што гэтая пара пашыта адмыслова дзеля яго. Прамовіўшы адвечнае «хай будзе», ён сцягнуў боты з жэрдачкі, абудзіў іх да жыцця і стаў іх першым гаспадаром.

Фельдфебель Сора і сяржант Пенсас выйшлі са склада і пайшлі па гарадскіх вуліцах. Фельдфебель прагна дыхаў хвалюючым гарадскім водарам і адчуваў, як прыемна, хоць крыху і жорстка, аблягае цела новы мундзір.

I тут у мужнага воіна нарадзілася думка аб значнасці сваёй персоны. Ён адчуў сябе новым чалавекам. Недзе далёка ззаду засталася глухая прадымленая зямлянка і аднастайная, трохі ўстылая вайна. Цяпер ён быў у горадзе, і на кожным кроку, зробленым новымі ботамі па гладкім асфальце вуліцы, яго чакалі новыя і невядомыя дагэтуль магчымасці і спакусы. Новыя боты крыху ціснулі і, ад незнаёмства са службай, рыпелі ціха і нават неяк сарамліва. Нічога, з цягам часу будуць сядзець як улітыя. Галоўнае, што значнасць персоны такога важнага ваеннага, як фельдфебель Сора, была навідавоку.

Яны ішлі па галоўнай вуліцы. Быў вечар, у горадзе панавала зацямненне, і ў непрагляднай цемры чулася, як часта стракаталі лёгкія жаночыя абцасы і цяжка грукалі падкаваныя боты чужаземных салдат. Гэты новы і нязвыклы голас ваеннага часу дзейнічаў на вушы фельдфебеля, як барабанны бой.

Аднак яны не збіраліся доўга шпацыраваць па вуліцах. Фельдфебель сказаў прыяцелю, што не варта доўга бадзяцца па вуліцах у новых ботах, бо гэтак можна і ногі пазбіваць. Яны завярнулі ў першы ж рэстаран і замовілі выпіўку. Фельдфебель з даўняе пары быў вялікім аматарам як след заліць вочы, а тут была сапраўды святочная нагода: ён толькі што прыехаў з глушы ў горад, у адпачынак з фронту. Ды апрача таго, трэба ж было пачаставаць сяржанта, які так паспрыяў таму, што просты фельдфебель ператварыўся ў такога бравага і важнецкага военачальніка. Прыяцелі ўспаміналі праведзеныя разам дзянькі маладосці, языкі развязаліся, і новыя боты пад сталом пачалі прытопваць у такт электраграмафону.

Яны ўздрыгвалі гэтаксама, як некалі ўздрыгвала скура на спіне жывёліны, калі яе кусалі мухі ў паўднёваамерыканскай пампе.

А цяпер гэта былі салдацкія боты, часціна гістарычнай вялікай арміі, якая прыйшла здабыць свету новую эпоху і новую Еўропу. Фельдфебель Сора неяк адразу адчуў патрэбу ў новай Еўропе, патрэбу ў новым жыцці. I сапраўды, гэта ж будзе смеху варта, калі ён, гэткі выбітны ваенны дзеяч, стваральнік новай эпохі, застанецца назаўсёды ў старой паганай хаціне на беразе глухога возера, у лясных нетрах, дзе жыццё цячэ так нудна і аднастайна. Яму патрэбна і новая Катарына, пэўна, яшчэ больш, чым новая Еўропа, бо тая, ранейшая, была жанчына занадта валадарная і натурыстая... У яго ўжо была новая Катарына-завочніца, праўда, пакуль што даволі прывідная, але і даволі жывая. Нездарма ж яна так упарта дазнавалася, калі ў яго будзе адпачынак. I ў галаве ў фельдфебеля Сора праклюнуліся парасткі новага плана: у адпачынак ён паедзе да новай Катарыны, а не да той, ранейшай, так добра вядомай назолы...

Фельдфебель адчуў, што ўжо дыхае паветрам новай эпохі.

Сяржант Пенсас раптам здзіўлена спытаўся:

– Ты што? Усё яшчэ фельдфебель? А я згадваю, быццам цябе пасля зімовай вайны ў прапаршчыкі ўзвялі.

– У прапаршчыкі? – адказаў захмялелы Сора. – Я неяк не дазнаваўся... Праўда, маёр штосьці такое гаварыў...

А праўда была ў тым, што фельдфебель выдатна памятаў, як гаварыў маёр, але штосьці зусім не такое: нібыта Сора яшчэ не дарос да прапаршчыка і што, як бы фельдфебеля ні дубілі ў ваенным катле, ён навекі застанецца фельдфебелем. Ды ці ж можна верыць усяму, асабліва даўным-даўно сказаным словам? Апрача таго, можна казаць адно, а рабіць зусім другое... На зорках жа не напісана, што некаму наканавана вечнае фельдфебельства на гэтым свеце, дзе толькі тое і робяць, што вызваляюць народы і землі ды растуць да маршальскіх чыноў. Ды ён быў бы проста нікчэмнасцю, калі б пагадзіўся з гэтым! Цяпер, калі ён, фельдфебель Сора, стаў новым чалавекам, пачаў новае жыццё і збіраецца сустрэцца з абсалютна новай Катарынай, вядома ж, на каўняры павінны свяціцца афіцэрскія зоркі.

– Пад новымі зорка-а-мі, – летуценна замурлыкаў фельдфебель.

– He, праўда, я штосьці такое, здаецца, чытаў у загадзе штаба, – сказаў сяржант Пенсас.

– Чытаў і дагэтуль – ні слова! Ну й чхаць я хацеў на іх! Няхай ён там і гібее пад архіўнымі паперамі, той чын!

– He, мы не дадзім яму прапасці! Прапаршчыка мы табе выкапаем з-пад любой кучы паперак!..

– Чхаць я хацеў на іх! Прапараў і фельдфебеляў на свеце не прабіцца. А вось Вяйнё Сора на свеце толькі адзін!

Але што б там фельдфебель ні казаў, ягоны лёс ужо вырашыўся. Ідэя стаць прапаршчыкам узрастала бурна і неадольна, як вясновыя парасткі на добра ўгноенай глебе. Ён сапраўды быў такой непаўторнай асобай, што тут жа, за чаркай, падвысіў і зацвердзіў сябе ў чыне прапаршчыка.

Вось тут, за сталом, насупраць яго сядзеў чалавек, які чытаў і памятаў, што на свеце стала адным афіцэрам больш. I гэты афіцэр ён, Вяйнё Маціяс Сора... Шмат чаго ствараецца і па болей нікчэмных доказах...

Дадому яны вярталіся позна. Фельдфебель Сора ківаўся туды-сюды, смяяўся, ляскаў абцасамі без дай прычыны і ні з таго ні з сяго казыраў.

Атрымалася так, што адзін бот, як бедная сіротка, прастаяў ноч у кутку каля ложка, а другі ўсю ноч адтырчаў на назе фельдфебеля.

Прачнуўшыся ранкам, фельдфебель Сора зноў адчуў сябе звычайным чалавекам, з усімі слабасцямі. Ён і не згадваў пра сваё афіцэрства, пра новае жыццё і пра сваё перараджэнне. Усё развеялася, як начны сон.

Аднак Сора быў не з тых, што доўга пакутуюць з пахмелля. Ён жвавенька нацягнуў скінуты бот, раздабыў бутэльку квасу, агораў яе разам з рэшткамі гарэлкі і павесялеў. Але ён усё яшчэ заставаўся звычайным фельдфебелем Сора, які ехаў у адпачынак да сваёй жонкі і дзяцей у глухую лясную вёску. Да адыходу аўтобуса заставалася мала часу, і трэба было спяшацца. Ён развітаўся са старым прыяцелем сяржантам Пенсасам і рушыў у дарогу.

Фельдфебель бадзёра крочыў да аўтобуснай станцыі, як раптам яму на вочы трапілася вітрына з вайсковымі значкамі, зоркамі і лычкамі. Афіцэрская зорка зіхцела прыгожа і велічна, нібыта першая асенняя зорка над самотным лясным возерам.

Фельдфебель Сора спыніўся. Усе падзеі і думкі мінулай начы раптам абудзіліся ў памяці, ды так і застылі.

Ён болей не быў чалавекам, якому наканавана звекаваць фельдфебелем, які пасля вайны зноў вернецца да сваёй маленькай лапінкі-надзела, да сваёй кульгавай жонкі, да ранейшага бязрадаснага жыцця і зноў пачне ганяць вахлакоў-дзяцей. Калі б так адбылося, то ўся гэтая вялікая вайна была б для яго пустым грукатам і громам. Яна не прынесла б яму ніякага вызвалення, ніякіх перспектыў у жыцці... Але, на шчасце, ёсць чалавек, які зусім нядаўна чытаў дакумент аб прысваенні афіцэрскага звання яму, фельдфебелю Вяйнё Маціясу Сора. А ўсё гэта азначае, што ён стаў чалавекам зусім іншага кола. Яму болей зусім няма патрэбы вяртацца да ранейшага жыцця. Ён свабодна можа паехаць да новай Катарыны і стаць новым чалавекам новага свету.

Фельдфебель Сора зноў адчуў, што дыхае паветрам новай эпохі, і скіраваўся да крамы, дзе купіў пару афіцэрскіх зорачак і пару пятліц на каўнер. Ён паводзіў сябе з належнай годнасцю і даў зразумець прадаўцу, што, маўляў, вось збіраюся памяняць пятліцы і знакі. Прадавец павіншаваў яго.

Затым Сора падаўся ў атэль, замовіў сабе пакой, замацаваў на пятліцах зорачкі і без аніякіх сумненняў выправіў званне фельдфебеля на прапаршчыка ў адпускным пасведчанні. I са спакойнай душой узяўся вывяраць расклад цягнікоў, каб потым схадзіць у камендатуру і атрымаць афіцэрскі літар. У камендатуры ён таксама натрапіў на старых знаёмых, усё ж другі дзесятак гадоў у войску, і білет яму далі без аніякай затрымкі.

Сустрэчны салдат усім сваім выглядам паказваў нежаданне вітаць афіцэра, але, убачыўшы нядобры позірк прапаршчыка, ляніва падняў руку да казырка.

I тады саматканы прапаршчык Сора адчуў сябе сапраўдным афіцэрам і вялікім военачальнікам. Ён увайшоў у вагон, з годнасцю разваліўся ў мяккім крэсле другога класа, і цягнік рушыў на поўдзень.

Так фельдфебель Сора адрынуў прыстойнае салдацкае жыццё і кінуўся ў жыццё самазванага прапаршчыка, як у пуховую пярыну.

Прапаршчык Сора выйшаў з цягніка на нейкай станцыі, агорнутай халоднай асенняй цемрай. У вышыні цьмяна свяціўся самотны ліхтар. Аднак яму пашчасціла даволі хутка адшукаць дом прыезджых і атрымаць там пакойчык, праўда, пусты і няўтульны. Прапаршчык дастаў з пляцака бутэльку, як след глынуў, і адразу ў пакоі стала ўтульней, і нават электрычная лямпачка пад столлю засвяціла ярчэй.

У доме была і свая кавярня. Сора заглянуў туды, і яму адкрылася сумнае відовішча вясковай кавярні ваеннай пары: некалькі непаўналетніх паўшабэлкаў ды нейкі чалавек, відаць, з простых, чытаў пакамечаную газету. У кавярні не было нават квасу, а гасцей частавалі нейкім нясмачным бурым пойлам, якое ў ваенны час лічылася за каву. Прапаршчык Сора цішком даліў кубак са сваёй запаветнай бутэлькі. Потым прапаршчык завязаў гаворку з мужчынам у цывільным. Той сказаў, што ён афіцэр і едзе ў камандзіроўку. Тады Сора пацікавіўся, ці жыве тут паблізу пані Пухці, Катарына Пухці, ягоная старая знаёмая?

Мужчына неяк дзіўна паглядзеў на яго. Як жа, як жа, жыве тут непадалёку, кіламетры са два адсюль у сваёй віле, праўда, даволі ўжо трухлявай. I дабрацца туды лепш такім чынам... Прапаршчык Сора, нягледзячы на тое, што стаў зусім новым чалавекам, па-ранейшаму застаўся мэтанакіраваным і ўмеў выдойваць з субяседнікаў неабходныя звесткі. Новы знаёмца не ведаў, ці багатая пані Пухці, ці не, але ва ўсякім разе жабракі не жывуць у такіх вілах. Тым болей што яна нідзе не працуе. Праўда, людзі кажуць, што жанчына яна даволі своеасаблівая. Ён сам з пані Катарынай незнаёмы.

– Ну што ж, – сказаў прапаршчык Сора. – Усе мы даволі своеасаблівыя, кожны з нас – адзіны і непаўторны.

У тым не было нічога дзіўнага, але вось наступная звестка крыху ўстрывожыла прапаршчыка: кажуць, што ў госці да пані завітвае шмат ваенных.

Вось дык так! Новая Катарына – гэта новая Катарына. Ці не зашмат у яе добрых знаёмых...

Прапаршчык Сора адчуў вялікую стому, вярнуўся ў свой пакойчык, распрануўся і заснуў.

Назаўтра ён прачнуўся свежы і бадзёры. План склаўся адразу – просты і ясны: паглядзець, як жыве новая Катарына. А значыць, наперад, прапаршчык! Разведай усё як след, а там...

Сора старанна апрануўся, а новыя боты ўпершыню зведалі ласку шчоткі.

Калі верыць учарашняму знаёмцу, то вілу ўдавы Катарыны Пухці знайсці няцяжка.

Прапаршчык Сора спыніўся каля чырванаствольнай сасны і нейкі час разглядваў вілу. Той чалавек сказаў праўду: вілу можна было назваць трухлявай.

Дом быў безнадзейна занядбаны і пад уздзеяннем прыродных сіл набыў нейкую вычварную афарбоўку. Аднак гэта быў вялізны дом з незлічонымі вокнамі, двума балконамі і верандай, праўду кажучы, даволі прывіднай.

Усё тут парахнела і рушылася. Аднак, нягледзячы на тое, вельмі лёгка было зразумець, што тут ішло зусім не такое жыццё, як там, на беразе далёкага возера, дзе дыміцца бульба ў мундзірах, чуецца плач дзяцей і скрыгат тапара аб тачыла... Прапаршчык Сора падумаў, што новая Катарына цалкам яму падыходзіць у такім афармленні...

Сора ўявіў сябе гаспадаром вілы і адважна рушыў наперад. Ён пратупаў праз веранду і ўбіўся ў цемнаватую прыхожую, дзе было трое дзвярэй, і кожныя з іх, напэўна, вялі ў смярдзючы пыл і духату. Аднак, на думку прапаршчыка, ва ўсім гэтым быў нейкі асаблівы густ. Засталося толькі высветліць, што за птушачка тут гняздзіцца.

Сваім афіцэрскім вокам Сора хутка і дакладна вызначыў, за якімі дзвярыма цеплілася жыццё, і костачкі пальцаў застукалі па дошках, як дзяцел па сухой сасне. Старыя дзверы затрэсліся.

Па некаторым часе пачуліся паспешлівыя крокі і спалоханы жаночы ўскрык.

Затым дзверы адчыніліся, і нейкая істота, захутаная ў стракаты начны халат з чырвонымі кветкамі, жвавая і бойкая, нібы сойка, запоўніла праём. Вялізныя вочы глядзелі весела і жыва. Раскошныя ўскалмачаныя валасы аздаблялі ўжо даволі павялы твар.

«Вядома ж, яна, новая Катарына», – здагадаўся прапаршчык Сора. Але пакуль што ён ніяк не мог вырашыць – ці падыходзіць яму гэткая Катарына.

– Мы з вамі незнаёмыя знаёмцы, – прадставіўся Сора. – Мяне завуць Вяйнё, Вяйнё Сора.

– Ах, во як! – застракатала жанчына. – Які сюрпрыз! Ну заходзь, любенькі, заходзь! Праўда, у мяне тут беспарадак, але што ж зробіш, позна засядзелася, а я жанчына зусім адзінокая, нават без прыслугі. Даводзіцца прыбіраць самой. Ну нічога, вы, франтавікі, да ўсяго звычныя...

Яе пышны зад закалыхаўся пад чырвонымі кветкамі шырокага халата. «Павук», – падумаў прапаршчык і падаўся следам за ёю.

Яны ўвайшлі ў невялічкі пакой, абстаўлены пашарпанай мэбляй. Пакойчык не ўражваў чысцінёй. Пустыя шклянкі на стале і аб’едкі бутэрбродаў на талерках казалі прапаршчыку аб тым, што мінулай ноччу тут як след пагулялі. Аднак мадам Пухці не дала яму надта доўга разглядаць пакой.

– О-о-о, ды ты ўжо й прапаршчык! А пісаў, што фельдфебель! Значыць, павысілі? Віншую, віншую!

Гэтыя словы вельмі паднялі аўтарытэт новай Катарыны ў вачах Сора. «Разумніца, усё заўважае і разумее», – падумаў Сора і адказаў, што павысілі яго ўжо даўно, але вось даведаўся ён пра тое чыста выпадкова і нядаўна.

– Во як! – зноў затаранціла жанчына. – А ты зусім не выглядаеш разявакам!.. Прабач! Сядай жа, сядай, калі ласка! Ды не туды! Тут будзе зручней! Вось, калі ласка, цыгарэты або нямецкі тытунь, калі табе даспадобы піпка...

Яна яшчэ раз папрасіла прабачэння, стракаты халат зноў закалыхаўся, старая парцьера ўзвіхрылася, і пані знікла ў суседнім пакоі, што, напэўна, служыў ёй за спальню.

Прапаршчык застаўся адзін і закурыў. Ён яшчэ не ведаў, што і думаць. Гэтая новая Катарына была зусім не такая свежая, як думалася, але ўсё ж такая жвавая і бадзёрая... Ды і ад чыста зямных абставін шмат што залежыць... А чаго варта бязгрэшная дзяўчына, калі ў яе ні кала ні двара...

За парцьерай пачуліся крокі, зашамацела адзенне, і раптам яго праніклівы позірк зачапіўся за адну вельмі цікавую дробязь: у шчыліне паміж парцьерамі прапаршчык згледзеў нешта падобнае на салдацкі бот. Ён падняўся, ціхім крокам следапыта наблізіўся да парцьеры і асцярожна заглянуў у шчыліну. Ніякага сумнення: вялізны, пакарабачаны і не вельмі чысты салдацкі бот, нават два боты сіратліва стаялі ў пустым пакоі, нібыта хтосьці выпадкова пакінуў іх там. У пакоі не было болей ніякага ваеннага рыштунку. Праўда, там было даволі цёмна, бо шторы на вокнах не прапускалі святла. Жанчына пераапраналася, і сукенка на галаве збілася зморшчаным мяшком. I тады да вушэй прапаршчыка даляцеў ціхі шэпат. Можа, гэта павукасракая мадам размаўляе сама з сабой? А можа, у гэтым напалову разваленым доме ў яго пачаліся галюцынацыі?

Сора ціхенька пракраўся на сваё месца, і ягоныя гарачыя пачуцці да новай Катарыны значна пахаладзелі. А можа, каля дзвярэй Катарынінай спальні кожную ноч стаяць разбітыя салдацкія боты? Над гэтым варта пакумекаць...

У хуткім часе мадам Катарына з’явілася з-за парцьеры, яе магутны зад і раскошныя грудзі яшчэ болей выпіралі з-пад сукенкі. Язык гаспадыні малаціў бесперапынку, і яна ўвішна наводзіла парадак у пакоі і ў сваім убранні.

Тут пазванілі ў дзверы, і Сора падумаў, што на арэне з’явіцца яшчэ адзін ваенны. Але ўвайшла ўсяго толькі жанчына і аб’явіла, што пані Катарыну прасілі пазваніць. А вось куды, для Сора так і засталося таямніцай. Госця пайшла, а пані Катарына звярнулася да прапаршчыка, просячы прабачэння. Так ужо яно выходзіць. У яе нават тэлефона няма, бо яна так любіць спакой.

– Аднак бываюць і неадкладныя справы... Будзь як дома! Я хутка вярнуся...

Яна зноў шмыганула ў спальню, і Сора здалося, што там зноў пачуўся прыглушаны шэпат. Потым Катарына ўзнікла зноў, апранутая ў дажджавік, бо на вуліцы пачынаўся дождж. Яна ласкава паляпала Сора па шчацэ і знікла.

«Выдатна, – падумаў Сора. – Ёсць магчымасць пазнаёміцца з таямніцамі гэтага дома і гаспадынінай спальні».

Моцна зацягваючыся, прапаршчык злосна загрукаў ботамі па хаце.

Яго непакоіла толькі адно: у якім чыне той ваяка са спальні? Ён спыніўся і крыху рассунуў парцьеру. Ботаў ля дзвярэй не было. А можа, яму толькі здалося? А можа, здагадлівая мадам паспела іх прыхаваць?

– Божачка! – у роспачы праенчыў хтосьці. – Я не вытрываю!.. Я вылезу!..

Голас пачуўся з глыбіні прыцемненай спальні так нечакана, што прапаршчык на нейкае імгненне аж аслупянеў. Але мужнасць хутка вярнулася да яго, і, працягнуўшы руку, ён намацаў выключальнік.

Яркае святло заліло спальню. I тут з-пад ложка, ужо засланага чыстай покрыўкай, выпаўз дзяцюк у споднім. Ён быў зусім малады, гадоў дваццаць, не болей, і вельмі збянтэжыўся, калі ў яркім святле згледзеў на парозе бравага афіцэра.

Разгледзеўшы выгляд і позу маладзёна, Сора адчуў сябе гаспадаром становішча.

– Я вылезу, я пайду! – упарта цвердзіў хлопец у падштаніках.

– А вось не ведаю, – спакойна сказаў прапаршчык, – ці дазволена вам гэта рабіць, бо туды вы трапілі за грахі, а заробленае трэба атрымліваць напоўніцу.

А дзяцюк, згараючы ад сораму, паспешліва нацягваў абмундзіроўку, якую знайшоў на ложку пад падушкай... Нацягнуўшы штаны, ён значна пасмялеў, і гэта адчулася ў ягоных словах:

– Трэба даваць драла, пакуль не вярнулася гэта старая даўбешка.

– Малады чалавек, – сурова сказаў Сора, – калі вы маеце на ўвазе гаспадыню дома і маю родную цётку, дык за «старую даўбешку» вам давядзецца адказваць...

– Я не жадаю і бачыць яе, гэту мадам! Мне трэба на цягнік, а ад яе ніяк не адчэпішся!

– А як вы сюды трапілі?

– Я пісаў ёй... Я паабяцаў прыехаць, але ж я думаў, што яна зусім не такая, што яна маладая...

Прапаршчыку Сора гэта быў удар: ён падзяляў лёс нейкага там зялёнага сапліўца! Ён, такі насабачаны ў жыцці чалавек! Аднак прапаршчык здолеў захаваць спакойны выгляд і нават пакпіў з таварыша па няшчасці:

– Значыць, пісьменства ўвяло ў грэх! Ну, што, пераканаліся, што за грэхам заўсёды ідзе грэхападзенне...

Хлопец моўчкі нацягваў тыя самыя вялізныя разбітыя боты, якія прапаршчык бачыў раней.

– Ну і лыжы адгадаваў! – з’едліва падзівіўся Сора.

– Пане прапаршчык, дазвольце мне пайсці! – умольна папрасіў салдат. – Я пазнюся на цягнік.

– Ідзі, дружа, я не супраць, – літасціва дазволіў прапаршчык.

Салдацік у тую ж хвіліну выцягнуўся, махнуў рукой, нібыта вітаючы афіцэра, схапіў свой амаль пусты пляцак і паляцеў, як з ахопленага полымем дома.

Прапаршчык горка вылаяўся, але і павіншаваў сябе за абачлівасць, за тое, што здагадаўся прыехаць без папярэдняй абвесткі. Прынамсі, цяпер ён мог працягваць сваю разведку боем...

Ён хуценька агледзеў усе куткі ў пакоі і на шафе знайшоў ключы. Прапаршчык без аніякіх ваганняў узяў іх і адчыніў шафу. Яна была забітая лістамі, раскладзенымі ў строгім парадку.

– Цэлы музей! – вохнуў прапаршчык.

Ён працягваў свае даследаванні. У шафе ён знайшоў вялізную, ростам з ілюстраваную Біблію бухгалтарскую кнігу. Спрактыкаваным у канцыляршчыне вокам Сора імгненна вызначыў, што да чаго. У кнізе змяшчаліся пэўныя звесткі аб перапісцы пані Катарыны Пухці, а таксама звесткі аб узаемаадносінах з карэспандэнтамі. На кожнага быў заведзены свой «рахунак», а ўсяго на ўліку стаяла 207 чалавек.

– Божа ўсеўладны! – жахнуўся Сора. – Аж дзве роты!

Усё гэта былі ваенныя, пераважна салдаты і унтэрафіцэры, але сярод іх трапілася і два дзесяткі афіцэраў на чале з палкоўнікам. На кожнага мелася анкета з адпаведнымі звесткамі: узрост і рост, колер валасоў, вачэй і іншыя асаблівыя прыкметы, а ў некаторых выпадках былі нават фотаздымкі. У асобныя графы выпісваліся сацыяльнае становішча, прафесія, сямейнае становішча і нават звесткі аб маёмасці і багацці кліента. Строга ўлічваліся ўсе лісты, як адпраўленыя, так і атрыманыя. Апісвалася развіццё адносін, сустрэч, іх характар і ступень інтымнасці.

На сваім месцы красаваўся і фельдфебель Вяйнё Маціяс Сора. Анкетных звестак не было. Быў толькі кароткі запіс: «Піша, што нежанаты, пэўна, брэша». Сора вельмі здзівіўся, убачыўшы, якую процьму лістоў ён напісаў з таго марознага дня зімовай вайны, калі атрымаў ад новай Катарыны пасылку «невядомаму салдату», бо лічыў сябе чалавекам не надта схільным да пісаніны.

Там, напэўна, быў і той маладзён, які так паспешліва пакінуў гэты гасцінны дом. Рэестр сведчыў, што такія выпадкі ўжо былі, бо дзе-нідзе значылася: «Збег не развітаўшыся». А ў некаторых выпадках перапіска чэзла з самага пачатку і, крыху пачадзіўшы, ціха згасала. Хоць прапаршчык Сора і захапіўся сваімі даследаваннямі, але ягоны інстынкт ваеннага разведчыка не драмаў: ён пачуў, як раптам на сцежцы зарыпеў пясок.

Вялізны гросбух з перапіскай імгненна вярнуўся ў шафу, а ключы – на сваё месца.

Калі дзверы адчыніліся і вялікая аматарка перапіскі пані Катарына пачала страсаць дажджавыя кроплі з плашча, нібыта жвавая сойка з пер’я, прапаршчык Сора сядзеў у крэсле і з маркотным выглядам круціў незапаленую цыгарку.

– Ну, як, золатка, ты не дужа сумаваў. Давялося крыху затрымацца. Лінія такая перагружаная!

– Крыху і пасумаваў. Але я тут пра сёе-тое і падумаў.

Сора глядзеў на жанчыну зусім іншымі вачыма, з новай цікавасцю, як бывае заўсёды, калі празнаеш аб чалавеку нешта новае, асабліва калі гэта новае раней ад цябе старанна хавалі. Але як слушна ён адразу, з першай хвіліны, параўнаў новую Катарыну з павуком! Нібыта стовокі павук, яна раскінула сваю сетку перапіскі. А ў гэтую сетку заляцеў і той дурніца-салдацік, потым прапаршчык, і тут жа паблізу гудзе адважным аваднём сам палкоўнік...

Чаго яна хоча? Можа, яна хоча скарыстаць зручны выпадак і як след нажыцца, нездарма ж яна завяла графу, дзе адзначала багацце сваіх знаёмых. Але перадусім – гэта жанчына, у якой схільнасць да збірання калекцый выяўляецца такім дзіўным чынам.

Вось яна разгортвае свой гросбух з лістамі і радуецца сваім заваёвам, сваёй адважнай роце, не раўнуючы як філатэліст сваім паштовым познамкам.

– Вядома, у цябе такія думкі, – малаціла нястомная пані. – У кожным тваім пісьме іх гэтулькі... – Яна хуценька слізганула за парцьеру. Па ўсім відаць, што мадам крыху непакоілася.

Сора з асалодай падумаў: «Ну, шаноўная пані, якую ты зробіш пысу, калі даведаешся, што тут адбылося нешта вельмі забаўнае?»

Аднак пані Катарына Пухці бліскуча пакончыла з гэтай справай.

– А куды гэта Эверці падзеўся? – крыкнула яна са спальні. – Няўжо ён так спяшаўся?

Яна стаяла на парозе, весела рагатала і гарэзліва паглядала на прапаршчыка.

– Цікава, як вы тут паладзілі! Эверці дурніца, ён зусім падлетак, так спалохаўся цябе, афіцэра, што не хацеў выходзіць... Ты яго бачыў? Што ён казаў? Гэта мой маленькі пляменнічак!

Сора паціху курыў і дзівіўся нахабству гэтай пані. Здаецца, гэта пачвара і сапраўды задаволена такім паваротам справы... Можна ўявіць злосць дзецюка ў споднім пад ложкам, на халоднай падлозе. Ясна адно: гэтая жанчына не магла быць новай Катарынай, гэта не тое, што яму трэба ў жыцці. Гэтая пані, што размясціла яго, нібыта мятліка ў сваёй калекцыі, пад нумарам 207, яму не падыходзіць. Няхай яна камандуе гэтай ротай ці нават батальёнам без яго. Але не варта злавацца. Няхай гэта павукападобная пані будзе кім хоча. Прапаршчык Сора не збіраўся яе перавыхоўваць. Але і парываць канчаткова таксама не варта. Няхай пытанне застаецца адкрытым. Сора лічыў, што ў чалавека павінна быць як мага болей усялякіх сувязяў. Ён ведаў, што часцяком самыя нечаканыя знаёмствы прыносілі немалую карысць...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю